Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Старажытныя памятныя калоны Беларусі 


Аўтар: Дучыц Л. У., Клімковіч І. Я.,
Дадана: 23-12-2017,
Крыніца: Дучыц Л. У., Клімковіч І. Я. Старажытныя памятныя калоны Беларусі. Зборнiк дакладаў i тэзiсаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі 'Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў' (Мiнск, Беларусь, 19–20 лістапада 2015 года) / гал. рэд. А.І.Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. – Мінск, 2016. C. 578-583.



Цагляныя памятныя калоны вышынёй ад 3 да 12 і больш метраў на тэрыторыі Беларусі з'яўляюцца рэдкімі помнікамі гісторыі і архітэктуры малой формы. У асноўным яны зроблены па ўзорах антычных калон (гладкія і круглыя ў сячэнні; шматгранныя ці прамакутныя ў сячэнні, звужаныя ўгары; састаўныя і інш.). На некаторых калонах ёсць нішы, дзе былі дошкі з надпісамі. Наверсе калон ставілі крыж або фігуру святога. Устаноўка такіх помнікаў вядома ў Заходняй Еўропе, пачынаючы з ХV ст. [46, с.72-94].

Фота 1. Калона, прысвечаная Святому Рафаілу (Рахвал). В. Скокі Брэсцкі р-н; Фота 2. Надпіс на калоне Св. Рафаіла.

Паколькі ў касмаганічных міфах каменны слуп уяўляецца цэнтрам сусвету, то ў народзе пра такія помнікі гэта абумовіла ўзнікненне шматлікіх паданняў і павер'яў. Многія з іх сугучны паданням і павер'ям пра помнікі археалогіі і сакралізаваныя прыродныя аб'екты (Французскі Помнік, Напалеонаўскі Слуп, Шведскі Слуп, Напалеонаўская Калона, Янаўская Калона і інш.).

Фота 3. Калона на могілках у г. Глыбокае Віцебскай вобл. ('Напалеонаўская калона'); Фота 4. Калона у в. Скрыгалаў Мазырскага р-на, пастаўленая быццам на месцы гібелі пакутніка мітрапаліта Макарыя; Фота 5. Надпіс на калоне Св. Макарыя.

У сучаснай беларускай літаратуры інфармацыя прапамятныя калоны вельмі лаканічная. Толькі тры з іх згадваюцца ў выданнях «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», якія выходзілі па кожнай вобласці ў 1980-я гады. Там улічаны помнікі ў г. Глыбокае, в. Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці і в.Бездзеж Драгічынскага р-на Брэсцкай вобласці. Крыху больш звестак у гістарычна-дакументальных хроніках «Памяць», якія выходзілі па ўсіх раёнах у канцы ХХ -пачатку ХХІ стст. Там названы калоны ў Глыбокім, Лявонпалі (Міёрскі р-н), Бездзежы (Драгічынскі р-н), Мінску, Іўі, Іванаве, Вістычах (Брэсцкі р-н), Ятвеску (Шчучынскі р-н), Скрыгалаве (Мазырскі р-н).

У той жа час краязнаўчая і гістарычная літаратура ХІХ -пачатку ХХ стст. падае цікавую, хаця і кароткую інфармацыю. Некаторыя калоны былі выяўлены падчас экспедыцый Этнагістарычнага цэнтра «Явар» за апошнія 15 гадоў.

Усяго на тэрыторыі краіны ўдалося сабраць інфармацыю пра 32 памятныя калоны. 13 з іх былі агледжаны ў час экспедыцый. 5 калон выяўлены на сучасных надрукаваных фота. Пры праверцы інфармацыі аказалася, што 5 калон не захаваліся да нашага часу, але яны вядомы па фота ці малюнку. Пра 9 калон ёсць апісанні, але на месцах інфармацыя яшчэ не праверана.

Пакуль што можна гаварыць пра канкрэтную дату ўзвядзення толькі адной калоны - у Лявонпалі Міёрскага раёна, на беразе Заходняй Дзвіны. Гэта цагляны атынкаваны слуп вышынёй каля 12 м. У народзе калону завуць Французскі помнік і лічаць, што яна ўзведзена ў памяць пра вайну 1812 года. Другое паданне гаворыць, што ў слупе быццам па загадзе пані Лапацінскай былі замурованы пакаёўка Марыя і каваль Васіль. Згадкі пра гэты помнік у краязнаўчай літаратуры даволі частыя [22, с. 556]; [25, с. 3]; [38, с. 22]; [40, с. 224]; [41, с. 132-133]. Першым калону ўзгадаў Ф.В. Пакроўскі [25, с. 3]. А. Гедэман ў кнізе «Historja powiatu Braslawskiego» (1930 г.), спасылаючыся на Сар'янскі архіў Лапацінскіх (Т.ІІІ) (в. Сар'я цяпер адносіцца да Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.), цытуе запіс уладальніка маёнтка Лявонпаль Яна Нікадзіма Лапацінскага ад 22 верасня 1791 г.: «Каб увекавечыць Канстытуцыю 3 Мая я загадаў вымураваць слуп высокі па майму малюнку, на адкрытым месцы, над самай Дзвіной...» Далей паведамляецца, што асвяціў калону Юзаф Лапацінскі, біскуп Жмудскі, брат Яна Нікадзіма [41, с. 132-133]. Такім чынам, ёсць пісьмовае падцверджанне часу і мэты ўзвядзення калоны ў Лявонпалі.

У краязнаўчай літаратуры з Канстытуцыяй 3 Мая 1791 г. звязваюцца калоны ў Вістычах Брэсцкага р-на [18, фота], у Глыбокім [40, с. 48-52]. Такое ж меркаванне зафіксавана і ў в. Бездзеж Драгічынскага р-на [2, № 107] і Баяркі Лідскага р-на [2, № 112]. Але доказаў гэтаму пакуль што няма.

У Скоках на Брэстчыне, паводле экспедыцыйных запісаў Этнагістарычнага цэнтра «Явар», пра калону вышынёй 7 м, падобную да калоны ў Лявонпалі, людзі расказвалі,што па адной з версій падання, яна

ўзведзена ў памяць Канстытуцыі 1791 г., а па другой -яе ўзвяла руская імператрыца Кацярына ІІ [2, № 116]. Брэсцкі даследчык А.А. Гладышчук вывучыў мемуары пісьменніка Юльяна Урсына Нямцэвіча (1758-1841 гг.), які нарадзіўся ў маёнтку Скокі, і прыйшоў да высновы, што калона была ўзведзена ў сярэдзіне ХVIII ст.

Пісьменнік узгадвае гэту калону ў свае дзіцячыя гады. Значыць, яна існавала яшчэ да часу прыняцця Канстытуцыі ў 1791 годзе. Помнік і цяпер завуць "Рахвал" таму, што некалі наверсе была скульптура Св. Рафаіла -анёла-цаліцеля. Паводле высноў А.А. Гладышчука, калону ўзвёў бацька Юльяна Нямцэвіча і наверсе ўладкаваў менавіта скульптуру Св. Рафаіла таму, што з яго 15 дзяцей палова памерла ў дзіцячым узросце [5, с. 93-95].

Падобная калона ў г. Глыбокае Віцебскай вобласці знаходзіцца на могілках і мае вышыню 9 м. Яна ўзведзена на кубападобным пастаменце ў гранях якога былі чатыры чыгунныя пліты-клеймы з лацінскімі надпісамі (не захаваліся). У верхняй частцы калоны паясы, расчлянёныя нішамі. Упершыню ў літаратуры яе згадаў глыбоцкі краязнаўца Г. Вінча ў 1903 г. у часопісе «Tygodnik ilustrowany». Ён прывёў мясцовыя версіі прычын узвядзення калоны: яна азначала месца старога касцёла; пастаўлена там, дзе біліся два браты з-за нейкай панны і абодва загінулі [52, с. 554]. Пазней браслаўскі гісторык А. Гедэман пісаў, што калона з'яўляецца памяткай пра пэўную падзею канца ХVIII ст. Ён таксама адзначаў, што ў 1930-я гады ў горадзе ўжо ніхто не мог успомніць, чым завяршалася калона, казалі толькі пра буслянку. Народная назва «Напа-леонаўская калона», па высновах А. Гедэмана, з'явілася толькі ў пачатку ХХ ст. У 1930-я гады Глыбоцкае

аддзяленне Польскага краязнаўчага таварыства атынкавала калону [40, с. 48-52]. Інфармацыя пра гэты помнік утрымліваецца ў публікацыях Т. Буйніцкага [37, с. 16] і А. Сабалеўскага [31, с. 83-84].

Фота 6. Калона, прысвечаная Святому Сімпліцыяну (Хвашчаўскі Ёлуп), в. Фашчаўка Шклоўскага р-на; Фота 7. Рэшткі драўлянай скульптуры Св. Сімпліцыяна на версе калоны ў в. Фашчаўка Шклоўскага р-на; Фота 8. Калона на могілках у в. Калдычава Баранавіцкага р-на; Фота 9. Надпіс на калоне ў в. Калдычава Баранавіцкага р-на.

З Канстытуцыяй 3 мая 1791 г. часта звязваюць калону ў в. Бездзеж Драгічынскага р-на, але мясцовыя жыхары ў большасці лічаць, што яна ўзведзена ў гонар перамогі канфедэратаў пад кіраўніцтвам Міхала-Казіміра Агінскага над рускім войскам [2, № 107]. Сапраўды, тут 8 верасня 1771 г. адбылася бітва паміж войскам Барскай канфедэрацыі (вайскова-палітычнага аб'яднання шляхты ў 1768-1772 гг. супраць караля Станіслава-Аўгуста Панятоўскага і царскай Расіі) з рускім войскам, якое ўзначальваў генерал А.А. Албішаў [3, с. 256-258]; [39, с. 163]. Варта згадаць, што памяць пра ваенныя дзеянні Барскай канфедэрацыі доўга трымалася ў народнай свядомасці. Ёсць звесткі, што Уладзіслаў Плятар недалёка ад Раперсвіля ў Швей-царыі ў памяць стагоддзя канфедэрацыі ўстанавіў высокую цагляную калону [14, с. 29-38].

Фота 10. Калона Шведскі ці Напалеонаўскі Слуп. В. Алексічы Зэльвескага р-на; Фота 11. Калона ў в. Баяркі Лідскага р-на; Фота 12. Калона ў в. Вістычы Брэсцкага р-на; Фота 12 а. Калона ў в. Вістычы Брэсцкага р-на, 1916 г.

Да канца ХVIII ст. паданне адносіць і ўзвядзенне пяці высокіх асобных калон у каталіцкай частцы могілак г. Петрыкава Гомельскай вобласці. Лічыцца, што калоны пабудаваны ў знак пратэсту супраць трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у1795 г. [10, с. 22].

У 1825 г. каталіцкі свет адзначаў 1500-годдзе Усяленскага (Нікейскага) сабора, дзе былі зацверджаны галоўныя догмы і сімвалы хрысціянскай веры. Папа Рымскі Леў ХІІ аб'весціў гэты год юбілейным. У касцёлах Беларусі святкаванні праходзілі ў пачатку 1826 г. Менавіта тады на ўскраіне Мінска ў гонар такога юбілея была ўзведзена калона, што і дало назву Юбілейнай плошчы. Меркавалася побач з калонай узвесці касцёл. Існуе і другое меркаванне, што гэтая калона была ўзведзена ў памяць пра збаўленне ад халеры [36, с.110]. З выратаваннем ад халеры ў 1870 годзе звязваюць узвядзенне калоны ў в. Лемяшэвічы каля Пінска. У нішы быў пастаўлены абраз з выявай Св. Антонія Пячэрскага і Іакава [17, с. 82].

У Чарнаўчыцах каля Брэста цагляны слуп з чугунным крыжам наверсе быў пастаўлены нібыта ў 1600 г., у год заснавання царквы [26, с. 101]. Яшчэ ў канцы ХІХ ст. пры дарозе з мястэчка Іўя ў мястэчка Суботнікі стаяла трохчастная калона. Паводле падання, у канцы ХVI ст. уладальнік Іўя, кальвініст Кішка, выгнаў бернардзінцаў. Яны пайшлі і, калі былі ужо за 2 вярсты, то Кішка аслеп. Тады ён загадаў вярнуць мніхаў і аддаў ім касцёл з кляштарам. На тым месцы, адкуль вярнулі мніхаў, паставілі слуп [43, с. 62-63].

Ва ўрочышчы Пясечна каля в. Аснежыцы Пінскага р-на, на тэрыторыі былога маёнтка захавалася калона, узведзеная ў 1897 г. памешчыкам у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. Некалі наверсе знаходзілася скульптура Св. Яна [2, № 107; 4, с. 376; 23, с. 525].

Чатыры калоны вышынёй звыш 3 м у пачатку ХХ ст. (да 100-годдзя падзей вайны 1812 г.) памешчык Каладзееў узвёў каля в. Студзёнка побач з г. Барысавам на месцы пераправы французскай арміі. На асобных табліцах на калонах былі надпісы [29, с. 48].

Некалькі калон, паводле паданняў, былі ўзведзены на месцах забойстваў. Так, у в. Немірова Ушацкага р-на калону нібыта паставіў у 1591 г. Фрэдэрык Шчыт у памяць пра сябра Стэльніцкага, які загінуў у паядынку [49, с. 96]. У 2009 г. мясцовыя жыхары згадвалі, што калона стаяла яшчэ пасля ІІ сусветнай вайны і наверсе быў крыж. Побач з вёскай існаваў маёнтак. У народзе узвядзенне калоны звязваецца з князем Нямірам [2, № 97].

У г. Іванаве Брэсцкай вобл. (Янаве) быў каменны слуп з некалькіх частак і наверсе крыж. Лічылася, што калона пастаўлена ў памяць іезуіта Андрэя Баболі, забітага тут казакамі ў 1657 г. за распаўсюджванне

каталіцызму [20, с. 46; 32, с . 5; 48, s. 76]. Паводле Супрасльскага летапісу, у 1497 г. па дарозе з Вільні ў Кіеў, у мястэчку Скрыгалаў на Мазыршчыне, спыніўся кіеўскі мітрапаліт Макарый. Перакопскія татары дамагаліся, каб ён заклікаў народ да пакорлівасці і каб праваднікі паказалі шлях у глыб беларускіх земляў. Мітрапаліт адмовіўся і быў забіты. Ворагі адсеклі яму галаву і на дошцы пусцілі ўніз на Прыпяці. Цела мітрапаліта перавезлі ў Кіеў і мошчы яго змясцілі ва Уладзімірскім кафедральным саборы. У 1897 г. да 400-годдзя забойства ва ўрочышчы Грычына на беразе Прыпяці узвялі цагляную калону вышынёй звыш 5 м. [2, № 121; 11, с. 103-127; 21, 48-49 ]. У 1907 г. у Скрыгалаве адбываўся хрэсны ход з часцінкамі мошчаў Св. Макарыя, якія прывезлі з Кіева ў маленькай грабнічцы. Хрэсны ходам неслі іх да століка перад іконай Св. Макарыя, якая знаходзілася ў нішы каменнага слупа. Пасля малення мошчы перанеслі ў мясцовы храм [9, с. 464-466].

У пяці месцах калоны былі пастаўлены на каталіцкіх могілках. Гэта ўжо ўзгаданыя калоны ў Глыбокім і Петрыкаве. Захаваліся яны таксама на могілках каля в. Фашчаўка Шклоўскага р-на, в. Калдычэва Баранавіцкага р-на і в. Баяркі Лідскага р-на.

У Фашчаўцы калона чатырохгранная, складзена з чырвонай цэглы, завужаная да гары і наверсе - драўляная скульптура. У народзе калону называюць Фашчаўская Калона, або Фашчаўскі Ёлуп. Лічыцца, што помнік ўзвялі каталіцкія мніхі на месцы пахавання частак Святога Крыжа Гасподня і мошчаў Св. пакутніка Сімпліцыяна. Святыні спачатку захоўваліся ў касцёле, але пасля паўстання 1830-1831 гг., калі расійскія ўлады пачалі праследаванне католікаў, то вернікі перанеслі часткі крыжа і мошчаў на могілкі і зрабілі калону, а наверсе ўсталявалі скульптуру Св. Сімпліцыяна. Цэглу нібыта прывозілі з Варшавы [2, № 52; 15, с. 402-403].

У Калдычэве таксама чатырохгранная калона завужаная ўгары і на ёй дошка з польскамоўным надпісам, які сведчыць, што гэта помнік дзядзьку Філіповічу [2, № 143]. Падобная калона знаходзіцца на могілках у в. Баяркі. Па мясцоваму паданню, яна нібыта ўсталяваная ў памяць Канстытуцыі 3 мая 1791 г. [2, № 112].

З надмагільным помнікам нейкага арыяніна сярэдзіны ХVII ст. звязваюць вельмі высокую цагляную калону (чатырохгранную, завужаную ўгары), якая захавалася паміж вёскамі Курчоўцы/Куклі/ Праважа ў Воранаўскім р-не на Гродзеншчыне. Нібыта раней тут было 5 такіх абеліскаў, і, паводле падання, на адным з іх быў гадзіннік [13, с. 8; 2, № 53]. Гадзіннік фігуруе і ў паданні пра падобную, але крыху ніжэйшую, калону каля в. Алексічы Зэльвенскага р-на. Мясцовыя старажылы называюць яе Шведскі Слуп, Сапежынскі Слуп, або Напалеонаўскі Слуп і гавораць, што калону ўзвялі ці то шведы ў 1708 г. як падзяку насельніцтву за падтрымку, ці то сам Напалеон, калі адступаў. Памятаюць на калоне металічную шыльду, якая знікла ў час ІІ сусветнай вайны, але сэнс надпісу ўжо ніхто не памятае [2, № 70; 30, с. 45-53; 34, с 28-29; 47,s. 35].

Фота 13. Калона ў в. Жырмуны Лідскага р-на; Фота 14. Калона ў в. Лявонпаль Мёрскага р-на; Фота 15. Калона ў в. Лявонпаль Мёрскага р-на. Праца А. Аніськевіч; Фота 16. Калона ў в. Наваельня Дзятлаўскі.

Пра мінскія калоны, як надмагіллі, ёсць інфармацыя сярэдзіны ХІХ ст. Згадваецца, што за Ігуменскай заставай (у бок г. Чэрвеня) стаялі тры цагляныя калоны з чарапічным дахам. На двух з іх былі польскамоўныя надпісы, а на трэцяй надпіс па-руску. У перакладзе з польскай надпіс на адной быў «3 мая 1800 г....для людзей чэсных», а на другой - «15 жніўня 1812 г. Ігнацій Свентаржэцкі». Па сведчанні старажылаў, (сярэдзіны ХІХ ст.) гэта помнікі над магіламі братоў Свентаржэцкіх, якія загінулі падчас дуэлі з-за нейкай паненкі. На трэцяй калоне ў перакладзе з рускай мовы быў надпіс «1 жніўня 1855 г.» Паводле падання, гэты слуп пастаўлены над магілай нейкай Феафілы Міладоўскай, якая памерла ў Мінскім турэмным замку, што знаходзіўся непадалёк. Менавіта на гэтым месцы быў спачатку могільнік Рохптанскага кляштара [27].

Фота 17. Калоны ў г. Петрыкаў на могілках; Фота 18. Калона каля в. Праважа Воранаўскага р-на.

У літаратуры канца ХІХ ст. шмат згадак пра калону (Шведскі Слуп, Напалеонаўскі Слуп) вышынёй каля 10 м. непадалёк ад царквы в. Ятвеск Шчучынскага р-на. Цяпер яна выглядае як слуп, складзены з чырвонай цэглы. Па ранейшых апісаннях на ёй праглядаліся тры часткі. Ніжняя і сярэдняя часткі мелі па 14 граней, а верхняя 8 граней. Раней калона была атынкаваная, але ўжо ў канцы ХІХ ст. тынкоўка амаль абсыпалася, і грані вельмі слаба праглядаліся. Пра помнік зафіксавана некалькі паданняў: на гэтым месцы быў сталічны горад; слуп азначаў нейкую мяжу; пан замураваў дачку, каб не ішла замуж за бедняка. У адным з расказаў гаворыцца пра крыж наверсе калоны. Нейкі селянін з суседняй в. Крывулькі зняў крыж і аднёс яго

дахаты. У тую ж ноч уяго прапалі дзве «рагатыя жывёліны» і пачаліся няшчасці ў гаспадарцы. У сне яму аб'явіўся старац і загадаў аднесці крыж на месца. Чалавек аднёс крыж і паставіў каля слупа. Няшчасці спыніліся. Потым крыж перанеслі ў царкву [1,с.112-113; 25,c.30 ]. У наш час тут распавядаюць пра сталічны горад [2, № 70]. У кнізе «Памяць. Шчучынскі р-н» прыведзена паданне, дзе гаворыцца, што дачка пана пакахала дворніка Янку. Яны чакалі дзіця і збіраліся пабрацца шлюбам. Пан даведаўся, загадаў забіць хлопца,

а дачку закапаць жыўцом у яму. Калі прайшоў час, то бацька пашкадаваў дачку і паставіў ёй помнік [24, с. 493].

У 1920-я гады яшчэ стаяла калона пры дарозе каля мястэчка Камень на Валожыншчыне. Пра яе таксама вядома некалькі паданняў: азначала мяжу; узвялі шведы для лепшай арыентацыі; наверсе калоны ляжала шведская пальчатка, і казалі, што швед прыйдзе за ёй [51, с. 9]. У 1995 г. старажылы памяталі пра калону і паданне пра шведскую пальчатку, а таксама распавядалі, што знішчылі помнік у час будаўніцтва дарогі Івянец

-Дзяржынава [8] . Магчыма, гэта была тая калона, якую ўзвялі на памяць пра паражэнне войска Яна Ольбрахта ў 1498 г. [46, с. 88].

У сярэдзіне ХІХ ст. пры ўездзе ў Нясвіж стаялі калоны са скульптурамі Божай Маці, Іісуса Хрыста і Іаанна Прадцечы [35, с.65], а пры ўездзе ў Лагойск з боку Мінска на высокім каменным слупе была статуя Св. Яна ў пазалочаным арнаце, ў адной руцэ з крыжам, а ў другой з галінкай [16, с. 1].У Пінску паблізу касцёла знаходзіліся дзве калоны - адна з фігурай Іаанна Хрысціцеля, а другая з фігурай Багародзіцы. Першую паставіў пінскі паштмайстар Вінскі, а другую правізар Рудзінскі ў памяць дазволу свабоднага адпраўлення богаслужэння ў Камуністычным касцёле [28].

Захаваўся яшчэ шэраг памятных калон. Так, у Жырмунах Лідскага р-на, у 2 км ад брамы былога маёнтка, стаіць калона, якая нібыта была ўзведзена князем Радзівілам. Наверсе раней знаходзілася скульптура Св. Яна з кнігай, крыжам і мячом у руках [33, с. 250]. Ёсць чатырохгранная калона з крыжам наверсе каля в. Здзітаў Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобласці [2, № 107]. Захаваліся і рэшткі калоны каля маста ў мястэчку Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзеншчыны [6, с. 118-119].

У в. Касцянева Шчучынскага р-на пры дарозе яшчэ ў 1982 г. стаяла цагляная калона [7]. Побач некалі знаходзіўся маёнтак роду Кастравіцкіх [44,

с. 455]. Помнік разабралі ў канцы ХХ ст. Паданняў зафіксаваць не ўдалося [2, № 53]. Стаяла памятная калона з крыжам наверсе на плошчы ў мястэчку Дзярэчын Зэльвенскага р-на [50, фота].

Такім чынам, як бачна з прыведзеных звестках, датыроўка такіх помнікаў ад ХV да пачатку ХХ стст. Яны вартыя дзяржаўнай аховы і вывучэння ў кантэксце еўрапейскай культуры.

ЛІТАРАТУРА

1. Археологические известия и заметки, издаваемые Императорским археологическим обществом. Т.II. № 3-4. -М., -1894. -С. 112-113.

2. Архіў Этна-гістарычнага цэнтра "Явар". - № 52, 53 (2005 г.), № 70 (2007 г.), № 97 (2009 г.), № 107 (2010 г.), № 112, 116 (2011 г.), № 121 (2012 г.), № 143 (2014 г.).

3. Гарады і вёскі Беларусі. Брэсцкая вобл. Т.3. Кн.1.Энцыклапедыя. Мн. Бел. энцыкл. імя П. Броўкі, 2006. - 524с.

4. Гарады і вёскі Беларусі. Брэсцкая вобл. Т.4. Кн.ІІ. Энцыклапедыя. Мн. Бел. энцыкл. імя П. Броўкі, 2007. - 606с.

5. Гладышчук А.А. Цагляная калона ў аколіцах Скокаў (Брэсцкі раён) - выдатны помнік эпохі асветніцтва /А.А. Гладышчук //Вестник Брестского государственного технического университета. Гуманитарные науки. - 2002. -№ 6. - С. 93-95.

6. Грунтов С.В. Историко-культурный ландшафт Гродненской области /С.В. Грунтов // Этно-культурные процессы Гродненского Понеманья в прошлом и настоящем.-Мн.: Беларуская навука, 2014. -С. 103-122.

7. Дучиц Л.В./Л.В Дучиц / Отчет о полевых исследованиях в среднем течении басейна Западной Двины и в Щучинском, и в Слонимском районах Гродненской обл. в 1982 г.// Архіў археалагічнай дакументацыі Інстытута гісторыі НАНБ. Справа № 811. -29 сл. 77 ил.

8. Дучыц Л.У./ Л.У Дучыц / Справаздача аб раскопках курганоў у Глыбоцкім и Валожынскім районах у 1995 г. // Архіў археалагічнай дакументацыі Інстытута гісторыі НАНБ. Справа № 1563.

9. Епархиальная хроника. Торжество в Скрыгалове. //Минские Епархиальные ведомости. Часть неофиц. - 1907. -№ 23. - С. 464-466.

10. Занкевіч І. Геаметрыя петрыкаўскіх калон / І. Занкевіч// Культура. -2009 . №23. -С.22.

11. Киселев В. «я отдаю себя воле Божией...»/ В. Киселев //Палессе. -1998. -№ 3-4 (8-9). -С. 103-127.

12. Конопацкий Г. Памятники старины (с. Ятвеск Гродненского уезда) /Г. Конопацкий / /Гродненские губернские ведомости.-1894. -№3.

13. Круцікаў У., Бурачэўскі М. Абеліск ля Курчоўцаў /У Круцікаў, М. Бурачэўскі //Наша слова. -2008. -№2. -С. 8.

14. Мацвейчык З. Уладзіслаў Плятар і раперсвільскі музей /З. Мацвейчык //Спадчына. -2003. -№ 4-5. -С. 29-38.

15. Могилевщина -мой любимый приднепровский край. Могилев: Могилевская обл. укрупн. тип. - 2007. - 831с.

16. Москалевич Р.(священник). М. Логойск, его историческая судьба в церковном и гражданском отношении ./ Р. Москалевич //Вестник Западной России. -1870 .-Т.2. -Кн.4. -С. 1-44.

17. Описание церквей и приходов Минской епархии. Пинский уезд. Мн. Типолитография Б.И. Соломонова. -1879. - 210с.

18. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Брэсцкі р-н. Мн. БЕЛТА, 1998 -571c.

19. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Глыбоцкі раён. Мн. Бел. энц. ім. П. Броўкі, 1995. - 451с.

20. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Іванаўскі раён. Мн. БЕЛТА, 2000 -590с.

21. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Мазырскі раён. Мн. Мастацкая літаратура, 1997 -574с.

22. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Міёрскі раён. Мн.Беларуская навука, 1998 -627с.

23. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Пінскі раён. Мн. БЕЛТА, 2003 -621с.

24. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Шчучынскі раён. Мн. Бел. энц. ім. П. Броўкі, 2001 - 588с.

25. Покровский Ф.В. Археологическая карта Виленской губернии /Ф.В.Покровский. - Вильна. Тип. А.Г. Сыркина, 1893 - 164с.

26. Покровский Ф.В. Археологическая карта Гродненской губернии/Ф.В. Покровский. -Вильна. Тип. А.Г. Сыркина, 1895 -165с.

27. Рюмин В. Взгляд русского на обычай ставить придорожные кресты в Зап. России /В. Рюмин // Минские губернские ведомости. 1868. --№ 31,35.

28. Рюмин В. Статуи римско-католических святых, каплицы и т.п. памятники в Западной России /В. Рюмин// Минские губернские ведомости. 1868 . -№ 35.

29. Самцэвіч В. Помнікі кампаніі 1812 г. у Барысаве /В. Самцэвіч. //Наш край. 1926. -№ 10-11 (13-14). -С. 46-48.

30. Скобла М. Мястэчка Дзярэчын /М. Скобла //Наша вера. № 3(9). - 1999. -С. 45-53.

31. Соболевский А. Глубокое. Очерки истории /А. Соболевский.Мн., Медисонт. 2012. -130с.

32. Ставрович Ф. Опыт исторических и этнографических исследований о Северо-Западном крае./ Ф. Ставрович. Вильна. Печатня А.Г. Сыркина. 1870. -98с.

33. Федорук А.Т. Старинные усадьбы Гродненщины./А.Т. Федорук. Мн., Беларусь. 2014. -543с.

34. Чыгрын С. Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны./ С.Чыгрын. Мн., Кнігазбор. -2013. -147с.

35. Шпилевский П. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю/П. Шпилевский. Мн., -Полымя. -251с.

36. Шыбека З. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада. Мн., 1994. -341с.

37. A.Jel .Skryhalуw // Sіownik geograficzny Krуlestwa Polskiego i innych krajуw sіowiaсskich. -T.X. -Warszawa. Druk "Wieku", 1889 -S. 720-721.

38. Bujnicki T. Pamкtki historyczne Wileсszczyzny i №wogrуdczyzny /T.Bujnicki. -Wil№, 1935. -38s.

39. F.S. Bezdzieї. //Sіownik geograficzny Krуlestwa Polskiego i innych krajуw sіowiaсskich. -T.1. -Warszawa. Druk "Wieku", 1880 -S. 163.

40. Halicki B. Dolina Dџwiny /B.Halicki // Ziemia. -1931 -№ 12. -S. 220-225.

41. Hedeman O. Historja powiatu Braslawskiego./O.Hedeman. --Wil№. 1930. 483s.

42. Hedeman O. Glкbokie. /O. Hedeman. --Wil№. 1935. -59s.

43. Jankowski Cz. Powiat Oszmiaсski. Materiaіy do dziejуw ziemi i ludzi./ Cz. Jankowski. Cz. III. Petersburg-Krakуw. -1896. -219s.

44. Koњcieniewo //Sіownik geograficzny Krуlestwa Polskiego i innych krajуw sіowiaсskich. -T.IV. -Warszawa. Druk "Wieku", 1883 -S. 455.

45. Kowalczyk J. Wіoskie traktaty architektoniczne jako џrуdі majsterszykуw krakowskich / J. Kowalczyk //Biuletyn historii sztuki. -Rok XXX. N . 2. Warszawa., 1968. -S. 173-190.

46. Јopaciсski H. Pomniki / H. Јopaciсski //Gloger Z. Encyklopedia staropolska ilustrowana. T. IV. Warszawa., 1978. -S. 72-94.

47. Lorentz S. Wycieczki Sіonimskie / S. Lorentz.-Sіonim. 1933. -39s.

48. Marczak M. Przewodnik po Polesiu /M. Marczak . Lwуw. 1935. -159s.

49. Niemirowo. //Sіownik geograficzny Krуlestwa Polskiego i innych krajуw sіowiaсskich. -T.VII. -Warszawa. Druk "Wieku", 1886 -S. 96.

50. Rewieсska W. Miasta i miasteczkaw pуl№c№-wschodniej Polsce/W. Rewieсska. Wil№. 1938 -144s.

51. Sawicki L. №tatki krajoznnawcze z terenu №wogrуdczyzny /L. Sawicki//Ziemia. 1929. -N 1.-S. 8-11.

52. Wincza H. Miasteczko Glкbokie /H. Wincza //Tygodnik ilustrowany. 1903. N28. -S. 554.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX