Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Пісьменнік і авантурыст пачатку XVII ст. Жак Маржарэт як давераная асоба Радзівілаў 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 24-10-2014,
Крыніца: Дзярновіч Алег. Пісьменнік і авантурыст пачатку XVII ст. Жак Маржарэт як давераная асоба Радзівілаў // Мастацкая спадчына Нясвіжа. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. Нясвіж, 2006. С. 46—54.

Спампаваць




Алег Дзярновіч, Інстытут гісторыі НАН Беларусі

Пісьменнік і авантурыст пачатку XVII ст. Жак Маржарэт як давераная асоба Радзівілаў [*]

"Валадару!

Калі б падданыя Вашага Маестату пад час наведвання аддаленых земляў праўдзіва апісвалі б тое, што яны бачылі і назіралі надзвычайнага, то не толькі самі б яны атрымалі выгоду, але маглі б і Вашаму гаспадарству прынесці карысці. Яны ўказалі б, чаго варта шукаць, што можна запазычыць у іншых народаў - бо для поспехаў супольнага жыцьця ўсё ў гэтым свеце так зладжана, што мы знаходзім ў іншых тое, чаго самі не маем" [1], - так з паслання французскаму каралю Генрыху IV у 1607 г. распачынаў сваю знакамітую кнігу " Стан Расійскай дзяржавы і Вялікага Княства Маскоўскага" мемуарыст ды шукальнік прыгодаў Жак Маржарэт (нарадзіўся каля 1550 ці 1560 г. у Асоне, Францыя). Праца гэтага французскага аўтара з'яўляецца адной з базавых кніг першага перыяду (XVI-XVII ст.) развіцця крэмлезнаўства (альбо вывучэння Расіі) ды зрабіла Маржарэта вельмі вядомым сярод палітычных і адукаваных колаў Еўропы. Але спачатку гэты прафесійны вайсковец-найміт пасля службы французскаму каралю ў Бургундыі, служыў яшчэ, як ён сам прызнаваўся, "князям Трансільваніі, потым імператару [аўстрыйскім Габсбургам - А. Дз.] у Венгрыі, затым каралю Польскаму ў званні капітана пяхотнай роты. Нарэшце, лёс прывёў мяне да расійскага цара Барыса [Гадунова], я быў ушанаваны гонарам камандаваць кавалерыйскім аддзелам" [2]. Маржарэт знаходзіўся на расійскай службе на працягу 1600-1606 і 1608-1611 гг. У Маскве ў яго было бурнае і насычанае жыццё. Апроч Барыса Гадунова, ён служыў таксама Ілжэдзімітрыю І і Ілжэдзімітрыю ІІ, а таксама нават спрабаваў паступіць да Дзімітрыя Пажарскага [3]. Зусім не здзіўляе тое, што Маржарэт патрапіў у лік персанажаў пушкінскай драмы " Барыс Гадуноў" [4].

І вось тут мы пераходзім да радзівілаўскага сюжэта. З прызнання самога Жака Маржарэта вядома, што ён падтымліваў сувязі з гэтымі магнатамі Вялікага Княства Літоўскага, а дакладней, знаходзіўся на службе ў князя Януша Радзівіла, падчашага ВКЛ (1599-1619) і кашталяна Віленскага (1618-1620). Аб Радзівілах Маржарэт пісаў 9.07.1619 да дарадцы французскага караля Сэнт-Катэрына: 1) пра тое, што нехта Ляйпцэлер застаўся вінны значную суму кн. Радзівілу, які змясціў у яго частку "ўдовіных грошай"; 2) пра свой уласны ліст да кн. Радзівіла [5].

Праблема ў тым, што згаданы ліст Маржарэта ці якія-небуць іншыя падобныя матэрыялы адсутнічаюць ў выданнях па Радзівілаўскаму архіву: Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 7: Собранные в Несвиже (Вильна, 1870); Хронологическая опись исторических документов Несвижского архива, составленная в 1862 г. ( Летопись занятий Археографической комиссии. 1871, Т. 5). Але ў першай публікацыі была змешчаная толькі нязначная частка ліставання Радзівілаў, а ў другой публікацыі апісаныя дакументы пераважна неэпісталярнага характару. У мінскіх зборах з Архіва Радзівілаў (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Ф. 694) эпісталярыкі досыць мала і там таксама адсутнічаюць падобныя матэрыялы, як і ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільні (Ф. 1280) [6]. Затое ў 2005 г. у Галоўным Архіве Даўніх Актаў у Варшаве (AGAD) у Аддзеле V (карэспандэнцыя) удалося расшукаць ліст кн. Крыштапа Радзівіла да Жака Маржарэта.

Дакумент напісаны на нямецкай мове з асобнымі ўстаўкамі на лаціне (найперш у заключным пратаколе, а таксама асобныя тэрміны). Паметкі былі зроблены ў канцылярыі Радзівілаў на польскай мове. Пад час перакладу тэксту трэба ўлічваць не толькі палеаграфічныя асаблівасці дакумента, але таксама тое, што нямецкая мова не была роднай для стваральніка ліста - ў тэксце маюцца нетыповыя для немца памылкі, нават для XVII ст. з яго яшчэ неўнармаваным правапісам [7]. Найперш гэта выяўляецца ў адстутнасці апазіцыі кароткасць-даўжыня галосных. Адсюль, напрыклад, і гіперкарэктызм "wier" замест "wir". Варта адзначыць, што тэндэнцыя да сцірання розніцы ў даўжыні галосных уласціва такім славянскім мовам, як польская і беларуская. У мове дакумента маюцца лінгвістычныя асаблівасці, якія сведчаць пра тое, што аўтар ліста быў знаёмы менавіта з верхненямецкім варыянтам мовы (напрыклад, камбінацыя "u" і "ff" (uff) - рэгіянальная адпаведнасць "auf").

Крыштап Радзівіл, ад імя якога напісаны дакумент, вывучаў нямецкую мову ў Германіі - у Лейпцыгу і Гейдэльбергу, хоць ён сам прызнаваўся, што гэтая мова давалася яму з цяжкасцю: "...jest tak bardzo na mię trudny, że przez bardzo długi czas ledwie się słowa albo dwóch wymawiać nauczę i dla wielkiej jego trudności przez ten czas jako tu w Lipsku mieszkam, ledwiem się bardzo mało mówić i rozumieć go nieco nauczył. Jednakże o ile ze mnie może być, uczę się go, chociaż mi z wielką trudnością przychodzi" [8]. Асобна адзначым, што Крыштап Радзівіл пазнаёміўся менавіта з верхненямецкім варыянтам мовы і непасрэдна мог удзельнічаць у напісанні ліста, які сыходзіў ад яго імя.

Сам жа Крыштап Радзівіл (15.03.1585 - 19.09.1640), апроч таго, што навучаўся ва ўніверсітэтах Германіі [9], вандраваў па Швейцарыі, Францыі, Нідэрландах. Што важна для нашай тэмы - малады княжыч наведаў таксама Англію ў момант каранацыі 15.07.1603 г. новага караля Якуба І. У далейшым Крыштап Радзівіл патраніраваў кальвінісцкай супольнасці ВКЛ, сваім коштам утрымліваў студэнтаў з ВКЛ у пратэстанцкіх універсітэтах Германіі. У 1615 г. атрымаў булаву палявога гетмана ВКЛ (быў ім па 1635 г.). Гэты магнат знаходзіўся ў канфлікце з каралём Жыгімонтам ІІІ Вазаю. Але ў 1633 г. стаў кашталянам Віленскім. Пад час вайны Рэчы Паспалітай з Расійскай дзяржавай 1632-1634 гг. удзельнічаў у бітвах пад Смаленскам у верасні-кастрычніку 1633 г. За ваенныя і адміністрацыйныя заслугі атрымаў урад ваяводы Віленскага (1633 г.) ды булаву вялікага гетмана ВКЛ (1635 г.) [10].

Дакумент, што аналізуецца, з'яўляецца гарантыйным лістом, фактычна векселем, па аплаце Жаку Маржарэту выдаткаў на паездку ў Англію "да Каралеўскай Вялікасці" - да двара англійскага і шатландскага караля Якуба. З тэксту ліста вынікае, што Маржарэт суправаджаў туды Лізавету Соф'ю Гагенцолерн Радзівіл - удаву князя Януша Радзівіла, брата Крыштапа. Гэтае падарожжа магло адбыцца ў канцы 1620 г. і ў першай палове 1621 г., бо Януш памёр 6/7.11.1620, а дакумент датаваны 13.06.1621. Крыштап выконваў волю ужо памерлага свайго брата. Сам жа Маржарэт узяў сродкі на паездку, як вынікае з ліста, у гданьскіх камерсантаў Вэселя і Якуба Рэгніра.

Цяпер для працягу аналіза сітуацыі нам варта крыху спыніцца на асобе Януша Радзівіла (21.07.1579 - 6/7.11.1620), які з'яўляўся братам Крыштапу, але меў іншую маці. Януш паходзіў ад шлюбу слыннага ваеначальніка Крыштапа Перуна і Кацярыны з Астрожскіх (гэта быў другі шлюб Радзівіла), а Крыштап з'явіўся на свет ад трэццяга шлюбу свайго бацькі з Кацярынай з Тэнчынскіх. Як і належыць прадстаўніку пратэстанцкай (Біржанскай) лініі Радзівілаў, Януш атрымаў кальвінскае выхаванне, вучыўся ва ўніверсітэтах Страсбурга і Базеля, падарожнічаў па Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі, Францыі, а таксама Англіі [11]. Падчашы ВКЛ ад 1599 г., кашталян Віленскі ад 1618 г. [12] Трэба сказаць, што Януш быў скептыкам адносна вайны Рэчы Паспалітай 1609-1618 гг. і не падтрымліваў умяшанне ў маскоўскі дынастычны крызыс. Першым шлюбам Януш быў жанаты з княжной Соф'яй Алелькаўнай, спадчынніцай Слуцкага і Капыльскага княстваў, якія пасля яе смерці (1612 г.) перайшлі ва ўладанне роду Радзівілаў. А 7.07.1613 г. у Берліне адбыўся новы шлюб Януша з Лізаветай Соф'яй Гагенцолерн (1589-1629 гг.), дачкой Брандэнбургскага курфюрста Ёгана Георга. Радзівілы парадніліся з пратэстанцкіі ўладцамі Германіі і, як высвятляецца, аказаліся ўцягнутымі ў міжканфесійныя канфлікты ўжо па-за межамі Рэчы Паспалітае.

І вось тут мы падыходзім да праўдападобнай мэты місіі, скіраванай Радзівіламі ў Лондан. Падказку дае аналіз канфесійна-палітычнай сітуацыі ў тагачаснай Еўропы. Усе галоўныя ўдзельнікі гісторыі, пра якую распавядае дакумент, з боку Рэчы Паспалітай, Германіі і Англіі з'яўляюцца пратэстантамі, і да таго ж кальвіністамі. Шлюб Януша с Лізаветай Соф'яй звязываў Радзівілаў з Брандэнбургам. А дачка англійскага караля Якуба І (у Шатландыі - Якуб VI) была жонкай аднаго з відных абаронцаў пратэстанцкай веры ў Еўропе пфальцграфа Рэйнскага Фрыдрыха V [13], главы створанай у 1608 г. у Германіі Евангеліцкай лігі. З самага пачатку Трыццацігадовай вайны (1618-1648 гг.) кальвініст Фрыдрых V, абраны да таго ж у 1619 г. каралём Чэхіі (як Фрыдрыха І), апынуўся на чале антыгабсбургскага антыкаталіцкага лагера. Але таксама кальвініст і цесьць Фрыдрыха кароль Якуб не імкнуўся на дапамогу нямецкім пратэстантам і жадаў міру для сваёй краіны [14]. Апроч таго, кароль-кальвініст не меў сімпатыяў да кальвінісцкай дактрыны і прэсвітарыянскай царквы, бо меркаваў, што кальвінізм несумешчальны з манархіяй [15]. У той жа час ідэя ўдзелу ў кантынентальных падзеях была даволі пашырана ў англійскім грамадстве - за гэта выступаў парламент, для падтрымкі пратэстантаў збіраліся прыватныя ахвяраванні, фармаваліся аддзелы добраахвотнікаў, гатовых накіравацца на кантынент. "Ядавітыя кпіны і папрокі ў адсутнасці асабістай смеласці не хвалявалі Якуба. Ён не здраджваў сваім перакананням і не ўвязваўся ў вайну. Цяжкка сказаць, ці была такая палітыка разумнай, але папулярнасці каралю яна яўна не дадавала" [16].

Падобна, што місія прадстаўніцы дому Радзівілаў (кальвінісцкай яго галіны) і Гагенцолернаў у суправаджэнні Жака Маржарэта павінна была паўплываць на пазіцыю англійскага караля ў еўрапейскіх падзеях.

Якая ў гэтай выправе была роля Жака Маржарэта? З ускоснай інфармацыі і прызнанняў самога Маржарэта відавочна, што ён вёў некаторыя фінансавыя справы Радзівілаў у замежжы. А місія ў Лондан была вельмі адказным прадпрыемствам. Усё гэта дазваляе разглядаць Жака Маржарэта як давераную асобу Радзівілаў ў важных сямейных і знешнепалітычных пытаннях. Апроч таго мы бачым, што Радзівілы імкнуліся вырашаць лёс не толькі свойго краю, але і спрабавалі ўплываць на вялікую палітыку ў Еўропе ўвогуле. Адкрыццё ў далейшым новых матэрыялаў дапаможа даследаваць шырэй гэты цікавы сюжэт.

1621, 13 чэрвеня. Вільня. - Гарантыйны ліст палявога гетмана ВКЛ князя Крыштапа Радзівіла Якубу (Жаку) Маржарету па пакрыццю выдаткаў на падарожжа да двара англійскага караля Якуба І.

Копія выдаўцы дакумента: Archiwum Główne Akt Dawnych(w Warszawie). Archiwum Radziwiłłowskie, Dział V, Nr.9282 a. Публікацыя тэксту паводле мікрафільма.

Папера. На левым полі тэкста паметкі іншым почыркам: "13 Czerw. 1621 "i" Margaret Jacob".

[а. 1]

VON GOTTES GNADEN WIER [17] CHRISTOPHORUS | RADZIVILL Herzog zue Birze, Dubinki etc. deß Heyligen | Römischenn Reichs Fürst, unnd deß Großfürstenthumbs | Littauen GENERALfeldherr etc., urkundten [18] hiemit: dem|nach uff [19] weyland deß Hochgebornen Fürsten, Herrn | JANUSSY RADZIVILLN Herzogens zue Birze, Du|binki, Schluzko [20] unnd Kopyll etc. deß hey. Römischen | Reichs Fürstenn unnd CASTELLANEN: | zue Wilda [21] Unnsres freundlichen herzvielgelibten | Herrn Bruders, Beuelch unnd begeren, der Edel JACOB | MARGERET Obristenleütenant und fürstlicher | Radziuillischer Fraw Wittibin [22], unnserer freündlicher | geliebten Schwegerin unnd Geuatterin Oberhaubtman uff | Lichtenberg etc. eine Raiß zu der Königlichen Maiestat | in Engelland, in angelegen S[eine]r unnsers Herrn Bruders | hochlobseligen L[ebens] Sachen verrichtet, unnd Eintaußendt | Einhundert guldenn bei Wessel Schenkenn sowoln Ein|taußendt fünffhundert zwenunnddreißig gulden | bei Jacob Regni[e]rs beedenn Kaufleüthen in Danzig | uff gewisse Zeit uffgenommen: daß Wier | solche beide Summen alß In allem ZWEYTAUßENDT | SECHSHUNDERTZWEUUNDDREYßIG GULDEN Wechsell | zusambt dem gebürlichen INTERESSE, ermeltenn Kauf|| [а.2] leüthen zue anderm danck, uff den Dreyzehenden JU|LY schirstkünfftig, wiederumb pahr [23] außzahlen | also unnsers hochlobseligen Herrn Bruders guten Na|men dadurch retten: und Ihm MARGERETEN aller|dings schadlos haltenn wollenn. Zue | gewisser Sicherheit habenn wier unnser Fürstlich SE|CRET hiefür trückenn [24] laßen, Unnd Unns eigenhendig [25] | underschriebenn. ACTUM. Wilda den drey|zehenden JUNY ANNO CHRISTI 1621. ||

[адварот дакумента]

Copia Zapisu X[ięcia]J[ego]M[iłości] P[ana] Hetmana | ktorym płacic to co Margaret u w[i]e|leł Szenka nabrał, zapisujesz. ||

Пераклад тэксту дакумета

БОЖАЙ МІЛАСЦЮ МЫ, КРЫШТАП РАДЗІВІЛ, князь на Біржах, Дубінках і г. д., князь Святой Рымскай імперыі, палявы гетман Вялікага Княства Літоўскага і г. д., гэтым лістом паводле жадання ў бытнасці сваёй высокаўроджанага князя пана ЯНУША РАДЗІВІЛА, князя на Біржах, Дубінках, Слуцке і Капылі і г. д., які з'яўляўся князям Святой імперыі і КАШАЛЯНАМ Віленскім, нашага ласкавага, сардэчна любімага пана брата, высакародны старшы лейтэнант ЯКУБ МАРЖАРЭТ, і пані княская Радзівілавая ўдава, нашая ласкавая любімая нявестка і кума, галоўнакапітанша Ліхтэнберга [26] і г. д., здзейснілі паездку да Каралеўскай Вялікасці ў Англію. У прыкладзенай маёмасці нашага пана брата, блаславёнага жыцця, рэчы…. і адна тысяча сто гульдэнаў паводле векселя дарунка Весэля, а таксама адна тысяча пятьсот трыдцать два гульдэна Якуба Рэгніра, узяты за названы час у абодвух купцоў у Гданьску. Так што Мы тые дзве сумы, ўто ў выніку складаюць ДЗВЕ ТЫСЯЧЫ ШЭСТЬСОТ ТРЫДЦАЦЬ ДВА ГУЛЬДЭНА векселем разам, з належным ІНТАРЭСАМ, … зноў наяўнымі выплачваем купцам, дзякуючы іншым [купцам], будучага трынадцатага ЛІПЕНЯ, такім чынам у якасці выратавання праз гэта добрага імя наша блаславёнага пана брата ды жадаючы яму, МАРЖАРЭТУ, абавязкова пакрыць усе страты. Для вядомай пэўнасці павялелі мы для гэтага прыкласці нашую княскую ПЯЧАТКУ [27], і Намі ўласнаручна падпісаць. Дадзена ў Вільні трынадцатага ЧЭРВЕНЯ ГОДА БОЖАГА 1621.

[адварот дакумента]

[28]Копія Запісу К[нязя] Я[го] М[іласці] П[ана] Гетмана, якім запісана плаціць тое, што Маржарэту павялеў, Шэнка набраў. ||

Ілюстрацыя: Арк. 1 дакумента.


[*] Архіўная праца ў Варшаве для гэтага матэрыялу стала магчымаю дзякуючы дапамозе "Касы Мяноўскага" - Фундацыі Падтрымкі Навукі, за што аўтар выказвае падзяку гэтым інстытуцыям.



[1] Маржерет, Жак. Состояние Российской державы и Великого княжества Московского // Россия XVII в. Воспоминания иностранцев. Смоленск, 2003. С. 10.

[2] Маржерет Ж. Состояние Российской державы... С. 11.

[3] У 1612 г. Дз. Пажарскі такім чынам пісаў пра нашага персанажа: "Маржерет кровь христианскую проливал пуще польских людей и, награбившись государевой казны, пошел из Москвы в Польшу с изменником Михайлою Салтыковым. Нам подлинно известно, что польский король тому Маржерету велел у себя быть в Раде: и мы удивляемся, каким это образом теперь Маржерет хочет нам помогать против польских людей? Мнится нам, что Маржерет хочет быть в Московское государство по умышленью польского короля, чтоб зло какое-нибудь учинить. Мы этого опасаемся..." (цытата паводле: Коняев, Николай. Первые Романовы. Загадки и мифы династии // top100.km.ru/reader.asp?id=33150&page=13&viewBy=8000&sizechars=150

[4] Урывак з драмы А. С. Пушкіна " Барыс Гадуноў":

РАВНИНА БЛИЗ НОВГОРОДА-СЕВЕРСКОГО. (1604 года, 21 декабря)

БИТВА

В о и н ы (бегут в беспорядке).

Беда, беда! Царевич! Ляхи! Вот они! вот они!

(Входят капитаны Маржерет и Вальтер Розен.)

М а р ж е р е т.

Куда? куда? Allons.... пошоль назад!

О д и н и з б е г л е ц о в.

Сам пошоль, коли есть охота, проклятый басурман.

М а р ж е р е т.

Quoi? quoi?

Д р у г о й.

Ква! ква! тебе любо, лягушка заморская, квакать на русского царевича; а мы ведь православные.

М а р ж е р е т.

Qu'est-ce à dire pravoslavni?... Sacrés gueux, maudite canaille! Mordieu, mein herr, j'enrage: on dirait que ça n'a pas des bras pour frapper, ça n'a que des jambes pour foutre le camp.

В. Р о з е н.

Es ist Schande.

М а р ж е р е т.

Ventre-saint-gris! Je ne bouge plus d'un pas -- puisque le vin est tiré, il faut le boire. Qu'en dites-vous, mein herr?

В. Р о з е н.

Sie haben Recht.

М а р ж е р е т.

Tudieu, il y fait chaud! Ce diable de Samozvanetz, comme ils l'appellent, est un bougre qui a du poil au cul. Qu'en pensez vous, mein herr?

В. Р о з е н.

Oh, ja!

М а р ж е р е т.

Hé! voyez donc, voyez donc! L'action s'engage sur les derriéres de l'ennemi. Ce doit être le brave Basmanoff, qui aurait fait une sortie.

В. Р о з е н.

Ich glaube das.

(Входят немцы.)

М а р ж е р е т.

Ha, ha! voici nos Allemands. -- Messieurs!.. Mein herr, dites-leur donc de se rallier et, sacrebleu, chargeons!

В. Р о з е н.

Sehr gut. Halt!

(Немцы строятся.)

Marsch!

Н е м ц ы (идут).

Hilf Gott!

(Сражение. Русские снова бегут.)

Л я х и.

Победа! победа! Слава царю Димитрию.

Д и м и т р и й (верьхом).

Ударить отбой! мы победили. Довольно; щадите русскую кровь. Отбой!

(Трубят, бьют барабаны).

[5] Паводле выдання А. Шэўроля ў перакладзе на расійскую мову апублікаваў І. Балдакоў: Сборник материалов по русской истории начала XVII в. / Пер., введение и прим. И. М. Болдаков. СПБ., 1896. С. 89-98.

[6] Гл. таксама апублікаваны вопіс: Паўловіч С. (складальнік, аўтар прадмовы). Дакументы па гісторыі Беларусі ў фондзе "Радзівілы, князі" Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы // Нясвіжскія зборы Радзівілаў : Іх фармаванне, гіст. лёс, цяперашняе месцазнаходжанне і шляхі выкарыстання / Бел. фонд культуры, Нац. цэнтр па арх. і справаводству, Нац. навук.-асветн. цэнтр імя Ф. Скарыны, Бел. навук.-даслед. ін-т дакументазнаўства і арх. справы; Рэдкал.: Мальдзіс А. (гал. рэд.) і інш. (Вяртанне; [Кн.] 7). Мн., 2002. С. 132-365.

[7] За каштоўныя кансультацыі аўтар выказвае шчырую падзяку швейцарскай славістцы спн. Моніцы Банькоўскі (Цэнтральная бібліятэка Цюрыха).

[8] [Нямецкая мова] "...ёсць для мяне такая вельмі цяжкая, што за вельмі доўгі час ледзве слова альбо два вымавіць вучуся і з-за вялікай яе цяжкасці за ўвесь той час, што жыву я ў Лейпцыгу, ледзве навучыўся вельмі мала размаўляць і разумець яго". З ліста да бацькі Крыштапа Радзівіла Перуна, 6.06.1602: AGAD, AR, IV, Nr. 297; Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. Lublin, 1995. S. 45.

[9] Гл. падрабязней: Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów ... S. 43-51; Żołądź-Strzelczyk D. Peregrinatio academica. Studia młodzieży polskiej z Korony i Litwy na akademiach i universytetach niemieckich w XVI i pierwszej połowie XVII wieku. Poznań, 1996. S. 87-88, 228.

[10] Гл. падрабязней: Księcia Krzysztofa Radziwiłła, hetmana polnego Wielkiego Księstwa Litewskiego, Sprawy wojenne i polityczne, 1621-1632. Paryż, 1859; Wisner H. Radziwiłł Krzysztof h. Trąby (1585-1640) // Polski Słownik Biograficzny. XXX/2, z. 2. Wrocław, 1987. S. 276-283; Augustyniak U. Dwór i klientela Krzysztofa Radziwiłła (1585-1640). Warszawa, 2001; Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVIII wieku. Spisy / Oprac. Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba // Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII-XVIII wieku. Spisy / Pod red. Antoniego Gąsiorowskiego. Tom XI. Kórnik, 1994. № 139, 160; s. 43, 46, 233.

[11] Гл.: Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów ... S. 33-43; Lukšaitė I. Reformacija Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje ir Mažojoje Lietuvoje. XVI a. Trečias dešimtmetis - XVII a. pirmasis dešimtmetis. Vilnius, 1999. P. 418, 438.

[12] Urzędnicy centralnii dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVIII wieku. № 1100, s. 144, 233.

[13] Kaiser, König, Kardinal: Deutsche Fürsten, 1500-1800 / Herausg. Rolf Straubel und Ulman Weiß. Leipzig; Jena; Berlin, 1991. S. 153.

[14] Абставіны гэтай гісторыі гл. падрабязней: Черчилль, Уинстон. Британия в Новое время (XVI-XVII вв.). Смоленск, 2005. С. 156-158.

[15] Черчилль У. Британия в Новое время (XVI-XVII вв.). С. 148.

[16] Черчилль У. Британия в Новое время (XVI-XVIIвв.). С. 158.

[17] Так у рукапісе; прыклад гіперкарэктнасці - замест "wir".

[18] Так у рукапісе.

[19] "uf" - рэгіянальнае, асабліва верхненямецкае, адпаведнасць "auf".

[20] Слуцк.

[21] Старанямецкая назва Вільні.

[22] Варыянт напісания слова "Witwe" (удава).

[23] Магчымы варыянт напісання слова "bar".

[24] Магчыма, варыянт напісання слова "drucken".

[25] "henden" - сярэдне-верхненямецкі варыянт напісання слова "händen" (ад "Hand" - рука). Гл.: Lexer, Mathias. Mittelhochdeutsches Taschenwörterbuch. Stuttgart, 1986. S. 86.

[26] Замак каля Вітэнберга, уласнасць дому Брандэнбургскага электара.

[27] Менавіта так трэба разумець слова "Secret", г. з. асабістая княская пячатка.

[28] Надпіс на польскай мове.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX