Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Пазітывізм у Польшчы і ў Беларусі ў канцы ХІХ і пачатку ХХ стст. 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 08-11-2009,
Крыніца: Тэкст рэферату, агучанага на Польска-беларуская канферэнцыя 'Польшча і Беларусь у ХХ ст. З гісторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы'. Мінск, 29.09.2009.



Пазітывізм у Польшчы і ў Беларусі ў канцы ХІХ і пачатку ХХ стст.: розніца ва ўспрыняцці сацыяльнага досведу

Алег Дзярновіч. (Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Мінск)


Пазітывізм варшаўскі

У 1871 годзе журналіст Аляксандр Сьвентахоўскі апублікаваў у варшаўскім выданні "Przegląd Tygodniowy" артыкул-маніфест "Мы і вы" [1]. Гэта быў гімн нават не нейкаму новаму грамадскаму кірунку, а зусім іншаму грамадскаму светаўспрыманню. Аўтар прапаноўваў адысці ад "асабістых раздражненняў" ды "вызначыць мэты барацьбы". "Вы" ў Сьвентахоўскага - гэта "вялікія, высакародныя, вучоныя, паважаныя, пакрыўджаныя і пераследваныя", якія "знітаваныя паміж сабою тысячамі нябачнымі ніцямі, падкрадваецеся са сваімі прынцыпамі нясмела, жадаеце ў літаратуры спакою, нерухомасці, кажаце ўсім углядацца ў мінуўшчыну, шанаваць нават яе памылкі". "Вось ваша заслуга!" Сьвентахоўскі дапускаў, што "вы", як і "мы", прагнуць усеагульнага дабра і хочуць яму служыць, але іхны "розум страціў пачуццё новых патрэбаў, думка лянівая, пазбаўленая жыцця, круціцца толькі ў коле даўніх мэтаў, а свежых распазнаць ня ўмее".

У сучаснікаў не было ваганняў адносна аб'екту крытыкі Сьвентахоўскага - гэта былі ідэі рамантызму і шляхецкіх паўстанняў. Тое, што ў многім вызначыла этас і вобраз палякаў ставілася пад сумнеў?! І якое меў права Сьвентахоўскі, які толькі год перад тым скончыў расійскі Варшаўскі Універсітэт, так інтэлектуальна зневажаць сваіх папярэднікаў, што прайшлі праз казацкія нагайкі і "гасцінную" Сібір?

"Натуральна, калі маем на ўвазе сваё грамадства, кожны павінен увогуле старацца найперш дзеля ўзросту інтэлектуальных сілаў, дзеля паскарэння яго [грамадства] спеласці, дзеля пабуджэння яго да працы, веды, зразумення свайго становішча і сваіх жаданняў". Вось гэтае разуменне "становішча і жаданняў" тут прынцыповае: "Пытаюся, чаго найбольш у той меры зрабілі Вы, апекуны сентыментальнага раману і палітыкі, якая зацвікоўвае мазгі?"

Такім чынам, артыкул Сьвентахоўскага быў маніфестам варшаўскага пазітывізму, гэткага "бунту мадэрнізацыі". Безумоўна, Сьвентахоўскі рэпрэзентаваў ягоную радыкальную плынь. Але новапаўсталы пазітывізм змяняў увогуле разуменне грамадства - яно разглядалася як цэльны арганізм, розныя часткі якога мусяць гарманічна супрацоўнічаць. Першапачаткова найбольшае абурэнне крытыкаў выклікала тое, што пазітывізм увогуле прапаноўваў адмовіцца ад ідэі незалежнасці краю як актуальнай палітычнай мэты.

Для польская думкі пазітывізм - гэта ня проста кірунак у філасофіі і нават не эпоха, а прынцыповая чалавечая пазіцыя [2]. Пра рэалізм жа гаворыцца без энтузіязму, бо гэтае вызначэнне замацавалася за тымі, хто ў ХІХ і ХХ стст. "прымірыліся з рэчаіснасцю", імкнуліся "не нарывацца", сталі лаяльнымі грамадзянамі Імперыі. Для пазітывістаў расійскае панаванне заставалася чужым і глыбока варожым. Але прыхільнікі пазітывісцкай плыні былі праціўнікамі ня толькі ўзброеных паўстанняў, але і любой рамантычнай адмовы "працаваць на роднай глебе" толькі таму, што палітычным гаспадаром гэтай "глебы" быў расійскі цар ці нямецкі кайзер. Пазітывісты прапагандавалі ідэі "арганічнай працы", пачынаючы з "першаасноваў", настойвалі на неабходнасці развіцця нацыянальнай гаспадаркі, культурных інстытутаў, асветных установаў - насуперак і чужынскаму панаванню, і рамантычнаму "ўсё альбо нічога". Такім чынам, пазітывізм быў праграмай "малых спраў", накіраваных на захаванне і развіццё нацыянальнага эканамічнага патэнцыялу і нацыянальнай культуры. Шматгадовая ўпартая праца пазітывістаў па прымнажэнні нацыянальнага багацця адбывалася ў няроўнай барацьбе з магутнай стыхіяй русіфікацыі. І гэтая барацьба не выключала падпольных варыянтаў дзейнасці, але пазітывісты рашуча адкідалі метады ўзброенага змагання ды з недаверам ставіліся да праяваў храбрасці толькі дзеля яе самой.

Безумоўна, у дэклараваных першасных пастулатах пазітывізму мы бачым пэўны механіцызм і разумеем, што рана ці позна ён, як грамадскі рух, павінен будзе сысці з сацыяльнай практыкі. Але застаюцца пытанні: Наколькі пазітывізм у свой час меў поспех? Якія супольнасці і як з яго скарысталіся? А якія так яго і не перажылі, не ўвабралі ў свой сацыяльны досвед?


Ці існаваў "пазітывізм літоўскі"?

Выкладзеныя вышэй характарыстыкі датычаць гісторыі пазітывізму ў яго метраполіі - Каралеўстве (ці, паводле расійскай тэрміналогіі, Царстве) Польскім, якое знаходзілася пад кіраваннем Расіі, але нават і пасля паўстанняў яшчэ захоўвала пэўныя прыкметы палітычнай аўтаноміі. Як жа было на нашых тэрыторыях, землях Вялікага Княства Літоўскага, складовай часткі былой Рэчы Паспалітай? Ці меліся тут рэгіянальныя адрозненні альбо дадатковыя матывацыі?

Так знаёмую нам шматзначнасць гэтых тэрмінаў тлумачыць чытачам Анджэй Раманоўскі - у значэнні, у якім пішацца пра пазітывізм варшаўскі, альбо нават галіцыйскі, пазітывізм у Літве (якую мы разумеем у гістарычным, а не ў сучасным палітычна-дзяржаўным сэнсе) у 1864-1904 гадах не існаваў "і існаваць ня мог" [3]. Папросту не было для гэтага варункаў: не выхадзіла тут польская прэса, ня дзейнічаў польскі тэатр, польскія выдавецтвы былі нешматлікія і звычайна толькі ледзьве выжывалі. Такім чынам, за малым выключэннем, не было дзе тут выдаваць кніжак, публікаваць тэкстаў, разгортваць палеміку, ствараць праграмы. І калі пазітывісцкая праграма даводзілася ў Варшаве "праўдай і працай", то ў Вільні і Мінску рабілася гэта толькі "працай", альбо - чынам.

Гаспадаранне ў сваіх маёнтках у пасляпаўстанцкі перыяд разглядалася мясцовай шляхтай як арганічнае супрацьстаянне наступу расіянаў на абшары Вялікага Княства. А як адзначаюць даследчыкі, у спалучэнні са спецыфічна ліцвінскім стаўленнем да зямлі, гэтае гаспадаранне і было для шляхты рэалізацыяй яе місіі, выкананнем грамадзянскага абавязку перад Краем [4]. Але ў адрозненні ад Каралеўства Польскага, багатае ліцвінскае зямянства толькі ў малой ступені ўспрыняла лозунгі пазітывізму варшаўскага аб актыўнасці сярод ніжэйшых станаў грамадскага арганізму.


Феномен Караля Чапскага

Але ёсць у гісторыі гаспадарчых і адміністрацыйных практык у Беларусі канца ХІХ - пачатку ХХ ст. некаторыя прыклады, які сведчаць пра рэалізацыю праграм пазітывізму нават у маштабах цэлага гораду. Найбольш яркім тут будзе прыклад мінскага гарадскога галавы графа Караля Гутэн-Чапскага, сына вядомага калекцыянера са Станькава ды даволі паспяховага расійскага адміністратара Эмерыка Гутэн-Чапскага - Наўгародскага губернатара і дырэктара Ляснога дэпартамента імперыі.

Постаць Караля Чапскага сама па сабе выбітная - чатыры разы абіраўся галавою Мінскага самакіравання (з 1890 па 1901 - апошняя кадэнцыя няпоўная). І гэта нягледзячы на складаныя адносіны з Мінскім губернатарам князем Мікалаем Трубяцкім [5]. Перамога графа Чапскага, нашчадка былога палітычнага народа Рэчы Паспалітай, была магчымая таму, што ў другой палове ХІХ ст. у буйных беларускіх гарадах, і асабліва ў Мінску, узмацнілася сацыяльная і эканамічная значнасць землеўласнікаў-каталікоў. Дыскрымінуемыя пасля падаўлення паўстання 1863 г. у аграрнай сферы, яны сталі ўкладваць свае сродкі ў набыцці гарадской нерухомасці. Валодаючы адпаведным маёмасным цэнзам, выбаршчыкі-каталікі і забяспечвалі перамогу на выбарах у самакіраванне маладога графа, які ўпершыню стаў гарадскім галавою ў трыццацігадовым узросце.

Пэўны збег абставінаў спрыяў гэтаму, але, як высветлілася, Караль Чапскі меў сваю праграму дзеяння. З яго іменем у Мінску звязаныя ўвядзенне электрычнага асвятлення, будаўніцтва конкі, умацаванне берагоў Свіслачы, узвядзенне новых мастоў, павелічэнне магутнасці водаправоду, значнае паляпшэнне санітарнага стану гораду, ажыўленне фінансавых інстытутаў, адкрыццё гімназій, шпіталёў, публічнай бібліятэкі, забрукоўка вуліц... Фактычна, пад кіраўніцтвам Чапскага Мінск пераўтвараўся ў новаеўрапейскі горад. Абраны першы раз гарадскім галавою ва ўзросце 30 гадоў, Караль Чапскі яшчэ пры жыцці быў празваны "пераўтваральнікам Мінска".


Цяпер пра Літву

Што ж тады, на рубяжы стагоддзяў, разумелася пад Літвой? Тут, здаецца, не павінна ўзнікаць вялікіх пытанняў, прынамсі, для жыхароў нашага гісторыка-культурнага рэгіёну. "Літва" тады азначала Літву гістарычную, альбо Вялікае Княства Літоўскае перад падзеламі Рэчы Паспалітай - тое, што за расійскімі часамі называлася "Северо-Западный край". Але ж у сферу даследавання пазітывізму ў нашым рэгіёне трапляюць таксама прылеглыя і павязаныя з былым Вялікім Княствам тэрыторыі Інфлянтаў (Лівоніі) і Курляндыі, гэта значыць тэрыторыя Латвіі і часткова Эстоніі. Больш таго, да тэмы належаць нават "абрэзкі" Польшчы і Расіі - Беласточчына і Смаленшчына.

Затое досыць нечаканым можа апынуцца тут паняцце "крэсаў", якое не супадае са стэрэатыпнымі поглядамі беларусаў і літоўцаў, паўсталымі на працягу ХХ ст. І сапраўды, Віленшчына не была і не магла быць для Чэслава Мілаша "зямлёй крэсовай". У ХІХ ст. таксама не былі крэсамі ні Гродна, ні Мінск. Тое, што мы цяпер успрымаем як нейкую адзнаку другаснасці, першапачаткова мела цалкам канкрэтны палітыка-геаграфічны сэнс. А менавіта, паняцце "крэсы" ахопліваў памежныя тэрыторыі шляхецкай Рэчы Паспалітай, гэта значыць: Віцебшчыну, Магілёўшчыну, Інфлянты, Курляндыю [6]. Як люстраны адбітак тэрміну "крэсы" ўзнікла вызначэнне "па-за крэсамі" - тэрыторыі, якія перад падзеламі Рэчы Паспалітае ўжо не ўваходзілі ў склад дзяржавы, але на якіх адчуваўся яе культурна-гаспадарчы ўплыў і дзе існавалі сталыя групы жыхароў-выхадцаў з Рэчы Паспалітай: Рыга, Дорпат (Тарту), Смаленск. Вельмі цікава, што падобную ж генеалогію мае паходжанне назвы Украіны - зямлі "ў края" Рэчы Паспалітай, тэрыторыі на яе Паўднёвым Усходзе. Паступова гэтая назва стала пазначаць цэлую краіну [7].

Але нашыя гісторыка-геаграфічныя падарожжы мы мусім працягнуць, бо існуе яшчэ адзін вельмі важны тэрмін - "землі забраныя". Калі ўхіліцца ад эмацыйнага ўспрыняцця тэрміна, то стане зразумелым, што вядзецца пра землі, які адміністрацыйна-тэрытарыяльна былі адлучаныя ад рэштава-аўтаномнай часткі Рэчы Паспалітай, вядомай як Каралеўства (Царства) Польскае. Такім чынам, даўнейшае Вялікае Княства Літоўскае было "землямі забранымі" і дэ-факта расійскімі.

Вось тут прыхаваная часцінка разумення адрозненняў паміж "пазітывізмамі". Пазітывізм літоўскі, падобна, як і пазітывізм варшаўскі, вучыў жыццю ў няволі. "З той толькі розніцай, што навука гэтая адбывалася ў сітуацыі пазбаўлення ўсялякай спадчыны, нават мовы" [8]. Што яшчэ можна сказаць пра тых тысячах людзей - мужчынаў, а найперш нават кабетаў, - якія з мужнасцю і рашучасцю пагаджаліся заставацца грамадзянамі другой катэгорыі...

Дык што ж здолеў захаваць пазітывізм літоўскі? Напэўна, зямянства - гэта значыць не проста мясцовую шляхту, а шляхту маёмасную, якая мела фальваркі і сядзібы, што былі асяродкамі гаспадарчага і культурніцкага жыцця ў правінцыі. А захоўваючы зямянства, пазітывізм літоўскі захоўваў традыцыі былой Рэчы Паспалітай, захоўваў гістарычную Літву. Хоць, вядома, гэтая традыцыя падважвалася народжаным літоўскім нацыянальным рухам, з боку якога ўжо прагучалі прэтэнзіі да былой Кароны за ўцягненне ў Паўстанне 1863 г., а таксама будучым беларускім. Але супольнасць гістарычнай Літвы ўсё яшчэ існавала, што выяўлялася і ў шматколькаснай у прэсе варшаўскай перыяду пазітывізму карэспандэнцыі "з-над Нёмана" і "з-за Нёмана" (Эліза Ажэшка, Ян Карловіч), у віленска-мінскіх канцэртах Ігнацыя Яна Падэрэўскага. Урэшце, без пазітывізму літоўскага не паўстаў бы феномен Чэслава Мілаша.


Пра храналогію і пра вынікі

Храналёгія тут - сапраўды важная рэч. Бо яна дапамагае вызначыць, ці былі гады 1864-1904 самастойным перыядам у гісторыі культуры, ці толькі пераходным? Абедзве крайнія даты маркіруюцца палітычна. 1864 - гэта год заканчэнне эпохі паўстанняў, гераічных высілкаў і паразаў. Пасля 1904 году таксама наступіў новы перыяд - лібералізацыі і эканамічнага ўздыму Расейскае імперыі. Сёння не да канца могуць быць зразуметыя маштабы пераўтварэнняў, таму варта зрабіць некалькі рэмарак - тагачасная Дзяржаўная Дума Расіі сапраўды фармавалася на канкурэнцыйный аснове і дамаглася ў вызначэнні ўрадавай палітыкі няхай абмежаваных, але пэўных паўнамоцтваў. Сацыяльные ж жыццё мела ўстойлівую тэндэнцыю да падвышэння стандартаў. Вось у гэтых, адносна камфортных варунках пачатку ХХ ст. і здолеў развіцца беларускі праект.

Але ж і краёвая ліцвінская культура, лацінская цывілізацыя і польскі асяродак дасягнулі ў названы перыяд сапраўдных поспехаў: "У Заходняй Беларусі, каталіцкай Латгаліі, а асабліва ў Аўкштоце і Жамойці, расійская культура страціла пасля 1905 году дамінантныя пазіцыі (хоць, звычайна, захавала і тут сваю прыцягальную сілу)" [9].

У сутычцы з расійскай культурай бітва адбывалася за само існаванне - гэткай ступені пагрозы не ведаў ані рамантызм, ані пазітывізм варшаўскі. За канчатковае ўратаванне была заплачаная найвышэйшая цана. Пазітывізм літоўскі, выратоўваючы тагачасную мясцовую культуру, што выяўлялася ў польскай мове, мусіла яе разам з тым прысудзіць да кансерватызму. Але яшчэ болей - польскамоўная культура гістарычнай Літвы была асуджаная да правінцыялізацыі. У ХХ ст. на месцы рамантычных "цэнтру пальшчызны" і сэрца Рэчы Паспалітай з'явяцца "польскія Крэсы".

З гэтага стану рэчаў, зразумела, будуць рабіцца спробы выйсця. З'явілася "краёвая" ідэалогія, але апынецца яна маргіналіяй. З'явіцца бальшавіцкая ідэалогія (паддасца ёй ліцвінскі шляхціч Фелікс Дзяржынскі), але апынецца яна чарговым расійскім імпартам.

Для польскай супольнасці Літвы і Беларусі гэты перыяд быў надзвычай важным ва ўласным вызначэнне. Існуе досыць багатая літаратура, у якой разглядаецца праблемы колькасці польскай грамады Літвы і Беларусі на рубяжы ХІХ-ХХ ст. [10] І калі масавыя міграцыі ставяцца пад сумнеў, то сацыяльна-маёмасная значнасць палякаў у рэгіёне была вельмі адчувальнай: прыблізна палова (50-55 %) зямель, якія знаходзіліся ў прыватнай уласнасці, належала беларускім і літоўскім землеўласнікам-палякам. Таксама прадстаўнікам польскай грамадскасці, паводле дадзеных перапісу 1909 г., належала 19,5 % нерухомасці, якая давала магчымасць удзельнічаць у праектаваных земствах. У выніку, палякі складалі 43,5 % усіх поўнацэнзавых выбаршчыкаў у земствы.

Што ж гэта была за супольнасць? Палякі Літвы і Беларусі ўяўлялі сабой гістарычна ўтворанай сацыяльнай групай, прадстаўнікі якой усведамлялі сябе палякамі, айчынай якіх ёсць гістарычная Літва. Напачатку, на працягу амаль усяго ХІХ ст. ліцвінская шляхта яшчэ не лічыла мову вызначальнікам нацыянальнай прыналежнасці [11]. Важнейшай был гістарычная традыцыя. У апошняй жа трэці ХІХ ст. у выніку актывізацыі нацыятворчых працэсаў мясцовая польская грамадскасць пачала ахопліваць таксама частку ніжэйшых сацыяльных пластоў. Адбывалася сапраўды сацыяльная і нацыянальная трансфармацыя. Паняцце "паляк" менавіта ў гэты перыяд стала набываць уласна нацыянальны змест, што грунтавалася, пераважна, на пачуцці прыналежнасці да польскай культуры. Хоць, безумоўна, адчуванне прыналежнасці да гістарычнай Літвы сярод мясцовых палякаў заставалася [12].

Практыкі ж варшаўскага пазітывізму прыцягвалі сапраўдную ўвагу прадстаўнікоў народжанага беларускага нацыянальнага руху. Магчыма, такая ўвага сярод беларускага грамадства была больш моцная па-за межамі Беларусі. Дзейнасць Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага Універсітэту цалкам можа быць залічаная, як рэалізацыя пазітывісцкай праграмы. Самімі студэнтамі дэкларавалася, што яны "сардэчна жадаюць дапамагчы свайму народу ва ўсіх адносінах, адсюль прага пазнання ўсяго, што належыць да Беларусі, прага практычнай працы на карысць і славу славянскага племя" [13]. Безумоўна, тут мы бачым трактоўку мэтаў гуртка ў выкладанні афіцыйных уладаў універсітэта.

Вядомы беларускі этнограф і археолаг Еўдакім Раманаў, які належаў да "русафільскага" лагера ў беларускім руху, у 1912 г. у адказ на прывітанні гуртка, адказваючы на пытанне, як распачаць вывучэнне Беларусі, апроч вызначэння чыста культурніцкіх акцый, зрабіў простую апеляцыю да досведу варшаўскага пазітывізму: "Работайте и в экономической области. Спасая народ от экономической зависимости, от его врагов, вы спасете его и от духовного порабощения. Следуйте примеру польских масс Привислянского края, устраивайте кооперативы, склады, товарищества, кассы и т. д. И учреждения мелкого кредита. Но вот у забитого, загнанного народа нет инициативы. Ваша прямая обязанность стать здесь инициаторами. Ведь сколько предстоит работы для людей, любящих свою родину! " [14]

Вось жа ў тым і быў патэнцыял нацыянальных літоўскага і беларускага рухаў, што свой край яны разглядалі як уласную культурную метраполію. Але якую спадчыну мог ім пакінуць "пазітывізм літоўскі"? Анджэй Раманоўскі мяркуе, гэты рух не меў поспеху: "Бо дзе сёння там тая польская культура?!" [15]

Магчыма, такі адказ можа быць сапраўды справядлівым з пазіцый сучасных польскіх рэалій. Калі ж азірнуцца на актуальны культурна-гістарычны ландшафт Беларусі, то мусім прызнаць - на ўзроўні вобразаў, а тое і канкрэтных ведаў, памяць пра гістарычную Літву перададзеная нам праз эпоху пазітывізму, якая не дазволіла ў часы пасляпаўстанцкага заняпаду зусім здэградаваць думцы ды адмовіцца ад усялякіх жаданняў.



[1] Гл. тэкст: Programy i dyskusje literackie okresu pozytywizmu. Oprac. J. Kulczycka-Saloni. Wrocław, Ossolineum, 1985.

[2] Щукин, Василий. Pro et contra "честной чичиковщины" (Рец. на кн.: Romanowski A. Pozytywizm na Litwie: Polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864-1904. Kraków, 2003; Оляшек Б. Русский позитивизм: идеи в зеркале литературы. Łodź, 2005) [in] Новое литературное обозрение. 2006, № 1. С. 343-350 (http://www.nlobooks.ru/rus/magazines/nlo/196/197/229/index_tplid1_recid154.html).

[3] Romanowski A. Pozytywizm na Litwie : Polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864-1904. Kraków, Universitas, 2003. S. 15, 451.

[4] Jurkowski R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północzno-Wschodnich 1864-1904. działalność społeczno-gospodarcza. Warszawa, 2001. S. 82.

[5] Падрабязней пра дзейнасць Караля Чапскага гл.: Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. Мн., Беларусь, 2007. С. 29-39.

[6] Romanowski A. Pozytywizm na Litwie. S. 19.

[7] Гл. падрабязней: Яковенко Н. Нарис історіï середньовічноï та ранньомодерноï Украï ни . 2-ге вид., переродлене та розшир. Київ, 2005. С. 20-23.

[8] Romanowski A. Pozytywizm na Litwie. S. 451.

[9] Romanowski A. Pozytywizm na Litwie. S. 453.

[10] Гл. агляд дыскусіі: Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 - люты 1917 г. СПб., Неўскі прасцяг, 2004. С. 37-47.

[11] Aleksandravičius E., Kulakauskas A. Pod władzą carów. Litwa w XIX wieku. Przełożyła Beata Kalęba. Kraków, Universitas, 2003. (Biblioteka Literatury Pograniczy, T. 7). S. 257-258.

[12] Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. С. 8-9.

[13] Белорусский научно-литературный кружок студентов С.-Петербургского Университета. СПб., Типография Б. М. Вольфа, 1913 (Оттиск из отчета о состоянии и деятельности Императорского С.-Петербургского Университета). С. 10-11.

[14] Белорусский научно-литературный кружок ... С. 13-14. Гэтыя ж словы цытуюцца: Раманаў Е. Р. З гісторыка-археалагічнай спадчыны. Падрыхтоўка да публікацыі і навук. рэдагаванне І. А. Марзалюка. Магілёў, МДУ, 2006. С. 6.

[15] Гл. цытату: Дзярновіч А. Наўздагон. Заўвагі на палёх кнігі Анджэя Раманоўскага "Пазытывізм у Літве: польскае культурніцкае жыцьцё на літоўска-беларуска-інфлянцкіх землях у 1864-1904 гадах" ( Romanowski, Andrzej. Pozytywizm na Litwie. Polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864-1904. Kraków: Universitas, 2003. 485 s. (Z prac Katedry kultury literackiej pogranicza Instytutu Polonistyki Uniwersytetu Jagiellońskiego. T.5) [in] ARCHE Пачатак. 2008, № 7-8. С. 78.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX