Вярнуцца: Дзярновіч Алег

Слабасць у моцы. Рэч Паспалітая і Расія перад абліччам новай эпохі Commonwealth and Russia before Shape of a New Epoch


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 26-12-2009,
Крыніца: Камінскі А. С. Рэспубліка супраць Аўтакратыі: Рэч Паспалітая і Расія ў 1686-1697 гадах / Пер. з англ. А. Мартынаў. - Мінск: Логвінаў, 2009. - 350 с. - (Кнігарня "Наша Ніва").



Аўтарская версія артыкула: Алег Дзярновіч. Рэч Паспалітая і Расія: хто перамог? (Камінскі А. С. Рэспубліка супраць Аўтакратыі: Рэч Паспалітая і Расія ў 1686-1697 гадах / Пер. з англ. А. Мартынаў. - Мінск: Логвінаў, 2009. - 350 с. - (Кнігарня "Наша Ніва") // Наша Ніва. 2009.11.18, № 43. С. 12.


Першы пераклад

Адметнасць гэтай новай кнігі для рынку гістарычнай літаратуры Беларусі ў тым, што пераклад па-беларуску стаў увогуле першым яе перакладам на іншыя мовы. Праца польска-амерыканскага гісторыка, прафесара Джорджтаўнскага універсітэту Анджэя Сулімы Камінскага выйшла з друку ў 1993 г. у Кембрыджы (штата Масачусэтс) пад назвай "Republic verso Autocracy". Але пры ўсёй сваёй грунтоўнасці, нават у Польшчы, на Радзіме аўтара, спасылак на гэтую кнігу можна сустрэць няшмат. Усё ж такі моўны фактар можа служыць бар'ерам.

У вузкім сэнсе манаграфія прысвечана разгляду палітыка-дыпламатычных зносін Рэчы Паспалітай і Расіі на працягу даволі сціслага перыяду - ад "Вечнага мiру" 1686 г. паміж гэтымі дзяржавамі да абрання ў 1697 г. на трон Польска-Ліцвінскай дзяржавы караля з саксонскай дынастыі Аўгуста II. За гэтым даследаванне стаіць грунтоўная архіўная праца. Але не менш цікавы і спосаб, з дапамогаю якога аўтар прапануе зірнуць на рэаліі канца XVII ст. - праз параўнаўчае апісанне парадкаў, нораваў і традыцыяў у двух дзяржавах, так цесна звязаных ваеннай і дыпламатычнай гісторыяй. Каго цікавяць, чым былі Рэч Паспалітая і Расія ў канцы XVII ст., сапраўды могуць знайсці ў працы Анджэя Камінскага вельмі лагічны выклад унутранага ладу, патэнцыялу і фобій гэтых дзяржаў.


Змена вектараў

Трэба сказаць, што за тое дзесяцігоддзе канца XVII ст., якое прааналізаванае ў працы, адбыліся сапраўды радыкальныя змены ў адносінах паміж дзяржавамі - і не ў правілах фармальнага дыпламатычнага этыкету, а нават на ўзроўні ментальнага ўспрыняцця. Рэчы ў тым, што з прыходам да ўлады Пятра І у 1689 г. змянілася закладзеная яшчэ Васілём ІІІ мадэль камунікацыі Расіі з Захадам, якая адбывалася праз Рэч Паспалітую.

Напрыканцы XVII ст. Рэч Паспалітая ўсё яшчэ заставалася для расіянаў краінай палітычнага прытулку, логавішчам "клятага" лацінізма і ўвасабленнем незразумелай дзяржаўнай мадэлі, якая збольшага атаясамлялася расіянамі з вялікалітоўскай алігархіяй. Акрамя таго, Рэч Паспалітая была сур'ёзным супернікам Маскоўскай дзяржавы ў барацьбе за спадчыну Кіеўскай Русі. А праз усё XVII ст. галоўнымі "еўрапеізатарамі" Масквы былі беларусы ды ўкраінцы - выпускнікі езуіцкіх калегій і праваслаўнай Кіева-Магілянскай акадэміі. Сярод такіх культуртрэгераў быў і Сімяон Полацкі, які памкнуўся ў Маскву ці то баючыся пераследу з боку ўладаў Рэчы Паспалітаў за калабарацыянізм, ці то жадаючы зарабіць сваёй адукацый і ведамі грошай. Стараабрадцы ж працягвалі ратавацца ад расійскай артадоксіі на землях Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ўсё XVIII ст.

Цяпер жа, у канцы XVII ст. паводле волі Пятра, дзверы для сармацкай культуры Польска-Ліцвінскай Рэспубліцы будуць для Расіі раз і назаўсёды зачыненыя. Ад пятроўскага часу "вакном" для замежнага гандлю Расіі стане Балтыка.


Узаемнае неразуменне

У рэчаіснасці, суседзяў па абодва бакі ад Дняпра нямала што звязвала - агульнае для Рэчы Паспалiтай i Расii было тое, што i першая, i другая цягам XVII стагоддзя яны перажылі вялікія крызісы: Расія - Час Смуты (1604-1613 гады), Рэч Паспалітая - Патоп (1654-1660 гады). Іх выжыванне ў значнай ступені залежала ад здольнасці розных слаёў насельніцтва аб'яднацца, каб супрацьстаяць знешняй пагрозе і абараніць сваю дзяржаву ад знішчэння. Таксама для абодвух дзяржаў казацтва было фактарам унутранай нестабiльнасцi.

На гэтым, аднак, як піша Камінскі асноўнае падабенства Расіі і Рэчы Паспалітай заканчваецца. Адрозненні паміж імі, асабліва ў сферах дзяржаўнага кіравання, наяўнасці і функцыянавання грамадскіх інстытутаў і палітычнай культуры, заставаліся вялізарнымі. У Расіі аўтакратычны цар сімвалізаваў парадак, справядлівасць, выратаванне душаў сваіх падданых і атаясамляўся з дзяржавай як такой. Падмуркам грамадска-палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай былі шляхецкія вольнасці ў спалучэнні з вяршэнствам закона. Калі ў Расіі за кошт паўнамоцтваў Земскага Сабора і ўплыву Праваслаўнай царквы, падвышалася ўлада абсалютнага манарха, у Рэчы Паспалітай Сойм і мясцовыя соймікі мелі значныя заканадаўчыя паўнамоцтвы і паспяхова супрацьстаялі спробам узмацніць уладу караля. У адрозненне ад буйных расійскіх землеўладальнікаў і дзяржаўных чыноўнікаў, якія ўсе заставаліся царскімі слугамі, шляхта Рэчы Паспалітай і палітыкі адчуваліся сябе свабоднымі грамадзянамі, спадкаемцамі рэспубліканскай спадчыны Рыма.

Палітычны ж лад Рэчы Паспалітай заўжды быў незразумелы расіянам. Сама прырода канстытуцыяналізму Рэчы Паспалітай была для іх не тое што экзатычнай, але выклікала здзіўленне - як такі вялікі дзяржаўны механізм можа функцыянаваць пры тым, што так шмат людзей выказваюць свае правы на кіраванне ім? Для маскоўскіх службоўцаў падобныя прынцыпы ўяўляліся анархіяй і праяваю слабасці. Падобныя погляды з XVII і XVIII ст. пяройдуць потым ў расійскую гістарыяграфію XIX ст. ды гратэскна замацуюцца ў савецкай гістарыяграфіі. Вось адкуль паходзіць пыхліва-кплівае стаўленне расійскіх гісторыкаў і публіцыстаў да вольнасцяў Рэчы Паспалітай.

Расійскія паслы ў XVII ст., паводле стэрэатыпаў уласнай краіны, засцерагаліся кантактаваць з прадстаўнікамі розных фракцый шляхты, а шукалі аўдыенцый толькі ў караля. Але гэта насцярожвала шляхту, якая бачыла ў дыпламатычнай актыўнасці манарха прыкметы ўмацавання каралеўскай улады.

У сваю чаргу ў Рэчы Паспалітай Расію ўспрымалі амаль як Персію ці Атаманскую імперыю, то бок дзяржаву з таталітарным, а не дэмакратычным дзяржаўным ладам. Больш за тое, праз свой тыпова заходні светапогляд польска-ліцвінскія палітыкі нават не спрабавалі зразумець Расію. Іх расійскія калегі, наадварот, у значна большай ступені цікавіліся ўнутранымі справамі Рэчы Паспалітай, праўда, застаючыся ў палоне ўласных стэрэатыпаў.


Дзве школы польскай гістарыяграфіі

Каб лепей зразумець стрыманую энергію, прыхаваную за вонкава нейтральнымі радкамі тэксту Анджэя Камінскага, трэба прыгадаць традыцыі польскай гістарыяграфіі, якія склаліся яшчэ ў другой палове ХІХ ст. А гэта быў перыяд жорсткай дыскусіі паміж дзвюма школамі - Кракаўскай і Варшаўскай. Тых гісторыкаў, якія жылі і працавалі ў падуладнай Аўстра-Венгрыі Малапольшчы і Галіцыі часам вінавацяць у кансерватызме і блізкасці да клерыкальных колаў. Між тым, погляды прадстаўнікоў Кракаўскай школы на гісторыю дзяржавы нашых продкаў былі вельмі крытычныя. Такія вялікія польскія гісторыкі, як Юзаф Шуйскі, Валерыян Калінка, Міхал Бабжынскі адзначалі нетрываласць дзяржаўнага і палітычнага ладу Рэчы Паспалітай і ўскладалі віну за падзелы краіны на эліты і ўвесь палітычны народ польска-ліцвінскай федэрацыі.

Варшаўская гістарычная школа была звязаная з ліберальна-буржуазнымі коламі Каралеўства Польскага ў складзе Расійскай імперыі. Буйныя прадстаўнікі гэтай школы Тадэвуш Корзан і Уладзіслаў Смаленскій спавядалі так званы "аптымістычны" погляд на гісторыю Рэчы Паспалітай, насуперак "песімістычнаму" кракаўскаму. Варшаўскія гісторыкі пісалі пра той пералом у гаспадарчым, культурным і інтэлектуальным жыцці дзяржавы ў другой палове XVIII ст. Не адмаўляючы негатыўных бакоў ладу Рэчы Паспалітай, яны гісторыкі бачылі прычыну падзелаў краіны ў агрэсіўных дзеяннях суседніх дзяржаў.

Палеміка паміж гэтымі дзвюма школамі не прынесла перавагі ніводнаму з бакоў. Да пачатку ХХ ст. дыскусія паступова вычарпала сябе, а ў гістарыяграфіі з'явіліся новыя кірункі. Але розгалас тае палкай палемікі усё ж дасягае сучаснасці. Падобна, што Анджэй Суліма Камінскі, які сам нарадзіўся ў Кракаве, хоць маленства правёў ў Наваградку, у сваіх крытычных і антыаўтарытарных поглядах не толькі на гісторыю Расіі, але і Рэчы Паспалітай, блізкі да сваіх папярэднікаў менавіта з Кракаўскай школы.


Суседкі-закладніцы

Камінскі піша, што далучэнне да Маскоўскай дзяржавы Украіны сталася першым крокам на шляху да адбудавання Расійскай імперыі. Расклад сілаў паміж Варшавай і Масквой пачаў змяняцца, калі эканамічны і чалавечы патэнцыял Рэчы Паспалітай яшчэ пераўзыходзіў расійскі. Масква, аднак скарысталася сваёй выключнай здольнасцю мабілізаваць людскія рэсурсы. Кіраўнікі ж Рэчы Паспалітай выявіліся няздольнымі эфектыўна выкарыстаць чалавечы патэнцыял сваёй дзяржавы. У адрозненне ад іх, цару трэба было толькі выдаць загад - і, нягледзячы не адсутнасць імпэту ў выканаўцаў ды неахайнае кіраванне, у Расіі фармаваліся войскі, ствараліся мануфактуры ды закладаліся гарады.

Пры аналізе прычынаў знешнепаліычных няўдачаў Рэчы Паспалітай неабходна браць пад увагу выключную палітычную недабачлівасць і самападман яе палітычнага саслоўя. Безумоўна, памылковыя рашэнні прымаліся і ў Расіі. Маскоўскія дыпламаты бачылі ворагаў ва ўсіх сваіх суседзях і падазрона ставіліся да любых сяброўскіх прапановаў. У той час, як грамадзяне Рэчы Паспалітай хаваліся ад рэчаіснасці за беспадстаўным аптымізмам, маскоўская палітыка грунтавалася на песімістычным бачанні стасункаў паміж дзяржавамі.

Такім чынам, напрыканцы XVII ст. у абедзвюх краінах назіралася поўная адсутнасць паразумення паміж палітычным кіраўніцтвам і грамадствам, неабходная для належнага функцыянавання дзяржавы. У Расіі палітычнаму кіраўніцтву бракавала грамадскіх інстытутаў, якія б дапамагалі яму ажыццявіць неабходныя рэформы. У Рэчы Паспалітай сацыяльныя інстытуты, тое, што з пазіцый сённяшняга дня можна назваць грамадзянскай супольнасцю, былі нагэтулькі моцнымі, што ўраду проста не ставала паўнамоцтваў, каб прасоўваць свае палітычныя ініцыятывы.

Ідучы ўслед за бліскучым выкладам аўтара і мы можам паставіць уласнае пытанне - хто выйграй у тым спаборніцтве рацый? Так, мы ведаем, што ў канцы XVII ст. Рэч Паспалітая страціла ініцыятыву, а ў канцы стагоддзя наступнага гэтая дзяржава была бясслаўна падзелена суседзямі. Але ці не сталася пераможная тады Расія вечнай закладніцай уласнай моцы, пабудаванай на аўтарытарнай уладзе і татальнай мабілізацыі? Гэтыя прынцыпы дзяржаўнага кіравання вельмі глыбока ўвайшлі ў палітычная цела Расіі ды не даюць пакою яе суседзям і па сённяшні дзень. У той жа час са спадчыны парламентарызму Рэчы Паспалітай мы можам вынесці тыя гнуткія мадэлі кіравання, які адпавядаюць прынцыпам сучаснай дзяржавы. Але тут важна атрымаць урокі з гісторыі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX