Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Што з'явілася спачатку - вялікі князь літоўскі ці Вялікае Княства Літоўскае 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 12-06-2010,
Крыніца: Ab ovo: Што з'явілася спачатку - вялікі князь літоўскі ці Вялікае Княства Літоўскае? // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 2. Мн.: Изд. центр БГУ, 2010. С. 30-43.

Спампаваць




Ab ovo:

Што з'явілася спачатку - вялікі князь літоўскі ці Вялікае Княства Літоўскае? [*]

Тытулатура манарха мае, несумнеўна, сімвалічнае значэнне. Гэта свайго роду публічная маніфестацыя статусу і, у пэўным сэнсе, знешнепалітычнай і культурнай арыентацыі.

У Вялікім Княстве Літоўскам (ВКЛ) праблема паходжання тытула манарха не з'яўляецца такой простай, як падаецца, бо ўсталяванне гэтага тытула мела сваю тэмпаральнасць і зменлівасць. Пры аналізе фактычнага матэрыялу звесткі аб тытулатуры можна падзяліць на тры катэгорыі: 1) тытул, які фігуруе ў дакументах канцылярыі манарха, гэта значыць у дакументах, якія зыходзяць ад імя манарха; 2) тытул, які выкарыстоўваецца ў замежных пасланнях да манарха ВКЛ; 3) тытул у пазнейшых крыніцах. Перапляценне гэтых катэгорый стварае часам стракаты малюнак. І тут важна не памыліцца ў ацэнцы розных рэаліяў.


Калі Літва была каралеўствам

Міндоўг быў "першым і апошнім літоўскім каралём", як у другой палове XVIII ст. яго называлі ў Silva rerum - cямейных дзённіках шляхецкіх сядзіб [27: s. 835, ilustr.]. Першую ж прыгадку Міндоўга мы знойдзем ў Галіцка-Валынскім летапісе ў пераліку "князёў літоўскіх": «Бяху же имена литовскихъ князей: се старшии, Живиньбуд, Довьят, Довьспрунк, брат его Миндог, брат Довьялов Виликаиль» [4: c. 84]. Безумоўна, тут адлюстравана руская (у сэнсе -усходнеславянская) тытулатура.

Ужо пасля хросту паводле лацінскага абраду (у канцы 1250 г. або пачатку 1251 г.) Міндоўг у 1253 г. каранаваўся на караля. Менавіта як "Dei gracia rex Letthowie (Lettowie / Littowie)" імянуецца Міндоўг у дакументах, якія зыходзілі з яго канцылярыі на працягу 1253-1261 гг. [12: c. 23-43, № 1-10а] (як варыянт - "rex Litwinorum") [12: c. 43, № 10b]. У адным выпадку Міндоўг характэрна названы першым каралём Літвы - "primus rex Lettowie" [12: c. 29, № 4].

Тут трэба разумець, хто мог складаць падобныя акты. Праблему канцылярыі Міндоўга паставіў яшчэ Марцэлі Косман, які сфармуляваў наступныя пытанні: 1) Ці была ўтворана канцылярыя пры двары Міндоўга? 2) Калі не - то хто ствараў дакументы ад імя Міндоўга? [32: s. 95-97]. Але любы адказ на гэтыя пытанні прадугледжвае, што пры Міндоўгу маглі быць лацінскія манахі, знаёмыя з фармулярам заходнееўрапейскіх актаў.

У сваю чаргу Рымскія папы Інакенцій IV і Аляксандр IV звярталіся да Міндоўга, як да "найяснейшага караля Літвы" ("illustri rege Lithowie / illustri rege Lethovie / illustri rege Lectovie") [12: c. 53; № 10, с. 65; № 16, с. 75; № 18, с. 77], і падобнай жа выявай звалі яго ў лістах да біскупаў і саноўнікам [12: № 1, c. 51; № 4, с. 55; № 5, с. 57; № 6, с. 58; № 7, с. 60; № 8, с. 62; № 9, с. 63; № 11, с. 66; № 12, с. 68; № 13, с. 70; № 14, с. 72; № 19, с. 79; № 20, с. 81]. Што характэрна, Рымскі папа называе Міндоўга каралём і звяртаецца да яго так яшчэ да афіцыйнага каранавання, але пасля хросту ў 1251 г. [№ 1, c. 51; № 2, c. 53; № 4, с. 55; № 5, с. 57; № 6, с. 58].

У нямецка-балтыйскіх хроніках, а менавіта ў Лівонскай Рыфмаванай хроніцы, створанай у канцы ХІІІ ст., Міндоўг быў вядомы, як "багаты кароль Літвы" (der Littowen kunic rîch Myndowen [35: p. 94, v. 2450-2451]; rîchen kunic Myndowen [35: p. 118, v. 3561]), "вярхоўны кароль" (hôeste konic) ці проста "кароль" (konic Myndowen [35: p. 101, v. 2761; p. 113, v. 3327; p. 116, v. 3455, 3460, 3470; p. 130, v. 4093; p. 179, v. 6335.]; kunige Myndowen [35: p. 118, v. 3545; p. 138, v. 4450]). Але цікава, што бацька Міндоўга (Даўгерд ?) таксама названы "вялікім каралём" (vater was ein kunic grôz) [35: p. 180, v. 6383]. Вызначэнне гэтае, паводле аўтара Хронікі, прагучала падчас перамоваў жамойцкіх нобіляў з Міндоўгам, калі тыя дамагаліся ад апошняга адступлення ад хрысціянства і ад саюзу з Ордэнам. Менавіта ў час гэтых перамоў жамойты апелявалі да славы бацькі Міндоўга, таму акрэсленне "вялікі кароль" найхутчэй выступае тут як эмацыйна афарбаваная характарыстыка велічы і славы, а не як тытул.

У Галіцка-Валынскім летапісе Міндоўг, ужо ў перыяд пасля каранацыі, называўся вялікім князем: "...великый князь литовьскый Миньдовг, самодржець во всей земли Литовской" [4: c. 126]. Пры гэты вярхоўны статус Міндоўга ўсяляк падкрэсліваецца: «бысть княжящю ему в земле Литовской…, и нача княжити одинъ в всей земли Литовьской» [4: c. 126-127]. Важная дэталь - аўтар (аўтары) Галіцка-Валынскага летапісу ні разу не называюць Міндоўга каралём, хоць сам каралеўскі тытул быў ім вядомы. Як каралі выступаюць на старонках летапісу не толькі ўладары Венгрыі ці Польшчы, але і галіцка-валынскі «Данило король» [4: c. 116]. Такім чынам, адносна Міндоўга тытул "вялікі князь" выступае толькі ва ўсходнеславянскіх крыніцах і пазначае годнасць вярхоўнага ўладара, якому ў заходніх крыніцах адпавядае тытул "кароль".

Інфармацыя пра каранацыю Міндоўга патрапіла і ў не так даўно знойдзеную амерыканскім даследчыкам М. Л. Колкерам у бібліятэцы англіканскага універсітэта Trinity College у Дубліне (Ірландыя) геаграфічнага трактату "Апісанне земляў" ("Incipiunt descriptions terrarium"), час стварэння якога датуецца рознымі даследчыкамі ад 1255 да 1260-х гадоў. Аўтар трактату піша пра сваю прысутнасць на каранацыі, што выглядае зусім сенсацыйна: "Таксама на ўсход ад яе [Жамойці (Samoita) - А. Дз.] ляжыць сумежная з Руссю (Ruscie) зямля Летавія (Lectauie), першы кароль якой Міндоўг (Mendogus) быў хрышчаны і пры каранацыі прыняў сваё каралеўства ад рымскага прастолу пры маёй там бытнасці. І гэта ж пакінуў ён і сваім нашчадкам, калі б толькі належным чынам дбалі пра справу такога роду" [15: c. 148].

Але ж унутры- ды знешнепалітычныя калізіі не дазволілі Міндоўгу працягнуць сваю дынастыю, а адыход ад хрысціянства перапыніў таксама прызнанне яго каралеўскага тытулу для нашчадкаў. Міндоўг стаўся "забытым каралём". Гедымінавічы, якія замацаваліся на пасадзе ВКЛ на мяжы ХІІІ-XIV стст., пачалі ствараць уласную генеалагічную легенду пра паходжанне сваёй дынастыі. І ў гэтай легендзе не знайшлося месца для ранейшых уладароў.

Згадку пра Міндоўга мы сустракаем яшчэ ў 1322 г. у пасланні Гедыміна да папы Яна ХХІІ, дзе гаворыцца пра тое, што "наш папярэднік кароль Міндоўг з усім сваім каралеўствам быў навернуты ў Хрысціянскую веру" ("predecessor noster rex Myndowe cum toto suo regno ad fidem Christi fuit conversus") [19: p. 38, № 14]. Увогуле ж гэты ліст меў антыордэнскую скіраванасць і справа хрысціянізацыі Літвы звязвалася ў ім з інстытуцыяй Рыжскага арцыбіскупства. Рымвідас Пятраўскас мяркуе, што ўся рыторыка, скіраваная супраць Нямецкага ордэна, узятая з паслання Рыжскага арцыбіскупа Фрыдэрыка, які ў той час знаходзіўся з Ордэнам у канфлікце. Таму ўзнікае пытанне: ці магло імя Міндоўга патрапіць у тэкст паслання Гедыміна з лівонскай гістарыяграфічнай традыцыі? [13: c. 41].

Наступны раз імя Міндоўга ў дакументах прыгадваецца толькі ў 1413 г. - падчас спрэчкі Ягайлы і Вітаўта з Нямецкім ордэнам з-за межаў Жамойці. Тады выявілася і розніца ў прававой традыцыі ўдзельнікаў перамоў. Уладары Вялікага Княства Літоўскага абгрунтоўвалі свае правы, запрашаючы ў сведкі "старых людзей". Нямецкія ж саноўнікі прапанавалі для азнаямлення акты Міндоўга аб перадачы Жамойці Ордэну. Адказы прадстаўнікоў ВКЛ былі досыць няўцямнымі - сапраўды, не выпадала ігнараваць прадяўленыя пацвярджальныя папскія булы. Але што адказалі ліцвіны: маўляй, яшчэ дакладна невядома, ці ўвогуле існаваў такі кароль Міндоўг (!). А калі і існаваў, то ягоныя прывілеі для Вялікага Княства не ёсць важнымі, бо зараз пануе дынастыя, продкі якой і былі сапраўднымі ўладарамі Літоўскай зямлі. А Міндоўг, падобна што, быў усяго толькі дробным князем (unus de princibibus minoribus), які з дапамогаю Ордэна спрабаваў замацаваць сваю ўладу ў Літве [34: p. 297-298].

Тое, што менавіта Ордэн быў зацікаўлены ў захаванні імя Міндоўга, сведчыць гісторыя з фальшаванымі і падробленымі крыжакамі актамі караля пра дараванне Ордэну Селоніі (селы засялялі тэрыторыі на Поўдні Латвіі і на Паўночным-Усходзе Літвы). На пячатках з трасмптаў (юрыдычна завераных копіях) з 1392 г. і 1393 г. маюцца легенды " MYNDOWE DEI GRA REX LETTOWIE" і "MYNDOUWE DEI GRA REX LITOWIE" адпаведна [28: s. 706-707; 7: c. 24]. І менавіта прускія храністы ХVІ ст. захавалі імя Міндоўга для гістарычнай памяці - пра караля Літвы пісалі Сымон Грунаў [40: s. 276-279] і Лукаш Давід [36: s. 131-145], які карыстаўся іншымі шматлікімі хронікамі [10: c. 247; 11: c. 25].

Што ж засталося ў гістарычнай свядомасці эліт Вялікага Княства Літоўскага пра яе першага караля? Няўжо толькі інструментальны ўзровень? Каралеўскую велічнасць Міндоўга толькі ў другой палове XVI ст. ва ўсходнеславянскіх, польскіх і нямецкіх крыніцах адкрыў Мацей Стрыйкоўскі [41: s. 252; 37: p. 63].


Наступны этап: "герцагі літоўскія"

Наступную сістэматычную фіксацыю тытула ўладара Літвы мы знаходзім ўжо Гедыміна. У актах, якія зыходзяць ад яго імя, ён імянуецца вельмі часта, як "кароль Літвы і Русі (літоўцаў і русінаў)": "Letphinorum Ruthenorumque rex" (1323) [19: Nr. 16, p. 46]; "Lethowinorum Ruthenorumque rex" (1325) [19: Nr. 60, p. 218]. Але ў тытуле сустракаецца таксама тэрмін "dux": "rex sive dux eidem Litwanie - prefatus dux" [20: s. 152-153]; "Letphanorum Ruthenorumque rex, princes et dux Semigallie" [31: s. 27-31]. Трэба нагадаць, што пісарамі ў канцылярыі Гедыміна служылі лацінскія манахі францысканскага і дамініканскага Ордэнаў.

Да Гедыміна таксама звярталіся як да "караля літоўцаў і русінаў": "Іllustri principi domino Gedemynde Dei gratia Lethwinorum Ruthenorumque regi" (Пасланне Рыжскай гарадской рады, 1322 г.) [19: Nr. 15, p. 42]. У нямецкамоўнай карэспандэнцыі Гедымін вызначаецца па "скарочанай формуле" - "кароль літоўцаў": "konig van Lettouen" (1323) [19: Nr. 24, p. 72; 31: s. 39-40]. Падобнае жа сустракаецца і ў лацінамоўных замежных крыніцах: "Regis Letwinorum" (1324) [19: Nr. 51, p. 162].

Пасля Гедыміна згадванне "каралеўскага" тытула яшчэ сустракаецца ў крыніцах. Альгерд быў "rex Littovie" [22: Nr. 33, S. 39], "magnus rex" [39: s. 60], але таксама і "suppremus princeps Luthwanorum" [30: Nr. 80, s. 73-74] (магчыма, маецца на ўвазе вядучае становішча Альгерда ў дыярхіі Альгерд-Кейстут); у "рускіх" граматах Альгерд - "великий князь" [1: № 1, с. 1-2; 9: c. 21-22]. Літва таго часу ўяўляе сабой праўна-дзяржаўную цэльнасць, на чале якой стаіць Альгерд, які і тытулуецца ў лацінамоўным дакументах "suppremus princeps" [43: s. 460].

Даволі цікавым у разуменні сэнсавага напаўнення тытула літоўскага гаспадара можа стаць азнаямленне з грэкамоўнымі дакументамі Альгерда. Рэч у тым, што ў 1371 г. Альгерд меў пісьмовыя зносіны з Канстанцінопальскім патырярхам Філефеем у справе аднаўлення кафедры Літоўскага мітрапаліта. Ліставанне гэтае вялося ў грэцкай мове і ў грамаце Альгерда ён быў названы «βασιλεύζ» - «васілеўс» [6: Отд. ІІ. С. 148], так, як называліся і візантыйскія імператары. Ва ўсходне- і паўднёва-славянскім кантэксце гэты тытул перакладаюць як "цар". Ліст жа адраcуецца ад імя Альгерада як "васілеўса Літвы" - "Άπό τόν βασιλέατ͠ων Λητβ͠ων τόν ΄΄ Αλγεϱδον". Зразумела, што сам патырярх (у лісце да мітапаліта Маскоўскага Алексія) называў Альгерда, як «μεγαζ ριγαζ», адпаведнікам чаго ёсць «вялікі князь» [5: c. 28]. Уяўляецца ўсё ж пераацэнкай укладаць у выкарыстанне канцылярыстамі Альгедам тэрміну "васілеўс" маніфестацыю пратэнзій літоўскага князя на ўладу ва ўсёй Русі [5: c. 31]. Верагодна, складальнікам гэтага паслання былі праваслаўны падданы Альгерда, якія ведаў грэцкую мову, хутчэй за ўсё - манах. Вельмі верагодна, што гэты канцылярыст і пераклаў ужываныя адносна Альгерда тытулы "rex Littovie", "magnus rex", "suppremus princes Luthwanorum" "князь великий" як «βασιλεύζ». Тут мелася на ўвазе адлюстраванне вярхоўнага ўладнага статусу Альгерда. Хоць, безумоўна, жаданне падвысіць свой статус у вачах патрыярха тут прысутнічала [3: c. 47].

Кейстут завецца як "rex precipuus" [22: Nr. 2, S. 2], але таксама "князем" [1: c. 1-2], "dux Lythwanorum, dominus Trocensis, Grothensis etc." [30: Nr. 80, s. 73-74]. Ягайла яшчэ да каталіцкага хросту зваўся "królem" [31: s. 64-68], "magnus rex" [31: s. 61], "magnus dux" [31: s. 69], а таксама "obirster kung" ("найвышэйшы кароль") і "obirster herczog" ("найвышэйшы князь") [31: s. 53, 55]. Усё гэта сведчыць, што ў дачыненні да ВКЛ тэрмін "rex" быў сінонімам тытула "князь".

Тытул "кароль літоўцаў" у ранні перыяд (да Крэўскай уніі / акту 1385 г.) суадносіўся з тытулам "літоўскі князь" як сінонім, асабліва ў заходніх крыніцах. Але як раз у заходніх катэгорыях манаршай улады тэрмін "кароль літоўцаў" не змог утрымацца і менавіта "князь" стаў тым тытулам, які замацаваўся за манархам ВКЛ. Але і гэты тытул перажываў трансфармацыі і доўгі час існаваў у сваёй незавершанай форме. Аналізуючы розныя варыянты тытула, варта адзначыць, што азначэнні "heres" (спадчыннік) і "dominus" (гаспадар, уладар) заўсёды адносіцца да Русі, але не да Літвы.

Сітуацыя ўскладняецца розніцай значэнняў слова князь / герцаг у розных мовах. Калі польская і "русінская" тэрміналогія ведаюць толькі аднаго "księcia" і "князя", то ў лацінскай мове існуе два тэрміна - "princeрs" і "dux"; таксама і ў нямецкай мове - "Fürst" і "Herzog". Этымалогія тытула "герцаг" выводзіцца ад верхнянямецкага "herizogo", што літаральна азначае «той, хто вядзе за сабой войска». Такім чынам, першапачаткова, герцаг - вайсковы правадыр. Развіццё феадальных адносін прывяло да ўсталявання спадчыннай улады герцагаў, якія займалі другую пасля караля ступень у сістэме васальна-ленных адносін. У раздробленай жа Германіі герцаг (Herzog) cтаў самастойным тэрытарыяльным князем. Вядома, у розных краінах эвалюцыя тытула мела розныя сцэнары, але агульную тэндэнцыю можна ўсё ж прасачыць, асабліва на нямецкім прыкладзе, які аказваў найбольшую, пасля Кароны Польскай, уплыў на развіццё іерархічных структур у Вялікім Княстве Літоўскім (дадамо, што сама Польшча адчувала несумненны ўплыў нямецкай практыкі). Герцаг, як нямецкі "Herzog" і лацінскі "dux", эвалюцыянаваў ад вайсковага правадыра да тэрытарыяльнага ўладара. Тытул "Fürst" і "princeрs", які таксама мог быць эквівалентам "князя", пазначае ў большай ступені палітычна-ўладарны, ганаровы, а таксама дынастычны аспект улады, чым тэрытарыяльна-ўладныя функцыі герцагаў, як "Herzog" і "dux". Выбаршчыкі імператара ў Святой Рымскай імперыі германскай нацыі, найбольш важныя духоўныя і свецкія ўладары, былі менавіта "курфюрстамі" (Kurfürst) - князямі курыі. І тут трэба засігналізаваць, што ўладары Літвы XIV ст. выступаюць у нямецка- і лацінамоўных крыніцах менавіта як "Herzog" і "dux": "Kenstutte herczoge zcu Tracken" [31: s. 53-55], "Skirgalo dux" [31: s. 61], "herczok Witowt von Traken" [22: Nr. 20, S. 22].

Варта таксама адзначыць, што пасля падпісання Крэўскага акту 1385 г. у нямецкамоўных крыніцах знікае тэрмін "Konig" адносна вялікага князя літоўскага, калі ён не быў польскім каралём.


Які князь вялікшы?

Яшчэ ў 1379 г. у нямецкіх крыніцах Ягайла выступае як "obirster Herczoge der Littouwin" [21: Nr 134, S. 180]. У лацінскіх актах яшчэ до хросту Ягайлы сустракаецца азначэнне "magnus dux" (у тым ліку, у Крэўскім акце) [16: p. 17]. У далейшым, у актах ад 18 лютага і 1 сакавіка 1386 г. Ягайла завецца "supremus dux" [24: Nr. 7, p. 8; 26: Nr. 24, p. 8], а потым, ад сярэдзіны 1386 г., усталёўваецца тэрмін "princeрs", а "dux" знікае з тытулатуры Ягайлы. Па хросце ў дачыненні да Ягайлы ўжо не ўжываецца тытул "вялікі князь" (за рэдкім выключэннем). Затое пачынае выкарыстоўвацца суперлатыўная форма "supremus" - відавочна, таксама дзеля адрознення ад іншых літоўскіх князёў. "Рrinceрs" ёсць нечым большым, чым "dux", але ж меншым, чым "rex". Функцыяй "princeрs" было адрозненне Ягайлы ад падлеглых яму літоўскіх князёў, якія зваліся "dux", а таксама "magnus dux". Паводле Яна Адамуса, з'яўленне тытулу "princeрs" магло выконваць ролю "кампенсацыі" за спыненне ўжывання тэрміну "кароль" у дачыненні да ўладара дзяржавы [17: s. 323]. Але, як ужо адзначалася, пераход ад "dux" да "princes" таксама цалкам адпавядала еўрапейскай тэндэнцыі эвалюцыі значэння гэтых тытулаў.

Змены ў тытулатуры Вітаўта вельмі добра ілюструюць эвалюцыю тытулу літоўскага гаспадара, тым больш, што гэта кладзецца на сетку палітычных падзей. Яшчэ ў 1388 г. Вітаўт выступае як "князь /герцаг Берасцейскі і спадчыннік [дзедзіч - А. Дз.] Гарадзенскі" ("dux Brzestensis et heres Hrodnensis") [42: Nr 9, s. 15], альбо "Божай літасцю князь Літоўскі, а таксама спадчыннік [дзедзіч] Гарадзенскі, Берасцейскі, Драгічынскі, Луцкі, Уладзімірскі і іншых зямель" ("Dei gratia dux Lithuaniae ac haeres Grodnensis, Brestensis, Drohiciensis, Luceoriensis, Wlodimiriensisat et aliarum terrarum") [42: Nr 203, s. 172].

Але ёсць адзін супольны дакумент Ягайлы і Вітаўта ад 1386 г., дзе апошні выступае як "magnus dux" [23: Nr. 8, p. 8; 18: Nr. 8, s. 6]. Вакол гэтага дакумента ў свой час у польскай гістарыяграфіі разгарнулася дыскусія. Сам дакумент невядомы ў арыгінале, а толькі ў пазнейшых копіях і А. Лявіцкі адмаўляў яму ў аўтэнтычнасці, бо "ў 1386 г. пра вялікае княства Вітаўта яшчэ нікому не снілася" [33: S. 429, przypis 2]. Ян Адамус звяртаў увагу на тое, што гэты дакумент вядомы нам у двух спісах, і ў абодвух Вітаўт выступае, як "вялікі князь" [17: s. 327]. Падобна, што ў гэтым выпадку мы маем справу з неафіцыйным тытулам.

Змены ў і палітыцы, і ў лацінскай тытулатуры адбыліся пасля Востраўскага пагаднення 5 жніўня 1392 г., паводле якога Вітаўт разарваў саюз з Нямецкім ордэнам і афіцыйна стаў пажыццёвым намеснікам Ягайлы ў Літве. Цяпер Вітаўт рэгулярна завецца як "князь Літоўскі" ("Dei gratia dux Lithuaniae, Dominus et Haeres Trocensis, Lucensis") [42: Nr 10, s. 16]. Але, і гэта важна адзначыць, у кірылічных дакументах Вітаўт выступае як «великий князь» у 1393 і 1399 гг. [42: Nr 11, s. 17; Nr. 16, s. 22; Nr. 17, s. 23]. Досыць нечаканым выглядае ўжыванне ў акце 1395 г. у тытуле Вітаўта азначэння "princes supremus Lytuanie etc." [42: Nr 13, s. 19], яўна спісанага з тытулатуры Ягайлы. Гэты дакумент не вядомы нам паводле арыгіналу, але, магчыма, у ім выявіліся памкненні Вітаўта і яго атачэння да падвышэння ролі князя. Таксама ў лацінскіх дакументах, датаваных, у прыватнасці, каля 1398 г., у дачыненні да Вітаўта сустракаецца тытул "dux magnus" [42: Nr 15, s. 22] (гэты акт таксама вядомы толькі ў пазнейшых копіях). Але ў сумесным акце Ягайлы і Вітаўта, складзеным у Лідзе 20 мая 1397 г., які захаваўся ў перагаменным арыгінале, рэальная дынастычнае і палітычнае лідэрства пазначана вельмі выразна - Вітаўт тут менавіта "толькі" "князь Літоўскі": "Wladislaus Dei gracia rex Polonie Lithuanieque princes supremus et heres Russie etc. et Allexander alias Witowdus eadem gracia dux Lithuanie dominusque Trocensis etc." [42: Nr 14, s. 20].

Сістэматычна ж звацца "вялікім князем" Вітаўт пачынае ад 1401 г. - пасля так званай Віленска-Радамскай уніі. 18 студзеня 1401 г. на Віленскім з'ездзе кароль Ягайла урачыста надаў Вітаўту Літву пажыццёва. Там жа, на Радзе Вітаўт быў абвешчаны вялікім князем. Гісторыкі адзначаюць, што пад час гэтай працэдуры адбылася інстытуалізацыя літоўская Рада - у адносінах да Польшчы яна ўпершыню выступіла як асобны дзяржаўны орган [38: s. 93-94]. На сваім з'ездзе ў Радаме 11 сакавіка 1401 г. польскія сенатары пацвердзілі акт, выдадзены ў Вільні.

Усё ж у актах Вітаўта час ад часу працягвае з'яўляецца тытул "supremus dux". Зразумела, гэты акты тычацца надання прывілеяў унутры дзяржавы (каля 1405 г., 1407) [42: Nr 18, s. 24; Nr 70, s. 70]. Як варыяцыя гэтага тытула мог выступаць у 1407 г. "dux maior" [42: Nr 19, s. 25]. Але найбольш пашыраным тытулам Вітаўта ў першае дзесяцігоддзе XV ст. быў "magnus dux" [42: Nr 20, s. 26; Nr 21, s. 27]. Ягайла ж застаецца суверэнам дзяржавы - "princeps", а тэрмін "dux" знікае з яго тытулатуры. Гэтыя праўна-палітычныя адносіны паміж Ягайлам і Вітаўтам, як адзначае Станіслаў Заянчкоўскі, найдакладней акрэслівае пазнейшая дзяржаўная практыка [43: s. 459]. Супрэмацыя Ягайлы падкрэслівалася і ў Гарадзельскім акце.

У 1930 г. Ян Адамус прапанаваў сваю схему развіцця тытула Вітаўта. Паводле Адамуса ад 1401 г. Вітаўт становіцца "вялікім князем". Вырашальным жа ў эвалюцыі тытула лічыцца 1411 г., калі Ягайла прызнае за Вітаўтам тытул "magnus dux" [17: s. 328]. Як бачым, дакументы могуць даць нам куды багацейшую карціну, чым любая гістарыяграфічная схема. Але сапраўды можна казаць пра тэндэнцыі ў частаце ўжывання таго ці іншага тытулу. Сам жа Адамус задаецца пытаннем: ці меў тытул Вітаўта "magnus dux" 1411 г. прававое значэнне адносна вярхоўнай улады?


Дзе месца русінскай традыцыі?

Але і паходжанне самага двухчастковага тэрміну "вялікі князь" адносна манарха Літвы выклікае дыскусіі ў гістарыяграфіі. Ян Адамус выказваў меркаванне, што двухчастковы тытул "вялікі князь", "найвышэйшы князь" паўстаў напэўна з мэтай адрознівання "seniorеs duces" ад іншых князёў (службовых). І толькі ў працягу сваёй думкі Адамус робіць наступнае ўдакладненне: "…а таксама пад уплывам распаўсюджанага рускага тытула вялікі князь". У такім разе тытул "вялікі князь" не быў выключным тэрмінам уладара дзяржавы, а таксама выкарыстанне гэтага тытулу падлеглымі Ягайле князямі не было маніфестацыяй імкнення да заняцця становішча, роўнага з Ягайлам.

Сучасны літоўскі гісторык Эдвардас Гудавичюс сярод тытулаў манархаў пералічвае рангі - найвышэйшы (supremus, oberste), вялікі (magnus, grosse), - і адзначае, што апошні быў патрэбны ў адносінах з Руссю ("вялікі князь") [27: s. 835-836]. Такім чынам, пастулюецца пэўны інструменталізм паняццяў у тым сэнсе, што тытул "вялікі князь" быў неабходны для вядзення кірылічнай дакументацыі, але не з'яўляўся першакрыніцай для з'яўлення лацінскага адпаведніка "magnus dux". Гэтая тэза Гудавічуса, падобна што, выключае з генеалогі ўзнікненні дзяржаўнай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім "русінскай" традыцыі.

Хоць мы ведаем, што з першых дзён свайго існавання Літоўская дзяржава на сімвалічна-рэпрэзэнтатыўным узроўні апелявала да русінскай традыцыі. Цікавым тут можа быць прыклад з пячаткай Міндоўга. Мова ідзе пра свінцовую пячатку-пломбу дыяметрам 15-16 мм, знойдзеную ў Ноўгарадзе. На адным з бакоў знаходзіцца надпіс ў тры радкі, які прачытваецца як [M]Ъ/NГДО/ВЪ. Безумоўна, застаюцца магчымасці для іншай інтэрпрэтацыі гэтай знаходкі, але Мікалай Ліхачоў лічыў вельмі верагодным аднясенне яе менавіта да ўладара Літвы [11: c. 25-27].

Напэўна, не менш, а можа і больш красамоўным можа быць прыклад з першымі літоўскімі манетамі. Срэбныя дэнарыі ("пенязі") былі эмітаваныя, у апошняй чвэрці XIV - першай палове XV cт. Меркаванні даследчыкаў пра пачатак біцця дэнарыяў разыходзяцца [8: c. 83-95; 29: s. 129-175; 2: c. 12-13]. Валянцін Рабцэвіч меркаваў, што, верагодна, эмісію распачаў у 1387 г. Ягайла [14: c. 146-149, 358, 407, Табл. 24]. Характэрнай асаблівасцю гэтых манет, апроч выявы наканечніка дзіды і крыжа, ёсць кірылічны надпіс «ПЕЧАТ», што азначае "пячатка", як атрыбут вялікага князя.

Эмісія дэнарыяў істотна не паўплывала на грашовае абарачэнне ў Літве. Да нашых дзён не зарэгістравана ніводнага выпадку адкрыцця скарбаў дэнарыяў. Вядомы толькі адзінкавыя яго знаходкі, якія паходзяць, пераважна, з магільнікаў (жальнікаў) на беларуска-літоўскім памежжы. Гэтыя маленькія, але вельмі высокай пробы - 937, каля 1 г. манеты выконвалі інфармацыйна-рэпрэзэнтатыўную функцыю - яны абвяшчалі, што існуе Літоўская дзяржава. Але за прататып для літоўскіх дэнарыяў былі ўзятыя першыя рускія манеты з надпісам «ПЕЧАТЬ».


"Дзень народзін" Вялікага Княства

Падчас аналізу тытулатуры манарха неабходна размяжоўваць тытул, як: 1) пазначэнне палітычнай ролі той ці іншай асобы ў дзяржаве; 2) тытул як заяўленая палітычная праграма; 3) афіцыйна-прававы тытул. Але і сама назва дзяржавы таксама перажывае значныя змены.

Яшчэ і пасля Крэва (1385 г.) у крыніцах як назоў дзяржавы фігуруюць такія тэрміны: terra Letouie et Russie; terra Lithuaniae; terra Litwanorum; in partibus Litwanie; land czu Littawn; unsere lande аlze Littawen, Ruessen und anderswo wo si gelegen sind; terrae Litwania et Russia; Lettowerland, Rutzenland і г. п. І тут трэба зрабіць важнае ўдакладненне - ўсё гэта апісальныя назвы, але не афіцыйны тытул дзяржавы! [17: s. 330]. Толькі ў 1419 г. у дакуменце Ягайла і Вітаўта сустракаецца назва "ducatus Lythwanie" [26: Nr. 845, p. 459]. А тытул "Magnus Ducatus" фіксуецца ў наданнях ад 2 студзеня 1430 г. ("in terris nostris ducatus magni Lithuanie") [25: Dodatek. Nr. 5, s. 503] і далей пачынае выкарыстоўвацца рэгулярна.

Парадак усталявання і ўжывання тытулу "вялікі князь" выглядае наступным чынам: найперш тытул Ягайлы (1386 г.), потым тытул Вітаўта (1411 г.), у далейшым тытул дзяржавы (1430 г.). У звязі з гэтым звязаная гіпотэза Адамуса, што тытул дзяржавы быў утвораны ад тытулу вялікага князя Вітаўта. У такім разе Вітаўт не атрымаў тытула Ягайлы, а таксама не стварыў свайго тытула ад назвы дзяржавы. Тытул дзяржавы, у такім разе, быў утвораны ад утвораны ад тытулу Вітаўта.

У 1411 г. тытул "magnus dux" выконваў функцыю адрознення Вітаўта ад іншых князёў дзяржавы і не быў яшчэ тытулам манарха. Толькі з 1430 г. тытул "magnus dux" становіцца канчаткова адпаведным з назваю дзяржавы менавіта праз утварэнне такой назвы - Вялікае Княства Літоўскае. Досыць частка выкарыстоўвалася яшчэ формула "Magnus Ducatus Lithuania et Rusie". Пакуль каля 1450 г. не наступіла стабілізацыя назвы і найбольш пашыранай стала менавіта "Magnus Ducatus Lithuania". Звязанае гэта было, як уяўляецца, з прыўнясеннем новай прававой аднароднасці ў статус вялікага князя літоўскага і самога Вялікага Княства Літоўскага.


Спіс крыніц і літаратуры

1. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. - СПб.: Тип. 2-га отд-ния Собств. Е. И. В. канцелярии, 1846. - Т. 1: 1340-1506. - 419 с.

2. Бектинеев, Ш. И. Денежное обращение Великого княжества Литовского в ХII-XV вв. - Мн.: В. Н. Милютин, 1994. - 80 с.

3. Варонін, В. Вялікія князі полацкія (канец XIV ст.) // Полацк: карані нашага радавода. Полацкая зямля як сацыякультурная прастора ўзнікнення і развіцця беларускага этнасу і нацыянальнай дзяржаўнасці: Міжнар.навук.канф., 5-6 верас. 1995 г. / Полац. дзярж. ун-т; Рэд. А. Мальдзіс і інш. - Полацк, 1996. - С. 44-50.

4. Галицько-Волинський літопис. Дослідження. Текст. Коментар / За рэд. чл.-кар. НАН Украïни М. Ф. Котляра. - К.: Наук. думка, 2002. - 400 с.

5. Голубев, О. Е. Великий князь литовский Ольгерд: князь или царь? // Studia historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. - Мн., 2008. - Вып. 1. - С. 27-33.

6. Григорович, В. Протоколы константинопольского патриарха XIV-го столетия // Журнал Министерства Народного Просвещения. - 1847. - Ч. 54. - Отд. II. - С. 131-164.

7. Гумоўскі, М. Маестатавая пячатка Міндоўга // Герольд Litherland. - Горадня, 2003. - № 1-2 (9-10). - Год 3. - С. 23-25.

8. Даркевич, В. П., Соболева, Н. А. О датировке литовских монет с надписью «ПЕЧАТЬ» // Советская археология. - 1973. - № 1. - С. 83-95.

9. Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV-XVI вв. / Подгот. к печати Л. В. Черепнин; Отв. Ред. С. В. Бахрушин. - М.-Л.: Изд-во АН СССР, 1950. - 587 с.

10. Лихачёв, Н. П. Материалы для истории Византийской и русской сфрагистики // Труды музея палеографии. - Л.: Изд-во АН СССР, 1930. - Ч. 2. - С. 240-250.

11. Ліхачоў, М. Пячатка-пломба Міндоўга // Герольд Litherland. - Горадня, 2003. - № 1-2 (9-10). - Год 3. - С. 25-27.

12. Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / Укладаньне, пераклад на беларускую мову, камэнтары А. Жлуткі. - Мн.: Тэхналогія, 2005. - 136 с.

13. Петраускас, Р. Забытый король: Миндовг в политическо-историческом сознании литовской элиты в конце XIV - начале XVI // Литва эпохи Миндаугаса и ее соседи: исторические и культурные связи и параллели. Тезисы Международной научной конференции 11-12 декабря 2003 г. / Посольство Литовской Республики в РФ; "Дом Юргиса Балтрушайтиса"; Ин-т истории Литвы (Вильнюс); Ин-т славяноведения РАН (Москва); Ин-т всеобщей истории РАН (Москва). - М., 2003. - С. 40-43.

14. Рябцевич, В. Н. Нумизматика Белаурси. - Мн.: Полымя, 1995. - 687 с.

15. Чамярыцкі, В., Жлутка, А. Першая згадка пра Белую Русь - ХІІІ ст.! // Адраджэнне. Гістарычны альманах. - Мн.: Універсітэцкае, 1995. - Вып. 1. - С. 143-152.

16. 1385 m. rugpjūčio 14 d. Krėvos aktas [Lietuvos užsieni politicos dokumentai. XIII-XVIII a. Turynėjimai] / Sudarė Jūratė Kiaupienė. - Vilnius: Žara, 2002. - 144 psl.

17. Adamus, Jan. O tytule panującego i państwa litewskiego parę spostrzeżeń // Kwartalnik Historyczny. - 1930. - Rok XLIV. - T. 1. - Zeszyt 3. - S. 313-332.

18. Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie / Wyd. Pod kierow. Z. L. Radzimińskiego, przy współudz. P. Skobielskiego i B. Gorczaka. - Lwów: Drukarnia Instytutu Stauropigiańskiego, 1890. - T. 1: 1366-1566. - XIV, 203 s., 3 tabl.

19. Chartularium Lithuaniae res gestas magni ducis Gedeminne illustrans = Gedimino laiškai / Tekstus, vertimus bei komentarus parengė S. C. Rowell. - Vilnius: Leidykla Vaga, 2003. - LVIII, 422 р.

20. Codex diplomaticus Prussicus: Urkunden-Sammlung zur ältern Geschichte Preussens aus dem Königl. Geheimen Archiv zu Königsberg, nebst Regesten / Hrsg. von J. Voigt. - Königsberg: Bei den Gebrüder Bornträger, 1836. - Bd. 2. - XXVIII, 221 S.

21. Codex diplomaticus Prussicus / Hrsg. von J. Voigt. - Königsberg: Bei den Gebrüder Bornträger, 1848. - Bd. 3. - XXIV, 200 S.

22. Codex diplomaticus Prussicus / Hrsg. von J. Voigt. - Königsberg: Bei den Gebrüder Bornträger, 1853. - Bd. 4. - XXIV, 190 S.

23. Codex epistolaris saeculi decimi quinti. - Cracovia: Nakładem AU, 1876. - [T. 1:] 1384-1492: Ex antiquis libris formularum, corpore Naruszeviciano, autographis archivistique plurimis collectus opera Augusti Sokołowski, Josephi Szujski. - Pars 1: Ab anno 1384 ad annum 1444. - LXX, 158 p.

24. Codex epistolaris saeculi decimi quinti / Ed. A. Lewicki.- Cracovia: Nakładem AU, 1891. - T. II. - LXXVII, 532 p.

25. Codex epistolaris saeculi decimi quinti / Ed. A. Lewicki.- Cracovia: Nakładem AU, 1894. - T. IIІ. - LXXX, 666 p.

26. Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1376-1430 / Collectus opera Antonii Prochaska. - Cracoviae: Sumtibus Academiae Literarum Crac., 1882. - CXVI, 1114 p.

27. Gudavičius, Edvardas. Władca // Kultura Wielkiego Księstwa Litewskiego. Analizy і obrazy. - Kraków: Universitas, 2006. - S. 834-854.

28. Gumowski, M. Pieczęcie Książąt Litewskich // Ateneum Wileńskie. - Wilno, 1930. - R. VII. - Zeszyt 3-4. - S. 684-725.

29. Kiersnowski, R. Najdawniejsze monety litewskie // Wiadomości Numizmatyczne. - 1984. - Z. 3-4 (109-110). - S. 129-175.

30. Kodeks dyplomatyczny Księstwa Mazowieckiego, obejmujący bulle papieżów, przywileje królów polskich i książąt mazowieckich, tudzież nadania tak korporacyj jako i osób prywatnych / Przyg. J. T. Lubomirski. - Warszawa: w Drukarni Gazety Polsiej, 1863. - IV, 346, X s.

31. Kodeks dyplomatyczny Litwy wydany z rękopisów w Archiwum Tajnem w Królewcu zachowanych / Wyd. E. Raczyński. - Wrocław, 1845.

32. Kosman, М. Kancelaria wielkiego księcia Witolda // Studia źródłoznawcze. - 1969. - T. XIV. - S. 91-117.

33. Lewicki, A. Kiedy Witold został wielkim księciem Litwy? // Kwartalnik Historyczny. - 1894. - T. VIII. - S. 420-430.

34. Lites ac gestae inter Polonos ordinemque cruciferorum. Spory i sprawy pomiędzy Polakami a Zakonem Krzyżackim / Wyd. J. Zakrzewski. - Poznań, 1892. - T. 2. - 482 p.

35. Livländische Reimchronik. Atskaņu Hronika / Valža Bisenieka atdzejojums no vidusaugšvācu valodas, Ēvalda Mugurēviča priekšvārds, Ēvalda Mugurēviča, Kaspara Kļaviņa komentāri. - Rīga: Zinātne, 1998. - 389 lpp.

36. Lucas David's Preussische Chronik, mit Beifügung historischer und etymologischer Anmerkungen / Herausg. von E. Hennig. - Königsberg: In der Hartungschen Hofbuchdrukkerei, 1815. - Bd. 7. - IV, 252 S.

37. Petrauskas, R. Užmirštas karalius: Mindaugas LDK visuomenės savimonėje XIV a. - pabaigoje - XVI a. // Mindaugas karalius / Sudarė Vytautas Ališauskas. - Vilnius: Aidai, 2008. - P. 51-63.

38. Prochaska, A. Dzieje Witolda wielkiego księcia Litwy. - Kraków: Universitas, 2008. - 401 s.

39. Prochaska, A. Przyczynki krytyczne do dziejów unji // Rozprawy Wydziału historyczno-filozoficznego Akademii Umiejętności. - Kraków, 1896. - T. 33. - S. 55-122.

40. Simon Grunau's Preussische Chronik / Hrsg. von M. Perlbach. - Leipzig: Duncker & Humblot, 1875. - Bd. 1.

41. Stryjkowski, M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi. - Warszawa: Nakładem Gustawa Leona Glücksberga, 1846. - T. 1. - 392 s.

42. Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1386-1430 / Zebrał i wydał Jerzy Ochmański. - Warszawa; Poznań: PWN, 1986. - 256 s.

43. Zajączkowski, Stanisław. Witold wielki książe litewski. 1430-1930 // Ateneum Wileńskie. 1930. - R. VII. - Z. 3-4. - S. 455-468.




[*] Асноўныя высновы артыкула былі агучаныя аўтарам 21.05.2009 г. на Семінары кампаратыўнай гісторыі ў Аддзеле ўсеагульнай гісторыі і міжнародных адносін (Інстытут гісторыі НАН Беларусі). Праца над тэкстам у навуковых бібліятэках Кракава сталася магчыма дзякуючы стыпендыі Касы Мяноўскага.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX