Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Клімат і экстрэмальныя з'явы ва Ўсходняй Еўропе і рэгіёне Паўднёва-Заходняй Беларусі ў ІІ тыс. н. э. 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 01-05-2011,
Крыніца: Дзярновіч А. І. Клімат і экстрэмальныя з'явы ва Ўсходняй Еўропе і рэгіёне Паўднёва-Заходняй Беларусі ў ІІ тыс. н. э. (паводле кліматалагічных і пісьмовых крыніц) // Беловежская пуща: история, природа, туризм: Материалы международной науч.-практ. конф., посвящ. 600-летию заповедности Беловежской пущи «Беловежская пуща: от лесничества до Национального парка» (Каменюки, 14 нояб. 2008 г.), «Беловежская пуща: история, природа, туризм» (Каменюки, 18-19 сент. 2009 г.). Брест: Альтернатива, 2010. С. 53-58.

Спампаваць




Паводле кліматалагічных і пісьмовых крыніц

Ваганні клімату

Мы жывем у галацэне. Такую назву атрымала геалагічная эпоха, якая пачалася прыблізна 10-12 тыс. гадоў таму адразу пасля заканчэння апошняга вялікага зледзянення (у нашым рэгіёне яно мае назва Паазерскага зледзянення) [1]. Галацэн адрозніваецца адноснай стабільнасцю клімату. Але пра гэтую стабільнасць мы можам казаць, вядома, толькі на фоне тых пастаянных зменаў клімату, які адбываюцца на працягу ўсёй гісторыі развіцця нашай планеты. Для чалавечага ж грамадства кліматычныя цыклы непасрэдна ўплывалі на развіццё цывілізацыі, былі заўважаныя і адзначаліся аўтарамі.

Клімат нават апошняга тысячагоддзя мае некалькі розных перыядаў. На працягу VIII-XIII стст. было даволі цёпла, цяплей чым зараз. Гэты перыяд так і называецца - Малым кліматычным оптымумам. Мяркую, зусім невыпадкова ўзнікнення дзяржаўнасці на нашых землях супала з тым пацяпленнем. Максімум пацяплення прыйшоўся як раз на першую палову ХІІІ ст. і гэты быў самы спрыяльны для сельскай гаспадаркі час.

Але ў канцы XIII-XIV стст. наступаў чарговае пахаладанне і гэты этап, з некаторымі тэмпературнымі ваганнямі, працягваўся да сярэдзіны ХІХ ст. На працягу гэтага Малога ледавіковага перыяду амаль паўсюдна пагоршыліся кліматычныя ўмовы - клімат стаў халаднейшым, няўстойлівым, скараціўся вегетатыўны перыяд. Гады ў канцы ХІІІ ст. (1272-1291 гг.) былі незвычайна сухімі, а ў пачатку XIV ст. (1312-1322 гг.) - незвычайна вільготнымі. Ураджайнасць культур у XIV ст. у параўнанні з папярэднім стагоддзем панізілася на 6-20 % [2]. Пачатак Малога ледавіковага перыяду храналагічна практычна супаў з узнікненнем на нашых землях новай дзяржава, Вялікага Княства Літоўскага, і надалей ужо адміністрацыі ВКЛ прыходзілася мець справу з новымі кліматычнымі рэаліямі.

Безумоўна, назвы Малым кліматычным оптымумам і Малога ледавіковага перыяду даволі ўмоўныя, бо на працягу гэтых саміх перыядаў адбываліся адбываліся пацяпленні і пахаладанні. Тым не менш, пасля канферэнцыі ў Аспене (Каларада, ЗША) гэтыя назвы канчаткова замацаваліся ў навуцы [3].

Чарговае пацяпленне клімату наступіла ў другой палове ХІХ ст., якое дасягнула свайго максімуму ў 1930-40-х гадах. Праўда, і ў гэты цёплы перыяд здарылася фенаменальна халодная зіма 1941 г. Ад 1950-х гадоў кліматолагі назіралі чарговае пахаладанне. Шмат у чым падобныя ваганні клімату звязваюць з цыркуляцыйнымі працэсамі ў атмасферы. Інструментальна ўстаноўлены факт пацяплення 30-40-х гадоў ХХ ст., якое найбольш выявілася ў высокіх шыротах Паўночнага паўшар'і Зямлі, і было якраз звязаны з гэтай цыркуляцыяй, а не ростам СО 2, які ў пачатку ХХ ст. быў зусім невялікім.

Аналіз зменаў клімату апошняга тысячагоддзя паказвае, што ваганні клімату былі заўжды, яны насілі рэгіянальны характар і былі звязаныя, галоўным чынам, з цыркуляцыйнымі атмасфернымі зменамі. Толькі гэтым можна растлумачыць той факт, што ў 1950-х гадах, пры павелічэнні ўтрымання ў атмасферы СО 2, назіралася пахаладанне. Асцярожныя ў сваіх аналізах спецыялісты ўказваюць на той факт, што пры разліку сённяшняй сітуацыі, якую назвалі Глабальным пацяпленнем, цыркуляцыйны фактар як раз і не ўлічваецца. Такім чынам, змены клімату ў розныя перыяды гісторыі фіксуюцца. Ядром жа дыскусіі застаецца пытанне, у якой ступені сучасны чалавек уплывае на гэтыя працэсы. Методыкі разліку гэтага ўплыву, на самой справе, застаюцца вельмі далёкімі ад дасканаласці.

Тэмпературныя ваганні ў абсалютных лічбах могуць падасца не вельмі значнымі - змены сярэднягадавая тэмпература Зямлі за ўвесь час існавання сучаснай біясферы (10 5 гадоў) не пераўзыходзілі 10°С. Апошнія ж 8-10 тыс. гадоў клімат быў даволі стабільным і не выключана, што менавіта гэтая стабільнасць забяспечыла росквіт чалавечай цывілізацыі [4]. А зараз мы знаходзімся, паводле меркаванняў шэрагу даследчыкаў, у працэсе руху да новага ледавіковага перыяду, хоць хуткасць зменаў вельмі малая - парадку 0,02°С на 100 гадоў [5]. Пакуль жа, за перыяд ад 1850 г. сярэднеглабальная тэмпература павысілася на 0,6°С [6]. Але гэта менавіта сярэднія тэмпературы і за малымі абсалютнымі зменамі вымярэнняў стаяць адчувальныя змены ў клімаце.

Іншая рэч, што нас у большай ступені павінны хваляваць чысціня паветра ў нашых гарадах і ступень забруджанасці грунтовых вод. Апошняя праблема робіцца найбольш адчувальным у вясковых студнях.

Падобна, што сучасны клімат больш спрыяльны, чым клімат напярэдадні нашай эры, і, безумоўна, больш мяккі за клімат Малога ледавіковага перыяду (канец ХІІІ - сярэдзіна ХІХ стст.). Але для кліматолагаў і геолагаў бясспрэчна таксама і тое, што на працягу большай часткі галацэну кліматычныя ўмовы былі больш спрыяльныя, чым цяпер. Мы жывем у адносна халодную эпоху гісторыі Зямлі, якая яшчэ не скончылася.

Інструментальныя назіранні

На што ж можна абаперціся, калі мы вывучаем гісторыю клімату нашага краю? Інструментальныя назіранні - вымярэнне прыборамі тэмпературы паветра, вільготнасці, атмасфернага ціску і г. д., - праводзяцца ў Еўропе толькі з ХVIII ст.

З'яўленне цікавасці да навуковага даследавання надвор'я ў нашым краі звязана з павелічэннем увагі да навук аб прыродзе ў Галоўнай Літоўскай школе, як называўся Віленскі ўніверсітэт у канцы XVIII ст. А сістэматычны метэаралагічныя назіранні распачаў рэктар універсітэту і рэфарматар навукі Марцін Пачобут-Адляніцкі, які яшчэ ў 1760-я гады, падчас сваёй навуковай вандроўкі па краінам Заходняй Еўропы, прывёз у Вільню прыборы і абсталяванне.

Дакладная дата пачатку метэаназіранняў у Вільні невядома, але штодзённыя назіранні за тэмпературай паветра больш ці менш стала пачалі праводзіцца, падобна што, з мая 1770 г. [7] Запісы тых назіранняў загінулі, верагодна пад час Напалеонаўскіх войн у 1812 г. Да нашых жа дзён дайшлі запісы, якія захавалі вынікі штодзённых назіранняў ад 17 студзеня 1777 г. Тэрмометры былі замацаваныя на паўночным муры будынку абсерваторыі на вышыні прыблізна 21 м ад паверхні зямлі і зацяняліся ад прамянёў сонца сценамі будынкаў.

У Мінску ў 1846 г. на Саборнай плошчы (сёння пл. Свабоды) быў усталяваны прыбор для вымярэння ападкаў. У загадзе гарадскіх уладаў асобна абумоўлівалася, што гэты прыбор павінен быў і плошчу ўпрыгожваць, і адначасова служыць навуцы [8]. Але самыя раннія сістэматычныя метэаназіранні на сённяшняй тэрыторыі Беларусі пачалі праводзіцца з 1809 г. на метэастанцыі Магілёва, створанай пры мужчынскай гімназіі ў паўночнай частцы горада [9]. У наступны год метэаназіранні былі арганізаваныя ў Віцебску. Пункт метэаназіранняў, падобна як і Магілёве, быў створаны пры Віцебскай гімназіі, якая знаходзілася ў цэнтры горада, на левым беразе Заходняй Дзвіны [10]. Прыборы жа размяшчаліся ў садзе гімназіі. У Гродне метэаралагічныя назіранні распачаліся толькі ў 1839 г. [11] Першыя метэаралагічныя назіранні распачаліся ў Брэсце ў 1834 г. у крэпасці Брэст-Літоўск і працягваліся да 1842 г. У 1851-1853 гг. назіранні праводзіліся пры павятовым вучылішчы, якое таксама знаходзілася ў раёне крэпасці. З верасня 1888 г. па студзень 1902 г. станцыя размяшчалася пры вайсковым шпітале на тэрыторыі крэпасці. З красавіка 1903г. па верасень 1914 г. метэастанцыя дзейнічала пры аддзяленні паветраплавання крэпасці [12].

Увогуле ж, метэаралагічная сетка на тэрыторыі Беларусі пачала стварацца ў пачатку ХІХ ст. - раней, чым у іншых рэгіёнах Расійскай імперыі, да якой беларускія землі былі далучаныя ў канцы XVIII ст.

Так ці інакш, фіксаваныя вынікі метэаназіранняў мы маем толькі з канца XVIII ст., а матэрыялы сістэматычных назіранняў датуюцца ў лепшым выпадку пачаткам ХІХ ст. Тым больш, што на тэрыторыі Беларусі мы маем толькі адну станцыю з перыядам метэаназіранняў больш за 100 гадоў - у аграрнай акадэміі ў Горках [13]. Як жа працаваць з ранейшымі перыядамі?

Зразумела, вялікае значэнне мае досвед даследвавання глабальнага клімату. Ужо назапашаны багаты матэрыял вывучэння льдоў Альпаў, Грэнландыі, Антарктыды, які дазваляюць казаць пра змены клімату. Існуюць і іншыя ўскосныя спосабы вызначыць гэтыя змены. Але якім чынам гэтую вельмі разнародную інфармацыю можна прывязаць у нашым краі да дакладнай храналагічнай шкалы і ацаніць ступень уплыву кліматычных зменаў на жыццё чалавечых супольнасцяў.

Хронікі і мемуары

Неацэнную дапамогу тут могуць аказаць беларускія хронікі і мемуары. Адной з найбольш iнфармацыйных тут будзе "Баркулабаўская хронiка", складзеная ў пачатку канцы XVI - пачатку XVII ст. у мястэчку Баркулабава (сёння ў Быхаўскім раёне) мясцовым праваслаўным святаром Фёдарам Магілёўцам. У кліматычным сэнсе храніст фіксаваў тыя падзеі, якія найбольш моцна адбіваліся на жыцці яго суайчыннікаў. Вось як, напрыклад, айцец Фёдар апісваў кліматычна кантрастны 1585 год: «Того ж року много страшных и великих чудес Господь Бог оказати рачил: перуны и грады виликия, сухость, морозы маль не через все лето были у Литве. От великого морозу на поли у колосьи жито посхло, многия домы панов зацных от перунов великих погорели, зиме з морозов и метелицы по дорогам много множество людей убогих, также и купецких померло. А лете великий жар был: жито, трава, такъже ярины огородныя все погорело у Литве, а звлаща около Менска, около Вилни. Люди убоги яз хлеба на Русь давалися - молодцы, жонки, девки, много на Русь и на Украину, понаходило» [14].

А ў 1602 годзе «Того ж року на Страстной недели во среду гром загримел велми грозный з дожджем и з бурею немалою. А то был знак недобрый и праве злый, бо на десятой недели того ж року 602, в четверток великий, страшный был мороз: што было цветов, то все поморозил. Правда, початок был грозный, а остаток плачливый: што было огородных речей - капуста, ботвинье, цибуля, маки, горохи, ячмень, ярица, то все мороз побил, чого з велким плачем было видети тых людей голодных, которые толко огороды были засеяли, а жита не починали» [15].

Халодныя зiмы Малога ледавіковага перыяду адзначыла i "Магiлёўская хронiка" Т. Сурты і Ю. Трубніцкага: "Rok 1709. tego roku zima sroga była, długo trwała, sniegi nieznosna y niewypowiedzianie wielkie byli, ze nie tylko zwierze, ptastwo, ale y ludzie po drogach marzli, y drożyna na zboże y rozne strawne rzeczy znaczna byla" [16].

Гэта прыклады адзначэння нейкіх экстрэмаў. Мы ж таксама маем і зусім іншы тып стратэгіі назірання і фіксавання надвор'я. Фенаменальнай выглядае тут постаць Віцебскага ваяводы (з 1669 г.) Яна Антонія Храпавіцкага, які метадычна на працягу трыццаці гадоў, ад 1656 г. і да сваёй смерці ў 1685 г., вёў дзённік. Практычна кожны запіс Храпавіцкі пачынаў з характарыстыкі надвор'я ў гэты дзень.

Ваяводы ў Рэчы Паспалітай былі не толькі адміністратыўнымі кіраўнікамі ў сваіх ваяводствах, але адначасова і сенатарамі. Яну Антонію прыходзілася шмат падарожнічаць па сваёй краіне, ён удзельнічаў ва ўсталяванні межаў Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскім царствам (на сумежнай віцебска-пскоўскай тэрыторыі), уваходзіў у склад перамоўнай камісіі пад час заключэння Андросаўскага перамір'я 1667 г. з Расіяй, браў удзел у працы 24-х Соймаў... І паўсюль, дзе б ён не быў, Віцебскі ваявода сціслымі фармулёўкамі фіксаваў надвор'е. Гэтая паслядоўнасць і вытрымка сведчаць пра стрыманы гуманізм і дальнабачнасць Яна Антонія Храпавіцкага - ён разумеў важнасць надвор'я для сваіх суграмадзян і адчуваў, што ягоныя прыватныя запісы, які падаюцца партыкулярнымі, могуць яшчэ выканаць важную функцыю для нашчадкаў.

Тры тамы дзённікаў за 1656-1673 гады былі выдадзены польскімі гісторыкамі ў 1978, 1988 і 2009 гг. [17] Але, як прызнаўся адзін з публікатар "Дыярыуша" Храпавіцкага, слынны варшаўскі даследчык Анджэй Рахуба, гэта даволі аднастайныя запісы і яны няшмат чаго могуць дадаць да вывучэння палітычнай гісторыі. Затое для тэмы даследавання клімату запісы Віцебскага ваяводы могуць аказаць неацэнную паслугу. Іншыя часткі "Дыярыушу" Храпавіцкага захоўваюцца ў Кракаўскім Нацыянальным музеі [18].

Экстрэмальныя ваганні клімату ў Паўднёва-Заходняй Беларусі

Поўная зборка паведамленняў наратыўных і дакументальных крыніц пра клімат, надвор'е і экстрэмальныя з'явы ў Паўднёва-Заходняй Беларусі, якая непасрэдна ахоплівае рэгіён Белавежскай пушчы, справа яшчэ будучых даследаванняў. Рэгіянальныя акрэсленні ў летапісах і хроніках робяцца вельмі шырокія, што, увогуле, уласціва аўтарам XIII-XVI стст.: "Руская зямля", "Літва", "Польшча". Сярод шматлікіх падобных паведамленняў драбнейшая лакалізацыя робіцца толькі на падставе указання некаторых іншых тапанімічных аб'ектаў ці суседніх тэрыторый. Прывядзем тут некаторыя найбольш яркія звесткі па названай тэме:

1279 г. «Глад бысть по всей земле, и в Руси и Ляхох и Ятвези» (ПСРЛ, т. 2, с. 207). Мяркуецца, што прычынай голаду магла быць засуха [19].

1495 г. Моцная паводка, верагодна, з-за працяглых дажджоў [20]; эпідэмія ў Літве, Польшчы і на Валыні (ПСРЛ, т. 35, с. 123).

1531 г. Нашэсце саранчы (ПСРЛ, т. 35, с. 123). У Еўрыінаўскім летапісе датуецца 1534 г. [21]

1534 г. «…прышла саранча на Лядскую землю и на Литовскую, около Берестия и около Менска, и Свержна, и Коидонова, Ивенца, и около Вилни видели летаючых, и поели жыто и ярыну, и траву. Сее же все сталося для грехов нашых» (ПСРЛ, т. 35, с. 170).

1571 г. "Голод великий был в Полщи и в Литве, же убогие люде стерво здохлое и собак ели, наостаток умерлых людей трупы выгребаючи з земли, ели и сами вмирали" [22].

1587 г. Шматснежная зіма [23].

1588 г. 18 студзеня пачаліся моцныя дажджы, якія сагналі ўвесь снег. Праз тры тыдні зіма вярнулася. Вынікам ваганняў кліматычных ваганняў стаў голад [24].

1590 г. Суровая зіма [25].

1592 г. Моцная бура паваліла лес [26].

1597 г. Незвычайна марозная і снежная зіма [27].

1601 г. Дождж ішоў на працягу 12 тыдняў [28].

Калі ж накласці суб'ектыўныя паведамленні нашых папярэднікаў на тую сетку кліматычных ваганняў, якую распрацоўваюць спецыялісты з кліматалогіі і геалогіі, то мы атрымліваем унікальную магчымасць выбудовы дакладнай храналагічнай шкалы зменаў надвор'я. Ад прыватных прыкладаў мы можам перайсці да шырокага і дакладнага малюнку зменаў клімату ў нашым рэгіёне. А гэта дазволіць нам лепш зразумець тыя цыркуляцыйныя працэсы, які шмат у чым і вызначаюць пацяпленні ці пахаладанні. Гэтыя ж даследаванні толькі распачынаюцца.



[1] Монин А. С., Шишков Ю. А. История климата. Л.: Гидрометеоиздат, 1979. С. 319-320.

[2] Борисенков Е. П., Пасецкий В. М. Тысячелетняя летопись необычайных явлений природы. М.: Мысль, 1988. С. 65.

[3] Монин А. С., Шишков Ю. А. История климата. С. 343.

[4] Климат Беларуси / В. Ф. Логвинов, М. А. Гольдберг, Г. В. Волобуев и др. Мн.: Ин-т геологических наук АНБ, 1996. 226 с.

[5] Коробова О. С., Михина Т. В. Климат и человек. М.: РУДН, 2007. С. 8-9.

[6] Коробова О. С., Михина Т. В. Климат и человек. С. 10.

[7] Каушила К. Краткий очерк развития климатических исследований в Литве // Сборник статей для XIX международного географического конгресса. Вильнюс, 1960. С. 214.

[8] Климат Минска / Под ред. М. А. Гольберга. Мн.: Вышэйшая школа, 1976. С. 13-14.

[9] Климат Могилева / Гос. ком. СССР по гидрометеорологии и контролю природ. среды, Бел. респ. упр. по гидрометеорологии и контролю природ. среды, Бел. территор. гидрометеорологический центр; Под ред. И. А. Савиковского. - Л.: Гидрометеоиздат, 1982. С. 10.

[10] Климат Витебска / Гос. ком. СССР по гидрометеорологии и контролю природ. среды, Бел. респ. упр. по гидрометеорологии и контролю природ. среды, Бел. территор. гидрометеорологический центр; Под ред. И. А. Савиковского, Ц. А. Швер. Л.: Гидрометеоиздат, 1981. С. 6.

[11] Климат Гродно / Гос. ком. СССР по гидрометеорологии и контролю природ. среды, Бел. респ. упр. по гидрометеорологии и контролю природ. среды, Бел. территор. гидрометеорологический центр; Под ред. И. А. Савиковского. Л.: Гидрометеоиздат, 1982.С. 8.

[12] Климат Бреста / Гос. ком. СССР по гидрометеорологии и контролю природ. среды, Упр. гидрометеорологической службы БССР, Бел. территор. гидрометеорологический центр; Под ред. Ц. А. Швер, И. А. Савиковского. - Л.: Гидрометеоиздат, 1979. С. 7.

[13] Шкляр А. Х. Климат Белоруссии и сельское хозяйство. Мн.: Изд-во высш., средн. спец. и проф. образования БССР, 1962. С. 252.

[14] Полное собрание русских летописей. Т. 32. М.: Наука, 1975. (далей - ПСРЛ, т. 32) С. 176.

[15] Полное собрание русских летописей. Т. 32. С. 188.

[16] Полное собрание русских летописей. Т. 35: Летописи белорусско-литовские / Сост. и ред. тома Н. Н. Улащик. М.: Наука, 1980. (далей - ПСРЛ, т. 35) С. 276.

[17] Chrapowicki, Jan Antoni. Diariusz. Cz. 1: lata 1656-1664 / Oprac. i wstęp T. Wasilewski. Warszawa: Instytut wydawniczy Pax, 1978; Cz. 2: lata 1665-1669 / Oprac. Andrzej Rachuba i Tadeusz Wasilewski. Warszawa: Pax, 1988; Cz. 3: lata 1669-1673. Warszawa: DiG, 2009.

[18] Muzeum Narodowie w Krakowie. Rps. 169.

[19] Таксама: Борисенков Е. П., Пасецкий В. М. Тысячелетняя летопись ... С. 268.

[20] Борисенков Е. П., Пасецкий В. М. Тысячелетняя летопись ... С. 303.

[21] ПСРЛ, т. 35, с. 237.

[22] ПСРЛ, т. 32, с. 114.

[23] ПСРЛ, т. 32, с. 177.

[24] ПСРЛ, т. 32, с. 178.

[25] ПСРЛ, т. 32, с. 178.

[26] ПСРЛ, т. 32, с. 182.

[27] ПСРЛ, т. 32, с. 183.

[28] ПСРЛ, т. 32, с. 187-188.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX