Вярнуцца: Дзярновіч Алег

Таненберг-Грунвальд-Дуброўна: Да паходжання назвы адной значнай бітвы позняга Сярэднявечча Tannenberg-Grunwald-Dubrowno: the Origin of the Name of One Great Battle of the Late Middle Ages


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 01-05-2011,
Крыніца: Дзярновіч А. І. Таненберг - Грунвальд - Дуброўна: Да паходжання назвы адной значнай бітвы позняга Сярэднявечча // Вялікае княства Літоўскае і яго суседзі ў XIV-XV стст.: саперніцтва, супрацоўніцтва, урокі: Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гродна, 8-9 ліп. 2010 г.) / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; Гродзенскі дзярж. ун-т імя Янкі Купалы. Мн.: Беларуская навука, 2011. С. 135-139.

Спампаваць




Бітва, якая праз пэўнае непаразуменне атрымала назву Грунвальдскай, з самага пачатку была ацэненая сучаснікамі як вялікая падзея. Але, што крыху нечакана, таксама ад самага пачатку ўзнікла розніца ў акрэсленні дакладнага месца самой бітвы, а значыць і яе назвы.

Традыцыя нямецкая

Пруска-крыжацкія крыніцы першапачаткова называлі тую вайну зусім проста - bellum ці coflictus. У нямецкамоўнай версіі даволі хутка ўсталявалася назва der grosse Streit (Вялікая бітва). У паслягрунвальдскім, блізкім да бітвы часе, гэтае вызначэнне валодала пэўнай вобразнасцю і кантэкстуальна азначала "вялікую паразу" [1].

(131KB) Адно з самых ранніх дакументальных пазначэнняў месца бітвы 1410 г. як Грунвальд: Абяцянне крыжацкага рыцара Голбрахта фон Лоіма заплаціць выкуп за вызваленне з польскага палону (AGAD, Dokumenty pergaminowe, Nr. 612. Арыгінал; лацінская мова; 1 пергаменны аркуш 240 x 155 + 10 mm; проразі для 1 пячаткі). Па сярэдзіне другога радка чытаецца: '...на полі ў Прускай зямлі, якое завецца Грунвальд' ('...in campo terre Prussie dicto Gruenwalt').

Што да самога месца бітвы, то ў 1412 г. у крыжацкіх крыніцах яно было акрэслена як Streitplatz альбо Walstat - па-просту, месца бітвы. Ад Прадаўжальніка "Хронікі Прускіх зямель" ("Chronikdes Landes Preussen") Памезанскага афіцыяла (духоўнага суддзі) Ёгана фон Пасільге ідзе нямецкая традыцыя называць месцам бітвы Tannenberg (польскі Stębark). Вось як гэты храніст апісвае перамяшчэнне саюзных войск ад Лубава [2] да Таненберга, "вёсцы ў акрузе Остэрродэ [3]" у ліпені 1410 г.: "…dem konige enkegen von der Lobow czum Tannenberge, dem dorffe im gebite czu Osterrode" [4].

Каля Астроўны (Остэрродэ) лакалізуе бітву таксама баварскі храніст Андрэй з Рэгенсбургу ў сваёй " Хроніцы Рымскіх папаў і імператараў": "in campo civitatis Gostorode" [5]. Дакладней, гэта было зроблена ў нататках, якія выкарыстоўваў храніст пры напісанні свайго твору [6].

Толькі адзін раз у нямецкіх крыніцах, а менавіта ў Некралогу Дому Нямецкага Ордэна ў Маастрыхце, месца бітвы падаецца "каля Вержбіцы (Vierzighuben) [у] адной вёскі, званай Грунфельд" ("in bello apud illum dictum Veirtichhube et quondam villam nuncupatam Gruenvelt in preceptorio de Oestenrode Anno Domini MCCCX") [7]. Grünfeld у перакладзе азначае "Зялёнае поле". Такое паведамленне магло тычыцца менавіта апошняга этапу бітвы ды ўцёкаў ордэнскага войска. Асобна адзначым, што ў сярэдне-ніжненямецкай мове фраза "ze velde komen" ("прыходзіць на поле") мае значэнне "zum kampf, turnier antreten" ("рыхтавацца да..., распачынаць барацьбу, турнір") [8]. Так што з'яўленне акрэслення "поле" ў дачыненні да бітвы выглядае не зусім выпадковым.

Але ў нямецкай традыцыі канчаткова ўсталявалася назва "бітва пад Таненбергам". Ні Таненберг, ні Грунфельд не былі значнымі населенымі пунктамі, не знаходзіліся там таксама замкі. Але нямецкія крыніцы, называючы Таненберг, указвае, бліжэй якога паселішча размяшчалася ордэнскае войска на пачатку бітвы.

Польскі выбар

Назва месца бітвы ў польскіх крыніцах таксама падавалася рознай. Першыя паведамленні Ягайлы пасля бітвы, датаваныя 16 ліпеня 1410 г., увогуле не даюць ёй назвы, распавядаючы толькі пра campusprelii ( поле бітвы), з дадаткам "за Дуброўнай" ("retro Dambrownis in campo prelli"), як у лісце да каралевы Ганны, ці "каля Астроўны" ("prope Hastenrode in campo prelii nostri"), як у лісце да біскупа Пазнанскага Альберта [9]. У вельмі блізкім па часу стварэння да даты бітвы наратыўным помніку "Хроніцы канфлікту Ўладзіслава, караля Польшчы, з крыжакамі ў год Хрыстовы 1410", складзенай, як мяркуецца, у перыяд з лістапада 1410 па студзень 1411 гг. [10], інфармуе толькі пра "месца бітвы" ("de loco conflictus") [11].

Але ўжо ў 1410 г. з'яўляецца таксама тая назва, якая пазней стане агульнапрынятай у гістарыяграфіі і гістарычнай свядомасці адразу некалькіх народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

У першыя месяцы пасля бітвы з канцылярыі Ягайлы яшчэ сыходзілі дакументы з указаннем Грунфельда, як гэта было зроблена ў лісце ад 16 верасня 1410 г. да біскупа Памезанскага Яна ІІ. У гэтым лісце ўласна і вядзецца пра бітву, што здарылася ў мясцовасці Grunenvelt, гэта значыць Grünfeld. Тут трэба адзначыць, што нямецкае "v-" у словах незамежнага паходжання чытаецца як "f" і сама літара называецца "фаў".

Але ў канцы таго ж году ў дакументах з'яўляецца і так вядомая нам сёння назва. Мова ідзе пра тры дакументы, выдадзеных каралеўскай канцылярыяй у Кракаве 20 снежня 1410 г. у справе выкупу Нікалаўса Варнсдорфа і двух іншых камандзіраў найманых аддзелаў Ордэна. Службовец канцылярыі Ягайлы ўжыў акрэсленне "in campo dicto Grunwalt" замест Grunvelt (in campo dicto Grunwalth; in campo dicto Grunwalt; in campo Grunwalt) [12].

Існуе яшчэ адзін дакумент, з той жа храналагічнай датай, у якім Голбрахт фон Лоім, найманы рыцар Нямецкага ордэна, узяты ў палон у бітве пад Грунвальдам [13], абяцае заплаціць за сваё вызваленне выкуп у памеры 150 коп чэшскіх грошаў і перадаць адну кальчугу і два арбалеты [14]. Гэты лацінскі дакумент складзены таксама ў Кракаве і ён цікавы, апроч іншага, формай перадачы месца бітвы - Gruenwalt. З аднаго боку, мы бачым імкненне вельмі дакладна пазначыць нямецкі ўмляўтаваны галосны гук [y:], а дыграф "ue" пазней будуць перадаваць праз "ü" (у з умляутам). З іншага боку, мы бачым, як у назве знікае -feld і з'яўляецца -walt (-wald).

Зусім верагодна, што гэта была моўная памылка - перапісчык кепска зразумеў назву і ў другім складзе (слове) назвы літару "е" перадаў як "а" [15]. А ў нямецкай мове напачатку слова літары "v-" і "f-" перадаюць адзін гук - "f", і такім чынам, "Зялёнае поле" (Grunvelt / Gruenvelt / Grünfeld) трансфармавалася ў "Зялёны лес" (нямецкае Grünwald; у польскай транскрыпцыі Grunwalt).

У далейшым гэтая традыцыя вызначэння бітвы 15 ліпеня 1410 г., як Грунвальдскай, замацавалася ў польскіх хроніках і помніках гісторыяпісання. Шмат у чым такая сітуацыя ўтварылася, дзякуючы аўтарытэту слыннага польскага храніста Яна Длугаша (1415-1480), які ў сваім маштабным творы" Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae" пазначыў месца бітвы наступным чынам: "im campis villarum Tannenberg et Grunwald" а таксама "у вёсачцы Грунвальд" ("villagium Grunwald") [16]. Асноўнай жа назваў у Длугаша стаў Грунвальд. Падобная дыхатамія захоўвалася і ў яшчэ аднаго вялікага польскага гістарыёграфа, але ўжо пачатку XVI ст, Мацея Мяхоўскага (1457-1523), які пісаў пра бітву каля "villarum Thanenbrik et Grimvald" [17].

Чаму ў рэшце рэшт ж адпаў Таненберг? Можа таму, што гэта было "нямецкае бачанне" падзей? Апроч таго, як ужо пісалася вышэй, рэальнае паселішча Грунвальд было звязанае з апошнім, пераможным для саюзнікаў этапам бітвы. Польскія крыніца працягвалі ўстойліва называць бітву Грунвальдскай, у той час, як паселішча ў Прусіі па-ранейшаму менавалася Грунфельдам [18]. Сам існавання назвы паселішча менавіта ў такой форме быў вядомы даследчыка ХІХ - пачатку ХХІ стст. [19] Але ў расійскай, беларускай і літоўскай гістарыяграфіі перамагла польская традыцыя.

Ваганні ў Вялікім Княстве

Наратыўная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага канца XV - сярэдзіны XVI стст. звярталася да тэмы Грунвальда. Нікіфараўскі і Супрасльскі летапісы (2-я рэдакцыя Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г.) паведамляюць, што бітва адбылася паміж Дуброўнай і Астроўнай. Супрасльскі летапіс распавядае пра гэта такім чынам: «На ту осень бысть побоище королу Ягаилу, именемъ Владиславу, и князю великому Витовту Кестутевичь с немьци и с пруси в Прусъкои земли, межи городы Дубровны и Остреда» [20] (паводле Нікіфараўскага летапісу: «межи городы Дубравны и Острада») [21]. Але гэтыя паведамленні не арыгінальныя, а амаль слова ў слова [22] паўтараюць апавяданне Наўгародскага IV летапісу [23].

Праўда, "Хроніка Літоўская і Жамойцкая", складзеная ў 1520-я гады, ведае, што тая бітва адбылася ў "Стырберка" [24] - гэта значыць, каля Стэнбарка, як у польскай традыцыі пазначаецца Таненберг.

А ўжо "Хроніка Быхаўца" паведамляе менавіта пра Дуброўну: "pod mestom nemeckim pod Dubrownym"; "tyie Dubrowenskiie pola" [25]. Дуброўна - гэта Dambrownis, на якое спасылаецца Ягайла, як на сваё месца знаходжання ў наступны дзень пасля бітвы. У польскай традыцыі паселішча завецца Dąbrówno і пазначае нямецкі замак Gilgenburg [26]. Гэтае тапанімічны аб'ект сапраўды быў найбліжэйшым да Грунвальдскіх палёў нямецкім замкам (пракуратарска-войтаўскім) - на адлегласці 9 км ад месца бітвы. 13 ліпеня яго здабылі саюзныя войскі і ўжо адтуль рушыла ў бок месца Вялікай бітвы [27]. Як адзначае сучасны літоўскі даследчык Кястуціс Гудмантас [28], форма назвы "Дуброўна" узнікла менавіта ў русінскай мове і адтуль патрапіла ўжо ў "Хроніку канфлікта" як Dubrowno [29].

Ці магла Дуброўна стаць уласна літвінскай традыцыяй, замацаваным праз кірылічнае пісьменства? У першай палове XVI ст. так магло адбыцца зусім рэальна. Але пад уплывам польскай тэрміналогіі Грунвальд умацаваў свае пазіцыі ў гістарычнай памяці жыхароў Вялікага Княства.

Пазнейшыя помнікі яскрава сведчаць пра крыніцы тэрміналагічнага запазычання. Віцебскі летапіс Панцырнага і Аверкі, складзены ў сярэдзіне XVIII ст., паведамляе пра Грунвальдскую бітву з дакладнай спасылкай на кнігу 16 працы польскага гістарыёграфа Марціна Кромера "Пра паходжанне і гісторыю палякаў": "Władysław Iagiełło, krol polski, krzyżakow... zbił pod Granawaldo... Kromer, lib. 16. Roku 1410" [30].


Гісторыя з паходжаннем і пашырэннем вызначэння "Грунвальдская бітва" вельмі павучальная. Яна паказвае, што часам памылка ці апіска ў назве можа стаць пачаткам для ўзнікнення новага гістарычнага тэрміна. Высвятляецца, ад службоўцаў канцылярыі - у тэкставай фіксацыі, - даволі шмат чаго залежыць. У нашым жа выпадку мы маем той рэдкі выпадак, калі можна даволі дакладна датаваць час узнікнення, на ўзроўні дакументальных крыніц, гістарычных тэрмінаў - у нашым прыкладзе гэта 20 снежня 1410 г.

Але, напэўна, гэта не можа перашкаджаць нашаму шанаванню традыцыю.



[1] Biskup M. Grunwaldzka bitwa. Geneza - przebieg - znaczenie - tradzcje. Warszawa, 1991. S. 133.

[2] Пол. Lubawa / ням. Löbau - замак біскупаў Хэлмінскіх (гл.: Bieszk, Janusz. Zamki państwa krzyżackiego w Polsce. Warszawa: Belona, 2010. S. 59-61).

[3] Пол. Ostróda / ням. Osterode - ордэнскі замак (гл.: Bieszk J. Zamki państwa krzyżackiego... S. 131-134).

[4] SRP-3. S. 315.

[5] SRP-3. S. 418.

[6] Гагуа Р. Крыніцы для даследавання Грунвальдскай бітвы і Вялікай вайны ВКЛ і Польшчы супраць Тэўтонскага ордэна (1409-1411 гг.) // Arche-Пачатак. 2010, № 10. С. 164.

[7] SRP-3. S. 317, cпасылка 2.

[8] Lexer M. Mittelhochdeutsches Taschenwörterbuch. Stuttgart, 1986. S. 477.

[9] SRP-3. S. 425-427; Гагуа Р. Б. Лісты Ягайлы і ананімная "Хроніка канфлікту" як крыніца па даследаванню Грунвальдскай бітвы // Гістарычны альманах. 2007. Т. 13. С. 118-140.

[10] Гагуа Р. Б. Грюнвальд в источниках: "Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христовы". Пинск, 2009. С. 30.

[11] SRP-3. S. 438; Гагуа Р. Б. Грюнвальд в источниках... C. 146.

[12] Archiwum Główne Akt Dawnych. Dokumenty pergaminowe, Nr. 52, 619, 3267.

[13] Pelech M. W sprawie okupu za jeńców krzyżackich z Wielkiej Wojny (1409-1411)// Zapiski Historyczne. 1987, t. 52, z. 2, s. 95-112.

[14] AGAD. Dokumenty pergaminowe, Nr. 52.

[15] Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 135.

[16] Грунвальдскія раздзелы працы Длугаша гл.: Joannis Dlugossii Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. L. X, XI / Textum recensuit D. Turkowska, Varsaviae, 1997. P. 86-118.

[17] Mathiae de Mechovia Chronica Polonorum. Craccoviae, 1521. P. CCLXXIX.

[18] Biskup M. Grunwaldzka bitwa… S. 135.

[19] Наркевич Н. Ф. Грюнфельде Танненберг. 1410 г. Рига 1710 // Военно-исторический вестник. 1910, № 7/8. С. 5-35. Перадрук без указання першакрыніцы: Наркевич Н. Ф. Грюнфельде-Танненберг 1410 г. // Тевтонский орден. Крах крестового похода на Русь. М.: Алгоритм - Эксмо, 2005. С. 164-203.

[20] Супрасльская летопись // ПСРЛ. Т. 35. М., 1980. С. 54.

[21] Никифоровская летопись // ПСРЛ. Т. 35. С. 32.

[22] Нікжантайціс А. Ацэнка Грунвальдскай бітвы грамадствам Літвы XV-XVI стст. // Arche-Пачатак. 2010, № 10. С. 249.

[23] Новгородская IV летопись // ПСРЛ. Т. 4, ч. 1, вып. 2. Ленинград, 1925. С. 410.

[24] Хроника Литовская и Жмойтская // ПСРЛ. Т. 32. М., 1975. С. 78.

[25] Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32. С. 150.

[26] Bieszk J. Zamki państwa krzyżackiego... S. 140-143.

[27] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem krzyżackim w latach 1409-1411. Warszawa, 1955. S. 273.

[28] Гудмантас К. Іншы вобраз Грунвальдскай бітвы: Літоўскі летапіс і паэма Яна Вісліцкага "Пруская вайна" // Arche-Пачатак. 2010, № 10. С. 257.

[29] Гагуа Р. Б. Грюнвальд в источниках... С. 142.

[30] Летопись Панцирного и Аверки // ПСРЛ. Т. 32. С. 201.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX