Вярнуцца: Дзярновіч Алег

Невядомы Стрыйкоўскі Unknown Stryjkowski


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 26-06-2011,
Крыніца: Дзярновіч А. І. "Невядомы Стрыйкоўскі": Гісторыя рукапісу паэмы "Бітва пад Улай" (1564 г.) са збораў Пушкінскага Дому ў Санкт-Пецярбурзе // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 3. Мн.: РИВШ, 2010. С. 221-244, 331, 337.

Спампаваць




"Невядомы Стрыйкоўскі":
Гісторыя рукапісу паэмы "Бітва пад Улай" (1564 г.) са збораў Пушкінскага Дому ў Санкт-Пецярбурзе [1]


Для гістарыяграфіі і гісторыі ідэй у Вялікім Княстве Літоўскім XVI ст. постаць Мацея Стрыйкоўскага (1547 - каля 1593) уяўляецца знакавай. Паляк з паходжання, а нарадзіўся ён у 1547 г. у Стрыкаве Ленчыцкага ваяводства (у сённяшніх геаграфічных рэаліях - каля Лодзі), у шаснаццацігадовым узросце Стрыйкоўскі апынуўся ў Вялікім Княстве, дзе яму давялося не проста спазнаць шмат якія павароты лёсу, але і скончыць свой зямны шлях, што адбылося ў 1590 г. Найперш на сваёй новай Радзіме ён стаў прафесійным вайскоўцам, служыў ў Віцебскім гарнізоне, а таксама рыскуном (разведчыкам) на маскоўскай мяжы [54, c. 13-98]. Было нешта нязвыклае ў гэтым чалавеку, бо старыя княскія роды і магнатэрыя Вялікага Княства ахвотна набліжала да сябе маладога паляка, які меў ужо немалы вайсковы досвед, а да таго ж атрымаў пэўнаю адукацыю. Невядома, каб Стрыйкоўскі вучыўся ва універсітэце, але ў 1561 г. ён скончыў парафіяльную школу ў Бжэзінах і, у прыватнасці, валодаў тым базавам узроўнем ведаў ды навыкаў, якія нават і ў XVI ст. былі прывілеяй зусім нешматлікай часткі насельніцтва. Як бы то ні было, у розныя часы Мацей Стрыйкоўскі ўваходзіў і блізкае атачэнне такіх сваіх "хлебадаўцаў", як слуцкія князі Алелькавічы (1576-1578), а ў далейшым - Жамойцкага біскупа Мельхіёра Гедройца, з дапамогай у 1579 г. якога і атрымаў сваю апошнюю пасаду Жамойцкага каноніка.

Апублікаваныя творы Стрыйкоўскага

Для нас жа найбольш важнае тое, што Стрыйкоўскі стаў аўтарам першай друкаванай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага - " Kronika polska, litewska, żmudzka i wszystkiej Rusi" [51], якая ўпершыню выйшла з друку ў Каралеўцы ў 1582 г. На працягу XVIII-XX стст. раздавалася шмат розны выказванняў на адрас Стрыйкоўскага як гістарыёграфа - з аднаго боку, як піша Альбіна Семянчук, адзначалася ягоная эрудыцыя і навізна падыходаў да матэрыялу; з іншага боку, яго дакаралі ў кампілятыўнасці, схільнасці да містыфікацыяў і проста ў заблытванні некаторых фактаў. Менавіта гэты твор ацэньваецца, як удалая кампіляцыя іншых хронік, найперш Яна Длугаша і Мацея Мехавіты. Але, аб'ектыўна, Мацей Стрыйкоўскі выканаў для Вялікага Княства Літоўскага працу вартую той, што ў свой час зрабіў Ян Длугаш для Польшчы [30, с. 69].

Першым жа друкаваным творам Стрыйкоўскага была генеалагічная паэма " Goniec cnoty", прысвечаная валадарам Польшчы і ВКЛ [48]. Як і " Goniec cnoty" таксама ў Кракаве быў апублікаваны яшчэ адзін гістарычны твор Стрыйкоўскага - " “O wolnosci Korony Polskiey, y Wielkiego Xięstwa Litewskiego” [53].

Але творчая спадчыны гістарыёграфа не абмежаваная толькі ягонымі прыжыццёвымі выданнямі. І ўжо апублікаваныя творы, і рукапісы Стрыйкоўскага выклікалі нязменную цікавасць выдаўцоў і публікі. Ужо ў першай палове XVII ст. у Любчы быў апублікаваны фрагмент з " Ганца цноты" пад назвай " Genealogia albo krotkie opisanie wielkich książąt litewskich" [47]. Ужо ў другой палове XVIII ст. з'явілася перавыданне "Хронікі" [49], а ў сярэдзіне ХІХ ст выйшла з друку выданне "Хронікі" Стрыйкоўскага, да якога і сёння найчасцей звяртаюцца даследчыкі [50].

Але зусім не ўся спадчына Стрыйкоўскага была ўпублічаная да ХХ ст. У 1978 г. польская даследчыца Юлія Радзішэўская паводле рукапісу апублікавала яшчэ адну працу гістарыёграфа - " Opoczą tkach " [52]. Гэты твор быў напісаны ў 1577 г., яшчэ да " Хронікі", у форме эпічнай паэмы з празаічнымі ўстаўкамі. Твор " Пра пачаткі" прысвечаны ўласна гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і, як адзначаюць даследчыкі, паводле зместу ў значнай ступені перагукваецца з " Хронікай Быхаўца". Гэтае назіранне вельмі важнае, бо можа пацвердзіць аўтэнтычнасць рукапісу, апублікаванага ў 1846 г. Тэадорам Нарбутам. Але сярод творчай спадчыны Мацея Стрыйкоўскага ёсць адзін твор, знаходжанне якога працяглы час заставалася невядомым і вакол якога ў ХІХ ст. узніклі легенды, якія працягвалі цыркуляваць сярод спецыялістаў і публікі яшчэ і ў ХХ ст.

Мова ідзе пра рукапіс аднаго з найбольш ранніх твораў Стрыйкоўскага паэмы " Бітва пад Улай", які патрапіў у калекцыю Анацэвіча і сёння захоўваецца ў фондзе пад такой жа назвай у зборах Інстытута Расійскай Літаратуры (Пушкінскім Доме) РАН у Санкт-Пецярбурзе.

Ігнат Анацэвіч як збіральнік рукапісаў

Трэба адзначыць, што постаць самога збіральніка старажытнасцяў Ігната Анацэвіча (1780-1845) зусім неардынарная. Гэты ўраджэнец Малой Бераставіцы атрымаў адукацыю ў Каралявецкім (Кёнігсбергскім) у 1803-1805 гг. і Віленскім універсітэтах у 1813 г., а з 1818 г. выкладаў у Віленскім універсітэце, дзе іспыт яму здаваў Адам Міцкевіч (1798-1855), а лекцыі наведваў Юліюш Славацкі (1809-1849). Але Анацэвіч здабыў славу не столькі ўласна гісторыка, колькі архівіста і археографа. Праўдападобна, што ў вялікай ступені на развіццё інтарэсаў да архіваліяў паўплывала азнаямленне Анацэвіча са зборамі Мікалая Румянцава (1754-1826) - у 1809-1810 гг. каля году правёў Анацэвіч у Гомелі ў палацы Румянцава, разбіраючы рукапісы і занатоўваючы змест важных дакументаў. А там захоўваліся, у тым ліку, найкаштоўнейшыя матэрыялы па гісторыі Вялікага Княства ў XV-XVII стст. [20, c. 64-68.]. У далейшым, жывучы ў Вільні, Анацэвіч працягваў супрацоўніцтва з Румянцавым [19, с. 40-41.].

Пасля ад'езду ў 1818 г. вядомага віленскага гісторыка Іаахіма Лялевеля (1786-1861) ў Варшаву, Анацэвіч быў запрошаны заняць ягонае месца ва ўніверсітэце, дзе ён і служыў па 1828 г., спачатку як ад'юнкт (асістэнт прафесара), а ад 1827 г. як прафесар. Паводле штатнай пазіцыі Ігнат Анацэвіч выкладаў усеагульную гісторыю, але найбольшую славу прынёс гісторыку ўпершыню ўведзены і чытаны ім бясплатна курс гісторыі Літвы. У далейшым некаторыя свае погляды на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага Ігнат Анацэвіч выклаў у суправаджальных тэкстах [43, с. I-XXI] у падрыхтаваных ім да выданняў працах польскага гісторыка і езуіта Яна Альбертрандзі (1731-1808), бібліятэкара і архівіста караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1820-х гадах Анацэвіч апублікаваў два маштабныя творы Альбертрандзі - па перыядах каралявання Генрыха Валуа і Стэфана Баторыя [37], а таксама Казіміра Ягелончыка, Яна Альбрэхта і Аляксандра Ягелончыка [38]. Для гэтага выдавецкага праекта рукапісы Альбертрандзі Віленскі ўніверсітэт часткова атрымаў задарма, а часткова набыў [10, с. 181].

Але ад універсітэцкіх уладаў яму удавалася, не без цяжкасцяў, атрымліваць грошы на археаграфічныя экспедыцыі. У ліпені-жніўні 1822 г. архівіст знаёміўся з манастырскімі і родавымі магнацкімі зборамі і што важна, рабіў публічныя справаздачы па выніках сваіх росшукаў [29, с. 474-485; 9, с. 175-180]. Ужо тады віленскі архівіст шукаў слядоў дзейнасці Стрыйкоўскага: "У Вялікай Бераставіцы я не знайшоў тых хронік, якімі карыстаўся Стрыйкоўскі, калі князі Заслаўскія валодалі гэтым маёнткам" [9, с. 180].

Анацэвіч не толькі выяўляў і вывучаў рукапісы, але і набываў іх. Як гэта, напрыклад, было зроблена ім у 1822 г. у Адама Храптовіча (1768-1844) [29, c. 476]. У 1826 г. зноў здзейсніў сваю археаграфічную выправу і вядома, што ў царкоўных і манастырскіх архівах ён набываў рукапісы. Сваім археаграфічным экспедыцыям Анацэвіч надаваў вялікае значэнне. Уласную навуковую выправу ў Каралявец (Кёнігсберг), адкуль віленскі гісторык прывёз некалькі сшыткаў выпісак, Анацэвіч параўноўваў з падарожжам Язона ў Калхіду і меркаваў, што мэта ягонага ўласнага падарожжа "непараўнаўча больш высакародная" [39, c. 114].

Важнымі памочнікамі Анацэвіча ў зборы рукапісаў былі ягоныя студэнты, на якіх універсітэцкі прафесар уплываў сваімі натхненнем і імпэтам. Вяртаючыся з летніх вакацый у Вільню, студэнты прывозілі для Анацэвіча рукапісы і кнігі.

Універсітэцкая кар'ера Ігнацыя Анацэвіча была перапыненая ў 1828 г. Два сюжэты сышліся ў тым фатальным для Анацэвіча годзе - раскрыццё таемнага студэнцкага таварыства " Племя сарматаў", да якога прафесар не меў прамога дачынення, але сярод удзельнікаў якога карыстаўся вялікім аўтарытэтам, і настойлівасць самога Анацэвіча ў расследаванні фінансавых злоўжыванняў універсітэцкай адміністрацыяй. У выніку Ігнацы Анацэвіч быў адхілены ад прафесарскай пасады, а пазней і сасланы на радзіму - у Малую Бераставіцу [14, с. 70-83]. Дайшло да судовага працэсу, але Гродзенскі гродскі суд, а затым Гродзенская крымінальная палата апраўдалі былога прафесара. Як раз у час працэсу ўласнай рэабілітацыі Анацэвіча, царскія ўлады вырашылі зліквідаваць Віленскі ўніверсітэт як асяродак вальнадумства. Усе гэтыя драматычныя падзеі выштурхоўвалі Анацэвіча з Радзімы.

Пазбаўлены магчымасці працы па прафесіі ў Вільні, ды шукаючы юрыдычнага апраўдання, Анацэвіч скіраваўся ў сталіцу Расійскай імперыі. Парадаксальным чынам гэтая паездка аказалася магчымаю дзякуючы аб'ектыўнаму стаўленню да справы Анацэвіча ўплывовага шэфа жандараў графа Бенкендорфа, бо ягоны асабісты дазвол патрабаваўся, каб былы віленскі прафесар змог пакінуць, гэтым разам, Гродна. У 1834 г. Анацэвіч быў ужо ў Пецярбурзе.

Пасля расцягнутага на два гады бюракратычнага працэсу Анацэвічу ўдалося атрымаць частковую рэабілітацыю Сената. Але цалкам расследваць ягоную справу было складана - Віленскі ўніверсітэт ужо не існаваў. З-за аддаленасці справы ў часе і памылак у разглядзе справы расійская адміністрацыя вызваліла Анацэвіча ад суда і следства. Залічыць жа тэрмін знаходжання пад судом за час службы і выдаць жалаванне адмовілася [14, с. 88]. Але і вяртацца Анацэвічу не было куды. У Пецярбурзе жа ён знайшоў велізарныя сховішчы архіўных матэрыялаў, вывезеных з Рэчы Паспалітай.

Ужо ў 1834 г паводле пратэкцыі Анацэвіч атрымаў пасаду ў толькі што створанай Археаграфічнай камісіі, а неўзабаве стаў адначасова памочнікам бібліятэкара Румянцаўскага музею. Трэба адзначыць, што Ігнат Анацэвіч не быў сапраўдным членам Археаграфічнай камісіі. Міністр народнай асветы граф Увараў дазволіў яму толькі ўдзельнічаць у падборцы матэрыялаў (25.Х.1837) [35, c. 34]. І гэты сюжэт мае ўжо непасрэдныя адносіны да тэмы рукапісу Стрыйкоўскага. Паводле задання Археаграфічнай камісіі Анацэвіч разбіраў рукапісы ў Публічнай бібліятэцы і бібліятэцы Генеральнага штаба. Менавіта ў гэтых установах апынуліся шматлікія матэрыялы з канфіскаваных збораў Чартарыйскіх у Пулавах і збораў Варшаўскага Таварыства Прыхільнікаў Навук. Але архіўныя матэрыялы са здабытых правінцый імперыі знаходзіліся ў сталіцы Расіі без належнага парадку і ўліку, што было прычынай цэлай чарады скандалаў.

У красавіку 1839 г. Анацэвіч атрымаў дазвол на разбор папер у бібліятэцы Генеральнага штабу, якія належалі раней Чацкаму, а пазней іх набыў Чартарыйскі. Гісторык адзначаў, што ў гэтай калекцыі, "паводле звестак, якія дайшлі да мяне, павінна было быць кардонаў лічбаю 232, у якіх было актаў з гакам тысяч каля 13, але іх... не знаходжу" [35, c. 35].

Але ўжо 22 снежня 1837 г. Анацэвіч страціў пасаду ў Археаграфічнай камісіі. Мікалай Улашчык звязвае гэтае рашэнне міністра народнай асветы з раскрыццём у 1838 г. падпольнай арганізацыі Шымона Канарскага, пасля чаго па Расійскай імперыі пракацілася хваля арыштаў удзельнікаў арганізацыі, а таксама звальненне з дзяржаўнай службы асобаў каталіцкага веравызнанне [35, c. 35]. Усё ж Анацэвіч захаваў працу ў Румянцаўскім музеі, дзе яго начальнікаў быў вядомы расійскі філолаг Аляксандр Вастокаў (1781-1864). Той жа ў сваю чаргу меў пасады кансерватара манускрыптаў Публічнай бібліятэкі і захавальніка фонду рукапісаў Царскай бібліятэкі, ды няшмат часу мог прысвячаць Румянцаўскаму музею. Асноўныя функцыі там выконваў Анацэвіч.

Карыстаючыся ж поўным даверам Вастокава, Анацэвіч мог без абмежавання праглядаць рукапісы Царскай бібліятэкі, якія ў той час яшчэ не былі інвентарызаваныя [14, с. 90]. Неўпарадкаванасць архіва прывяла да старты многіх рукапісаў, што выявілася ў выніку рэвізіі 1834 г. Абвінавачаны ў празмернай даверлівасці Аляксандр Вастокаў атрымаў адстаўку. Спрабуючы ўмацаваць сваё падважанае становішча, Вастокаў звярнуўся да свайго былога памочніка Цярэшчанкі па кансультацыю. Цярэшчанку ж самога падазравалі ў продажы Румянцаўскаму музею кніг і рукапісаў больш чым на 20.000 рублёў. У пэўным сэнсе, спрабуючы выйсці з-пад удару, Цярешчанка прапанаваў усталяваць таемны нагляд за кнігазборамі паэта і бібліёграфа Васіля Анастасевіча, Сабурава, паэта Мікалая Языкова, географа Пятра Кепена, а таксама Ігната Анацэвіча, які незадоўга да таго страціў працу і ў Румянцаўскім музеі [39, c. 98].

Расійскі даследчык Сяргей Нікалаеў, услед за Феліксам Пагарэцкім, сцвярджае - пры тым, што рукапісы траплялі да Анацэвіча ў розны час і рознымі шляхамі, асноўны фонд яго калекцыі сфармаваўся ў Пецярбургскі перыяд дзейнасці збіральніка і архівіста, а менавіта з 1833 па 1845 гг. [27, c. 202-203].

Лёс калекцыі Анацэвіча ў другой палове ХІХ ст.

Мы не ведам поўнага складу гэтай надзвычай багатай калекцыі. Апроч іншага, Анацэвіч сам падарыў некалькі рукапісаў вядомым гісторыкам свайго часу, частку перадаў у бібліятэкі, а перад сваёй смерцю пэўную колькасць кніг і рукапісаў уладальнік калекцыі разаслаў даследчыкам гісторыі і культуры былога Вялікага Княства Літоўскага, з некаторымі ён не быў нават знаёмы [27, c. 202-203]. Матэрыялы пра казацтва, якія ўтрымліваліся ў ягонай калекцыі, Анацэвіч перадаў вядомаму збіральніку К. Свідзінскаму [16, с. 1336]. У далейшым гэтыя матэрыялы патрапілі ў Бібліятэку Красінскіх ды загінулі ў Варшаве пад час Другой Сусветнай вайны.

Сам Ігнат Анацэвіч не склаў вопісу калекцыі. Незадоўга ж перад сваёй смерцю ён даручыў зрабіць падобны каталог Т. Макарэвічу. Смерць жа уладальніка спыніла гэтую працу і быў складзены толькі ахоўны каталог, магчыма тым самым Макарэвічам [Pohorecki T. 1. c. 415].

Пасля смерці Ігната Анацэвіча ў 1845 г. у яго не засталося прамых нашчадкаў, а справамі спадчыны займаўся пляменнік Вацлаў Анацэвіч. Пляменнік, напрыклад, прадаў частку рукапісаў прадстаўніку вядомага шляхецкага роду Слізняў, але пры перавозцы ў Гродзенскую губерні па неасцярожнасці яны згарэлі. У далейшым Вацлаў Анацэвіч неаднаразова спрабаваў прадаць калекцыю свайго дзядзькі, але не меў у гэтым значных поспехаў. Ён не мог прапанаваць матэрыялы калекцыі дзяржаўным установам Расіі, бо шляхі атрымання самім Ігнатам Анацэвічам падобных дакументаў былі падазронымі ці незразумелымі. Таксама бясплённымі засталіся перамовы з Акадэміяй навук у Кракаве.

У сярэдзіне ХІХ ст. у польскай і расійскай прэсе яшчэ з'яўляецца інфармацыя і прыгадкі пра калекцыю [46, с. 406-407; 13, с. 660; 28, с. 1096], але ў далейшым знікаюць і яны. Праўда, у канцы ХІХ ст. Станіслаў Пташыцкі набыў тры дакументы з гэтай калекцыі і паведаміў у друку пра некаторыя іншыя [45, c 220-246]. Альбіна Семянчук мяркуе, што ў гэтым жа зборы захоўваўся яшчэ адзін твор Мацея Стрыйкоўскага [31, c. 53], а менавіта " Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народу літоўскага...", які быў апублікаваны Юліяй Радзішэўскай ужо ў 1978 г. [52]. А Вацлаў Анацэвіч пайшоў з жыцця ў 1898 г. і пасля гэтага лёс калекцыі Ігната Анацэвіча ўяўляўся многім даследчыкам досыць цьмянай.

Каталог Віктара Каліноўскага

Падобна, што з перадачай спадчыны звязанае таксама ўзнікненне каталогу калекцыі, складзенага ў другой палове 1850-х гадоў Віктарам Каліноўскім (1833-1862). Гэты архівіст - яшчэ адна каларытная асоба, звязаная з незвычайнай гісторыяй калекцыі. Віктар быў старшым братам Вікенція Канстанціна Каліноўскага, вядомага ў беларускай традыцыі як Кастусь Каліноўскі (1838-1864), аднаго з лідэраў антыцарскага паўстання 1863-1864 гг.

У 1852 г. Віктар Атон Каліноўскі паступіў на Медычны факультэт Маскоўскага Універсітэта, але ўжо ў 1856 г. перабраўся ў Санкт-Пецярбург, дзе ўладкаваўся на працу ў Публічную бібліятэку [26, c. 208]. Вячаслаў Шалькевіч сцвярджае, што да пераезду Віктара Каліноўскага ў Пецярбург спрычынілася прапанова Адама Кіркора (1818-1886) выконваць у Пецярбурзе даручэнні Віленскай Археалагічнай камісіі. Найперш, гэта тычылася росшуку і падрыхтоўцы да публікацыі рукапісаў, якія маюць дачыненні да гісторыі былога Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы [36, с. 109, 111].

Было відавочна, што нягледзячы на адукацыю ў галіне натуральных навук, Віктар Каліноўскі быў захоплены айчыннай гісторыяй, але, да таго ж, валодаў кампетэнцыяй у пытаннях археаграфіі і крыніцазнаўства гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Слынны гісторык Мікалай Кастамараў (1817-1885), які на пэўным этапе стаў нават канкурэнтам Віктара Каліноўскага па ўладкаванню на працу ў Публічнай бібліятэцы, прыгадваў пазней: "...не здарылася ў жыцці бачыць чалавека, які так аддана захапляўся археаграфіяй і гісторыяй. Яго веды не ішлі далей Літвы і Польшчы, але затое яго можна было назваць хадзячым каталогам самых дробных звестак пра мінулы побыт гэтых краёй" [18, с. 259-260; беларускі пераклад цытаты паводле: 26, с. 208].

Вядома, што, калі Віктар Каліноўскі прыехаў у Пецярбург, бацькаў прыяцель пазнаёміў яго з гродзенцам, малодшым бібліятэкарам Публічнай бібліятэкі Антонам Іваноўскім, які ў той час займаўся складаннем каталогу польскамоўных кніг Імператарскай Публічнай бібліятэкі і наняў дзеля гэтага двух супрацоўнікаў. Як мяркуе сучасны пецярбургскі даследчык Мікола Нікалаеў, адным з іх, верагодна, быў Віктар Каліноўскі [26, с. 209].

У Пецярбургу Віктар Каліноўскі атрымаў доступ да найбагацейшых калекцый дакументаў па гісторыі свайго краю. У сваёй прашэнні да дырэктар Імператарскай Публічнай бібліятэкі Мадэста Корфа (1800-1867), датаваным 6 снежня 1860 г., архівіст паведамляў, што на працягу некалькіх гадоў займаўся справаздачамі пра рукапісы бібліятэкі для Віленскай археалагічнай камісіі. А "цяпер жа, з нагоды даручэння мне на час работы ў Галоўным Маскоўскім архіве, я жадаў бы перадаць мае заняткі брату майму Вікенцію Каліноўскаму, кандыдату С.-Пецярбургскага універсітэта" [17, с. 102].

Можна выказаць здагадку, што пад час працы ў Публічнай бібліятэцы ў другой палове 1850-х гадоў Віктар Каліноўскі і пазнаёміўся з калекцыяй Ігната Анацэвіча, і тады ж склаў яе каталог. І вось тут, яшчэ ў Пецярбургскі перыяд працы Віктара Каліноўскага, з'яўляецца новы сюжэт, важны для разумення далейшай гісторыі каталогу Каліноўскага і вядомасці пра калекцыю Анацэвіча.

У 1857 г. у Пецярбург прыязджаў у той час супрацоўнік, а ў далейшым дырэктар Бібліятэкі Ossolineum у Львове Аўгуст Бялёўскі (1806-1876). Ossolineum быў заснаваны ў 1817 г. графам Юзафам Максіміліянам Асалінскім (1748-1826) адмыслова для збору кніг і рукапісных матэрыялаў па гісторыі даўняй Рэчы Паспалітай і сярэднявечнай Польшчы. Бібліятэка была дапоўнена кнігазборамі Любамірскіх, Скарбкаў, Сапегаў і ў 1927 г. расчыніла свае дзверы для наведвальнікаў. У Аўстра-Венгрыі таварыства Ossolineum стала цэнтрам даследаванняў гісторыі Польшчы і Рэчы Паспалітай увогуле. Аўгуст Бялёўскі прыязджаў у Пецярбург адмыслова, каб наведаць Рукапісны аддзел Публічнай бібліятэкі. Тут ён і пазнаёміўся з апантаным даследчыкам Віктарам Каліноўскім [36, с. 111-112]. У далейшым гэтыя бібліяфілы і архівісты падтрымлівалі кантакт праз ліставанне і ў лістападзе 1859 г. Віктар Каліноўскі нават прасіў Аўгуста Бялёўскага дапамагчы ў навуковых росшуках Мікалаю Кастамараву, які летам 1860 г. збіраўся наведаць Львоў [7; арк. 71-74; 17, с. 104-105].

Таму не выпадкова, што пасля смерці Віктара Каліноўскага каталог ягонай бібліятэкі і апісанне калекцыі рукапісаў патрапіў у Ossolineum [6; 5]. І самае галоўнае для нашай тэмы - туды ж трапіў і каталог калекцыі Ігната Анацэвіча, складзены Віктарам Каліноўскім [8].

Далейшы ж лёс львоўскага "Асалінэўма" і ягоных калекцый быў не просты. Пасля пераходу Львова і Галіцыі пад уладу СССР інстытут "Асалінэўм" быў зліквідаваны, захавалася толькі бібліятэка. Пад час нямецкай акупацыі бібліятэка "Асалінэўма" была перайменаваная ў Дзяржаўную бібліятэку ў Львове ( Staatsbibliothek Lemberg), але частка кніжных збораў ужо тады пачалі перавозіць у сталіцу Генеральнага камісарыята - у Кракаў. пасля заканчэння Другой Сусветнай вайны, у 1947 г. 70 % фондаў "Асалінэўма" (217 тыс. адзінак захавання на двух чыгуначных саставах) былі перавезеныя ва Ўроцлаў, дзе і нанава адрадзілася Бібліятэка Нацыянальнага цэнтра ім. Асалінскіх (Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich). Тады ж, у 1947 г. 10 тыс. тамоў былі перададзены са Львова ў Бібліятэку АН СССР у Маскве. Перадача фондаў Польшчы не спынялася ўвесь пасляваенны час і апошнія матэрыялы былі вывезеныя толькі ў 1987 г.

Ва Ўроцлаве ж апынуліся і ўсе матэрыялы львоўскага "Асалінэўма", звязаныя з дзейнасцю Віктара Каліноўскага, у тым ліку рукапісны каталог калекцыі Ігната Анацэвіча. Але яшчэ адзін варыянт гэтага каталогу, толькі машынапісны на картках, захоўваецца ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве [2]. На гісторыі гэтага варыянту каталогу трэба будзе спыніцца ніжэй. Што яшчэ важна - копіі абодвух каталогаў на мікрафільмах знаходзяцца таксама ў Аддзеле мікраформаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве [3; 4]. Рукапісны каталог мае памеры 21,5 x 26 cм і ў ім утрымліваецца 319 пазіцый. Машынапісны каталог мае памеры картак 18,5 x 23 cм і складаецца з 455 аркушаў (асобных старонак).

На арк. 1 машынапіснага варыянту каталогу маецца запіс: "lutego 1890, 24 odebrałem od JW Hr. Wł. Broel-Platera rękopism oprawny: Katalog Żegoty Onacewicza 4°wielkie kart 1-391 (wydział historyczny) i karty 1-53 (wydział mapp, gdzie niestaje 31, 33, 34, i 35) z obowiązkiem zwrócenia go o rąk własnych w całości i obliczenia kart przy zwrocie: do soboty 3 marca 1890". Ніжэй жа знаходзіцца подпіс: "A. Brückner". яшчэ ніжэй алоўкам занатавана: "oddał". Злева на маргінезе кракаўскага машынапіснага асобніка маецца яшчэ адзін важны запіс: "po zużytkowaniu proszę złożyć do Biblioteki Jagiellońskiej jako dar hr. Feliksa Platera".

Такім чынам, мы ведаем, што ў канцы ХІХ ст. машынапісны каталог знаходзіўся ва ўласнасці графа Фелікса Броэль-Плятэра, які валодаў маёнткамі Бельмонты і Опса пад Браславам. Менавіта ў Плятэраў пазычаў каталог вядомы польскі гісторык літаратуры і мовазнаўца Аляксандр Брукнер (1856-1939). І таксама зразумела, што ў Кракаў каталог, як дар Ягелонскай бібліятэцы, перадаў Фелікс Броэль-Плятэр.

Але храналагічна паміж гэтымі двума запісамі, таксама на першай старонцы, знаходзіцца яшчэ адзін запіс, зроблены яшчэ адной слыннай асобай, гісторыкам і даследчыкам Метрыкі ВКЛ Станіславам Пташыцкім (1853-1933). Запіс паведамляе, што арыгінал каталогу вернуты Аляксандрам Брукнерам і "знаходзіцца сёння ў бібліятэцы графа Фелікса Броэль-Плятэра ў Бельмонтах Ковеньскай губерні, Браслаўскага павету. Гэтая копія зробленая па просьбе графа Фелікса для публічнага ўжытку. Хто зрабіў гэты каталог, дагэтуль невядома. Увесь збор Анацэвіча я асабіста аглядаў ў Пецярбургу. Дзе ляжыць цяпер, не ведаю. Станіслаў Пташыцкі. Пецярбург 10.ХІІ(27.ХІ)[1]913".

Такім чынам, робіцца зразумелым, што Пташыцкі ведаў пра існаванне яшчэ аднаго асобніка каталогу, хутчэй за ўсё рукапіснага, які ён называе "арыгіналам" Броэль-Плятэраў. Відавочна, што гэта не той рукапісны каталог, які патрапіў у "Асалінэўм", бо на першым аркушы таго каталогу вельмі выразна напісана: Katalog zbiorów Żegoty Onacewicza ułożony przez Wiktora Kalinowskiego". І далей тым жа почыркам ідзе сам тэкст каталогу. Падобна, што Пташыцкі меў справу з каталогам, укладзеным Макарэвічам і пазней даступным даследчыку Феліксу Пагарэцкаму.

Апроч таго, Станіслаў Пташыцкі пакінуў нам яшчэ адну надзвычай важную інфармацыю - у 1913 г. у Пецярбурзе гісторык асабіста аглядаў калекцыю Анацэвіча. Значыць, да Першай Сусветнай вайны гэтая калекцыя яшчэ захоўвалася ў тым горадзе, дзе як цэльнасць і ўтварылася.

Машынапісны каталог стаў не толькі асноўнай крыніцай звестак пра калекцыю Анацэвіча, але свайго роду і гістарычнай крыніцай, якая прыцягвала ўвагу даследчыкаў - ад Аляксандра Брукнера, які праглядаў каталог у 90-х гадах ХІХ ст., да сучасных даследчыкаў [27, с. 203].

Асобна ў каталозе вылучаны матэрыялы, якія "не вызначаныя ў каталогу Анацэвіча", а таксама "Каталог бібліятэка Анацэвіча". "Каталог Анацэвіча" - гэта, магчыма, і ёсць каталог, складзены паводле даручэння ўладальніка Т. Макарэвічам.

Увесь збор Анацэвіча, паводле каталогу Віктара Каліноўскага, налічваў 74 пергамінавых дыпломаў, 540 актаў і лістоў, 128 рукапісаў, 78 карт і планаў. Такім чынам, 820 адзінак захавання. Але ж колькасць дакументаў ў каталогу Каліноўскага заўважна меншая, бо пад некаторымі пазіцыямі ў Каліноўскага аб'яднаныя некалькі дакументаў калекцыі [31, с. 48]. Уся калекцыя складаецца з 13 тэматычных раздзелаў. Праўдападобна, што гэты падзел, не заўжды вельмі выразны, быў уведзены самім Анацэвічам і толькі перанесены ў каталог Каліноўскім [27, с. 204].

Гісторыя рукапісу паэмы Стрыйкоўскага паводле каталогу Каліноўскага

Паэма Стрыйкоўскага ў калекцыі ды каталозе аднесена да раздзелу Х, які мае назву "Аўтографы". Ва ўсіх раздзелах Калекцыі сустракаюцца аўтографы гістарычных асобаў сустракаюцца, але ж найбольшая частка іх сабраная менавіта ў раздзеле Х, які захаваўся не цалкам, але ўяўляе з сябе адну з самых найкаштоўнейшых частак Калекцыі Анацэвіча [27, с. 207].

Гэты твор Стрыйкоўскага не проста адзначана ў Каталозе Каліноўскага, але яму нададзена значная ўвага ў анатацыі. У пачатку апісання Віктар Каліноўскі пазначыў, што "Rękopism znajdował się uprzednie w Bibliotece Radziwiłłowskiej, następnie był czas jakiś własnością Załuskiego, nareszcie dostał się do Żegoty Onacewicza" [8, арк. 8[-1]; 2, арк. 10]. Уся анатацыя займае чатыры аркушы (асобныя старонкі) і заканчваецца яна наступнай інфармацыяй: "Wiersz ten o porażeniu Moskwy cały następnie rękopism wypełnia od stronicy 15 do 32. Kończy się na wyrazach: "... siedm lat marssowych obrokow używał". Na końcu 32 str. napis ręką nieznajomego, pismo wybłąkłe: "To wiersze iny byly zgijnely z wielkim frasunkiem autorowym". Pod niemi Załuski też same zlewe w słowo powtarza dodając raz jeszcze na samym końcu: "ad calcem MSS. Originalis Stryjkowkiego ex Bibli. Radivill. G. 76". Michał Wiszniewski (Histor. Liter. T. 7 stron. 473) wspomina o tym poemacie, tak go nazywa, jako nie wydanym dotąd dodając ze: "Rps. Znajduje się w Bibl. Załuskiego". Dotąd w rzeczy samej nie znane" [8, арк. 8[-4]; 2, арк. 11 v.].

Прааналізуем гэтыя звесткі. Вельмі важна, што мы атрымліваем інфармацыю пра месцазнаходжанне рукапісу да таго моманту, як ён у Санкт-Пецярбурзе трапіў у калекцыю Анацэвіча. А цяпер мы можам з вельмі вялікай верагоднасцю сцвярджаць, што гэта адбылося менавіта ў Пецярбурзе.

Першае вядомае нам сховішча, у якім захоўваўся рукапіс Стрыйкоўскага - гэта Архіў Радзівілаў, названы ў анатацыі Залускага як "Бібліятэка Радзівілаў". Ужо ў XVI ст. у галоўных цэнтрах латыфундый Радзівілаў існавалі архіўныя зборы, а сама сістэма архіўнага справаводства Радзівілаўскіх калекцый была даволі дасканалаю яшчэ ў XVI-XVIІ стст. У яе аснову быў пакладзены прынцып сістэматызацыі матэрыялу паводле галоўных разнавіднасцяў дакументаў: пергаментныя прывілеі, прыватная карэспандэнцыя, публічныя справы і г. д. [15, с. 96-103; 21 с. 3-9; 22 с. 28―34] Рукапіс Стрыйкоўскага мог трапіць да збораў Радзівілаў таму, што апошнія выступалі таксама як мецэнаты паэта-храніста, які карыстаўся гасціннасцю і архівамі Радзівілаў. Але дакладней пра захаванне рукапіснага зборніка Стрыйкоўскага ў апошняй чвэрці XVI - першай паловы XVIII стст. мы не можам нічога сказаць, апроч таго, што рукапіс меў у гэтым архіве сігнатуру G. 76. Гэтую ж сігнатуру Радзівілаўскага архіва ўтрымлівае апошняя архіўная памета на рукапісу зборніка Стрыйкоўскага [1, арк. 32].

Cённяшняя структура архіўнага збору Радзівілаў, той яго часткі, што сёння захоўваецца ў Варшаве, была створана Антоніем Іваноўскім, які стаў чарговым нясвіжскім архівістам у 1908 г. А рукапіс Стрыйкоўскага ўжо ў XVIII ст. перайшоў з уласнасці Радзівілаў да Залускіх. Таму пакуль не ўдаецца асвятліць гісторыю перамяшчэння рукапісу ў Радзівілаўскіх архівах.

Пра пераход рукапісу ў калекцыю Залускіх сведчаць уласнаручныя запісы Юзафа Залускага і адзначэння гэтага факту Віктарам Каліноўскім. Тут варта крыху спыніцца на гісторыі самой бібліятэкі Залускіх.

8 жніўня 1747 г. паводле ініцыятывы братоў Юзафа Анджэя (1702-1774) і Анджэя Станіслава (1695-1758) Залускіх у Варшаве ў Данілавіцкім палацы была адчынена першая ў Рэчы Паспалітай публічная бібліятэка. Аснову бібліятэка склала асабістая калекцыя братоў Залускіх - выбітных польскіх бібліяфілаў і асветнікаў. У 1748 г. браты Залускія абвясцілі бібліятэку агульнадаступнай. Пасля ж смерці Юзафа Залускага бібліятэка перайшла ва ўласнасць дзяржавы і стала называцца Бібліятэкай Рэчы Паспалітай імя Залускіх. У 1780 г. выйшла пастанова Сейму Рэчы Паспалітай пра наданне Бібліятэцы Залускіх права на атрыманне абавязковага экземпляра ўсіх публікацый, што выходзілі ў краі. Фактычна, гэта была адна з першых у Еўропе нацыянальных бібліятэк.

Пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай Бібліятэка Залускіх была абвешчана ўласнасцю расійскага ўраду і імператрыца Кацярына ІІ распарадзілася перавезці яе ў Санкт-Пецярбург. Летам і восенню 1795 г. спачатку на падводах з Варшавы ў Рыгу, а потым морам у Пецярбург была дастаўлена кніжная і рукапісная калекцыя Залускіх, якая стала асновай для замежнага фонду Імператарскай Публічнай бібліятэкі (сёння - Расійская Нацыянальная Бібліятэка) [23, с. 88; 24, с. 221-222; 25].

Гэта прынцыповая для нашай тэмы інфармацыя. Цяпер мы разумеем, што з вывезенымі фондамі Бібліятэкі Залускіх рукапіс Стрыйкоўскага патрапіў у Санк-Пецярбург у Публічную бібліятэку, адкуль яго вынес Ігнат Анацэвіч ды ўключыў ва ўласную калекцыю.

Легендарная калекцыя (ХХ ст.)

У 1913 г. Станіслаў Пташыцкі быў апошнім, хто паведаміў пра сваё знаёмства з калекцыяй! Далей сляды яе губляюцца. І ўжо ў 1935 г., пад час VI Усеагульнага з'езду польскіх гісторыкаў у Вільні ўзнікла праблема рэканструкцыі складу калекцыі. Да гэтай тэмы з сваім рэфераце звярнуўся польскі медыевіст Фелікс Пагарэцкі, які выказаўся наступным чынам пра лёс калекцыі: "...да гэтага моманту не вядома , што з іх [збораў - А. Дз.] захавалася. Можа быць гэтыя мае росшукі спрычыняцца да адкрыцця іх рэштак" [44, T. 1, c. 414] (разрадка ў тэксце - Ф. Пагарэцкага).

У распараджэнні Пагарэцкага, апроч машынапіснай версіі Каталогу Каліноўскага (але Пагарэцкі ведаў і пра рукапісны асобнік з "Асалінэўма"), быў Каталог са збораў польскага гісторыка і архівіста, дырэктара Нацыянальнага музея ў Львове Аляксандра Чалоўскага (1865-1944). Магчыма, гэта і быў каталог, складзены ў сярэдзіне ХІХ ст. Т. Макарэвічам.

Структурны падзел калекцыі Анацэвіча паводле абодвух каталогаў супадаў (13 раздзелаў), як і колькасць дакументаў - 319. але Пагарэцкі адзначае, што "танюткі (з 13 аркушыкаў) сшытак"- каталог са збораў Чалоўскага, "быў перапісаны з мноствам памылак і перакручваннем нейкім невукам, можа ў сярэдзіне ХІХ ст." [44, T. 1, c. 415].

Сам Пагарэцкі падрабязна прааналізаваў толькі раздзелы І-IV Калекцыі Анацэвіча, таму пра рукапіс Стрыйкоўскага, які захоўваўся ў раздзеле Х, гэты даследчык нічога не напісаў.

Пасля выступу Пагарэцкага адбылася дыскусія, пратакол якой быў таксама апублікаваны [44, T. 2, c. 194-196]. У абмеркаванні лёсу калекцыі ўзялі ўдзел такія слынныя навукоўцы, як Ул. Семковіч, У. Сухадольскі, Р. Мяніцкі. Т. Таркоўскі, у прыватнасці, паведаміў, што спробы адшукаць Калекцыю Анацэвіча прадпрымаў памерлы ў 1880 г. Канстанцін Скірмунт, пра што паведамлялася ў некралогу па Скірмунту ў варшаўскім штотыднёвіку "Kłosy" (1880, nr. 790).

Гэта віленская дыскусія 1935 г. стала апошнім публічным абмеркаваннем лёсу Калекцыі Анацэвіча і яе асобных рукапісаў. Далей наступае зацішша на чарговых 44 гады. Пакуль, трэба меркаваць, у самым канцы 1970-х гадоў, у архіве Інстытута сусветнай літаратуры імя Максіма Горкага АН СССР не была выяўлена гэтая калекцыя [12, с. 12]. Там Калекцыю Анацэвіча знайшлі сярод неразабраных рукапісаў ды было прынятае рашэнне перавесці яе ў Ленінград, дзе яна і склалася. Якім чынам калекцыя трапіла ў Маскву, пакуль застаецца загадкай. Калекцыю перадалі ў Сховішча старажытнасцяў («Древлехранилище») імя Малышава Пушкінскага Дому (Інстытута расійскай літаратуры АН СССР).

Параўнанне актуальнага стану калекцыі Анацэвіча (374 адзінак захавання XV-XIX стст.) з каталогам Каліноўскага дазволіла С. Нікалаеву прыйсці да высновы, што страчанай апынулася каля адной трэці матэрыялаў калекцыі [27, с. 204]. Ахоўны вопіс калекцыі ў Пушкінскім Доме быў складзены на падставе машынапісу каталогу сярэдзіны ХІХ ст.

Між тым, рукапіс паэмы Стрыйкоўскага прыцягнуў увагу даследчыкаў адразу. Расійскія філолагі, супрацоўнікі Пушкінскага Дому В. Баскакаў і Аляксандр Панчанка, у газетным артыкуле "Таямніцы старых папак", прысвечаным калекцыі і яе перавозу ў Ленінград, асобна адзначылі: "Паэзія польскага Рэнесансу прадстаўлена невядомай паэмай Мацея Стрыйкоўскага, буйнейшага пісьменніка тае эпохі" [11, с. 6]. Увогуле, раптоўная знаходка гэтай неацэннай калекцыі выклікала цікаваць прэсы ў Савецкім Саюзе і ў Польшчы. Апроч галоўнай партыйнай газеты "Правда" пра гэта напісала "Życie Warszawy" (22/23.ІХ.1979). Па слядах гэтых публікацый польскі філолаг Наталля Івашкевіч здолела на месцы пазнаёміцца з матэрыяламі, але не вывучаючы іх. Яе артыкул з часопіса "Litaratura" [40, с. 12-13] быў перадрукаваны іншай польскай прэсай [41]. Паміж іншага, Наталля Івашкевіч бачыла і рукапіс паэмы Стрыйкоўскага і палічыла яго цалкам аўтографам аўтара XVI ст. Аглядны артыкул пра ўсю новаздабытую калекцыю змясціў у часопісе "Literatura radziecka" таксама расійскі паланіст Сяргей Нікалаеў [42, c. 150-153].

Цікавасць да Калекцыі Анацэвіча была зноў узбуджаная сярод навукова-гуманітарнай грамадскасці. Але самі матэрыялы калекцыі заставаліся не на шмат больш даступнымі.

Найноўшы этап даследавання

Большая частка ХХ ст. - гэта "цьмяныя гады" для Калекцыі Анацэвіча, на працягу якіх назапасіўся і пэўны аб'ём недакладнай інфармацыі пра яе матэрыялы. Так, напрыклад, Юлія Радзішэўская, калі рыхтавала да выдання працу Стрыйкоўскага " O początkach", то меркавала, што паэма " Бітва пад Улай" была напісаная на лаціне і падавала яе тытул наступным чынам: " “De clade 30 milium Russorum cum Petro Szoyski Palatino Polocensi in campo Ivanensi ad fluvium Ulam,… Anno 1564” [52, c. 6]. Хутчэй за ўсё, Радзішэўская карысталася каталогам Бібліятэкі Залускіх, бо піша далей, што да інвентара Юзафа Залускага гэты твор быў запісаны як пазіцыя № 31. Залускі зрабіў лацінамоўны каталог, адпаведна і ўяўленне пра паэму склалася, як лацінамоўную.

Але перавезеныя ў Пушкінскі Дом матэрыялы Калекцыі Анацэвіча яшчэ працяглы час заставаліся недаступнымі для даследчыка з па-за Пушкінскага Дому - пакуль матэрыялы разбіраліся архівістамі. Найвядомейшы на сёння знаўца творчасці Мацея Стрыйкоўскага прафесар Універсітэту імя Адама Міцкевіча ў Познані Збыслаў Вайткавяк у сваёй манаграфіі пра біяграфію паэта-храніста адзначаў, што ў 1980 г. ён двойчы (у маі і жніўні) пісаў у Пушкінскі Дом з просьбай вырабіць фотакопіі рукапісу, але не атрымаў адказаў [54, с. 181, заўвага. 713].

У Беларусі актуалізацыя ведаў пра рукапіс паэмы Стрыйкоўскага ёсць заслугай гродзенскага гісторыка Альбіны Семянчук. У чэрвені 1999 г і верасні 2003 г., як вынікае з "Аркуша выкарыстання рукапісу", яна змагла азнаёміцца з помнікам. У энцыклапедычных артыкулах пра Мацея Стрыйкоўскага Альбіна Семянчук змясціла звесткі пра сам рукапіс, з указаннем таго, што ён знаходзіцца ў Пушкінскім Доме [33, с. 432; 32, с. 638]. А ў сваёй працы пра ўдзел Стрыйкоўскага ў Інфлянцкай вайне даследчыца адзначыла, што "на жаль, гэты рукапіс, які мог бы даць шмат цікавай і, магчыма, невядомай інфармацыі аб бітве, вельмі пашкоджаны і таму амаль не чытаемы" [34, с. 344]. У 2008 г. Альбіна Семянчук агучыла на канферэнцыі, прысвечанай Ігнату Анацэвічу, а і потым апублікавала даволі падрабязны агляд Калекцыі Анацэвіча, базуючыся на Каталозе Каліноўскага і рэканструкцыі Пагарэцкага [31, с. 45-57].

Аўтар гэтых радкоў ад 2008 г. вядзе планамернае вывучэнне рукапісу Стрыйкоўскага. На базе прадастаўленых мною архіўных матэрыялаў і паводле дамоўленасці са мною ў чэрвені 2009 г. праф. Вайткавяк зрабіў паведамленне на пасяджэнні Познанскага аддзелу Польскага Навуковага Таварыства і ў 2010 г. апублікаваў тэкст дакладу ў выглядзе брашуры, дзе прааналізаваў структуру рукапісу [55, с. 18-66].

У дадзены момант рукапіс паэмы Стрыйкоўскага рыхтуецца да публікацыі. Заканчваецца "дэтэктыўны" - прыхаваны і міфічны, - этап існавання гэтага тэксту. А яго публікацыя несумненна стане не толькі ўнёскам ў вывучэнне пісьменства Вялікага Княства Літоўскага, але і прыўнясе новы фактычны матэрыял для вывучэння гісторыі нашага рэгіёну Еўропы ў XVI cт.


Спіс крыніц і літаратуры

Архівы:

1. Пушкинский Дом (Санкт-Петербург). Древлехранилище. Коллекция Онацевича. Х, 33 («Зборнік Стрыйкоўскага»).

2. Biblioteka Jagiełłońska (Kraków). Rkps. 6767 II. Katalog rękopisów, dokumentów i map, które znajdowały się w bibliotece Żegoty Onacewicza w Petersburgu. Maszynowy odpis oryginału z biblioteki Feliksa Broel Platera w Belmincie na Litwie, sporządzony na polecenie właściciela rękopisu przez Wiktora Kalinowskiego.

3. Biblioteka Narodowa (Warszawa). Zbiory mikrofilmowe . Mf. 26193 (Rps. Ossolińskich 2895/II). Katalog zbiorów Żegoty Onacewicza ułożony przez Wiktora Kalinowskiego.

4. Biblioteka Narodowa (Warszawa). Zbiory mikrofilmowe. Mf. 43834 (Rps. BJ 6767 II). Katalog rękopisów, dokumentów i map, które znajdowały się w bibliotece Żegoty Onacewicza w Petersburgu. Odpis sporządzony przez Wiktora Kalinowskiego.

5. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich (Wrocław). Rkps. 2194/I. Pobieżnie skreslona wiadomość o rękopisach zbioru Wiktora Kalinowskiego.

6. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich (Wrocław). Rkps. 2241/II. Katalog książek pozostalych w Petersburgu po śp. Wiktoże Kalinowskim. 1864 r.

7. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich (Wrocław). Rkps. 2432/II. Korespondencja Augusta Bielowskiego. T. 2.

8. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich (Wrocław). Rkps. Ossolińskich 2895/II. Katalog zbiorów Żegoty Onacewicza ułożony przez Wiktora Kalinowskiego.


Літаратура:

9. [Анацэвіч І.] Урывак з падарожных запісак прафесара Віленскага універсітэта Ігната Анацэвіча пад час праезду яго праз адну частку Гродзенскай губерні ў ліпені і жніўні 1822 года // Габрусевіч С. А., Марозава С. В. ПрафесарІгнатАнацэвіч.Жыццё.Спадчына:гістарычнынарыс. - Гродна: ГрДУ, 2005. - С. 175-180.

10. [Анацэвіч І.] Уступ да працы Яна Альбертрандзі "Праўленне Генрыха Валуа і Стэфана Баторыя, каралёў польскіх" // Габрусевіч С. А., Марозава С. В. ПрафесарІгнатАнацэвіч.Жыццё. Спадчына: гістарычны нарыс. - Гродна: ГрДУ, 2005. - С. 181-183.

11. Баскаков В., Панченко А. Тайны старых папок // Правда. - 1979, 21 сент. - С. 6.

12. Бударагин В. П., Маркелов Г. В. Новые поступления в Древлехранилище Пушкинского Дома // Древнерусская книжность: По материалам Пушкинского Дома. Сб. науч. тр. / Отв. ред. А. М. Панченко. - Ленинград: Наука, 1985. - С. 5-15.

13. Васильев В. Ещё о руссах // Северная пчела. - 1860. - № 161. - С. 659-660.

14. Габрусевіч С. А., Марозава С. В. ПрафесарІгнатАнацэвіч.Жыццё. Спадчына: гістарычны нарыс. - Гродна: ГрДУ, 2005. - 216 c.

15. Дзярновіч А. І. Архівы Радзівілаў // Дзярновіч А. І. "…innostra Livonia". Дакументальныя крыніцы па гісторыі палітычных адносінаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Лівоніяй у канцыXV- першай паловеXVI cт.: Сістэматызацыя і актавы аналіз / НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. - Т. І. - Мн.: Athenaeum, 2003. - С. 96-103.

16. Иконников В. С. Опыт русской историографии. - Киев, 1892. - Т. I. - Кн. 2. - [6], 883-1540, CCXXIII-CCCLXXII, [2], 150, Х с.

17. К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия / Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии - фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. - Мн.: Беларусь, 1988. - 208 с.

18. Костомаров Н. И. Автобиография / Под ред. В. Котельникова. - М.: Задруга, 1922. ("Библиотека мемуаров"). - 440 с.

19. Лабынцев Ю. А. Книжное наследие Н. П.Румянцева. - М.: Наука, 2004. - 208 c.

20. Лабынцев Ю. А. «На благое просвещение». - Мн.: НББ, 1999. - 147 c.

21. Латушкін А. М. Нясвіжскі архіў князёў Радзівілаў у XV ― першай палове ХХ ст.: гістарыяграфія і крыніцы // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. - Cер. 3: Гісторыя. Філасофія. Псіхалогія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Права. - 2006. - № 2. - C. 3-9.

22. Латушкін А. М. Нясвіжскі архіў Радзівілаў // Клио: грани истории. Минск: НИО, 2007. - С. 28―34.

23. Люблинская А. Иностранные исторические фонды Государственной Публичной библиотеки им. Салтыкова-Щедрина // Исторический журнал. - 1944. - Кн. 12. - С. 88-89.

24. Люблинская А. Д. Иностранные исторические фонды Публичной библиотеки / Публикация Л. Б. Вольфцун // Публичная библиотека и культура. Три века истории. Документы, материалы, исследования. - СПб.: РНБ, 2006. - Вып. 1. - С. 212-228.

25. Моричева М. Д. Библиотека Залусских и Российская национальная библиотека. - СПб.: РНБ, 2001. - 214 с.

26. Нікалаеў, Мікола. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў: Гісторыка -літаратурны зборнік. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. - [Вып. 1]. - С. 206-211.

27. Николаев С. Н. О коллекции Игнатия Онацевича // Духовная культура славянских народов. Литература, фольклор, история: Сб. статей к IX Международному съезду славистов / АН СССР, Институт русской литературы (Пушкинский Дом). - Ленинград: Наука, Ленингр. отд., 1983. - С. 197-209.

28. О-ч Я. Несколько слов об Игнатии Онацевиче // Санкт-петербургские ведомости. - 1860. - № 209. - С. 1096.

29. Онацевич И. Отрывок из путевых записок профессора Виленского университета Игнатия Онацевича во время проезда его через одну часть Гродненской губернии в июле и августе 1822 г. // Северный архив. - 1822. - Декабрь, № 24. - С. 474-485

30. Семянчук А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі . -Гродна: ГрДУ, 2000. - 161 с.

31. Семянчук А. А. Калекцыя прафесара Ігната Анацэвіча ў "Пушкінскім Доме" // Ігнат Анацэвіч: жыццёвы шлях, педагагічная і навуковая спадчына. - Гродна: ГрДУ, 2008. - С. 45-57.

32. Семянчук, Альбіна. Стрыйкоўскі Мацей // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. - Т. 2. - Мн.: БелЭн, 2006. С. 638.

33. Семянчук, Альбіна. Стрыйкоўскі Мацей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. - Т. 6. - Кн. 1. - Мн.: БелЭн, 2001. С. 432-433.

34. Семянчук, Альбіна. Удзел Мацея Стрыйкоўскага ў Інфлянцкай вайне // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац. - Баранавічы: БУД, 2002. - С. 342-348.

35. Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / АН СССР, Ин-т истории. - М.: Наука, 1973. - 304 c.

36. Шалькевич В. Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биографии. - Мн.: Университетское, 1988. - 240 с.

37. Albertrandy, Jan Chrzciciel. Panowаnie Henryka Walezynsza i Stefana Batorego. - Warszawa: Nakł. i drukiem A. Brzeziny, 1823. - T. 1-2.

38. Albertrandy, Jan Chrzciciel. Panowanie Kazimierza, Jana Alberta i Aleksandra Jagielloczyków, królów polskich i w. ksiąząt litewskich / Wydał Żegota Onacewicz. - Warszawa: Nakł. i drukiem A. Brzeziny, 1827. - T. 1-2.

39. Iwaszkiewicz J. Ignacy Żegota Onacewicz - historyk Litwy. Z dziejów dawnego Uniwersytetu Wileńskiego // Studia i materiały z dziejów nauki polskiej. - 1961. - Ser. A. - Z. 4. - S. 41-126.

40. Iwaszkiewicz, Natalia. Na tropach sensacyjnego odkrycia. Bezcenne polonica // Literatura. - 1979. - Nr. 51/52. - S. 12-13.

41. Iwaszkiewicz, Natalia. Na tropach sensacyjnego odkrycia. Bezcenne polonica // Express Poznański. - 1980. - Nr. 28, 29, 30.

42. Nikołajew S. Odkrycie starej kolekcji // Literaturaradziecka. - 1980. - Nr. 12. - S. 150-153.

43. Onacewicz I. Krótki rys dziejów Litwy // Albertrandy, Jan Chrzciciel. Panowanie Kazimierza, Jana Alberta i Aleksandra Jagielloczyków, królów polskich i w. ksiąząt litewskich / Wydał Żegota Onacewicz. - Warszawa: Nakł. i drukiem A. Brzeziny, 1827. - T. 1. - S. I-XXI.

44. Pohorecki F. Teki i zbiory Żegoty Onacewicza (Próba rekonstrukcji) // Pamiętnik VI Powszechnego Zjazdu Historyków Polskich w Wilnie. 17-20 września 1935 r. - Lwów: Nakładem Polskiego Towarzystwa Naukowego, 1935. - T. 1: Referaty. S. 414-424; Т. 2: Protokoły. - S. 194-196.

45. Ptaszycki St. Wiadomość bibliograficzna o rękopisie nieświeskim Kroniki Macieja Stryjkowskiego // Pamiętnik literacki. - Lwów, 1903. - Rok 2. - Zeszyt. 2. - S. 220-246.

46. S[obieszczański] F. M. Wiadomość o zbiorze atlasów i map Ignacego Onacewicza // Biblioteka warszawska. - 1849. - T. 3. - S. 406-407.

47. Stryjkowski M. Genealogia albo krotkie opisanie wielkich książąt litewskich y ich wielkich a mężnych spraw wojennych, uczynione niegdy przez Matysa Stryjkowskiego, a teraz odnowione, y znowu na świat wydane przez Samuela Dowgirda... - Lubcz, w Drukarni Piotra Blastusa Kmity, 1626. - K. nlb. 23.

48. Stryjkowski M. Goniec cnoty. - Kraków, 1574.

49. Stryjkowski M. Kronika Macieja Stryjkowskiego niegdyś w Królewcu drukowana. - Warszawa: Drukarnia Societatis Jesu, 1766. - IX, 360 s.

50. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Zmodzka i Wszystkiej Rusi Macieja Stryjkowskiego. Wydanie nowe, będące dokładnem powtorzeniem wydania pierwotnego krolewieckiego z roku 1582, poprzedzone Wiadomością o życiu i pismach Stryjkowskiego przez Mikołaja Malinowskiego, oraz Rozprawą o latopiscach Ruskich przez Daniłowicza, pomnożone przedrukiem dzieł pomniejszych Stryjkowskiego według pierwotnych wydań. - Warszawa: Nakład Gustawa Leona Glucksberga, Księgarza, 1846. - T. I-II.

51. Stryjkowski M. Ktora przedtym nigdy światła nie widział a Kronika Polska ,Litewska ,Zmodzka, y wszystkiey Rusi Kijowskiey, Moskiewskiey, Siewierskiey, Wołynskiey, Podolskiey, etc. Y rozmaite przypadki woienne y domowe, Pruskich, Mazowieckich, Pomorskich, y inszych krain Krolestwu Polskiemu y Wielkiemu Xięstwu Litewskiemu przyległych, według istotnego y gruntownego zniesienia pewnych dowodow z rozmaitych Historikow y Autorow postronnych, y domowych, y Kijowskich, Moskiewskich, Sławańskich, Liflantskich, Pruskich starych, Dotąd ciemnochmurną nocą zakrytych Kronik, y Latopisczow Ruskich, Litewskich, y Dłvgosza Oyca dzieiow Polskich z inszymi, z wielką pilnością y węzłowatą pracą (Osobliwie około Dzieiow Litewskich y Ruskich od żadnego przedtym niekuszonych) Przez Macieia Osostewiciivsa Striykowskiego dostatecznie napisana, złożona, y na pierwsze swiatło z wybadanim prawdziwie dowodney starodawności własnym wynalezienim, przeważnym dochcipem, y nakładem nowo wydzwigniona przez wszystki starożytne wieki, aż do dzisieyszego Roku 1582. A tu przod wszystkich ile ich kolwiek iest ludzkich na Swiecie Narodow gruntowne wywody. Z łaską y Priwileiem Kro: J: M:. - Drukowano w Krolewcu v Gerzego Ostenbergera: M.D.LXXXII. - Fol., k. tyt. i k. 20 nlb.; str.1+791.

52. Stryjkowski M. O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego, przedtym nigdy od żadnego ani kuszone, ani opisane, z natchnienia Bożego a uprzejmie pilnego doświadczenia / Opracowała J. Radziszewska. - Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1978. - 764 s.

53. Stryjkowski M. O wolnosci Korony Polskiey, y Wielkiego Xięstwa Litewskiego, a o srogim zniewoleniu inszych Krolestw pod tyrańskim iarzmem Tureckim: y o rokoszu ninieyszego tyrana Tureckiego Amurata, y wszystkich Krolow domu Ottomańskiego, krotki a skuteczny wywod: tudziesz ktorymby sposobem ta zła moc pogańska vkrocona być mogła. Matysa Strykowskiego przestroga, w Konstantynopolu, według czasu istnie gwoli oycżyznie napisana. - Kraków: Drukarnia Mikołaj Szarffenberger, 1575. - 88 s.

54. Wojtkowiak, Zbyslaw. Maciej Stryjkowski-dziejopis Wielkiego Księstwa Litewskiego.Kalendarium życia i działalności. - Poznań: UAM, 1990. - 248 s. (Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Ser. Historica. Nr. 169).

55. Wojtkowiak, Zbyslaw. Odnaleziony tekst Macieja Stryjkowskiego o bitwie z Moskwą 1564 roku i inne rewelacje w zbiorach rosyjskich i nie tylko. - Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2010. - 114 s. (Biblioteczka Źródłoznawcy. Nr. 2).



Олег Дернович

"Неизвестный Стрыйковский":
История рукописи поэмы «Битва под Улой» (1564 г.) в собраниях Пушкинского Дома в Санкт-Петербурге

Резюме

Эта детективная история посвящена приключениям одной рукописи - неопубликованной поэме Матея Стрыйковского « Битва под Улой» (1564 г.). Стрыйковский был по происхождению поляком, но приехавший в 16-летнем возрасте в Великое Княжество Литовское, он стал патриотом этого государства. Более того, именно Стрыйковскому принадлежит авторство первой опубликованной истории Великого Княжества Литовского « Kronika Polska, Litewska, Zmodzka i Wszystkiej Rusi» (1582). Поэма « Битва под Улой» (в польском оригинале: « Wiersz o Porazeniu 30000 Moskwy») является одним из наиболее ранних произведений Стрыйковского и посвящена победе войск Великого Княжества Литовского под руководством Миколая Радзивилла и Григория Ходкевича над превосходящими силами московского воеводы Петра Шуйского (точно соотношение сил противников остаётся дискуссионным). Битва произошла в январе 1564 г. на реке Уле недалеко от Чашник (Северная Беларусь).

Первоначально рукопись находилась в распоряжении Радзивиллов в архиве Несвижского замка. В середине XVIII в. рукопись перешла в собственность польских меценатов и основателей Национальной библиотеки братьев Залуских. В 1795 г. после ликвидации Речи Посполитой библиотека Залуских была вывезена в Санкт-Петербург, где стала основой для иностранного фонда Императорской Публичной библиотеки (сейчас: Российская Национальная Библиотека). У 1834-1845 гг. в Петербурге жил и исследовал рукописи бывший профессор Виленского Университета Игнат (Жегота) Онацевич. Среди беспорядочно сваленных материалов из новоприобретённых западных провинций России Онацевич нашёл рукопись Стрыйковского и позаимствовал для своей коллекции. После смерти Онацевича его уникальная коллекции переходит к наследникам, а в дальнейшем её следы постепенно теряются. В ХХ в. коллекция Онацевича и рукопись поэмы Стрыйковского стали легендой в научной среде. В 1970-х годах неожиданно коллекция была обнаружении в Москве в архиве Института всемирной литературы, а в конце 1970-х передана в Институт русской литературы («Пушкинский Дом») в Ленинграде (Петербурге). Начинается постепенной изучение коллекции и рукописи.


Aleh Dziarnovich

"Unknown Stryjkowski":
The History of the Manuscript of "The Battle of Ula" Poem (1564) in the Collections of the Pushkin House in St. Petersburg

Abstract

This detective story is devoted to the adventures of Maciej Stryjkowski's unpublished " The Battle of Ula" Poem (1564). Stryjkowski was a Pole. But having arrived in the age of sixteen in the Grand Duchy of Lithuania, he became a patriot of this country. Moreover, Stryjkowski wrote the first published history of the Grand Duchy of Lithuania: « Kronika Polska, Litewska, Zmodzka i Wszystkiej Rusi» (1582). " The Battle of Ula" poem (in Polish original: « Wiersz o Porazeniu 30000 Moskwy») is one of the earliest Stryjkowski's work. The poem is dedicated to winning the army of the Grand Duchy of Lithuania under the leadership of Nicholas Radziwill and Gregory Chodkiewicz over the superior forces of the Moscow governor Peter Shuysky (the exact ratio of the enemy remains debatable). The battle took place in January 1564 on the Ula river near Čašniki (Northern Belarus).

Initially, the manuscript was owned by Radziwill in the Archives of Niasviž castle. In the middle of the 18 th c. the manuscript was acquired by Polish patrons and founders of the National Library of brothers Załuski. In 1795, after the elimination of the Commonwealth, the Załuski Library was moved to St. Petersburg, where it became the basis for a foreign fund of the Imperial Public Library (now: The Russian National Library). In 1834-45 former of the Wilno University professor's Ignat (Żegota) Onacewicz lived and studied manuscripts in St. Petersburg. Among randomly piled material from newly acquired western provinces of the Russian Empire Onacewicz found the Stryjkowski's manuscript and "borrowed" for their own collection. After Onacewicz's death his unique collection passed to heirs, and in the future it should be gradually lost. In the 20 th c. the Onacewicz's collection and the manuscript of the Stryjkowski's poem became a legend in scientific and humanitarian midst. Suddenly, about 1970 the Onacewicz's collection was found in Moscow in the Institute of World Literature archives. About 1979 the collection was transferred to the Institute of Russian Literature ( Pushkin House) in Leningrad (now St. Petersburg). Begins a gradual learning collections and manuscripts.



[1] Архіўная праца па тэме артыкула стала магчымай дзякуючы падтрымцы Музея Гісторыі Польшчы (Muzeum Historii Polski).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX