Вярнуцца: Дзярновіч Алег

Ці існаваў феадальны горад


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 15-04-2012,
Крыніца: Гістарычная ўрбаністыка: асновы метадалогіі і крыніцазнаўчая база : зб. навук. арт. Гродна, 2011. С. 31–38.

Спампаваць




УДК 94(476): 930.2

Алег Дзярновіч (Мінск)

ЦІ ІСНАВАЎ ФЕАДАЛЬНЫ ГОРАД?
НЕКАТОРЫЯ МЕТАДАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ДАСЛЕДАВАННЯ ЎРБАНІСТЫЧНЫХ СУПОЛЬНАСЦЯЎ ПОЗНЯГА СЯРЭДНЯВЕЧЧА І РАННЯГА НОВАГА ЧАСУ

Автор статьи делает вывод - если признать существование феодализма как систему социальной организации, то средневековый город (а в случае с историей Беларуси и город раннего Нового времени), был неделимой и неотъемлемой частью этой системы. Прогресс города был, в таком случае, и прогрессом феодализма.

Праблема, пазначаная ў назве, мае падвойнае вымярэнне: 1) Чым, уласна, ёсць феадалізм? 2) Якое месца ў ім займае горад? Апошняе пытанне можна яшчэ канкрэтызаваць: ці ёсць горад арганічнай структурай у рамках феадалізму, ці, наадварот, выламываўся і выпадаў з яго?

Феадалізм?

Эпоха паміж Антычнасцю і Новым часам, як бы не вагаліся яе храналагічныя межы, застаецца трывала павязанай з паняццем "феадалізм", у якім працягваюць бачыць палітычную, прававую, эканамічную і сацыяльную квінтэсенцыю Сярэднявечча [2, c.843]. Апроч таго, паняцце феадалізму валодае таксама пераважна пейаратыўнай афарбоўкай, гэта значыць, што ўтрымлівае ў сябе негатыўную ацэнку, асабліва ў ацэнцы развіцця эканомікі і сацыяльнай структуры грамадства.

Само ж паняцце "феадалізм" пачало выкарыстоўвацца англійскімі юрыстамі толькі ў XVII ст. - як тэрмін судовай практыкі. Ужо ў XVIII ст. французскі гісторык Анры дэ Буленвілье і яго суайчыннік філосаф і правазнаўца Шарль-Луі дэ Мантэск'ё ўжылі тэрмін "феадалізм" як грамадска-палітычнае паняцце. Такім чынам, дзякуючы найперш французскай гістарыяграфіі XVIII - ХІХ стст., паўстала разуменне феадалізму, як асаблівым этапе сацыяльна-эканамічнай гісторыі, што адпавядаў у Еўропе Сярэднявеччу.

Тэрмін "феадалізм" паходзіць ад лацінскага "feodum" - так у заходнееўрапейскіх краінах называлі адну з формаў буйнога землеўладання. У французскай мове слова "феод" гучала як "фьеф", а ў нямецкай яму адпавядала паняцце "лен". І за галоўнаю прыкметаю феадалізму гісторыкі XVIII ст. прызнавалі васальна-ленную сістэму - так называлі форму адносінаў унутры пануючага ў грамадстве сацыяльнага слоя, пры якой вышэйстаячы яе прадстаўнік (сеньёр) дараваў зямлю і прадастаўляў пратэктарства (апякунства) іншаму прадстаўніку гэтага слоя, які знаходзіўся ніжэй на іерархічнай лесвіцы гэтага слоя (васалу). Падобныя падараванні адбываліся з умоваў вайсковай службы васала і называліся феодам / фьефам ці ленам.

У выніку, такую сістэму арганізацыі грамадскіх адносін, якую мы прызвычаіліся называць феадалізмам, у сваёй класічнай форме гісторыкі ХІХ ст. убачылі ў Францыі ў ХІ - ХІІ стст. Феадальная сістэма грамадства будуецца зусім не на прыгоннай залежнасці сялянаў, якую нават не ведалі некаторыя еўрапейскія краіны, напрыклад, скандынаўскія, а на буйной зямельнай ўласнасці і іерархічнай сістэме арганізацыі ўнутры самога класу землеўласнікаў. Прыгоннае сялянства магло быць толькі атрыбутам феадалізму, а наяўнасць сеньёраў і васалаў, ды плюралізм зямельнай уласнасці і складае сутнасць гэтай сістэмы.

Асобна трэба адзначыць тыя актыўныя дыскусіі адносна сутнасці сацыяльнага ладу Русі ІХ - ХІІІ стст. і на тэрыторыі Расіі ў XIV - XVI стст., якія адбываліся ў расійскай і савецкай гістарыяграфіях ХІХ-ХХ стст. Гэтыя дыскусіі мелі праекцыю на разуменне сацыяльнай гісторыі ўсёй Усходняй Еўропы на працягу Сярэднявечча і Новага часу. Тэматычная скіраванасць дадзенага артыкула не дазваляе заглыбіцца ва ўсю аргументацыю ўдзельнікаў тых дыскусій. Але самы важныя пункты абазначым.

Расійская гістарыяграфія ХІХ ст. прызнавала наяўнасць буйной зямельнай уласнасці ў XV - XVI стст. З "феодам" адны аўтары атаясамлялі ўзніклае ў канцы XV ст. расійскае " поместье" (форму ўмоўнага землеўладання з абавязкам службы), іншыя даследчыкі бачылі "феоды" ў княскіх "удзелах". Увогуле ж гісторыкі ХІХ ст. звярталі ўвагу на спецыфіку развіцця Расіі і сам тэрмін "феадалізм" толькі зрэдку прыкладалі да расійскай гісторыі. Тым часам, у гістарыяграфіі заходняга Сярэднявечча ўмацоўваецца ўяўленне пра другую, апроч васальна-леннай сістэмы, іпастась феадалізму, у якасці якой выступае буйная зямельная ўласнасць. І вось ў пачатку ХХ ст. з'яўляецца канцэпцыя Мікалая Паўлава-Сільванскага, які настойліваў на наяўнасці ў Русі ХІІІ - XVI стст. асноўных рыс феадалізма, што прызнаваліся ў тагачаснай навуцы. Сеньёрыі гісторык бачыў у "баяршчыне" (так Паўлаў-Сільванскі называў баярскае землеўладанне) [10, c.54-56], а таксама прызнаваў наяўнасць васальна-леннай сістэмы [8, c.120-128].

У савецкай гістарыяграфіі была ўспрынята марксісцкая канцэпцыя пра сацыяльна-эканамічныя фармацыі, адной з якіх і быў феадалізм. І ўжо ў 1932 г. Барыс Грэкаў выступіў з гіпотэзай, што феадалізм на Русі ўмацаваўся ўжо ў ІХ - Х стст. Праблема ж палягае ў тым, што па ІХ ст. няма ніякіх звестак пра наяўнасць на Русі буйнога прыватнага землеўладання. Толькі ў сярэдзіне - другой палове Х ст. мы сустракаем адзінкавыя звесткі пра сёлы, што належaлі кіеўскім князям. І толькі ў ХІ ст. з'яўляюцца звесткі, якія дазваляюць казаць пра развіццё княскага землеўладання. Падобны парадокс мусілі былі вырашыць дыскусіі ў пасляваеннай савецкай гістарыяграфіі. У 1953 г. Леў Чарапнін вылучыў тэзіс пра панаванне на Русі Х - ХІ стст. не прыватна-вотчыннай ўласнасці, а "вярхоўнай уласнасці дзяржавы". Сам жа гэты тэрмін быў узяты ў Карла Маркса, які выкарыстоўваў яго адносна ўсходніх сярэднявечных грамадстваў. Яшчэ адным з адказаў на "метадалагічную пастку" феадалізма стала канцэпцыя Ігара Фраянава, паводле якой на Русі да мангольскага нападу існаваў бяскласавы лад, што грунтаваўся на самакіраванні гарадоў-дзяржаў абшчыннага тыпу.

У 1994 г. па "класічнай мадэлі" феадалізму быў нанесены метадалагічны ўдар. Англійская даследчыца Сьюзан Рэйнальдс выпусціла сваю кнігу "Фьефы і васалы" [12], дзе пераканаўча паказала, што сеньёрыя-фьеф як прывілеяваная ўласнасць, абумоўленая службай, стала рэальнасцю ў Заходняй Еўропе толькі ў ХІІ ст. Да гэтага ж часу пераважалі адносіны не васалітэту, а падданства. "Класічная мадэль" феадалізму - сеньёрыяльны лад з развітай васальнай сістэмай, - у "поўнай" сваёй форме апынаецца тэарэтычный пабудовай ці, нават, фікцыяй. Такім чынам, даследчыкі заходняга Сярэднявечча выявілі тыя рысы арганізацыі грамадства і сацыяльнага ладу, якія былі даўно зафіксаваныя ва Ўсходняй Еўропе. С'юзан Рэйнальдс выказвае сумневы адносна далейшай прыдатнасці канцэпта "феадалізм" і таго зместу, якім гэтае паняцце напаўняецца гісторыкамі.

У сваю чаргу, Арон Гурэвіч адзначаў неўпарадкаванае і складанае сацыяльнае жыццё Сярэднявечча. Гісторык меркаваў, што было б аднабаковым разглядаць сацыяльныя працэсы перыяду ранняга Сярэднявечча выключна ці галоўным чынам праз прызму "генезіса феадалізму" [2, c.853], якое заганяе нас у апрыёрнае ложа генералізацый. Сярэднявечная еўрапейская цывілізацыя зусім не вычэрпваецца сваёй феадальнай іпастассю. Апроч леннага ладу, васалітэту таксама існавалі тыя формы чалавечага соцыуму, якія выходзілі па-за рамкі феадальных структур. Важна памятаць пра сацыяльную шматукладнасць сярэднявечнага свету. У гэтым свеце побач з феадальнымі ваенна-палітычнымі і прававымі структурамі былі шырока распаўсюджаныя рабства і, разам з тым, найманая праца. Асаблівую ролю ў функцыянаванні і трансфармацыі грамадства выконваў горад, прырода якога, паводле Гурэвіча, па сваёй сутнасці вельмі далёкая ад феадалізму.

На сённяшні дзень вынік дыскусіі можна падсумаваць наступным чынам - у сваім поўным напаўненні феадалізм ёсць тэарэтычнай абстракцыяй. Усё ж, ці ёсць сэнс адмаўляцца ад гэтай метадалагічнай канструкцыі? Калі так паступіць, то ўся хісткая канструкцыя, з дапамогай якой мы можам разглядаць такую працяглую эпоху, разваліцца. Тым больш, што ўсё ж пэўныя тэндэнцыі ў сферы канцэнтрацыі зямельнай ўласнасці і выбудовы адпаведнай сацыяльнай іерархіі прасочваюцца ў гэтую эпоху. Рэчаіснасці адпавядае не гамагеннасць паказчыкаў, як у ідэальным тыпе, а гетэрагеннасць, варыяцыя паказчыкаў.

Феадальны горад?

Іншая, не менш важная метадалагічная праблема заключаецца ў тым, ці быў сярэднявечны горад арганічнай часткаю тых працэсаў, што развіваліся ў сярэднявечнай Еўропе, альбо развіццё гарадской цывілізацыі - гэта адрозны, раўналеглы ці канфлікты да феадалізму працэс? Гэтая праблема мае яшчэ адно вымярэнне - ці была гарадская акруга антыподам сярэднявечнага гарадскога свету, альбо часткаю ўзаемазвязанай сістэмы, якую ўзначальваў горад? Калі так, то ці можна прыняць тэзу, што ўзаемаадносіны горада і акругі рэалізоўваліся як сувязі камуны (абшчыны) і сеньёрыі, і што сфера дзеяння васальных адносін аб'ядноўвала і першую, і другую з'явы? [9, c.81].

Трэба адзначыць, што найчасцей горад, яго абшчына і эканамічна-гандлёвыя функцыі горада разглядаліся як антытэза феадалізму. Вельмі канцэнтравана думкі пра асобную прыроду гарадоў выказаў яшчэ ў 1910 г. расійскі даследчык заходнееўрапейскага Сярэднявечча Анатоль Спаскі: "...горад і яго жыхары нядоўга застаюцца пад уціскам феадальнага прыгнёту, уступаюць у энергічную барацьбу з феадаламі, дамагаюцца сабе самастойнасці і, такім чынам, робяцца трэцяй дзеючай сілай ва ўтварэнні заходніх дзяржаў" [11, c.249-250]. Другімі такімі сіламі расійскі гісторык бачыў свецкую і духоўную арыстакратыю ды віланаў (залежнае сялянства), "якое падпарадкоўваецца таму ж закону феадалізацыі". А "гістарычную прычыну" вызвалення гарадоў Спаскі бачыў у тым эканамічным і сацыяльным перавароце, які адбыўся паміж Х і ХІІ стст., "у адраджэнні працы і вытворчасці ва ўсіх формах, што абудзілі Еўропу ад сна". І далей: "Пачынаючы ад Х ст. феадальны свет арганізуецца: сярод усеагульнага раздраблення ўсяляецца адносны парадак" [11, c.259]. І, як вынік, "вызваленне гарадоў абмяжоўвала феадалізм, аслабляла сілу феадальных сеньёраў і вырывала з іх рук вельмі значную частку ўлады". Бо, паводле Спаскага, побач з феадальным ладам гэтае вызваленне гарадоў стварыла зусім новую палітычную з'яву - гарадскую грамаду, "якая ніяк не магла змясціцца ў рамках гэтага ладу". Паводле гэтай канцэпцыі, кожны поспех сярэдняга саслоўя быў ударам для феадалізму. А "адраджэнне заходне-еўрапейскіх гарадоў і ўзнікненне новага буржуазнага класа насельніцтва, які ўвайшоў у якасці раўнапраўнай і самастойнай адзінкі ў склад сярэднявечнага грамадства, разбурыла феадальны парадак і зрабілася крыніцай новых палітычных утварэнняў ва ўсіх галоўнейшых краінах Заходняй Еўропы, што папярэджвалі сабой ужо эпоху Новага часу" [11, c.281]. Такім чынам, феадалізм і Сярэднявечча выступаюць тут амаль сінонімамі.

Падобныя выказванні ўспрымаюцца сёння досыць публіцыстычнымі. Цікавым тут будзе параўнаць зыходныя ўстаноўкі познемарксісцкай гістарыяграфіі ўжо другой паловы ХХ ст. Расійскі гісторык Любоў Кацельнікава даследавала суадносіны феадалізму і горада на матэрыялах Цэнтральнай і Паўночнай Італіі. Даследчыца пачала сваю працу з канстатацыі формул, ужо даўно замацаваных ў тагачаснай гістарыяграфіі: "Менавіта яны, гэтыя гарады, увасаблялі новы этап у падзеле працы, аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі, прадстаўлялі сабой эканамічныя і сацыяльныя сілы, за якімі была будучыня. У горадзе найперш (хоць і не толькі і не выключна) у эпоху сярэднявечча адбывалася бурнае развіццё рамяства і гандлю, таварна-грашовых адносін, у яго нетрах выспявалі перадумовы разлажэння феадалізму і зараджаліся раннекапіталістычныя адносіны" [7, c.18]. Але паглыблены аналіз праблемы дазваляе казаць пра "ўплыў у адказ" вёскі на гарадское развіццё, "якое было б спрашчэннем прадстаўляць як супрацьдзеянне прагрэсіўным памкненням і метадам вядзення гаспадаркі гараджанамі і гарадской камуны ў цэлым" [7, c.227]. Узаемадзеянне і ўзаемаўплывы гораду і вёскі ў Італіі адбывалася асабліва інтэнсіўна таму, што ўжо з ранняга Сярэднявечча там атрымала шырокае распаўсюджанне землеўладанне гараджанаў і гарадской абшчыны ў межах самога горада, яго прадмесцяў і акрузе.

У рэаліях італьянскага горада існавалі сталыя і цесныя сувязі паміж гаспадаркамі папаланаў (гандлёва-рамесніцкага насельніцтва), іх крэдытна-ліхвярскай і банкаўскай дзейнасцю, з нобілямі, царкоўнымі ўстановамі і клірыкамі. Адбываліся бесперапынны рух і пераразмеркаванне зямельнай уласнасці сярод розных сацыяльных пластоў. Галоўны вынік даследавання Л. Кацельнікавай заключаецца ў тым, што феадалізм ў Італіі "ўвабраў у сябе" гарадскія рысы менавіта праз сувязі вёскі з горадам на працягу ўсяго Сярэднявечча. "Але ж у сваёй змененай якасці італьянскі феадалізм аказаў большы супраціў тым элементам, якія вялі да разлажэння феадальных адносін" [7, c.233].

Любоў Кацельнікава аналізавала сітуацыю як Ранняга, так Высокага і Позняга Сярэднявечча. Беларускі гісторык Афроім Карпачоў вывучаў гарады ранняга Новага часу і паказаў, якую значную ролю ў іх сацыяльнай і палітычнай гісторыі займала гарадское землеўладанне. Даследчык паказаў, што ўладальнікі гарадскіх зямель у сапраўднасці былі абмежаваныя ў іх адчужэнні, бо мусілі перадаваць землі толькі тым новым уладальнікам, якія былі згодныя прызнаць магістрацкае падпарадкаванне гэтых зямель [4, c.512]. А. Карпачоў прыйшоў да высновы, што прыватнае ўладанне гарадскімі землямі, падлеглымі магістрату, як гараджанаў, так і феадалаў, уяўляла сабой пэўную форму феадальнай зямельнай уласнасці, у значнай ступені абмежаваную захаваннем на яе пэўных уладальніцкіх правоў магістрата і караля. Магістрацкія - "ратушныя" землі, якія былі ў спадчынным уладанні мяшчанаў, знаходзіліся ў "падзеленай уласнасці", пры якой вярхоўным уласнікам зямлі быў магістрат, а падпарадкаваным - непасрэдны карыстальнік [4, c.516].

Але рысы феадалізацыя ва ўрбаністычных працэсах Сярэднявечча і ранняга Новага часу ў Беларусі выявіліся не толькі ў сферы "аграрнай перыферыі" горада (альбо знешняй альменды). Беларускі гісторык Зіновій Капыскі лічыў, што развіццё феадалізму зрабіла непазбежным урбанізацыйны працэс [5, c.10]. Гарады і, асабліва, мястэчкі Беларусі ў XVI - першай палове XVII стст. у пэўнай меры апынуліся сфераю пашырэння феадальных адносін [5, c.18]. Разглядаючы ж эканамічнае развіццё гарадоў ранняга Новага часу, Капыскі меркаваў, што тыя элементы капіталізму, якія можна было ў іх заўважыць, слушна было б разглядаць у якасці выражэння ступені "спеласці" феадалізму [6, c.205]. Сама ж структура мяшчанства магдэбургскіх гарадоў паводле ўдзелу ў самакіраванні таксама ўпісвалася ў саслоўны лад [1, c.6].

Трэба адзначыць, што гісторыкі ўжо досыць даўно дыскутуюць пра сацыяльную сутнасць сярэднявечнага горада. Большасць спецыялістаў падзяляе меркаванне, што сярэднявечны горад валодаў адначасова двума сутнасцямі [3, c.231]. З аднаго боку, ён быў аддзелены ад феадальнай вёскі і шмат у чым супрацьстаяў ёй. Разам з тым горад заставаўся арганічнаю часткаю феадальнага свету. Горад намнога прайграваў тагачаснай вёсцы ў колькасці насельніцтва і аб'ёмах вырабленых прадуктаў, у тым ліку і рамесніцкіх. Сярэднявечны горад абслугоўваў сеньёрыяльны рэжым сваімі грашыма і выступаў як пляцоўка пераразмеркавання феадальнай рэнты. Паступова склаўшыся ў асобнае саслоўе феадальнага грамадства, гараджане занялі важнае месца ў яго іерархіі і актыўна, сваімі сацыяльнымі і палітычнымі патрабаваннямі, а таксама сваімі фінансамі, уплывалі на эвалюцыю дзяржавы.

Нашыя ж папярэднія высновы гэтай вялікай тэмы заключаюцца ў тым, што, калі прызнаць існаванне феадалізму як сістэмы сацыяльнай арганізацыі, то сярэднявечны горад (а ў выпадку з гісторыяй Беларусі і горад ранняга Новага часу), быў непадзельнай і неад'емнай часткаю гэтай сістэмы. Прагрэс гораду быў, у такім выпадку, і прагрэсам феадалізму. І гэты прагрэс, між іншым, адбываўся не толькі ў гарадах, але і ў сярэднявечнай вёсцы. Муніцыпальны лад (Магдэбургскае права ў Вялікім Княстве Літоўскім) і прававая арганізацыя горада заставаліся ў рамках феадальнага права і сістэмы кіравання. Унутры горада панавалі карпаратыўна-абшчынныя формы арганізацыі ў выглядзе цэхаў, брацтваў і г.д. З пункту гледжання сацыяльнай і палітычнай гісторыі гэта таксама азначае, што не варта любое сацыяльнае і палітычнае патрабаванне той ці іншай часткі мяшчанства трактаваць як адназначна прагрэсіўнае. Трэба не забывацца, што партыкулярныя інтарэсы былі моцныя сярод мяшчанства. У любым выпадку, эканамічны і сацыяльны прагрэс, які адбываўся ў перыяд Сярэднявечча і ранняга Новага часу, ахопліваў усё грамадства і вельмі важнаю часткаю гэтага працэсу былі гарады.

Спіс літаратуры:

1. Грицкевич, А.П. Социальная борьба горожан Белоруссии (XVI-XVIII вв.) / А.П.Грицкевич. - Мн.: Наука и техника, 1979. - 152 с.

2. Гуревич, А. Я. Феодализм перед судом историков, или О средневековой крестьянской цивилизации / А.Я.Гуревич // Гуревич А. Я. История - неоконченный спор. Медиевистика и скандинавистика: статьи разных лет. - М.: РГГУ, 2005. - С. 843 - 889.

3. История Европы. Т. 2. Средневековая Европа. - М.: Наука, 1992. - 808 с.

4. Карпачев, А.М. Городское землевладение в королевских городах Белоруссии XVII-XVIII веков (к вопросу о городском землевладении в Речи Посполитой) / А.М.Карпачев // Советское славяноведение. - Мн.: Изд-во БГУ, 1969. - С. 509 - 516.

5. Копысский, З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI - первой половине XVII вв. / З.Ю.Копысский. - Мн.: Наука и техника, 1975. - 192 с.

6. Копысский, З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI - первой половине XVII вв. / З.Ю.Копысский. - Мн.: Наука и техника, 1966. - 228 с.

7. Котельникова, Л.А. Феодализм и город в Италии в VIII-XV вв. По материалам центральных и северных областей / Л.А.Котельникова. - М.: Наука, 1987. - 256 с.

8. Павлов-Сильванский, Н.П. Феодализм в Древней Руси / Н.П.Павлов-Сильванский. - Изд. 2-e. - М.; Пг.: Госиздат, 1923. - 186 с.

9. Селунская, Н. А. Феодализм? Перед судом? Историков? («Сеньория и вассалитет простолюдинов») / Н.А.Селунская // Феодализм: понятия и реалии. - М.: ИВИ РАН, 2008. - С. 80 - 91.

10. Сильванский, Н.П. Феодализм в Древней Руси / Н.П.Сильванский. - СПб.: Брокгауз-Ефрон, 1907. - 149 с.

11. Спасский, А.А. Лекции по истории западноевропейского средневековья / А.А.Спасский. - Изд. 2-е, испр. - СПб.: Изд-во Олега Абышко, 2009. - 288 с.

12. Reynolds, Susan. Fiefs and Vassals: The Medieval Evidence Reinterpreted. - Oxford: Oxford University Press, 1994. - XII+544 p.

Алег Дзярновіч, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычны дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя А. Куляшова. Сферы навуковых зацікаўленняў - крыніцазнаўства гісторыі Беларусі і ВКЛ, сацыяльная гісторыя, гісторыя краін Балтыйскага рэгіёну.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX