Вярнуцца: Дзярновіч Алег

Мінскі антыквар і археолаг Генрых Татур


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 18-07-2012,
Крыніца: Алег Дзярновіч. Мінскі антыквар і археолаг Генрых Татур ва ўспамінах і ліставанні // Знакамітыя мінчане ХІХ—ХХ стст. Вып. 6: Мінск і мінчане ў літаратурных творах на рубяжы ХІХ—ХХ стст. / Інстытут Польскі ў Мінску. – Мн.: Выдавец Віктар Хурсік, 2011. – С. 178—183.



Мінскі антыквар і археолаг Генрых Татур ва ўспамінах і ліставанні

Мінскае кола

У канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. у Мінску яшчэ існавала тое спецыфічнае культурнае кола, што захоўвала гістарычную традыцыю Літвы, і для якога была сваёй польскамоўная культура даўняй Рэчы Паспалітай. Адначасова перад гэтай генерацыя паўставалі новыя культурныя выклікі. Ужо свае стэрэатыпы адчуванне набыла знаходжанне ў рамках Расійскай імперыі. Кар'еру, перспектывы прадпрымальніцтва, шмат якія аспекты ўласнага жыцця так ці інакш прыходзілася звязваць з існаваннем у юрыдычным полі манархіі Раманавых. Але не зусім было зразумелым, як рэагаваць на новую з'яву - беларускі нацыянальны праект, што паволі паўставаў з нетраў гэтага краю няпэўнасці. Мінскі антыквар і археолаг Генрых Татур апынуўся на перакрыжаванні ўсіх тых прагматычных і сентыментальных сюжэтаў. Апынуўся зусім не выпадкова.

Спробы кар'еры і прага да збіральніцтва

Генрых Татур нарадзіўся ў Мінску (90KB) Ліст графа Эмерыка Гутэн-Чапскага да Генрыха Татура. (Станькава, 16.ХІ.1894). Літоўскі Дзяржаўны Гістарычны Архіў (LVIA). F. 716, a. 4, Nr. 221. Р. 39. У другой калонцы алоўкам пазначаны кошты на рарытэты, які прапаноўваў сам Татур. У трэцяй калонцы, праўдападобна, канчатковыя кошты, прынятыя Чапскім. у 1846 г. і спачатку меў усе шансы пабудаваць нармальную кар'еру шляхціча паняволенага краю. У даволі маладым узросце ён быў абраны маршалкам шляхты Мінскага павету. Татур актыўна супрацоўнічаў з Мінскім статыстычным камітэтам, што было своеасаблівай версіяй рэгіянальнага "пазітывізму" - палітыкі прагматычнай працы, скіраванай на развіццё краю ды павелічэнне яго эканамічных і культурных багаццяў. Гэтая палітыка прадугледжвала таксама супрацоўніцтва з расійскімі ўладамі ў вызначаным полі.

Членства ж у Статыстычным камітэце дапамагло Татуру арганізаваць з 1874 г. уласныя археалагічныя даследаванні ў Мінскай губерні і заняцца калекцыянаваннем. Татур склаў археалагічную карту губерні з апісаннем помнікаў, а ў 1878 г. выдаў працу «Археалагічнае значэнне Мінскай губерні», у 1892 г. - «Нарысы археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнага значэння». У выніку паездак па Міншчыне ён падрыхтаваў вялікі альбом археалагічных помнікаў (1893). Некалькі яго прац так і засталіся ў рукапісах. Але адным з галоўных вынікаў дзейнасці Татура лічыцца стварэнне ім спачатку ў Бярэзіне, а потым у Мінску, прыватнага музея. Ён жа ўпарадкаваў археалагічна-этнаграфічны музей пры Мінскім губернскім статыстычным камітэце.

Можна казаць, што карыстаючыся сваім службовым становішчам, а менавіта, доступам да прыватных зборах, Татур меў магчымасць мэтанакіравана папаўняць сваю калекцыю. Ва ўладанні Генрыха Татура знаходзілася таксама унікальная бібліятэка. Менавіта да Татура патрапілі кніжныя зборы зачыненага ўладамі кляштару мінскіх бенедыктынаў. Сярод рарытэтаў захоўваліся "Біблія" друку доктара Скарыны і ІІІ Статут ВКЛ 1588 г., кнігі з нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў [1]. Папаўненнем сваёй калекцыі Татур займаўся больш за 30 гадоў і сабраў каля 6500 тамоў і рукапісаў XІV-XIX стст., звесткі пра якія траплялі ў агульнарасійскія даведнікі бібліяфілаў [2].

Лёс калекцый

Генрых Татур (58KB) Ліст з Галоўнай управы маёнткаў князя Антонія Радзівіла да Генрыха Татура. (Нясвіжскі замак, 21.ІХ.1899). LVIA. F. 716, a. 4, Nr. 222. Р. 9. Менавіта тут утрымліваецца сакраментальная фраза: '...że dla zbyt wysokiej ceny na zbroję, której nabycie było im proponowane, J. O. Książe Ordynat nie życzy sobie takową nabyć'). памёр у 1907 г. не пакінўшы тэстаменту. Смерць заспела яго за складаннем анатаванага каталогу ўласнай калекцыі. Далей спадчынай калекцыянера і даследчыка займаліся мінскі краязнаўца Андрэй Снітка [3] і пляменнік нябожчыка Міхал Татур. Вяліся перамовы пра набыццё збораў Расійскай Акадэміяй Навук. А. Снітка з гэтай нагоды адзначаў: "Што тычыцца набыцця бібілятэкі Татура, мы застаемся пры ранейшым меркаванні: падзяляць яе нельга. У пытанні цаны, мяркую, мы будзем саступаць. Магчыма, што мясцовыя выданні я цаню вышэй сапраўднага кошту, бо яны прымушаюць біцца маё беларускае сэрца…" [4]

Асобныя прадметы збораў пачалі разыходзіцца, у тым ліку і ў дабрачынных мэтах. Удава Татура перадала праваслаўнаму епіскапу абраз з былога Лагойскага манастыра. Епіскап загадаў убраць абраз у рызу ("нажаль, падмаляваў!", як адзначае той жа Снітка) і ўрачыста, з хросным ходам, аднёс у царкву ў Лагойску.

Расійская Акадэмія Навук усё ж не знайшла сродкаў на набыццё збораў Татура. Так ці інакш, ягоныя калекцыі пакінулі Мінск. Яшчэ пад час перамоваў з акадэміяй, граф Тышкевіч зрабіў вельмі добрую прапанову па кніжным зборам, частка якіх і скіравалася ў маёнтак Чырвоны Двор пад Вільняй. Вядома таксама, што іншая частка збораў патрапіла ў музей графа Шаптыцкага ў Львове. Хадзілі чуткі, што іншыя матэрыялы былі вывезены ў Германію [5].

Ужо ў канцы 1920-х гадоў вядомы беларускі гісторык Зміцер Даўгяла правёў уласнае раcследванне лёсу калекцый Татура. Даўгяла сабраў дакументы Акадэміі навук па гэтаму пытанню. Сведкі падзей і ўдзельнікі перамоваў прыгадвалі, што пасля смерці Татура бібліятэка знаходзілася "ў поўным разгроме": "частка кніг і рукапісаў размяшчана на паліцах, частка ляжыць у скрынях, шмат чаго валяецца на падлозе; тут таксама карты ў скрутках, малюнкі, альбомы, газеты" [6]. Гэта цытата ўзята з тэксту дакладу вядомага філолага і прапагандыста фатаграфічнай справы Вячаслава Сразнеўскага (1849-1937) [7] у Расійскай Акадэміі Навук, зроблены пасля азнаямлення ім 2-4 красавіка 1907 г. з бібліятэкай і музеем Татура ў двух дамках на ўскраіне Мінску, у Лагойскім завулку, дом № 8.

Сёння мы можам сцвярджаць, што ў той сітуацыі нявызначанасці і торгаў, асноўная частка музейных каштоўнасцяў Татура сапраўды патрапіла тады ў Львоў у мяркуемы музей Уніі, які ствараў мітрапаліт Шаптыцкі [8], а частка бібліятэкі і рукапісаў - да Тышкевічаў пад Вільню, а потым і ўласна ў Вільню.

Сталыя фінансавыя праблемы

Той жа Сразнеўскі сцвярджаў, што збіральнік быў "беларус-нацыяналіст і вораг палякаў". "Не маючы ніякіх асаблівых даходаў, ён калекцыянаваў пры дапамозе сваіх жа збораў, купляючы затанна ўсялякія рэчы і прадаючы задорага тое, што не мела найбліжэйшых адносін да Беларусі… Татур звычайна моцна перабольшваў цану сваіх рэчаў і любіл у гэтым сэнсе пасміхацца над нашчадкамі радавітых фамілій, прапануючы сёння аддаць рэч за тысячу і даючы тэрмін на развагі, пасля якога абяцаў ставіць цану ўдвая большую" [9].

Купляючы і перапрадуючы рэчы, Генрых Татур меў сталыя праблемы ў сродках. Яму прыходзілася і даваць гэтыя рэчы ў заклад пад грошы. Захаваўся цікавы дакумент, датаваны 26 лютым 1871 г., які апісвае вяртанне Татурам паловы адной пазыкі:

"Сп. Генрыхам Татурам з занятай у Спн. Міхаліны Драздоўскай і Антаніны Пякарскай грошай Дзвесце руб. сер[абром] 20 Красавіка 1870 году, сённяшняга чысла сплаціў Сто рублёў серабром і звыш гэтага на працэнт другога году даўшы Дзесяць рублёў; з закладзенага жа каштоўнасцяў прыняў назад: Пярсцёнак з трыма дыямантамі адзін; і перламутравую табакерку. - Іншыя ж каштоўнасці… застаюцца ў нашым захаванні - да моманту іх выкупу" [10]. Але, як бачым, Татур аддаваў свае пазыкі.

Татур ля пачаткаў беларускага руху?

Вышэй прыведзены пасаж Сразнеўскага пра нацыяналізм Татура заслугоўвае асаблівай увагі. Наколькі гэты антыквар і калекцыянер сапраўды мог мець нейкае дачыненне да беларускага руху? Ці гэта не перабольшванне?

Аляксандр Уласаў у сваіх успамінах нечакана адзначаў ролю Татура ў іх юнацкія гімназічныя гады яго і Івана Луцкевіча:

"Мы хлапцамі разам з Казімірам Кастравіцкім [Карусём Каганцом] сядзелі ў музеі Татура, сотні разоў расказвалі яму свае "беларускія" планы. Строгі старык, лысы, з рудой барадой, падобны да прарока Елісея, быў з намі адной думкі. Седзячы гуртом на змярканні ў яго музеі, заваленым кальчугамі, мячамі, старымі кнігамі, дакументамі, мэбляю, абразамі, ён выслухоўваў нашы "даклады" аб нашых нясмелых яшчэ спрэчках з палякамі і абрусіцелямі, даваў заўвагі: "разумна адказалі!"… "гэта пусты чалавек!..." Прыводзіў нам аргументы з гісторыі Беларусі. Кастравіцкі быў духам з "беларускай пушчы", з народу: ад Татура веяла на нас духам Гедыміна, Ягайлы, Канстанціна Астрожскага, Менскіх, Слуцкіх і ўсіх фундатараў і будаўнікоў беларускай мінуўшчыны. Гэта былі два магіканы, дзве крыніцы, каторыя перахавалі зародыш беларускай ідэі і не далі ёй загаснуць" [11].

Мінскі рынак антыкварыяту

Гімназісты Іван Луцкевіч і Аляксандр Уласаў прыходзілі да Татура, праўдападобна, на вул. Гандлёвую на ўзбярэжжы Свіслачы. На гэты ж адрас (вул. Гандлёвая 5, 6, 8) паступала і карэспандэнцыя ад кліентаў і пакупнікоў Татура.

У сталых зносінах Татур быў з Чапскімі. Галава сям'і Эмерык Гутэн-Чапскі ў свой час свядома будаваў кар'еру расійскага чыноўніка, у самы разгар Паўстання 1863 г. пагадзіўся заняць пасаду губернатара Ноўгарада Вялікага. Вяршыняй ж яго кар'еры стала пасада дырэктара Ляснога дэпартаманту Расіі, але праз інтрыгі і пагаршэнне адносін з царом з-за бескантрольнай раздачы лясоў, Чапскі сышоў з дзяржаўнай службы і надалей прысвяціў сябе ўжо толькі калекцыянаванню. Свае багацейшыя калекцыі Эмерык Гутэн-Чапскі вывез з падкойданаўскага Станькава ў Кракаў. Цяпер даследчыкі гэта матывуюць немагчымасцю стварыць публічны музей гісторыі краю ў Мінску.

Вельмі заслужаным перад Мінскам быў старэйшы сын Эмерыка Караль Чапскі, які чатыры разы абіраўся гарадскім галавою, але змог прабыць толькі тры поўныя кадэнцыі. Караль Чапскі яшчэ пры жыцці быў названы пераўтваральнікам Мінска, бо дзякуючы яго актыўнай дзейнасці Мінск набыў рысы новаеўрапейскага горад. У справах жа калекцыянавання Чапскіх Татур зносіўся з малодшым сынам Эмерыка Юрыем (Ежы) Чапскім. Менавіта яму Татур прапаноўваў некаторыя кніжныя рарытэты. Як адбываліся гэтыя перамовы, сведчыць ліставанне паміж Татурам і Чапскім. У 1895 г. абодва нашых герояў гандляваліся з-за некалькіх выданняў XVII ст. У рэшце рэшт Юрый Чапскі напісаў: "Дарагі Пане! Ёсць ты ўпартым і цвёрдым, як скала" [12]. Чапскі прыняў прапанаваныя Татурам фінансавыя умовы здзелкі.

У 1899 г. мінскі антыквар вёў перамовы з Антоніем Радзівілам адносна даспехаў для калекцыі ў Нясвіжскім замку. Трэба думаць, што Татур прапаноўваў нясвіжскаму ардынату набыць поўны даспех коннага рыцара з радзівілаўскім гербом на грудзі. 19 жніўня Генрых Татур назваў сваю цану - 16 тыс. рублёў [13]. Гэта была сапраўды велізарная сума! 21 верасня прадстаўнік Управы Радзівіла досыць рэзка адказаў Татуру, "што з-за надта высокай цаны на зброю, якой набыццё было прапанавана, Яго Светласць Князь Ардынат не жадае сабе яе набыць" [14].

Ці не пацвярджае гэта словы Сразнеўскага пра тое, што "Татур звычайна моцна перабольшваў цану сваіх рэчаў і любіў у гэтым сэнсе пасміхацца над нашчадкамі радавітых фамілій"? У любым выпадку, ужо ў пасмяротным апісанні калекцый мінскага антыквара фігуруе гэты "велізарны рыцар на кані" [15]. Але так ці інакш, пасля смерці Татура ўсе названыя рарытэты так і не засталіся ў Мінску.



[1] Доўнар Л. І. Мінскія кнігазборы ХІХ стагоддзя // Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі / Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Вып. 3. Мн., 1998. С. 67.

[2] Параделов С. А. Адресная книга русских библиофилов и собирателей гравюр, литографий, лубков и прочих произведений печати. М., 1904. С. 116; Шуманский Е. А. Справочная книга для русских библиофилов и коллекционеров. Одесса, 1905. С. 108.

[3] З 1909 г. старшыня Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта, узначальваў Мінскі царкоўна-археалагічны музей ( Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 508).

[4] Матар'ялы аб музэі Г. Х. Татура ў Менску // Запіскі Аддзелу гуманітарных навук. Кн. 8. Працы клясы гісторыі. Т. ІІІ. Мн., 1929. С. 556, № 3.

[5] Алексеев Л. В. Белорусская археология и историческое краеведение во второй половине XIX - начале XX в. // Советская археология. 1968, № 3. С. 88-89; Мархель У. Па слядах мінулага // Полымя. 1975, № 8. С. 247.

[6] Матар'ялы аб музэі Г. Х. Татура… С. 554.

[7] У публікацыі Зм. Даўгялы памылкова названы Усеваладам (Матар'ялы аб музэі Г. Х. Татура… С. 554).

[8] Мальдис, Адам. Белорусские сокровища за рубежом. Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2009. С. 68-69. Вопіс гэтых каштоўнасцяў гл.: Піскун Ю. Лёс збораў Генрыха Татура // Вяртанне. Мн., 1994. Вып. 2. С. 17-19.

[9] Матар'ялы аб музэі Г. Х. Татура… С. 554.

[10] LMAB. F 29-88. Арк. 7. ("Г. Генрихъ Хризостомовъ Татуръ изъ занятой у Г.г. Михалины Дроздовской и Антонины Пекарской денегъ Двесте руб. сер. 20 Апреля 1870. года, настоящаго числа уплативъ Сто рублей серебромъ и сверхъ сего на процентъ другаго года давъ Десять рублей; изъ заложенныхъ же драгоценностей принялъ обратно: Перстень съ тремя брилiянтами одинъ; и перломутовую табакерку. - остальныя же драгоценности поименованные нам въ росписке выданной Г. Татуру при принятiи нами възалогъ ихъ драгоценностей - остаются въ нашемъ храненiи - впредъ до выкупа оныхъ - Михалина Лукашова Дроздовская а за нея незнающую русской грамоты по Ея просбе росписался Іосефатъ Казимировъ Дроздовски").

[11] Уласаў А. К. Кастравіцкі і Г. Татур // Беларускі шлях. 1918, 26 мая; Яго ж. Успаміны // Сын беларуса (Вільня). 1924, 20 жніўня.

[12] LVIA. F. 716, a. 4, Nr. 217. Р. 49 ("Łaskawy Panie, Jesteś uparty i twardy jak skała").

[13] LVIA. F. 716, a. 4, Nr. 222. Р. 5.

[14] LVIA. F. 716, a. 4, Nr. 222. Р. 9 ("że dla zbyt wysokiej ceny na zbroję, której nabycie było im proponowane, J. O. Książe Ordynat nie życzy sobie takową nabyć").

[15] Матар'ялы аб музэі Г. Х. Татура… С. 554.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX