Вярнуцца: Дзярновіч Алег

Дзе адбылася каранацыя Міндоўга


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 02-02-2013,
Крыніца: Дзярновіч А. І. Фрэскі гісторыі: Артыкулы і эсэ па гісторыі і цывілізацыі Беларусі і Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Мінск: РІВШ, 2011. 246 с. С. 8-24.



Дзе адбылася каранацыя Міндоўга?
Гісторыя дыскусіі

Многія падзеі, веды пра якія падаюцца нам сёння кананічнымі, на самой справе маюць сваю дыскусійную гісторыю і не заўжды бываюць настолькі відавочнымі. Вось ужо больш за 430 гадоў працягваюцца спрэчкі пра месца каранацыі караля Міндоўга, заснавальніка дзяржавы, што стала вядомая пазней, як Вялікае Княства Літоўскае. У пэўныя перыяды гэтая дыскусія ўспыхвала з новай сілай.

Ваганні Стрыйкоўскага

Праблема ў тым, што крыніцы ХІІІ ст., сучасныя Міндоўгу - славянскія летапісы, нямецкія хронікі, папскія дакументы, - не ўказваюць месца каранацыі. Не да канца ясным яно ўяўлялася і гістарыёграфам XVI ст. Аўтар першай друкаванай гісторыі ВКЛ, паляк з паходжання і патрыёт Вялікага Княства, Мацей Стрыйкоўскі першапачаткова, у 1574 г., у сваёй паэме «Ганец цноты », (28KB) Іл. 1. Партрэт Мацея Стрыйкоўскага ў каралявецкім (кёнігсбергскім) выданні 'Хроніцы Польшчы, Літвы, Жамойці і ўсёй Русі (1582)'. напісанай па-польску, такім месцам назваў Кернаў [1]:

Потым ахрысціўся, Мэндольф названы,

На Літоўскае каралеўства каранаваны,

У Кернаве з дазволу Папскага і Цэсарскага [2].

Праз два гады Стрыйкоўскі зноў вярнуўся да гэтай версіі ў паэме-хроніцы " Аб пачатках… " [3]:

Не прымусіў сябе папа доўга прасіць, бо было гэта яму міла,

Што такая вялікая і слаўная дзяржава ахрысцілася.

Ураз карону справіў і ў Рыме асвяціў,

А легатам сваім да Літвы пільна яе несці загадаў.

Так яго з волі папскай укаранавалі

У Кернаве і літоўскім каралём абвясцілі [4].

Кернаў (Кярнава), што знаходзіцца ў Віленскім павеце і размешчаны паўночней літоўскай сталіцы, сапраўды быў значным племянным цэнтрам Аўкштаціі, той яе часткі, якая паводле легенды пра Палямона была названа перасяленцамі з Рыму, продкамі літоўскай шляхты, Лістубаніяй (берагам трубаў), а ў скарочанай версіі - Літвой. У ХІІІ-XIV стст. Кернаў уяўляў сабой цэлую сістэму драўляных замкаў і размешчанае побач з імі гарадское паселішча. Даследаванне пахаванняў паказвае, што ў Кернаве таго часу жылі як паганцы, так і хрысціяне - менавіта славянізаваныя крывічы прасунуліся так далёка на Захад. Нямецкія рыцары неаднаразова рабілі напады на Кернаў, пакуль не знішчылі горад у 1390 г., пасля чаго ён ужо ніколі не адрадзіўся ў былой сіле. Зусім не дзіўна, што Стрыйкоўскі прысвяціў столькі ўвагі Кернаву, які часам называюць "першай сталіцай" Міндоўга [5].

(6KB) Іл. 2. Гарадзішчы Кернава - аднаго з двух галоўных прэтэндэнтаў на месца каранавання Міндоўга.(16KB) Іл. 3. Кернаў. Жыццё легенды - ля падэшвы гарадзішча 'Трон Міндоўга'.

Але ўжо ў новай, галоўнай сваёй працы - " Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі ", якая выйшла з друку ў 1582 г., Стрыйкоўскі змяніў першапачатковую думку ды заявіў, што каранацыя адбылася ў Наваградку [6]:

"Так тады Інацэнт, папа рымскі… бачачы, што такае вялікая і слаўная паганская дзяржава добраахвотна прыступіла да Хрыста, зараз жа без усялякага адкладання асвяціў літоўскую карону і Мяндога каралём літоўскім абвясціў, а жадаючы ўсё гэтай як мага раней здзейсніць, паслаў легата свайго… Гайндрыха, які, прыехаўшы да Наваградка Літоўскага з арцыбіскупам Рыжскім і з крыжакамі прускімі і лівонскімі, Міндоўга альбо Мяндока на каралеўства Літоўскае паводле звыклых цырымоніяў царкоўных памазаў… і з рук папскіх і імператарскіх каронай новай літоўскай каранаваў" [7].

Сваю працу над " Хронікай …" Стрыйкоўскі пачаў пры двары князёў Слуцкіх-Алелькавічаў [8], якія сталі ягонымі мецэнатамі [9]. Слуцкі ж двор быў тады багаты на рукапісы, якія не дайшлі да нашых дзён. Цалкам магчыма, што выяўленыя тады матэрыялы паўплывалі на ўяўленні гістарыёграфа пра каранаванне Міндоўга ў Наваградку. Але можам меркаваць, што за гэтым сцвярджэннем стаялі калі не факты з дакументальных крыніц альбо прыгадкі ў старажытных летапісах, то, прынамсі, погляды таго магнацкага асяроддзя, у якім Стрыйкоўскі знаходзіў сабе падтрымку.

Былы вайсковы начальнік Стрыйкоўскага па віцебскім гарнізоне ротмістр Аляксандр Гваньіні, якога сам Стрыйкоўскі абвінавачваў у плагіяце, у " Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі " пры апісанні эпізода каранацыі Міндоўга не ўказвае, дзе гэта адыблося. Затое крыху ніжэй аўтар " Хронікі Еўрапейскай Сарматыі " сцвярждае, што Нарымунт, старэйшы сын Трабуса, годна пахаваў свайго бацьку паводле звычаяў, авалодаў Літоўскім княствам ды перанёс сваю сталіцу з Наваградка да Кернава [10].

Такім чынам, у канцы XVI ст. ужо з'яляецца паняцца сталіцы адносна перыяду ўтварэння ВКЛ ды ўтварецца хранікарная дыхатамія (славянскі) Наваградак - (літоўскі) Кернаў.

Уяўленні XVII ст.

Тое, што існавалі нейкія іншыя звесткі, невядомыя нам, паказвае лацінамоўная " Гісторыя Літвы ", створаная Альбертам Віюкам-Каяловічам у 1650-1669 гадах. Гэты гістарыёграф дадае нам ужо новыя дэталі ў апісанні легендарнай падзеі (102KB) Іл. 4. Партрэт Аляксандра Гваньіні з 'Хронікі Еўрапейскай Сармацыі' выдання 1611 г. Тут Гваньіні 77 гадоў.(73KB) Іл. 5. Кароль Міндоўг. Гравюра з першага выдання 'Хронікі Еўрапейскай Сармацыі' Аляксандра Гваньіні (1578 г.).[11]: "З вялікім ушанаваннем прыняў паслоў [Міндоўга] [папа] Інацэнт IV, а карону паслаў праз Гайндрыха (альбо Генрыха)…; той з арцыбіскупам Рыжскім… у полі Наваградскім (бо ў Наваградку не было такім вялікіх храмаў) па звыкламу абраду каранавалі новага караля" [12]. Гэтыя дэталі адносна поля пад Наваградкам вельмі цікавая і сведчыць, што Віюк-Каяловіч у сваёй працы базаваўся не толькі на паведамленнях Стрыйкоўскага. Хоць вядома, што першая частка кнігі Каяловіча ўтрымлівае пераважна пераказ " Хронікі …" Стрыйкоўскага, з якой гістарыяёграф XVII ст. зняў самыя фантастычныя звесткі.

Вельмі верагодна, што з апублікаванай працы Віюк-Каяловіча паданне пра каранацыю Міндоўга "ў полі наваградскім" стала здабыткам мясцовай традыцыі. І калі гісторык і збіральнік рукапісаў, тады яшчэ ад'юнкт Віленскага універсітэту Ігнацы Анацэвіч, вядома як Жэгота, у ліпені-жніўні 1828 гг. здзяйсняў сваю археаграфічную экспедыцыю ў Гродзенскай губерні, то ў Наваградку ён "аглядаў гару Міндоўга і поле, на якім гэты князь каранаваўся ў 1253 г." [13]

"Навагадскую версію" паўтарае яшчэ адзін помнік XVII ст. Густынскі летапіс : "У тое ж лета вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваны быў на каралеўства Літоўскае ў Наваградку, за блаславеннем папы Інацэнта…" [14] Крытыкі "наваградскай версіі" адзначаюць, што Густынскі летапіс ёсць тэндэнцыйным помнікам - ён створаны ва Украіне і сімпатыі ягоных стваральнікаў на баку праваслаўя. Таму, маўляў, яны і "выступілі" на баку "рускага" Наваградка. З іншага боку, Густынскі летапіс часткова базаваўся таксама на тых крыніцах, якія нам невядомыя сёння.

Дыскусіі гісторыкаў

Але ўжо ў канцы XIX погляды гісторыкаў на месца каранавання Міндоўга падзяліліся. Частка расійскіх гісторыкаў давярала паведамленням Густынскага летапісу [15]. Польскі ж гісторык Юліюш Ляткоўскі лічыў Наваградак адным з найважнейшых цэнтраў Міндоўга, але не мог сабе ўявіць, каб там адбылася каранацыя, бо ў той жа год была здзейсненая выправа Данілы Галіцкага ў Панямонне [16]. Гэты аргумент стануць выкарыстоўваць і надалей. Але ж той паход быў зімой, бо, паводле летапісаў, ятвягі не змаглі прыйсці на дапамогу Данілу з-за вялікага снегу. Каранацыю ж Міндоўга традыцыйна адносяць да лета.

Погляды Ляткоўскага ў значнай ступені паўплывалі на далейшую польскую гістарыяграфію. У прыватнасці, у працы класіка гістарычнай літуаністыкі Генрыка Лаўмянскага (1898-1984), якая пабачыла свет у 1932-1933 гг., аўтар салідарызаваўся з Ляткоўскім у немагчымасці каранавання Міндоўга ў Наваградку [17]. Знаўца найстаршых рускіх крыніц польскі гісторык Генрык Пашкевіч (1897-1979) называў сталіцай Міндоўга Кернаў [18]. У цэнтры ж дыскусіі знаходзілася праблема "сталічнасці" Наваградка ды яе абвяржэння, як у Войцеха Кентшынскага [19] (1838-1918), шматгадовага дырэктара Нацыянальнага інстытута імя Асалінскіх у Львове. Філіп Кліменка, які ў канцы 1920-х гадоў зрабіў аналіз грамат Міндоўга да Лівонскага ордэна, адзначаў - гэтыя дакументы сведчаць, што першы і апошні літоўскі кароль "не меў ні дзяржаўнай тэрыторыі, ні дзяржаўнай арганізацыі альбо дзяржаўнага цэнтра, сталіцы" [20]. Але ці варта атаясамліваць месца каранавання і сталічны статус? Праўда, яшчэ львоўскі гісторык Антоні Прахаска (1852-1930) абвяшчаў месцам каранацыі Наваградак [21]. Гэтая версія атрымала распаўсюджанне і ў нямецкай гістарыяграфіі - Манфрэд Гельман пісаў, што каранаванне адбылося "vielleicht in Nowogródek" («…магчыма, у Наваградку») [22].

Аўтары, якія стаялі ля вытокаў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі, адзначалі сталічны статус Наваградка, але не канкрэтызавалі месца каранавання - так зрабіў у 1910 г. Вацлаў Ластоўскі (1883-1938) ("...Міндоўг сеў на вялікакняжэцкім пасадзе ў Новагрудку") [23]; у 1919 г. і 1926 г. Усевалад Ігнатоўскі (1881-1931) ("Сталіцаю свайго гаспадарства Мэндаўг зрабіў Наваградак") [24]; у 1926 г. Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867-1934) ("Мы бачым яго [Міндоўга - А. Дз.] на чале ўласна Літвы, з горадам Кернаў. Ён захоплівае суседнія рускія землі і нават сваю сталіцу пераносіць у Наўгародак (цяпер Навагрудак)") [25]. Уладзімір Пічэта (1878-1947) пісаў пра Наваградак, як пра сталіцу ці "цэнтр" ВКЛ ("Навагрудак, які стаў цэнтрам утворанага Літоўскага княства") [26]. Увогуле ж, тэзіс пра цэнтральнае палітычнае, а не геаграфічнае, месца Наваградка ў новай дзяржаве, стаў вельмі папулярным у беларускай гістарыяграфіі. У 1940 г. (другое выданне ў 1944 г.) Язэп Найдзюк (1909-1984) сцвярджаў, відавочна, пад уплывам некрытычнага прачытання беларуска-літоўскіх летапісаў, што яшчэ бацька Міндоўга Рынгольд "стварыў сабе цэнтр у Наваградку". Дзе каранаваўся Міндоўг, Найдзюк не ўдакладняў, але з кантэксту вынікае, што ў сваім "цэнтры" - у Наваградку [27].

У пасляваеннай беларускай савецкай гістарыяграфіі ў цэлым быў пашыраны погляд на адметную ролю Наваградка ў ранняй гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. У адным з найбольш грунтоўных для 1970-1980-х гадоў сінтэзаў гісторыі Беларусі такім чынам сцвярджалася: "Некаторы час Навагрудак быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Тут у 1253 г. адбылася каранацыя Міндоўга" [28]. Ва ўніверсітэцкім жа вучэбным дапаможніку ўказання месца каранацыі пазбягалася, але сцвярджалася, што "сваёй рэзідэнцыяй Міндоўг абраў Наваградак" [29].

Літоўскі гісторык міжваеннага часу Юозапас Стакаўскас (1900-1972), чыя праца пра адносіны Літвы з Заходняй Еўропы ў ХІІІ ст. упершыню выйшла друкам у Коўне ў 1934 г., быў схільны падтрымліваць меркаванне, што сталіцай Міндоўга стаў Кернаў. Аднак, разам з тым ён адзначаў, што Міндоўг, верагодна, пражываў у некалькіх сваіх замках. Таму, адзначаў Стакаўскас, сталіцы, як цэнтра дзяржавы, у Міндоўга ў сучасным сэнсе не было [30]. Але пры апісанні каранавання, Стакаўскас пазбягаў указання яго месца [31]. Літоўскі эміграцыйны гісторык Зянонас Івінскіс (1908-1971) меркаваў, што каранаванне адбылося ў Наваградку, але адначасова ён адкідаў версію пра «сталічнасць» гэтага горада (26KB) ІІл. 6. Наваградак. След легенды - Гара Міндоўга. Здымак знакамітага віленскага фатографа Яна Булгака (да 1910 г.). Мясцовае паданне, зафіксаванае ў 1795 г., сцвярджае, што тут знаходзіцца пахаванне Міндоўга. Гэта легенда перасякаецца з летапіснымі звесткамі пра каранацыю першага літоўскага караля пад Наваградкам.(24KB)  Іл. 7. Наваградак. Гара Міндоўга. Паштоўка першай паловы 1910-х гадоў.[32]. У сучаснай літоўскай гістарыяграфіі з-за няяснасці пытання аўтары часта пазбягаюць канкрэтызаваць месца каранавання [33]. Дарэчы, такі падыход быў уласцівы і Уладзіміру Пашуце (1918-1983) [34].

Пасля выхаду ў свет прац Міколы Ермаловіча (1921-2000) дыскусіі ўспыхнулі з новай сілай - канцэпцыя Ермаловіча аб палітыцы экспансіі Наваградка на Літву, у якой Міндоўг быў толькі прыладай, распаліла эмоцыі, але таксама і цікавасць да праблемы ўтварэння ВКЛ. У вызначэнні месца каранавання Ермаловіч стаяў на традыцыйных пазіцыях: "Папа рымскі Інакенцій XIV [так у тэксце - А.Дз.] не прамінуў даць у гэтым выпадку згоду на хрышчэння Міндоўга і ўручэння яму каралеўскай кароны. Паводле Густынскага летапісу, гэта адбылося ў Новагародку ў 1252 г. (паводле некаторых іншых меркаванняў, у 1253 г.)" [35]. Падобна, што указанне таго ці іншага месца каранавання Міндоўга дае падставы для рознай інтэрпрэтацыі ранняй гісторыі ўсяго Вялікага Княства. Вядомая даследчыца археалагічных старажытнасцяў Фрыда Гурэвіч (1912-1988) не прымала тэзіс "сталічнасці" Наваградка, адначасова і не лічыла гэты горад месцам каранавання [36].

У сучаснай беларускай гістарыяграфіі традыцыйна месцам каранавання лічыцца Наваградак. Гэтае сцвярджэнне прысутнічае ў акадэмічных і універсітэцкіх сінтэзах [37] ці гістарычных нарысах [38]. Вячаслаў Насевіч (нар. 1957) дапускае, што хрост Міндоўга адбыўся ў Кернаве, але каранаванне - у Наваградку [39]. Ужо ў найноўшай 6-тамовай " Гісторыі Беларусі " В. Насевіч піша пра Наваградак, як пра месца каранавання з указаннем на тое, што пра гэта паведамляе Густынскі летапіс [40]. Аўтар біэтнічнай канцэпцыі ўзнікнення ВКЛ Аляксандр Краўцэвіч (нар. 1958) асцярожна пазбягае ўказання месца каранацыі [41].

Але ўласную версію лакалізацыі месца каранацыі прапанаваў Алесь Жлутка (нар. 1954), лацініст і выдаўца актаў Міндоўга. А. Жлутка з'акцэнтаваў увагу на тое, што ў эсхатаколе ліста Міндоўга 1253 г. змешчаны выраз: "Datum in Lettowia in curia nostra" ("дадзена ў Летовіі на нашым двары") [42]. З гэтай нагоды даследчык заўвае: "Сам гэты выраз нібыта ўказвае не на краіну, а на населены пункт" [43]. І далей Алесь Жлутка на падставе лінгвістычнага аналізу магчымых зменаў формы тапоніма прыходзіць да высновы, што гэтай Летовіяй, дваром Міндоўга і кафедрай другога літоўскага біскупа дамініканіна Віта, была Любча - мястэчка на Наваградчыне. Трэба адзначыць, што ў свой аналіз даследчык вымушаны актыўна ўводзіць верагоднасныя працэдуры: "цалкам магчыма", "не выключана" і г. д. Да таго ж Алесь Жлутка атаясамляе такія паняцці, як месца каранацыі Міндоўга, рэзідэнцыя Міндоўга, сядзібы першых літоўскіх біскупаў. На сёння "любчанская версія" застаецца арыгінальнай тэарэтычнай канструкцыяй, пабудаванай на падставе ўскосных сведчанняў і з дапамогаю метадаў аналогіі і рэканструкцыі, але не падмацаванай гістарычнымі крыніцамі. Праблема ж у тым, што гэтых новых крыніц і няма.

Найноўшыя версіі літоўскай гістарыяграфіі

Пры тым, што у сучаснай літоўскай гістарыяграфіі пазбягаюць канкрэтызаваць месца каранацыі, дзве неаордынарныя версіі там з'явіліся. Стваральнікі першай - археолаг Вітаўтас Урбанавічус (нар. 1935) і архітэктар Напалеонас Кіткаўскас (нар. 1931), - мяркуюць, што каранаванне адбывалося ў Віленскім кафедральным касцёле [44]. Гэта версія заснавана на інтэрпрэтацыі вынікаў раскопак на тэрыторыі Ніжняга замка ў Вільні і паведамленнях так званай Хронікі Рывіуса , складзенай у пачатку XVIII ст. Урбанавічус называе рэшткамі язычніцкага капішча дзве лесвіцы невядомага прызначэння, якія былі знойдзеныя пад час раскопак, і лічыць, што менавіта тут знаходзіўся паганскі алтар, знішчаны Міндоўгам перад сваімі хрышчэннем і каранаваннем. Падобным чынам апісвае падзеі Тэадор Нарбут (1784-1864) [45], спасылаючыся на знойдзеную ім Хроніку Рывіуса , у якой усё ж не названа канкрэтна, што гэта было за месца. Магчыма, што выяўленыя пад Віленскай катэдрай і, увогуле, на тэрыторыі Няжнага замка рэшткі мураваных пабудоў і можна датаваць сярэдзінай ХІІІ ст. [46], хоць гэтае пытанне застаецца дыскусійным, але прывязка да каранацыі Міндоўга робіцца тут адвольна. Сама ж (43KB) Іл. 8. Наваградак. Жыццё легенды - у ліпені 1993 г. на гарадскім свяце з нагоды 740-годдзя каранацыі Міндоўга ля падэшвы гары быў ўсталяваны памятны знак. Здымак Міколы Гайбы // radzima.org.Хроніка Рывіюса , як паказалі даследаванні Артураса Дубоніса (нар. 1962), была скампіляваная вядомым аматарам містыфікацый Тэадорам Нарбутам [47]. "Віленская версія" застаецца прывіднай.

(21KB)  Іл. 9. Хрост Міндоўга. Фрагмент карціны невядомага мастака XVII ст. 'Бласлаўлёны Віт'.

Праўдападобна, пад уплывам версіі Урбанавічуса-Кіткаўскаса, Эдвардас Гудавічус (нар. 1929) фактычна прызнае магчымасць "віленскай версіі" месца каранавання, якое ён датуе 6 ліпенем 1253 г. Гудавічус піша, што да гэтай падзеі Міндоўг "належным чынам падрыхтаваўся": "Быў пабудаваны (магчыма ў Вільні) Кафедральны сабор" [48].

Новае ажыўленне на сцэне версій выклікаў Томас Баранаўскас (нар. 1973) [49], якога падтырмаў археолаг Гінтаўтас Забела (нар. 1962) [50]. Гэтая версія грунтуецца на атаясамленні Летовіі з граматы Міндоўга 1253 г. Нямецкаму ордэну - "дадзена ў Летовіі…" («Datum in Lettowia in curia nostra») [51], з гарадзішчам Palatavys на рацэ Латава, прытоку Швянтойі, на поўначы сучаснай Літоўскай рэспублікі. Ніводні гістарычны дакумент гэтага не пацвярджае. Фактычна, гэтая версія развівае ідэю расійскага і літоўскага лінгвіста Эдуарда Вольтэра (1856-1940), выказаную яшчэ ў 1910 г. [52] Вольтэр пісаў, што мясцовасць Латава магла раней называцца Летовіяй. Такім чынам, версія гэтая базуецца на знешнім падабенстве назваў. Але ж у лацінсквй-нямецкай транскрыпцыі ХІІІ ст. Літва і называлася Летовіяй (Lettowia). А шлях супастаўленняў назваў старажытных і сучасных ёсць вельмі небяспечным. Яшчэ адно - для абгрунтавання сваіх версій Баранаўскас выкарыстоўвае граматы 1260 і 1261 гг., вядомыя як фальсіфікаты, вырабленыя ў канцы XIV ст. Нямецкім ордэнам [53].

Мы бачым, што літоўская гістарыяграфія ў цэлым скептычна адносіцца да "Наваградскай версіі", але пры гэтым і "віленская версія" каранацыі выглядае вельмі экзатычнай ды не падтрымліваецца большасцю літоўскіх даследчыкаў. У такой сітуацыі, многім гісторыкам з Вільні прасцей зусім ўхіляцца ад дыскусійнай праблемы вызначэння месца каранацыі. Прыкладам чаго можа быць і апошняе літоўскае выданне пра караля Міндоўга [54]. У гэтым зборніку толькі ў артыкуле Івінскіса "Міндоўг і яго карона", перадрукаваным з выдання " Aiduose " 1954 г., гаворыцца пра Кернаў, як пра «першую каралеўскую сталіцу», а пра Наваградак, як пра месца каранавання [55]. Таксама характэрна, што ў хрэстаматыі " Кніга Міндоўга: гістарычныя крыніцы аб Літоўскім каралі ", дзе змешчаны ў перакладзе на літоўскую мову прыгадкі ў крыніцах пра Міндоўга, не трапіў фрагмент з " Гісторыі Літвы " Альберта Віюка-Каяловіча, у якім гістарыёграф XVII ст. выкладае сваю версію месца каранацыі - у полі пад Наваградкам [56].

Заканчваючы гэты агляд, можна адзначыць той палемічны напал, які выклікае вызначэнне месца каранавання Міндоўга. Падобна, што звязана гэта з тым, што лакалізацыя такога месца дае падставы для розных інтэрпрэтацый ранняй этнічнай і палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Да таго ж у гістарыяграфіі, асабліва беларускай, часта атаясамляюць паняцці "месца каранавання" і "сталіца". Месца каранавання, як сведчыць еўрапейская гісторыя, зусім не абавязкова павінна супадаць са сталіцай. Ды і ці можам мы ў тагачасных умовах казаць пра сталіцу ў сучасным сэнсе слова - як месца размяшчэння цэнтральных органаў улады і кіравання? Удакладнім, што існуе яшчэ адно паняцце - "рэзідэнцыя Міндоўга", якое таксама не пакрываецца двума папярэднімі.

Толькі ў XVI ст. былі вызначаны два "прэтэндэнты" на месца каранавання Міндоўга - Кернаў і Наваградак. Але ў цэлым гістарыяграфічная традыцыя XVI-XVII стст. указвае на Наваградак. Гэтую традыцыю заклаў Мацей Стрыйкоўскі. На што ён абапіраўся - нам да канца невядома. На базе вядомых крыніц праблему месца каранацыі Міндоўга да канца вырашыць немагчыма.

Але з'яўленне "наваградскай версіі" наўрад ці можна лічыць проста валюнтарысцкім актам гістарыёграфа XVI ст. у эпоху, калі адбывалася фармаванне шляхты, як адзінага палітычнага правамоцнага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага. Наваградак, адзін з найважнейшых цэнтраў перыяду ўзнікнення дзяржавы, стаў сімвалізаваць адзін з ідэалагічных слупоў гэтага палітычнага народа. "Наваградская версія", такім чынам, напаўняецца сімвалізмам. Праз значнасць такога сімвалізму ў ХХ ст. узнікла і найменш абгрунтаваная "віленская версія", такая прываблівая для прыхільнікаў дэтэрмінацыйнай канцэпцыі ўзнікнення і развіцця Вялікага Княства Літоўскага.



[1] Stryjkowski M. Goniec cnothy, do prawych slachciczów // Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. T. 2. S. 541.

[2] Potym się okrzcił, Mendolphus jest nazwan,

Na Litewskie królestwo koronowan,

W Kiernowie z dozwolenia Papieskiego,

I Cesarskiego.

[3] Stryjkowski M. O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego, przedtym nigdy od żadnego ani kuszone, ani opisane, z natchnienia Bożego a uprzejmie pilnego doświadczenia / Opracowała J. Radziszewska. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1978. S. 197.

[4] Nie dał się długo papież prosić, bo mu milo,

Iż się tak wielkie państwo i sławne ochrzciło.

Co w skok koronę sprawił i w Rzymie poświęcił,

A legatom swym z Litwą pilnie ją nieść zlecił.

Tak go z wolą papieską ukoronowali

W Kiernowie i litewskim królem obwołali.

Hemderyk, legat, nań kładł koronę z inszymi

Biskupy, z ryskim, z derptskim, z Krzyżaki pruskimi.

[5] Гл. падрабязней: Vėlius G. XIII-XIV a. Kernavės kapinyno apgalviai // Lietuvos archeologija . Vilnius, 2001, t. 21, p. 383-399.; Vėlius G. Kernavė in the context of towns of the Grand Duchy of Lithuania // Archaeologia Lituana . Vilnius, 2003, t. 4. P. 161-174; Vėlius G. Kernavės miesto bendruomenė XIII-XIV amžiuje. Vilnius, 2005; Kernavė - litewska Troj a. Katalog wystawy ze zbiorów Państwowego Muzeum-Rezerwatu Archeologii i Historii w Kernavė, Litwa. Warszawa, 2002; UNESCO. World Heritage List. Kernavė archaeological site http://whc.unesco.org/en/list/1137

[6] Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi. T. 1. S. 289

[7] «Tak tedy Innocentius, papież Rzymski, widząc rzecz być pożyteczną Kośćiołowi Rzymskiemu, iż tak wielkie a waleczne państwo pogańskie do Christusa dobrowolnie przystąpiło, zaraz bez wszelkiego odkładania koronę Litewską poświęcił i Mendoga Króla Litewskiego być obwołał, a chcąc mu się tym więcej zachować, posłał legata swojego zakonnego brata Heinderika prowinciała Polskiego, Armakańskiego przed tym biskupa, a na ten czas Kulmienskiego albo Chełmienskiego w Prusiech, który przyjachawszy do Nowogrodka Litewskiego z arcibiskupiem Rigenskim i s Krzyżakami Pruskimi i Liflandskimi, Mindauga albo Mendoka na królestwo Litewskie według zwykłych ceremonij kościelnych pomazał, obwołał i z ramienia papieskiego i cesarskiego, koroną nową Litewską koronował».

[8] Семянчук, Альбіна. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі . Гродна, 2000. С. 77.

[9] Wojtkowiak, Zbyslaw. Maciej Stryjkowski - dziejopis Wielkiego Księstwa Litewskiego. Kalendarium życia i działalności . Poznań 1990. S. 81-82.

[10] Гваньïні, Олександр. Хроніка європейськоï Сарматіï / Упорядкув. та пер. з пол. о. Юрія Мицика. Киів: КМА, 2007. С. 307, 309.

[11]Historiae Lithuanae pars prior, de rebus Lithuanorum ante susceptam Christianam religionem conjunctionemque… cum regno Poloniae. Auctore P. Alberto Wiiuk Koialowicz. Dantisci, 1650. P. 97; Vijūkas-Kojelavičius A. Lietuvos istorija . Pirma ir antra dalis / iš lotynų k. vertė L. Valkūnas. Vilnius, 1989. P. 103.

[12] "Accepta legatio perhonorifice ad Innocentio IV missum diadema per Heindericum (seu Henricum) Armacanum, postea Culmensem, Praesulem; qui simul cum Archiepiscopo Rigensi, sacro fonte cum sexcentis primorum ablutum, in campis Novogrodensibus, (neque enim Novogrodenci tam amplae aedes haberi poterant) solennibus caerimoniis novum Regem inauguravit".

[13] Отрывок из путевых записок профессора Виленского университета Игнатия Онацевича во время проезда его через одну часть Гродненской губернии в июле и августе 1822 г. // Северный архив . 1822, декабрь, № 24. С. 474-485; Урывак з падарожных запісак прафесара Віленскага універсітэта Ігната Анацэвіча пад час праезду яго праз адну частку Гродзенскай губерні ў ліпені і жніўні 1822 года // Габрусевіч С. А., Марозава С. В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына: гістарычны нарыс . Гродна: ГрДУ, 2005. С. 175.

[14]Полное собрание русских летописей . Т. 40: Густынская летопись . СПб: «Дмитрий Буланин», 2003. С. 121-122: «В то жъ лето [6760 / 1252] великий князь Литовъский Миндовгъ коронованъ бысть на кролевство Литовъское въ Новогродку за благословениемъ папы инокентия през Генърика, бискупа Хелмского )въ Прусехъ), каръдинала папежского».

[15] Антонович В. Б. Монографии по истории Западной и Юго-Западной Руси . Т. 1. Киев, 1885. С. 14-15, 31; Батюшков П. Н. Белоруссия и Литва . СПб., 1890. С. 57-60; Брянцев П. Д. Очерк истории древней Литвы и Западной России . Вильно, 1891. С. 16.

[16] Latkowski J. Mendog, król litewski // Rozprawy Akademii umejętności . Seria 11. Wydział Filozoficzno-Historyczny. Kraków, 1892. S. 307-406.

[17] Łowmiański H. Studia nad początkami spoleczeństwa i państwa litewskiego . T. 2. Wilno, 1932. S. 346, 352.

[18] Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa . T. I: Litwa a Moskwa w XIII i XIV wieku. Warszawa, 1933. S. 79-87.

[19] Kętrzyński W. Najdawniejsza stolica litewska // Kwartalnik historyczny . Lwów, 1907. XXI. S. 604-611.

[20] Klymenko, Philipp. Die Urkunden Mindowes für den livländischen Orden // Altpreussische Forschungen . 6. Jahrg., 1929, Heft 2. S. 215.

[21] Prochaska A. Dwie koronacje // Przegląd Historyczny . 1905. T. 1. S. 274.

[22] Hellmann, Manfred. Grundzüge der Geschichte Litauens und des litauischen Volkes . Darmstadt: Wissenschaftliche Buchgeselschaft, 1986. S. 17.

[23] Власт [Ластоўскі В.]. Кароткая гісторыя Беларусі . Мн.: Універсітэцкае, 1992. С. 16.

[24] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі / Уступ. арт. А. П. Грыцкевіча; Камент. і заўвагі Э. Н. Гнеўкі. 5-е выд. Мн.: Беларусь, 1991. С. 73.

[25] Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі . Мн.: БелЭн, 1994. С. 54.

[26] Пічэта У. І. Гісторыя Беларусі . Мн.: БДУ, 2005. С. 107.

[27] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня: Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі / Пасьл. А. Грыцкевіча; Укл. Н. Бараноўскага. Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 32.

[28]Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 1: Першабытнаабшчынны лад на тэрыторыі Беларусі. Эпоха феадалізму / Гал. рэд. К. І. Шабуня; ІГ АН БССР. Мн.: Навука і тэхніка, 1972. С. 126.

[29]История БССР [Учеб пособие для вузов] / Под ред. В. В. Чепко, А. П. Игнатенко. Ч. 1. Мн.: Изд-во БГУ, 1981. С. 70.

[30] Stakauskas, Juozapas. Lietuva ir Vakarų Europa XIII amžiuje . Vilnius: Aidai, 2004. P. 59.

[31] Stakauskas J. Lietuva ir Vakarų Europ… P. 93.

[32] Ivinskis Z. Lietuvos istorija. Iki Vitauto Didžiojo mirties . Roma, 1978 (Vilnius, 1991). P. 178.

[33] Gudavičius E. Mindaugas . Vilnius, 1998. Р. 241-256, 337; Kiaupa Z., Kiaupienė J., Kuncevičius A. The History of Lithuania before 1795 . Vilnius, 2000. Р. 57, 59; польская версія кнігі: Kiaupa Z., Kiaupienė J., Kuncevičius A. Historia Litwy: Od czasów najdawniejszych do 1795 roku . Warszawa: PWN, 2008. S. 64. Аўтары гэтага калектыўнага выдання ўказваюць толькі, што каранаванне "праўдападобна, адбылося ў новазбудаванай катэдры".

[34] Пашуто В. Т. Образование Литовского государства . М., 1959. С. 379, 406.

[35] Ермаловіч М. І. Па слядах аднаго міфа . 2-е выд., дап. Мн.: Навука і тэхніка, 1991. С. 64.

[36] Гурэвіч Ф. Д. Летапісны Новгородак (Старажытнарускі Наваградак) . СПб.-Наваградак, 2003. С. 50-56.

[37]Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. / Гал. рэд. М. П. Кацюк. Ч. 1. Мн.: Беларусь, 1994. С. 103; Гісторыя Беларусі : У 2 ч. Ч. 1. Ад старажытных часоў - па люты 1917 г.: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. Мн.: Універсітэцкае, 1998. С. 86; Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. С. 62.

[38] Грыцкевіч А. Міндоўг // Славутыя імёны Бацькаўшчыны : Зборнік. Вып. 2 / /Укл. У. Гілеп. Мн.: БФК, 2003. С. 27-28.

[39] Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы . Мн., 1993. С. 41; Насевіч В. Наваградчына ў палітычных падзеях ХІІІ ст. // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна . Мн.: Беларусь, 1996. С. 62.

[40] Насевіч В. § 1-4. Роля беларускіх зямель ва ўтварэнні і ўмацаванні ВКЛ // Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2: Белаурсь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага / Рэд. Ю. Бохан, Г. Галенчанка. Мн.: «Современная школа» -- «Экоперспектива», 2008. С. 74.

[41] Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага . Rzeszów, 2000. С. 158-159.

[42]Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe , rex Lithowiae, in litteris et testimonies / Укладаньне, пераклад на беларускую мову, камэнтары А. Жлуткі. Мн., 2005. № 2, с. 24-26.

[43] Жлутка А. Да пытання аб месцы каранацыі Міндоўга (Мінадава) і сядзібе першага біскупа Літвы // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы). Мн.: Рыфтур, 2010. С. 98. Гл. таксама: Жлутка А. Каранацыя Міндоўга і заснаванне першага біскупства ў дакументах ХІІІ ст. // Наша вера . 2003, № 2.

[44] Urbanavičius V. Vilniaus Perkūno šventovės klausimu // Iš baltų kultūros istorijos . Vilnius, 2000. P. 23; Kitkauskas N. Vilniaus arkikatedros požemiai . Vilnius, 1994. P. 10-18.

[45] Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego . T. 1. Wilno, 1835. S. 206-207, 226, 283, 375-377.

[46] У апублікаваных справаздачах археалагічнага даследавання Ніжняга Віленскага замка датаванне выяўленых найстаражытнейшых канструкцый робяцца больш асцярожна - другой паловай ХІІІ альбо першай паловай XIV стст.: Vilniaus Žemutinės pilies rūmai (1988 metų tyrimai). Vilnius, 1989. P. 97, 100; Vilniaus Žemutinės pilies rūmai (1990-1993 metų tyrimai). Vilnius, 1995. P. 206; Vilniaus Žemutinės pilies rūmai (1994-1995 metų tyrimai). Vilnius, 1999. P. 352; Kitkauskas N. Vilniaus pilių architektūros raida // Lietuvos pilių archeologija . Klaipėda, 2001. P. 155.

[47] Dubonis A. The Case of the Chronicle of Rivius // Lithuanian Historical Studies . Vol. 5, 2000. P. 7-20.

[48] Гудавичюс Э. История Литвы с древнейших времен до 1569 года / Пер. на рус. Г. И. Ефремова; Науч. ред. Е. Л. Назарова. М.: Фонд им. И. Д. Сытина - Baltrus, 2005. C. 55.

[49] Baranauskas T. Lietuvos valstybės ištakos . Vilnius, 2000. Р. 194-196; Баранаўскас Т. Месца каранацыі Міндоўга // Спадчына . 2002, № 5-6. С. 26-31; Баранаускас Т. Новогрудок в ХIII в.: история и миф // Castrum, urbis et bellum : Зб. навук. прац. Баранавічы, 2002. С. 29-44.

[50] Baranauskas T., Zabiela G. Mindaugo dvaras Latava // Lietuvos istorios metra š tis . 1997 m. Vilnius, 1998. P. 21-40.

[51]Preu ß isches Urkundenbuch . Politische Abtheilung / Ed. A. Seraphim. Königsberg, 1909. Bd. 1. H. 2. № 39, S. 35.

[52] Вольтер Э. А. Город Мендовга, или где искать Летовию Х III века? СПб., 1910.

[53] Latkowski J. Mendog , król Litewski . Kraków, 1892. S. 141, 151 (400, 450); Kętrzyński W. O dokumentach Mendoga, króla litewskiego // Rozprawy Akademii Umiejętności . Wydział Historyczno-Filozoficzny. Kraków, 1907. Ser. II. T. XXV (50). S. 203-205, 216-218; Zajączkowski S. Studia nad dziejami Żmudzi w XIII wieku // Archiwum towaryzstwa naukowego we Lwowe . Dz. II. Historyczno-filozoficzny. T. III. Zesz. 2. Lwów, 1925. S. 67-68; Lowmiański H. Studja nad początkami społeczeństwa i państwa Litewskiego . T. II. Wilno, 1932. S. 321-322; Maleczyński K. W sprawie autentyczności dokumentów Mendoga z lat 1253-1261 // Ateneum Wileńskie . Wilno, 1936. R.11. S. 29-35, 48-49; Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe , rex Lithowiae , in litteris et testimonies / Укладаньне, пераклад на беларускую мову, камэнтары А. Жлуткі. Мн., 2005. № 9-10, с. 37-47.

[54]Mindaugas karalius / Sudarė Vytautas Ališauskas. Vilnius: Aidai, 2008.

[55] Ivinskis Z. Mindaugas ir jo karūna // Mindaugas karalius . P. 87-88.

[56]Mindaugo knyga . Istorijos š altiniai apie Lietuvos karalių . Vilnius: LII leidykla, 2005. P. 181-182.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX