Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Эвалюцыя статуса Крэўскага замка ў XIV-XVII ст. 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 20-11-2013,
Крыніца: Дзярновіч А. І. Заняпад ці трансфармацыя? Эвалюцыя статуса Крэўскага замка ў XIV-XVII ст. (па выніках гістарычна-археалагічных даследаванняў) // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс 'Мір'. Мн.: Медысонт, 2013. С. 23-29.

Спампаваць




Час пабудовы?

Крэўскі замак - адзін з першых мураваных замкаў-кастэляў ВКЛ (Іл. 1). Дакладны час пабудовы Крэўскага замка застаецца дыскусійным - даследчыкі падаюць даты ад канцы ХІІІ ст. да 80-х гадоў XIV ст. Класічнай застаецца версія пра пабудову замка пасля 1338 г. (да 1345 г.) Альгердам як Іл. 1. Рэканструкцыя Крэўскага замка, XIV ст. Аўтар – Андрэй Шулаеў, 2013. сваёй уласнай рэзідэнцыі. Магчыма, будаўніцтва замка распачалося яшчэ Гедзімінам. Альгерд атрымаў Крэва ад свайго бацькі князя Гедыміна ў 1338 г. У Крэве жа ў 1345 было заключанае кампраміснае пагадненне паміж Альгердам і пасламі Кейстута пра падзел улады ў ВКЛ. Названай датыроўкі пабудовы замка - 1330-я гады, - першапачаткова прытрымліваліся Міхась Ткачоў [1] (хоць дапускаў, услед за гістарычнай традыцыяй ХІХ ст., 1320-я) [2], часам уладарання Крэва Альгердам (да 1345 г.) датуе пабудову замка Тадэуш Поляк [3].

Іл. 2. Фрагмент сценапісу з раскопак Княскай вежы Крэўскага замка (сезон 2012 г.).

У 1980-1990-х гадах атрымала развіццё версія пра пачатак будаўніцтва Крэўскага замка ў канцы ХІІІ - пачатку XIV стст., актыўна падтрыманая беларускімі археолагамі (Міхась Ткачоў і Алег Трусаў [4], Ігар Чарняўскі [5]). Але ўпершыню падобную версію яшчэ ў першай палове 1960-х гадоў выказаў літоўскі архітэктар Стасіс Абрамаўскас [6]. У якасці аргумента фігуравалі некаторыя асаблівасці будаўнічай тэхнікі - менавіта, архаічныя рысы ніжніх зон муроўкі сцен, выкладзеных на глінянай рошчыне, а таксама дабаўленне ў вапнавую рошчыну дробленай цэглы, што ў Балтыйскім рэгіёне датуецца ХІІІ ст.

Падставы для дыскусіі даюць таксама сведчанні пісьмовых крыніц. "Хроніка Літоўская і Жамойцкая" паведамляе, што Гедымін, «всех сынов за живота своего порядне поделив панствами уделными, забегаючи внутрней домовой незгоды», надзяліў «Олгердови Крево замок» [7]. Хроніка не дае дакладнай датыроўкі гэтай падзеі, але змяшчае гэтыя звесткі паміж 1323 і 1328 гадамі, хоць трэба разумець умоўнасць гэтага датавання.у любым выпадку, з гэтай цытаты вынікае, што Крэва было перададзена Альгерду (каля 1296 - 1377) яшчэ пры жыцці яго бацькі Гедыміна (каля 1275 - 1341). Трэба таксама звярнуць увагу на тое, што Крэва было адзіным, названы з акрэсленнем "замак". Але пры аналізе гэтых сведчанняў трэба памятаць, што сама "Хроніка Літоўская і Жамойцкая" была створана ў XVII ст. і шмат у чым блізкая (паўтарае) Хроніку Быхаўца і "Хроніку" Стрыйкоўскага. Звычайна, на звесткі па ранняй гісторыі Крэва спасылаюцца паводле "Хронікі Літоўская і Жамойцкая" [8]. Хроніка Быхаўца, створаная ў першай палове XVI ст., паведамляе толькі, што Гедымін пасадзіў "Olgierda na Krewo" [9]. Само ж вызначэнне "Крэва замак" мы сустракаем у "Хроніцы" Мацея Стрыйкоўскага [10], але там характарыстыка сеньёрыяльных рэзідэнцый як замак пададзена і да такіх цэнтраў, як Кернаў, Слонім. Як бачым, выраз "Крэва замак" ёсць пазнейшым запісам у "Хроніцы" Стрыйкоўскага, і адтуль ўжо магло патрапіць у "Хроніку Літоўскую і Жамойцкую".

Але якая самая рання крыніца называе Крэўскі замак? Такая прыгадка ўтрымліваецца ў летапісным рэестры "А се имена всем градом рускым далним и ближним", складзеным, як паказаў Міхаіл Ціхаміраў, хутчэй за ўсё паміж 1387 і 1392 гг. [11] У ліку літоўскіх гарадоў прыгадваецца "Крев камен" [12].

Яшчэ адна крыніца канца XІV ст. паведамляе пра Крэва - "Новая Пруская хроніка" Віганда Марбургскага, створаная ў 1393-1394 гг. Ордэнскі храніст паведамляе пра зняволенне Кейстута ў Крэве ("in Krewen") у 1382 г. [13]

Менавіта гэтае першае, дакладна датаванае паведамлення і дало падставы літоўскаму даследчыку Альгірдасу Жалнерусу аднесці час будаўніцтва Крэўскага замка, як і іншых кастэляў ВКЛ, да 1370-1380-х гадоў. Такім чынам, мы маем яшчэ адзін храналагічны полюс пабудовы замка [14].

Найбольш жа абгрунтаваным застаецца традыцыйнае датаванне - 1330-я гады. Ва ўсякім выпадку, Крэўскі замак стаў адным з першых цалкам мураваных замкаў Вялікага Княства Літоўскага, дзе да той пары, як і на беларускіх землях увогуле, не існавала традыцый мураванага дойлідства аб'ектаў такога маштабу. Узводзіўся замак, відавочна, пры ўдзеле ганзейскіх майстроў.

Захаваліся копіі шасці лістоў вялікага князя літоўскага Гедыміна, напісаных па-латыні ў Вільні ў 1323-1324 гг. і адрасаваных папу рымскаму Яну XXII, уладам ганзейскіх гарадоў Брэмена, Кёльна, Любека, Ростака, Грайфсвальда, Штеціна і іншых, а таксама нямецкім францысканцам і дамініканцам [15]. У лістах Гедымін заяўляў пра сваё жаданне прыняць хрысціянскую веру. Акрамя таго, у Літву запрашаліся рыцары, лекары, рамеснікі (шаўцы, цялежнікі, каменячосы, срэбнікі, балістарыі, солездабытчыкі, пекары), купцы, земляробы, рыбакі, а таксама святары. Усім запрошаным гарантавалася бяспека, свабода перамяшчэння, поўнае ці на некалькі гадоў вызваленне ад падаткаў і павіннасцяў. Лісты сведчаць аб імкненні літоўскага гаспадара да міжнароднага прызнання і дазваляюць бачыць у дзейнасці Гедыміна шырокую праграму эканамічнай, культурнай і ваеннай мадэрнізацыі Літвы. Менавіта пасля гэтай кампаніі запрашэнняў у Вялікім Княстве з'явіўся шэраг мураваных пабудоў абарончага дойлідства, якія да гэтага не былі ўласцівы нашым землям.

Крэўскі замак як рэзідэнцыя

Сам Крэўскі замак, у Княскай вежы якога знаходзіліся жылыя памяшканні, паводле заключэння Ігара Чарняўскага, ляжыць у пачатках генеалогіі Іл. 3. Рэканструкцыя структуры гістарычнага ландшафту Крэва ў XVI ст. Архітэктар Андрэй Шулаеў. палацава-замкавых комплексаў у Беларусі [16]. Увогуле ж, першым выразна акцэнтаваў функцыі Крэўскага замка як рэзідэнцыі даследчык мастацтва Мікола Шчакаціхін [17]. Для такога меркавання сёння маюцца як сведчанні пісьмовых крыніц, так і інфармацыя, здабытая ў выніку археалагічных даследаванняў.

Крэўскі замак паўстаў як рэзідэнцыя аднаго з адгалінаванняў Гедымінавічаў - Альгерда, а потым і Ягайлы. У XIV ст. Крэўскі замак выконваў функцыі адной з вялікакняскіх рэзідэнцый. Невыпадкова менавіта ў ім быў падпісаны акт уніі ўніі 1385 г.

У 1382 г. Нямецкі ордэн у Прусіі дапамог Ягайле, які ўцёк да іх, перамагчы Кейстута: князь Трокаў і Жмудзі, апошні абаронца паганскай Літвы быў схоплены. У Супрасльскім летапісе аб гэтым сказана так: "Князя великого Кестутия... оковав ко Криеву послали и всадили во вежю... И там во Криеве пятой нощи князя великого Кестутия удавили коморники князя великого Ягайлавьі" [18]. Такі ж лес рыхтавалі Вітаўту, сыну Кейстута, які "седель во Криеве за твердою сторожею в комьнате" [19]. Вітаўт здолеў уратавацца ўцёкамі, а пазнейшыя крыніца пакінулі нам беспасярэднія указанні на выкарыстоўванне Княскай вежы ў якасці жылых памяшкканняў. Пры гэтым у ніжнім ярусе вежа, вельмі верагодна, знаходзілася вязніца Кейстута. Жылыя памяшканні, верагодна, знаходзіліся на трэцім і чацвёртым ярусах, а другі ярус выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэбаў [20].

Трэба прызнаць, што да XVІ ст. Крэўскі замак страціў сваё мілітарнае значэнне. Да таго ж, ён стаў агульнадзяржаўным замкам, што фіксуе факт утварэння староства. Хутчэй за усё, можна было б чакаць заняпад замка і пашырэння цытаты Герберштэйна ад 1526 г. на ўсю далейшую гісторыю замка: "Крэва - мястэчка з пакінутым замкам" [21]. З іншага боку мы ведаем, што ў 1564 г., паводле спрэчных прававых падставаў, Жыгімонт Аўгуст перадаў Крэва палітэмігранту князю Андрэю Курбскаму.

Апроч таго, археалагічныя даследаванні ў Княскай (Кейстутавай) вежы замка выявілі значную колькасць фрагментаў фрэсак (сценапісу), якімі былі аздоблены скляпенні і аконныя праёмы данжона (Іл. 2). Хімічна-тэхналагічны аналіз паказаў, што сценапіс мае тры пласты. Найранейшыя былі выкананыя ў XIV-XV ст. у тэхніцы all-secco (па сухой тынкоўцы), але на мяжы XVI-XVII стст. крэўскія роспісы былі часткова перапісаныя ў тэхніцы тэмпернага жывапісу [22]. Усё гэта сведчыць пра ўзнаўленне замка і далейшае яго функцыянаванне ў другой палове XVI - першай палове XVII стст. як службовай рэзідэнцыя ці цэнтр староства [23].

Мястэчка

Трэба адзначыць, што археалагічнае вывучэнне Крэва адбываецца, пачынаючы з 1970 г. Але аб'ектам даследаванняў выступаў менавіта Крэўскі замак. Тэрыторыя ж самога гістарычнага мястэчка вывучана ў непараўнальна меншай ступені. У 1985 г. Аляксандрам Краўцэвічам з мэтаю вывучэння гісторыка-тапаграфічнай сітуацыі Крэва была праведзена шурфоўка (20 кв. м.) гістарычнага цэнтра мястэчка на ўсход і поўнач ад замка [24]. Культурны слой светла-шэрага колеру дасягае тут 2 м таўшчынёй. Самы ранні артэфакт, выяўлены пры тагачасных даследаваннях - венца непаліванага гаршчка XIV ст., выяўленае ў цэнтры мястэчка. Гэта дае падставы меркаваць, што вядомы нам цэнтр мястэчка ўзнік на прылеглай ўсходзе да замка тэрыторыі і менавіта замак стаў цэнтрам новых урбанізацыйных працэсаў Крэва ў познім Сярэднявеччы і раннім Новым часе. У сацыяльна-гістарычным плане паказальна, што матэрыяльная культура замка выразна адрозніваецца ад знаходак ў пластах XVI-XVII стст. на тэрыторыі мястчэка [25].

Паводле актавых крыніц канца XVIII ст. (актыкацыя пацвярджэння канцлера ВКЛ Аляксандра Сапегі ад 25 лютага 1795 г.) Магдэбургскае права было нададзена месту Крэва актам 7 красавіка 1559 г. [26] Але паўнамоцтвы органаў права самакіравання для Крэва ў XVI-XVII стст. застаюцца не да канца яснымі [27].

Але, у такім разе, не да канца зразумелым застаецца размяшчэнне першапачатковага паселішча Крэва. Верагодна, цэнтр старажытнага паселішча, да ўзвядзення замка, знаходзіўся ля Крэўскага гарадзішча, якое размешчана па шляху на Смаргонь (у 2 км ад замка). У 1974 г. гэтае гарадзішча абследаваў Георгій Штыхаў, але раскопкі не праводзіліся [28]. Верагодна, менавіта ў тым месцы і быў заснаваны ў 1387 г. Ягайлам касцёл для хросту паганскай Літвы [29]. Але ўжо новы тып паселішча, якое з XVI ст. стане фігураваць у крыніцах як "места", а ў нашай сучаснай тэрміналогіі "мястэчка", узнікла ўжо вакол мураванага замка (Іл. 3). Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ў XVIII ст. драўляная ратуша магдэбургскага места Крэва знаходзілася на тэрыторыі замка [30].

Высновы

Такім чынам, можна сфармуляваць папярэднія высновы:

1) у другой палове XVI - першай палове XVII стст. Крэўскі замак не знаходзіўся ў руінах, а быў адбудаваны і выкарыстоўваўся як рэзідэнцыя. Пры гэтым Крэўскі замак страціў функцыі вялікакняскай рэзідэнцыі, як гэта было ў XIV ст., але стаў цэнтрам староства. Адбылася трансфармацыя публічных функцый, але заняпад функцый вайсковых.

2) функцыянаванне замка, як вялікакняскай рэзідэнцыі і як цэнтру староства, паўплывала на змены горадабудаўнічай сітуацыі ў Крэве - мястэчка ранняга Новага часу ўзнікала ўжо вакол замка. Такая схема развіцця мястэчка адпавядае еўрапейскай схеме развіцця гарадоў вакол сеньёрыяльных рэзідэнцый.

Алег Дзярновіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі



[1] Ткачоў М. А. Замкі Беларусі (ХІІІ-XVII ст.) / М.А.Ткачоў. - Мн.: Полымя, 1977. - С. 33; Ткачев М. А. Замки Беларуси. / М.А.Ткачев. - [2-е изд.]. - Мн.: Беларусь, 2002. - С. 38.

[2] Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ-XVIII стст. / М.А.Ткачоў. - Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - С. 34; Ткачоў М. Загінуўшыя абаронцы / М.А.Ткачоў // Страчаная спадчына. Мн.: Полымя, 1998. - С. 14.

[3] Polak, Tadeusz. Zamki na Kresach: Białoruś, Litwa, Ukraina. / T.Polak. - Wyd. 2. - Warszawa: Pagina, 1997. - S. 153.

[4] Ткачев М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка / М.А.Ткачев, О.А.Трусов // Вопросы архитектуры Литовской ССР. - 9 (1). История архитектуры. 1988. - С. 3; Трусаў А. А. Старонкі мураванай кнігі: манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. / А.А.Трусаў. - Мн.: Навука і тэхніка, 1990. - С. 55.

[5] Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка / І. Чарняўскі, М. Цэйтліна // Каштоўнасці мінуўшчыны. - Вып. 4: Помнікі археалогіі: праблемы аховы і вывучэння. - Мн., 2001. - С. 97.

[6] Абрамаускас С. К вопросу генезиса крепостных сооружений типа кастель в Литве (на примере замка Медининкай) / С. Абрамаускас // Научные труды высш. учеб. заведений Лит. ССР. Строит.ельство и архитектура. ІІІ. - 1963. - № 1. - С. 83.

[7] Полное собрание русских летописей. - М.: Наука, 1975. - Т. 32. - С. 41.

[8] Ткачев М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка. - С. 3.

[9] Полное собрание русских летописей. - Т. 32. - С. 138.

[10] Srtyjkowski, Maciej. Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi. / M. Stryjkowski. - Warszawa: Nakł. G.L.Glucksberga. - T. I. - S. 381.

[11] Тихомиров М. Н. Русское летописание. / М.Н.Тихомиров. - М.: Наука, 1979. - С. 88.

[12] Тихомиров М. Н. Русское летописание. - С. 95.

[13] Die Chronik Wigands von Marburg / Originalfragmente, lateinische uebersetzung und sonstige ueberreste von Theodor Hirsch. // Scriptores rerum Prussicarum. - Leipzig: Verlag von S. Hirzel, 1863. - Band ІІ. - S. 620; Vygandas Marburgietis. Naujoji Prūsijos kronika / Vertė Rimantas Jasas; mokslinis redaktorius Kęstutis Gudmantas. - Vilnius: Vaga, 1999. - P. 183.

[14] Žalnierius A. The First Castle of Kaunas / A. Žalnierius // Castella Maris Baltici VI. Contacts and Genetically Dwellings in the Castle Buildings. - Vilnius: Savastis, 2004. - P. 229.

[15] Chartularium Lithuaniae res gestas magni ducis Gedeminne illustrans. Gedimino laiškai. / Parengė S. C. Rowell. - Vilnius: Vaga, 2003. - P. 46-67.

[16] Чарняўскі І. Развіццё палацава-замкавых комплексаў Беларусі ў канцы XV-XVII стст. / І. Чарянўскі // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі: Новыя матэрыялы і даследаванні / Пад рэд. В. М. Ляўко. - Мн.: Навука і тэхніка, 1993. - С. 66.

[17] Шчакаціхін, Мікола. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. / М. Шчакаціхін. - Мн.: Навука і тэхніка, 1993. - С. 147-148.

[18] Супрасльская летопись // Полное собрание русских летописей. - М.: Наука, 1980. - Т. 35. - С. 63.

[19] Супрасльская летопись. - С. 63.

[20] Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка. - С. 103.

[21] Герберштейн, Сигизмунд. Записки о Московии. / С. Герберштейн. - М.: МГУ. 1988. - С. 212.

[22] Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка. - С. 101.

[23] Пералік Крэўскіх старастаў і апісанне іх дзейнасці гл.: Дзярновіч А. І., Трусаў А. А., Чарняўскі І. М. Лёс Крэва. / А.І.Дзярновіч, А.А.Трусаў, І.М.Чарняўскі. - Мн.: Полымя, 1993. - С. 11-14.

[24] Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст: Планіроўка, культурны слой. / А. К. Краўцэвіч. - Мн., 1991. С. 55, 105.

[25] Архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. - Дзярновіч А. І. Справаздача па археалагічных даследаваннях (раскопках) у в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. у 2011 г. - С. 16-17.

[26] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. - Ф. 1776. - Воп. 1. - Спр. 1. - Арк. 1 адв.

[27] Дзярновіч А. Крэва: мястэчка і гісторыя / А. І. Дзярновіч // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Мн.: Універсітэцкае, 1995. - Вып. 1. - С. 112-113.

[28] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. - Мн.: БелСЭ, 1986. - С. 328, № 1419.

[29] Социально-политическая борьба народных масс Белоруссии. Конец XIV в. - 1648 г. - Мн.: Наука и техника, 1988. - Т. 1. - С. 15.

[30] Корева А. Развалины Кревского замка / А. Корева // Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. - Вильно, 1861. - Ч. 2. - С. 60.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX