Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Ёган Хрыстаф Броцэ і пачатак вывучэння кірылічных актаў рыжскага архіўнага комплекса Moscowitica-Ruthenica 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 25-12-2013,
Крыніца: Дзярновіч Алег. Ёган Хрыстаф Броцэ і пачатак вывучэння кірылічных актаў рыжскага архіўнага комплекса Moscowitica-Ruthenica // Studia Historica Europae Orientalis – 5, 2012. С. 204-216.

Спампаваць




Вось ужо тры стагоддзі ўвагу даследчыкаў прыцягваюць матэрыялы архіўнага комплекса Moscowitica-Ruthenica , якая ўтрымлівае дакументы па гісторыі зносін Рыгі і Ганзы на працягу ХІІІ-XVII стст. з беларускімі землямі, 1. Ёган Хрыстаф Броце. Партрэт невядомага мастака пач. ХІХ ст. Вялікім Княствам Літоўскім, а таксама гарадамі і княствамі на тэрыторыі Расіі. Контрагентамі Рыгі ў гэтых зносінах выступалі найперш таксама гарады - Смаленск, Полацк, Віцебск, Пскоў, Ноўгарад Вялікі. Назва калекцыі Moscowitica-Ruthenica ўзнікла гістарычна і, з улікам статыстычнай колькасці матэрыялаў па розных рэгіёнах, не да канца адэкватна адлюстроўвае яе змест. Для калекцыі найлепш бы пасавала назва Ruthenica - Moscowitica , бо менавіта "Рутэніцы" (матэрыялаў пра славянскія тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага) там найбольш, а матэрыялы, што датычаць уласна Расіі, складаюць меншасць. Але выкажам здагадку, што ў канцы XVI-XVII ст., калі парадкаваліся матэрыялы комплексу і складаліся першыя яго рэестры, на першае месца чаргу ў рэгіянальных зносінах паводле знешнепалітычнага гучання выйшла менавіта Расія, што і паўплывала на ўзнікненне назвы, паставіўшы на пачатак назвы "Маскавіціку". У XVII ст. аддзелы Ruthenica і Moscowitica практычна зліваюцца ў адзін і вопісы ды рэестры XVII ст. іх болей не падзяляюць [23, с. 51].

На сённяшні дзень матэрыялы калекцыі складаюць розныя архіўныя фонды Латвіскага Дзяржаўнага Гістарычнага Архіва ў Рызе, але фармаванне ядра гэтай былой калецыі і яго размеркаванне па сучасных фондах ужо досыць няблага вывучана [21, с. 19-28; 23, с. 94-106; 38, s. 125-143; 5, c. 10-19; 8, c. 168-174; 7, c. 20-26]. Тым не менш ёсць сюжэты, якія, з аднаго боку, асветлены ў спецыяльнай літаратуры, але іх важнасць для вывучэння даўняга пісьменства і гісторыі міжрэгінальных кантактаў не да канца артыкулявана і, магчыма, не на поўніцу асэнсавана даследчыкамі. Сярод іншага, роля Ёгана Хрыстафа Броцэ ў вывучэнні матэрыялаў калекцыі Moscowitica-Ruthenica патрабуе такога асвятлення.

Творчая біяграфія Броцэ і лёс яго спадчыны

Ёган Хрыстаф Броцэ (Johann Christoph Brotze, 1742-1823) 2. Партрэт Ёгана Хрыстафа Броцэ - прафесара, радцы і старшага настаўніка Рыжскай гімназіі на пенсіі, уроджанага ў Горліцу ў 1742 г. (M. Johann Christoph Brotze Professor, Rath und emeritirter Oberlehrer des Rigischen Gymnasiums geb. zu Görlitz 1742 [das Porträt]. (Sammlung verschiedener Liefländischer Monumente. V. 10, T. 1. Nr. 1 [1, BM10000AB]). нарадзіўся ў Гёрліцы ў Саксоніі. Ён вывучаў тэалогію і філасофію ва ўніверсітэтах Лейпцыга і Вітэнберга. У 1768 г. Броцэ пераехаў у Рыгу, у якой і пад расійскім уладаннем віталася міграцыя нямецкіх спецыялістаў. Наступныя 46 гадоў жыцця Ёган Хрыстаф правёў на пасадзе выкладчыка, а потым і рэктара (дырэктара) Рыжскага Імператарскага ліцэя.

Сёння імя Броцэ па-ранейшаму фігуруе ў даведніках, як выдатнага нямецкага педагога і этнографа. Апошняе сваё вызначэнне Броцэ атрымаў таму, што дзякуючы сваім здолнасцям зацікаўленага назіральніка і таленавітага мастака, ён пакінуў вялікую колькасць малюнках, на якіх адлюстраваў штодзённае жыццё і тыпажы жыхароў тагачаснай Ліфляндыі. Сабраныя Броцэ матэрыялы дапамагаюць зразумець лад жыцця, народныя звычаі і культуру Ліфляндыі XVIII ст. Але і даўняя гісторыя Інфлянтаў і Рыгі абуджалі цікавасць нямецкага даследчыка.

Броце належаў да плыні позняга гуманізму, так званыя школы эрудытаў. Прадстаўнікі Эрудыцкай школы бачылі галоўную задачу сваёй працы ў зборы і публікацыі гістраычных крыніцаў [22, с. 27.]. Броцэ таксама меркаваў, што збор і апрацоўка гістарычных крыніц па гісторыі старажытнай Лівоніі, а найперш Ліфляндыі, і ёсць яго галоўнай місіяй поруч з педагагічнай дзейнасцю. Броце мэтанакіравана збіраў гістарычныя матэрыялы і  3. Будынак Імператарскага ліцэя ў Старой Рызе (здымак жніўня 2012 г.). звяртаў увагу на ўсё тое, што здавалася важным для яго: людзей, будынкі, манеты, гербы, планы гарадоў, тэхнічныя інавацыі і г. д. Фіксуючы ўсё з вялікай дакладнасцю і заўсёды дадаючы пісьмовыя тлумачэнні, якія могуць часам утрымліваюць усяго пару радкоў, а часам і займаць некалькі старонак. Многія з артэфактаў і дакументаў, зафіксаваныя Броцэ, загінулі або зніклі без вестак у ходзе часу, інфармацыя пра іх захавалася толькі ў чарцяжах і апісаннях нямецкага даследчыка, якія былі зведзеныя ў яго найбольш значную працу, вядомаю пад назвай " Sammlung verschiedener Liefländischer Monumente " ("Збор разнастайных ліфляндскіх помнікаў"). Броцэ ствараў выявы старажытных дакументаў і артэфактаў, якія мелі дачыненне да мінулага Ліфлянцкага краю - пераважна той часткі даўняй Лівоніі, якая складае паўночную частку сённяшняй Латвіі і паўднёвую Эстоніі.

Гэтая калекцыя змяшчае 10 тамоў у скураных вокладках кожны з якіх складаецца з 2-3 частак (3246 аркушаў фармату 33 х 21 см). Сёння калекцыя захоўваецца ў Латвійскай Акадэмічнай Бібліятэцы [1, Nr. BM01000A - BM10214B.]. Большасць малюнкаў калекцыі ўяўляюць сабой арыгіналы, але ёсць таксама планы і малюнкі, выкананыя іншымі мастакамі і скапіяваныя Броцэ. Шмат арыгінальных малюнкаў Броце выкананыя ў адным колеры пяром. Каляровыя малюнкі выкананыя акварэллю ці пяром і таніраваныя акварэллю. На жаль, некаторыя з колераў у гэтых малюнкаў XVIII-XIX стст. на сённяшні дзень паблёклі, напрыклад, блакітныя і жоўтыя, а ў некаторых выпадках ад фарбаў засталіся асобныя кропкі.

У чарцяжах і малюнках Броцэ маюцца апісанні гербоў балтыйскага дваранства, пячаткі і помнікі Рыжскіх арцыбіскупаў, біскупаў, гарадоў, судоў, а таксама надпісы на надмагіллях, будынкі, званы, кубкі і іншыя рэчы, краявіды маёнткаў, замкаў, гарадоў і пасёлкаў, грамадскіх будынкаў, жылых 4. Памятная шыльда ў гонар Броцэ на будынку Рыжскага Імператарскага ліцэю. дамоў, сабораў, а таксама тапаграфічныя карты розных месцах, выявы жыхароў гарадоў і сельскай мясцовасці, іх адзенне, адлюстраванне ладу жыцця і працы, арганізацыі працоўнага працэсу, рознага тэхнічнага абсталявання (напрыклад, водазабеспячэння). Тут можна знайсці выяўленчую і тэкставую інфармацыю пра многія латвійскія і эстонскія гарады. Увогуле, гэта было характэрным для стылю працы Броцэ - сабраць, па магчымасці, як мага больш інфармацыі пра нейкі канкрэтны аб'ект ці горад. Каб паказаць гісторыю паселішча ў развіцці, сабраныя за розныя гады планы Броцэ суправаджаў малюнкамі найбольш значных будынкаў горада, даваў сваё гістарычнае апісанне, эканамічныя і адміністрацыйныя характарыстыкі. Яшчэ пры сваім жыцці Броцэ пачаў выдаваць матэрыялы сваіх краязнаўчых пошукаў, дапаўняючы іх звесткамі па тапаграфіі і дэмаграфіі Ліфлянтаў [35]. Але, тым не менш, абсалютная большасць творчай спадчыны Броцэ заставалася не апублікаванай, хоць даследчыкі вельмі шчодра карысталіся з набыткаў рыжскага збіральніка. Праўда, у азначэнне заслугаў Броцэ для Рыгі і Ліфляндскага краю ў 1815 г. была выдадзеная яго біяграфія [28].

Зразумела, што напрацоўкі Броцэ прыцягваюць найперш даследчыкаў балтыйскіх краін. Ужо ў канцы ХХ ст. быў распачаты праект па выданні гэтых збораў - з 1992 г. у Латвіі выйшлі 4 тамы матэрыялаў калекцыі [30; 31; 32; 33]. Замалёўкі, якія адлюстроўваюць матэрыялы па Эстоніі, былі выдадзеныя ў Таліне ў 2006 г. [34].

5. Тытульны аркуш тому 2, часткі 1 'Sammlung verschiedner Liefländischer Monumente, Prospecte, Münzen Wapen etc.' Zweiter Theil zusammengetragen von J. C. Brotz [Bibliothecae Rigensis 2]. (Sammlung verschiedener Liefländischer Monumente. V. 2, T. 1. Nr. 2 [1, BM02000B]).

Але Броцэ ажыццяўляў і іншыя даследчыя праекты, звязаныя з фіксацыяй уласна дакументальнай спадчынай старажытнай Лівоніі. І з гэтай дзейнасцю звязана нават некалькі калекцый копій актавых матэрыялаў, падрыхтаваных нямецка-балтыйскім даследчыкам. З копій дакументаў і адбіткаў пячатак, зробленых Броцэ, быў ўтвораны кодэкс " Sylloge diplomatum Livoniam illustrantium " (" Збор дакументаў для асвятлення гісторыі Лівоніі "), які захоўваецца ў Акадэмічнай бібліятэцы Латвіі [1, Nr. 4979-4980]. Гэтыя вялікія тамы in folio былі складзеныя з копій дакументаў, якія захоўваліся, пераважна, ва "Унутраным архіве" горада Рыгі [15; 16], пазней таксама 6. Прыклад капіявання Броцэ гербоў: герб Інфлянтаў, дараваны Жыгімонтам Аўгустам у 1566 г. (Das Wapendes Hertzogthums Liefland ... [das Wappen]. (Sammlung verschiedener Liefländischer Monumente. V. 1, T. 1. Nr. 5 [1, BM01000G]). былі далучаны матэрыялы са "Знешняга архіву" горада Рыгі [20] і розных прыватных збораў. Як пісаў сам Броцэ, ён жадаў зрабіць даступным для гісторыкаў дакументы, якія "заставаліся ў цемры" [3, Nr. 4980, р. [2]]. Такім чынам, асноўнай задачай працы Броцэ была эўрыстычна-прыкладная.

Практычна адначасова, як мяркуе латвійская даследчыца Айя Тайміня [40, S. 120.], са складаннем кодэксу " Sylloge diplomatum Livoniam illustrantium " Броцэ падрыхтоўваў копіі дакументаў для іншага свайго сістэматызаванага збору крыніц - " Diplomata Rigensia descripta ". Гэты кодэкс змяшчаў копіі актаў, датычных ужо гісторыі ўласна горада Рыгі, а не ўсёй Лівоніі. І дакументы гэтыя былі ўзятыя менавіта з архіву Рыгі. Кодэкс складаўся з чатырох тамоў, скампанаваных выразна паводле храналагічнага прынцыпу: Vol. I: 1220-1300; Vol. II: 1304-1399; Vol. III: 1403-1479; Vol. IV: 1481-1667. Зараз гэты кодэкс захоўваецца ў Латвійскім Дзяржаўным Гістарычным Архіве [11; 12; 13; 14]. Памеры аркушаў кодэксу досыць вялікія: 28,8 х 45 см. Тэксты дакументаў і малюнкі заключаны ў рамкі, якія маюць у сярэднім памеры: 22,8 х 38,2 см.

Трэба адзначыць, што архіўныя пошукі Броцэ выклікалі ўвагу іншых даследчыкаў. Вядомы расійскі дэмограф і гісторык нямецкага паходжання Петэр фон Кёпен (Peter von Köppen) у лісце да грамадзянскага Ліфляндскага губернатара Восіпа Дзюгамеля ад 14 ліпеня 1821 г. (захаваўся чарнавік ліста) пісаў пра "рускія старажытнасці" ("Alterthümer Rußlands") і асабліва адзначаў, што пан радца Броцэ знайшоў у Гарадскім архіве сапраўдныя скарбы - арыгінальныя рускія граматы, якія, наколькі яму зараз вядома, ёсць "аднымі з найстаражытнейшых": "Unter andere ersehe ich uns der Schätzen der Hrn. Raths. Brotze, daß auch das Stadtarchiv manche in russischer Sprache abgefahrte Original-Urkunden besetzt, die, soviel bisher bekannt ist, mit zu den ältesten gehören" [10, арк. 8-8v.].

Цікавасць Петэра фон Кёпена, вядомага яшчэ таксама як Пётр Іванавіч Кёпен (Петр Иванович Кёппен / Кеппен, 1793-1864), да працы Броцэ не была выпадковай. Кёпен сам займаўся вывучэннем крыніц па гісторыі Русі і Расіі ХІ-XVII стст., а да апісання палеаграфічных помнікаў у тагачаснай тэрміналогіі Заходняй Русі ён звяртаўся неаднаразова [25, с. 59-70]. Якраз у час напісання цытаванага ліста ў 1821 г. Кёпен рыхтаваў да публікацыі ўласны рэестр помнікаў з палеаграфічнымі і археаграфічнымі каментарыямі да іх, які і апублікаваў ў 1822 г. Пры апісанні спісаў смаленскай дамовы з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 г. даследчык непасрэдна ўказваў, што прывёз з Рыгі адзін са спісаў граматы [26, № 49-50, с. 51]. А ў выпадку з гандлёваю дамовай Полацка з Рыгай 1407 г. Кёпен наўпрост прызнае, што перапісаў тэкст дакумента з рукапіснага збору "  7. Прыклад адлюстравання Броцэ гістарычных ландшафтаў: руіны замка Кокенгузен пры ўпадзенні ракі Персы ў Дзвіну, 1796 г. Даўні полацкі фарпост (Ruinen von Kockenhusen und Einfall der Perse in die Düna 1796 [die Ansicht]. (Sammlung verschiedener Liefländischer Monumente. V. 7, T. 3. Nr. 266 [1, BM07199A]). Sylloge diplomatum Livoniam illustrantium " Броцэ (т. 1, арк. 66; т. 2, арк. 311) [26, № 98-99, с. 77].

Кёпен таксама адзначае, што названы збор Броцэ быў "набыты цяпер для гарадской бібліятэкі". Апроч таго, расійскі навуковец досыць высока  8. Вокладка т. 4 кодэкса Ёгана Хрыстафа Броцэ 'Diplomata Rigensia descripta', пераплёт 1873 г. [14, Nr. 42C]. ацаніў дзейнасць рыжскага збіральніка старажытнасцяў, назваўшы яго "шанаваным старым" ("почтенный старец"), які ўжо пяцьдзесят гадоў праводзіць свае пошукі і ў навуковых мэтаў наведваў, у тым ліку, і Кёнігсберг. Разам з тым, Кёпен падаем нам іншую структуру збораў Броцэ, чым яна вядомая зараз: Апроч уласна " Sylloge diplomatum Livoniam illustrantium " у двух частках (№ 1) ён указвае:

2) узоры почыркаў (Schriftproben) ад 1296 па 1501 гг. у адной частцы;

3) рукапіс працы "Ліфляндыя ў канцы XVIII ст" у адной частцы;

4) "Збор розных Ліфляндскіх помнікаў, відарысаў, манет, гербоў і інш." у Х частках (у значнай ступені ўласнаручныя малюнкі Броцэ) - гэта, відавочна, вышэй апісаны збор " Sammlung verschiedener Liefländischer Monumente ";

5) "Гербоўнік герцагства Ліфляндскага" ў адной частцы [26, № 98-99, с. 77-78].

Што цікава, Кёпен таксама заўважае, што з усіх напрацовак Броцэ яму вядомыя апублікаванымі толькі "Rückblick in die Vergangenheit".

Прыгадка Кёпенам Кёнігсбергскага архіву ў звязцы з Броцэ тут была не выпадковай. Архіўная і крыніцазнаўчая дзейнасць Броцэ прыпала на перыяд абуджэння цікавасці нямецкага дваранства Балтыі да мінулага краю і сацыяльна-прававога статусу нямецкіх каланістаў у ім. Рэчы у тым, што пад 9. Прыклад афармлення Броцэ старонак у 'Diplomata Rigensia descripta' (Vol. 1, p. 8). Факсімільная копія. Пісьмовае засведчанне палачанаў перад лівонскім магістрам, 7.ХІ.1404 [11, р. 8]. расійскім скіпетрам нямецкая супольнасць Балтыі захоўвала прывілеяванае становішча і правінцыйную аўтаномію (Landesstaat), але знакі будучай сацыяльнай і нацыянальнай напружанасці ў краі пачыналі паступова нарастаць. Апазіцыя палітыкі саступкам немцам мелася і ў Пецярбурзе. Менавіта 10. Петэр фон Кёпен (Пётр Кепен), расійскі гісторык, дэмаграф і статыстык, даследчык помнікаў старажытнарускага пісьменства (паводле: [4]). таму нямецкае дваранства, а таксама бюргерства, імкнуліся знайсці гістарычна-прававое абгрунтаванне свайго status quo ў Ліфляндскай, Курлядскай і Эстляндскай губернях Расійскай імперыі. ХІХ стагоддзе стала перыядам росквіту архівістыкі і археаграфіі ў Балтыі.

Паводле даручэнняў ліфляндскага дваранства Броцэ дзейнічаў і на пачатку ХІХ ст., калі даследаваў рыжскія архіваліі [21, с. 20]. У 1808 г. у адпаведнасці з рашэннем ліфляндскага дваранскага канвента пачалося капіяванне лівонскіх дакументаў з архіва Нямецкага ордэна ў Кёнігсбергу, якое арганізаваў ландрадца Вільгельм Фрыдрых барон фон Унгерн-Штэрнберг (1752-1832). У археаграфічнай экспедыцыі ўдзельнічаў доктар філасофіі Эрнст Генінг, а таксама прускі архіварыус Фабер (ён далучыўся да экспедыцыі пасля смерці Генінга). У 1811 г. перад экспедыцыяй паўсталі сур'ёзныя фінансавыя праблемы. Праз хадайніцтвы Мікалая Карамзіна (1766-1826) і міністра ўнутраных спраў Восіпа Казадаўлева (1752-1819) у 1812 г. расійскі ўрад выдаткоўваў на працяг працаў штогадовую субсідыю ў 1 000 руб. [27, с. 195]. Працы па перапісцы дакументаў працягваліся да 1816 г. і за гэты час было скапіявана 3 713 дакументаў [9, с. 86, 137]. Гэты збор, што змясціўся ў 28 тамоў in folio, і ёсць знакаміты " Corpus historico - diplomaticum veteris Livoniae " (" Збор гісторыка-дыпламатычных старажытнасцяў Лівоніі "), які і сёння захоўваецца ў Дзяржаўным Гістарычным Архіве Латвіі [17, Nr. 454-482]. Збор мае яшчэ падназву - "Sammlung von Urkunden zur alten Geschichte Livlands, theils aus dem königl. Preussischen geheimen Archive zu Königsberg, theils auch aus einheimischen Archiven in getreuen Abschriften zusammengeschtellt" ("Збор актаў па даўняй гісторыі Лівоніі, складзены часткова з каралеўскага Прускага Таемнага Архіву ў Кёнігсбергу, часткова таксама з мясцовых архіваў у дакладных копіях"). Параўнанне складу копій старажытных кірылічных дакументаў " Diplomata Rigensia descripta " і " Corpus historico - diplomaticum veteris Livoniae " дазваляе сцвярджаць, што ў апошні збор копіі смаленскіх грамат патрапілі менавіта з альбому копій Броцэ. Суадносіны размяшчэння копій адных і тых жа актаў у розных зборах можна праілюстраваць на прыкладзе наступнай табліцы:

Nr.

Акт

Sylloge diplomatum Livoniam illustrantium

Diplomata Rigensia descripta

Corpus historico-diplomaticum veteris Livoniae

1.

Грамата смаленскага князя Фёдара Расціславіча з Лівоніяй і Рыгай, 1284 г.

Т. 1, арк. 24.

[1, Nr. 4979.]

Т. 1, арк. 161-162 v.

[11, Nr. 42]

I. Abt., 1 Bd., арк. 262-263 v.

[18, Nr. 455]

2.

"Даканчальная" грамата смаленскага князя Івана Аляксандравіча з Лівоніяй і Рыгай, [1338-1341]

Т. 2, арк. 99-100v.

[12, Nr. 42A]

I. Abt., 3 Bd., арк. 85-86 v.

[19, Nr. 456]

Але на падрыхтоўцы новых копій раней ужо адшуканых матэрыялаў трансляцыя здабытай Броцэ інфармацыі не скончылася. На парадку дня стаяла пытання публікацыі звестак з ужо сабраных зборах. Адлік гэтага ўжо публікатарскага засваення матэрыялу варта весці ад двухтамовага выдання " 11. Карл Эдуард Наперскі (1793-1864) - гісторык, бібліёграф, пастар. Паводле: [9]. Index C orporis h istorico - diplomatici Livoniae , Esthoniae, Curoniae " [36; 37], падрыхтаванага Карлам Эдуардам Наперскім. Гэта быў рэестр лівонскіх архіваліяў, якія знаходзіліся не толькі ў архівах даўняй Лівоніі, але таксама і ў Кёнігсбергу. Сам Наперскі меў несумненныя археаграфічныя заслугі [24, с. 96; 40, S. 124]. У прыватнасці, ім былі выяўленыя і апублікаваныя акты па зносінах Полацка, Ноўгарада і Вялікага Княства Літоўскага з Рыгай і Гоцкім берагам [6]. У " Index Corporis historico - diplomatici Livoniae, Esthoniae, Curoniae" , апроч уласных здабыткаў, Наперскі ўключыў таксама матэрыялы з " Corpus historico - diplomaticum veteris Livoniae". Гэта значна павялічыла магчымасці карыстання сабранай прыбалтыйска-нямецкімі гісторыкамі інфармацыяй і, у тым ліку, зрабіла вынікі працы Ёгана Хрыстафа Броцэ больш вядомымі па-за межамі Рыгі і Ліфляндыі.

Можна канстатаваць, што Ёган Хрыстаф Броцэ стаў першым даследчыкам, які пачаў сістэматычна вывучаць рыжскія архіваліі, у тым ліку і кірылічная граматы ХІІІ-XVI стст. Пры далейшым выданні і вывучэнні матэрыялаў калекцыі Moscowitica-Rithenica неабходна ўлічваць творчую і навуковую спадчыну Ё. Х. Броцэ.

Спіс крыніц і літаратуры:

1. Акадэмічная бібліятэка Латвійскага Універсітэта, Аддзел рукапісаў і рэдкай кнігі (LU Akadēmiskā bibliotēka, Rokrakstu un reto grāmatu nodaļa). - Johann Christoph Brotze, "Sammlung verschiedener Liefländischer Monumente". - Nr. BM01000A - BM10214B.

2. Акадэмічная бібліятэка Латвійскага Універсітэта, Аддзел рукапісаў і рэдкай кнігі. - Johann Christoph Brotze, "Sylloge diplomatum Livoniam illustrantium". - Tomus primus [Riga, 1786-1788]. - Nr. 4979.

3. Акадэмічная бібліятэка Латвійскага Універсітэта, Аддзел рукапісаў і рэдкай кнігі. - Johann Christoph Brotze, "Sylloge diplomatum Livoniam illustrantium". - Tomus secundus [Riga, 1806]. - Nr. 4980.

4. Багалей Д. И. Опыт истории Харьковскаго университета (По неизданным материалам) . / Д. И. Багалей. - Харьков: Паровая Типография и Литография Зильберберг, 1893-1898 . - Т. 1 (1802-1815 гг.). Издание иллюстрировано портретами выдающихся деятелей. - [4], II, [2], 1204 с., 7 л. ил.

5. Віцебска-Рыжскія акты XIII - XVII ст. : Дагаворы і службовая карэспандэнцыя паміж органамі кіравання горада Віцебска і ганзейскага горада Рыгі (з былога комплекса Ruthenica Дзяржаўнага Гістарычнага Архіва Латвіі) / Падрыхт. А. Дзярновіч; НАН Беларусі, Ін-т гіст. - Выпуск І: Дакументы гаспадарча-гандлёвыя, XV-XVI ст. - Мн.: ATHENAEUM, 2005. - 88 с.

6. Грамоты, касающиеся до сношений Северо-Западной России с Ригою и ганзейскими городами в XII , XIII , и XIV веке . / Найдены в Рижском архиве К. Э. Напиерским и изданные Археографической комиссией. - СПб.: Типография Императорской Академии Наук, 1857. - 26 с.

7. Дернович О. И. Moscowitica-Ruthenica : Рижский архивный комплекс по истории Восточной и Центральной Европы XIII-XVII вв. / Дернович О. И. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы . - Вып. 1. - Мн.: Изд. центр БГУ, 2008. - С. 20-26.

8. Дзярновіч А. І. Архіўны комплекс Moscowitica-Ruthenica (Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі) і яго важнасць для вывучэння гісторыі Беларусі / Дзярновіч А. І. // Сучасныя праблемы дакументазнаўства, архівазнаўства і археаграфіі : матэрыялы навук.-практ. канф., прысвеч. 85-годдзю Дзярж. архіўн. службы і 80-годдзю Нац. архіва Рэсп. Беларусь. (Мінск, 12 красавіка 2007 г.) / Складальнікі В. С. Пазднякоў, П. П. Журкевіч. - Мінск: БелНДІДАС, 2007. - С. 168-174.

9. Дзярновіч А. І. "… in nostra Livonia ". Дакументальныя крыніцы па гісторыі палітычных адносінаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Лівоніяй у канцы XV - першай палове XVI c т.: Сістэматызацыя і актавы аналіз / Інстытут гісторыі НАН Беларусі. - Мн.: Athenaeum, 2003. - Т. І. - 374 c.

10. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі, Рыга (Latvijas Valsts Vēstures Arhīvs, Rīga). - F. 3. - 5 a.

11. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 8. - 1. apr. - Nr. 42 (Johann Christoph Brotze, "Diplomata Rigensia descripta". - Vol. I: 1220-1300).

12. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 8. - 1. apr. - Nr. 42A (J. C. Brotze, "Diplomata Rigensia descripta". - Vol. II: 1304-1399).

13. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 8. - 1. apr. - Nr. 42B (J. C. Brotze, "Diplomata Rigensia descripta". - Vol. III: 1403-1479).

14. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 8. - 1. apr. - Nr. 42C (J. C. Brotze, "Diplomata Rigensia descripta". - Vol. IV: 1481-1667).

15. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 8. - 3. apr. ("Унутраны архіў").

16. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 8. - 4. apr. ("Унутраны архіў").

17. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 214. - 6. apr. - Nr. 454-482 (Corpus historico-diplomaticum veteris Livoniae. Sammlung von Urkunden zur alten Geschichte Livlands, theils aus dem königl. Preussischen geheimen Archive zu Königsberg, theils auch aus einheimischen Archiven in getreuen Abschriften zusammengeschtellt. I Abteilung, 1-8 Bd.; II Abt., 1-20 Bd.).

18. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 214. - 6 a. - Nr. 455 (Corpus historico-diplomaticum veteris Livoniae. I Abt., 2 Bd.).

19. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 214. - 6 a. - Nr. 456 (Corpus historico-diplomaticum veteris Livoniae. I Abt., 3 Bd.).

20. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі. - F. 673. - 4. apr. ("Знешні архіў").

21. Енш Г. А. Из истории архивного дела в Латвии . / Г. А. Енш. ЦГИА Латв. ССР. - Рига: Авотс, 1981. - 212 с.

22. Зейд Т. Я. Характеристика изданий письменных источников по истории феодализма в Латвии / Т. Я. Зейд // Тезисы докладов и сообщений конференции по источниковедческим проблемам истории народов Прибалтики . - Рига: Зинатне, 1968. - С. 27-33.

23. Иванов А. С. "Moscowitica-Ruthenica" в Латвийском Государственном Историческом архиве: история формирования комплекса, состав и введение в научный оборот / А. С. Иванов // Древняя Русь. Вопросы медиевистики . - 2004. - № 3. - С. 47-54.

24. Иванов А. С. "Moscowitica-Ruthenica" в Латвийском Государственном Историческом архиве: история формирования комплекса, состав и введение в научный оборот. Важнейшие публикации документов комплекса "Moscowitica-Ruthenica" / А. С. Иванов // Древняя Русь. Вопросы медиевистики . - 2004. - № 4. - С. 94-106.

25. Кеппен П. И. О Рогволодовом камне и двинских надписях. / И. П. Кеппен // Ученые записки Императорской Академии Наук по первому и третьему отделениям . - 1855. - Т. 3. - С. 59-70.

26. Кеппен П. И. Список русским памятникам, служащим к составлению истории художеств и отечественной палеографии . / И. П. Кеппен. - М.: Иждивением графа Ф. А. Толстова, 1822. - 119 с.

27. Козлов В. П . Российская археография в конце XVIII - первой четверти XIX века . - М .: РГГУ, 1999 . - 416 с.

28. Brotze, Johann Christoph. Biographie / J. C. Brotze. - Riga, 1815.

29. Brotze, Johann Christoph. Rückblick in die Vergangenheit . / J. C. Brotze. - Riga: Mueller, 1805-1814.

30. Broce, Johans Kristofs. Zīmējumi un apraksti. / J. K. Broce. - 1. sējums Rīgas skati, ļaudis un ēkas. - Rīga: Zinātne, 1992.

31. Broce, Johans Kristofs. Zīmējumi un apraksti . / J. K. Broce. - 2. sējums Rīgas priekšpilsētas un tuvākā apkārtne. - Rīga: Zinātne, 1996.

32. Broce, Johans Kristofs. Zīmējumi un apraksti . / J. K. Broce. - 3. sējums Latvijas mazās pilsētas un lauki. - Rīga: Zinātne, 2002.

33. Broce, Johans Kristofs. Zīmējumi un apraksti . / J. K. Broce. - 4. sējums Latvijas mazās pilsētas un lauki. - Rīga: Latvijas vēstures institūta apgāds, 2007.

34. Brotze, Johann Christoph. Estonica . / J. C. Brotze. - Tallinn: Estopol, 2006 . - XXXVI, 619 p.

35. Brotze, Johann Christoph. R ü ckblick in die Vergangenheit . / J. C. Brotze. - Riga: Mueller, 1805-1814.

36. Index Corporis historico - diplomatici Livoniae , Esthoniae , Curoniae ; oder : Kurze - Auszug aus derjenigen Urkunden - Sammlung , welche f ü r die Geschichte und das alte Staatsrecht Liv - Estn - und Kurlands [...] von den Ritterschaften Liv -, Ehst - und Kurland ' s zusammengebracht worden ist . - Riga; Dorpat: Eduard Frantzen, 1833. - Theil 1: Vom Jahre 1198 bis zum Jahre 1449 incl.

37. Index Corporis historico - diplomatici Livoniae , Esthoniae , Curoniae ; oder : Kurze - Auszug aus derjenigen Urkunden - Sammlung , welche f ü r die Geschichte und das alte Staatsrecht Liv - Estn - und Kurlands [...] von den Ritterschaften Liv -, Ehst - und Kurland ' s zusammengebracht worden ist . - Riga; Dorpat: Eduard Frantzen, 1835. - Theil 2 Vom Jahre 1450 bis zum Jahre 1631 incl., mit einigen Anhängen.

38. Ivanovs, Aleksandrs. Zespół dokumentów "Moscowitica-Ruthenica" w Łotewskim Państwowym Archiwum Historycznym / A. Ivanovs // Zapiski Historyzcne . - 2006. - T. LXXI. - Z. 2-3. - S. 125-143.

39. Napiersky, Dr. C. E. / Stich u. Druck v. August Weger. - [Riga] : Verlag v. W. F. Häcker in Riga, [18-] (In Leipzig).

40. Taimiņa, Aija. "... aus ächten und unverfälschten Quellen": Ernst Hennig, Wilhelm Friedrich Freiherr von Ungern-Sternberg, Johann Christoph Brotze und ihre Arbeit an den Dokumenten aus dem Geheimen Archiv in Königsberg / A. Taimiņa // Forschungen zur baltischen Geschichte . - 2009. - Bd. 1. - S. 115-144.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX