Вярнуцца: Дзярновіч Алег

Толькі праз крыніцы. (Да 70-годдзя Георгія Галенчанкі)


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 22-04-2014,
Крыніца: Дзярновіч Алег. Толькі праз крыніцы. (Да 70-годдзя Георгія Галенчанкі) // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 8. Мн., 2007. С. 253—263.

Спампаваць




Кажучы пра залежнасць гісторыкаў ад сацыяльна-палітычнага асяроддзя, не варта забывацца, што даследчык заўжды мае пэўную ступень унутранай творчай аўтаноміі. Наколькі ён рэалізуе гэта ў сваёй дзейнасці, залежыць ад моцы характару, навуковага тэмпераменту, адэкватнасці светаадчування, жыццёвых прынцыпаў. Паколькі тэхнічныя і сацыяльныя праблемы ўзнікаюць заўжды і ва ўсіх.

Жыццёвы і даследчыцкі шлях Георгія Якаўлевіча Галенчанкі ў гэтым сэнсе можа быць паказальным і адначасова нетыповым для беларускіх гісторыкаў. Не маючы ў сваім радаводзе этнічных беларускіх каранёў, Георгій Галенчанка з'яўляецца адным з самых выдатных сучасных беларускіх гісторыкаў, які шмат зрабіў для развіцця нацыянальнай культуры і гуманістыкі. Тут індыкатарам можа служыць таксама актыўнае паслугоўванне беларускай мовай. Калі я запытаўся ў Георгія Якаўлевіча, што азначае для яго беларуская мова ў нашай сітуацыі, то ён адказаў, што адчувае асабістую адказнасць за культуру і, у пэўным сэнсе, крыўду за стан мовы.

Георгій Галенчанка нарадзіўся 28 лютага 1937 г. у Петразаводску ў сям'і выкладчыкаў мясцовага, тады яшчэ Карэла-Фінскага, універсітэта. Бацька, Якаў Пракопавіч, паходзіў з украінамоўнага бранскага казацтва, маці, Беці Генрыхаўна Міхайлава, належала да яўрэйскай настаўніцкай сям'і з Бердзічава, вядомага як Валынскі Іерусалім. Будучы гісторык выхоўваўся ў традыцыях гуманістычнай расійскай і сусветнай культуры. Пасля вайны, у лістападзе 1945 г., франтавік Якаў Галенчанка атрымаў прызначэнне на пасаду выкладчыка ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. З таго часу ўсё свядомае жыццё Георгія Галенчанкі звязана з Беларуссю. Георгій Галенчанка вучыўся ў знакамітай мінскай сярэдняй школе № 42, якую таксама скончыў будучы Нобелеўскі лаўрэат фізік Жарэс Алфёраў.

У пошуках свайго жыццёвага прызначэння Георгій Галенчанка спрабаваў паступаць ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. Не трапіўшы на рэжысёрскі факультэт, сам адмовіўся ад прапановы навучацца на сцэнарыста. У Мінску паступіў у політэхнічны інстытут, але ўжо праз паўгода перавёўся на гістарычны факультэт БДУ. Якраз тады была створана першая кафедра гісторыі БССР, якую ўзначаліў Лаўрэн Абэцэдарскі. Гэты ж гісторык пасля стаў кіраўніком дыпломнага праекта Галенчанкі, прысвечанага беларускаму кірылічнаму кнігадрукаванню. На апошнім курсе за сваю навуковую працу, прадстаўленую на ўсесаюзным конкурсе, Георгій Галенчанка атрымаў медаль Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР. Гэта дало студэнту новыя творчыя магчымасці - явачным парадкам атрымаць вольнае наведванне заняткаў, пачаць вывучэнне кірылічных старадрукаў у фондах Бібліятэкі імя Леніна ў Мінску (цяперашняй Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). Урэшце малады студэнт стаў супрацоўнікам Аддзела рэдкай кнігі бібліятэкі.

Гэтыя абставіны спрычыніліся да таго, што кнігазнаўчая тэматыка застанецца адной з вядучых у даследаваннях Г. Галенчанкі. І менавіта на гэтай ніве будуць дасягнуты значныя поспехі. Першы спецыялізаваны бібліяграфічны спіс быў апублікаваны ім ужо ў 1961 г. (Библиографический список белорусских старопечатных изданий ХVІ-ХVІІІ вв.). У выніку Георгій Якаўлевіч атрымаў мэтавае накіраванне ў аспірантуру знакамітага сярод гуманітарыяў Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута на кафедру дапаможных гістарычных дысцыплін. Ужо ў 1965 г. пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта АН СССР, доктара мастацтвазнаўства, прафесара А. А. Сідарава гісторык з Мінска абараніў кандыдацкую дысертацыю
«Гісторыя беларускага кнігадрукавання XVI-XVIII стагоддзяў (кірылаўскага)». Афіцыйнымі апанентамі працы былі Мікалай Улашчык і Яўген Неміроўскі, якія актыўна падтрымалі дысертанта.

Але несумненна, што ўсе гэтыя нарыхтоўкі знайшлі сваю лагічную завершанасць у вельмі значнай працы - зводным каталозе «Кніга Беларусі 1517-1917: Зводны каталог» (1986), дзе Георгій Галенчанка падрыхтаваў раздзел «Старадрукаваныя кірылічныя выданні XVI-XVIII стст.». Само па сабе гэта было вельмі працаёмкае даследаванне, бо прадугледжвала пошук старадрукаў і іх падрабязнае бібліяграфічнае апісанне. Такіх выданняў удалося выявіць звыш 400 - гэтым самым была паказана прастора кірылічнага пісьменства Беларусі XVI-XVIII стст. Георгій Галенчанка першым даў падрабязнае апісанне кірылічных выданняў, што былі надрукаваны на беларускіх землях. Але ўкладальнік на гэтым не спыніўся. Ён зрабіў такую, здавалася б цяпер, неабходную частку працы - падаў аналіз зместу старадрукаў. Прыгадаем, што гэта пераважна былі кнігі рэлігійнага зместу, і не забудземся, што ў тыя гады Савецкая ўлада яшчэ не пачала палітыку лібералізацыі адносін з царквой. Паводле прызнання вядомага расійскага кнігазнаўцы Яўгена Неміроўскага, апісанне зместу беларускіх літургічных выданняў у каталозе «Кніга Беларусі 1517-1917» дазволіла маскоўскім даследчыкам дзейнічаць такім жа чынам пры выданні каталогаў расійскіх старадрукаў - дзякуючы створанаму беларускім даследчыкам прэцэндэнту. Фактычна зроблена поўная апрацоўка тэмы, але Георгій Галенчанка сумна жартуе, што гэта «няўдзячная тэма», бо аб'ёмы ўкладзеных намаганняў зусім несувымерныя грамадскаму гучанню працы. Гэта хутчэй дасягненне для спецыялістаў. Зусім нядаўна каталог быў перавыдадзены ўжо ў электронным выглядзе на кампакт-дыску.

Кнігазнаўчай тэматыкай Георгій Галенчанка працягваў займацца ўжо ў Інстытуце гісторыі АН БССР, куды трапіў у 1968 г. пасля трох гадоў выкладання на кафедры навуковага камунізму БДУ. Працуючы тут, Г. Галенчанка спрабаваў адысці ад голага дагматызму, абапіраючыся на сусветную філасофскую спадчыну. Да сябе ж на кафедру гісторыі Беларусі ўласнага дыпломніка не пажадаў узяць Л. Абэцэдарскі. У інстытут жа Г. Галенчанку запрасіў загадчык аддзела гісторыі Беларусі дасавецкага перыяду К. Шабуня. Такім чынам, у інстытуце ўзмацняўся напрамак даследавання гісторыі культуры.

І зусім лагічна, з зацікаўлення да гісторыі кнігі выцякала асаблівая ўвага да асобы і выданняў Францыска Скарыны. Дзейнасць беларускага першадрукара разглядалася Г. Галенчанкам у шырокім тэматычным кантэксце - на фоне гісторыка-культурнага працэсу; з аналізам рукапіснай справы; улікам матэрыяльна-тэхнічных перадумоў узнікнення славянскага і кірылічнага кнігадрукавання; даследаваннем сацыяльных і нацыянальна-культурных аспектаў кнігавыдавецкай дзейнасці Скарыны; вывучэннем тэхнікі, аздаблення, культуры кнігі; са статыстычным і тыпаметрычным апісаннем выданняў Скарыны; аналізам распаўсюджання выданняў і іх уплывам на рукапісную кніжнасць, на дзейнасць паслядоўнікаў, на ўзнікненне брацкага кнігадрукавання. Манаграфія «Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» (1993) была падсумаваннем даследавання тэмы, стала падставай для доктарскай дысертацыі, абароненай у ліпені 1999 г. у Інстытуце гісторыі АН Беларусі. Выдадзеная ЮНЭСКА на французскай і англійскай мовах кніга «Францыск Скарына» ў сааўтарстве В. Чамярыцкага, Г. Галенчанкі і В. Шматава паспрыяла пашырэнню ў свеце звестак пра першадрукара і Беларусь. Але сам даследчык найбольш высока ацэньвае свой удзел як навуковага кансультанта і складальніка ў падрыхтоўцы ўзнаўлення Бібліі, выдадзенай Скарынам у 1517-1519 гг. Тэрмін «факсімільнае ўзнаўленне», вынесены ў назву новага выдання, не зусім дакладна адлюстроўвае спецыфіку працы над выданнем. За амаль паўтысячагоддзе, што прайшло з пачатку беларускага кнігадрукавання, да нас дайшло 432 асобнікі і фрагменты скарынінскіх выданняў, аднак мы не маем ніводнага поўнага камплекта. Каб зноў выдаць Біблію Скарыны, спатрэбілася сабраць узорны, поўны камплект, складзены з выданняў і аркушаў у розных кнігазборах. Дзеля гэтага прыйшлося аб'ездзіць бібліятэкі розных краін. Георгія Галенчанку ў гэтых кнігазнаўчых падарожжах суправаджаў фатограф Мінскай фабрыкі каляровага друку, які здымаў выяўленыя асобнікі ці аркушы выданняў. Такім чынам нарадзіўся зноў апублікаваны камплект Бібліі (т. 1-3, 1990-1991). Адметна тое, што ў фінансаванні выдання ўдзельнічала Праваслаўная царква, якая заўжды досыць стрымана ставілася да дзейнасці Скарыны - ягоныя выданні былі для царквы занадта экуменічнымі і даволі свецкімі. Да таго ж у сваё выданне Бібліі Скарына ўключаў кнігі, якія не ўваходзілі ў праваслаўны Біблейскі канон, як, напрыклад, кніга «Ісус Сірахаў». Удзел царквы ў перавыданні Бібліі Скарыны - знак таго, што тое адбывалася ў гады спроб адбудовы беларускага кансенсуса. Урад суверэннай Беларусі высока ацаніў дзейнасць Георгія Галенчанкі і ў 1994 г., разам з іншымі калегамі, ён быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за стварэнне цыкла прац «Скарына і беларуская культура».

Кажучы пра скарынінскую тэматыку, не пазбегнуць і такога сюжэта, як дыскусія вакол імя беларускага першадрукара. Георгій Галенчанка не проста пацвердзіў здагадку Генрыка Лаўмянскага пра арфаграфічную памылку, ад чаго і пайшла палітызаваная традыцыя называць Скарыну Георгіем. Беларускі гісторык выявіў у пазнанскім архіве і абнародаваў дакумент, які якраз і засведчыў правату гэтай версіі і павінен быў спыніць дыскусіі. Ключавым тут стала лацінскае слова egregius (выдатны), ужытае ў дачыненні да доктара Скарыны; падчас капіравання з арыгінала канцылярыст памыліўся і перапісаў egregius як georgius. Усё ж пошукі ўжо герметычнага абгрунтавання імя Георгій у дачыненні да Скарыны часам працягваюцца.

Кнігазнаўчая і скарынінская тэматыка вывела гісторыка на асэнсаванне больш агульных і комплексных праблем, з'явілася новая тэма даследаванняў, якая акрэслівалася вельмі маштабна - духоўная культура Беларусі XVI-XVII стст. Георгій Галенчанка пісаў менавіта пра культуру прафесійную і высокую, а гэта ў значнай ступені была саслоўная культура і перш за ўсё культура прывілеяваных станаў. Вось структура кнігі, якая мелася выйсці: «Уводзіны; Гл. 1: Гістарыяграфія; Гл. 2: Свецкая шляхецка-магнацкая культура; Гл. 3: Гарадская культура; Заключэнне». Але зроблены ўжо друкарскі набор кнігі «Очерки духовной культуры Белоруссии второй половины ХVІ - первой половины ХVІІ в.» (Мн.: Наука и техника, 1981. 239 с., ил.) быў рассыпаны па загаду зверху. У ананімнай рэцэнзіі ў выдавецтва, якая захавалася, сцвярджалася, што аўтар уздымае шляхецкую культуру, у той, час як трэба больш асвятляць культуру працоўных мас. Трэба адзначыць, што для 1981 г. падобныя абвінавачванні гучалі вельмі сур'ёзна, бо апелявалі да базавых ідэалагічных паняццяў савецкага ладу. Закрытая рэцэнзія стала падставай забароны кнігі. У рэдактарскіх колах называюць імя аўтара гэтага тэксту, але дакументальных пацвярджэнняў пакуль няма. Калісьці схаваныя ў службовых архівах сведчанні стануць яўнымі і мы лепш зразумеем прынцыпы функцыянавання навуковай цэнзуры ў БССР. Георгій Галенчанка ж, тады яшчэ аўтамабіліст, вяртаючыся з выдавецтва зусім не ў аптымістычным настроі, амаль не трапіў у аварыю. Лёс ратаваў, але кніжку захаваць не ўдалося. Хоць два асобнікі ўсё ж засталіся на руках, што дае падставы аўтару ўключаць кнігу ў сваю бібліяграфію. Ведаючы псіхалагічны лад Георгія Галенчанкі, ягоную стрыманасць да ўласных дасягненняў, можна ўнутрана не пагаджацца з фактам, але прыйдзецца прыняць да ведама, што большасць сабранага ў кнізе матэрыялу так і не была апублікавана, за выняткам асобных сюжэтаў. Увогуле, гэта гісторыя досыць дзіўная. Як адзначае сам Георгій Галенчанка, ён ніколі не быў «у лабавым сутыкненні» з уладамі. Але заставацца проста прафесіяналам, як высвятляецца, таксама не заўжды лёгка. Забарона ж кнігі Г. Галенчанкі на дзесяцігоддзе затармазіла працэс даследаванняў шляхецкай і прафесійнай культуры Беларусі XVI-XVII стст.

Наступную сваю кнігу гісторык аформіў ужо ў вельмі «стрыманых танах» - яна называлася «Идейные и культурные связи восточнославянских народов в ХVІ - середине ХVІІ в.» (Мн., 1989). Шырокая сацыякультурная панарама і кампаратыўны аналіз дазволілі зрабіць вельмі важную выснову, што фармаванне нацыянальнай культуры ў Расійскай дзяржаве адбывалася ў цэлым на агульнай этнаканфесійнай і дзяржаўнай аснове. Іншыя ж тэндэнцыі пашыраліся ва ўсходнеславянскіх рэгіёнах Рэчы Паспалітай, дзе Рэфармацыя, у меншай меры Рыма-каталіцкая і Уніяцкая цэрквы, спрыялі рэцэпцыі розных форм заходнееўрапейскай культуры, хоць сам гэты працэс быў неадназначным (с. 211). Такім чынам, сама культурная сітуацыя на беларускіх і ўкраінскіх землях была разнастайнай і шматвектарнай.

Да іншых несумненных дасягненняў Георгія Галенчанкі трэба аднесці выяўленне цэлага шэрагу найцікавейшых крыніц, у тым ліку альбома пачынальніка Барока ў ВКЛ дойліда Яна Марыі Бернардоні, што раскрылі нам архітэктурна-мастацкую праграму Ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай. Вельмі плённым стала супрацоўніцтва беларускага гісторыка з нямецкімі славістамі - так з'явіліся выданні факсімільнага тыпу «Апостала» Францішка Скарыны (Вільня, 1525), дзе сярод іншых змешчаны каментарыі Г. Галенчанкі, і «Евангелля» Васіля Цяпінскага, дзе Г. Галенчанка быў складальнікам і аўтарам большасці тэкстаў выдання.

Георгій Галенчанка з'яўляецца класічным навукоўцам - яго цікавіць уласна даследаванне, папулярызацыя і выкладанне прыцягваюць яго значна менш. Але цалкам рэалізаваць праграму даследчага ізаляцыянізму немагчыма, бо грамадства зацікаўлена ў адаптаваных выніках працы навукоўцаў. Фундаментальнасць, асабліва ў навукова-гуманітарнай сферы і асабліва ў наш час, застаецца ўдзелам асабістага імпэту і настойлівасці. У 1990‑я гг. Г. Галенчанка праз заклікі калегаў і тагачаснай дырэкцыі Інстытута гісторыі далучыўся да стварэння падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі. Найбольш праблемным у напісанні навучальнай літаратуры з'яўляецца тое, што тут у першую чаргу патрабуюцца лінейныя, у пэўным сэнсе адназначныя ацэнкі - падобнае для прафесійнага гісторыка заўжды складана рабіць. Тым не менш сам Г. Галенчанка наступным чынам акрэсліў уласныя задачы ў стварэнні падручнікаў: даць аб'ектыўнае апісанне падзей; паказаць без штучнага падкрэслівання ролю Беларусі ў гістарычных працэсах. У значнай ступені да дыдактычнай літаратуры паводле творчых прынцыпаў быў блізкі ўдзел Г. Галенчанкі ў стварэнні вельмі значных энцыклапедычных выданняў - як аўтара, рэцэнзента, навуковага кансультанта і члена рэдкалегій. А гэта такія знакавыя выданні, як Беларуская Савецкая Энцыклапедыя ў 12 т., Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі ў 5 т., энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час», Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т., Беларуская Энцыклапедыя ў 18 т., энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае» ў 2 т., выданне Статута ВКЛ 1588 г.

Распавядаючы пра Георгія Галенчанку як пра даследчыка, вельмі важна прыгадаць пра яго навукова-арганізацыйныя ініцыятывы. Многія калегі ведаюць і ўспрымаюць Георгія Якаўлевіча менавіта як гісторыка, заглыбленага ва ўласныя даследаванні, таму тэзіс пра ягоныя арганізацыйныя якасці можа іх заінтрыгаваць. Але ў навуковай біяграфіі Г. Галенчанкі маецца такі здабытак, як стварэнне Аддзела спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі. У сакавіку 1990 г. гісторык апублікаваў газетны артыкул, які з'яўляўся своеасаблівым маніфестам на карысць развіцця спецыялізаваных дысцыплін (Голенченко Г. У разбитого корыта могут остаться исследователи истории феодальной Белоруссии, если упустят время // За передовую науку. 1990, 16 марта. С. 4). Г. Галенчанка канстатаваў: «Медыевістыка ў Беларусі налічвае толькі некалькі дзесяцігоддзяў нармальнага натуральнага развіцця пры пастаяннай надзвычайнай слабасці кадравай асновы». Ад агульнага сцверджання, што «стан гістарычнай навукі (як ніводнай іншай грамадскай дысцыпліны) залежыць ад крыніцазнаўчых пошукаў і даследаванняў», гісторык перайшоў да экспертных высноў: «… у самой Беларусі крыніцазнаўства феадальнага перыяду (больш за тысячу год айчыннай гісторыі) практычна адсутнічае. Няма ні абагульняючых, ні метадалагічных прац, ні нават улікова-бібліяграфічнай рэгістрацыі пісьмовых крыніцаў … Пра дапаможныя гістарычныя дысцыпліны (палеаграфія, дыпламатыка, метралогія, генеалогія, філіграналогія, картаграфія) не ўсе маюць нават агульнае ўяўленне … У акадэміі няма археаграфічнай камісіі, адсутнічае зводная актуальная бібліяграфія … гістарычных даследаванняў». У той час навуковы пафас Георгія Галенчанкі быў пазітыўна ўспрыняты кіраўніцтвам інстытута і акадэміі. Пасля зацвярджэння аддзела ў 1991 г. распачалося яго кадравае камплектаванне. Вядома, пачатковую аснову новай структуры склалі тыя супрацоўнікі, якія перайшлі з тагачаснага аддзела гісторыі Беларусі перыяду феадалізму. Але кваліфікаваныя спецыялісты прыходзілі ў новаствораны аддзел і з іншых акадэмічных і навуковых устаноў, напрыклад, з Інстытута мовазнаўства і Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Кажучы пра функцыянаванне той ці іншай даследчай адзінкі, варта памятаць пра спецыфіку арганізацыі даследчага працэсу ў акадэмічных установах - існаванне профільнай спецыялізаванай структуры ва ўмовах Акадэміі навук дазваляе рэалізоўваць спецыялізаваныя накірункі даследаванняў, зацвярджаць адпаведныя планавыя і дысертацыйныя тэмы, атрымліваць пад іх бюджэтнае фінансаванне. Наяўнасць структуры яшчэ не забяспечвае творчага поспеху, але стварае пэўныя неабходныя ўмовы для рэалізацыі даследчых задач. У гэтым сэнсе досвед Аддзела спецыяльных гістарычных навук вельмі пазітыўны - былі рэалізаваны ці рэалізоўваліся маштабныя праграмы даследаванняў па крыніцазнаўстве, археаграфіі, гістарыяграфіі, гістарычнай геаграфіі і картаграфіі. Найбольш паспяховымі (у сэнсе дасягнутых вынікаў) сталі накірункі па картаграфіі (дзякуючы энтузіязму М. Ф. Спірыдонава), крыніцазнаўстве, выданні Метрыкі ВКЛ. Увогуле, роля Георгія Галенчанкі ў адраджэнні цікавасці ў Беларусі да даследавання і выдання Метрыкі - асобная тэма. Г. Галенчанка апублікаваў першы вядомы рэест Метрыкі ВКЛ 1623 г., вельмі важны для разумення ранняй гісторыі гэтага корпуса крыніц; артыкул даследчыка па гісторыі ўтварэння і вывучэння Метрыкі ВКЛ з'яўляецца адным з найбольш інфарматыўных па гэтай тэме (Метрыка Вялікага княства Літоўскага // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мн., 1999. Т. 5. С. 121-128; Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Мн., 2006. T. 2. С. 302-310 (разам з М. Ф. Спірыдонавым). Але не менш важным аказаўся імпульс па выданні самой Метрыкі, які зыходзіў з аддзела, - 5 з 6 апублікаваных у наш час кніг Метрыкі ВКЛ былі непасрэдна падрыхтаваны ў Аддзеле спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі. У самым канцы 2005 г. у выніку спроб рэфармавання акадэмічнай структуры аддзел быў ліквідаваны. Па ўзроўні арганізацыі даследаванняў у галіне спецыяльных дысцыплін беларуская гістарыяграфія вярнулася на 15 гадоў назад, а паўнавартаснай кампенсацыі гэтаму не было створана. Але і сёння Георгій Галенчанка застаецца запатрабаваным - маючы галоўнае месца працы ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, гісторык супрацоўнічае таксама з Беларускім навукова-даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы (галоўны навуковы супрацоўнік) і працуе на пасадзе прафесара ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы.

Георгій Галенчанка з'яўляецца гісторыкам з вельмі выразным аўтарскім почыркам, ён мае акрэсленыя схільнасці да пазітывісцкіх падыходаў у любой тэме даследаванняў. Таму ён можа быць шанаваным, але не да канца прынятым усялякай жорстка сканструяванай ідэалагічнай сістэмай. Пазітывізм жа Г. Галенчанкі грунтуецца на адным прынцыпе: да любой тэмы - праз крыніцы. Гісторык, які індыферэнтна ставіцца да ўсіх канфесій, спрычыніўся да ўзноўленых выданняў самых сакральных кніг хрысціянства. Георгій Галенчанка - вядучы сучасны беларускі медыевіст. Гэтую досыць простую па гучанні думку сфармуляваў наш лідэр у выданні Метрыкі ВКЛ Валерый Мянжынскі. Я прызадумаўся - і сапраўды, так атрымліваецца. Наш уласны гістарыяграфічны досвед, кшталтаванне прафесіяналізму дазваляюць зразумець, што мы маем справу з Мэтрам. Калі ў вас узнікаюць пытанні па крыніцазнаўстве ці гістарыяграфіі Беларусі і ВКЛ ХІІІ-XVII стст., адказы на іх практычна заўжды можна пачуць ад Георгія Якаўлевіча. У нашым жыцці трэба спяшацца ставіць такія пытанні і ўмець выслухваць адказы.

Асноўная бібліяграфія Георгія Галенчанкі[1]

Кнігазнаўчыя працы:

Библиографический список белорусских старопечатных изданий ХVІ-ХVІІІ вв. / Гос. б-ка БССР им. В. И. Ленина. Отдел белорус. литературы и библиографии. Мн., 1961; Техника белорусского книгопечатания ХVІ-ХVІІІ вв. // Материалы научной конференции (к 40-летию Фундаментальной библиотеки АН БССР). Мн., 1965. С. 148-169; Русские первопечатники и Симон Будный // Книга. Исследования и материалы. Сб. 10. М., 1965. С. 146-161; Белорусы в русском книгопечатании // Книга. Исследования и материалы. Сб. 13. М., 1966. С. 99-119; Кнігадрукаванне // Гісторыя Беларускай ССР у пяці тамах. Мн., 1972. Т. І. С. 271-276; Источники по истории белорусской культуры (старопечатные учебные книги ХVІ - первой половины ХVІІ в.) // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1979. С. 129-152; Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Украиной и Россией в конце ХVІ - первой половине ХVІІ в. // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиография. Сб. статей. Мн., 1983. Вып. 2. С. 50-74; Новые материалы по истории полемической литературы и письменности ХVІ в. // История книги, источниковедение и библиотечное дело (сб. науч. статей). Мн., 1984. С. 77-90; Проблемы изучения культурных связей Белоруссии с Россией и Украиной в середине ХVІ - первой половине ХVІІ в. // Исторические традиции философской культуры народов СССР и современность. Киев, 1984. С. 198-205; Крупные светские частновладельческие библиотеки Белоруссии и Литвы второй половины ХVІ - середины ХVІІ в. // Федоровские чтения 1982. М., 1987. С. 100-114; Датированные записи на белорусских старопечатных изданиях конца ХVІ - середины ХVІІ в. // Книга в Белоруссии [Мат-лы конференции по истории книжной культуры в Белоруссии. Минск, 12 ноября 1987 г.] / Центр. науч. библиотека АН БССР. Мн., 1988. С. 4-35; «Людем посполитым руского языка к пожитку» (Из истории книжных связей Белоруссии с Россией и Украиной в ХVІ - середине ХVІІ в.) // Свіцязь-Свитязь. Альманах библиофилов Белоруссии. Мн.: Беларусь, 1989. С. 49-64; Описи библиотек и книжных собраний Радзивиллов в Национальном архиве Беларуси // Badania księgozbiorów Radziwiłłów. Materiały międzynarodowej sesji. Olsztyn, 6-7 października 1994 r. Warszawa, 1995. S. 55-61; Памятник старобелорусской книжности середины ХVІІ века // От Древней Руси к России нового времени. Сб. статей к 70-летию Анны Леонидовны Хорошкевич. М., 2003. С. 429-431; Белорусская и восточнославянская печатная книга (некоторые аспекты компаративной типологии // Kultura książki ziem wschodniego i południowego pogranicza Polski (XVI-XX wiek): Paralele i rόżnice. Katowice, 2004. S. 28-36; Нясвіжская Біблія ў нямецкім выдавецкім праекце Biblia Slavica // Матэрыялы Трэціх міжнародных кнігазнаўчых чытанняў «Кніга Беларусі: Повязь часоў» (Мінск, 16-17 верасня 2003 г.) / Нац. б-ка Беларусі. Мн., 2005. С. 212-226; Кніга Беларусі. 1517-1917: Зводны каталог / Склад. Г. Я. Галенчанка, Т. В. Непарожная, Т. К. Радзевіч. Мн., 1986; Кніга Беларусі. 1517-1917: зводны каталог [Электронны рэсурс] / Нацыянальная бібліятэка Беларусі, НДІ кнігазнаўства. Навук. кіраўнік праекта Л. Г. Кірухіна; Склад. каталога Г. Я. Галенчанка, Т. В. Непарожная, Т. К. Радзевіч. Электронныя тэкставыя, графічныя даныя і праграма (196 Мбат). Мн.: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2005. - 1 электронны аптычны дыск (CD-ROM); 12 см.

Скарыназнаўчыя працы:

Новое о Франциске Скорине и его окружении // Книговедение и его задачи в свете актуальных проблем советского книжного дела. Вторая Всесоюзная конф. по проблемам книговедения. Секция истории книги. Тез. докл. М., 1974. С. 24-27; Астранамічныя звесткі ў «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974, № 4. С. 32-35; «Календарь» Франциска Скорины // Из истории книги в Белоруссии (сборник статей) / Фундам. б-ка АН БССР. Мн., 1976. С. 26-39; Новое о Франциске Скорине // Проблемы рукописной и печатной книги. М., 1976. С. 133-142; Астрономические сведения в изданиях Франциска Скорины // Knygotyra / Книговедение. (7) 14: Франциск Скорина и некоторые вопросы развития книги в Советском Союзе. Сб. докладов научной конференции, посвященной началу книгопечатания в Литве и Белоруссии (Вильнюс, 21 ноября 1975 г.). Vilnius, 1979. Р. 54-59; Книги Ф. Скорины в белорусских, русских и украинских собраниях ХVІ-ХVІІ вв. // Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве (Федоровские чтения. 1977). М., 1979. С. 149-163; Čemericki V., Golenčenko G., Hmatow V. Francisk Skorina / Traduit du bielorusse par G. Gâchе. Paris: UNESKO, 1979; Čemericki V., Golenčenko G., Hmatow V. Francisk Skorina. Paris. UNESCO, 1980. [Памылка ў прозвішчы, трэба было не Hmatow, а Šmatow]; Итоги Скоринианы // Белоруссика: книговедение, источники, библиография. Мн., 1980. С. 113-116; Статыстычнае і тыпаметрычнае апісанне пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны. Кніжная культура Беларусі. Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны. (Зб. навук. прац). Мн., 1991. С. 85-113; Францыск Скарына - беларускі і ўсходнееўрапейскі першадрукар. Мн, 1993; Эпоха Скарыны. Тэарэтычныя і гістарычныя праблемы Рэнесанса на Беларусі (традыцыі і навацыі) // Наш радавод. Мат-лы міжнар. навук. канф. «Гістарычная памяць народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі. ХІІІ-ХХ стст.» (Гродна, 3-5 ліпеня 1996 г.). Кн. 7. Гродна, 1996. С. 59-63; Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі // 480 год беларускага кнігадрукавання. Матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў. Мн.: Беларуская навука, 1998. (Беларусіка = Albarutenika. Кн. 9). С. 9-20; Францыск Скарына: Спадчына і пераемнікі. Анатаваны бібліягр. паказальнік / Нац. б-ка Беларусі. Аўтар-складальнік Г. Я. Галенчанка. Мн., 2002; Францішак Скарына // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Вып. 2. Мн., 2003. С. 78-118; Суцяжніцтва на падлогу і невуцтве [водгук на публікацыі Ул. Агіевіча] // Навіны Акадэміі навук Беларусі. 1994, 11 лістапада, 18 лістапада (разам з В. Чамярыцкім); Канец застарэлага міфа: новы дакумент пра Скарыну // Полацк: карані нашага радавода. Полацкая зямля як сацыякультурная прастора ўзнікнення і развіцця беларускага этнасу і нацыянальнай дзяржаўнасці. Міжнар. навук. канф. 5-6 верасня 1995 г. Полацк, 1996. С. 72-77; Канец застарэлага міфа: Новы дакумент пра Скарыну // Кантакты і дыялогі. Інфарм.-аналіт. і культурал. бюлетэнь. Мн., 1996. № 9. С. 3-5.

Выданні факсімільнага тыпу:

Біблія. Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1517-1519 гадах у 3 тамах. Мн., 1990-1991; Biblia ruska. Apostol. Padeborn; Zürich, 2002; Evanhelije in der Übersetzung des Vasil Tjapinski um 1580. Faksimili und kommetare. Wien u. s. w., 2005.

Іншыя тэмы па гісторыі культуры:

Студенты Великого княжества Литовского в Краковском университете ХV-ХVІ вв. // Культурные связи народов Восточной Европы в ХVІ в. Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976. С. 228-240; Идейные и культурные связи восточнославянских народов в ХVІ - середине ХVІІ в. Мн., 1989; Литературное меценатство магнатов Беларуси середины XVI - первой половины XVII в. // Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў «Кніжная культура Рэчы Паспалітай» (Мінск, 15-16 верасня 2002 г.). Мн., 2002. С. 49-66.

Метрыка ВКЛ:

Неизвестный реестр Метрики Великого княжества Литовского в собрании П. П. Дубровского // Книга в Белоруссии: книговедение, источники, библиография. Мн., 1981. С. 27-41; Ён жа. Книги Л[итовской] М[етрики] по реестру 1623 г. в современных фондах ЦГАДА // Литовская метрика: Тез. докл. Межреспубл. научной конференции (апрель 1988 г.). Вильнюс, 1988. С. 48-50; Ён жа. Реестр книг Метрики Великого княжества Литовского 1623 г. // Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. трудов. М., 1989. С. 336-375; Метрыка Вялікага княства Літоўскага // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мн., 1999. Т. 5. С. 121-128; Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Мн., 2006. T. 2. С. 302-310 (разам з М. Ф. Спірыдонавым).

Пра дойліда Яна Марыю Бернардоні:

Правераная алгебрай гармонія // Мастацтва Беларусі. 1990, № 5. С. 70-74 (разам з Т. В. Габрусь); Скарбы старажытнага альбома // Навіны Беларускай акадэміі. 1990, 13 ліпеня. С. 6; 20 ліпеня. С. 6 (разам з Т. Габрусь); Альбом Бернардоні: Новая крыніца па гісторыі архітэктуры і будаўніцтва ў Нясвіжы (канец ХVІ - пачатак ХVІІ ст.) // Ад Полацка і Нясвіжа - да Падуі і Венецыі. Мат-лы ўрачыстага адкрыцця мемарыяльнай дошкі Ф. Скарыне ў Падуанскім універсітэце і першай беларуска-італьянскай навук. канферэнцыі, якая адбылася ў Венецыі ў кастр. 1992. Мн., 1994. С. 79-86; G. M. Bernardoniego projekty kościołów na Białorusi // Kultura artystyczna Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce baroku. Warszawa, 1995. S. 163-175, il. (разам з Т. Габрусь); L'»album di Bernardoni». Descrizione generale // L'architetto Gian Maria Bernardoni sj tra l'Inalia e le terre dell'Europa centro-orientale. A cura di Sante Graciotti e Jerzy Kowalczyk. Roma, MCMIC. P. 67-79; Ill. 31. Codice Bernardoni: Fot. 1-150.

Падручнікі і навучальныя дапаможнікі:

Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. для 10-га кл.: У 2 кн. Кн. 2: Другая палова ХІІІ-ХVІІІ ст. / Пад рэд. П. Ф. Дзмітрачкова. Мн., 1997 (разам з П. А. Лойка); Лойка П. А. Гісторыя Беларусі: 7-ы кл: Эксперым. падруч. / Пад рэд. Г. Я. Галенчанкі; Нац. ін-т адукацыі. Мн., 2000; Школьны слоўнік-даведнік па гісторыі Беларусі / Аўт.-склад. С. В. Паноў. Пад рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. Мн., 2001; Хрысціянскія канфесіі. § 23. Праваслаўная і каталіцкая цэрквы // Гісторыя: праблемы выкладання. 2002. № 1. С. 119-124; Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца ХVІІІ ст.: Вучэб. дапам. для 10-га кл. / Пад рэд. М. С. Сташкевіча. Мн., 2002. 192 с. (у сааўтарстве); Беларусь в период Великого княжества Литовского. Культура Беларуси XIII-XVIII вв. // История Беларуси: Крат. очерк / Науч. ред. М. П. Костюк. Мн., 2002. С. 31-50, 79-98; Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага ў ХVІ ст.: Карта для агульнаадукац. школ. Мн.: Белкартаграфія, 2002 (разам з Л. Казловым, Л. Міхайлоўскай, В. Насевічам, М. Спірыдонавым); Лойка П. А. Гісторыя Беларусі: ХVІ-ХVІІІ стст.: Вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. школ / Пад рэд. Г. Я. Галенчанкі. 2-е выд. Мн., 2002; Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да канца ХVІІІ ст.: эксперым. вучэб. дапам. для 11-га класа і вучэб. устаноў … з базавым і павыш. узроўнямі вывучэння гісторыі / Пад рэд. М. С. Сташкевіча. Мн., 2004 (у сааўтарстве); Гісторыя: ад стараж. часоў да канца ХVІІІ ст.: інтэгр. курс: эксперым. вучэб. дапам. для 11-га класа / Пад рэд. У. С. Кошалева, Г. В. Штыхава. Мн., 2004 (у сааўтарстве); Гісторыя Беларусі: дапам. для падрыхт. да экзамену і цэнтраліз. ТЭСціравання / Пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі, І. І. Багдановіча. Мн., 2005; Матэрыялы па гісторыі Беларусі: 46 тэм для вывучэння [для вуч. 9-х класаў] / С. В. Паноў. Навук. рэд. М. С. Сташкевіч, Г. Я. Галенчанка. Мн., 2006.



[1] Поўная бібліяграфія прац, складзеная Л. Івановай, публікуецца ў юбілейным зборніку Г. Галенчанкі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX