Вярнуцца: Дзярновіч Алег

Крэва як Усходняя Літва: да праблемы балта-славянскіх кантактаў у ХI—XIV стст. Kreva as Eastern Lithuania: the Problem of Balto-Slavic Contacts in the 11th – 14th centuries


Аўтар: Дзярновіч А.І.,
Дадана: 03-03-2016,
Крыніца: Дзярновіч А.І. Крэва як Усходняя Літва: да праблемы балта-славянскіх кантактаў у ХI—XIV стст. // Научные чтения, посвящённые Виктору Владимировичу Мартынову: сб. науч. тр. Вып. 3. – Минск: РИВШ, 2016. – С. 58—63.

Спампаваць




Гісторыя Крэва дорыць нам некалькі разнапланавых сюжэтаў. Будаўніцтва мураванага Крэўскага замка павязанае з узнікненнем традыцыі мураванага абарончага дойлідства. Крэўская ўнія распачала супярэчлівы працэс інтэграцыі ВКЛ і Польшчы. Але ёсць яшчэ адзін сюжэт, які інтрыгуе ўяўленні неабыякавых да гісторыі Беларусі - гэта гісторыя Крэва як аднаго з палітычных асяродкаў даўняй Літвы. Бо спазнанне гэтай старонкі прыадчыняе для нас многія пытанні этнічных і палітычных працэсаў, што адбывалісяч на нашых землях конадні і ў час узнікнення Вялікага Княства Літоўскага.

Што за паселішча?

Не выклікае сумневаў, што ў Сярэднявеччы Крэва было заселенае балтамоўным паганскім насельніцтвам. Не выпадкова гэтая мясцовасць трапіла ў спіс фундацыі першых касцёлаў, якія пасля Крэўскай уніі новаабраны польскі кароль і найвышэйшы князь Літвы ўсталяваў у 1387 г. у паганскай Літве. Колькасць гэтых касцёлаў была сімвалічнай - сем.

Пісьмовы акт фундацыі не захаваўся, гэтую палітыка-рэлігійну акцыю апісаў польскі храніст і гісторык XV ст. Ян Длугаш (1415-1480)у сваёй "Хроніцы Польшчы" ("Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae") адзначыў, што кароль Уладзіслаў Ягайла фундаваў семь парафіяльных касцёлаў у зручных і патрэбных мясцінах - Вількаміры, Майшаголе, Немянчыне, Медніках, Крэве, Абольцах і Гайне: "Fundat insuper septem parochiales ecelesias in locis oportunis et necessariis, videlicet in Volkmaria, Misyohola, Nyemczani, Myedniki, Crewa, Obolcze et Hayna, item prebendam sancti Martini in castro Vilnensi alciori" [1, с. 163]. У нашыя дні літоўскі гісторык Дарус Баронас звярнуў увагу на сімвалічнасць паведамлення пра сем касцёлаў і на беднасць пісьмовых звестак па гэтых новапаўсталых касцёлах у гістарычнай Літве. Такім чынам, Баронас паставіў пад сумнеў сапраўднасць інфармацыі адносна 1387 г. [2, с. 7]. Прынамсі, мы маем дакумент з XV ст., паводле якога 24 верасня 1468 г. Ганна, удава Юрыя Гаталтовіча, і яе сын Юрый ахвяравалі на алтар св. Юрыя і св. Ганны парафіяльнага касцёла ў вёсцы Крэва ("in ecclesia parochiali et in villa dista Krewo") сваю маёмасць [2, с. 7]. Таксама трэба адзначыць, што па некаторых касцёлах "са спісу сямі" маюцца пісьмовыя звесткі з XIV ст.

Памылкай жа будзе меркаваць, што тое даўняе Крэва знаходзілася ў звыклым нам сёння месцы - вакол мураванага замка XIV ст. Рэч у тым, што папярэднія археалагічныя даследаванні цэнтру сучаснага мястэчка паказалі там адсутнасць культурнага пласту, ранейшага за XIV ст. Вынікае, што наадварот, ужо мястэчка, новы тып урбанізаванага паселішча, узнікаў вакол сеньёрыяльнай рэзідэнцыі - Крэўскага замка [3, с. 27-29]. Але ж дзе знаходзілася першапачатковае Крэва? Ёсць адзін варыянт адказу на гэтае пытанне.

Ранняе Крэва

Па шляху на Смаргонь, у двух кіламетрах на поўнач ад мураванага замка, аднаго з першых у Літве, знаходзіцца Крэўскае гарадзішча, якое візуальна вылучаецца нават сярод пагоркавых ландшафтаў Ашмянскага ўзвышша. Гарадзішча мае авальную форму, у вышыні дасягае 20 м, земляныя валы вышынёй 5 м акружалі ўсю пляцоўку дзядзінца. Надзіва, на гэтым гарадзішчы яшчэ не праводзіліся археалагічныя раскопкі, толькі ў 1974 г. тут здзейсніў разведку Георгі Штыхаў. Паводле яго назіранняў, на гарадзішчы прысутнічала кераміка XVI-XVII ст., таму гэты помнік быў аднесены да перыяду позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу [4, с. 328, № 1419]. Але гэта была толькі папярэдняя інфармацыя. Іншыя знакі паказваюць на тое, што Крэўскае гарадзішча мусіць мець больш старажытную гісторыю.

Найперш, па сваёй знешняй тыпалогіі Крэўскае гарадзішча цалкам падобнае на гарадзішчы Жалезнай эпохі канца І тыс. да н. э і пачатку н. э. Дзесяткі падобных гарадзішчаў абжылі насельнікі паўночнага-захаду Беларусі, якое вызнаюць як насельніцтва Культуры штрыхаванай керамікі. Пазней такія гарадзішчы з пастаянных абжытых сталі гарадзішчамі-сховішчамі, куды збегалася навакольнае насельніцтва ў часы небяспекі. Мяркуецца, што насельніцтва такіх гарадзішч было балцкім. І зусім лагічна, што гэтая старонка балцкай гісторыі Крэва мусіла быць павязанае менавіта з гэтым аб'ектам. Як доўга і з якімі перапынкамі працягвалася жыццё на гэтым гарадзішчы?

Раскопкі і знаходкі

Менавіта з мэтаю пошуку ранняга Крэва у сезонах 2013-2014 гг. былі праведзены археалагічныя даследаванні Крэўскага гарадзішча і прылеглай да яго тэрыторыію [5; 6]. На Крэўскім гарадзішчы масава сустракаецца кераміка, зробленая на ганчарным коле, і якая мае традыцыйны лінейна-хвалістым арнаментам. Такі керамічны посуд вызначаюць як славянскі. У Крэве таксама былі знойдзены вельмі адметныя металічныя вырабы, паходжанне і функцыянальнасць якіх узбагачае гісторыю старажытнага паселішча.

У адным з шурфоў, напрыклад, быў знойдзены бронзавая лілеяпадобная падвеска. Так уяўлялася напачатку. Але досыць добра вядомыя ў літаратуры аналагі дазволілі ўдакладніць, што перад намі нават не сама падвеска, а матрыца, з выкарыстаннем якой вырабляліся такія падвескі. Тэхналагічна гэта выглядала наступным чынам - на бронзавую матрыцу накладалася срэбная пласцінка, якая і адціскалася на матрыцы, паўтараючы яе форму і арнаментацыю. Потым гэта ціснёная палоска прыпайвалася да гладкай і ў выніку ўтваралася фігурная пустацелая, а значыць лёгкая падвеска. З сваёй невялікай вагі гэтыя срэбныя падвескі і можна было складваць у каралі. Крэўская матрыца выраблена з бронзы, але яе каштоўнасць значна большая, чым срэбных падвесак, бо сведчыць пра існаванне на гарадзішчы цэнтру па вырабу такіх падвесак і караляў.

Геаграфія пашырэння падобных падвесак даволі шырокая - іх знаходзілі ў багатых скарбах таксама пад Кіевам. Між тым, ідэнтычныя падвескі рэгулярна сустракаюцца на гарадзішчах крывіцкай Смаленшчыны, у той час, як ва ўладзімірскіх і наўгародскіх старажытнасцях яны невядомы [7, с. 316]. Падобныя і падвескі, і матрыца былі таксама знойдзены ў замку Вішчын (Рагачоўскі р-н) [8, с. 138, іл. 43: 1, 3; 9, с. 95] і ўваходзілі ў склад знакамітага Вішчынскага скарба 1979 г., тэзаўраваны (схаваны), падобна, уладальнікамі Вішчына пад час мангольскага нападу ў сярэдзіне ХІІІ ст. [8, с. 147]. Такім чынам, акрэсліваецца арэал бытавання гэтых вырабаў. Датуюцца ж яны ХІІ-ХІІІ ст.

У археалагічнай літаратуры за такімі падвескамі замацавана вызначэнне "крыны" ці лілеяпадобныя - крына і азначае кветку лілеі. Вядомы савецкі археолаг Барыс Рыбакоў бачыў у гэтых падвесках ідэяграму вегетатыўнай сілы - іх вастрыё заўжды скіравана ўніз. Паводле Рыбакова, гэта азначае, што нябесная сіла, якая даруе дух жыцця, павінна быць скіраваная ўніз - да зямлі, да каранёў. Падвескі-крыны не выяўляюць сімвалічны расток, а пры дапамозе абстрагаванага сімвала заклінаюць расліны на зямлі [7, с. 316]. Звернутыя ўніз крыны сведчаць пра імкненне ўздзейнічаць на ўрадлівасць зямлі, а іншасказальна - на плоднасць уладальніцы караляў. Увогуле, падобныя жаночыя ўпрыгожанні былі часткаю уборы гарадскіх жыхарак.

Сярод крэўскіх знаходак ёсць матэрыялы, якія маюць нават лепшае датаванне і наўпрост сведчаць пра гарадскі характар паселішча. Гэта - шкляныя бранзалеты. Фрагменты такіх бранзалетаў рознага колеру сустракаюцца практычна ва ўсіх гарадах Усходняй Еўропы ў пластах ХІ-ХІІІ ст. Несумненна, яны былі ўлюбёным упрыгожваннем гараджанак. Сялянкі іх не насілі, мяркуючы па вясковых курганных пахаванняў.

Археолагі спачатку лічылі шкляныя бранзалеты прадметамі візантыйскага імпарту. Сапраўды, у Візантыі такіх бранзалетаў вядома шмат, а асноўны цэнтр іх вытворчасці знаходзіўся ў Сірыі. Цяпер жа даведзена, што такія ўпрыгожанні вырабляліся, прынамсі, у Кіеве, дзе дзейнічаў буйны цэнтр вытворчасці гэтага папулярнага тавару. Пасля таго, як манголы разграмілі Кіеў у 1240 г., вытворчасць шкляных бранзалетаў спынілася. Крохкія бранзалеты, якія праз нейкі час ламаліся на руках дзяўчын, паступова знікаюць у культурных пластах гарадоў Усходняй Еўропы. Таму гэтыя элементы жаночых упрыгожанняў ёсць вельмі добрымі храналагічнымі маркерамі - перыяд іх бытавання не сягае далей сярэдзіны ХІІІ ст. Увогуле, спецыялістамі даўно заўважана, што этнавызначальныя прыкметы ў раннім Сярэднявеччы маюць найперш жаночыя упрыгожанні. Мужчынскі убор у гэтым сэнсе больш кансерватыўны і аднастайны.

Але апроч упрыгожанняў, якія сведчаць пра прысутнасць ў даўнім Крэве славянскіх пасяленцаў, ёсць на нашым гарадзішчы і іншыя рэдкія знаходкі, якія сведчаць пра гандлёвы патэнцыял старажытнага паселішча.

У гэтым шэрагу вылучаецца знаходка брактэата - падобна, што першая за гісторыю за гісторыю археалагічных раскопак у Беларусі. Што такое брактэат? Гэта манета з тонкай срэбнай пласцінкі, бітая штэмпелем толькі з аднаго боку на мяккай падкладцы. Выява атрымлівалася выпуклай. Інакш, можна сказаць, гэта "аднабаковая" манета. У Германіі брактэаты з'явіліся ў першай палове ХІІ ст. і іх росквіт прыпаў у перыяд да сярэдзіны XV ст. Калі быць зусім кароткім, то з'яўленне брактэатаў стала вынікам змяншэння ў канцы ХІ ст. вагі заходнееўрапейскага дэнарыя, які, захаваўшы ранейшы дыяметр, стаў танчэйшым. Спачатку яшчэ танчэйшыя дэнарыі білі па-старому і выявы з двух бакоў праступалі на адваротныя, скажаючы афіцыйныя знакі легітымацыі манеты. Для выпраўлення становішча дэнарыі (пфенігі) сталі біць большымі па дыяметру, яшчэ больш тонкімі, але аднабаковымі. З улікам тэхналагічных прыёмаў, сярэднявечныя брактэаты можна лічыць шэдэўрамі ранняй раманскай пластыкі.

Брактэаты, як дробная разменная манета, былі эфектыўным інфляцыйным інструментам. Раз на год, а ў Магдэбургу - два разы, эмітэнт, ад імя якога білася манета (князь, біскуп ці горад), вымаў з грашовага абарачэння брактэаты і замяняў іх новымі. Пры гэтым "старыя" брактэаты-пфенігі прымусова дэвальваваліся на 25 %. Фактычна, гэта быў прыхаваны падатак - "збор" на біццё манеты. Існуе дыскусія пра эфектыўнасць гэтага метаду прымусовай дэвальвацыі. Паводле нямецкай даследчыцы Маргрыт Кенэдзі, такая сістэма служыла павелічэнню спажывання і скарачэнню назапашванняў, што не вяло да росту дабрабыту насельніцтва і развіццю эканомікі. Магчыма, сакрэт тут прыхаваны ў тым, што падатак спаганяўся не ў выніку абарачэння манеты і гандлю, а цалкам асобна [10, c. 39-40]. Нават сцвярджаецца, што паколькі назапашваць грашовыя багацця было немагчыма, замест іх былі створаны рэальныя багацця [11, c. 40]. Падобна, што ў грунце гэтых выказванняў даследчыкаў фінансаў Сярэднявечча знаходзяцца наступныя абставіны - пры няразвітасці банкавай сістэмы грошы ў той час ашчаджаліся і накапляліся не на дэпазітах, а тэзаўраваліся - па-просту, зарываліся ў скарбах і, такім чынам, не ўдзельнічалі ў гаспадарчым росце. "Жывое" функцыянаванне брактэатаў прымушала грошы пераўтварацца ў матэрыяльныя каштоўнасці.

Не будзем далей паглыбляцца ў нумізматычна-фінансавыя дыскусіі, але з прыведзенага робіцца зразумелым, чаму пры сваёй масавасці брактэаты не ў такой ступені прапарцыйнасці трапляюць у скарбы. А калі вы прыгадаеце, што гэта, фактычна, фрагмент металічнай фольгі, то зразумееце, чаму так цяжка падобныя манеты знайсці пад час археалагічных раскопак.

Крэўскія манеты належаць да тыпу так званых "гузікавых" брактэатаў і ў цэлым укладаюцца ў перыяд XIII-XIV стст. На найлепш захаваным асобніку ўверсе манеты бачна выява крыжа, унізе, магчыма, алегарычная выява ўсквітнелага крыжа. Аналагічныя манеты былі распаўсюджаны на тэрыторыі Нямецкага ордэна ў Прусіі, у польскім Памор'і, у прыватнасці, іх білі гданьскія князі. Такім чынам, праз брактэаты мы маем доказы гандлёвых зносін жыхароў Крэва з Балтыйскім рэгіёнам.

Але ёсць яшчэ адна знаходка, якая непасрэдна ілюструе забеспячэнне гандлёва-грашовых аперацый - гэта вагавая манетная гірка, знойдзеная ў ніжнім (перадмацерыковым) пласце Крэўскага гарадзішча. Такія гіркі вырабляліся з каляровага металу (медзі ці бронзы) і сваёй формай нечым нагадвалі дыямант - крэўская мае 14 граняў, на некаторых з іх прастаўлены ўмоўныя пазначэнні вагі. Падобныя гіркі адносіцца да паўночна-еўрапейскай (скандынаўскай) сістэмы і з'яўляецца не адзінкавай знаходкай ў Беларусі.

Даўняя Літва

Якую ж карціну эпохі дапамагае нам стварыць лакальны прыклад Крэва ХІ-ХІІІ стст.? Даволі нечакана апошнія даследаванні могуць скарэктаваць нашы ўяўленні пра даўнюю Літву.

Калі сысці са сферы бясплённых спрэчак, якой была першапачатковай Літва - балцкай ці славянскай, - то можна паразважаць пра шматстайны характар этнічных і сацыяльных узаемадзеянняў у Сярэднявеччы на гэтай запаветнай тэрыторыі Еўропы. Падобна, што Літва сапраўды вылучаецца з іншых балцкіх абшараў змешанасцю свайго насельніцтва.

Мы бачым Крэва як адзін з цэнтраў гістарычнай Літвы. Той Літвы, яшчэ да Міндоўга. На матэрыялах Крэўскага гарадзішча ХІ-ХІІІ стст. робіцца зразумелым, што напярэдадні эпохі ўтварэння Вялікага Княства Літва падыходзіла ўжо з пэўным цывілізацыйным здабыткам. Не можна казаць, што гэта было толькі кансерватыўная вясковае насельніцтва, ваяўнічая эліта якіх перажывала перыяд экспансіянісціх памкненняў - з-за беднасці краю, вакол якога развівалася ўжо цывілізацыя з яе гарадамі і гандлем. Прынамсі на прыкладзе Крэва мы можам сцвярджаць, што ва Усходняй Літве ўжо пачыналіся свае працэсы ранняй урбанізацыі і існавалі свае цэнтры з даволі развітай спецыялізаванай рамеснай вытворчасцю і актыўнымі знешнімі сувязямі. Але тут трэба зрабіць адну папраўкі - урбанізаваным насельніцтвам гэтай Літвы былі, як выглядае, славяне.

Можна нават сцвярджаць, што гэтае, магчыма не самае вялікае, славянскае насельніцтва "першапачатковай" Літвы займала сацыяльную нішу, падобную на ролю габрэяў ў гарадах Вялікага Княства ці немцаў ў ранняй Польшчы, якія забяспечвалі сувязь са знешнім светам. Верагодна, што славянскае насельніцтва Крэва наладжвала гандлёвыя і тэхналагічныя кантакты, найперш, з суседняй Полацкай зямлёй. Калі гэтыя назіранні пацвердзяцца пры далейшых даследаваннях, мы можам казаць пра трохі іншую карціну эпохі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, чым гэта ўяўлялася - старажытная Літва паўстае перад намі менш гамагеннай і больш інтэграванай ў протабеларускі абшар.

Чым жа было Крэўскае гарадзішча ў ХІ-ХІІІ стст.: славянскай факторыяй сярод балцкага насельніцтва, раннефеадальным замкам нобіля Літвы ці раннім горадам? Адказаць на гэтыя пытанні змогуць толькі далейшыя даследаванні.

Дзярновіч Алег Іванавіч
кандыдат гістарычных навук, дацэнт,
старшы навуковы супрацоўнік
Інстытута гісторыі НАН Беларусі
(Мінск, Беларусь)

Літаратура

1. Dlugossii, Joannis. Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae, liber decimus (1370-1405) / Consilium ed. S. Gawęda et al.; textum recensuit et moderavit Danuta Turkowska; comment. Sbigneus Perzanowski. - Varsaviae: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1985. - 443, [4] p.

2. Baronas, Darius. Jan Dlugosz and the First Seven Parish Churches in Lithuania // Lithuanian Historical Studies. - 2007. - V. 12. - P. 1-18.

3. Дзярновіч А. І. Заняпад ці трансфармацыя? Эвалюцыя статуса Крэўскага замка ў XIV-XVII ст. (па выніках гістарычна-археалагічных даследаванняў) // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс "Мір". - Мн.: Медысонт, 2013. - С. 23-29.

4. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. - Мн.: БелСЭ, 1986. - 371 с.

5. Архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. - Дзярновіч А. І. Справаздача па археалагічных даследаваннях (раскопках) у в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. у 2013 г.

6. Архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. - Дзярновіч А. І. Справаздача па археалагічных даследаваннях (раскопках) у в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. у 2014 г.

7. Рыбаков, Б.А. Ремесло Древней Руси. - Москва: Изд-во АН СССР, 1948. - 792 с.

8. Загорульский, Э. М. Вищинский замок XII-XIII вв.. - Минск: БГУ, 2004. - 159 с.

9. Археологическое наследие Беларуси = Archaeological Heritage of Belarus / Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории; сост., авт. вступ. ст. О.Н. Левко; науч. ред. А.А. Коваленя, О.Н. Левко. - Минск: Беларус. навука, 2012. - 192 с.: ил.

10. Kennedy, Margrit. Interest and Inflation Free Money. - Mumbai, India & Okemos, Michigan, USA Seva International, 1995. - 57 p.

11. Cohrssen, Hans R.L. Fragile Money // The New Outlook. - 1933. - September. - P. 39-41.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX