Папярэдняя старонка: Флікоп-Світа Галіна

Абразы 'Тайная вячэра' і 'Троіца' давыд-гарадоцкага майстра: іканаграфічныя аналогіі і гравюры-першаўзоры 


Аўтар: Флікоп Г. А.,
Дадана: 11-06-2018,
Крыніца: Флікоп Г. А. Абразы 'Тайная вячэра' і 'Троіца' давыд-гарадоцкага майстра: іканаграфічныя аналогіі і гравюры-першаўзоры / Г.А. Флікоп // Этнокультурное развитие Беларуси в ХХ - начыле ХХ в. : материалы Междунар. науч.-практ. конф., 19-20 мая 2010 г., Изд. центр БГУ, 2011. - С. 285-290.

Спампаваць




АБРАЗЫ "ТАЙНАЯ ВЯЧЭРА" І "ТРОІЦА" ДАВЫД-ГАРАДОЦКАГА МАЙСТРА: ІКАНАГРАФІЧНЫЯ АНАЛОГІІ І ГРАВЮРЫ-ПЕРШАЎЗОРЫ

Абразы "Троіца" і "Тайная вячэра" давыд-гарадоцкага майстра, датаваныя другой чвэрцю ХУІІІ стагоддзя, прыцягнулі нашую ўвагу зусім невыпадкова: займаючыся пытаннямі ўплыву іканаграфіі гравюры на беларускія абразы, намі было заўважана, што адносна абодвух твораў даследчыкі адзначаюць ўплыў гравюр кіеўскіх выданняў [6, №75; 7, с. 180]. Пры гэтым навукоўцамі на падставе графічных першаўзораў праводзіцца датыроўка абразоў. Аднак выяўленыя намі новыя звесткі даюць магчымасць удакладніць або перагледзець датыроўку, а таксама прасачыць з'яўленне ў творах іканапісу незвычайных або не зусім тыповых рысаў для названых сюжэтаў у беларускім сакральным жывапісе.

У навуковай літаратуры для абраза "Троіца" з вёскі Вялікае Малышава [малюнак 1] агульна прынятым з'яўляецца датаванне другой чвэрцю ХУІІІ стагоддзя. Датыроўка была прапанавана Н.Ф. Высоцкай на падставе меркавання, што крыніцай для дадзенага абраза паслужыла гравюра з кіеўскага выдання 1724, пры гэтым назва кнігі не пазначаецца [6, № 75; 4, с. 18]. Аднак выяўлены намі больш дакладны адпаведнік іконе з чарнігаўскага выдання 1717 г. [малюнак 2] дае падставы сцвярджаць, што менавіта гэты дрэварыт паслужыў першаўзорам [11]. А значыць, "Троіца" з давыд-гарадоцкай царквы магла быць створана пасля (або ў) 1717 г., на 7 гадоў раней за прынятую датыроўку. Гэтыя звесткі ў больш разгорнутым выглядзе прыведзены намі ў артыкуле "Абраз "Троіца" з Вялікага Малышава і яго ўкраінскі дрэварыт-пратограф" [19].

Аднак крыху пазней намі былі выяўлены новыя дадзеныя, якія не ўвайшлі ў артыкул: гравюра для чарнігаўскага выдання 1717 г., відавочна, была створана паводле адпаведнага твору з кіеўскага "Актоіха" 1699 г. [2; малюнак 3]. Абодва дрэварыты вельмі падобныя (нават у дробных дэталях) з той толькі розніцай, што гравюра для чарнігаўскага выдання, змешчаная на адгорце тытульнага аркуша на ўсю старонку, была створана майстрам без уліку інверсіі, таму яна з'яўляецца люстэркавай адносна кіеўскай (аднак цалкам адпаведнай з абразом) і анёлы на ёй бласлаўляюць левай рукой. Варта адзначыць, што "Троіца" ў кіеўскім выданні адбіта з адной і той жа дошкі на розных старонках шэсць(!) разоў [2]. Акрамя яе гравюр у тэксце больш няма (асобных старонкавых гравюр у выданні няма ўвогуле), а фігурныя і сюжэтныя выявы маюцца ў застаўках. Магчыма, гравюра была створана адмыслова для гэтай кнігі, бо ў прагледжаных намі 35 больш ранніх выданнях Кіева-Пячэрскай Лаўры дадзеная выява нідзе не сустрэлася. Натуральна, што на падставе перапрацавых 35 кніг нельга рабіць катэгарычныя высновы, бо такая колькасць кіева-пячэрскіх старадрукаў ХУІІ стагоддзя далёка не з'яўляецца вычарпальнай. Тым не менш, сюжэт "Троіцы Старазаветнай" прысутнічае ў некаторых выданнях, нават створаных незадоўга да разглядаемага "Актоіха". Так, у "Псалтыры з тлумачэннем" 1697 г., двойчы быў надрукаваны дрэварыт дадзенага сюжэту, але значна больш просты і, можна нават сказаць, грубаваты ў штрыхах і абрысах постацяў [13]. Таму цалкам магчыма, што разглядаемы твор адмыслова ствараўся для "Актоіха", дзе быў адбіты, як ужо адзначалася, 6 разоў. Варта таксама сказаць, што ў выданнях ХУІІІ стагоддзя, а намі было прагледжана каля 30, "Троіца" з гэтай жа дошкі больш нідзе не сустрэлася і ўвогуле не сустрэлася ніводнай выявы (нават у клеймах заставак) гэтага сюжэту. Зноў такі, гэта не дазваляе нам казаць пра тое, што гравюра з "Актоіху" больш нідзе не была паўторана, бо такая колькасць перапрацаваных старадрукаў не прадстаўляе ў поўным аб'ёме кнігавыдавецкую спадчыну кіева-пячэрскай друкарні. Тым не менш, невыяўленасць паўтораў гэтай гравюры ў больш позніх выданнях, а таксама гістарычны лёс самой друкарні дае падставы меркаваць, што гравіравальная дошка згарэла у пажары 1718 г., калі вогнішчам была знішчана вялікая частка маёмасці [12].

Такім чынам, у кіеўскім "Актоіху" 1699 г. была, верагодней за ўсё, упершыню (а можа і ўвогуле - аднойчы) надрукавана выява Троіцы, якую пасля "запазычыў" майстар, што рабіў старонкавую выяву для чарнігаўскага "Новага Запавету" 1717 г. У рэшце апошні твор быў выкарыстаны давыд-гарадоцкім майстрам пры пісанні абраза для царквы ў в. Вялікае Малышава.

Нельга не адзначыць, што анёлы-ляўшы на абразе не засталіся без увагі даследчыкаў, якія шукалі тлумачэнне такой з'яве [4, с. 18; 6, № 75; 21, с.31]. Н.Ф. Высоцкая выказвае меркаванне, што іканапісец, ствараючы абраз паводле кіеўскай гравюры 1724 г. (з правільнай выявай анёлаў), паклаў прорыс не тым бокам, у выніку чаго атрымалася люстэркавая адносна першаўзору выява [4, с. 18]. Калі кіравацца такой логікай, то цалкам абгрунтаванай будзе думка, што першаўзорам мог паслужыць дрэварыт з кіеўскага "Актоіха" 1699 (а не з чарнігаўскага выдання, пра што мы мяркуем), ледзь ні стоадсоткава люстэркава падобны да іканапіснага твора. Калі ж на падставе гэтага праводзіць датаванне, то можна сцвярджаць, што абраз мог быць створаны ў самым пачатку ХУІІІ стагоддзя, а не ў другой чвэрці. Аднак нам падаецца больш лагічнай версія, што першаўзорам абраза паслужала гравюра з "Новага запавету" 1717 г., якая была створана паводле кіеўскага пратографа (яшчэ раз падкрэслім) без уліку інверсіі, г. зн. рытар, які наносіў выяву на гравіравальную дошку, не ўлічыў, што адбітак на паперы атрымаецца люстэркава. Хаця выклікае непаразуменне той факт, што надпісы на дрэварыце зроблены правільна. Магчыма, іх выразаў іншы майстар або гэты ж майстар - пазней з улікам сваёй памылкі, калі была ўжо зроблена спроба адбітку выявы.

Вывучэнне "Троіцы" давыд-гарадоцкага майстра наштурхна нас на адпаведнае даследаванне іншых твораў іканапісца. Бо калі ён для пісання аднаго са сваіх абразоў выкарыстаў гравюру ў якасці ўзору, то цалкам лагічным выглядае меркаванне, што ён мог скарыстацца ілюстрацыямі старадрукаў пры працы над іншымі сюжэтамі. Да твораў гэтага аўтара даследчыкі адносяць некалькі ікон, якія можна падзяліць на тры групы [7, с. 177-178]. Першую групу складаюць датаваныя абразы сярэдзіны ХУІІІ стагоддзя з ляпнымі фонамі "Маці Божая Супрасльская" (1760), "Звеставанне" (1759) - абодва са Столінскага р-на Брэсцкай вобл., трохстворкавы складзень "Св. Наталля", "Маці Божая Адзігітрыя", "Арханёл Рафаіл" (1760) з Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Другая група прадстаўлена недатаванымі творамі з ляпнымі арнаментаванымі фонамі, што стылістычна прымыкаюць да абразоў першай групы і прыблізна датаваныя тымі ж гадамі, гэта - "Варвара Велікапакутніца", "Богаяўленне", "Маці Божая Адзігітрыя", "Дэісус". Да трэцяй групы належаць разрозненыя працы без ляпнога фону "Троіца", "Тайная Вячэра", "Дабравешчанне", і, магчыма "Арханёл Міхаіл", у якім "…асаблівасці аўтарскага почырку толькі злёгку намячаюцца" [7, с. 178]. Такім чынам, творчую спадчыну давыд-гарадоцкага майстра складаюць дзесяць-адзінаццаць вядомых абразоў, сем з якіх (творы з першай і другой групы) стылістычна вельмі блізкія між сабой з характэрнай арнаментальнай разьбой па ляўкасе, датаваныя 50-60-ымі гадамі ХУІІІ ст. Абразы трэццяй групы, відаць, прадстаўляюць творчасць іканапісца больш ранняга перыяду, на іх няма арнаментальных фонаў, а даследчыкамі гэтыя працы датуюцца другой чвэрцю ХУІІІ ст. Таму для разгляду і была абрана "Тайная вячэра" [малюнак 4] - абраз, які мае найбольш агульных рысаў з разгляджанай вышэй "Троіцай".

Да "Тайнай вячэры" даследчыкі называюць некалькі іканаграфічных аналогій з кіеўскіх выданняў: "Трыёдзі" 1631, "Евангелля" 1697, "Дзяянняў Апосталаў" 1722. Апошняя "… мае найбольш агульныя рысы з абразом давыд-гарадоцкага майстра" [7, с. 180]. Гэты спіс можна працягнуць іншымі кіеўскімі выданнямі: "Трэбнік" (1646, сюжэт сустракаецца ў кнізе тройчы з розных дошак: на тытульным аркушы, у застаўцы, у трохсюжэтнай гравюры), "Леітургіён" (1653), "Акафісты штодзённыя" (1677, у трохсюжэтнай гравюры), "Службоўнік" (1746) [9, 1, 14]. А таксама падобная іканаграфія сюжэту сустракаецца ў львоўскіх выданнях ХУІІ стагоддзя: "Трыёдзь кветная" (1642, 1667), "Апостал" (1654), "Ключ разумення" (1665) - усюды ў застаўцы, надрукаванай з адной дошкі [16, 17, 3, 5]. Акрамя таго, у "Трыёдзі кветнай" 1667 выява "Тайная вячэра" размешчана на тытульным аркушы [17]. Аднак ніводная з гравюр пералічаных выданняў не з'яўляецца непасрэднай крыніцай для давыд-гарадоцкага абраза, хоць і ўсе яны іканаграфічна вельмі блізкія.

Першаўзорам, на нашую думку, паслужыла выява з тытульнага аркуша кіеўскага "Каменя веры" 1730 г. (аўтар кнігі Яворскі) [20; малюнак 5, 6]. Магчыма, іканапісец скарыстаўся менавіта гэтай гравюрай, бо не меў у наяўнасці іншых кніг з адпаведнай выявай. Аднак можна дапусціць меркаванне, што ён свядома абраў яе з шэрагу адпаведных твораў. Калі гэта так, то выбар майстра цалкам абгрунтаваны і сведчыць пра добры мастацкі густ, а таксама - пра прафесійныя веды. Дадзеная выява ў выданні "Камень веры" з'яўляецца найбольш дасканалым (па кампазіцыйных і тэхнічных якасцях) увасабленнем сюжэту "Тайная Вячэры" сярод пералічаных вышэй, а, магчыма, і сярод усіх адпаведных працаў у старадрукаванай кірылічнай кнізе. Такая высокая майстэрская якасць, пэўна, тлумачыцца тым, што тытульныя аркушы ў друкарнях звычайна выконваліся самымі спрактыкаванымі майстрамі: "Оздоблені титули були своєрідними рекламними проспектами, які полегшували збут книжок. <…> На Заході оздоблення титульних аркушів нерідко проектували найвизначніші митці свого часу...» [8].

Іканаграфія "Тайнай Вячэры" з "Каменя веры" адпавядае евангеллю ад Іаана: "У Евангеллі ад Яна Апошняй Вячэры і гасціне прысвечаны пяць раздзелаў. У пачатку Езус паказвае прыклад любові: распрануўся, падперазаўся ручніком, уліў ваду ў умывальніцу і пачаў абмываць вучням ногі і абціраць ручніком. Потым ён тлумачыць сэнс умывання і паведамляе, што будзе выданы адным з іх. Пётр просіць Яна даведацца імя здрадніка, і той, прыпаўшы да грудзей Езуса, задае пытанне, і Ён, умачыўшы кавалак хлеба, падае яго Юду". [22]. Хрыстос на гравюры размешчаны пасярэдзіне, апосталы сядзяць паабапал яго вакол авальнага стала. Паказаная ўнізе гравюры міса са збанком, па ўсёй верагоднасці, і сведчыць пра абмыванне ног вучняў. Хрыстос трымае ў правай руцэ хлеб, а да яго грудзей прыпаў Іаан, што адпавядае апісанаму ў евангеллі эпізоду, а таксама паказана на давыд-гадоцкім абразе. Даследчыкі адзначаюць, што "…наогул у беларускіх абразах ён (Іаан) даволі рэдка схіляе галаву да грудзей Настаўніка" [22]. Іуда размешчыны на супрацьлеглым адносна Хрыста баку стала крайнім злева. У руцэ ён трымае мяшэчак, які, магчыма, сведчыць пра тое, што Іуда насіў казну апосталаў, аднак больш верагодна, што гэта - напамін пра трыццаць срэбнікаў. На стале паказаны нож; амаль пасярод - стаіць пасудзіна, якая, па ўсёй верагоднасці, сімвалізуе ахвяру Хрыста, бо на іншых творах такога сюжэту (асабліва на абразах) у місе знаходзіцца або рыба, або галава ягняці - сімвалы ахвяры ў хрысціянстве; хлеб і келіх падкрэсліваюць літургічны сэнс евангельскага сюжэта. Усе гэтыя дэталі прысутнічаюць і на абразе давыд-гарадоцкага майстра.

На адпаведных гравюрах з пералічаных вышэй выданняў пры такой жа кампазіцыі і размяшчэнні персанажаў ёсць не ўсе дэталі з пералічаных вышэй. Так, толькі на гравюры з кіеўскага "Службоўніка" 1746 г. Хрыстос трымае хлеб (па ўсёй верагоднасці яна была створана пад уплывам дрэварыту з "Каменя веры" 1730, пра што сведчаць і некаторыя іншыя элементы). Мяшэчак з грашыма ў руцэ Іуды паказаны на чатырох кіеўскіх гравюрах (дзве з "Трэбніка" 1646 [18]; у "Акафістах штодзённых" 1677 [1], у "Службоўніку" 1746 [14]), а на львоўскіх - гэтая дэталь адсутнічае [3, 5, 16, 17]. Місы са збанком для абмывання ног больш няма нідзе, а асобны збанок паказаны толькі на выяве ў застаўцы з кіеўскага "Трэбніка" 1646 г., які, дарэчы па форме вельмі падобны да напісанага на давыд-гарадоцкім абразе [18]. З прадметаў на стале на ўсіх гравюрах прысутнічае хлеб і келіх, амаль усюды - нож, на кіеўскіх дрэварытах (акрамя "Службоўніка" 1746) ёсць міса, якая, дарэчы адсутнічае на львоўскіх выявах. Свяцільнік над галавой Хрыста акрамя дрэварыту з "Каменя веры" прасутнічае на выяве са "Службоўніка" 1746, там жа паказаны і рассунуты ў два бакі занавес [14], гэтыя дэталі не сустракаюцца на выявах ў іншых кіеўскіх і львоўскіх выданнях, аднак прысутнічаюць на гравюрах з неназваных яшчэ старадрукаў: "Малітваслова" (Пачаеў, 1793) [10], "Евангелле навучальнага" (Унеў, 1696) [15]. Аднак апошнія адрозніваюцца кампазіцыяй уцэлым, таму і не ўвайшлі ў поле нашага разгляду.

Як было адзначана вышэй, кампазіцыя гравюры з "Каменя веры" з'яўляецца найбольш дасканалай. Гэтага эфекту майстар дасягае пры ўзмацненні сэнсавага цэнтру, аснову якога складае постаць Хрыста. Неабходны эфект ствараецца праз размешчэнне роўна над галавой Збавіцеля свяцільніка, а ўнізе гравюры - місы са збанком, што ўтварае вертыкальную асявую лінію. Давыд-гарадоцкі майстар яшчэ больш удасканаліў кампазіцыю праз размяшчэнне роўна па асявой лініі (акрамя фігуры Хрыста, свяцільніка і кораба са збанком) пасудзіны на стале. На абразе ўвага на постаці Хрыста акцэнтуецца дзякуючы пілону за ім, лініі якога працягваюцца ў абрысах сілуэта галоўнай фігуры і падкрэсліваюцца выцягнутымі вокнамі. Уверсе сіметрычна ў два бакі разыходзіцца занавес, вылучаючы, зноў такі, цэнтр кампазіцыі. Гарызантальнай асявой лініяй служыць прамавугольны стол (гэта асноўнае адрозненне паміж абразом і першаўзорам, бо на гравюры ён авальны), у цэнтры якога размешчана міса з рыбай. Пры гэтым на пасудзіне, цэнтральнай кропцы круглай кампазіцыі, перасякаюцца вертыкальная і гарызантальная асявыя лініі, падкрэсліваючы яе сэнс, як увасабленне ахвярнага жыцця Хрыста. Кампазіцыя дасканала ўпісана ў круглую форму, а перасячэнне вертыкальных і гарызантальных ліній утварае крыж. Такім чынам, гэты дасканалы твор сакральнага мастацтва быў створаны паводле майстэрскай гравюры з кіеўскага выдання "Камень веры".

У навуковай літаратуры прынятай датыроўкай абраза з'яўляецца другая чвэрць ХУІІІ стагоддзя, гэта значыць з 1725 па 1750. Як было адзначана вышэй, кніга, дзе размешчана гравюра-першаўзор, была выдадзена ў 1730 годдзе. Выяўленне першаўзору дазваляе сцвярджаць, што твор давыд-гарадоцкага майстра быў створаны не раней за 1730 год, а значыць, як мінімум на пяць гадоў пазней ніжняй мяжы ў прынятай датыроўцы. Безумоўна, датаванне іканапісных твораў нельга праводзіць толькі паводле першаўзораў-гравюр, а неабходна браць у разгляд іншыя фактары. Тым не менш, праведзеная даследаванне дазваляе перагледзець датыроўку абразоў "Троіца" і "Тайная вячэра", створаных давыд-гарадоцкім майстрам, што, у сваю чаргу, паспрыяе яе ўдакладненню ў далейшым пры наяўнасці і іншых неабходнах дадзеных.

СПІС ЛІТАРАТУРЫ:

1 Акафісты штодзённыя. - Кіеў: друкарня Кіева-Пячэрскай Лаўры. - 1677.

2 Актоіх. - Кіеў: друкарня Кіева-Пячэрскай Лаўры. - 1699.

3 Апостал. - Львоў: друкарня М. Слёзкі. - 1654.

4 Высоцкая, Н.Ф. Искусство Беларуси 12-18 вв. / Н. Высоцкая - Мн., 2004. - 26 с.

5 Галятоўскі, І. Ключ разумення / І. Галятоўскі. - Львоў: друкарня М. Слёзкі. - 1665.

6 Іканапіс Беларусі XV - XVIII стагоддзяў / Аўтар тэксту і складальнік Н.Ф.Высоцкая. - Мн.: Беларусь, 2001. - 21 с.: [139] арк. іл.

7 Іканапіс Заходняга Палесся ХУІ - ХІХ стст. / В. Ф. Шматаў, Э. І. Вецер, М. П. Мельнікаў і інш.; навук. рэд. В. Ф. Шматаў; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ім. К. Крапівы НАН Беларусі. - Мн.: Бел. навука, 2002. - 349 с.: іл.

8 Ісаєвич, Я. Українське книговидання: витоки, розвиток, проблеми [электронны рэсурс] / Я. Ісаєвич. - Рэжым доступу: http://izbornyk.org.ua/isaevych/is.htm. - Дата доступу: 16.02.2010.

9 Леітургіён. - Кіеў: друкарня Кіева-Пячэрскай Лаўры. - 1653.

10 Малітваслоў. - Пачаеў. - 1793.

11 Новы запавет. - Чарнігаў: друкарня Троіцка-Ільінскага манастыра. - 1717.

12 Огієнко, І. І. Історія українського друкарства [электронны рэсурс] / І. І. Огієнко / Упоряд., авт. іст.-біогр. нарису та приміт. М.С. Тимошик. - Рэжым доступу: litopys.org.ua/ohdruk/ohd.htm. - Дата доступу: 16.02.2010.

13 Псалтыр з тлумачэннем. - Кіеў: друкарня Кіева-Пячэрскай Лаўры. - 1697.

14 Службоўнік. - Кіеў: друкарня Кіева-Пячэрскай Лаўры. - 1746.

15 Транквіліён, К. Евангелле навучальнае. - Унеў: друкарня Унеўскага Успенскага манастыра. - 1696.

16 Трыёдзь кветная. - Львоў: друкарня М. Слёзкі. - 1642.

17 Трыёдзь кветная. - Львоў: друкарня М. Слёзкі. - 1667.

18 Трэбнік. - Кіеў: друкарня Кіева-Пячэрскай Лаўры. - 1646.

19 Флікоп, Г.А. Абраз "Троіца" з Вялікага Малышава і яго ўкраінскі дрэварыт-пратограф / Флікоп Г.А. // Історія релігій в Украіні: науковий щорічник / упоряд. О. Киричук, М. Омельчук, І. Орлевич. - Л.: Львівський музей історіі релігіі, вид-во «Логос», 2010. - Книга 2. - С. 851 - 859.

20 Яворскі. Камень веры / Яворскі. - Кіеў: друкарня Кіева-Пячэрскай Лаўры. - 1730.

21 Ярашэвіч, А.А. "І напоўніліся ўсе духам святым…" Сюжэты спаслання Святога Духа і Троіца ў старажытнабеларускім мастацтве / А.А. Ярашэвіч // Наша вера. - 2000. - № 2. - с. 28-33.

22 Ярашэвіч, А.А. Сюжет «Апошняй вячэры» у беларускім мастацтве / А. А. Ярашэвіч // Наша вера [электронны рэсурс]. - 2003. - №1. - Рэжым доступу: media.catholic.by/nv/n46/aboutus.htm. - Дата доступу: 24.11.2009.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX