Папярэдняя старонка: Флікоп-Світа Галіна

Іканапісец Стэфан Пятровіч Сулкоўскі - невядомае імя ў гісторыі беларускага мастацтва ХІХ ст. 


Аўтар: Флікоп-Світа Г. А.,
Дадана: 11-06-2018,
Крыніца: Флікоп-Світа Г. А. Іканапісец Стэфан Пятровіч Сулкоўскі - невядомае імя ў гісторыі беларускага мастацтва ХІХ ст. / Г.А. Флікоп-Світа // Беларускі гістарычны часопіс. - 2015 г. - № 9. - Мн., 2015. - С. 23-36.

Спампаваць




Іканапісец Стэфан Пятровіч Сулкоўскі - невядомае імя ў гісторыі беларускага мастацтва ХІХ стагоддзя.

Пачынаючы размову пра беларускіх іканапісцаў ХІХ ст., неабходна адразу адзначыць, што гэты перыяд гісторыі айчыннага сакральнага мастацтва дагэтуль з'яўляецца найменш даследаваным. І калі іканапіс папярэдніх стагоддзяў знайшоў асвятленне ў працах М.М. Шчакаціхіна [1], Н.Ф. Высоцкай [2], Э.М. Вецер [3], І.М. Быцевай [4], Ю.В. Хадыкі [5], Ю.А. Піскуна [6], А.А. Ярашэвіча [7], В.Дз. Бажэнавай [8] і іншых, то да рэлігійнага жывапісу ХІХ ст. з навукоўцаў амаль ніхто не звяртаўся. Гэта, верагодна, тлумачыцца самімі асаблівасцямі развіцця царкоўнага мастацтва ў гэты час. Так, у названы перыяд адбываліся складаныя грамадска-палітычныя і культурна-рэлігійныя працэсы, якія ўплывалі на функцыянаванне іканапісу і прывялі да "размывання" беларускай школы. Менавіта знікненне "нацыянальных" рысаў у гэтым відзе мастацтва ў ХІХ ст. у значнай ступені і абумовіла адсутнасць цікавасці да яго з боку даследчыкаў [9]. Таму шматлікія пытанні, якія датычацца іканапісу нашых земляў гэтага перыяду, вымагаюць вывучэння.

Да цяперашняга часу фактычна не вядомымі застаюцца імёны майстроў, якія працавалі ў гэты перыяд. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што тое ж самае датычыцца і больш ранніх эпох. Аднак, напрыклад, працы Ю.А. Піскуна праліваюць святло на дзейнасць Васіля Маркіянавіча і Стэфана Катлярэўскага [10], творчасць якіх звязана са Слуцкам. Імёны некаторых майстроў ХУІІІ ст. фігуруюць у артыкулах А.А. Ярашэвіча. Так, даследчык звяртаецца да вывучэння мастацкай спадчыны Тамаша Міхальскага, які працаваў на Палесіі і Валыні, а яго творы захоўваюцца зараз у музеях Беларусі і Украіны [11]. Грунтоўны слоўнік, куды ўвайшлі імёны майстроў, што працавалі на Беларусі ў ХУІІ -ХУІІІ стст., склала Н.Ф. Высоцкая [12]. Безумоўна, пра большасць тагачасных жывапісцаў звесткі прадстаўлены вельмі сціплыя, што тлумачыцца адсутнасцю крыніц. Аднак значным само па сабе з'яўляецца ўвядзенне ў навуковы ўжытак іх імёнаў, а ўжо ўзнаўленне біяграфічных дадзеных можа стаць цікавай задачай для далейшых навуковых працаў.

Нават такой ступенню даследаванасці не можа пахваліцца беларускі іканапіс ХІХ ст. Пры чым эпоха гэтая - не такая далёкая ад нас і гіпатэтычна магло захавацца значна больш крыніц, якія праліваюць святло на творчасць тагачасных майстроў. Дадзены артыкул і будзе прысвечаны аднаму з жывапісцаў ХІХ ст., імя якога дагэтуль з'яўлялася не вядомым гісторыі беларускага мастацтва.

Гаворка ідзе пра Стэфана Пятровіча Сулкоўскага. Упершыню гэтае імя сустрэлася нам у гістарычнай крыніцы за 1846 г. " Дело о выдаче живописцу С.П. Сулковскому свидетельства о выполнении им работ по контрактам в церквах епархии", якая захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (далей - НГАБ) у фондзе Мінскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі [13]. Названы дакумент складаецца ўсяго з 6 аркушаў. Аднак тая інфармацыя, якая зафіксавана ў крыніцы - надзвычай цікавая і каштоўная.

Распачынае справу зварот С.П. Сулкоўскага ў Мінскую кансісторыю з просьбай выдаць яму пасведчанне, якое пацвярджае яго прафесійную кампетэнтнасць і надзейнасць. З гэтага ліста мы атрымалі шэраг цікавых звестак. Па першае, там фігуруе поўнае імя майстра, што ў тагачасных крыніцах бывае не часта, з яго статусам: " Живописец дворянин Петрова сын Стефан Сулковской" [14].

Па-другое, у дакуменце пералічваюцца жывапісныя працы майстра, якія даюць уяўленне пра яго дзейнасць за перыяд з 1832 па 1846 гг. Прывядзём тэкст гэтага ліста цалкам:

Его высокопреосвященству, Высокопреосвященнейшему Антонию Архиепископу Минскому и Бобруйскому и Кавалеру

Живописца Дворянина Петрова сына Стефана Сулковского покорнейшее прошение

Не предвидя в настоящее время занятия по написанию иконостасов в вверенной Вашему Высокопреосвященству Епархии, после долговременных моих занятий в этом предмете, я намерен по многим приглашениям отправиться в Волынскую Епархию, для того желаю иметь удостоверение от Минского Епархиального начальства в том, что я сверх частных моих занятий по искусству живописи занимался с успехом написанием иконостасов по казённым и частным подрядам в ниже следующих церквах, по контрактам, заключённым в Минской духовной консистории: 1. в Вилейской Николаевской 1835 г. марта 29; 2. Радиловицкой Воскресенской, 3. Данилеговицкой Богородичной и 4. Оздамицкой Троицкой 1838 г. августа 2, 5. Мухоедовской Крестовоздвиженской, 6. Василевицкой Николаевской и 7. Залужской Георгиевской 1840 года августа 31 и 8. Мирской Троицкой 1844 года октября 25 дня; по частным контрактам: 9. Глушкевицкой Троицкой 1 Июня 1832 года, 10. Туровской Ильинской 2 октября того же года, 11. Любанской Николаевской 1836 года апреля 28, 12. Симоницкой Троицкой, 13. Ляховской Богородичной, 14. Ольгомльской Воскресенской, 15. Ситницкой Троицкой 23 февраля 1837 года, 16. Рычевской Михайловской 22 августа того же года, 17. Вересницкой Крестовоздвиженской 10 октября 1838 года, 18. Тонежской Николаевской 23 июня 1840 года, 19. Буноцкой Воскресенской того же года, 20. Рубельской Михайловской 15 июня 1842 года и 21. в местечке Городне в сём 1846 году. Посему покорнейше прошу Ваше Высокопреосвященство повелеть Минской Духовной Консистории на основании имеющихся в делах документов о написании мною иконостасов выдать мне надлежащее свидетельство. При чём прилагаю о прописании иконостасов подлинные контракты и свидетельства числом семнадцать штук, которые по миновании надобности прошу возвернуть.

Живописец Дворянин Стефан Сулковский

Июля 5 дня 1846 года [15].

Безумоўна, пры прачытанні гэтага ліста адразу звяртае на сябе ўвагу вялікі пералік храмаў, іканастасныя абразы для якіх былі напісаны названым майстрам. Такая плённая праца на жывапіснай ніве ў сярэдзіне ХІХ ст. дазваляе выказаць думку, што Стэфан Сулкоўскі быў адным з найбольш запатрабаваных жывапісцаў свайго часу. Гэта ў пэўнай ступені сведчыць і пра яго майстэрства. Менавіта названыя акалічнасці і прывабілі нашую ўвагу да гэтай цікавай постаці.

Неабходна адразу ж адзначыць, што імя Сулкоўскага - не адзінае, якое нам удалося выявіць у гістарычных крыніцах ХІХ ст. На дадзены момант мы змаглі адшукаць больш за дзесятак не вядомых беларускаму мастацтвазнаўству прозвішчаў іканапісцаў, якія працавалі ў разглядаемы перыяд. У далейшым плануецца падрыхтаваць матэрыял пра кожнага з гэтых аўтараў або абагульняючае даследаванне пра іх усіх з мэтай увядзення ў навуковае карыстанне невядомых дагэтуль імёнаў. Аднак на фоне іх усіх Стэфан Сулкоўскі істотна вылучаецца колькасцю выкананых ім заказаў. Магчыма, і сярод астатніх жывапісцаў былі такія ж рупліўцы, аднак звесткі пра гэта выявіць пакуль не ўдалося. А тут - ажно 21 іканастас напісаны пэндзлем названага майстра.

Далей у гэтай жа справе (пасля прашэння Сулкоўскага) падшыта даведка з Мінскай кансісторыі. У ёй адзначаецца, што, сапраўды, С. Сулкоўскі " по казённым подрядам" напісаў іканастасы для 6 храмаў. Іх назвы з месцам знаходжання пералічваюцца [16]. У тым спісе, які прадставіў сам мастак у сваім лісце, яны фігуруюць пад нумарамі 1-6. Далей у даведцы адзначаецца, што звыш таго ён напісаў па кантракту з прычтам іканастас для мірскай царквы і заключаны кантракт на напісанне іканастаса ў парыцкую царкву ад 21.12.1845 [17]. Адзначым, што ў пераліку, прадстаўленым С. Сулкоўскім, іканастас для храма ў Парычах не згадваецца. Верагодна, яшчэ на той момант ён не быў скончаны. Аднак улічваючы добранадзейнасць і сумленнасць майстра, пра што сведчаць шматлікія заказы, можна сцвярджаць, што і гэты іканастас ён завяршыў. Такім чынам, іканастас парыцкай царквы - 22-і вядомы нам аб'ект, выкананы С. Сулкоўскім.

Далей у гэтай жа даведцы адзначаецца, што і для шматлікіх цэркваў Мінскай епархіі майстар пісаў іканастасы, што бачна з кантрактаў. На падставе гэтага, епархіяльным начальствам было прынята рашэнне пра выдачу запрошваемага пасведчання, тэкст якога змешчаны і ў названай архіўнае справе на аркушы 6. Прывядзём яго цалкам:

Свидетельство.

По указу его Императорского Величества дано сие из Минской Духовной Православной Консистории живописцу Дворянину Степану Петрову сыну Сулковскому в следствие прошения его Сулковского и на основании определения консистории, утверждённого его Высокопреосвященством Высокопреосвященнейшим Антонием Архиепископом Минским и Бобруйским и разных орденов кавалером в том, что он Г. Сулковский, как видно из дела консистории и заключённым с ним контрактов, написал с 1832 года по настоящий 1846 год иконостасы в семи церквах по Минской епархии по казённым подрядам исправно и с одобрением и сверх того занимался написанием иконостасов во многих церквах (по частным подрядам) по контрактам, заключённым с причтами церквей и с владельцами, как видно из представленных им по прошении контрактов и свидетельств об исправном окончании оных. В удостоверение чего и дано сие свидетельство ему Г. Сулковскому за надлежащим подписом и приложением казённой печати. 1846 года июля 27 дня. г. Минск [18].

Далейшая праца ў архіве дазволіла адшукаць адзін са згадваемых кантрактаў. Гаворка ідзе пра дамову паміж С. Сулкоўскім і святаром (разам з прычтам і царкоўным старастам) мірскай Троіцкай царквы. Гэты дакумент дае ўяўленне пра склад абразоў іканастаса і пра саму канструкцыю. Паколькі дадзеная крыніца ніколі не публікавалася, а звесткі з яе маюць навуковую каштоўнасць, прывядзем яе цалкам.

Контракт

1845 года июля 24 дня между Вице-Благочинным Священником Мирской Троицкой церкви Лукою Кудржицким, старостою Венидиктом Ерчиковским, а вообще с почтеннейшими прихожанами той же церкви состоялось условие с живописцем дворянином Стефаном Сулковским на следующих пунктах.

1. Живописец Г. Сулковский обязывается находящийся в нас старый резанный фациат, разобрав, вычистить от старой позотки и размалёвки и после со своим столяром сложить и где нужно поклеить и утвердить на месте прочно так, чтобы можно было, где будет следовать, золотить и вновь размалевать: а именно, находящиеся в наместном ряду шесть резанных столбов, вызолотить вновь под гульфарбу золотом с выжгольтом и где следует серебром, карнизы в иконостас расписать английскою желчью и весь фацият покрасить голубою краскою, над оным иконостасом с одной и с другой стороны написать по шесть Апостолов на холсте в двух штуках шириною 3 аршина и 3 вершка и вышиною 1 аршин 11 вершков. На Царских вратах написать вновь четырёх Евангелистов, а над оными написать в приготовленном киоте Распятие Спасителя, а самый киот с двумя резанными столбами и резьбою вызолотить золотом с вижгольтом и где следует покрасить краскою голубого цвета, за престолом на Жертвеннике написать икону Тайной Вечери шириною в один аршин 10 вершков и вышиною в один аршин 4 вершка, вызолотить большую раму при иконе Святой Троицы, на северных старых дверях написать Архидиакона Стефана, а на южных также Архидиакона Лаврентия, и ко всем новым иконам поделать рамы из данного прихожанами ему Г. Сулковскому дерева и оные позолотить золотом с вижгольтом; выше прописанную всю работу кончить и утвердить как следует к 1му генвару будущего 1846 года.

2е. За всю выше прописанную работу по общему договору, учинённому между мною, причтом и прихожанами прописанной церкви двесте десять рублей серебром он Г. Сулковский от нас получит.

3е. Означенный живописец обязывается писать иконы искуссно в надлежащем виде по правилам Православной церкви лучшими красками.

4е. Договоренную сумму 210ть рублей серебром имеет от нас получить он Г. Сулковский тремя частями: сначала на заготовление материала получил от нас 50 рублей серебром, вторую часть 80 руб. сереб., когда вызолочены будут Царские Врата, а остальную сумму 80 руб. серебром, когда окончиться весь формально иконостас, по освидетельствованию Благочинного с причтом и прихожанами имеет он Г. Сулковский получить. Сверх сего обязуемся мы, прихожане, дать ему Г. Сулковскому выгодную квартиру для написания икон и прочей работы до окончания иконостаса.

5е. Когда иконы будут написаны неправильно и не все и позолотка ичинена не так, как сказано в контракте, или другой какой окажется недостаток, то он Г. Сулковский, должен беспрекословно всё исправить собственным коштом. Если же причт с старостою и прихожанами не выполнит договоренной цены и в означенное время, то подвергают себя законному суждению.

6е. Что же сей контракт с обоих сторон должен быть свят и ненарушим, в том собственноручным подписом утверждаем [19].

Той іканастас, які зараз знаходзіцца ў мірскай Троіцкай царкве, мяркуючы па канструкцыі, колькасці абразоў і іх сюжэтах, не належыць да іканапіснай спадчыны С. Сулкоўскага. На жаль, і астатнія творы яго пэндзля выявіць не ўдалося.

Аднак ускосныя сведчанні пра высокі мастацкі ўзровень яго працаў можна атрымаць з іншых гістарычных дакументаў. Так, гэта датычыцца архіўнай крыніцы, якая захоўваецца ў НГАБ: "1834 года октября 5 дня Объявление Иконописного художника Мироновича на написание иконостаса в г. Вилейке и Мозыре и об отказе ему в этом" [20]. Справу распачынае зварот у Мінскую духоўную праваслаўную кансісторыю жывапісца І. Мірановіча за 1834 г. Згадак пра Сулкоўскага ў названым дакуменце няма, аднак там гаворка ідзе пра іканастас для вілейскай царквы. З прыведзенага ў пачатку дадзенага артыкула спіса кантрактаў С. Сулкоўскага, вынікае, што ён напісаў абразы для гэтага храма ў 1835 г.

Справа ў тым, што яшчэ дагэтуль, 5 кастрычніка 1834 г. Іван Нікіфаравіч Мірановіч, мастак, жыхар Мінска, даведаўшыся пра завяршэнне будаўніцтва новых цэркваў у некаторых павятовых гарадах Мінскай губерні, даслаў аб'яву пра свае жывапісные паслугі: "По вновь изданному и высочайше утверждённому плану и фасаду выстроены в разных уездных городах новые Греко-российские церкви, и некоторые уже совершенно окончены, а в Вилейке и в Мозыре нужно ещё делать иконостасы, на отделку коих желательно мне подрядиться контрактами с Духовным начальством сим предметом распоряжающим" [21].

Каб не быць галаслоўным і прадэманстраваць свае здольнасці, да пісьмовага зварота ў кансісторыю І. Мірановіч далучыў і жывапіснае палатно ўласнага выканання: " Почему почтеннейше представляя при сём написанную моею кистью икону Св. Розалии к удовлетворению и заключению мнения о моей способности и знании художества" [22].

Акрамя таго, каб засведчыць сваю добрасумленнасць, ён таксама прыклаў і пасведчанне, выдадзенае яму папярэднім заказчыкам пры завяршэнні працаў, якое пацвярджала яго адказнасць. Паказальна, што ранейшае супрацоўніцтва звязвала яго з каталіцкім ксяндзом: "Равномерно для исходотайствования доверия честь имею поднести выданное мне Дзеканом Борисовского Римско-католического костёла ксендзом Старевичем 10 июня 1833 года за № 53м свидетельство в аккуратном окончании взятой по контракту живописной работы" [23].

Свой ліст І. Мірановіч завяршае просьбай, выказанай у даволі тактоўнай форме: " За тем я ласкаюсь надеждою, что духовная консистория удостоверясь в моей способности и знании живописного искусства, распространит кроткое ко мне доверие и не оставит в скорейшем времени учинить на отделку в Вилейской церкви иконостаса надлежащий договор и заключит со мною формальный контракт дабы мне неукоснительно начать работу. Представленные мною икону и свидетельство по миновании в них надобности возвратить мне заявкою лично в присудствие. Сие объявление сочинял и писал сам проситель и к оному подписуюсь Иван Миронович" [24].

Чытаючы зварот названага жывапісца, які даслаў і твор для дэманстравання сваіх здольнасцяў, і пасведчанне, якое пацвярджае яго добрасумленнасць, складваецца ўраджанне, што справа для яго вырашыцца станоўча. Таму зусім нечаканым выглядае адказ: "1834 года октября 24 дня в журнале Минской Духовной Консистории под №5 записано. Приказали: по представленным образцам работы просителя Мироновича оказывается, что к написанию иконостаса в церкви, состоящей в уездном городе, потребно большее искусство, за тем и представленные им образцы работы, и свидетельство возвратить ему, в прочем, поелику в многих сельских церквах предназначено возобновление и пополнение иконостасов, то при приступлении к тому иметь в виду и просителя, о чём объявить ему" [25].

Гэтая справа на першы погляд не датычыцца жывапісца С. Сулкоўскага, якому і прысвечаны дадзены артыкул, а закранае творчасць іншага майстра, які працаваў у той жа перыяд. Аднак тая акалічнасць, што ў выніку кантракт на напісанне іканастаса для вілейскай царквы быў заключаны са Стэфанам Сулкоўскім, сведчыць і пра яго мастацкія здольнасці: ён быў больш таленавітым і спрактыкаваным жывапісцам, чым Іван Мірановіч, і валодаў здольнасцямі, дастатковымі для выканання іканастаса для царквы ў павятовым горадзе.

Трэба адзначыць, што прыведзеныя звесткі хоць і праліваюць святло на дзейнасць С. Сулкоўскага, аднак шматлікія бакі яго біяграфіі застаюцца не вядомымі. Так, належала яшчэ высветліць, дзе і калі жывапісец нарадзіўся, дзе навучаўся свайму майстэрству, які быў далейшы яго лёс. Першая прыведзеная крыніца наводзіла на думку, што да 1832 г. ён быў ужо спрактыкаваным майстрам, якому давяралі такую адказную і складаную працу, як напісанне ўсіх абразоў для іканастаса. Адсюль напрошвалася меркаванне, што на гэты час яму было не менш за 30 гадоў. А значыць, ён нарадзіўся ў канцы ХУІІІ - самым пачатку ХІХ ст.

Каштоўную інфармацыі і пэўную нечаканасць нёс з сабой другі адшуканы намі дакумент, дзе фігуруе імя С. Сулкоўскага. Крыніца датуецца 1851 г. На гэты раз справу таксама распачынае прашэнне жывапісца, дасланае на імя епіскапа Мінскага і Бабруйскага. Цяпер зварот мастака ў Мінскую кансісторыю тлумачыцца тым, што ён, як сын святара(!), а значыць - асоба духоўнага звання, без дазволу епархіяльнага начальства не можа выязджаць за межы епархіі. А ягоны род дзейнасці вымагае ад Стэфана перамяшчэння ў розныя населеныя пункты з мэтай пошуку заказаў:

Его преосвященству Преосвященнейшему Михаилу, Епископу Минскому и Бобруйскому и Кавалеру.

Мозырского уезда, священнического сына Стефана Петрова Сулковского прошение

Указом святейшего правительствующего Синода, последовавшим нашим предместника Вашего преосвященства, разрешено: не приготовленных к занятию церковнослужительных мест людей духовного звания оставлять с их семействами в настоящем положении, не простирая к ним таких требований, которые могли бы стеснить их в приобретении средств к пропитанию. На основании сего указа, я осмеливаюсь всепокорнейше просить Ваше преосвященство, не увольняя меня из духовного звания, дозволить мне снискивать пропитания в пределах Минской и других ближайших губерний по искусству живописи, так как я и до сего времени сим занимался, и в том повелеть кому следует выдать мне законное свидетельство.

Проситель Священнический сын Стефан Петров Сулковский

1 марта 1851 г. [26]

Гэты сціплы ліст з'яўляецца вельмі каштоўнай крыніцай інфармацыі. Ужо адсюль можна атрымаць важныя звесткі з біяграфіі С. Сулкоўскага: яго бацька - Пётр - быў святаром. Гэта істотна можа пасадзейнічаць у далейшых пошуках. Не меншую каштоўнасць уяўляюць сабой пасведчанне і даведка з Мінскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі, падшытыя ў гэтую ж справу. З іх вынікае, што " Проситель Стефан Петров Сулковский по настоящей 9й народной переписи показан он при Сымоницкой Параскевской церкви 39 лет и при нём дети сын Николай 9 и дочери Павлина 8 и Стефания 7и лет" [27]. Там жа таксама адзначана, што царква гэтая, за якой лічыцца С. Сулкоўскі, знаходзіцца ў Мазырскім павеце Мінскай губерні.

Запрошваемае мастаком пасведчанне было выдадзена "…с тем, чтобы ежегодно в декабре месяце доносить консистории в каком чисто месте находиться он будет; по духовным же спискам и клировым ведомостям показывать его Сулковского с семейством в числе заштатных и сиротствующих при Симоницкой церкви с отметкаю о месте пребывания его, о чём послать минскому благочинному указ" [28].

Такім чынам, дадзены гістарычны дакумент 1851 г., не гледзячы на свой невялікі памер, з'явіўся найкаштоўнейшай крыніцай для даследавання біяграфіі Стэфана Сулкоўскага. Адсюль мы даведаліся пра тое, што ён быў сынам святара, таксама нам стала вядомым яго месца "прапіскі": в. Сімонічы Мазырскага павета. Даведаліся з дакумента мы і пра ўзрост жывапісца: на 1 сакавіка 1851 г. яму было 39 гадоў, а значыць, ён нарадзіўся ў 1812 г. або ў 1811 г. Таксама стала вядомым і тое, што ў яго было трое дзяцей: сын і дзве дачкі. А вось жонка не згадваецца, што наводзіць на думку пра ўдоўства Стэфана.

Трэба адзначыць, што яго ўзрост стаў пэўнай нечаканасцю. Так, адсюль вынікае, што свае першыя кантракты на напісанне іканастасных абразоў для храмаў Мінскай епархіі ён заключыў у вельмі маладым узросце: 20-21 год.

Гэтая крыніца стала важным штуршком для даследавання. Паколькі Стэфан быў сынам святара, ён належаў да асобаў духоўнага звання (як усе чальцы святарскіх сем'яў), а значыць, біяграфічныя звесткі пра яго павінны быць адлюстраваныя ў адпаведных дакументах. Акрамя таго, у названай справе ёсць згадванне пра кліравая ведамасці, у якія павінна заносіцца інфармацыя пра С. Сулкоўскага, што таксама стала арыенцірам: неабходна праглядзець такога роду крыніцы.

Даведаўшыся пра святарскае паходжанне Стэфана, перш за ўсё мы звярнуліся да даследавання Дз. Лісейчыкава, які займаўся вывучэннем ладу жыцця ўніяцкіх парохаў. Справа ў тым, што бацька Стэфана - Пётр, у названы перыяд (1840-1850-ыя) ужо, канешне, быў праваслаўным святаром (калі ўвогуле яшчэ займаў месца пры прыходзе), аднак цалкам верагодна, што дагэтуль ён належаў да грэка-каталіцкай канфесіі. І сапраўды, у слоўніку ўніяцкіх парафіяльных святароў, змешчаным у дадатку да дысертацыі Дз. Лісейчыкава, фігуруе і імя Пятра Сулкоўскага, які з 1807 па 1820 гады (а можа і пазней) быў настаяцелем царквы ў в. Азяраны Мазырскага павета. Нарадзіўся гэты чалавек, паводле звестак са слоўніка, у 1785 г. [29]

Такая небагатая інфармацыя ўжё ж дазваляе выказаць меркаванне, што названы ўніяцкі святар азяранскай царквы і з'яўляецца бацькам Стэфана Сулкоўскага. Супадае ў дадзеным выпадку не толькі імя - Пётр, але рэгіён - Мазырскі павет. Канешне, гаворка тут ідзе пра іншую царкву (азяранскую, а С. Сулкоўскі прыпісаны да сімоніцкай), аднак цалкам верагодна, што Пётр пераехаў з сям'ёй і стаў настаяцелем іншага храма, да якога і прыпісаны яго сын. Дата нараджэння Пятра - 1785 г. - таксама не выклікае пярэчанняў: бацькам Стэфана ён стаў у 26-27 гадоў. Але неабходна было знайсці доказы таго, што ўніяцкі святар азяранскай царквы па імені Пётр Сулкоўскі сапраўды з'яўляецца бацькам жывапісца. Гэта магло б дапамагчы ў далейшых пошуках біяграфічных звестак пра мастака.

Таму намі для прагляду быў узяты, выяўлены ў фондзе Мінскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі НГАБ дакумент "Дело о присоединении из унии к православию, Мозырского уезда, трёх униатских приходов: Тонежского, Озеранского и Радивилоцкого" [30]. Тут нас прывабіла згадка пра азяранскі прыход: а раптам знойдуцца нейкія звесткі пра настаяцеля і яго сям'ю.

У гэтай даволі вялікай архіўнай справе на 298 аркушах ужо ў самым пачатку мы знаходзім вельмі цікавую інфармацыю пра святара азяранскай царквы. Гаворка вядзецца пра ўсталяванне іканастасаў у трох недаўна пераведзеных з Уніі ў праваслаўе цэрквах Мазырскага павета: азяранскай, тонежскай і радзівілавіцкай. І з рапарта Тураўскага дабрачыннага, у падначаленні якога і знаходзіліся названыя храмы, даведваемся пра тое, што святар азяранскай царквы і сам умее пісаць абразы: "…из присоединённых трёх оных церквей, одна только казённого имения в селе Тонеже Новом, нового же иконостаса требующая, которого уже половина в дереве с резьбою сделана, но не написана, а другой половины ещё и в дереве не сделано, какой же должен быть весь оный иконостас прилагается и сего план, по которому отделавший в дереве резьбою первую половину сего иконостаса, бывший в Озеранах униатский священник Пётр Сулковский, занимающийся и писанием в довольно хорошем вкусе икон, соглашается отделать остальную половину, и написать иконостас за 320 серебром, а прочие две церкви в имениях: помещичьем Радзивиловичах и казённом Озеранах по совершенной ветхости требуют вновь постройки, с таковыми же иконостасами…" [31].

Тая акалічнасць, што ўніяцкі азяранскі святар Пётр Сулкоўскі меў жывапісныя здольнасці, яшчэ раз з'яўляецца ўскосным сведчаннем таго, што Стэфан Сулкоўскі, руплівы майстар сярэдзіны ХІХ ст., - яго сын, які і пераняў сваё ўменне ад бацькі. Аднак доказы гэтага сваяцтва ўсё ж належала адшукаць.

Далей у названай архіўнай справе, у якую падшыты рапарты дабрачыннага, распрараджэнні Мінскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі і іншыя дакументы, гаворка вядзецца пра перавод трох названых прыходаў з Уніі ў праваслаўе. І цікава, што адзіным, хто не пажадаў пакінуць сваю веру і разам з сям'ёй застаўся ў грэка-каталіцтве, быў Пётр Сулкоўскі: "…а не согласен на присоединение и остались по закоренелости в своём заблуждении один только озеранский священник Сулковский вдовый с 2вумя сыновьями своими…" [32]. Паколькі азяранская царква пераводзілася разам з прыхаджанамі ў праваслаўе, а настаяцель адмовіўся змяніць веравызнанне, дык ён павінен быў вызваліць сваю пасаду і выехаць, саступіўшы месца прысланаму сюды праваслаўнаму святару.

Пры чым Пётр Сулкоўскі вымушаны быў пакінуць усю сваю маёмасць "…что приведёт его до крайнего разорения, ибо принуждён лишиться своей собственности, то есть дома, овощного огорода, стоившего ему 355 серебром, и прочего имущества" [33], але і гэта яго не прымусіла перайсці ў праваслаўе. Праўда, па хадайніцтву Беларускай грэка-каталіцкай кансісторыі прымаліся пэўныя захады наконт захавання ўласнасці за яго гаспадаром або продажу яе новаму праваслаўнаму настаяцелю. Аднак чым скончыла гэтая гісторыя з маёмасцю - не вядома.

Адзначым яшчэ, што ў названую архіўную справу падшыты і пратаколы праверак тонежскай і азяранскай цэркваў, здзейсненыя з нагоды пераводу іх у праваслаўе. Пра храм Св. Мікалая ў в. Тонеж у ведамасці ад 4 красавіка 1834 г. адзначаецца:

1. Построена тщанием прихожан 1830 года

2. Зданием деревянная, новая, на подобие римских церквей сделанная, без колокольни, а колокол новый на четырёх столбах, и иконостас, на его только нижний ярус с Царскими дверьми вырезан, но не написан, а на дальнейшую резьбу нет приуготовлений.

3. Престол в ней один по обычаю западной церкви к стене приделанный… [34]

У дадзеным апісанні згадваецца іканастас, для якога з дрэва выкананы толькі ніжні чын і Царская Брама. З прыведзеных вышэй звестак вядома, што гэта - праца Пятра Сулкоўскага, якую, напэўна, ён распачаў яшчэ да пераводу тонежскай царквы ў праваслаўе. А паколькі сам ён не пажадаў перайсці ў новую веру, то, верагодна, кантракт на далейшы выраб іканастаса і напісанне для яго абразоў з ім не заключылі.

Цікава адзначыць, што гэтая царква фігуруе ў спісе тых, іконы для якіх напісаў Стэфан Сулкоўскі. Пры чым кантракт з жывапісцам быў заключаны толькі ў 1840 г. [35] Адсюль вынікае, што некаторы час храм не меў належнага ўнутранага выгляду.

У разглядаемую архіўную справу падшыта і аналагічная ведамасць азяранскай царквы пад той жа датай:

1. Построена тщанием прихожан и униатского священника Петра Сулковского

2. Зданием деревянная, на подобие римских костёлов построенная, из старого строения переделанная, в стенах и крыше весьма ветхая.

3. Иконостаса особого нет, но иконы к стене прибитые имущие быть в нашей церкви следующие: икона Спасителя и Богоматери вырезанные, весьма хорошие, могущие занять место наместных, напрестольная икона Богоматери в серебрянной одежде, и иконы архангелов Михаила и Гавриила, Стретения и Преображения Господня, Апостолов Петра и Павла

4. Престол в ней один по обычаю западной церкви к стене приделанный

5. Утварью весьма скудна…

Дом священника униатского Петра Сулковского собственный на церковной земле построен… [36]

З прыведзенага апісання мы даведваемся не толькі пра стан царкоўнай маёмасці, а і ў некаторай ступені - пра лад жыцця апошняга ўніяцкага святара гэтага прыходу. Ён, Пётр Сулкоўскі, меў уласную хату, а таксама дбаў пра ўзвядзенне храмавага будынку. Неабходна сказаць, што пазней, калі царква стала праваслаўнай і звесткі пра яе прадстаўляліся штогод у кліравых ведамасцях, адносна часу будаўніцтва і яго ініцыятара звестак ніякіх няма. Так, літаральна праз пяць гадоў у дакументах за 1839 г. (ды і ў больш позніх справах) адзначаецца "означенная церковь когда и кем построена из дел имеющихся при оной не видно" [37]. Такім чынам, імя ўніяцкага святара, які яшчэ ў пачатку ХІХ ст. дбаў пра ўзвядзенне новага храмавага будынка, было забыта, і, па ўсёй верагоднасці, наўмысна.

Да ведамасці азяранскай царквы падшыты аркуш з чарцяжом іканастаса. Праўда, на жаль, там няма ніякіх подпісаў, якія б сведчылі пра аўтарства або пра прыналежнасць гэтага плана. Улічваючы тое, што ў рапарце Тураўскага дабрачыннага Іакіма Стаховіча епіскапу Мінскаму і Гродзенскаму Еўгену ад 2 красавіка 1834 г. гаворыцца пра "ветхость" азяранскай царквы і неабходнасць яе перабудовы, дык мала верагодна, што гэты план іканастаса быў распрацаваны для названага храма. Больш падобна, што гэта - чарцёж, прызначаны для тонежскай царквы. Тым больш, што ў вышэй працытаваным рапарце Тураўскага дабрачыннага ў Мінскую кансісторыю адносна ўладкавання іканастасаў у трох пераведзеных у праваслаўе храмах, гаворыцца пра іканастас тонежскай царквы з далучэннем чарцяжа. Магчыма гэта ён і ёсць, але пазней яго падшылі не ў тым месцы архіўнай спраывы. Аднак гэта на дадзены момант не магчыма вызначыць з дакладнасцю.

Не вядома таксама і аўтарства гэтага малюнка. Ёсць падставы меркаваць, што гэта - графічны твор Пятра Сулкоўскага, выкананы ў якасці эскізу іканастаса, працы над якім менавіта ён і распачаў. Таксама можна выказаць здагадку, што чарцёж належыць алоўку Стэфана, які ў 1840 г. працы над іканастасам завяршыў. Тады гэты малюнак мог быць зроблены як справаздача пра выкананыя жывапісныя працы (вядома, што часта план іканастаса маляваўся пасля яго ўладкавання, каб настаяцель мог прадставіць чарцёж у кансісторыю). На жаль, на дадзены момант ніводную з выказаных версій адносна аўтарства малюнка і яго прыналежнасці да пэнай царквы пацвердзіць не атрымалася.

Вяртаючыся да пытання магчымага сваяцтва жывапісца Стэфана і ўніяцкага святара азяранскай царквы Пятра, неабходна адзначыць, што пэўныя спадзяванні ў пошуках неабходных звестак ускладаліся на спісы асоб духоўнага звання, прыведзеныя па тонежскай і азяранскай цэрквах. Аднак там прозвішча Сулкоўскіх увогуле не фігуруе, паколькі звесткі прадстаўлены пра святароў, дзячкоў і іх сем'і, якія перайшлі ў праваслаўе.

Аднак прыемная неспадзяванка нас чакала ў іншым дакуменце, падшытым у разглядаемую архіўную справу. Так, у сакрэтным данясенні (імя і пасада аўтара ліста не пазначаны) Мінскаму грамадзянскаму губернатару ад 26 красавіка 1834 г. прыводзяцца прыклады супраціву ўніятаў пры пераводзе іх у праваслаўе. Гэта датычыцца трох прадстаўленых у справе прыходаў: тонежскага, азяранскага і радзівілавіцкага. Тут жа фігуруе і імя ўніяцкага святара Пятра Сулкоўскага, а таксама - ёсць звесткі пра яго сына: "Проживающего в Озеранах униатского священника Петра Сулковского сын Стефан Сулковский, жительствующий в Минске у живописца Ваньковича в доме Кобылинского, уведомил отца своего письмом, что якобы есть Высочайший указ о прекращении присоединения униатов к благочестию, называя его только одного несчастным, выхваляя поступок Переровских священников; а священник Пётр Сулковский показывая то письмо униатским Священникам, подаёт соблазн к осмеиванию и нареканию вновь присоединившихся к благочестию, да и сам дерзнул в недавнем времени упрекнуть вновь присоединившегося озеранского дьячка в оставлении им униатской веры".

Гэты сціплы абзац, які па-сутнасці, асвятляе іншую праблему (перавод уніятаў у праваслаўе) для нашага даследавання ўяўляе вялікую каштоўнасць. Перш за ўсё гэта даказвае нашую вышэй выказаную думку пра сваяцтва Пятра і Стэфана Сулкоўскіх: бацька і сын адпаведна. Па-другое, адсюль вынікае, што Стэфан нарадзіўся ў в. Азяраны Мазырскага павета, бо ў 1811-1812 гг., а гэта - верагодныя гады яго нараджэння, бацька яго быў настаяцелем храма ў в. Азяраны Мазырскага павета.

Па-трэццяе, дакумент сведчыць пра тое, што Стэфан быў добра знаёмы з вядомым беларускім мастаком першай паловы ХІХ ст. Валеньціем Ваньковічам, што з'яўляецца яшчэ адным цікавым фактам з біяграфіі разглядаемага жывапісца. Па ўсёй верагоднасці, яны разам працавалі над жывапіснымі заказамі. Выказаць такую думку дазваляе тая акалічнасць, што ў 1834 г., калі С. Сулкоўскі пражываў у Ваньковіча, ён сам асабіста не заключыў ніводнага кантракта. Тое ж датычыцца і папярэдняга года. Тады як у 1832 і 1835 гг. ён даволі плённа працаваў над напісаннем іканастасаў. Магчыма, у 1833-1834 гг. ён дапамагаў В. Ваньковічу справіцца з яго шматлікімі заказамі, а таму быў забяспечаны працай і сам не заключаў кантракты.

Цікавасць выклікае і тая акалічнасць, што абодва жывапісцы ў 1834 г. жылі ў доме вядомага тагачаснага мецэната Юрыя Кабылінскага [38]. Будынак гэты захаваўся ў Мінску і знаходзіцца па адрасе плошча Свабоды, дом 15. Зараз у ім месціцца мастацкая галерэя М.А. Савіцкага.

Па-чацвёртае, з прыведзенага дакумента мы даведваемся ў некаторай ступені і пра мастацкую адукацыю С. Сулкоўскага: верагодна, што першапачатковыя навыкі сын атрымаў ад бацькі. А таксама з гэтай жа крыніцы нам адкрылася імя яшчэ аднаго іканапісца першай паловы ХІХ ст. - Пятра Сулкоўскага. Відавочна, што працы па вырабу іканастаса для тонежскай царквы - не адзіны жывапісны досвед названага майстра. Такім чынам гаворку можна весці пра двух іканапісцаў з адной сям'і, а таксама - пра ўвядзенне ў навуковае карыстанне двух новых імёнаў.

Па-пятае, дакумент сведчыць, што Стэфан быў заўзятым грэка-каталіком і любымі сродкамі імкнуўся застацца ў сваёй веры, у чым быў падтрымкай і для бацькі - уніяцкага святара. Па-шостае, прыведзеныя звесткі з'яўляюцца зачэпкамі для далейшых пошукаў. Так, ведаючы месца і прыблізны год нараджэння, больш дакладныя звесткі можна пашукаць у метрычных кнігах. І што цікава, што ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі як раз і захоўваюцца метрыкі азяранскай царквы Мазырскага павета за гэты перыяд. Аднак тут нас чакала расчараванне: там няма звестак пра хрост Стэфана Сулкоўскага ў 1811 і 1812 гг., а таксама ў ранейшыя і пазнейшыя гады. Гэта можа быць патлумачана тым, што бацьку-святару нельга было самому хрысціць сваё дзіця, і таму святарскі сын быў ахрышчаны ў нейкім іншым (напэўна, не вельмі аддаленым) храме. А ў якім дакладна, на дадзены момант не ўстаноўлена.

Магчыма таксама выказаць здагадку, што свайго сына Пётр мог завезці ахрысціць і ў каталіцкі касцёл. Але і гэтую думку пакуль можна выказаць толькі ў якасці гіпотэзы, якая вымагае дадатковага даследавання.

Пошукі біяграфічных звестак ажыццяўляліся і пры прыцягненні іншага роду крыніц - кліравых ведамасцяў розных гадоў. Спадзяванні адшукаць якую-небудзь інфармацыю пра святара Пятра Сулкоўскага і яго сям'ю у такіх дакументах да 1820-ыя гг. скончыліся безвынікова, што, па-сутнасці, першапачаткова і было відавочным. Справа ў тым, што кліравыя ведамасці асвятляюць стан тагачасных праваслаўных прыходаў, а ў названы перыяд, як ужо адзначалася, Пётр быў парохам грэка-каталіцкай царквы. Натуральна, што яна не фігуруе ў кліравых ведамасцях да 1834 г., пакуль не была пераведзена ў праваслаўе.

Таму трэба было шукаць у візітацыйных актах уніяцкіх храмаў. Так, у НГАБ у тым жа фондзе Мінскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі захоўваецца дакумент за 1819-1820 гг. "Визиты церквей, находящихся в Мозырском и Речицком поветах". Сярод пратаколаў праверак уніяцкіх храмаў гэтага рэгіёну фігуруюць і цікавыя для нас звесткі пра азяранскаю царкву, а дакладней - пра яе святара і яго сям'ю: " Находится при оной (озеранской церкви - Ф.Г.) священник именем Пётр Сулковский в силу представления помещиком Адамом Скирмонтом, судиею повета Пинского, покойного его отца Михаила Сулковского за наследством сына по ныне чрез администрацию на сём жилищу от лет 13и, от урождения имеет лет 35, доброго поведения, обучает своих прихожан правилам святой веры. Имеет сынов 2х, большой Степан лет 9ть, младший Фёдор лет 5".

Прыведзеная цытата з візіты азяранскай царквы 1819-1820 гг. не толькі пацвярджае, што святар Пётр Сулкоўскі меў сына Стэфана (Сцяпана), а таксама гаворыць пра тое, што парох заняў месца ў прыходзе пасля бацькі Міхала. Такім чынам, жывапісец Стэфан паходзіў са святарскага ўніяцкага роду. Адзначым, што ў слоўніку ўніяцкіх святароў, складзеным Дз.В. Лісейчыкавым, фігуруе не толькі імя Пятра Сулкоўскага, пра што гаварылася вышэй, а і імя Міхала Сулкоўскага, які з 1778 г. быў парохам азяранскай царквы Мазырскага павета [39].

Ведаючы імёны папярэднікаў Стэфана з двух пакаленняў мы звярнуліся да архіўнай крыніцы за 1802 г. пра пацверджанне дваранскага паходжання роду Сулкоўскіх. На той час, калі вялася дадзеная справа, Стэфан яшчэ не нарадзіўся, аднак пытаннямі пацверджання свайго тытулу мог займацца бацька або дзед. Як адзначалася вышэй, Стэфан Пятровіч Сулкоўскі ў дакументах побач са сваім імем пазначаў і тытул "дворянин". На жаль, у адшуканым дакуменце гаворка ідзе пра іншую сям'ю, бо згадак пра вядомых нам асобаў з роду Сулкоўскіх у названай крыніцы няма [40].

З мэтай пошуку біяграфічных звестак пра Стэфана Сулкоўскага вялася праца і з рэвізскімі сказкамі. У НГАБ захоўваюцца дзве цікавыя для нас справы за 1834 г.: з апісаннем праваслаўных прыходаў Мазырскага павету і з апісаннем грэка-каталіцкіх парафій таго ж рэгіёну. Паказальна, што ў першай з названых фігуруюць звесткі пра азяранскую царкву амаль ў самым канцы дакумента, дзе таксама змешчаны апісанні і яшчэ некалькіх прыходаў, пераведзеных у праваслаўе непасрэдна ў год рэвізіі - 1834 г. Аднак згадванняў пра святара П. Сулкоўскага і яго сям'ю там няма, што тлумачацца яго прыхільнасцю да ўніяцтва, у якім ён і застаўся [41].

У рэвізскіх сказках грэка-каталіцкіх храмаў Мазырскага павету за 1834 г. змешчана інфармацыя пра тую ж азяранскую царкву, а таксама - пра настаяцеля і яго сям'ю. звесткі прадстаўлены ў выглядзе шырокай табліцы, змешчанай на развароце. У левым яе баку пададзены звесткі пра святароў, царкоўных служак і іх сем'і на час папярэдняй рэвізіі, а ў правым баку - актуальная інфармацыя на момант бягучай праверкі 1834 г. [42], якія мы і прадстаўляем у дадзеным артыкуле:

Ныне состоит на лицо

Священно-служителей

Церковно-служителей

Жён

их

Детей их

Мужеска пола

Женска пола

при отцах

в семинариях и в др. духовных училищах

в светских училищах

Настоятель Пётр Сулковский,

лет 52

-

вдов

Стефан, 23 года; Фёдор, 19 лет

У гэтым жа дакуменце змешчаны звесткі пра святароў і царкоўных служак на момант папярэдняй (сёмай) рэвізіі. Адносна сям'і Сулкоўскага напісана наступнае: " Настоятель Пётр Сулковский, 33 [года ], сыновья его 1. Стефан 6 л[ет]., 2. Фёдор 3 [года]" [43]. Такім чынам, дзве паслядоўныя рэвізіі, якія ўтрымліваюць звесткі пра Стэфана, ахопліваюць перыяды яго жыцця да і пасля навучання. А таму вызначыць, дзе жывапісец атрымаў адукацыю, з дапамогай рэвізскіх сказак так і не ўдалося.

Не дапамаглі ў гэтым плане і пратаколы праверак базыльянскіх кляштараў. Для прагляду такія дакументы былі ўзятыя па той прычыне, што даволі часта дзеці ўніяцкіх святароў навучаліся ў грэка-каталіцкіх манастырскіх школах. З апісаннямі ўніяцкіх кляштараў нам вядомыя тры архіўныя справы, якія больш-менш падыходзяць па перыяду. Дзве з іх - за 1819 і 1821 гг. - захоўваюцца ў НГАБ [44], трэццяя, у якой прадстаўлены звесткі за розныя гады з 1799 па 1820 гг., знаходзіцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве [45]. У гэтых дакументах пры апісанні кляштараў асобным пунктам прыводзяцца звесткі пра школу: адзначаецца яе наяўнасць (або адсутнасць), прыводзяцца кароткія дадзеныя пра дысцыпліны, якія там выкладаліся, пералічваюцца выкладчыкі - імі былі манахі таго ж кляштара. А вось спісаў вучняў, на жаль, няма. Таму ні ў воднай з трох названых крыніц імя Стэфана Сулкоўскага нам не сустрэлася. Магчыма ён і навучаўся там у разглядаемы прамежак часу, аднак высветліць гэта з дапамогай названых крыніц нам не ўдалося.

Трэба таксама адзначыць, што з 18-ці базыльянскіх кляштараў Літоўскай правінцыі толькі ў візітах двух гаворыцца пра мастацкія дысцыпліны: у вучэльні пры Паддубскім манастыры і ў школе для свецкіх дзяўчат пры Мінскім жаночым манастыры [46]. Такім чынам, сярод уніяцкіх кляштараў хлопчыкаў маляванню навучалі толькі ў шавельскай школе пры Паддубскім кляштары, аднак мала верагодна, што Пётр Сулкоўскі накіраваў свайго сына атрымліваць адукацыю так далёка ад дому.

Напрошваецца думка, што Стэфан, як і яго славуты сучаснік-калега Іван Хруцкі, які нарадзіўся на год раней (у 1810 г.) і таксама быў сынам уніяцкага святара, мог навучацца ў Полацку ў вышэйшай піярскай вучэльні [47]. Менавіта тут на нашых землях у пачатку ХІХ ст. на даволі высокім узроўні выкладаліся мастацкія дысцыпліны для пачаткоўцаў, найбольш таленавітыя з якіх пазней працягвалі сваю мастацкую адукацыю ў Вільні і Пецярбургу. На дзесяцігоддзе раней за І. Хруцкага, калі яшчэ ў Полацку дзейнічала езуіцкая акадэмія (пасля скасавання якой у 1820 г. ў яе будынку і была змешчана піярская вучэльня), там навучаўся добры знаёмца Стэфана Сулкоўскага - Валенцій Ваньковіч. Усе гэтыя акалічнасці наводзяць на думку, што разглядаемы намі іканапісец таксама сваю адукацыю мог атрымаць у сценах полацкай навучальнай установы. Аднак дакладныя звесткі на гэты конт яшчэ не выяўлены. Такім чынам, высветліць, дзе іканапісец навучаўся свайму майстэрству, на дадзены момант так і не ўдалося.

З папярэдніх дакументаў, пра што было адзначана вышэй, стала вядома, што на 1851 г. жывапісец быў прыпісаны да прыходу сімоніцкай царквы. Кліравыя ведамасці за наступныя гады з'яўляюцца гэтаму пацверджаннем. Так, у справе за 1852 г. адзначаецца ў пераліку заштатных святароў і царкоўных служак царквы Св. Параскевы ў в. Сімонічы Мазырскага павета: «Умершего заштатного священника Петра Сулковского сын Стефан вдов - 41 [год]; сын его Николай 11 [лет], дочери: 1-я Павлина - 10 [лет], 2-я Стефания - 9 [лет]» [48].

Аналагічныя звесткі (з розніцай ва ўзросце адзін год для ўсіх пералічаных асобаў) прыведзены ў кліравых ведамасцях за 1853 г. [49] Трэба сказаць, што дадзеныя дакументы ў некаторай ступені праліваюць святло і на жыццё Пятра Сулкоўскага. Ён, адмовіўшыся перайсці ў праваслаўе, у 1834 г. быў выдалены з азяранскага прыхода, у якім дагэтуль меў сан святара. Дзе апынуўся ўніяцкі парох, дакладна не вядома. Аднак па словах даследчыка Дз.В. Лісейчыкава [1], Пётр Сулкоўскі ў 1837 г., што вынікае са справы, якая захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Пецярбургу, жыў пры царкве ў в. Лучыцы Мазырскага павета. Колькі часу ён існаваў пры гэтым храме, дакладна не вядома, аднак у кліравых ведамасцях за 1840 г. пры апісанні лучыцкага прыхода згадак (ні як пра штатнага, ні як пра заштатнага) пра Пятра Сулкоўскага няма. Пазней лёс яго прывёў у в. Сімонічы, пра што вядома з прыведзеных у пачатку дадзенага артыкула крыніц: за гэтай царквой і быў замацаваны яго сын Стэфан у 1851 г.

Інфармацыі пра дату нараджэння Стэфана, яго адукацыю і месца знаходжання на гэты момант - няма. Хаця з яго прашэння, дасланага ў Мінскую духоўную праваслаўную кансісторыю ў 1851 г., вынікае, што ён ад гэтага году планаваў працаваць над заказамі па-за межамі Мінскай епархіі, а яго месца прыбывання павінна было фіксавацца ў кліравых ведамасцях. Аднак, на жаль, у названых крыніцах гэта адлюстравана не было. Наступныя некалькі гадоў з жыцця С. Сулкоўскага з'яўляюцца для нас не вядомымі.

Аднак яго прозвішча зноў усплывае ў дакуменце за 1857 г., падшытым у справу " Дело о постройке новой стаховской Покровской церкви Пинского уезда вместо ветхой" (1848-1858 гг.) [50]. Адзначым, што гэтую крыніцу, як і шматлікія іншыя прыведзеныя вышэй, да нас ніхто не глядзеў, пра што сведчыць чысты фармуляр без ані воднага запісу карыстальніка. Справа складаецца з 54 аркушаў, большасць з якіх прысвечаны пытанню ўзвядзення новага будынка на месцы заняпалага старога. Таму першапачаткова ідуць рапарты і загады пра неабходнасць узвядзення новай царквы. Таксама ёсць і імёны майстроў, якія будавалі храм (давыдгарадоцкі яўрэй). Пасля завяршэння будовы паднята пытанне пра ўсталяванне іканастаса.

Так, у рапарце дабрачыннага Іанна Ляцэвіча ў Мінскую духоўную праваслаўную кансісторыю за 4 лютага 1857 г. паведамляецца: "Покровская церковь… окончена… о чём оной Духовной Консистории покорнейше доношу, с присовокуплением, что на постройку в ней нового иконостаса дворяне села Стахова договорились с живописцем Г. ("Г." азначае "господином" - Ф.Г.) Сулковским, написать за 300 руб. серебром приличный иконостас, который и приступил к постройке такового, а как скоро будет устроен таковой, о сём на дальнейшее распоряжение моего начальства немедленно донесу" [51].

І ўжо 5 мая таго ж года І. Ляцэвіч чарговым сваім лістом у кансісторыю рапартуе: "В дополнение рапорта моего от 4 февраля сего 1857 года за № 37 на счёт вновь построенной церкви в селе Стахов, сим покорнейше доношу, что при личном моём осмотре таковой, я нашёл, что в ней иконостас прилично построен и всё к освящению сей церкви приуготовлено, и как прихожане по своей ревности просили меня о скорейшем исходатайствовании у епархиального начальства разрешение к освящению оной, то я вытребовал рисунок на устроенный иконостас от живописца Г. Сулковского, при сём представляя, прошу о учинении начальничьего распоряжения к скорейшему освящению означенной церкви" [52].

Значную каштоўнасць мае названы малюнак, выкананы Стэфанам Сулкоўскім. Цікавасць гэтага графічнага аркуша заключаецца, па-першае, у тым, што ён дае ўяўленне пра іканастас, які не захаваўся да нашага часу. А па-другое, на дадзены момант гэта адзінкавы вядомы твор, хоць і не жывапісны, намаляваны рукой Стэфана Сулкоўскага.

Некаторыя эпізоды з гісторыі стахаўскай царквы сярэдзіны ХІХ ст. ўскосна сведчаць пра майстэрства названага іканапісца. Так, за 20 гадоў да таго, як С.П. Сулкоўскім быў зроблены іканастас для згаданага храма, гэтая ж сакральная канструкцыя, але, верагодна, менш дасканалая, была выканана іншым майстрам. У архіўнай справе "Дело об отпуске из сумм комиссии Духовных училищ суммы на устройство Жолкинской церкви иконостаса 1000 руб. и на приобретение утвари и книг" за 1834-1843 гг. фігуруе невядомае дагэтуль у беларускім мастацтвазнаўстве імя тагачаснага іканапісца Івана Ткачыка [53].

У справе гаворыцца: "… один только из Давыдгородских жителей Иван Гаврилович Ткачик, мастер иконописной работы явился в сие правление с отзывом взять подряд на отделку оного, как столярною, снисарскою и иконописною работаю и предъявлял отделанные им в Стаховскую церковь иконы святых пророков, которые хотя несовершенно искуссно написаны, но для сельской церкви довольно годятся" [54]. Адсюль вынікае, што жывапісец І.Г. Ткачык, жадаючы ўзяць заказ на выраб іканастаса для жолкінскай царквы, у 1835 г. у Пінскае духоўнае праўленне, каб прадэманстрваць свае здольнасці, прынёс абразы, якія ў той час ён выконваў для стахаўскай царквы. Гэтыя мастацкія творы ацэнены як не вельмі дасканалыя. Магчыма гэтая акалічнасць і паўплывала на тое, што менш чым праз 20 гадоў стахаўскі іканастас вырашылі замяніць.

Першапачаткова, верагодна, мясцовае святарства пагаджалася і не на вельмі прыгожы іканастас па той прычыне, што храм пераводзіўся з Уніі ў праваслаўе і неабходна было яго пераабсталяваць на грэчаскі лад. Тады, напэўна, не было сродкаў, каб наняць больш прафесійнага жывапісца. Пры ўзвядзенні новага царкоўнага будынка ранейшы іканастас, які прастаяў толькі 20 гадоў, не быў перанесены, а быў заказаны новы, для вырабу якога быў запрошаны Стэфан Сулкоўскі. Адшуканы ў архіве план іканастаса стахаўскай царквы 1857 г. - адзін з нешматлікіх твораў названага майстра, хоць і не жывапісны, а - графічны, які захаваўся [55].

Другі вядомы нам мастацкі помнік гэтага аўтара, выкананы ў той жа тэхніцы і жанры - план іканастаса вуйвіцкай царквы Пінскага павета, намаляваны ў 1858 г. Гэты аркуш падшыты ў архіўную справу "Дело по рапорту Хоинского Благочинного священника Ляцевича, об освящении Вуйвицкой приходской церкви, исправленной починкою". Ад 22 ліпеня 1858 г. Хоінскі дабрачынны Іаан Ляцэвіч рапартуе ў Мінскую духоўную кансісторыю: "Вверенного мне благочиния Вуйвицкая ильинская церковь, по усердию тамошних прихожан в настоящем 1858 году исправлена требуемою починкою, с приделкою нового притвора и выложением нового пола, каковая починка производилась с нарушением престола, а также сделан в оной новый и приличный иконостас живописцем Г. Сулковским, коего план при сём в оную духовную консисторию представляя, покорнейше прошу разрешить означенную церковь освятить" [56].

Такім чынам, прыведзены ў пачатку артыкула спіс іканастасаў, выкананых для храмаў Мінскай епархіі Стэфанам Сулкоўскім, папоўніўся яшчэ на дзве адзінкі. На дадзены момант з гістарычных крыніц сталі вядомыя 24 царквы, для якіх ён напісаў абразы. На цяперашні час складана прасачыць лёс гэтых помнікаў. Па папярэдніх звестках, з тагачасных іканастасаў у поўным складзе ніводны не захаваўся. Некаторыя з пералічаных храмаў былі цалкам разбураны, частка з іх - пераабсталяваны з заменай іканастаса. Магчыма, што пэўныя абразы дагэтуль і захоўваюцца ў некаторых цэрквах на Палессі - рэгіёне, дзе найбольш плённа працаваў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя названы жывапісец. Выявіць такія творы, пры іх наяўнасці, будзе магчыма толькі шляхам навуковых экспедыцый у азначаны рэгіён, што і плануецца зрабіць у далейшым.

У перыяд часу паміж 1846 і 1857 гадамі Стэфан Сулкоўскі, відавочна, выконваў заказы за межамі названай епархіі. Так, у сваім прашэнні, дасланым у Мінскую кансісторыю ў 1846 г. майстар паведамляе, што плануе накіравацца ў Валынскую епархію па шматлікіх запрашэннях. Магчыма, вывучэнне крыніц гэтага рэгіёну праліло б святло на некаторыя перыяды жыцця Стэфана Сулкоўскага, аднак на цяперашні момант ажыццявіць даследаванне дакументаў з замежных архіваў не прадставілася магчымым. Таму дадзены артыкул напісаны выключна на матэрыяле з тых крыніц, якія захоўваюцца ў Беларусі.

Абагульняючы атрыманыя з гістарычных дакументаў звесткі, біяграфію Стэфана Сулкоўскага сцісла можна прадставіць наступным чынам:

Стэфан Пятровіч Сулкоўскі - жывапісец, выканаўца шэрагу абразоў для храмаў Мінскай праваслаўнай епархіі ў сярэдзіне ХІХ ст. Нарадзіўся ў 1811 г. у в. Азяраны Мазырскага павета Мінскай губерні, меў малодшага брата Тэадора 1815 года нараджэння. Паходзіў з роду ўніяцкіх святароў: дзед Міхаіл і бацька Пётр у розныя гады служылі ў азяранскай царкве.

Стэфан быў жанаты, рана аўдавеў, гадаваў траіх дзяцей: сына Мікалая 1841 году нараджэння, дачок Паўліну і Стэфанію, 1842 і 1843 гадоў нараджэння адпаведна.

Першапачатковыя мастацкія навыкі Стэфан, верагодна, атрымаў ад бацькі, які меў жывапісныя здольнасці і няблага пісаў абразы. Самастойныя прафесійныя заказы С.П. Сулкоўскі пачаў выконваць з 1832 г. Стэфан быў знаёмы з жывапісцам Валенціем Ваньковічам, у 1834 г. разам з ім пражываў у Мінску ў доме вядомага тагачаснага мецэната Юрыя Кабылінскага. На працягу 1830-1850 гг. плённа супрацоўнічаў з цэрквамі Мінскай праваслаўнай епархіі, для якіх напісаў шэраг іканастасаў:

1832 г.: для Троіцкай царквы у в. Глушкавічы і Ільінскай царквы ў мястэчку Тураў;

1835 г.: для Мікалаеўскай царквы ў павятовым горадзе Вілейцы;

1836 г.: для Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Любань;

1837 г.: для Троіцкай царквы у в. Сімонічы, царквы Нараджэння Багародзіцы мястэчка Лахва, Уваскрасенскай царквы в. Альгомель, Троіцкай царквы в. Сітніца, Міхайлаўскай царквы в. Рычаў;

1838 г.: для Уваскрасенскай царквы ў в. Радзіловічы, царквы Нараджэння Багародзіцы в. Данілегавічы, Крыжаўзвіжанскай царквы ў в. Вярэсніца, Троіцкай царквы ў в. Аздамічы;

1840 г.: для Мікалаеўскай царквы ў в. Тонеж, Мікалаеўскай царквы ў в. Васілевічы, Крыжаўзвіжанскай царквы ў в. Мухаеды, Юраўскай царквы ў в. Залужжа, Уваскрасенскай Буноцкай царквы;

1842 г.: для Міхайлаўскай царквы в. Рубель;

1844 г.: для Троіцкай царквы мястэчка Мір;

1845 г.: для царквы мястэчка Парычы;

1846 г.: для Троіцкай царквы ў мястэчку Гарадная;

1857 г.: для Пакроўскай царквы ў в. Стахаў;

1858 г.: для Ільінскай царквы ў в. Вуйвічы.

Падводзячы высновы, варта падкрэсліць, што ў выніку даследавання не толькі было выяўлена невядомае дагэтуль імя даволі папулярнага і запатрабаванага іканапісца сярэдзіны ХІХ ст., аднак было акрэслена кола яго працаў, а таксама - у значнай ступені рэканструявана біяграфія.

Акрамя таго былі знойдзены новыя для беларускага мастацтвазнаўства імёны трох тагачасных майстроў-жывапісцаў: бацькі Стэфана - уніяцкага святара азяранскай царквы Мазырскага павета Пятра Сулкоўскага, які да 1834 г. зрабіў ніжні ярус іканастаса царквы ў в. Тонеж; мінскага жыхара Івана Мірановіча, што ў тыя ж гады стварыў палатно для каталіцкага касцёла ў Барысаве; давыдгарадоцкага местачкоўца Івана Гаўрылавіча Ткачыка, які ў 1830-ыя працаваў над напісаннем абразоў для іканастасаў царкваў ў в. Стахаў і Жолкін.

Таксама ў выніку даследавання былі выяўлены новыя звесткі, якія датычацца славутага жывапісца ХІХ ст. В. Ваньковіча. Стала вядома, што ў 1834 г. ён пражываў у доме вядомага тагачаснага мецэната Ю. Кабылінскага. Гэта ў некаторай ступені пралівае святло на біяграфію мастака, бо пра яго жыццё ў 1830-ыя гады вядома не шмат, і ва ўсіх крыніцах адзначаецца, што ў гэты час ён жыў у сваёй сядзібе ў Малой Сляпянцы ля Мінска [57]. Гэты факт біяграфіі сведчыць і пра яго добрае знаёмства з Ю. Кабылінскім, а таксама дазваляе пашырыць спіс тых вядомых асобаў ХІХ ст., якія гасцявалі ў вядомым мінскім палацы.

Акрамя таго, амаль усе выкарыстаныя для даследавання дакументальныя крыніцы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ніколі раней не знаходзіліся ў руках даследчыкаў, пра што сведчаць чыстыя фармуляры без аніводнага запісу карыстальнікаў, і ўпершыню ўведзены ў навуковы зварот.



[1] Аўтар выказвае шчырую падзяку Дзянісу Васільевічу Лісейчыкаву, кандыдату гістарычных навук, намесніку дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, за карысныя парады ў пошуку крыніц і за прадастаўленыя звесткі адносна Пятра Сулкоўскага.


[1] 1-я ўсебеларуская мастацкая выстаўка. Каталог аддзела старажытнага мастацтва / апрац. М. Шчэкаціхіна. - Мн., 1926. - 30 с.

[2] Высоцкая, Н.Ф. Искусство Беларуси 12-18 вв. - Мн., 2004. - 26 с.

[3] Вецер, Э.І. Атрыбуцыя групы твораў жывапісу канца ХУ - першай палавіны XVIІ ст. // Помнікі мастацкай культуры Беларусі: новыя даследаванні. [Зб. артыкулаў] / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; [Рэд. С.В.Марцэлеў]. - Мн.: "Навука і тэхніка", 1989. - с. 24-29.

[4] Быцева, І.М. Хадыка, Ю.В. Група абразоў другой палавіны XVIІ ст. з Брэста // Помнікі мастацкай культуры Беларусі: новыя даследаванні. [Зб. артыкулаў] / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; [Рэд. С.В.Марцэлеў]. - Мн.: "Навука і тэхніка", 1989. - с. 30-34.

[5] Хадыка, Ю.В. Аб датаванні групы помнікаў канца 16 - пачатку 17 ст. // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. [Зб. артыкулаў] / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; [Рэд. С.В.Марцэлеў]. - Мн.: Навука і тэхніка, 1984. - с. 30-36, іл.

[6] Піскун, Ю.А. Аб змесце і аўтарстве маладзечанскіх абразоў "Пакровы" і "Мікола" // Помнікі мастацкай культуры Беларусі: новыя даследаванні. [Зб. артыкулаў] / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; [Рэд. С.В.Марцэлеў]. - Мн.: "Навука і тэхніка", 1989. - с. 34-40.

[7] Ярошевич, А.А. Эволюция иконографии Богоматери Одигитрии в белорусской иконописи ХVII - ХVIІI веков // Обретение образа: православная белорусская культура в славянском мире. - Мн.: Белорусская православная церковь, 2009. - С. 128 - 140.

[8] Баженова, О. Белорусская икона первой половины ХVII века. Проблема трансцендентного и исторического, молитвенного и визуального // Обретение образа: православная белорусская культура в славянском мире. - Мн.: Белорусская православная церковь, 2009. - С. 109 - 127.

[9] Іканапіс Заходняга Палесся XVІ - ХІХ стст. / В. Ф. Шматаў, Э. І. Вецер, М. П. Мельнікаў і інш.; навук. рэд. В. Ф. Шматаў; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ім. К. Крапівы НАН Беларусі. - Мн.: Бел. навука, 2002. - 349 с.: іл.

[10] Піскун, Ю.А. Мастак Стэфан Катлярэўскі - новае імя ў гісторыі мастацтва // Штомесячны літаратуран-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс "Маладосць". - 2010. - № 10. - С. 133-137. "Малеж праваслаўя" : [аповед даследчыка творчасці слуцкага іканапісца ХУІІІ ст. Васіля Маркіянавіча] / Ю. Піскун; запісала Ларыса Салодкіна // Мінская праўда. - 2009. - 22 жніўня. - С. 15.

[11] Ярошевич, А.А. Икона Томаша Михальского "Богоматерь Умиление" из Дивина // Cакральне мистецтво Волині. Науковий збірник. Випуск 9. Матеріали ІХ міжнародної наукової конференції з волинського іконопису м. Луцьк, 31 жовтня - 1 листопада 2002 року. - Луцьк: Надстир'я, 2002. - С. 42 - 43.

[12] Тэмперны жывапіс Беларусі ХУ - XVIІІ стагоддзяў у зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Каталог / Аўтар-складальнік Н.Ф. Высоцкая. - Мн.: "Беларусь", 1986. - 208 с.

[13] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 20324. - Дело о выдаче живописцу С.П. Сулковскому свидетельства о выполнении им работ по контрактам в церквах епархии. - 1846 г. - 6 арк.

[14] Там жа, арк. 2.

[15] Там жа, арк. 2 - 2 адв.

[16] Там жа, арк. 3 - 4.

[17] Там жа.

[18] Там жа, арк. 6 - 6 адв.

[19] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 18918. - Дело об устройстве иконостаса в Мирской церкви по заключённым условиям с иконописцем Сулковским на церковную сумму. - 1844-1848. - 13 л.

[20] Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 10515. - 1834 года октября 5 дня, объявление иконописного художника Мироновича на написание иконостаса в г. Вилейке и Мозыре и об отказе ему в этом. - 1834 г. - 2 арк.

[21] Там жа, арк. 1.

[22] Там жа.

[23] Там жа.

[24] Там жа.

[25] Там жа, арк 2 адв.

[26] Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 23453. - Дело о выдаче священническому сыну Стефану Сулковскому свидетельства, дозволяющего заниматься живописью в губерниях, смежных с Минскою. Началось 2 Марта 1851 года кончено 31 [марта 1851] г. - 1851. - 3 арк.

[27] Там жа, арк. 3

[28] Там жа, арк. 3 адв.

[29]Лісейчыкаў, Дз. В. Штодзённае жыццё уніяцкага парафіяльнага святарства беларуска-літоўскіх зямель (1720-1839 гг.): дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук: 07.00.02: абаронена 15.04.09: зацверджана 04.11.09. - Мінск, 2008. - 283 л.

[30] НГАБ. - Ф.136. - Воп. 1. - Спр. 10189. - Дело о присоединении из унии к православию, Мозырского уезда, трёх униатских приходов: Тонежского, Озеранского и Радивилоцкого. - 1834-1837. - 298 арк.

[31] Там жа, арк. 12.

[32] Там жа, арк. 143 адг.

[33] Там жа, арк. 35 - 36.

[34] Там жа, арк. 64.

[35] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 20324. - Дело о выдаче живописцу С.П. Сулковскому свидетельства о выполнении им работ по контрактам в церквах епархии. - 1846 г. - Арк. 2.

[36] НГАБ. - Ф.136. - Воп. 1. - Спр. 10189. - Дело о присоединении из унии к православию, Мозырского уезда, трёх униатских приходов: Тонежского, Озеранского и Радивилоцкого. - 1834-1837. - Арк. 84.

[37] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 40662. - Кліравыя ведамасці цэркваў Мазырскага павета. - 1839 г. - Арк. 70. НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 40671. - Кліравыя ведамасці цэркваў Мазырскага павета. - 1840 г. - Арк. 143 - 144 адв.

[38] Свабоды, 15. Забытая гісторыя : [аповед аўтара праекта "Мінск губернскі. Шляхецкі побыт] / Віталь Жукаў; запісала і апрацавала Святлана Дзянісава // Штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс "Маладосць".

[39] Лісейчыкаў, Дз. В. Штодзённае жыццё уніяцкага парафіяльнага святарства беларуска-літоўскіх зямель (1720-1839 гг.): дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук: 07.00.02: абаронена 15.04.09: зацверджана 04.11.09. - Мінск, 2008. - 283 л.

[40] НГАБ. - Ф. 319. - Воп. 2. - Спр. 3162. - Дело Минского Дворянского депутатского собрания о дворянском происхождении рода Сулковских. - 1802. - 15 арк.

[41] НГАБ. - Ф. 333. - Воп. 9. - Спр. 1164. - Рэвізскія сказкі Мазырскага павета (праваслаўныя цэрквы). - 1834. - Арк. 246 - 248.

[42] НГАБ. - Ф. 333. - Воп. 9. - Спр. 270. - Рэвізскія сказкі Беларускай грэка-каталіцкай епархіі. - 1834. - Арк. 290 адв. - 291.

[43] Там жа.

[44] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41257. - Акты Генеральной провинциальной визиты монастырей базилианского ордена Литовско-Виленской метрополитской греко-униатской епархии, в следствие указа римско-католической духовной коллегии 2-го департ. 22 февраля 1817 года произведенной за 1819 год. - 166 арк. НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41260. - Wizyty zakonne za rok 1821. - 79 арк.

[45] ЛДГА. - Ф. 634. - Воп. 1. - Спр. 58. - Akta wizytacyj klasztorów Uniackich. - 1799 -1820. - [430] арк.

[46] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41257. - Акты Генеральной провинциальной визиты монастырей базилианского ордена Литовско-Виленской метрополитской греко-униатской епархии, в следствие указа римско-католической духовной коллегии 2-го департ. 22 февраля 1817 года произведенной за 1819 год. - Арк. 77 адв. - 78 адв.; 159 адв. НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41260. - Wizyty zakonne za rok 1821. - Арк. 20, 70 адв.

[47] Славутыя мастакі з Беларусі. Іван Хруцкі. 2-е выданне са змяненнямі / тэкст, складанне А.П. Харак. - Мінск : "Беларусь", 2012. - С. 3.

[48] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 40760. - Кліравыя ведамасці Мазырскага павета. - 1852 г. - Арк. 174 - 176 адв.

[49] Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 40768. - Кліравыя ведамасці Мазырскага павета. - 1853 г. - Арк. 188 - 190 адв.

[50] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 21360. - Дело о постройке новой стаховской Покровской церкви Пинского уезда вместо ветхой. - 1848 - 1858 гг. - 54 арк.

[51] Там жа, арк. 46 - 46 адв.

[52] Там жа, арк. 48 - 48 адв.

[53] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 10593. - Дело об отпуске из сумм комиссии Духовных училищ суммы на устройство Жолкинской церкви иконостаса 1000 руб. и на приобретение утвари и книг 500 руб., а всего на 1500 руб. серебром. - 1834-1843 г. - 119 арк.

[54] Там жа, арк. 36 - 36 адв.

[55] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 21360. - Дело о постройке новой стаховской Покровской церкви Пинского уезда вместо ветхой. - 1848 - 1858 гг. - Арк. 49 адв. - 50.

[56] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 28220. - Дело по рапорту Хоинского Благочинного священника Ляцевича, об освящении Вуйвицкой приходской церкви, исправленной починкою. - 1858. - 6 арк.

[57] Славутыя мастакі з Беларусі. Валенцій Ваньковіч / Тэкст, складанне Н.В. Сычова. - Мінск : "Беларусь", 2012. - С. 4.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX