Папярэдняя старонка: Флікоп-Світа Галіна

Іканаграфія, гісторыя шанавання і лёс цудадзейнага абраза 'Божай Маці Шумяцкай' ў святле архіўных дакументаў сярэдзіны ХІХ ст. 


Аўтар: Флікоп-Світа Г. А.,
Дадана: 11-06-2018,
Крыніца: Флікоп-Світа Г. А. Забытая святыня. Іканаграфія, гісторыя шанавання і лёс цудадзейнага абраза 'Божай Маці Шумяцкай' ў святле архіўных дакументаў сярэдзіны ХІХ ст. / Г.А. Флікоп-Світа // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. ; вып. 14 / рэд.: Ю.М. Бохан [і інш.]. - Мінск : НГАБ, 2016. - С. 192-206. - (серыя 'Гісторыя, архівазнаўства, крыніцазнаўства').

Спампаваць




Забытая святыня. Іканаграфія, гісторыя шанавання і лёс цудадзейнага абраза "Божай Маці Шумяцкай" ў святле архіўных дакументаў сярэдзіны ХІХ ст.

The forgotten Shrine. Iconography, history of the honor and the fate of the miracle-working icon of the "Mother of God Shumyatsky" in the light of archival documents of mid-nineteenth century.


У артыкуле на матэрыялых архіўнай справы 1864 - 1868 гадоў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі асвятляюцца пытанні іканаграфіі, гісторыі і традыцыі шанавання страчанага абраза "Божай Маці" з мястэчка Шумячы Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні, дзе ён атрымаў вядомасць як яўлены і цудадзейны. Да цяперашняга часу пра існаванне такой святыні ў дадзенай мясцовасці было не вядома. У навуковае карыстанне ўводзяцца імёны трох жывапісцаў другой паловы ХУІІІ - сярэдзіны ХІХ ст. - двух прадстаўнікоў з роду Лугоўскіх з мястэчку Шумячы і Андрэя Казьміна з Хоцімска, а таксама каштоўная іканаграфічная крыніца - калька, знятая ў натуральную велічыню з абраза "Божай Маці Шумяцкай".

В статье на материале архивного дела 1864 - 1868 гг. из фондов Национального исторического архива Беларуси освещаются вопросы иконографии, истории и традиции почитания утраченной иконы «Божьей Матери» из местечка Шумячи Климовичского уезда Могилёвской губернии, где она получила известность как явленная и чудотворная. До настоящего времени про существование такой святыни в данной местности было не известно. В научное употребление вводятся имена трёх живописцев второй половины 18 - середины 19 в. - двух представителей из рода Луговских в местечке Шумячи и Андрея Казьмина из Хотимска, а также ценный иконографический источник - калька, снятая в натуральную величину с иконы «Божьей Матери Шумячской».

The article on the materials of archives 1864 - 1868 years from the National Historical Archive of Belarus highlights the issues of iconography, history and tradition of honoring the lost icon "Mother of God" from the village Shumyachi Klimovichi district Mogilev province, where he gained fame as a miracle and shows. To date, the existence of such shrines were not known in the area. The scientific use of the names of the three artists entered the second half of the eighteenth - the middle of nineteenth century. - two representatives of the family Lugouski from the village Shumyachi and Andrej Kazmin of Hotimsk and valuable iconographic sources - tracing paper, taken from the life-size icon of "Mother of God Shumyachsky".


У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў фондзе 2001 - «Канцэлярыя Магілёўскага грамадзянскага губернатара» знаходзіцца справа «...пра закрыццё у Клімавіцкім павеце Шумяцкай капліцы і перадачы захоўваемага там абраза Божай Маці ў праваслаўнае ведамства», распачатая ў 1864 і завершаная ў 1868 г. [2]. Дакументы, падшытыя тэчку, распавядаюць пра лёс абраза «Божай Маці», які ў мястэчку Шумячы шанаваўся як цудадзейны. Менавіта такая вядомасць іконы і паўплывала на тое, што за святыню змагаліся праваслаўныя і каталікі, вынікам чаго і стала правядзенне ў 1860-ыя гады следства пра яе паходжанне і канфесійную прыналежнасць.

Нашую ўвагу дадзеная справа прывабіла па той прычыне, што ў яе, сярод рознага роду рапартаў, распараджэнняў, прашэнняў і іншых афіцыйных лістоў, падшыта калька, знятая з абраза. Гэта ўнікальны выпадак, калі ў тэчцы маецца іканаграфічная крыніца, і, што яшчэ больш каштоўна, - у натуральную велічыню. Да аналізу гэтай выявы мы звернемся пазней, а перш за ўсё неабходна засяродзіцца на сутнасці ўсёй гэтай справы.

Так, падшытыя ў тэчку дакументы дэманструюць міжканфесійную спрэчку за абраз, якая дазваляе ў некаторай ступені прасачыць ранейшы лёс твора. Праўда версіі ў праваслаўных і каталіцкіх вернікаў адрозніваюцца паміж сабой, што ўвогуле з'яўляецца ў дадзенай сітуацыі відавочным і натуральным: кожны з бакоў імкнуўся абгрунтаваць прыналежнасць абраза да сваёй канфесіі.

Адным з першых лістоў у дадзенай справе, дзе згадваецца лёс помніка і яго ранейшая гісторыя, з'яўляецца зварот каталіцкіх вернікаў, дасланы на імя генерал-губернатара ў лістападзе 1865 г., у якім яны выказваюць непакой адносна будучыні святыні [2, арк. 10-11]. Прычынай такога ўсхвалявання шумяцкіх парафіянаў стала тое, што, паводле іх словаў, пад час набажэнства ў касцёле туды прыйшоў чыноўнік з жывапісцам (іх імёны ў лісце не згадваюцца), праваслаўным святаром і вялікай колькасцю людзей. Яны дэманціравалі з алтара абраз, знялі з яго шату і, як адзначаюць аўтары ліста, што рабілі з абразом далей - не вядома. Парафіяне баяцца, што гэта можа быць выклікана захадамі пра адабраннне ў іх абраза [2, арк. 10-11].

Пры гэтым яны ў сваім допісе генерал-губернатару падкрэсліваюць, што абраз мае каталіцкае паходжанне, бо першапачаткова ён знаходзіўся ў капліцы, пабудаванай каталіцкімі ксяндзамі, якімі там і праводзіліся службы. Праўда аўтары ліста адзначаюць, што часам там служылі і ўніяты, але гэта не яны ўсталёўвалі капліцу, а таму яна, на думку шумяцкіх парафіян, - каталіцкая. Пазней адтуль абраз быў перанесены ў адбудаваны касцёл, дзе і знаходзіўся на той момант, калі пісаўся дадзены ліст. Так выглядае гісторыя цудадзейнага абраза «Божай Маці Шумяцкай» з пункту гледжання каталікоў [2, арк. 10-11].

Аднак у мясцовых праваслаўных была свая версія адносна паходжання гэтай святыні. Далей у справу падшыты дакументы, якія асвятляюць сітуацыю «іх вачыма». Так, у прашэнні праваслаўных вернікаў, дасланым на імя генерал-губернатара, згадваюцца пэўныя эпізоды з гісторыі іконы, якія сведчаць пра яе «праваслаўнае паходжанне». Адзначаецца, што яна - «явленная», і з'явілася ў Шумячах « задолго до 1647, в котором грекороссійская церковь Шумяцкая насильно отобрана на Унию» [2, арк. 21-22]. Аўтары гэтага ліста падкрэсліваюць, што на абразе маюцца грэчаскія надпісы, якія пацвярджаюць прыналежнасць абраза да праваслаўнай традыцыі. А таму прыхаджане мясцовай царквы лічаць, што ікона з капліцы ў касцёл была перанесена незаконна.

Дадзенае прашэнне праваслаўных вернікаў хоць і падшыта ў тэчку пазней (на арк. 21-22) за прыведзены вышэй зварот каталікоў да генерал-губернатара (на арк. 10-11), аднак дата тут больш ранняя - жнівень 1864 г. - і, відавочна, што менавіта з гэтага ліста і распачалася ўся справа. У выніку чаго была сфарміравана камісія ў складзе саветніка Магілёўскага губернскага праўлення Мікалая Мікалаевіча Клірыкава і клімавіцкага павятовага спраўніка Батурына (імя і імя па-бацьку ў справе не фігуруюць), якія павінны былі высветліць усе абставіны адносна паходжання і канфесійнай прыналежнасці абраза [2, арк. 31-33]. Гэта менавіта яны ў суправаджэнні прыхадскога святара і праваслаўнага насельніцтва прыбылі ў шумяцкі касцёл для агляду іконы, што і было адзначана каталіцкімі парафіянамі ў лісце на імя генерал- губернатара. Ніжэй мы яшчэ звернемся да вынікаў гэтага вывучэння абраза, здзейсненага названымі асобамі.

Адначасова з прашэннем генарал-губернатару, прыхаджане шумяцкай царквы 24 жніўня 1864 г. даслалі ліст і на імя магілёўскага архіепіскапа, дзе просяць дапамогі ў вяртанні абраза праваслаўным. Там жа яны таксама прыводзяць некаторыя эпізоды з гісторыі святыні, якія, на думку аўтараў ліста, пацвярджаюць праваслаўнае паходжанне іконы: «…явленная икона Божией Матери, разукрашенная серебрянною ризою, старанием истинного православного крестьянина» [2, арк. 24-25].

Менавіта гэтыя звароты праваслаўных і ініцыявалі правядзенне следства пра высвятленне паходжання абраза. Было апытана 25 чалавек, пры чым паказальна, што ўсе з іх - праваслаўныя. Апытваліся менавіта тыя, хто паставіў свой подпіс на зваротах да генерал-губернатара і магілёўскага архіепіскапа. Большасць сведак паведаміла амаль адно і тое і, як правіла, іх звесткі з'яўляюцца даволі сціплымі [2, арк. 34-46]. Каштоўную інфармацыю па гэтай справе прадаставіў стараста шумяцкай Ільінскай царквы Казьма Дзянісенка [2, арк. 47].

Дакладней, тое, што ён распавёў у сваім лісце пра разглядаемы цудадзейны абраз, для тагачасных следчых, якія высвятлялі ўсе абставіны паходжання і канфесійнай прыналежнасці іконы, напэўна, істотнага значэння не мела. Аднак гэтая інфармацыя мае каштоўнасць цяпер і, перш за ўсё для айчыннага мастацтвазнаўства. Так, стараста шумяцкай царквы ў сваім расповедзе спасылаецца на мясцовага старажыла, ад якога ён і ведае пра лёс святыні, - жывапісца Пятра Лугоўскага [2, арк. 47]. Гісторыі беларускага мастацтва гэта імя пакуль што не вядома. Таксама інфармант прыводзіць і некаторыя звесткі, якія датычацца іканаграфіі разглядаемага абраза. У сваім ён лісце прадаставіў наступную інфармацыю:

«За сорок лет тому назад слышал я от столетнего старика, жителя м. Шумячи, живописца Петра Луговского, эта самая икона Божией Матери, которая находится теперь в Шумяцком костёле, стояла под липами за Шумячу во рву над криницей; была же устроена для неё каплица ... Он же, Луговский, рассказывал, что какая-то женщина с помощи еврея … покушалась сорвать с иконы ценные привески ... в это время она оцарапала лицо иконы: сделала шрам, который несколько раз замалёвывали; при этом же старик Луговский утверждает, что он, бывше мальчиком, видел эту женщину самую, как вели связанную от места преступления.

Потом чрез несколько лет … Голынский помещик выстроил каплицу на господском дворе... А как она перенесена ксендзом в костёл, это я помню. Ко всему этому ещё могу присовокупить, что в нашей приходской церкви находится выносная икона Божией Матери, уцелевшая, как говорил тот самый старик, от пожара, истребившего древлеправославную церковь, из которой с этой самой иконой бывали крестные ходы в каплицу к чудотворной иконе, находящейся теперь в костёле, и эта выносная икона наша настоящий съёмок с чудотворной, к которой протекают православные богомольцы» [2, арк. 47].

Калі абагульніць звесткі з гэтага расповеда з атрыманымі папярэдне ад «сведак», то вынікае, што абраз з'явіўся цудоўным чынам на ліпах на полі над крыніцай, а таму ён атрымаў вядомасць як «яўлены». Недзе ў 1730-ыя гг. (а гэта прыблізны час, на які прыпадае дзяцінства шумяцкага старажыла Пятра Лугоўскага, якому каля ста гадоў было недзе ў 1820-ыя гг.) абраз ужо шанаваўся ў дадзенай мясцовасці (праўда нідзе так і не адзначана, якія менавіта цуды адбываліся, хаця пры гэтым ікона ў расповедах сведак названа «чудотворной»), бо на ім былі воты (ахвяраванні ад вернікаў), якія і намагалася сарваць нейкая жанчына. У выніку гэтых злачынных дзеянняў святыня была пашкоджана: садрана фарба на выяве Божай Маці - на шчацэ.

Гэта, дарэчы, з таго часу з'яўляецца прыкметнай асаблівасцю іконы. Тады святыня знаходзілася яшчэ на полі, дзе на месцы яе з'яўлення была зроблена капліца. Прыблізна ў 1740-ыя гг. была пабудавана новая капліца ў памешчыцкім двары, куды і перанеслі абраз, дзе ён і знаходзіўся да таго часу, пакуль яго, праблізна ў сярэдзіне 1840-х гг., не забраў у касцёл мясцовы ксёндз Балажэвіч пры дапамозе селяніна Марціна Марціновіча Тавоты. На абразе маюцца «рускія» надпісы, якія сведчаць пра яго прыналежнасць да праваслаўнай традыцый.

Акрамя таго, ад царкоўнага старасты, які пераказвае расповед, чуты ім некалі ад старога шумяціча, стала вядома, што з цудадзейнага абраза «Божай Маці Шумяцкай» быў зроблены спіс (копія). Ён знаходзіўся ў мясцовай царкве і выкарыстоўваўся як вынасны абраз пад час працэсій - хросных хадоў з царквы да капліцы. Гэта, відавочна, было яшчэ да 1830-х гг.: напэўна, да гэтага часу і царква, і капліца належалі да грэка-каталіцтва (хоць пра царкву і гаворыцца, што яна - «древлеправославная»), а таму з аднаго храма ў другі і маглі адбывацца хросныя хады. Пасля скасавання Уніі царква была аддадзена праваслаўным, а капліца - каталікам: ранейшыя працэсіі перасталі праходзіць. Адсюль вынікае, што той спіс з абраза «Божай Маці Шумяцкай», які згадваецца ў расповедзе П. Лугоўскага, быў зроблены да 1830-х гг. і належыць, па ўсёй верагоднасці, да сакральнай спадчыны Уніі.

На жаль, пры дапамозе іншых гістарычных дакументаў не ўдалося знайсці якія-небудзь больш падрабязныя звесткі, якія б пралілі святло на гісторую шумяцкай святыні. З апісаннямі ўніяцкай царквы названага мястэчка нам вядомы дзве крыніцы, якія цяпер захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве. Найбольш ранняя з іх змяшчае пратаколы праверак грэка-каталіцкіх цэркваў «Мсціслаўскай епархіі» за 1732 - 1736 гг. [6], больш позняя - Мсціслаўскага, Запалянскага і Засожскага ўніяцкіх дэканатаў за 1822 г. [7]. У абодвух дакументах апісваецца царква Св. Іллі, якая знаходзілася ў Шумячах [6, арк. 6; 7, арк. 136]. Аднак згадак пра прыпісаную да яе капліцу няма. Таксама няма ўпамінанняў і пра вынасны абраз «Божай Маці Шумяцкай». Толькі ў візіце за 1822 г. адзначаецца, што ў храме знаходзяцца два працэсійныя алтарыкі і тры іконы такога ж прызначэння [7, арк. 136]. Магчыма адна з іх і была спісам мясцовага цудадзейнага абраза.

Увогуле трэба сказаць, што наяўнасць спіса сведчыць не толькі пра існаванне адпаведнага культу ўшанавання названага абраза, а і - пра фарміраванне пэўнага іканаграфічнага зводу. І наступнае пытанне, на якім варта засяродзіцца ў дадзеным даследаванні, гэта - іканаграфія разглядаемага твора.

Цікава адзначыць, што апісанню абраза прысвечана ў дадзенай справе не менш допісаў ад розных асоб, чым яго гісторыі. Аднак самым красамоўным дакументам па гэтым пытанні, безумоўна, з'яўляецца калька, знятая з цудадзейнага абраза [1] [малюнак 1]. Яна дае ўяўленне пра іканаграфію твора і яго памеры. Выява, зафіксаваная на ёй, сведчыць пра тое, што іканаграфія дадзенага абраза належыць да зводу «Божай Маці Балыкінскай». Пра гэта таксама адзначалі і некаторыя фігуранты па дадзенай справе, напрыклад, протаіерэй Іаан Багданоўскі [2, арк. 27].

Характэрный рысай гэтай кампазіцыі з'яўляецца тое, што маленькі Хрыстос ляжыць на каленях у Божай Маці (у адрозненне ад кананічных тыпаў «Божая Маці Адзігітрыя» і «Божая Маці Замілаванне», якія сфарміраваліся ў візантыйскім мастацтве, дзе Марыя трымае Ісуса на руцэ), а яе далоні складзены ў малельным жэсце. Дзіцятка Ісус трымае ў правай руцэ яблык. Ён ляжыць спінай да гледача, аднак яго галава павернута так, як быццам бы ён азіраецца назад. Дзіця паказана амаль аголеным і толькі злёгку прыкрыта белай павязкай [малюнак 1]. Гэтая асаблівасць таксама адрознівае выяву ад кампазіцый візантыйскага паходжання, паводле якіх Хрыста малявалі ў кашулі, і сведчыць пра рэнесансныя ўплывы.

З замілаваннем на свайго Сына пазірае Маці: яе вочы апушчаны (а не глядзяць наперад, як у большасці іншых іканаграфічных зводаў). Валасы ў Марыі распушчаны, галава не пакрыта, аднак на яе ўскладзена карона. Хоць дадзены графічны аркуш і не перадае каларыт іконы, аднак вядомыя іншыя абразы гэтага ж зводу сведчаць пра тое, што Марыя была апранута ў чырвоную сукенку і сіні амафор [малюнак 2, 3]. Такое колеравае вырашэнне характэрна для абразоў заходне-хрысціянскай традыцыі, у кананічным праваслаўным іканапісе вопраткі Божай Маці мелі адваротную гаму: сукенка - сіняя, амафор - чырвоны. Усе пералічаныя асаблівасці выявы сведчаць пра тое, што на фарміраванне дадзенай кампазіцыі істотна паўплывала еўрапейскае мастацтва.

Паводле рукапіснага «Сказания», якое захоўвалася ў Балыкінскай царкве Св. Мікалая да 1866 г., пакуль не было вывезена Чарнігаўскім філарэтам Гумілеўскім для даследавання і публікацыі (зараз месца знаходжання рукапісу не вядома), абраз «Божай Маці Балыкінскай», які, відавочна, з'яўляецца першакрыніцай абраза «Божай Маці Шумяцкай», у сяло Балыкіна (адкуль і атрымаў сваю назву, бо там праславіўся цудамі) Старадубскага павета Чарнігаўскай губерні (зараз Пагарскі р-н Бранскай вобласці Расіі) патрапіў у 1711 г. Дагэтуль ён знаходзіўся ў афіцэра старадубскага палка Цімафея Дульскага. Паводле падання, у 1709 г., пад час руска-шведскай вайны, калі войскі Карла ХІІ падыходзілі да Старадуба, на абразе ў вачах Божай Маці з'явіліся слёзы. Уладальнік абраза паабяццаў паахвяраваць яго ў адзін з бедных прыходаў наваколля, што, з прамаруджваннем, выканаў у 1711 г., перадаўшы ікону ў Балыкіна, дзе яна і праславілася далейшымі цудамі. Абраз і па цяперашні час знаходзіцца ў храме. Ён напісаны на палатне алейнымі фарбамі [5, с. 291-293]. Твор датуецца XVII ст. і, паводле слушных назіранняў даследчыкаў пачатку ХХ ст., - «малороссийского письма» (г.зн. - украінскага) [4, с. 399].

Паказальна, што Балыкіна ад Шумячаў знаходзіцца ў 150 км. Гэта адносна не вялікая адлегласць і, канешне, культ абраза «Божай Маці Балыкінскай» мог пашырыцца і да Шумячаў, для ўніяцкай капліцы якіх быў зроблены спіс з названай іконы, які ў выніку і сам стаў шанавацца як цудадзейны і атрамыў найменне па сваім месцы праслаўлення «Божая Маці Шумяцкая».

Пры чым у дадзеным выпадку не выклікае сумневаў, які з абразоў з'яўляецца пратографам, а які - паўторам. Абраз «Божай Маці Балыкінскай» быў вельмі шанаваным у дадзеным рэгіёне. Менавіта яго культ паўплываў на з'яўленне твораў такой іканаграфіі. Пры чым вядомасць да балыкінскай іконы прыходзіць пасля 1711 г. А значыць, што і абраз з Шумячаў быў напісаны пазней за гэты год. Гэта супярэчыць словам праваслаўных шумяцкіх вернікаў, якія ў сваім лісце генерал-губернатару паведамлялі пра тое, што іх святыня з'явілася яшчэ да 1647 г., пакуль царква яшчэ не была пераведзена ва Унію.

Калі за праўду прыняць гэтыя звесткі, то напрошваецца гіпотэза, што менавіта шумяцкая ікона была першакрыніцай, а балыкінская - спісам з яе. Аднак такую думку лёгка абвергнуць. Справа ў тым, што калі б гэта было так, то абразы такой іканаграфіі, якіх у ХІХ ст. у тым рэгіёне было даволі шмат, называлі б па найменні іх агульнай першакрыніцы - «Божай Маці Шумяцкай». Аднак пад час правядзення следства чыноўнікі, якія вялі дадзеную справу, пры першым аглядзе іконы заўважылі яе падабенства да «Божай Маці Балыкінскай», пра што і паведамлялі вышэйшаму начальству. А гэта азначае, што пра існаванне культу і выгляд цудадзейнага абраза з Балыкіна яны ведалі, а пра шумяцкую ікону яны ўпершыню пачулі тады, калі ім было даручана правесці разбіральніцтва.

Так, саветнік Клірыкаў у сваім рапарце кіраўніку Магілёўскай губерні ад 2 кастрычніка 1865 г. паведаміў пра падабенства двух названых твораў і нават даслаў выявы, якія б пацвярджалі ягоныя словы. Відавочна, што ён дасылаў згаданую вышэй кальку, знятую з шумяцкага абраза пад час правядзення следства па справе, і нейкі невялікі спіс абраза «Божай Маці Балыкінскай». Клірыкаў таксама адзначыў, што « что копия с последней («Божай Маці Балыкінскай» - Ф-С. Г.) находится более 50 лет Ярославской губернии в Ростовском женском Рождественском монастыре, где в июне месяце сего года лично я видел эту копию» [2, арк. 4]. Гэты цікавы эпізод сведчыць пра маштабы пашырэння культу «Божай Маці Балыкінскай»: г. Растоў, у манастыры якога знаходзіўся спіс з названай цудадзейнай іконы, знаходзіцца на даволі значнай адлегласці ад Балыкіна.

Са справы робіцца вядомым і пра існаванне яшчэ аднаго спіса абраза «Божай Маці Балыкінскай»: у Мазалаўскім жаночым манастыры [2, арк. 55]. Пра час з'яўлення ў гэтым храме такога абраза вядома з кнігі рускага публіцыста канца ХІХ - пачатку ХХ ст., аўтара работ па гісторыі праваслаўя Я.М. Пасяляніна. Ён ў выданні за 1914 г. «Богоматерь. Описание Ее земной жизни и чудотворных икон» гаворыць пра вядомыя яму спісы абраза «Божай Маці Балыкінскай»: «Точный список с чудотворной Балыкинской иконы находится в орловском Введенском женском монастыре. ... Кроме того, списки с иконы Балыкинской находятся еще в следующих местах: в городе Стародубе Черниговской губернии; в Москве, в церкви Св. Николая, что в Плотниках; в Преображенском девичьем монастыре Могилевской губернии, Мстиславского уезда. Сия последняя икона почитается местно как чудотворная; пожертвована в монастырь графиней Чернышевой, владетельницей села Балыкино» [4, с. 400]. Відавочна, што апошні сярод пералічаных і ёсць абраз у Мазалаўскім манастыры, які быў асвечаны ў гонар Пераўтварэння Божага і знаходзіўся ў Мсціслаўскім павеце Магілёўскай губерні.

У сучасным маштабным расійскім выданні «Праваслаўная энцыклапедыя» асобны артыкул прысвечаны абразу «Божай Маці Балыкінскай», у якім згадваюцца і яе шануемые спісы. Сярод іх фігуруюць і прыведзеныя намі вышэй з Мазалаўскага манастыра, цэркваў у Старадубе, Маскве (Мікалаеўская на Плотніках), Растове. Упамінаецца таксама спіс у Бацкіне (Дзяцькаўскі р-н Бранскай вобл.). Адзначаецца, што найбольш шануемым спісам абраза «Божай Маці Балыкінскай», слава пра які нават пераўзышла вядомасць першакрыніцы, з'яўляецца ікона ў Арлоўскім жаночым манастыры Увядзення Божай Маці ў храм (паводле падання, гэта першы спіс з балыкінскай святыні, выкананы ў 1712 г. і перададзены тады ж у названы манастыр). Аднак ніякіх звестак пра «Балыкінскую ікону Божай Маці» ў Шумячах тут не прыводзіцца [5, с. 291-293].

Акрамя пералічаных спісаў абраза «Божай Маці Балыкінскай», відавочна, існавалі іншыя. Да нашага часу захаваліся некаторыя з іх. Так, у Музеі старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі знаходзіцца найбольш стары з вядомых нам твораў такой іканаграфіі. Абраз датуецца сярэдзінай XVIIІ ст. На жаль, яго месца паходжання не вядома [1, малюнак 2]. Другі вядомы нам абраз, які належыць да іканаграфіі «Божай Маці Балыкінскай», захоўваецца ў прыватнай калекцыі [2]. Гэты помнік, відавочна, належыць да іканапіснай спадчыны ХІХ ст. [малюнак 3]. Па словах уладальніка, ікона паходзіць з г. Старадуба Бранскай вобласці Расіі. Гэта з'яўляецца вельмі паказальным, бо яшчэ раз сведчыць пра пашыранасць дадзенага іканаграфічнага зводу ў храмах названага рэгіёну.

Разглядаемы ў дадзеным артыкуле абраз «Божай Маці Шумяцкай» таксама, бясспрэчна, мае такую ж іканаграфію і змаляваны з той жа першакрыніцы. Праўда нідзе ў справе не выказваецца меркаванне пра тое, што ён з'яўляецца спісам абраза «Божай Маці Балыкінскай», аднак, на нашую думку, такая іх узаемасувязь з'яўляецца відавочнай.

Такім чынам, было ўстаноўлена паходжанне разглядаемага цудадзейнага абраза з Шумячаў і вызначана яго першакрыніца. Адкрытым застаецца пытанне пра час яго напісання. Як было адзначана вышэй, словы шумяцкіх праваслаўных вернікаў пра яе стварэнне да 1647 г. з'яўляюцца неабгрунтаванымі. Калі абапірацца на іншыя прыведзеныя вышэй звесткі з дадзенай справы, то можна заключыць, што ўжо ў 1730-ыя дадзеная ікона існавала. Аднак калька, падшытая ў справу, зусім не сведчыць пра вялікі ўзрост разглядаемай іконы.

Так, звяртаюць на сябе ўвагу некаторыя характэрныя рысы. Перш за ўсё гэта датычыцца абліччаў Божай Маці і Хрыста, якія з'яўляюцца зусім не падобнымі да тых Багародзіц і Ісусаў, якія прадстаўлены на творах беларускага іканапісу XVII і нават XVIIІ ст. Даволі стрыманыя складкі на вопратках персанажаў, адсутнасць складаных аб'ёмных драпіровак і дэкарыўных элементаў не дазваляюць казаць пра прыналежнасць гэтага твора да мастацтва эпохі барока. Асабліва кідаюцца ў вочы тыя «рускія» надпісы на абразе, пра якія неаднаразова адзначалі праваслаўныя сведкі. Выкарыстаны ў дадзеным выпадку шрыфт ды і абрэвіятура з імем Марыі ўказваюць на іх позняе паходжанне [малюнак 1].

Калі параўнаць гэтую кальку з двума вядомымі нам творамі такой іканаграфіі, якія захаваліся на Беларусі да нашага часу, то назіраецца цікавая акалічнасць: дадзеная выява мае значна больш агульнага з абразом ХІХ ст., чым з іконай XVIIІ ст. Гэта прасочваецца ў ракурсах персанажаў (на абразе XVIIІ ст. яны больш дынамічныя, што і ўласціва мастацтву эпохі барока), складках вопратак, форме дыядэмы і яблыка. Калі аналізаваць выключна кальку, абстрагаваўшыся ад гісторыі святыні, то напрошваецца выснова, што абраз, з якога яна была знята, напісаны не раней за сярэдзіну ХІХ ст. А такая думка супярэчыць усім прыведзеным вышэй звесткам. Аднак гэтаму таксама можа быць сваё тлумачэнне.

Так, дадзены графічны аркуш быў зроблены жывапісцам (пра яго мы адзначым ніжэй) акурат тады, калі следчыя па дадзенай справе пры ўдзеле мясцовых праваслаўных наведалі касцёл. Пра гэты эпізод згадвалі шумяцкія парафіяне ў сваім звароце генерал-губернатару, пераказаным намі ў самым пачатку дадзенага артыкула. У выніку натурнага вывучэння абраза следчыя склалі падрабязны пратакол: «... надписи: около венца Матери Божией на правой стороне МРІЯ, на левой БЦА, над главой младенца написано ІС ХС, на лике Матери Божьей - на правой щеке краской тёмной нарисован шрам. Образ написан на холсте масляною краскою, длина в 1 аршин 10 вершков, ширина 1 аршин и 41/2 в. на задней стороне образа написано: «1843 R. Mca Aprylia w Szumiaczu»... Самый образ ... со всех сторон несколько обрезан» [2, арк. 32-32 адв.].

З прыведзенага апісання кідаюцца ў вочы дзве акалічнасці, якія вымагаюць тлумачэння: шныр на шчацэ Божай Маці і надпіс на адваротным баку абраза. Пачнем з разгляду апошняга. У выніку вывучэння шэру твораў беларускага іканапісу, адносна датаў, якія часам сустракаюцца на абразах, можна заключыць наступнае: яны могуць указваць час стварэння іконы, на яе перыяд аднаўлення (рэстаўрацыі, перапісвання) або на год, калі былі зроблены значныя ахвяравання на абраз (накладзена шата, кароны і інш.). У дадзеным выпадку відавочна, што дадзеная дата не звязана з ахвяраваннямі. Пра гэта сведчаць іншыя дадзеныя, прыведзеныя ў справе, з якіх вынікае, што тая шата, якая ўпрыгожвала абраз у час яго агляду, была зроблена ў Маскве у 1820 г. клімавіцкімі купцамі і шумяцкімі местачкоўцамі [2, арк. 33].

1843 год, гіпатэтычна, можа быць датай узнаўлення абраза. Аднак паказальна, што пра гэта нідзе не адзначана ў дакументах. А гэта пры тым, што сведкі згадвалі ўсё, што яны ведаюць пра ікону, нават калі нешта і не датычылася непасрэдна справы. Вельмі верагодна, што калі б ікона сапраўды рэстаўравалася ў гэты час, то пра гэта ведаў бы хтосьці з мясцовых жыхароў.

І вось што цікава, што менавіта ў 1843 г. адбыўся адзін важны эпізод у гісторыі абраза - з яго была зроблена копія: «... уездный исправник отозвался, что до него дошла молва, будто бы с Шумячской Божией Матери снята была помещиком Валерианом Голынским копия чрез живописца, проживающего в местечке Хотимске, отстоящем от Климович в 60 вёрстах…«. У Хоцімску быў знойдены і апытаны гэты мастак, які паведаміў наступнае: « Андреем меня звать, Козмин сын, от роду имею 49 лет, веры православной ... грамотный, местечка Хотимска крестьянин собственник, на спрос Ваш честь имею объяснить, что занимаюсь живописью, и в 1843 году бывший наш помещик Михаил Иванович Голынский заставил меня снять копию с иконы Божией Матери, находящейся в то время в каплице в местечке Шумячах, с тем, чтобы все тени на копии были положены теже самые, что и на оригинале, и чтобы размеры образа были теже самые. По снятии копии с иконы я по приказании главы управляющего имениями Голынского Гаврилова повесил таковую на стену в каплице в Шумячах, украшений на копии никаких не было, а подлинную икону Божией Матери по снятии с неё копии поставили на олтарь в каплице. На иконе была серебрянная риза с разными украшеними и таблицами, под серебрянной ризой сначала был голубой бархат, а в 1843 году пожертвовал под ризу красное сукно бывший конторщик Матковский. Для какой надобности заставил меня Михаил Иванович писать копию с иконы Божией Матери я не знаю и где таковая теперь находится я тоже не знаю»[2, арк. 58].

У расповедзе мастака двойчы згадваецца цікавая для нас дата. Так, у 1843 г. на цудадзенйы абраз было паахвяравана чырвонае палатно, якое накладалася на жывапіс пад шату, а таксама была напісана копія. Можна дапусціць, што надпіс на абразе быў зроблены тады, калі да іконы была прымацавана новая тканіна. Аднак на нашую думку, гэтая дата датычыцца часу напісання копіі. І менавіта копія, выкананая ў 1843 г., і знаходзілася ў касцёле пад час правядзення следства, менавіта яна была апісана правяраючымі і менавіта з яе была знята калька. На гэта ўказвае не толькі прыведзены вышэй надпіс з датай. Пра гэта сведчаць стылістычныя рысы выявы, прадстаўленай на кальцы, пра што размова вялася вышэй. А асабліва звяртае на сябе ўвагу ў апісанні абраза згадка пра шныр на шчацэ Божай Маці.

Так, правяраючыя адзначылі, што ён намаляваны цёмнай фарбай. А з гісторыі шумяцкай святыні вынікае, што гэтая драпіна з'явілася тады, калі злодзеі хацелі скрасці каштоўныя воты. Не вядома, ці сапраўды меў месца такі эпізод, але відавочна, што на шчацэ Божай Маці шныр не быў намаляваны, а з'явіўся пазней у выніку асыпання фарбавага слою. Пры чым, паводле словаў шумяцкага старажыла, яго некалькі разоў замалёўвалі. А гэта значыць, што «рэстаўратары» імкнуліся зрабіць яго незаўважным. У пратаколе ж праверкі адзначаецца адваротнае. На нашую думку, гэтаму можа быць наступнае тлумачэнне: жывапісец Андрэй Казьмін дакладна перамаляваў выяву, а тое месца, дзе на пратографе была пашкоджана фарба, на копіі ён паказаў цёмным колерам.

І яшчэ адзін аргумент гаворыць на карысць выказанай думкі: не вядомае месца знаходжання «копіі». Па-першае, пра яе існаванне амаль ніхто не ведаў, тады як пра іншыя спісы цудадзейнага шумяцкага абраза, якія знаходзіліся ў цэрквах наваколля, нязменна адзначаецца (да іх мы звернемся ніжэй). Нават следчыя па справе, пачынаючы вывучэнне пытання пра копію, падкрэсліваюць, што да іх пра яе «дошла молва». А гэта значыць, што пра існаванне копіі ведалі адзінкавыя асобы. А пры гэтым жывапісец, які яе выкананаў, гаворыць, што павесіў яе на сцяне ў той жа капліцы, дзе быў і пратограф. Калі б там гэтая копія працягвала знаходзіцца далей, то, канешне, прыхаджане абавязкова пра яе існаванне ведалі і гэта было б адлюстравана ў справе.

Дарэчы, у дадзеную тэчку дакументаў падшыты і пратакол агляду гэтай капліцы, аднак згадак там пра такога кшталту абраз няма [2, арк. 70-70 адв.]. У іншых храмах дадзенай мясцовасці такога твора таксама не было, хаця і існавалі спісы, зробленыя ці то з «Божай Маці Балыкінскай», ці то з «Божай Маці Шумяцкай». Усе яны мелі пэўныя адрозненні. Так, напрыклад, пры аглядзе шумяцкай прыхадской царквы было адзначана: « в иконостасе холодной церкви и в тёплой на особом столе иконы с изображением Божией Матери, имеющими сходство с тем образом, который находится в Шумячском костёле, кроме одежды на младенце Иисусе, которая находится на изображении на образе в церкви, и которой нет на образе в костёле» [2, арк. 51-51 адв.].

Святар суседняй царквы ў Дубовіцах, даведаўшыся пра правядзенне следства, рапартаваў пра наяўнасць і ў ягоным храме абраза такой іканаграфіі. Правяраючыя ў выніку агляду гэтай бажніцы ў пратаколе адзначылі наступнае: «... образ Божией Матери ... того же письма, как и образ в Шумячском костёле, но видно, что в недавнее время возобновлен. Различие этого образа от шумячского заключается в том только, что младенец Иисус в одежде, и вверху образа написаны предстоящие ангелы, по сторонам греческая надпись в сокращённом виде Mᶇtys Өԑ8 (напэўна, так Μητγς Θεου ) и не имеется кругом венца звёзд и сам венец не зубчатый» [2, арк. 52 адв. - 53].

Таму, з улікам прыведзеных вышэй акалічнасцяў, нам бачыцца верагодным, што менавіта копія, напісаная ў 1843 г. хоцімскім жывапісцам Андрэем Казьміным, па ініцыятыве памешчыка Галынскага заняла месца ў галоўным алтары капліцы замест цішком прыбранага адтуль цудадзейнага абраза. Пазней менавіта яна была перанесена ў касцёл, і менавіта яе аглядалі следчыя па дадзенай справе. Чым кіраваўся памешчык Галынскі, які падмяніў цудадзейны пратограф копіяй, складана сказаць. Магчыма, ён разумеў, што шансаў пакінуць гэтую святыню ў каталіцкай капліцы не будзе і таму пайшоў на такую хітрасць. Зараз цяжка меркаваць пра магчымыя матывы яго ўчынкаў.

Завяршаючы расповед пра лёс абраза «Божай Маці Шумяцкай» трэба сказаць, што вынікаў усёй апісанай вышэй справы стала тое, што не толькі гэтая святыня была аддадзена праваслаўным, а ўвогуле ў праваслаўе быў пераасвечаны касцёл, дзе на той момант знаходзіся разглядаемы абраз [2, арк. 65 - 66].

І яшчэ адно пытанне неабходна закрануць у дадзеным артыкуле. Гэта датычыцца жывапісцаў, якія фігуруюць у дадзенай справе. Намі былі ўжо згаданы Пётр Лугоўскі, шумяцкі старажыл, які жыў прыблізна ў 1720-я - 1820-я гг. [2, арк. 47]; Андрэй Казьмін, селянін-уласнік з Хоцімска, 1794-1795 гг. нараджэння, аўтар копіі цудадзейнага абраза «Божай Маці Шумяцкай» [2, арк. 58]. А таксама ў справе згадваецца і трэццяе імя: гэта мастак, які разам з чыноўнікамі наведаў касцёл і зняў кальку з разглядаемага абраза - жывапісец Лугоўскі (імя не згадваецца) [2, арк. 32-32 адв.]. Відавочна, што ён з'яўляецца нашчадкам Пятра Лугоўскага: у ранейшыя часы творчыя дынастыі былі вельмі пашыранымі. А акрамя таго, абодва жывапісцы Лугоўскія былі шумяцкімі местачкоўцамі, што таксама не можа быць выпадковасцю, а сведчыць пра іх прыналежнасць да аднаго роду. На жаль, ні пра воднага з гэтых творцаў ніякіх дадатковых звестак, акрамя таго, што ўжо прадстаўлена ў справе, знайсці не ўдалося. У рэвізскіх сказках мястэчкаў Клімавіцкага павета іх імёны не згадваюцца.

Такім чынам, варта адзначыць, што ў выніку праведзенага даследавання было ўстаноўлена існаванне абраза «Божай Маці» у мястэчку Шумячы Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні, які шанаваўся як цудадзейны. Было вызначана паходжанне іканаграфіі гэтага твора: ён з'яўляецца спісам абраза «Божай Маці Балыкінскай». Былі выяўлены іншыя, страчаныя на цяперашні час, выявы гэтага ж зваду. Была здзейснена спроба рэканструкцыі гісторыі старачанай на цяперашні час шумяцкай святыні. Як гіпотэзу можна выказаць думку, што ў 1860-ыя гг., калі паміж каталікамі і праваслаўнымі вялася барацьба за цудадзейны абраз, то ў эпіцэнтры падзей апынулася не старая шануемая вернікамі выява, а - яе копія, зробленая ў 1843 г. па загадзе мясцовага памешчыка Галынскага.

Акрамя таго ў навуковае карыстанне была ўведзена каштоўная іканаграфічная крыніца - калька, знятая з абраза «Божай Маці Шумяцкай», а таксама ўпершыню ў мастацтвазнаўчы і гістарычны ўжытак былі ўведзены імёны трох невядомых на цяперашні час жывапісцаў.

Крыніцы і літаратура:

1. Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акдэміі навук Беларусі. - КП 8029. - Абраз «Божая Маці Балыкінская», XVIIІ ст.; дошка, тэмпера, алей; 78,5х48,5х2,5 см.

2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей - НГАБ). - Ф. 2001. - Воп. 2. - Спр. 168. - Дело о закрытии в Климовичскому уезде Шумячской каплицы и передаче хранившейся там иконы Божией Матери в православное ведомство. - 1864 - 1868.

3. НГАБ. - Ф. 2151. - Воп. 1. - Спр. 114. - Рэвізскія сказкі сялян і мяшчан Клімавічаў і Клімавіцкага павета. - 1858 г.

4. Поселянин, Е.Н. Богоматерь. Полное иллюстрированное описание Ее земной жизни и посвященных Ее имени чудотворных икон. - СПб., 1914. - 800 с.

5. Православная энциклопедия. Т. 4. Афанасий - Бессмертие. - Москва, 2002. - 753 с.

6. Росийский государственный исторический архив (далей - РГИА). - Ф. 823. - Оп. 3. - Д. 519. - Protokoł wizyt diecezyi Mscisławskiey. - 1732 - 1736.

7. РГИА. - Ф. 824. - Оп. 2. - Д. 182. - Wizyty dekanatów Mscisławskiego, Zapolańskiego i Zasożskiego protopresbyteryi Mscisławskiey. - 1822 - 1823.

Ілюстрацыі

Малюнак 1 - аркуш "Божая Маці Шумяцкая", 1865 г. Папера, раствор для пратручвання; ПАМЕРЫ НЕ ВЕДАЮ.

Малюнак 2 - абраз "Божая Маці Балыкінская", ХVІІІ ст. Дошка, тэмпера, алей; 78,5 х 48,5 х 2,5 см. Паходжанне не вядома (з даваенных збораў Беларускага дзяржаўнага музея, цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акдэміі навук Беларусі).

Малюнак 3 - абраз "Божая Маці Балыкінская", ХІХ ст. Палатно, алей; 77 х 61 см. Паходзіць з г. Старадуб Бранскай вобласці Расіі (захоўваецца ў прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага).



[1] Аўтар выказвае шчырую падзяку Д.В. Лісейчыкаву за прадастаўленую электронную копію дадзенай калькі.

[2] Аўтар выказвае шчырую падзяку І.В. Сурмачэўскаму за прадастаўленую магчымасць азнаёміцца з яго калекцыяй.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX