Вярнуцца: Рэха мінуўшчыны

Прадмова


Дадана: 26-02-2012,
Крыніца: Рэха мінуўшчыны, Мінск, 2011.

Спампаваць




У 2010 г. пабачыў свет першы выпуск зборніка навуковых артыкулаў "Рэха мінуўшчыны". Пад вокладкай гэтага зборніка знайшлі сваё месца рознабаковыя навуковыя напрацоўкі гарадзенскіх студэнтаў-гісторыкаў, прысвечаныя самым розным пытанням сусветнай і беларускай гісторыі. Гісторыя косаўскага канфлікта, рэлігійныя пытанні ў дзейнасці Беларускага пасольскага клубу, гістарычныя погляды Вацлава Ластоўскага, дзейнасць пажарнай каманды ў Гродне ў ХІХ ст. - вось няпоўны пералік тых праблем, якія разглядаліся на старонках "Рэха мінуўшчыны". Выданне зборніка было сустрэта даволі станоўчымі водгукамі як з боку студэнтаў, так і прафесійных гісторыкаў, што і абумовіла неабходнасць працягу праекта Студэнцкага навуковага таварыства факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДУ імя Янкі Купалы ў далейшым. Тая абмежаванасць магчымасцяў публікацыі вынікаў сваіх адкрыццяў і даследаванняў, якая сёння мае месца ў студэнцкай навуцы, яшчэ больш падштурхнула нас да дасягнення сваёй мэты.

І вось вы трымаеце ў руках другі выпуск нашага гадавіка. У параўнанні з мінулым выпускам значна пашырыўся тэматычны спектр дасланых артыкулаў, што прадвызначыла з'яўленне новых раздзелаў. Як і планавалася раней, з'явіўся раздзел "Археалогія", дзе змяшчаюцца артыкулы адпаведнай тэматыкі. Працы па аналізу палітычнай сітуацыі ў сучасным свеце і ў Беларусі склалі асноўную частку новага раздзела пад назвай "Палітычны лікбез". Спецыяльна для гэтага выпуска быў створаны асобны раздзел для даследаванняў па гендернай гісторыі. Актуальнасць і перспектыўнасць такога падыходу пры вывучэнні мінулага не выклікае сёння ні ў каго сумніву. У астатніх раздзелах таксама пашырылася колькасць артыкулаў і іх тэматычная разнастайнасць. Студэнты Г. Радзюль, А. Пікаловіч, А. Весялуха, М. Супрон і інш. працягнулі распрацоўваць тыя пытанні, якія закранулі ў першым выпуску.

Акрамя тэматыкі, пашырыўся і геаграфічны дыяпазон аўтараў "Рэха мінуўшчыны". На прапановы прыняць удзел у выданні другога выпуска шчыра адгукнуліся студэнты з Мінска (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт) і Брэста (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Пушкіна). На наш адрас была даслана вялікая колькасць артыкулаў з гэтых гарадоў, што яшчэ раз пацвярджае і адлюстроўвае тую навуковую прагу, якую мае супольнасць студэнтаў-гісторыкаў краіны. Спадзяюся, што гэты вопыт студэнцкай інтэграцыі не будзе пакладзены на пыльную паліцу нашымі будучымі спадкаемцамі, а будзе з кожным годам развівацца і ўмацоўвацца.

Як заўсёды, хачу выказаць словы шчырай падзякі ўсім, хто спрычыніўся да выхаду другога выпуска зборніка "Рэха мінуўшчыны". І перш за ўсё ўдзячнасць накіравана фундатарам, якія матэрыяльна дапамаглі рэалізаваць усе нашыя памкнені. Гэта ПУП «Арэгон», ПУП «Аграрыум» і кампанія «Белветагра», якая таксама ўнесла значную лепту ў выданне зборніка. Можам вас запэўніць, што вашыя інвестыцыі ў моладзевы капітал не згінуць бясследна і выльюцца ў значныя дывідэнды для нашага грамадства, краіны, для ўсяго свету.

Выказваю падзяку кіраўніцтву факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, якое дапамагала Студэнцкаму навуковаму таварыству ў выданні зборніка, а таксама ўсім аўтарам, якія падалі свае артыкулы ў "Рэха мінуўшчыны". Сапраўды ўсе мы робім вялікую справу - справу пошука праўды і адкрыцця таямніц нашай гісторыі. Дык давайце ж не будзем пакідаць гэтую справу і надалей!

А.С. Горны , старшыня СНТ факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДУ імя Янкі Купалы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX