Вярнуцца: Рэха мінуўшчыны

Гістарыяграфія і крыніцазнаўства


Дадана: 26-02-2012,
Крыніца: Рэха мінуўшчыны, Мінск, 2011.

Спампаваць




КАРЦІНА МІНУЛАГА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў ТВОРАХ АЎГУСТЫНА РАТУНДА

КАНЦЭПЦЫЯ «АДЗІНСТВА» Ў РЭЛІГІЙНАЙ ПУБЛІЦЫСТЫЦЫ

ПЯТРА СКАРГІ

ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ АБ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКІХ АДНОСІНАХ


ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦАЗНАЎСТВА

УДК 94/474/476/ВКЛ "12/15":930.2

Я.С. Глінскі
(Мінск, БДУ)

КАРЦІНА МІНУЛАГА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў ТВОРАХ АЎГУСТЫНА РАТУНДА

Августин Ротундус Мелеский (около 1520 - 1582) - общественный деятель и публицист католической направленности - был автором неизданной и несохранившейся «Истории Литвы». В статье сделана попытка восстановить взгляды А. Ротунда на прошлое Великого княжества Литовского через рассмотрение анонимных произведений - «Беседа Поляка с Литвином» и «Короткое изложение о князьях Литвы», которые атрибутированы в исторической науке как написанные им. Для оправдания политической системы ВКЛ А. Ротундус подчеркивает роль католического крещения Литвы как того, что приобщило ВКЛ к христианскому миру, а значит, по его мнению, даровало подлинную свободу, отличную от польской «вседозволенности». Кроме того, автор обращается к мифологизированному описанию возникновения ВКЛ - т.н. «римской легенде», чтобы также показать превосходство государственного устройства ВКЛ над польским. В «Коротком изложении» А. Ротундус первым придал «римской легенде» ярко выраженный династический ягеллонский окрас, отбросив (хоть и не полностью) характерную для белорусско-литовских летописей промагнатскую направленность.

Аўгустын Ратундус Мялескі (каля 1520 - 1582) - віленскі войт, сакратар Жыгімонта ІІ Аўгуста, доктар абодвух правоў, быў вядомым грамадскім дзеячам і публіцыстам каталіцкай скіраванасці, але тым не менш набліжаным да лідара кальвіністаў ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага [1, с. 117 - 118; 2, с. 65]. Адзначыўся Ратундус і тым, што яму належыць першая спроба стварэння пазалетапіснага наратыву па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага - т. зв. «Гісторыя Літвы», інспіраваная Жыгімонтам ІІ, але ці нявыдадзеная, ці нават недапісаная [2, с. 65]. Тым не менш, існуюць творы, якія дазваляюць акрэсліць погляды дадзенага аўтара на мінулае ВКЛ. Гэта «Размова Паляка з Літвінам» і «Кароткі аповед пра князёў Літвы».

«Размова Паляка з Літвінам» [3] - ананімны твор, напісаны паміж 1564 і 1566 гг. як адказ на «Quincunx» польскага публіцыста Станіслава Ажахоўскага (1513 - 1566) [4, с. 224, 230]. Апошні ў сваім творы падкрэсліваў перавагі дзяржаўнага і грамадскага ладу Польшчы над адпаведнымі прыкладамі з ВКЛ на падставе супрацьпастаўлення заснаванай на выбарнай манархіі польскай «волі» і літоўскай «няволі» пад спадчыннай уладай вялікага князя [5, с. 70]. Рабілася гэта дзеля заахвочвання ВКЛ да больш шчыльнай уніі з Польшчай і пераймання яе палітычных узораў [4, с. 224]. Такія ідэі падмацоўваліся і аргументацыяй гістарычнага характару, накшталт акцэнтуацыі ўнутрыпалітычных праблем на працягу ўсяго існавання Вялікага Княства: «Не нарадзіла ніколі Польшча ні Мусіла, які ў Гродне на Казіміра замахваўся, ні Глінскага, які Жыгімонту здрадзіў, ні Войціка і Віктарына ніякіх, якія з-за сваёй здрады гаспадару ў Вільні нядаўна пакараны смерцю» [5, с. 73].

Як адказ на «антылітоўскія» творы Ажахоўскага Мікалай Радзівіл Чорны, верагодна, інспіраваў стварэнне «Размовы». Што яе аўтарам быў менавіта А. Ратундус, пацвярджаецца тэкстуальнымі супадзеннямі з безумоўна яго працамі і пэўнымі біяграфічнымі момантамі, якія ўзгадваюцца ў тэксце [1, с. 136 - 141; 3, с. VI - VII]. Зрэшты, выказваюцца думкі, што прынамсі сааўтарам «Размовы» быў вядомы кальвінскі дзеяч ВКЛ, правазнавец Андрэй Волян [6, с. 240]. Але апошні не адзначыўся цікавасцю да гісторыі ВКЛ, а ў сваіх творах, калі сягае да прыкладаў з мінулага, то абмяжоўваецца антычнай і біблійнай гісторыяй (гл. [7; 8]). Таму якраз «гістарычныя» партыі ў творы, відаць, належалі пяру А. Ратунда.

Натуральна, у «Размове» яе аўтар паспрабаваў абвергнуць тэзісы Ажахоўскага, у тым ліку і ў дачыненні да мінулага ВКЛ. Так, непаспалітае значэнне ў канцэпцыі Ажахоўскага адыгрывала тое, што ў Польшчы, як сцвярджаў публіцыст, свецкая ўлада кантралюецца з боку духоўнай, якая і карануе ўладара [9, с. 22 - 23]. Таму і ў «Размове» вялікая ўвага нададзена рэлігійнаму фактару. Пры гэтым цэнтральнае месца ў гэтым плане займае хрышчэнне Літвы па каталіцкім абрадзе пасля Крэўскай уніі (1385 - 1386 гг.). Менавіта гэты факт служыць адным са сродкаў збіцця аргументу Ажахоўскага аб літоўскай «няволі», бо, як кладзе аўтар «Размовы», пасля хрышчэння літвіны сталі «вольнымі і свабоднымі людзьмі, роўнымі ўсім народам хрысціянскім» [3, с. 3]. Такім чынам, для Аўгустына Ратунда менавіта каталіцкае хрышчэнне робіцца мяжой паміж двума перыядамі гісторыі ВКЛ. Паганскія часы аўтар выстаўляе як тое, да чаго, сапраўды, падыходзіць азначэнне «няволі»: «Княства Літоўскае пакуль не прыняло веры хрысціянскай, было сапраўднай няволяй» - але тое ж датычыць і іншых дзяржаў, у тым ліку Польшчы, якія таксама калісьці былі нехрысціянскімі [3, с. 24]. Калі ў Ажахоўскага канцэпт «волі» паходзіць са шляхецкага характару Польскай дзяржавы і кантралюючай ролі Касцёла, то Ратундус, які не мог вывесці літоўскую «волю» з рэальных ці нават уяўных грамадскіх практык ВКЛ (сам прызнае і больш за тое ўхваляе перавагу двух-трох арыстакратычных родаў у Княстве [3, с. 41]), адносіць «волю» да катэгорый, дадзеных самім далучэннем Літвы да свету заходняга хрысціянства.

Згодна з такой пазіцыяй, гісторыя дахрысціянскай Літвы супрацьпастаўляецца гісторыі пасля хрышчэння. Так, сцвярджаецца, што выпадак, апісаны «ў вашых [польскіх] хроніках», калі па загадзе ўладара два літвіны павесіліся самі, «хутчэй быў за паганскімі часамі, калі наогул быў» [3, с. 12 - 13]. Верагодна, калі згадвае польскія хронікі, аўтар ведаў, што гэты эпізод, звязаны з вялікім князем Вітаўтам, адбыўся падчас Вялікай вайны 1409 - 1411 гг. [10, с. 20 - 22], г.зн. пасля каталіцкага хрышчэння. Але ў канцэпцыі Ратунда такі ганебны для шляхецкай годнасці спосаб пакарання не мог быць ужыты пасля хрышчэння, якое і прынесла ВКЛ «волю», таму і аднесены да «нявольных» часоў паганства.

Такая эксплікацыя ролі каталіцкага хрышчэння Літвы - плён уласнай рэфлексіі А. Ратунда над гісторыяй ВКЛ. Гэтая думка ніяк не заснавана на інфармацыі з беларуска-літоўскіх летапісаў. Першы летапісны звод, а за ім і «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» суха канстатуюць, што пасля хрышчэння Ягайлы «оттоле начаша крестити Литву в латынскую вЂру» [11, с. 64]. «Хроніка Быхаўца» дадае больш падрабязнасцяў (пра фундаванне біскупстваў, імя віленскага біскупа - Мацей), але асабліва спыняецца на хрышчэнні Жамойціі, падкрэсліваючы ролю не Ягайлы, а Вітаўта: «y dla toho nazwan iest Witolt wtory apostoł bożyi, iż on z takoho okrutnoho pohanstwa nawernuł tyie zemli na weru chrystianskuiu» [12, с. 151].

Але ў іншых месцах «Размовы» Ратундус прама звяртаецца да беларуска-літоўскіх летапісаў, называючы іх «нашы хронікі» і «нашы старыя хронікі, напісаныя па-руску» [3, с. 67].

Зрэшты, прачытанне А. Ратундам летапісных тэкстаў мела відавочныя асаблівасці. Спачатку трэба сказаць, што Ратундус выстаўляе летапісы як аўтарытэтную крыніцу, падкрэсліваючы гэта эпітэтам «старыя». Тым не менш, аўтар «Размовы» не літаральна паўтарае тэкст летапіснай «рымскай легенды» (а акурат яна яго і цікавіць). Па-першае, ён спрабуе яго верыфікаваць і ўдакладніць. Так, сцвярджае, што правадыра рымлян іменавалі не Палемон, а Публій Лібон, «якога нашы памылкай літар у падобныя літары змяніўшы Палемонам завуць» [3, с. 67]. Трубы, ад якіх пайшла па легендзе назва «Літва», «да гэтых часоў у нас між сялян чуем, [якія] накшталт тых рымскіх кіёў, альбо курватур, якія паганскія біскупы да пасвячэння ў цырымоніях ужывалі» [3, с. 68]. У летапісах «трубы дубасныя» ніяк з рымскімі звычаямі не звязваліся. Дарэчы, апеляцыя пры тлумачэнні тых ці іншых рэчаў да «Рыму» была шырока распаўсюджаным ходам у XVI ст. Так, Міхалон Літвін сцвярджае, што літвіны «практыкаваліся ў вайсковай справе згодна са звычаем сваіх рымскіх продкаў» [13, с. 91], а ў «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага падчас абрання Войшалка літоўскія «паны, князі і баяры [...], трымаючыся знатнасці, звычаяў і першапачатковых якасцяў свайго народу, які, пачаўшы ад Палемона і Дарспрунга, князёў рымскіх, [...] ніколі чужых уладароў над сабою не меў і не ведаў» [14, с. 300]. Заўважым, што, як і ў выпадку з «трубамі дубаснымі», летапіс ніяк увакняжанне Войшалка з рымскімі традыцыямі не знітоўвае.

Таксама, відаць, Ратунда хвалявала і праблема невялікай колькасці пакаленняў рымскіх уладароў у Літве і Жамойціі, таму «летапісны» ўнук Палемона Кернус ператварыўся ў проста «нашчадка» Цэрнуса [3, с. 67]. Нельга не адзначыць і лацінізацыю імёнаў - Публій Лібон, Цэрнус, Вікунтус, Свінтаўрус - хоць яна і не была паслядоўнай.

Па-другое, А. Ратундус інакш, чым у летапісах, інтэрпрэтаваў розныя падзеі. «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» не акрэслівае, ці былі жыхары ў Жамойціі і Літве да рымлян. Ян Длугаш, між іншым, пісаў, што гэтыя тэрыторыі не былі заселены [15, с. 446]. А. Ратундус у сваю чаргу сцвярджае, што рымляне «засялілі [...] усе месцы, адныя пустыя, іншыя населеныя пад сябе падбілі, якія называліся Sudinos, цяпер - Smudinos называем старым словам» [3, с. 67]. З фрагменту незразумела, ці гэта ў Жамойціі дзе-нідзе было насельніцтва, ці гэта менавіта Жамойція была раней заселена. Але гэты пасаж, верагодна, не меў глыбокага ідэалагічнага напаўнення. Інакш з наступнымі дадаткамі. Так, летапіснага заснавальніка Наваградка Эрдзівіла А. Ратундус ператварыў у Радзівіла, які да таго ж перамог татар, чаго няма ў летапісе [3, с. 68]. Калі прыняць гіпотэзу О. Галецкага аб жаданні Мікалая Радзівіла Чорнага стаць вялікім князем літоўскім (гл. [16, с. 15]), то можна зрабіць далёкасяжныя высновы аб палітычным значэнні «Размовы». Але так ці інакш з'яўленне «рымскай легенды» ў «Размове» сведчыць, што яна ў перапрацаваным выглядзе была прынята і Радзівіламі.

Далей Ратундус паведамляе, што Русь добраахвотна паддалася Радзівілу, а русіны сталі ў Літвы значнымі людзьмі, таму апошняя і пераняла «рускую» мову [3, с. 68]. У другім летапісным зводзе нічога не сказана пра характар падпарадкавання Русі Эрдзівілам, але пасля апісаны шматлікія перамогі літвінаў над Руссю, пасля адной з якіх «въскричала Русь великым голосом и c плачем, иж так окрутне вси суть побиты от безвЂрное литвы» [11, с. 130]. Міхалон Літвін у гэтым жа пытанні не меў сумненняў: нашчадкі рымлян «падпарадкавалі суседні народ яцвягаў, потым раксаланаў, ці рутэнаў» [13, с. 86]. «Размова» пісалася ў 1564 годзе, калі ішла вайна з Масквою, якая выстаўляла прэтэнзіі на ўсходнеславянскія землі ВКЛ - магчыма, у такіх умовах выпадала падкрэсліць не захоп, а мірнае паяднанне Літвы і Русі.

Калі папярэднія выпадкі выяўляюць толькі спробы інтэрпрэтацыі звестак летапісу, то далейшы выклад генеалогіі літоўскіх князёў з'яўляецца містыфікацыяй ужо і так містыфікаванай у летапісах карціны мінулага. Згодна з «Размовай», Палеманіды не згаслі на Рынгальце (пар. спіс Красінскага: «[Рынгальт] пришед до Новагородка, и рознеможеся, и умре без плоду; тут ся доконал род княжати римского Полемона» [11, с. 131]), а праз бакавую лінію (пра якую няма паведамленняў у летапісах) «разрадзіліся на Жамойціі і ў простую шляхту ператварыліся» [3, с. 69], з якой і выйшаў Віцень, з той нагоды названы аўтарам «прыроджаным панам у Літве» [3, с. 69]. Такім чынам, род Палемона панаваў у ВКЛ, паводле Ратунда, і ў XVI ст. Што такая генеалогія была ўласнай прыдумкай Ратунда, сведчаць імёны продкаў Віценя, якія былі «простай шляхтай»: Скірмунт (Scyrumut), Мінгайла (Mingajło), Транята (Troniat), Гімбут (Gnumbut), Глеб (Chleb), Гірмунт (Girmunt), Берэоль (Bereol), Арыцын (Arycyn). Акрамя двух апошніх, гэтыя імёны пазычаны з пераліку князёў з «рымскай легенды» летапісаў. Акрамя таго, у «Кароткім выкладзе пра князёў Літвы» 1576 г., які, верагодна, таксама належыць аўтарству А. Ратунда гэткага радаводу няма.

Мэты, з якімі ў летапіснай легендзе панаванне спачатку перайшло ад Палеманідаў да прадстаўнікоў гербу Кітаўрус, а пасля да ўладальнікаў гербу Калюмны, мабыць, палягалі на ўзвышэнні знаці, якая прыпісвала сябе да гэтых гербаў, г. зн. адпаведна Гальшанскіх і Гаштольдаў. У сваю чаргу, злучэнне Ягелонаў з Палемонам у «Размове» мела на мэце зрабіць літоўскую кіруючую дынастыю больш старажытнай і неперарванай, гэта значыць, паказаць перавагі палітычнай сістэмы ВКЛ над польскай, у тым ліку ў сферы прэстыжу. Дзеля гэтага далучаны і аргументы з галіны тэалогіі: узгадваюцца касцельныя спевы («Quia nobis natus, quia nobis datus» - «Таму што нам народжаны, таму што нам дадзены» [3, с. 69]), што празрыста прыпадабняе спадчыннага ўладара да Ісуса Хрыста, і далей «Ісусу Хрысту, каралю іудзейскаму, дзякуем, што нам Літве даў на прыклад і ўзор свайго каралеўства свайго караля, прыроджанага пана з найстаражытнейшай галіны заснавальніка і фундатара роду нашага Публія Лібона» [3, с. 74].

Як ужо адзначалася, беларуска-літоўскія летапісы прэзентаваліся А. Ратундам як аўтарытэтная крыніца, з дапамогай якой можна было збіваць аргументы польскіх хронік: насуперак выкладзенаму там паданню пра нізкае паходжанне Гедыміна і забойства ім свайго пана Віценя, аўтар «Размовы» сцвярджае, што гэтая памылковая інфармацыя ўтварылася, бо Гедымін, сын Палеманіда Віценя, забіў няўдалага прэтэндэнта на трон, падтрыманага крыжакамі ўнука Даўмонта Дракаліта [3, с. 70]. Пра апошняга летапісы не згадваюць (на такую аргументацыю А. Ратунда, відаць, натхніла «Хроніка зямлі Прускай» Пятра з Дзюсбургу, дзе на баку крыжакоў дзейнічае літвін Драйка [17, с. 159]), але канва аповеду пра Віценя, простага роду, узята з летапісу. Цікава, што ўжо ў беларуска-літоўскім летапісанні Віцень названы «маршалкам», што павінна было, на думку М. Ючаса, супрацьстаяць легендзе аб Віцені-стайніку, па-нямецку «pferdemarschalk» [18, с. 225].

У гэтым фрагменце палягае прынцыповая розніца паміж аргументацыяй беларуска-літоўскага летапісання і «Размовы» А. Ратунда. Першае, фактычна ствараючы пісьмовую традыцыю (характэрная заява Длугаша з сярэдзіны XV ст.: «Гэта не з'яўляецца дакладна вядомай рэччу, бо не знаходзім таго ў ніводнага аўтара, калі і як народ літоўскі і жамойцкі прыбыў да гэтых паўночных краёў» [15, с. 442]), не магло апеляваць да аўтарытэту, таму і пісалася «ex cathedra», без дадатковай аргументацыі. У сярэдзіне XVI ст., калі стваралася «Размова Паляка з Літвінам», крыніцы, якія маглі быць асэнсаваны як якасныя і старадаўнія (уласна летапісы), ужо існавалі - і А. Ратундус аргументаваў свае пабудовы якраз імі.

Але, як бачна з містыфікацыі генеалогіі Віценя, шырокавядомай «рымская легенда» не была, тым больш не была яна «кананізавана», пра што сведчаць шматлікія разыходжанні ў саміх летапісах.

«Кароткі аповед пра князёў Літвы» («Epitome principum Lituaniae») - гэта гістарычны ўступ да лацінскага перакладу Статуту ВКЛ 1566 г., здзейсненага для караля і вялікага князя Стэфана Баторыя. Паколькі паміж гістарычнымі партыямі «Размовы» і «Epitome» існуюць яўныя паралелі (напрыклад, амаль даслоўнае паўтарэнне апавядання пра Гедыміна і Дракаліта) [19, с. 101], то цалкам верагодна, што гэты твор таксама напісаў Аўгустын Ратундус [2, с. 65 - 66; 19, с. 94].

А. Ратундус у «Epitome» працягнуў працу з летапісным матэрыялам, запачаткаваную ў «Размове». Так, яшчэ больш яскрава і адкрыта ён ставіць пад сумнеў некаторыя аспекты летапіснага выкладу. Перадусім гэта датычыцца праблемы храналогіі. Батый і Міндоўг, у адрозненне ад іншых персанажаў «рымскай легенды», згадваюцца і ў іншых крыніцах як асобы з XIII ст., што выклікала ў Ратунда зразумелае пытанне: як ад часоў Нерона і нават Атылы да XIII ст. магло змяніцца толькі 10 пакаленняў [19, с. 98]. Зрэшты, гэта не значыць, што ў «Epitome» выказаны нейкія сумненні ў рымскім паходжанні пануючай дынастыі - ні ў якім разе. Праблема вырашаецца тым, што, напрыклад, Мантвіл абвяшчаецца не праўнукам Публія Лібона ці Палемона, як было ў летапісе, а далёкім нашчадкам («remotiore stirpe») [19, с. 96 - 97]. У пацвярджэнне сваёй думкі пра Публія Лібона як далёкага продка літоўскіх князёў А. Ратундус прыводзіць, што ўжо імёны яго «летапісных» сыноў «здаецца, ніякай сувязі з італьянцамі не маюць» [19, с. 97].

Тым не менш, неабходна аддаць належнае ўважлівасці і руплівасці Ратунда: беларуска-літоўскія летапісы ў розных спісах прыводзяць разнастайныя імёны князёў, адрозніваецца іх храналагічная паслядоўнасць, што і адзначана Ратундам [19, с. 98 - 99]. Але такія сумненні і ўдакладненні не паўплывалі на стаўленне да легенды. Ратундус, выклаўшы асноўныя версіі часу прыбыцця рымлян у Жамойцію, падсумоўвае: «Якая больш слушная, не бяруся ацэньваць спрэчнае, пакуль адно зразумела, што літвіны з'яўляюцца паходжаннем італьянцамі» [19, с. 95].

У дачыненні да Віценя А. Ратундус працягвае сцвярджаць, што, «як сведчыць гісторыя літвінаў (historia Lituanorum), ён паходзіў з Палемонава альбо Лібонава роду Калюмнаў, які ўжо ў простыя дамы шляхціцаў вырадзіўся» [19, с. 100]. Выклікае цікавасць апеляцыя да «Гісторыі літвінаў» - летапісы не адносяць Палемона да роду Калюмнаў і не лічаць Віценя Палеманідам. Пры гэтым безумоўна пазычаныя з летапісання звесткі аўтар пазначае як «lituanica historia scribit» («літоўская гісторыя піша»). Магчыма, пад «historia Lituanorum» мелася на ўвазе напісаная самім Ратундам «Гісторыя Літвы».

Што датычыць сэнсавых зменаў у аповедзе пра Віценя ў параўнанні з «Размовай», то яны абумоўлены выкарыстаннем хронікі Пятра з Дзюсбургу. Паводле гэтага крыжацкага храніста, Віцень быў сынам «караля Літвы» Пукувера (у Ратунда: «Vitenes enim hic, ut Petrus Dusburch historiae Prussorum antiquus scriptor refert, fuit Putinueri, Regis Lituaniae, filius» [19, с. 100]). Заўважым, што Ратундус падкрэслівае аўтарытэтнасць дадзенай крыніцы, адзначаючы, што Пётр - старажытны гісторык Прусіі. Такое несупадзенне летапісных дадзеных і інфармацыі Дзюсбурга (просты шляхціц, хай сабе і Палеманід, і сын караля) не збянтэжыла Ратунда: тое, што Віцень быў сынам караля, «калі гэта праўда», і паходзіў ад Лібона, толькі палегчыла Рымунту [папярэдні вялікі князь] выбар [19, с. 100 - 101].

Яшчэ адзін сюжэт, успадкаваны «Epitome» ад «Размовы» датычыцца ператворанага з Эрдзівіла князя Радзівіла [19, с. 96]. Пры гэтым гісторыя гэтага князя «абрасла» падрабязнасцямі: рускія князі паўсталі супраць Рынгальта, каб адабраць землі, якія продак [Рынгальта] Радзівіл заняў («quam Radivillus atavus occupaverat») [19, с. 98], а ў летапісах ніякай прывязкі менавіта да спадчыны Радзівіла гэты паход рускіх князёў не мае: там проста «хотячи его [Рынгальта] согнати со очизны» [11, с. 131].

Дастаткова знамянальна, што асноўны інтарэс Ратунда ў «Epitome» сканцэнтраваны на падзеях да панавання Ягайлы і Вітаўта. Ды і дзеі гэтых уладароў апісваюцца нешматслоўна: адзначаюцца іх вайсковыя перамогі, для Ягайлы асобна - заснаванне дынастыі і хрышчэнне Літвы, для Вітаўта - зверхнасць над татарамі [19, с. 102]. Далейшыя падзеі пададзены канспектыўна і займаюць толькі прыкладна 1/9 частку тэкста. Такая непрапарцыянальнасць тлумачыцца пры дапамозе заўвагі самога Ратунда, які пра Ягайлу піша: «якімі чынамі знакаміты быў, добра вядома з польскіх хронік» («Quibus gestis clarus fuerit, ex Chronicis Polonicis satis constat») [19, с. 102]. Больш за тое, у частцы пра XV - XVI стст. А. Ратундус дапускае памылкі, якія хутчэй могуць быць растлумачаны неахайнасцю, чым ідэалагічнымі намерамі: пасля Вітаўта адразу ж робіць вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча, а Яна Альбрэхта - і каралём, і вялікім князем, хоць той быў толькі каралём польскім [19, с. 103]. Прынамсі, другі з гэтых фактаў быў шырокавядомы, каб спрабаваць за кошт скажэння атрымаць нейкую карысць.

Але не толькі дастатковасцю звестак польскіх хронік тлумачыцца такая абыякавасць Ратунда да больш блізкага да яго часоў мінулага. Відаць, пэўныя моманты, напрыклад, барацьбу Ягайлы з Кейстутам і Вітаўтам, аўтар абмінуў мэтанакіравана, усё-такі «Epitome» пісалася для Стэфана Баторыя. Непрацяглы выклад «рэальнай гісторыі» ў некаторай ступені тлумачыць сам Ратундус у «Размове», калі, кажучы пра прычыны «разарвання і падваення уніі», адзначае, што «адрознае наша гісторыя ад вашай сведчыць» [3, с. 79]. Відаць, інтэлектуалы ў ВКЛ у сярэдзіне XVI ст. разумелі, што «пралітоўская» гісторыя, занатаваная ў «Хроніцы Быхаўца», будзе ўшчэнт раскрытыкаваная палякамі, таму і звярталіся да «рымскай легенды», малавядомай польскай храністыцы. У гэтым можна бачыць прычыну і адносна малой распаўсюджанасці спісаў тыпу Быхаўца.

Падсумоўваючы, неабходна адзначыць, што ў «Epitome» А. Ратундус бадай што першым надаў «рымскай легендзе» выразна дынастыйна-ягелонскую афарбоўку, адкінуўшы яе першапачатковую прамагнацкую скіраванасць: не згадваюцца 4 роды і 500 шляхціцаў, якія былі паплечнікамі Палемона, як і ўдзел «паноў-радных» у падпарадкаванні Русі (пар. з другім летапісным зводам: [11, с. 129 і далей]). Гісторыя ВКЛ, асабліва ў «Epitome», - гэта гісторыя вялікіх князёў, пра што сведчыць сама назва - «Epitome principum Lituaniae», у той час як другі летапісны звод называўся «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага». У дынастыйным рэчышчы варта разглядаць і абарону публіцыстам высокага паходжання Гедыміна перад звесткамі польскіх хронік [3, с. 69 - 70; 19, с. 101] і высокамаральнае тлумачэнне зыходу Рымунта-Войшалка ў манастыр: «Жадаючы пакутаваць за свой учынак, манахам стаў, бо забіў быў спачатку дзядзьку свайго Даўмонта за тое, што той быў бацьку яго Трайдзена, брата свайго, забіў» [3, с. 69; 19, с. 100]. Але магнацкі «след» у «рымскай легендзе», паводле Ратунда, не знік зусім, на што паказвае выпадак Эрдзівіла-Радзівіла. Акрамя таго, у больш ранняй «Размове» размешчаны шматлікія пахвалы літоўскім панам (напрыклад, [3, с. 30]), што не здзіўляе, калі ўлічыць блізкасць Ратунда да Радзівілаў. Але ў сярэдзіне 70-х гг. XVI ст., калі магутнага Радзівіла Чорнага ўжо не было ў жывых (ён памёр у 1565 г.), у «Epitome» наратыў Ратунда набыў яшчэ большы дынастыйны характар, які досыць зразумелы, бо менавіта ад караля і вялікага князя Жыгімонта ІІ Ратундус атрымаў «заказ» на напісанне гісторыі Літвы [2, с. 65], праявамі гэтай працы і з'яўляюцца гістарычныя сюжэты з «Размовы» і «Epitome».

Таксама на карціну мінулага Вялікага Княства Літоўскага, выкладзеную А. Ратундам у «Размове Паляка з Літвінам», карэнным чынам паўплывала рэлігійная/каталіцкая заангажаванасць яе аўтара, які не звярнуў увагі на старадаўняе праваслаўнае хрышчэнне ўсходнеславянскіх зямель ВКЛ і структурныя змены ў гісторыі дзяржавы знітаваў з каталіцкім хрышчэннем як станоўчым і пачатковым пунктам і Рэфармацыяй, якая яму падавалася адмоўнай з'явай.

У гістарычным наратыве А. Ратунда асноўная ўвага нададзена легендарнай гісторыі Літвы, а таксама каталіцкаму хрышчэнню, што перадусім было абумоўлена палітычнымі задачамі яго твораў. Але не апошнюю ролю ў цікавасці публіцыста да «рымскай легенды» адыграла тое, што яна, амаль не закранутая ў польскіх хроніках, давала магчымасць разгарнуць на яе глебе сваю аргументацыю ў польска-літоўскіх спрэчках. Характэрна, што на Варшаўскім сойме 1564 г., калі спрачаліся аб «рэальнай» падзеі - Грунвальдскай бітве і ўнёску ў перамогу літвінаў і палякаў - абодва бакі звярталіся толькі да польскіх хронік [20, с. 47 - 48]. Тым не менш летапісы і іх звесткі давалі Ратунду магчымасць апеляваць да аўтарытэту («нашыя старыя хронікі, напісаныя па-руску» [3, с. 67]), а значыць падмацоўвалі яго гістарычныя пабудовы.

Augustyn Rotundus Mieleski was an author of unpublished and disappeared History of Lithuania . But at this article his view on history of the GDL is restored from Conversation of Pole and Lithuanian and Epitome Principum Lituaniae . At Conversation Rotundus showed Lithuania's Catholic Christ as a central moment at history of Lithuania. Another main theme of Rotundus' historical discourse is an early (and legendary) history of the Grand Duchy of Lithuania. It emphasized superiority the GDL over Poland. At Epitome for the first time the author had created dynastic jagiellonian history of the GDL.


Спіс крыніц і літаратуры

1. Baryczowa, M. Augustyn Rotundus Mieleski, wójt wileński, pierwszy historyk i apologeta Litwy / M. Baryczowa // Ateneum Wileńskie. - 1936. - № 11. - S. 117 - 172.

2. Jakubowski, J. Studya nad stosunkami narodowościowemi na Litwie przed Unią Lubelską / J. Jakubowski. - Warszawa: Nakład Towarzystwa naukowego Warszawskiego, 1912. - 104, VI s. - (Prace Towarzystwa naukowego Warszawskiego. Wydział II nauk antropologicznych, społecznych, historyi i filozofii. № 7).

3. Rozmowa Polaka z Litwinem / wyd. J. Korzeniowski. - Kraków: W Drukarni C.K. Uniwersytetu Jagiellońskiego, 1890. - VIII, 91 s. - (Biblioteka Pisarzów Polskich. T. 11).

4. Бортнік, І.А. Сацыяльна-палітычныя ідэі ў ананімным творы «Размова Паляка з Літвінам» / І.А. Бортнік // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. - Вып. 2. - Минск, 2009. - С. 224 - 243.

5. Orzechowski, S. Quincunx, to jest Wzór korony polskiej na cynku wystawiony, przez Stanisława Orzechowskiego Okszyca z Przemyskiej ziemi i na kolędę posłom koronnym do Warszawy na nowe lato roku pańskiego 1564 posłany / S. Orzechowski; wyd. K.J. Turowskiego. - Kraków: Nakładem Wydawnictwa Biblioteki Polskiej, 1858. - 113 s.

6. Мыльников, А.С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы: Представления об этнической номинации и этничности XVI - начала XVIII века / А.С. Мыльников; Рос. акад. наук, Музей антропологии и этнографии им. Петра Великого (Кунсткамера). - СПб.: Петербургское Востоковедение, 1999. - 400 с.

7. Волан, А. Прамова да сената Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, або якім павінна быць праўленне дабрачыннага караля (1573) / А. Волан; пер. А.Я. Цукермана і С.А. Падокшына // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 2002. - № 20. - С. 234 - 242.

8. Волян, А. Пра дзяржаўнага мужа і яго асабістыя дабрачыннасці / А. Волян; пер. У. Шатона // Спадчына. - 1991. - № 6. - С. 95 - 102; 1992. - № 1. - С. 90 - 98.

9. Orzechowski, S. Dyalog, albo rozmowa około exekucyi Polskiej korony, przez Stanisława Orzechowskiego / S. Orzechowski; wyd. K.J. Turowskiego. - Kraków: Nakładem Wydawnictwa Biblioteki Polskiej, 1858. - 106, IV s.

10. Długosz, J. Jana Długosza kanonika krakowskiego Dziejów Polskich ksiąg dwanaście: 4 t. / J. Długosz; przekład K. Mecherzyńskiego. - Kraków: W drukarni «Czasu» W. Kirchmayera, 1867 - 1869. - T. 4. Ks. XI, XII. - 1869. - 678, XXIII s.

11. Полное собрание русских летописей / Акад. наук СССР, Ин-т истории СССР; отв. ред. Б.А. Рыбаков. - Т. 35: Летописи белорусско-литовские / сост., авт. предисл. и ред. Н.Н. Улащик. - М.: Наука, 1980. - 305 с.

12. Полное собрание русских летописей / Акад. наук СССР, Ин-т истории СССР; отв. ред. Б.А. Рыбаков. - Т. 32: Хроники: Литовская и Жмойтская, и Быховца. Летописи: Баркулабовская, Аверки и Панцырного / сост., авт. предисл. и ред. Н.Н. Улащик. - М.: Наука, 1975. - 233 с.

13. Литвин, М. О нравах татар, литовцев и москвитян / М. Литвин; пер. В.И. Матузовой; вступ. ст. М.В. Дмитриевой; коммент. С.В. Думина [и др.] - М.: Изд. Моск. ун-та, 1994. - 149 с.

14. Stryjkowski, M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi Macieja Stryjkowskiego: 2 t. / M. Stryjkowski; przedmowy M. Malinowskiego i I. Daniłowicza. - Warszawa: Nakład Gustawa Leona Glüksberga, 1846. - T. 1. - 1846. - LXIX, XLIX, 392 s.

15. Długosz, J. Jana Długosza kanonika krakowskiego Dziejów Polskich ksiąg dwanaście: 4 t. / J. Długosz; przekład K. Mecherzyńskiego. - Kraków: W drukarni «Czasu» W. Kirchmayera, 1867 - 1869. - T. 3. Ks. IX, X. - 1868. - 558, XXIII s.

16. Zachara-Wawrzyńczyk, M. Geneza legendy o rzymskim pochodzeniu Litwinów / M. Zachara-Wawrzyńczyk // Zeszyty Historyczne / Uniw. Warszawski. - Warszawa, 1963. - T. III. - S. 5 - 35.

17. Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской / Петр из Дусбурга; пер. В.И. Матузовой. - М.: Ладомир, 1997. - 384 с.

18. Ючас, М. Хроника Быховца / М. Ючас // Летописи и хроники: сб. ст. 1973 г. Памяти А.Н. Насонова / АН СССР, Ин-т истории СССР. - М., 1974. - С. 220 - 231.

19. Kroniczka Książąt Litewskich 1576 r. // Jakubowski, J. Studya nad stosunkami narodowościowemi na Litwie przed Unią Lubelską / J. Jakubowski. - Warszawa, 1912. - S. 94 - 104.

20. Nikžentaitis, A. Witołd i Jagiełło. Polacy i Litwini we wzajemnym stereotypie / A. Nikžentaitis; tłum. I. Fedorowicz et al. - Poznań: Wyd. Poznańskiego T-wa Przyjaciol Nauk, 2000. - 90 s.

Навуковы кіраўнік - А.У. Любы , кандыдат гістарычных навук, дацэнт.


УДК: 1(474/476) (091)

Т.У. Жалезная
(Мінск, БДУ)

КАНЦЭПЦЫЯ «АДЗІНСТВА» Ў РЭЛІГІЙНАЙ ПУБЛІЦЫСТЫЦЫ ПЯТРА СКАРГІ

В статье рассматривается концепция церковного единства, изложенная в произведениях польского религиозного деятеля Петра Скарги (1536 - 1612). Данная концепция имела целью обосновать необходимость объединения католической и православной церквей под главенством Папы Римского. П. Скарга делает акцент на описании преимуществ, которые получат православные при условии объединения с католиками. В отличие от других католических полемистов данного периода, он обращает основное внимание не на догматические различия, а на положительные последствия признания православными верховенства Папы. Во многом идеи П. Скарги были реализованы Брестской церковной унией 1596 года, однако дальнейшие события показали, что религиозное единство посредством унии в Речи Посполитой так и не было полностью достигнуто.

Дамінуючай тэматыкай у творах каталіцкіх аўтараў апошняй чвэрці XVI ст. стала сацыяльна-палітычная сфера жыцця грамадства Рэчы Паспалітай. У цэнтры іх увагі - канцэпцыя «адзінства», якая ўяўляе сінтэз тэалогіі і сацыялогіі, з'яўляецца атрыбутам дактрыны каталіцкай царквы і светапогляду сярэднявечча. Зыходным у ёй з'яўляецца ўяўленне аб асобе, створанай па адзіным законе, кожная частка якога адлюстроўвае цэлае. Вучэнне аб грамадстве вынікае з гэтых уяўленняў, дзе «адзінства» - асноватворны прынцып усёй сацыяльнай канструкцыі.

Канцэпцыя «адзінства» зарадзілася ў нетрах каталіцкай тэалогіі і служыла прыкладам дзяржаўнага ладу для краін Еўропы. Новае адраджэнне тэакратычнага пачатку звязана з барацьбой супраць рэфармацыі, храналагічна прыходзіцца на канец XVI - пачатак XVII стст. На тэарэтычныя пошукі каталіцкіх аўтараў наклалі адбітак гістарычныя асаблівасці Рэчы Паспалітай.

Дадзеная канцэпцыя была заклікана для таго, каб стаць аптымальным сацыяльна-палітычным узорам для дзяржавы і зняць сацыяльную напружанасць. Акрамя таго, гэтая канцэпцыя з'явілася своеасаблівым адлюстраваннем накіраванай дзейнасці каталіцкай царквы таго перыяду.

Сама па сабе прагрэсіўная на той час ідэя моцнай манархічнай улады ў Заходняй Еўропе пад прызмай адзінавер'я на беларускіх землях пераўтварылася ў сапраўдны план рэалізацыі гэтай ідэі. З'яўленне даволі аб'ёмістага трактата Пятра Скаргі «Аб адзінстве царквы Божай пад адзіным пастырам» у 1577 г. можна лічыць як адзін з першых крокаў тэарэтычнага асмыслення дадзенай праграмы.

Аднак пачаткі дадзенай думкі былі пакладзены выхадам у свет кнiгi галіцкага езуіта, рэктара Яраслаўскай езуіцкай калегіі Бенядзiкта Гербеста «Указанне шляху», у якой ставiлася пытанне аб неабходнасцi царкоўнай унii з Рымам у iнтарэсах праваслаўнай царквы Вялiкага Княства Лiтоўскага [1, с. 22]. Менавіта гэтую iдэю і падхапiў Пётр Скарга.

Варта адзначыць, што яшчэ ў пропаведзях на пахаванні Яна Кшыштафа Тарноўскага (1567 г.), карыстаючыся прысутнасцю прадстаўнікоў праваслаўнай шляхты (у тым ліку і Канстанціна Астрожскага), Пётр Скарга закрануў таксама праблему уніі з касцёлам усходнім. Зацікаўленасць яго сцвярджэнняў яшчэ больш узрасла пасля знаёмства ў Рыме з папскім легатам Пасевіным, які плённа займаўся пытаннямі праваслаўнай царквы. Віленская пропаведзь была адрасавана ў роўнай ступені як пратэстантам, так і праваслаўным [2, с. 57].

З'яўленне «Адзінства царквы…» нарабіла многа шуму ў асяроддзі іншавернікаў Вялікага Княства Літоўскага. Кніга выйшла ў той час, калі праваслаўная царква страціла многіх сваіх магутных апекуноў і пачала сістэматычна цярпець ціск з боку каралеўскага ўрада Стэфана Баторыя.

Адной з прычын, якая абумовіла павышаную зацікаўленасць праваслаўных да кнігі Скаргі, было тое, што мысліцель, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў па рэлігійнай палеміцы, не абмежаваўся разглядам вузкага кола пытанняў багаслоўскага характару, а здолеў увязаць іх з важнейшымі праблемамі грамадска-палітычнага жыцця свайго часу.

Вельмі ўмела і разумна ўжываючы то багаслоўскія, то выключна палітычныя аргументы, Скарга імкнуўся пераканаць чытача, што надышоў час перагледзець усе напластаванні рэлігійнай варожасці ў галіне веравызнання, якія прывялі праваслаўе у Вялікім Княстве Літоўскім да духоўнага заняпаду. А зрабіць гэта важна для таго, на думку Скаргі, каб наглядна паказаць неабходнасць аднавіць царкоўна-палітычны саюз з рымскай апостальскай сталіцай.

Прадметам палемікі папярэдніх публіцыстаў уніяцкай праблематыкі з'яўлялася тлумачэнне дагматаў, разуменне якіх складвалася на працягу некалькіх стагоддзяў унутры Усходняй і Заходняй цэркваў і значна адрознівалася. Найбольш спрэчным пытаннем было Filioque [3, с. 3] («дадатак» да хрысціянскага сімвалу веры, адпаведна з якім Св. Дух зыходзіць і ад Бога-Айца, і ад Бога-Сына, вызнаецца толькі каталіцкай царквой). Аднак Скарга, у адрозненне ад сваіх паплечнікаў, трапна выбраў найважнейшую з тэматык - інстытут папства.

Ужо з першых радкоў сваёй прадмовы, адрасаванай Канстанціну Астрожскаму, Скарга заклікае: «Нельга глядзець на ганебны разрыў хрысціянскага люду - павінна існаваць адзінства народаў рускіх з касцёлам Божым» [4, с. 224].

У духу пастаноў Трыдэнцкага сабору Пётр Скарга сцвярджаў: «Не павінны хрысціянскія каралі і іншыя дзяржавы мець над сабою адзінага імператара, быць перад ім у свецкай паслухмянасці і аднолькава кіраваць сваёй дзяржавай, але павінны аднолькава верыць, аднаго найвышэйшага духоўнага пастыра мець і ў касцёльным адзінстве быць - гэта ўсе павінны, і без гэтага ніхто не можа мець выратавання» [4, с. 369].

Свае думкі і меркаванні ён вырашыў выкласці ў пісьмовай форме пасля таго, як перачытаў накіраваныя супраць рымска-каталіцкай царквы «рускія кнігі» [5, с. 272].

Скарга імкнецца давесці, што адзінае і сапраўднае веравызнанне ідзе ад рымска-каталіцкай царквы і што гэтая царква з'яўляецца пераемніцай і носьбітам апостальскіх традыцый, а таму і карыстаецца законным правам быць главой усіх хрысціянскіх веравызнанняў.

Рэлігійныя пытанні Скарга цесна звязвае з найважнейшымі праблемамі культурнага, грамадскага і палітычнага жыцця краіны. Менавіта таму ён заклікае праваслаўныя ўсходнеславянскія народы да царкоўнай уніі з Рымам і ўказвае на той плён, які яны атрымаюць ад духоўнага саюзу з католікамі. У прыватнасці, з заключэннем рэлігійнага саюзу, на думку прапаведніка, будуць створаны неабходныя ўмовы для развіцця навукі, асветы народа. Гэта прывядзе да пераадолення адасобленасці, якая падзяляе праваслаўных і католікаў.

Абгрунтоўваючы ідэю вяршэнства Рымскага Папы ў хрысціянскай царкоўнай арганізацыі, Скарга паказвае канстанцінопальскага патрыярха не толькі як раскольніка ў царкоўных справах, але і пастыра, які па сутнасці з'яўляецца палонным турэцкага султана і вымушаны ў апошняга за грошы купляць сваю царкоўную ўладу.

У другім раздзеле другой часткі твора аўтар сцвярджае, што «не лацінцы ад грэкаў, а грэкі ад лацінцаў адступілі» [4, с. 234]. Грэкі, паводле Скаргі, адпаўшы ад апостальскай сталіцы, нанеслі вялікую шкоду хрысціянству. Яны «адчынілі вароты туркам» у хрысціянскія землі. Царкоўны саюз «рускіх» з візантыйскім патрыярхам не прынёс ім карысці. Адшчапенства грэкаў паставіла хрысціянскі мір на Русі ў варожыя адносіны да апостальскай сталіцы і стварыла ўмовы для ўзнікнення тут рознага кшталту рэлігійных памылак, найбольш значныя з якіх уласцівы праваслаўнай царкве на беларускіх і ўкраінскіх землях. Пад уплывам грэкаў, гаворыць Скарга, «рускія» ўзаконілі для духавенства шлюб і тым самым залежнасць духавенства ад свецкіх асоб. Свецкія асобы дыктуюць сваю волю ў царкоўна-гаспадарчых справах і нават у справах веравызнання і рэлігійнай абраднасці.

А здарылася ўсё гэта таму, працягвае Скарга, што грэкі ў свой час ашукалі рускі народ. Даючы яму веру, яны не захацелі перадаць яму і сваю мову. Пры адсутнасці славянскіх школ і адпаведных навуковых дапаможнікаў славянскую мову ўжо ніхто дасканала не ведае і не разумее. Царкоўнае жыццё выйдзе з заняпаду і ўвойдзе ў нармальную каляіну, бо з прыняццем лацінскай мовы настане час для развіцця і росквіту сапраўднай навукі і належнай асветы для народа. А на аснове гэтага знікнуць адасобленасць і варожасць. Праваслаўная шляхта заслужыць сабе большы давер ад каралеўскага ўрада і атрымае так патрэбныя для яе вольнасці значныя дзяржаўныя пасады і іншыя палітычныя выгады. А сама дзяржава дзякуючы такому аб'яднанню толькі ўмацуе сваю маналітнасць і палітычную моц.

Дзявяты раздзел трэцяй часткі твора мысліцель прысвяціў адказу на пытанне: «Хто павінен найбольш клапаціцца пра адзінства царквы» [4, с. 236]. Ідэю аб'яднання праваслаўнай і каталіцкай царквы пад эгідай Папы Рымскага Пётр Скарга стараўся ўкараніць і пашырыць не толькі сярод праваслаўных. Працаваць у імя яе здзяйснення ён горача заклікаў і каталіцкае духавенства і дзяржаўную ўладу Рэчы Паспалітай.

У ХVІ - ХVІІ стст. асаблівае значэнне - не толькі тэалагічнае, але і геапалітычнае - набыло пытанне пра першаснасць распаўсюджання хрысціянства: з Усходу ці з Захаду. У сувязі з гэтым актуалізавалася і праблема першасвятарства. У сваім трактаце Пётр Скарга безапеляцыйна заяўляе: «Да года Гасподняга 858 не магло быць ніводнага царградскага патрыярха, акрамя як зацверджанага папам, паколькі папа быў старшым і суддзёю ўсіх патрыярхаў»). Больш таго, усе яго высновы адносна першынства грунтуюцца на тэзісе пра зверхнасць заходняга касцёла над усходнім. Гэты тэзіс ён тлумачыць наступным чынам: «Калі двое, роўныя паміж сабою, пасварацца паміж сабою ў якой-небудзь дзяржаве, то той ад гэтага, як і другі ад другога адступалі, бо паміж сабою роўныя бы. Але касцёл грэчаскі ніколі рымскаму роўны не быў» [6, с. 54]. Відавочна, што падобныя развагі грунтаваліся на асноўных прынцыпах касцельнага права, якое ішло ўразрэз з праваслаўным разуменнем прававых аспектаў гэтага пытання.

Рэлігійная палеміка дасягала апагею неталерантнасці, калі праваслаўныя ўдаваліся ў развагі пра прыроду «антыхрыста» - Рымскага Папы, а католікі і ўніяты намагаліся даказаць спрадвечны «ерэтызм» усходніх патрыярхаў. Прычыну разрыву паміж усходняй царквой і заходнім касцёлам Пётр Скарга бачыць ва ўпартай «ерэтычнасці» ўсходніх першасвятароў. Так, ён піша пра «шматлікія і атрутныя ерасі, якія нараджаліся ў Грэцыі, асабліва ў Царградзе, і што яшчэ горш - ад саміх жа патрыярхаў». Аўтар налічыў больш за дзевяноста ерасяў, якія выйшлі з Грэцыі і з якімі рымскі касцёл мусіць заўсёды змагацца і іх аспрэчваць [7, с. 58]. Паколькі праваслаўныя знаходзіліся пад духоўнай уладай канстанцінопальскіх патрыярхаў, то і яны, у сваю чаргу, на думку Пятра Скаргі, станавіліся адступнікамі.

Скарга лічыў, што лепшым сродкам у справе далучэння Русі да царкоўнай уніі з Рымам маглі быць чулыя адносіны да праваслаўных з боку саміх католікаў. «Калі б мы былі больш пільнымі,- зазначаў ён,- то даўно маглі б мець рускія школы, а ўсе рускія тэксты перачытаць і ў іх славянскай мове мець сваіх вопытных католікаў. Трэба было б і на польскую або рускую мову перакладаць неабходныя для гэтага рускім народам творы, каб яны хутчэй убачылі праўду» [5, с. 274].

Усяленскасць хрысціянства ва ўсходнім разуменні непазбежна павінна была ўключаць і момант дзяржаўнасці - гэта значыць, імкненне не толькі да рэлігійнага падначалення, але і дзяржаўнага. Калі Візантыя з-за сваёй відавочнай слабасці не магла рэальна ажыццявіць падобную праграму, то ў Маскоўскай дзяржаве гэты пастулат у канцы XVI - XVII стст. стаў дамінуючым у знешняй палітыцы (успомнім феномен так званага «збірання» праваслаўных зямель вакол Масквы) [8, с. 14].

У Пятра Скаргі хрысціянскае адзінства разумеецца ў іншым плане: іерархія касцёльнай улады на зямлі будуецца па ўзору касцёла нябеснага. Вось чаму намеснік Бога на зямлі можа быць толькі адзін - відавочна, Рымскі Папа з падпарадкаванннем яму іншых патрыярхій і біскупстваў. Свецкая ўлада, на думку вядомага езуіта, мае іншую прыроду; кожны народ у ідэале павінен падпарадкоўвацца свайму манарху, а ад сілы яго ўлады залежыць парадак у дзяржаве. Вера, лічыў Скарга, - якраз тая субстанцыя, што з'ядноўвае народ, народы.

Аднак такое палажэнне прадугледжвае наяўнасць яшчэ адной праблемы: для дзяржаў, у якіх большасць насельніцтва складае які-небудзь адзін монаэтнас, праблема мовы і веры не паўстае так завострана, як у дзяржавах-федэрацыях. У апошніх цэнтралізацыя ўлады ў руках манарха непазбежна сутыкаецца з пэўным супраціўленнем дэцэнтралізатарскіх сіл, якія выражаюць інтарэсы членаў федэрацыі, не заўсёды згодных з палітыкай валадароў.

Пётр Скарга адвяргае самую ідэю існавання, у дадзеным выпадку ў Вільні, на раўнапраўных пачатках каталіцкіх касцёлаў, цвінгліянскіх, лютэранскіх і кальвінскіх збораў, а таксама «рускіх» цэркваў. Прычыну схізмы або адступніцтва ён бачыць у тым, што праваслаўныя жыхары ВКЛ знаходзяцца ў духоўнай залежнасці ад канстанцінопальскага патрыярха. У прысвячэнні Канстанціну Астрожскаму Пётр Скарга адзначае: «I хто толькі чытае касцельныя гісторыі, той убачыць на свае вочы, што ўсе хрысціянскія секты і каралеўствы на ўсім свеце ў папстве, гэта значыць, пад уладай, кіраўніцтвам і гетманствам рымскага біскупа былі, ды ад яго адступілі. Пра сённяшніх ерэтыкоў яшчэ і цяпер памяць свежая і жывая, што яны з намі былі і ад нас пайшлі» [4, с. 226]. Такая канцэпцыя і такое разуменне хрысціянскай гістарыясофіі ішло насуперак праваслаўным уяўленням пра распаўсюджанне хрысціянства.

Літаратурная палеміка актывізавалася пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года. У гэты час выйшлі выдатныя рэлігійна-палітычныя творы Скаргі: «Соймавыя казанні» і «Брэсцкі сінод» (1597).

Трэба вызначыць асаблівае здзіўленне Пятра Скаргі тым непаўторным царкоўным дэмакратызмам, які быў характэрны для прадстаўнікоў праваслаўнага веравызнання краіны: «До такое науки и розъсудку маютъ ли якое право люди светские», «о науце и законе Божом зноситсе до каплана винени были вси, ... непослушного и въ розуме горъдого... вельми карать росказуетъ» [9, с. 238].

У аснове каталіцкай канцэпцыі адзінства палягае думка аб тым, што чалавецтва з'яўляецца сусветнай цэласнасцю, якая мае сукупную мэту. Гэта цэласнасць заснавана самім Богам і арганізавана ў адзінае грамадства, якое зводзіцца да двух узроўняў: універсальнай царквы і ўніверсальнай дзяржавы, якія будуюцца на адных і тых жа прынцыпах. Галоўная ў каталіцкай плыні праблема кіравання пераходзіць у сацыяльна-палітычныя канцэпцыі. Царква разглядаецца як арганізуючы фактар у дачыненні да дзяржавы. Католікамі развівалася ідэя безумоўнага прыярытэту духоўнай улады над свецкай. Інтарэсы царквы лічыліся вышэйшымі і вечнымі, а інтарэсы дзяржавы - часовымі і прыраўноўваліся да прыродных патрэбнасцяў людзей, якія не ведаюць законаў чароўных. Гэтая ідэя адлюстроўвае адсутнасць сувязі рымскай царквы з якой-небудзь нацыяй. Кананічнае права каталіцкай царквы доўгі час з'яўлялася ўзорам для свецкага права большасці еўрапейскіх краін [10, с. 15].

Паводле сцвярджэння П. Скаргі, стабільнае функцыянаванне дзяржавы павінны забяспечваць сацыяльная іерархія і моцная выканаўчая ўлада караля, а таксама прытрымліванне інтарэсаў Папы [11].

П. Скарга прыводзіць аргументы аб «кары божай» за адход ад Рыма: «И тут въ Руси такуюжъ казнь Панъ Богъ на нихъ пустилъ, ижъ духовными светьские радять, а не овцы за пастырми, але пастыри за овцами идуть» [9, с. 78]. Гэтыя вывады Скаргі былі настолькі папулярнымі, што сустракаюцца яны практычна ва ўсіх каталіцкіх і ўніяцкіх аўтараў.

Робячы выснову аб канфесійных пазіцыях Скаргі, варта адзначыць, што калі прадметам палемікі папярэдніх публіцыстаў уніяцкай праблематыкі з'яўлялася тлумачэнне дагматаў, разуменне якіх складвалася на працягу некалькіх стагоддзяў унутры Усходняй і Заходняй цэркваў, то Скарга, у адрозненне ад сваіх прыхільнікаў, трапна выбраў найважнейшую з тэматык - інстытут папства.

У публіцыстыцы П. Скаргі канцэпцыя «адзінства» адыгравала падставовую ролю. Яе значэнне палягала ў адказе на важнае для поліканфесійнай Рэчы Паспалітай пытанне - пераадоленне канфесійнай раз'яднанасці, што, на думку П. Скаргі, у перспектыве паспрыяла б міру ў дзяржаве. Але насамрэч замест паяднання каталіцкай і праваслаўнай цэркваў у выніку ўніі з'явілася яшчэ адна канфесія - уніяцтва, што ўнесла большы раскол у грамадства Рэчы Паспалітай.

At this article the author is considered the conception of ecclesiastical unity at works of Piotr Skarga, polish religious thinker (1536 - 1612). The conception had purposed to justify necessity of the Catholic and the Orthodox Churches under the supremacy of the Pope. Unlike other Catholic polemists, which noted the dogmatic distinction between the Churces, Skarga accentuated on positive consequences from acceptance Pope's power by Orthodoxes.


Спіс крыніц і літаратуры

1. Любович, Н.Н. К истории иезуитов в литовско-русских землях в XVI в. / Н.Н. Любович. - Варшава: Типография Ковалевского, 1888. - 385 с.

2. Tazbir, J. Piotr Skarga, szermierz kontrreformacji / J. Tazbir. - Warszawa, 1983. - 289 s.

3. Starnawski, J. Znaczenie narodowe, artyzm pisarski i aktualność Piotra Skargi / J. Starnawski // Łodzkie towarzystwo naukowe. Sprawozdania z Chynnośći i Posiedzeń Naukowych. - R. XLI, 6. - Łodz, 1987. - 624 s.

4. Skarga, P. O jednośći kościoła Bożego / P. Skarga // Памятники полемической литературы в Западной Руси // Русская историческая библиотека. - Т. VII. - Кн. 2. - Спб., 1882. - 16, 1820 стб.

5. Коршунаў, А.Ф. Палемічная літаратура / А.Ф. Коршунаў // Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. - Мінск, 1968. - Т. 1. - 381 с.

6. Кароткі, У.Г. Антрапалогія праваслаўя і каталіцызму ў творчасці П.Скаргі і М. Сматрыцкага / У.Г. Кароткі // Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта. - Вып. 9. - Мінск, 2008. - С. 50 - 65.

7. Вішнеўская, І.У. Канцэпцыя міжканфесійнай уніі ў палітыка-прававой думцы Беларусі XVI ст. / І.У. Вішнеўская // Проблемы правового регулирования общественных отношений в условиях глобализации. - Минск: БГЭУ, 2007. - С. 55 - 67.

8. Брэсцкай царкоўнай уніі - 400 / навук. рэд. І.І. Акінчыц. - Брэст: БрДУ, 1997. - 214 с.

9. Скарга, П. Берестейский собор и оборона его / П. Скарга // Памятники полемической литературы в Западной Руси // Русская историческая библиотека. - Т. XIX. - Кн. 3. - Спб., 1882. - 13, 1307, 104, 91 стб.

10. Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: навуч. дапам. / В.Ф. Шалькевіч. - Мінск: Права і эканоміка, 1999. - 274 с.

11. Skarga, P. Kazania Sejmowe [Electronic Resource]. - Mode of access: univ.gda.pl/literat/skarga/index.htm - Date of access: 20.04.2010.

Навуковы кіраўнік - Ю.Л. Казакоў , кандыдат гістарычных навук, дацэнт.


УДК 94 (476) | 20

А.М. Весялуха
(Гродна, ГрДУ імя Янкі Купалы)

ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ АБ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКІХ АДНОСІНАХ

Активная политическая позиция и деятельность, национальное и историческое сознание заставляли В. Ластовского обращаться к анализу связей и отношений белорусского народа с соседями, которые непосредственно влияли на его развитие. Актуальными для В. Ластовского оставались именно белорусско-польские отношения, политические и культурные. По мнению учёного, именно взаимоотношения в области политики подтолкнули развитие роли культурных связей. В статье определяется позиция В. Ластовского применительно к белорусско-польским отношениям в разные периоды, факторы, которые воздействовали на эволюцию взглядов учёного.

1. Фактары, якія паўплывалі на фарміраванне поглядаў В. Ластоўскага на беларуска-польскія адносіны.

Вацлаў Ластоўскі - адна з самых загадкавых асобаў у гісторыі Беларусі. Яго палітычныя, філасофскія, літаратурна-эстэтычныя погляды, пісьменніцкі, навуковы і грамадскі воблік не паддаюцца адназначным характарыстыкам. У яго асобе маем пачынальніка той замешанай на крывіцкай ідэі плыні, якую можна назваць беларускім фундаменталізмам [1, с. 239 - 240].

Перш за ўсё на эвалюцыю яго поглядаў адносна беларуска-польскіх стасункаў уплывала ўласная палітычная дзейнасць, агульнадзяржаўная грамадская думка, змены ва ўнутры- і знешнепалітычным становішчы Беларусі.

В. Ластоўскі даволі рана ўключыўся ў палітычнае жыццё, яму споўнілася толькі 19 гадоў, калі ён уступіў у 1902 годзе ў Польскую сацыялістычную партыю на Літве. У праграме партыі змяшчалася патрабаванне самастойнасці Літвы і Беларусі ў добраахвотнай федэрацыі Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны з устаноўчым сходам у Вільні, агульным для ўсіх народаў краю. Партыя заклікала да рэвалюцыі, звяржэння царызму, устанаўлення рэспубліканскага дэмакратычнага ладу.

У 1906 годзе В. Ластоўскі перайшоў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду, з якой ППС на Літве стала цесна супрацоўнічаць з 1903 года і якая актывізавалася падчас рэвалюцыі 1905 - 1907 гг. У складзе БСГ быў да 1908 года. Такім чынам, ён стаяў у шэрагах тых барацьбітоў, якія на пачатку ХХ ст., падчас новай хвалі беларускага адраджэння, выступалі за нацыянальнае вызваленне і дзяржаўнасць беларускага народа [2, с. 233].

Менавіта на гэтым этапе адбываецца фарміраванне В. Ластоўскага як палітычнага, грамадскага дзеяча, а членства ў партыях выступала ў ролі каталізатара дадзенага працэсу. На дадзеным этапе неабходна было распрацаваць агульную канцэпцыю, а на ўздыме грамадскай думкі на падставе гістарычных фактаў даказаць самабытнасць беларусаў і іх права на самастойную дзяржаўнасць. Аднак адкрыта пра гэта не выказваўся.

З 1909 года пачынаецца супрацоўніцтва В. Ластоўскага з «Нашай нівай», на старонках якой і з'явіліся яго першыя публікацыі. Аднак А. Сідарэвіч заўважае, што за час працы сакратаром рэдакцыі газеты ён не напісаў ніводнага палітычнага артыкула. Займаўся пераважна гісторыяй, белетрыстыкай [3].

У 1918 годзе В. Ластоўскі выходзіць на арэну вялікай палітыкі, калі быў выбраны і пасланы беларускімі арганізацыямі ў склад Літоўскай Дзяржаўнай Рады, дзе быў абраны галавой беларускай фракцыі ў Літоўскай Дзяржаўнай Радзе [4, с. 65]. Гэты год можна лічыць паваротным у яго поглядах, бо была дасягнута мэта - стварыць беларускую незалежную дзяржаву. Яе ўвасабленнем стала БНР, абвешчаная 9 сакавіка 1918 года. Прыярытэты змяніліся: трэба было не даказваць права на існаванне сваёй дзяржаўнасці, а абараняць яе ад суседніх «імперыялістычных» дзяржаў, тым больш, што ўжо ў жніўні 1919 года польскія войскі акупіравалі цэнтральную частку Беларусі. У сувязі з гэтым назіраецца радыкалізацыя яго поглядаў на беларуска-польскія адносіны.

У 1919 годзе аднавілася партыйная дзейнасць В. Ластоўскага, на гэты раз у складзе беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, актывізавалася грамадская дзейнасць - яго абралі сакратаром Беларускай Рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, пленумам рады БНР старшынёй Урада БНР у Мінску. Але пасля выбараў палякі арыштавалі яго і пратрымалі ў турме 1,5 месяца, пасля чаго вызвалілі пад нагляд паліцыі, але без права выезду з Мінска. Аднак вясной 1920 года змог выехаць у Рыгу, дзе арганізаваў і ўзначаліў Урад БНР [4, с. 65].

Пагоршылі сітуацыю дамовы паміж Літвой і Расіяй ад 12 ліпеня 1920 года і паміж Расіяй, Украінай і Польшчай ад 12 кастрычніка 1920 года. У адпаведнасці з імі заходняя частка Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы. Гэта падзея кардынальна змяніла стаўленне В. Ластоўскага да характару беларуска-польскіх адносінаў. Ён вырашыў дасягнуць справядлівасці, выкарыстаўшы міжнародную падтрымку. За 1920 - 1923 гг. з дыпаламатычнымі місіямі ён наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю. З прамовай выступіў на V Асамблеі Лігі Нацый. Міжнародная арганізацыя, што запісала ў Статуце галоўнаю мэтаю «развіццё супрацоўніцтва паміж народамі і гарантыю іх спакою і бяспекі», - Ліга Нацый паўстала як непасрэдны вынік Першай сусветнай вайны. Пакт Лігі Парыжская мірная канферэнцыя прыняла як складовую частку Версальскага пагаднення.

Поруч з пытаннямі міжнародных канфліктаў, раззбраення і бяспекі, міжнародных пазык-заёмаў найбольш датклівымі і цяжкавырашальнымі для Лігі Нацый паўставалі пытанні нацыянальных меншасцяў. Арменія, Албанія, праблема Саарскай зямлі і Верхняй Сілезіі - вось няпоўны пералік нацыянальных вузлоў, завязаных вайною. У ліку іх - праблема заходнебеларускіх земляў, аддадзеных маладой Польскай дзяржаве, і пытанне Віленшчыны, у рэшце рэшт вырашанае еўрапейскай супольнасцю на карысць Польшчы, ратуючы свой гонар і здымаючы фармальную адказнасць за вынік віленскага канфлікту рада Лігі Нацый перадала гэтае пытанне канферэнцыі саюзных паслоў у Парыжы, якая адбылася 18 сакавіка 1923 года, і вынесла вердыкт не на карысць Літоўскай Тарыбы [5, с. 42].

Да паездкі ў БССР на Акадэмічную канферэнцыю па пытаннях беларускай граматыкі і пераезду на пастаяннае жыхарства ў БССР В. Ластоўскі часта звяртаўся да беларуска-польскай праблематыкі, прычым не толькі ў прамовах, але і на старонках перыядычных выданняў. Напрыклад, вядомы яго артыкулы ў часопісе «Крывіч».

З 1927 года В. Ластоўскі стаў менш цікавіцца палітыкай. Да таго ж ён быў пазбаўлены такой магчымасці ў БССР, больш працаваў у культурніцка-этнаграфічнай сферы. У друку з'явіліся артыкулы гэтага характару, таму мэтазгодна лічыць 1927 год заключным у публічным шырокім выказванні сваіх поглядаў В. Ластоўскім наконт беларуска-польскіх адносінаў.

Такім чынам, у эвалюцыі поглядаў В. Ластоўскага на беларуска-польскія адносіны можна выдзеліць два этапы: 1910 - 1919 гг. - ад пачатку з'яўлення яго матэрыялаў на старонках розных перыядычных выданняў да канфлікта з польскімі ўладамі ў Мінску і 1920 - 1927 гг. - дамовы паміж Літвой і Расіяй да пераезду на пастаяннае жыхарства ў БССР.

2. В. Ластоўскі аб беларуска-польскіх адносінах у 1910 - 1919 гг.

Пачынаючы з 1910 года, В. Ластоўскі пачынае друкаваць свае артыкулы на старонках розных перыядычных выданняў і ў першую чаргу «Нашай нівы». Яго дэбютам стаў выхад у свет першай кнігі па гісторыі Беларусі, напісаны ім на беларускай мове і для беларусаў - «Кароткай гісторыі Беларусі». Пазней ён у сваіх артыкулах неаднаразова звяртаўся да праблемы беларуска-польскіх адносінаў. У гэты перыяд жыцця ён спрабуе паказаць іх гістарычную эвалюцыю і праяўленне гістарычных стэрэатыпаў ў сучаснасці, акцэнтуе сваю ўвагу на культурніцка-рэлігійнай праблематыцы.

В. Ластоўскі прытрымліваецца дыфузіяналісцкага погляду развіцця народнай культуры, лічыць заканамерным і прымальным усялякае разумнае запазычванне ў сваіх суседзяў некаторых яе элементаў. Галоўнае - не згубіць пад чужым уплывам нацыянальнай асаблівасці, а выкарыстоўваць знешнія сувязі для ўнутранага самаўдасканалення. «Беларускі народ на працягу тысячагадовай дарогі гістарычнага жыцця сустракаўся з рознымі народамі і рознымі культурамі, браў сам ад іх іншых многае і даваў другім сваё. Адным словам, паступаў так, як усякі іншы народ на свеце: абменьваўся тым, чым быў багат, і браў ад іншых тое, чаго яму не ставала» [6, с. 311].

В. Ластоўскі лічыў, што «беларусы перажылі разнастайныя ўплывы (грэцкія, гоцка-скандынаўскія, паўднёва-славянскія, нямецкія, лацінскія, літоўскія, польскія, маскоўскія), якія па-рознаму прыходзілі, праяўляліся і ўспрымаліся. Польскія ж праніклі праз дзяржаўнасць польскую, каторая мела ў нас вялікі і доўгі ўплыў, асабліва на вышэйшыя класы нашага народа» [6, с. 311 - 312].

Першае палітычнае збліжэнне Беларусі і Польшчы Ластоўскі бачыў у Крэўскай уніі 1386 г. ды адзначаў, што ініцыятыва зыходзіла ад Польшчы, бо яна была зацікаўлена ў аб'яднанні з «Руска-Літоўскай дзяржавай» дзеля сумеснай абароны ад крыжакоў. Аб'яднаныя пад уладай аднаго кіраўніка беларусы вымушаны былі прыняць каталіцкае веравызнанне сваіх суседзяў, дзе добраахвотна, а дзе і пад прымусам. Для Ластоўскага гэта вырашальны фактар павелічэння культурнага ўплыву палякаў на беларусаў.

«Хітрыя і добрыя палітыкі, якія былі ў тыя часы ў Польшчы, імкнуліся да поўнага зліцця абедзвюх дзяржаў, рабілі гэта не адкрытымі ваеннымі дзеяннямі, а прыхаванымі спосабамі, накшталт надання беларускім баярам польскіх шляхецкіх гербаў і прывілеяў над станам сялянства» [7, с. 25]. Пачалося непасрэднае апалячванне беларускай палітычнай эліты.

В. Ластоўскі лічыў, што такое злучэнне не выканала свайго назначэння і не з'яўлялася дастаткова трывалым, бо пазней вышэйазначаныя ўмовы не выконваліся. Беларусы імкнуліся мець асобнага ад Польшчы кіраўніка, і ў сувязі з такімі тэндэнцыямі быў заключаны шэраг падобных дамоў. Крэўская унія ўяўлялася гісторыку першым этапам у рэлігійна-культурным уплыве палякаў на беларусаў, паколькі пачынаецца паступовае акаталічванне і паланізацыя апошніх. Змагаром за незалежнасць ВКЛ выступае Вітаўт, які дабіўся самастойнага кіравання дзяржавай. Аднак яго памкненні не былі даведзеныя да канца - няўдалая каранацыя і адабраная палякамі карона Вітаўта Вялікага В. Ластоўскім успрымаецца як знак бяды і сімвал поўнага падпарадкавання Княства Кароне.

Наступным этапам у развіцці беларуска-польскіх адносінаў В. Ластоўскі выдзяляе заключэнне Люблінскай уніі і стварэнне супольнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай.

Галоўнай прычынай яе заключэння В. Ластоўскі лічыў складаную знешнепалітычную сітуацыю, у якой апынуліся абедзве дзяржавы. Над ВКЛ навісла пагроза захопу Масковіяй падчас Лівонскай вайны, а Польшчы пагражала Турцыя. Перад Княствам паўстаў выбар: здацца Івану IV або падпісаць унію з заходняй суседкай. Да гэтага, па Ластоўскаму, у меншай ступені далучаецца ўнутрыпалітычны крызіс у Польшчы, які выражаўся ў адсутнасці спадкаемца караля, і славалюбівыя памкненні беларуска-літоўскай шляхты, што хацела набыць «залатыя вольнасці».

Польская дзяржава ад пачатку да заняпаду Рэчы Паспалітай бачыцца В. Ластоўскаму як чужынны арганізм і нават - з нацыянальнага гледзішча - у вялікай ступені варожы. Карысці ў саюзе з Польшчай ён не бачыў зусім. Праз увесь час прыхільна апісваюцца падзеі, скіраваныя да захавання самастойнасці Вялікага Княства Літоўскага.

Да заключанай у 1569 годзе ў Любліне ўніі беларускі гісторык ставіцца негатыўна. У гэтым годзе «Літоўска-Руская дзяржава палітычна замірае» [8, с. 30].

В. Ластоўскі канстатаваў: «за 200 год «вольнасці» і «роўнасці» з палякамі беларусы сталіся паняволеным народам без свае пісьменнасці, без дзяржаўнага і грамадскага права. Пасля польскага панавання беларусы засталіся чуць жывыя» [9, с. 14 - 15].

Ластоўскі падкрэсліў, што палітычнае аб'яднанне ставіла сабе на мэце адбіваць супольнымі сіламі напады татараў, маскоўцаў і іншых ворагаў [9, с. 14]. Аднак палітычнае злучэнне сталася прычынай узмацнення польскага ўплыву на беларускую культуру і пачаткам паланізацыі беларусаў, якая адбывалася без прыкметнага супраціўлення шляхты і магнатаў, а яны ўяўлялі сабой тагачасную эліту грамадства. У пацвярджэнне гэтай тэзы можна прывесці наступныя словы В. Ластоўскага: «Гістарычныя варункі нашага гаротнага народа злажыліся так, што гонячыся за прывілеямі і магнацкай ласкай, пакінула нас наша інтэлігенцыя - уся блізка шляхта сталася польскай, гарады таксама страцілі на беларускі характар» [10, с. 259].

Яшчэ ў гэты час даволі стрымана В. Ластоўскі адносіцца да польскага касцёла на Беларусі, не бачачы ў ім з'явы надзвычайнай. Спакойна ўспрымаў, што той вёў нацыянальную польскую палітыку, маліліся ў ім па-польску, а тутэйшыя палякі лічылі за сваіх беларусаў-католікаў [11, с. 266]. Гэтыя факты падаюцца як канстатацыя існуючай сітуацыі ў Беларусі, без асаблівай крытыкі і закліка да супрацьдзеяння ёй. Ён лічыў рэлігійную справу на Беларусі вельмі складанай і непрадказальнай, у якую ўмешвацца не варта людзям, якія не належаць да духоўнага кліра, а адзіным спосабам захавання беларусаў ад канчатковага апалячвання беларусаў называе вяртанне права на іх родную мову ў касцёле.

У некаторай ступені В. Ластоўскі быў удзячны палякам за выдатных пісьменнікаў і паэтаў, якія хоць і пісалі па-польску, але творы насілі беларускі характар.

«У падняволеных народаў часам бываюць дзіўныя моманты ў жыцці, калі найлепшыя сілы, найлепшыя сыны ідуць скародзіць чужыя нівы, чужыя засекі багаціць. Ці мала наша Беларусь дала здольных людзей Польшчы на полі літаратуры затым толькі, што нас злучыла з Польшчай гістарычная доля? Але ўсе гэтыя творы хоць верхнюю адзежку-мову маюць польскую, аднача сваёй душой - яны беларускія. Кажу: беларускія бо зацвілі яны з народа беларускага, з яго душы і думак» [12, с. 268].

Да польскамоўных беларускіх літаратараў В. Ластоўскі адносіць Л. Кандратовіча (У. Сыракомлю), А. Міцкевіча, Э. Ажэшку, Ю. Крашэўскага, бо «знойдзем ў іх па-за польскай мовай прыроду і людзей і душы, уласцівыя толькі беларускаму народу. І не дзіва: людзей тых выгадаваў геній нашага племені» [13, с. 312].

Феномен іх існавання В. Ластоўскі тлумачыў тым, што, «знаходзячыся пад чужым духоўным уплывам, геніі ў сваіх творах давалі тыя мыслі, якія панавалі ў акружаючай іх атмасферы, але не зусім згодныя з праўдзівымі патрэбамі таго народа, які іх выдаў» [13, с. 312]. Таму пісьменнікі, якія выраслі ў Беларусі і карысталіся польскай мовай у сваіх творах, несвядома абагачалі беларускую літаратуру.

Для залічэння дзеяча да беларускага, па В. Ластоўскаму, дастаткова было толькі факта нараджэння і пражывання гэтага дзеяча на тэрыторыі Беларусі, нягледзячы нават, на якой мове пісаў свае творы. Гэтым ён вырашаў літаратурна-культурніцкія супярэчнасці паміж беларусамі і палякамі ў дадзенай сферы.

На пачатку сваёй літаратурна-палітычнай дзейнасці В. Ластоўскім быў зроблены рэтраспектыўны агляд беларуска-польскіх адносінаў з пункту гледжання нацыянальнай канцэпцыі, якая пачынала зараджацца з неадменным удзелам і ўплывам самога В. Ластоўскага. Першы этап быў прысвечаны выпрацоўцы каштоўнасцей, якія заставаліся нязменнымі і ў адпаведнасці з якімі разглядаліся і ацэньваліся пазнейшыя падзеі, якімі кіраваўся на працягу ўсяго свайго жыцця.

3. В. Ластоўскі аб беларуска-польскіх адносінах у 1920 - 1927 гг.

Унутры- і знешнепалітычныя падзеі, уласны навуковы рост, узбагачоны вопыт грамадскай дзейнасці прымусілі В. Ластоўскага перагледзець і змяніць некаторыя свае погляды і пазіцыі на відавочна супярэчлівыя міжнацыянальныя праблемы, што датычаць пытанняў тэрыторыі і дзяржаўнага вызначэння беларусаў. Найбольшы ўплыў на гэтую змену аказала акупацыя немцамі часткі Беларусі, савецка-польская вайна, захоп Польшчай Віленшчыны, Рыжская мірная дамова і, адпаведна, падзел краіны на дзве часткі, што аказаліся пад кіраваннем розных палітычных рэжымаў, а гэта ў сваю чаргу азначала страту адзінасці, цэласнасці і непадзельнасці дзяржавы і народа.

Немалую ролю адыграў і асабісты фактар. Па-першае, з распадам пасля 25 сакавіка 1918 года БСГ на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў перад В. Ластоўскім паўстаў выбар палітычнай арганізацыі, якая б найбольш адпавядала яго ўнутраным устаноўкам. Ён пачаў супрацоўнічаць з беларускім эсэрамі. Па-другое, абвяшчэнне асобы В. Ластоўскага «persona non grata» ў Польшчы і Латвіі і вымушаны пераезд на сталае жыхарства ў Коўна, дзе ён разгарнуў сваю дзейнасць разам з земляком К. Дуж-Душэўскім.

Погляды В. Ластоўскага на ключавыя падзеі гісторыі і сучаснасці беларуска-польскіх узаемадачыненняў радыкалізуюцца. Некаторыя з іх былі прадстаўлены ў брашурах і выступах на міжнароднай арэне, ставілі на мэце пошук справядлівасці і вырашэння беларускага пытання з дапамогай і падтрымкай міжнароднай супольнасці. Высокі палітычны статус вымагаў ад В. Ластоўскага вызначэння, канкрэтызацыі і пастаноўкі праблем у адносінах паміж беларусамі і палякамі.

Акрамя таго, В. Ластоўскі выказваў думкі і ў сваіх мастацкіх творах, напрыклад, вершах, дзе ўжо ў вобразна-сімвалічнай форме падаваў сваё стаўленне да праблемы.

У 1920 - 1927 гг. увага беларускага дзеяча была скіравана пераважна не на аналіз гісторыі беларуска-польскіх адносінаў, а на ацэнку сучасных падзей, непасрэдным удзельнікам і сведкам якіх ён з'яўляўся і якія былі лёсавырашальнымі для беларускага народа, таму патрэбна ўлічваць вялікую вагу суб'ектыўнасці яго поглядаў. Нягледзячы на гэтую акалічнасць, В. Ластоўскі пераасэнсоўваў асноўныя этапы развіцця збліжэння беларусаў і палякаў у мінулым.

Толькі апісальна згадваецца Крэўская унія. Паводле яе «Ягайла абяцае землі свае літоўскія і рускія на вечныя часы далучыць да каруны каралеўства Польскага ў замен за тое, што будзе абраны на караля польскага» [10, с. 400]. Тым не менш, унія ўспрымаецца як персанальная. Але менавіта пасля гэтага акта пачынаецца культурнае аддаленне станаў ВКЛ, што стала прычынай заняпаду і знішчэння дзяржавы.

Трох наступных уній ВКЛ і Кароны Польскай (1401 г., 1413 г., 1501 г.) В. Ластоўскі называў толькі гады, тым самым падкрэсліваючы, што Польшча паступова рыхтавала глебу для поўнага палітычнага паглынання ВКЛ.

Завяршальным гістарычным этапам зліцця беларусаў і палякаў у адну дзяржаву В. Ластоўскі лічыў Люблінскую унію, якая па-ранейшаму для яго застаецца ганьбай беларускага народа, «яднанне з катам праклінае». У «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» ён падае ўрывак з дыярыуша Люблінскага сойма, жадаючы тым самым на падставе крыніц даказаць, як доўга і пакутліва прымалася рашэнне сойма, несправядлівасць, няроўнасць умоў заключэння уніі і становішча кожнага народа ў новастворанай дзяржаве. Змяняецца ацэнка уніі, паколькі яна для гісторыка азначала стварэнне часовай федэратыўнай умовы дзвюх незалежных дзяржаў, Літвы і Польшчы [14, с. 403], якая павінна была быць перагледжана пазней, бо заключалася на нявызначаны тэрмін («на вечныя часы»). Аднак адзінства і роўнасці паміж аб'яднанымі ў новаствораным палітычным арганізме не існавала - палякі прымусілі прыняць іх умовы і навязвалі саюзнаму Княству сваю волю.

«Злачынства» персанальна-парламентарнай Люблінскай уніі, на думку Ластоўскага, заключаецца ў псіхічным зломе ў грамадстве і ператварэнні беларускіх зямель у аб'ект змагання паміж Польшчай і Расіяй. Яна азначала поўную страту незалежнасці «літоўска-рускай» дзяржавы нават і ў рэлігійным, культурным жыцці. Хоць беларускім землям і пасля заключэння польска-літоўскай уніі пакідалася пэўная адміністрацыйная і юрыдычная аўтаномія (свой скарб, войска і мытныя межы), пра свабоду веравызнання не магло ісці гаворкі [15, с. 89].

Унія прадвызначыла і страту культурнай самастойнасці беларускага народа праз добраахвотнае апалячванне вышэйшых станаў. «Папалася наша шляхта ў польскую пастку: за польскія асцяробкі здрадзіла сваю бацькаўшчыну» [16], якая хацела ўсю віну перакласці на сялян, калі становішча стала безвыходным. Аднак яны не адгукнуліся на заклікі шляхты паступіць па іх прыкладу і засталіся захавальнікамі традыцый. У сувязі з гэтым В. Ластоўскі стварае вобраз ластаўкі - сімвал райскай птушкі, якая палягчае пакуты і прыносіць вясну [17, с. 281]. Размаўляць па-польску беларусам - гэта тое самае, што курыцы сядзець на вужыных яйках, рыхтуючы тым самым сабе верную смерць.

В. Ластоўскі падтрымліваў думку Лаўрова, ідэолага рэвалюцыйнага народніцтва, наконт гістарычнай ролі нацыі, якая мерыцца здольнасцю яе ўплываць на іншыя нацыі пры захаванні сваіх і чужых асобнасцей [18, с. 315]. У сувязі з гэтым выдзяляюцца імперыялістычныя народы, якія маюць пад сабой і сваім панаваннем, народы, імі падначаленыя. Гэтыя народы займаюць у імперыялістычных дзяржавах месца рабоў [19, с. 355]. Імперыялістычным народам Ластоўскі называе і палякаў, якія пасля Рыжскай дамовы далучылі да сваёй дзяржавы заходнюю частку Беларусі.

Нараканні і крытыка В. Ластоўкага датычыліся як Рыжскай дамовы, ўмоў яе заключэння, так і палітыцы, якую праводзілі палякі ў Заходняй Беларусі. Ён быў не згодны і абураны зменамі, якія адбываюцца ў палітыцы, эканоміцы, культурным і рэлігійным жыцці. У кожнай з гэтых сфераў палякі па-грабежніцку імкнуцца сцерці этнічныя межы паміж імі і беларусамі, абапіраючыся на міжнароднае права. «Уваскрэсеная Польшча стала вампірам для народаў, ёю падбітых» [20].

Рыжскі мір з'яўляецца несправядлівым па ўсіх мерках. «У Рызе нейкія дабрадзеі падзяліліся Беларуссю. Падзяліўшы чужое дабро, хацелі спакойна сесці беларусам на каркі» [21]. Такія паводзіны і рашэнні суседніх дзяржаў заслугоўваюць абвінавачвання В. Ластоўскага ў іх нізкім маральным узроўні і недальнабачнасці. «Бязглуздыя вы! Калі б у вас было гэтулькі розуму, сколькі прыроднай хцівасці, то вы б перш чым грабіць чужое, падумалі б, як будзеце жыць з аграбленым народам» [21]. Такія словы прамаўляе ў «Кароткіх казачках для дарослых» бусел, які ў беларускай міфалогіі на познім этапе бачыцца ўвасабленнем самога Бога [22, с. 52]. З гэтага вынікае, што задума падзяліць Беларусь першапачаткова не магла прывесці да станоўчых вынікаў.

Палітыка палякаў у Заходняй Беларусі заслугоўвае самых адмоўных ацэнак В. Ластоўскага. Ён абвінавачваў палякаў у крайнім нацыяналізме і каланіяльных памкненнях. «Палякі залілі беларускі край сваім войскам, паліцыяй і чыноўніцтвам, навезенымі з Польшчы. Каб прыдаць беларускаму краю характар польскасці, Польшча пачала засяляць край польскімі каланістамі, пазбаўляючы землі пракавечнага жыхара гэтага краю, беларускага селяніна. Каб задушыць і знішчыць беларусаў, Польшча закрывае беларускія школы, не дапушчае беларускай мовы ў мясцовых урадах, судах і касцельным ужытку. Словам, Польшча стварыла на беларускай зямлі для беларусаў такія варункі, пры якіх немагчымым ёсць існаванне народа» [23, с. 370].

В. Ластоўскі наракаў і на эканамічную палітыку, бо палякі атрымлівалі на захопленай тэрыторыі вялікія зямельныя ўладанні, да 40 гектараў, у той час калі мясцовае насельніцтва пакутавала ад недахопу зямлі. Большасць з іх валодала толькі 1 - 5 гектарамі на сям'ю. Акрамя таго, сялянам беларускага паходжання польскім законам забараняецца купляць зямлю. 4 жніўня 1923 года польскі ўрад устанавіў новы падатак, ад якога былі вызвалены землеўладальнікі і які новым цяжарам лёг на плечы беларускіх сялян [24]. В. Ластоўскі абураўся таму, што палякі свабодна вырубаюць, вывозяць за мяжу «сталеццямі гадаваныя непраходныя беларускія пушчы, абагачаючы польскі скарб».

Адмоўная ацэнка даецца і дэмаграфічнай палітыцы, бо польскія ўлады чынілі перашкоды для пераезду назад эвакуіраваных падчас вайны, засялялі польскія сем'і на іх землі. Яны патрабавалі ад перасяленцаў дакументальнага пацвярджэння правоў на прэтэндуемую зямлю, у адваротным выпадку проста заключалі ў турмы або канцэнтрацыйныя лагеры. Туды ж памяшчаліся і палітычныя злачынцы, што выступалі за ўлік беларускіх інтарэсаў пры правядзенні палітыкі і павагу да беларускіх культурна-палітычных традыцый. Адносіны да зняволеных былі жорсткімі і неапраўданымі. В. Ластоўскі ў пацвярджэнне сваіх словаў прыводзіць прыклад беластоцкай турмы, дзе ад голаду памерлі 3 палітычныя вязні, падкрэслівае, што на гэты факт улады проста закрылі вочы.

Найбольшай крытыкі з боку В. Ластоўскага падвергліся культурныя пераўтварэнні на заходніх беларускіх землях пасля ўключэння іх у склад Польшчы. «Беларускі народ, які выдаў з паміж сябе гэтулькі геніяльных імён, які мае на цэлае паўтысячалецце старэйшую літаратуру за польскую, пазбаўлены пад польскай акупацыяй магчымасці вучыцца ў сваёй роднай мове» [19, с. 355]. Палякі зачынялі беларускамоўныя школы, нават нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй нацыянальныя меншасці мелі права карыстацца іх роднай мовай і адчыняць школы для навучання дзяцей на роднай мове, але за кошт урада. Апошняя акалічнасць дазваляла ўраду не выдаткоўваць грошы на такую справу, таму беларусы былі пазбаўлены магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове. Існавала дыскрымінацыя для атрымання вышэйшай адукацыі па нацыянальнай прыкмеце і паходжанні. Тым часам палякі пакрылі Беларусь сеткай польскіх школ супраць жадання мясцовага насельніцтва.

Пераходзячы на мікраўзровень і адкідваючы вялікую палітыку, найгоршым у палітыцы палякаў В. Ластоўскі лічыў пазбаўленне дзяцей-сірот харчовай падтрымкі і забеспячэння адзеннем, хоць палякі значную дапамогу атрымлівалі ад Амерыканскага Чырвонага Крыжа.

З усіх спосабаў вынішчэння беларускай нацыі, стасаваных Польшчай, найагіднейшым і найбольш абураючым людское сумленне з'яўляецца спосаб паланізацыі беларусаў праз каталіцкі касцёл, які на тэрыторыі Беларусі, пры дапамозе цяперашняй польскай улады, апынуўся цалкам у руках польскага духавенства, згрупаванага вакол польскіх нацыянальных арганізацый і партый. Амбона каталіцкага касцёла на захопленай палякамі беларускай зямлі сталася палітычнай трыбунай, з якой польскія ксяндзы стараюцца апраўдаць бяспраўі польскага ўрада, чыненыя над мясцовай беларускай люднасцю, сталася агітатарскай моўніцай за польскасць і паланізацыю. Канфесіянал польскіх ксяндзоў служыць да агітацыі і польскай разведкі. Значныя факты, калі як варунак адпушчэння грахоў польскія ксяндзы загадваюць навучыцца беларусу польскай мове або быць прыхільнікам польскага панавання над краем. Межы паміж польскім каталіцкім духоўнікам і польскім жандармам зацерліся [23, с. 370].

Больш таго, нечуваная паланізацыя праз касцёл адбываецца ў БССР, а ад духавенства, атрымліваючага загады з-за кардону, вымагаецца служэння палітычнай агентуры [25]. Яна падтрымлівалася з боку вышэйшага духавенства, а сітуацыю пагоршыў заключаны канкардат паміж Польшчай і Апостальскай сталіцай, які санкцыянаваў ужыванне польскай мовы ў беларускіх касцёлах. Палякі пачалі замяняць ксяндзоў-беларусаў на ксяндзоў-палякаў, а першых высылалі або арыштоўвалі. Калі раней В. Ластоўскі даволі стрымана ўспрымаў польскамоўны касцёл на Беларусі, то зараз звяртаецца з заклікам да біскупаў, каб прапагандаваць і праводзіць набажэнствы на беларускай мове, што будзе падтрымліваць незалежнасць беларусаў. Зварот беларускай мовы да каталіцкага касцёла - гэта ўдар па польскім імперыялізме [26, с. 372].

У сувязі з такім разгортваннем падзей у рэлігійным жыцці народа В. Ластоўскі пачынае бачыць у каталіцкай царкве ідэйнага і палітычнага ворага беларушчыны, які не падтрымлівае і не прымае факта гістарычнай асобнасці Беларусі ад Польшчы ў справе веры.

Спасылаючыся на Версальскі трактат, які прызнаў канечнай умовай плебісцыт пры вызначэнні межаў новаўтвораных дзяржаваў, В. Ластоўскі сцвярджае, што гэтая пастанова да беларускіх зямель, на якіх бяспраўна і бескантрольна, па-варварску гаспадараць орды польскіх акупантаў. Беларусы на беларускіх землях, далучаных Рыжскім трактатам у межы Польшчы, складаюць абсалютную большасць і дзеля гэтага справядлівасць вымагае рэвізіі Рыжскага трактату, які падзяліў жывы беларускі народ надвое [27].

Такая міжнародная практыка стварэння дзяржаў не паддаецца разуменню В. Ластоўскага, які спачатку, шукаючы падтрымкі і дапамогі за межамі Польшчы, Расіі і Беларусі, прыйшоў да высновы, што «ні адна іншаземная краіна не гатовая падтрымаць і вызваліць беларусаў з-пад ярма палякаў для аб'яднання ў адной нацыянальнай дзяржаве. Нашай сумнай сучаснасцю не выкаваны аканчальныя формы дзяржавы будучыні і не зжыты яшчэ формы і паняцці феадальна-дынастычна-капіталістычных дзяржаў. Сучасныя дзяржавы прадстаўляюць неаднацэльныя народныя арганізмы, не вольныя сувязі вольных грамадзян і народаў, а падпарадкаваныя сільнейшым слабейшыя адзінкі. Дзяржава будучыні павінна будзе абапірацца, у процілегласць сучаснасці, на дзвюх справядлівых асновах: народна-этнаграфічнай тэрыторыі і сувязі раўнапраўных і раўнацэнных у стасунку адзін да другога тэрытарыяльных народаў» [28, с. 142 - 143].

Падсумоўваючы, В. Ластоўскі гаворыць, што пад Польшчай Беларусь аграблена, зняверана і тоне ў моры крыві і слёз [29, с. 46]. Гэтымі словамі ён падагульняе ўсё сказанае, рэфлексіруе свае погляды на беларуска-польскія адносіны і стварае агульны вобраз становішча беларускага народа ў складзе Польшчы, тым самым падкрэсліваючы сваю радыкальную настроенасць і несхаваны негатыў да дадзенай з'явы. Расчараваўшыся ў міжнароднай супольнасці, яму застаецца толькі канстатаваць факты і надалей даказваць грабежніцкі харктар Рыжскай дамовы. Кожны здзек з беларускага народа, распалавіненага Рыжскаю мяжою, - гэта найперш здзек з самога В. Ластоўскага [30, с. 42].

На працягу 1920 - 1927 гг. В. Ластоўскім ствараўся вобраз захопніцкай Польшчы, якая пераходзіла да адкрытых метадаў апалячвання беларусаў. У гэтым бачыць галоўнай прычынай Рыжскую дамову, менавіта яна развязала рукі палякам на падобныя несправядлівыя дзеянні, якія ацэньваюцца вельмі адмоўна як у гістарычным ракурсе, так і сучасным.

Такім чынам, В. Ластоўскі адмоўна ацэньваў беларуска-польскія адносіны як у гістарычным кантэксце, так і ў сучаснасці. Ім ствараецца вобраз Польшчы як гістарычнага ворага Беларусі: палякі рознымі шляхамі і метадамі імкнуліся паглынуць беларусаў, пачынаючы ад уній і заканчваючы прыхаванымі і непрыхаванымі дыпламатычнымі сродкамі паланізацыі. Гэтаму ў многім садзейнічаюць знешнепалітычныя падзеі.

Аднак трэба заўважыць, што беларусы прадстаюць нейкім пасіўным народным утварэннем, бо вельмі лёгка і бяздумна паддаюцца на палітычны і культурны ўціск палякаў, не знаходзячы ў сябе сілы бараніцца ад іх і супрацьстаяць ім. Беларускі народ бачыцца ахвярай «прыроднай хцівасці» сваіх суседзяў, аднак змог захаваць сваю этнічную ўнікальнасць і непаўторнасць і толькі ў абліччы свядомай тагачаснай эліты меў сілы аднавіць сваю незалежнасць.

У некаторай ступені В. Ластоўскі схільны лічыць польскія памкненні каланізатарскімі, імперыялістычнымі, накіраванымі на поўнае зліццё на першым этапе ўсіх беларусаў, а пазней толькі Заходняй Беларусі з палякамі без уліку іх нацыянальных інтарэсаў і правоў. Такія захопніцкія і гвалтоўныя паводзіны падмацоўваліся ідэалагічна з дапамогай касцёла і насаджэння сваёй ментальнасці праз палітычную, эканамічную і мастацкую культуру. Аднак калі на пачатку В. Ластоўскі пазбягае рэзкіх слоў, ацэнак, выказванняў на гэты конт, то пасля 1920-х гадоў яны сталі дамінуючымі ў яго выступленнях і публікацыях, тым самым ён выказваў сваю незадаволенасць, пратэст супраць рэчаіснасці, спрабуючы гэтым самым змяніць яе.

У адпаведнасці з актуальнасцю і запатрабаванасцю змяняліся акцэнты В. Ластоўскага пры разглядзе беларуска-польскіх адносінаў. Калі напачатку неабходны быў іх гістарычны агляд, то пазней галоўнай мэтай стала апісанне і аналіз сучасных падзей, якія вымагалі крытыкі і радыкальных пераўтварэнняў.

The active political position and activity, national and historical consciousness forced V. Lastouski address to the analysis of communications and relations of the Belarusian people with the neighbours who directly influenced its development. Especially actual for V. Lastouski were Belarusian-Polish political and cultural relations. According to scientist's point of view, relations in the sphere of politics forced the development of the cultural relation's role. V. Lastouski's point of view about Belarusian-Polish relations in different periods of his life, factors influenced the evolution of his position are specified in the article.


Спіс крыніц і літаратуры

1. Конан, У. Эстэтычныя погляды Вацлава Ластоўскага / У. Конан / Беларусіка / Міжнар. асац. беларусістаў, Нац. навук.-асв. цэнтр імя Ф. Скарыны. Кн. 4: Яўрэйская культура Беларусі і яе ўзаемадзеянне з беларускай і іншымі культурамі; Вацлаў Ластоўскі - выдатны дзеяч беларускага адраджэння / рэд.: В. Рагойша [і інш.]. - 382 с. - С. 239 - 251.

2. Грыцкевіч, А. Гісторык Вацлаў Ластоўскі / А. Грыцкевіч / Сыны і пасынкі Беларусі / С.В. Барыс, С.В. Тарасаў, Г.А. Ланеўскі і інш.; уклад. С.В. Барыс. - Мінск: Полымя, 1996. - 416 с. - С. 229 - 254.

3. Мікулевіч, С. Ластоўскі - рэдактар, Ластоўскі - масон, Ластоўскі - прэм'ер / С. Мікулевіч // Наша ніва. - 2008. - 16 лістапада.

4. Зубко, В. «CURRICULUM VITAE» Вацлава Ластоўскага і Тамаша Грыба / В. Зубко // Роднае слова. - 2003. - № 4. - С. 62 - 71.

5. Янушкевіч, Я. Незалежнік: Дакументы і людзі / Я. Янушкевіч // Спадчына. - 1993. - № 5. - С. 42 - 47.

6. Ластоўскі, В. Шляхам творчасці. / В. Ластоўскі / Выбраныя творы / уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с. - С. 311 - 312.

7. Ластоўскі, В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі / В.Ю. Ластоўскі. - Мінск: Універсітэцкае, 1993. - 126 с.: іл.

8. Радзік, Р. Погляд на Польшчу і Расію ў «Кароткай гісторыі Беларусі» Вацлава Ластоўскага / Р. Радзік / Скарыназнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства: матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў; Бел. культура ў дыялогу цывілізацый, Мінск, 21 - 25 мая, 4 - 7 снежня 2000 г. / рэдкал.: У. Конан (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск: Бел. кнігазбор, 2001. - 364 с. = (Беларусіка - Albaruthenica; Кн. 20). - С. 262 - 270.

9. Ластоўскі, В. Што неабходна ведаць кожнаму беларусу / В. Ластоўскі / Пашырыў Я. Найдзюк. - 3-е выд. - Мінск: Тав-ва беларус. мовы імя Ф. Скарыны, 1991. - 31 с.

10. Ластоўскі, В. Перапіска ў беларускай мове / В. Ластоўскі / Выбраныя творы / уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с. - С. 258 - 259.

11. Ластоўскі, В. З падарожжы па Гродзеншчыне / В. Ластоўскі / Выбраныя творы / уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с. - С. 265 - 267.

12. Ластоўскі, В. Людвік Кандратовіч (Сыракомля) / В. Ластоўскі / Выбраныя творы / уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с. - С. 267 - 269.

13. Ластоўскі, В. Шляхам творчасці / В. Ластоўскі / Выбраныя творы / уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с. - С. 311 - 312.

14. Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі / В. Ластоўскі. - Коўна, 1926.

15. Лінднэр, Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ў ХІХ - ХХ стст. / Р. Лінднэр / Пер. з ням. Л. Баршчэўскага; нав. рэд. Г. Сагановіча. Выд. 2. - СПб., Неўскі прасцяг, 2005. - 540 с.

16. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). - Ф. 325. - Воп. 1. - Адз. зах. 117. - Л. 66.

17. Беларуская міфалогія: энцыкл. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. - Мінск: Беларусь, 2004. - 592 с.

18. Ластоўскі, В. Нацыянальнае пытанне / В. Ластоўскі / Выбраныя творы / уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с. - С. 314 - 317.

19. Ластоўскі, В. Прамова ў Жэневе / В. Ластоўскі / Выбраныя творы / уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с. - С. 354 - 359.

20. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). - Ф. 3. - Воп. 1. - Адз. зах. 257. - Л. 28.

21. НАРБ. - Ф. 325. - Воп. 1. - Адз. зах. 117. - Л. 64.

22. Беларуская міфалогія: энцыкл. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. - Мінск: Беларусь, 2004. - 592 с.

23. Ластоўскі, В. Канкардат / В. Ластоўскі / Выбраныя творы / уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с. - С. 367 - 372.

24. БДАМЛіМ. - Ф. 3. - Воп. 1. - Адз. зах. 257. - Л. 6.

25. БДАМЛіМ. - Ф. 3. - Воп. 1. - Адз. зах. 256. - Л. 21.

26. Ластоўскі, В. Канкардат / В. Ластоўскі / Выбраныя творы / уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с. - С. 367 - 372.

27. БДАМЛіМ. - Ф. 3. - Воп. 1. - Адз. зах. 257. - Л. 27.

28. Власт. Уражанні ад паездкі ў Беларускую Радавую Сацыялістычную Рэспубліку // Бацькаўшчына: зб. гіст. літ. / уклад., прадм., паслясл. С.С. Панізніка. - Мінск: Юнацтва. - 268 с. - С. 136 - 165.

29. Янушкевіч, Я. Незалежнік: Дакументы і людзі / Я. Янушкевіч // Спадчына. - 1993. - № 5. - С. 42 - 47.

30. Янушкевіч, Я. Незалежнік: Дакументы і людзі / Я. Янушкевіч // Спадчына. - 1993. - № 5. - С. 42 - 47.

Навуковы кіраўнік - В.А. Белазаровіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX