Вярнуцца: Рэха мінуўшчыны

Персаналіі


Дадана: 26-02-2012,
Крыніца: Рэха мінуўшчыны, Мінск, 2011.

Спампаваць




УДК 378.4(476.6):94(476.6)

В.В. Парманчук
(Гродна, ГрДУ імя Янкі Купалы)

АСОБЫ З ГІСТОРЫІ ГРОДЗЕНСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ЎНІВЕРСІТЭТА: ПРАФЕСАР БАРЫС МАРКАВІЧ ФІХ

В статье сделана попытка показать личность Бориса Марковича Фиха, который стоял у истоков создания Гродненского государственного университета. Прослеживается его биография, несомненно, повлиявшая на характер и поступки этого человека. Особая значимость статьи - в использовании воспоминаний его друзей и коллег, позволяющих оценить талант и действия этого человека.

Ля вытокаў ГрДУ імя Янкі Купалы стаяла шмат выбітных асоб, многія з якіх былі гісторыкамі. Плённая праца такіх яго кіраўнікоў і выкладчыкаў як Малюкевіч І.Н., Маркоўскі Д.С., Крэнь І.П., Ваяхін В.А., Люлякоў П.К., Мараш Я.Н., Бадакоў А.В. і многіх інш., зрабілі імя нашай ВНУ і гістарычнаму факультэту.

Сярод першых выкладчыкаў факультэта асаблівае месца займае прафесар Фіх Б.М. У далёкім 1954 г. Барыс Маркавіч у складзе невялікага калектыву выкладчыкаў-гісторыкаў (В.І. Дзянісюк, Я.Н. Мараш і І.Н. Малюкевіч) распачаў працу на гістарычным аддзяленні філалагічнага факультэта [1, c. 4]. На гэты момант за плячыма Барыса Маркавіча быў багаты жыццёвы вопыт…

Нарадзіўся будучы прафесар 9 чэрвеня 1923 г. у сяле Грушка Каменскага раёна Малдаўскай ССР. Яго бацькі былі сялянамі-беднякамі і з 1931 г. працавалі ў калгасе [2, c. 529]. Наконт яго першапачатковай адукацыі нам, нажаль, нічога невядома. Дакладна вядома, што ён вучыўся ў Тыраспальскім педагагічным інстытуце імя Т. Шаўчэнкі (Малдаўская ССР) з 1939 па 1941 г. [2, c. 530].

З 1941 па 1942 г. вучыцца ў Ціхарэцкай авіяшколе і Бакінскім пяхотным вучылішчы (сакавік - жнівень 1942 г.). Падчас вайны Барыс Маркавіч быў перакладчыкам разведаддзела, перамогу сустрэў у Берліне [2, c. 530]. Службу ў Чырвонай Арміі скончыў ад'ютантам начальніка 9-га гвардзейскага стралковага корпуса ў званні гвардыі лэйтэнанта [3, c. 110]. Зараз можна толькі ўяўляць, сведкам якіх гістарычных падзей быў Барыс Маркавіч.

У 1946 г. Барыс Маркавіч Фіх паступае на гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (зараз МДПУ імя М. Танка), скончыў аспірантуру пры кафедры гісторыі СССР (1948 - 1951 гг.). Быў накіраваны ў Пінскі настаўніцкі інстытут, дзе да 1954 г. выконваў абавязкі загадчыка кафедры гісторыі, намесніка дырэктара па навуковай і вучэбнай працы [2, c. 530]. За гэтыя восем гадоў Барыс Маркавіч канчаткова сфарміраваўся як навуковец. Канешне, гэта было б немагчыма без прыродных талентаў і педагагічных здольнасцяў гэтага чалавека. Люты 1954 г. - абарона кандыдацкай дысертацыі на тэму: «Роль комитетов бедноты Витебской губернии в развёртывании социальной революции в деревне» [2, c. 530].

Пасля закрыцця Пінскага настаўніцкага інстытута Барыс Маркавіч пачынае працу ў нашай alma mater. Спачатку старшым выкладчыкам, а ўжо праз два гады - загадчыкам кафедры. Барыс Маркавіч плённа працуе, распрацоўвае шэраг курсаў і спецкурсаў па гісторыі СССР і БССР, першым пачаў чытаць курс «Историография истории СССР» [4]. Асаблівым поспехам сярод студэнтаў карыстаўся курс «История движения декабристов». Дзякуючы асабліваму педагагічнаму таленту «прапускаць праз сябе» гісторыю, адчуваць сябе жыхаром далёкай эпохі, Барыс Маркавіч як выдатны аратар «гіпнатызаваў» студэнтаў, пераносячы іх у эпіцэнтр падзей. Захапіўшыся аповедам, слухачы нават не заўважалі некаторых факталагічных памылак лектара, якія ён, сам таго не ведаючы, знаходзячыся ў стане «апантанасці», дапускаў [4]. У 1961 г. атрымаў званне дацэнта. Барыс Маркавіч Фіх шмат зрабіў для арганізацыі навуковага працэсу на гістарычным факультэце, і, улічваючы яго папярэдні стаж працы на пасадзе намесніка дырэктара Пінскага настаўніцкага інстытута, у 1964 г. яго прызначаюць на пасаду прарэктара па навучальнай і навуковай працы. Гэта былі гады плённага развіцця гродзенскага інстытута. Барыса Маркавіча Фіха памятаюць як выдатнага адміністратара і кіраўніка [3, c. 111]. З-за свайго невысокага росту (каля 150 см) ён меў цікавую звычку падкладваць пад сябе нагу, калі сядаў за стол, мабыць, каб выглядаць вышэйшым [4]. Фіх быў адным з самых актыўных прыхільнікаў пераўтварэння інстытута ва ўніверсітэт. У той час гэтую ідэю таксама падтрымала партыйнае кіраўніцтва Гродзеншчыны, і разам з мясцовай інтэлігенцыяй у 1974 г. яны дабіліся прыняцця пастановы пленума ЦК КПБ аб адкрыцці трэцяга на Беларусі дзяржаўнага ўніверсітэта [5, c. 151].

Шмат было зроблена дзеля дасягнення гэтай мэты. Па ініцыятыве Барыса Маркавіча Фіха ў 1969 г. была адкрыта аспірантура, разам з рэктарам А.В. Бадаковым было праведзена ўкараненне ўніверсітэцкай сістэмы арганізацыі навукова-даследчай працы выкладчыкаў і студэнтаў і многае інш. [3]. Фіх асабіста кіраваў аспірантурай па гісторыі. Яго аспірантамі былі такія знакамітыя асобы як У.М. Міхнюк, Т.А. Ульяновіч (Сукрысцік), А.Н. Кумко (Несцярэнка), В.М. Чарапіца. Як навуковы кіраўнік ён не быў надакучлівым: даваў парады, дапамагаў з падборам літаратуры і з неабходнымі выездамі ў архівы Беларусі і суседніх краін і рэспублік [4].

Нягледзячы на вялікую нагрузку, Барыс Маркавіч Фіх не забываў пра навуковую дзейнасць. У студзені 1968 г. ён паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю «Аграрная революция в Белоруссии (1917 - 1920 гг.)», а ў ліпені таго ж года атрымаў званне прафесара. Такім чынам, Барыс Маркавіч стаў першым прафесарам Гродзенскага педагагічнага інстытута. Ён з'яўляецца аўтарам манаграфіі, напісанай па тэме доктарскай дысертацыі і сааўтарам першага і другога выданняў кнігі «Гродно. Исторический очерк» і шмат іншых [2, c. 530]. У сваіх працах Барыс Маркавіч упершыню разгледзеў працэс рэарганізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі ў першыя гады савецкай улады і увёў тэрмін «аграрная рэвалюцыя», які доўгі час выкарыстоўваўся ў айчыннай гістарычнай навуцы.

Апошнія гады жыцця Барыс Маркавіч Фіх быў загадчыкам кафедры гісторыі СССР і БССР. Памёр 6 ліпеня 1977 года. Пахаваны на цэнтральных могілках г. Гродна [3, c. 111]. Барыс Маркавіч унёс бясспрэчны ўклад у пераўтварэнне Гродзенскага педагагічнага інстытута ў дзяржаўны ўніверсітэт, яго станаўленне і развіццё. Памяць аб ім калектыў будзе захоўваць вечна.

In the article author made an attempt to describe B. M. Fich's personal attitudes and features of the character. Furthermore author shows main pages of professor's biography. B. M. Fich colleagues' memories were used in the article. Thus enclosed memories representing a particular importance for readers.


Спіс крыніц і літаратуры

1. Крень, И.П. Факультет истории и социологии УО «ГрГУ имени Янки Купалы»: 55 лет созидания / И.П. Крень, Э.С. Ярмусик // Веснік ГрДУ імя Янкі Купалы. Серыя 1, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. - 2009. - № 3. - С. 4 - 7.

2. Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: бібліяграфічны даведнік / пад рэдакцыяй В. М. Чарапіцы. - Гродна: ГрДУ, 1999. - 595 с.

3. Прафесары Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. 1940 - 2010: бібліяграфічны слоўнік / рэд. кал.: Я.А. Роўба, І.П. Крэнь, С.А. Габрусевіч (адказныя рэдактары) [і інш.]. - Баранавічы: Ф-л № 1 ААТ «Чырвоная зорка», 2010. - 128 с.

4. Успаміны прафесара В.М. Чарапіцы - аспіранта Б.М. Фіха (з уласнага архіва аўтара).

5. Постаці ў гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: гістарычны нарыс / аўтар і складальнік прафесар В.П. Таранцей. - Гродна: ГрДУ, 2005. - 203 с.

Навуковы кіраўнік - І.П. Крэнь , кандыдат гістарычных навук, прафесар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX