Папярэдняя старонка: Горны Аляксандр

Думкі ўслых 


Аўтар: Горны Алесь,
Дадана: 02-03-2012,
Крыніца: Горны Алесь. Думкі ўслых (з нагоды выдання збору твораў Вінцука Адважнага) // Наша слова. - 2011. - № 38. - С. 2.



(з нагоды выдання збору твораў Вінцука Адважнага)

Сёлета серыя "Беларускі кнігазбор" як заўсёды парадавала аматараў беларускай мінуўшчыны новымі выданнямі. Доўгачаканы збор твораў Уладзіслава Сыракомлі быў цёпла сустрэты айчыннымі чытачамі, якія, не паспеўшы перагарнуць апошнюю старонку гэтай кнігі, атрымалі ад выдавецтва партыю свежай літаратуры. Не памылюся, калі заяўлю, што новы 58-ы том серыі з творамі Вінцука Адважнага ўжо стаў значнай з'явай у беларускім літаратурным жыцці. І калі імя і творчасць Сыракомлі яшчэ можна сустрэць у нашых школах ды ў назвах вуліц, то імя Язэпа Германовіча наўрад ці што-небудзь скажа звычайнаму абывацелю, а яго творы, перавыдадзеныя ў апошнія часы, ужо даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму зразумелы гэты павышаны інтарэс, які выклікае, і, упэўнены, будзе выклікаць згаданае выданне. Важнасьць яго заключаецца таксама і ў тым, што гэта фактычна першы комплексны збор твораў уніяцкага святара, выдадзены ў Беларусі. Хаця слова "першы" тут можа гучаць з пэўным камізмам - на двары ўжо 2011 год. Хочацца проста вымавіць - нарэшце!

Увогуле трэба без хістанняў прызнаць, што літаратурная традыцыя Заходняй Беларусі (да якой і адносіўся Вінцук Адважны) яшчэ маладаследавана і малавядома сучаснаму грамадству. Здавалася б, прайшло дзесьці 70-80 гадоў, яшчэ жывыя людзі, якія помняць той перыяд, а мы столькі мала ведаем пра яго ды толькі зараз адчыняем імёны тых, хто працаваў у складанай заходнебеларускай рэчаіснасці. Заходняя Беларусь міжваеннага часу - гэта кульмінацыя і апагей беларускага нацыянальнага руху, гэта бліскучыя перамогі і ганебныя паражэнні беларускіх эліт, гэта паланізацыя і неаўнія. У ва ўсім гэтым віры жыцця - непаўторная беларуская літаратура, якая развівалася без Галоўліта ды соцрэалізму. Літаратура Заходняй Беларусі бяспрэчна была арганічным працягам нашаніўскай культурнай традыцыі, працягам больш дасканалым і гарманічным. Нездарма маладыя творцы, якія пачалі пісаць на гэтай тэрыторыі (у тым ліку і Язэп Германовіч), выхоўваліся на творах Багушэвіча і нашаніўскіх пісьменьнікаў. Гэта было сапраўднае пакаленне беларускага "Sturm und Drang". Тут не было спрэчак "Маладняка" з "Узвышшам", але тут нарадзіліся і ўдасканальваліся тыя жанры, якім у БССР было наканавана загінуць. Палымяная публіцыстыка, філасофска-эстэтычнае мысленне, хрысціянскія ідэалы - вось бадай няпоўны спіс таго, што пакінулі сваім нашчадкам заходнебеларускія пісьменнікі. Пры гэтым іх творчасць уяўляе вялікую цікавасць не толькі для аматара літаратуры ці акадэмічнага літаратуразнаўцы, але і для дасьледчыка гісторыі, бо стварае непаўторную карціну светапогляду і паўсядзённага жыцця заходняга беларуса. Таму выданне твораў Язэпа Германовіча безумоўна ўзбагаціцть нашыя веды і прыадкрые заслону таямніцы над яшчэ адной старонкай беларускай гісторыі.

Пад вокладкай 58-га тома знайшлі месца творы Германовіча розных часоў: вершы заходнебеларускага і эмігранцкага перыяду, публіцыстыка пачатку 1920-х гг., апавяданне "Адам і Анэлька", аповесць "Хлапец", артыкулы з часопіса "Божым шляхам", успаміны, лісты. З усяго зместу бачна, што ўкладальнік рабіў націск на азнаямленне чытача менавіта з прозай пісьменніка, якая складае даволі значны адсотак у яго творчасці. Вяртанне ў беларускую літаратуру такога скарбу, як аповесць "Хлапец" - вялізарны плюс гэтага выдання. Але я, прызнаюся, быў трохі расчараваны, калі не ўбачыў у кнізе твора, які там павінен быў быць. Справа ў тым, што ў кожнага спевака ёсць адна-дзве песні, па якіх яго найбольш пазнаюць і якія ён выконвае заўсёды напрыканцы сваіх канцэртаў. Тое ж самае і ў пісьменніка ёсць некалькі твораў, якія з'яўляюцца як бы яго візітнай карткай. Думаю вы здагадаліся, што такой візітоўкай для Вінцука Адважнага зяўляецца паэма "Унія на Палесьсі". Калі паглядзець на спіс твораў пісьменніка заходнебеларускага перыяду, то можна ўбачыць, што паэма вылучаецца сярод іх нават знешне: яна адзіная надрукавана кірылічным шрыфтам. Выдадзеная ў 1932 г. езуітамі ў Альбертыне, "Унія на Палесьсі" стала сапраўдным помнікам таго супярэчлівага часу. Калі б раптам стваралася якая-небудзь "Хрэстаматыя беларускай літаратуры найноўшага часу", то ўпэўнены паэма Германовіча заняла б там належнае месца. Праз гэты твор мастак быццам праклаў мост у стагоддзі, гіпатэтычна вяртаючы нас да той рэлігійнай палемікі, якая панавала ў беларускай літаратуры ў пачатку XVIIст. Але гэтае "вяртанне", зразумела, было аздоблена новымі рэаліямі жыцця, звязанымі і ў тым ліку з праблемамі нацыянальнага Адраджэння. "Вершаваная дыскусія" (менавіта так аўтар вызначыў свой твор) паміж уніятам, праваслаўным манахам і каталіцкім ксяндзом закранула спрадвечную праблему хрысціянскага свету - праблему міжканфесійнага дыялогу і аб'яднання цэркваў. І хаця Германовіч, як уніят, вырашае гэтую праблему па-свойму, што можа прыйсці недаспадобы многім (прызнаем, што ў пэўным сэнсе твор меў і прапагандысцкі характар), але сама яе пастаноўка ўжо вылучае паэму з творчасці пісьменніка. Зрэшты аўтар пакідае кожнаму права самому выбраць той ці іншы погляд - альбо праваслаўнага манаха (ягоным прататыпам верагодна быў святар з Давыд-Гарадка Дз. Перапечын), альбо уніята (уніяцкі святар з Альпеня Вацлаў Аношка), альбо каталіцкага ксяндза (магчыма Пётр Татарыновіч). Між іншым, "Унія на Палесьсі" была перавыдадзена ў 2004 г. берасцейскай гарадзкой радай ТБМ, але з-за малога накладу гэта кніга даўно ўжо згубілася нават у бібліятэчных фондах. Перавыданне паэмы сёння дапоўніла б пачатую раней справу, а збору твораў надалала б завершанасць і цэласнасць.

Але зразумела, што ў 600-старонкавы том не магло змясціцца ўсё тое, што выйшла з-пад пяра Язэпа Германовіча ў розныя часы. Спадзяюся, што ў будучыні мы ўсё ж такі пабачым поўны збор твораў пісьменніка, дзе будуць у поўнай меры прадстаўлены яго погляды і талент; дзе будуць надрукаваны невядомыя сёння творы. Працаваць яшчэ ёсць над чым. Напрыклад, вельмі туманным уяўляецца харбінскі перыяд жыцця Германовіча, хаця ў згаданым зборы былі зроблены неблагія намаганні адлюстраваць яго праз творчасць пісьменніка. Архіў Германовіча ды творчыя нарыхтоўкі, якія безумоўна рабіліся ў Харбіне, як падаецца, бясследна загінулі, але верагодна штосьці можа захоўвацца ў бібліятэках і сховішчах Ватыкана (напрыклад архіў Ордэна Марыянаў ці архіў Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў). Германовіч займаў пасаду дырэктара харбінскага Ліцэя св. Мікалая, таму у Ватыкане могуць захоўвацца шматлікія лісты і справаздачы наконт гэтай установы. Акрамя гэтага, у Харбіне ён праявіў таксама і свае багаслоўска-палемічныя здольнсці. У часопісе "Католический вестник", які выдаваўся харбінскай усходнекаталіцкай епархіяй, у нумарах за 1935 г. быў змешчаны цыкл ягоных артыкулаў пад агульнай назвай "Где истинная Церковь?" (за подпісам "иеромонах Иосиф"), у якіх пісьменнік зноў жа палемізуе з праваслаўнымі багасловамі і прыводзіць шмат фактаў з гісторыі ўзаемаадносін праваслаўя і каталіцтва.

Да харбінскага перыяду творчасці пісьменніка можна аднесці таксама і падарожныя нататкі, зробленыя ім падчас пераезду ў Манчжурыю. У 1937 г. яны былі надрукаваны асобным выданнем "На Далёкі Ўсход". Праз тры гады нататкі Германовіча таксама надрукуе "Крыніца". Дарэчы ён быў не адзіны, хто пакінуў апісанне сваіх прыгодаў на шляху да харбінскай місіі. Трохі раней, Фабіян Абрантовіч змясьціў у "Хрысьціянскай думцы" серыю нататак пад назвай "З Друі ў Харбін". У гэтых творах паказана гісторыя усіх тых мытарстваў, якія прыйшлося перажыць місіянерам на чужыне, паказаны іх пачуцці й уражанні, якія ўзнікалі пры сустрэчы з "іншым" светам. Гэтыя нататкі - важная першакрыніца пры вывучэнні дзейнасці беларускіх святароў усходняга абраду сярод расейскай эміграцыі ў Кітае. Але, трэба заўважыць, чамусьці нават ва ўводным артыкуле да збору твораў звесткі пра іх увогуле адсутнічаюць, хоць яны і займаюць арыгінальнае месца ў творчай спадчыне Германовіча.

Не адлюстравана ва ўводным артыкуле і яшчэ адна праблема, звязаная з творчасцю пісьменніка. У 1939 г. у Вільне выйшла кніжка "Добраму і Бог памагае: фантастычна-народная басьня". Яе аўтар хаваўся за псэўданімам "Унук Вінцук". Паводле біёграфаў, гэты псэўданім ніколі раней не сустракаўся ў творах Адважнага, але аўтарства байкі ўсё роўна прызнаецца за ім. Некаторыя ж лічаць, што аўтарам твора зяўляецца Антон Падзява - яшчэ адзін выхаванец Друйскага кляштара. Апошні, фактычна, да 1939 г. не праяўляў ніякіх літаратурных здольнасцяў, тым больш у такім спецыфічным жанры, як байка, таму аўтарства яго малаверагодна. Дэтальны аналіз байкі ды яе супастаўленне з іншымі працамі Германовіча, мяркую, прывядзе да вырашэння гэтай праблемы.

Але, нягледзячы на некаторыя касметычныя недахопы, збор твораў у цэлым укладзены даволі змястоўна. Больш-менш у ім прадстаўлнены ўсе этапы творчага і жыцьцёвага шляху Вінцука Адважнага: заходнебеларускі, харбінскі, савецкі і эмігранцкі. У дадатку змешчаны рэцэнзіі ксяндзоў Станкевіча і Талочкі на творы пісьменніка, а таксама два біяграфічныя артыкула Ч.Сіповіча. Адносна вялікую частку па аб'ёму складаюць мемуары. Упершыню выдаюцца ўспаміны "Мае мама і тата", перавыдаюцца малавядомая раней "Учора, сягоньня, заўтра". Дзякуючы ім можна перанесціся ў свет дарэвалюцыйнай Беларусі, прасачыць узаемаадносіны людзей таго часу. Ну і канешне ж збор твораў не мог абысціся без знакамітага "Кітай-Сібір-Масква" - скарба не толькі беларускай, але і сусветнай мемуарыстыкі. Пра ГУЛАГ успаміналі шмат, але прынамсі ў Беларусі пра яго гучна заявілі толькі двое - Аляхновіч ды Германовіч. Упершыню выдадзеныя ў 1962 г., успаміны сталі своеасаблівым летапісам пакутлівага шляху святара, дый адначасова, прысудам савецкай рэчаіснасці сталінскіх часоў. Нездарма яны былі перакладзены на іншыя мовы свету. Дарэчы ў 1997 г., дзякуючы намаганням былых вучняў Ліцэя св. Мікалая ў Мельбурне быў надрукаваны расейскамоўны пераклад успамінаў "Кітай-Сібір-Масква" з прадмовай архімандрыта Георгія Бенігсена, у якой, між іншым, падкрэслівалася: "Поскольку воспоминания эти захватывают много лет трагической русской истории, знакомы многим и написаны с одной стороны с большим реализмом, а с другой, с неподражаемым и беззлобным юмором, я считаю, что и русскому читателю они будут не без интересны". Былыя вучні Германовіча захавалі і магчымы рукапіс мемуараў свайго настаўніка. Згодна з даследаваннямі рукапіс пад аўтарскай назвай "Споведзь. Запіскі з мёртвага дома" пасля смерці айца Язэпа быў пераданы былому ліцэісту Аляксандру Лаўрушыну, які даслаў яго свайму аднакласніку П. Івачову ў Хабараўск. Апошні даў да рукапісу уласныя каментары, у якіх ахарактарызаваў многіх прадстаўнікоў харбінскай каталіцкай місіі. Магчыма гэты рукапіс з каментарамі П. Івачова быў пакладзены ў аснову мельбурнскага выдання 1 .

Жыццё і творчасць Вінцука Адважнага па-ранейшаму патрабуюць глыбокага даследавання і ўдасканалення, што, безумоўна, з'яўляецца справай будучыні. Выяўленне новых твораў гэтага пісьменніка ды выданне поўнага збору яго творчасці - вось тая задача, што паўстае перад сучаснымі даследчыкамі зноў і зноў. І гэта датычыцца не толькі асобы Язэпа Германовіча. Як і раней, імёны многіх творцаў застаюцца ў забыцьці, хоць яны і ўнеслі значную лепту ў адраджэнне сваёй Бацькаўшчыны. Чамусьці асабліва забыты сёння творы ўніяцкіх святароў, якія сваімі працамі ўзбагацілі скарбонку беларускай рэлігійнай і гістарычнай думкі. У гэтым сэнсе Вінцук Адважны стаў пэўным першапраходцам, але ці пойдзе праца надалей? Па-ранейшаму нябачна нават аднатомнага збору твораў айца Льва Гарошкі (яго пісьмовая спадчына без перабольшанняў магла б скласці 3-4 тамы, а то і болей). Каталіцкія выданні часта ўзгадваюць уніяцкіх святароў Б. Пачопку, Ф. Абрантовіча, але на сваіх старонках не змяшчаюць іх творы. Думаю, тыя ідэі і думкі, якія паклалі ў сваіх працах гэтыя людзі, будуць актуальнымі і ў нашы часы, а таксама карыснымі ў справах адраджэння беларускай культуры. І няважна як мы ставімся да ўніі як рэлігійнай з'явы, няважна каго мы шануем - Папу альбо Патрыярха - вера ў дабро і любоў агульна для ўсяго чалавецтва, і мы павінны ведаць тых, хто нёс гэтую веру на сваіх сцягах.


1 Падрабязней пра гэта гл.: Красноштанов С. И. О мемуарах отца Иосифа, преподавателя Харбинского католического лицея // Дальний Восток России - Северо-Восток Китая: исторический опыт взаимодействия и перспективы сотрудничества. Материалы международной научно-практической конференции, посвященной 60-летию Хабаровского края, 100-летию со дня строительства КВЖД и города Харбина. - Хабаровск: Изд. дом "Част. коллекция" 1998. - С. 157-160.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX