Папярэдняя старонка: Горны Аляксандр

Протаіерэй Аляксандр Коўш 


Аўтар: Горны Алесь,
Дадана: 09-03-2012,
Крыніца: Горны, Аляксандр. Протаіерэй Аляксандр Коўш: вяртанне з забыцця // Гродненские епархиальные ведомости. 2011. № 11. С. 13 - 17.



Протаіерэй Аляксандр Коўш: вяртанне з забыцця

У міжваеннай Вільне імя Аляксандра Каўша было вядома бадай кожнаму праваслаўнаму беларусу. Але сёння яно рэдка сустракаецца нават у гістарычных творах і даследаваннях. Жыццё гэтага чалавека, у якім цудоўным вобразам перапляліся палітыка і вера, грошы і турма, патрыятызм і хрысціянства, магло ўжо даўно стаць сюжетам для якога-небудзь рамана ці кінафільма. Забіты ў часы вайны, святар не пакінуў нам мемуараў ды шматтомных разважанняў, але ён пакінуў нам напамін, што лёс беларускага пастыра ў ХХ стагоддзі - гэта лёс пакутаў і ахвяраў. І вось прыйшоў час у поўнай меры прасачыць гэты лёс і прыадчыніць яшчэ адну старонку гісторыі Праваслаўнай Царквы на Беларусі, якая так доўга была зачынена замком часу.

Будучы святар нарадзіўся 2 жніўня 1884 г. у вёсцы Верцялішкі (па іншых звестках у весцы Рыдзялі Верцілішскай воласці) Гродзенскага павета ў праваслаўнай сялянскай сям'і. Усяго сям'я Коўш мела дзесяць дзяцей, але многія з іх памерлі яшчэ ў дзяцінстве. Гэты лёс мог напаткаць і маленькага Аляксандра - маці ўжо рыхтавалася яго пахаваць - але смерць на гэты раз абмінула іх дом. Хлопчык вырас і пражыў доўгае і бурлівае жыццё.

Пасля заканчэння мясцовай школы, настаўнікі накіравалі Аляксандра, як даволі здольнага і добрасумленнага юнака, на навучанне ў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Скончыўшы семінарыю ў 1904 г., ён, кажучы сучаснай мовай, быў "размеркаваны" настаўнікам у мястэчка Дамачава Брэсцкага павета (некаторыя біёграфы Каўша сцвярджаюць, што ён працаваў настаўнікам на Століншчыне, што падаецца нам памылковым). Адпрацаваўшы абавязковыя чатыры гады ў мясцовым народным вучылішчы, ён вырашыў пакінуць гэтыя мясціны і пераехаць у Люблін. Магчыма на такое рашэнне маглі паўплываць цяжкія матэрыяльныя ўмовы, якія адчуваў малады настаўнік у пачатку сваёй кар'еры. У Любліне Аляксандр скончыў бухгалтарскія курсы і ўладкаваўся ў аддзяленні Рускага дзяржаўнага банку на пасаду канцылярскага чыноўніка (праз тры гады ён ужо стаў рахунковым чыноўнікам другога разраду). Напачатку Першай сусветнай вайны банкаўскае аддзяленне разам з усімі супрацоўнікамі было эвакуіравана ўглыб Расіі. Аляксандр Коўш першапачаткова жыў у Маскве, потым у Разані, Славянску, Майкопе. Але Радзіма клікала свайго сына назад. Пасля цяжкага бежанскага жыцця і ўсіх рэвалюцыйных ліхалеццяў, ён вырашае вярнуцца дамоў, на Гродзеншчыну, якая ў гэтыя часы ўжо стала, паводле Рыжскага мірнага дагавора, часткай тэрыторыі т. зв. "Другой Рэчы Паспалітай". Менавіта ў Гродна адбудзецца фактычна яго другое нараджэнне, нараджэнне ў якасці святара.

Рашэнне прыняць духоўны сан і звязаць сваё жыццё з Богам, А. Коўш магчыма прыняў падчас знаходжання ў эвакуацыі. Маральная дэградацыя і духоўны секулярызм, якія панавалі ў расійскім грамадстве часоў рэвалюцыі, прымушалі многіх бачыць у Царкве і хрысціянстве апошні паратунак. Асабліва гэта датычылася інтэлігенцыі, той праслойкі грамадства, якая першапачаткова згубіла Хрыста дзеля моднага матэрыялізму, але потым, насыціўшыся рэвалюцыйнымі "свабодамі", зноў пачалі вяртацца да хрысціянскага светапогляду, зноў шукаць выйсця з вялізарнай духоўнай ямы, у якую самі, не жадаючы гэтага, трапілі. Некаторыя прымалі святарства, каб канчаткова парваць з былымі ідэямі і перакананнямі. Так, напрыклад, у 1918 г. святаром стаў вядомы расійскі філосаф і эканаміст Сяргей Булгакаў. Такі ж самы лёс абраў для сябе і Аляксандр Коўш. У 1921 г. епіскапам гродзенскім Уладзімірам (Ціханіцкім) ён быў рукапаложаны ў сан праваслаўнага свяшчэнніка. З гэтай хвіліны і да самога свайго канца, айцец Аляксандр будзе добрасумленна і самаахвярна служыць Богу і свайму народу.

Амаль усё пастырскае служэнне протаіерэя Аляксандра прыпадае на 1920 - 1930-я гг., калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польскай дзяржавы. Гэта былі даволі цяжкія часы да праваслаўных. Улады краіны надавалі вялікую ўвагу развіццю рыма-каталіцкага касцёла, які фактычна меў статус пануючага веравызнання. Праваслаўная царква ж апынулася ў становішчы канфесійнай меншасці. Пры гэтым польскія духоўныя і свецкія ўлады паступова звужалі сферу ўплыву Праваслаўя, пераследвалі духавенства, што нярэдка прыводзіла да канфлікту не толькі на рэлігійнай, але і на этнічнай глебе. З пачатку 1920-х гг. у праваслаўных рэгіёнах Польшчы пачалі праводзіцца акцыі рэвіндыкацыі, г. зн. перадачы касцёлу культавых будынкаў і іншай рухомай і нерухомай маёмасці, што раней належала ўніятам і католікам, але была перададзена былым царскім урадам Праваслаўнай Царкве. За ўвесь міжваенны час у каталіцкія касцёлы было пераўтворана прыблізна 1300 храмаў праваслаўных. Вельмі частымі былі выпадкі, калі адабраныя цэрквы зачыняліся і доўгі час пуставалі, бо ў праваслаўных мясцовасцях наўпрост не было патрэбнай колькасці прыхажан-католікаў. Акрамя гэтага, улады здзяйснялі палітыку "рэдукцыі" - штучнага змяншэння лічбы праваслаўных прыходаў. Згодна з гэтым, прыход мог існаваць толькі тады, калі ён налічваў не менш 3 тысяч вернікаў, у адваротным выпадку яго зачынялі (для параўнання каталіцкая парафія магла існаваць нават пры наяўнасці 500 парафіян).

Нялёгка жылося ў міжваеннай Польшчы і праваслаўным святарам. Ужо той факт, што духавенству было цяжка атрымаць польскае грамадзянства, адлюстроўвае яго няроўнае і цяжкае становішча. Ня маючы пашпарту, многія святары былі дэпартаваны польскімі уладамі ў СССР, дзе яны пасля сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Вядомы беларускі палітык В. Рагуля ў сваіх успамінах прыгадваў, што "… ў жыцці на праваслаўных святароў глядзелі з падозраннем, а часамі і з нянавісцю. Праваслаўны святар быў пад сталым наглядам каменданта паліцэйскага пастарунку…". Духавества усё часцей пачало далучацца да нацыянальнага руху украінцаў і беларусаў, каб хоць нейкім чынам абараніць свае правы і правы сваіх прыхаджанаў.

Польскі ўрад таксама вырашыў усталяваць і лаяльную да сябе структуру кіраўніцтва Праваслаўнай Царквы. 14 чэрвеня 1922 г. на саборы епіскапаў у Варшаве мітрапаліт Георгій абвясціў аб стварэнні Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Супраць гэтага адразу выступілі кіраўнікі ўсіх трох заходнебеларускіх епархій (Віленскай, Гродзенскай і Пінскай), а таксама многія багасловы і царкоўныя дзеячы. Яны патрабавалі вырашыць пытанне аўтакефаліі кананічным шляхам на царкоўным саборы. Але да сярэдзіны 1924 г. амаль усе нязгодныя іерархі страцілі свае пасады і былі вымушаны пераехаць за мяжу. У тым жа 1924 г. канстанцінопальскі патрыярх пацвердзіў аўтакефалію Праваслаўнай Царквы ў Польшчы (хадзілі чуткі, што яго згода каштавала польскаму ўраду 30 000 франкаў). З гэтага часу Царква паступова палітызавалася, улады пачалі актыўна выкарыстоўваць яе ў якасці сродка асіміляцыі няпольскага славянскага насельніцтва краіны.

Ва ўмовах глыбокага крызісу Праваслаўя ў Польшчы, частка свяшчэннікаў, грунтуючыся на прынцыпе саборнасці, вырашыла наблізіць Царкву да патрэбаў і жаданняў простага народа. Не звяртаючы ўвагу на сваркі ў пакоях мітрапалітаў і епіскапаў, гэтыя святары імкнуліся працягнуць духоўнае выхаванне сваёй паствы хрысціянскім ідэалам і дапамагчы народу ў яго гаротным становішчы. У іх кагорце быў і протаіерэй Аляксандр Коўш. Яго першым месцам службы быў адзін з вясковых прыходаў у Ваўкавыскім павеце (зараз вельмі цяжка ўсталяваць дакладнае месца службы святара, паводле некаторых звестак - гэта вёска Дзецяловічы). Тут ён упершыню сутыкнуўся з усімі цяжкасцямі праваслаўных беларусаў. Таму ў сваіх казаннях святар заклікаў сялянаў змагацца за свае правы, не забываць родную мову, адчыняць беларускія школы і супрацьстаяць пранікненням паланізацыі. Святар у гэты час таксама пазнаёміўся з некаторымі дзеячамі беларускага руху. У госці да яго прыязджалі беларускія соймавыя паслы П. Мятла і П. Валошын, а вядомы беларускі сенатар і абаронца Праваслаўя В. Багдановіч чытаў у мясцовай царкве "Апостала" па-беларуску. Знаёмства з беларускімі палітыкамі прадвызначыла далейшы лёс святара. Калі ў 1925 г. у Вільне пачаў стварацца Беларускі Кааператыўны банк, айцу Аляксандру, як спецыялісту ў банкаўскай сферы, была прапанавана пасада бухгалтара. Беларускі рух меў тады даволі абмежаваную колькасць вопытных фінансавых работнікаў, і таму Коўш прыняў гэтую прапанову, нягледзячы на свой духоўны статус. Але пры гэтым ён не пакідаў царкоўнага служэння: яму быў перададзены занядбаны прыход у віленскім прадмесці Сніпішкі, дзе ён за некалькі месяцаў аднавіў і адрэмантаваў прыхадскі храм, які падчас Першай сусветнай вайны быў ператвораны ў электрычную станцыю. Акрамя гэтага айцец Аляксандр з 1926 г. пачаў выкладаць Закон Божы для навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі. У Вільне ён стаў адным са стваральнікаў Беларускага Дабрадзейнага таварыства, якое займалася матэрыяльнай апекай незаможніх і абяздоленых, а таксама з'яўляўся адным з заснавальнікаў прафесiйнага Саюза беларускiх настаўнiкаў.

Праца ў Беларускім Кааператыўным банку вымагала збліжэння з дзеячамі легендарнай "стотысячнай" Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Ужо ні для каго не сакрэт, што менавіта праз гэты банк БСРГ атрымлівала грашовыя сродкі для сваёй дзейнасці з усходу. Некаторыя лідары гэтай беларускай партыі былі ў адзін час і сябрамі камуністычных арганізацый, напрыклад Б. Тарашкевіч, П. Валошын, Р. Астроўскі і інш. Зараз цяжка сказаць, якую ролю ў БСРГ адыгрываў святар Аляксандр Коўш, дый увогуле ці быў ён сябрам гэтай партыі. Службоўца ІІ аддзелу Генеральнага штабу польскага войска ў "Кароткім нарысе беларускага пытання" выказвае даволі супярэчлівыя думкі наконт гэтага: "Што датычыць рэлігійных справаў, то… Грамада імкнулася выкарыстаць Царкву ў сваіх мэтах. Прыхільнікі царквы выказваліся супраць аўтакефаліі праваслаўя ў Польшчы і імкнуліся да стварэння г. зв. Жывой царквы, інструменту бальшавікоў. У гэтай справе адкрыта дзейнічаў сенатар Аляксандр Уласаў, а патаемна - поп Аляксандр Коўш, камуніст. Ён быў адначасова адным з дырэктараў (дырэктарам банка быў Р. Астроўскі - А.Г.) і скарбнікам Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні, дзякуючы чаму меў вырашальны ўплыў на падзел крэдытаў для асобных беларускіх арганізацый. Коўш меў вельмі шырокія кантакты з праваслаўным святарствам на правінцыі і, такім чынам, быў значнай для БСРГ асобай". Але, здаецца, польская выведка валодала нязначнай і спрэчнай інфармацыяй на гэты конт і таму трохі падмалявала асобу А. Каўша, зрабіўшы з яго камуніста ды абнаўленца. Наўрад ці праваслаўны святар быў актывістам бязбожнай кампартыі. Забягаючы наперад, зазначым, што ў 1939 г., пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, бальшавікі арыштоўвалі многіх былых дзеячаў КПЗБ і КПП як шпіёнаў і трацкістаў, але Аляксандр Коўш застаўся на свабодзе. А вось яго сувязі з сенатарам Уласавым хутчэй за ўсё мелі месца ў рэальнасці. Апошні ў сярэдзіне 1920-х гг. наладзіў трывалыя кантакты з метадысцкай царквой, якая прафінансавала некаторыя праекты беларускага руху, у тым ліку і БСРГ. Верагодна пры пасярэдніцтве Уласава, Коўш пазнаёміўся з некаторымі метадыстамі і згадзіўся прыняць удзел, разам з А. Луцкевічам і Р. Астроўскім, у перакладзе Бібліі на беларускую мову. Магчыма частка перакладу вядомага гельсінфорскага беларускамоўнага выдання Новага Запавету 1931 г. належыць як раз такі пяру айца Аляксандра.

У студзені 1927 г. па ўсёй Заходняй Беларусі адбыліся арышты прыхільнікаў Грамады. Аляксандр Коўш як галоўны бухгалтар банку, непасрэдна звязанага з "грашыма для партыі" таксама быў арыштаваны. Некаторы час сядзеў у віленскай турме Лукішкі. Затым разам з астатнімі дзеячамі БСРГ быў этапіраваны ўглыб Польшчы - у турму Вронкі. У вагоне цягніка разам са святаром аказаўся вядомы беларускі палітык Сымон Рак-Міхайлоўскі. У сваім "Турэмным дзённіку" ён пакінуў цікавыя запісы пра этап у Вронкі ды пра А. Каўша: "Сумна. Дзялюся ўкрадкай і адрывачна сваімі домысламі з Коўшам. Той - зусім дрэнна настроены, упаў духам. Пачынаю разважаць яго (а пры гэтым і сябе!), што пабаяцца публічнае апініі…, праз дні 2-3 ужо будзе ў газэтах, куды нас вывезьлі… "А можа нас амністуюць?!" - шэпча зьбялелымі губамі ўвесь час бледны ўсё Коўш. Сьмяюся я. Новае пытаньне Коўша шэптам: "А можа нас вязуць куды-небудзь у глуш, каб расстраляць ?". - Ды кіньце Вы чорныя думкі!" - урэшце голасна ўжо кажу яму я. Азіраецца паліцыянт і напамінае, што трэба маўчаць… Пачынаю сьнедаць. На мігі прапаную Коўшу гарбату і закуску. Адмаўляецца, ня можа есьці. Сядзіць замысьлёны". Страх апанаваў святара перад таямнічай невядомасцю. Але страх быў гэты дарэмны - у сакавіку 1927 г. Каўша вызваляюць пад заклад да прыгавора суда. Ён вяртаецца ў Вільню, дзе і працягне сваю грамадска-царкоўную справу.

У Вільне вызвалены святар даведаецца, што епіскап Феадосій пазбавіў яго прыхода ды ўвогуле забараніў адпраўляць усе літургічныя службы. Засталося толькі месца настаўніка ў беларускай гімназіі. У гэты час А. Коўш збліжаецца з групай В. Багдановіча, якая выступае супраць палітызацыі царквы і аўтакефаліі. У выдаваемым Багдановічам часопісе "Праваслаўная Беларусь" ён пад псеўданімам "Вукол" змяшчае артыкулы пра кааперацыю, у якіх падкрэслівае вялікае значэнне апошняй у грамадскім і эканамічным жыцці. Але супрацоўніцтва з Багдановічам было нядоўгім. У пачатку 1928 г. варшаўскі мітрапаліт Дыянісій, каб прыняць удзел у парламенцкіх выбарах, пры дапамозе польскіх уладаў стварае "Праваслаўнае дэмакратычнае аб'яднанне" з мэтай адцягнуць частку галасоў ад несупыннага Багдановіча ды іншых беларускіх арганізацый. У шэрагах гэтага аб'яднання мы сустракаем прозьвішча і протаіерэя Аляксандра. Ён нават стаў рэдактарам першага і апошняга нумару часопіса "Народная ніва", які выдавала варшаўская кансісторыя з разліку на выбары адразу на трох мовах. Набліжаўся суд над Грамадой, і, магчыма, страх турмы зноў пераадоліў айца Аляксандра, што прымусіла яго зрабіць крок насустрач лаяльным праўрадавым групоўкам. На судзе, які адбыўся ў лютым 1928 г., з Каўша былі зняты ўсе абвінавачванні. Дарэчы ў яго абарону выступаў усё той жа Вячаслаў Багдановіч, які, нягледзячы на ідэйныя разыходжанні, вельмі добра адклікаўся аб святары і падкрэсліваў, што ведае яго як чалавека "дзельнага, працавітага і беражлівага".

Пасля суда протаіерэй Аляксандр працягнуў сваю культурную і царкоўную працу з новым імпэтам. Са згоды віленскага духавенства ён час ад часу служыць набажэнствы для беларускіх гімназістаў у напаўразбуранай Пятніцкай царкве - самай старажытнай праваслаўный святыне горада Вільна, пабудаванай яшчэ ў XIVст. вялікай княжной Марыяй Яраславаўнай, жонкай Альгерда. Дзякуючы старанням Каўша, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам ва ўсёй Польшчы, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні. Але ў міжваенны час Пятніцкая царква не мела ўласнага прыхода і была прыпісана да Мікалаеўскай царквы, якая размяшчалася непадалёк. Айцец Аляксандр пачынае выступаць за тое, каб беларусы мелі ў Вільна свой паўнавартасны прыход з храмам. Улетку 1928 г. ён разам з Р. Астроўскім, тагачасным дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, звярнуліся да мітрапаліта Дыянісія з просьбаю наконт асобнага беларускага прыхода. Мітрапаліт даў дазвол епархіяльным уладам на яго стварэнне, але віленскі архіепіскап Феадосій паставіўся да гэтага даволі скептычна. Ён, не жадаючы абвяшчаць адзін з пяці віленскіх прыходаў як беларускі, прапанаваў заснаваць прыход пры Пятніцкай царкве. Але на гэта трэба было атрымаць дазвол польскага міністэрства веравызнанняў і публічнай асветы. Дасланае ў міністэрства прашэнне згубілася ў бюракратычнай руціне і справа з беларускім прыходам замарудзілася. Была спроба ўзнавіць яе ў 1929 г., але ні Коўш, ні Астроўскі не змаглі дасягнуць пастаўленнай мэты.

У гэтыя часы айцец Аляксандр таксама пачаў актыўна займацца выдавецкай і асветніцкай працай. У канцы 1920-х гг. уся праваслаўная грамадскасць Польшчы чакала царкоўнага Сабора, на якім планавалася канчаткова вырашыць ўсе злабадзённыя праблемы Царквы. Гэта падштурхнула многіх праваслаўных дзеячоў актывізаваць сваю дзейнасць, каб паспець выказаць уласны пункт гледжання па царкоўным пытанням. З 1 верасня 1928 г. пад рэдакцыяй айца Аляксандра пачаў выходзіць "царкоўна-народны" двутыднёвік "Беларуская зарніца". "Праваслаўная царква, як і кожная іншая, не павінна служыць матар'ялам для палітычных і партыйных экспэрымэнтаў. - пісаў святар у сваім першым праграмным артыкуле. - Справа ўпарадкаваньня Праваслаўнай Царквы зьяўляецца правам выключна саборнага розуму і нашага праваслаўнага суменьня". Закранаючы праблему беларусізацыі царквы, айцец Аляксандр падкрэсліваў, што царкоўна-славянская мова павінна застацца мовай багаслужэнняў, а казанні ды выкладанне ў школах Закону Божага неаходна праводзіць па-беларуску. У часопісе акрамя ўласных артыкулаў А. Каўша таксама змяшчаліся нарысы, прысвечаныя гісторыі царквы, павучальныя апавяданні для моладзі, афіцыйныя дакументы мітраполіі і пераклады (напрыклад, на беларускую мову быў перакладзены твор М. Бярдзяева "Царства Божае і царства кесара"). Усяго выйшла 13 нумароў "Беларускай зарніцы". У маі 1929 г. часопіс, верагодна з-за фінансавых цяжкасцяў, перастаў выдавацца, пакінуўшы значны след у заходнебеларускім культурным жыцці як трэцяе беларускамоўнае праваслаўнае выданне.

У 1930 г. айцец Аляксандр стаў віцэ-старшынёй Цэнтральнага Беларускага праваслаўнага камітэта, мэтай якога было аб'яднаць намаганні праваслаўных беларусаў у барацьбе супраць паланізацыі і амаралізацыі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Але праца ў камітэце і сяброўства з яго кіраўніком Ф. Вернікоўскім шмат чым каштавалі святару. Ён пачаў паступова аддаляцца ад свайго сябры Р. Астроўскага, і той адразу пераўтварыўся ў яго заклятага ворага. Былы дзеяч Грамады ды дырэктар кааператыўнага банку, Астроўскі стаў цяпер лаяльным паланафілам і ў сваім часопісе "Голас праваслаўнага беларуса" імкнуўся ўсялякім чынам дыскрэдытаваць былога калегу. Існуе версія, што карані гэтага канфлікту ўзыходзілі яшчэ да часоў іх сумеснай працы ў банку. Коўш, як галоўны бухгалтар, хутчэй за ўсё ведаў пра пэўныя махінацыі Астроўскага з грашовымі сродкамі. Апошні ж, магчыма, баяўся, што святар, пазбавіўшыся яго кантролю, у вызначаны момант перастане маўчаць і з дапамогай паклёпаў ды сваіх сувязяў у епархіі спрабаваў адсунуць айца Аляксандра далей ад Вільні. Коўш быў пазбаўлены пасады законанастаўніка беларускай гімназіі ды пераведзены святаром у Мікалаеўскую царкву. Але тут ён не паспеў нават адслужыць першую літургію. У "Голасе праваслаўнага беларуса" было змешчана "Открытое письмо" у якім быццам бы "прихожанеВиленской Свято-Николаевской церкви" абураліся новым прызначэннем Каўша. "Во избежание неприятностей и недоразумений… мы просим Вас не навязывать приходу Вашей особы, совершенно для него неприемлемой". - лямантавалі "вернікі". Айца Аляксандра вінавацілі ва ўсіх магчымых злачынствах, нават у тым, што ён сябруе з уніятамі і… голіць бараду (абвінавачанне ў сувязях з уніятамі было найбольш папулярным у Р. Астроўскага і яго прыхільнікаў). У рэшце рэшт у верасні 1932 г. віленскія духоўныя ўлады перавялі гаротнага святара ў вёску Норыца (Ласіцы) Пастаўскага павета, дзе ён стаў настаяцелем мясцовай царквы. Фактычна гэта была ссылка. Тагачасная праваслаўная газета "Царква і народ" паведамляла: "У дзень ад'езду на вакзале прадстаўнікі ад беларускіх праваслаўных арганізацый, моладзь і студэнства шчыра развітываліся з любым пастырам, якога запэўнялі, што - вытрымаюць і перамогуць". На сваім новым месцы службы айцец Аляксандр не мог займацца ані грамадскай, ані выдавецкай справай, але, як і раней, прамаўляў казанні па-беларуску і стварыў царкоўны хор, які спяваў беларускія духоўныя песні. Гэта прыйшло недаспадобы польскай адміністрацыі і ён у 1937 г. быў вымушаны пераехаць у в. Кастыкі Вялейскага павета.

У Вільню айцец Аляксандр вернецца толькі ў канцы 1939 г., калі гэты горад савецкімі ўладамі ўжо будзе перададзены Літве. Зноў пачне служыць у Мікалаеўскай царкве, каля яе будзе і жыць, у кватэры настаяцеля Бяляева. У 1940 - 1941 гг., ужо ў савецкай Літве, ён уладкуецца на пасаду галоўнага бухгалтара Літоўскага дзяржаўнага банка, разам з вядомым ксяндзом Адамам Станкевічам будзе кіраваць беларускай секцыяй Чырвонага Крыжа. Што датычыцца апошніх гадоў жыцця Аляксандра Каўша, то яны выглядаюць даволі супярэчлівымі і таямнічымі. Паводле пашыранай сярод гісторыкаў версіі, восенню 1941 г. святар перабяраўся ў Мінск, дзе будзе працаваць у выдавецкім аддзеле мясцовай епархіі. Потым ён атрымае прыход у в. Плешчаніцы Лагойскага раёну, які фактычна аднавіць з нуля. Насуперак загаду нямецкай адміністрацыі, айцец Аляксандр таемна хрысціў і вянчаў яўрэяў, рызыкуючы сваім жыццём. За гэта ў 1943 г. ён быў арыштаваны гестапа, і, верагодна, расстраляны ў мінскай турме.

Ужо пасля вайны, у асяроддзі беларускай эміграцыі, з'явяцца іншыя версіі гібелі А. Каўша. Гісторык Іван Касяк і Святаслаў Коўш, сын святара, выкажуць думку, што прычынай забойства айца Аляксандра быў правакацыйны данос, створаны антыбеларускім сіламі яшчэ ў Вільне і перададзены немцам. Верагодна, да гэтага даносу прыклаў руку і Р. Астроўскі. Набіраючы ў гэтыя часы папулярнасць сярод акупантаў і беларускіх калабарантаў, ён верагодна імкнуўся ліквідаваць на сваім шляху ўсё тое, што звязвала яго з Грамадой ды камунізмам. Яшчэ адзін беларускі дзеяч, Язэп Малецкі, на старонках газеты "Бацькаўшчына", агучыў свой пункт погляду наконт смерці святара. Згодна з ім, айцец Аляксандр не быў расстраляны немцамі ў 1943 г., а быў забіты літоўскімі паліцыянтамі яшчэ ўвосень 1941 г. у в. Ласіцы - месцы сваёй ранейшай пастырскай службы. Ва ўсялякім выпадку вядома, што святар загінуў пакутніцкай смерцю, а яе абставіны, мяркуем, безумоўна будуць яшчэ раскрыты.

Сёння ў віленскай Пятніцкай царкве наўрад ці ўспамінаюць пра протаіерэя Аляксандра Каўша, тое ж самае, як і ў гродзенскім Пакроўскім саборы, дзе ён некалі прымаў свой духоўны сан. Але ўпэўнены, што час зробіць сваю справу і памяць пра гэтага вялікага патрыёта і вернага сына Царквы будзе гучаць ва ўсіх абшарах Беларусі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX