Папярэдняя старонка: Горны Аляксандр

Цэнтральны беларускі праваслаўны камітэт па беларусізацыі царквы 


Аўтар: Горны А.С.,
Дадана: 25-03-2012,
Крыніца: Горны, А.С. Цэнтральны беларускі праваслаўны камітэт па беларусізацыі царквы: утварэнне і дзейнасць // Наука-2010: сб. науч. ст. В 2 ч. Ч. 1 / ГрГУ им. Я. Купалы ; редкол.: А.Ф. Проневич (отв. ред.) [и др.]. - Гродно : ГрГУ, 2010. - С. 48 - 50.



Пашырэнне сферы ўжытку роднай мовы было адным з галоўных патрабаванняў беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ ст. Не абмінала яно і рэлігійныя структуры, асабліва праваслаўныя. Панаванне з часоў Расійскай Імперыі ў праваслаўнай царкве рускай мовы прыводзіла да асіміляцыі беларусаў і запавольванні нацыятворчых працэсаў. Гэтая ж праблема перайшла і ў міжваенную Польшчу, у склад якой паводле Рыжскай дамовы 1921 г. уваходзілі заходнебеларускія землі. Вырашэнне гэтага пытання стаяла на павестцы дня набіраючага моц беларускага нацыянальнага руху.

У Заходняй Беларусі ў міжваеннае дваццацігоддзе праблемам беларусізацыі царквы надавалася значная ўвага. Беларускі рух імкнуўся выкарыстаць новыя ўмовы, калі праваслаўе было пазбаўлена ўплыву з боку расійскіх імперскіх уладаў. Такія святары, як Міхаіл Галянкевіч, Аляксандр Коўш і Міхаіл Пліс пачалі актыўна заклікаць праваслаўнае духавенства адмовіцца ад старых "абрусіцельных" функцый і хутчэй уключыцца ў беларускую культурна-нацыянальную працу. Са святарамі былі салідарны беларускія палітыкі і свецкія дзеячы Вячаслаў Багдановіч, Янка Пачопка, Аляксандр Назарэўскі і г.д. У палітычным рэчышчы ўвядзенне беларускай мовы ў царкоўны ужытак адстойвалі партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і Праваслаўнае Беларускае дэмакратычнае аб'яднанне, створанае ў 1927 г. Ажыўленне руху па беларусізацыі царквы назіралася ў 1930 г., што было звязана са спробамі склікання праваслаўнага Сабора ў Польшчы

Адным з актыўных удзельнікаў беларускага праваслаўнага адраджэння ў Заходняй Беларусі з'яўляўся Тодар Вернікоўскі - вядомы беларускі грамадскі дзеяч, у мінулым сябра ўрада БНР. З канца 1920-х гг. ён займаў пасаду акружнога кіраўніка культурна-асветнага таварыства "Прасьвета". Знаходзячыся на гэтай пасадзе, Вернікоўскі 12 лютага 1930 г. накіраваў варшаўскаму мітрапаліту Дыянісію мемарыял, дзе ўказваў на "ненармальнае" становішча праваслаўя ў Заходняй Беларусі. Ён прапаноўваў правесці шэраг карэнных рэформаў, якія зрабілі б царкву нацыянальна блізкай да беларускага народа [1, арк. 5-7]. Аднак культурніцкі характар "Прасветы", не даваў Вернікоўскаму магчымасці шырэй займацца рэлігійнымі праблемамі. Неабходна было стварыць асобную арганізацыю, якая змагла б актыўна весці працу ў нацыянальна-рэлігійным накірунку. Таму 22 лютага 1930 г. была ўтворана ініцыятыўная група па справах праваслаўнай царквы, старшынёй якой стаў сам Т. Вернікоўскі [2, арк. 7]. Галоўнай мэтай групы была падрыхтоўка і правядзенне з'езда беларускага праваслаўнага грамадства, на якім павінна была быць закладзена новая нацыянальна-рэлігійная арганізацыя. Дзеля гэтага старшыня групы заручыўся падтрымкай віленскага архіепіскапа Феадосія [3, с. 2].

І вось 14 сакавіка 1930 г. у Вільні адбылася канферэнцыя (у іншых крыніцах з'езд) прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацыяў, праваслаўных прадстаўнікоў ад беларускіх культурна-асветных інстытуцыяў, прадстаўнікоў ад беларускага праваслаўнага насельніцтва і прыходаў Віленскай і Гарадзенскай епархій. Нягледзячы на гучную назву, у канферэнцыі ўдзельнічала невялікая колькасць людзей. Некаторыя беларускія праваслаўныя дзеячы праігнаравалі гэтае мерапрыемства з-за згодніцкай пазіцыі яго арганізатараў да аўтакефаліі праваслаўнай царквы ў Польшчы. Акрамя гэтага, архіепіскап Феадосій перад самым пачаткам канферэнцыі рэзка змяніў свой погляд і адмовіўся благаславіць духавенства на ўдзел у яе працы. Таму беларускія святары, у тым ліку і А.Коўш, не змаглі з'явіцца ў залі пасяджэнняў, але даслалі свае прывітальныя лісты, у якіх асуджалі рэзкі крок архіепіскапа [2, арк.7].

Адчыніў канферэнцыю Тодар Вернікоўскі. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што беларускае праваслаўнае духавенства горача адгукнулася на запрашэнне ініцыятыўнай групы, але не змагло прысутнічаць з-за пазіцыі кіраўніка епархіі. Таксама Вернікоўскі зачытаў лісты з правінцыі аб барацьбе з "русафільскім" духавенствам, сярод якога значыліся архімандрыт Марозаў, прат. Кушнёў і ішыя [2, арк. 7-8].

Пасля слова ўзяў вядомы публіцыст і грамадскі дзеяч У. Більдзюкевіч, які ў сваім дакладзе аб сучасным стане праваслаўя ў Заходняй Беларусі адзначыў, што царква паступова адыходзіць ад народа, аказвае на яго дэмаралізуючы "русафільскі" ўплыў. Прамоўца зрабіў вынік: калі гэта не зменіцца, то праваслаўе на Беларусі чакае аслабленне і пагроза ўпадку. Выйсце бачылася яму толькі ў навучанні маладога пакалення Слову Божаму на роднай беларускай мове. Акрамя гэтага, Більдзюкевіч закрануў і праблему рэвіндыкацыі цэркваў, якую назваў "спробай параджэння сварак і рэлігійнага антаганізму". Будучая беларуская праваслаўная арганізацыя павінна будзе вырашыць гэтую праблему шляхам зваротаў і хадатайніцтваў у наклежныя органы духоўнай і свецкай улады [2, арк. 8].

Далей на канферэнцыі выступалі розныя прадстаўнікі правінцыі, гарадоў і нацыянальна-культурных арганізацый. М.Шораг указваў на вялікія падаткі, якія духоўная кансісторыя накладае на вернікаў. Змушанае прымусова спаганяць гэтыя падаткі з прыхаджан, духавенства ўсё болей і болей аддаляецца ад народа. Р.Падагель прапаноўваў дамагацца перадачы беларускім вернікам Мікалаеўскай царквы ў Вільні. Апошнім выступаў студэнт С.Сарока, які прыводзіў прыклады амаральных паводзінаў духавенства, што адпіхвала народ і ад духаўніка, і ад царквы. [2, арк. 8-10].

Пасля заслушвання ўсіх дакладаў і выступленняў, з'езд адзінагалосна прыняў пастанову аб утварэнні Цэнтральнага Беларускага Праваслаўнага Камітэта па беларусізацыі Царквы (далей ЦБПК). Быў адразу ўтвораны прэзідыум камітэта, ў склад якога ўвайшлі Т.Вернікоўскі (старшыня), А.Коўш (1-ы віцэ-старшыня, абраны на пасаду завочна), У.Більдзюкевіч (2-і віцэ-старшыня), С.Сарока (сакратар), М.Маскалік (скарбнік) і іншыя дзеячы. Дзеля пашырэння ідэй беларусізацыі царквы сярод духавенства і вернікаў, новаўтвораны прэзідыум ЦБПК абавязаўся ў хуткім часе склікаць беларускі Праваслаўны з'езд [2, арк. 10]. Меркавалася таксама накіраваць асобную дэлегацыю да мітрапаліта Дыянісія, міністраў і віленскага ваяводы, легалізаваць камітэт і стварыць сетку яго аддзелаў у прыходах. Напрыканцы была прынята агульная рэзалюцыя, у якой, па сутнасці, быў адлюстраваны шэраг задачаў для ЦБПК. У ёй прызнаваўся шкодным для царкоўна-нацыянальнай справы існуючы склад праваслаўнага духавенства. Уздымалася пытанні аб скліканні Усяпольскага праваслаўнага сабору, выдаленні "русафільскага" элемента з духоўнай кансісторыі і замене яго на свядомых беларускіх святароў. Духавенству неабходна было прытрымлівацца загаду Свяшчэннага Сіноду ад 1923 г. аб беларускамоўных казаннях для мясцовага насельніцтва. Аднак пры гэтым мовай набажэнстваў прызнавалася царкоўнаславянская. Беларуская мова павінна прысутнічаць у зносінах святароў з народам, пры выкладанні Закона Божага, у пропаведзях для беларусаў-вайскоўцаў. У найбліжэйшым часе павінны быць вырашыны пытанне аб падатковым уціску і справа рэвіндыкацыі цэркваў. Цікава, што ў выпадку ігнаравання гэтых патрабаванняў, рэзалюцыя прадугледжвала правядзенне акцый маральнага і матэрыяльнага байкота расійскага духавенства [2, арк. 13-16].

На канферэнцыі таксама быў прыняты і статут ЦБПК па беларусізацыі царквы. У першым пункце гэтага дакумента адразу ж прызнавалася лаяльнасць камітэта да мітрапаліта Дзіянісія і Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У сваёй працы ЦБПК ставіў наступныя мэты: узмацніць паміж праваслаўнымі беларусамі хрысціянскую мараль на нацыянальным грунце, зблізіць духавенства з народам шляхам назначэння на духоўныя пасады асобаў беларускай нацыянальнасці, правесці беларусізацыю духоўных кансісторыяў і Віленскай семінарыі. Дзеля дасягнення гэтых мэтаў была выпрацавана адмысловая страгэгія. Камітэіт абавязаўся клапаціцца аб нацыянальнай беларускай асвеце ў царкве, адчыняць школы, бібліятэкі, бараніць і адстойваць правы беларускага духавенства і праваслаўных беларусаў перад дзяржаўнымі ўладамі. Падняцце эканамічнага дабрабыту беларускага насельніцтва і падтрымка кааперацыі таксама ўваходзілі ў сферу інтарэсаў ЦБПК. Паводле статуту, камітэт пашыраў сваю дзейнасць на ўвесь абшар з беларускім насельніцтвам. Яго сябрамі маглі быць асобы праваслаўнага веравызнання беларускай нацыянальнасці, а таксама асобы іншых нацыянальнасцей, калі яны "прынясуць асаблівую карысць справе беларусізацыі царквы". Скарб ЦБПК фарміраваўся праз сяброўскія ўзносы (2 злотых у год), ахвяраванні, даходы ад выдавецкай, асветніцкай і канцэртнай дзейнасці, дапамогу ад урадавых устаноў. Структура камітэта была наступнай: кіраўнічы Прэзідыум з 7 асоб на чале са старшынёй, Прэзідыум Мясцовых Камітэтаў (3 асобы) і Рэвізійная Камісія. Раз у год праходзіў Агульны сход ЦБПК, які з'яўляўся правамоцным пры наяўнасці 1/4 сябраў г.Вільні і 1/10 сябраў з правінцыі [2, арк. 3-5].

Камітэт меў і свой друкаваны орган - часопіс "Сьветач Беларусі", які выходзіў у 1931-1933 гг. Яго рэдактарам быў У.Більдзюкевіч. На старонках часопіса функцыянеры арганізацыі выказвалі свой погляд на самыя розныя пытанні нацыянальна-рэлігійнага характару. Напрыклад даволі цікавымі і нестандартнымі з'яўляюцца думкі аўтараў "Сьветача" наконт уніяцкай справы ў Заходняй Беларусі. У артыкуле "З кім змагацца?" нейкі М. падкресліваў, што "вунія яшчэ ня так страшна пагражае нам, як бязьверра, сэктанства, духовая і фізычная распуста, пьянства, прафанацыя сьвятасьцяў, хцівасьць і інтрыганства духавенства…" [4, с. 7]. У пашырэнні уніі на Беларусі не трэба вінаваціць агрэсіўнасць каталіцтва, неабходна наўпрост спыніць усе спрыяючыя для гэтага варункі, звязаныя з "аддалёнасцю" праваслаўнага духавенства ад народа. Такі ж самы погляд быў у дзеячоў ЦБПК і на "сектанства". "Праваслаўе у той форме, у якой яно цяпер існуе на Беларусі - адзначалася ў адным з праграмных артыкулаў "Сьветача", - не задавальняе больш рэлігійных патрэбаў нашага народу, і сэктанцкія вучыцеля лёгка ўлаўліваюць яго ў свае сеці…" [5, с. 2]. Таму ЦБПК праз свой орган заклікаў ўсіх святароў падыйсці бліжэй да народа, не цурацца яго мовы і абараніць праваслаўную царкву на Беларусі ад ворагаў праваслаўя. "Чаму там, дзе сьвяшчэньнік беларус, Царква поўная?" - ставіла рэтарычнае пытанне рэдакцыя часопіса [5, с. 2].

ЦБПК імкнуўся пашыраць свой уплыў і сярод "надзеі народа" - беларускай моладзі. Адразу пасля стварэння камітэта ў Віленскім універсітэце была ўтворана Беларуска-Праваслаўная Група Студэнтаў. У лісце да сакратара ЦБПК С.Сарокі гэтая група адзначыла, што ўсе варожыя выступленні супраць ідэі беларусізацыі царквы яна ўважае за выступленні супраць беларускай праваслаўнай моладзі [6, с.14]. Акрамя гэтай групы існаваў Хаўрус Беларуска-Праваслаўнай Моладзі. Да кастрычніка 1931 г. у склад ЦБПК уваходзілі таксама і прадстаўнікі Віленскай Беларускай Гімназіі [7, с. 15]. Аднак трэба заўважыць, што вышэйадзначаныя моладзевыя арганізацыі характарызаваліся нязначнай колькасцю сяброў. Яны не змаглі разгарнуць шырокай грамадскай дзейнасці і іх патрабаванні заставаліся толькі на паперы.

Утварэнне Камітэта па беларусізацыі царквы выклікала негатыўную рэакцыю з боку праваслаўных духоўных уладаў. Віленская руская газета "Наша Жизнь" (субсідыявалася Віленскай кансісторыяй) і часопіс "Воскресное Чтение" (афіцыйны орган Варшаўскай мітраполіі) спрабавалі скампрамітаваць не толькі камітэт, але нават і саму ідэю беларусізацыі праваслаўнай царквы. Гэта прымусіла ЦБПК перагледзець сваю пазіцыю адносна польскага праваслаўнага кіраўніцтва. Для правядзення неабходных рэформаў у праваслаўнай царкве, камітэт адмовіўся ад супрацоўніцтва з духоўнымі ўладамі і вырашыў абаперціся "на народ, які змусіць гэтыя духоўныя ўлады правесці рэформы ў жыцьцё" [5, с. 3]. Аднак гэты тэзіс быў напоўнены абстрактнасцю і няўпэўненасцю. Таму ў будучым дзеячы ЦБПК так і не зрабілі канструктыўных крокаў у гэтым накірунку.

Пачалася дыскрэдытацыя ЦБПК і з боку некаторых беларускіх дзеячоў. У канцы 1931 г. пачаў выходзіць месячнік "Голас праваслаўнага беларуса", на старонках якога Р.Астроўскі крытыкаваў дзейнасць камітэта і святара А.Каўша. Вернікоўскі і яго прыхільнікі ў сваю чаргу скардзіліся на Астроўскага архіепіскапу Феадосію [8, с. 270]. Узаемныя сваркі, даносы і абвінавачванні не спрыялі станоўчаму развіццю арганізацыі і аслаблялі яе ўплыў у грамадстве.

Аднак у цэлым, ЦБПК па беларусізацыі царквы не змог разгарнуць сур'ёзнай працы сярод духавенства і вернікаў. Яго дзейнасць у асноўным абмяжоўвалася складваннем хадатайніцтваў да дзяржаўных і царкоўных структур, а таксама выданнем свайго друкаванага органа [9]. Гэтае грамадска-царкоўнае аб'яднанне заставалася нешматлікім, хоць і ахапіла сваім уплывам тэрыторыю большасці праваслаўных епархій Заходняй Беларусі. Схільнасць камітэта да супрацоўніцтва з польскімі ўладамі адштурхнула ад яго многіх беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячоў. Разам з гэтым, варожасць асноўнай масы праваслаўнага духавенства ўвогуле да ідэі беларусізацыі царквы не давалі ЦБПК разгарнуцца ў поўную моц. Таму гэтыя фактары абумовілі заняпад дзейнасці камітэта яшчэ да сярэдзіны 1930-х гг. У 1933 г. перастаў выходзіць часопіс "Сьветач Беларусі". У тым жа годзе Сінод епіскапаў па прапанове віленскага архіепіскапа Феадосія пастанавіў спыніць выступленні беларусаў, якія толькі пашыралі "смуту и расстройства" ў царкоўным жыцці [8, с. 270]. Фактычна пасля гэтага камітэт спініў сваё існаванне, хаця спробы рэанімацыі ЦБПК мелі месца ў другой палове 1930-х гг. [10, с. 95].

Спіс літаратуры:

1. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). - Ф.3. - Воп.1. - Спр.22. Дакументы Беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Прасьвета" за 1926-1930 гг.;

2. БДАМЛМ. - Ф.3. - Воп.1. - Спр. 198. Дакументы Цэнтральнага Беларускага праваслаўнага камітэта ў г.Вільня за 1930 г.;

3. Слава старому змагару! // Сьветач Беларусі - 1931 - №3 - С.2-3;

4. М. З кім змагацца? / М. // Сьветач Беларусі - 1931 - №2 - С. 7-8;

5. Ад Рэдакцыі // Сьветач Беларусі - 1931 - №1 - С. 1-3;

6. Хроніка // Сьветач Беларусі - 1931 - №2 - С.14-16;

7. Хроніка // Сьветач Беларусі - 1931 - №3 - С. 14-16;

8. Цымбал, А.Г. Праблема беларусізацыі праваслаўнай царквы ў дзейнасці беларускіх арганізацый ў Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.) / А.Г. Цымбал // Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ - пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр.2008 г.) / ГрДу імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І.Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - С.267-271;

9. У крыніцах сустракаюцца выпадкі, калі ЦБПК абараняў святароў ад свавольства духоўных уладаў. Гл. напр. Цікавая гісторыя // Сьветач Беларусі - 1931 - №2 - С.12;

10. Вабішчэвіч, А.М. Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.) / А.М. Вабішчэвіч - Брэст, БрДУ, 2008. - 319 с.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX