Вярнуцца: Горны Аляксандр

Старонкі жыцця і творчасці протаіерэя Іаана Карчынскага


Аўтар: Горны А.С.,
Дадана: 30-03-2012,
Крыніца: Горны, А.С. Крыніца: Горны Аляксандр. Святар, гісторык, патрыёт: старонкі жыцця і творчасці протаіерэя Іаана Карчынскага // Гродненские епархиальные ведомости. - 2012. - №2. - С. 14 - 17; №3. - С. 17 - 19.



Лёс Праваслаўнай царквы на Гродзенскай зямлі ў ХХ стагоддзі быў вельмі цяжкім. Прыцясненні з боку польскіх уладаў у міжваеннае дваццацігоддзе, нямецкая акупацыя, пасляваенныя сталінскія рэпрэсіі - ці застаўся на Гродзеншчыне хоць адзін прыход, хоць адзін храм, які не зведаў гэтых выпрабаванняў? І ў прызме бурлівых падзей ХХ стагоддзя - жыццё простага духавенста, жыццё няшчаснае, трагічнае, пакутніцкае. Своеасаблівым прадвеснікам гэтага крыжовага шляху стаў лёс гродзенскага протаіерэя Іаана Уладзіміравіча Карчынскага, які бадай адным з першых сутыкнуўся з тым трагічным выклікам, які гісторыя падрыхтавала для Праваслаўя на Гродзеншчыне.

Айцец Іаан быў ураджэнцам Украіны. Ён нарадзіўся 25 чэрвеня (7 ліпеня па новаму стылю) 1864 г. у вёсцы Тальнае Уманскага павета Кіеўскай губерні ў сям'і сельскага святара. Абраўшы шлях свайго бацькі, што было даволі распаўсюджанай з'явай у тагачасных сем'ях духоўных пастыраў, малады чалавек скончыў у 1885 г. Кіеўскую духоўную семінарыю і рыхтаваўся паступаць у Акадэмію, але па сямейным абставінам туды не трапіў [1]. Верагодна ў гэтыя часы ў светапоглядзе Карчынскага адбыліся нейкія важныя змены, бо працягнуць сваю адукацыю ён вырашыў у Маскоўскім універсітэце на юрыдычным факультэце, дзе правучыўся тры гады. Адначасова з навучаннем падрабляў сельскім настаўнікам. Аднак у 1887 г. Іаан вярнуўся на духоўную сцежку і зрабіў даволі важны крок у сваім жыцці - у гэты год кіеўскі мітрапаліт Платон (па іншым дадзеным уманскі епіскап Палікарп) рукапаклаў яго у сан іерэя ды прызначыў акруговым місіянерам і цэнзарам духоўных казанняў. Новы святар адразу актыўна ўключыўся ў працу, праяўляючы асаблівую заклапочанасць пытаннямі царкоўнай асветы і духоўнага выхавання. Якраз у гэтыя гады па ўсёй тэрыторыі імперыі пачалася ўтварацца вялікая сетка царкоўных школ, што выклікала патрэбу ў добрых спецыялістах і арганізатарах гэтай справы. Таму, адслужыўшы некаторы час настаяцелем царквы ва Уманьскім духоўным вучылішчы, ў 1892 г. Карчынскі быў пастаўлены ўманьскім павятовым назіральнікам царкоўна-прыхадскіх школ. На гэтай пасадзе айцец Іаан праявіў сябе здольным працаўніком, які не цураўся наватарскіх метадаў і падыходаў у педагогіцы, што забяспечыла яму пэўны аўтарытэт не толькі ў асяроддзі духоўных, але і ў свецкіх адукацыйных уладаў. Апошнія таксама выкарыстоўвалі педагагічны патэнцыял айца Іаана: так у 1898 г. ён быў камандзіраваны Кіеўскім вучылішчным саветам у Чарнігаўскую губернію для азнаямлення з мерапрыемствамі Чарнігаўскага земства па школьнай адукацыі і адукацыі рамёствам. Таксама ў 1899 - 1907 гг. святар прымаў удзел у надзвычайных сходах Вучылішчнага савета пры Сінодзе [2]. Нарэшце, пастановай таго ж Сіноду Іаан Карчынскі 18 красавіка 1900 г. быў прызначаны інспектарам царкоўна-прыхадскіх школ у новаўтвораную Гродзенскую епархію, куды прыбыў у канцы мая таго ж года [3]. Наступныя 15 гадоў жыцця і творчасці айца Іаана будуць неразрыўна звязаны з Гродзеншчынай, якая без перабольшванняў стане яго "другой Радзімай". Разам з Гродна ён перажыў і самыя цяжкія гадзіны ў сваім жыцці.

На новай пасадзе айцец Іаан вызначаўся сваёй энергічнай працай. Разглядаючы школу не толькі як крыніцу ведаў, але і важны выхаваўчы элемент у жыцці чалавека, ён прапанаваў звярнуць увагу перадусім на узровень падрыхтаванасці і педагагічнага вопыту саміх настаўнікаў. У 1900 г. Іаан Уладзіміравіч разам з назіральнікам Жыровіцкага духоўнага вучылішча айцом Пятром Палянскім (будучым свяшчэннапакутнікам) арганізавалі спецыяльныя летнія курсы для павышэння кваліфікацыі настаўнікаў духоўных школ епархіі [4]. На аснове матэрыялаў гэтых курсаў, айцец Іаан у 1901 г. выдаў невялікую брашуру "Личность учителя начальной церковной школы", якая стала фактычна настольнай кнігай па дыдактыцы для многіх педагогаў мясцовых царкоўна-прыхадскіх школ. Таксама ў гэтыя часы святар займаўся зборам шматлікіх дакументаў па гісторыі царкоўнай адукацыі на Гродзеншчыне. Дапамогу ў гэтым аказваў Гродзенскі епархіяльны вучылішчны савет, які прадаставіў у яго распараджэнне свае архівы. І вось у 1903 г. з пад пяра айца Іаана выйшаў "Очерк истории церковно-школьного дела в Гродненской губернии в ХІХ столетии". Кніга гэта была напісана з мэтай падвесці пэўныя вынікі, вызначыць памылкі і намеціць стратэгію дзеянняў у развіцці царкоўнага школьніцтва ў далейшым. Аўтар ва ўводзінах да сваёй працы сцвярджаў: "Возрожденная в 1884 г… церковная школа, ныне прочно организованная и раскинувшаяся густой сетью в пределах Гродненской губернии, просветившая и просвещающая многие тысячи из подрастающих поколений населения грамотой и религиозно-нравственным учением в духе евангельского Христова закона, привлекает к себе внимание не менее других сторон народной жизни. Даже более того, - пройдя тяжелый тернистый путь и теперь ещё немало терпя от предубежденности, или поверхностного отношения к ней некоторой части русского общества…, церковная школа требует внимания к себе и побуждает тех, кто ближе с ней знаком, дать отчёт об истекшей её деятельности" [5]. У гэтай своеасаблівай "справаздачы" быў дадзены аналіз развіцця царкоўнага школьніцтва на Гродзеншчыне ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя, прадстаўлены рознабаковыя статыстычныя і факталагічныя дадзеныя. І па сённяшні час гэтая праца айца Іаана з'яўляецца не толькі цікавым гістарыяграфічным здабыткам, але і важнай крыніцай па гісторыі педагогікі ў Гродзенскай губерні ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя.

Актыўная дзейнасць айца Іаана на пасадзе інспектара царкоўных школ была належным чынам ацэнена епархіяльным кіраўніцтвам. У 1904 г. нядаўні інспектар стаў старшынёй вучылішчнага савета епархіі і сябрам Гродзенскай духоўнай кансісторыі [6]. І зноў святар праявіў сябе здольным арганізатарам і кіраўніком. Гродзенскі архіепіскап Міхаіл (Ермакоў) у свой час заўважыў, што стараннем Іаана Карчынскага царкоўна-школьная справа ў Гродзенскай губерні была пастаўлена на даволі высокі ўзровень - нездарма губерня ў гэтых адносінах займала ледзь не першае месца ў Расійскай імперыі [7]. Працу ў вучылішчным савеце ў гэтыя часы айцец Іаан сумяшчаў і з пастырскім служэннем у кафедральным Сафійскім саборы, спачатку ў якасці ключара, а потым, з 1907 г. - настаяцеля гэтага храма [8].

У сферу зацікаўленняў айца Іаана ўваходзіла не толькі царкоўная педагогіка. Святар вызначыўся таксама і як таленавіты публіцыст, гісторык і царкоўны краязнаўца. Ён стаяў ля вытокаў утварэння ў епархіі ў 1904 г. Царкоўна-архіалагічнага камітэта, у працы якога потым прымаў актыўны ўдзел. На старонках "Гродзенскіх епархіяльных ведамасцей" вельмі часта з'яўляліся ягоныя артыкулы, якія былі прысвечаным розным праблемам царкоўнага жыцця, краязнаўства і гісторыі Праваслаўнай царквы. Нярэдка гэтыя матэрыялы перадрукоўваліся ў якасці асобных брашур, вытрымліваючы нават некалькі выданняў. Так, у 1902 г. у "Ведамасцях" выйшаў аб'ёмны нарыс Карчынскага, прысвечаны стагоддзю Гродзенскай губерні, дзе аўтар грунтоўна прааналізаваў гістарычны шлях губерні за мінулыя гады ў гаспадарчай, палітычнай і рэлігійнай сферах [9]. Праз год была надрукавана новая кніга айца Іаана пад назвай "Краткий исторический очерк православия в пределах нынешней Гродненской губернии". І хоць яна з большага мела кампілятыўны характар і была напісана на аснове папярэдніх прац гісторыкаў Каяловіча, Бацюшкова і Чыстовіча, сама пастаноўка праблемы, аўтарскі падыход і прастата мовы выкладання заслугоўвалі ўвагі чытачоў. У 1907 - 1908 гг. Іаан Карчынскі выдаў дзве брашуры пра найбольш вядомыя і знакамітыя храмы епархіі - Сафійскі сабор і Барысаглебскую Каложскую царкву. Гэтыя кнігі, якія і на сённяшні дзень не згубілі сваёй актуальнасці, былі цёпла сустрэты аматарамі гісторыі і краязнаўцамі [10]. Пры гэтым адзначым, што святар ставіў перад сабой мэту не столькі навукова-даследчую, колькі асветніцкую: праз свае кнігі ён імкнуўся папулярызаваць гістарычныя веды і прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем мінулага. На апошніх старонках працы пра Каложскую царкву ён падкрэсліваў: "Заканчивая сей малый труд, поставляем долгом высказать, что мы ни чуть не задавались целью сказать новое слово. Нет, мы имели в виду лишь возможно большему числу читателей доставить возможность ознакомиться с тем, что до сих пор дали исследования о древней Коложской церкви" [11].

Протаіерэй Іаан Карчынскі таксама з'яўляўся аўтарам некалькі агіяграфічных твораў - пра святога мучаніка Гаўрылу Беластоцкага і прэпадобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага. Агіяграма пра апошняга праваслаўнага падзвіжніка перавыдавалася пяць разоў. Адначасова айцец Іаан быў укладальнікам цэлага шэрагу выданняў так званай "народнай літаратуры" [12]. Простай, не абцяжаранай навуковай лексікай, мовай у гэтых кніжках для шырокага кола чытачоў распавядалася аб пэўнай гістарычнай з'яве альбо асобе. Святар шмат зрабіў і для развіцця на Гродзеншчыне такога спецыфічнага рэлігійнага віда літаратуры як богагласнік - анталогіі духоўных песень і вершаў з нотамі. Паводле сучасных гісторыкаў, тэксты гродзенскіх богагласнікаў, створаныя пры ўдзеле Іаана Карчынскага былі запатрабаваны на шырокай тэрыторыі ад Падляшша да Сібіры, куды падчас Першай сусветнай вайны трапілі гродзенскія бежанцы [13].

Трэба заўважыць, што ў сваіх працах протаіерэй Іаан Карчынскі прытрымліваўся заходнерускай гістарычнай канцэпцыі, якая адмаўляла беларусам у самастойным этнічным развіцці і лічыла іх састаўной часткай "трыадзінага рускага народа". Гэтая канцэпцыя была фактычна дамінуючай у гістарыяграфіі таго часу і вызначалася сваёй кан'юнктурнасцю. Таму на старонках ягоных выданняў вельмі часта фігуравалі назвы "рускія", "рускі народ", якія аўтар ужываў у адносінах да мясцовых жыхароў, беларусаў па паходжанню. Манархічныя погляды і антыпольскія настроі, якія дапаўнялі творы Карчынскага, рабілі гэтыя творы хутчэй часткай прапаганды, чым асветы, што ў пэўным сэнсе звужала іх як даследчыцкую, так і адукацыйную вартасць. Забягаючы наперад адзначым, што ў будучыні айцу Іаану прыйдзецца кардынальна перагледзець свае погляды адносна месца беларускага народа ў гістарычным працэсе, прызнаць яго самастойнасць і самабытнасць, і нават самому прыняць удзел у барацьбе за незалежнасць Беларусі.

Як адзін з найбольш актыўных епархіяльных пастыраў айцец Іаан не заставаўся ў баку ад грамадска-палітычнага жыцця Гродзенскай губерні. Ён з'яўляўся сябрам праўлення Гродзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва і ўваходзіў у Перадвыбарны камітэт брацтва па выбарам у Дзяржаўную Думу, які быў утвораны ў 1906 г. дзеля падтрымкі праўрадавых дэпутатаў падчас думскіх выбараў па губерні [14]. У жніўні 1909 г. святар разам з епіскапам Міхаілам (Ермаковым) і М. Шалуцінскім прымалі ўдзел у ІІ з'ездзе заходнерускіх брацтваў у Вільне. Чатыры разы, у складзе дэпутацыі Сафійскага брацтва, Іаан Карчынскі быў на прыёмах у імператара Мікалая ІІ. У лістападзе 1914 г., ужо падчас Першай сусветнай вайны, настаяцель Сафійскага сабора ўжо сам прымаў цара ў сваім храме і падараваў яму "Гродзенскі богагласнік" разам з кнігамі пра сабор ды Каложскую царкву [15].

У жніўні 1915 г., падчас нямецкага наступа на Гродна, пачалася хуткая эвакуацыя насельніцтва горада і імперскай адміністрацыі. У эвакуацыю падалося і праваслаўнае духавенства, якое баялася рэпрэсій з боку нямецкіх захопнікаў. Вось як сам протаіерэй Іаан апісвае гэтыя драматычныя хвіліны: "6 августа архиепископ Михаил пригласил к себе все духовенство города и объявил, что Гродно уже разжаловано из крепости в опорный пункт, защищаться не будет и что нужно в течение 3-4 дней эвакуировать все казенное и церковное имущество, что церковные колокола будут сняты и вывезены внутрь России… Трудно определить то душевное настроение, но оно было ужасное! Началась спешная эвакуация казенного и церковного имущества. 10 августа погрузили имущество консистории, архиерейского дома, кафедрального Софийского собора, прочих церквей г.Гродно и Борисо-Глебского монастыря в шести товарных вагонах, с великим трудом выпрошенных. 11 августа с последним пассажирским поездом уехала часть духовенства, а остальные с архиепископом Михаилом 12 августа выехали с санитарным поездом лазарета Кайгородовой. В Гродно остался один иромонах Митрофан (в Борисо-Глебском монастыре) и соборный диакон Петр Ставинский" [16]. Гродзенскае духавенства разам з архіепіскапам Міхаілам (Ермаковым) і епіскапам Уладзімерам (Ціханіцкім) перабралася ў Маскву, дзе працягвала сваё пастырскае служэнне ў асяроддзі бежанцаў.

Пра жыццё Іаана Карчынскага ў бежанстве нам вядома няшмат. Бадай адзінай крыніцай адносна гэтага з'яўляецца "Летапіс Сафійскага сабора", у якім крыху закранаюцца падзеі, звязаныя з лёсам гродзенскіх святароў у Маскве. Так, гродзенскае духавенства з лістапада 1915 па 1917 гг. служыла ў царкве Святога Мікалая на Мясніцкай вуліцы; пасля святары перабраліся ва ўніверсітэцкую царкву Святой Таццяны, дзе знаходзіліся пад апекай прафесара протаіерэя Мікалая Багалюбскага. У 1917 - 1918 гг. айцец Іаан як прадстаўнік Гродзенскай епархіі прымаў удзел у Памесным саборы Рускай Праваслаўнай царквы, дзе было абвешчана аб адраджэнні Патрыярхату [17]. У літаратуры таксама сустракаецца інфармацыя нібы летам 1917 г. Іаан Карчынскі ўдзельнічаў у з'ездзе беларускага праваслаўнага духавенства і нават стаў сябрам Саюза беларускага праваслаўнага духавенства, утворанага на гэтым з'ездзе і прыняўшага беларускі нацыянальны кірунак [18]. Аднак у крыніцах дагэтуль не знойдзены дакладныя факты, якія пацвярджаюць рэальнасць гэтых падзей. Вядома толькі, што ў чэрвені 1917 г. адбыўся Усерасійскі з'езд духавенства і вернікаў, на якім прысутнічала і дэлегацыя ад беларускіх епархій, аднак ніякіх нацыянальных патрабаванняў яна не вылучала. Верагодна ў асяроддзі беларускіх нацыянальных дзеячоў пра гэтую дэлегацыю былі атрыманы памылковыя звесткі, пададзеныя пасля за нейкі гіпербалічны з'езд беларускага духавенства [19].

Перажыўшы першыя рэвалюцыйныя жахі і досвіткі грамадзянскай вайны, увесну 1918 г. гродзенскія святары пачалі патроху вяртацца ў Гродна. Першым хто з'ехаў з Масквы стаў протаіерэй Іаан Карчынскі. Ён прыбыў у горад над Нёманам 22 чэрвеня 1918 г. па старому стылю. Карціна, якая паўстала перад вачыма святара, была даволі сумнай. "Богослужения совершал в Борисо-Глебском монастыре иеромонах Митрофан, православных было немного, - они были напуганы и пригнетены, доминировали поляки-католики и евреи.Софийский кафедральный собор занят был немцами под "Гарнизонную католическую церковь". Поляки-католики торжествовали; говорили, - соборбудет уже наш… Александровская церковь служила складом мебели. В военной церкви на Муравьевской улице был продовольственный склад (картофеля и т.п.). Рядом Богородичская церковь стояла в развалинах после пожара,произведенного русскими снарядами при отступлении русских из Гродно" - прыгадваў пасля айцец Іаан[20]. У гэтых цяжкіх абставінах неабходна было нейкім чынам наладжваць жыццё і адраджаць Праваслаўе, якое знаходзілася на гродзенскай зямлі фактычна ў заняпадзе.

Хутка ў Гродна пачалі вяртацца і іншыя бежанцы. У кастрычніку 1918 г. прыехаў епіскап Уладзімір, які прыняў кіраўніцтва Гродзенскай епархіяй на сябе. Паступова ў горад вярталіся былыя чыноўнікі, памешчыкі і звычайныя жыхары, якія ратаваліся ад бальшавіцкага тэрору ў Расіі. Тут яны сустрэлі даволі "халодны" прыём як нямецкіх уладаў, так і шматлікіх польскіх і яўрэйскіх грамадскіх арганізацый. Каб хоць нейкім чынам заявіць аб сабе і дамагацца абароны сваіх правоў, у верасні 1918 г. невялікая група мясцовай расійскай і "абруселай" інтэлігенцыі стварылі арганізацыю пад назвай "Руская ўправа", у заснаванні якой прымаў удзел і протаіерэй Карчынскі [21]. Неўзабаве пры садзеянні епіскапа Уладзіміра Управа пачала падрыхтоўку да з'езда беларускага насельніцтва Гродзенскай губерні.

З'езд адбыўся 1-2 снежня 1918 г. [22]. Не будзем падрабязна спыняцца на падзеях гэтага з'езда, але адзначым, што чынны ўдзел на ім прымаў Іаан Карчынскі. Святар быў асноўным дакладчыкам па "вероисповедальному отделу ". У дакладзе ён падкрэсліў, што праваслаўнае духавенства не засталося пры сваіх прыходах толькі па прычыне забароны расійскіх уладаў, што было значнай памылкай, а таксама прывёў у якасці прыкладу лёс святароў, якія засталіся ў Гродна і якіх ледзь не расстралялі немцы. Пазначыўшы, што ў губерню вярнулася ўсяго каля 80 святароў, айцец Іаан заўважыў, што Праваслаўная царква на Гродзеншчыне знаходзіцца ў глыбокім крызісе; да таго ж справе яе адраджэння перашкаджаюць палякі з немцамі. Каб выйсці з гэтага крызісу Карчынскі прапанаваў стварыць пры кожным прыходзе спецыяльныя пададдзелы, якія будуць падпарадкоўвацца рэлігійнаму аддзелу Рускай управы (пасля з'езду Управа атрымала назву Гродзенскай беларускай управы - А.Г.). Першапачатковай задачай гэтых устаноў павінен стаць падлік царкоўных страт і складанне вопісаў царкоўнай маёмасці. Напрыканцы дакладчык пажадаў беларусам-католікам і праваслаўным аб'яднаць свае намаганні ў нацыянальнай працы ды выказаўся ў падтрымку тых каталіцкіх ксяндзоў, якія вырашылі выкарыстоўваць у дадатковых набажэнствах беларускую мову. На пытанне з залі чаму праваслаўныя святары не могуць пайсці следам за гэтым прыкладам, Карчынскі адказаў, што ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўнае набажэнства ёсць дачасным крокам, дый увогуле царкоўна-славянская мова і так зразумела беларусам [23]. Але пройдзе некаторы час і святар, зразумеўшы памылковасць сваіх думак, пачне весці службы па-беларуску [24].

Аднак найбольш вострым для айца Іаана ў тыя часы было пытанне аб Сафійскім саборы. Як ужо адзначалася вышэй, падчас прыезду Карчынскага - настаяцеля сабора - у Гродна, гэты храм знаходзіўся ў поўным распараджэнні немцаў. Але апошнія зразумелі, што пасля заканчэння вайны ў лістападзе 1918 г. яны доўга не затрымаюцца на гэтых землях. Таму ў пачатку снежня нямецкі гарнізонны святар перадаў невялікую частку сабора (Мікалаеўскі прыдзел) праваслаўным вернікам з умовай, што ў саборы па-ранейшаму будуць адбывацца набажэнствы для салдат каталіцкага веравызнання да поўнага адыходу немцаў з Гродна. 18 снежня Іаан Карчынскі адслужыў у храме першую, пасля амаль трохгадовага перапынку, праваслаўную літургію [25].

Але пакуль немцы захоўвалі кантроль над горадам гэта было адным з фактараў стабільнасці для яго жыхароў, у тым ліку і Сафійскага сабора. Гэты храм, які да 1804 г. належыў рыма-каталіцкаму касцёлу, стаў сапраўдным яблыкам разладу паміж дзвюма канфесіямі. Ужо ў пачатку 1919 г. польскія ксяндзы пачалі звяртацца ў органы мясцовага кіравання з патрабаваннем вярнуць сабор. У гродзенскай прэсе ўзнялася дыскусія аб гістарычным паходжанні сабора і яго канфесійнай прыналежнасці. Была створана адмысловая камісія ў складзе трох ксяндзоў і трох праваслаўных святароў, але з-за ўпартай пазіцыі католікаў яе праца зайшла ў тупік [26]. У гэтыя часы Іаан Карчынскі ўсяляк спрабаваў абараніць храм і пакінуць яго за праваслаўнымі. Па сведчаннях польскага гісторыка Ю. Ядкоўскага, ён нават знішчыў лацінскі надпіс на мармуровай табліцы, які даказваў каталіцкія правы на сабор [27]. Аднак іншых доказаў таго, што менавіта Карчынскі здзейсніў гэты ўчынак мы не знайшлі. Як будзе бачна далей, айцец Іаан як абаронца Праваслаўя і беларусаў быў для палякаў фігурай даволі неспрыяльнай, таму цалкам мажліва, што потым яны маглі наўпрост "навешаць" на яго шмат якія злачынствы.

У гэтай дылеме немцы імкнуліся захаваць статус-кво сабора да свайго адыходу з горада. 12 сакавіка 1919 г. каталіцкі алтар быў перанесены ў Мікалаеўскі прыдзел, а ў галоўнай частцы храма быў усталяваны праваслаўны іканастас. Праз месяц пачалася эвакуацыя нямецкіх войскаў з Гродна і нямецкі капелан заявіў, што ў хуткім часе ён увогуле пакіне Сафійскі сабор. 23 красавіка каталіцкія прылады былі поўнасцю вынесены з храма, а ў Мікалаеўскім прыдзеле ўсталяваны прыстол і іканастас [28]. Аднак праваслаўным вернікам прыйшлося не доўга радавацца гэтаму. 28 красавіка 1919 г. у горад увайшлі польскія легіёны.

Да прыхода палякаў айцец Іаан вызначыўся на гродзенскім грунце не толькі як абаронца праваслаўных, але і як беларускі грамадскі дзеяч. 27 сакавіка 1919 г. па яго ініцыятыве ў горадзе была ўтворана "Гродзенская Беларуская Хрысціянская Грамада". Пры садзеянні якой у доме праваслаўнага духавенства па Купецкай вуліцы быў заснаваны беларускі кааператыў [29]. Менавіта ў гэтыя часы протаіерэй Карчынскі наладзіў трывалыя кантакты з Міністэрствам беларускіх спраў пры літоўскім урадзе, якое тады размяшчалася ў Гродна. Міністэрства выступала супраць польскай акупацыі і дамагалася прызнання Гродзеншчыны аўтаномнай часткай Літоўскай рэспублікі. Супадзенне антыпольскіх пазіцый выклікала збліжэнне айца Іаана з Літвой і тымі беларускімі дзеячамі, якія арыентаваліся на гэтую краіну. Канчаткова гэтае збліжэнне было замацавана 4 красавіка 1919 г., калі Іаан Карчынскі, разам з доктарам К. Бяляцкім, ад насельніцтва Гродзеншчыны былі ўключаны ў склад Тарыбы - Дзяржаўнай Рады Літвы - вышэйшага заканадаўчага органа краіны на той час [30].

Пасля акупацыі Гродна палякамі адносіны да праваслаўных значна пагоршыліся. Польскім ксяндзам былі развязаны рукі, з дапамогай уладаў яны пачалі адбіраць праваслаўныя храмы і перарабляць іх пад касцёлы. Дзесьці ў гэтыя часы Сафійскі сабор канчаткова перайшоў да католікаў. Толькі за першыя гады польскага панавання каля 30 храмаў былі пераўтвораны ў касцёлы [31]. Епіскапу Уладзіміру без дазволу ўладаў было забаронена выязджаць у сельскія прыходы. У гэтыя цяжкія гадзіны для Праваслаўя айцец Іаан усялякім чынам абараняў вернікаў і мясцовае духавенства ад свавольніцтва палякаў.

За свае непахісныя пазіцыі 16 ліпеня 1919 г. Іаан Карчынскі быў арыштаваны польскімі ўладамі на ўласнай кватэры як "небяспечны расійскі агітатар" [32]. Першапачаткова яго ўтрымлівалі ў Варшаўскай турме ў адзіночнай камеры. Але неўзабаве зняволенны цяжка захварэў, і палякі былі вымушаны перавесці яго ў Кракаўскі камедульскі манастыр, у якім святар прабыў некалькі месяцаў [33]. Аднак умовы ўтрымання ў манастыры былі не нашмат лепшыя. У канцы жніўня святар напісаў ліст да Юзафа Пілсудскага, у якім звяртаўся да кіраўніка Польшчы з просьбай аб вызваленні і дазволе пераехаць у мястэчка Друскенікі да сям'і. Карчынскі скардзіўся на хворыя сэрца і лёгкія, зазначаў, што яму патрэбны пакой і лячэнне. У канцы ліста ён пісаў, што ніколі (!) не займаўся палітыкай і заўсёды заклікаў людзей да "паслушэнства польскай уладзе" [34]. Але, як мы бачылі вышэй, словы гэтыя не зусім адпавядалі рэчаіснасці. Тады ці мог праваслаўны святар, хрысціянін пісаць свядомую хлусню? Больш таго, у лісце ён адмаўляўся ад свайго прыхода ў Сафійскім саборы, у што таксама цяжка паверыць. Зусім верагодна, што гэты ліст пакаяння мог быць напісаны пад прымусам, з мэтай панізіць аўтарытэт Карчынскага і абязшкодзіць яшчэ аднаго праціўніка. Як мы пераканаемся далей, пасля гэтага ліста жыццё святара змянілася зусім не ў лепшы бок.

Карчынскага ўсё ж такі вызвалілі ў канцы верасня 1919 г. Але праз 2 дня пасля прыбыцця ў Гродна яго зноў арыштавалі і накіравалі ў Беластоцкі канцэнтрацыйны лагер, больш вядомы пад назвай "Станцыя Размеркавальная" [35]. Умовы там былі яшчэ больш горшыя чым у Варшаве альбо Кракаве. Падпалкоўнік Хабішт, які інспектаваў станцыю ў лістападзе 1919 г., у сваім рапарце сведчыў: "У лагеры на кожным кроку бруд, неахайнасць, занядбанасць і людская галеча, якая звяртаецца да неба з просьбай аб помсце… Баракі ўсе перапоўненыя, сярод "здаровых" шмат хворых. На маю думку, сярод гэтых 1400 палонных няма па-сапраўднаму здаровых людзей. Пакрытыя лахманамі, яны туляцца адзін да аднаго і грэюцца… Не хапае коўдраў, таму хворыя прыкрытыя папяровымі сеннікамі… Не хапае паліва і дыетычнага харчавання. Немагчымае любое лячэнне" [36]. У такіх жудасных умовах айцец Іаан знаходзіўся тры месяцы. Вызвалены ён быў толькі дзякуючы прашэнню Варшаўскага царкоўнага савета [37].

Пасля вызвалення святару быў дадзены дазвол пражываць ва ўласнай сядзібе ў Друскеніках разам з сям'ёй, якую, дарэчы, увесь гэты час матэрыяльна падтрымлівалі гродзенскія яўрэі [38]. Але і тут, ужо трэці раз, яго падвергнулі арышту і адправілі ў Гродна [39]. На жаль нам невядомы дакладныя абставіны гэтага арышту, цяжка ўсталяваць калі і пры якіх умовах Іаан Карчынскі быў вызвалены з-пад яго. Вядома, што святар перажыў савецкае панаванне у Гродна летам 1920 г. і падчас набліжэння польскіх войскаў пераехаў у Друскенікі, а адтуль, разам з літоўскай паўротай, у Літву [40].

У Літве пачаўся новы этап жыцця пакутлівага святара. Загадам Міністэрства ўнутраных спраў Літвы Карчынскі яшчэ ў ліпені 1920 г. быў прызначаны кіраўніком Гродзенскага павета, які літоўцы па-ранейшаму лічылі часткай сваёй тэрыторыі, але прызначэнне гэта насіла хутчэй намінальны характар. Неўзабаве айцец Іаан усталяваў кантакты з беларускімі эсэрамі, якія пры дапамозе Літвы арганізоўвалі на яе тэрыторыі партызанскія атрады для барацьбы з палякамі. Святар стаў сябрам штаба атамана Разумовіча - "Хмары", атрад якога месціўся ў мястэчку Мерачы (сучасная вёска Мяркіне). У штабе ён выконваў абавязкі прадстаўніка гродзенскага епіскапа Уладзіміра і сувязнога з Праваслаўнай царквой на Гродзеншчыне. Адначасова Карчынскі служыў капеланам ў Беларускім асобным батальёне Літоўскай арміі, але ў хуткім часе пасаду гэтую скасавалі з-за малой колькасці праваслаўных жаўнераў. Трэба адзначыць, што ў батальёне святар карыстаўся павагай нават салдат-католікаў, якія лічылі яго свядомым беларусам і добрым пастырам [41].

У гэтым неспакойным віры падзей айцец Іаан зноў пачаў пісаць, але ўжо не кнігі па гісторыі, а агітацыйныя антыпольскія брашуры. Сярод беларускіх партызанаў хадзіла ягоная маленькая кніжка "Чаго чакаць Беларусам ад Польшчы. Гутарка дзеда да малодшых", у якой Іаан Карчынскі вылучаў свой заклік: "Пара нам беларусам зноў пачаць жыць вольна, пад сваім беларускім урадам, як жылі нашыя продкі, нашыя прадзеды. Ніхай вольная наша мова і вольная беларуская песня зноў вясёла паліецца па ўсім вялікім абшары Беларусі… Трэба поруч з літвінамі і нам - беларусам гуртавацца, будавацца і ад палякоў адбівацца…" [42]. Акрамя гэтага святар складаў мемарыялы ў справе прыцяснення Праваслаўнай царквы на Гродзеншчыне і, верагодна, супрацоўнічаў з рэдакцыяй беларускага часопіса "Селянская доля". Прымаў ўдзел у жыцці беларускай эміграцыі ў Коўна (сучасны г. Каўнас). З 1921 па 1923 г. ён знаходзіўся пры Міністэрстве беларускіх спраў для выканання адмысловых даручэнняў [43]. У верасні 1921 г. айцец Іаан прадстаўляў літоўскіх беларусаў на Беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе, дзе выступаў з прывітальным словам і ўваходзіў у Камісію па Віленскім пытанні [44].

Але патроху скончвалася ваеннае ліхалецце, бурлівае палітычнае жыццё прыходзіла у спакой. Неабходна было зноў вяртацца да духоўнай справы, уладкоўваць сваё жыццё. Пасля пераезда ў Літву Іаан Карчынскі да 1929 г. служыў у невялікім прыходзе ў Мерачы. Праваслаўных тут было няшмат - усяго 400 чалавек, і то калі пазбіраць па ўсёй акрузе. У самім мястэчку жыло каля 11 праваслаўных сем'яў, у бліжэйшым Алітусе - 12 [45]. У 1923 г. айцец Іаан на Літоўскім епархіяльным сходзе духавенства і міран быў абраны ў склад Епархіяльнага савета, хутка стаўшы і яго старшынёй. На пасаду гэтую святар пераабіраўся два разы. Таксама, у 1926 г. яго прызначылі капеланам праваслаўных салдат літоўскай арміі. Трэба адзначыць, што апошняе прызначэнне выклікала хвалю нездаволеннасці ў міністэрстве абароны, дзе Карчынскага лічылі недастаткова лаяльным Літоўскай рэспубліцы [46]. Нягледзячы на гэта капеланам ён праслужыў да самай сваёй смерці ў 1935 г.

У Літве святар працягваў займацца літаратурнай і грамадскай дзейнасцю. Не парываў сувязі з беларускімі арганізацыямі, быў сябрам Беларускага цэнтра і Літоўска-беларускага таварыства [47]. Доўгі час айцец Іаан быў супрацоўнікам рэдакцыі часопіса "Голос Литовской православной епархии", на старонках якога друкаваў свае карэспандэнцыі, артыкулы па гісторыі і багаслоўю. Сваіх суразмоўцаў святар нярэдка здзіўляў незвычайнай памяццю і ведамі ў галіне літоўска-беларускай царкоўнай ды грамадзянскай гісторыі. У 1930 г. у гонар 500-годдзя з дня смерці вялікага князя літоўскага Вітаўта Іаан Карчынскі выдаў асобную кнігу, прысвечаную гэтай магутнай гістарычнай постаці. Літоўскі гісторык С. Заскавічус у прадмове да яе ўсклікаў: "Дай Бог, чтобы все теперешние и будущие историки так четко и, главное, сердечно описывали жизнь нашего гениального политика и полководца" [48]. Перад самай смерцю святар падрыхтаваў да друку рукапіс сваёй новай кнігі пад назвай "История Литовской Православной Церкви, в связи с гражданскими событиями Великого княжества Литовского", у якой ён рабіў пэўныя вынікі сваіх пошукаў па літоўскай гісторыі [49]. Аднак гэтаму выданню так і не было наканавана ўбачыць свет.

Айцец Іаан цяжка захварэў у кастрычніку 1934 г. Хвароба аднак паступова адступала, і ён быў гатовы вярнуцца да працы. Але летам 1935 г. ягонае здароўе зноў пагоршылася. Лекары накіравалі святара на адпачынак у Алітускі ваенны санаторый, дзе той нечакана памёр 2 ліпеня 1935 г.

Протаіерэй Іаан Карчынскі сапраўды быў выдатным чалавекам, таленавітым прапаведнікам, педагогам і гісторыкам. Нездарма за сваю плённую працу айцец Іаан быў адзначаны высокімі духоўнымі і дзяржаўнымі ўзнагародамі. Па духоўнаму ведамству ён атрымаў усе ўзнагароды, у тым ліку і высокую адзнаку мітрай. Сярод свецкіх рускіх узнагарод святар меў ордэн Св. Ганны 1-ай і 2-ой ступені, Св. Уладзіміра 3-й і 4-й ступені. Ад літоўскага ўраду ён атрымаў медаль у гонар 10-годдзя незалежнасці Літвы, ардэна Гедыміна 4-й ступені і Вітаўта 3-й ступені.

Людзі, якія сутыкаліся з гэтым чалавекам заўсёды вылучалі яго моцную волю, шырокі інтэлект, сардэчную спагадлівасць і рэдкую працаздольнасць. І ўсё гэта сумяшчалася з вялікай любоўю да Праваслаўнай царквы, якой ён верна служыў усё сваё пакутлівае жыццё. Дзякуючым такім падзвіжнікам, Праваслаўе на Гродзеншчыне не знікла ў небыццё, а захавала свой культурны і духоўны патэнцыял да сённяшніх дзён. Таму імя гэтага святара, гісторыка, педагога, патрыёта назаўсёды павінна ўвайсці ў пантэон герояў Гродзенскай зямлі дый усё Беларусі.


Заўвагі

  1. Некролог // Голос Литовской Православной Епархии. - 1935. - №6. - С. 94.

  2. Тамсама

  3. Корчинский, Иоанн. Очерк истории церковно-школьного дела в Гродненской губернии в ХІХ столетии / Иоанн Корчинский. - Гродно, 1903. - С. 81.

  4. Гриняк, Сергей. Камень веры. - Рэжым доступу: minds.by/stupeny/nomera/27/st27_16.html

  5. Корчинский, Иоанн. Очерк… С. 1.

  6. Marcinkevičius, A. Lietuvos stačiatikių bažnyčia 1918 - 1939 m. / A. Marcinkevičius, S. Kaubrys. - Vilnius, 2003. - P. 188.

  7. 25-летний юбилей протоиерея И.В. Корчинского // Гродненские епархиальные ведомости. - 1912. - № 40-41. - С. 410.

  8. Летопись. Софийский собор в городе Гродне // Черепица, В.Н. Не потерять связующую нить: История Гродненщины ХIХ-ХХ столетий в событиях и лицах (исследования, документы, комментарии): Монография. - Гродно: ГрГУ, 2003. - С. 230.

  9. Корчинский, Иоанн. Столетие Гродненской губернии / Иоанн Корчинский // Гродненские епархиальные ведомости. - 1902. - № 2. - С. 12 - 16.

  10. Чарапіца, В.М. Са скарбніц кніжных паліц: Нарысы пра аўтографы даследчыкаў гісторыі Беларусі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. / В.М. Чарапіца. - Мінск, 1994. - С. 103.

  11. Корчинский, Иоанн. Древняя Коложская церковь во имя святых князей Бориса и Глеба в городе Гродне / Иоанн Корчинский. - Гродно, 1908. - С.24.

  12. Корчинский, И. Русь и Польша: краткая история для русского народа / И. Корчинский. - Гродно, 1903. - 67 с.; Корчинский, И. Братское приветствие православным русским христианам и всем близким сердцу славянам, кои и не прибывают ныне в вере православной / И. Корчинский. - Гродно, 1903. - 34 с.; Корчинский, И. Граф Михаил Николаевич Муравьев / И. Корчинский. - Гродно, 1904. - 12 с.; Корчинский, И. Что такое баптизм? Исторический очерк и характеристика этого религиозного движения. Штундо-баптизм в России / И. Корчинский. - Гродно, 1911. - 38 с.

  13. Щавинская, Л.Л. Гродненский протоиерей Иоанн Корчинский - составитель народных изданий / Л.Л. Щавинская, Ю.А. Лабынцев // Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі / Нац. бібл. Бел.; складальнікі: Л.Г. Кірухіна, К.В. Суша. - Мінск, 2009. - Вып. 11. - С. 140 - 141.

  14. Летопись. Софийский собор в городе Гродне… С. 233.

  15. Тамсама. С. 237

  16. Тамсама. С. 238

  17. Некролог… С. 94.

  18. Луцкевіч, А. Барацьба за вызваленьне. Збор твораў / А. Луцкевіч. - Вільня-Беласток, 2009. - С. 165; Чарнякевіч, А. З археалагічнага камітэту да беларускай партызанкі: пратаіерэй І. Карчынскі і беларускі рух. - Рэжым доступу: gazeta.grodno.by/311/t6.html

  19. Рудовіч. С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе / С. Рудовіч. - Мінск, 2001. - С. 100.

  20. Летопись. Софийский собор в городе Гродне… С. 239.

  21. Тамсама

  22. Ляхоўскі, У. Гродзенская губернская ўправа / У. Ляхоўскі, А. Чарнякевіч // Берасцейскі хранограф: зборнік навуковых прац. Вып. 5. - Брэст, 2010. - С. 129.

  23. Тамсама. С. 145 - 146.

  24. Чарнякевіч, А. З археалагічнага камітэту да беларускай партызанкі: пратаіерэй І. Карчынскі і беларускі рух…

  25. Летопись. Софийский собор в городе Гродне… С. 240.

  26. Тамсама.

  27. Jodkowski, J. Grodno / J. Jodkowski. - Гродно, 2009. - С. 85.

  28. Летопись. Софийский собор в городе Гродне… С. 241.

  29. Тамсама.

  30. Блашчык, Т. Міністэрства беларускіх спраў ураду Літоўскай Рэспублікі (1918 - 1924) / Т. Блашчык // Arche. - 2010. - № 1-2. - С. 257.

  31. Пануцэвіч, В. Горадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918 - 1919 гадох / В. Пануцэвіч // Бацькаўшчына. - 1964. - № 7-8. - С. 5.

  32. Тамсама. С. 3.

  33. Некролог… С. 95.

  34. Archiwum Akt Nowych - Mikrofilm akt obcych M-426, USA, Instytut Pilsudskiego: V zeszyt katalogu poz. 27 - 29, gr. IIB - t. 19-21, 1441/72.

  35. Marcinkevičius, A. Lietuvos stačiatikių bažnyčia 1918 - 1939 m… P. 188; Пануцэвіч, В. Горадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918 - 1919 гадох… С. 6-7.

  36. Цытата па: Латышонак, А. Жаўнеры БНР / А. Латышонак - Беласток-Вільня, 2009. - С. 333.

  37. Чарнякевіч, А. З археалагічнага камітэту да беларускай партызанкі: пратаіерэй І. Карчынскі і беларускі рух…

  38. Часопісь Міністэрства беларускіх спраў. - 1919. - № 1. - С. 12.

  39. Некролог… С. 95.

  40. Тамсама.

  41. Krynica. - 1921. - № 28. - S. 7.

  42. Чаго чакаць Беларусам ад Польшчы. Гутарка дзеда да малодшых. - Б.м.: Камітэт Абароны Беларусі, [1921?]. - C. 12-13.

  43. Некролог… С. 95.

  44. Пратакол паседжаньняў Беларускай нацыянальна-палітычнай нарады ў Празе, 26-30 верасьня 1921 // Спадчына. - 1999. - № 5-6. - С. 10, 37.

  45. Marcinkevičius, A. Lietuvos stačiatikių bažnyčia 1918 - 1939 m… P. 67.

  46. Laukaitytė, R. Stačiatikių bažnyčia Lietuvoje XX amžiuje / R. Laukaitytė - Vilnius, 2003. - P. 36.

  47. Беларускі асяродак. - 1933. - № 1. - С. 11.

  48. Корчинский, И. Витовт Великий Supremus Lithuaniae Dux. Беглый обзор жизни его и деятельности 1430 - 1930: посильный труд в славную память Витовта Великого по случаю 500-летия со дня его смерти / И. Корчинский. - Каунас, 1930. - С. 5.

  49. Некролог… С. 96.


Аўтар выказвае шчырую падзяку А.М. Чарнякевічу за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX