Вярнуцца: Горны Аляксандр

Прашэнні гараджан як крыніца па гісторыі прастытуцыі ў гродзенскай губерні


Аўтар: Горны Аляксандр Горны,
Дадана: 15-04-2012,
Крыніца: Гістарычная ўрбаністыка: асновы метадалогіі і крыніцазнаўчая база : зб. навук. арт. Гродна, 2011. С. 290–300.

Спампаваць




УДК 613.882 (476.6)

Аляксандр Горны (Гродна)

ПРАШЭННІ ГАРАДЖАН ЯК КРЫНІЦА ПА ГІСТОРЫІ ПРАСТЫТУЦЫІ Ў ГРОДЗЕНСКАЙ ГУБЕРНІ (КАНЕЦ ХІХ - ПАЧАТАК ХХ стст)

В данной статье анализируются такие виды нетрадиционных источников, как прошения и жалобы горожан, отображается их место в изучении городской проституции в Гродненской губернии в кон. ХІХ - нач. ХХ вв. Автор статьи делает попытку классификации этих документов, изучения их текста и анализа содержания, что дает возможность более глубоко исследовать такое социальное явление, как проституция.

Развіццё гістарычнай навукі на сусветным і на ўласна беларускім узроўні ў апошні час звязана з увагай да малавядомых праблем гістарычнай антрапалогіі, якія раней ўвогуле ігнараваліся многімі навукоўцамі. Такія зрухі ў гістарыяграфіі адбыліся, дзякуючы ўвядзенню ў навуковы абарот нетрадыцыйных крыніц (лісты, карэспандэнцыі, падарожныя нататкі, скаргі, даносы, дзённікі, анекдоты і інш.), з дапамогай якіх сучасны даследчык, кажучы словамі А. Гурэвіча, можа "выявіць тыя разумовыя працэдуры, спосабы светаўспрымання, звычкі свядомасці, якія былі ўласцівы людзям пэўнай эпохі і пра якія самі гэтыя людзі маглі і не даваць сабе яснай справаздачы, ужываючы іх як бы аўтаматычна, не разважаючы пра іх, а таму не падвяргаючы іх крытыцы" [1, c. 48].

Для вывучэння штодзённасці беларускіх гарадоў другой паловы ХІХ - пачатку ХХ стст. важнае значэнне мае аналіз разнастайных заяў, скаргаў, ананімных даносаў гараджан, якія можна ўмоўна аб'яднаць пад састарэлай, але змястоўнай назвай "прашэнні", бо ў кожным з іх утрымлівалася пэўная просьба да органаў мясцовай альбо цэнтральнай улады. Гэтыя дакументы адлюстроўваюць не толькі шырокую панараму тагачасных жыццёвых праблем і калізій, але набліжаюць даследчыка да разумення асаблівасцяў менталітэту гараджан і дынамікі яго змен, якія праяўляліся ва ўзаемаадносінах насельніцтва на мікраўзроўні (жыхары аднаго дома альбо вуліцы), у дыялогу "гараджане - улада" і ў спецыфічнай іерархіі каштоўнасцей. Чытаючы прашэнні, можна адчуць "дух часу", спецыфіку паводзінаў людзей у канкрэтных матэрыяльных і юрыдычных абставінах. Скаргі і рэакцыя на іх з боку чыноўніцтва - гэта таксама і пэўная форма палітычных адносін, якая ў шмат чым уплывала на карэкціроўку дзеянняў улады. Нарэшце, прашэнні з'яўляюцца своеасаблівым "сігналам з месца", які паказваў ўсе заганы гарадскога жыцця, бо ў шматлюдным горадзе з яго цеснатой, трушчобамі і раскошнымі палацамі, маргінальнасцю і мітуснёй было звычайнай справай з'яўленне такіх ракавых пухлін грамадства, як карупцыя, злачыннасць, наркаманія і г.д. Да апошніх трэба аднесці і прастытуцыю, якая была вельмі шырока распаўсюджана амаль ва ўсіх гарадскіх цэнтрах Расійскай імперыі і непасрэдна сутыкалася з інтарэсамі мяшчанства.

Трэба заўважыць, што ўлады дарэвалюцыйнай Расіі, імкнучыся стрымаць распаўсюджванне венерычных захворванняў, у сярэдзіне ХІХ ст. фактычна легалізавалі прастытуцыю, узяўшы на сябе функцыю рэгулявання, кантролю, і, па сутнасці, яе арганізацыі. Прастытуткі сталі ўзаконеным пластом грамадства, а публічны дом альбо кватэры прастытутак-адзіночак сталі звычайнай з'явай гарадскога пейзажа ХІХ - пачатку ХХ стст. Згодна з правіламі для ўладальніц бардэляў, прынятых у 1844 г., гаспадыні павінны былі ўтрымліваць гэтыя ўстановы ў неабходнай чысціні, сачыць за парадкам і цішынёй, не даводзіць кліентаў і прастытутак да празмернага ап'янення [2, с. 606 - 608]. Але, зразумела, на практыцы гэтыя прадпісанні не заўсёды выконваліся належным чынам. Асабліва гэта было прыкметна ў правінцыі і на ўскраінах краіны. Па сведчаннях сучаснікаў, у правінцыйных публічных дамах панаваў бруд, затхлае паветра, а жанчыны былі вечна збітыя і п'яныя; у пакоях (нумарах) магло знаходзіцца некалькі ложкаў, часам нават нічым не аддзеленых адзін ад другога [3, с. 567]. Да таго ж з надыходам змроку жыццё ў доме распусты пачынала "бурліць" у поўную меру, усю ноч з яго вокнаў даносілася гучная музыка, гоман і лаянка, а побач з ім заўсёды хадзілі п'яныя кампаніі мужчын, якія часам маглі наўпрост пераблытаць будынкі. Таму суседства з такімі ўстановамі, зразумела, магло быць падставай для з'яўлення незадаволенасці і як вынік - вялікай колькасці апеляцый да ўлады з мэтай навесці парадак. З іншага боку, зачыненне бардэляў выклікала "лавіну" прашэнняў іх утрымальніц, і таму гісторыкі змаглі атрымаць шматлікі комплекс разнастайных крыніц, у якіх, хоць і з пэўнай доляй эмацыйнасці, адлюстроўваюцца карціны штодзённага жыцця публічнага дома, яго месца ў гарадскім асяроддзі і ва ўзаемадачыненнях паміж гараджанамі. Ва ўмовах адсутнасці ўспамінаў, дзённікаў і лістоў шэраговых прастытутак і іх гаспадароў з-за пераважаючай непісьменнасці, дадзены від крыніц уяўляецца нам найбольш важным пры вывучэнні "распуснага промыслу" не толькі на беларускіх землях, але і на тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі.

Па падліках у пяці беларускіх губернях у канцы ХІХ ст. існавала каля 70 публічных дамоў. Досыць вялікая частка гэтых устаноў прыходзілася на Гродзенскую губерню. На 1 студзеня 1880 г. у ёй налічваўся 21 дом распусты і спатканняў, у якіх працавала каля 100 прастытутак [4, арк. 3 - 21]. Але лічбу гэту можна прызнаць даволі ўмоўнай і нетрывалай - кожны год колькасць бардэляў змянялася, як і колькасць працуючых у іх жанчын. Знаходжанне на тэрыторыі губерні вялікага вайсковага кантынгенту, што нараджала попыт на прастытуцыю, прадумовіла канцэнтрацыю публічных дамоў у буйных губернскіх цэнтрах - Гродна, Беластоку, Кобрыне і асабліва Брэсце, які займаў у гэтым спісе, як не дзіўна, першае месца. Таму вялікая колькасць прашэнняў і скаргаў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна, прыпадае менавіта на пералічаныя гарады.

Эфектыўнасць аналізу гэтай катэгорыі крыніц у шмат чым залежыць ад іх тыпалагізацыі і класіфікацыі. Разумеючы, што дадзеная тыпалагізацыя павінна здзяйсняцца па цэламу шэрагу параметраў, і вылучэнне якога-небудзь асобнага крытэрыя з'яўляецца немагчымым, мы прапануем звярнуцца да вопыту сусветнай гістарыяграфіі, дзе ўжо даўно існуюць прыклады класіфікацыі вялікай сукупнасці дакументаў, аб'яднаных пад агульнай назвай "лістоў ва ўладу". Так, прашэнні можна падзяліць па іх адрасату. Адпаведна вылучаюцца прашэнні ва ўстановы і прашэнні пэўным асобам. У нашым выпадку да першай групы будуць адносіцца прашэнні ў розныя губернскія альбо павятовыя ўстановы, напрыклад у камітэты грамадскага здароўя. Але гэты тып дакументаў сустракаецца вельмі рэдка. Здзіўляе таксама і адсутнасць прашэнняў у гарадскую ўправу. Ва ўмовах перахода ад традыцыйнага да індустрыяльнага грамадства і панаваннем у грамадскім жыцці абсалютысцкіх і "верноподданических" нормаў па-ранейшаму вызначальным было прашэнне, звернутае да якога-небудзь высокага чыноўніка, у прыватнасці, да паліцмайстара або губернатара. На думку людзей гэта была менавіта тая інстанцыя, якая хутка, без бюракратычнай валакіты, магла зразумець іх просьбы і своечасова вырашыць праблемы. Вялікую ролю тут іграла і асоба чыноўніка, яго маральныя, юрыдычныя і чалавечыя прынцыпы. Так, адна з утрымальніц зачыненага бардэля ў Гродна спадзявалася, што з прыходам новага губернатара справа з адкрыццём публічнага дома вырашыцца на яе карысць [5, арк. 35 аб]. Па колькасці прашэнняў можна таксама вызначыць і працаздольнасць дзяржаўнага апарата. Напрыклад, справы Брэсцкага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення змяшчаюць значную колькасць прашэнняў утрымальніц аб адкрыцці раней зачыненых дамоў распусты, што, безумоўна, падкрэслівае актыўнасць брэсцкага паліцмайстара ў справе барацьбы з прастытуцыяй у гэтым горадзе [6].

Магчыма выкарыстанне і жанравай класіфікацыі прашэнняў. Амерыканская даследчыца Ш.Фіцпатрык, вывучаючы савецкія "лісты ва ўладу" 1930-х гг., вылучыла такія жанры, як "шчырыя выяўленні сэрца", "крык аб дапамозе", "даносы і скаргі" і г.д [7, с. 97]. Дадзены падыход можна выкарыстоўваць і пры класіфікацыі прашэнняў гараджан ХІХ - пачатку ХХ стст., дадаючы сюды і ўласна аўтарскую мэту дакумента. Так, "крыкам аб дапамозе" можна назваць скаргі жыхароў пэўнай вуліцы або дому, жыццю і працы якіх перашкаджала наяўнасць публічнага дома, а "шчырым выяўленнем сэрца" - прашэнні ўтрымальніц зачыненых дамоў распусты, якія сапраўды "раскрываюць" сваю душу і сэрца перад уладным адрасатам, эмацыйна малюючы будучыя часы жабрацтва, галоднай смерці і спадзяючыся на літасць апошняга. Асобную групу складаюць тут і ананімныя даносы, аўтары якіх ставілі перад сабой зусім розныя мэты, як станоўчага, так і адмоўнага характару.

Разумеючы, што праблема тыпалагізацыі прашэнняў гараджан як вялікага комплексу разнастайных крыніц патрабуе яшчэ змястоўнага даследавання спецыялістамі-крыніцазнаўцамі, мы, са свайго боку, адносна вывучэння прашэнняў па гісторыі прастытуцыі, прапануем выкарыстоўваць аўтарскі падыход як больш поўны і дакладны. Згодна з ім дакументы можна падзяліць на тры групы:

1) Прашэнні ўтрымальніц (утрымальнікаў) публічных дамоў і домаўладальнікаў кватэр прастытутак-адзіночак;

2) Прашэнні жыхароў вуліц альбо аднаго дома, не звязаных з прастытуцыйным бізнесам;

3) Ананімныя даносы і скаргі.

Паспрабуем разгледзець кожную з гэтых груп паасобку.

Як ужо падкрэслівалася вышэй, даследчык гісторыі прастытуцыі на Беларусі сутыкаецца з вялікім дэфіцытам крыніц, створаных прамымі ўдзельнікамі гэтага промыслу. Таму прашэнні гаспадароў публічных дамоў і кватэр адзіночак уяўляюць значны інтарэс, бо праз іх з гісторыкам гіпатэтычна размаўляюць людзі, якія непасрэдна фарміравалі "аблічча" дарэвалюцыйнай прастытуцыі, арганізоўвалі яе і рабілі туды свае капіталаўкладанні.Дзякуючы гэтым крыніцам, можна вывучыць асобу тагачаснай утрымальніцы, стварыць яе сацыяльна-культурны і псіхалагічны партрэт. Так, у Гродзенскай губерні большасць утрымальніц публічных дамоў былі яўрэйкамі па нацыянальнасці, непісьменнымі, мяшчанкамі па паходжанню, іх сярэдні ўзрост вагаўся ад 35 да 70 гадоў. Палажэнне "на дне" грамадства вызначала і іх блізкае акружэнне: амаль усе яны мелі палюбоўнікаў або мужоў са злачынным мінулым, нярэдка дамаўладальнікі тых кватэр, дзе ўтвараліся бардэлі, мелі з гаспадынямі гэтых устаноў любоўныя сувязі. Часам злачынцамі маглі быць і блізкія сваякі ўтрымальніцы, што магло пераўтвараць публічныя дамы ў сапраўдныя прытоны дэструктыўных асобаў з усяго горада [6, арк. 36 - 36 аб.]. Толькі адзінкі мелі трывалыя сем'і, у якія ўваходзілі шматлікія дзеці і старыя бацькі, што надта часта ў прашэннях вылівалася ў сродак эмацыйнага ціску на ўладу з мэтай дасягнення дазволу на ўзнаўленне сутэнёрскай дзейнасці. Распусны промысел мог быць і сямейнай справай: публічныя дамы маглі перадавацца ў спадчыну ад маці да дачкі альбо нявесткі. Такі "сямейны падрад" меў месца, напрыклад, у Гродна [5].

На жаль, праз прашэнні нельга прасачыць дакладна мінулае ўтрымальніц бардэляў, але можна меркаваць, што ў маладосці яны былі звычайнымі прастытуткамі, якія выкарысталі свой шанец вылезці з "ямы" і, сабраўшы пэўныя грашовыя сродкі, не прапалі ў жыцці. З маладых гадоў яны былі звязаны з гандлем целам і не хацелі змяняць гэты прыбытковы бізнес і надалей, бо нічога іншага рабіць не ўмелі. Гэта ў нейкай ступені пацвярджаюць і іх прашэнні. Калі ўлады зачынялі той ці іншы бардэль, то яго ўтрымальніца адразу ж прасіла зноў дазволіць ёй займацца ўтрыманнем прастытутак, бо спыненне гэтага промыслу азначала фактычнае беспрацоўе. Ніхто з іх не жадаў пазбавіцца такога бруднага заробку і знайсці сабе больш-менш прыстойную працу. У прашэннях яны выкарыстоўвалі найбольш эмацыйна акцэнтаваныя мадэлі звароту да адрасата: падкрэслівалі, што яны добрасумленна выконвалі ўсе правілы і абавязкі, не былі заўважаны ў злачынствах, што яны жанчыны-удовы, маюць старых бацькоў, дзяцей, якіх не будзе чым карміць, нават даносілі на сваіх "калегаў" па працы, каб хоць нейкім чынам забяспечыць для сябе станоўчае вырашэнне справы [6, арк. 48]. Некаторыя заяўлялі нават, што закрыццё іх публічнага дома адмоўна адаб'ецца на здароўі мужчынскага насельніцтва горада [5, арк. 27]. Такім чынам, аўтары гэтых прашэнняў прытрымліваліся стратэгіі спецыяльнага моўнага ўздзеяння, якое абапіралася на выключна прагматычныя матывы. Але з маральнага пункту гледжання ўся гэта аргументацыя была толькі наборам слоў - на кану стаялі вялікія прыбыткі, і гэтыя людзі, для якіх прастытуткі былі звычайным таварам, імкнуліся ўсялякім чынам вярнуцца да старога занятку.

Прашэнні ўтрымальніц бардэляў могуць адлюстроўваць узровень і маштабы развіцця прастытуцыі ў тым ці іншым горадзе Гродзенскай губерні. Дзякуючы аднаму такому дакументу, напрыклад, можна даведацца, што ў Гродна ў пачатку ХХ ст. дамы распусты і кватэры прастытутак-адзіночак знаходзіліся на Віленскім і Падгорным завулках, Аляксандраўскай Слабадзе, Іерусалімскай і Падольнай вуліцах. Магчымымі месцамі адкрыцця новых бардэляў маглі быць Занёманскі фарштат і Прачачны завулак. Паведамлялася таксама, што ў Падгорным завулку публічны дом існаваў напрацягу 40 гадоў [5, арк. 20, 21, 27]. У Брэсце "аазіс распусты" знаходзіўся на Шырокай і Слабодскай вуліцах - амаль усе прашэнні маюць менавіта гэты адрас. У найбольш буйным публічным доме Фрадлі Ліётанбергна, паводле прашэнняў, пэўны час працавала каля 19 жанчын, што было рэдкасцю нават для сталічных бардэляў [6, арк. 19].

Асобнае месца ў першай групе прашэнняў займаюць дакументы пад аўтарствам дамаўладальнікаў кватэр, у якіх пад наглядам утрымальніцы працавалі прастытуткі-адзіночкі. Калі паліцыя зачыняла гэтыя кватэры і распускала прастытутак, то гэта таксама закранала і дамаўладальнікаў, якія пазбаўляліся арэнднага прыбытку. Некаторыя з іх былі вельмі блізка знаёмы з утрымальніцамі, нават маглі мець з імі інтымную сувязь, і таму іх прашэнні не ўяўляюць вялікай цікавасці, бо маюць вядомы змест. Але былі і тыя, каго прымушала звяртацца да ўладаў безвыходнасць. У асноўным гэта былі добрасумленныя людзі, не заўважаныя ў злачынным асяроддзі. Адносна гэтага цікава прашэнне аднаго адстаўнога бамбардзіра брэсцкаму паліцмайстру ад 5 мая 1912 г. Былы вайсковец прасіў паліцмайстра дазволіць здаваць у сваім доме кватэры для прастытутак, бо папросту ніхто іншы на гэтай вуліцы жыць не жадаў. Просьбіт пісаў: "Широкая улица на плохом счету у жителей в виду того, что более 30 лет на ней помещаются заведения для проституток и частные лица в моем доме квартир не снимут" [6, арк. 60 аб.].

Найбольшая колькасць разглядаемых дакументаў уваходзіць у другую групу - гэта прашэнні жыхароў пэўнай вуліцы, дома, або асобнага чалавека, якія не мелі ніякага дачынення да прастытуцыі і ў выніку суседства з публічным домам сталі заложнікамі яго існавання. Змест гэтых прашэнняў вядомы - ва ўсіх іх чырвонай ніткай праходзіць просьба да ўладаў зачыніць дом распусты і перанесці яго ў іншае месца. Але важным для гісторыкаў можа быць не толькі змест гэтых дакументаў, карысным для нас падаецца і сам тэкст, сродкі аргументацыі і моўнага ўздзеяння на адрасата, што можа дапамагчы нават пры вывучэнні такой складанай і шмат'яруснай катэгорыі, як сістэма каштоўнасцей тагачаснага грамадства. Акрамя гэтага, прашэнні жыхароў могуць выступаць і як цікавы прыклад суадносінаў суб'ектыўнай надзеі "маленькага чалавека" і аб'ектыўных магчымасцей дзяржаўнага апарата, якія нярэдка знаходзіліся ва ўзаемнай канфрантацыі.

Амаль палова тэксту ўсіх прашэнняў гэтай групы ўтрымлівае апісанне праблемаў, звязаных з жыццём каля публічнага дома альбо кватэр адзіночак, што дае цікавыя карціны паўсядзённасці гэтых устаноў у Гродзенскай губерні. Так, фактычна ўсе просьбіты скардзяцца на кліентаў бардэляў, якія ў п'яным стане парушаюць іх спакой. Сама скарга часам вылучаецца сваёй падрабязнасцю. Вось цытата з аднаго такога дакумента: "К проституткам ежедневно… являются пьяные лица, в большинстве нижние воинские чины, очень часто, разыскивая нужный им товар, стучат к нам в окна, в двери и, на случай если последняя не заперта на ключ, врываются в наши помещения с известными вопросами и, добравшись до места назначения, выходят оттуда парочками, начиная расхаживать по улице в самом неприлежном виде, поют пахабные песни, сквернословят" [5, арк. 36]. Таксама "дастаецца" ў прашэнях і ўтрымальніцам (утрымальнікам), якіх паказваюць хітрымі, гатовымі пайсці на любыя подласці. Цікава, што меней за ўсё прыгадваюцца ў скаргах уласна "жрыцы любві" - сярод вывучаных намі прашэнняў толькі ў адным просьбіт скардзіцца на непаднаглядных прастытутак з аднаго бардэля, якія псуюць ягоны плот, калі ўцякаюць ад паліцыі [6, арк. 81]. Магчыма, што такія памяркоўныя адносіны тлумачыліся захаваннем у грамадстве рэштак жаласлівага вобраза "беднай прастытуткі, прыгнятаемай злой утрымальніцай", так трапна намаляванага, напрыклад, А. Купрыным у аповесці "Яма".

Вельмі цікавым з'яўляецца і разуменне становішча мясцовай ўлады ў сістэме канфліктаў "публічны дом - абывацелі". Паводле многіх прашэнняў уладныя структуры выступаюць суцэльна на баку ўтрымальніц, не хочуць дапамагаць звычайным жыхарам і ўвогуле слаба рэагуюць на іх скаргі. "Неужели местным властям интересы притоносодержателя дороже интересов жителей-христиан всей улицы?" - абураліся, напрыклад, жыхары Кобрына [8, арк. 48 аб.]. Але такі стан рэчаў назіраўся не па ўсёй губерні і хутчэй за ўсё залежаў ад кампетэнтнасці чыноўнікаў на месцах. Справа ў тым, што ўлады сутыкаліся тут з вялікай дылемай: з аднаго боку, да іх даходзіла мноства прашэнняў гараджан, на якія яны павінны былі нейкім чынам рэагаваць, з другога боку, ім не хацелася зачыняць публічныя дамы, якія былі лёгкім сродкам нагляду за прастытуцыяй. Таму, напрыклад, у Гродна ў пачатку ХХ ст. гэтая дылема вырашалася на карысць абодвух бакоў - публічныя дамы то зачыняліся, то зноў адчыняліся, але многія прашэнні ўсё ж такі заставаліся праігнараванымі нават на высокім узроўні. У той жа час у Брэсце сітуацыя выглядала зусім інакш. Любая скарга магла адразу прывесці да хуткага закрыцця дома распусты і забароны яе ўтрымальніцы надалей займацца гэтымі справамі.

Амаль ўсе прашэнні гарадскіх жыхароў вылучаюцца сваёй стылёвай і моўнай разнастайнасцю, бо аўтарамі гэтых дакументаў былі людзі адукаваныя, пісьменныя, прадстаўнікі гарадской інтэлігенцыі, настаўнікі, інжынеры, дваране. У прашэннях не было залішняга "плачу" альбо ляманту, тут прысутнічаў стрыманы тон і разгорнутая аргументацыя. Цікавымі з'яўляюцца і сродкі ўздзеяння на адрасата. Просьбіты заяўлялі, што суседства з публічным домам перашкаджае іх спакойнаму жыццю і вольнаму часу; адмоўна ўздзейнічае на маральнае выхаванне іх дзяцей і асабліва дачок, якія праходзяць праз бардэлі, калі ідуць на вучобу; з'яўляецца небяспечным для прыстойных жанчын, бо наведвальнікі вельмі часта блытаюць іх з прастытуткамі. Заўважым, што апеляцыя, напрыклад, да хрысціянскага вучэння і каштоўнасцей цалкам адсутнічае ў гэтых дакументах. Дый нават уздзеянне праз выкарыстанне нейкіх маральных аргументаў займала другараднае становішча (у некаторых прашэннях яго няма ўвогуле) - галоўны націск рабіўся на эканамічныя праблемы. Справа ў тым, што наяўнасць публічнага дому альбо кватэр прастытутак-адзіночак на пэўнай вуліцы абясцэньвала кошт суседніх кватэр альбо дамоў, а таксама выклікала адток патэнцыйных кватарантаў. Таму прашэнні былі пастаянна прасякнуты выразамі такога кшталту: "вследствие близости этого публичного дома наши квартиры остаются порожними, никто из честного класса лиц не соглашается их нанимать", "присутствие этого позорного заведения крайне неблагоприятно отражается на домовладельцах, так как многие из кватирантов не желают иметь вблизи такое беспокойное и неприятное соседство", "железнодорожные служащие, снимающие у нас помещения, уходят на другие улицы" і г.д.[5, арк. 29; 6, арк. 9; 8, арк. 48 аб]. Аднак трэба заўважыць, што аўтары прашэнняў патрабавалі ад уладаў толькі перанесці публічныя дамы на іншую вуліцу. Ніхто з іх не прасіў пазачыняць увогуле ўсе дамы распусты і бардэлі ў горадзе, паўсюдна знішчыць прастытуцыю і разабрацца з ёй раз і назаўжды. Гэты факт можа сцвярджаць, што тагачаснае грамадства фактычна "прывыкла" да прастытуцыі і лічыла яе звычайнай з'явай сацыяльнага жыцця, без якой гэтае жыццё амаль немагчыма. Верагодна, ў пачатку ХХ ст. прастытуцыя была такой зразумелай і звычайнай, як наведванне тэатру альбо рэстарана.

У апошнюю групу разглядаемых дакументаў уваходзяць усемагчымыя ананімныя даносы, мэты напісання якіх былі зусім рознымі. Адныя з іх могуць быць важнай крыніцай для характарыстыкі такой рухаючай сілы гісторыі, як людская зайздрасць і нянавісць. Абвінавачванне ў заняцці тайнай прастытуцыяй было вельмі сур'ёзным у канцы ХІХ - пачатку ХХ стст.: жанчыну маглі прымусова падвергнуць ганебнаму медыцынскаму агляду, скампраметаваць і сапсаваць яе рэпутацыю. Таму нядобразычліўцы даволі часта карысталіся гэтым метадам, каб адпомсціць, напрыклад, сваім палюбоўніцам, сяброўкам, альбо ўвогуле канкурэнткам. У такіх даносах падкрэслівалася, што пэўная асоба займаецца "тайным развратом" і настойліва патрабавалася ўзяць яе пад нагдяд паліцыі. Вось прыклад аднаго з такіх дакументаў: "Доношу до вашего сведения [брэсцкага паліцмайстра - А.Г.], что девица лет 18, проживающая в городе Бресте, некая Елена Маньковская по слухам городских жителей занимается тайной проституцией почти более двух лет, в настоящее же время эта личность болеет хроническим трипером… Имею честь покорнейше просить вас подвергнуть таковую медицинскому осмотру и взять её под надзор полиции" [6, арк. 34 - 34 аб]. Адзначым, што паліцыя досыць пільна правярала кожны факт, пададзены ў такіх даносах і не рабіла паспешлівых вывадаў. У адносінах вышэйузгаданай Алены Манькоўскай, напрыклад, было праведзена даследаванне і выяўлена, што яна вядзе даволі сціплы лад жыцця, амаль нідзе не бывае і прастытуцыяй ніколі не займалася, а данос быў напісаны, паводле слоў паліцэйскага чыноўніка, "из-за мести к Маньковской как довольно красивой девушке" [6, арк. 35]. Ананімныя даносы пісаліся не толькі на пэўных асоб, але і на цэлыя ўстановы - гасцініцы, рэстараны - гаспадары якіх абвінавачваліся ва ўтрыманні тайных прытонаў. Але разам з гэтым "ананімкі" маглі ўтрымліваць і зусім рэальныя факты развіцця прастытуцыі ў губернскіх гарадах. Так, паводле адной ананімнай заявы, у г. Гродна ў 1912 г. настолькі пашырылася тайная прастытуцыя, што на галоўных вуліцах гораду непаднаглядныя путаны "никому из проходящих не дают проходу" [8, арк. 38].

Безумоўна, прашэнні, скаргі, даносы гараджан уяўляюць вельмі цікавы і карысны комплекс крыніц па вывучэнню прастытуцыі ў Гродзенскай губерні, бо ўсе яны без выключэння ўтрымліваюць пэўны "адбітак часу", з дапамогай якога можна зазірнуць у штодзённасць гарадскога жыцця мяжы ХІХ і ХХ стст. Прашэнні перадаюць сучаснаму даследчыку яскравую палітру ўзаемаадносінаў гараджан паміж сабою, адлюстроўваюць стаўленне абывацеляў да мясцовых ўлад і да прастытуцыі, пэўным чынам паказваюць сістэму каштоўнасцей, пануючую ў тагачасным грамадстве. Упэўнены, што гісторыкі цалкам ацэняць усю вартасць гэтага віду крыніц і будуць выкарыстоўваць яго не толькі пры вывучэнні сацыяльнай гісторыі, але і пры даследаванні іншых праблем гісторыі Беларусі на розных прамежках часу.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Гуревич, А.Я. Исторический синтез и школа "Анналов" / А.Я. Гуревич. - М.: Индрик, 1993. - 328 с.

2. Правила содержательницам борделей // "А се грехи злые, смертные..." : Рус. семейн. и сексуал. культура глазами историков, этнографов, литераторов, фольклористов, правоведов и богословов XIX - нач. ХХ в.: [Сборник: В 3 кн. / Изд. подгот.: Н.Л.Пушкарева, Л.В.Бессмертных; [Вступ. ст. Н.Л.Пушкаревой]. - М. : Ладомир, 2004. - Кн. 3. - С. 606 - 608.

3. Кузнецов, М.Г. Проституция и сифилис в России. / М.Г. Кузнецов // "А се грехи злые, смертные..." : Рус. семейн. и сексуал. культура глазами историков, этнографов, литераторов, фольклористов, правоведов и богословов XIX - нач. ХХ в.: [Сборник: В 3 кн. / Изд. подгот.: Н.Л.Пушкарева, Л.В.Бессмертных; [Вступ. ст. Н.Л.Пушкаревой]. - М. : Ладомир, 2004. - Кн. 3. - С. 542 - 602.

4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна (НГАБ у г. Гродна). Фонд 9. - Воп. 1. - Спр. 57. Ведамасці аб колькасці публічных жанчын па губерні.

5. НГАБ у г. Гродна - Ф.9. - Воп. 2. - Спр. 2003. Справа аб закрыцці публічнага дома Глаз Сары і Рэйзы ў г. Гродна.

6. НГАБ у г. Гродна. - Ф.674. - Воп. 1. - Спр. 314. Справа па прашэнням жыхароў г. Брэста аб дазволе адкрыцця публічных дамоў, спісы публічных дамоў г. Брэста.

7. Лившин, А.Я. Власть и народ: «сигналы с мест» как источник по истории России 1917-1927 годов / А.Я. Лившин, И.Б. Орлов // Общественные науки и современность. - 1999. - №2. - С. 94 - 102.

8. НГАБ у г. Гродна. - Ф.9. - Воп. 2. - Спр. 2815. Ведамасці аб аглядзе стану здароўя публічных жанчын губерні за 1912 г.

Аляксандр Сяргеевіч Горны, магістрант кафедры гісторыі Беларусі факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДУ імя Янкі Купалы. Сфера навуковых зацікаўленняў: палітычная і канфесійная гісторыя Заходняй Беларусі ў 1921 - 1939 гг., гісторыя сацыяльных нізоў Беларусі ў ХІХ - ХХ стст., гісторыя штодзённасці.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX