Вярнуцца: Горны Аляксандр

Беларускія паланафільскія арганізацыі ў Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.)


Аўтар: Горны А.С.,
Дадана: 07-09-2012,
Крыніца: Горны, А.С. Беларускія паланафільскія арганізацыі ў Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.): сучасная гістарыяграфія праблемы // Содружество наук. Барановичи ― 2012: материалы VIII Международной научно-практической конференции молодых исследователей: в 3 ч. / редкол.: А.В. Никишова [и др.]. - Барановичи, 2012. - Ч. 3. - С. 51 - 53.



УДК 94(476) 1921/1939

А.С. Горны
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы г. Гродна, Рэспубліка Беларусь

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛАНАФІЛЬСКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ Ў ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ (1921 - 1939 гг.): СУЧАСНАЯ ГІСТАРЫЯГРАФІЯ ПРАБЛЕМЫ

В статье анализируются работы современных белорусских и польских историков, посвященные деятельности белорусских пропольских (полонофильских) организаций и партий в Западной Беларуси в 1921 - 1939 гг. Несмотря на некоторые достижения, данная проблематика по-прежнему остается малоизученной. Как в белорусской, так и в польской историографии до сих пор отсутствует обобщенное и основательное исследование по этой теме, что делает её актуальной для будущих историков.
This article analyzes the work of contemporary Belarusian and Polish historians on the activities of Belarusian pro-government organizations and parties in Western Belarus in 1921 - 1939 years. Despite some achievements, this subject remains poorly understood. As in Belarus, as well as in Polish historiography there is still no generalized and thorough study on this subject, which makes it relevant to future historians.

У пачатку 1990-х гг., пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у айчыннай гістарыяграфіі адбыліся кардынальныя зрухі і пераўтварэнні. Даследчыкі адмовіліся ад манаполіі марксісцкай метадалогіі і пачалі выкарыстоўваць аб'ектыўныя падыходы пры вывучэнні гістарычных праблем. Асабліва гэта датычылася гісторыі беларускага нацыянальнага руху, якая доўгі час знаходзілася пад пільным ідэалагічным кантролем. Адкрыццё новых і раней недаступных архіўных дакументаў дазволіла гісторыкам пераасэнсаваць прадмет даследавання ды звярнуць увагу на вывучэнне малавядомых старонак барацьбы беларусаў за нацыянальнае самавызначэнне.

Даволі значнае месца ў гісторыі беларускага нацыянальнага руху займае перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі, калі заходняя частка Беларусі знаходзілася ў складзе Польшчы. На гэтых землях, ва ўмовах адсутнасці аднапартыйнай сістэмы, але пры значным уціску польскіх уладаў, беларускі рух змог атрымаць сваё далейшае палітычна-ідэалагічнае развіццё, што вызначылася, прынамсі, у фарміраванні яго розных накірункаў - ад прапольскага (паланафільскага) да радыкальнага і нават нацыянал-сацыялістычнага. На рубяжы ХХ - ХХІ стст. гэтая своеасаблівая ідэалагічная "палітра" выклікала ўвагу гісторыкаў, што абумовіла стварэнне даволі цікавых прац і артыкулаў, аўтары якіх імкнуліся даць аб'ектыўную ды ўзважаную ацэнку асобным партыям, рухам, дзеячам. Але, нягледзячы на гэтыя дасягненні, некаторыя пытанні гісторыі Заходняй Беларусі міжваеннага дваццацігоддзя па-ранейшаму застаюцца маладаследаванымі і патрабуюць глыбокага асэнсавання сучасным пакаленнем гісторыкаў. Сярод іх вылучаецца праблема дзейнасці беларускіх праўрадавых (паводле тагачаснага беларускага палітычнага лексікона - паланафільскіх) арганізацый і рухаў.

Трэба адзначыць, што ва ўмовах развіцця нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, беларускія паланафілы не мелі шырокай грамадскай падтрымкі, а іх арганізацыі былі даволі малалікімі. Нягледзячы на гэта, яны ўсё ж такі займалі пэўнае месца ў грамадска-палітычным жыцці заходнебеларускага краю і аказвалі ўплыў на палітычную сцэну, ужо нават фактам свайго існавання. Больш таго, некаторыя дзеячы паланафільскага кірунку былі цесна звязаны з польскімі і савецкімі спецслужбамі, што дазваляе разглядаць праблему беларускіх праўрадавых арганізацый у міжваеннай Польшчы нават ў ракурсе геапалітычных стасункаў. Але ў 1990-х - пачатку 2000-х гг. гэтыя пытанні не атрымалі шырокага асвятлення ў беларускай гістарыяграфіі. У комплексных і абагульняючых працах па гісторыі Беларусі, выдадзеных апошнім часам, увогуле адсутнічаюць згадкі пра беларускія паланафільскія арганізацыі 1920-х гг. ("Арганізацыя беларускіх беспартыйных актывістаў", "Часовая Беларуская Рада", "Цэнтральны камітэт па беларускіх справах", "група Ф. Умястоўскага" і інш.). Некалькі абзацаў прысвечана толькі т. зв. "групе Астроўскага - Луцкевіча", якая існавала ў Заходняй Беларусі ў пачатку 1930-х гг. Аднак аналіз дзейнасці гэтай групы, якая ў свой час атрымала назву "беларускай санацыі" праведзены вельмі павярхоўна і не пазбаўлены некаторых факталагічных памылак [1]. Пра групу таксама ўзгадваюць гісторыкі У. Ладысеў і П. Брыгадзін у сваёй грунтоўнай працы аб развіцці беларускага нацыянальнага руху ў найноўшы час [2, с. 183 - 184]. Аўтары ў дадатку да манаграфіі публікуюць нават вытрымкі з мемарыялу, пададзенага сябрамі групы прэзідэнту Польшчы летам 1930 г. [2, с. 298]. Але акрамя гэтых урыўкавых сведчанняў, на сённяшні дзень у айчыннай гістарыяграфіі цалкам адсутнічаюць грунтоўныя даследаванні, якія закранаюць пытанні генезіса, развіцця ды заняпаду "беларускай санацыі" і арганізацый, ідэйна блізкіх да яе.

У пачатку 2000-х гг. тэма беларускіх паланафілаў усё ж такі знайшла пэўнае адлюстраванне ў шэрагу навуковых артыкулаў. У даследаванні гэтай праблемы вызначыліся, прынамсі, два гісторыка - А. Пашкевіч з Мінска і гродзенскі даследчык А. Чарнякевіч. Першы з іх закрануў пытанне ўдзелу беларускіх паланафільскіх арганізацый у польскіх парламенцкіх выбарах у міжваенны час. У адным са сваіх артыкулаў гісторык удзяліў увагу дзейнасці такіх арганізацый, як Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах і Аб'яднанне беларускіх беспартыйных актывістаў і "Зялёнага дуба", адлюстраваў ступень іх уплыву на выбарчую акцыю сярод беларускага насельніцтва Польшчы ў 1922 г.. На думку А. Пашкевіча, ужо ў гэты час выявілася відавочная маргінальнасць паланафільскага напрамку беларускага нацыянальнага руху, прыкладам чаго было яго поўнае паражэнне на выбарах. Даследчык заўважыў, што вышэй пералічаныя паланафільскія аб'яднанні не набылі папулярнасці сярод беларусаў перадусім па прычыне дрэннай рэпутацыі іх лідараў (сярод якіх быў, напрыклад, генерал С. Булак-Булаховіч і інш.) [3, s. 164]. Праблему ўдзелу паланафілаў у выбарчых кампаніях 1928 і 1930 гг. А. Пашкевіч таксама разглядае у сваім дысертацыйным даследаванні, прысвечаным парламенцкім формам змагання беларусаў за нацыянальныя правы ў міжваеннай Польшчы [4, л. 73, 92 - 98 ].

Несумненную важнасць для вывучэння дзейнасці беларускіх паланафілаў у Заходняй Беларусі маюць працы гродзенскага гісторыка А. Чарнякевіча. У іх закранаецца значны спектр праблем па дадзенай тэматыцы: генезіс паланафільскага кірунку ў беларускім руху, супрацоўніцтва паланафілаў з польскімі спецслужбамі і інш. Акрамя гэтага гісторык звярнуў увагу на дзейнасць такіх паланафільскіх арганізацый, як Цэнтральны камітэт беларускіх спраў і Часовая Беларуская Рада, якія існавалі ў Заходняй Беларусі ў 1920-х гг. [5; 6]. У артыкулах, прысвечаных гэтым установам, ён адлюстраваў ролю паланафільскага кірунку ў тагачасным заходнебеларускім палітычным жыцці, даў характарыстыку асобным палітычным акцыям паланафілаў і зрабіў спробу вывучыць стасункі ўнутры згаданых паланафільскіх арганізацый. Таксама гродзенскі даследчык вылучыў і яшчэ адно цікавае пытанне, звязанае з паланафіламі, а менавіта стэрэатыпы сучаснікаў. Паводле А. Чарнякевіча, паняцце "паланафіл" утрымлівала адразу некалькі стэрэатыпных катэгорый - чалавек без прынцыпаў, авантурыст і агент польскіх спецслужбаў [7, s. 80]. Навуковую навізну мае і артыкул аб сувязях беларускіх дзеячоў з ІІ аддзелам Польскага Генеральнага штабу, у якім даследчык на аснове малавядомых дакументаў паспрабаваў разглядзець дачынненні некаторых паланафілаў з польскай дэфензівай [8].

Праца беларускіх праўрадавых арганізацый на культурным грунце трапіла пад ўвагу брэсцкага навукоўца А. Вабішчэвіча. У сваёй манаграфіі "Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921 - 1939)" гісторык ахарактарызаваў дзейнасць паланафільскіх арганізацый "Прасьвета" і Таварыства беларускай асветы, вызначыў іх месца ў грамадска-культурным жыцці беларусаў міжваеннай Польшчы [9, с. 45 - 46, 58 - 60]. Разам з гэтым, некаторыя аспекты дзейнасці культурна-асветных і гаспадарчых арганізацый беларускіх паланафілаў засталіся па-за межамі гэтага даследавання, што стварае падставы для далейшага пошуку ў гэтым кірунку.

Апошнім часам у айчыннай гістарыяграфіі з'явіўся шэраг публікацый, прысвечаных лёсам асобных дзеячоў паланафільскага лагеру. Былі зроблены спробы вывучыць жыццёвыя шляхі такіх паланафілаў, як П. Аляксюк [10], В. Адамовіч [11], Т. Вернікоўскі [12]. Аднак, нягледзячы на тое, што аўтары гэтых прац уводзяць у навуковы ўжытак раней невядомыя факты, асобныя моманты жыцця гэтых людзей засталіся па-ранейшаму малавядомымі з-за недахопу крыніц, у тым ліку асабістага паходжання.

На сучасным этапе праблему дзейнасці беларускіх паланафільскіх арганізацый у Заходняй Беларусі закранулі і даследчыкі з Польшчы. У 1994 г. пабачыў свет артыкул Яўгенія Вапы, прысвечаны утварэнню Цэнтральнага саюза беларускіх культурна-асветных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза) у 1930 г. [13]. У ім аўтар падкрэсліваў значную ролю групы Астроўскага-Луцкевіча ў фармаванні новай арганізацыі і вылучыў некаторыя палітычныя акцыі Цэнтрасаюза, галоўнай з якіх быў удзел у парламенцкіх выбарах 1930 г. Аднак гэты артыкул, які мае досыць багаты факталагічны матэрыял, фактычна толькі ўзняў праблему дзейнасці Цэнтрасаюза ў Заходняй Беларусі, пакідаючы іншым даследчыкам багатае поле для працы і аналітыкі.

Абагульненае даследаванне дзейнасці беларускіх праўрадавых арганізацый прапанавала польская даследчыца К. Гамулка [14]. Яна практычна ўпершыню ў сучаснай гістарыяграфіі зрабіла спробу класіфікацыі беларускіх палітычных партый у Заходняй Беларусі, вызначыўшы тры палітычныя плыні, якіх прытрымліваліся тыя альбо іншыя партыі: прапольская, незалежніцкая і савецкая [14, s. 63]. Адносна прапольскай плыні гісторык пазначыла, што яна ўзнікла ў 1919 г. і праіснавала ў розных варыяцыях амаль усё міжваеннае дваццацігоддзе, але выйсці на першы план беларускага палітычнага жыцця так і не змагла. Ахарактарызаваўшы беларускія паланафільскія партыі і арганізацыі, К. Гамулка прыйшла да высновы, што ўсе яны вызначаліся сваёй палітычнай слабасцю і вузкай грамадскай базай. Фінансавая падтрымка з боку польскіх уладаў, рэзкае нежаданне супрацоўнічаць з іншымі палітычнымі плынямі і заангажаванасць у працы адных і тых жа асобаў, часам са скандальным мінулым, прывялі, на думку гісторыка, да поўнай палітычнай дэградацыі паланафільскага кірунку ў Заходняй Беларусі [14, s. 73].

Асобныя аспекты дзейнасці беларускіх паланафілаў знайшлі сваё адлюстраванне і ў працах іншых польскіх гісторыкаў. Так, напрыклад, В. Папроцкая ў артыкуле пра беларускія культурныя арганізацыі надала ўвагу, між іншым, такім паланафільскім фармацыям, як Таварыства беларускай асветы і Беларускі гаспадарчы саюз Янкі Станкевіча [15, s. 12 - 13, 15]. М. Куркевіч у сваёй манаграфіі зрабіў невялікі агляд дзейнасці Часовай Беларускай Рады [16, s. 95 - 98]. З апошніх прац польскай гістарыяграфіі можна прыгадаць кнігу І. Янушэўскай-Юркевіч, прысвечаную нацыянальным стасункам на Віленшчыне ў міжваенны час, дзе, сярод іншых беларускіх партый і рухаў, разглядаецца і дзейнасць праўрадавых арганізацый [17, s. 630 - 632].

Варта заўважыць, што нягледзячы на значную актуальнасць прац польскіх даследчыкаў, амаль усе яны абапіраюцца на матэрыялы ўласна польскага паходжання. Сведчанні з беларускіх крыніц ў іх практычна адсутнічаюць, што робіць даследаванне аднабаковым і абмежаваным.

Такім чынам, праблема дзейнасці беларускіх паланафільскіх арганізацый у Заходняй Беларусі ў сучаснай гістарыяграфіі па-ранейшаму далёка ад вычарпальнасці. На сённяшні час не створана комплексных і грунтоўных прац, прысвечаных развіццю паланафільскага напрамку ў беларускім нацыянальным руху. Існуючыя навуковыя напрацоўкі стварылі толькі падмурак для далейшага даследавання. У гістарыяграфіі, як беларускай, так і замежнай, увогуле адсутнічае нават вызначэнне тэрміна "беларускае паланафільства" і яго крытэрыяў, не існуе і класіфікацыі беларускіх праўрадавых арганізацый у Заходняй Беларусі. Па-за полем зроку гісторыкаў застаюцца перыядычныя выданні беларускіх паланафілаў, фінансаванне іх дзейнасці, а біяграфіі многіх дзеячоў як і раней знаходзяцца пад покрывам невядомасці. Таму вывучэнне дадзенай праблематыкі з'яўляецца вельмі важным для паўнавартаснага асэнсавання гісторыі беларускага нацыянальнага руху, яго перамог і паражэнняў.

Спіс цытуемых крыніц

1. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. / М.П. Касцюк, І.М. Ігнаценка, У.І. Вышынскі [і інш.]. - Мінск: Беларусь, 1995 - Ч. 2. - С. 241; Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795 - 2002) / З. Шыбека. - Мінск: Энцыклапедыкс, 2003. - С. 272 - 273; Гісторыя Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М.Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск: Экаперспектыва, 2007. - Т. 5: Беларусь у 1917 - 1945 гг. / А. Вабішчэвіч [і інш.]. - С. 413 - 414.

2. Ладысеў, У. Ф. Паміж Усходам і Захадам. Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917 - 1939 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. - Мінск: БДУ, 2003. - 307 с.

3. Пашкевіч А. В. Беларускія паланафільскія арганізацыі і дзеячы падчас парламенцкіх выбараў у Польшчы ў 1922 г. / А. В. Пашкевіч // Problemy cywilizacyjnego rozwoju Białorusi, Polski, Rosji i Ukrainy od końca XVIII do XXI wieku / Pod redakcją Piotra Franaszka, Aleksandra N. Nieczuchrina. - Kraków: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagiellońskiego, 2007. - S. 161 - 164.

4. Пашкевіч, А. В. Парламенцкія формы змагання за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа ў міжваеннай Польшчы (1921 - 1930 гг.): дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / А. В. Пашкевіч. - Мінск, 2006. - 162 л.

5. Чарнякевіч, А. Беларускія паланафілы і Грамада. 1925 - пачатак 1927 г. / А. Чарнякевіч // Гістарычны альманах. - 2006. - Том 12. - С. 64 - 78.

6. Чарнякевіч, А. Беларуская Часовая Рада і яе месца і роля ў беларускім нацыянальным руху ў Польшчы сярэдзіны 1920-х гадоў / А. Чарнякевіч // Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ - пачатак ХХІ ст.): Матэр'ялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: І. І. Коўкель (адк. рэд.) [ і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - С. 284 - 292.

7. Чарнякевіч, А. Беларускія паланафілы вачамі сучаснікаў: да гісторыі станаўлення стэрэатыпаў / А. Чарнякевіч // Problemy cywilizacyjnego rozwoju Białorusi, Polski, Rosji i Ukrainy od końca XVIII do XXI wieku / Pod redakcją Piotra Franaszka, Aleksandra N. Nieczuchrina. - Kraków: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagiellońskiego, 2007. - S. 77 - 80.

8. Чарнякевіч, А. Ад супрацоўніцтва да здрады: беларускі рух і ІІ аддзел Польскага Генеральнага штабу 1919-1939 / А. Чарнякевіч // Гістарычны альманах. - 2007. - Том 13. - С. 13 - 46.

9. Вабішчэвіч, А.М. Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.) / А.М. Вабішчэвіч - Брэст, БрДУ, 2008. - 319 с.

10. Пашкевіч, А. "Бацька" беларускіх паланафілаў / А. Пашкевіч, А. Чарнякевіч // Гістарычны альманах. - 2010. - Том 16. - С. 37 - 58.

11. Пашкевіч, А.В. Невядомыя старонкі біяграфіі В.Адамовіча, ці да гісторыі палітычнага авантурызму ў беларускім нацыянальным руху / А.В. Пашкевіч, А.М. Чарнякевіч // Берасцейскі хранограф: Зб. навук. прац. / Брэс. дзярж. ун-т ім. А.С. Пушкіна; Рэд. рада: М.Э. Часноўскі [і інш.]. - Брэст: Изд-во Академия, 2004. - С. 314 - 334.

12. Горны, А.С. Тодар Вернікоўскі - беларускі грамадскі і царкоўны дзеяч Заходняй Беларусі / А.С. Горны // Шлях у навуку: да 55-годдзя студэнцкага навукова-даследчага гісторыка-краязнаўчага гуртка "НіКа": зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: Н.А. Івашчанка, С.В. Марозава, І.В. Соркіна [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2011. - С. 147 - 152.

13. Wappa, E. Okoliczności powstania Centralnego Związku Białoruskich Organizacji i Instytucji Kulturalno-Oświatowych ("Centrasajuzu") i jego udział w wyborach 1930 r. / E. Wappa // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 1994. - №1. - S. 63 -72.

14. Gomółka, K. Białoruskie partie i organizacje prorządowe w II Rzeczypospolitej / K. Gomółka // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 1997. - №7. - S. 63 -74.

15. Paprocka, W. Białoruskie organizacje społeczno-kulturalne na Kresach Wschodnich w II Rzeczypospolitej / W. Paprocka // Etnografia Polska. - 1999. - T. XLIII. - Z. 1-2. - S. 11-20.

16. Kurkiewicz, M. Sprawy białoruskie w polityce rządu Władysława Grabskiego / M. Kurkiewicz. - Warszawa: Neriton, 2005. - 132 s.

17. Januszewska-Jurkiewicz, J. Stosunki narodowościowe na Wileńszczyźnie w latach 1920-1939 / J. Januszewska-Jurkiewicz. - Katowice: Wyd. Uniwersytetu Śląskiego, 2010. - 710 s.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX