Вярнуцца: Горны Аляксандр

Міхаіл Кахановіч: лёс інтэлігента


Аўтар: Горны Аляксандр,
Дадана: 24-08-2013,
Крыніца: Горны Аляксандр. Міхаіл Кахановіч: лёс інтэлігента // Краязнаўчая газета. - 2013. - № 14. - С. 4, № 15. - С. 4.



Перадрук на іншыя сайты толькі з дазволу аўтара

Леташняй восенню культурная грамадскасць Беларусі адзначала шэраг важных дат, звязаных з памяццю вядомых беларускіх літаратараў, культурных і грамадскіх дзеячоў. Шырока асвятлялася ў друку 130-годдзе беларускіх паэтаў Якуба Коласа і Янкі Купалы, павярхоўна ўзгадвалася 125-годдзе пісьменніка Зміцера Жылуновіча. Аднак некаторыя з памятных дат і імён засталіся ўвогуле не заўважанымі і забытымі. Напрыклад гэта датычыцца постаці беларускага педагога, грамадскага і палітычнага дзеяча Міхаіла Сілуянавіча Кахановіча, з дня нараджэння якога 27 верасня 2012 г. споўнілася 130 гадоў. У свой час гэты чалавек быў вядомы як шчыры патрыёт Бацькаўшчыны, таленавіты арганізатар і першы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі - найбольш вядомай установы сярэдняй адукацыі ў Заходняй Беларусі ў міжваеннае дваццацігоддзе. Сёння яго імя ўзгадваецца, бадай, толькі ў спецыяльных навуковых працах па беларускай гісторыі навейшага часу, а для педагагічнай супольнасці нашай краіны дзейнасць Міхаіла Кахановіча па-ранейшаму застаецца амаль невядомай. Таму ў дадзеным біяграфічным нарысе, хоць і з пэўным спазненем, робіцца спроба вярнуць з забыцця некаторыя вехі жыцця гэтага беларускага дзеяча.

Біяграфія Кахановіча яшчэ раз пацвярджае тую думку, што беларуская інтэлігенцыя ў ХХ стагоддзі прайшла цярністы шлях выпрабаванняў і пакутаў. Ён нарадзіўся ў 1882 г. у в. Вялікія Лукі Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер - Баранавіцкі раён) у сям'і праваслаўнага святара Сілуяна Кахановіча. У 1905 г. скончыў шэсць класаў Мінскай духоўнай семінарыі. Нягледзячы на традыцыю духоўнага саслоўя перадаваць працу святара ад бацькі да сына, юнак не прыняў святарскага сана і вырашыў далей працягваць навучанне. Але для беларусаў у тыя часы вышэйшая адукацыя была цяжкай і нават недасягальнай справай. Па прычыне царскай палітыкі ў беларускіх губерніях не было аніводнага ўніверсітэта, а жадаючыя вучыцца ў ВНУ павінны былі ехаць у буйныя гарадскія цэнтры за межамі краю. Малады Міхаіл вырашыў накіравацца ў Харкаў, дзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт мясцовага ўніверсітэта.

Атрымаўшы ў 1910 г. дыплом гісторыка, Кахановіч пераехаў у Вільню, у якой працаваў настаўнікам у розных навучальных установах: Віленскай гандлёвай школе, прыватнай гімназіі "Katche", прыватнай мужчынскай гімназіі Таварыства распаўсюджвання сярэдняй адукацыі. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны, у 1915 г., ён трапіў ў бежанства і перабраўся ў Магілёў, дзе ўладкаваўся выкладчыкам у рэальнае вучылішча імя Аляксандра І. У Магілёве распачаўся новы этап дзейнасці гэтага чалавека, цесна звязаны з беларускім Адраджэннем.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. прынесла народам Расійскай імперыі, у тым ліку і беларусам, дэмакратычныя і нацыянальныя свабоды. Пачалі аднаўляць сваю дзейнасць некаторыя беларускія арганізацыі, стварацца новыя партыі і аб'яднанні. У гэтыя дні да беларускай справы далучыўся і Міхаіл Кахановіч. Ён стаў рэдактарам мясцовай газеты "Могилевский вестник", дзе надаваў ўвагу пытанням беларускага нацыянальнага жыцця. Акрамя гэтага, 25 - 27 сакавіка 1917 г. Кахановіч удзельнічаў у з'ездзе беларускіх арганізацый у Мінску і нават узначальваў этнаграфічную камісію з'езда, якая вырашала праблему этнічнай тэрыторыі беларусаў. Па выніках працы з'езда быў утвораны Беларускі нацыянальны камітэт, у ліку сябраў якога значыўся і Міхаіл Сілуянавіч. Газета "Могилевский вестник" пэўны час з'яўлялася неафіцыйным друкаваным органам камітэта.

Ва ўмовах рэвалюцыйнай стыхіі Кахановіч змог аб'яднаць інтэлегенцкія сілы Магілёва, якім быў неабыякавы лёс беларускага народа. 15 красавіка 1917 г. быў утвораны Магілёўскі беларускі камітэт, у склад якога ўвайшлі, напрыклад, такія вядомыя постаці беларускай культуры, як гісторык Дз. Даўгяла і этнограф І. Сербаў. Камітэт займаў даволі значнае месца ў грамадска-палітычным жыцці Магілёўшчыны, з'яўляючыся фактычна да лета 1918 г. флагманам беларускага руху ў гэтым рэгіёне.

Як вопытны педагог Міхаіл Кахановіч не мог не пакінуць без увагі праблему школьніцтва на беларускіх землях. Панаванне на працягу доўгіх часоў царскай школы прыводзіла да дэнацыяналізацыі беларусаў, размыванню іх нацыянальнай свядомасці і выраджэнню беларускай культуры. Ужо падчас перамоваў дэлегацыі Беларускага нацыянальнага камітэта з Часовым урадам Расіі Кахановіч патрабаваў ад уладаў увядзення ў школы беларускіх губерняў такіх прадметаў, як гісторыя Беларусі і беларуская мова. Але гэтага было мала. Неабходна было змяніць светапогляд чыноўнікаў ад адукацыі і звычайных настаўнікаў, якія яшчэ знаходзіліся ў палоне ідэалогіі "западноруссизма". Выступаючы з дакладам на педагагічнай нарадзе выкладчыкаў сярэдніх школ Віленскай навучальнай акругі Міхаіл Сілуянавіч дасягнуў гэтага: паводле яго прапаноў была ўхвалена рэзалюцыя аб навучанні на беларускай мове ў пачатковых школах, а таксама пажаданасці вывучэння роднай мовы ў сярэдніх навучальных установах.

Падчас нямецкай акупацыі Беларусі летам 1918 г. Міхаіл Кахановіч вярнуўся ў Вільню, дзе наладзіў трывалыя стасункі з мясцовым беларускім асяроддзем. Актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычнае жыццё, стаўшы сябрам Віленскай беларускай рады. У чэрвені 1919 г. ён разам з іншымі вядомымі дзеячамі арганізаваў беларускі з'езд Віленшчыны і Гродзеншчыны, на якім выступаў з дакладам аб стане і неадкладных задачах беларускай асветы. Па выніках даклада была прынята рэзалюцыя аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільне і Гродна, на якіх павінны былі рыхтаваць педагагічныя кадры для беларускіх школ (на віленскіх курсах, напрыклад, навучалася больш за 70 будучых настаўнікаў). На з'ездзе Кахановіч быў абраны віцэ-старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны - палітычнага цэнтра беларускага нацыянальнага руху ў заходняй частцы Беларусі, акупіраванай на той час польскімі легіёнамі.

Польская адміністрацыя, якая прыйшла на беларускія землі ўслед за акупацыйнымі войскамі, не жадала падтрымліваць памкненні беларусаў да самастойнага жыцця. Пачаўся наступ на беларускія грамадска-культурныя арганізацыі, зачыняліся нацыянальныя школы, пераследваліся актыўныя дзеячы і палітыкі. У гэтыя смутныя для Беларусі гадзіны Міхаіл Кахановіч не пакідаў прастору грамадска-палітычнай дзейнасці. У складзе розных дэлегацый ён сустракаўся з польскімі і літоўскім палітыкамі, апісваў жудасны стан беларускай асветы на акупіраваных землях; ездзіў нават у Брусель на польска-літоўскія перамовы, дзе выступаў ад імя віленскіх беларусаў. Кахановіч пастаянна друкаваўся на старонках тагачаснага беларускага друку ("Беларускае жыццё", "Беларускія ведамасці", "Наша думка"), закранаючы пытанні палітыкі і адукацыі. Міхаіл Сілуянавіч стаяў ля вытокаў утварэння Таварыства беларускай школы - найбольш уплывовай культурна-асветніцкай арганізацыі ў Заходняй Беларусі. Яго подпіс ішоў другім пасля подпіса настаўніка А. Дмахоўскага на статуце Таварыства.

Аднак найбольш важнай ды цяжкай справай у жыцці Міхаіла Кахановіча можна лічыць арганізацыю Віленскай беларускай гімназіі. Сама ідэя стварыць у шматнацыянальнай Вільні сярэднюю навучальную установу для беларусаў належала ветэрану беларускага руху - Івану Луцкевічу. Але сам Луцкевіч па прычыне дрэннага здароўя не мог ажыццявіць сваю задумку. Неабходна было знайсці добрага арганізатара і таленавітага педагога. Выбар паў на Кахановіча, які быў прызначаны дырэктарам будучай гімназіі.

Справа арганізацыі гімназіі ў пасляваеннай Вільні, разбуранай частымі зменамі ўлады, не была даволі простай. Першапачаткова неабходна было знайсці будынак для гімназічных класаў. У гэтым Кахановічу дапамагло праваслаўнае духавенства, якое перадало ў карыстанне гімназіі вядомыя Базыліянскія муры, дзе да Першай сусветнай вайны размяшчалася духоўная семінарыя. Аднак падчас нямецкай акупацыі памяшканні семінарыі былі разрабаваны. Засталося толькі некалькі сталоў, лаваў і крэслаў, якія адразу пайшлі на абсталяванне класных пакояў. "Не было ні кавалка дрэва для апалу будынка і не было ні капейкі грошай купіць іх…" - прыгадваў пасля Міхаіл Кахановіч.

У такіх цяжкіх умовах Міхаіл Сілуянавіч пачаў фарміраваць педагагічны калектыў гімназіі і арганізоўваць навучальны працэс. Але адразу ж ён сутыкнуўся са значнымі цяжкасцямі: не хапала падрыхтаваных настаўнікаў, якія б добра ведалі беларускую тэрміналогію, многія вучні, асабліва яўрэйскага паходжання, яшчэ не маглі прывыкнуць да выкладання прадметаў па-беларуску і адчувалася адсутнасць падручнікаў на беларускай мове, пераважна па прыродазнаўчых дысцыплінах. Прымаючы пад ўвагу гэтыя акалічнасці, Міхаіл Кахановіч пастанавіў распачаць выкладанне прадметаў па-беларуску толькі ў малодшых класах; у старэйшых класах па-беларуску пачалі выкладацца толькі беларуская мова, літаратура, гісторыя і геаграфія Беларусі.

Намаганнямі дырэктара ў гімназію быў запрошаны цэлы шэраг беларускіх інтэлектуалаў, якія мелі за плячыма значны стаж нацыянальнай працы. Так, родную мову і літаратуру ў гімназіі выкладалі вядомы пісьменнікі і публіцысты М. Гарэцкі, А. Луцкевіч, матэматыку - адзін з лідараў беларускага нацыянальнага руху С. Рак-Міхайлоўскі, фізіку - інжынер А. Неканда-Трэпка, гісторыю - сам дырэктар гімназіі. З такім падборам кадраў навучальны працэс паступова палепшыўся. Як успамінаў Кахановіч, аднойчы на ўрок беларускай мовы, які праводзіў М. Гарэцкі зазірнулі польскія школьныя інспектары. Яны ўважліва сачылі за ходам заняткаў, а потым адзін з іх падышоў да Кахановіча і ўсклікнуў: "ніколі не думаў, пан дырэктар, што беларускую мову можна так выкладаць… Віншую пана з такім педагогам!"

Нягледзячы на розныя перашкоды з боку польскіх уладаў, праз некаторы час Віленская беларуская гімназія стала адной з лепшых сярэдніх навучальных устаноў у Вільне. У 1921 г. у гімназіі навучалася каля 340 вучняў, большасць з якіх складалі беларусы. Беларускімі арганізацыямі была зроблена значная праца па падтрымцы гімназіі і забеспячэнні навучальнага працэса неабходнымі падручнікамі і дапаможнікамі. Таму ўжо ў 1922 г. трэці выпуск гімназіі здаваў ўсе навучальныя дысцыпліны выключна на беларускай мове.

У тым жа 1922 г. Міхаіл Кахановіч пакінуў пасаду дырэктара гімназіі, каб зноў вярнуцца да грамадска-палітычнай працы. У гэты час у Польшчы адбывалася выбарчая кампанія ў парламент і беларускія арганізацыі Заходняй Беларусі вырашылі вылучыць сваіх дэпутатаў. У Навагрудскай акрузе змагацца ад імя беларусаў за пасольскае (дэпутацкае) крэсла ў польскім сейме - ніжняй палаце парламента - было даручана Міхаілу Кахановічу. Ён сумленна ўзяўся за свой абавязак, выступаў на шматлікіх мітынгах, дзе апісваў цяжкае палажэнне беларусаў і беларускай культуры пад Польшчай. Аўтарытэт Кахановіча як першага дырэктара Віленскай беларускай гімназіі і вядомага грамадскага дзеяча - шчырага патрыёта Беларусі - ў шмат чым яму дапамог. Таму ў лістападзе 1922 г. Міхаіл Сілуянавіч быў абраны ў польскім сейм насельніцтвам Навагрудчыны.

Усяго ў польскі парламент было абрана 14 беларускіх прадстаўнікоў, якія ўтварылі ўласную парламенцкую фракцыю - Беларускі пасольскі клуб. Міхаіл Кахановіч курыраваў у клубе не толькі пытанні беларускага школьніцтва, але звяртаў вялікую ўвагу на праблемы Праваслаўнай царквы. Тагачасныя польскія ўлады негатыўна адносіліся да праваслаўнага духавенства, зачынялі многія праваслаўныя храмы альбо перадавалі іх Каталіцкаму касцёлу. Кахановіч актыўна ўзнімаў у сойме праблемы праваслаўных беларусаў ў Польшчы і патрабаваў захадаў дзеля іх вырашэння. Так, напрыклад, ён абараняў Жыровіцкі Успенскі манастыр ад нападаў польскіх уладаў і католікаў, якія адабралі ад манастара землі, лясы і будынкі. Па гэтай справе Кахановіч сустракаўся з чыноўнікамі польскага Міністэрства асветы і рэлігійных веравызнанняў ды нават сам выязджаў у Жыровічы, дзе выступаў на шматлюдных мітынгах.

Неабходна адзначыць і яшчэ адзін малавядомы факт з жыцця Міхаіла Кахановіча. У 1924 г. ён разам з беларускім царкоўным дзеячам В. Багдановічам і протаіерэем Лукой Голадам арганізавалі ў Вільне царкоўную абшчыну пры капліцы св. Кацярыны. Гэта была адзіная праваслаўная абшчына ў Польшчы, якая не падпарадкавалася ўтворанай у 1922 г. Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве і захавала кананічнае адзінства з Маскоўскім патрыярхатам.

У 1925 г. Міхаіл Кахановіч па ўласнаму жаданню адмовіўся ад дэпутацкага мандата (па ўспамінам беларускага дэпутата В. Рагулі, прычынай гэтага былі неаднаразовыя злоўжыванні алкаголем). З дапамогай беларускіх дзеячоў і савецкіх агентаў ён праз Гданьск перабраўся ў БССР. У Мінску Кахановіч працаваў у рэдакцыях газет "Савецкая Беларусь", "Савецкае будаўніцтва", пераклаў на беларускую мову творы рускіх пісьменікаў і гісторыкаў З. Оськіна, В. Владко, П. Кушнера, Я. Захера і інш. Аднак на рубяжы 1920 - 1930-х гг. у савецкай Беларусі ўжо пачыналіся трывожныя часы для інтэлігенцыі: ажыццяўляліся напады на так званых "нацыянал-дэмакратаў", згортваліся ранейшыя працэсы беларусізацыі. Набіраў моц рухавік сталінскіх рэпрэсій. У лік іх ахвяр трапіў і Міхаіл Кахановіч. У жніўні 1933 г. ён быў арыштаваны ДПУ БССР па сфабрыкаванай справе "Беларускага нацыянальнага цэнтра" і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Прыгавор быў выкананы 17 мая 1934 г.

Біяграфія Міхаіла Кахановіча яшчэ чакае свайго грунтоўнага даследчыка. Аднак вядомыя на сёняшні час біяграфічныя звесткі ўжо даволі змястоўна паказваюць, насколькі цікавым, цяжкім і насычаным было жыццё гэтага чалавека. Асабліва хацелася б, каб на лёс Міхаіла Кахановіча звярнулі ўвагу сённяшнія беларускія настаўнікі, якія ў шмат чым з'яўляюцца нашчадкамі працы мінулых пакаленняў беларускіх педагогаў. Дзейнасць такіх рупліўцаў і патрыётаў, як Міхаіл Кахановіч, вартая памяці сучаснага пакалення беларусаў.

Аляксандр Горны
Гродна

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX