Вярнуцца: Горны Аляксандр

Страсці вакол Мураванкі


Аўтар: Горны Аляксандр,
Дадана: 24-08-2013,
Крыніца: Горны, Аляксандр. Страсці вакол Мураванкі. Эпізод з гісторыі Маламажэйкаўскай Свята-Раства-Багародзіцкай царквы // Поколение. - 2013. - № 2. - С. 45-47.



Перадрук на іншыя сайты толькі з дазволу аўтара


Эпізод з гісторыі Маламажэйкаўскай Свята-Раства-Багародзіцкай царквы

Бадай кожнаму ў Беларусі вядома, што зямля Гродзеншчыны славіцца сваімі архітэктурнымі скарбамі ва ўсёй Еўропе. Магутныя замкі Сярэднявечча, старажытныя храмы ўжо ні адно стагоддзе цешаць вока чалавека сваёй веліччу і хараством. Адной з такіх архітэктурных цудаў з'яўляецца Маламажэйкаўская царква, больш вядомая пад назвай Мураванка, якая была пабудавана ў XVI стагоддзі як праваслаўны храм-крэпасць. Здавалася б, яе гісторыя напісана ўжо падрабязна, аднак, нягледзячы на гэта, па-ранейшаму ў яе лёсе застаюцца моманты, якія патрабуюць глыбокага гістарычнага асэнсавання. Асабліва гэта датычыцца ХХ стагоддзя, які прынёс царкве спрэчкі двух канфесій, і бязбожнае спустаншэнне.

У энцыклапедыях і даведніках адным сказам можна прачытаць, што ў 1920-х гг. Маламажэйкаўская царква была перароблена пад касцёл. Гэтыя словы, аднак, не перадаюць усю тую трагічнасць, якая суправаджала канфіскацыю праваслаўнай царквы і перадачу яе католікам. Да сённяшняга часу фактычна нідзе падрабязна не адлюстраваны тыя "жарсці", якія літаральна кіпелі вакол гэтай перадачы. На падставе архіўных матэрыялаў і дадзеных з тагачаснай беларускай прэсы паспрабуем аднавіць падзеі таго часу і прыадчыніць яшчэ адну старонку гісторыі Маламажэйкаўскай царквы.

У 1921 г. Заходняя Беларусь паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора ўвайшла ў склад Польшчы. Польскія ўлады адразу ж распачалі на гэтых землях палітыку нацыянальнага і канфесійнага ўціску. Зачыняліся беларускія школы, пераследваліся актывісты нацыянальнага руху і, у тым ліку, праваслаўныя святары, на якіх глядзелі як на антыдзяржаўных агітатараў. Пад уплывам уладаў, рыма-католікі пачалі стыхійна адбіраць праваслаўныя цэрквы, якія раней належалі ўніятам, і пераробліваць іх пад касцёлы. Гэты працэс атрымаў назву рэвіндыкацыі. Па падліках, толькі ў першыя гады польскага панавання на "ўсходніх крэсах" было адабрана каля 400 храмаў. Здараліся часам парадаксальныя сітуацыі, калі некаторыя з адабраных цэркваў стаялі пустымі, бо ў той ці іншай мясцовасці не было значнай колькасці каталіцкіх вернікаў. Многія лічылі, што працэс рэвіндыкацыі не закране Мураванку па той простай прычыне, што яна была першапачаткова пабудавана як праваслаўная царква ды ў ваколіцах пераважала праваслаўнае насельніцтва. Аднак віражы гісторыі бываюць, часам, непрадказальнымі.

У пачатку 1920-х настаяцелем царквы быў протаіерэй Леў Савіцкі, які з'яўляўся на той час адным са старэйшых пастыраў Віленскай епархіі. Ён нарадзіўся ў 1841 годзе ў в. Спорава Слонімскага павета, у 1863 г. скончыў поўны курс Літоўскай духоўнай семінарыі і быў прызначаны на маламажэйкаўскі прыход. З гэтага часу ён зрабіў капітальны рамонт храма, даследаваў яго гісторыю, заслужыўшы значную пашану сярод прыхаджан. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны святар накіраваўся ў эвакуацыю ўглыб Расіі і вярнуўся ў Мураванку толькі ў 1920 г. У віленскім архіве захаваўся анкетны ліст, складзены айцом Львом пасля вяртання, які дазваляе ўявіць стан прыхода ў пачатку 1920-х гадах: ён меў 63 дзесяцін зямлі і абымаў каля паўтары тысячы вернікаў. Цікава, што прычтам царквы абслугоўваліся яшчэ вёскі зачыненага Васілішскага прыхода. Сам святар жыў у доме каля храма, які быў даведзены да вельмі драхлага стану.

Нельга дакладна ўсталяваць, па якой прычыне ўлады пачалі рабіць захады па скасаванню праваслаўнага прыхода ў Мураванцы. Як паведамляў часопіс "Праваслаўны беларус", царква спакушала сваёй прыгажосцю чыгуначных служачых-католікаў з суседняй станцыі Скрыбаўцы, якія, не маючы свайго ўласнага касцёла, падалі хадайніцтва каталіцкаму біскупу аб перадачы ім Маламажэйкаўскага храма. Верагодна яшчэ адной прычынай стала "палітычная нядобранадзейнасць" протаіерэя Льва Савіцкага, якому лідскі стараста (кіраўнік павета ў Польшчы) адмовіў у выдачы польскага грамадзянства. Святары без грамадзянства не мелі магчымасці выконваць свае абавязкі і павінны былі ў акрэслены тэрмін пакінуць межы Польскай дзяржавы. Усе гэтыя акалічнасці прадвырашылі лёс прыхода. У 1924 г. ад яго была адабрана ўся царкоўная зямля і аддадзена ў арэнду. Неўзабаве, 10 кастрычніка таго ж году згодна з распараджэннем Міністэрства асветы і рэлігійных вызнанняў Польшчы і пры поўным паразуменні з вышэйшымі ўладамі Польскай праваслаўнай царквы праваслаўны прыход у Малым Мажэйкава быў скасаваны. Свята-Раства-Багародзіцкая царква не была залічана нават да філіяльных.

Тым не менш айцец Леў Савіцкі не пакладаў рук, каб як-небудзь уратаваць свой прыход і пакінуць храм за праваслаўнымі. Ён пісаў заявы ў розныя адміністрацыйныя інстанцыі, разам з прыхаджанамі звяртаўся да варшаўскага мітрапаліта, урада і дэпутатаў польскага сойму з просьбай аб абароне. Улады гэта нервавала. 4 красавіка 1925 г. у доме святара паліцыяй быў зроблены ператрус. Праз некалькі месяцаў, намеснік навагрудскага ваяводы даслаў віленскаму епіскапу Феадосію ліст з патрабаваннем перамясціць айца Льва ў іншае месца, бо той, "не хоча выконваць распараджэння польскіх уладаў і праводзіць агітацыю, шкодную для дзяржавы". У сваім адказе, Феадосій, спрабуючы абараніць апальнага святара, падкрэсліваў: "Он (Леў Савіцкі - А.Г.) уже глубокий старик и за свое почти шестидесятилетнее пребывание на одном месте сроднился с населением прихода… Перевод в другое место престарелого протоиерея Савицкого может быть роковым для его жизни…". Аднак фатальным для Савіцкага стала менавіта скасаванне яго ўласнага прыхода. Клопаты падарвалі здароўе 85-гадовага старыка і ён, хворы, злёг у ложак.

Тым часам разгортвалася шырокая кампанія ў абарону Мураванкі. Вернікі пастаянна звярталіся з просьбамі не зачыняць царкву да свецкіх і царкоўных уладаў. Варшаўскі мітрапаліт Дыянісій некалькі разоў па гэтаму пытанню тэлеграфаваў навагрудскаму ваяводзе і ў Міністэрства рэлігійных веравызнанняў. У польскім парламенце ў абарону маламажэйкаўскага прыхода выступалі беларускія дэпутаты В. Рагуля і В. Багдановіч. Беларускія праваслаўныя часопісы "Праваслаўны беларус", "Праваслаўная Беларусь", "Беларуская зарніца" друкавалі матэрыялы аб Свята-Раства-Багародзіцкай царкве, у якіх заклікалі захаваць гэтую старажытную святыню Праваслаўя. Аднак усе гэтыя намаганні не мелі рэальных вынікаў. Прыход па-ранейшаму заставаўся скасаваны, а над царквой навісла пагроза закрыцця і перадачы католікам.

Перажыванні прыхаджан яшчэ больш узмацніліся пасля смерці галоўнага абаронца царквы. 3 лютага 1926 г. не стала айца Льва Савіцкага. Як паведамляў карэспандэнт газеты "Беларускае слова" вестка аб яго смерці хутка разышлася па ваколіцах і выклікала вялікі смутак і жаль. Было вырашана пахаваць святара на царкоўным пагосце, дзе былі магілы яго родных і жонкі. Аднак лідскі стараста забараніў хаваць нябошчыка каля царквы. Адмыслова дзеля гэтага ў дзень пахавання ў вёску была накіравана конная і пешая паліцыя. Тады прыхаджане разам з прыбыўшым духавенствам былі вымушаны несці цела былога настаяцеля каля 2 вёрст на могілкі, дзе ў старой капліцы ён і знайшоў свой апошні прытулак.

Паводле загаду старасты, апусцеўшая царква была зачынена, а ключы ад яе павінны былі быць аддадзены мясцоваму благачыннаму. Нягледзячы на гэты загад, 25 лютага 1926 г. да псаломшчыка ў Малое Мажэйкава прыехаў камендант паліцыі і адабраў царкоўныя ключы. Не маючы ключоў благачынны, у прысутнасці двух святароў і панятых, апячатаў царкву.

Тым не менш, у мясцовых вернікаў яшчэ заставалася надзея вярнуць свій храм. Праваслаўныя набажэнствы працягваліся ў невялікай капліцы на могілках, якая, аднак не магла змясціць вялікую колькасць прыхаджан. У 1927 г. царкоўныя ўлады прызначылі ў Малое Мажэйкава новага святара - выпускніка Віленскай духоўнай семінарыі Іаана Жарскага. Цікавыя звесткі наконт службы гэтага пастыра ў Мураванцы прыводзіць іерэй Фама Шаплыка ў сваёй кнізе "Радашковічы праваслаўныя": "На царкве (маецца на ўвазе Мураванка - А.Г.) былі ўсталяваны каталіцкія і праваслаўныя крыжы. А. Іаан хацеў прыбраць каталіцкія крыжы, але католікі данеслі на яго ўладам і ён ледзь не трапіў у турму. Пазбегнуўшы арышта ён быў накіраваны у м. Рудомін, што ў 15 км ад г. Вільня". Улічваючы нататкі Фамы Шаплыкі, які абапіраецца на ўспаміны родных святара, можна дапусціць, што ўжо ў 1926 - 1927 гг. каталікі пачалі рабіць некаторыя захады па змяненню знешняга выгляду храма, разлічваючы, напэўна, што ён будзе належыць ім у любым выпадку. Верагодна, каталіцкія крыжы, якія збіраўся прыбраць святар Жарскі, ужо былі ўсталяваны на прытворы царквы.

Як паведамляў часопіс "Праваслаўная Беларусь", у Мураванцы была спроба арганізаваць каталіцкі прыход усходняга абраду. Летам 1927 г. у вёску прыязджаў уніяцкі святар Васіль Гапановіч і абяцаў адразу ж адчыніць царкву, толькі з умовай падпісаць неабходныя паперы аб пераходзе вернікаў у каталіцкі ўсходні абрад. Аднак вернікі адмовіліся ад гэтага.

У 1928 г. улады прыступілі да канчатковага вырашэння ўсіх спрэчак вакол Маламажэйкаўскай царквы. У шмат чым у гэтым ім дапамагла пасіўнасць мясцовага царкоўнага кіраўніцтва, а менавіта благачыннага Уладзіміра Жданава. Лідскі стараста прывёз апошняга да храма, загадаў яму правесці ўлік царкоўнага інвентара і перадаць ключы прадстаўнікам рыма-каталіцкай абшчыны. Пасля гэтага з царквы былі выдалены праваслаўныя абразы, а каталіцкі ксёндз правёў асвячэнне новага касцёла, які атрымаў назву Ісуса Хрыста Валадара. Новая каталіцкая парафія замест Маламажэйкаўскай пачала называцца Скрыбаўскай, па назве вышэй узгаданай станцыі Скрыбаўцы, дзе пражывала асноўная маса католікаў. Захаваліся імёны каталіцкіх ксяндзоў, якія да вайны служылі ў Мураванцы: Павел Чаплоўскі, Мікалай Вагнер, Уладзіслаў Мончка. Пасля Другой сусветнай вайны храм быў на доўгія гады зачынены атэістычнымі ўладамі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX