Папярэдняя старонка: Горны Аляксандр

Беларускія паланафілы і майскі пераварот у Польшчы 1926 года 


Аўтар: Горны Аляксандр,
Дадана: 08-01-2014,
Крыніца: Горны, А.С. Беларускія паланафілы і майскі пераварот у Польшчы 1926 года / А.С. Горны // Беларусь у ХІХ - ХХІ стагоддзях: праблемы этнакультурнага і нацыянальна-дзяржаўнага развіцця: зб. навук. арт. / рэдкал.: В.А. Міхедзька (адказ. рэд.) [і інш.]. - Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. - С. 121 - 127.



Перадрук на іншыя сайты толькі з дазволу аўтара


УДК 94(476):94(438) «1926»

А.С. Горны (Гродна, ГрДУ імя Я. Купалы)

У артыкуле разглядаюцца адносіны беларускіх паланафілаў Заходняй Беларусі да майскага перавароту 1926 г. у Польшчы і прыходу да ўлады Ю. Пілсудскага. Акцэнтуецца ўвага на пазіцыі, якую займала ў гэтым пытанні найбольш значная арганізацыя беларускіх паланафілаў - Часовая беларуская рада, і яе дзейнасці ў падтрымку пілсудчыкаў. Адзначаецца, што спадзяванні, якія ўскладалі паланафілы на новыя ўлады, здзейснены не былі.

Майскі пераварот 1926 г. з'яўляўся важнай вехай у найноўшай гісторыі Польшчы. Прыход да улады маршала Пілсудскага і ўзмацненне аўтарытарных элементаў прывялі да кардынальных зменаў у палітычнай сістэме краіны і адбіліся на розных пластах грамадства, у тым ліку і на жыцці нацыянальных меншасцяў. Беларускія палітычныя эліты ў міжваенай Польшчы не былі абыякавымі да майскіх падзеяў у Варшаве і мелі свае ўласныя погляды на палітыку Пілсудскага. Аднак у залежнасці ад палітычных густаў, дадзеныя погляды ў шмат чым мелі розныя вектары скіраванасці.

Як вядома, у сярэдзіне 1920-х гг. Польская дзяржава знаходзілася ў стане глыбокага палітычнага крызіса. Недахопы парламенцкай сістэмы, адсутнасць вопыта дзяржаўнага кіраўніцтва і частыя змены кіруючых кааліцый прыводзілі да паралізацыі не толькі заканадаўчай, але і выканаўчай галіны ўлады. Па падлікам, з 1918 па май 1926 г. у Польшчы змянілася каля 14 кабінетаў міністраў, некаторыя з іх функцыянавалі ўсяго некалькі тыдняў [1, s. 43]. Правыя і цэнтрысцкія партыі, якія дамінавалі ў парламенце на працягу чатырох гадоў, нягледзячы на правядзенне некаторых рэформаў, гублялі падтрымку з-за немагчымасці справіцца з шэрагам эканамічных, сацыяльных і знешнепалітычных праблем. Да таго ж яны праводзілі даволі радыкальную палітыку паланізацыі непольскага насельніцтва. Сімпатыі грамадства паступова перамяшчаліся ў бок левых сіл [2, с. 414]. Усё больш гучалі заклікі да ўсталявання моцнай улады ў краіне. Многія, асабліва вайскоўцы, звязвалі надзею на стабілізацыю з вяртаннем да палітычнага жыцця маршала Пілсудскага, які ў гэтыя часы асабліва востра крытыкаваў існуючыя ўлады.

12 мая 1926 г. Ю. Пілсудскі ўвёў верныя сабе войскі ў Варшаву. Пасля двух дзён сутыкненяў на вуліцах горада ўрад В. Вітаса склаў свае паўнамоцтвы. Быў сфарміраваны часовы ўрад на чале з прыхільнікам Пілсудскага К. Бартлем. Пераварот падтрымалі амаль усе левыя сілы (Польская сацыялістычная партыя, Партыя працы, сялянская партыя "Вызваленне", прафсаюзы), а таксама прадстаўнікі яўрэйскай і нямецкай меншасці [1, s. 256]. 31 мая 1926 г. Сейм і Сенат Польшчы абралі на пасаду прэзідэнта Пілсудскага, але ён адмовіўся ад яе. На наступны дзень прэзідэнтам быў абраны стаўленнік маршала прафесар І. Масьціцкі [1, s. 237 - 239]. Пілсудскі захаваў за сабой пост ваеннага міністра і фактычна сканцэнтраваў усю ўладу ў сваіх руках. З гэтага часу і да верасня 1939 г. у Польшчы ўсталяваўся т.зв. рэжым "санацыі".

Беларускія нацыянальна-дэмакратычныя і левыя сілы сустрэлі майскія падзеі даволі асцярожна. Яны адкрыта не падтрымалі дзяржаўны пераварот, першапачаткова чакаючы станоўчай рэакцыі новых уладаў на праблемы беларускай меншасці ў Польшчы. Галоўная управа Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) ў сваім адмысловым заяўленні падкрэсліла, што перамога Пілсудскага стала цяжкім ударам для польскай правіцы. Разам з гэтым, грамадаўцы раскрытыкавалі створаны ўрад Бартэля і заявілі, што маршал спыніўся на "паўдарозе", не выканаўшы ўскладзеных на яго надзеяў па фарміраванню сялянска-рабочага ўраду [3]. Амаль тых жа пазіцый прытрымліваўся і Беларускі пасольскі клуб (БПК) у польскім парламенце. У сваёй адозве прадстаўнікі БПК падкрэслілі: "Новаўтвораны ўрад складаецца з асоб, якія варожа адносіліся да беларускіх спраў і да беларускага сялянства" [4]. Не дачакаўшыся ніякіх зменаў адносна беларусаў, БПК падчас выбараў прэзідэнта ўстрымаўся ад галасавання. Сеймавы клуб БСРГ таксама адмовіўся аддаць свае галасы на карысць Пілсудскага [5]. Такім чынам, беларускія дэмакратычныя групы негатыўна ацэнілі прыход пілсудчыкаў да ўлады.

Адзінай беларускай палітычнай сілай, якая падтрымала майскі пераварот, з'яўлялася беларускае паланафільства. Найбольш значнай арганізацыяй беларускіх паланафілаў у гэтыя часы была Часовая беларуская рада (ЧБР), утвораная ў верасні 1924 г. На чале рады стаяў А. Паўлюкевіч, які да мая 1926 г. даволі прыхільна ставіўся да існуючых польскіх уладаў, некалькі разоў сустракаўся з кіраўніцтвам Польшчы і меў ад яго матэрыяльную падтрымку на паланафільскую акцыю [6, арк. 249]. Аднак, паводле сцвярджэння польскіх спецслужбаў, пераварот у Варшаве прадэманстраваў вялікую "гнуткасць" Паўлюкевіча і яго арганізацыі [7, с. 308].

15 чэрвеня 1926 г. ЧБР на сваім надзвычайным паседжанні пастанавіла даслаць маршалу Пілсудскаму віншавальную тэлеграму, у якой між іншым, пазначалася: "Часовая Беларуская Рада, прадстаўляючы тое беларускае грамадзянства, якое ў лучнасьці і братняй, згоднай супольнай працы з польскім народам жадае збудаваць сабе лепшую будучыню, вітае Цябе, Правадыр, у гэтую вялікую гістарычную хвілю пералому, аддае гонар і пашану і складае сардэчныя пажаданьні давядзеньня да канца задуманнай санацыйнай акцыі ў цэлай Польшчы" [7, с. 309]. Неўзабаве пасля выхаду тэлеграмы, на старонках друкаванага органа ЧБР газеты "Беларускае слова" пачалася агітацыя ў падтрымку Пілсудскага. Толькі ён, паводле аўтараў тыднёвіка, мог даць беларусам усе магчымасці для развіцця нацыянальнага і культурнага жыцця, бо, з'яўляючыся ўраджэнцам "усходніх крэсаў", быццам бы добра разумеў праблемы тутэйшых жыхароў [8]. Акрамя гэтага, ЧБР у сваёй газеце ў даволі рэзкай форме патрабавала, каб беларускія паслы Сейма падчас выбараў прэзідэнта Польшчы аддалі свае галасы за кандыдатуру Ю. Пілсудскага [9].

Пасля акрэслення сваёй пазіцыі, А. Паўлюкевіч выехаў у Варшаву з мэтай усталявання стасункаў з новымі ўладамі. Прэм'ер-міністр Бартэль падчас сустрэчы з лідарам беларускіх паланафілаў абяцаў фінансавую дапамогу, але, верагодна, узамен прапанаваў ЧБР правесці на тэрыторыі Заходняй Беларусі шырокую кампанію па падтрымцы Пілсудскага [7, с. 309]. Па разліках, такая акцыя змагла б у пэўнай ступені стварыць станоўчы вобраз новых уладаў сярод беларускага насельніцтва, большасці якога былі яшчэ малавядомы акалічнасці варшаўскіх падзеяў. Дзеля гэтага ў канцы мая 1926 г. прадстаўнікі ЧБР накіраваліся ў розныя мястэчкі і вёскі "усходніх крэсаў".

Найбольш актыўна ў дадзенай акцыі прыняў удзел сам Паўлюкевіч. 25 - 30 мая 1926 г. ён правёў мітынгі і сходы ў Навагрудку, Нясвіжы, Клецку, Сіняўцы, Баранавічах і Вільне [10, арк. 191 адв.; 7, с. 309]. Напрыклад, падчас мітынгу на нясвіжскім рынку 26 мая 1926 г. Паўлюкевіч тлумачыў сэнс апошніх палітычных падзей у Польшчы, заклікаў да падтрымкі ўрада Бартэля і характарызаваў заслугі перад польскай дзяржаўнасцю маршала Пілсудскага. На мерапрыемстве прысутнічала каля 700 чалавек. Па выніках мітынга лідар паланафілаў прапанаваў прысутным даслаць тэлеграму на імя дэпутатаў БПК з просьбай прагаласаваць за кандыдатуру Пілсудскага [11, арк. 139 - 140]. Такі ж самы змест мелі мітынгі ў Клецку і в. Сіняўка, на кожным з якіх прысутнічала каля 100 чалавек [11, арк. 140].

Аднак не заўсёды мерапрыемствы паланафілаў скончваліся так, як было ім патрэбна. Даволі эксцэнтрычна прайшоў сход у Баранавічах, скліканы лідарам ЧБР 28 мая 1926 г. На пачатку мітынга ў гарадскім цырку Паўлюкевіч сутыкнуўся з рэзкім супраціўленнем мясцовага беларускага актыву, які неўзабаве ўзяў кіраўніцтва мерапрыемствам у свае рукі. Старшынёй схода быў абраны Я. Міткевіч - былы паланафільскі дзеяч і даўні праціўнік Паўлюкевіча. Ён пачаў крытыкаваць дзейнасць апошняга, падкрэсліваючы, што той працуе за дзяржаўныя грошы ў сваіх карысных мэтах. Паводле газетнай карэспандэнцыі, пад крыкі прысутных "Вон, правакатар, ня маеш голасу, служыў буржуазіі, а цяпер падлізывашся да польскай левіцы, самазванец" Паўлюкевіч пакінуў сход [12; 13].

Тым не менш дзеячы ЧБР імкнуліся ахапіць сваёй акцыяй у падтрымку Пілсудскага як мага больш мясцовасцей. Паводле справаздачы, надрукаванай у газеце "Беларускае слова", паланафілы правялі ў Заходняй Беларусі 21 мітынг: 6 - у Вілейскім павеце, па тры - у Нясвіжскім і Лідскім паветах, 2 - у Валожынскім павеце, па аднаму - у Слонімскім, Баранавіцкім, Навагрудскім, Пастаўскім Браслаўскім, Дзісненскім і Маладзечанскім паветах [14]. Акрамя гэтага, на Гродзеншчыне было склікана каля 15 сходаў, якія ладзіў прадстаўнік ЧБР Б. Друцкі-Падбярэзкі. Амаль на кожным з гэтых мерапрыемстваў прымаліся рэзалюцыі "ад імя беларускага народа" ў падтрымку майскага пераварота і складаліся тэлеграмы да беларускіх дэпутатаў з патрабаваннем аддаць свой голас за Пілсудскага падчас прэзідэнцкіх выбараў [7, с. 309]. Пад уплывам ЧБР падобную тэлеграму даслалі нават прадстаўнікі Клецкай беларускай гімназіі [14].

Аднак неабходна заўважыць, што майская акцыя беларускіх паланафілаў не мела асабліва вялікага ўплыву на палітычныя настроі насельніцтва краю. Агітацыя на карысць Пілсудскага актывізавала працу ЧБР, але не прынесла ёй палітычнага поспеху, нават у вачах палякаў. Рэзалюцыі паланафілаў прымаліся на сходах, дзе большасць прысутных былі простыя сяляне, якія мала разбіраліся ў тонкасцях палітыкі. Мясцовая інтэлігенцыя альбо прадстаўнікі іншых беларускіх сіл, як гэта адлюстроўвае прыклад баранавіцкага мітынга, не далучаліся да агітацыі, а наадварот, спрабавалі ўсялякім чынам перашкаджаць ёй. Сябры БСРГ на старонках сваіх газет негатыўна ацэньвалі дзейнасць паланафілаў, паказваючы яе няшчыры і заказны характар [15]. Больш таго, праца ЧБР не мела і практычных вынікаў - беларускія дэпутаты ў парламенце мелі ўласную палітычную стратэгію і ўвогуле адмовіліся ад галасавання.

Нягледзячы на гэта, Паўлюкевіч яшчэ спадзяваўся атрымаць ад палякаў пэўныя дывідэнды за праяўленую актыўнасць, якія дапамаглі б яму трохі узвысіць паланафільскі рух у вачах заходнебеларускага грамадства. Не чакаючы рэакцыі з боку ўладаў на сваю дзейнасць, паланафілы зрабілі першы крок дзеля рэалізацыі ўласных палітычных мэт. 16 чэрвеня 1926 г. яны распрацавалі "Мемарыял да пана Прэм'ера Рады Міністраў", тэкст якога быў надрукаваны ў "Беларускім слове" [16]. "Майскія падзеі… знайшлі шырокі водгук у масах беларускага народа. Прабудзіліся надзеі, што нарэшце ў жыцьці мас наступіць перамена…" - падкрэслівалася ў пачатку дакумента. Далей ЧБР заклікала новыя ўлады забясечыць беларускую меншасць усімі неабходнымі правамі. Вылучаліся чатыры групы праблем, якія патрабавалі хуткага ўрэгулявання ўрадам, а таксама прапаноўваліся шляхі іх вырашэня: 1) праблемы мясцовага самакіравання (правядзенне выбараў у органы мясцовага самакіраваня, дапамога ЧБР у дзейнасці на правінцыі); 2) зямельнае пытанне (рэалізацыя зямельнай рэформы, адмена асадніцтва): 3) праблемы беларускай асветы (пашырэнне сеткі беларускіх школ, арганізацыя беларускіх настаўніцкіх курсаў, адчынене аддзела беларусазнаўства ў Віленскім універсітэце); 4) урэгуляванне царкоўных спраў (раўнапраўе Праваслаўнай і Каталіцкай царквы, спыненне пераследавання праваслаўнага духавенства). Як бачна, паланафілы закранулі асноўныя сацыяльныя і нацыянальна-культурныя патрабаванні беларусаў ў Польшчы, нават ксёндз А. Станкевіч заявіў, што падпісаў бы гэты дакумент, змяніўшы яго ў некаторых месцах [7, с. 310]. Аднак мемарыял ЧБР застаўся не заўважаным ва ўрадавых колах.

Зусім верагодна, што польскія ўлады палічылі дзейнасць ЧБР падчас майскі падзеяў малаэфектыўнай і паступова пачалі звужаць фінансаванне арганізацыі. Адчуваючы гэта, а таксама адсутнасць рэальных паслабленняў для насельніцтва, Паўлюкевіч ў сваёй газеце пачаў выказваць пэўнае расчараванне наступствамі майскага пераварота для беларусаў. У нумары, выдадзеным у верасні 1926 г. ён падкрэсліў, што мінула чатыры месяцы пасля прыходу Пілсудскага да ўлады, а беларусы не атрымалі ніводнай новай школы [17]. Але прыязныя адносіны паланафілаў да ўладаў захаваліся і ў далейшым. Тым не менш, гэта не выратавала ЧБР ад заняпаду - з-за адсутнасці сталага фінансавання ўнутры яе пачаліся частыя расколы і праз 2 гады яна цалкам развалілася.

Прыход да ўлады Пілсудскага ажывіў у некаторых беларускіх палітыкаў старыя ідэі, якія грунтаваліся на вядомай адозве маршала "Да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага", выдадзенай падчас польска-савецкай вайны. Так, пасля мая 1926 г. актывізаваў сваю працу беларускі пісьменнік і публіцыст Ф. Умястоўскі. Разам з невялікай групай сваіх паплечнікаў ён пачаў актыўна прасоўваць ідэю беларуска-польскага паразумення, якая абапіралася на традыцыі ХІХ - пачатку ХХ стст. Дзеля гэтага група Ўмястоўскага ў 1927 г. наладзіла выданне часопіса "Беларускі дзень", на старонках якога заклікала беларусаў да "братэрскага супрацоўніцтва" з палякамі [18].

Асаблівая ўвага заходніх беларусаў, паводле Умястоўскага, павінна была быць скіравана на выкананне палітычных ідэалаў маршала Пілсудскага. "Задачаю сягоньняшняга дня, задачаю ўсіх здаровых сілаў польскага, беларускага і ўкраінскага грамадзянства - падкрэсліваў паланафіл у панегірычным артыкуле на першую гадаўшчыну майскіх падзеяў - [ёсць] спрыяць ажыцьцяўленьню ідэяў маёвага перавароту [19]. Прытрымліваяся гэтай праграмы, прыхільнікі Умястоўскага актыўна ўключыліся ў агітацыю на карысць пілсудчыкаў падчас парламенцкіх выбараў 1928 г.

Такім чынам, беларускія паланафілы ў Заходняй Беларусі, у адрознені ад іншых беларускіх палітычных сілаў, цалкам падтрымалі майскі пераварот і прыход да ўлады Ю. Пілсудскага. Яны арганізавалі агітацыйную кампанію ў падтрымку пілсудчыкаў, асабліва актыўна ў якой прымала ўдзел Часовая беларуская рада. Аднак, нягледзячы на свае спадзяванні, паланафілы не дачакаліся з боку новых уладаў ніякіх станоўчых крокаў насустрач беларускай меншасці. Урад Польшчы, здзейсніўшы некаторыя невялікія саступкі, па-ранейшаму прытрымліваўся палітыкі паланізацыі няпольскага насельніцтва краіны. Гэтая акалічнасць яшчэ раз паставіла пад сумніў мэтазгоднасць ідэі супрацоўніцтва з польскімі ўладамі.

Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры

1. Czubiński, A. Przewrót majowy 1926 roku / A. Czubiński. - Warszawa: Młodzieżowa Agencja Wydawnicza, 1989. - 295 s.

2. Тымовский, М. История Польши / М. Тымовский, Я. Кеневич, Е. Хольцер. - М.: Издательство «Весь мир», 2004. - 544 с.

3. Становішча Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады // Беларуская справа. - 1926. - № 9. - С. 1.

4. Сяляне Беларусы! // Сялянская ніва. - 1926. - № 16. - С. 1.

5. Паведамленьне Соймавага Клюбу Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады ў справе ўчасьця ў выбарах Прэзідэнта Польскае Рэспублікі // Беларуская справа. - 1926. - № 14. - С. 1.

6. Lietuvos centrinis valstybės archyvas (LCVA). - F. 15. - Ap. 2. - B. 232. Sprawozdania sytuacyjne z życia społecznego i politycznego m. Wilno, 1925 г.

7. Кароткі нарыс беларускага пытаньня. - Мінск: Логвінаў, 2009. - 396 с.

8. На пераломе // Беларускае слова. - 1926. - № 15. - С. 1.

9. Мы трэбуем! // Беларускае слова. - 1926. - № 15. - С. 1.

10. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (ДАГВ). - Ф. 662. - Воп. 3. - Спр. 11. Квартальныя справаздачы павятовых каменд паліцыі аб грамадска-палітычным руху ў Навагрудскім ваяводстве, 1924 - 1928 гг.

11. ДАГВ. - Ф. 679. - Воп. 1. - Спр. 10. Данясенні,справаздачы каменды паліцыі Нясвіжскага павета аб здарэннях і грамадска-палітычным руху на тэрыторыі павета, 1926 г.

12. Свойскі. Як спатыкаюць п. Паўлюкевіча / Свойскі // Сялянская ніва. - 1926. - № 17. - С. 4.

13. Міткевіч, А. Ліст у рэдакцыю / А. Міткевіч // Беларуская справа. - 1926. - № 18. - С. 4.

14. Спроба сілаў // Беларускае слова. - 1926. - № 16. - С. 2.

15. Спэкуляцыя на беларускасьці // Беларуская справа. - 1926. - № 16. - С. 3.

16. Мэморыял Часовай Беларускай Рады да пана Прэмьера Рады Міністраў // Беларускае слова. - 1926. - № 19. - С. 4.

17. Засьляпеньне // Беларускае слова. - 1926. - № 25. - С. 1.

18. Наш шлях // Беларускі дзень. - 1927. - № 3. - С. 1 - 2.

19. Маёвы пераварот // Беларускі дзень. - 1927. - № 11. - С. 2.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX