Папярэдняя старонка: Горны Аляксандр

Праблема ўз'яднання беларусаў у дзейнасці беларускіх паланафільскіх арганізацый Заходняй Беларусі ў 1920 - 1930-я гг. 


Аўтар: Горны Аляксандр,
Дадана: 08-01-2014,
Крыніца: Горны, А.С. Праблема ўз'яднання беларусаў у дзейнасці беларускіх паланафільскіх арганізацый Заходняй Беларусі ў 1920 - 1930-я гг. / А.С. Горны // Социально-гуманитарные знания: материалы Х Респ. науч. конф. молодых ученых и аспирантов, Минск, 29 нояб. 2013 г. / редкол.: И.В. Титович [и др.]. - Минск: РИВШ, 2013. - С. 29 - 32.



Перадрук на іншыя сайты толькі з дазволу аўтара


Падзел беларускіх зямель, які быў замацаваны Рыжскім мірным дагаворам 18 сакавіка 1921 г., стаў даволі значным фактарам у развіцці айчыннай грамадска-палітычнай думкі. Беларускія грамадскія дзеячы, незалежна ад сваіх ідэалагічных перакананняў, успрынялі рыжскія падзеі як нацыянальную трагедыю. Таму патрабаванне ўз'яднання падзеленага народа стала адным з галоўных у дзейнасці многіх беларускіх партый і арганізацый, якія апынуліся ў межах Польскай дзяржавы. Як падкрэсліваюць даследчыкі гісторыі Беларусі, у міжваенны час у Польшчы не было ніводнай беларускай партыі, якая б не дамагалася аб'яднання беларускіх зямель [1, с. 815; 2, с. 190]. Аднак формы і метады рэалізацыі гэтага патрабавання ў кожнай палітычнай сілы былі розныя.

У міжваеннае дваццацігоддзе ў Заходняй Беларусі сярод розных грамадска-палітычных кірункаў існавала і паланафільская плынь беларускага нацыянальнага руху. Прадстаўнікі гэтай плыні, нягледзячы на свае прапольскія пазіцыі, таксама мелі пэўныя погляды на будучыню Беларусі і праблему ўз'яднання беларускага народа. Аналіз гэтых поглядаў дазваляе больш глыбока прасачыць развіццё ідэяў нацыянальнай кансалідацыі на розных этапах грамадскай думкі Заходняй Беларусі і параўнаць іх з аналагічнымі ўяўленнямі іншых беларускіх партый і арганізацый.

Адной з першых беларускіх паланафільскіх арганізацый з'яўлялася "Краёвая сувязь", якая паўстала ў Вільне ў красавіку 1921 г. Ужо ў дэкларацыі аб утварэнні арганізацыі абвяшчалася, што апошняя будзе імкнуцца да вызвалення зямель, якія апынуліся пад "маскоўскай няволяй" [3, s. 214]. Пры гэтым вялікую дапамогу ў працэсе аб'яднання, на думку паланафілаў, змогуць аказаць палякі. Лідар "Краёвай сувязі" П. Аляксюк падчас т. зв. "з'езда Заходняй Беларусі" адносна гэтага заяўляў: "…Хаця тры чвэрці нашай зямлі яшчэ стогнуць пад ярмом Маскоўшчыны, мы скажам: Годзі цярпення! Мы вызвалім нашых братоў! Мы злучымся з імі! І гэтую непадзельнасць нашай зямлі мы здабудзем толькі з сынамі польскага народа" [4, с. 2]. У рэзалюцыі адзначанага з'езда, які праходзіў пад поўным кантролем "Краёвай сувязі", сярод іншых пазначалася, што беларускі народ дыпламатычным і ваеным шляхам павінен да апошняга змагацца за далучэнне усходнебеларускіх зямель [3, s. 215]. Аб'яднаная Беларусь, паводле прыхільнікаў "Краёвай сувязі", павінна была ўвайсці ў склад Польскай дзяржавы і стаць аўтаномнай адзінкай. Трэба адзначыць, што нягледзячы на даволі гучныя палітычныя заявы, "Краёвая сувязь" не рабіла ніякіх захадаў дзеля рэалізацыі сваіх дамаганняў, пакідаючы іх толькі на паперы.

Амаль падобныя, але больш стрыманыя погляды на праблему ўз'яднання выказвалі прадстаўнікі іншай паланафільскай арганізацыі - Часовай беларускай рады (ЧБР), якая была створана ў верасні 1924 г. У сваім друкаваным органе "Беларускае слова" яны падкрэслівалі неабходнасць аб'яднання беларускага народа і заклікалі да далучэння Усходняй Беларусі да Заходняй, не канкрэтызуючы шляхі для здзяйснення гэтага [5, с. 1]. Але, напрыклад, з артыкулаў кіраўніка ЧБР А. Паўлюкевіча бачна, што паланафілы спадзяваліся на хуткае антыбальшавіцкае паўстанне ва Усходняй Беларусі і магчымае ўзнаўленне ўзброенага канфлікта супраць СССР заходнімі краінамі і, у першую чаргу, Польшчай. Лідар ЧБР, між іншым, пазначаў: "Надыходзіць адпаведнейшая гістарычная хвіліна і мы пераконаны, што беларускі народ (у БССР - Г.А.)… з агідай скіне камуністычную ўладу" [6, с. 2].

Ідэя ЧБР аб далучэнні Усходняй Беларусі да Заходняй была раскрытыкавана многімі беларускімі палітычнымі сіламі [7, с. 1]. Паланафілы, абараняючы сваю пазіцыю, у супрацьвагу вылучылі даволі своеасаблівую схему існавання аб'яднанай Беларусі: пасля злучэння абедзвюх частак Беларусь павінна была ўваходзіць у склад Польшчы на правах аўтаноміі і эвалюцыйным паступовым шляхам дамагацца сваёй канчатковай незалежнасці [7, с. 1]. Аднак апошняя для паланафілаў з'яўлялася нейкім ідэалам, дасягненне якога адкладалася на нявызначаны час. Палажэнне аб аб'яднанай і незалежнай Беларусі як гіпатэтычным ідэалу было пакладзена ў аснову праграмы Беларускай нацыянальнай партыі - спадкаемніцы Часовай беларускай рады [8, с. 2].

У 1930-я гг. разуменне аб'яднання беларусаў як справы нявызначанай будучыні пачало больш шырока распаўсюджвацца сярод беларускіх некамуністычных арганізацый Заходняй Беларусі, у тым ліку і праўрадавых. Паланафілы і памяркоўныя беларускія групы звярталі больш увагі на рэальныя магчымасці рэалізацыі культурных і адукацыйных правоў беларускага насельніцтва ў межах Польскай дзяржавы, не выходзячы на знешнепалітычны дыскурс. У гэтыя часы яны пачалі больш актыўна ўзнімаць пытанне аб тэрытарыяльнай аўтаноміі Заходяй Беларусі [9, с. 184]. Так, напрыклад, галоўная рада Цэнтральнага саюза беларускіх культурна-асветніцкіх і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза) у сваім "наказе" кандыдатам у паслы польскага парламента падкрэслівала, што злучэнне беларускіх зямель з'яўляецца толькі канчатковай мэтай, да якой павінны імкнуцца ўсе свядомыя беларусы. "Лічачыся з тым, что дасягненне вышэйпададзенай мэты можа наступіць толькі дзякуючы спрыяючым акалічнасцям… нашы паслы, а за імі і ўсё беларускае грамадзянства, мусяць дабівацца заканадаўчага акту аб шырокай аўтаноміі на беларускіх землях… " - пазначалася ў гэтым дакуменце [10, с. 1].

Такім чынам, ідэі аб'яднання беларускага народа ў той ці іншай форме прысутнічалі ў працы шэрагу беларускіх паланафільскіх арганізацый Заходняй Беларусі, нягледзячы на іх яскрава выяўленную прапольскую арыентацыю. Паланафілы прапанавалі беларускай грамадскасці даволі своеасаблівую версію ўз'яднання, дзе, у адрозненні ад беларускіх левых груповак, якія арыентаваліся пераважна на ўсход, вялікае значэнне мела роля заходняга і, у тым ліку, польскага фактара ў працэсе злучэння падзеленага народа. Аднак у шмат чым гэтыя ідэі паланафілаў не мелі пад сабой рэальнай глебы і заставаліся ўсяго толькі палітычнымі лозунгамі альбо данінай традыцыям беларускага нацыянальнага руху. З цягам часу яны пераўтварыліся ў ідэал, дасягнуць якога не было ні сродкаў, ні часу.

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Туронак, Ю. Адзін народ, адна дзяржава / Ю. Туронак // Мадэрная гісторыя Беларусі. - Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. - С. 815 - 816.

2. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. - Вільня-Беласток, 2010. - 368 с.

3. Januszewska-Jurkiewicz, J. Dwie "krajowe" inicjatywy białoruskie na Litwie Środkowej / J. Januszewska-Jurkiewicz // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 2001. - № 16. - S. 197 - 218.

4. Стэнаграма З'езду Заходняй Беларусі // Раніца. - 1921. - № 1. - С. 2 - 3.

5. Нашая праграма // Беларускае слова. - 1926. - № 1. - С. 1.

6. Паўлюкевіч, А. Беларусь у пэрспэктывах / А. Паўлюкевіч // Грамадзкі голас. - 1925. - № 37. - С. 1 - 2.

7. Дэмагогія і жыцьцё // Беларускае слова. - 1926. - № 10. - С. 1.

8. Праграма Беларускай нацыянальнай партыі // Беларускае слова. - 1927. - № 17. - С. 2 - 3.

9. Ладысеў, У. Ф. Паміж Усходам і Захадам / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. - Мінск: БДУ, 2003. - 307 с.

10. Наказ Галоўнай Рады Цэнтральнага Саюзу Беларускіх Культурна-Асьветных і Гаспадарскіх Арганізацыяў і Інстытуцыяў кандыдатам на паслоў у Сойм і Сэнат // Народны звон. - 1930. - № 1. - С. 1 - 2.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX