Папярэдняя старонка: Горны Аляксандр

Цэнтральны камітэт па беларускіх справах і яго дзейнасць у Заходняй Беларусі ў 1920-я гады 


Аўтар: Горны А.С.,
Дадана: 28-05-2014,
Крыніца: Горны А.С. Цэнтральны камітэт па беларускіх справах і яго дзейнасць у Заходняй Беларусі ў 1920-я гады // Европа: актуальные проблемы этнокультуры: материалы VII междунар. науч.-теорет. конф. (г. Минск, 21 января 2014) / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка; редкол. В.В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. - Минск: МГПТК полиграфии, 2014. С. 169-171.



Перадрук на іншыя сайты толькі з дазволу аўтара


У міжваеннае дваццацігоддзе ў Заходняй Беларусі дзейнічаў шэраг беларускіх арганізацый, якія прытрымліваліся паланафільскага кірунку. Іх дзейнасць была скіравана на пошук кампрамісаў з польскімі ўладамі дзеля дасягнення пэўных саступак для беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Прадстаўнікі гэтых арганізацый спрабавалі наладзіць трывалыя кантакты з уладнымі інстытутамі, а некаторыя нават ішлі на супрацоўніцтва з польскімі спецслужбамі. З іншага боку, палякі спрабавалі актыўна выкарыстоўваць паланафілаў у сваёй палітыцы, накіраванай на раскол беларускага нацыянальнага руху і яго палітычнага паслаблення. Адной з такіх паланафільскіх структур быў Цэнтральны камітэт па беларускіх справах, дзейнасць якога па-ранейшаму з'яўляецца малавядомым сюжэтам гісторыі Заходняй Беларусі. У працы гэтай арганізацыі дзіўным вобразам перапляліся жаданні ўладаў стварыць лаяльны і падкантрольны беларускі рух, амбіцыйныя памкненні яе кіраўнікоў, гульня ў шпіянаж і палітычны авантурызм.

Цэнтральны камітэт па беларускіх справах (далей ЦКБС) быў ўтвораны ў Варшаве 28 верасня 1924 г. [1, с. 316]. Адным з ініцыятараў стварэння арганізацыі з'яўляўся Феліцыян Цяўлоўскі. Гэты дзеяч быў мала вядомы ў беларускім нацыянальным руху ў Польшчы і да гэтага часу не выяўляў значнай актыўнасці ў грамадскім жыцці Заходняй Беларусі. З'яўляючыся ўраджэнцам Мінскага павета, Цяўлоўскі на пачатку ХХ ст. прымаў актыўны ўдзел у польскім руху, некаторы час быў арганізатарам польскіх падпольных школ, праводзіў эсэраўскую агітацыю сярод польскіх вайскоўцаў расійскай арміі. У пачатку 1920-х гг. ён быў заўважаны ў беларускім асяроддзі Вільні як паслядоўны носьбіт паланафільскіх ідэй [1, с. 280]. Акрамя Цяўлоўскага, у склад ЦКБС увайшлі бацька і сын Адамовічы, У. Фёдараў, Я. Міткевіч, Я. Шурпа.

На арганізацыйным сходзе ў Варшаве ўтваральнікі арганізацыі прынялі дэкларацыю, ў якой падкрэслівалася, што Камітэт "будзе стаяць на грунце Польскай дзяржаўнасці і толькі ў цеснай лучнасці з польскім народам… будзе ісці да адбудавання Беларусі" [2, с. 68]. Галоўнай мэтай дзейнасці ЦКБС абвяшчалася праца па паляпшэнню эканамічнага і гаспадарчага становішча беларусаў у Польшчы, палітычным і нацыянальным праблемам надавалася другараднае значэнне, а некаторыя з іх, напрыклад пытанне беларускага школьніцтва, увогуле не згадваліся [3]. Ключавой пазіцыяй Камітэта было яго варожае стаўленне да левых і леварадыкальных камуністычных груповак.

Неўзабаве пасля ўтварэння ЦКБС Ф. Цяўлоўскі пачаў рабіць спробы знайсці апеку для сваёй дзейнасці з боку ўладаў. Ён разлічваў на тое, што ва ўмовах радыкалізацыі грамадска-палітычнага жыцця на "ўсходніх крэсах" палякам будзе неабходна арганізацыя, якая змагла б пашыраць праўрадавыя настроі сярод беларускага насельніцтва. Пры спрыяльных акалічнасцях, станоўчыя вынікі працы маглі б прынесці Цяўлоўскаму не толькі палітычную папулярнасць, але і добрае фінансавае забеспячэнне. Таму ў лістападзе 1924 г. ён прапанаваў ІІ аддзелу Генеральнага штаба Польшчы ("дэфензіве") выкарыстоўваць Камітэт у вывядоўчых мэтах [2, с. 68]. Аднак у польскай выведцы палічылі гэтую прапанову малакарыснай і неканструктыўнай, бо як ЦКБС, так і яго сябры не мелі значнага аўтарытэта ў беларускім грамадстве. Тым не менш, Цяўлоўскі не пакідаў надзеі заручыцца падтрымкай уладаў і ўсталяваў кантакты з Міністэрствам унутраных спраў Польшчы. У гэтым ведамстве вырашылі зрабіць стаўку на Камітэт і з яго дапамогай паспрабаваць стварыць ў паўночна-ўсходніх ваяводствах Польшчы падкантрольны беларускі рух. Асабліва моцна дадзеную ідэю падтрымліваў чыноўнік міністэрства па прозвішчу Руткоўскі, які, не маючы ніякага ўяўлення аб асаблівасцях беларускага палітычнага жыцця, пачаў фінансаваць акцыю Цяўлоўскага [4, s. 253].

Пасля атрымання гарантаяў ад ўрада, прадстаўнікі ЦКБС накіраваліся на "ўсходнія крэсы" для ажыццяўлення сваёй дзейнасці. Яшчэ 10 кастрычніка 1924 г., намаганнямі У. Фёдарава, у Вільні быў утвораны мясцовы аддзел Камітэта па беларускіх справах, які меў уласны статут [5, арк. 4 адв.]. Тым не менш, паланафілам не ўдалося замацавацца ў Вільне, і дзейнасць Фёдарава па пашырэнню ўплываў Камітэта не прынесла ніякага рэальнага выніку [4, s. 253]. Сітуацыю не змяніў нават прыезд у горад кіраўніка ЦКБС Ф. Цяўлоўскага. Апошні адразу распачаў шукаць кантакты з іншымі беларускімі паланафільскімі групоўкамі, а менавіта з Часовай беларускай радай, дзеля каардынацыі сумесных дзеянняў. Аднак кіраўнік рады, А. Паўлюкевіч, адмовіўся сустрэцца з Цяўлоўскім, даслаўшы, тым не менш, яму прывітальную паштоўку [6, арк. 250]. Увогуле Часовая беларуская рада аднеслася даволі негатыўна да з'яўлення сваіх канкурэнтаў па паланафільскай дзейнасці і ўсялякім чынам спрабавала дыскрэдытаваць акцыю Цяўлоўскага [3].

Не атрымаўшы поспеху ў найбуйнейшым горадзе краю, Цяўлоўскі вырашыў перавесці сваю працу ў Навагрудскае ваяводства. У канцы студзеня 1925 г. Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы даслала на імя навагрудскага ваяводы адмысловае паведамленне, у якім падкрэслівалася: "Пан Феліцыян Цяўлоўскі накіраваўся ў Навагрудскае ваяводства з мэтай разгортвання сярод беларускага насельніцтва дзейнасці, накіраванай супраць бальшавіцкай агітацыі, а таксама з мэтай выхавання гэтага насельніцтва ў духу, прыхільным да Польскай дзяржавы… Выезд пана Цяўлоўскага адбыўся са згоды Міністэрства ўнутраных спраў, якое да акцыі пана Цяўлоўскага адносіцца прыхільна" [7, арк. 3]. Акрамя гэтага, міністэрства заклікала кіраўніка Навагрудчыны ўзяць пад асабісты кантроль дзейнасць лідара ЦКБС і не ствараць яму перашкод у паланафільскай агітацыі.

Цэнтрам сваёй працы ў Навагрудскім ваяводстве Цяўлоўскі выбраў горад Баранавічы. 8 сакавіка 1925 г. ён прыняў ўдзел на сходзе, арганізаваным у Баранавічах Польскай сялянскай партыяй "Пяст". Паводле справаздачы са сходу, Цяўлоўскі, выступаючы ў адрозненні ад іншых прамоўцаў па-беларуску, заклікаў да беларуска-польскага збліжэння і "ўзгадваў часы, калі беларускі селянін хлебам і соллю вітаў польскага жаўнера, які прынёс яму вызваленне з-пад маскоўскай няволі" [8, s. 16].

З канца сакавіка 1925 г. лідар ЦКБС ўжо канчаткова пераехаў у Баранавічы, адкуль час ад часу выязджаў у бліжэйшыя мясцовасці для правядзення агітацыйных мітынгаў. Таксама ў горадзе намаганнямі Цяўлоўскага пачалося выданне беларускай газеты "Сялянская воля", фактычным рэдактарам якой стаў сябар ЦКБС Я. Міткевіч [1, с. 316]. Газета надавала вялікую ўвагу крытыцы і дыскрэдытацыі канкурэнтаў паланафілаў. Да гэтага часу невядома, колькі нумароў выдання пабачыла свет; адзіны нумар газеты сёння захоўваецца толькі ў Бібліятэцы АН Літвы.

Летам 1925 г. Цяўлоўскі ажыццявіў шэраг паездак па вёсках Навагрудскага і Баранавіцкага паветаў, дзе падчас кірмашоў ладзіў ад імя Цэнтральнага камітэта па беларускіх справах агітацыйныя мітынгі і сходы. На гэтых мерапрыемствах ён актыўна заклікаў насельніцтва лаяльна адносіцца да ўладаў, супрацоўнічаць з палякамі і выкрываць камуністычных дыверсантаў. Аднак, як паведамляюць паліцэйскія справаздачы, акцыя Цяўлоўскага не мела асаблівага поспеху сярод сялян, якія не без падстаў лічылі яго "здраднікам, падкупленым уладамі" [9, арк. 98].

15 жніўня 1925 г. па ініцыятыве ЦКБС у Баранавічах быў скліканы т. зв. "беларускі з'езд", які з большага нагадваў лакальны мітынг. Па разлікам Цяўлоўскага, гэта мерапрыемства павінна было адлюстраваць нібыта вялікія ўплывы ЦКБС на мясцовае палітычнае жыццё [1, с. 316]. Тым не менш, "з'езд" меў зусім зваротны эфект, паказаўшы слабасць і недзеяздольнасць паланафільскай арганізацыі. Паводле інфармацыі польскіх газет, на мерапрыемстве прысутнічала каля 350 чалавек, аднак беларускія выданні падавалі лічбу прысутных у 5 разоў менш [10; 11]. Цяўлоўскі ў сваёй прамове заклікаў не выкарыстовываць "беларускія крэсы" у якасці тэрыторыі для антыдзяржаўнай агітацыі, бо кожны беларус, як грамадзянін Польшчы, на яго думку, павінен дбаць аб дабрабыце дзяржавы. Але неўзабаве на "з'ездзе" з'явіўся беларускі пасол польскага сейму В. Рагуля, які, фактычна, ўзяў кіраўніцтва мерапрыемствам у свае рукі. Пад уплывам Рагулі, на "з'ездзе" была прынята рэзалюцыя, якая цалкам адпавядала нацыянальна-дэмакратычнай ідэалогіі Беларускага пасольскага клубу [1, с. 317]. Адзінае, што паспеў ажыццявіць Цяўлоўскі, гэта перайменаваць з дазволу "з'езда" ЦКБС у "Беларускую сялянскую раду" і выбраць яе членаў [10]. Новаўтвораная арганізацыя, аднак, так і засталася на паперы, нічым сябе не праявіўшы ў грамадска-палітычным жыцці.

Цікавай, ды нават дэтэктыўнай, з'яўляецца гісторыя стварэння мясцовага аддзела ЦКБС у Гродна. У гэтым горадзе Ф. Цяўлоўскі і У. Фёдараў тры разы спрабавалі закласці аддзел Камітэта, аднак гэта не атрымлівалася па прычыне адсутнасці якога-небудзь аўтарытэта ў згаданых дзеячоў. Напрыклад, Фёдараў быў вельмі вядомы ў Гродна сваімі ранейшымі афёрамі і скандаламі [12]. Аднак у канцы 1924 г., пасля чацвертай спробы, гродзенскі аддзел ЦКБС на чале з У. Фёдаравым быў адчынены. Р. Зямкевіч, канфідэнт "польскай дэфензівы" ў сваім рапарце так апісваў "працу" гэтага аддзела: "Камітэт складваўся са свякоў Фёдарава і крымінальных элементаў. Іх палітычная дзейнасць цалкам фікцыйная. Пьюць, ужываюць какаін, нічога не робяць. Ніякага ўплыву ня маюць… " [4, s. 253]. Больш таго, у гродзенскі аддзел ЦБКС пачалі пранікаць элементы, звязаныя з савецкай выведкай. У сувязях з савецкім ДПУ польская контрвыведка пачала падазраваць і Фёдарава. 12 лютага 1926 г. ён быў асуджаны гродзенскім судом на 4 гады катаргі за шпіянаж на карысць СССР [13]. Як паказала дадатковае следства, Фёдараў, нават знаходзячыся за кратамі, меў трывалыя сувязі з савецкім паўпрэдствам у Варшаве [14, арк. 155 - 156].

Фактычна ў канцы 1925 - пачатку 1926 гг. Цэнтральны камітэт па беларускіх справах знік з палітычнай сцэны Заходняй Беларусі настолькі хутка, наколькі хутка і з'явіўся. Амаль уся дзейнасць гэтай арганізацыі зводзілася да асабістай акцыі яе кіраўнікоў, і асабліва Ф. Цяўлоўскага, які ў першую чаргу кіраваўся сваімі палітычнымі і асабістымі амбіцыямі. Спроба польскіх уладаў з дапамогай акцыі Цяўлоўскага зменшыць уплыў радыкальных і нацыянальна-дэмакратычных групаў на беларускае насельніцтва не мела поспеху, бо перад усім абапіралася на людзей з нізкімі маральнымі якасцямі і малым аўтарытэтам. Гэтая акалічнасць была адной з прычын слабасці паланафільскага руху сярод беларусаў і адсутнасці ў паланафілаў жыццяздольнай палітычнай праграмы.

А.С. Горны
ГрДУ імя Я. Купалы (Гродна)

Літаратура

1. Кароткі нарыс беларускага пытаньня. - Мінск: Логвінаў, 2009. - 396 с.

2. Чарнякевіч, А. Беларускія паланафілы і Грамада. 1925 - пачатак 1927 г. / А. Чарнякевіч // Гістарычны альманах. - 2006. - Том 12. - С. 64 - 78.

3. Бяз розуму // Грамадзкі голас. - 1924. - № 38. - С. 1.

4. Czerniakiewicz, Andrej. Raporty Romualda Ziemkiewicza z lat 1923-1925 / Andrej Czerniakiewicz // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 2007. - № 27. - S. 224 - 275.

5. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). - Ф. 3. - Воп. 1. - Спр. 190.

6. Lietuvos centrinis valstybės archyvas (LCVA). - F. 15. - Ap. 2. - B. 232.

7. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (ДАГВ). - Ф. 551. - Воп. 1. - Спр. 974.

8. Wojewodstwo nowogrodzkie jednoczy się pod sztandarem PSL "Piast" // Piast: Naczelny organ Polskiego Stronnictwa Ludowego. - 1925. - № 11. - S. 16.

9. ДАГВ. - Ф. 662. - Воп. 3. - Спр. 11.

10. Zjazd Białoruski w Baranowiczach // Słowo. - 1925. - 23 sierpnia. - S. 2.

11. Беларускі "з'езд" у Баранавічах // Грамадзкі голас. - 1925. - № 32. - С. 4.

12. Аб чым пішуць // Сялянская праўда. - 1924. - № 29. - С. 2.

13. Агляд прэсы // Беларускае слова. - 1926. - № 4. - С. 2.

14. ДАГВ. - Ф. 55. - Воп. 1. - Спр. 76.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX