Папярэдняя старонка: Горны Аляксандр

Капцёўскі некропаль: беларускамоўныя надмагіллі 


Аўтар: Горны Аляксандр,
Дадана: 06-08-2014,
Крыніца: Горны Аляксандр. Капцёўскі некропаль: беларускамоўныя надмагіллі // НАША СЛОВА № 32 (1183) 6 жніўня 2014 г.



Перадрук на іншыя сайты толькі з дазволу аўтара


Амаль у самым цэнтры вёскі Капцёўка Гарадзенскага раёна, каля праваслаўнага храма Успення Прасвятой Багародзіцы, размешчаны на першы погляд, звычайныя вясковыя могілкі. Аднак, пры больш дэтальным знаёмстве, яны могуць уяўляць цікавасць для даследчыкаў айчынай некрапалістыкі.

Могілкі даволі старыя, прынамсі вядома, што на гэтым месцы ў Капцёўцы нябожчыкаў хавалі з ХІХ стагоддзя. Непасрэдна каля царквы і за царкоўнай агароджай захаваліся праваслаўныя пахаванні ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў, міжваеннага і пасляваенага часоў. Трапляюцца прыгожа выкананыя скульптурныя надмагіллі, як напрыклад помнік на магіле Георгія Курлава - сына мясцовага памешчыка Я. Курлава. Аднак найбольш звяртаюць на сябе ўвагу некалькі беларускамоўных надмагілляў, што з'яўляецца вялікай рэдкасцю нават для гарадской культуры некропаляў Беларусі. На Капцёўскіх могілках пакуль выяўлена прынамсі тры беларускамоўныя надмагіллі, два з якіх адносяцца да міжваеннага часу, калі вёска разам з усёй Гарадзеншчынай ўваходзіла ў склад Польшчы.

Нялёгка знайсці першае надмагілле, якое, знаходзячыся амаль ў цэнтры могілак, зарасло хмызняком. Яно належыць Паўлу Якубецкаму. Ёсць усе падставы меркаваць, што гэты чалавек з'яўляўся бацькам вядомага беларускага дзеяча, удзельніка Слуцкага паўстання Андрэя Якубецкага, які нарадзіўся недалёка ад Капцёўкі, у вёсцы Сухмяні. На надмагіллі зроблены наступны надпіс: "В. П./ Павал / Якубецкі / жыў 72 г./ умер 15 кастрычніка / 1934 г. / Вечны супачын / яго душе." Аб грамадскай дзейнасці Паўла Якубецкага вядома няшмат. Захаваліся сведчанні, што ён у канцы 1918 - пачатку1919 г. быў удзельнікам Гарадзенскага беларускага сялянскага з'езду, сябрам Арганізацыйнага камітэту па скліканні беларускага краёвага з'езду Гарадзеншчыны, а ў 1920 г. працаваў інструктарам Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэту.

Недалёка ад уваходу на могілкі размешчана другое надмагілле з гэткім надпісам: "В. П. / Язэп Шышлюк / жыў 35 г. / пам. 10 кастрычніка / 1931 г. / Тут-жэ / супачывая матка / пражыўшая 67 г. / Успамінак ад Бацькі." Малады чалавек, пахаваны на гэтым месцы, з'яўляўся настаўнікам, выкладаў у 1919 г. у мясцовай беларускай школе, быў сябрам Гарадзенскай беларускай школьнай рады, Таварыства беларускай школы. Разам з дзясяткамі іншых беларускіх настаўнікаў, імёны якіх сёння забыты, Язэп Шышлюк супраціўляўся паланізацыі і імкнуўся да таго, каб нашыя дзеці спасцігалі веды на роднай мове. З 1926 г. ён узначальваў гурток Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў в. Сухмяні. Аб прычынах яго смерці звестак не захавалася.

Трэцяе беларускамоўнае надмагілле адносіцца да пасляваеннага часу. На помніку акрамя надпіса пра пахаваную асобу змешчана і вершаваная эпітафія: "Куліпа Анна М. / Р. 1890 г. П. 1961 г. / Мір праху твайму / дарагой маме / ад сына і нявесткі / Салавейка на магілку / нашай мамкі прылетай / сваей песенькай весёлай / нашу мамку пабуджай / Наша мамка моцна спіць / салавейку не збудзіць / не збудзіць і не падняць / бо тут вечна ёй лежаць." На жаль аўтару не ўдалося знайсці звестак аб пахаванай тут жанчыне.

Варта падкрэсліць, што беларускамоўныя надмагіллі з'яўляюцца значным пластам нацыянальнай гістарычнай памяці. Заклікаем краязнаўцаў і гісторыкаў фіксаваць і вывучаць помнікі падобнага тыпу, якія ў шмат чым цяпер знаходзяцца ў забыцці.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX