Вярнуцца: Горны Аляксандр

Беларуская сялянска-работніцкая грамада ў Лідзе (Частка 1)


Аўтар: Горны Аляксандр,
Дадана: 25-01-2015,
Крыніца: Горны Аляксандр. Беларуская сялянска-работніцкая грамада ў Лідзе // Лідскі Летапісец №3(67)-2014. С. 82-87.



У 2015 г. споўніцца 90 год з таго моманту, як у чэрвені 1925 г. у польскім сойме пасля расколу Беларускага пасольскага клуба была ўтворана дэпутацкая фракцыя Беларускай сялянска-работніцкай грамады. На яе аснове ў 1925 - 1926 гг. пачала фармавацца легальная палітычная партыя, якая на непрацяглы тэрмін стала адной з вядучых сіл на заходнебеларускай палітычнай арэне. Спалучэнне надзённых сацыяльных, палітычных і нацыянальных патрабаванняў, змешчаных у праграме Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), вялікая арганізацыйная праца яе кіраўніцтва сталі прычынамі шырокай падтрымкі гэтай партыі з боку розных пластоў беларускага насельніцтва міжваеннай Польшчы. На пачатак 1927 г. яна налічвала больш за 100 тыс. сяброў, аб'яднаных у 2 тыс. мясцовых гурткоў, што дае падставы лічыць БСРГ самай масавай беларускай палітычнай сілай на той час [1].

Не гледзячы на значны ўплыў камуністаў на работу БСРГ, нацыянальная складовая ў яе дзейнасці была вельмі моцнай, фактычна з'яўляючыся адзіным аб'яднаўчым фактарам для многіх "грамадоўцаў"; да таго ж у межах гэтай партыі працавалі вядомыя прадстаўнікі беларускага руху - Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, У. Самойла, А. Луцкевіч, Я. Шнаркевіч і інш. Таму арышт кіраўніцтва БСРГ санацыйнымі ўладамі Польшчы ў студзені 1927 г. і забарона партыі ў сакавіку стала лёсавызначальнай з'явай для беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы, вызначыўшы яго далейшую гісторыю, ці хутчэй фактычны заняпад, да верасня 1939 г.

Правінцыйная арганізацыйная структура БСРГ закранула каля 27 паветаў Заходняй Беларусі, у тым ліку і Лідчыну [2]. Першыя вясковыя гурткі БСРГ пачалі фармавацца тут у чэрвені 1926 г. На канец лета 1926 г. у Лідскім павеце налічвалася 10 гурткоў, а ўжо на 1 снежня таго ж года - 45 [3]. 26 верасня 1926 г. у Лідзе адбыўся з'езд павятовых прадстаўнікоў партыі, на якім быў утвораны Лідскі павятовы камітэт БСРГ. На чале камітэта стаў мясцовы актывіст Вінцук Салыга [4]. Трохі раней, 11 ліпеня 1926 г. партыйны гурток быў утвораны ў Лідзе, у розныя часы яго ўзначальвалі Павел Жэбелеў, Ігнат Чайкоўскі і Кастусь Халявінскі. Хутчэй за ўсё ў канцы лістапада ці пачатку снежня 1926 г. гурток быў зачынены распараджэннем лідскага старасты. Рэпрэсіі польскіх уладаў закранулі і іншых сябраў Грамады з Лідчыны. 15 студзеня 1927 г. разам з актывам БСРГ быў арыштаваны і Вінцук Салыга, які ў якасці абвінавачанага ўдзельнічаў у знакамітым "працэсе 56-ці" - судовым працэсе над кіраўніцтвам і дзеячамі БСРГ.

У прапануемай ніжэй публікацыі змешчаны дакументы, якія непасрэдна звязаны з гісторыяй лідскага гуртка БСРГ і развіццём "грамадаўскага" руху на Лідчыне. Дакументы былі выяўлены намі ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы (Lietuvos centrinis valstyb?s archyvas - далей LCVA). У 2011 г. у гэтым архіве былі знойдзены шматлікія дакументы, звязаныя з гісторыяй беларускага нацыянальнага руху, якія раней былі невядомыя даследчыкам. Сярод іх вялікую масу складалі матэрыялы Цэнтральнага сакратарыяту БСРГ, куды з правінцыі дасылалася дакументацыя мясцовых гурткоў і суполак партыі. У асноўным гэта копіі пратаколаў сходаў гурткоў, на якіх закраналіся розныя арганізацыйныя, палітычныя і іншыя пытанні. У прыватнасці, у справе Лідскага павятовага камітэта БСРГ было знойдзена восем пратаколаў сходаў лідскага гуртка БСРГ, крайнія даты - 11 ліпеня і 21 лістапада 1926 г., якія перадрукоўваюцца ніжэй. Пратаколы ўпершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак, друкуюцца з захаваннем правапісу і стылістыкі арыгіналаў.

Акрамя пратаколаў, у канцы публікацыі змешчаны абвінаваўчы акт Вінцука Салыгі, складзены пракурорам Віленскага акруговага суда ў сакавіку 1927 г. Дакумент знойдзены выпадкова, у следчай справе Б. Тарашкевіча за 1931 г., якая захоўваецца ў фондзе Пракуратуры пры Віленскім акруговым судзе.

Апублікаваныя матэрыялы безумоўна будуць цікавы лідскім краязнаўцам, прафесійным гісторыкам і ўсім тым, хто цікавіцца не толькі гісторыяй Лідчыны ў ХХ ст., але і даследуе супярэчлівыя пытанні гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі міжваеннага перыяду.

№ 1

Пратакол № 1

Новастворанаго Гуртка Беларускае Селянска-

Работніцкае Грамады у м. Лідзі.

Дня 11 ліпеня 1926 г. адбылося арганізацыйнае сабраньне Беларускае Сялянск. Раб. Грамады на якім было прысутных агулам 12 асоб з м. Ліды. Азнаеміўшыся з праграмай Беларускае Сялянс. Раб. Грамады 13 асоб запісалася да гэтай легальна істнуючае партыі, адначасна адчыняючы Гурток Грамады ў м. Лідзі.

На старшыню Гуртка выбралі Паула Жебелева з м. Ліды, на сэкрэтара Язепа Пінкевіча з м. Ліды, на скарбніка Кастуся Халявінскаго з м. Ліды.

Падпісалі: Старшыня П. Жебелев.

Сэкрэтар Я. Пінкевіч.

Скарбнік К. Халявінскі.

Сябры І. Чайкоускі.

У. Калясінскі [5].

Я. Чарскі.

За згоднасць з арыгіналам

Сэкрэтар Я. Пінкевіч.

Ліда 11 ліпня 1926 г.

LCVA. - Fondas 365. - Apyrasas 1. - Byla. 19. Аркуш 9

№ 2

Копія

Пратакол № 2

Огульнае Сабранье Сяброў Гуртка Бел. Сел.-Раб. Грамады м. Ліды, дн. 25 ліпня 1926 г.

Выслухаўшы даклад сябра Паўла Жебелева аб агульным палаженьні пастанавілі:

1. Выразіць сваю поўную пашану паслам з Беларус. Сял. Раб. Грамады.

2. Дамагацца поўнае амнісцыі для ўсіх палітычных [6] вязьнёў

3. Дамагацца скасаванья асадніцтва [7] і перадачы ўсяе зямлі бэззямельным і малозямельным бэз выкупу [8].

4. Дамагацца скасаванья засілья чужынцамі ва ўсіх ужадах [9], адначасна звальненя усіх абшарнікоў з урадовых становішч і перадачы гэтых становішч тутэйшаму грамадзянству [10].

5. Дамагацца скасаванья ганеньня з боку ўраду проці сяброў Б.С.Р.Г.

6. Сабраньне, памятаючы словы сказанныя марш. Пілсудскім у дню 14 мая і не бачучы аж да гэтаго часу, так і ў будучыне ніякаго паляпшэня для ўсіх працоўных места і вёскі выражае свае недаверье ўсяму ўраду і дамагаецца ўтварэньня Сялянска Работніцкаго Ураду [11].

7. Пераносячы на сваёй нядолі ўвесь уціск і эксплёатацыю з боку парляментарызму, заклікае ўсіх працоўных аб'яднаціся пад адным сцягам Бел. Сел. Раб. Грамады за самавызначеньне Заходняе Беларусі і Заходняе Украіны [12] і роўнапраўнасці для ўсіх нацыянальнасьцёў.

8. Сабраньне сяброў азнаёміўшыся з агіднаю дзейнасцю доктара Паўлюкевіча [13], кляйміць яго пазорам як здрайцу Беларускаго грамадзянства.

Падпісала 15 сяброў.

Верна: Старшыня Жебелеў.

Арыгінал гэтага пратаколу адасланы паслам з Б.С.Р.Г. Жебелеў.

LCVA. - F. 365. - Ap. 1. - B. 19. Аркуш 15.

№ 3

Копія

Пратакол

Сходу Сяброў Лідзкаго Гуртка Б.С.Р.Г. у дню 5 ІХ 1926 г.

Пытаня

Пастановы

І. Выбар Старшыні Гуртка на мейсцо арэштованага Жебелева.

І. На мейсце заарэштованнаго Жебелева [14] едіноголасно застаўся выбраны Чайкоўскі Ігнась з м. Ліды, Слабодка І, № 72.

ІІ. Вызначэне тэрміну ўплаты члункоўскіх.

ІІ. Члункоўскія павінны ўнасіцца скарбніку Кастусю Халявінскаму не пазней 3 чысла каждаго наступнаго месяца.

ІІІ. Вызначэне днёў обавязковых сходаў.

ІІІ. Обавязковыя сходы вызначаются два разы ў месяц у нядзельныя дні.

LCVA. - F. 365. - Ap. 1. - B. 19. Аркуш 28.

№ 4

Копия

Протокол

поседжанья Лідзкага Гуртка 3 кастрычніка 1926 года пры 14 прысутствующих сябрах разберались нижеследующия пытаня

Порядок дня:

1) Перевыборы Комитета Лідзкага Гуртка.

2) Пытане аб заложеню бібліотекі і чытальні в Лідзі.

3) Бегучыя справы.

Голос по вопросу о перевыборе комітэту Лідзкага Гуртка забраў сябра Чайкоўскі, который обрысовал невозможность совмещать две обязанности: принято единогласно переизбрать Комітэт. Выставлена кандидатура сябра Хлевінскага на пост Старшыні Лідскага Гуртка, кандидатура принята единогласно. На пост Сэкрэтару Лідзкага Гуртка выставлена кандидатура сябра Кароткага, кандидатура принята единогласно.

На пост Скарбніка выставлена кандидатура Нестеронка, кандидатура принята единогласно.

Голос по пытаньню аб заложеньни бібліотэкі і чытальні ў Лідзі забраў сябра Шымкевіч который об'яснил необходимость открытія в Лідзі Гуртка Белоруской Школы [15]: единогласно принято постановлено открыть Гурток Белоруской Школы.

В бегучых справах принято постановление просить Центральнага Комітэту каб высылаў каждый месяц по 50 экземпляров газеты "Часопись Беларускае Сялянска - Работніцкае Грамады" [16] и поручено сябру Короткому распространять гэтыя газеты.

Подписи 15 сяброў Лідзкага Гуртка Б.С-Р. Грамады.

Сэкрэтар Короткі.

Ст. Халявінскі Кастусь.

Сэк. Кароткі Мікалай - Ліда, Дварцовая, І, № 11.

Ск. Несьцяронак … ?

LCVA. - F. 365. - Ap. 1. - B. 19. Аркуш 32.

№ 5

Копія

Пратакол № 6

агульнага сходу сяброў Лідзкага Гуртка Б. С-Р. Грамады, які адбываўся ў дню 24/Х - 26 г. у доме Чайкоўскага в памешченьні Паветовага Камітэту, Слободка І, № 72 у гадзіне 4 вечара.

Прысутных было 23 сябра

Лідзкага Гуртка Б. С-Р. Грамады

прэдседацельствовал сябра

Халявінскі

Слухалі:

Пастанавілі:

1) Даклад сябры Чайкоўскага.

Выслухаўшы даклад сябры Чайкоўскага, каторый выясніў, што дзеля нападаў краёвай буржуазнай прэсы на Б.С-Р. Грамаду як на арганізацыю маючую штось супольнага с парціяю камуністычнаю, трэба запроцестоваць проці гэтым нападам. Агульны сход сяброў Лідзкага Гуртка Б.С.Р.Гр. едіноголосно пастанавіў запроцестоваць проці гэтых нападаў, бо гэтая парція істнуя только на сяброўскія складкі і прызнана ўладаю легальною і с камуністычнаю партыяю нічога супольнага немая, а калі па іхняму хто дабіваетца лепшай будучыны легальным шляхом "той камуніст", гэта наглая брахня паноў і абшарнікаў.

2) Перавыбары Скарбніка.

Дзеля немагчымасьці занімаць становішча скарбніка сябром Нестеронком Юркой, дзеля хваробы Агульны сход едіноголосно выбраў сябра Тубелевіча Янка на становішча скарбніка.

3) Атчет папярэдняга Скарбніка

Даклад зрабіў сябра Халявінскі каторый даў атчет аб прыходзе і расходзе Гуртка за астатнія 3 месяца. Агульны сход пастанавіў утвердзіць зробленыя расходы.

4) Бягучыя справы.

Сябра Кароткі даў атчет аб руху газэты "Народная Справа" ў месьце Лідзе.

Сход закрытый а гадзіне 5 вечара.

Падпісы прысутных 23 сяброў.

Сэкрэтар Кароткі Міколай.

LCVA. - F. 365. - Ap. 1. - B. 19. Аркуш 48 - 48 адв.

№ 6

Копія

Пратакол № 7

агульнага сходу сяброў Б.С-Р. Грамады, Лідзкага Гуртка, які адбыўся 7 лістапада 1926 г. у памешканьні Л.П.К [17]. Б.С-Р.Г.

Слабодка І, № 72, у 4 гадзіны вечэра.

Прысутных было 29 сяброў Лідскага Гуртка

Старшынстваваў с. Кароткі,

Сэкрэтар с. Капелюк

Па аткрыцьці сабраньня была зроблена праверка, чы ўсе прысутныя маюць сяброўскія білеты, аказалася, што адзін грамадзянін нямае такавога і адрэкомендаваўся прэдстаўнікам Лідзкага Староства, на запытаньні, чы мае засвядчэне, што пасланы на наш сход Гуртка, нічога не атказаў, дзеля чаго старшыня сходу за згодаю прысутных папрасіў гэтага "прэдстаўніка" выйсьці, што ён і зрабіў бяз сапраціўленьня. Пасьля чаго сабраньне пацякло спакойна.

Слухалі:

Пастанавілі:

1. Прыймо сяброў.

Старшыня сабраньня зьвярнуўся з прыветственнаю моваю да новаўступіўшых сябраў прызываючы іх да энэргічнага і тр[ы]валага змаганьня за палепшеньне свае будучыны, за націянальнае адраждзеньне беларускага народа, за адваеваньне беларускіх правоў.

2. Сяброўскія складкі.

Скарбнік Лідзкага Гуртка с. Тубелевіч прызываў да ўнесеньня сяброўскіх складак

3. Бягучыя справы.

а) Зрабіў даклад с. Кароткі аб жаданьні праз Староства Лідзкае спрашеня аб прамовах якія мелібы выгласіць на дзісейшым сходзіе. Даклад застаў узятым да ведамасьці.

б) Старшыня Л.П.К. Вінцук Салыга ў доўгай мове абрысаваў, як ідзе організацыя ў павеце, як імкнуцца сяляне і рабочыя ў Грамаду, і якія адносіны ўлады да Грамады. Даклад застаў прынятым да ведамасьці.

в) Забраў голас Шымкевіч Кастусь, сэкрэтар Л.П.К. выясьняя о нападку капіталістычнай прэсы на дзеяльнасьць Грамады, як на дзеяльнасьць камуністаў, каб такім абразом зліквідаваць таковую недаўшы правесьці мэт праграмовых у жыцьце.

Выслухаўшы даклад, агульный сход едіноголасно пастанавіў дамагацца надзела [18] зямлею ўсіх бязземельных і малазямельных сялян бяз выкупу, скасаваньня асадніцтва [19], звальненьня вязьняў палітычных [20] і вогуле змогацца выпалненьня "ўладаю" ўсіх пунктаў нашае праграмы.

Гэты пратакол быў прачытаный агульнаму сходу і застаў прынятым едінаголасно.

Сход закрытый у гадзіне 6, пад дружнае пеньне "Ад веку цярпелі, цярпець больш нябудзем" [21].

Старшыня сходу ( - ) Кароткі.

Сэкрэтар ( - ) Капелюк.

Верна: Сэкрэтар Лідзкага Гуртка Кароткі.

LCVA. - F. 365. - Ap. 1. - B. 19. Аркуш 64 - 64 адв.

№ 7

Копія

Пратакол № 8

паседжаньня Камітэту Лідзкага Гуртка Б.С.-Р.Г.

адбытае ў памешканьні Л.П.К. Слободка І, № 72 у дзень 14 лістапада, у 4 гадзіне вечэра.

Прысутныя былі Старшыня Халявінскі,

Сэкрэтар Кароткі, Скарбнік Тубелевіч

і прэдстаўнік Л.П.К. с. Чайкоўскі.

Слухалі:

Пастанавілі:

1) Асігнаваньне грошаў са срэдств Л. Гуртка на закупку лесного матэрыяла дзеля вырабаткі скамеек, стала і шкафа.

Узяць патрэбную суму грошаў з касы Лідзкага Гуртка і паручыць гэту справу с. Халявінскаму і Тубелевічу. Вырабатку з гэтага матэрыяла патрэбных рэчэй узялі на сябе с. Халявінскі і Тубелевіч дзеля таго, каб іх труды паішлі на агульную пользу.

2) Як прынімаць і адносіцца да тых сяброў якія састаялі ў іншых палітычных партыях.

Усякі сябар, які знаходзіўся раней ў іншых палітычных партыях і ўступаючы ў Б.С.-Р.Г. павінен злажыць у Камітэт Гуртка Б.С-Р.Г. пісьменую заяву аб тым, з якой прычыны выступае адтуль і ўступае ў Грамаду.

3) Пытаньне аб прэдстаяшчых выбарах у Касу Хворых [22].

Затрэбаваць ад Цэнтральнага Сэкрэтарыяту каб прыслаў Статут Касы Хворых і рукаводства пры выбарах.

4) Аб агульных сходах Л. Гуртка.

На бліжшым сходзе Гуртка аб'явіць, што агульныя сходы сяброў Лідзкага Гуртка павіны адбывацца два разы ў месяц, у згодзе з пастановай агульнага Сходу Гуртка ад дня 5/ІХ - 26 г.

Старшыня ( - ) Халявінскі.

Сэкрэтар ( - ) Кароткі.

Скарбнік ( - ) Тубелевіч.

Прадстаўнік Л.П.К. ( - ) Чайкоўскі.

С подленным верно:

Сэкрэтар Кароткі.

LCVA. - F. 365. - Ap. 1. - B. 19. Аркуш 57 - 57 адв.

№ 8

Копія

Пратакол

Агульнага сходу сябраў Б.С-Р. Г. Лідзкага Гуртка, які

адбыўся ў дзень 21 лістапада 1926 г. в памешканьні

Л.П.К. Слабодка І, № 72, а 4 гадзіне вечэра.

Прысутных было 21 сяброў Лідзкага Гуртка

Б.С-Р.Г. Старшынстваваў сябра Халявінскі,

Сэкрэтар Кароткі.

Пры аткрыцьці сабраньня прэдстаўнік паліцыі ўнес заяву, што на падставе загаду Лідзкага Старосты за № 31813 ад 20/ХІ. 26 г. с сеньняшняе праграмы дня знятымі засталі: палітычныя пытаньні і бягучыя справы.

Слухалі:

Пастанавілі:

За згодаю агульнага сходу засталі прачытаннымі дзьве стацьці: "На шляху да перамогі" і "Проці незаконных рэпрэсіяў".

Выслухаўшы стацьці, агульный сход едіногалосно пастанавіў паслаць на імя Прэм'ера жаданьне аб спыненьні рэпрэсіяў проці Грамады, у ніжэследуюшчай форме:

Пану Прэм'еру Міністраў Я. Пілсудскаму.

Паважаны Пан. У апошнім часе пэўныя Паветовыя Старосты на землях Заходняе Беларусі надужываюць сваею ўладаю і сэстэматычна забараняюць рабіць сходы сяброў нашае легальна істнуючае Б.С-Р.Г., апрача гэтага проці сяброў гэтае арганізацыі стасуюцца рэпрэсіі за тое, што яны вядуць арганізацыйную работу. Дзеля чаго, мы сябры Б.С-Р.Г. Лідзкага Гуртка ведаючы, што ў дэмакратычнае Польшчы ўсе грамадзяне маюць свабоду слова, друку, лягальных сабраньняў і право нетыкальнасьці асабістай, якія нам загварантаваныя 109 арт. Канстытуцыі, апрача таго мы беларусы, маючы правы прэдусмотрэнныя Вэрсальскім і Рыжскім Трактатамі, рашуча пратэстуем проці нясправідлівых і бязпадстаўных да нас адносінаў і зьвяртаемся да Пана Прэм'ера с жаданьнем каб быў паложаны крэс такім адносінам і Б.С-Р.Г. можна былобы працаваць як і іншыя палітычныя партыі ў Польшчы. Павыжшае сьцьвярджаем уласнаручнымі подпісамі.

2. Аб агульным сходзе сяброў.

Едіногалосна пастаноўлена зрабіць сход 28/ХІ-26 г.

3.

Адноснно загаду Пана Старосты па двум пытаньням: палітычныя пытаньні і бягучыя справы пастаноўлено паслаць жалабу ў Цэнтральный Камітэт для таго, каб былі прыняты меры ў гэтае справы.

Сход закрытый а 5 гадзіне вечэра.

Старшыня: / - / Халявінскі.

Верно: Сэкрэтар Лідзкага Гуртка

Кароткі Мікалай.

LCVA. - F. 365. - Ap. 1. - B. 19. Аркуш 74 - 74 адв.

№ 9

Абвінаваўчы акт

па справе Вінцэнта Салыгі, асуджанага па арт. 129 п. 1, 3 і 4 Крымінальнага кодэкса

Абвінавачаны заключаны

ў лідскую турму.

13 лістапада 1926 г. старшыня павятовага Камітэту Беларускай Сялянска-Работніцкай грамады ці "гурткоў" Вінцэнт Салыга склікаў у вёсцы Гасцілаўцы [23] Лябёдскай гміны Лідскага павета арганізацыйны сход дзеля стварэння мясцовага камітэта "гуртка", на якім прысутнічала 50 мясцовых сялян. Прамаўляючы, Салыга публічна выказаў шэраг лозунгаў выразна антыдзяржаўнага зместу, а менавіта: "Мы беларусы і сябры Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады павінны імкнуцца адабраць беларускія землі, якія застаюцца ў межах Польскай дзяржавы і Расіі, знішчыць падзяляючыя нас межы і ўтварыць незалежную беларускую дзяржаву з урадам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, мы беларусы павінны адабраць землі ад абшарнікаў і польскіх асаднікаў і раздаць іх бясплатна беларусам". Далей ён дадаў, што не трэба адпраўляць дзяцей у польскія школы і плаціць падаткаў, пры гэтым прамаўленне вышэйзгаданых лозунгаў скончыў воклічам: "Павінны ўсё гэта зрабіць цяпер, пакуль час на нашу карысць і дзверы адчынены, бо пасля можа быць позна".

Пасля вяртання ў 1922 годзе [24] з Расіі Вінцэнт Салыга меў сярод мясцовага насельніцтва рэпутацыю рашучага камуніста і з той прычыны знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Дапытаны ў якасці абвінавачанага Вінцэнт Салыга не прызнаў віны і паказаў, што на вышэйзгаданых сходах не заклікаў прысутных да адлучэння Беларусі ад Польскай дзяржавы і ўтварэння самастойнай і незалежнай ад Польшчы Беларусі, не заклікаў адбіраць зямлю асаднікаў і дзяліць яе паміж беларускім насельніцтвам, але казаў аб адбіранні зямлі абшарнікаў і перадачы яе беларускаму насельніцтву, як прадугледжвае гэта праграма Грамады.

На падставе гэтых дадзеных Пракуратура пры Віленскім акруговым судзе абвінавачвае жыхара вёскі Феліксава [25] Лябёдскай гміны Лідскага павета Вінцэнта Салыгу, 30 гадоў, сына Антона, у тым, што 13 лістапада 1926 года ў вёсцы Гасцілаўцы Лябёдскай гміны Лідскага павета на публічным сходзе сялян той вёскі сказаў прамову, у якой заклікаў прысутных да адлучэння ад Польскай рэспублікі ўваходзячых у яе межы беларускіх земляў і ўтварэння незалежнай ад Польшчы беларускай дзяржавы з урадам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, а таксама да нявыплаты падаткаў і гвалтоўнага адбірання зямлі абшарнікаў і польскіх асаднікаў і перадачы яе бясплатна беларусам.

Гэтае злачынства, прадугледжанае ў арт. 129 п. 1, 3 і 6 Крымінальнага кодэкса, арт. 208 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і арт. 3 Пераходных правілаў да Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, падлягае разгляду ў Віленскім акруговым судзе.

Складзена 22 сакавіка 1927 года ў Лідзе.

Пракурор, подпіс.

LCVA. - F. 131. - Ap. 2. - B. 1645. Аркуш 526 - 526 адв. Пераклад з польскай мовы.



[1] Рижский мир в судьбе белорусского народа 1921 - 1953 гг. В 2 кн. Кн. 1. Минск. 2014. С. 400.

[2] Беларускі календар на 1927 год. Вільня. Б.г. С. 104.

[3] Памяць: Ліда. Лідскі раён. Мінск. 2004. С. 145.

[4] Сліўкін В, Суднік С. Саджалі ўсе, або лёс грамадоўца // Лідскі летапісец. 2006. № 4. С. 29 - 30.

[5] Калясінскі Уладзімір - беларускі грамадска-палітычны дзеяч. У 1922 г. быў кандыдатам ад Блока нацыянальных меншасцяў па Лідскай акрузе ў польскі парламент. З 1923 г. старшыня лідскага сакратарыяту Беларускага пасольскага клуба, які знаходзіўся па адрасу ІІ Слабодка, 8.

[6] У дакуменце выдзелена чырвоным алоўкам.

[7] У дакуменце выдзелена чырвоным алоўкам.

[8] У дакуменце выдзелена сінім алоўкам.

[9] Слова ўтворана ад польск. Urzad - тут маецца на ўвазе адміністрацыйныя органы мясцовага кіравання.

[10] У дакуменце выдзелена чырвоным алоўкам.

[11] У дакуменце выдзелена чырвоным алоўкам.

[12] У дакуменце выдзелена чырвоным алоўкам.

[13] Паўлюкевіч, Арсень (1891 - 1941) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, лекар, адзін з лідараў паланафільскага кірунка беларускага руху ў Заходняй Беларусі. Кіраўнік шэрагу паланафільскіх арганізацый, у тым ліку Часовай беларускай рады. Быў варожа настроены да БСРГ, крытыкаваў яе дзейнасць у прэсе.

[14] Павел Жэбелеў быў арыштаваны 5 жніўня 1926 г. і асуджаны за шпіёнства на карысць СССР. Гл.: LCVA. F. 131. Ap. 2. B. 1645. Арк. 546.

[15] Маецца на ўвазе Таварыства беларускай школы

[16] Магчыма маецца на ўвазе "Бюлетэнь Соймавага Клюбу Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады". Акрамя гэтага, у акрэслены ў дакуменце перыяд пад кантролем БСРГ выдавалася газета "Народная справа".

[17] Лідскі павятовы камітэт.

[18] У дакуменце выдзелена чырвоным алоўкам

[19] У дакуменце выдзелена чырвоным алоўкам

[20] У дакуменце выдзелена чырвоным алоўкам

[21] Магчыма маецца на ўвазе адзін з варыянтаў песні "Ад веку мы спалі…" ("Беларуская марсэльеза"). У 1920-я гг. песня з'яўлялася неафіцыйным гімнам беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі, яе спявалі на розных сходах і мерапрыемствах БСРГ.

[22] Каса Хворых - грамадская страхавая арганізацыя, мэтай якой было забеспячэнне фінансавання аховы здароўя яе членаў. Кіраўнічыя органы арганізацыі выбіраліся падчас мясцовых выбараў.

[23] Цяпер вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці.

[24] Паводле іншых звестак, В. Салыга вярнуўся ў Польшчу ў 1923 г. Гл.: Сліўкін В, Суднік С. Саджалі ўсе, або лёс грамадоўца // Лідскі летапісец. 2006. № 4. С. 29.

[25] Цяпер вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX