Вярнуцца: Горны Аляксандр

Беларуская паланафільская арганізацыя "Краёвая сувязь" (1921 - 1922 гг.)


Аўтар: Горны Аляксандр,
Дадана: 12-03-2015,
Крыніца: Горны Аляксандр. Беларуская паланафільская арганізацыя "Краёвая сувязь" у грамадска-палітычным жыцці Сярэдняй Літвы (1921 - 1922 гг.). Гуманітарна-эканамічны веснік. 2014. № 2. C. 36-42.



У артыкуле аналізуецца роля беларускай паланафільскай арганізацыі "Краёвая сувязь" у развіцці беларускага нацыянальнага руху на тэрыторыі Сярэдняй Літвы. На падставе архіўных крыніц і перыядычнага друку разглядаюцца палітычная праграма і тактыка арганізацыі, супярэчлівыя узаемадачыненні беларускіх паланафілаў з польскімі ўладамі, прыводзяцца факты фінансавання "Краёвай сувязі" урадам Сярэдняй Літвы і Польшчы. Характарызуецца ўдзел паланафільскай арганізацыі ў палітычнай кампаніі па выбарам у сейм Сярэдняй Літвы. Аўтар артыкула прыходзіць да высновы, што паланафільская плынь беларускага руху ў пачатку 1920-х гг. не ўяўляла значнай палітычнай сілы, прыкладам чаго была адсутнасць у "Краёвай сувязі" шырокай падтрымкі беларускага насельніцтва Віленшчыны.

This article analyses the role of the Belarusian polonophilic organization "Krajovaja suviaź" in the development of the Belarusian national movement in Central Lithuania. The author examines political program and tactics of the organization, conflicting relationships Belarusian polonophilic with the Polish authorities and provides facts of financing "Krajovaja suviaź" Government of Central Lithuania and Poland, based on archive sources and periodicals. Describes the participation of polonophilic organization in the political campaign aimed at Central Lithuania Seim elections. The author concludes that the Belarusian polonophilic movement in the early 1920s did not represent a significant political force, an example of which was the lack of "Krajovaja suviaź" broad support of the Belarusian population of Vilnius region.

Ключавыя словы: Сярэдняя Літва, Польшча, Віленшчына, беларускае паланафільства, беларускі нацыянальны рух, "Краёвая сувязь".
Keywords: Central Lithuania, Poland, Vilnius region, Belarusian polonophilic organizations, Belarusian national movement, "Krajovaja suviaź".


Праблема існавання беларускага паланафільства як асобнай грамадска-палітычнай плыні па-ранейшаму мала распрацавана і патрабуе дэтальнай увагі сучасных даследчыкаў. Значнае месца ў даследаванні дадзенай праблематыкі неабходна надаваць аналізу дзейнасці беларускіх паланафільскіх арганізацый, якія займалі неадназначнае месца на палітычнай сцэне заходнебеларускіх земляў у міжваенны перыяд. Адной з такіх арганізацый з'яўлялася "Краёвая сувязь", дзейнасць якой была сканцэнтравана ў межах польскай квазідзяржавы Сярэдняя Літва ў 1921 - 1922 гг. У айчыннай гістарыяграфіі сустракаюцца толькі фрагментарныя звесткі аб гэтай палітычнай структуры ў працах І. Коўкеля [1, с. 268], А. Пашкевіча [2, с. 25 - 26] і А. Чарнякевіча [3]. Больш шырока дзейнасць "Краёвай сувязі" асвятлілі польскія гісторыкі М. Галэндак [4, с. 500 - 504] і І. Янушэўская-Юркевіч [5, s. 204 - 214]. Тым не менш, на сённяшні дзень як у беларускай, так і замежнай гістарыяграфіі адсутнічае дастаткова поўнае даследаванне па гісторыі згаданай арганізацыі, праведзенае на падставе шырокага кола даступных крыніц. Раскрыццё многіх аспектаў працы "Краёвай сувязі" і яе лідараў дасць магчымасць стварыць цэласнае ўяўленне аб дзейнасці беларускіх арганізацый у супярэчлівых грамадска-палітычных умовах міжваеннага дваццацігоддзя.

Як вядома, 8 кастрычніка 1920 г. пасля так званага "бунта" польскай Літоўска-беларускай дывізіі Л. Жалігоўскага, інспірыраванага Ю. Пілсудскім, на тэрыторыі этнаграфічнай Віленшчыны ўтварылася марыянетачная дзяржава Сярэдняя Літва. Мэтай акцыі Жалігоўскага было недапусціць далучэнне Віленскага краю да Літвы, што было прадугледжана польска-літоўскім пагадненнем, падпісаным у Сувалках 7 кастрычніка 1920 г. [6, с. 483]. 12 кастрычніка 1920 г. Жалігоўскі абвясціў аб "незалежнасці" Сярэдняй Літвы, аднак гэтая дзяржава на працягу свайго існавання цалкам залежала ад Польшчы, асабліва ў эканамічнай сферы [7, с. 12]. Каб заручыцца шырокай падтрымкай, улады Сярэдняй Літвы першапачаткова праводзілі даволі лаяльную палітыку адносна няпольскага насельніцтва краю, асабліва беларусаў. На тэрыторыі Віленшчыны да восені 1921 г. было адчынена каля 186 беларускіх школ, утварыўся шэраг грамадскіх арганізацый, а беларускія дзеячы Б. Тарашкевіч і В. Іваноўскі занялі другарадныя пасады ва ўрадзе Жалігоўскага [7, с. 12]. Гэтыя акалічнасці спрыялі ўзмацненню ў асяроддзі некаторых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху прапольскіх настрояў, што садзейнічала фарміраванню новых паланафільскіх сіл у рэгіёне.

Адным з актыўных арганізатараў беларускага паланафільскага руху ў Сярэдняй Літве стаў вядомы грамадскі і палітычны дзеяч П. Аляксюк [8]. У студзені 1921 г. ён пераехаў у Вільню з Варшавы, дзе да гэтага займаў пасаду віцэ-старшыні (а фактычна старшыні - А.Г.) Беларускага палітычнага камітэта - паланафільскай арганізацыі, якая актыўна супрацоўнічала з генералам С. Булак-Балаховічам падчас т. зв. "Палескага пахода" [9, арк. 9]. Пасля няўдачнай ваеннай акцыі Булак-Балаховіча камітэт фактычна разваліўся, а П. Аляксюк вырашыў працягнуць сваю дзейнасць на больш спрыяльнай глебе - у Сярэдняй Літве. Вясной 1921 г. ён распрацаваў план утварэння новай беларускай арганізацыі паланафільскага кірунку пад назвай "Краёвая сувязь". Некаторыя з сучасных беларускіх даследчыкаў падкрэсліваюць, што утварэнне "Краёвай сувязі" было інспірыравана польскімі ўладамі, аднак дадзеная думка падаецца нам даволі спрэчнай [1, с. 268; 6, с. 485]. Паводле сцверджанняў самога Аляксюка, неўзабаве пасля утварэння арганізацыі, яе лідары на працягу пяці месяцаў вялі перамовы з уладамі аб падтрымкі паланафільскай акцыі, якія скончыліся безвынікова [10, арк. 30 адв.]. Гэтая акалічнасць пацвярджае той факт, што польскія ўладныя структуры не мелі ніякага дачынення да ўтварэння "Краёвай сувязі", якая паўстала з ініцыятывы ўласна беларускіх паланафілаў, і перад усім - П. Аляксюка. Больш таго, пры фарміраванні новай арганізацыі, Аляксюк, хутчэй за ўсё, меў на мэце ўласныя палітычныя інтарэсы: з дапамогай "Краёвай сувязі" ён разлічваў трапіць у заканадаўчыя органы Сярэдняй Літвы [9, арк. 9]. Таксама не апошнюю ролю ў гэтым працэсе адыгрывалі асабістыя канфлікты Аляксюка з іншымі беларускімі дзеячамі, асабліва, са складу Найвышэйшай Рады БНР [11, s. 280].

24 красавіка 1921 г. у Вільні адбыўся арганізацыйны сход, на якім было абвешчана аб ўтварэнні "Краёвай сувязі". Паводле дэкларацыі, прынятай на сходзе, мэтамі арганізацыі абвяшчаліся абуджэнне беларускай свядомасці ў духу краёвага саюза з Польшчай, дамаганне правоў для народа Сярэдняй Літвы свабодна вырашаць свой лёс праз заканадаўчыя органы і інш. Арыенцірам у дзейнасці арганізацыі павінна была стаць адозва маршала Пілсудскага да абывацеляў былога Вялікага Княства Літоўскага, распаўсюджаная 22 красавіка 1919 г. падчас уступлення польскіх войскаў у Вільню [12, арк. 15].У Цэнтральны камітэт "Краёвавай сувязі" увайшлі В. Пупка (старшыня), П. Аляксюк (віцэ-старшыня, фактычны кіраўнік арганізацыі), В. Шышкоў (скарбнік), Я. Бекіш, А. Кабычкін і інш.[9, арк. 9].

У палітычным аспекце "Краёвая сувязь" з'яўлялася спадкаеміцай ідэй краёвасці, якія былі пашыраны ў грамадска-палітычным дыскурсе беларускіх земляў на пачатку ХХ ст. Арганізацыя выступала за непадзельнасць Беларусі, якая, аднак, павінна была злучыцца з Польшчай на правах аўтаномнай адзінкі [12, арк. 15]. " З нашым найбліжэйшым суседам - польскім народам жадаем узнаўлення гістарычнай злучнасці якая па сваей прошласці прыносіла столькі карысцей" - падкрэслівалі лідары арганізацыі [13]. Паводле паланафілаў, толькі Польская дзяржава магла выступаць абаронцай беларускіх земляў ад знешняга захопу і стаць гарантам нацыянальнай будучыні Беларусі [14]. Прадстаўнікі "Краёвай сувязі" не прызнавалі падзел беларускіх земляў, зафіксаваны Рыжскім мірам, і заклікалі да апошняга ажыццяўляць узброенную і дыпламатычную барацьбу дзеля вызвалення тэрыторый, якія знаходзіліся пад "бальшавіцка-маскоўскай няволяй". Пры гэтым паланафілы надавалі палякам значную ролю ў гэтай барацьбе. П. Аляксюк адносна гэтага сцвярджаў: " … непадзельнасць нашай зямлі мы здабудзем толькі з сынамі польскага народа" [15]. Свае палітычныя ідэі паланафілы актыўна пашыралі з дапамогай уласнага друкаванага органа - газеты "Jednaść", якая выходзіла лацінскім шрыфтам і арыентавалася пераважна на каталіцкае насельніцтва краю. Фактычным рэдактарам газеты быў вядомы беларускі пісьменнік А. Лявіцкі (Ядвігін Ш.) [5, s. 205]. Кіраўнікі "Краёвай сувязі" разлічвалі, што выданне газеты будзе фінансавацца з боку польскіх уладаў. Акрамя гэтага, ў рэдакцыю дасылалі свае ахвяраванні прыхільнікі паланафільскіх ідэй. Так, напрыклад, вядомы грамадскі дзеяч Р. Астроўскі выдаткаваў на падтрымку газеты "Jednaść" каля 1000 польскіх марак [16, арк. 1 адв.].

Каб мець сталую крыніцу фінансавання, прадстаўнікі "Краёвай сувязі" і, у прыватнасці, П. Аляксюк, пачалі імкнуцца наладзіць кантакты з польскімі ўладамі і падкрэсліць перад імі палітычную мэтазгоднасць падтрымкі паланафільскага руху сярод беларусаў. Летам 1921 г. Аляксюк некалькі разоў ездзіў у Варшаву, дзе праводзіў нарады з прадстаўнікамі польскага парламента і ўрада [17]. Можна меркаваць, што ў гэты час перад палітыкамі Польшчы быў агучаны шэраг патрабаванняў беларускіх паланафілаў: выдаць субсідыю на арганізацыйна-палітычную працу "Краёвай сувязі", прафінансаваць выданне яе друкаванага органа, аказаць дапамогу ў адчыненні беларускіх школ, забяспечыць кааператывы, падкантрольныя паланафілам, гандлёвымі льготамі [10, арк. 7 - 7 адв.]. Тым не менш, у Варшаве і Вільні аднесліся вельмі памяркоўна да гэтых прапаноў. Як падкрэслівалася вышэй, перамовы паміж уладамі і паланафіламі вяліся на працягу пяці месяцаў і не мелі ніякага выніку [10, арк. 30 адв.]. Многія польскія чыноўнікі па-ранейшаму лічылі беларускі рух небяспечнай з'явай і не жадалі фінансаваць нават паланафільскія арганізацыі, бо былі неўпэўнены ў іх дастатковай шчырасці і лаяльнасці. Таму дэлегат польскага ўраду ў Сярэдняй Літве згадзіўся толькі на невялікае субсідзіраванне газеты "Jednaść" дзеля паступовага азнаямлення з дзейнасцю "Краёвай сувязі" [4, с. 501; 12, арк. 35 адв.]. Да таго ж, паводле пастановы віленскага старасты, мясцовай паліцыі прадпісвалася не перашкаджаць распаўсюджванню дадзенай газеты і пры магчымасці яе пашыраць сярод беларускага насельніцтва Віленшчыны [18; 2, с. 26].

Нягледзячы на адсутнасць урадавай падтрымкі, у першыя месяцы існавання "Краёвая сувязь" ажыццявіла на тэрыторыі Сярэдняй Літвы і за яе межамі пэўныя арганізацыйныя крокі. Пад кантролем арганізацыі знаходзіліся каля сямі віленскіх кааператываў, якія атрымлівалі ад Дэпартамента харчавання Сярэдняй Літвы па льготных умовах значную колькасць прадукцыі [19; 5, s. 206]. Паводле сведчанняў кіраўніка віленскай паліцыі, уся гаспадарчая дзейнасць гэтых кааператываў цалкам кантралявалася асабіста Аляксюком [9, арк. 9 адв.]. 3 жніўня 1921 г. "Краёвая сувязь" адчыніла ў Вільні пякарню па выпечцы таннага хлеба [20]. Мясцовыя філіялы арганізацыі былі створаны ў шэрагу мястэчак і гарадах Заходняй Беларусі - у Мураванай Ашмянцы, Залессі, Глыбокім, Радашковічах, Нясвіжы, Слоніме, Гродна і інш., аднак большасць з іх не праяўляла значнай актыўнасці [9, арк. 9 адв.]. Арганізаваная пры ўдзеле "Краёвай сувязі" беларуская сялянская партыі "Сялібнікі" таксама знаходзілася на перэферыі грамадска-палітычнага жыцця Віленшчыны [21; 9, арк. 9 адв.].

У верасні 1921 г. прадстаўнікі "Краёвай сувязі" прынялі ўдзел у беларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі, якая праходзіла ў Празе. Яшчэ да пачатку мерапрыемства П. Аляксюк звярнуўся да дэлегата польскага ўраду ў Сярэдняй Літве з прапановай прафінансаваць паланафільскую дэлегацыю ў колькасці 12 чалавек, якая прадставіла б у Празе прапольскі кірунак і стварыла канкурэнцыю пралітоўскім і нацыянальна-дэмакратычным сілам у беларускім руху. Па падлікам Аляксюка, для забеспячэння дзейнасці дадзенай дэлегацыі ў чэшскай сталіцы неабходна было выдаткаваць 2 000 000 польскіх марак [12, арк. 124 - 124 адв.]. Тым не менш, на нашу думку, польскія ўлады палічылі немэтазгодным вылучаць значныя грашовыя сродкі на гэтую справу, бо ў Прагу паехалі толькі тры прадстаўнікі "Краёвай сувязі" - П. Аляксюк, А. Паўлюкевіч і А. Курыловіч [22]. Падчас канферэнцыі Аляксюк актыўна спрабаваў абараніць паланафільскі кірунак і падкрэсліць неабходнасць арыентацыі на Польшчу ў вырашэнні беларускіх палітычных пытанняў. " Мы ідзем шляхам эвалюцыі. З аднаго боку Расея, з другога - Польшча. Расея ніколі ня дасьць незалежнасьці Беларусі. Мы апіраемся на захад - Польшчу. Мы, прадстаўнікі народу, павінны абаперціся на Польшчу, нягледзячы на чорную працу ўраднікаў…" - заявіў лідар беларускіх паланафілаў [23, с. 38]. Аднак прыхільнікі прапольскага кірунку сутыкнуліся са значнай апазіцыяй іншых беларускіх грамадскіх дзеячоў, якія адзінагалосна заявілі, што "ня вераць у дзяржаўны розум Польшчы" і выступаюць за поўную незалежнасць і непадзельнасць Беларусі. Галоўным элементам крытыкі была жорсткая палітыка паланізацыі ў адносінах да беларусаў з боку Польшчы, якую вымушаны былі прызнаць нават самі паланафілы [23, с. 23 - 25].

Пасля вяртання дэлегатаў "Краёвай сувязі" ў Вільню, у газеце "Jednaść" неўзабаве з'явіўся рэдакцыйны артыкул пад аўтарствам П. Аляксюка. У ім падкрэслівалася, што праціўнікі паланафілаў на пражскай канферэнцыі безумоўна мелі рацыю, калі сцвярджалі пра адмоўнае стаўленне польскай адміністрацыі да беларусаў. Таму, на думку аўтара, палякі павінны канчаткова высветліць свае адносіны да беларускага пытання і паланафільскага кірунку. " Адцягіванне гэтай справы далей - пазначалася ў газеце - прывядзе да поўнай немагчымасці актуальнай працы паланафільскіх груп, створыць той статус-кво, які прынясе самыя смутныя рэзультаты" [24]. У канцы артыкула паланафілы прапаноўвалі ўладам стварыць на практыцы такія ўмовы, якія пераконвалі б беларусаў у тым, што Польшча з'яўляецца найбольшым прыхільнікам беларускага нацыянальнага руху.

У канцы 1921 г. адносіны да беларускіх паланафілаў з боку польскіх уладаў пачалі паступова змяняцца ў іншы бок. 30 лістапада 1921 г. генерал Жалігоўскі перадаў ўсю ўладу ў Сярэдняй Літве старшыні Часовай кіруючай камісі А. Мэйштовічу і прызначыў выбары ў Віленскі сейм на 8 студзеня 1922 г. [2, c. 24]. Па разліку польскіх уладаў, абраны пад іх кантролем сейм, павінен быў канчаткова зацвердзіць далучэнне Сярэдняй Літвы да Польшчы. Таму Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) у Вільні, урад БНР В. Ластоўскага разам з літоўскімі і некаторымі яўрэйскімі арганізацыямі заклікалі байкатаваць выбары [7, с. 13]. У гэтых умовах улады вырашылі зрабіць стаўку на паланафільскую "Краёвую сувязь". Арганізацыя павінна была актыўна прапагандаваць сярод беларускага насельніцтва ідэю выбараў у Віленскі сейм і выступаць супраць агітацыі за байкот. Таксама з дапамогай "Краёвай сувязі" палякі разлічвалі прыцягнуць да выбараў па магчымасці значную колькасць беларусаў і такім чынам легітымізірываць выбарчую кампанію ў вачах заходнееўрапейскай палітычнай супольнасці. У гэтых умовах, Савет міністраў Польшчы палічыў пажаданым падтрымаць дзейнасць "Краёвай сувязі" на Віленшчыне [5, s. 211]. Акрамя гэтага, польскае Міністэрства замежных спраў рэкамендавала кіраўніцтву Сярэдняй Літвы выдаткаваць субсідыі для паланафілаў і аказаць ім дапамогу ў падрыхтоўцы да выбараў [4, с. 502].

Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, 11 - 12 снежня 1921 г. "Краёвая сувязь" склікала ў Вільні т. зв. "з'езд беларускага сялянства, партый і арганізацый Заходняй Беларусі" [15, с. 2]. Старшынёй з'езда з'яўляўся П. Аляксюк. Нягледзячы на гучную назву, з'езд праходзіў у аднабаковым фармаце і прадстаўляў выключна паланафільскую пазіцыю. Дэлегаты з'езда нікім не абіраліся, многія з іх з'яўляліся звычайнымі сялянамі, якія мала разбіраліся ў механізмах палітычнай барацьбы. Прадстаўнікоў віленскага БНК А. Станкевіча і У. Пракулевіча, якія імкнуліся прадставіць нацыянальна-дэмакратычны пункт гледжання, не дапусцілі да працы з'езда, а апошняга, як паведамляла прэса, нават пабілі [25, с. 1]. Даслаўшы маршалу Пілсудскаму, генералу Жалігоўскаму і іншым вышэйшым польскім чыноўніка прывітальныя тэлеграмы, П. Аляксюк са сваімі прыхільнікамі пацвердзіў ідэалы польска-беларускага збліжэння і пастанавіў прыняць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі ў Віленскі сейм [12, арк. 131 - 131 адв.]. Дзеля гэтага па выніках працы з'езда быў утвораны Цэнтральны беларускі выбарчы камітэт "Краёвай сувязі" на чале з Аляксюком

У канцы снежня 1921 г. у агітацыйных мэтах прадстаўнікі "Краёвай сувязі" пачалі выдаваць кірылічным шрыфтам штодзённую газету "Раніца", рэдактарам якой быў вядомы лідар арганізацыі "Зялёны дуб" В. Адамовіч. Паралельна, на старонках газеты "Jednaść", як паведамляла паліцыя, беларускія паланафілы сталі "значна выразней, чым дагэтуль" выказвацца за далучэнне Беларусі да Польшчы [4, c. 503]. Згодна з архіўнымі дакументамі, у гэты час для падтрымкі дадзенай газеты з фонда старшыні Часовай кіруючай камісіі Сярэдняй Літвы было выдаткавана 350 000 польскіх марак [26, арк. 129]. Сам П. Аляксюк на правядзенне перадвыбарчай акцыі атрымаў ад той жа ўрадавай структуры толькі з 15 снежня па 29 снежня 1921 г. 3 872 500 марак, а ў пачатку 1922 г. - яшчэ больш за паўтара мільёна марак [26, арк. 130 - 131].

Для ўдзела ў выбарах былі выстаўлены два спісы кандыдатаў ад "Краёвай сувязі" ў сейм Сярэдняй Літвы: № 6 па Ашмянскай выбарчай акрузе і № 5 па Камайскай выбарчай акрузе. На першых месцах у дадзеных спісах стаялі лідары паланафільскай арганізацыі П. Аляксюк і В. Шышкоў [9, арк. 9; 27]. У спецыяльна выдадзенай адозве сцвярджалася, што ў выпадку абрання гэтых дзеячоў у Віленскі сейм, яны будуць дамагацца далучэння Віленшчыны разам з усімі землямі Заходняй Беларусі да Польшчы на правах аўтаноміі, аб'яднання беларускіх земляў, зямельнай рэформы, ураўнання ў правах беларускіх і польскіх школ і інш. [28; 29, s. 42]. Усе гэтыя лозунгі шырока агучваліся падчас агітацыйных сходаў, якія ладзіліся прадстаўнікамі "Краёвай сувязі" на правінцыі. Так, 1 студзеня 1922 г. В. Пупка, П. Аляксюк і А. Курыловіч правялі сходы ў Ашмянах, вёсках Талмінава і Мураваная Ашмянка Ашмянскага павета, на якіх сцвярджалі, што бачаць "лепшую будучыню Беларусі толькі ў саюзе з Польшчай" [30].

Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, сябры ўраду БНР і партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў разгарнулі кампанію па крытыцы дзейнасці беларускіх паланафілаў. У адмысловай заяве БНК падкрэслівалася, што Цэнтральны беларускі выбарчы камітэт "Краёвай сувязі" створаны за польскія грошы і абараняе "польскія, а не беларускія інтарэсы" [2, с. 26]. Асабліва моцная крытыка была накіравана на асобу П. Аляксюка. У беларускай нацыянальна-дэмакратычнай прэсе падкрэслівалася, што ўся паланафільская акцыя Аляксюка з'яўляецца здрадай беларускім інтарэсам, а сам ён называўся аферыстам і вырадакам, які "выракся беларусаў і прадаў за польскія маркі сялянскі люд" [31; 32]. Як трапна заўважыў гісторык А. Пашкевіч, імя Аляксюка ў гэтыя часы стала своеасаблівым сімвалам згодніцтва амаль для ўсяго няпольскага насельніцтва Сярэдняй Літвы [2, с. 26].

Кампанія байкоту, якую праводзілі беларускія нацыянальныя арганізацыі ў Сярэдняй Літве, мела пэўныя поспехі. Падчас выбараў, якія адбыліся 8 студзеня 1922 г., беларускае насельніцтва краю вызначылася невялікай палітычнай актыўнасцю [6, с. 484; 33, с. 181]. Гэтую акалічнасць добра адлюстравалі і вынікі выбараў для "Краёвай сувязі". Яе два кандыдацкія спісы набралі агулам усяго 1 702 галасы, што было недастатковым для атрымання дэпутацкага мандата [29, s. 123]. Дадзеныя лічбы засведчылі адсутнасць у Аляксюка і яго арганізацыі рэальнай падтрымкі сярод беларусаў і паказалі польскім уладам немэтазгоднасць далейшай падтрымкі слабай палітычнай структуры.

Тым не менш "Краёвая сувязь" выканала ўскладзеную на яе ўладамі задачу - быў створаны пэўны "міраж" удзелу у выбарах беларускага насельніцтва Віленшчыны. 20 лютага 1922 г. Віленскі сейм пастанавіў далучыць Сярэднюю Літву да Польшчы. У новых умовах польскім уладам для рэалізацыі сваёй палітыкі сярод беларусаў была ўжо непатрэбна паланафільская арганізацыя, якая фактычна не мела ніякай палітычнай вагі. Падтрымка паланафілаў, у тым ліку і фінансавая, спынілася. Яшчэ ў пачатку лютага 1922 г. Міністэрства транспарта Польшчы адмовілася прадаставіць льготы на перавоз тавараў для кааператываў "Краёвай сувязі" [3, s. 21]. Паступова зніклі правінцыйныя аддзелы "Краёвай сувязі", партыя "Сялібнікі" і іншыя дапаможныя арганізацыі беларускіх паланафілаў [9, арк. 9]. Лідар арганізацыі П. Аляксюк пакінуў Вільню і пераехаў у Навагрудак, дзе працаваў адвакатаў і прымаў удзел у мясцовым грамадскім жыцці [8, с. 57]. Фактычна ў сакавіку 1922 г. "Краёвая сувязь" перастала існаваць, хаця ліквідацыйнага сходу арганізацыі так і не было [9, арк. 9].

Такім чынам, у 1921 - 1922 гг. у грамадска-палітычным жыцці польскай марыянетачнай дзяржавы Сярэдняя Літва арганізацыя "Краёвая сувязь" прадстаўляла паланафільскі кірунак беларускага нацыянальнага руху. На працягу свайго існавання дадзеная арганізацыя, і ў першую чаргу яе амбіцыйны лідар П. Аляксюк, імкнуліся наладзіць трывалыя кантакты з польскімі ўладамі дзеля падтрымкі паланафільскай акцыі і супрацьдзеяння беларускім нацыянальна-дэмакратычным групам на тэрыторыі Віленшчыны. Тым не менш, палякі вельмі асцярожна ставіліся да любой праявы беларускай актыўнасці і фінансавалі паланафілаў толькі па меры вострай палітычнай неабходнасці, што яскрава выявілася падчас выбарчай кампаніі ў сейм Сярэдняй Літвы. Нізкая падтрымка "Краёвай сувязі", у тым ліку і ў часы выбараў, адлюстравала адсутнасць у беларускім грамадстве ў пачатку 1920-х гадоў попыту на паланафільскія ідэі. Гэтая акалічнасць прадвызначыла хуткі заняпал арганізацыі і няжыццядзейнасць яе палітычных ідэалаў.

Бібліяграфічныя спасылкі

1. Коўкель, І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920 - 1923 гг.) / І. Коўкель // Беларусіка=Albaruthenica: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне / Рэд. А. Мальдзіс і інш. - Мінск: Навука і тэхніка, 1994. - С. 259 - 269.

2. Пашкевіч, А. В. Парламенцкія формы змагання за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа ў міжваеннай Польшчы (1921 - 1930 гг.): дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / А. В. Пашкевіч. - Мінск, 2006. - 162 л.

3. Czarniakiewicz, A. "Inwestycja w lojalność". Próby finansowania białoruskiego ruchu narodowego przez polskie instytucje rządowe / A. Czarniakiewicz (рукапіс) // Асабісты архіў Горнага А.С.

4. Галэндак, Міхал. Беларуская палітыка ў Сярэдняй Літве / Міхал Галэндак // Arche. - 2009. - № 3. - С. 479 - 506.

5. Januszewska-Jurkiewicz, J. Dwie "krajowe" inicjatywy białoruskie na Litwie Środkowej / J. Januszewska-Jurkiewicz // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 2001. - № 16. - S. 197 - 218.

6. Дубік, С. Сярэдняя Літва / С. Дубік, А. Чарнякевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн, 2001. - Т.6. Кн. 1. - С. 483 - 485.

7. Трусаў, А. Сярэдняя Літва / А. Трусаў // Беларускі гістарычны часопіс. - 2004. - № 11. - С. 11 - 13.

8. Пашкевіч, А. "Бацька" беларускіх паланафілаў / А. Пашкевіч, А. Чарнякевіч // Гістарычны альманах. - 2010. - Том 16. - С. 37 - 58.

9. Цэнтральны дзяржаўны архіў Літвы (ЦДАЛ). - Ф. 15. - Воп. 2. - Спр. 483. Akta związku "Krajowaja suwiaź" - statut, korespondencja, lista członków związku, 1921 - 1925 гг.

10. ЦДАЛ. - Ф. 22. - Воп. 1. - Спр. 54. Сведения о буржуазно-националистических белорусских партиях и организациях Польши и Литвы, 1921 г.

11. Januszewska-Jurkiewicz, J. Stosunki narodowościowe na Wileńszczyźnie w latach 1920-1939 / J. Januszewska-Jurkiewicz. - Katowice: Wyd. Uniwersytetu Śląskiego, 2010. - 710 s.

12. ЦДАЛ. - Ф. 22. - Воп. 1. - Спр. 42. Доклад о деятельности белорусских буржуазно-националистических организаций и их руководителей в Польше, Литве и странах Западной Европы с приложениями, характеризующими деятельность данных организаций, 1921 г.

13. Nasze credo // Jednaść. - 1921. - № 1. - S. 1.

14. Naszy zadańni // Jednaść. - 1921. - № 2. - S. 1.

15. Стэнаграма З'езду Заходняй Беларусі // Раніца. - 1921. - № 1. - С. 2 - 3.

16. Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. Аддзел рукапісаў. Ф. 21. - Спр. 297.

17. U Krajowaj Suwiazi // Jednaść. - 1921. - № 14. - S. 4.

18. Беларускі голас. Аднаднёўка. - 1921. - 11 сьнежня. - С. 1.

19. Аляксюк у кааперацыі // Беларускія ведамасьці. - 1921. - № 12-13. - С. 3.

20. Piekarnia Krajowaj Suwiazi // Jednaść. - 1921. - № 14. - S. 4.

21. Sialibniki // Jednaść. - 1921. - № 19. - S. 4.

22. Nasza delehacyja na Nadzwyczajnaj Biełaruskaj Naradzie u Prazie // Jednaść. - 1921. - № 23. - S. 1.

23. Пратакол паседжаньняў Беларускай нацыянальна-палітычнай нарады ў Празе, 26 - 30 верасьня 1921 // Спадчына. - 1999. - № 5 - 6. - С. 7 - 54.

24. Wilnia 20 kastrycznika 1921 h. // Jednaść. - 1921. - № 23. - S. 1.

25. М.К. Па сьлізкай дарозе / М.К. // Беларускі звон. - 1921. - № 23. - С. 1 - 3.

26. ЦДАЛ. - Ф. 22. - Воп. 1. - Спр. 55. Raport w sprawach białoruskich na terenie Litwy Środkowej, 1921 - 1922 г.

27. Раніца. - 1922. - № 4. - С. 2.

28. Беларусы! // Раніца. - 1921. - № 4. - С. 1.

29. Wybory do Sejmu w Wilnie, 8 stycznia 1922 : oświetlenie akcji wyborczej i jej wyników na podstawie źródeł urzędowych. - Wilno: Wydawnictwo Generalnego Komisarjatu Wyborczego, 1922. - 170 s.

30. А.Н. Вялікія беларускія народныя сабраньня // Раніца. - 1922 - № 4. - С. 2 - 3.

31. Мсьціслаўскі, А. [М. Гарэцкі]. "Беларускія дзеячы" з польскай душою / А. Мсьціслаўскі // Беларускія ведамасьці. - 1921. - № 15. - С. 3.

32. D. Alaksiuk // Беларускі голас. Аднаднёўка. - 1921. - 11 сьнежня. - С. 1.

33. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918 - 1922) / К. Гамулка - Вільня, 2008. - 256 с.


Aliaksandr Gorny
Belarusian polonophilic organization "Krajovaja suviaź" in the socio-political life of Central Lithuania (1921 - 1922)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX