Значным фактарам існавання беларускай эміграцыі ў міжваенны перыяд быў яе культурны і інтэлектуальны патэнцыял. Працуючы ў розных палітычных умовах, дзеячы беларускай дыяспары мелі магчымасць генерырваць новыя ідэі, удзельнічаць у дыскусіях па пытаннях палітыкі, гісторыі і культуры Беларусі, распрацоўваць уласныя навуковыя і палітычныя канцэпцыі і распаўсюджваць іх у асяроддзі не толькі эмігрантаў, але і інтэлектуалаў з мітраполіі. Інтэлектуальны дыскурс беларускай эміграцыі ў міжваенны перыяд з’яўляўся складовай часткай агульнабеларускай культурнай прасторы, але, у адрозненні ад культурнага жыцця Заходняй Беларусі і БССР, быў даследаваны гісторыкамі не дастаткова поўна і глыбока, без выкарыстання міждысцыплійнага падыходу. Больш таго, некаторыя даследчыкі разглядалі гэты аспект гісторыі беларускай дыяспары як выключна самастойную асобную з’яву, мала звязаную з інтэлектуальнымі працэсамі на уласна беларускіх землях. На нашу думку, такі падыход з’яўляецца памылковым, а культурна-інтэлектуальныя пошукі беларускіх эмігрантаў трэба разглядаць у непасрэднай сувязі з элементамі культурнага і інтэлектуальнага жыцця Заходняй Беларусі і БССР. Пры гэтым нельга адмаўляць, што інтэлектуальная думка беларускай дыяспары мела свае пэўныя асаблівасці і спецыфічныя ўласцівасці.
Артыкул у PDF