Вярнуцца: Карнялюк Віталь

Румлёўскі парк за некалькі стагоддзяў


Аўтар: Карнялюк В.Р.,
Дадана: 30-07-2014,
Крыніца: Карнялюк В. (у суаўтарстве з Ф. Ігнатовічам) Румлёўскі парк за некалькі стагоддзяў. /у кнізе «Экологические экскурсии по лесопарку Румлёво»/ Д.М. Андреева, В.А. Бахарев, В.В. Голубков и др. Изд.2-е, испр., доп.– Гродно, 2006. – С.13-18.

Спампаваць




З кнігі «Экологические экскурсии по лесопарку Румлёво» - Румлёўскі парк за некалькі стагоддзяў

Прамінула чатыры гады з выхаду ў свет першага выдання дадзенай кнігі і на гэты тэрмін часу ўзрасла мінуўшчына Румлёва. Пачатак ХХІ стагоддзя лесапарк сустрэў з павялічанай увагай да сябе з боку гараджан (не без дапамогі нашай кнігі), маштабнай жылёвай навакольнай забудовай згодна генплана, якая наблізіла гмахі шматпавярховак ледзь не на сам парк, і надзеяй на спагадлівы лёс - у які ўжо раз за сваю гісторыю. А гісторыя сучаснага гарадскога парка Румлёва даволі працяглая і сапраўды цікавая.

(34KB) умлёўскі парк за некалькі стагоддзяў.

З'явіўшыся ў тыя часы - прыблізна пры канцы XVIII стагоддзя, калі пачыналі з'яўляцца паркі пераходнага тыпу, Румлёўскі лесапарк ўключае рысы як рэгулярнага, так і пейзажнага паркаў. Яго знакамітыя клёнавыя прысады, якія вялі ад месца былога панскага дома, месцазнаходжанне і характар пасадкі дрэваў паказваюць на яго рэгулярныя рысы. Адначасова, прыгожа выгінаючаяся, адпаведна рэльефу, збягаючая ўніз да ракі брукаваная сцёжка, і прыстасаваная для адпачынку лясная, цяпер так званая "сольная", частка былога парку дэманструюць дэталі пейзажнай садова-паркавай архітэктуры.

За час свайго існавання парк Румлёва зведаў шмат гаспадароў. Гісторыкі налічваюць не менш дзесяці. За больш чым два стагоддзі ён ператварыўся з цэнтра шляхецкай сядзібы, што "за дзве вярсты ад Гродна" ва ўтульную частку Прынёманскага жылога раёна сучаснага горада ў паўднёва-усходняй яго часцы. Кожны з былых уладальнікаў пакінуў свой пэўны, след у знешнім выглядзе сучаснага лесапарку.

Горад параўнальна нядаўна дайшоў сваім гаманлівым жыццём да румлёўскіх мясцін, уключыўшы тым самым гэтыя краявіды ў склад сваёй векапомнай блескучай гісторыі. Таму гістарычнае мінулае Румлёва актуалізавалася толькі-толькі і даследвана пакуль недастаткова. Нёмала загадак утойвае парк для сёнешніх гараджан. Перш за ўсё, цьмяным застаецца тлумачэнне яго назвы - "Румлёва". Вядома, калісьці, у першай палове ХІХ стагоддзя, на гэтым месца знаходзіліся ўладанні дробнапамеснага памешчыка Якава Багданавіча Румеля. Аднак згодна з планам занеманскай часткі Гродна за 1797 г., румлёўскія землі лічыліся за Радзівіламі. Натуральным чынам можна меркаваць, што назва "Румлёва" пайшла ад прозвішча яго стваральніка, першага або новага ўладцы. Менш доказным бачацца варыянты: па месцазнаходжанню на рацэ Нёман, па якой сплаўлялі лес (рум - прыстань на беразе ракі для складавання лесаматэрыялаў і падрыхтоўкі іх да сплаву) або па характэрнай планіроўцы пагоннага двара вёсак нашай мясцовасці - рума, дзе жылы дом размешчаны ў адзін рад з гаспадарчымі пабудовамі - часта пад адным дахам або ў два рады ўздоўж адмераных валок зямлі.(10).

Выбітны беларускі даследчык садова-паркавай спадчыны А.Т. Федарук заўважыў, што узрост клёнавай алеі каля 200 гадоў. Гэта дае падставу меркаваць аб тым, што закладзены румлёўскі парк як садзібны быў пры Ляхніцкім або Румелі - першых гаспадарах Румлёва ў ХІХ стагоддзі.

У ХІХ стагоддзі самым першым вядомым нам гаспадаром гэтых зямель быў памешчык, віцэ-маршалак гродзенскі, вядомы публіцыст і філосаф свайго часу, масон Ігнаці Ляхніцкі ( 1755 - да 1828 гг.). Дарэчы, ўладальнік будынка па адрасу Замкавая-16, які пераданы сучаснымі гарадскімі ўладамі музею рэлігіі. Найбольш падрабязна з гродзенскіх гісторыкаў аб гэтым, дужа актыўным гаспадыры Румлёва згадывае В. Швед: "...вучыўся у Віленскай акадэміі, дзе ў 1772 г. абараніў дысертацыю і атрымаў тытул магістра вольных мастацтваў і доктара філасофіі...., даслужыўся ў войску ВкЛ да палкоўніка, быў маршалкам слонімскага двара ў Міхала Казіміра Агінскага..., у сваіх маёнтках правёў сялянскую рэформу, за што ў 1810 г. атрымаў ад Аляксандра І ордэн Уладзіміра IV ст..., у час касцюшкінскага паўстання дзейнічаў у Гродзенскай парадкавай камісіі, ахвяраваў 1 тысячу злотых, быў віцэ-прэзідэнтам Гродна...,свае погляды на сялянскае пытанне выказаў у брашуры "Біяграфія селяніна, які жыве на берагах Нёмана, вышэй Ласосны" (заўважым для дапытлівых, гэта кніга ёсць у бібліятэцы гродзенскага гістарычнага архіва - курсіў наш), у 1818 г. заснаваў друкарскае таварыства, мэтай якога было размнажэнне кніг на мове арыгінала. У канцы 80-х гг. XVIII ст. Ляхніцкі пакідае вайсковую службу і займаецца гаспадаркай ў сваіх маёнтках." . (37). Спадчына І. Ляхніцкага мела назву "Лахнове". У яе склад і ўваходзіў будучы фальварак "Румлёва". Менавіта ад яго маёмасці часка землі ў 1828 г. перайшла да памешчыка Я.Б. Румеля ( 1785 - 1855 гг.).

Якімі былі румлёўскія землі ў першай палове пазамінулага стагоддзя можна даведацца з такіх архіўных крыніц, як "Інвентары" і "Устаўныя граматы" маёнткаў "Румеліовік" і "Гнойніца". Менавіта з часоў Я. Б. Румеля памешчыцкая садзіба пад назваю "Румлёвка", "Румелиовка" ці "Румелиовек" згадываецца ў архіўных дакументах. З рэвізкай сказкі, складзенай 3 жніўня 1832 г. бачна, што Якаву Румелю, як аднаму са спадкаемцаў І. Ляхніцкага, па эксдзівізарскаму суду былі "пералічаны ў "Румелиовку" 9 душ сялян з зямлёю з в. Солы". Адначасова з вв. Хвасцейкі і Канколь маёнтка Кульбакі, які належаў Станіславу і Караліне Горскім, "пералічана ў маёнтак Румлёўку за Якава Румеля" сялян 10 душ і 8 душ дваравых вольных людзей. (22). Такім чынам, магчыма, з невялікай сядзібы сфарміраваўся паступова аднайменны маёнтак. І па рэвізкай сказке, складзенай ужо ў 1834 г., да маёнтка "Румеліовек" памешчыка Я.Б. Румеля належалі фальварак "Румеліовек", вв. Канколь, Хвасцейкі і частка в. Солы з агульнай колькасццю сялянскіх душ мужчынскага пола - 26 і жаночага пола - 23. (23). Далей, да маёнтка была далучана в. Гнойніца - папярэдняя маёмасць суддзі К. Аўгустоўскага. (34).

Каб наша ўяўленне аб Румлёва тых часоў было больш поўным пагартаем падрабязнае апісанне маёнткаў Румлёўка і Гнойніца за 1845 г. З яго даведаемся, што першы з ніх знаходзіўся ў 3-х вёрстах ад Гродна і складаўся з аднайменнага фальварка з прыпісанаю в. Солы. Да другога маёнтка, што на дзве вярсты далей, была прыпісана аднайменная в. Гнойніца. Агульная плошча зямлі дзвух маёнткаў складала 600 дзесяцін. З іх пад садзібнай зямлёй лічылася 19 дзесяцін, у т.л. пад фальваркамі - 7, пад лесам і хмызняком - 116. За німі лічылася 106 рэвізкіх і 95 наяўных душ прыгонных сялян (25). К 1850 г. лічба сялян істотна зменшылася і складала ўжо 21 і 18 адпаведна мужчын і жанчын; дваравых - 4. (26).

Згодна з апісаннем, у згаданых вышэй гаспадарчых дакументах, землі мясцовасці маёнтка "Румлёўка" лічыліся "принадлежащими по плодородию по среднему разряду". Заўважым, што гэта характэрная ацэнка ўрадлівасці зямлі на Гродзеншчыне. Па цячэнню Нёмана цягнуўся на 500 сажняў сасновы лес, які ў акружнасці займаў 80 дзесяцін. Па сучаснаму вымярэнню гэта складала 87,2 гектара. Месца было добрае, выгаднае, парыбытковае, бо знаходзілася на сплаўной рацэ і на паштовым шляху з Ваўкавыска ў Гродна.

Жыццёвы шлях Я. Б. Румеля даследаваны пакуль не дастаткова, хаця ён і варты ўвагі даследчыкаў. Гістарычная літаратура толькі некалькі разоў узгадвае яго як землеўладальніка, грамадскага дзеяча, аптекара і ўладальніка "Румлёва". (2, 3).

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай на далучаных у 1795 г. землях неаднаразова праводзіліся рэвізкія перапісы і інвентарызацыя маёмасці. Аднак, як бачна са спісу дваран складзенаму ў 1796 г., у Гродзенскім павеце памешчыка з прозвішчам Румель і маёнтка такой назвы не мелася. (20). Упершыню ў "Обывательскую книгу Гродненского уезда» Я.Б. Румель запісаны як землеўладальнік ва ўзросце 43 год, прыкладна ў 1828 г. З яе мы і даведаліся, што ён меў пацвярджэнне шляхецтва ад Гродзенскага дваранскага сходу за 1821 г., а сям'я складалася з жонкі Вікторыі (Стэцкевіч) і чатырох сыноў - Багдана (19 год), Адольфа (17), Уладзіслава (12), Юльяна (8). Усе жылі разам. З маёмасці, акрамя згаданых земляў і душ сялян, Румелі мелі ў Гродна мураваны дом на Падольнай, 5 і аптэку, будынак якой на Савецкай, 7(сучасны магазін "Оптыка") захаваўся дасюль. (21).

Як сведчаць архіўныя матэрыялы, занятак земляробствам не быў для Якава Румеля першай і асноўнай справай жыцця. Ён, мелкапамесны шляхціч, атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Вільне, быў дыпламаваным правізарам. Першую ўласную аптэку адкрыў у Нясвіжы. Там кіраваў ёй да 1814 г., калі згодна дазволу на запыт адкрыць аптэку ў губернскім месцы, накіраваўся туды. Аднак, калі з боку гарадскіх уладаў перашкод не існавала, гродзенскія тагачасныя правізары Ф. Шэдэ і І. Прэйс угледзілі ў асобе Я. Румеля свайго канкурэнта. Давялося Румелю сутыкнуцца са скаргамі ад гэтых "дабразычліўцаў". І не куды-небудзь, а ў Міністэрства ўнутраных спраў. Спачатку, каб пазбегнуць канфлікта Я. Румелю было прапанавана адкрыць аптэку ў Лідзе або ў якім-небудзь іншым павятовым горадзе губерні. Праўда, для гэтага не знайшлось патрэбных будынкаў. Тады ўладам нічога не засталося, як даць дазвол на адкрыццё аптэкі ў Гродна. У будынку на Саборнай вуліцы ў 1815 г. будучы ўладар Румлёва адкрыў сваю аптэку, трэцюю па ліку ў горадзе. Як паказаў бліжэйшы час, улады не памыліліся ў сваім рашэнні. За першыя дзесяць гадоў працы ў Гродна Румель паказаў сабе спрактыкаваным правізарам, уважліва сачыўшым за навінамі навукі. Штогадовыя праверкі мясцовай ўрачэбнай ўправы заўсёды паказывалі на тое, што аптэка знаходзілася ў належным для такіх устаноў стане і лекі рыхтаваліся ў ёй "найлепшым чынам". А сам правізар набыў высокую рэпутацыю: "яко усердствующий к пользе страждующего человечества" (28). Не дзіва, што ў 1828 г. дваранскае саслоўе выбірае яго сябрам "особого комитета для приведения в известность городских доходов, упорядочения их". (29). З 1828 па 1850 гг. у Румлёва быў зноў гаспадарлівы, прыкметны і паважаны ў горадзе ўладар.

Пры аптэцы Якаў Румель усталяваў добра абсталяваную лабараторыю. Такі крок дазволіў яму не толькі якасна рабіць лекі, але і праводзіць фізічныя і хімічныя даследванні. З гэтага неаднаразова карысталася ўрачэбная ўправа. У 1817 г. Румелю было даручана ажыцявіць хімічную экспертызу дзвух проб віна, якасць якіх выклікала сумненне ў паліцыі. (30). Неаднаразова выконваў ён і судова-медыцынскія даследванні, дарэчы заўсёды задарма. Займаўся Якаў Румель і дабрачыннасцю - з 1 мая 1823 г. адпускаў з аптэкі бальніцы прыказу грамадскага ачольвання складаныя лекі на 15%, больш простыя - на 20% ніжэй за агульны кошт.

У 1824 г. урачэбная ўправа хадатайнічала перад губернатарам М.Ф. Бутаўт-Анджэйковічам аб узнагародзе для правізара Румеля, бо той " часта выкарыстоўваўся начальствам для розных хімічных іспытаў, а асабліва для іспытаў салёных мінеральных вод Друскенік, дэманстраваў шырокія, грунтоўныя хімічныя веды". (31). Нажаль, ён так і апублікаваў сваіх вынікаў хімічнага складу Друскенікскіх мініральных вод. Слава першапачынальніка ў гэтай справе дасталася не румлёўскаму памешчыку, а віленскаму прафесару І. Фонбергу. Але, трэба аддаць належнае апошняму, той згадаў свайго папярэдніка ў сваёй публікацыі. Імя Румеля не страцілася. (12).

Занятак фармацэўтыкай дазволіла Якаву Румелю істотна палепшыць матэрыяльны стан сям'і. На той час аптэкарская справа была прыбытковай, бо ў аптэцы прадаваліся не толькі лекі, але і парфюмерныя, кандытарскія тавары. Ён таксама валодаў зямлёй на беразе правым Нёмана каля горада, якую гарадскія ўлады арэндавалі ў яго пад будынак крамы і каравула. (33).

Адначасова з аптэкарскай справай Якаў Румель вёў сельскую гаспадарку. Даспець усюль не было магчымасці і з цягам часу ён вымушаны быў адмовіца ад утрымання аптэкі. Тая перайшла да Л. Дзічкоўскага, але ў Румлёва гаспадар працягваў вырошчванне лекаваў траў. Негледзячы на перамены ў жыцці, Якаў Румель заставаўся выдатным правізарам.

Пасля смерці жонкі ( 1850 г.) у Якава Румеля ўсё ў жыцці зменяецца. Ён прадае маёнткі і з'язджае ў Пінск. Там і памірае ад рака ва ўзросце 70 годоў. (19). Пра будучыню яго сыноў пакуль нічога не вядома.

А маёнткі ад Румеля пераходзяць да Канстанціна Іванавіча Відацкага. Гэты шляхціч на той час разам з памешчыкамі Юзэфай Ляхніцкай і Уладзіславам Сарасекам быў саўладальнікам в. Солы. Новы гаспадар нашага Румлёва застаўся ў гродзенскай гісторыі ўжо тым, што быў у шлюбе з Францыскай Вікенц'еўнай Паўлоўскай (1814-1878), маці знакамітай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. (16).

Будучая пісьменніца бавіць час ў Румлёўскай садзібе ў 1857 г., пасля вяртання з Варшавы. (13). І яшчэ неаднаразова будзе наведваць маці тут... Факт прысутнасці ў Румлёва Э. Ажэшкі выклікае шмат пытанняў. Якія ўражанні мелі на пісьменніцу краявіды Румлёва? Ці адбілася гэта на яе творчасці? Адно - бесспрэчна: праз дытыкненне да Румлёва пані Элізы парк стаў яшчэ і часцінкай гісторыі польскай літаратуры.

Застаўшыся ўдавой Ф. Відацкая не доўга кіравала гаспадаркаю Румлёва. У час з 1878 па 1882 гг. у фальварка з'яўляецца новы гаспадар - генерал у адстаўцы, памешчык Сакольскага павету, неаднаразовы сябра Гродзенскага камітэта грамадскай апекі пры турмах, удзельнік з'езду міравых суддзяў у 1890 г. Аляксандр Карлавіч Васількоўскі.

Адначасова, з 1877 г. цікавасць да румлёўскіх земляў выказала камандаванне 26-й пяхотнай дывізіі. Летнія лагеры расійскіх войск былі побач з землямі маёнтка. Спачатку сам А. К. Васількоўскі, а потым, з ягоная жонка Аляксандра Аляксандраўна актыўна прадавалі румлёўскія землі і лес. Сам генерал прадаў ваенным ўладам землю за 27000 рублёў. (14). Так тэрыторыя Румлёва стала месцам дыслакацыі вайскоўцаў. У 1896 годзе, сярод тых, хто набыў нейкую зямлю румлёўскага маёнтка ў Васількоўскіх, згадываецца нейкая мяшчанка Тэрэзія Абухоўская, уладальніца дзесяціны пашы. ( ф.2 воп.31. адз.зах. 1289. арк. 39-39 адв.)

Што да Гнойніцы, то гэты маёнтак трапіў у спадчыну да Э. Ажэшкі. На 1888 г. ён складаў 248 дзесяцін 600 сажняў добрай зямлі, 33 дзесяцін леса, 19 дзесяцін 1800 сажняў хмызняка, што разам складала 301 дзесяціну зямлі. ( ф. 77 воп. 2, адз. Зах. 5 арк. 15 адв.) Але даход з такой гаспадаркі пісьменніца мела невялікі і ў 1906 г. ахвяравала яе на дабрачыннасць. (17).

Распродаж румлёўскіх зямель, пераход іх да ваеннага ведамства меў для садзьбы і парка фатальныя наступствы. Пад ваеннымі ўладамі землі Румлёва знаходзіліся і за царом, і "за палякамі", і "за саветамі". Дзесьці на прыканцы ХІХ стагоддзя ў парку будуецца мураваная ваданапорная вежа - адзіны сучасны сімвалічны напамін аб актыўным тагачасным жыцці.

Існуе яшчэ адна старонка румлёўскай гісторыі рубяжу ХІХ-ХХ стст. - рэвалюцыйная. Справа ў тым, што ваколіцы Гродна і, асабліва, левы бераг Нёмана, прыцягвалі ўвагу жыхароў горада сваімі краявідамі і былі зонай адпачынку. Сярод іншых бываў тут і ўрач Гродзенскага ваеннага шпіталя С.Ф. Галюн. Вядома, што ў 1893-94 гг. гэты доктар кіраваў нелегальным марксістскім гуртком. З мэтаю палітычнай прапаганды Галюн прывабліваў да сябе простых людзей не толькі бесплатным лячэннем. Як сведчаць паліцэйскія дакументы, ён пад выглядам прагулак абыходзіў навакольныя вёскі і гутарыў з сялянамі. Гаворка ішла пра нестачы і крыўду жыцця: малыя зямельныя надзелы, нензу і цяжкія ўмовы працы… Асаблівую ўвагу Галюна, і пэўна, невыпадкова, выклікала вёска Солы. Пры арышце рэвалюцыянера ў 1894 г. паліцыя знайшла запісную кніжку, са зместу якой, у прыватнасці, высветлілася, што ў 1892 г. ім было зроблена кароткае санітарна-статыстычнае апісанне Солаў, дзе згадываліся дадзеныя аб неспрыяльных умовах працы і побыце насельніцтва. Нельга выключаць, што адпаведнай рэвалюцыйнай прапагандай Галюн спрабаваў ахапіць і салдат ваеннага лагера ў Румлёва. (1973) Рэльеф румлёўскай мясцовасці, як і ўсяго левага берага Нёмана, спрыяў таемнай дзейнасці рознага кшталту рэвалюцыянераў. Таму маёўкі і іншыя зборышча незадаволеных тагачаснай рэчаіснасццю былі нярэдкай з'яваю ў тамтэйшых ярах. Адна з такіх рабочых сходак адбылася 16 жніўня 1903 г. у лесе Хлявінскага, але была раскрыта і разагнана гродзенскай паліцыяй.

У гады першай сусветнай вайны ( 1914-1915 гг.), калі Гродна быў адной з моцных крэпасцяў заходняй лініі абароны Расійскай імперыі, у Румлёва знаходзіліся артылерыйская батарэя рускіх. Гродна быў пакінуты расійскімі ўладамі і войскамі 21 (3) жніўня 1915 г. у выніку жорсткіх абарончых баёў. Абодва берагі Нёмана на той час сталі полем бою. Аб гэтым моманце румлёўскай гісторыіі згадвае ў сваіх "Каранях" Аляксей Карпюк.

У часы Другой Рэчы Паспалітай землі Румлёва адносіліся да польскага ваеннага ведамства, а часткова былі ва ўладанні мясцовых сялян і асаднікаў. У 1929 г. адбыўся чарговы этап пераходы часткі тэрыторыі - в. Салы - да вайскоўцаў Войска Польскага. Ён закрануў інтарэсы мясцовых сялян. Рафал Каленік, Андрэй Крыштопік, Францышак Каленік, Станіслаў Каленік, Андрэй Крыштопік, Ян Максімчык пісалі скаргі на гэты конт, чым трапілі ў "пісьмовую гісторыю" румлёўскіх ваколіц.

На міжваенны перыяд гісторыі Румлёва прыпадае шэраг палеанталагічных акрыццяў на яго тэрыторыі. У 1938 г. у ходзе шашы цераз тэрыторыю ваеннага лагера была знойдзена вялікая колькасць рэшткаў старажытных раслін і жывёл. Будаўнікі звярнулі на знаходкі ўвагу гродзенскіх уладаў. У Дзяржаўных архіве Гродзенскай вобласці захавалася справаздача аб гэтых знаходках тагачаснага дырактара музея прыроды Станіслава Жыўны. Той, хаця і быў натуралістам-аматарам, дасканала даследваў і дакуменціраваў знаходкі. Яго выснова была: рэшткі, знойдзеныя ў Румлёва, датуюцца часам чацвярцічнага перыяду. А гэты перыяд, як вядома, мае працягласць ад 700 тысяч да 3,5 мл. год. На думку Жыўны, у гэтай мясцовасці некалі было возера або рака ледавіковага паходжання. Трупы змерзлых жывёл заносіліся сюды вадою і заставаліся ў донных адкладах. Дзякуючы гэтаму асабліва добра захаваліся косткі жывёл. Як выцякае са справаздачы, частка рэшткаў жывёл належала маманту і валасатаму насарогу. Каб яны не рассыпаліся, Жыўна іх сваечасова закансервіраваў хімічнымі рэчывамі. Пасля гэтага яны апынуліся ў музейнай экспазіцыі.(35) Новыя экспанаты, знойдзеныя ў Румлёва, выклікалі цікавасць як у шэрагавых наведальнікаў музею, так і ў навукоўцаў. Дырэктар дзяржаўнага інстытута геалогіі Польшчы прафесар К. Багдановіч даручыў навуковаму спрацоўніку Л. Савіцкаму звярнуць увагу на "Румлёўку". Але з'яўленне экспедыцыі Савіцкага ў месцы раскопак, на погляд Жыўны, адбіваўся адмоўным чынам, бо падчас раскопак не вытрымліваліся ніякія спробы кансервацыі знойдзенага. Больш таго, інстытут лічыў, што правінцыйны, павятовы музей незаконна ўзяў удзел у раскопках патрабаваў перадачы знаходак у Варшаву. С. Жыўна знайшоў аргументы супрацьстаяць гэтым патрабаванням. На дапамогу яму прыйшлі ўлады і грамадскасць горада. Як вынік - знойдзеныя палеанталагічныя знаходкі і дасюль можна ўбачыць у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. Гэта - сцегнавая косць, часка сківіцы і зуб маманта, якія былі знойдзены ля вёсцы Солы. (4)

Пачатак другой сусветнай вайны супаў з кароткім часам "першых саветаў" - 1939-1941 гг. І зноў Румлёва ў гаспадарцы ваенных, цяпер -Чырвонай арміі. Зноў яго яры і ўзбярэжжы бачаць сотні вайскоўцаў, іх каней, машыны. У ім будуюцца палявыя абарончыя ўмацаванні, бліндажы, сховішчы, адбываюцца вучэнні, гучыць вучэбная стрэляніна.

У Румлёўскім лагеры, побач з Соламі дыслацыруюцца часці 85-й Чалябінскай стрэлковай дывізіі. 24-25 чэрвеня гэты раён горада стаў месцам драматычных падзей няўдалага контрнаступлення часцей 3-й арміі ў гродзенскім напрамку. Тут рэба звярнуцца да ўспамінаў саміх сведкаў і ўдзельнікаў тых падзей. У. Цюрын са 142 асобнага стрэлковга батал'ёна ўспамінае: "24 чэрвеня рушылі ў раён в. Сола. А насустрач ішлі танкі, была цяжкая артылерыя. Пачаўся бой. Ніякай дапамогі быць не магло! Загінула шмат людзей. Сталі адступаць На перправе натоўп людзей, шмат машын, коней. Месца адкрытае і зноў з таго берага пасыпаліся снарады. Ьбыло жудаснае выдовішча: бегчы не была куды, гінулі на месца. Давіліся тэхнікай, сваёй жа. З-за хмызняку два нашы танкі ва ўпор стэлілі па самалётах праціўніка. Два збілі....Колькі загінула тады воінаў? Усе лічацца загінуўшымі без вестак. Мясцовыя жыхары закапывалі ў траншэях". (12) Яго допаўняе А. Аляксандраў: " У ноч на 24 чэрвеня дывізія атрымала загад камандарма перайці ў контрнаступленне і ўзяць Гродна... Над калонамі часцей дзівізіі амаль бесперапынна віселі фашысцкія штурмавікі і бамбардзіроўшчыкі . Так цягам дзевяці з паловаю гадзін. Ранніцай 25 чэрвеня палкі дывізіі рушылі ў наступленне на Гродна... У выніку актыўных наступальных дзеянняў... 25 чэрвеня было адбіта некалькі атак праціўніка, а ўвечар немца былі выбіты са старых рэдутаў і в. Гнойніца (цяпер Вішнявец). Вечарам жа таго ж дня ў давізію паступіў загад аб адыходзе. Рэшткі абяскроўленых часцей (страты да 70%) адышлі... На полі боя 103 стралковага палка толькі пасля контранаступальных баёў мясцовае насельніцтва пахавала больш тысячы чалавек. Не менш салдат і афіцэраў, як казалі жыхары, пахавалі ў тых жа мясцінах і фашысты." ( 3). І ў дадатак згадаем радкі вядомай гродзенскай даследчыцы тых падзей І.Я. Макеявай: "У раёне Солы, Гнойніца ўсё было ўсеяна трупамі, загінуўшымі пад гусеніцамі танкаў. Параненых дабівалі сапёрнымі лапаткамі. Гэтак загінула 85 стралковая дывізія ў ваколіцах Гродна. Закапывалі гуртом, бо трупы хутка гнілі. У цяперашні час пасёлак Вішнявец пабудаваны на костках 85-й стралковай дывізіі". (13)

Далей, у Румлёва ўсталяваліся "новыя гаспадары" - фашысты. Як выцякае з успамінаў Л.Р. Егаркавай (Абрамейка) 1935 г.н. "унізе на паляне перад лесам, над якім цяпер праходзіць Новы мост... был лагер. Параненых чырвонаармейцаў, афіцэраў з перабінтаванымі галовамі немцы гналі ў Румлёва, у лагер, дзе ваеннапалоныя сядзелі за калючым дротам." (12)

Ці адбываліся ў гэты змрочны ваенны ў глухіх румлёўскіх роваў час масавыя, сталінскія або фашысцкія, растрэлы - невядома. Мясцовыя жыхары тое-сёе згадываюць, але ясных доказаў пакуль няма. Далейшы пошук можа праліць святло на гэтую старонку румлёўскай гісторыі...

Паваенны час гісторыя Румлёва звязана з дзейнасццю дзіцячага лагеру адпачынку, Лагер належаў ваеннаму ведамству і функыянаваў да пачатку 90-х гг. ХХ ст. І зноў краявіды Румлёва перажывалі прыстасаванні, цяпер ужо пад патрэбы гэтай дзяцячай установы. Сядзібны дом быў разбураны, функцыянальныя будынкі лагера ў цэнтральнай частцы і стадыён змянілі садова-паркавы ансамбль. Толькі ваданапорная вежа працягвала выкарыстоўвацца па свайму прызначэнню. Парк канчаткова страчваў рысы помніка ландшафтнай архітэктуры, усё болей нагадваў лесапарк.

Адначасова Румлёва працягвае здзіўляць навуковую грамадскасць знаходкамі ў ім. У 1958-1975 гг. на месца ўсходняй ўскраіны в. Салы на баку леваўзбярэжнай тэрасы р. Нёман археолагамі Ф. Гурэвіч, М. Чарняўскім і Я. Звяруга ўдалася знайсці старажытныя паселішча, пры вывучэнні якіх былі здабыты крэмнёвыя прылады працы і часткі керамікі І-га тыс. да нашай эры і нават ранейшага часу. (11 ). У 1982 г. на тэрыторыіі былога фальварка Ф. Велічкевіч знайшоў і апісаў адклады плейстацэнавай флоры ледавіковага перыяду. Яны маглі трапіць сюды толькі з тундры падчас руху ільдоў. (1).

Калі з канца ХІХ стагоддзя лёс Румлёва вызначаўся ўчынкамі вайсковых уладаў, то з 70-х гг. ХХ ст. лесапарк актыўна пачынае акружацца жылёвай забудовай. Горад актыўна пашыраецца за кошт абшараў занеманскай сваёй часткі. Паказальны выпадак, які прымушае ацаніць зробленае ў апошнюю трэцю мінулага стагоддзя: аднойчы, у 2003 г. у Румлёва здымалі для праграмы "Неруш" відэанарыс аб яго сучасным стане і, знарок, апытвалі выпадковых прахожых. "Што для вас Румлёва?" - " Няма ўжо Румлёва!" - мімаходзь пачулі катэгарычны адказ ад аднаго з жыхароў Салоў аўтары фільма. І сапраўды, будаўніцтва новага маста праз Нёман ( між іншым не адзінага ў самім Румлёва і кожнага са сваёю гісторыяй, якія яшчэ чакаюць свайго даследчыка - курсіў наш), аб'езднай шашы і шматпавярховак істотна змянялі аблічча Румлёва, па жывому вынішчалі яго краявіды.

Новым перыядам у гісторыі Румлёва, без сумнення, можна лічваць стварэнне і існаванне ў яго межах школы-гімназіі №30, цяпер гімназіі №1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага. Плёнам дзейнасці на працягу пятнадцаці гадоў пад кіраўніцтвам Т.М. Солтан, В.А. Бахарава, Л.В. Чарняк, Т.Г. Якаўлевай, В.С. Шаровай, В.С. Гуменнага стала даследванне, якое працягваецца і надалей, флоры і фауны лесапарку. Як адзін з вынікаў такой дзейнасці - наданне лесапарку ў 1993 г. статуса помніка прыроды мясцовага прызначэння. У 1998 г. у газеце "Пагоня" з'явілася першая публікацыя пра гісторыю гэтага месца горада.

Даследванне прыроды і гісторыі лесапарку дало падставу для правядзення навукова-практычнай рэспубліканскай канферэнцыі па экалагічнай адукацыі і выхаванню "Комплексная праграма непарыўнай экалагічнай адукацыі і выхавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту", (1998г.), міжнароднай канферэнцыі "Садова-паркавае мастацтва Гродзеншчыны: прырода і людзі, гісторыя і сучаснасць"(2000г.), першага рэгіянальнага навукова-практычнага форума па праблемах рэгіянальнай гісторыі і краязнаўству "Румлёўскія чытанні" (2005г.). Прыроднае і гістарычнае багацце - цудоўная скарбонка даследчых тэм, якія штогод выконваюцца вучнямі гімназіі.

На сёнешні час, пачатак ХХІ стагоддзя, Румлёўскі лесапарк знаходзіцца ў гаспадарцы вытворчага аб'яднання ЖКГ Гродзенскага гарвыканкама. На гэтай арганізацыі ляжыць абавязак захавання парадку і ўтульнасці ў лесапарку. З г. у парку ёсць уласны дазорца , неабыякавы, любячы лес гаспадар. З г. аб адметнай ролі Румлёва, як помніка прыроды ў межах горада пачала сведчыць памятная шыльда.

Гістарычная мінуўшчына Румлёва - надзвычай добрая магчымасць для разнабаковай краязнаўчай дзейнасці. Як кожная частка горада, частка Румлёва - перакрыжаванне лёсаў, прытулак нягучных, але значных для канкрэтных людзей, падзей. Кожны сапраўдны настаўнік гісторыі - краязнаўца. Бо толькі на мясцовым, даступным вучням матэрыяле можна даць адчуць ім густ першакрыніцы, пачуццё гістарычных таямніц і спазнаць асалоду сапраўднага пошуку і аднаўлення фактаў мінуўшчыны, да цябе назаўсёды забытых.


1. Архіў аддзела ЗАДС Гродзенскага аблвыканкама. - адз.зах. 25. арк. 3.

2. Величкевич Ф.Ю. в кн: Плейстоценовые флоры ледниковых областей Восточно-Европейской равнины. - Мн., 1982. - С. 83084.

3. В июне 1941 г. ( Воспоминания участников первых боёв на Гроднинщине)/ Неделько В.А.. Гаврилин Д.А., Карачун Р.И. и др. - Гродно, 1997. - 287 с.

4. Гардзееў Ю. З гісторыі помнікаў францышканскай парафіі г. Гродна// Краязнаўчыя запіскі. - Гродна, 1997. - вып. 4. - С.67.

5. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. - ф. Р-110., воп.1., адз.зах. 14., арк. 9, 19-19адв.

6. Игнатович Ф.И. Имение «Румлёвка» и его владелец провизор Я.Б. Румель /Садова-паркавае мастацтва Гродзеншчыны: гісторыя і сучаснасць. - Гродна, 2001. - С. 54-58.

7. Игнатович Ф. …По следам мамонта и носорога // Вечерний Гродно. - 2001. - 4-10 января. - С.4.

8. Игнатович Ф.И. Революционная деятельность медицинских работников Гродненской губернии.//Советское здравоохранение. - 1973. - №6. - С.72-73.

9. Карнялюк В. Каму патрэбны Румлёўскі парк?/ Пагоня. - 1999. - 30 сакавіка. - С. 1.

10. Карнялюк В. Румлёўскі парк// Пагоня. - 1998. - 16 красавіка. - С.7.

11. Карнялюк В. Румлёўскі парк за некалькі стагоддзяў. /у кнізе «Экологические экскурсии по лесопарку Румлёво»/ В.А. Бахарев, В.С. Гуменный. Т.Н. Солтан и др. - Гродно, 2002. - С. 18-21.

12. Макеева И.Е. Отцы и дети из 41-го: Страницы истории/ автор-составитель И.Е. Макеева. 2-е изд , доп. - Гродно, 2004. - 360 с.

13. Макеева И.Е. Эхо июня 41-го: страницы истории/ автор-составитель И.Е. Макеева. - Гродно, 2005. - 264 с.

14. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі у г. Гродна ( НІАБ г. Гродна) . - ф. 1., воп. 34., адз.зах. 231., арк. 105.

15. НІАБ г. Гродна. - ф.1., воп. 5., адз.зах.236., арк.6.

16. НІАБ г. Гродна. - ф.1., воп. 10., адз.зах. 1612., арк. 3; воп. 11., адз.зах. 103., арк.1.

17. НІАБ г. Гродна. - ф.1., воп. 92., адз.зах. 1059., арк. 68-70.

18. НІАБ г. Гродна. - ф.1., воп.2., адз.зах.1351., арк. 79,239,398 адв.,456адв., 465 адв.

19. НІАБ г. Гродна. - ф.1., воп.32., адз.зах.2., арк.38-47.

20. НІАБ г. Гродна. - ф.2., воп.31., адз.зах. 1289., арк. 39-39 адв.

21. НІАБ г. Гродна. - ф.9., воп.7., адз.зах. 86., арк. 798-799.

22. НІАБ г. Гродна. - ф.24., воп. 7., адз.зах. 69., арк. 82-86.

23. НІАБ г. Гродна. - ф.24., воп. 7., адз.зах.38., арк. 14.

24. НІАБ г. Гродна. - ф.24., воп. 7., адз.зах. 38., арк. 31адв., 36 адв.,54адв.

25. НІАБ г. Гродна. - ф.24., воп. 7., адз.зах. 52., арк. 205-206.

26. .НІАБ г. Гродна. - ф 77., воп.2., адз. зах. 5., арк. 15адв

27. НІАБ г. Гродна. - ф. 92., воп.1., адз.зах. 254.

28. НІАБ г. Гродна. - ф. 92., воп. 1., адз.зах. 258., арк. 4адв., 5.

29. НІАБ г. Гродна. - ф. 96., воп. 1., адз.зах.37., арк. 2-3.

30. Памятная книжка Гродненской губернии на 1881 г. - Гродно, 1880. - С. 18, 174.

31. Памятная книжка Гродненской губернии на 1882 г. - Гродно, 1881. - С. 18, 176.

32. Парк «Румлёво»/ Гродно: Энцыклопедический справочник. - Минск: БелСЭ, 1989. - С. 310-311.

33. Памяць Гіст.-дакумент. хроніка горада Гродна. - Мінск: БелЭН, 1999. - С. 193-194,195.

34. Солтан Т.Н. Экологическое образование и воспитание в системе летнего труда и отдыха детей и подростков/Экопедагогика: состояние, проблемы, перспективы: Материалы международной конференции. - Мн., 1995. - С. 153-154.; Березович И. Лесопарк «Румлёво» в заботливых руках// Аркуш. - 1998. - 21 мая. - С.2.

35. Солтан Т.Н. Янтарные слёзы румлёвской сосны// Вечерний Гродно. - 2000. - 12 июля. - С.1.

36. Солы / Гродно: Энцыклопедический справочник. - Минск: БелСЭ, 1989. - С.363.

37. Швед В.В. Губернский Гродна: Аповяды з гісторыі горада ( канец XVIII - пач. ХХ ст.)/ - В. Швед. - Баранавічы: Баран. узб. друкарня, 2003. - С. 34-35.

38. Fonberg I. Opisanie wody mineralnej Druskienickiej// Wizer i Rostr. Nauk. Wilen. - 1835. - T.XI. - S.1-60.

39. Jodkowski J. Pamiatki po Elizie Orzeszkowej w Grodnie// Elizie Orzeszkowej w Holdzie. - Grodno, 1929. - S.44.

40. Orzeszkowa E. Listy zebrane. - Wroclaw etc., 1954. - T.1. - S.12.

41. Ibid. - S.293.

42. Ibid. - 1955. - T2. - S.419.

43.Slownik Geograficzny Krolewstwa Polskiego… - Warszawa, 1887. - T.VIII. - S.10.

В.Р. Карнялюк
Ф.І. Ігнатовіч

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX