Вярнуцца: Краўцэвіч А.К.

Комплекс зброі і рыштунку XIII стагоддзя з-пад Гродна


Аўтар: Краўцэвіч Алесь,
Дадана: 10-09-2012,
Крыніца: Краўцэвіч А. Комплекс зброі і рыштунку XIII стагоддзя з-пад Гродна. З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1992. C. 40-46.



Унікальнаму комплексу ўзбраення беларускага рыцара XIII ст. не шанцуе з публікацыяй, хоць свет пабачылі ўжо два артыкулы, якімі аўтар спрабаваў увесці знаходку ў навуковы ўжытак (1). На Беларусі зараз няма навуковага гісторыка-археалагічнага часопіса (Весці АН Беларусі даступныя толькі супрацоўнікам акадэміі), таму давялося мець справу з навукова-папулярнымі. У рэдакцыях «Спадчыны» i «Мастацтва Беларусі» матэрыял апрацоўвалі i правілі на свой лад. У выніку ў першым артыкуле выдалілі ўвесь навуковы апарат, у тым ліку тыпалогію, вагу, замалёўкі рэчаў, у другім перайначылі назву артыкула, пераблыталі подпіс пад фотаздымкам, назваўшы шпільку дроцікам, i зноў жа выкінулі прамалёўку знаходак. Спадзяемся, што трэцяя спроба будзе больш удалай.

У красавіку 1988 г. вучні СШ № 24 г. Гродна перадалі ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей набор узбраення i рыштунку сярэдневяковага вершніка. У комплекс уваходзяць меч, баявая сякера, наканечнік дзіды, наканечнік дроціка, шлем, фрагмент кальчугі, шпілька, тры шпоры, цуглі, стрэмя (пазней падчас абследвання месца знаходкі шпілі яшчэ спражку) (мал. 1).

Захаванасць рэчаў добрая. Яны пакрыты тонкім слоем карозіі, які лёгка счышчаецца. Найбольш пацярпела ад часу вастрыё мяча i краі шлема, дзе карозія больш моцная. Шпоры маюць мацавальныя кручкі i спражкі. Меч разламаны на тры часткі (магчыма, калі яго здабывалі з зямлі). Шлем паламаны на дзве палавіны, дэфармаваны, кальчуга згорнутая (магчыма. ляжала ў шлеме). Наканечнікі дзіды i дроціка пагнутыя, на ix маецца чырванаваты налёт, як быццам яны пабывалі ў агні.

Месца знаходкі - левы бераг Нёмана на адлегласці прыблізна 1,5 км ніжэй па цячэнні ад Старога замка. Найбліжэйшы арыенцір - піянерскі лагер «Лясная казка», размешчаны на процілеглым беразе. Рэчы выяўлены насупраць лагера, дакладней, амаль насупраць летняй канцэртнай пляцоўкі, прыблізна праз 20 м ад яе ніжэй па цячэнні. У гэтым месцы абодва берагі лясістыя, правы бераг адхонны, пакаты, левы - круты i абрывісты. Комплекс знаходзіўся ў вялікай грудзе зямлі, якая адарвалася ад берага i спаўзла амаль да ўрэзу вады. Паводле расказа школьнікаў, усе рэчы знойдзены ў адным месцы ў коле дыяметрам каля 1 м. Падчас агляду месца знаходкі на адлегласці 2 м ад умоўнага кола знойдзена спражка. Быў зачышчаны абрыў - жоўты мацерыковы пясок. На ўскрайку абрыву насупраць абваленай зямлі закладзены шурф памерам 2х1 м. У ім на глыбіні 0,3 м знойдзены невялічкі фрагмент скуранага рэменя, які, магчыма, не мае дачынення да комплексу.

Рэчы апрацаваны адпаведна з класіфікацыямі A. М. Кірпічнікава [2] (мал. 2).

Меч (мал. 3, 14) адносіцца да тыпу II - з трохчасткавым навершам тронак i выгнутым перакрыжаваннем. Бліжэйшыя аналагі датуюцца XII-XIII ст. Пасля расчысткі паверхні ляза на ім выяўлены насечкі i знакі, у тым ліку крыж, створаны з чатырох мальтыйскіх крыжыкаў. Знакі выкананы насечкай (вага мяча 785 г.; усе рэчы ўзважаныя пасля рэстаўрацыі).

Дзіда (мал 3,8) - тып III Б - вузкалёзавы наканечнік, датуецца XII-XIII ст. (вага 150 г).

Дроцік (мал. 3, 9) дакладна ў рамкі тыпалогіі не трапляе, па форме ляза падобны да суліцаў тыпу V XII-XIII ст. з утулкай, але наш наканечнік чаранковы (вага 116 г).

Сякера (мал. 3,6) з выемкай i апушчаным лязом належыць да тыпу IV A XII- XIII ст. (вага 500 г).

Кальчуга (мал. 3,7, барміца?) з плоскіх кольцаў, датуецца XIII ст. (вага 280 г.).

Шлем (мал. 3, 10, 11) тыпу II A падобны па форме да добра датаванай находкі з Кіева - першая палова XIII ст.; знойдзены ў тайніку Дзесяціннай царквы (вага нашага шлема 550 г).

Цуглі (мал. 3, 5) - тып IV, датуюцца XII-XIII ст. (вага 176 г).

Стрэмя (мал. 3, 4) - тып VIII; прамая, рамбавідная ў плане падножка злучае арку на тры сантыметры вышэй канцоў, датуецца другой паловай XII-XIII ст. (вага 163 г).

Шпоры з зорачкамі (мал. 3, 1-3), у дзвюх парных 6 i 8 промняў, у трэцяй - 8, датуюцца 20-30-мі гг.- канцом XIII ст. (вага 41, 41 i 65 г).

Шпілька з кольцавай галоўкай (мал. 3, 12) мае аналагі ў першую чаргу ў гарадах Беларускага Панямоння: у Ваўкавыску (XI-XIII ст.) [3] i Навагрудку (XII-XIII ст.) [4]. Вага 51 г.

Спражка (мал. 3, 13) мае індывідуальную форму (вага 22,5 г).

Такім чынам, вывучэнне рэчаў паасобку паказвае ix адначасовае існаванне. Спалучэнне менавіта гэтых рэчаў i супадзенне ix храналогіі дазваляе сцвярджаць, што перад намі, несумненна, комплекс узбраення i рыштунку вершніка i каня. Датаваць яго можна 20-мі гг. XIII ст. (ніжняя мяжа бытавання шпораў) - канцом XIII ст. Цалкам магчыма, што азначаным комплексам валодаў адзін чалавек, ён быў прафесійным воінам i належаў да класа феадалаў.

Ёсць падставы меркаваць, што знойдзеныя рэчы зроблены ўсходнеславянскімі майстрамі. Аб гэтым сведчыць форма некаторых знаходак, якія выраблены ў традыцыях усходнеславянскіх рамеснікаў таго часу.

Застаецца невядомым, як комплекс апынуўся на беразе Нёмана. Можна выказваць шмат здагадак аднолькавай ступені верагоднасці. Напрыклад, пахаванне, смерць падчас пераправы i іншыя такія ж не падлеглыя праверцы версіі.

Падчас раскопак ні Старым замку ў Гродна ў 1986-1988 гг. у слаі XIII ст. знойдзены наканечнік дзіды. Ён памерамі, усімі дэталямі формы дакладна паўтарае наканечнік з комплексу. Магчыма, знойдзенае школьнікамі ўзбраенне належала вою з гарадзенскага замка

СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1. Крауцэвіч А. Унікальная знаходка беларускай зброі // Српадчына. 1990. № 3. С. 49. ; Ён жа. Продак стаяў насмерць // Мастацтва Беларусі. 1991. № 6. С. 60-62.

2. Кирпичников A. Н. Древнерусское оружие. Вып. I Мечи и сабли IX-XIII вв. М.: Л., 1966; Он же. Древнерусское оружие. Вып. 2. Копья, сулицы, боевые топоры, булавы, кистени IX-XIII вв. М ; Л., 1966; Он же. Древнерусское оружие. Выл. 3. Доспех. комплекс боевых средств IX-XIII вв. Л., 1973; Он же. Снаряжение всадника и верхового коня на Руси IX-XIII вв. Л., 1973.

3. Зверуго Я. Г. Древний Волковыск. Мн.. 1975. С 36-37.

4. Гуревич Ф. Д. Древний Новогрудок. Л . 1981. С. 140.



(55KB) Мал 1. Комплекс рэчаў да рэстаўрацыі.(49KB) Мал. 2. Рэчы пасля рэстаўрацыі.(57KB) Мал. 3. Прамалёўкі знаходак: 1-3 - шпоры; 4 - стрэмя; 5 - цуглі; 6 - сякера; 7 - фрагмент кальчугі (барміца?); 8 - дзіда; 9 - дроцік; 10- 11 - шлем; 12 - шпідька; 13 - спражка; 14 - меч.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX