Вярнуцца: Краўцэвіч А.К.

Апошні прытулак апошняга караля Рэчы Паспалітай


Аўтар: Краўцэвіч Алесь,
Дадана: 29-10-2013,
Крыніца: Краўцэвіч Алесь. Апошні прытулак апошняга караля Рэчы Паспалітай // Спадчына №6-1994. С. 88-91.



Увосень 1987 г. гарадзенцы гісторык Міхась Ткачоў, фізык Алесь Мілінкевіч з сынам-школьнікам i мастак-рэстаўратар Уладзімер Кіслы прыехалі ў вёску Воўчын у Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці, каб агледзець месца пахаваньня апошняга нашага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764-1795 гг.). У занядбаным воўчынскім касьцёле з абваленым дахам яны знайшлі рэшткі труны й кавалкі тканіны зь яе абіўкі, Шытыя залатымі ніткамі па тканіне каралеўскія арлы мелі на грудзёх яшчэ выяву «цялка» - родавага знака Панятоўскіх.

Вестка пра знаходку дасягнула Польшчы, была падхопленая там сродкамі масавай інфармацыі й дала пачатак кампаніі за вываз каралеўскага праху ў Польшчу.

У БССР воўчынская знаходка цікавасьці ня выклікала. Пра яе не пісалі газэты, маўчала радыё й тэлевізія, хаця справаю займаліся ўлады на самым высокім узроўні. Тагачаснае кіраўніцтва Беларусі з гатоўнасьцяй дапамагло палякам вывезьці ўсе знойдзеныя ў Воўчыне рэчы. Пра інтарэсы Беларусі ў гэтай справе гаворкі не ўзьнікала. Чыноўнікам не прыходзіла ў галаву, што Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў i вялікім князем Літоўскім, што ён - частка нашай гісторыі, што кароль, урэшце, нарадзіўся ў Беларусі. Тагачасны намесьнік міністра культуры У. Гілеп пісаў пра Панятоўскага: «Якімі б ні былі пэрыпэтыі жыцьця гэтага чалавека (вядомага ў Польшчы выбітнага мэцэната культуры), ён назаўжды застанецца ў памяці пакаленьняў як адзін з польскіх уладароў».

У 1989 г. былі наладжаныя сумесныя беларуска-польскія археалягічныя дасьледаваньні касьцёла сьв. Тройцы ў Воўчыне, дзе браў удзел i я як кіраўнік экспэдыцыі «Белрэстаўрацыі».

Перш чым пачаць аповяд пра гэтыя дасьледаваньні, неабходна даць адказ на два пытаньні. Першае - чаму кароль Рэчы Паспалітай пахаваны не на Вавэлі ў каралеўскай грабніцы? Другое - як ён апынуўся ў Воўчыне?

Вёска Воўчын - радзіма Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Першыя архіўныя зьвесткі пра гэтае паселішча сягаюць XVI ст. Яго ўладальнікамі тады былі Солтаны, потым Гасеўскія, пасьля па чарзе Слушкі, Сапегі, Флемінгі і, нарэшце, Чартарыйскія. У 20-х гг. XVIII ст. Канстанцыя Чартарыйская выйшла замуж за Станіслава Панятоўскага (бацьку караля) i прынесла ў пасаг Воўчын. Новы ўладальнік у 1729 г. фундаваў мураваны касьцёл сьв. Тройцы замест драўлянага, вядомага яшчэ з 1639 г. Відавочна, у гэтым касьцёле i быў хрышчаны будучы кароль, які нарадзіўся ў 1733 г.

Воўчынскі касьцёл - помнік позьняга барока, збудаваны на італьлянскі ўзор. У пляне ён мае выгляд васьмікутніка. У цэнтры над купалам узвышалася невялікая вежа-званіца з гадзіньнікам, чатыры франтоны ўпрыгожваліся скульптурамі чатырох эвангелістаў. Касьцёл перарабілі ў царкву ў 1866 г., для гэтага правялі адпаведныя пераробкі i асьвяцілі ў 1876 г. З 1918 г. помнік зноў зрабілі касьцёлам. У 20-я гг. пачаўся збор сродкаў на яго рамонт, які правесьці не пасьпелі.

Пасьля другой сусьветнай вайны касьцёл стаяў занядбаны (пахаваньне караля разрабавалі), выкарыстоўваўся як склад хімічных угнаеньняў. У 1970 г. абваліўся дах.

Такім i пабачыў я гэты цікавы помнік, калі прыехаў у Воўчын у траўні 1989 г.: дах абвалены, дзьвярэй i вокнаў няма, агароджа вакол храма разбураная.

Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі папраўдзе спазнаў горкі лёс. Яму было наканавана перажыць уласную дзяржаву, Вымушаны адмовіцца ад кароны ў 1795 г., калі рэшткі Рэчы Паспалітай былі ўжо падзеленыя паміж двума эўрапейскімі i адным азіяцкім драпежнікамі, ён нейкі час жыў у Пецярбурзе, дзе i сканаў у 1798 г. Яго пахавалі там жа, у расейскай сталіцы, у касьцёле сьв. Кацярыны з каралеўскім ушанаваньнем (сам былы кароль, пэўна, успрыняў бы тое шанаваньне за зьдзек).

Праз 140 гадоў труну зь ягоным целам раптоўна забіраюць з касьцёла i вязуць у Польшчу. Яснага тлумачэньня гэтай акцыі, якая аказалася неспадзеўкай i для самых палякаў, я не сустрэў ні ў кога з аўтараў, што пісалі пра яе. Таму прапаноўваю сваю вэрсію падзеяў. Улетку 1938 г. Савецкаму Саюзу патрабавалася згода палякаў прапусьціць праз сваю тэрыторыю савецкія войскі для абароны Чэхаславаччыны ад Германіі. Як вядома, дамовіцца з польскім урадам не ўдалося, хоць Сталін i прыкладаў намаганьні ў гэтым кірунку. Відавочна, адным зь ягоных крокаў быў жэст зь вяртаньнем палякам труны з прахам іхнага караля. Разгубленасьць, якую выклікаў гэты падарунак, тлумачыцца стаўленьнем тагачаснага польскага грамадзтва да асобы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Нашага земляка лічылі за здрадніка, які прывёў да пагібелі Рэч Паспалітую. Адсюль, відавочна, i таямнічасьць пры перавозцы труны, i адсутнасьць хоць колькі-небудзь урачыстай сустрэчы, i рашэньне зьмясьціць парэшткі караля не на Вавэлі, а на ягонай радзіме, у сьціплым Воўчыне.

9 ліпеня 1938 г. у Стоўпцах (тады ў складзе Польшчы) польскія. чыгуначнікі атрымалі ад савецкіх калегаў вагон з труной i ня ведалі, што зь ім рабіць. Ня ведалі гэтага i ваяводзкія ўлады ў Наваградку. Пасьля запыту да Варшавы адтуль прыйшоў загад адправіць вагон у Берасьце. Потым труну без усялякіх урачыстасьцяў i нават патаемна перавезьлі ў Воўчын i пакінулі ў сьпехам падрыхтаваным касьцёле.

Часы зьмяняюцца. Пасьля адкрыцьця 1987 г. i хвалі публікацыяў у польскім друку стаўленьне палякаў да Панятоўскага моцна зьмянілася. Яго ўжо не лічылі здраднікам, а ўважалі за ахвяру, успаміналі пра вялікія мэцэнацкія заслугі. Была створана спэцыяльная камісія, якая i вывезла зь Беларусі рэчы, знойдзеныя гарадзенцамі.

Беларускія ўлады вылучылі сродкі на гістарычныя й археалягічныя дасьледаваньні касьцёла. У траўні - чэрвені мне давялося арганізоўваць i праводзіць раскопкі ў Воўчыне. З польскага боку ў склад экспэдыцыі ўваходзілі кракаўскія археолягі з музэю на Вавэлі З. П'яноўскі i Я. Фірлет. Дзялянкі працы былі разьмеркаваныя: палякі старанна прасейвалі пясок у крыпце, а мы вывучалі помнік: высьвятлялі глыбіню падмуркаў, шукалі рэшткі ганкаў i касьцельнай агароджы. Трое польскіх рабочых-рэстаўратараў за гэты час ачысьцілі касьцёл ад абваленых перакрыцьцяў i даху. Нашыя шурфы капалі рабочыя зь Берасьця. Высьветлена, што падмуркі касьцёла трывалыя, без расколінаў i пашкоджаньняў. Сутарэньне-крыпта маецца толькі ў адным куце помніка. З паўднёвага боку касьцёла адкрытыя рэшткі ганка ад першапачатковага ўваходу. Падворак быў абкружаны грунтоўнаю агароджаю, ад якой захаваліся толькі падмуркі больш чым мэтровай глыбіні. Былі расчышчаныя дарожкі, выкладзеныя шчыльна падагнанымі васьмікутнымі керамічнымі пліткамі. Дарожкі вялі ад касьцёла да весьніцаў у агароджы. У выніку раскопак i архіўных пошукаў беларускага гісторыка архітэктуры Сьвятланы Адамовіч было сабрана дастаткова матэрыялу, каб пачаць распрацоўваць праект аднаўленьня помніка.

Польскія археолягі, акрамя фрагмэнтаў драўляных дошак ад дзьвюх трунаў (труна XVIII ст. была ўкладзеная ў большую для перавозкі), знайшлі шматлікія кавалкі тканіны (у тым ліку з каралеўскімі арламі), фрагмэнты шпоры XVIII ст., фрагмэнт шпагі, абутковую падкоўку, шмат цьвікоў. Усе гэтыя рэчы з дазволу ўладаў былі тэрмінова вывезеныя ў Польшчу (раскопкі скончыліся 12 жніўня, а рэчы перададзеныя ўжо 13 жніўня 1989 г.). Праз спэцыяльны аналіз выяўленых у крыпце дробных фрагмэнтаў костак польскія спэцыялісты прыйшлі да высновы, што, сапраўды, тут знаходзілася пахаваньне Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Справа дайшла да лягічнага канца. Рэчы з каралеўскага пахаваньня склалі ў адмысловую новую трупу, зробленую на ўзор труны з 1798 г. Праўда, паставілі яе чамусьці не на Вавэлі, а ў каралеўскім замку ў Варшаве. У Польшчы, акрамя шматлікіх газэтных публікацыяў, выйшлі дзьве кнігі, прысьвечаныя каралю й яго пахаваньню. Гарадзенцы, зь лёгкай рукі якіх пачалася ўся справа, атрымалі кожны па ордэне «Заслужоны для культуры польскей». У Беларусі панавала ціша. Як сьвежая навіна выглядалі i нашыя з С. Адамовіч публікацыі пра воўчынскі касьцёл i яго раскопкі, якія зьявіліся праз тры гады пасьля апісаных падзеяў.

Касьцёл сьв. Тройцы аднаўляць так i не пачалі, хоць беларускае кіраўніцтва цьвёрда абяцала палякам.

Гісторыя гэтая вельмі паказальная. Яна сьведчыць пра стан нашай гістарычнай памяці, дый пра стан дзяржаўнасьці таксама.

Атрымліваецца, што апошні прытулак караля цяпер у Варшаве. Але ж польскія археолягі не знайшлі на месцы пахаваньня у Воўчыне ніводнай цэлай каралеўскай костачкі. Калі б косьці з крыпты выкідвалі рабаўнікі, то хоць што-небудзь засталося б. А так складваецца ўражаньне, што нехта ix спэцыяльна старанна падбіраў. Відавочна, можна прызнаць верагоднай вэрсію аднаго з гарадзенцаў-ардэнаносцаў, мастака-рэстаўратара Ўладзімера Кіслага, што нейкі добры чалавек сабраў з разрабаванай труны i перазахаваў недзе непадалёк парэшткі нашага апошняга караля й вялікага князя. Відаць, лёсам наканавана яму застацца на радзіме, i менавіта Воўчын - апошні прытулак апошняга караля Рэчы Паспалітай.

Wołczyn Stanisława Augusta. - Warszawa, 1993.

Zgorzelska A. Powrót króla.- Warszawa, 1991.

Культура, 16 лістапада 1992 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX