Папярэдняя старонка: Краўцэвіч А.К.

Гістарычная тапаграфія горада Ліда 


Аўтар: Краўцэвіч А. К.,
Дадана: 04-04-2006,
Крыніца: 'Наш радавод' Кніга 6, Ліда 1994, С.133 - 135.



Тапаграфічнае развіццё Ліды характарызуецца шэрагам арыгінальных рысаў. Ліда - другі па велічыні горад Гродзеншчыны - абагнаў ў сваім развіцці больш старажытныя традыцыйна значныя цэнтры, такія як Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск.

Даволі незвычайнае тапаграфічнае размяшчэнне горада. Асноўны гістарычны раён займае невысокую пляцоўку паміж балоцістымі рэчышчамі невялікіх рачулак Лідзеі і Каменкі, у той час як буйныя гарады ўзнікалі болыпай часткай на ўзвышшах. Незвычайна і наяўнасць такога фактара, паўплываўтага на развіццё паселішча, як мураваны замак пачатку 14 ст.

Паглядзім жа, што вядома сучаснай навуцы аб развіцці горада Ліда як матэрыяльнага аб'екта. Інфармацыя сабрана галоўным чынам праз археалагічныя раскопкі і вывучэнне картаграфічных матэрыялаў 18-19 ст.ст. Буйныя археалагічныя даследаванні 'праводзіліся ў лідскім замку (раскапана каля 3260 кв.м), на гарадскім пасадзе былі закладзены шурфы вакол рыначнай плошчы і ў наваколлі замка. Аўтар вывучаў матэрыялы геалагічнага бурэння, якія далі каштоўную інфармацыю па наяўнасці і магутнасці культурнага слою ў розных частках гістарычнага раёна.

Ліда ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах паміж 1323 і 1328 гадамі.1 Вядомы гісторык 19 ст. Т. Нарбут называў іншую дату - 1180 г. Даныя археалагічных даследаванняў пацвярджаюць больш познюю датыроўку - 14 ст. На тэрыторыі Ліды не знойдзены матэрыялы часоў Кіеўскай Русі. Самыя старажытныя знаходкі - фрагменты керамічнага посуду 14 ст. выяўлены на адлегласці каля 100 м на паўночны захад ад замка. Адсутнічаюць рэльефныя прыкметы горада 12 - 13 ст.ст., узвышша, рэшткі валоў, равоў і т.п. Ліда адносіцца да паселішчаў, якія набылі памеры і статус горада ў познім сярэднявеччы, а менавіта ў 15 - 16 ст.ст.

Верагодна, штуршком да больш інтэнсіўнага развіцця паселішча стала пабудова ля зліцця двух рэчак мураванага замка. Лідскі замак уваходзіў у абарончую сістэму, скіраваную супраць крыжакоў.2 Ён збудаваны па ўзору ордэнскіх замкаў - кастэляў. Не выпадковым было размяшчэнне гэтага магутнага па тых часах абарончага.збудавання ў моцна забалочанай мясціне. Такое ж імкненне забяспечыць прыкрыццё замка забалочаным рэчышчам мы назіраем і ў Крэве. М. А. Ткачоў высветліў, што' паўночна-усходняя вежа Лідскага замка, збудаваная ў канцы 14 - пачатку 15 ст., гэта значыць пазней за паўднёва-заходнюю.3 Відавочна, у тыя часы існаваў замаскіраваны праход цераз балота на поўдзень ад замка (магчыма, гаць, схаваная пад вадой) - у паўдневай сцяне замка маецца невялікі праём. Відаць, якраз праз яго ў 1392 г. уцёк князь Дзьмітрый Карыбут са сваімі воямі, пакінуўшы ворагам усё, што было ў замку.

Магчыма, да пабудовы замка на месцы Ліды існавала невялікае паселішча, аднак знайсці яго сляды - вельмі складаная задача.

У познім сярэднявеччы ў Лідзе склалася тыповая для беларускіх гарадоў планіроўка. На адлегласці каля 600 - 700 м ад замка, фарміравалася гандлёвая плошча, да якой падводзяць тры галоўныя вуліцы: Замкавая, Віленская, Каменская. Раён вакол плошчы пачаў засяляцца, як сведчаць раскопкі, ў 15 ст.

Замак паступова страціў сваё ваенна-стратэгічнае значэнне. У ім адбываліся сеймікі, суды, захоўваліся архівы. Моцна разбураны ў 1659 і 1702 г. ён, урэшце, быў закінуты.

У выніку шматвекавой жыццядзейнасці ў горадзе сфарміраваўся даволі значны культурны слой - да 2 м у замку і да 2,5 м на пасадзе.

Да нашага часу захавалася аснова сярэднявечнай вулічнай планіроўкі, але амаль нічога не засталося ад старой мураванай забудовы. У пасляваенныя часы будаўніцтва ў цэнтры праводзілася без уліку яго гістарычнага значэння. Замак аказаўся "заціснутым" паміж пысокімі будынкамі інтэрната і гатэля. Ужо не першы дзесятак гадоў вядзецца яго рэстаўрацыя, планавалася скончыць аднаўленне помніка ў 1985 г., але і зараз канца работам не відаць.


  1. ПЗРЛ.М.1975.Т.32.С.41.
  2. Краўцэвіч А., Трусаў А. Археала.гічнае вывучэнне Лідскага замка і горада Ліды. /'З глыбіні вякоў. Мн., 1992. С. 83 - 96.
  3. Ткачоў М. Л. Замкі Беларусі. Мн. 1977. С.29.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX