Папярэдняя старонка: Краўцэвіч А.К.

Да праблемы этнічнай ідэнтыфікацыі Вялікага Княства Літоўскага 


Аўтар: Краўцэвіч А. К.,
Дадана: 04-04-2006,
Крыніца: Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 19.



Этнічныя характарыстыкі ВКЛ нашмат часцей выступаюць у працах гісторыка-публіцыстычнага характару чым у навуковай гістарыяграфіі. Гісторыкі стараюцца не звязвацца з гэтай праблемай, напэўна таму, што ўсведамляюць прысутнасць у ёй палітычна-ідэалагічнага кантэксту і асцерагаюцца ягонага ўплыву на іх навуковыя канструкцыі.

Ціск палітычнай ідэалогіі на навуковую гістарыяграфію ВКЛ зазначыўся ўжо з самых яе пачаткаў у ХІХ ст. Падчас русіфікацыі земляў былога ВКЛ, якая шырока разгарнулася пасля паўстання 1863-1864 гг., адной з ейных ідэалагічных падпораў стала вышукванне рускіх каранёў у гісторыі гэтай дзяржавы. У расейскай гістарыяграфіі, у тым ліку навуковай, ВКЛ трактавалася як "літоўска-руская дзяржава". Менавіта такі тэрмін нязменна выступае ў назвах манаграфіяў вядомых расейскіх гісторыкаў Мацея Любаўскага, Хведара Леантовіча, Івана Лапы і інш. У гэтай назве слова "руская" разумелася як "расейская", паколькі ў Расейскай імперыі ўкраінцы і беларусы не лічыліся самастойнымі народамі.

Канкурэнцыйная расейскай польская гістарыяграфія ў тым жа ХІХ ст. актыўна распрацоўвала і прапагандавала этнічна летувіскую характарыстыку ВКЛ, прадстаўляючы яго прадуктам эвалюцыі летувіскага родавага грамадства. У ходзе гэтай эвалюцыі нованароджаная дзяржава паралельна з фармаваннем унутранай структуры быццам ажыццявіла падпарадкаванне (захоп) вялікага абшару старажытнарускіх земляў, уступіла ва унію з Польшчай і з цягам часу стала складной часткай апошняй.

У гэтых двух інтэрпрэтацыях выразна заўважна імкненне ўключыць ВКЛ у кантэкст уласнай - расейскай або польскай, гісторыі, што мела стаць доказам "законнага" валодання землямі былога Вялікага Княства ў навейшыя часы. У канцы ХІХ і пачатку ХХ ст. здолелі сфармаваць свае погляды на ВКЛ летувіская і беларуская гістарыяграфіі. Летувіскія гісторыкі перанялі польскую інтэрпрэтацыю, беларусы ж удакладнілі расейскую версію і прадставілі ВКЛ як "беларуска-літоўскае гаспадарства". Таксама і ва ўкраінскай гістарыяграфіі часам выказваліся (і выказваюцца зараз) погляды на ВКЛ як на ўкраінскую дзяржаву.

Савецкая афіцыйная гістарыяграфія прыняла польскі варыянт этнічнай характарыстыкі ВКЛ (часам з агаворкамі, што была гэта дзяржава летувіскіх і беларускіх феадалаў), акцэнтуючы ўвагу на палітычным ды эканамічным прыгнёце беларусаў у гэтай дзяржаве і такім чынам апраўдваючы быццам бы вызвольнае далучэнне Беларусі да Расеі пры падзелах Рэчы Паспалітай.

У другой палове 80-х гадоў ХХ ст. з новай этнічнай характарыстыкай ВКЛ выступіў Мікола Ермаловіч, які прадставіў яго як выключна беларускую дзяржаву. Працы гэтага аўтара даюць адзін з прыкладаў адкрытай і нават намерана завостранай пастаноўкі праблемы этнічнай інтэрпрэтацыі ВКЛ. Катэгарычна адназначнае яе вырашэнне (напрыклад, апошняя кніга так і называецца Беларуская дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае), можна лічыць адной з прыкметаў публіцыстычнага характару гэтых працаў.

Усе тры названыя версіі застаюцца актуальнымі і ў нашыя дні. Этнічналетувіская інтэрпрэтацыя выступае ў большасці твораў польскіх гісторыкаў, непадзельна пануе сярод летувіскіх даследчыкаў, ейны савецкі варыянт адроджаны ў афіцыёзнай лукашэнкаўскай, а версія Ермаловіча прысутнічае ў суб'ектнай беларускай гістарыяграфіі. Найчасцей этнічная характарыстыка прадстаўлена не ў адкрытай форме, а ў кантэксце сінтэтычных і спецыяльных працаў па гісторыі ВКЛ і краінаў-спадкаемцаў гэтай дзяржавы.

Агульнай рысай названых этнічных інтэрпрэтацый з'яўляецца даволі распаўсюджаная памылка ў рэканструкцыі мінулага, менавіта "мадэрнізацыя гісторыі". У нашым выпадку, па-першае, на сярэднявечную дзяржаўную арганізацыю пераносіцца сучаснае разуменне дзяржавы як механізму рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў. Па-другое, пры аналізе дзейнасці сярэднявечных людзей ім міжвольна прыпісваецца веданне вынікаў гістарычнага працэсу ў новыя і найноўшыя часы. Адпаведна, дзеянні тагачасных людзей сучасныя гісторыкі матывуюць свядомым імкненнем дасягнуць той стан рэчаў, які выступае ў навейшы час. У якасці характэрнага прыкладу можна прывесці міфалагему савецкай гістарыяграфіі пра імкненне працоўных масаў беларусаў у часы ВКЛ уз'яднацца з расейскім народам, каб разам змагацца супраць эксплуататараў і разам перамагчы ў Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі.

У ВКЛ у XVI ст. пад уплывам Рэнесансу мелі месца спробы этнічнай ідэнтыфікацыі сваёй краіны як балцкай і як русінскай (беларускай). Характэрнымі ў гэтым сэнсе былі выказванні наконт мовы. Міхалон Літвін прызнаваў русінскую мову чужой і заклікаў "вярнуцца" да латыні. Адваротны прыклад - выказванне Льва Сапегі ў прадмове да Трэцяга Статуту: "не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем" (1). Аднак гэтыя спробы датычылі невялікай часткі эліты і аказаліся нядоўгавечнымі. Актыўная паланізацыя шляхты і мяшчанства ВКЛ у XVII-XVIII ст. прывялі беларускую і летувіскую этнічныя супольнасці да страты эліты і ў навейшы час яны ўвайшлі як "сялянскія народы".

Менавіта сялянская ці традыцыйная этнічная культура стала асновай для развіцця нацыянальных рухаў летувісаў і беларусаў у ХІХ-ХХ ст. Носьбіты гэтай культуры складалі абсалютную большасць насельніцтва і Летувы, і Беларусі аж да канца 60-х гадоў ХХ ст. Менавіта на іх абуджэнне да ўласнага грамадска-дзяржаўнага жыцця былі скіраваныя высілкі нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. Можна сцвярджаць, што калі б беларускія ды летувіскія сяляне аказаліся асіміляванымі (спаланізаванымі ці зрусіфікаванымі), то сёння не існавала б летувіскага і беларускага народаў. Найбліжэйшы прыклад таму - Прусія, дзе мясцовыя сяляне-балты канчаткова анямечыліся да ХVІІІ ст., а пруская самасвядомасць набыла не балцка-прускую а германа-прускую этнічную форму.

Калі мы хочам высветліць этнічны характар ВКЛ, то павінны вывучыць уплыў ягонай дзяржаўнай арганізацыі на традыцыйную сялянскую культуру летувісаў і беларусаў. Для гэтага найперш патрэбна адказаць на два пытанні: 1) Быў гэты ўплыў свядомым ці праяўляўся аб'ектыўна? 2) Ці быў гэты ўплыў больш спрыяльным для аднаго і менш спрыяльным для другога этнасу?

1) У гістарыяграфіі ВКЛ (асабліва ў яе польскай і летувіскай плынях) здаўна выступае традыцыя свядомага суб'ектнага ўздзеяння гэтай дзяржавы на ход этнічных працэсаў на сваёй тэрыторыі. Як найбольш характэрнае можна прывесці выказванне Ежы Ахманьскага пра створаную летувіскім этнасам дзяржаву, якая не толькі затрымала тэрытарыяльную экспансію русінаў, але вярнула страчаныя раней тэрыторыі: "Powstale przed polowa XIII wieku panstwo litewskie zjednoczylo pod swoja wladza wszystkie ziemie etnicznie litewskie i ogarnelo tez ziemie etnicznie mieszane litewsko-ruskie oraz terytorium przylegle do rdzennej Litwy, zasiedlone przez Rusinow. Litwa wracala w swe stare granice etniczne sprzed ekspansji ruskiej" (2).

Польская гістарыяграфія ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. прадставіла тэзіс пра ўратаване палякамі летувісаў ад беларускай асіміляцыі праз прыняцце каталіцтва і дзяржаўную унію: "W wieku O?V zdawalo sie, ze ja (Litwe - A. K.) ruska kultura zaleje, ale proces ten przerwalo przyjecie katolicyzmu i zjednoczenie z Polska" (3). Гэтае меркаванне часам паўтараецца і сёння. З такой ацэнкай можна спрачацца, бо, як паказаў далейшы ход падзеяў, па-першае, каталіцтва не перашкаджала летувіскім сялянам пераходзіць на беларускую мову; па-другое, напэўна не перашкаджала, а наадварот, паспрыяла хутчэйшай паланізацыі летувіскай шляхты. Прыняцце і пратэгаванне дзяржавай каталіцтва выпадае ацаніць хутчэй як свядомы выбар і знакавую праяву арыентацыі краіны на заходнееўрапейскую цывілізацыю - наймацнейшую з усіх суседніх. Арыентацыя на моцнага і яго капіяванне - тыповы прыклад паводзінаў у гісторыі ўсіх народаў свету. У выпадку з ВКЛ прыняцце каталіцтва было выклікана ціскам з боку Тэўтонскага ордэна, афіцыйнай падставай існавання якога з'яўлялася пашырэнне хрысціянства ў ягонай каталіцкай версіі. Амаль усе вялікія князі літоўскія, пачынаючы ад Міндоўга, дэкларавалі (і часам выконвалі) прыняцце хрышчэння па каталіцкім абрадзе (4) ў самыя напружаныя моманты ўзброенай барацьбы з Ордэнам, што паказвае на дыпламатычныя, а не ідэалагічныя матывы гэтых дэкларацыяў.

Па ўсёй верагоднасці, дзяржаўная арганізацыя ВКЛ не праводзіла свядомага ўплыву на этнічную сітуацыю ў краіне (па меншай меры мне не ўдалося знайсці гэтаму доказаў), а выкарыстоўвала для забеспячэння свайго функцыянавання больш прыдатную г.зн. больш развітую культуру з тых, што меліся ў наяўнасці. У сярэдзіне ХІІІ ст., калі паўставала ВКЛ, летувіскі этнас быў пераважна няхрышчаны, не меў уласнай пісьмовасці, традыцый дзяржаўнага жыцця, не ўмеў будаваць гарады і мураваную архітэктуру і колькасна складаў меншасць у дзяржаве. У такіх умовах пануючая дынастыя балцкага (магчыма, летувіскага) паходжання для абслугі дзяржаўнага жыцця (і ў жыцці прыватным таксама) натуральна прыняла старабеларускую культуру (афіцыйную мову, сістэму кіравання, права і г.д.). Цяжка сказаць, наколькі гэтая элітарная частка этнічнай культуры ўплывала на беларускую традыцыйную культуру, але можна адназначна сцвярджаць, што першая не замінала развіццю другой.

2) Адказ на другое пытанне, пра большае ці меншае спрыянне дзяржавы адной з традыцыйных культураў, можа быць сфармуляваны незалежна ад адказу на першае. Абстрагаванне ад праблемы свядомасці ці аб'ектыўнасці дзяржаўнага ўплыву на традыцыйныя культуры не перашкаджае вывучэнню наступстваў гэтага ўплыву.

Важнейшым і хіба адзіным даступным нам крытэрыем у высвятленні тых наступстваў будуць змены (пашырэнне ці звужэнне) этнічных арэалаў беларусаў і летувісаў за час існавання ВКЛ. Ва ўмовах доўгачасовага блізкага суседства павелічэнне арэалу аднаго этнасу магчыма толькі коштам тэрыторыі другога. Прасачыўшы змены этнічнай мяжы паміж беларусамі і летувісамі ў часы існавання ВКЛ, мы можам высветліць, каму з іх больш паспрыяла паўтысячагадовае функцыянаванне дзяржавы. Адказ на гэтае пытанне будзе таксама этнічнай характарыстыкай ВКЛ і адначасова пакажа на першачарговае (а, можа, роўнае) права беларусаў або летувісаў на гістарычную спадчыну Вялікага Княства.

Змены беларуска-летувіскай этнічнай мяжы на працягу 2 тыс. н.э. добра вывучаныя ў выніку спецыяльных навуковых даследаванняў. Галоўным аб'ектам даследавання выступае якраз сялянская традыцыйная культура. На працягу паўстагоддзя пасля другой сусветнай вайны археолагі, мовазнаўцы, этнографы дэталёва вывучалі працэс балта-славянскіх (летувіска-беларускіх) кантактаў (5), які па сваёй працягласці (сярэдзіна 1 - канец 2 тыс. н.э.) і геаграфічным ахопе (Беларусь і прылеглыя раёны Летувы, Польшчы, Украіны, Расеі і Латвіі) ацэньваецца як буйнейшая гістарычная з'ява рэгіёна. Сучасная навука лічыць, што вынікам гэтага працэсу стала ўтварэнне беларускага этнасу.

Навукоўцам удалося акрэсліць прыблізны кірунак балта-славянскай этнічнай мяжы ў Х-ХІІІ, ХVІ і ХІХ ст., г.зн. напярэдадні ўзнікнення ВКЛ, у першыя этапы яго існавання і пасля ліквідацыі дзяржавы. У старажытнарускія часы этнічная мяжа праходзіла прыблізна па лініі: воз. Асвейскае - Дзісна - Пліса - Будслаў - Заслаўе - Рубяжэвічы - Дзераўная - Беліца - Слонім - Ваўкавыск (6). У ХІV ст. мяжа перасунулася з левага на правы бераг Нёмана і праходзіла прыблізна паралельна рэчышчу гэтай ракі - т.зв. "лінія Сафарэвіча" (7). У ХІХ ст. беларуска-летувіскую этнічную мяжу этнолагі даследавалі "нажыва" і акрэслілі яе на поўнач ад Вільні (8). Змены этнічнай мяжы паказваюць, што на працягу існавання ВКЛ адбылося значнае пашырэнне этнічнага арэалу беларусаў коштам этнічна летувіскай тэрыторыі.

Такім чынам прыходзім да высновы, што дзяржаўная арганізацыя ВКЛ аб'ектыўна аказалася больш спрыяльнай для традыцыйнай культуры беларусаў. Гэтую выснову дапаўняюць іншыя гістарычныя факты:

- Беларускія землі складалі асноўную частку дзяржавы і былі сабраныя ў адзіным дзяржаўным арганізме ўжо ў ХІV ст., у той час як летувіскія землі поўнасцю ў складзе ВКЛ апынуліся на паўстагоддзя пазней (Жамойць).

- Літаратуры на беларускай мове ў часы ВКЛ было створана непараўнальна больш чым на мове летувіскай.

Сёння летувіскія калегі аспрэчваюць беларускасць афіцыйнай (дзяржаўнай) мовы ВКЛ у ХІІІ-ХVІІ ст., сцвярджаючы, што яна была штучнай канцылярскай мовай. Аднак немагчыма аспрэчыць той факт, што лексічная аснова гэтай штучнай мовы (бо кожная афіцыйная ды судовая мова з'яўляецца штучнай) была беларускай, а не летувіскай. І ўся захаваная аграмадная актавая спадчына ВКЛ, створаная на афіцыйнай мове, складае гістарычны патэнцыял у першую чаргу беларускай культуры яшчэ і таму, што ў большасці датычыць беларускіх земляў. Іншая справа, як гэты патэнцыял быў скарыстаны ў найноўшай гісторыі, але тое ўжо не датычыць гісторыі ВКЛ.

Падсумаванне

1. За два апошнія стагоддзі існавання ВКЛ беларусы і летувісы страцілі сацыяльную эліту і ўвайшлі ў навейшую гісторыю як "сялянскія" народы. Таму этнічная характарыстыка ВКЛ можа быць вызначана праз вывучэнне ўплыву гэтай дзяржавы на стан традыцыйнай сялянскай культуры беларусаў і летувісаў.

2. Уплыў дзяржавы на традыцыйныя этнічныя культуры не меў свядомага планавага характару, а адбываўся аб'ектыўна.

3. За час існавання ВКЛ этнічны арэал беларусаў значна павялічыўся коштам летувіскага.

4. Беларускія землі складалі асноўную большую частку тэрыторыі ВКЛ.

5. Агромністая дакументальна-пісьмовая спадчына ВКЛ, створаная на афіцыйнай старабеларускай мове, складае гістарычна-культурны патэнцыял у першую чаргу беларускага, а не летувіскага народа.


Выснова:

Функцыянаванне дзяржаўнай арганізацыі ВКЛ было больш спрыяльным для традыцыйнай беларускай, чым традыцыйнай летувіскай культуры, таму з сучаснага пункту погляду ВКЛ было больш беларускай чым летувіскай дзяржавай.

1 Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент., Мінск 1989, с. 48.

2 J. Ochmanski, Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI wieku, Poznan 1981, s. 24.

3 A. Bruckner, Polacy a Litwini. Jezyk i literatura, [w:] Polska i Litwa w dziejowym stosunku, Warszawa - Lublin - Lodz - Krakow 1914, s. 390.

4 K. Chodynicki, Proby zaprowadzenia chrzescijanstwa na Litwie przed 1386 r., "Przeglad Historyczny", 1918, t. 18, s. 215-319.

5 Акрамя шматлікіх кнігаў і артыкулаў, выпускаюцца спецыяльныя зборнікі: Балто-славянские исследования і Acta Baltico-Slavica.

6 Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье в 9 - 13 вв., Мінск 1989, с. 15.

7 J. Safarewicz, Rozmieszczenie nazw na -iszki na pograniczu slowiansko-litewskim, [w:] J. Safarewicz, Studia jezykoznawcze, Warszawa 1967, s. 257-259.

8 J. Rozwadowski, Mapa jezykowego obszaru litewskiego, [w:] Polska i Litwa w dziejowym stosunku, Warszawa - Lublin - Lodz - Krakow, 1914, s. 335-339; Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя, Мінск 1989.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX