Папярэдняя старонка: Краўцэвіч А.К.

Войшалк (1264 - 1267 г.). Інтэлігент на троне 


Аўтар: Краўцэвіч А. К.,
Дадана: 27-06-2008,
Крыніца: Радыё Рацыя.



Біяграфічная даведка: Войшалк - старэйшы сын першага вялікага князя літоўскага Міндаўга і ягонай першай жонкі Марты. Год нараджэння невядомы, год смерці - 1267. Выдатны дыпламат і палітык, здольны прымаць адказныя і дакладныя рашэнні, рашуча і эфектыўна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях. Прайшоў духоўную эвалюцыю ад язычніцкага князя-ваяра да хрысціянскага манаха-пустэльніка. Двойчы ў цяжкія для Літвы часы вяртаўся ў свецкае жыццё каб ратаваць дзяржаву...

Першым праменьчыкам, які высвеціў постаць нашага героя з цемры гістарычнага нябыту, была ўзгадка летапісу пра ягоны ваенны паход у 1252 г. Ад таго часу імя Войшалка пастаянна фігуравала на старонках Галіцка-Валынскага ды іншых летапісаў і хронік аж да самой яго смерці ў 1267 г. У 1252 г. Войшалк кіраваў адной з вайсковых аперацый ліцвінскіх войскаў, Перамалёўка з вокладкі Лаўрышаўскага Евангелля 13 стагоддзя, якое, магчыма, перапісана на Валыні на заказ вял. кн. Войшалка. На вокладцы бронзавая выява (16-17 ст.) св. Дмітрыя Салунскага, якую з слоў В.У. Ластоўскага часцяком лічаць выявай вял. кн. Войшалка, http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%92%D0%BE%D0%B9%D1%88%D0%B0%D0%BB%D0%BA.скіраваных супраць Галіцка-Валынскага княства. Тады ішла вайна - першае сур'ёзная вайна маладой дзяржавы і бацька выправіў яго на чале войска ў паход на тэрыторыю ворага, пад Турыйск*. З гэтай інфармацыі вынікае, што Войшалк быў тады ўжо дарослым чалавекам і пачынаў жыццёвую кар'еру як тыповы сярэднявечны князь, атрымаўшы адпаведнае выхаванне - рыцара ды вайсковага кіраўніка.
Вайна зацягнулася і праз два гады Войшалк зноў па даручэнню бацькі выканаў важную дыпламатычную місію - падрыхтаваў замірэнне з Галіцка-Валынскай дзяржавай. Пры гэтым ён выступаў не як звыклы пасол, які перадае прапановы і прыносіць адказы, а меў паўнамоцтвы да зацвярджэння дасягнутых дамоўленасцяў. Хоць умовы міру абмяжоўвалі суверэнітэт Літвы, але, самае галоўнае - яны дапамаглі спыніць цяжкую вайну з магутным суседам. Адсюль вынікае, што Войшалк, па-першае, быў здольным дыпламатам (некалькі папярэдніх спробаў Міндаўга замірыцца не ўдаліся); па-другое, меў высокі статус у сваёй краіне, дастатковы каб яго дамова з уладаром іншай дзяржавы лічылася правамоцнай. Летапісец занатаваў: "Потым жа Войшалк стварыў мір з Данілам і выдаў дачку Міндаўгаву за Шварна, сястру сваю... і аддаў Раману сыну караля (Данілы - А.К.) Наваградак ад Міндаўга і ад сябе Слонім і Ваўкавыск". Гэтая інфармацыя сведчыць, што Войшалк непасрэдна ўдзельнічаў у кіраванні дзяржавай і быў у ёй другой асобай пасля бацькі - гаспадарыў у славянскіх гарадах Панямоння.
Той жа самы летапісец пад 1254 г. занатаваў дзіўную навіну: падчас мірных перамоваў Войшалк аб'явіў пра свой адыход са свецкага жыцця і пераход у манаскі стан: ("і прыйшоў у Холм да Данілы, пакінуўшы княжанне сваё і успрыняў манаскі чын"). Адсюль вынікае, што ў часе перамоваў у 1254 г. Войшалк ужо быў хрысціянінам (у папярэднім недатаваным запісе летапісу паведамляецца пра прыняцце ім хрысціянства падчас княжання на Наваградчыне).
У адрозненне ад бацькі, які прыняў хрышчэнне з чыста палітычных меркаванняў ("хрышчэнне яго ільсцівым было" - пісаў летапісец), навяртанне Войшалка ацэньваецца тым жа аўтарам як духоўнае прасвятленне. На пачатку княжання ён заставаўся язычнікам і быў нядобрым чалавекам: "Войшалк жа пачаў княжыць у Наваградку, у паганстве будучы, і пачаў праліваць шмат крыві, бо забіваў кожны дзень па тры, па чатыры (чалавекі - А.К.); у які ж дзень нікога не забіваў, то быў засмучоны, калі ж забіваў, тады быў вясёлы"**.
Потым адбылося нібы раптоўнае, пасланае з неба навяртанне: "пасля увайшоў страх божы ў сэрца яго, памысліў сабе, хочучы прыняць святое хрышчэнне і хрысціўся тут у Наваградку і пачаў быць у хрысціянстве".
Міндаўг заключыў саюз з наваградчанамі каля 1248 г., гэта значыць, хрышчэнне Войшалка адбылося дзесьці ў канцы 40-х - пачатку 50-х гадоў.
Мірная дамова з валынянамі ў 1254 г. вяртала іхнія уплывы на Панямонні. Міндаўг заставаўся намінальным кіраўніком дзяржавы, але яе важнейшая і багацейшая частка - славянская разам з тутэйшымі гарадамі была перададзеная ў валоданне сыну Данілы - князю Раману. Чаму якраз у гэты момант Войшалк аб'явіў пра свой адыход у манастыр? Ці было тое выпадковасцю? Гэты ўчынак можна ацэньваць па-рознаму - як шчырае імкненне да духоўнай дасканаласці, або як нестандартны палітычны ход. Сапраўды, пасля заключэння міру з Галіцка-Валынскай дзяржавай і перадачы сваіх ўладанняў, Войшалку не заставалася месца ў новай палітычнай іерархіі. Адсюль вынікае падазрэнне, што адыход у манастыр, як дэкларацыя адмовы ад усялякіх прэтэнзій на свецкую ўладу, мог быць прадуманым выйсцем (гаворка ішла, акрамя іншага, пра асабістую бяспеку) са складанай палітычнай сітуацыі. Тым больш, што праз некаторы час манах вярнуўся ў свецкае жыццё, ды яшчэ як голасна…
Але тады ў 1254 г. пасля заканчэння мірных перамоваў Войшалк на спатканні з галоўным галіцка-валынскім уладаром Данілам Раманавічам выявіў сваё цвёрдае жаданне прыняць манаскія шлюбы і выправіцца ў паломніцтва на Атос: "і прыйшоў у Холм да Данілы, пакінуўшы княжанне сваё і успрыняў манаскі чын... а сам папрасіўся ісці на Святую гару; і знайшоў яму кароль дарогу у караля Угорскага***, і не змог дайсці да Святой Гары і вярнуўся з Балгараў".
Другі летапісны запіс, аднесены да 1263 г., удакладняе дэталі апісаных падзеяў. Войшалк падчас побыту ў Данілы хрысціў ягонага ўнука Юрыя Львовіча (што не перашкодзіла пазней Льву забіць кума). Пасля скіраваўся ў манастыр у Карпатах, дзе жыў знакаміты манах Рыгор ("Рыгор жа быў святым чалавекам, якога не было да яго і пасля яго не будзе"). Менавіта там Войшалк прыняў пострыг і прасіў Рыгора стаць ягоным духоўным настаўнікам: "і пастрыгся ў чарняцы і быў у манастыры у Рыгора тры лета (прыблізна 1254 - 1257 г. - А.К.), адтуль пайшоў у Святую Гару, прыняўшы блаславенне ад Рыгора". "Войшалк не змог дайсці да Святой Гары, паколькі вялікі мяцеж быў тады ў тых землях і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў".
Гаворка ідзе пра адзін з найстарэйшых асяродкаў хрысціянства на Панямонні - Лаўрышаўскі манастыр (вёска Лаўрышава ў Наваградскім раёне). Паводле легенды, якую і сёння могуць пераказаць вам жыхары Лаўрышава, назва манастыра і вёскі паходзіць ад імя манаха Лаўрыша, якім нібыта быў ніхто іншы, як сам заснавальнік - вялікі князь Войшалк. Для гісторыкаў выраз "на Нёмане паміж Літвой і Наваградкам" азначае вельмі важнае геаграфічнае ўказанне на месцазнаходжанне летапіснай Літвы.****
Лаўрышаўскі манастыр Войшалк заснаваў каля 1257 ці 1258 г. і амаль у той самы час адбылося ягонае першае вяртанне ў актыўнае свецкае жыццё. У 1258 г. татары сабраліся ў паход на Літву і змусілі прыняць у ім удзел галіцка-валынскіх князёў - сваіх васалаў. Летапісец паведамляе, што ў часе гэтай выправы Войшалк забраў у няволю Рамана Данілавіча - на той час наваградскага князя, і бацька з дзядзькам дарэмна шукалі яго па ўсяму славянскаму Панямонню. Потым Войшалк знік з поля зроку летапісцаў да самай смерці Міндаўга. Выглядае на тое, што ён вярнуўся ў манастыр як толькі сітуацыя ў дзяржаве стабілізавалася.

Мінула шэсць гадоў і адразу пасля забойства бацькі Войшалк наноў з'явіўся на старонках летапісаў і зноў у постаці князя-палітыка. Паводле звестак ноўгарадскага летапісца (верагодна, запіс быў зроблены post factum пасля смерці Войшалка), ён часова - на тры гады, скінуў манаскія строі, каб заняцца ратаваннем дзяржавы.
Смерць бацькі здарылася нечакана, але ў захаванні Войшалка не адчувалася ніякай разгубленасці. Ён адразу пачаў дзейнічаць рашуча і прадумана, быццам меў зараней падрыхтаваны адмысловы план. Не губляючы часу, выслаў пасольства да магістра лівонскіх рыцараў з просьбай дапамагчы як хрысціянін хрысціяніну супраць паганца Траняты. Лівонцы сабралі нараду і вырашалі паслаць на дапамогу Войшалку войска. У выніку атрымаўся ўдалы тактычны ход, які нейтралізаваў жамойтаў Траняты. Лівонцы рыхтаваліся да выправы на Літву, а іх суседзі-жамойты не маглі вырушыць на падмогу свайму кунігасу, каб не пакінуць сваю зямлю безабароннай.
Ад'езд Войшалка ў недалёкі Пінск таксама паказвае, што ён не ўцякаў са страху, куды вочы глядзяць. Гэты князь-манах і вопытны дыпламат выдатна ведаў, што рабіў. Пінск - месца, магчыма, не такое бяспечнае, як Валынь, але адсюль зручней было сачыць за падзеямі на радзіме, уплываць на іх, гуртаваць прыхільнікаў, а ў належны момант хутка вярнуцца. Так яно ўрэшце і сталася.
Пасля забойства Траняты Войшалк (нібы бы толькі гэтага і чакаў) вырушыў на чале пінскай дружыны наводзіць парадак на радзіме: "Пачуўшы гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі да Наваградка і адтуль, узяўшы з сабой наваградцаў, пайшоў у Літву***** княжыць; уся Літва з радасцю прыняла свайго гаспадыніча".
Гэтыя гістарычныя факты, менавіта актыўны ўдзел пінянаў у панямонскіх справах, а таксама не менш выразная пазіцыя наваградцаў, добра высвятляюць ролю, якую ў працэсе дзяржаватворчасці на Панямонні адыгралі ўсходнія славяне-беларусы. Дапамога Войшалку прыйшла таксама з боку іншай усходнеславянскай дзяржавы - украінскай: "Пасля ж Шварн пайшоў у дапамогу Войшалку, а Васілька князь ад сябе паслаў яму ў дапамогу усю сваю раць. Войшалк жа назваў Васілька як бацьку свайго і гаспадара; і прыйшоў Шварн з дапамогай у Літву да Войшалка і ўбачыў Войшалк дапамогу Шварнаву і Васількаву, бацькі свайго і быў вельмі рады і пачаў прыстройвацца і пайшоў у цяжкай сіле і пачаў браць гарады у Дзяволтве і ў Нальшанах; гарады ж пабраў, а ворагаў сваіх пабіў і так вярнуўся дадому".
Дэталёва занатаваныя ў крыніцы гістарычныя выдарэнні надта ж не пасуюць да г. зв. балтацэнтрысцкай канцэпцыі стварэння Вялікага Княства Літоўскага, якая сцвярджае, што менавіта летувісы будавалі дзяржаву і сілай далучалі да яе беларускія (найперш, наваградскія землі). На самой справе, было якраз наадварот - жыхары славянскай часткі дзяржавы вярталі ў яе балцкіх сепаратыстаў з Дзяволтвы і Нальшанаў. Можа якраз па гэтай прычыне ў розных апісаннях стварэння "летувіскай" дзяржавы, гэтыя рэальныя факты ўпамінаюцца зрэдку і мімаходзь, без каментароў, а найчасцей, увогуле не ўзгадваюцца.
Моцная дзяржава была агульным дабром для ўсяго мясцовага грамадства, без выключэння як для балцкіх так і славянскіх яго ўдзельнікаў. Аднак паўставанне новага асяродку ўлады парушала чыесьці прыватныя інтарэсы. Новая дзяржаўная арганізацыя не толькі пераймала мясцовыя грамадскія структуры, але некаторыя з іх і ламала. Напрыклад, племянныя арыстакраты ці гарадское баярства мусілі падзяліцца ўладай і прызнаць верхавенства вялікага князя. Як бывае ў любыя гістарычныя часы, далёка не ўсе людзі гатовыя дзеля агульнага дабра ахвяраваць хоць бы малой доляй свайго асабістага дабра. Таму на Панямонні існавала, несумненна, апазіцыя да вялікакняскай улады. Ды яшчэ Міндаўг жорсткімі і рашучымі, часам аж занадта рашучымі, дзеяннямі прымножыў ворагаў сабе і свайму роду. Ворагі тыя дасталіся ў спадчыну ягонаму сыну. Нездарма летапісец занатаваў: "Войшалк жа пачаў княжыць ва ўсёй (сваёй) зямлі Літоўскай, і пачаў ворагаў сваіх забіваць, пазабіваў іх безлічнае мноства, а іншыя разбегліся, хто куды бачыў . . ."
Па ўсёй верагоднасці, апазіцыя (найперш у паўночнай балцкай частцы дзяржавы) была сапраўды моцная, бо Войшалк дзеля яе ліквідацыі арганізаваў нават міжнародную кааліцыю.
Навёўшы парадак у Літве, ён без прамаруды паслаў у Інфлянты другое пасольства, якое перадало магістру падзяку ад вялікага князя і паінфармавала, што справа шчасьліва сконьчаная і Літва ўжо не мае патрэбы ў прысутнасці лівонскага войска. Вопыт бацькі паказваў, што саюз з лівонцамі дорага каштуе.
Валынская дапамога таксама аказалася далёка не безкарыснай. Яе коштам стала палітычная залежнасць Літвы ад Галіцка-Валынскай дзяржавы: "Княжыў жа Войшалк у Літве, і пачаў яму дапамагаць Шварн князь і Васілька, бо ж Войшлак назваў Васілька сваім бацькам і гаспадарам" Кажучы сучаснай навуковай мовай, была заключаная дамова пра сеньяральна-васальныя адносіны. Войшалк прызнаў сваім сеньёрам Васільку (па традыцыі назваўшы яго бацькам), а суправіцеля Шварна - сваім васалам (назваўшы яго сынам - "бліз мяне сын мой Шварно").
Час паказаў, што гэты чын Войшалка зыходзіў з дакладнай ацэнкі міжнароднай сітуацыі і быў стратэгічна апраўданым. Прызнанне васальнай залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства не пагражала існаванню Вялікага Княства Літоўскага, бо украінская дзяржава сама знаходзілася ў "волі татарскай". Яна пакарылася Залатой Ардзе і ў лістападзе 1259 г. ардынскі ваявода Бурундай прыйшоў з вялікім войскам і змусіў галіцка-валынскіх князёў разбурыць умацаванні вакол сваіх гарадоў, зрабіўшы іх бездапаможнымі перад татарскай конніцай. Гэтая падзея (вялікі князь Даніла Раманавіч тады ў сполаху ўцякаў праз Польшчу аж да Венгрыі - "убаяўшыся, пабег у Ляхі, а з Ляхаў пабег на Угры"), натуральна, аслабіла паўднёвага суседа Літвы і сур'ёзна абмежавала ягоную актыўнасць у міжнародных справах. Войшалк, напэўна, не шмат рызыкаваў, прызнаючы сябе васалам галоўнага князя Валыні Васількі Раманавіча.
Такім чынам у Вялікім Княстве Літоўскім узнік першы дуумвірат - там гаспадарылі два князі: Войшалк Міндаўгавіч - выхадзец з мясцовай дынастыі і адзін з галіцка-валынскіх князёў - Шварн Данілавіч. Але некаторыя гістарычныя факты дазваляюць меркаваць, што галоўным усё ж быў Войшалк. Напрыклад, полацкі князь Ізяслаў у грамаце-дамове з рыжскімі немцамі напісаў "Полацак і Віцебск адно ёсць, а мы ў волі Божай і Войшалкавай". Полацка-Віцебская Русь паступова пераходзіла пад пратэкцыю магутнага суседа, які забяспечваў ёй моцную пазіцыю ў гандлёвай канкурэнцыі з лівонскімі немцамі, Псковам і Вялікім Ноўгарадам.
Сярод уцекачоў, якія ратаваліся ад помсты Войшалка, быў забойца ягонага бацькі нальшанскі князь Даўмонт. Ён выехаў з Літвы у Пскоў разам са сваім родам, хрысціўся ў праваслаўе (стаў Цімафеем) і праславіўся на новай радзіме як служылы князь пскоўскай купецкай рэспублікі. Асабліва зацята ён атакаваў сваю былую радзіму. У Нальшанах валадарыў васал Войшалка і даўны супернік Даўмонта князь Гердзень і менавіта ў туды вадзіў Даўмонт пскоўскае войска. Летам 1266 г. ён нават паланіў дзяцей і жонку Гердзеня - сваю цётку. Гердзень арганізаваў пагоню, якая была Доўмантам разбітая. Зімой 1266 - 1267 гадоў напад паўтарыўся.
У 1267 г. Войшалк нечакана для ўсіх зноў вярнуўся да манастырскага жыцця. Летапісец паведамляе, што зрабіў ён гэта не па прымусу, а, наадварот, насупраць угаворам свайго суправіцеля: "Пасля ж Войшалк аддаў княжэнне сваё свайму зяцю Шварну, а сам зноў захацеў прыняць манаскі чын. Шварн жа ўмольваў яго вельмі, каб княжыў разам з ім у Літве, але Войшалк не хацеў і казаў:"я шмат саграшыў перад Богам і людзьмі, ты княжы, зямля табе даверана". Шварн не змог яго ўгаварыць і так пачаў княжыць у Літве; а Войшалк пайшоў да Угроўска ў манастыр да святога Данілы, і апрануў чарнечыя строі і пачаў жыць у манастыры, так кажучы:"блізка мяне сын мой Шварн. А другі - гаспадар мой бацька Васілька і з гэтага я цешуся". Даўні духоўны настаўнік Войшалка Рыгор "наставіў яго на дарогу чарнецкую".
У тым жа 1267 г. Войшалк Міндаўгавіч сустрэў сваю смерць у чужым краі ад рукі кума - галіцкага князя Льва Данілавіча, у якога Войшалк некалі хрысціў сына. Найгоршае, што арганізатарам сустрэчы, на якой дайшло да забойства быў менавіта Леў, акрамя грэху забойства ўзяўшы на сябе яшчэ парушэнне святога звычаю гасціннасці. Леў запрасіў на сустрэчу свайго дзядзьку Васільку Раманавіча і цераз таго Войшалка. Той падазраваў нядобрае: "Войшалк жа баяўся Льва і не хацеў ехаць, але паехаў на васількаву паруку". Летапісец двойчы гэта паўтарае. "І ў той час прыслаў Леў да Васілька, так кажучы:"хацеў бы сыйціся з табой, каб і Войшалк таксама быў". Васілька ж паслаў па Войшалка на страснай нядзелі так кажучы: "прыслаў да мяне Леў, каб сабрацца і ты нічога не бойся."
Ва Ўладзіміры Войшалк спыніўся, як належала манаху, у манастыры, які меў патронам св. Міхала. Пасля сустрэчы, размовы і сумеснага піру князі раз'ехаліся і Войшалк вярнуўся ў манастыр. Але Леў прыехаў следам і прапанаваў гуляць далей. "І пасля Леў прыехаў да яго ў манастыр і пачаў казаць Войшалку:"Куме! Вып'ем"; і пачалі піць. Д'ябал, які спрадвеку не зычыць дабра чалавечаму роду, уклаў у сэрца Льву і той забіў Войшалка з зайздрасці, за тое, што той даў Літоўскую зямлю ягонаму брату Шварну, і такі быў канец таго забойства".
Пахавалі Войшалка там жа ў манастырскай царкве святога Міхала. Леў доўга не меў спакою пасля таго злачынства і баяўся помсты ліцвінаў. Калі праз сямнаццаць гадоў ягоны сын Юры (1285 г.) сабраўся разам з ліцвінамі ў паход на палякаў, занепакоены Леў паслаў да яго ганца з папярэджаннем: "Сыну мой, Юры! Не хадзі сам з Літвою. Забіў я князя іх Войшалка: любо захочуць помсту ўчыніці". Юры аднёсся да слоў бацькі з поўнай сур'ёзнасцю - войска паслаў, а сам не пайшоў.

Асоба вялікага князя літоўскага Войшалк выглядае нашмат цікавейшай за ягонага бацьку. Міндаўг быў таленавітым чалавекам, але не выходзіў за рамкі сваёй жыццёвай ролі - ваяра і палітыка. Ягоны сын перакрочыў вызначаныя яму ад нараджэння сацыяльныя межы і перайшоў, а дакладней, узняўся да новай якасці - сярэднявечнага інтэлігента.
Адыход феадальнага арыстакрата ў духоўны стан для сярэднявечча быў звычайнай справай. Але ў абсалютнай большасці выпадкаў гэта выглядала ўсяго толькі іншай дарогай да той жа зямной кар'еры - былыя рыцары станавіліся царкоўнымі іерархамі і часта не змянялі нават ранейшы стыль жыцця. Так рабілі, напрыклад, малодшыя сыны арыстакратаў, якія не атрымлівалі ад бацькі ні зямельных багаццяў, ні гучных тытулаў (усё даставалася старэйшаму сыну). Аднак у больш чым пяцівекавой гісторыі сярэднявечча цяжка знайсці выпадак, каб чалавек сыходзіў у манастыр з вяршыні свецкай улады і славы.
Войшалка яшчэ можна было падазраваць у нейкіх палітычных разліках падчас першага адыходу ад свецкага жыцця (1254 г.), калі ягоная дзяржаўная кар'ера апынулася пад пагрозай. Але апошні і канчатковы добраахвотны сыход у зеніце славы і моцы не пакідае месца для падобных інсінуацый. У 1267 г. ворагі ўжо былі пакананыя, дзяржава напраўленая ды моцна прыбраная да рук. Вялікі князь выракся найвышэйшай улады добраахвотна ў зеніце велічы і славы. Па ўсёй верагоднасці, здарыўся надзвычай рэдкі ў гісторыі чалавечай пароды выпадак - чалавек пераадолеў інстынкт ўлады, узняўся над ім, што магчыма было асягнуць толькі адным шляхам - праз настойлівую і пакутную духоўную працу над сабой.
Відавочна, Войшалк належаў да псіхалагічнага тыпу людзей, якія пастаянна знаходзяцца ў духоўным пошуку. Кожнаму нармальнаму чалавеку даводзіцца перажываць, асабліва ў маладосці, незадаволенасць сабой, імкненне да зменаў у жыцці, хвалюючае чаканне пераменаў, прагу нечага іншага, лепшага, цікавейшага. Перапоўненасць жыццёвай энергіяй - характэрная рыса маладосці, хай сабе і выкліканая фізіялагічнымі працэсамі маладога арганізму. Аднак, у большасці чалавечых асобінаў усё так і заканчваецца чаканнем. Плынь штодзённасці і інертнасці нясе чалавека сваім кірункам да канца, які ў ва ўсіх нібыта аднолькавы. З гадамі растрачваецца маладая энергія. Толькі асобы духоўна і інтэлектуальна моцныя маюць не адныя жаданні але і сілы, каб пераадольваць інерцыю і кардынальным чынам змяняць (калі палічаць гэта неабходным) сваё жыццё.
Відавочна, Войшалк таксама ў пэўным пункце свайго зямнога шляху паставіў перад сабой пытанне пра ягоны кірунак, вырашыў, што ўсё трэба кардынальна змяняць і з язычніка стаў хрысціянінам. Найлепей пра гэта сказаў сучаснік нашага героя - сярэднявечны летапісец: "увайшоў страх божы ў сэрца яго!" Наступныя рашэнні - пра адыход ад свецкага жыцця, потым ад улады і прыняцце манаскага чыну - былі толькі справай часу. Так у гісторыі нашага гаспадарства ўпершыню з'явіўся рэдкі госць - інтэлігент на троне.


* Летапісец не называе імя Войшалка: "Міндаўг жа паслаў сына свайго і [той] ваяваў каля Турыйска", але гісторыкі заключылі, што гэтым сынам мог быць толькі Войшалк.
** Пры аналізе гэтага тэксту трэба браць пад увагу магчымае перабольшванне злачынстваў Войшалка, выкліканае характэрным для хрысціянскіх аўтараў непрыяццем паганства і прыпісваннем язычнікам усіх смяротных грахоў.
*** Гаворка ідзе пра зварот Данілы Раманавіча да венгерскага караля з проcьбай забяспечыць Войшалку бяспечны праезд праз Венгерскае каралеўства.
**** Першапачатковая Літва (Літоўская зямля) знаходзілася на поўначы і паўночным усходзе ад гэтай мяжы.
***** Тут гаворка пра пачатковую балцкую Літву ў сярэднім цячэнні Віліі. У 13 ст. гэтая назва пашырылася на ўсю тэрыторыю дзяржавы - Наваградчыну, Гарадзеншчыну, Віленшчыну.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX