Вярнуцца: Краўцэвіч А.К.

Археалагічныя даследаванні Лаўрышаўскага манастыра на Панямонні Archaeological research Lauresh's monastery near Neman river


Аўтар: Краўцэвіч А. К.,
Дадана: 03.07.2009,
Крыніца: "З глыбі вякоў. Наш край", Вып. 1.- Мн.: Навука і тэхніка, 1996.- 288 с.



Лаўрышаўскі манастыр - адзін з самых старажытных на Беларусі - вядомы з 13 ст. Іпацьеўскі летапіс паведамляе пад 1262 г., што князь Войшалк заснаваў яго «на реце на Немне межи Литвою н Новымьгородком» [2]. Магчыма, назву манастыра можна звязваць з Рымонтам, сынам князя Трайдэна (княжыў у 1270-1282 Іт.). Рымонт стаў манахам і атрымаў імя Лаўрыш [4]. Як паведамляе беларускі летапіс, ён збудаваў манастыр «в пуще, около реки Немана... построил в монастыре церковь Святого Воскресения (Господня)... и от того был назван Лавришевскнй монастырь...» [3].

З цягам часу гэты асяродак культавага жыцця стаў адным з буйнейшых на Беларусі, пасля Брэсцкай царкоўнай уніі ён быў базылянскім. У 1836 г. манастыр быў зліквідаваны царскімі ўладамі, а манастырская Успенская царква стала прыходскай. Гэты драўляны храм, збудава-

228

ны ў 1768 г., захаваўся да нашых часоў. I сёння стаіць ён на ўскрайку вёскі Лаўрышава, што ў Навагрудскім раёне.

(51KB) Мал. 1. Схема размяшчэння шурфоў; Ж -жылыя будынкі; г - гаспадарчыя пабудоды; Ц - царква; Л - лазьня; С - стаў.

Прынята лічыць, што напачатку манастыр знаходзіўся ў іншым месцы, менавіта ў 4 км ад Лаўрышава на правым беразе Нёмана насупраць вёскі Гнесічы. Тут маецца пясчаная дзюна (урочышча Нязвішча), большая частка якой зарасла маладым сасновым лесам. Яна прыкметна выдзяляецца сярод пляскатай поймы Нёмана. Менавіта з гэтай дзюнай легенда звязвае першапачатковае месцазнаходжанне Лаўрышаўскага манастыра. Тут шукалі яго М. А. Ткачоў (1971 г.) і А. М. Кушнярэвіч (1988 г.): Першы адкрыў стаянку каменнага веку, другі каля паўднёва-заходняга ўскрайку пагорка выявіў падмуркі царквы пачатку 20 ст. Гісторыкам Р. В. Баравым знойдзены праект гэтай царквы ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, датаваны 1908 г. [5]. Невысокі цэнтрычны храм з высокай вежай-званіцай збудавалі «на горе Св. Елисея в Лавришевском монастыре Новогрудского уезда». Паводле інфармацыі, атрыманай ад мясцовых жыхароў, царква была разбурана ў часы першай святовай вайны. Дакладны час пераносу манастыра да вёскі Лаўрышава невядомы.

У маі 1990 г. па заказу Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі аўтарам было праведзена абследаванне наваколля вёскі Лаўрышава і самой вёскі з мэтай выяўлення месцазнаходжання старажытнага Лаўрышаўскага манастыра. Ва ўрочышчы Нязвішча на пясчанай, незанятай лесам паўночнай частцы дзюны сабраныя крэмневыя прылады эпохі мезаліту (вызначэнне В. Л. Ліпніцкай). Існаванне ў названай мясціне манастыра выклікае сумненне. Пясчаная дзюна, якая падчас разліваў Нёмана з усіх бакоў была акружаная вадой, мала падыходзіла для размяшчэння чалавечага жылля.

Намі праведзеныя разведвальныя раскопкі на тэрыторыі вёскі Лаўрышава каля Успенскай царквы. Храм размешчаны на паўднёвай ускраіне вёскі каля маста цераз рэчку Валаўку.

Закладзены тры шурфы агульнай плошчай 6 кв. м. Паколькі гэта першыя археалагічныя раскопкі ў Лаўрышаве, варта разгледзець іх дэталёва.

Шурф 1 (2X2 м) закладзены на самым схіле пагорка, ён, відавочна, трапіў на задворкі старажытнага паселішча, куды ў 17 ст. выкінулі разбітую кафляную печку. На глыбіні 0,4-0,6 м залягае светла-шэры культурны слой

229

са знаходкамі: у верхняй частцы 18-19 стст., у ніжняй -17 ст.

Ніжні вільготны цёмна-шэры слой магутнасцю 0,8-1 м утрымлівае праслойкі ад развалу кафлянай печы (на глыбіні 0,5-1,1 м). Паколькі не знойдзена якіх-небудзь аформленых плямаў гліны, а фрагменты кафлі раўнамерна раскіданыя па шурфе, напрошваецца выснова, што ў гэтым месцы печкі не было, гліна і фрагменты кафлі прынесеныя з іншага месца. Па знаходках керамічнага посуду і кафлі печка датуецца 17 ст.

У ніжняй частцы цёмна-шэрага вільготнага слою выяўленыя рэчы 16 ст., знойдзена некалькі фрагментаў непаліваных гаршкоў 14-15 стст. (адзін фрагмент, магчыма, больш ранні).

У шурфах 2 і 3 (1X1 м) зафіксаваны амаль аднародны светла- і цёмна-шэры слой таўшчынёй 0,7-0,8 м са зна-

(36KB) Мал. 2. Кафля з геральдычнай выявай.

231

ходкамі 17-19 стст. Зандажы ў іншых месцах пагорка наводзяць на думку, што культурны слой трэба шукаць галоўным чынам па краях пагорка (у цэнтры яго размешчана Успенская царква).

У археалагічнай калекцыі першае месца па колькасці знаходак займае кафля. Сабрана яе 548 фрагментаў (з іх 253 дробныя фрагменты румпы ў калекцыю не ўзятыя). Амаль уся кафля, за выключэннем некалькіх фрагментаў, выяўлена ў шурфе 1 (542 адз.). Большасць кафлі з шурфа 1 сабрана ў пласце 4 (477 фрагментаў). Кафля была перамешаная з глінай, пласт 4 давялося выбіраць нажамі, каб не пашкодзіць шматлікія фрагменты. На наш погляд, наяўнасць бессістэмнага нагрувашчвання кафлі і гліны ў адным месцы каля самага краю жылой пляцоўкі на схіле пагорка сведчыць аб тым, што мы натрапілі на месца, куды выкінулі разбітую кафляную печку. Калі будзе магчымасць правесці тут большыя па аб'ёме даследаванні, то, несумненна, калекцыя кафлі папоўніцца. Ужо зараз можна спрабаваць рабіць рэканструкцыю вонкавага выгляду печы. Больш за ўсё (96 адз.) сабрана кафлі з геральдычнай выявай: дзяржаўныя гербы Польскага каралеўства, Вялікага княства Літоўскага і нявызначаны геральдычны знак, які напамінае дзядоўнік (мал. 2). Толькі два фрагменты тэракотавыя, са слядамі пабелкі, астатнія пакрытыя зялёнай палівай.

На другім месцы па колькасці фрагменты кафлі з выявай аркі, створанай паралельнымі лініямі (мал. 3) -зялёнапаліванай (17 адз.) і тэракотавай (3 адз.). Падобныя кафліны выяўленыя ў Навагрудку [1]. Фрагменты сіметрычнай выявай анёлаў вакол вазы (мал. 3 адз.) і фрагменты з сіметрычным геаметрычна-раслінным арнаментам (мал. 3:4-6 адз.), відаць, належаць да адной і той жа гзымсавай кафлі (аналагі таксама маюцца ў Навагрудку). Усе яны пакрытыя зялёнай палівай, бакавыя рамкі адсутнічаюць. Па адным фрагменцезнойдзена ад кафлі зялёнай палівы з сіметрычным раслінным арнаментам (мал. 3:2), ад кафлі з выявай гронкі вінаграду і гзымсавай кафлі з выявай лісцяў аканту. Усе названыя кафліны знойдзены ў шурфе 1 і датуюцца 17 ст. Да гэтага ж часу належаць дробныя фрагменты, тып арнаменту якіх не вызначаецца (44 зялёнапаліваныя, з іх 6 ад гзымсавых, 8 ад тэракотавых кафлін), і большая частка фрагментаў румпаў (103 адз., ды яшчэ падчас раскопак не ўзяты 253 фрагменты). Дробны кавалак

232

Керамічны посуд. (35KB) Мал. 3.  Зялёнапаліванай кафлі 17 ст. знойдзены і ў шурфе 3.  Акрамя таго, у шурфах 1-12 выяўлены фрагменты гладкай зялёнапаліванай кафлі 18 ст. (шурф 1-4 адз., шурф 2-3 адз.).Знойдзена 468 фрагментаў непаліванага, 47 фрагментаў дымленага і 30 фрагментаў паліванага керамічнага посуду (з іх не ўзята ў калекцыю 276 дробных фрагментаў непаліваных і 6 - дымленых начынняў). Непаліваны посуд прадстаўлены амаль выключна гаршкамі (ёсць яшчэ макотры). Самымі старажытнымі з'яўляюцца венцы гаршкоў 14-15 стст. (мал. 4:7, 12а - апошняе венца, магчыма, адносіцца да больш ранняга часу).

Некалькі венцаў гаршкоў датуюцца канцом 15-16 ст. (мал. 4:4- 6, 10). Да гэтага ж часу можна аднесці і венца макотры (мал. 4:5). Асноўная маса начынняў належыць да 17 ст. (мал. 4:3, 9, 7, 12) і 17-18 стст. (мал. 4:2, 11).

У асартымент невялікай калекцыі моранага (дымленага) посуду акрамя гаршкоў уваходзяць рынкі (мал. 4:13), збаны, глёк. На некалькіх фрагментах сценак выяў-лены глянцаваны арнамент. Дымлены посуд быў распаў-сюджаны ў канцы 16-19 ст.

Асноўная маса паліванага посуду датуецца 18-19 стст. Ен пакрыты карычневай і зялёнай палівай розных адценняў (наносілася большай часткай толькі знутры). Венца адной з талерак з зялёнай патрэсканай, відаць, ад агню палівай знутры (мал. 4:14) разам з некалькімі гаршкамі можна аднесці да 17 ст.

Вырабы са шкла і жалеза. Знойдзены два фрагменты шкляных квартаў: адзін - празрыстага шкла (мал. (31KB) Мал. 4. Керамічны посуд, вырабы са шкла і металу.4:17), другі - зеленаватага шкла; донца стопкі (мал. 4:18) 18-19 стст., два фрагменты ваконнага шкла (каля 1 мм таўшчынёй), тры фрагменты начынняў 19 - пачатку 20 ст. Металічныя вырабы прадстаўлены дзвярной завесай 19-20 стст. і цвікамі 17-19 стст. (мал. 4:75, 16). Знаходкі захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне.

На падставе здабытага падчас раскопак археалагічнага матэрыялу можна сцвярджаць, што мы знайшлі культурны слой Лаўрышаўскага манастыра, бо яшчэ ў 19 ст. манастыр тут існаваў. Нельга выключаць верагоднасць таго, што старажытны Лаўрышаўскі манастыр з самага пачатку знаходзіўся на гэтым месцы, каля сучаснай вёскі Лаўрышава, а не на Нязвішчы. Такому меркаванню

234

спрыяюць знаходкі 14-15 стст. Трывалая легенда аб першапачатковым месцазнаходжанні манастыра на пясчаным пагорку насупраць Гнесічаў, магчыма, звязана з выключным рэльефным становішчам гэтага пагорка. Ён - самая высокая мясціна ў ваколіцы і вельмі прыкметна выдзяляецца на шырокай і нізкай пойме Нёмана (каля 1,5-2 км шырынёй).

Магчыма, далейшыя раскопкі ў Лаўрышаве дазволяць праясніць сітуацыю.


СПІС ЛІТАРАТУРЫ

  1. Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой. Мн., 1991. С. 119. Мал. 31:8.
  2. ПСРЛ. Т. 11. Стб. 859.
  3. ПСРЛ. Т. 35. С. 94-95.
  4. Улашык Н. Н. Введенне в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985. С. 146.
  5. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 309, воп. 2, адз. зах. 149.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX