Папярэдняя старонка: Краўцэвіч А.К.

Літва і Полацак у гістарычных стасунках 


Аўтар: Краўцэвіч Алесь,
Дадана: 16-07-2011,
Крыніца: Arche № 5-2011.



«А мы ў волі Божай і Войшалкавай» Літва і Полацак у гістарычных стасунках


Вынесеная ў загаловак цытата - выраз з аўтэнтычнага дакумента - граматы-дамовы полацкага князя Ізяслава з магістрам Інфлянцкага ордэна і горадам Рыгай, складзенай каля 1265 г.

Поўнасцю сказ выглядае так: «Полацак і Віцебск адно ёсць, а мы ў волі Божай і Войшалкавай». У ім надзвычай сцісла і ёмка выяўлены характар стасункаў паміж найстаражытнейшым беларускім горадам-дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім у сярэдзіне XIII ст.

На той час палітычная вялікасць Полацкай дзяржавы была ў мінулым. У XII ст. з яе выдзеліліся Ізяслаўскае, Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Менскае княствы [1]. З пачатку XIII ст. у ніжнім цячэнні Дзвіны трывала ўмацавалася нямецкая калонія Інфлянты (Livland - Лівонія). Полацк не змог абараніць сваёй манаполіі на гандаль па гэтай рацэ і мусіў прымірыцца са з'яўленнем новага пасярэдніка ў кантактах з Заходняй Еўропай.

Тым не менш Полацак заставаўся адным з багацейшых гарадоў Усходняй Еўропы і адыгрываў ролю буйнога культурнага цэнтра з даўнімі і багатымi культурніцкімі традыцыямі. Старажытны племянны цэнтр полацкіх крывічоў выгодна размяшчаўся на адной з галоўных гандлёвых магістраляў тагачаснай Еўропы, якая вяла з Балтыйскага мора ў Чорнае і з лёгкай рукі летапісца называлася «шлях з варагаўу грэкі». У знакамітым Сафійскім саборы ўжо два стагоддзі збіралася рукапісная бібліятэка. Горад аздаблялі з два дзясяткі мураваных цэркваў, збудаваных яшчэ ў XII - пачатку XIII ст. паводле мясцовага архітэктурнага стылю. Духоўнае жыццё канцэнтравалася ў некалькіх праваслаўных манастырах. Даследчыкі не сумняюцца, што прынамсі ў адным з іх вялося полацкае летапісанне, ад якога, на жаль, не ацалела ніводнага помніка.

Калі верыць традыцыйнай гістарыяграфіі (а яна ў нас пераважна расійская як паводле аўтараў, так і па духу), то ўзаемаадносіны Літвы і Полацка на працягу сярэднявечча складваліся па-рознаму. Спачатку Полацкая дзяржава ў X-XII стст. вяла экспансію ў Прыбалтыцы. Пазней ужо летувісы пачалі нападаць, рабаваць, а потым у XIII-XIV стст. палітычна падпарадкавалі полацкія землі. У гэтай інтэрпрэтацыі полацкага лёсу крыецца вялікая мана, мэтай якой было падмацаванне імперскіх амбіцый Расіі, менавіта доказ шляхетных намераў азіяцкага драпежніка. Маўляў, нядобрыя летувісы беларусаў захапілі і зняволілі, а мы, браты-расійцы, вызвалілі.

Калі ж паспрабаваць самастойна разабрацца ў крыніцах і прааналізаваць гістарыяграфію, то карціна выяўляецца цалкам іншая. Я спецыяльна шукаў пацверджаныя крыніцамі выпадкі полацка-ліцвінскай канфрантацыі, што стала ўжо аксіёмай у поглядах нашых суседзяў - расійцаў, палякаў і летувісаў, але сустракаў адно толькі факты супрацоўніцтва і саюзу. Адзіным нібыта важкім аргументам варожасці ёсць фраза са «Слова пра паход Ігаравы» пра тое як «адзін Ізяслаў пазваніў сваімі вострымі мечамі аб шаломы літоўскія». Акрамя гэтай згадкі ў літаратурным творы, які да сёння падазраюць у неаўтэнтычнасці (шэраг даследчыкаў лічыць «Слова» фальсіфікатам з XIX ст.), у тагачасных крыніцах пра войны Полацка і Літвы няма нічога.

Нават такі апалагет летувіскай заваёвы Беларусі, як Уладзімір Пашута, змог знайсці толькі факты супрацоўніцтва. Вось як у 1180 г., калі ў паходзе супраць смаленскага князя, які захапіў Друцак, разам з палачанамі ўдзельнічала Літва. Таму Пашута і вывеў:

Умешванне кіеўскіх князёў у палітычнае жыццё Полацка-Менскай Русі спрыяе распальванню феадальных міжусобіц, у якія ўцягнутыя Полацак, Віцебск, Менск, Друцк, Гародня і інш. гарады. У гэтых усобіцах войскі Літвы выступаюць у якасці ўнушальнай сілы, саюзнай некаторым полацкім князям.

Але проста ў наступным сказе той самы аўтар сцвярджае зусім іншае:

Пад канец даследаванага этапу (XII - пачатак XIII ст. - А. К.) летапісы малююць Літву, якая вяла актыўную наступальную палітыку на Русі і кіравала набегі сваіх дружынаў на Полацкую, Чарнігаўскую і Смаленскую землі [2].

Калі ж паглядзець канкрэтныя звесткі пра гэтыя набегі, то яны сапраўды былі: на землі смаленскую, чарнігаўскую і шмат якія іншыя, але аніводнага на полацкую.

Усходнеславянскія летапісы адлюстравалі актывізацыю ваенна-рабаўнічай дзейнасці летапісных літоўскіх плямёнаў, пачынаючы з 80-х гг. XII ст. Кіеўскія, ноўгарадскія і іншыя летапісцы занатавалі хаду і вынікі дзясяткаў рабаўнічых паходаў ва ўсіх кірунках. Аднак сярод іх няма ніводнага сведчання аб нападзе на беларускія землі: Наваградак, Гародню, Слонім, Ваўкавыск, Полацак. Дастаткова спраўдзіць на мапе месцы, куды былі скіраваныя паходы, каб пераканацца, што племянная тэрыторыя летапісных літоўцаў была аточаная мірнымі землямі, нібы своеасаблівым «пасам бяспекі». Ён складаўся як з балцкіх (Яцвягія, Прусія), так і найбліжэйшых усходнеславянскіх земляў: Наваградчыны, Гарадзеншчыны, Полаччыны. А літоўскія паходы кіраваліся далей за ягоныя межы. Ворагу, які хацеў адпомсціць за набег, не так лёгка было дабрацца да літоўскіх паселішчаў - трэба было пераадолець гэты «пас бяспекі» шырынёй як мінімум пару сотняў кіламетраў.

У тых жа крыніцах можна знайсці звесткі пра супрацоўніцтва летапісных літоўцаў з полацкімі князямі, напрыклад, князя Усевалада з Герсіке, аб паходах палачанаў разам з літвой на Ноўгарад, Смаленск, Інфлянты і да т. п.

Сур'ёзныя гісторыкі, нават тыя, хто падтрымліваў тэзу заваёвы летувісамі беларусаў, не маглі не звярнуць увагі на гэтую акалічнасць - як вядомыя польскія даследчыкі Генрык Пашкевіч і Генрык Лаўмянскі. Першы выказваў здзіўленне, «што захавалася адносна мала паведамленняў аб зрабаванні самога Полацка». Калі бліжэй прыгледзецца да названых паведамленняў, то высвятляецца іх неаўтэнтычнасць. Гэта згаданы ўжо радок з літаратурнага твора «Слова аб паходзе Ігаравым», кароткая інфармацыя з Гісторыі Длугаша і радок з Лаўрэнцеўскага летапісу, з якога не вынікае, што рабавалі менавіта Полацак [3]. Лаўмянскі зрабіў выснову, што напады літоўцаў на Полацак не дасягнулі вялікага напружання, бо захавалася мала звестак аб літоўска-полацкай барацьбе (што за звесткі, даследчык не патлумачыў) [4].

Аднак у агульных ацэнках літоўска-полацкіх дачыненняў гісторыкі на такія «дробязі» не звярталі ўвагі і малявалі маштабную карціну літоўска-рускага, дакладней летувіска-беларускага змагання. Сітуацыю з XIX-XX стст., калі нацыянальныя рухі змагаліся за свае ўласныя дзяржавы і за іх як найбольшую тэрыторыю, гісторыкі пераносілі на сярэднявечча, калі нацыяналізмаў у сучасным разуменні проста не існавала, а дзяржава будавалася на аснове не нацыянальных, а феадальных сувязяў.

Калі каля 1248 г. на Панямонні ў этнічна мяшанай балцка-славянскай зоне паўстала і пачало змагацца за выжыванне Вялікае Княства Літоўскае, Полацак не прыняў удзелу ні ў адной выправе, скіраванай супраць панямонскай дзяржавы. У першай надзвычай цяжкай вайне 1248-1254 гг. Літва была аточаная ворагамі з усіх бакоў, акрамя ўсходу, дзе ляжала традыцыйна мірная Полацкая зямля. Больш за тое, дакладна ад таго самага часу Полацак умацоўваў саюзныя дачыненні з Літвой, прымаючы да сябе літоўскіх князёў.

У 1248 г. папа рымскі выслаў ліст да «новаахрышчанага» князя Полацка [5]. «Новаахрышчаны» стан князя з'яўляецца доказам яго паганскага, найверагодней ліцвінскага паходжання і адначасова сведчаннем мірнага прыходу на полацкі стол. Яго запрасілі з умовай прыняцця хрысціянства.

Больш дакладная інфармацыя пра ліцвінскага князя на полацкім стале датуецца 1262 г. Восенню таго года ноўгарадскае войска пайшло пад Юр'еў, і сярод ягоных саюзнікаў называецца полацкі князь Таўцівіл (пляменнік Міндаўга), «с ним полочанъ и Литвы 500»6. Дакладны час уладкавання Таўцівіла ў Полацку невядомы. Ён прыйшоў сюды між 1253 і 1262 гг. У пачатку 1250-х гг. Таўцівіл разам з жамойцкім князем Вікінтам ваяваў супраць дзядзькі (Міндаўга), потым замірыўся і, стаўшы полацкім князем, працягваў традыцыйную мясцовую палітыку саюза з Літвой.

У Ноўгарадскім летапісе ёсць указанне, што Таўцівіл быў прыняты на княжанне самімі палачанамі, а не навязаны Літвой. Калі ў 1263 г. арганізатар забойства Міндаўга Транята забіў яшчэ Таўцівіла і пажадаў («просиша», - піша летапісец) ад палачанаў выдачы ягонага сына, то тыя дапамаглі княжычу ўцячы ў Ноўгарад [7]. «Тогда Литва посадиша свои (своего) князъ в Полотьскъ; а полочан пустиша, которыхъ изъимали с княземь ихъ (вылучана мной. - А. К.), и мир взяша» [8]. А вось гэта ўжо прамое дакументальнае сведчанне пра пачатак трывалага палітычнага ўплыву Літвы ў Полацку.

Пасля гібелі Таўцівіла ў Полацку нейкі час сядзеў князь з славянскім імем, які мог быць ягоным сынам [9]. Пазней тут кіраваў Гердзень, які валодаў яшчэ і Віцебскім княствам [10]. Пасля ягонай смерці ў Полацку зноў сядзяць князі з усходнеславянскімі імёнамі - васалы Войшалка [11], вось як той Ізяслаў, аўтар цытаты з загалоўка гэтага артыкула.

Полацка-Віцебская Русь паступова пераходзіла пад пратэкцыю магутнага суседа, які забяспечваў ёй моцную пазіцыю ў гандлёвай канкурэнцыі i лівонскімі немцамі, Псковам і Вялікім Ноўгарадам.

Пасля ўмацавання ў Вялікім Княстве Літоўскім новай дынастыі, да якой належаў Гедымін, полацка-ліцвінскія дачыненні не змяніліся. Вялікі князь Віцень, а потым і сам Гедымін абаранялі інтарэсы Полацка ў прыбалтыйскім гандлі як свае ўласныя. У пачатку XIV ст. з нагоды канфлікту між інфлянцкімі немцамі, менавіта рыжскімі месцічамі і Інфлянцкім ордэнам моцна цярпеў полацкі гандаль. У дамове 1304 г. Ордэна з дацкімі рыцарамі і дэрпцкім біскупам забараняўся гандаль з «нявернымі» (русінамі і ліцвінамі), а тыя, хто такі гандаль вядзе, асабліва рыжскія гараджане, - «небяспечныя ворагі, да якіх трэба стасаваць адкрыты прымус з ужыццём сілы». Урэшце дзвінскі гандаль рэзка скараціўся. Пра гэта сведчаць запісы ў рыжскіх пазыкавых кнігах, дзе пасля 1305 г. значна зменшылася колькасць крэдытных запісаў, у тым ліку па здзелках з «рускімі». Ад вайны на Дзвіне страты цярпелі купцы ўсіх навакольных краінаў.

Умяшальніцтва ліцвінскага гаспадара паправіла сітуацыю палачанаў. Полацкі епіскап Якаў у грамаце (датуецца 1309 г.) да намесніка рыжскага архібіскупа называў Віценя сваім сынам. Адсюль выснова даследчыкаў - Полацак, мяркуючы па грамаце, быў, падобна Ноўгараду, клерыкальна-феадальнай рэспублікай і знаходзіўся пад вярхоўным уладальніцтвам Віценя. Полацкім князем у той час стаў брат Віценя Воін.

Літва і Полацак ад пачатку мелі агульную фундаментальную рысу - яны ўкладаліся ў адзіную этнічную прастору, якая фармавалася праз працэс балцка-славянскіх кантактаў, менавіта прастору беларускую. Толькі ў Полацкай зямлі названы працэс пачаўся і завяршыўся нашмат раней. Калі ў пачатку XI ст. у Падзвінні сфармаваўся ўжо беларускі субэтнас - полацкія крывічы, то на Панямонні ў Літве працэс узаемадзеяння славян і балтаў толькі-толькі набіраў хаду. І ў сярэдзіне XIII ст. новая дзяржава паўставала тут у балцка-славянскай кантактнай зоне, якая ахоплівала сучасныя Гарадзеншчыну, Наваградчыну i Віленшчыну. Прыблізная этнічная мяжа (колькаснай перавагі аднаго этнасу над другім) праходзіла ўздоўж рэчышча Нёмана. Што б там ні казалі сучасныя інтэрпрэтатары гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, несумненным фактам, які немагчыма аспрэчыць, застаецца тое, што пад канец існавання гэтай дзяржавы беларуска-летувіская этнічная мяжа сягала ўжо далёка на поўнач ад Вільні. У гэтай канстатацыі ёсць адказ на сённяшняе балючае для многіх пытанне: чыёй дзяржавай было Вялікае Княства Літоўскае?

Узаемаадносіны Полацкай зямлі з Літвой фармаваліся на працягу некалькіх стагоддзяў. Іхную эвалюцыю цяжка вызначыць з дапамогай юрыдычных фармулёвак. Ад другой паловы XIII ст. несумненна можна гаварыць пра залежнасць ад Літвы, але гэтаксама несумненна захаванне вялікай аўтаноміі Полацка і ягонай зямлі. Гэтая залежнасць фармавалася паступова, на працягу стагоддзяў і мела больш рысаў палітычнага саюзу, чым падпарадкавання. Па-першае, Вялікае Княства Літоўскае не мяшалася ў справы ўнутранага кіравання Полацка за выключэннем працэдуры выбару полацкага князя. Ад апошніх дзесяцігоддзяў XIII ст. полацкі князь быў крэатурай Літвы, аднак патрабавалася фармальная згода палачанаў прыняць яе кандыдатуру. У гэтай справе здараліся канфлікты, як у XIV ст., калі палачане не прынялі навязанага ім Ягайлам Скіргайлу Альгердавіча і выправілі таго з горада, пасадзіўшы на кабылу тварам да хваста.

Па-другое, самастойнасць Полацка ў знешняй палітыцы хоць абмяжоўвалася, але не ліквідавалася цалкам. Літва была патронам Полацкай зямлі ў прыбалтыйскіх справах. Напрыклад, у мірных граматах Вялікага Княства з прыбалтыйскімі немцамі Полацк і Віцебск выступалі не складовымі часткамі Літвы, а як самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні. У дамовах з інфлянцкімі немцамі ў 1323 і 1338 гг. Гедымін забяспечваў полацка-віцебскія справы як уласныя. У першай справе, якая датычыла ўрэгулявання гандлёвых адносінаў, прадугледжвалася цэласнасць і недатыкальнасць полацкіх земляў. Дамова была зацверджана акрамя вялікага князя з баярамі пры ўдзеле і згодзе «епіскапа Полацка, князя і горада Полацка, князя Віцебска і горада Віцебска, якія ўсе на гэтым вышэйзгаданым міры цалавалі крыж». Да таго ж Полацак мог самастойна заключаць з Інфлянтамі асобныя дамовы, якія датычылі канкрэтных справаў - умоваў і правілаў гандлёвых аперацыяў, асабліва гандлю на вагу.

Пры Гедыміну адбылося аб'яднанне асноўных беларускіх земляў і найперш далучэнне да Літвы Полацка і Віцебска, што дало падставу ўключыць у афіцыйны тытул гаспадара слова «Русь» [12]. Гэтыя старажытныя цэнтры беларускай дзяржаўнасці ўвайшлі ў Вялікае Княства Літоўскае на правах шырокай аўтаноміі з захаваннем сваіх даўніх культурных і дзяржаўных традыцый.

У XIV ст. дачыненні Літвы з Полацкам і Віцебскам былі юрыдычна аформленыя спецыяльнымі дакументамі - прывілеямі на аўтаномію. Дакладны час іхнага паўстання невядомы, бо гэтыя дакументы не захаваліся, а іхны змест вядомы з пазнейшых г. зв. пацвярджальных прывілеяў, выдадзеных у XIV-XVI стст. Кожны наступны вялікі князь пасьля заняцця трона пацвярджаў асаблівыя прывілеі для гэтых земляў. Залежнасць Полацка і Віцебска выяўлялася ў выплаце падаткаў у дзяржаўны скарб і адбыванні вайсковай павіннасці. Нават пасля фармальнага ўключэння гэтых земляў у склад дзяржавы ў статусе ваяводстваў, аўтаномія іхная надалей захоўвалася. Персаналіі вялікакняскіх намеснікаў і ваяводаў абавязкова ўзгадняліся з палачанамі і віцяблянамі. Захоўваўся старажытны інстытут веча як важнага органа мясцовага самакіравання з кампетэнцыяй выбрання мясцовых уладаў, арганізацыі нясення вайсковай службы, вырашэння гаспадарчых справаў. Мясцовыя баяры мелі манапольнае права на займанне земскіх пасадаў.

Літва і Полаччына - два адметныя рэгіёны Беларусі, звязаныя лёсам на працягу тысячагоддзяў. Да сённяшняга дня заўважная розніца ў традыцыях і звычаях - як размоўны полацкі зварот «мальцы» ўадрозненне ад «хлопцаў» гістарычнай Літвы. Сотні курганных могільнікаў, якія засталіся ад паганскага часу, пакрываюць усю Полаччыну і толькі адзінкавыя капцы на Панямонні, дзе мясцовыя балты не мелі звычаю насыпаць курганы над сваімі нябожчыкамі. На этнаграфічных мапах Беларусі выразна відаць, што заходняя мяжа распаўсюджвання ў краіне лазні дакладна супадае з гістарычнай мяжой Полаччыны і Літвы. Напрыклад, аўтар гэтых радкоў, народжаны ў Літве пад Гародняй, упершыню папарыўся ў традыцыйнай вясковай лазні толькі на дваццатым годзе жыцця на Глыбоччыне. Нават прыродны ландшафт істотна розніцца. Параўнаўшы пераважна роўную Гарадзеншчыну з парэшткамі мяшаных хваёва-лістовых пушчаў і Полаччыну - край, які «прыхарошуюць… сьветлыя вазёры, што ляжаць між узгоркаў, і якіх тут ёсьць бяз ліку» [13], пераконваешся - Беларусь насамрэч не малая краіна.



1. Штыхаў Г. Полацкае княства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск, 1999. С. 525.

2. Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 18.

3. Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa. Warszawa, 1933. T. 1: Litwa a Moskwa w 13-14 wieku. S. 31.

4. Łowmiański H. Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego. Wilno, 1931-1932. T. 2. S. 269.

5. Taube M. Russische und litauische Fürsten an der Düna zur Zeit Eroberung Livlands (12. und 13. Jahrhundert) // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. N. F. 1935. Band. XI. Heft 3/4. S. 405-406.

6. Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов (далей НПЛ) / Под ред. и с пред. А. Н. Насонова. Москва, Ленинград., 1950. С. 83, 311.

7. Полное собрание русских летописей. Москва, 1962. Т. 2. Стб. 860-861; НПЛ. С. 84, 313.

8. НПЛ. С. 84, 313.

9. Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. С. 385.

10. Русско-Ливонские акты. СПб., 1868. С. 13. № 25а.

11. Русско-Ливонские акты. № 25в.

12. У наступныя стагоддзі менавіта Полаччына, Віцебшчына і Смаленшчына будуць называцца ў ВКЛ «Руссю», адрозна ад цэнтральнай вобласці дзяржавы «Літвы», а таксама «Масквы», «Ноўгарада» і інш.

13 Смоліч А. Географія Беларусі. Мінск, 1993. С. 10.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX