Папярэдняя старонка: Краўцэвіч А.К.

Татарская палітыка Гедыміна 


Аўтар: Краўцэвіч Алесь,
Дадана: 09-01-2013,
Крыніца: pawet.net.



З новай кнігі «ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ. Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248 – 1341 г.)»

Вялікі князь Гедымін істотна змяніў знешнепалітычную дактрыну ВКЛ. Да ягонага прыходу на вялікакняскі пасад, гаспадарства на працягу сямі з паловай дзесяцігоддзяў, амаль увесь першы этап свайго існавання вырашала дзве важнейшыя задачы знешняй палітыкі:

1. Абарона ад Тэўтонскага ордэна
2. Захаванне status quo на Русі.

Прыярытэтнай з'яўлялася першая, паколькі Ордэн быў самым небяспечным ворагам і вёў з Літвой амаль непарыўную вайну. Браты-рыцары выразна акрэслілі яе мэту - заваёву Літвы. Рэалізацыя другой важнай задачы дапамагала вырашэнню першай, бо давала магчымасць максімальна канцэнтраваць сілы на ордэнскай мяжы. Сутнасць канцэпцыі знешняй палітыкі ВКЛ у часы папярэднікаў Гедыміна Пукувера ды Віценя акрэслівалася формулай: " Вайна на захадзе, мір на усходзе".

Гедымін унёс істотныя карэктывы ў гэтую канцэпцыю, менавіта ў другую яе частку. Ягоная дзяржава была ў стане не толькі паспяхова бараніцца ад крыжакоў на захадзе, але і весці наступальную палітыку на Русі.

Пры Гедыміне (і пазней ажно да пачаткаў 15 ст.) нязменнай заставалася першая частка дактрыны, а другая змянілася кардынальна. Галоўнымі складовымі знешняй палітыкі ВКЛ пад кіраваннем Гедыміна былі:

1. Абарона ад Тэўтонскага ордэна
2. Экспансія на Русі.

Стрыжнёвую ідэю дактрыны можна акрэсліць тэзай: " Абарона на захадзе, наступ на усходзе".

Рэалізацыя двух знешнепалітычных задачаў адбывалася ў гарманічнай узаемасувязі. Вайна з Ордэнам гартавала дзяржаву і надавала ёй моцы ў рускіх здабытках, а далучэнне новых усходнеславянскіх земляў павялічвала патэнцыял у змаганні з Ордэнам.

На рэалізацыі знешняй палітыкі выразны адбітак пакінула асабовасць Гедыміна, менавіта схільнасць гаспадара, насуперак звычаям свайго часу, да выкарыстання пераважна мірных метадаў. Ягоныя дыпламатычныя аперацыі, як правіла, праводзіліся паводле дэталёва апрацаванага плана, у некалькі этапаў, вызначаліся шматвектарнасцю, маштабнасцю і паслядоўнасцю ў рэалізацыі. Такая стратэгія прынесла вялікі поспех на ўсходзе, аднак значна меншы на заходнім кірунку.

У часы Гедыміна ў складзе ВКЛ апынуліся некалькі буйных земляў: Палессе, Падляшша, Полацкая і Віцебская землі, аднак ніхто з даследчыкаў не можа дакладна вызначыць час, калі тое адбылося. Гісторыкі здаўна спрачаюцца пра абсяг палітычных уплываў дзяржавы Гедыміна ў землях будучай Украіны і Расеі. Верагодна, гэтыя важныя падзеі засталіся па-за ўвагай тагачасных летапісцаў і храністаў па прычыне іх мірнага характару. Вядома, што ваенныя аперацыі мелі нашмат шырэйшы розгалас і ў першую чаргу прыцягвалі увагу аўтараў летапісаў і хронік.

У 14 ст. большая частка арэалу усходніх славян ‑ Русі знаходзілася пад уладай татарскай Арды, якой кіравалі нашчадкі Чынгіс-хана. Заходняя ці Белая Русь ацалела ад мангола-татарскага нашэсця, пазбегла залежнасці ад татараў і з сярэдзіны 13 ст. усё цясней звязвалася з ВКЛ.

Гедымін пасля інтэнсіўнай, але ня надта ўдалай дыпламатычнай акцыі на захадзе ў 1323 - 1324 г. (няўдалыя спробы замірыцца з Тэўтонскім ордэнам і прыняць хрысціянства па каталіцкаму абраду) перамясціў цэнтр цяжару знешняй палітыкі на Русь. На захадзе надалей вялася актыўная абарона, ВКЛ мацавала заслону ад Прусаў праз будаўніцтва новых мураваных замкаў. А рэшта сілаў, як выявілася, немалых, была скіраваная на Усход. У адрозненне ад кантактаў з каталіцкім Захадам, пра міжнародныя адносіны Гедыміна на праваслаўным усходзе і поўдні захавалася нашмат менш інфармацыі, бо ва ўсходніх славянаў яшчэ не прыжылася традыцыя складання пісаных актаў, якія потым захоўваліся ў архівах. Асноўнай і практычна адзінай крыніцай знешняй палітыкі ВКЛ часоў Гедыміна (і ажно да сярэдзіны 16 ст.) на Русі застаюцца летапісы.

Пасля далучэння Турава-Пінскай, Полацка-Менскай і Віцебскай земляў, ВКЛ узмоцненае іх людскім і гаспадарчым патэнцыялам, вырасла ў моцнага гульца на палітычнай арэне Ўсходняй Еўропы. Колькасць перарасла ў якасць. Паспяховая абарона заходніх рубяжоў Літвы стварыла магчымасць рэалізацыі другой часткі знешнепалітычнай дактрыны Гедыміна - экспансіі на усходзе. Аб'яднаўшы галоўныя беларускія землі, якія не былі залежныя ад татараў нават фармальна, Гедымін пачаў пашыраць уплывы ВКЛ далей на усход і поўдзень, як на этнічна беларускія тэрыторыі, так і на землі будучай Расеі і Украіны. То ўжо былі княствы, якія знаходзіліся, па выразу летапісца, " у волі татарскай". Арда выступала вярхоўным сюзерэнам усёй стракатай мазаікі меншых і большых княстваў Русі Паўднёва-Заходняй, Паўднёвай (будучая Украіна) і Паўночна-Усходняй (будучая Расея) - атрымлівала даніну - "выхад" ад мясцовых княстваў, яе хан зацвярджаў рускіх князёў на іх сталах праз выдачу ярлыкоў (грамат) на княжанне. Прыход Гедыміна на землі падпарадкаваныя татарам, непазбежна мусіў выклікаць абвастрэнне адносінаў Літвы з Залатой Ардой.

Татарскі фактар прысутнічаў у гісторыі ВКЛ ад самых пачаткаў дзяржавы, г.зн. з сярэдзіны 13 ст. Ардынскія ханы пастаянна імкнуліся пашырыць сваю ўладу на заходнія землі Русі, а там на перашкодзе стаяла Літва. Адсюль вынікалі татарскія паходы на Панямонне ў самых пачатках нашага гаспадарства. Паходы праводзіліся разам з падуладнымі татарам рускімі князямі (1258, 1275, 1277 г.), найперш галіцка-валынскімі. У 13 ст. ўсе выправы з удзелам татарскіх войскаў пачыналіся з боку Галіцка-Валынскай дзяржавы, якой татарскія ініцыятывы нападу на Літву крыжавалі ўласныя палітычныя планы і прыводзілі да аслаблення ўплываў на Панямонні.

У 1258 г. вялікае татарскае войска пад камандай Бурундая нечакана з'явілася на Валыні і змусіла князя Данілу Раманавіча да нападу на Літву: " иду на Литву; оже еси миренъ, пойди со мною" [1]. Паход на Панямонне вялікіх вынікаў не прынёс, а галіцка-валынскі ўплыў тут быў моцна аслаблены. У 1275 г. галіцкі князь Леў Данілавіч пасля канфлікту з Трайдэнам звярнуўся па дапамогу да свайго сюзерэна - Арды. Татары не толькі прыслалі ўласнае войска, але паднялі супраць Літвы падуладных ім рускіх князёў, у тым ліку бранскага і смаленскага. Адначасова (у канцы 1275 г.) на Панямонне вырушылі галіцка-валынскія князі і па дарозе забралі з сабой пінскую і тураўскую дружыны. Галоўным вынікам паходу было знішчэнне багатага гарадскога пасаду - вакольнага гораду ў Наваградку, пасля чаго ён ужо ніколі не дасягнуў такой заможнасці, як у 13 ст. Адметнасцю выправы было тое, што яе арганізатарам выступаў не гаспадар Прычарнаморскага улуса эмір Нагай, але хан Волжскай Арды Менгу-Цемір. У 60-я гады 13 ст. татарская дзяржава ва Усходняй Еўропе (улус Джучы) падзялілася на два ўлусы і, адпаведна, узніклі дзве зоны татарскіх уплываў на рускіх землях. Волжская Арда са сталіцай у Сараі кантралявала Паўночна-Усходнюю Русь. У сярэдзіне 60-х гадоў 13 ст. цёмнік Нагай замацаваўся ў вусці Дуная і стварыў уласны г.зв. Дунайскі ці Прычарнаморскі улус. Нагай здолеў падпарадкаваць Галіцка-Валынскую дзяржаву і здабыць уласную сферу ўплыву на Балканах. Паходам на Літву ў 1275 г. сарайскі ўладар Менгу-Цемір імкнуўся распаўсюдзіць свой уплыў на землі Панямоння. Як вядома, гэтай мэты ён не дасягнуў. Наступны паход супраць Літвы ў 1277 г. арганізоўваў ужо Нагай [2]: Присла оканьный и безаконый Ногай (поганый) послы своя съ грамотами, Тегичага, Кутлубугу и Ешимута ко Лвови и Мьстиславу и Володимеру, тако река: «всегда ми жалуете на Литву; осе же вы (вам) далъ есмь рать и воеводу съ ними Мамъшѣя (Матшія), пойдѣте же съ нимъ на вороги своѣ.» [3]

Войскі ВКЛ не праводзілі паходы на ўсходнеславянскія землі, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні татараў. Актыўнасць ліцвіны праяўлялі толькі ў Смаленскай зямлі, дзе ўлада татараў адчувалася слаба [4]. Задзірацца з татарскай Ардой было небяспечна, бо стэпавая дзяржава з'яўлялася тады мацнейшай сілай ва Усходняй Еўропе. У адказ на напад яна магла выслаць агромністае войска, разам з дружынамі васальных рускіх князёў.

У часы гаспадарання Віценя адбылося аб'яднанне двух улусаў і, адпаведна, узмацненне татарскай дзяржавы ў выніку перамогі ў 1300 г. хана Волжскай арды Тохты над эмірам Нагаем і далучэння Прычарнаморскага ўлуса да Волжскага. Хан Тохта працягваў традыцыйную ардынскую палітыку адносна рускіх земляў, якая палягала на сутыкненні між сабой мацнейшых мясцовых князёў. Надаючы вялікае княжанне уладзімірскае аднаму з князёў, татары адначасова падтрымлівалі ягонага суперніка. У спецыяльнай літаратуры выказвалася меркаванне, што пасля аб'яднання двух ардынскіх улусаў, ханы пачалі рабіць стаўку не на бліжэйшых да Арды князёў, а на тых, чые ўладанні мясціліся бліжэй заходнерускіх земляў, менавіта на князёў маскоўскіх і цверскіх. Масква і Цвер уяўляліся ханам выгоднымі плацдармамі для расшырэння палітычнага ўплыву Арды на заходнія землі Русі [5].

Ліцвіны не адмаўляліся цалкам ад актыўнасці на мяжы з Паўночна-Усходняй Руссю. Менавіта, са свайго даўняга плацдарма ў Смаленскай зямлі Таропца імкнулі далей на ўсход - да Ржэвы. Даследчыкі лічаць Тарапец ліцвінскім плацдармам для нападаў ужо з сярэдзіны 13 ст., а замацаванне Літвы ў Тарапцу звязваюць з ліцвінска-ноўгарадскай мірнай дамовай 1262 г. [6] Таропец меў надзвычай выгоднае стратэгічнае размяшчэнне на водападзелах вялікіх рэк: Зах. Дзвіны, Дняпра, Волгі, Ловаці. Адсюль можна было кіраваць выправы ў розныя бакі, хутка і нечакана дабрацца для аб'екта нападу. У расейскай гістарыяграфіі выказвалася меркаванне, што ВКЛ на рубяжы 13 і 14 ст. (ці прынамсі паміж 1285 і 1314 г.) засвоіла Ржэўскую зямлю [7], г.зн. сягнула да вярхоўяў Волгі.

У 14 ст. татарская палітыка адносна Літвы вымушана змянілася, галоўнай мэтай Арды стала стрыманне экспансіі памацнелай ліцвінскай дзяржавы ў сваіх падкантрольных землях. Пасля смерці хата Тохты ў 1312 г. ягонае месца заняў хан Узбек, які кіраваў ў 1313 - 1341 г. (памёр у адзін год з Гедымінам). Крыніцы сведчаць, што Гедымін падтрымліваў дыпламатычныя кантакты з Ардой ад пачаткаў свайго гаспадарання. У часіну смерці ў Ардзе суперніка Масквы цверскага князя Міхала Аляксандравіча ў 1318 г. там знаходзіліся ліцвіны, відавочна, з пасольства Гедыміна [8] У 1324 г. пасланнікі папскіх легатаў пры двары ліцвінскага гаспадара ў Вільні інфармавалі пра прысутных там татарскіх паслоў. Аднак у тым жа годзе адбыўся вайсковы татарскі паход супраць Літву, дэталі якога невядомыя: Тогоже лѣта Царь Азбякъ посылалъ князей Литвы воевати; и много зло сотвориша Литвѣ, и со многимъ полономъ приидоша во орду. [9]

У літаратуры выказвалася думка, што пазней хан Узбек, пагадзіўшыся з Аляксандрам Міхайлавічам князем цвярскім у 1326 - 1327 г., чакаў ад таго судзеяння ў наладжванні адносінаў з ВКЛ [10]. У 1331 г. кіеўскі князь Хведар дзейнічаў па даручэнню Гедыміна, але разам з татарскім баскакам - пераследаваў наўгародскага архіепіскапа, што дало падставы для высновы вядомага савецкага гісторыка Уладзіміра Пашуты "Межы палітычнага ўплыву Літвы і Арды на Русі не былі выразнымі, пра што сведчыць прыклад Кіева, дзе пад уладай татарскага баскака сядзеў у 1332 г. князь Хведар, неяк звязаны з ліцвінскім урадам." [11]

Зімой 1339 - 1340 хан Узбек арганізаваў паход супраць Смаленска па прычыне прызнання смаленскім князем сюзерэнітэта Гедыміна. Як звычайна, татары паднялі ў паход падручных рускіх князёў. "Тогоже лѣта со княземъ Iваномъ Ивановичемъ Рязанскимъ Коротополомъ приидоша из Орды от царя Азбяка Татарове мнози, и посолъ князь Тавлубие и князь Менгукашъ, и инии мнози князи с Татары послании от царя Азбяка к Смоленску ратию. (…) И тако ис Переславля поиде князь Iванъ Коротополъ с Тавлубиемъ и протчими Татары, а князь великии Иванъ Даниловичь послалъ свою рать с ними к Смоленску по цареву повелению, а воеводы его Александръ Iвановъ, Федоръ Акинфович, такоже и иниï князи идоша по цареву повелению к Смоленску с Татары ратью (…) И пришедше подъ Смоленскъ посады пожгоша, и волости и селы пограбиша и пожгоша и подъ градомъ не много днеи стояше: и тако Татарове поидоша во орду со многимъ полономъ и богатствомъ, а Рустиï князи возвратишася во свояси здрави ï целы. [12]

Да сённяшняга дня выклікае дыскусіі сярод гісторыкаў праблема ўзаемаадносінаў дзяржавы Гедыміна з Кіеўскай зямлёй. Летапісная традыцыя з 16 ст. прыпісвае Гедыміну падпарадкаванне гэтай зямлі [13], гэтаксама як і Галіцка-Валынскага княства. Навуковы аналіз крыніц паказаў супярэчлівасць гэтых звестак. Дакладна вядома, што Валынь захавала незалежнасць да 1340 г. - тут кіравалі свае князі. З Кіевам сітуацыю праясніць складаней з прычыны адсутнасці інфармацыі. Пасля пагрому Кіева мангола-татарамі ў 1240 г., гэты буйнейшы усходнееўрапейскі горад доўга заставаўся другарадным паселішчам. Кіеўская зямля да пачатку 14 ст знаходзілася пад непасрэдным татарскім кіраваннем. У 1331 г. Наўгародскі летапіс ўпамінае кіеўскага князя Хведара з сувязі з паездкай новавыбранага архіепіскапа Вялікага Ноўгарада Васіля ва Уладзімір-Валынскі да мітрапаліта на пасвячэнне ў новы сан. Да мітрапаліта адначасова прыбылі паслы Пскова і Гедыміна з просьбай пасвяціць для Пскова асобнага ад Ноўгарада епіскапа Арсенія. Мітрапаліт, відавочна, не без уплыву ноўгарадцаў, адмовіў у гэтай просьбе, таму наўгародскае пасольства, баючыся помсты Гедыміна, вярталася дамоў цішком ("уходам") "паміж Літвой і Кіевам"; мітрапаліт даў вестку, што літоўскі князь выслаў за імі пагоню. Пад Чарнігавам наўгародцаў дагнаў кіеўскі князь Хведар з баскакам і атрадам у пяцьдзесят чалавек. Справа ледзь не дайшла да бойкі, але Васіль заплаціў за сябе выкуп і пасольства паехала далей. Знакаміты ўкраінскі гісторык Міхайла Грушэўскі лічыў, што Хведар кіеўскі наўрад ці валодаў усёй зямлёй, ён мог быць толькі татарскім "спадручнікам" толькі для самога Кіева [14]

Мы не маем рэальных падстаў казаць пра падпарадкаванне Кіева Гедыміну, але нельга не заўважыць наяўнасці тут уплываў гаспадара Літвы. У адным з тагачасных дакументаў упамінаецца брат Гедыміна Хведар. Выказвалася меркаванне, што тым братам мог быць князь Хведар кіеўскі (як Воін быў князем полацкім).

Пры Гедыміне справа не дайшла да буйных бітваў паміж ліцвінамі і татарамі, што, напэўна, вынікала з палітыкі Гедыміна, які ўнікаў збройных канфліктаў і пашыраў свае ўплывы ў Паўночна-Усходняй Русі найперш дыпламатычнымі метадамі. Аднак такая палітыка не магла працягвацца доўга. Раней ці пазней ліцвінская экспансія на падпарадкаваныя татарам землі павінна была прывесці да буйнога сутыкнення, і да яго справа дайшла ўжо пры наступніку Гедыміна вялікім князі Альгердзе. У гісторыю яно ўвайшло як бітва на Сініх Водах.

Аляксандар Краўцэвіч, доктар гіст. навук

[1] ПСРЛ. Т. 2. 1908. Стб. 846, 849.

[2] Греков И.Б. О характере ордынско-русских отношений второй половины 13 - начала 14 в. [у:] Древности славян и Руси. Москва: Наука, 1988. С. 128- 130.

[3] ПСРЛ. Т. 2. 1843. С. 207; 1908. Стб. 876 - 878.

[4] Алексеев Л.В. Смоленская земля в 9 - 13 вв. Москва: Наука, 1980. С. 235.

[5] Греков И.Б. О характере ордынско-русских отношений второй половины 13 - начала 14 в. С. 131.

[6] Янин В.Л. Новгород и Литва. Пограничные ситуации 13 - 15 веков. Москва: Изд-во Московского университета, 1998. С. 52 - 53; Цемушаў В.М. Таропецкая воласць // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2: Кадэцкі корпус-Яцкевіч. Мн.: БелЭн., 2006. С. 659-670

[7] Янин В.Л. Новгород и Литва. С. 53.

[8] Русская летопись по Никонову списку. Санкт-Петербург. 1786. С. 118.

[9] Тамсама. С. 128.

[10] Клюг Э. Княжество Тверское (1247 - 1485). Тверь: «РИФ ЛТД», 1994. С. 128.

[11] Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 396.

[12] Русская летопись по Никонову списку. С. 170 - 171.

[13] ПСРЛ. Т. 35. С. 200.

[14] Грушевський М. Історія України-Руси. Львів, 1905. Т. 3. С. 173.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX