Папярэдняя старонка: Краўцэвіч А.К.

Некалькі заўваг пра польскасць і беларускасць у гістарычным кантэксце 


Аўтар: Краўцэвіч Аляксандр,
Дадана: 12-01-2013,
Крыніца: Краўцэвіч Аляксандр. Некалькі заўваг пра польскасць і беларускасць у гістарычным кантэксце // На шляху да праўды: Матэрыялы VIII Міжнар. навук. канф. 'Шлях да ўзаемнасці' (Белавежа, 15-17 чэрв. 2000 г.) і 'круглага стала' 'Ідэя беларускасці і ідэя польскасці на мяжы тысячагоддзяў: да вызначэння паняццяў' (Мінск, 6-7 верас. 2000 г.) / Рэдкал.: А. Баршчэўскі і інш. — Мн.: 'Беларускі кнігазбор', 2001. — 224 с. — (Acta Albaruthenica; Кн. 2). С. 193-195.



Паняцце нацыянальнай ідэі, дзеля абмеркавання якога сабраўся наш «круглы стол», надзвычай цяжка паддаецца вызначэнню, зрэшты, як большасць тэрмінаў, звязаных з вывучэннем адносін паміж людзьмі. Шматпланавасць і складанасць тэрміну «нацыянальная ідэя» відна ўжо з назваў раздзелаў праграмы нашай канферэнцыі, дзе выдзелены філасофска-метадалагічныя, культуралагічныя, грамадскія, гістарычныя яе аспекты. Яшчэ адным пацвярджэннем складанасці праблемы з'яўляецца тая акалічнасць, што ніхто з прысутных тут высока адукаваных калег не «замахнуўся» на акрэсленне паняццяў «ідэя беларускасці» альбо «ідэя польскасці».

Напэўна, названы тэрмін можна аналізаваць, акрамя іншага, і ў кантэксце галоўнай стратэгічнай задачы, вырашэнню якой служыць нацыянальная ідэя, менавіта задачы выжывання пэўнай этнічнай супольнасці ў гістарычнай перспектыве. I адсюль вынікае адно з азначэнняў нацыянальнай ідэі, менавіта, як праграмы выжывання нацыі.

Гістарычная практыка паказала, што пры ўсёй індывідуальнасці і непаўторнасці гістарычных лёсаў розных этнасаў, механізмы рэалізацыі гэтай праграмы выжывання адныя і тыя ж для ўсіх народаў. Галоўным з гэтых механізмаў, сродкаў ці рычагоў можна лічыць дзяржаву. Вось і на нашым спатканні практычна ў кожным выступленні пра польскасць ці беларускасць гаворка ідзе аб польскай ці беларускай дзяржаве. Рызыкну нават удакладніць тэму нашай сустрэчы - «беларуская дзяржаўная ідэя і польская дзяржаўная ідэя».

Не выклікае сумнення прыналежнасць этнасу і дзяржавы да паняццяў аднаго класа, паколькі яны абодва звязаны з арганізацыяй жыццядзейнасці буйных чалавечых супольнасцей. Дзяржава - гэта арганізацыя больш позняя і больш эфектыўная ў выкананні гэтай функцыі. Узаемаадносіны паміж этнасам і дзяржавай - вялікая і складаная праблема, якая патрабуе дасканалага вывучэння іх гістарычнай практыкі.

Выкарыстанне дзяржаўнай арганізацыі для рэалізацыі нацыянальнай ідэі (такое разуменне функцыі дзяржавы сфарміравалася ў новы і найноўшы час) - справа адказная і няпростая, яна патрабуе асцярожнасці і ўмення ў кіраванні гэтым наравістым канём. Калі параўнаць, то ўмелым вершнікам - кіраўніком дзяржавы - з'яўляецца нацыянальная эліта. Часам здараецца, што конь выходзіць з-пад кантролю вершніка. Пра гэта сведчыць прыклад сённяшняй Беларусі, дзе дзяржаўная арганізацыя толькі ў малой ступені (найперш, фактам свайго існавання) выступае як механізм рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі ці праграмы выжывання беларускага этнасу. I, наадварот, прыклад суседняй Латвіі паказвае, як можна рэалізоўваць ідэю карэннай нацыі, нават ва ўмовах яе колькаснай меншасці ў краіне.

Асноўная праблема, драма і нават трагедыя беларускага этнасу, галоўная прычына ягонага глыбокага крызісу працягласцю больш чым у тры стагоддзі - страта нацыянальнай эліты. Страта праз паланізацыю XVII-XVIII стст. (больш добраахвотную), русіфікацыю ў XIX-ХХстст. (больш прымусовую), праз фізічнае вынішчэнне ў сталінскіх засценках, праз выпустошванне савецкім таталітарызмам. Напэўна, многія з беларускіх адраджэнцаў зведалі пачуццё роспачы ад усведамлення безнадзейнасці высілкаў некалькіх пакаленняў беларускай інтэлігенцыі, многіх таленавітых і моцных людзей, калі ўсё, што яны рабілі, сплывала, як вада ў пясок, і кожная новая генерацыя пачынала ўсё ад пачатку, ад нуля.

Галоўная задача сённяшняга дня - выхаванне вершніка, беларускай нацыянальнай эліты, кіраўніка дзяржавы, носьбіта і рэалізатара нацыянальнай ідэі, працаўніка над паўнацэнным развіццём нацыянальнай эканомікі і культуры, выканаўцы праграмы выжывання нацыі.

Калі параўноўваць сённяшні стан беларускасці і польскасці, то розніца між імі ў поспехах і ступені рэалізацыі нацыянальнай ідэі. Калі Польшча працуе над узмацненнем сваёй эканамічнай і культурнай пазіцыі ў Еўропе і свеце, то надзённай задачай беларускага этнасу з'яўляецца элементарнае выжыванне ў бліжэйшай гістарычнай перспектыве.

Гістарычныя абставіны, наша суседства і суседства Расіі прычыніліся да актыўных беларуска-польскіх адносін, якія не заўсёды былі прыязнымі і добрасуседскімі, развіваліся часам у духу суперніцтва і барацьбы. Польскасць умацоўвала свае пазіцыі і за кошт беларушчыны.

Мне здаецца, што важнейшай справай сённяшняй і іншых такіх сустрэч з'яўляецца спрыянне пераўтварэнню барацьбы ў супрацоўніцтва, каб не паўтарылася практыка міжваеннага часу, якая пакінула нам у спадчыну ўзаемны недавер, што выступае часта на ўзроўні падсвядомасці. Інерцыя той практыкі часам праяўляецца і сёння, напрыклад, у дзеяннях каталіцкага касцёла ў Беларусі. Мы павінны быць удзячныя польскім святарам-місіянерам, якія праводзяць вялікую работу па адраджэнню ў нашай краіне духоўнасці, найперш, духоўнасці хрысціянскай. Аднак здараюцца прыклады разумення дзейнасці касцёла як механізма ўзмацнення польскай прысутнасці ў нашай краіне. Прывяду адзін свежы прыклад. У газеце Гродзенскай каталіцкай епархіі «Слова Жыцця» ад 25 чэрвеня 2000 г. першы артыкул на першай старонцы пачынаецца з выдзеленага тлустым шрыфтам наступнага выказвання: «Не шкадуйце ахвяраў на будоўлю касцёла на Крэсах, бо Каталіцкі Касцёл на Крэсах у часы няволі ўратаваў нашу душу і мову польскую.

Хто любіць Айчыну, няхай ратуе Крэсы, каб сталі Польшчай не толькі геаграфічна, але мовай і духам.

Каталіцкі Касцёл на Крэсах - гэта праўдзівы КОР (Korpus Ochrony Pogranicza), ахоўнік польскай мовы і душы».

Трохі ачуўшыся ад шоку, пачаў чытаць далей і высветліў, што артыкул прысвечаны аднаўленню касцёла ў Капцёўцы пад Гродна, а тэкст, вынесены ў пачатак, гэта цытата са звароту да вернікаў камітэта будовы касцёла ў 1936 г. Тым не менш, узнікае пытанне, ці падзяляе кіраўніцтва касцёла гэтае выказванне ці палітычную праграму, змешчаную ў пачатку першай старонкі сваёй газеты?

3 другога боку, у беларускай прэсе, а часам і ў гістарычных працах сустракаюцца непрыкрыта палонафобскія выказванні [1] .

3 уласнага вопыту пераканаўся, што гэтая інерцыя ўзаемнага недаверу адсутнічае сярод навуковай інтэлігенцыі. Наша задача-напрацоўка праграм, форм і метадаў польска-беларускага супрацоўніцтва на будучыню.

Аляксандр Краўцэвіч (Гродна, Беларусь)

[1] Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прачытаць параграф, прысвечаны польска-савецкай вайне 1920 г. у сінтэзнай працы для студэнтаў і настаўнікаў: Ковкель И., Ярмусик Э. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998. С. 360-392.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX