Папярэдняя старонка: Куль-Сяльверстава С. Я.

Палітыка. Культура. Асоба. 


Аўтар: Куль-Сяльверстава Святлана Яўгенаўна,
Дадана: 26-03-2017,
Крыніца: Куль-Сяльверстава С. Я. Палітыка. Культура. Асоба. Нарысы па гісторыі культуры Беларусі. - Гродна, ЮрСаПрынт, 2012 - 200 с.

Спампаваць




Прадмова

Анатацыя

Палітыка

Літвінская культурная традыцыя ў кантэксце беларускай культуры.

Беларусь ў межах і за абсягам еўрапейскай культуры: урокі гісторыі.

Ад каралеўскага горада да губернскага цэнтра: Гродна на мяжы 18-19 стст.

Гродзенская губерня ў гісторыка-культурным працэсе (канец 18-19 стст.)

Воранаўская пошта.

Культура

Урбанізацыя як фактар фармавання культурнага жыцця беларускіх земляў у другой палове XVIII - першай палове ХІХ ст. : спроба пастаноўкі праблемы

Уплыў урбанізацыйных працэсаў на камерцыядізацыю культуры беларускіх земляў у канцы 18-першай палове 19 ст.

Роля цэнзуры ў лёсах бібліятэк на беларускіх землях у канцы XVIII- першай палове ХІХ стагоддзя

Кнігазбор Францішка Вайніловіча з маёнтку Катлова Наваградскага павета.

Асоба

Тэстамент Тадэвуша Касцюшкі

Міхал Клеафас Агінскі

Фёдар Якаўлевіч Міркавіч: жыццё, дзейнасць і погляд на "польскае пытанне" на беларускіх землях.

Тадэвуш Гарэцкі: жыццё і творчасць.

Жанчыны ў культурным жыцці беларускіх земляў у першай палове 19 ст.

Метадалогія і методыка навуковых даследаванняў

Аб асаблівасцях працы з датамі гістарычных крыніцах часоў ВКЛ (14-16 стст.)

Беларуская палеаграфія як раздзел палеаграфічнай дысцыпліны.

Яўхім Карскі як палеограф і праблемы беларускай палеаграфіі.

Гістарычная памяць насельніцтва беларуска-польскага памежжа


Прадмова

Культура, як з'ява чалавечага жыцця, мае шмат акрэсленняў і абліччаў. Яе можна разглядаць як сінонім цывілізацыі, а можна засяроджвацца толькі на асобных праявах духоўнай дзейнасці чалавека. Так ці інакш, разважаючы аб культуры, мы будзем звяртацца да ўсяго, што датычыць чалавека, у тым - да палітычных, эканамічных, сацыяльных працэсаў, уласцівасцяў чалавечай асобы. Прадстаўленне карціны культурнага жыцця ў тую ці іншую эпоху не можа зводзіцца толькі да пераліку асобных інстытутаў, якія стварае грамадства для свайго духоўнага існавання, ці да апісання зместу культурных з'яў. Каб зразумець сутнасць, сэнс, значэнне і ролю культуры ў жыцці чалавека, неабходна ведаць умовы, у якіх яна развіваецца і існуе, вытокі культурных працэсаў. Такі падыход пакладзены ў падставу манаграфіі, якая прапануецца аўтаркай шаноўнаму чытачу.

У кнігу ўвайшлі нарысы, прысвечаныя розным галінам культурнага і палітычнага жыцця. Шэраг з іх носяць канцэптуальны і міждысцыплінарны характар. Гэта датычыцца, найперш, раздзелаў, прысвечаных літвінскай культурнай традыцыі. У апошнія часы літвінства, як гісторыка-культурная і палітычная з'ява, стала адной з запатрабаваных тэм для дыскусій і ў навуковым асяроддзі, і ў палітычнай палеміцы. Пры тым сутнасць літвінства дастаткова часта скажаецца. Апошняе адбываецца як з прычын неведання, не валодання гістарычнымі рэаліямі, так і з-за недобрасумленнасці асобных палітыкаў ці навукоўцаў. Таму менавіта, хоць сутнасць дадзенага тэрміну, уведзенага намі ў навуковы зварот паўтара дзесяцігоддзі таму, а таксама месца літвінскай культурнай традыцыі ў гісторыка-культурным і нацыятворчым працэсах неаднаразова асвятлялася аўтаркай гэтых радкоў у манаграфіі, артыкулах, выступленнях на навуковых імпрэзах, я палічыла мэтазгодным аддаць згаданай праблематыцы аказалую частку аб'ёму выдання.

Шэраг матэрыялаў, якія змешчаны ў кнізе, прысвечаны пісьменнасці і кніжнай справе. Гэта, найперш, праблемы беларускай палеаграфіі, як дысцыпліны, якая павінна распрацоўваць пытанні пісьменнай культуры на беларускіх землях. Тэрмін "беларускай палеаграфія" таксама, як і "літвінская культурная традыцыя", уведзены аўтаркай гэтых радкоў у навуковы зварот у канцы 1990-х гадоў. Але, як аказалася, недастаткова напісаць некалькі падручнікаў - належыць зноў і зноў звяртацца да асобных прабем, зноў і зноў тлумачыць сэнс той ці іншай з'явы, каб яна адпаведным чынам была ўспрынята грамадствам. Таму менавіта, у кнігу ўвайшлі матэрыялы, прысвечаныя беларускай палеаграфіі, як аднаму з раздзелаў палеаграфічнай навукі. Другая тэма, якая закранае гісторыю пісьменства, і якая знайшла адлюстраванне ў дадзенай кнізе - тэма цэнзуры. Цэнзура знаходзіцца на мяжы культуры і палітыкі, з'яўляецца не толькі "лакмусавай паперкай" для акрэслення ступені свабоды слова, але таксама характарызуе ступень развіцця прыгожага і навуковага пісьменства, узровень адукаванасці грамадства. Нам асбліва цікавым было прасачыць пачатковы этап фармавання свецкай цэнзуры, як дзяржаўнага інстытута, і яе ўплыў на кніжную культуру.

У кнігу ўвайшлі матэрыялы, прысвечаныя выдатным асобам нашай гісторыі. Сэнс гэтых нарысаў - паказаць, што варта займацца вывучэннем жыцця і дзейнасці герояў мінуўшчыны нават тады, калі, здавалася б, усё ужо вывучана. Часам невялікі, невядомы дагэтуль факт біяграфіі такой асобы пры суаднясенні з гістарычным кантэкстам дазваляе па-іншаму паглядзець на яе, па-іншаму ацаніць вядомыя падзеі і з'явы.

Заключны раздзел кнігі ўключае тэксты, звязаныя з метадалогіяй і методыкай навуковых даследаванняў. Апрача ўжо згаданых праблем палеаграфіі, у ім ідзе гаворка аб гістарычнай храналогіі, дысцыпліне, якая на працягу стагоддзя не звяртала на сябе ўвагу беларускіх навукоўцаў. Значнае месца аддадзена праблемам вуснай гісторыі, як адной з крыніц, якімі карыстаецца гістарычная навука.

Анатацыя

У кнігу увайшлі нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, а таксама матэрыялы, прысвечаныя метадалогіі і методыцы гістарычных даслеадаванняў. Асобнае месца дадзена разгляду літвінскай культунай традыцыі, як гісторыка-палітычнай і культурнай з'яве, а таксама праблемам пісьменнай культуры. Адрасавана прафесійным гісторыкам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.



Палітыка

Літвінская культурная традыцыя ў кантэксце беларускай культуры.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў даследчыкамі культурнага жыцця беларускіх земляў другой паловы XVIII- ХІХ стст. назапашана надзвычай багата факталагічнага матэрыяла, адноўлены імёны творцаў, складзены дастаткова стройныя канцэпцыі развіцця амаль усіх галін культуры. Але дагэтуль яшчэ застаецца праблематычным этнічная, нацыянальная ідэнтыфікацыя культурных з'яў, асобных пісьменнікаў, музыкантаў, мастакоў, навукоўцаў і іншых стваральнікаў культурнай прасторы. Як правіла, беларускія, а цяпер усё часцей польскія і літоўскія, даследчыкі вырашаюць гэтую праблему ўвядзеннем тэрмінаў "беларуска-польскі", "польска-беларускі", "польска-літоўскі" пісьменнік, мастак і г.д. Аднак, аналізуючы сітуацыю ў культурным жыцці беларуска-літоўскіх земляў другой паловы XVIII- ХІХ стст., нельга не звярнуць увагу, што гэта не проста нейкі "кангламерат" этнічных культурных традыцый, а стройная, добра разбудаваная адметная культурная з'ява. Для яе азначэння аўтаркай гэтых радкоў у канцы мінулага стагоддзя было прапанавана акрэсленне "літвінская культурная традыцыя". [1] Тэрмін гэты пабудаваны на падставе самаакрэслення стваральнікаў культурнай традыцыі, яе носьбітаў.

Літвінскую культурную традыцыю можна акрэсліць як ардадамінантную [2] культуру, якая складвалася на землях ВКЛ на працягу стагоддзяў і прыняла сфармаваны выгляд у другой палове XVIII-першыя дзесяцігоддзі ХІХ стст. Ёй ўласцівыя былі літвінскі патрыятызм, ідэалізацыя гісторыі ВКЛ; па канфесійнай прыналежнасці за рэдкім выключэннем большасць з носьбітаў гэтай традыцыі была католікамі ці ўніятамі. Характэрнымі асаблівасцямі ідэйнага ладу літвінскай культурнай традыцыі, апрача вышэй згаданых, была талерантнасць у стасунку да прадстаўнікоў іншых саслоўяў, этнасаў, канфесій; увага да патрэб сялянства і ўяўленне аб неабходнасці апекі над ім як аб грамадзянскім абавязку. У часы Асветніцтва, калі гэтая традыцыя набыла сфармаваны выгляд, яе прадстаўнікі выкарыстоўвалі ўсходнюю рэдакцыю польскай мовы (т.зв. «пальшчызну крэсовую»).

Сярод шматлікіх тыпалагічных рысаў літвінскай культурнай традыцыі, каторыя праявіліся ў перыяд яе афармлення як гісторыка-культурнай з'явы, бадай што, найбольш характэрнай з'яўляеца выпрацоўка ідэалізаванага вобраза Радзімы - Вялікага княства Літоўскага. Ён пачынае складвацца ў рэчашчы ардадамінантнай культуры яшчэ ў часы Рэнесанса. Ужо ў творах М.Гусоўскага, прадмовах Ф.Скарыны, нарэшце, Статутах ВКЛ і іншых літаратурных, публіцыстычных і заканадаўчых помніках таго часу закладзены быў галоўны падмурак для далейшага развіцця гэтага вобраза. Асветнікі апошняй чвэрці XVIII ст. часцей за ўсё свядома міфалагізавалі і ідэалізавалі мінулае, ствараючы ідэал, які павінен быў "працаваць" на ніве патрыятычнага выхавання грамадства. Але ў перыяд, калі яшчэ існавала Рэч Паспалітая, менавіта яна атаесамлівался для большасці асветнікаў з Бацькаўшчынай. Для літвіна Літва не была тоеснай Польшчы (у этнічным разуменні), гэта была асобная краіна, якая мела сваю гісторыю, традыцыі, культуру. У свядомасці літвіна Польшча (Рэч Паспалітая) падзялялася на Карону і Літву, якія былі аб'яднаныя адзінай уніяй, гісторыяй, адзінай знешняй палітыкай, захоўваючыя пры гэтым аўтаномію ў справах унутранай палітыкі, уласную культуру і традыцыі.

Пасля падзелаў, асабліва ў эпоху рамантызму распрацоўка міфа Гістарычнай Літвы, да чаго найбольш прычыніліся дзеячы пакалення А.Міцкевіча, была неабходна для захавання ўласнай этнічнай і культурнай тоеснасці ва ўмовах нівеліруючай імперскай палітыкі. Апрача гэтага, афармленне нацыянальнага міфа Бацькаўшчыны было заканамернай з'явай ў кантэксце нацыятворчых працэсаў, якія разгортваліся ў гэты час на беларуска-літоўскіх землях.

Сфармаваўшыся ў часы Асветніцтва, у далейшым на працягу двух стагоддзяў вобраз Радзімы-Літвы дазнаваў пэўнай эвалюцыі ў залежнасці ад палітычнай і культурнай сітуацыі на беларускіх землях. Яго трансфармацыя адбывалася і ў адпаведнасці з мэтамі, якія ставілі перад сабой, звяртаючыся да гэтага вобраза, палітычныя і культурныя дзеячы.

Выдаецца, што разгляд зместу і лёсу ідэалізаванага вобраза Радзімы ў дадзеным выпадку можа стаць сваеасаблівым ключом да разумення месца літвінскай культурнай традыцыі ў беларускай гісторыі і культуры Новага і Найноўшага часу.

Мяжой, калі літвінская культурная традыцыя аказалася адсунутай з першай пазіцыі ў нацыятворчым руху, можна лічыць 1860-я гады. Прычыны гэтага, на нашую думку, трэба шукаць як у палітычных падзеях таго часу, так і ў характары этна-сацыяльных працэсаў. Рэпрэсіі пасля паўстання 1830-1831 гг. і асабліва пасля 1863 г. гвалтоўна выдалілі з культурнага поля найбольш актыўных і свядомых носьбітаў і стваральнікаў літвінскасці. Русіфікатары нішчылі не традыцыйную беларускую культуру, заснаваную на фальклоры, а менавіта літвінскае, звязанае з ідэяй дзяржаўнасці. Пэўна, найбольш яркай ілюстрацыяй гэтага тэзісу з'яўляюцца прынцыпы, па якіх ажыццяўлялася "сарціроўка" экспанатаў музея старажытнасцяў у Вільні. [3]

Роля этна-сацыяльных працэсаў сярэдзіны-другой паловы ХІХ ст. у лёсе літвінскай культурнай традыцыі абумоўлена, на нашую думку, сацыяльным авансам сялянства. Адмена прыгоннага права і фармаванне новых сацыяльных адносін змяніла сацыяльны статус сялянскай культуры. Традыцыйная культура беларускай вёскі пачынае ўсё больш інтэнсіўна абвяшчаць аб сабе ў розных галінах "высокага" мастацтва і літаратуры. Менавіта да яе звярнуліся ідэйна звязаныя з народніцтвам творцы, якія фармавалі нацыянальную беларускую культуру ў другой палове ХІХ ст. (Ф.Багушэвіч, Цётка і інш.). Літвінская культурная традыцыя не магла быць падставай для аўтараў, якія шукалі свайго адрасата ў сялянскім асяроддзі: яна мела зусім іншы культурны код, была разлічана на іншага спажыўца - шляхціча, заможнага мешчаніна, каталіка і ўніята. Але літвінства не знікла цалкам з культурнага поля - захавальнікамі літвінскай культурнай традыцыі сталі краёўцы. Гэты сюжэт з гісторыі літвінства распрацаваны А.Смаленчуком [4], таму абмяжуемся толькі адной невялікай ілюстрацыяй. К.Скірмунт, адна з вядомых і актыўных дзеячак руху краёўцаў, аўтарка папулярнага нарыса гісторыі Літвы [5], пісала ў лісце да А.Ельскага наступнае. "Паводле майго пераканання, братэрства нашае (Польшча, Русь, і крыху больш аддаленая Літва) з'яўляецца найперш праславянскім (у Беларусь не веру, гэта яшчэ не даказана, а можа нацягнута)… Выпрацоўка новай літоўска-беларускай аўтаноміі пад сёняшнім (цяжкім для вытрымання) рэжымам - як рэмінісцэнцыя былога В.Княства Літоўскага можа быць таксама тэмай для закранання (у будучай кнізе- С.К-С.) …" [6]

У першыя дзесяцігоддзі ХХ ст., калі ход нацыятворчага працэсу і палітычная сітуацыя актуалізавалі ідэю беларускай дзяржаўнасці, літвінскай культурная традыцыя становіцца запатрабаванай у асяроддзі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Нацыянальны міф Бацькаўшчыны - Гістарычнай Літвы, ВКЛ, распрацаваны літвінскай культурнай традыцыяй, быў пакладзены не толькі ў падставу праграмных дакументаў БНР, але таксама стаў ідэйным падмуркам для навуковых, у тым ліку, мастацтвазнаўчых, культуралагічных, гістарычных даследаванняў. Безумоўна, ён дазнаў пэўнай трансфармацыі ў адпаведнасці з задачамі дадзенага этапу беларускага нацыянальнага руху і палітычнай сітуацыяй. Галоўная змена, як нам выдаецца, палягала ў нацыянальным вызначэнні даўняга ВКЛ - яно ідэнтыфікавалася як Беларуска-літоўскае гаспадарства. Апрача іншага, асабліва падкрэслівалася роля беларускай мовы ў палітычным і культурным жыцці дадзенай дзяржавы.Ужо на першым этапе дзейнасці БНР трансфармаваны літвінскі міф Бацькаўшчыны актыўна ўжываўся ва ўлётках і іншых публіцыстычных тэкстах. «300 гадоў таму назад была наша старонка незалежнай дзяржавай, слаўнай сваёй навукай, рамёсламі, таргоўляй. І тая ж мова беларуская, якой мы цяпер між сабой гукаем, была мовай дзяржаўнай: ёю пісаліся гасударственныя дакументы, ёю гаварылі ўсе паны, князі і біскупы, у ёй вучыліся і маліліся Богу. І ня было ў нас іншага гаспадара, апрача самога нашага народу.» - Пісалася ў звароце да сялянаў у 1918 г. [7] Адначасова актуалізавалася і ідэя літвінскага (цяпер беларускага) патрыятызма. Для прыкладу прывядзем дзьве цытаты: першая з іх належыць Э.Цішынскаму і напісана ў другім дзесяцігоддзі ХІХ ст., а другая пазычана з работы М.Доўнар-Запольскага, створанай праз сто гадоў. " …у літоўцаў да сёння агульны дух кіраваць і ўладарыць; адзіныя правілы - змагацца за Бацькаўшчыну і законнасць; агульны характар: не зважаць на заможнасць і чыны і падтрымліваць права і незалежнасць… У літоўцаў ўсё яшчэ Бацькаўшчынай Літва, законам - Статут, вярхоўнай заканадаўчай ўладай - Сейм.» [8]- пісаў літвін Э.Цішынскі ў лісце да М.К.Агінскага ў 1811 г. «Жаданне збудаваць сваю дзяржаўную незалежнасць, уменне бараніць яе, жаданне дайсці вольнага дэмакратычнага ладу - вось асноўныя рысы гістарычнай мінуўшчыны Беларускага народу. І мы ня ведаем другога славянскага племі, у якога гэта рыса выяўлялася бы ярчэй, чымся у нашых прашчураў.» [9]- Чытаем у М.Доўнар-Запольскага. У кантэксце беларускай нацыянальнай культуры ў гэты час да літвінскай культурнай традыцыі звяртаюца В.Ластоўскі, Ус.Ігнатоўскі, М.Шчакаціхін, А.Шлюбскі, браты Луцкевічы і інш. Менавіта часы беларусізацыі далі першую рэфлексію літвінства, як часткі беларускай культуры і гісторыі: А.Цвікевіч у прадмове да сваёй работы вызначыў літвінскую палітычную традыцыю як характэрную з'яву палітычнага жыцця беларуска-літоўскіх земляў канца ХVIII- першай паловы ХІХ стст. [10]

Лёс літвінскай спадчыны па-рознаму склаўся ў БССР і Заходняй Беларусі ў міжваеннае двадцацігоддзе. На захадзе Беларусі яна арганічна ўпісалася ў кантэкст беларускага грамадскага і палітычнага жыцця. Найбуйнейшым асяродкам яе тут быў Музей братоў Луцкевічаў у Вільні Да літвінскай культурнай традыцыі апелявалі і хадэкі, якім яна была блізкая, у тым ліку, і па сваёй канфесійнай накіраванасці. Э.А.Мазько, даследуючы культурніцкую дзейнасць БХД і яе ідэалогію, адзначыў неаднаразовае звяртанне хадэкаў да спадчыны літвінства, да міфа Бацькаўшчыны- Гістарычнай Літвы і ВКЛ, створанага дзеячамі літвінскай культурнай традыцыі. [11] Працягваючы традыцыю «беларусізацыі» ВКЛ, А.Станкевіч і Я.Станкевіч акрэслівалі Вялікае княства як беларуска-літоўскае гаспадарства з дзяржаўнай беларускай мовай і беларускай культурай, дзе аснову ўзаемаадносін паміж людзьмі розных этнасаў складала талерантнасць. Пры тым не акцэнтавалася ўвага на сацыяльную барацьбу, прыгонніцтва і іншыя рэаліі гэтай даўнейшай дзяржавы. «Старабеларускі літаратурны язык, - піша, да прыкладу, у адной з работ Я.Станкевіч, - быў языком гаспадарсьцьвеным на прасторы ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, значыцца ў ведамую пару (канец стаг. ХІV і першая палавіна XV.) ад мора Балтыцкага да Чорнага, ужываўся як абавязковы ў усіх урадах, судох, у законадаўстве ды панаваў на двары вялікіх князёў. Быў ён адначасова моваю асвячоных клясаў бяз розніцы нацыянальнасці, значыцца не адно беларускіх, але такжа літоўскіх і ўкраінскіх." [12]

У БССР спадчына літвінскай культурнай традыцыі была запатрабавана толькі да ліквідацыі т.зв. "нацдэмаўшчыны". Вобраз сувярэннай магутнай Бацькаўшчыны, які распрацоўваўся ў часы беларусізацыі, не мог быць талераваны бальшавікамі, а ў часы сталінскага рэжыму стаў разглядацца як ідэалагічна шкодны. [13] Ужо ў 1930-я гады спадчына літвінскай культурнай традыцыі фактычна знікла з культурурнага звароту ў БССР, саступіўшы месца новай савецкай міфалогіі.

Беларусы не былі адзінымі, хто ў міжваеннае дваццацігоддзе звярнуўся да спадчыны літвінскай культурнай традыцыі. Вельмі актыўна яе асвойваннем заняліся польскія гісторыкі, культуролагі, палітыкі і пісьменнікі. Яна стала падмуркам для стварэння міфа "Крэсаў усходніх". "Крэсы з'яўляюцца з аднаго боку сімвалам суму па часах магутнасці і славы Рэчы Паспалітай, з другой - і ў гэтым заслуга трылогіі Сянкевіча - бачацца як свайго роду краіна вечнага шчасця, польскі "Дзікі Захад" (а дакладней Усход), дзе ў цяжкіх бітвах здабываліся фартуны і ў барацьбе вырашаліся лёсы Рэчы Паспалітай."- піша Л.Заштаўт. [14] У міфе Крэсаў Усходніх спалучыліся вобразы Гістарычнай Літвы, створаныя А. Міцкевічам і яго сучаснікамі, ідэал літвінскай прыроды, апеты Ул.Сыракомяй, ідалізаваныя постаці літвінаў і літвінак з твораў краёўцаў другой паловы ХІХ ст. Гэты міф распрацоўваўся і набываў новае гучанне ў творах М.Радзевіч, Ю.Чаховіча і іншых польскіх аўтараў міжваеннага дваццацігоддзя.

Літвінская палітычная і культурная традыцыя была запатрабавана ў гэты час і суседзямі беларусаў - літоўцамі, набыўшы ў незалежнай Літве новыя рысы і спецыфічны нацыянальны змест.

Поліэтнічнасць, ці, хутчэй, "надэтнічнасць" літвінскай культурнай традыцыі (яна фармавалася не на падставе этнічнай культуры, а мела сваім грунтам дзяржаву, край, акрэсленую тэрыторыю), дазваляла звярнуцца да яе спадчыны любой нацыі, генетычна звязанай з ВКЛ. Таму менавіта, і беларусы, і літоўцы, і палякі ў перыяд стварэння дзяржаўнасці імкнуліся ўключыць у сваю нацыянальную культурную традыцыю магутную спадчыну літвінства.

У пасляваенны час літвінская культурная традыцыя ў кантэксце беларускай культуры з'яўлялася фрагментарна, але не знікала ніколі. Думаецца, што мэтанакіраванае і свядомае вяртанне да яе пачало пакаленне шасцідзесятнікаў. Пэўна, найбольш яскравым тут будзе прыклад Ул.Караткевіча. "Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна, непераходзячая, сталая вечная кашіоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным і ў вялікім" - пісаў пісьменнік. [15] Менавіта Ул.Караткевіч, чыю творчасць неаднойчы параўноўвалі са спадчынай А.Міцкевіча, Ю.Славацкага і іншых стваральнікаў ці падаўжальнікаў літвінскай культурнай традыцыі, актуалізаваў у беларускім мастацтве тэму Вялікага Княства Літоўскага, вярнуў у культурны зварот вобраз рыцара-патрыёта, якому ўласціва свабодалюбства і абвостранае пачуццё справядлівасці і гонару. Пакаленне шасцідзесятнікаў здолела стварыць падмурак, на якім у далейшым разгарнуўся сапраўдны рэнесанс літвінскай культурнай традыцыі. Тут, пэўна, належыць назваць А.Грыцкевіча, А. Мальдзіса, М.Ткачова - буйнейшых папулярызатараў гісторыі і культуры ВКЛ. Нельга абмінуць і М.Улашчыка [16].

Беларускае Адраджэнне канца ХХ ст. з'явілася часам, калі літвінская культурная традыцыя набывае новае жыццё. Яе вобразы, ідэі, ключавыя сімвалы і постаці не толькі былі ўзгаданы, але занялі першае месца ў коле новай адраджэнскай ідэалогіі. Менавіта яны ў канцы 1980-х-пачатку 1990-х гг. сталі матэрыялам для стварэння новага вобраза Бацькаўшчыны. Аналізуючы праблематыку гістарычных прац, публіцыстыку, выяўленчае мастацтва, драматургію, гістарычную літаратуру, музыку і іншыя галіны мастацтва, знаходзім дзесяткі твораў, у якіх прысутнічаюць Гістарычная Літва, Вітаўт, Пагоня, Наваградскі замак, Статут ВКЛ і іншыя ключавыя сімвалы літвінства. Пры гэтым часцей за ўсё яны губляюць канкрэтна-гістарычны характар, становячыся часткай нацыянальнага міфа. У гэты семантычны рад уключаюцца, таксама як у А.Міцкевіча і яго сучаснікаў-літвінаў, Дзяды, Купалле і іншыя сімвалы старажытнага паганства. Выдаецца, што і на гэты раз зварот да літвінскай культурнай традыцыі быў абумоўлены актуалізацыяй для беларусаў праблемы дзяржаўнасці, права на якую дае гістарычнае мінулае.

Пэўна, сучасны этап суадносін літвінства і беларускасці яшчэ не скончаны. Але можна канстатаваць, што літвінская культурная традыцыя ўжо моцна ўплецена ў кантэкст сучаснай беларускай культуры. Яе далейшае асваенне, спасціганне дасі беларусам магчымасць вярнуць сабе страчаную калісьці частку сваёй культурнай спадчыны.

Беларусь ў межах і за абсягам еўрапейскай культуры: урокі гісторыі.

Пэўна, тэза, вынесеная ў загаловак, магла бы гучаць як пытанне. Ва ўсякім выпадку, менавіта праблема ўключанасці беларускай культуры ў еўрапейскае культурнае поле на працягу апошніх дзесяцігоддзяў хвалюе беларускіх гуманітарыяў. Гэтаму пытанню, у прыватнасці, быў прысвечаны кангрэс беларусістаў, які адбыўся ў чэрвені 2005 г. у Мінску. [17] Беларуская культура, у большай ці меньшай ступені прысутнічае ва ўсіх еўрапейскіх краінах; яна не адстае ад агульна прызнаных якасных і колькасных паказчыкаў культурнага развіцця еўрапейскага кантынента - такія высновы робяць замежныя беларусісты і іх айчынныя калегі. Чаму ж тады пытанне "ўпісанасці" беларускай культуры ў еўрапейскі кантэкст увогуле магло паўстаць? Навошта пільна шукаць прысутнасць беларусаў у культуры еўрапейскіх краінаў і ўзважываць каштоўнасць нашай культуры для еўрапейскай супольнасці? Пэўна, прычыны такіх пошукаў трэба шукаць у нашай самасвядомасці. Нашаму народу, як мне выдаецца, ўласцівая рыса, якую можна было бы назваць "комплексам правінцыяла". Мы залішне сціпла ацэньваем свае дасягненні і саромеемся паказаць сваю значнасць ў стварэнні агульнаеўрапейскага культурнага даробку. Вытокі гэтай сціпласці карэняцца ў гістарычным лёсе беларусаў.

Адметнасці нашай ментальнасці, асаблівасці сутнаснага ладу беларускай культуры пачалі складвацца яшчэ ў часы ўсходнеславянскіх і балтскіх плямёнаў. Але, думаецца, сітуацыя, якую мы сёння маем у суадносінах культуры еўрапейскай і культуры беларускай, перадвызначылася параўнальна недаўна. На маю думку, яе генезіс заняў каля двух стагоддзяў - столькі ж сколькі і працэс кшталтавання сучаснай беларускай нацыі.

Для культуры еўрапейскага кантынента сістэмаўтвараючай эпохай былі часы Асветніцтва. У той час набылі выразны кшталт тыпалагічныя асаблівасці ўсіх яе вымярэнняў - інстытуцыянальнай пабудовы, сутнаснага ладу, структуры і іншых. Беларускія землі, уваходзячы ў той час у склад Рэчы Паспалітай, перажылі эпоху Асветніцтва надзвычай спецыфічна. Для нашай зямлі гэта адначасова была эпоха падзелаў, калі ўсходнія тэрыторыі Рэчы Паспалітай паступова анэксіраваліся Расійскай імперыяй. На маю думку, менавіта тады ўпершыню з найбольшай выразнасцю была праведзена рыса паміж заходне- і ўсходнебеларускімі землямі, якая да сёняшняга часу не сцёрта ў ментальнасці, самавызначэнні, культуры нашага народа. З 1772 г. усход Беларусі апынуўся пад уладай бюракратычнай імперыі, у якой жорстка была пазначана іерархія тэрыторый: існаваў сталічны цэнтр і правінцыйная глыбінка. "Пірамідальны" характар геапалітычнага ўладкавання Расійскай імперыі вельмі трапна, на маю думку, ахарактарызаваў Р.Пайпс [18]. Расійскі даследчык Л.Гарызонтаў, аналізуючы змены ў гэтай іерархіі ў сувязі з падзеламі Рэчы Паспалітай, адзначаў наступную з'яву: "В период разделов Речи Посполитой и присоединения к империи Северного Причерноморья перед лицом качественно новых геополитических реалий в России на основе отечественных традиций формируются представления о внутренних провинциях, центром которых выступает Москва…Конфигурацию и строение имперского ядра усложняло наличие за его пределами второго столичного центра в Санкт-Петербурге, имевшего собственное гравитационное поле, которое отчасти накладывалось на московское». [19]

Усход Беларусі, у адрозненні ад цэнтральнай і заходняй частак нашай зямлі, найдаўжэй знаходзіўся ў межах Расійскай імперыі. З першых гадоў яго новай палітычнай прыналежнасці ён апынуўся на правах далёкай ускраіны, глыбокай правінцыі, якой у імперыі было наканавана адставанне ад сталічнага цэнтра. Для гэтай часткі Беларусі, а ў прыватнасці, для развіцця яе культуры такое становішча апынулася, бадай што, катастрофай. Менавіта ў гэты час у Еўропе разгортывалася Асветніцтва, якое несла за сабой сваеасаблівую - па трапнаму акрэсленню В.Смаленскага - рэвалюцыю ў розумах. [20] Усход Беларусі адчуваў гэтую рэвалюцыю толькі ў выглядзе «водбліскаў», якія даляталі з расійскай сталіцы. Рэформа сістэмы асветы тут набыла выгляд палеатыва - створаныя ўрадам народныя вучылішчы для мяшчан былі малалікімі і не складалі канкурэнцыі буйным навучальным установам каталіцкіх ордэнаў, найперш, іезуіцкім калегіюмам і школам. Перыядычных выданняў тут не было, друкарні - толькі дзве, прычым буйнейшая - пры Полацкім іезуіцкім калегіюме. Камерцыйны тэатр пазначаўся ў выглядзе рэдкіх вандроўных труп, якія спарадычна наведвалі Магілёў ці Віцебск. Але найважнейшай стратай была адсутнасць магчымасці да актыўнай грамадскай дзейнасці, да праяўлення ініцыятывы, таленту, патрыятычных памкненняў, якія адрознівалі ідэалогію Асветніцтва. Адначасова ў цэнтральнай і заходняй частцы Беларусі адбывалася сапраўдная рэвалюцыя ў сферы культуры і ідэалогіі, якая ў некаторых сваіх праявах апярэжвала падобныя працэсы ў іншых еўрапейскіх краінах і суседняй Кароне. Радыкальная рэформа асветы, пачатак якой паклала стварэнне Камісіі нарднай адукацыі, была, пэўна, найбольш значнай з'явай ва ўсёй адукацыйнай прасторы тагачаснай Еўропы. Таксама хутка і паспяхова прагрэсіравалі іншыя галіны культуры - тэатр прыватнай антрэпрызы актыўна заваёўваў падмосткі Вільні, Гродна, Мінска і іншых гарадоў; пачалі выходзіць перыядычныя выданні - у тым ліку, вядомая "Gazeta Grodzieńska"; удалыя эксперыменты адбываліся ў архітэктуры і горабудаўніцтве - тут належыць узгадаць пабудову «ідэальнага горада», прадпрынятую А.Тызенгаўзам у прадмесці Гродна. Новае аблічча набывала выяўленчае мастацтва - створаны былі ўмовы для адкрыцця кафедры прыгожага мастацтва ў Галоўнай Літоўскай школе. Пералік зменаў у інстытуцыянальный пабудове культуры на захадзе і ў цэнтры Беларусі ў часы Асветніцтва можна працягваць. [21] Але галоўным вынікам Асветніцтва ў гэтай частцы Рэчы Паспалітай было з'яўленне новага тыпу асобы. Яе адрознівала грамадская актыўнасць, прадпрымальнасць, патрыятызм, адукаванасць і дэмакратызм у стасунку да людзей іншых сацыяльных станаў і іх культуры. Амаль чвэрць стагоддзя, якія дадзены былі гісторыяй гэтаму краю, перад тым, як ён апынуўся ў складзе імперыі, дазволілі сфармавацца новаму пакаленню. У гэты час яшчэ мацней, чым у папярэднія стагоддзі, тут пазначылася характэрная для Рэчы Паспалітай і ВКЛ палітычная сістэма. У адрозненні ад Расійскай імперыі яе падмуркам была дэцэнтралізацыя, адсутнасць паняцця правінцыі, «глыбінкі». Гарантам гэтага было самкіраванне шляхты на ўзроўні павятовых сеймікаў, а таксама адвольнае вызначэнне месца збору агульнадзяржаўных сеймаў. Беларусь у гэты час была сваеасаблівай краінай сталіц - у Гродна і Наваградку засядаў Галоўны Літоўскі трыбунал, у Нясвіжы магла месціцца рэзідэнцыя гетмана або канцлера, у Індуры збіраўся галоўны літоўскі ваад (сход равінаў), у Міры мелі свайго караля мясцовыя цыганы і г.д. Таму рэформы, якія праводзіліся ў краіне, аднолькава ахоплівалі і шматтысячныя гарады накшталт Вільні, і невялікія мястэчкі, такія як Баруны ці Свіслач. Культура гэтай часткі беларускіх земляў арганічна ўпісвалася ў тканіну еўрапейскага культурнага жыцця, у ёй імкліва развіваліся тэндэнцыі, якія былі агульнаеўрапейскімі. У дадзеным выпадку меньш актуальным з'яўляецца пытанне мовы, на якой развівалася ў той час культура. Значэнне вербальнага сродка не спрацоўвае для шмат якіх галін культуры, гэта па-першае, па другое - польская мова, якая ўжывалася на нашых тэрыторыях, значна адрознівалася ад той, якой карысталіся ў Польшчы. [22] Па-трэццяе, па-ранейшаму ў хатнім ужытку шляхты, у зносінах паміж людзьмі ніжэйшых сацыяльных станаў, у праваслаўнай і ўніяцкай царкве, і нават у базыльянскіх школах жыла беларуская мова, час якой яшчэ павінен быў прыйсці.

Уключаная ў склад Расійскай імперыі пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Беларусь паступова пачынае пераходзіць у стан ускраіны, правінцыі. Польшчы выпаў крыху лепшы лёс - пасля першых напаліёнаўскіх войнаў яна на некалькі гадоў атрымала амаль свабоднае нацыянальнае ядро начале з Варшавай (Герцагства Варшаўскае), а затым аўтаномію ў выглядзе Царства Польскага ў складзе Расійскай імперыі. Апрача таго, землі, якія ўвайшлі ў Аўстра-Венгерскую імперыю, мелі магчымасць фармаваць і развіваць нацыянальную культуру, аказваючы велізарны ўплыў на ўсю астатнюю частку былой Кароны. Усё гэта было апірышчам для польскага нацыянальнага руху, які распаўсюдзіў свой уплыў і на землі былога ВКЛ.

Канец 18-першыя дзесяцігоддзі 19 стст. быў часам, калі на еўрапейскім кантыненце разгортваўся працэс фармавання нацый і нацыянальных культур. Адной са складаных частак гэтага працэсу было стварэнне нацыянальнай ідэі, нацыянальнага міфа, які ўвасабляў самасвядомасць нацыі. Падобныя міфы мы знаходзім ва ўсіх нацыянальных культурах таго часу на еўрапейскім кантыненце. Складваўся сваеасаблівы культурны код, у якім замацоўваліся нацыянальныя каштоўнасці, стэрэатыпы. Суседзі Беларусі таксама перажывалі гэтыя працэсы. У Польшчы паступова нараджаецца ідэалогія польскага месіянізма, у Расіі - набірае моц увараўская формула "самаўладдзе, праваслаўе, народнасць."

Для нашых земляў асноўную сутнасць такога міфа ў першыя дзесяцігоддзі 19 ст. складала літвінства, літвінская палітычная і культурная традыцыі. Ядром гэтага міфа было ідэалізаванае ўяўленне аб магутнай, старажытнай, вольнай Літве - Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойтскім. Ідэалізаваны вобраз гістарычнай Літвы выпрацоўвалі ў сваіх творах філарэты і філаматы, найперш, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Міхал Кулеша і іншыя. Змест гэтага міфа добра прадставіў у сваіх лістах апошні літвін міцкевічаўскага пакалення - Ігнат Дамейка [23]. Эразм Цішынскі, які, на маю думку, найбольш дакладна перадаў сутнасць гэтага ідэалізаванага вобраза, пісаў наступнае:"Великое княжество литовское до самого своего присоединения к Российской империи отличалось всегда от Польши особенными одному только княжеству свойственными …законами, особенными местами судебными.., особенною казною, особенным войском, особенными чиновниками областными и государственными и особенною печатью государственною. Удельная Литва, внимая с благоразумием своей участи, хранила постоянно верность к своим союзам и к своим владетелям …У литовцев поныне общий дух править и властвовать; общие правила - биться за отечество и закон; общий характер - пренебрегать достатки и чины и поддерживать права и независимость» [24].

Літвінская культурная традыцыя не была ў сціслым сэнсе нацыянальнай. Яна развівалася на глебе шляхецкай культуры ВКЛ, якая сама аб'ядноўвала нобіляў рознага этнічнага паходжання. Але пры спрыяльных умовах літвінская культурная традыцыя магла б развіцца ў самастойную нацыянальную культуру, адаптуючы і перапрацоўваючы традыцыйную народную субкультуру беларусаў і літоўцаў. Дзеячамі гэтай літвінскай традыцыі, якая развівалася ўжо як з'ява культуры Новага часу, магло б стаць пакаленне рамантыкаў, найперш, выхадцы з філарэцкага асяроддзя, калі б для гэтага яны мелі час і магчымасць. Але знаходжанне беларуска-літоўскіх земляў у складзе Расійскай імперыі не давала такога шансу. З 1820-х гадоў, калі працэс складвання русскай нацыі набірае моц, пачынаецца натуральнае для гэтага наступства: нівеліраванне нацыянальных ускраін, прыстасаванне іх да патрэб тытульнага этнасу краіны, а дакладней, да патрэб вярхушкі гэтага этнасу. Для нашай зямлі, бадай што, найбольш балючым у гэты час быў разгром Віленскага універсітэта, праведзены па ініцыятыве М. Навасільцава ў 1823-1826 гг. Значэнне Віленскага універсітэта для культурнага жыцця беларускіх земляў цяжка перабольшыць. У першай трэці 19 ст. гэта быў буйнейшы універсітэт у Расійскай імперыі [25]. Ён ні ў чым не саступаў лепшым еўрапейскім універсітэтам - ні па ўзроўню выкладання, ні па навуковым дасягненням. Універстэт у Вільні, з'яўляючыся цэнтрам Віленскай навучальнай акругі, фактычна фармаваў усю сістэму адукацыі на беларускіх і літоўскіх землях. Яму падпарадкоўваліся іншыя навучальныя ўстановы (апрача іезуіцкіх калегіюмаў на ўсходзе Беларусі), ён рыхтаваў настаўніцкія кадры праз сваю настаўніцкую семінарыю, акрэсліваў змест навучальных праграм, кантраляваў узровень выкладання праз візітацыі і г.д. Універсітэт акрэсліваў і стан выяўленчага мастацтва - яго аддзяленне прыгожых мастацтваў выпусціла больш за 250 мастакоў, скульптараў, гравёраў, сфармаваўшы адметную Віленскую школу. Тое ж самае можна сказаць і аб архітэктуры, прыгожым пісьменстве, навуцы і г.д. Папулярнасць і аўтарытэт універсітэта ў краі былі вельмі высокімі: «...у Літве, - пісаў адзін з сучаснікаў, - кожны лічыў справай гонару хаця б год павучыцца ва ўніверсітэце, тым больш, што апошні быў пад бокам» [26]. Наяўнасць універсітэта уздымала культурнае жыццё на ўзровень еўрапейскіх стандартаў. Да таго ж гэтае, па выразу М.Мураўёва "гнездилище литовского вольнодумства» [27], падтрымліваючы патрыятычныя настроі сярод студэнтаў, фармавала грамадскую думку ва ўсім краі. Пасля пераўладкавання універсітэта з-пад яго ўплыву былі паступова выведзены Кіеўская, Магілёўская і Віцебская губерні, пачалася замена мясцовых падручнікаў на расійскія і ўвядзенне ў выкладанне і справаводства рускай мовы. Пераўладкаванні ахапілі і іншыя культурныя з'явы і інстытуты. Працягам гэтай палітыкі былі рэпрэсіі пасля паўстання 1830-1831 гг.

На думку шэрагу беларускіх гісторыкаў, у першай трэці 19 ст. на даўніх землях ВКЛ значна хутчэй, чым у мінулыя стагоддзі, развіваліся паланізацыйныя працэсы. З гэтым меркаваннем можна пагадзіцца, але належыць разумець сутнасць самой так званай паланізацыі мясцовай шляхты, а таксма бачыць прычыны і вынікі гэтага працэсу. Карыстанне польскай мовай ці каталіцкае веравызнанне не было ў гэты час вызначальнай прыкметай для аднясення асобы да этнічных палякаў. Нават саманазва «паляк» не з'яўлялася абсалютным аргументам для такой ідэнтыфікацыі, паколькі сутнасць гэтага тэрміну ў той час не была цалкам этнічнай. Між іншым, апошняе палажэнне ўжо добра ўкарэнілася ў беларускай гістарычнай думцы. [28] Паланізацыя ў той час была на беларускіх землях, хутчэй, сваеасаблівай вернасцю страчанай Рэчы Паспалітай, трыманнем за даўнейшыя традыцыі ва ўмовах варожай акупацыі. Менавіта «рэчпаспалітаўскі», а не польскі патрыятызм быў асновай паланізацыйных працэсаў.

Лістападаўскае паўстанне, гераічнае і трагічнае ў сваіх падзеях, адыграла сваеасаблівую ролю велізарнай правакацыі: яно развязала рукі ўладам у справе нівеліроўкі мясцовых асаблівасцяў, стала падставай для расправы з найбольш адукаванай, самастойнай і патрыятычна настаўленай часткай насельніцтва. Апошняе для беларускіх земляў мела катастрафічныя наступствы, што тлумачыцца асаблівасцямі яе этна-сацыяльнага ладу.

Асноўным рухавіком працэса фармавання нацыянальных культур на еўрапейскім кантыненце выступала нацыянальная буржуазія. Менавіта аванс трэццяга саслоўя разбураў саслоўныя перагародкі ў культуры, рабіў яе больш «гамагеннай», маючай агульнанацыянальныя асаблівасці і каштоўнасці. У Беларусі, таксама, як і ў этнічнай Літве, пераважную колькасць гараджан складалі яўрэі. Значную ролю ў гэтым адыграла русска-літоўская вайна сярэдзіны 17 ст., ў выніку якой беларускія землі страцілі амаль палову насельніцтва, найперш, гараджан. Гарады поўдня і ўсходу Беларусі пасля гэтага «патопу» так і не змаглі папоўніць колькасць месцічаў беларускага паходжання. Гэтую нішу хутка занялі яўрэйскія гандляры і рамеснікі. Яўрэйская грамада была замкнёным сусветам, дзякуючы іудаізму, адрозненням у побыце, звычаях, мове. Яўрэі з цяжкасцю паддаваліся асіміляцыі, не зліваючыся з мясцовым насельніцтвам. Гэтаму спрыяла і кагальная арганізацыя, захаваная ўладамі Расійскай імперыі. Забарона сяліцца ў вёсцы і наяўнасць мяжы яўрэйскай аселасці абумовілі канцэнтрацыю яўрэяў-літвакоў у беларускіх гарадах і мястэчках, яны фактычна манапалізавалі рамесную вытворчасць і гандаль. [29] Ролю трэццяга саслоўя - рухавіка сацыяльных пераменаў і складання нацыянальнай культуры - на Беларусі ўзяла на сябе сярэдняя і дробная шляхта. Нобіляў тут было параўнальна многа. А.Грыцкевіч, да прыкладу, лічыць што ў сярэдзіне 18 ст. яны складалі ад 8 да 12% ўсяго насельніцтва. [30] Менавіта шляхта, найперш, дробная і сярэдняя, адсунуўшы з кіруючых пазіцый магнатаў, рэфармавала Рэч Паспалітую ў апошнія гады яе існавання. Начале паўстання 1794 г. і ў Польшчы, і ў ВКЛ таксама была шляхта. Гэта была найбольш дынамічная, прадпрымальная частка грамадства, якая паступова магла эвалюцыянаваць у буржуазію. Ва ўсякім выпадку, такія перспектывы адкрываліся дзякуючы рашэнням Вялікага сейму і Канстытуцый, ім прынятых. Гэты працэс, праўда, запаволіўся з уваходжаннем заходнебеларускіх і літоўскіх земляў у Расійскую імперыю: сацыяльныя перагародкі тут трымаліся вельмі моцна, іх разбурэнне зацягнулася на стагоддзе. Немаёмасная і малазямельная шляхта была крыніцай складвання інтэлігенцыі, як адной з сацыяльных груп фармуючагася буржуазнага грамадства. Менавіта з гэтага асяроддзя выходзілі найбольш важкія ініцыятывы, накіраваныя на вызваленне сялян, у гэтым асяроддзі нараджалася цікаўнасць да народнай культуры, выхадцамі з сярэдняй і дробнай шляхты былі тыя, хто пісаў для сялянства і ўключаў здабыткі народнай культуры ў творы высокага мастацтва (А.Міцкевіч, Я.Чачот, К.Русецкі, А.Баршчэўскі А.Равінскі і інш.).

Рэпрэсіі пасля паўстання 1830-1831 гг. найбольш моцна ўдарылі менавіта па дробнай і сярэдняй шляхце. Да жорсткіх пакаранняў непасрэдных удзельнікаў паўстання дадаўся г.зв. разбор шляхты - спраўджанне дакументаў аб шляхецкім паходжанні і выдаленне з шляхецкага стану тых, хто такіх дакументаў не меў. Пераведзеныя ў аднадворцы ці мяшчане, такія людзі трацілі магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю, не маглі свабодна перасоўвацца па імперыі, выязджаць за мяжу, падлягалі рэкрутчыне і г.д. У выніку рэпрэсій колькасць шляхты скарацілася ў некалькі разоў. Шмат хто з удзельнікаў паўстання эміграваў і ўліўся ў шэрагі польскай эміграцыі, губляючы мясцовыя карані. Апрача іншых наступстваў, значнае скарачэнне колькасці шляхты прывяло да заняпаду культурнага жыцця, ўласна кажучы, той плыні ў мясцовай культуры, якая культывавала літвінскі патрыятызм, захоўвала літвінскія культурныя традыцыі.

Тры дзесяцігоддзі паміж паўстаннямі для Беларусі былі перыядам неадназначным. Набіраў моц працэс нівеліроўкі мясцовых асаблівасцяў. Да найбольш важкіх захадаў царскіх улад па знішчэнні спецыфікі культурнага жыцця беларуска-літоўскіх земляў, на маю думку, можна аднесці наступныя: скасаванне ўніяцкай царквы; канфіскацыя зямельнай маёмасці каталіцкіх кляштараў і іх закрыццё; закрыццё Віленскага ўніверсітэта і рэарганізацыя сістэмы навучання (стварэнне новай навучальнай акругі; закрыццё навучальных установаў, якія ўтрымлівалі каталіцкія ордэны; адкрыццё кадэтскіх карпусоў і дзяржаўных інстытутаў для дзяўчын-шляхцянак; увядзенне рускай мовы ў навучанне і г.д.), тэатральная рэформа 1845-1848 гг. [31] Гэтыя мерапрыемствы не выклікалі значных хваляванняў у краі, паколькі пасля паўстання не ставала тых, хто мог бы арганізаваць і ўзначаліць супраціўленне. Нават «Вясна народаў» - чарга рэвалюцый і хваляванняў, якая пракацілася па Еўропе, не знайшла водгуку на беларуска-літоўскіх землях.

Менавіта ў гэты перыяд у імперыі паступова афармляецца погляд на беларусаў, як на частку адзінага рускага народа, а тапонім «Беларусь», які добра ўпісваўся ў канцэпцыю адзінага рускага народа (велікарусы, маларусы і беларусы), паступова пачынае распаўсюджвацца на заходнія землі былога ВКЛ, выціскаючы іх гістарычную назву - Літва. Афармляецца «западно-русізм», які набярэ моц у другой палове 19 ст. Перавод беларускага сялянства з уніі ў праваслаўе, наносячы моцны ўдар па традыцыйнай сялянскай культуры [32], адначасова ўзводзіў канфесійную перагародку паміж ім і каталіцкай шляхтай. Такім чынам і ардадамінантная [33] субкультура беларускіх земляў яшчэ больш аддалялася ад культуры народа. У 1840-1850-х гг. былі спробы захаваць былыя традыцыі ВКЛ, а таксама навязаць «мосцік» паміж шляхецкай і народнай культурамі. На гэтай ніве найбольш парупіліся В.Дунін-Марцінкевіч, Ул.Сыракомля, браты П.і Я.Тышкевічы, А.Кіркор. Такія спробы падпітваліся спачатку духам рамантызма, а затым ідэямі народніцтва. На гэтай глебе дарастала пакаленне К.Каліноўскага. Магчыма, калі б Беларусь мела яшчэ два-тры спакойныя дзесяцігоддзі, яна бы здолела выпрацаваць адзіную нацыянальную культуру, у якой былі бы прадстаўлены і «высокая» і «нізавая» плыні. Але наступнае паўстанне перапыніла гэты працэс у самым яго пачатку.

Наступствы паўстання 1863 г. для беларускага народа і яго культуры можна ацэньваць па-рознаму. З аднаго боку, у ім упершыню палітычнае гучанне набрала беларуская мова. Яно дало беларускаму народу яго нацыянальнага героя - Кастуся Каліноўскага. З другога боку - у выніку рэпрэсій царскіх улад Беларусь канчаткова ператварылася ў «Северо-Западный край», адну з правінцый Расійскай імперыі. Было фактычна знішчана адно пакаленне мясцовай эліты - толькі па падліках А.Масолава, які быў сакратаром М.Мураўёва, растраляна, саслана на катаргу, аддадзена ў салдаты ці адпраўлена ў Сібір 8657 чалавек [34], не менш было забіта у час ваенных дзеянняў. Як і пасля 1831 г., многія ўдзельнікі паўстання пакінулі Беларусь і аселі за яе межамі. Другім наступствам паўстання стала гвалтоўная і хуткая русіфікацыя Беларусі. М.Мураўёў, натхніцель і выканаўца палітыкі ўлад, у час паўстання і пасля яго выкарыстаў, бадай што, найбольш удалы для мэтаў «правінцыялізацыі» Беларусі ход. Ён палягаў у супрацьпастаўленні шляхты і сялянства па этнічнаму прынцыпу. «Русскае праваслаўнае" сялянства супрацьпастаўлена было "польскім каталіцкім" панам.

Пасля паўстання ў галіне культуры найбольшая ўвага была аддадзена адукацыйнай сферы, паколькі, як быў упэўнены паплечнік М.Мураўёва І.Карнілаў - «русское образование сильнее русского штыка.» [35] Яшчэ да паўстання ў беларускіх губернях масава пачалі адкрывацца народныя вучылішчы для сялян. Толькі ў Гродзенскай губерні ў пачатку 1860-х г. іх налічвалася каля трох соцен. Адукацыя сялянства цераз рускія народныя вучылішчы мела дзве мэты. З аднаго боку, вызваленае ад прыгону, яно павінна было выступаць як самастойная частка грамадства. Неабходна было навучыць мужыка хаця бы чытаць, пісаць і лічыць, каб ён мог разумець і выконваць свае абавязкі перад дзяржавай і ўладамі. З другога боку - народныя вучылішчы павінны былі з беларускага селяніна зрабіць вернападданага, праваслаўнага рускага мужыка. Гэтай адукацыяй павінны былі займацца настаўнікі з карэнных рускіх губерняў, усялякія спробы мясцовай шляхты і каталіцкага святарства прыняць удзел у адукацыі сялян жорстка перапыняліся. [36] «Во всем крае громко и смело раздается теперь русская речь, русская песня и расходится русская книга.»- Канстатаваў у 1867 г. І.Карнілаў. [37] Адначасова з адукацыяй сялянства ў «русском духе» пачаліся збор, апрацоўка і выданне беларускага фальклора на кірыліцы. Шмат тут парупілася Рускае Імператарскае геаграфічнае таварыства, русскія этнографы і літаратары. Цікаўнасць да народнай культуры ў той час была з'явай агульнаеўрапейскай. Падобнае адбывалася ў Германіі, у Чэхіі, Англіі і іншых краінах. Асаблівасцю Беларусі, на маю думку, было тое, што апрацоўкай і ўключэннем народнай спадчыны ў агульны культурны кантэкст займаліся не прадстаўнікі мясцовай ардадамінантнай культуры, а галоўным чынам, рускія навукоўцы, літаратары, мастакі і настаўнікі. Беларуская народная культура аказалася часткай рускай культуры, такой самай, як культура рускай Поўначы, ці Сібіры. Пазбаўленая надбудовы ў выглядзе прафесійнай культуры, якую бы распрацоўвалі прадстаўнікі вышэйшых класаў мясцовага грамадства, яна выдавалася «мужыцкай» і «правінцыйнай». Эліта ( а дакладней, рэшткі яе, што засталіся пасля паўстанняў і эміграцыі) на нашай зямлі ў гэты час была зацікаўлена ідэямі «краёвасці», або ўвайшла ў кантэкст польскай культуры, ці - у рэдкіх выпадках - паддалася русіфікацыі. Значная частка, як можна лічыць па мемуарах і лістах, была разгублена, магла некалькі разоў, у залежнасці ад абставін, змяняць сваю нацыянальную ідэнтыфікацыю.

"Мужыцкасць", "правінцыйнасць" беларускай культуры выводзіла яе за рамкі агульнаеўрапейскіх культурных працэсаў. Яна станавілася толькі малой часткай іншай, вялікай еўрапейскай культуры - культуры русскага народа. Такой яе ўспрынялі і нашыя класікі канца 19-пачатку 20 ст. У вершах Ф.Багушэвіча перад намі паўстае вобраз няшчаснага, закатаванага панамі і ўладай беларуса. Гэты стэрэатып падтрымаў і Я.Купала, давёўшы яго да абсалюта ў хрэстаматыйным вершы "А хто там ідзе?" У такі стэраэтып беларуса не ўпісываліся Ефрасіння Полацкая, князь Вітаўт, Радзівілы, Леў Сапега і іншыя постаці беларускай гісторыі. У найноўшы час беларуская культура ўвайшла, маючы толькі "нізавую" сваю плынь (адзіным выключэннем, пэўна, з'яўляецца творчасць М.Багдановіча), што ў далейшым было выкарыстана бальшавікамі.

Аб працэсах, якія адбываліся у культуры беларусаў у часы беларусізацыі, а затым ў перыяд сталінскіх рэпрэсій, ўжо пісалася не раз, у тым ліку, аўтарам гэтых радкоў [38]. У савецкі час міф аб сялянскасці беларускай культуры і "недаразвітасці" беларускай нацыі, створаны ў 19 ст., быў творча перапрацаваны і бліскуча выкарыстаны ў мэтах стварэння "адзінага савецкага народа". Савецізатарамі ўжываліся тыя ж метады, што і царскімі ўладамі - вынішчэнне эліты, прапаганда канцэпцыі адзінай старажытнарускай нацыі, замоўчванне беларускай гісторыі, найперш, гісторыі беларускай шляхты, вываз культурных каштоўнасцей (прыгадаем хаця бы лёс Нясвіжскага палаца, або дзейнасць савецка-польскай камісіі аб рэстытуцыі культурных каштоўнасцей 1921-1927 гг. і інш.) і г.д. У свядомасць беларусаў укладвалася, што яны атрымалі дзяржаўнасць толькі пасля кастрычніка 1917 г., што на Беларусі да рэвалюцыі не было вышэйшых навучальных установаў, літаратуры, навукі, а мастацкая культура абмяжоўвалася творамі народных майстроў. Менавіта фальклор разглядаўся ў гэты час як адзіная сапраўдная старажытная беларуская культура, а дасягненні "высокай" плыні ў гэтай культуры маюць карані толькі ў савецкім грамадстве, і ніяк не раней. Ці магла такая культурная традыцыя прэтэндаваць на "пачэсны пасаг між народамі"? Ці магла яна арганічна ўпісацца ў агульнаеўрапейскі культурны кантэкст? Безумоўна, не.

Адраджэнне канца мінулага стагоддзя грунтавалася, у тым ліку, на пераглядзе гэтага міфа аб беларусах і беларускай культуры. Беларусы ў 1985-1994 гг. паскорана праходзілі шлях, якім іншыя еўрапейскія нацыі ішлі напрацягу аднаго-двух стагоддзяў. Як і ў чэхаў у 19 ст., у палякаў у міжваеннае дваццацігоддзе, у беларусаў на пераломе 1980-1990-х гг. найбольш актыўна ўключыліся ў фармаванне новай нацыянальнай ідэі гісторыкі. З'яўляюцца сваеасаблівыя "катэхізісы" - скарочаныя, папулярна пераказаныя гістарычныя нарысы, у якіх галоўным было не падрабязнае асвятленне гістарычных фактаў, часам кантраверсійных, але канцэпцыя. Гэта, найперш, "Сто пытанняў і сто адказаў па гісторыі Беларусі" - калектыўная праца гісторыкаў-адраджэнцаў, якая друкавалася ў "Народнай волі"; "Дзяржаўнасць Беларусі: станаўленне, страта, барацьба за аднаўленне (IX ст. - 1918 г.) М.Біча, надрукаваная ў "Беларускай мінуўшчыне" [39] і іншыя. Знакавай рысай дадзенага этапа беларускага адраджэння стаў зварот не столькі да спадчыны другой паловы 19 ст. ("мужыцкай культуры"), колькі апеляцыя да літвінскай культурнай і палітычнай традыцыі. На актуалізацыі дзяржаўных, палітычных і культурных традыцый ВКЛ была, у прыватнасці, заснавана праграма БНФ "Адраджэнне". "Нашая Бацькаўшчына, пісалася ў Праграме, - ніколі ня ведала дэспатычных рэжымаў. З 15 ст. найвышэйшым органам улады быў прадстаўнічы Сойм, а з 16 ст. выбарныя органы ажыццяўлялі й мясцовую ўладу." [40] На працягу амаль дзесяці год ствараўся новы нацыянальны міф, фармавалася новая культурная скарбонка нацыі. Сёння ўжо можна зрабіць папярэдні аналіз прынцыпаў, па якіх ішоў адбор постацяў, з'яў, падзей, твораў у гэтую скарбонку.

Сімваламі новага адраджэння невыпадкова былі абраны "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг - яны былі добра ўпісаныя ў культурны код літвінства, былі знакавымі з'явамі для зацвярджэння старажытнасці і еўрапейскасці беларускай дзяржаўнасці і культуры. Па гэтых жа прычынах сімвалічны сэнс быў нададзены імёнам шэрагу палітычных і дзяржаўных дзеячоў. Для нацыянальнага міфа, які патрэбны на этапе фармавання дзяржаўнасці, стварэнне ідэалізаваных постацяў нацыянальных герояў - справа натуральная. У дадзеным выпадку для творцаў і "спажыўцоў" нацыянальнага міфа не прынцыпова, якую ролю на самой справе адыгралі гэтыя людзі ў гісторыі, ці заўсёды яны адпавядалі вобразу нацыянальнага героя. Для беларускага адраджэння 1980-х-1990 - х гг. важна было ўбачыць у мінулым патрыятычна настаўленых, гераічных, разумных уладароў, якіх можна было бы прадставіць сімваламі беларускай дзяржаўнасці. Такімі сімвалічнымі постацямі сталі, да прыкладу, князь Вітаўт і Леў Сапега. Сярод з'яў і падзей мінуўшчыны новае беларускае адраджэнне знакавымі абрала Грунвальд, бітву пад Воршай, паўстанні канца 18-першай паловы 19 ст. - тое, што сведчыла аб ролі беларусаў у еўрапейскай гісторыі і іх барацьбе за ўласную дзяржаўнасць. "Мы памятаем, што нашыя продкі пяць разоў паўставалі за аднаўленне волі" - пісалася ў праграме БНФ. [41]

Фактычна, за дзесяцігоддзе беларуская нацыя ажыццявіла духоўную рэстытуцыю, пазначыўшы вехі свайго культурнага развіцця на працягу стагоддзяў. У кантэкст беларускай культуры былі ўключаны многія сотні постацей, з'яў, твораў. Але, мабыць, галоўнае - быў пераасэнсаваны працэс развіцця культуры беларусаў. На маю думку, характэрнай з'явай стану беларускай гісторыка-культурнай думкі ў той час можна лічыць артыкул Я.Шунейкі "Ускраіна" у цэнтры Еўропы", надрукаваны ў часопісе "Спадчына" ў 1992 г. "Беларусь і так у самым цэнтры Еўропы, паміж яе заходнімі і ўсходнімі ўскраінамі, паўночнымі і паўднёвымі берагамі. Вядома, не толькі ў геаграфічным, але і гістарычным, культурным сэнсе таксма. Паняцце Еўропы адносіцца і да Беларусі, - піша аўтар, - бо ніякая еўрапейская хваля не абмінула яе ўспрымальнай культурнай глебы. І перш чым збірацца ў далекі шлях, каб "даганяць Еўропу", трэба самастойна, самакрытычна, адцураўшыся ганебнага блюзнерства ў самааплёўванні і прыніжэнні, убачыць сябе паўнацэнна, а потым ужо аднаўляць лепшыя з мінулых сувязяў і развіваць новыя." [42]

Адным з прынцыповых пытанняў нацыянальнага культурнага адраджэння канца 20 ст. было пытанне нацыянальнай мовы. Падвышэнне статусу беларускай мовы ад "мужыцкай" да "еўрапейскай" ішло ў кантэксце пераасэнсавання ўсёй культурнай спадчыны беларусаў, было адной з важных яго частак. Да 1994 г., на маю думку, беларуская мова здолела заваяваць у грамадстве Беларусі найважнейшы для свайго далейшага развіцця "плацдарм" - на ёй загаварыла інтэлігенцыя, найперш, творчая.

Ацэньваючы працэсы, якія адбываліся ў нашай культуры, свядомасці, палітычным жыцці, можна канстатаваць, што у часы беларускага адраджэння мяжы 20-21 стст. рэалізоўваўся праект уваходжання ў еўрапейскую супольнасць на падставе гістарычных традыцый дзяржаўнасці, старажытнай культуры, доказу свайго знаходжання ў еўрапейскім грамадстве на працягу стагоддзяў. Дарэчы, падобныя праекты рэалізоўвалі ўсе народы на постсавецкай прасторы пасля распаду савецкай сістэмы. Не для ўсіх ён быў удалым (узгадаем, напрыклад, Румынію, ці Малдову).

Сітуацыю ў культурным жыцці Беларусі апошняга дзесяцігоддзя адназначна ацаніць цяжка. Мабыць, павінна быць нейкая дыстанцыя, каб убачыць вынікі працэсаў, якія сёння адбываюцца ў нашай культуры. Э.Дубянецкі, да прыкладу, аналізуючы сучасны стан беларускай культуры, заўважыў характэрныя для любой еўрапейскай культуры прыкметы уплыву на яе сутнасны і стылявы лад глабалізацыйных працэсаў. [43]

На маю думку, нельга гаварыць аб згортванні беларускага нацыянальнага адраджэння, грунтуючыся на адносінах уладаў да беларускай мовы, ці на факце разгона беларускай нацыянальнай гістарычнай школы. Існуючая ўлада распрацоўвае і рэалізуе свой праект еўрапейскай Беларусі. Лічачы па кампаніі, якая апошнія гады разгортваецца і ў дзяржаўных СМІ, і ў ацэнках, якія даюцца ў афіцыйных выступленнях, асноўным "слоганам" гэтага праекта з'яўляецца " Беларусь - лепшая краіна ў свеце з найлепшым кіраўніцтвам." На гэты праект спрацоўвае ўсё - ад перамогі Ксеніі Сітнік да пабудовы Нацыянальнай бібліятэкі. Гэтаму праекту патрэбны лаяльныя гісторыкі, пісьменнікі, музыканты і мастакі. Гэты праект у меньшай ступені грунтуецца на гістарычным мінулым і традыцыях. У яго падставе не ляжыць ідэя - "мы павінны быць у Еўропе, таму, што мы заўсёды там былі", хутчэй, у яго падставах ляжыць перакананне аб тым, што Еўропа павінна вучыцца ў нас, як быць сапраўднымі еўрапейцамі. Узнікненне такога праекту, як можна меркаваць, абумоўлена не толькі суб'ектыўнымі прычынамі - жаданнем замацаваць існуючы ў Беларусі парадак. Мабыць, не апошнюю ролю тут адыгрывае і жаданне, абапіраючыся на высокі імідж культурнага развіцця Беларусі, гаварыць з еўрапейскай супольнасцю на правах роўнага, а можа нават, больш паспяховага партнера. Ці рэалізуемы афіцыйны нацыянальны праект мае будучыню ? Ці не выдаліць ён нас за межы еўрапейскай культуры, еўрапейскай супольнасці?

Вяртаючыся да матэрыялаў кангрэса беларусістаў, хачу звярнуцца да артыкула прафесара Аляксея Рагулі, у якога тая ж ідэя гучыць у кантэксце культуралагічных разважанняў. На яго думку, сутнасць беларускай культурфіласофіі, да якой яна ішла "уласным шляхам на працягу двух тысячагоддзяў свайго развіцця" палягае ў "крытычным аптымізме", аснову ж апошняга складае вучэнне пра "простае шчасце людское". Менавіта гэты свой здабытак, згодна з яго думкай, прапануе Беларусь сусветнай супольнасці, якая знаходзіцца ў тупіковай сітуацыі татальнай вайны - імперыялістычнай, класавай, тэрарыстычнай. [44] Пагадзіцца з такім меркаваннем наўрад ці можна. Як кожная еўрапейская культура, нашая культура мае шмат абліччаў і сутнасцяў; у ёй арганічна спалучаюцца жыццесцвярджальная проза Я.Коласа і авангардысцкія пошукі А.Хадановіча, класічныя вершы Ніла Гілевіча і эпатажныя творы Веры Бурлак, "крытычны аптымізм" У.Самойлы і нігілізм І.Бабкова. Пэўна, і праект, які сёння рэалізуецца ўладамі, можа мець поспех. Гісторыя падае прыклады паспяховай рэалізацыі такіх праектаў у мінулым (ЗША, Англія). Нам трэба не баяцца гаварыць аб сваіх дасягненнях і не сароміцца ставіць імёны сваіх творцаў побач з сусветнавядомымі. Наш Рыгор Барадулін зусім не горшы паэт, чым Восіп Бродскі, а "N.R.M." гучыць лепей, чым "Rollidg Stoons". Справа ў іншым - якія менавіта здабыткі беларускай культуры прапануюцца еўрапейскай супольнасці? На чым сёння будуецца еўрапейскі імідж беларускай нацыі? Ці для свядомай беларускай інтэлігенцыі варта з'ехаць за мяжу і ствараць сапраўдную беларускую культуру там, каб не працаваць на ўладу? А можа застацца на Беларусі і быць ва "унутранай эміграцыі", да чаго мы прызвычаіліся ў часы СССР? Думаецца, што стваральнікі сучаснай беларускай культуры самі павінны даць адказ на гэтае пытанне.

Ад каралеўскага горада да губернскага цэнтра: Гродна на мяжы 18-19 стст.

Перыяд 1794-1802 гг. у гісторыі Гродна пакуль што мала распрацаваны і ў айчыннай, і ў суседніх ёй гістарыяграфіях. Даследчыкі часцей звяртаюць увагу на часы падзелаў, ці перыяд, калі Гродна ўжо быў губернскім горадам. [45] Аднак гэты час утрымлівае шмат значных падзей і з'яў, якія аякрэслілі будучыню горада на Немане на некалькі дзесяцігоддзяў.

Праблема гарадоў на тэрыторыі трэццяга падзелу Рэчы Паспалітай паўстала перад расійскімі ўладаміяшчэ ў час, калі лёс дзяржавы яшчэ не быў канчаткова вызначаны. Першае распараджэнне Каяцярыны ІІ па гэтаму пытанню адбылося ўжо 30 кастрычніка 1794 г. У адпаведнасці з яе ўказам князю Рэпніну належала падзяліць Літву на тры часткі, цэнтрамі які прызначаны былі Вільня, Гродна і Кейданы. [46]

Абранне гэтых гарадоў, як можна меркаваць, было абумоўлена іх роллю ў эканамічным, палітычным і культурным жыцці края, а таксама ўсёй Рэчы Паспалітай. Значэнне Гродна як важнага цэнтра, а таксама аднаго з каралеўскіх гарадоў падкрэслена было ў час так званага "разбору гарадоў", калі у перыяд рэформаў у Рэчы Паспалітай была праведзена класіфікацыя гарадоў паводле колькасці дымоў у іх, а таксама развіццю гандлю і прамысловасці. Гродна побач з Вільняй, Слуцкам, Мінскам і Брэстам былі аднесены да катэгорыі гарадоў першага класа, якія мелі не меньш чым 400 дымоў. [47]

Паводле вышэй названага ўказу Кацярыны ІІ у Гродна павінна была размясціцца галоўная інстанцыя для кіравання Літвой - Генеральнае праўленне начале з генерал-губернатарам Мікалаем Рапніным. Яўстах Арлоўскі тлумачыў нежаданне расійскіх улад зрабіць сталіцай расійскай Літвы Вільню вялікай колькасцю каталіцкіх кляштараў і касцёлаў, гістарычных помнікаў, якія рабілі гэты горад сімвалам незалежнасці і гістарычнай памяці. [48] Сёння гэтую версію падтрымліва малады гродзенскі гісторык С.Занеўскі. [49] Аднак, на маю думку, прыняцце рашэння на карысць Гродна было зроблена з прычыны наяўнасці тут вялікай дзяржаўнай ўласнасці. М.Рапнін паведамляў у Пецярбург, што ў Гродна многа палацаў і іншых будынкаў, якія належаць дзяржаве. У Вільні такіх пабудоў было значна меньш. Такую колькасць дзяржаўных пабудоваў Гродна атрымала дзякуючы, найперш, інтэнсіўнаму будаўніцтву ў часы Антонія Тызенгаўза, які ўкладваў у свае праекты прыбыткі з каралеўскіх сталовых земляў. [50] Таму Гродна выглядала больш прывабным месцам размяшчэння уладных структур - не паўставала пытанняў аб выкупе ці канфіскацыі прыватных палацаў, можна было кампактна ўладкаваць усе адміністратыўныя органы ў тызенгаўзаўскіх пабудовах на Гарадніцы. Згодна з перапісам 1789 г. у Гродна пражывала 5653 чалавекі, а у 1794 г. - 6431 жыхар. [51]

Генеральнае праўленне Літвы мела чатыры аддзелы: Скарбовы, Крымінальны, Цывільны і Эканамічны. Кіраўнікамі гэтых аддзелаў былі адпаведна палкоўнік Іван Фрызель, брыгадзір Іван Русанаў, надворны саветнік Мікалай Волкаў і прэм'ер-маёр Літке. [52] Для працы ва ўстановах дазволена было прыцягваць мясцовых жыхароў, г.зв. экспедытараў. Галоўнымі крытэрыямі прыёма на службу былі неўдзел у паўстанні і добрае веданне сітуацыі ў далучаных землях.

Рашэнне аб прызначэнні Гродна сталіцай Літвы было сфарміравана раней, чым Кацярына ІІ падпісала адпаведны ўказ. Верагодна, не апошнюю ролю ў гэтым адыграў канцлер імперыі Безбародка, які сябраваў з Рапніным. Іх карэспандэнцыя, таксама як і рэляцыі, якія генерал-губернатар Літвы дасылаў у Пецярбург, кідаюць святло на некаторыя эпізоды побыту Рапніна ў Гродна. Князь прыехаў у новую сталіцу літоўскіх губерняў 16 лістапада 1794 г. " Сёння прадставіліся мне мясцовыя жыхары, - пісаў ён імператрыцы на наступны дзень. - Паміж імі многа прадстаўнікоў заможных фамілій. Перадаў ім дабразычлівае стаўленне вашай вялікасці, але пры гэтым прыпомніў караючую кожную здраду руку Бога, і што пільна за тым наглядаць будзем… каб кожны атрымаў, што яму належыць. Прынялі гэта з удзячнасцю падданых, а маё напамінанне з належнай паслухмянасцю." [53] Між іншым, Рапнін прыгадвае, што ў Гродна сустрэўся з падскарбім Дзяконьскім, якога ведаў здавён і які быў расійскай крэатурай яшчэ ў часы Вялікага Сейму. Напэўна, менавіта Дзяконьскі параіў Рапніну дамагацца вяртання ў Гродна архіва Гродзенскай скарбовай камісіі, які быў вывезены ў Варшаву ў час паўстання. [54]

20 лістапада 1974 г. жыхары Гродна склалі прысягу на вернасць Кацярыне ІІ. Гэтая ўрачыстасць адбылася на цэнтральнай плошчы горада, у паіезуіцкім касцёле (сёння - Кафедральны) і ў праваслаўнай царкве. [55] Тэкст прысягі абавязваў захоўваць вернасць асабіста расійскай імператрыцы і яе нашчадкам, а не расійскай дзяржаве. [56] Складанне прысягі на вернасць чужаземнаму манарху ў час, калі Рэч Паспалітая яшчэ не знікла з палітычнай карты, а Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў легітымным манархам, фармальна з'яўлялася здрадай. Але пад пагрозай зброі гарадзенцы вымушаны былі падпарадкавацца новай уладзе.

У гэты перыяд расійскім урадам была абрана тактыка захавання на новадалучанай тэрыторыі большасці элементаў ладу Рэчы Паспалітай. Абранне гэтай лініі належала Мікалаю Рапніну і канцлеру Безбародку. " У новых землях не толькі права, але таксама добрыя звычаі трэба пакінуць непарушнымі. - Пісаў канцлер Рэпніну ў лістападзе 1794 г. - Людзі да даўніны вельмі прывязаны. Любы падатак для іх не так цяжкі, як страта даўніх прывілеяў." Менавіта зыходзячы з г.тых меркаванняў Рапнін і Безбародка ініцыявалі захаванне Статута 1588 г. на беларуска-літоўскіх землх. [57]

Абраная расійскімі ўладамі палітыка замірэння новадалучаных тэрыторый перадвызначыла месца Гродна ў сістэме падаткаабкладання і суда ў першы год пасля паўстання. Паводле ўказу Кацярыны ІІ ад 30 кастрычніка 1794 г. Рапнін павінен быў зрабіць рэвізію усёй скарбовай уласнасці і высветліць памер падаткаў і мыта, якія збіраў скарб у часы Рэчы Паспалітай. Усе гэтыя фінансы належала зноў збіраць і фундаваць у Гродна. З іх павінен быў утрымлівацца адміністратыўны аппарат новай улады. [58] "Ёсць тут эканоміі, засталося іх да 30 тыс. душ, некалькі старостваў і іншыя скарбовыя вёскі. Усё разам - да 40 тыс. душ, якія можна раздаць." - Пісаў у Пецярбург М.Рапнін. [59] Ролю Гродна, як цэнтра скарбовых фінансавых сродкаў узмацніў указ Кацярыны ІІ, падпісаны 14 снежня 1794 г., які ўвёў у абрачэнне на тэрыторыі Літвы расійскія папяровыя грошы. Рапніну было загадана сабраць у Гродна адпаведны капітал ў польскіх злотых, якія ўносіліся ў скарбовую касу, каб утрымаць курс расійскіх асігнацый пры абмене. [60]

Намінальна дэкларуючы легітымнасць даўняга літоўскага права, расійскія ўлады фактычна пераўладкавалі ўсё судаводства на далучаных тэрыторыях. Апошняй інстанцыяй, дзе адбывалася канфірмацыя прыгавораў і судовых рашэнняў, з'яўлялася паводле ўказа ад 30 кастрычніка 1794 г. Генеральнае праўленне Літвы ў Гродна. Такім чынам судовая справа губляла самую важную сваю рысу, якой ганарыліся літвіны - незалежнасць ад ўлады. Разбурэнне даўніх традыцый судаводства і непавага да законаў з боку расійскай адміністрвцыі адзначалася сучаснікамі. [61] Значэнне Гродна з прычыны змен у судовай сістэме ўзрастала - цяпер сюды, а не да Вільні ці Наваградка, як гэта было ў часы Літоўскага Трыбунала, павінна была прыязджаць мясцовая шляхта, каб хадайнічаць аб справядлівым вырашэнні судовых справаў.

Вынікам трэццяга падзелу былі змены ў геапалітычным становішчы Гродна: упершыню з часоў Сярэднявечча [62] горад стаў прымежным цэнтрам. Мяжа з Прусіяй не была канчаткова сфармавана да жніўня 1795 г., але ўжо ў канцы 1795 г. была ўладкавана памежная стража. [63] Вынікам узнікнення мяжы было хуткае і актыўнае развіццё новага промыслу, які затым стаў звычайным для памежнага Гродна - кантрабанды.

У 1795 г. Гродна зноў стала каралеўскім горадам, але ўжо ў іншым сэнсе. 9 студзеня гэтага года апошні кароль Рэчы Паспалітай атрымаў загад ад пераможцаў выехаць з Варшавы ў Гродна пад нагляд Рапніна. У Гродна Станіслаў Аўгуст атрымаў у карыстанне тры палацы - акрамя Новага замку палацы ў Панямуні і Аўгустоўскі. Трэццю каралеўскую рэзідэнцыю - Станіславова, атрымаў у падарунак ад Кацярыны ІІ ірландзец О'Брыен дэ Ласі. [64] Рапніну было прадпісана ставіцца да караля, як да прыватнай асобы, не дазваляць яму кіраваць краем, наглядаць за яго карэспандэнцыяй, абмяжоўваць кантакты з падуладнымі без дазволу расійскіх уладаў. [65]

На працягу 1795 г. Гродна фактычна знаходзілася ў становішчы акупаванага горада. Да канчатковага ўладкавання памежных справаў з Берлінам і Венай расійскі ўрад не зменяў правілаў і прадпісанняў ваеннага становішча. Нават каляндар на гэтых тэрыторыях не быў заменены - па-ранейшаму карысталіся грыгарыянскім календаром, а не юльянскім, афіцыйна прынятым у Імперыі. Змены пачаліся з моманту падпісання ў Пецярбургу 13 (25) снежня 1795 г. трактата аб трэццім падзеле Рэчы Паспалітай. На наступны дзень Кацярына ІІ падпісала ўказ " Аб далучэнні да Расійскай імперыі ўсёй часткі Вялікага Княства Літоўскага". Паволе яго на гэтай тэрыторыі ствараліся дзве губерні - Віленская і Слонімская, адміністратыўнае ўладкаванне якіх адпавядала "Усталяванню аб губернях" 1775 г. [66] Цэнтрамі гэтых губерній прызначаліся Вільня і Слонім. Дадатак да ўказу быў выдадзены ў жніўні 1796 г. Пакідаючы галоўнымі гарадамі Вільню і Слонім, губерні пераўтвораны былі ў намесніцтвы, якія падзяляліся на ўезды. У гэтым адміністраьыўным падзеле Гродна прызначана была роля ўезднага горада у Слонімскім намесніцтве.

Чаму ў гэты час не Гродна - буйнейшы горад у намесніцтве, які меў, як вышэй паказана, найболей шансаў стаць цэнтрам края, а менавіта Слонім абралі у якасці сталіцы новай адміністратыўнай адзінкі? Слонім не быў маленькім горадам, у канцы 18 ст. тут жыло каля 4,5 тыс. чалавек. [67] Але з'яўляўся прыватнаўласніцкім - здавён належаў Агінскім. Будынкаў, якія падыходзілі бы для размяшчэння расійскай адміністрацыі, тут хапала: М.К.Агінскі збудаваў тут прыгожую і вялікую рэзідэнцыю. Але яе, таксама, як і ўвесь горад, трэба было выкупіць, што і было загадана ўказам Кацярыны ІІ. [68] Апрача гэтых вялікіх выдаткаў, паўставала яшчэ адна праблема - у Слоніме не мелася дастатковай колькасці асобаў, якія маглі бы працаваць у расійскіх адміністратыўных установах - іх належала запрашаць з іншых гарадоў намесніцтва, у тым ліку, з Гродна. Не гледзячы на ўсе гэтыя складанасці, Слоніму была аддадзена перавага ў параўнанні з Гродна. Як мне выдаецца, усе прывабнасці Гродна зводзіліся на нішто ў сувязі з тым, што горад на Нёмане цяпер быў вязніцай апошняга караля Рэчы Паспалітай. 25 лістапада Станіслаў Аўгуст падпісаў ў Гродна абдыкацыю і жыў тут пад хатнім арыштам і наглядам Рапніна. Былы кароль не мог пакінуць горад, але не было яму забаронена наведваць свае разідэнцыі ў ваколіцах Гродна, выхадзіць у горад. Кароль, хаця і былы, усё яшчэ заставаўся сімвалам страчанай незалежнасці, што расійскія ўлады добра разумелі. Прызначэнне Гродна цэнтрам намесніцтва магло даць легальны повад мясцовай шляхце часта наведваць горад, які быў вязніцвй для караля. Сярод гэтай шляхты яшчэ не памерла надзея на аднаўленне Рэчы Паспалітай, што магло прывесці да змовы аб вызваленні караля. Аб гэтых настроях, між іншым, сведчылі перлюстраваныя лісты, размовы, падслуханыя лаяльнымі ўладам асобамі, чуткі, якія хадзілі па гораду. "Наяхай знешняя пакорлівасць займе месца вернасці і самаадданасці. - Пісаў гродзенскі жыхар у адным з перлюстраваных лістоў.- Належыць пад уяўнай паслухмянасцю падтрымліваць у сабе дух вольнасці." [69] Яшчэ перад прыездам караля ў Гродна Рапнін папярэджваў Кацярыну ІІ, што ў выпадку знаходжання Станіслава Аўгуста ў горадзе значна ўзрастае магчымасць кантактаў апошняга з вернымі яму асобамі, цераз якіх Панятоўскі можа звязацца з еўрапейскімі дварамі, каб прасіць у іх дапамогі. [70] " Гэты край добра пільнаваць належыць!" [71] - Папярэджваў Рапнін канцлера Безбародку і не памыляўся. Ужо ў красавіку 1796 г. у Гродна была адкрыта змова, якая сваёй мэтай ставіла забойства Рапніна і іншых расійцаў, якія жылі ў горадзе, і абвяшчэнне акта паўстання. Начале гэтай канспірацыі стаялі камердынер Дзяконскага шляхціч Любавецкі і шляхціч Снарскі. "Дазнанне адкрыла, што амаль увесь горад ведаў аб змове, але ніхто не прыйшоў паведаміць аб ёй да мяне, або да каго-небудзь з рускіх начальнікаў."- Пісаў Рапнін у лісце да Мікалая Ланскога. [72] Праўда, урэшце знайшоўся здраднік, нейкі шляхціч Хівоўскі [73](так падаецца прозвішча ў дакументах), які за сваю здраду атрымаў ад Рапніна ўзнагароду ў памеры 200 рублёў золатам. [74] Пасля адкрыцця канспірацыі, каб не даць магчымасці ўдзельнікам змовы знянацку заспець расійскіх вайскоўцаў у горадзе і вынішчыць іх, як гэта было ў 1794 г., войскі, раскватэраваныя ў Гродна, былі выведзены за горад. Снарскі, Любавецкі і яшчэ некалькі асобаў былі арыштаваны і перавезены да Смаленска, дзе дзейнічала расійская камісія па разгляду віны паўстанцаў. Яны былі асуджаны да катаргі ў СІбіры. [75] Пакуль што след гродзенскіх канспіратараў губляецца. Ва ўсякім выпадку, у спісах тых, хто падлягаў амністыі, праведзенай Паўлам І, іх прозвішчаў няма. Фармальна яны не маглі быць амнісціраваны, паколькі ўжо прынеслі прысягу імператрыцы, а іх змова адбылася ўжо пасля задушэння паўстання.

1796 г. быў перыядам хуткай перабудовы палітычнага ладу анэксіраваных тэрыторый. Амаль кожны месяц выдаваліся новыя распараджэнні і ўказы, якія датычылі розных сфер сацыяльнага і эканамічнага жыцця. У Гродна была адкрыта мытня, пасля - уездныя органы ўлады, пошта, хлебныя "магазіны" (склады) [76]. Паводле ўказу імператрыцы ад 8 жніўня 1796 г. на Віленскае і Слонімскае намесніцтвы распаўсюджвалася гарадское права, якое дзейнічала ў Расіі з 1785 г. У гарадах згодна з усталяваннямі гэтага права павінны былі ўладкоўвацца такія ж установы, што і ва ўсёй імперыі: дума, магістрат, гарадскі галава і інш. Гэты ўказ абвяшчаў таксама пачатак "разбору" месцічаў: усе яны павінны былі запісацца да якога-небудзь саслоўя і плаціць адпаведныя падаткі. [77] Замест былога падымнага падатка цяпер уводзіўся падушавы, які быў значна большы.

Паведамленне аб знішчэнні Рэчы Паспалітай і новым палітычным ладзе выклікала адпаведную рэакцыю жыхароў горада. З аднаго боку, яны яшчэ верылі ў непарушнасць старых традыцый і звычаяў, з другога - імкнуліся абараніць сябе ад свавольства новай улады, якая несла свае законы і адміністратыўны лад. Як выдаецца, гарадзенцы яшчэ верылі ў моц былых прывілеяў, якія давалі на працягу стагоддзяў жыхарам горада вялікія князі і каралі. Апрача таго, згодна з прынятымі ў Вялікім княстве звычаямі, падмацаванымі гарадскім правам, пры замене манарха належала пацвердзіць былыя гарадскія вольнасці новым пацвяржальным прывілеем. Усё гэта, пэўна, прычынілася да складання Аляксандрам Фрызе 22 лютага 1796 г. у створаныя расійскімі ўладамі ўездныя органы ўсіх прывілеяў і іншых падобных дакументаў, якія давалі ільготы гарадзенцам яшчэ з часоў князя Аляксандра. [78] Падобныя спробы ўключэння прававых нормаў, якія дзейнічалі ў ВКЛ, у сістэму расійскага прэцэдэнтнага права для абароны сваіх інтарэсў, назіраліся і раней. Яшчэ ў 1778 г. жыхара Полацка і Віцебска, імкнучыся абараніць сваю маёмасць і захаваць манаполію на мясцовым рынку, падалі ў расійскую адміністрацыю прашэнне з пералікам усіх прывілеяў на манапольны гандаль, якія яны мелі яшчэ ў часы ВКЛ. Расійскія чыноўнікі на працягу некалькіх месяцаў рабілі спробы ўзгадніць дзве сістэмы законаў, але так і не знайшлі кампраміса. Урэшце ўся справа была адкладзена, а неўзабаве ў Расіі прынята было Усталяванне аб гарадах, якое ўвогуле перакрэслівала гэтую прававую калізію. [79]

Пасля заключэння міру з Прусіяй і Аўстрыяй і ўзгаднення ўмоваў апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Кацярына ІІ зусім не збіралася на далучаных тэрыторыях клапаціцца аб захаванні былых традыцый ВКЛ, а мела намер дзейнічаць рашуча і гвалтоўна, праводзячы нівеліроўку мясцовага адміністратыўнага і палітычнага ладу пад прынятыя ў імперыі парадкі. У сваім меркаванні яна мела магчымасць абаперціся на думку М.Рапніна, які таксама настойліва рэкамендаваў імператрыцы дзейнічаць цяпер рашуча і безкампрамісна. "...належала бы хутка пасля падпісання міру ўвесці тут наш спосаб кіравання, паколькі сёняшні, палавінны, адразу і наш, і мясцовы, паміж сабой ўзгоднены быць не могуць." - Пісаў у адным з лістоў літоўскі намеснік. [80] Аб тым, што пры "палавінным" прававым ладзе кіраваць даверанымі яму тэрыторыямі, амаль немагчыма, М.Рапнін часта ўзгадвае ў прыватных лістах. "Патрэбных людзей нямя ані тут, ані ва ўездах, а без іх - што вшэйшыя начальнікі могуць зрабіць… Божа, забяры мяне адсюль!" - піша ён ў адным з іх. [81]

Важным пытаннем для жыцця горада на Нёмане была дэмаркацыя мяжы. Гродна было абрана ў якасці пункта перамоваў у гэтай справе паміж Прусіяй і Расіяй. Лінія мяжы паводле падпісанага трактату павінна была цягнуцца па Нёмане і Ласасянцы і знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад горада. Расійскія ўлады рабілі спробы адсунуць яе далей ад горада, пераводзячы войскі за Нёман на некалькі вёрст. Але гэта выклікала пратэст з боку Прусіі. Для ўзгаднення гэтых справаў у Гродна на працягу вясны 1796 г. адбываліся пасяджэнні пруска-расійскай камісіі. Урэшце 4 мая быў падпісаны сумесны пратакол, які вызначаў лінію мяжы. Ён быў ратыфікаваны ў жніўні гэтага ж года. З гэтага часу і да ліквідацыі мяжы ў 1850 г. Гродна было горадам памежным, а кантрабанда - звычайным заняткам гродзенскіх жыхароў, найперш, жыдоў.

Змена манарха ў канцы 1796 г. пазначала радыкальную змену палітыкі ў адносінах да тэрыторыі былога ВКЛ. Пасля амністыі паўстанцам і вызвалення з няволі 29 лістапада 1796 г. Т.Касцюшкі [82] ўжо 12 снежня Павел І у спецыяльным указе дэклараваў аднаўленне былых прывілеяў і законаў і загадаў стварыць на тэрыторыі былога ВКЛ дзве губерні - Літоўскую і Беларускую. [83] Наступным крокам манарха было запрашэнне да Пецярбурга Станіслава Аўгуста. З 1797 г. - пасля ад'езду экскараля - Гродна перастала быць каралеёскім горадам. Яно было ім нават тады, калі ўжо не існавала самой дзяржавы - Рэчы Паспалітай; калі ўжо згубілі гэты статус іншыя каралеўскія гарады і знішчаны быў сам інстытут манарха. Падобны парадокс у гісторыі Гродна робіць унікальнай яго ролю і ў гісторыі Рэчы Паспалітай. Згубіўшы статус каралеўскага горада, Гродна адначасова перастала быць і каралеўскай вязніцай.

Павла І меньш, яым ягоную маці, цікавіла тэрыторыя былога Княства Літоўскага. Ва ўсякім выпадку, на парадак змяншаецца колькасць указаў і распараджэнняў, якія датычылі гэтых тэрыторый, пры тым, што агульная лічба расзнастайных прававых актаў і іншых дакументаў у час паўлаўскага кароткага царавання была велізарнай.

Ператварэнне Гродна ў губернскі цэнтр не было завершана ўказам Аляксандра І ад 21 (9) верасня 1801 г. аб стварэнні Гродзенскай губерні. На самой справе эвалюцыя ад каралеўскага горада да губернскага расцягнулася амаль на поўстагоддзе. У гэты перыяд тут захоўваліся рэшткі даўнейшага адміністратыўнага і палітычнага ладу, элементы былога права і традыцый. Такімі з'яўляліся, да прыкладу, рамесныя цэхі, якія ліквідаваны былі толькі ў 1840-я гады; грамадзянскае судаводства паводле Статута 1588 г., сістэма мясцовых мер і вагаў, якая ўведзена была яшчэ пры Станіславе Аўгусце, і інш. Расійскія ўлады вымушаны былі ўносіць змены ў арганізацыю кіравання горадам, зважаючы на гэтыя асаблівасці. Так, у пачатку стагоддзя у адміністратыўныя ўстановы Гродзенскай губерні былі ўведзены дадатковыя штатныя пасады; не былі адкрыты управы дабрачыннасці, як у іншых губернскіх цэнтрах, у тым ліку - на ўсходзе Беларусі. [84] З-за шматмоўя дакументаў, якія абрачаліся ў горадзе і губерні і засталіся дзейснымі яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай і прускага кіравання на Беласточчыне, у 1845 г. улады вымушаны былі ўвесці пасады тлумачоў з лацінскай, нямецкай і польскай моваў [85]. Падобныя прыклады можна працягвац. Гродна фактычна стаў больш-меньш нагадваць "сярэднестатыстычны" расійскі губернскі горад толькі ў другой палове 19 ст., але і тады змог захаваць рэшткі сваёй былой каралеўскай прыналежнасці, дзякуючы каралеўскім замкам і гістарычнай памяці сваіх жыхароў.

Гродзенская губерня ў гісторыка-культурным працэсе (канец 18-19 стст.)

На працягу ХІХ ст. роля Гродзенскай губерні ў фармаванні культурнай прасторы на беларускіх землях дазнала значных зменаў. Гэта было абумоўлена многімі фактарамі. Найважнейшымі з іх, на нашую думку, былі наступныя.

Адным з найбольш важных чыннікаў у фармаванні культурнай прасторы была змена дзяржаўнай прыналежнасці. Уваходжанне беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі змяніла палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя ўмовы развіцця культуры, уключыла культурныя працэсы, якія тут адбываліся, у сферу ўплыву расійскай культурнай прасторы. Другім важным чыннікам былі нацыятворчыя працэсы. Гродзеншчына стала абшарам, дзе ішлі нацыятворчыя працэсы некалькіх народаў - найперш, беларускага і польскага, але таксама, рускага, украінскага і літоўскага; апрача таго, значныя змены ў гэты час адбываліся і ў яўрэйскай культуры, яка перажывала секулярызацыйныя працэсы. Натупным фактарам, які можна далучыць да спектра важных, была мадэрнізацыя грамадства. Развіццё буржуазных адносін, урбанізацыя - усё гэта адбівалася на характары і змесце гісторыка-культурнага працэса. Дадатковымі фактарамі, якія ўплывалі на стан і ідэалагічны змест культуры, былі войны і паўстанні. Вайна 1812 г., паўстанні 1830 і 1863 гг., з аднаго боку, нанеслі значны матэрыяльны ўрон культурнаму жыццю, з другога - выклікалі з'яўленне цэлай скібы культурных з'яваў, якая трывала і арганічна ўпісалася ў культурны кантэкст.

Заснаванне Гродзенскай губерні ў 1801 г. стварыла новую адміністратыўную адзінку, у межах якой ішла арганізацыя культурных інстытутаў. Варта адзначыць, што межы гэтай адзінкі ў значнай ступені адрозніваліся ад папярэдняга адміністрацыйнага падзелу - найперш, абшараў Троцкага ваяводства, у складзе якога на працягу стагоддзяў была Гродзеншчына. Інстытуты культуры павінны былі адаптавацца да новага адміністрацыйнага падзелу. Гэта магло адбівацца на сістэме адукацыйных установаў, дзейнасці тэатральных калектываў, друкарскай справе - там, дзе неабходны быў дазвол адміністрацыі, ці яе падтрымка. Нагадаем, што амаль адначасова новае адміністрацыйнае ўладкаванне набыла сістэма адукацыі - створана была Віленская навучальная акруга, у склад якой увайшла Гродзенская губерня. Новы адміністрацыйны падзел змяніў статус асобных навучальных установаў - з ваяводскіх яны сталі ўезднымі, ці наадварот - з павятовых - губернскімі. Так, статус ваяводскай да 1795 г. мела школа ў Гродна, створаная на базе былога іезуіцкага калегіюма, аднак пасля падзелу статус губернскай гімназіі быў перададзены школе ў Свіслачы, адкрытай ў 1805 г. Так ці інакш, новая сетка навучальных установаў стваралася ў межах губерні паводле канцэпцыі кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі - адзін уезд - адно вучылішча. Новае тэрытарыяльнае ўладкаванне сеткі навучальных установаў прымушала жыхароў, галоўным чынам, шляхту, па-іншаму падыходзіць да выбару месца навучання для сваіх дзяцей. Стварэнне галоўнай сярэдняй навучальнай установы ў Свіслачы, да прыкладу, цягнула за сабой неабходнасць уладкавання жылля для іншагародніх гімназістаў, якіх у гэтай гімназіі была большасць. Змяняўся таксама і статус фундушаў, якія былі перададзены асобным навучальным установам мецэнатамі.

Такім жа чынам наданне Гродна статусу губернскага цэнтра паўплывала і на арганізацыю тэатральнай справы. Гродна становіцца пастаяннай пляцоўкай аб'яздных тэатральных калектываў, адкуль яны выязджаюць на гастролі па гарадах і мястэчках губерні, атрымаўшы папярэдне на гэта дазвол ад губернатара. Выезд за межы губерні на гастролі цягнуў за сабой неабходнасць атрымання новага дазволу ўжо ад іншага губернатара. Паказальна ў гэтым выпадку барацьба за гастролі ў Зэльве, якая адбывалася паміж антрэпрынёркамі з Вільні і Гродна. У справу былі ўцягнуты не толькі гродзенскі губернатар, але таксама Віленскі генерал-губернатар і Аляксандр І.[1]

Такім чынам, межы губерні становяцца цяпер межамі дзейнасці пэўнага тэатральнага калектыву.

Падобны ўплыў мела заснаванне новай адміністратыўнай адзінкі і на інстытуцыянальную пабудову іншых галін культуры.

Разглядаючы месца і ролю Гродзенскай губерні ў гісторыка-культурным працэсе ў ХІХ ст., належыць, на нашую думку, вылучыць тры перыяда, якія выразна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Першы - пачатак ХІХ ст. - 1830-я гады; другі - 1830-я - канец 1860-х гг.; трэці - апошняя чвэрць ХІХ ст.

У першым з разглядаемых перыядаў Гродзенская губерня, маўляў, вяла рэй у культуратворчых і нацыятворчых працэсах, побач з Віленскай. Гэта абумоўлена было некалькімі прычынамі. Па-першае, на гэтых абшарах знаходзілася значная колькасць шляхты, якая прайшла праз горан Асветніцтва ў апошнія гады Рэчы Паспалітай. Яе прадстаўнікі не толькі самі атрымалі адукацыю, але і, змяніўшы лад думак, накіроўвалі на гэта сваіх дзяцей. Наяўнасць параўнальна вялікай кагорты адукаваных людзей, многія з якіх адрозніваліся талентам у розных галінах мастацтва і літаратуры, зрабіла магчымым узнікненне шматлікіх першакласных твораў, спрыяла хуткаму і плённаму развіццю новых мастацкіх плыняў, найперш, рамантызма. Менавіта з гэтай кагорты выходзілі Міцкевіч, Чачот, Орда, Кулеша, Бахматовіч, Пачобут-Адляніцкі, Агінскі і многія іншыя. У параўнанні з ўсходняй часткай беларускіх земляў Гродзенская губерня ўяўляла сабой ў той час сапраўдны аазіс культурных дасягненняў. Значную ролю ў гэтым адыгрываў таксама і Віленскі універсітэт. Па падліках Д.Бавуа, больш чым дзьве трэці студэнтаў у ім складалі менавіта выхадцы з заходніх губерні - Гродзенскай, Віленскай і Мінскай., а сярод гэтых трох найвялікшы працэнт студэнтаў далі Віленская і Гродзенская. [2, s.271-366]

Менавіта ў нашай губерні ў той час была заснавана найбуйнейшая прыватная выдавецкая фірма Зымеля Нахімовіча, які канкурыраваў з віленскім выдаўцом Завадскім у напаўненні кніжнай прадукцыяй рынку беларускіх земляў.

Наяўнасць значнай колькасці шляхты, сярод якіх былі і заможныя асобы, перадумовіла ўзнікненне асяродкаў культуры ў шляхецкіх маёнтках. Агінскі ў Залессі, Храптовіч у Шчорсах, Пуслоўскія і Агінскі ў Слоніме і іншыя ўкладвалі значныя фундушы ў мецэнацтва. Магнатскія грошы ішлі не толькі на культурныя імпрэзы ў саміх маёнтках, але і на падтрымку іншых дабрачынных акцый. Паказальным тут можа служыць гісторыя ланкастарскага руху - першыя школы былі адкрыты адначасова ў Гомелі і ў Шчорсах у 1816-17 гг., але на ўсходзе гэтым і абмежаваліся, а ў Гродзенскай губерні ланкастарскі рух атрымаў моцную падтрымку мясцовай шляхты, а таксма і губернатара Андржэйковіча. Ён з уласных грошаў фінансаваў вучобу ў Пецярбургу двух студэнтаў Віленскага універсітэту, якія затым вялі ў Гродна курсы для настаўнікаў ланкастарскіх школ [3]. У губерні была абвешчана падпіска для сбору грошай на гэтыя школы, у якую актыўна ўключыліся мясцовыя жыхары. Праўда, урэшце улады забаранілі гэтыя школы, як палітычна небяспечныя.

Важнай рысай гісторыка-культурнага працэса ў гэты перыяд было фармаванне ідэйнай і палітычнай плыні - літвінства. Менавіта Гродзенская губерня разам з Віленскай была тым абшарам, дзе літвінства праявілася з найбольшай выразнасцю ў мастацкіх, літаратурных творах, у публіцыстыцы, а таксама ў грамадскай дзейнасці шляхты.

Другі перыяд свае характэрныя рысы набыў дзякуючы палітыцы расійскіх уладаў, якія імкнуліся уніфікаваць даўнія тэрыторыі Рэчы Паспалітай і знішчыць "літвінскі сепаратызм". Разгром Віленскага універсітэта і перагляд структуры і зместу адукацыі, у т.л. секулярызацыя асветы, у значнай ступені парушылі склаўшуюся культурную прастору. Але найбольш ударыла па культурным працэсам паўстанне 1830г. і настаўшая пасля яго жорсткая палітыка ўлад у дачыненні да шляхты. Вынішчэнне вялізарнай варствы адукаваных, свабодна думаючых людзей шляхам зняволення, высылкі, ці прымусовай эміграцыі цалкам змяніла асяроддзе ў якім нараджаліся культурныя з'явы. У пачатку ХІХ ст. шляхта на заходніх землях Беларусі складала па некаторых падліках ад 8 да 12% насельніцтва [4, с.13]. Пасля "разбору" шляхты гэта лічба скарацілася больш чым удвая.

Не трэба забывацца на тое, што 1830-я-1850-я гг. былі і часамі новых адміністратыўных пераўладкаванняў. З Гродзенскай губерні былі выдалены два ўезды - Лідскі і Наваградскі (1840 г.), дзе працэнт шляхты быў вельмі вялікі ў параўнанні з іншымі уездамі. Услед за рэпрэсіямі настаў разбор шляхты, канфіскацыі маёнткаў, секвестр і іншае. Фактычна, падрывалася эканамічная падстава, калі гаварыць аб нашай тэме, мецэнацтва ў галіне культуры. У 1840-1850 гг. мы ўжо не сустракаем магутных культурных асяродкаў у маёнтках, а таксама буйных культуртрэгерскіх акцый з боку шляхты. Зместам дадзенага перыяда, на нашую думку, было паступовае адыходжанне Гарадзеншчыны на другі план у культуратворчых працэсах. Апрача таго, культурную прастору пачала змяняць і паступовая русіфікацыя асяроддзя, а таксама актыўнае ўмешванне уладаў у культуратворчы працэс. Добрым прыкладам гэтага, на нашую думку, з'яўляецца тэатральная рэформа 1845-1846 г., у ходзе якой быў утвораны дырэкцыйны тэатр пад наглядам улад, а на сцэну была ўведзена руская мова. Актывізуецца цэнзура, вялікія паўнамоцтвы ў гэтай галіне атрымлівае тайная паліцыя, а таксама губернскія ўлады.

Яшчэ адна важная, на нашую думку, акалічнасць - скасаванне мытнай мяжы ў 1850 г. паміж Царствам Польскім і ўласна імперскімі землямі. Да гэтай даты Гродзеншчына была сваеасаблівым рубяжом, з якога распаўсюджвалася нелегальная літаратура, прэса, карэспандэнцыя. Перанясенне мяжы на дальня ўскраіны Імперыі, з аднаго боку, сведчыла аб жаданні ўлад уніфікаваць і Прывісленскі край, з другога - паказвала ступень уніфікацыі беларускіх земляў. Улады былі ўпэўнены ў гэтай тэрыторыі і не чакалі ад яе неспадзянак, хаця і дарэмна.

Не трэба забываць, што на працягу дастаткова доўгага часу і неаднаразова Гродзеншчына ў гэты перыяд знаходзілася на ваенным становішчы, што таксама паўплывала на культурнае жыццё.

Ужо напярэдадні паўстання 1863 г. Гродзенская губерня ўяўляла сабой, маўляў, сярэднестатыстычную расійскую губерню з незначнымі мясцовымі адрозненнямі - гэта, калі даваць ацэнку развіццю культуры і ўзроўню культуратворчай дзейнасці.

Некаторае ажыўленне ў гэтую карціну ўносіць пабудова чыгункі. Пецярбургска-Варшаўская чыгунка, якая прайшла праз губерню, найперш, праз Гродна і Беласток, зрабіла магчымым уключэнне гэтых земляў у сферу ўплыву сталічнай мастацкай супольнасці. Праз Гродна на еўрапейскія гастролі ехалі буйныя тэатральныя калектывы, музыканты, зоркі сталічнай сцэны. Менавіта гастралёры пачынаючы з 1856 г. уносяць раз пораз ажыўленне ў культурнае асяроддзе Гарадзеншчыны.

Пасля паўстання 1863 г. і настаўшых пасля яго рэпрэсій Гродзенская губерня канчаткова адыходзіць на другі план у культуратворчых працэсах. Вынішчэнне варствы грамадства, якая была ў вялікай ступені генератарам культурнага жыцця на заходніх землях Беларусі непазбежна павінна было стварыць сваеасаблівы вакуум у культурнай прасторы. Забарона польскай мовы, на якой да гэтуль функцыянавала большасць галін культуры, таксама кардынальным чынам мяняла культурную прастору. "Мураўёўскі прызыў", паводле якога на заходнія межы імперыі паехалі не толькі чыноўнікі, але таксама настаўнікі, тэатральныя дзеячы, мастакі, архітэктары і прадстаўнікі іншых інтэлігенцкіх прафесій, павінен быў кампенсаваць гэтую пустэчу. Але разам з таленавітымі людзьмі сюды за датацыямі і вышэйшымі акладамі паехалі асобы, якіх сам Мураўёў называў "навалаччу". Напаўненне культурнай прасторы творцамі, якія не ведалі мясцовых традыцый, звычаяў, мовы, гісторыі, з аднаго боку, пазбаўляла арыгінальнасці ствараемые тут культурные з'явы, з другога боку - выклікала непрыяцце мясцовымі жыхарамі новых элементаў культурнага асяроддзя. Красамоўна пра гэта сведчыць гісторыя гродзенскай рускай сцэны. "Публіка нашая, - пісаў рэцэнзент у "Гродненских губернских ведомостях», - складае для нас поўную загадку. Даюць якую-небудзь французскую лухту - тэатр поўны, а калі ставяцца на сцэну камедыі Астроўскага… - ложы пустыя, крэслы занятыя меней чым напалову! ... Дзіўна і незразумела.»[ 5,с. 47.] Руская сцэна ў Гродна ў гэты час трымалася толькі дзякуючы датацыям, які выдаваў урад. І гэта пры тым, што ў першай палове стагоддзя ніводны антрэпрынёр, які трымаў антрэпрызу з мясцовых ураджэнцаў, такой датацыі не атрымліваў і часам меў неблагія даходы.

У параўнанні з іншымі буйнымі губернскімі цэнтрамі, Гродна ў гэты час пачынае паступова адставаць у культурным жыцці. Тут, у адрозненні ад Віцебска і Магілёва, так і не быў створаны музей, не было пазадзяржаўных перыядычных выданняў, не дзейнічала пастаянная тэатральная трупа, не было мастацкіх выставаў. Разбурэнне існаваўшай культурнай прасторы так і не было пераадолена да пачатку ХХ ст.

Адметнасцю ў апошняй трэці ХІХ ст. характарызуецца і ідэйны змест культурнага жыцця Гродзенскай губерні. Дамінуючы ў той час западна-русізм актыўна развіваецца на ўсходе - у Віцебску, Магілёве, а таксама ў Вільні, як цэнтры края. Гродзеншчына, дзе гэтая плынь уваходзіць у супярэчнасць з даўнімі традыцыямі, выпрацоўвае свой погляд на сёння і заўтра народа і зямлі - краёвасць. Менавіта на нашай тэрыторыі краёўцы атрымалі найбольшую падтрымку і здолелі арганізавацца ў будучым у адметны рух.

Такім чынам, падсумоўваючы вышэй сказанае, адзначым, што роля Гродзенскай губерні ў гісторыка-культурным працэсе, і як адміністратыўнай адзінкі, і як зямлі, з традыцыямі, насельнікамі, культурнай спадчынай, не была аднастайнай і змянялася ў адпаведнасці з асноўнымі тэндэнцыямі развіцця культуры, а таксама палітыкай улад.

Літаратура

1. 1. LVIA f. 378, 1803,b.266, s.1-2.

2. Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich. 1803-1832. - T. 1. Uniwersytet Wileński. - Rzym-Lublin, 1991 , - 383 s

3. НГАБ у Гродна, ф. 1, воп. 1, спр. 1801 - арк. 45

4. Грыцкевіч А.Рэгіянальная культура Случчыны ў ХVI-ХVIII стст.// Беларусіка = Аlbarutenika: Кн.3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне/ Рэд. А.Мальдзіс і інш. Мн.:Навука і тэхніка, 1994. - С.23-31.

5. Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии ХІХ века. - Минск, 1980 - 216 с.

Воранаўская пошта.

На працягу стагоддзяў цераз воранаўскую зямлю праходзіў шлях, які злучаў два важных цэнтра - Гродна і Вільню. Перагарнем толькі адну старонку яго гісторыі, напісаную сто пяцьдзесят гадоў таму.

Пасля трэццяга падзелу Рэчы Паспалітай на беларускіх землях была ўведзена сістэма перасылкі карэспандэнцыі, прынятая ў Расійскай імперыі. Унармаванне гэтай сферы дзейнасці ў Імперыі адбылося яшчэ пры Пятры І, але ў час царавання Кацярыны ІІ яна была паддадзена рэфармаванню. Замест былых ямаў ствараліся рэгулярныя паштовыя станцыі, у 1782 г. было пачата складанне падрабязнай мапы ўсіх паштовых дарог Імперыі, якія пасля удакладняліся і папаўняліся. Праз год быў усталяваны тарыф на правоз карэспандэнцыі, г.зв. паверставая такса - за ліст вагой 1 лот (12,8 г.) па 2 капейкі за кожныя 100 вёрст, а калі ліст важыў меней, бралася па 1 кап. [86] У гэты ж час быў дадзены дазвол на арэнду паштовых станцый прыватнымі асобамі: яны павінны былі ўтрымліваць станцыі на грошы, якія давала дзяржава, браць прагонныя з тых, хто вандраваў на паштовых конях, клапаціцца аб спраўнасці вупражы, санак і брычак, нарыхтоўваць фураж. Усталёўвалася строгая іерархія паштовых інстытутаў. Начале ўсёй сістэмы стаяў паштовы дэпартамент, у губернях былі паштамты і губернскія пачтмейстеры, якім падпарадкоўваліся ўездныя пачтмейстеры і наглядчыкі паштовых станцый. У першай палове ХІХ ст. гэтая сістэма некалькі разоў удасканальвалася, але яе структура ў цэлым засталася нязменнай. У 1810 г. у Расійскай імперыі налічвалася 7 паштамтаў, больш за 150 паштовых кантор, больш за 400 паштовых экспедыцый. Роля пошты ў эканамічным, палітычным і культурным жыцці дзяржавы расла з кожным дзесяцігоддзем. Наяўнасць рэгулярнага паштовага абрачэння сфармавала давер да гэтага віду сувязі ў жыхароў імперыі, аб чым сведчыла колькасць карэспандэнцыі, якая праходзіла праз дзяржаўную пошту. Так, калі ў 1825 г. было перавезена 25 млн пасылак, то ў 1850 г. - 27 млн. [87]

Апрача карэспандэнцыі па паштовым трактам, карыстаючыся паслугамі паштовых станцый, ехалі людзі. Для падарожжа на паштовых конях належала выпісаць падарожную ў губернскай скарбовай палаце або ўездным казначэйстве. Для чыноўнікаў такое падарожжа адбывалася за кошт скарбу, для ўсіх астатніх - за ўласныя грошы. Звычайнай практыкай былі эстафеты, калі важная або тэрміновая пасылка перадавалася з кур'ерамі. Такія кур'еры мелі прыярытэт у атрыманні коней на паштовых станцыях. Звычайна экіпаж запрагаўся тройкай коней, якія змяняліся на кожнай станцыі.

На адрэзку паштовага тракту ад Вільні да Гродна, што праходзіў цераз воранаўскую зямлю, у першай палове ХІХ ст. было дзве станцыі - у Жырмунах і ў Воранава. Далей у бок Гродна падарожнікаў прымала Ліда, а ў накірунку да Вільны - Салечнікі (сëняшні Шальчынінкай). Аб тым, як выглядалі гэтыя станцыі, можна ўявіць па сведчаннях, якія захаваліся з 1834 г. У той час на паштовых станцыях па распараджэнню гродзенскага губернатара іх трымальнік рабіў рамонт і таму даў поўнае апісанне планіроўкі і інтэр'ера. Паштовая станцыя падзялялся на дзве паловы, у адной з іх быў пакойчык наглядчыка станцыі і памяшканне для ямшчыкоў, на другім баку месціўся пакой для падарожнікаў. Дом быў знутры атынкаваны, пакоі мелі печы, сцены былі пафарбаваны ў светлыя колеры. На двары перад станцыяй быў пакладзены брук, таксама брукаванай была і частка дарогі, якая вяла да станцыі. [88] На паштовай станцыі, апрача дома, меліся стайні для коней, гаспадарчыя пабудовы, дзе захоўваліся фураж, брычкі, сані, вупраж і іншы інвентар.

На ўтрыманне паштовых станцый дзяржава прызначала грошы, якія вылучаліся з земскіх збораў. Гэтыя грошы перадаваліся трымальнікам (арандатарам) паштовых станцый, якія абавязваліся забяспечваць бесперапыннасць ў рабоце станцый, наймаць наглядчыкаў, пакупаць коней і іншае. Трыманне паштовых станцый было справай прыбытковай, паколькі з грошай, якія выдавала дзяржава, можна было мець працэнты, а апрача таго, на станцыях для падарожнікаў прадавалі напоі, ежу, свечкі і іншае, што таксама ішло ў прыбытак арандатару. Кожныя тры гады ўлады абвяшчалі аукцыëн, на якім прэтэндэнты на арэнду прапанавалі свае ўмовы. Перамагаў, як правіла, той, хто згаджаўся на меньшую суму дзяржаўнай выплаты. Жырмунскую і Воранаўскую станцыі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў меў у арэндзе віленскій купец трэцяй гільдзіі Арон Лейбавіч Сольц. [89] Упершыню ëн узяў у арэнды паштовыя станцыі на Воранаўшчыне ў 1824 г., а ў 1843 г. утрымліваў ужо, акрамя Жырмун і Воранава, паштовыя станцыі ў Лідзе, Радзівонішках і Лапеніках. [90] А.Сольц добра ведаў сваю справу. Аб гэтым можна меркаваць не толькі таму, што ў час заключэння кантрактаў на арэнду ëн перамагаў канкурэтаў, а ў 1830-я гады ўвогуле падпісваў кантракты без аўкцыëна [91], але і па водзывах тых, хто карыстаўся паслугамі пошты на воранаўскай зямлі. Лідскі уездны маршалак, да прыкладу, хадайнічаў перад губернатарам за правы Сольца мець арэнду без аўкцыëна «по приобретëнному (Сольцем-С.К-С) в сем деле общему доверию столь долговременным содержанием станций в полной исправности и только отличном состоянии.»

Воранаўская і Жырмунская станцыі былі аднымі з найбольш значных не толькі на шляху Вільня-Гродна, але і ў Гродзенскай губерні. У розныя часы на кожнай з іх было ад 26 да 45 коней. Сëння цяжка падлічыць, сколькі ў сярэднім падарожнікаў праязджала на паштовых па Віленскаму тракту. Гэта залежыла ад сітуацыі, якая складвалася ў краі. У 1838 г., не самым удалым для паштовага ведамства, праз Воранава і Жырмуны па падарожным праехала 420 чалавек. Болей было толькі ў Гродна, Лідзе і Лапеніках. [92]

Абавязкі станцыйнага наглядчыка былі дастаткова вялікія. Ëн павінен быў не толькі прымаць пошту ад навакольнага насельніцтва і ўладаў і адпраўляць яе па месту прызначэння, але яшчэ браць плату за перасылкі, страхоўку за перавозку грошай і каштоўнай карэспандэнцыі, весці шнураваныя кнігі, ў якіх адзначаць падарожныя тых, хто бярэ коней на станцыі, наглядаць за ямшчыкамі, клапаціцца аб спраўнасці коней і экіпажаў. Ëн жа павінен быў забяспечваць патрэбы пасажыраў, весці ўлік прададзеным напоям і ежы і г.д. Станцыйныя наглядчыкі павінны былі быць людзьмі пісьменнымі і выхаванымі. Вобраз станцыйнага наглядчыка, які стварыў у рускай літаратуры А.С.Пушкін, не з'яўляўся для нашых земляў тыповым. Тут мы маем іншыя прыклады. У 1841 г. у ноч з 24 на 25 мая ў Воранава здарыўся вялікі пажар. Ëн пачаўся ад маланкі, якая ўдарыла ў дах пастаялага двара, што належаў шляхцічу Расудольскаму. Моцны вецер раздзьмухваў полымя, яно хутка ахапіла бліжэйшыя дамы. У адным з дамоў, які належаў яўрэю Генаху Алькеніцкаму, у агні засталіся дзеці - чатырохгадовы хлопчык і шасцігадовая дзяўчынка. Ніхто, нават бацькі, не адважваліся кінуцца ў палаючы дом, на якім ужо пачаў абрушвацца дах. Наглядчык воранаўскай паштовай станцыі Лебедзь, даведаўшыся, што ў агні засталіся дзеці, «через двери, затянутые дымом, под горящей крышей кинулся в пылающий дом» і выратаваў дзяцей. [93]

Дзякуючы наяўнасці паштовай сувязі ліставанне ў першай палове ХІХ стагоддзя становіцца вельмі папулярным сярод мясцовай шляхты. Безумоўна, лісты перадаваліся і прыватным чынам, цераз знаëмых, але часцей іх давяралі пошце. Аб тым, наколькі хутка і аператыўна працавалі паштовыя станцыі на Віленскім тракце, можна лічыць па датах, што стаяць на лістах, якія атрымлівалі і дасылалі жыхары Больцінікаў. Марыля Путкамерава (Верашчака) вяла ажыўленае ліставанне з сябрамі, якія жылі ў Вільні, найперш, з Тамашам Занам. Лісты ў Вільню ішлі з Больцінікаў кожныя 2-3 дні, таксама рэгулярна атрымліваліся адказы. Так, ліст Марылі, напісаны 20 лютага 1823 г., ужо праз дзень дачакаўся адказу ад Чачота, а гэты адказ на наступны дзень ужо чыталі ў Больцініках. [94] Час прыбыцця і адпраўкі карэспандэнцыі на паштовых станцыях быў дакладна акрэслены. Жыхары наваколля добра ведалі гэтыя тэрміны і спяшаліся атрымаць ці давесці сваю карэспандэнцыю ў Жырмуны, Саленікі, ці Воранава. Часам гэтая карэспандэнцыя перадавалася ў маёнткі з аказіяй ці спецыяльным кур'ерам. " У адсутнасць маёй жонкі, - піша да Я.Чачота В.Путкамер 2 красавіка 1823 г. з Больцінікаў,- прыйшлі спевы ( тэксты спеваў, напісаныя Чачотам - С.К-С), дасланыя з саленіцкай пошты" [95]. Безумоўна, лісты, кнігі і іншая карэспандэнцыя перадавалася і праз знаёмых, якія ехалі да Вільні, але часцей асноўным сродкам зносін заставалася пошта.

Значэнне Віленскага паштовага тракта для беларуска-літоўскіх земляў было заўсёды надзвычайным. Але найбольш яскрава гэта высветлілася ў час паўстання 1830-1831 г. Ужо ў снежні 1830 г. і студзені 1831 па распараджэнню цара на станцыі, якія ляжалі на Віленскім тракце, было дададзена па восем троек коней, каб сувязь паміж тэатрам ваенных дзеянняў не перарывалася.. [96]

У ноч з 29 на 30 сакавіка 1831 г. невялікі атрад паўстанцаў, які складаўся з двух дзесяткаў сялян, узброеных пікамі, начале з шляхцічамі Шельтынгам і Вільямовскім зрабіў налёт на Воранаўскую паштовую станцыю. Паўстанцы «никому никаких обид не причинили, а только Шельтинг во время забора лошадей стоя на крыльце, сделал два выстрела из ружья в воздух.» [97].- Паведамляў гродзенскаму губернатару дарадца гродзенскага губернскага праўлення Батвінка, камандзіраваны ў Воранава разбіраць справу.

У дзень нападу на воранаўскай паштовай станцыі было па адных звестках 50 коней, па іншых - 40. Як паведамляў лідскі земскі спраўнік Альшэўскі ў лісце да губернатара 2 красавіка 1831 г., паўстанцы забралі 35 коней з адной стайні, «а прочие, стоявшие в другой конюшне, о коих мятежники не знали, забраны самими извозчиками той же станции и выведены неизвестно где в лес. И хотя сделано мною распоряжение об отыскании оных, но и до сих пор отыскать невозможно.» [98] Пасля росшукаў спецыяльна камандзіраваных у Воранава вышэй згаданага Батвінкі і паручыка гродзенскай унутранай стражы Васільева выявілася, што з Воранаўскай пошты было забрана 35 коней, ды яшчэ 5 коней, якія прывезлі сюды пасажыраў з Салечнікаў. Апрача таго, паўстанцы перахапілі пяцерку коней, якія былі адпраўлены з Воранава ў маёнтак Германішкі па патрабаванню гасцяваўшай там палкоўніцы Завалеўскай. Агульную лічбу - 45 коней - падцвердзіў і прыехаўшы ў Воранава Сольц. [99] Апрача коней атрад Шэлтынга забраў збрую і сёдлы, якія былі на пошце.

Напад на Воранаўскую пошту выклікаў вялікі непакой уладаў. Гродзенскі губернатар Г.Г. Бабяцінскі 30 сакавіка 1831 г. звярнуўся з лістамі да галоўнакамандуючага Дзібіча-Забалканскага, Намесніка ў Царстве Польскім Вялікага князя Канстанціна, віленскага генерал-Губернатара Храпавіцкага і нават Мікалая І. Ён паведамляў аб захопе воранаўскай пошты і пісаў :«как сим злонамеренным мятежников действием пресечена последняя коммуникация с Вильною, отколь до вчерашнего числа проходили еще эстафеты для отправления в Петербург через Волковыск, Слоним и Минск по причине пересечения всех трактов от Вильни до Петербурга и к Минску…» [100] У лісце ён прасіў выслаць у бок Воранава адзін з палкоў дзеючай арміі, каб забяспечыць далейшае функцыянаванне паштовага тракта. "Донесение сие, - пісаў Бабацінскі ў лісце да віленскага генерал-губернатара, - отправляю на удачу через находящегося в Гродне председателя Виленского земского поветового суда Горновского, который предполагает пробраться в Вильну просёлочными дорогами.». [101] Аднак ужо праз некалькі дзён гэтая паніка змянілася больш цвярозымі дзеяннямі. Земскі спраўнік Альшэўскі, асабіста наведаўшы Воранава, прывёз для забеспячэння спакою 8 салдат з унцерафіцэрамі з Ліды, столькі ж было накіравана і ў Жырмуны. Для перасылкі пошты былі мабілізаваны коні ў мясцовых жыхароў. Генерал губернатар Храпавіцкі ў лісце да гродзенскага грамадзянскага губернатара ад 4 красавіка 1831 г., патрабуючы неадкладна аднавіць паштовыя зносіны паміж Гродна і Вільняй, паведаміў, што для аховы віленскага тракта тэрмінова накіроўвае батальён войскаў, які раскватэраваны ў Лідзе, і дзьве гарматы. [102] У Воранава таксама былі пераведзены шэсць коней з Лідскай і Жырмунскай станцый і 4 брычкі. У дадатак да раскватэраваных раней салдат у Воранава, Жірмуны і Ліду былі дасланыя 25 казакаў, былі павялічаны каравулы і прыведзена ў баявую гатоўнасць гарадская стража ў Лідзе. Ужо 5 красавіка з Ліды да Вільні прайшла першая пошта, але пакуль што сякрэтных дакументаў і каштоўнасцей у ёй не было. Воранаўская станцыя мела ўжо 10 коней і 4 брычкі. [103] У сувязі з ваеннымі дзеяннямі паштовыя коні выкарыстоўваліся не толькі на Віленскім тракце. «Через всё военное время, - пісаў у 1832 г. А.Сольц, - фельдъегери, куръеры и другие пассажиры разъезжали сверх почтовых по разным партикулярным дорогам, куда надобность указывала.» [104]

Вясной 1831 г. па віленскім паштовым тракце, які зноў знаходзіўся ў руках улад, пачалі правозіць з Гродна і іншых месцаў заходніх губерняў арыштаваных удзельнікаў паўстання. Улады разумелі, што гэта не можа не выклікаць новых нападаў паўстанцкіх атрадаў, цяпер ужо з мэтай вызваліць захопленых паплечнікаў. Таму ад наглядчыкаў станцый патрабавалася даносіць аб усіх падазроных людзях, якія будуць заўважаны ў ваколіцах тракта. Наглядчык Воранаўскай станцыі Сарасек у пачатку мая 1831 г. паведаміў, што за дзве вярсты ад мястэчка ў лесе знаходзіцца група ўзброеных людзей, якія, пэўна, хочуць захапіць станцыю. У гэты час у Воранава прыбыла каманда казакаў, якія канваіравалі ў Вільню схопленага паўстанца памешчыка Рымшу. [105] Сарасек хваляваўся, што, як толькі казакі адыйдуць, станцыя будзе захоплена. Не вядома, ці былі прадпрыняты ў сувязі з гэтым нейкія дзеянні, але, пэўна, у маі ўлады мелі больш значныя клопаты, чым ахова адной паштовай станцыі: з поўдня Беларусі на Вільню рухаўся вялікі корпус паўстанцыў на чале з генералам Хлапоўскім.

Экспедыцыя генерала Хлапоўскага ў маі 1831 г. была кульмінацыйным пунктам паўстання 1831 г. У гэты час паўстаннем быў ахоплены ўвесь захад Беларусі і Літва, у тым ліку Лідскі уезд. Паўстанцы цалкам кантралявалі Віленскі паштовы тракт, былі забраны коні не толькі ў Воранава, Жырмунах і Салечніках, але таксама ў Радзівонішках і Ішчолне. [106] Улады апасаліся, што паўстанцы могуць захапіць і Ліду, дзе быў параўнальна вялікі гарнізон. Але паўстанцкія атрады рушылі далей, на Вільню. Віленскі генерал-губернатар у лісце ад 22 мая 1831 г. неадкладна патрабаваў ад гродзенскіх улад аднавіць «безостановочное сообщение Вильна с Гродном» праз Лідскі уезд. [107].Пасля няўдачы пад Вільняй у ліпені 1831 г. паўстанне пачало згасаць.

На працягу наступнага года і ўлады, і трымальнік паштовых станцый на Віленскім тракце падлічвалі страты, нанесеныя паўстанцамі. Для забеспячэння бесперапыннага функцыянавання сувязі, уключаючы дадатковых коней, уладамаі за ўвесь час ваенных дзеянняў было выдадзена ў Гродзенскай губерні 185 тыс. руб. [108]

Па звестках А.Сольца, за вясну 1831 г. з паштовых станцый, якія ён арэндаваў, было забрана 143 каня з усёй збруяй, а таксама брычкі, фураж і іншае. [109] Фактычна, паштовыя станцыі на Віленскім тракце далі коней для аказалага атрада паўстанцкай кавалерыі. Не маючы грошай, каб аднавіць работу пошты на арэндаваных станцыях, Сольц зрабіў значныя пазыкі і таму ў 1832 г. звярнуўся да ўлад з прашэннем вярнуць страчаныя грошы за кошт маёнткаў, якія падлягалі канфіскацыі за ўдзел іх уладальнікаў у паўстанні. Князь Талсты, галоўнакамандуючы Рэзервнай арміяй, у адказ на прашэнне Сольца загадаў выплаціць яму ў якасці кампенсацыі за страты 25 тыс. рублёў, але да лета 1832 г. гэтыя грошы яшчэ не былі цалкам атрыманы віленскім купцом. Нарэшце ўлады вырашылі кампенсаваць страты А.Сольца за кошт маёмасці Тышкевіча, якая была канфіскавана за ўдзел у паўстанні. Сольц атрымаў 10 тыс. рублёў асігнацыямі ў чэрвені 1832 г. [110]

Паштовыя станцыі ў Жырмунах і Воранава актыўна працавалі да пачатку 1850-х гг. У гэты час на Гродзеншчыну прыйшоў тэлэграф, што зменшыла памер карэспандэнцыі, якая перавозілася па Віленскаму тракту. А яшчэ праз некалькі год праз Гродна прайшла чыгунка, якая вельмі хутка выціснула конную пошту на убочча сістэмы перасылкі карэспандэнцыі і пасажыраў.



Культура

Урбанізацыя як фактар фармавання культурнага жыцця беларускіх земляў у другой палове XVIII - першай палове ХІХ ст. : спроба пастаноўкі праблемы

У даследваннях гісторыкаў-урбаністаў асвятленне гарадской культуры ў часы Асветніцтва і рамантызма носіць, як правіла, маргінальны характар, падмацоўваючы высновы аб іншых баках жыцця гарадоў. Наватарства З.В.Шыбекі ў комплексным разглядзе горада, як адзінага соцыякультурнага арганізма, на жаль, датычыць больш поздняга перыяду [111]. Найчасцей матэрыялы, якія разглядаюць пытанні культуры, уключаюцца гісторыкамі-урбаністамі ў раздзелы, прысвечаныя складу гарадскога насельніцтва, абаротам кірмашоў і гандлю, ці сацыяльнай палітыцы ўлад. У такім аглядзе перавага аддаецца колькасным паказчыкам, а не зместу і характару культурных з'яваў. Так, да прыкладу, у грунтоўнай манаграфіі Ю.Гардзеева "Магдэбургская Гародня" крыніцавыя дадзеныя, якія маглі бы стаць сенсацыяй ў гісторыка-культурным даследаванні (аб гродзенскай друкарні, першых кнігарнях і д.т.п.) раскіданы па раздзелах, прысвечаных прафесіям гарадскіх жыхароў, стратыфікацыі гарадской прасторы і інш. [112] У працах В.В.Чапко і А.М.Лютага звесткі па праблемах кніжнай культуры і жывапісу можна адшукаць у раздзелах, прысвечаных гандлю, сацыяльнаму складу насельніцтва і да т.п . [113] Адметнасці гісторыка-культурнага працэса, такім чынам, застаюцца на ўбоччы і не звязваюцца з адметнасцямі ўрбанізацыі. Урбанізацыя, як адзін з сістэмаўтвараючых фактараў гісторыка-культурнага працэса, у сваю чаргу, з'яўляецца маргінальнай праблематыкай для даследчыкаў, якія займаюцца пытаннямі культурнага жыцця беларускіх земляў другой паловы XVIII - першай паловы ХІХ ст. Рост гарадоў адзначаецца імі, як адна з умоваў развіцця культуры, але які механізм уплыву гэтай з'явы на інстытуцыянальную пабудову культуры, на яе змест, структуру - такіх пытанняў даследчыкі не ставяць. У дадзенай рабоце мы прапануем уласнае бачанне асаблівасцяў узаемасувязі працэса урбанізацыі, які рабіў першыя крокі у пачатку ХІХ ст., і змен, якія адбываліся ў гэты час у культурным жыцці беларускіх земляў. Гэтая праблема, на нашую думку, можа стаць тэмай асобнага грунтоўнага даследвання, сінтэтычнага па свайму характару, паколькі будзе датычыць як уласна культуры, так і гісторыі гарадоў. Не намагаючыся ажыццявіць настолькі шматбаковую і складаную працу, хацелася бы выказаць некалькі ўласных меркаванняў, якія, як выдаецца, могуць дапамагчы ў правядзенні падобнага даследавання

Другая палова XVIII - першая палова ХІХ ст. была рэвалюцыйнай эпохай ў фармаванні культурнай прасторы беларускіх земляў. Мадэрнізацыя ўсіх бакоў сацыяльнага і эканамічнага жыцця, якая пачала разгортвацца ў гэты час, патрабавала і новай культуры. Найбольш важнай рысай ў працэсе станаўлення гэтай культуры было заняцце гарадамі вядучага месца ў стварэнні культурных навацый і манапалізацыя імі функцыі цэнтраў культурнага жыцця. Такая з'ява была характэрна для любога еўрапейскага грамадства, але на беларускіх землях яна мела свае асаблівасці. Гэта, па-першае, запозненасць выхаду гарадоў "на авансцэну" культурнага жыцця і адсоўвання імі ў "цень" магнацкіх рэзідэнцый. У Францыі, Галандыі, Італіі гэты працэс актыўна ішоў яшчэ з часоў Рэнесанса, на Беларусі ж, у сувязі з катастрафічным вынішчэннем гарадоў у час разбуральных войнаў XVII ст., кансервацыяй феадальных адносін і натуральнай гаспадаркі, іншымі прычынамі, магнацкія рэзідэнцыі, буйнейшыя сядзібы каталіцкіх ордэнаў доўгі час трымалі пальму першынства ў фармаванні культурнай прасторы. Яшчэ адной спецыфічнай рысай перамяшчэння знакавых падзей і з'яў культурнага жыцця ў гарады была канкурэнцыя, якую ў некаторых галінах культуры стваралі ім мястэчкі. Так, да прыкладу, буйнейшымі цэнтрамі адукацыі ў гэты час былі Баруны, Свіслач, Шчорсы, Шклоў - па памеры і статусу навучальных установаў яны ў асобныя дзесяцігоддзі пераўзыходзілі Гродна ці Брэст. Утрыманне мястэчак у ролі лідэраў у культурным жыцці было абумоўлена як традыцыяй, так і палітыкай улад. У сферы адукацыі вельмі запаволена адбываўся працэс секулярызацыі, каіаліцкія ордэны да канца 1820-х гадоў утрымлівалі навучальныя ўстановы пры сваіх кляштарах, а царскі ўрад не імкнуўся браць на сябе фінансаванне адукацыі і пераводзіць навучальныя ўстановы ў гарады, дзе вучняў маглі сапсаваць "гарадскія спакусы". Не губляюць сваю ролю цэнтраў культурнага жыцця мястэчкі, дзе адбываліся буйнейшыя кірмашы. Кірмаш да 1830-х гадоў прыцягваў да сябе лепшыя камерцыйныя тэатральныя трупы; тут прадаваліся кнігі і карціны, выступалі знакамітыя музыканты. Але ўжо ў другой трэці ХІХ ст. роля мястэчак змяньшаецца да рэгіянальных і нават мікрарэгіянальных цэнтраў культурнага жыцця.

Поруч з узвышэннем гарадоў, як цэнтраў культуры, ішоў працэс трансфармацыі ролі магнацкіх і шляхецкіх сядзібаў у культурным жыцці. Да эпохі Асветніцтва значэнне сядзібаў у культурным жыцці было надзвычай вялікім з-за выключнага становішча нобіляў у дзяржаве. Рэпрэзентатыўная функцыя культуры шляхецкай сядзібы ў гэтых умовах станавілася адной з важнейшых, паколькі падкрэслівала не толькі заможнасць, але таксама незалежнасць і шляхетнасць гаспадара. Рэзідэнцыі буйных зямельных латыфундый паспяхова канкурыравалі з каралеўскім дваром, часам нават пераўзыходзячы яго. У склад "вялікай сям'і" магнацкай рэзідэнцыі ўключаліся, апрача іншых, і дзеячы культуры, якія павінны былі задавальняць попыт гаспадара, членаў яго сям'і, а таксама гасцей на здабыткі культуры. Вялікі штат прыдворных архітэктараў і дойлідаў, мастакоў, музыкантаў, артыстаў быў у гэты час звычайным атрыбутам буйной шляхецкай ці магнацкай сядзібы і сведчыў аб заможнасці гаспадара. У часы барока менавіта магнацкія рэзідэнцыі акумулявалі на беларускіх змлях лепшыя мастацкія сілы, тут была радзіма большасці навацый. Адсоўванне магнацкіх сядзібаў на другі план у стварэнні культурнай прасторы пачалося яшчэ ў апошнія дзесяцігоддзі Рэчы Паспалітай, адначасова і ўзаемазвязана з авансам шляхты на палітычнай арэне. У першыя дзесяцігоддзі пасля падзелаў працэс заняпаду культурнага жыцця закрануў і сядзібы шляхты. Змена ролі сядзібаў у культурным жыцці беларускіх земляў у першую палову ХІХ стст. не апошняй прычынай мела паступовае збядненне шляхты і магнатаў, выкліканае не толькі чыста эканамічнымі працэсамі, але і палітычнай сітуацыяй. Канфіскацыі і секвестр маёнткаў пасля двух паўстанняў, высылка з беларускіх земляў найбольш актыўных і адукаваных прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя прывялі да разбурэння даўнейшай заможнасці сядзібаў і нішчылі іх культурны патэнцыял. Шляхта станавілася ўсё меньш здольнай да буйных індывідуальных культурных акцый, да стварэння значных прыватных асяродкаў духоўнага жыцця. Трэцім, пасля эканамічнага і палітычнага фактару эвалюцыі сядзібы, як цэнтра культуры грамадства, можна лічыць змену стэрэатыпу "шляхецкага гнязда", якую прынесла эпоха Асветніцтва. "Існуючая дагэтуль еўрапейская мадэль адкрытага афіцыйнага дому ( з салонам як цэнтрам, з рыцарскай традыцыяй),- адзначае польская даследчыца М.Лесьнякоўска, - з канца XVIII стст. саступіла месца больш сціпламу этычнаму ўзору франклінаўскага "маральнага дому", які развіваўся ў рэчашчы этыкі сярэдніх класаў". [114] Новая мадэль не толькі ўвасабляла новыя ідэалагічныя павевы, але адпавядала сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, якая паступова складывалася на беларускіх землях ў эпоху мадэрнізацыі грамадства. Больш эканомная "сціплая сядзіба" дазваляла вытрываць ва ўмовах заняпаду шляхецкай гаспадаркі. Свет такой сядзібы быў сканцэнтраваны не на "вялікай сям'і", як гэта было ў часы барока, а на "малой", у якую ўваходзілі гаспадар і ягоныя крэўныя. Гэта была "малая радзіма", якая дазваляла ва ўмовах палітычных рэпрэсій адмежавацца ад неспрыяльных знешніх уплываў і захаваць гістарычную памяць і годнасць. Эвалюцыя ролі сядзібаў у культурным жыцці грамадства адбывалася павольна. Яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі ХІХ ст. ролю буйных культурных цэнтраў адыгрывалі Шчорсы Храптовічаў, Залессе Агінскіх і яшчэ некалькі рэзідэнцый заможнай шляхты. У другой трэці стагоддзя і гэтыя сядзібы перасталі выконваць функцыі значных грамадскіх культурных асяродкаў.

Толькі рост гарадоў мог забяспечыць узнікненне інстытуцыянальнай пабудовы культуры, якая адпавядае мадэрнізаванаму грамадству. У падставе гэтых інстытутаў ляжаць прынцыпы агульнадасяжнасці і эканамічнай рэнтабельнасці культуры. Камерцыйны тэатр, кніжныя крамы, платныя канцэрты і выставы, прэса маглі з'явіцца і існаваць толькі там, дзе дастаткова спажывальнікаў, якія могуць і жадаюць плаціць грошы за "духоўную ежу". Між іншым, ступень развіцця вышэй названых з'яў новай культуры можа быць свайго рода ідэнтыфікатарам, паказваючы не толькі ўзровень выхаванасці, адукаванасці гараджан, але таксама іх заможнасці. Новыя формы культурнага жыцця напрасткі звязаны з сацыяльным складам і колькасцю жыхароў. Так, да прыкладу, у першыя дзесяцігоддзі ХІХ ст. толькі Вільня і Гродна мелі сталыя тэатральныя камерцыйныя трупы. У Гродна гэта адбылося, у тым ліку, дзякуючы падтрымцы тэатра Саламеі Дзешнер з боку Аляксандра І. Толькі ў сярэдзіне 1830-х гадоў тэатральныя сезоны ў губернскіх цэнтрах становяцца бесперапыннымі, хаця і забяспечваюцца аб'язднымі трупамі. "Публіка малалікасная і безгрошавая", - характарызаваў гараджан адзін з антрэпрынёраў у пачатку 1840-х гадоў. [115] Гэтак жа выглядала справа і ў галіне прэсы - "Губернскія ведамасці", з'явіўшыся ў 1830-я гады па ініцыятыве ўлад і на іх грошы, толькі ў 1840-я змаглі выйсці на камерцыйны ўзровень, аб чым сведчыць з'яўленне неафіцыйных дадаткаў да іх, разлічаных на пакупніка. Цалкам камерцыйныя выданні з'яўляюцца ў губернскіх цэнтрах (за выключэннем Вільні) толькі ў другой плове стагоддзя. Камерцыйная выставачная дзейнасць і музейная справа таксама так і не склаліся да 1850-х гадоў. Павольны рост гарадскога насельніцтва, абумоўлены, найперш, наяўнасцю прыгоннага права, вызначаў маруднасць працэсу складвання новай інстытуцыянальнай пабудовы культуры. Толькі ў пачатку 1850-х гадоў яна пачала існаваць не ў якасці элементаў, а стала характэрнай рысай культурнага жыцця беларускіх земляў. Выключэннем сярод іншых гарадоў, безумоўна, была Вільня, дзе новыя формы культуры з'яўляліся першымі і развіваліся больш інтэнсіўна.

Менавіта ў другой палове XVIII - першай палове ХІХ ст. пачынае інтэнсіўна пазначацца структурная адметнасць нашай культуры, звязаная з яе этнічнымі характарыстыкамі. Перамяшчэнне цэнтра культуры ў горад ішло поруч з падзелам культурнай прасторы на вясковую традыцыйную культуру і культуру ардадамінантную - культуру адукаваных людзей і пануючых слаёў грамадства. Гарадская культура на беларускіх землях ад веку была поліэтнічная, што вызначалася гістарычным лёсам нашых гарадоў, ды і ўвогуле, нашага народа. Вёска ж была этнічна больш гамагеннай, захоўваючы беларускую мову і этнічна беларускую культуру. Дамінуючая роля гарадоў у такім выпадку напрасткі ўздзейнічала на этнічную афарбоўку новай культуры - уласна беларуская складаючая ў ёй не з'яўлялася галоўнай. Асобнае месца ў гэтай поліэтнічнай культуры гарадоў належала яўрэям. Штучнае павелічэнне колькасці яўрэйскага насельніцтва ў мястэчках і гарадах, да якога прывялі мяжа яўрэйскай аселасці і прымусовыя акцыі царскага ўрада па выдаленню яўрэяў з вёскі, паглыбілі адрозненні вясковай і гарадской культуры. Яўрэі, складаючы значную, а часам і большую частку гарадскога насельніцтва, захавалі адасобленасць у гарадской супольнасці дзякуючы кагальнай арганізацыі і іўдаізму. Такім чынам захоўвалася і адасобленасць ад новых культурных павеваў. Мендэльсонаўскі рух мала закрануў яўрэйскае грамадства на беларускіх землях: яўрэі па-ранейшаму вучыліся ў іешывах і талмуд-торах, па-ранейшаму не абіралі мастацкія прафесіі, не выступалі ў свецкіх выданнях, іх нельга было ўбачыць на сцэне тэатра ці ў сольным канцэрце. Гэтую замкнутасць яўрэйскага грамадства добра паказалі ў сваёй рабоце В.Сабалеўская і В.Ганчароў. [116] Але і гэтая частка гарадскога насельніцтва, пры ўсёй замкнутасці яўрэйскага сусвета, прычынялася да стварэння новай культурнай прасторы. Менавіта яўрэі былі заснавальнікамі камерцыйных выдывецтваў, друкарняў; яны ўтрымлівалі кнігарні, дзе, між іншым, прадавалі і творы прыгожага мастацтва. Другой важнай кампанентай, якая павялічвала этнічныя адрозненні гарадской і вясковай культуры, стала расійскае чынавенства, расійскія вайскоўцы і іх сем'і. Гэтая частка гарадскога асяроддзя асабліва павялічваецца пасля паўстання 1830-1831 гг. і прыносіць з сабой не толькі рускую мову, але звычаі, традыцыі, лад жыцця. Яна патрабуе і звыклага для сябе культурнага асяроддзя. Роля гэтай часткі гарадскога грамадства ў фармаванні культурнага жыцця найбольш відавочна на ўсходзе беларускіх земляў - у Магілёве, Віцебску, Гомелі. Там ужо напачатку ХІХ ст. на сцэнах ставяцца творы рускіх драматургаў; будуюцца храмы па пецярбургскім узорам; там найдаўжэй буйныя культурныя цэнтры знаходзяцца ў дваранскіх сядзібах - тых, якія атрымалі ад ураду рускія памешчыкі. Але і на захадзе, і ў цэнтры Беларусі мясцовыя працаўнікі культуры працавалі на гэтую частку гарадской супольнасці, аб чым сведчыць, да прыкладу, наяўнасць рускамоўных выданняў у кнігарнях, рускія народныя песні ў дывертысментах польскамоўных труп і інш. Русіфікацыя, якую праводзілі царскія ўлады, таксама накіравана была, найперш, на гарадское жыццё. Вёска дазнавала яе толькі апасрэдавана. Перавод на рускую мову справаводства; выкладанне рускай гісторыі і літаратуры, а затым і выкладанне іншых прадметаў на рускй мове; змена шыльдаў і афіш і іншае - усё гэта закранала горад. Русіфікацыя сялянства актыўна пачалася толькі напярэдадні адмены прыгоннага права, калі міністэрства дзяржаўнай маёмасці і Сінод пачалі масава адкрываць рускія школы для сялян. У гэты час горад таксама актыўна ўбірае ў сябе выхадцаў з шляхецкага асяроддзя. Руйнаванне шляхецкай гаспадаркі, павелічэнне колькасці малазямельнай і беззямельнай шляхты "выкідвала" на рынак працы тысячы прадстаўнікоў гэтага саслоўя. Не ўсе з іх станавіліся арандатарамі, ці кіраўнікамі маёнткаў. Большасць ехала ў гарады, уладкоўваючыся на дзяржаўную службу, у гімназіі і школы, абіраючы мастацкія прафесіі. Павелічэнне колькасці выхадцаў з шляхецкага саслоўя ўзмацняла польскамоўную кампаненту ў гарадской культуры. Такім чынам, поліэтнічны горад, фармуючы новую культуру, перадаваў ёй і сваё поліэтнічнае аблічча.

Змест новай культуры акрэсліваўся менавіта патрабаваннямі гарадскога жыцця эпохі мадэрнізацыі грамадства. Аб адрозненнях у разуменні каштоўнасцей, аб рознасці паняццяў прызначэння і вартасці чалавека ў культуры феадальнага і буржуазнага грамадства напісана дастаткова. На мой погляд, найбольш трапна акрэсліла гэта польская даследчыцы М.Асоўская [117]. На беларускіх землях каштоўнасны лад новай культуры, якая фармавалася як культура гарадская, меў значныя адрозненні ад падобнага тыпу культуры заходнееўрапейскіх краін. Функцыі трэццяга саслоўя ў фармаванні культурных каштоўнасцяў і культурнай прасторы ў нашых гарадах у значнай ступені адыгрывалі не майстравыя, рамеснікі і іншыя прадстаўнікі гарадскіх нізоў (апошнія былі, у большасці, яўрэямі, якія мелі ўласны культурны сусвет у той час, як ужо пісалася вышэй), а выхадцы са шляхецкага асяроддзя, абраўшыя для сябе мастацкія прафесіі, літаратурную дзейнасць, адукацыйную сферу і г.д. Яны непазбежна прыўносілі ў змест новай культуры звыклыя для сябе ідэалы, вобразы, маральныя прынцыпы, звярталіся да сюжэтаў і постацяў, замацаваных у якасці знакавых менавіта ў шляхецкай культуры. Амаль немагчыма адшукаць у тагачаснай літаратуры беларускіх земляў творы, прысвечаныя сюжэтам з жыцця купцоў, рамеснікаў, простых гараджан; гэтыя ж сюжэты адсутнічаюць ў жывапісу, графіцы, скульптуры. Затое плеяда творцаў-рамантыкаў усё яшчэ апявае даўнія рыцарскія подзьвігі, звяртаецца да постацяў каралёў, вялікіх князёў і выдатных ваяроў. У Францыі, Германіі, Англіі, Італіі мяшчане ў гэты час даўно сталі героямі не толькі камедый, але і драм (узгадаем творы Лесінга, Мапасана, Дзікенса). Толькі ў 1850-я гады ў творы мастацтва і літаратуры ў якасці герояў яшчэ вельмі асцярожна ўваходзяць мяшчане, а мяшчанскі побыт становіцца матэрыялам для прыгожага пісьменства і жывапісу (узгадаем творы Н.Сільвановіча ці В.Дуніна-Марцінкевіча).

Спецыфічны характар гарадской культуры, які быў прадуктам сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця беларускіх земляў на першым этапе мадэрнізацыі грамадства, перадвызначыў асаблівасці культуры Беларусі на працягу наступнага стагоддзя. Думаецца, што і сёння многія яго рысы захаваліся ў нашай культуры, ўзмоцненыя, ці аслабленыя больш познімі падзеямі і ўплывамі.

Уплыў урбанізацыйных працэсаў на камерцыядізацыю культуры беларускіх земляў у канцы 18-першай палове 19 ст.

Фармаванне культуры Новага часу, якое разгарнулася на беларускіх землях у канцы 18- первай палове 19 стст. было неразрывна звязана з працэсам урбанізацыі. Новыя тэндэнцыі ў культурным жыцці, з аднаго боку, выклікаліся да жыцця патрэбамі новага асяроддзя, ў якім жыў чалавек, з другога - самі стваралі новыя ўмовы чалавечага жыцця. Адной з такіх новых тэндэнцый з'яўлялася камерцыялізацыя, як неад'емная частка і прыкмета культуры масавай, нараджэнне і развіццё якой магло быць толькі ў сувязі са з'яўленнем масавага спажывальніка. Менавіта горад быў той аўдыторыяй, на якую былі разлічаны першыя парасткі масавай культуры. З'яўленне масавай культуры было вынікам працэса дэмакратызацыі культурнага жыцця, разбурэння сацыяльных перагародак, якія раней абумоўлівалі ступень дасяжнасці культурнай спадчыны сацыяльным статусам. Цяпер гэтую дасяжнасць акрэслівалі не столькі сацыяльнае становішча, сколькі наяўнасць грошай. Горад эпохі мадэрнізацыі грамадства паступова фармаваў дэмакратычнае асяроддзе, у якім узровень жыцця асобы акрэсліваўся не паходжаннем, але заможнасцю. У гэтым рэчашчы ішло і фармаванне новай культуры.

Працэс камерцыялізацыі культуры прыцягвае да сябе ўвагу даследчыкаў, бадай што, з часоў свайго з'яўлення. Аб ім у сваіх працах пісалі К.Маркс, Х. Артега-і-Гасет, К. Ясперс, П. Сарокін і многія іншыя філосафы і культуролагі. На жаль, для айчыннай навукі грунтоўнае даследаванне працэса камерцыялізацыі культуры, яго вытокаў і наступстваў яшчэ наперадзе. У дадзенай працы аўтарка імкнецца прасачыць, па меры магчымасцяў, асноўныя асаблівасці пачатковага этапа гэтага працэса і яго сувязі з урбанізацыяй, пачаўшайся на беларускіх землях у апошнія дзесяцігоддзі 18- першай палове 19 стст.

Ператварэнне культуры ў прыбытковую галіну эканомікі на беларускіх землях ішло дастаткова марудна, што было абумоўлена, найперш, невялікім рынкам і абмежаванай колькасцю спажыўцоў прадуктаў масавай культуры. Натуральная гаспадарка, якая панавала тут да канца 18 ст., адбівалася і на колькасці тых, хто гатовы быў плаціць за "духоўную ежу". Попыт на культурныя каштоўнасці задавальняўся ў большай масы насельніцтва - падатных саслоўяў- за кошт здабыткаў традыцыйнай культуры. У ёй стваральнікамі культурных каштоўнасцяў, як правіла, былі не прафесіяналы, а аматары. Для вышэйшых варстваў насельніцтва гэтую нішу, апрача здабыткаў традыцыйнай культуры, запаўнялі творы "на заказ", з'явы элітарнай культуры, якія ў значнай ступені былі індывідуалізаваны, часам мелі адзінкавы ці ўнікальны характар. Толькі пачатак разбурэння натуральнай гаспадаркі, следствам і умовай якога быў рост гарадскога насельніцтва, прыводзіў да прафесіяналізацыі культуры, надання з'явам культуры характару тавара, які прызначаны для свабоднага продажу.

Камерцыялізацыя не была сінхроннай ва ўсіх галінах культуры. Сваю ролю тут адыгрывала, найперш, спецыфіка інстытуцыянальнай пабудовы самой гэтай галіны, а таксама тэхнічныя магчымасці тыражыравання і распаўсюджвання яе здабыткаў. Пэўна, першым на шлях камерцыялізацыі на нашых землях стаў тэатр - найбольш дасяжнае і масавае мастацтва, якое ў нас мела даўнія традыцыі, што падмацоўвала попыт на дадзены "тавар".

Камерцыялізацыя тэатра адбывалася вельмі хуткімі тэмпамі. У апошнія дзесяцігоддзі 18 ст як камерцыйныя пачалі працаваць прыватнаўласніцкія тэатры (тэатр Тызенгаўза, да прыкладу, мог за грошы наведаць кожны), на камерцыйных падставах працавалі французскія і італьянскія трупы, нарэшце, агульнадасяжным стаў Нацыянальны тэатр, створаны па ініцыятыве Станіслава Аўгуста ў Варшаве і гастраляваўшы па ўсёй Рэчы Паспалітай. Адзначым, што камерцыйны характар набывалі не маёнткавыя тэатры, а менавіта тыя, якія існавалі ў буйных гарадах. На камерцыйныя рэйкі, да прыкладу, не былі пераведзены прыватнаўласніцкія тэатры Радзівіла, Сапегі, Агінскага, якія існавалі на грошы ўладальніка ў магнацкіх рэзідэнцыях. Для надання ім камерцыйнага характару неабходны быў рынак, у дадзеным выпадку - наяўнасць гледачоў, якія маглі плаціць грошы за паказы. У рэзідэнцыях такога рынку проста не існавала.

На працягу першай трэці 19 ст. на беларускіх землях склалася ўжо дастаткова разгалінаваная "індустрыя тэатру", якая мела ўсе аб'явы галіны эканомікі. Прыватнаўласніцкія тэатры адышлі ў мінулае, іх замяніў тэатр прыватнай антрэпрызы. У ім ролю прадпрымальніка, гаспадара "тэатральнай фабрыкі" адыгрываў антрэпрынёр. Ён наймаў акцёраў і іншых работнікаў на кантрактнай аснове, арэндаваў будынак, плаціў падаткі. Ён жа клапаціўся аб даходнасці прадпрыемства: праз аб'явы і афішы ажыццяўляў рэкламу, дбаў аб разнастайнасці рэпертуара, абнаўляў гардароб і рэквізіт, дамаўляўся аб гастролях і турнэ. У Мінску традыцыйна перад пачаткам тэатральнага сезона працавала біржа, дзе можна было наняць беспрацоўных акцёраў. Другой формай прадпрымальніцтва было таварыства акцёраў, дзе працаўнікі атрымлівалі дывідэнты ў адпаведнасці з укладзенай працай. Але такая форма ўжывалася толькі тады, калі не было фінансавай магчымасці адкрыць антрэпрызу.

Камерцыялізацыя тэатра адбівалася не толькі на яго інстытуцыянальнай пабудове. Імкненне да прыбытковасці антрэпрызы вымушала прадпрымальніка ставіць паказы "на канвеер". Гарады, дзе дзейнічалі прыватныя тэатры, не мелі дастатковай колькасці публікі, каб шматразова паўтараць спектакль. Так, да прыкладу, у Гродна ў 1830-я гады патэнцыяльных гледачоў было не больш за 1 тыс. чалавек - шляхта, чынавенства, заможныя купцы і вайскоўцы. Не лепей выглядалі справы ў Мінску, Магілёве ці Віцебску. Каб прывабіць гледачоў, антрэпрынёр мусіў кожны дзень ладзіць прэм'еру. Рэпертуарныя спісы труп ў 1830-1850 гг. налічвалі часам больш за 200 назваў. Акцёры працавалі з суфлёрам, выкарыстоўваючы сістэму амплуа. Гэта была ўжо сапраўдная "маскультура": на сцэнах шлі шматлікія пераробкі, пустыя вадэвілі, фарсы, камедыі, напісаныя або пераробленыя за грошы аўтарамі-падзёншчыкамі. Пры такіх умовах мастацкі ўзровень тэатральных паказаў не мог быць высокім. Выключэннем была Вільня - буйнейшы горад і культурная сталіца беларуска-літвінскіх земляў. Параўнальна вялікая колькасць жыхароў у гэтым горадзе давала магчымасць атрымліваць неблагія прыбыткі ад антрэпрызы (з даходаў ад тэатра, да прыкладу, антрэпрынёр Д.Мараўскі купіў дом за 11 тыс. рублёў[2]), адначасова з фінансавым поспехам павышаўся і мастацкі ўзровень паказаў.

Тэатр быў той пляцоўкай, на якой пачаткова адбывалася камерцыялізацыя прыгожага пісьменства. На беларускіх землях, пэўна, драматургія першым з літаратурных жанраў адчула на сабе павеў новага часу. Аднак літаратура ўвогуле, як галіна культуры, не мела тут дастатковай прасторы для камерцыялізацыі, што было абумоўлена нізкім узроўнем пісьменнасці насельніцтва. Але менавіта рост гарадоў падштурхнуў і яе да выхаду на рынак. Сродкам, праз які адбывалася камерцыялізацыя прыгожага пісьменства, як плёну мясцовых аўтараў, станавіліся, найперш, часопісы. Менавіта віленскі "Атенэум", а затым "Тыднёвік Пецярбургскі" прыносілі сваім аўтарам неблагія ганарары, а выдаўцам - прыбытак. Але беларускія землі ў гэты час не далі ніводнага выпадку, калі літаратар мог існаваць за кошт продажы сваіх твораў. Літаратурная праца давала толькі дадатковы даход, як правіла, мізэрны. Друкарні, якія працавалі на беларуска-літоўскіх землях, апрача, магчыма, толькі друкарні Завадскага ў Вільні, мала ўвагі звярталі на творы прыгожага пісьменства, атрымліваючы прыбытак з друкавання бланкаў, падручнікаў, адвакатскіх прамоваў і да т.п. Прыгадаем, што менавіта ў гэты час камерцыялізацыя літаратуры хуткімі тэмпамі ішла ў Францыі, дзе, да прыкладу, працавала гэтак званая "літаратурная фабрыка" А.Дзюма, а А.дэ Бальзак на запрацаваныя літаратурай грошы збіраўся купіць срэбнае радовішча.

Пералом у сітуацыі на рынку "літаратурнай прадукцыі" пачаўся на беларуска-літоўскіх землях у канцы 1840-х гадоў. Прыкметай гэтага стала масавае ўзнікненне кніжных крамаў, якія адчыняліся спачатку ў губернскіх, а затым і ў буйных уездных цэнтрах. У папярэдні перыяд кніга, як тавар, не мела шырокага рынку сбыту(выключэннем з'яўлялася яўрэйская літаратура, якая масава прывозілася з-за мяжы, як легальна, так і кантрабандай). Кнігі распаўсюджваліся па падпісцы, часам прадаваліся разам з іншымі таварамі ў галантарэйных і іншых крамах, прывозіліся з-за мяжы, у тым ліку, кантрабандыстамі. Кнігі былі і адным з тавараў на кірмашах, а таксама ў гандляроў-разносчыкаў. З 1840-х гадоў гэта сітуацыя змяняецца на карысць стацыянарнага гарадскога гандлю. Лічачы па каталогах кнігарняў, у другой трэці ХІХ ст. больш за палову кніг, якія прапанаваліся чытачам, складалі замежныя выданні - на мове арыгіналу або перакладныя. Мясцовыя ж друкарні, зважаючы на попыт, пастаўлялі ў гэты час на рынак не так творы мясцовых літаратараў, як гаспадарчыя параднікі, календары, слоўнікі і г.д. Разам з тым, паступовае стварэнне кніжнага рынку сведчыла аб узросце запатрабавання і павелічэнні адукаванасці насельніцтва. Кніжныя крамы былі разлічаны, найперш, на гараджан і станавіліся прыбытковымі ў буйных населеных пунктах - там, дзе пастаянна быў попыт на друкаванае слова, дзе, у параўнанні з вёскай, быў высокі ўзровень пісьменнасці.

Музыкальнае мастацтва таксама шукала свой рынак у горадзе і мястэчках. Формамі камерцыйнай дзейнасці ў гэтай галіне станавілісь платныя канцэрты (прыгадаем бліскучыя гастролі Ліпінскага, платныя канцэрты якога праходзілі з аншлагам) , суправаджэнне тэатральных паказаў і грамадскіх імпрэз. Таксама, як і тэатр, музыка паступова выходзіла з-пад апекі вельможных мецанатаў, адкрываючы больш дэмакратычны спосаб здабыцця грошай. У кожным губернскім горадзе ў другой трэці 19 ст. у любы момант мог быць створаны аркестр, які складаўся з прафесійных музыкантаў, да якіх часам далучаліся аматары. У такім аркестры маглі іграць вайскавыя музыканты, настаўнікі музыкі і інш. Камерцыялізацыі музычнага мастацтва садзейнічала масавае выданне нот, развіццё музычнай адукацыі. Незвычайная папулярнасць музыкі ў гарадскім асяроддзі стварала рынак музычных інструментаў, найбольш папулярным з якіх было фартэп'яна. Побач з імпартаванымі з Вены і Пецярбурга музычнымі інструментамі, на мясцовым рынку прадавалі сваю прадукцыю і мясцовыя вытворцы - Хутаў, Скакоўскі, Пястуновіч і іншыя. Красамоўна апісвае музычнае жыццё Вільні карэспандэнт "Тыднёвіка Пецярбургскага" ў 1840 г.: "Вільня, як і большасць нашых гарадоў асабліва прыхільна да музыкі. Не знойдзешь амаль ніводнага дому, дзе не было бы фартэп'яна... У ніжэйшых нават класаў вельмі часта пачуешь хаця і растроенае і ссохлае, хацяж бразгочучае, але заўсёды - фартэп'яна... Просты люд любіць музыку. Таўкуцца там, дзе граюць... Калі на свята іграюць на гарадской плошчы, або перад саборам Св.Пятра на Антаколе, тлум акружае музыкаў. У нядзелю і ў святы па тракцірам танчаць, грае вандроўны яўрэйскі аркестр ( скрыпка, басэтля, бубен са званочкамі).. . Іграюць фальшыва, але ўсё, што захочаш. .. Музыкаў, якія граюць на вуліцах, вельмі мала. Часам ваенны аркестр ў Сапежанскім парку на Антаколе. Два гады назад ў садзе Гурскіх за Вострай брамай іграў вандроўны аркестр чэхаў, а затым - нямецкі аркестр."[1]

Вельмі марудна ішоў працэс камерцыялізацыі ў галіне выяўленчага мастацтва. Жывапіс так і не выйшаў на агульны рынак, застаючыся ўсё яшчэ залежным ад мецэнатаў, прыватных і дзяржаўных заказаў. На працягу ўсяго перыяда ў беларускіх гарадах так і не ўзніклі салоны і мастацкія галерэі па продажу карцін і скульптур; спецыялізаваныя крамы, дзе можна было купіць творы мастацтва. Віленская школа жывапісу і скульптуры падрыхтавала за час свайго існавання (да 1831 г.) каля 250 мастакоў і скульптараў, але толькі адзінкі з іх жылі за кошт уласнага майстэрства. Ян Дамель, да прыкладу, мусіў паставіць сваю работу на паток, масава робячы маламастацкія партрэты мясцовых зямян і шляхцічаў і пастаянна шукаючы заказы. Іван Хруцкі рабіў шматлікія копіі сваіх нацюрмортаў, але таксама мусіў пайсці ў кабалу да І.Сямашкі, каб утрымліваць сям'ю. Нават такія плённыя і папулярныя ў сучаснікаў майстры, як В. Ваньковіч ці К. Ельскі, мелі асноўныя даходы ці ад маёнтку, ці ад выкладання. У гэтай галіне мастацтва яшчэ доўгі час не сфармаваны быў рынак, і роля мецэнатаў заставалася дамінуючай. Камерцыялізацыя выяўленчага мастацтва ў гэты час адбывалася іншым шляхам - не праз павелічэнне колькасці мастакоў ці заможных мецэнатаў і стварэнне рынку карцін і скульптур. Важнай вехай на гэтым шляху з'явілася тэхнічнае ўдасканаленне метадаў тыражыравання твораў мастацтва праз літаграфаванне, вынайдзенае ў 1798г. А. Зеняфельдарам. Пастаўляючы на рынак асноўную колькасць мастацкай прадукцыі, літаграфія была вельмі папулярна менавіта сярод гарадскога насельніцтва - яе таннасць прываблівала сярэдні клас, дробнае чынавенства і прадстаўнікоў інтэлігенцкіх прафесій. Літаграфія спрыяла папулярызацыі твораў выяўленчага мастацтва і архітэктуры. Адначасова яна закладвала падмурак у фармаванне масавай культуры, бо цяпер унікальныя раней артэфакты станавіліся дасяжнымі амаль для кожнага. Між іншым, менавіта на ніве літаграфіі дасягнуты быў фінансавы поспех такімі мастакамі, як А.Андрыёлі і А. Арлоўскі, якія многа працавалі для парыжскіх выдаўцаў.

Можна канстатаваць, што 1840-я гады былі сваеасаблівым пераломным момантам у працэсе дэмакратызацыі і камерцыялізацыі культуры на беларускіх землях. Думаецца, што гэта адпавядала агульным тэндэнцыям сацыяльна-эканамічнага жыцця. Менавіта з 1840-х гадоў пачынаецца крызіс феадальна саслоўнага ладу; пасляпаўстанцкія рэпрэсіі, разбор шляхты, хуткае яе збядненне прыводзіла да пошуку яе прадстаўнікамі работы ў горадзе. Такім чынам гарадское насельніцтва папаўнялася людзьмі адукаванымі, якія мелі патрэбу ў "духоўнай ежы", але не мелі на гэта грошай. Рынак такім чынам быў створаны, а жыццё прапанавала на яго новы феномен - камерцыялізаваную масавую культуру.

Літаратура

1. Государственный архив РФ (ГАРФ), ф.109, оп. 4., д.444, л. 22

2. Skibiński K. Pamiętnik aktora.(1786-1858)/ Oprac. I wyd. M.Rulikowski. - Warszawa, 1912 - s.43

Роля цэнзуры ў лёсах бібліятэк на беларускіх землях у канцы XVIII- першай палове ХІХ стагоддзя

Складванне бібліятэчнага фонду ва ўсе часы залежала не толькі ад пажаданняў стваральнікаў бібліятэк, але і ад сітуацыі, якая складвалася ў кніжнай справе, ад магчымасцяў і спецыфікі кніжнага рынку. Не апошнюю ролю ў асаблівасцях апошняга адыгрывала цэнзура, якая акрэслівала ступень дасяжнасці асобных твораў для карыстання і захавання. Час узнікнення цэнзуры, як з'явы культуры і палітыкі, дакладна не вядомы, але аб'явы цэнзурыравання твораў прыгожага пісьменства, палітычнай палемікі, навукі і г.д. можна сустрэць у гісторыі пісьменства яшчэ ў часы антычнасці: у лёсах Арыстафана, Сакрата, Арыстоцеля былі моманты, калі іх творы з-за палітычных прычын дазнавалі забаронаў і ганенняў. Але як інстытут цэнзура сфармавалася ў Заходняй Еўропе ў 15 ст. па ініцыятыве каталіцкай царквы ў якасці сродка барацьбы з ерасямі. Да сярэдзіны 18 ст. менавіта святарства захоўвала манаполію на цэнзурную дзейнасць, і толькі Асветніцтва ператварыла цэнзуру ў інструмент кантроля за духоўным жыццём з боку свецкіх улад. Папярэдняя і наступная цэнзура з гэтага часу стала важным фактарам у фармаванні фондаў свецкіх бібліятэк, як грамадскіх, так і прыватных. Інстытут дзяржаўнай цэнзуры, абстрагіруючыся ад функцый, надаваемых яму ў палітычных мэтах, з'яўляецца неабходным элементам функцыянавання культуры. Набыўшы свецкі характар у часы Асветніцтва, яна ў ідэале павінна была грунтавацца на дэмакратычным заканадаўстве і развітай судовай сістэме. Але пры адсутнасці гэтых прававых інстытутаў цэнзура ператваралася ў орган неабмежаванага ідэалагічнага кантролю.

На беларускіх землях стварэнне свецкай цэнзуры, як дзяржаўнага інстытута, прышлося на часы падзелаў. Таму першыя крокі на шляху цэнзурнага нагляду за свецкім друкам па-рознаму выглядалі на ўсходзе і на захадзе Беларусі. На захадзе, які яшчэ знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай, упершыню цэнзура было прадпрынята ў стасунку да «Gazety Grodzieńskiej» - ад караля быў прызначаны цэнзар Сухадолец, які павінен быў сачыць, каб ў газеце не друкаваліся вострыя артыкулы аб знешняй палітыцы краіны і суседзях. Нумары газеты праглядаў і сам яе стваральнік гродзенскі стараста Антоні Тызенгаўз. Такім чынам ажыццяўлялася папярэдняя цэнзура. Але яна была вельмі лагоднай і не прадугледжвала карных дзеянняў. Наступнай цэнзуры, калі з абароту выключаліся ўжо надрукаваныя кнігі і брашуры, у той час у Рэчы Паспалітай фактычна не існавала. Рэдкія выпадкі (узгадаем твор Ляшчынскага) датычылі толькі духоўнай цэнзуры. У Рэчы Паспалітай мясцовыя выдаўцы ставіліся да цэнзуры, маўляў, з гумарам. Калі пасля другога падзелу таргавічане паспрабавалі ўзяць пад цэнзурны нагляд усе друкарні ў краіне, пачалі выдавацца кнігі з падкрэслена скажонымі звесткамі аб месцы выдання. А ў час Чатырохгадовага сейму і паўстання Касцюшкі свабода слова ў Рэчы Паспалітай увогуле не мела ніякіх абмежаванняў. Больш ліберальнай у гэты час была і царкоўная цэнзура: хаця ў канцылярыях каталіцкіх біскупаў і ўніяцкіх мітрапалітаў прадугледжвалася пасада цэнзара, яго функцыі часцей былі толькі фармальнымі.

На ўсходзе беларускіх земляў стварэнне цэнзуры, як свецкага інстытута, ішло запаволена і было абумоўлена не толькі секулярызацыяй духоўнага жыцця, як тыпалагічнай рысай Асветніцтва, але ў большай ступені фармаваннем імперскага ладу кіраўніцтва краінай. Рэгламентацыя ўсіх бакоў жыцця і кантроль за імі, што з'яўляецца адной з умоваў існавання імперыі, у першую чаргу датычыць ідэалогіі. Таму менавіта вальнадумству не магло быць дазволена карыстацца друкаваным словам. Запаволенасць жа працэса стварэння інстытута цэнзуры ў Расійскай імперыі была абумоўлена слабым развіццём друкарскай справы, адсутнасцю перыёдыкі і малапісьменнасцю насельніцтва. Далучыўшы да Імперыі спачатку цэнтральную, а затым зааходнюю частку беларускіх земляў, Кацярына ІІ упершыню сутыкнулася з вялікай колькасцю друкарняў як свецкіх, так і духоўных, дзейнасць якіх фактычна ніяк не кантралявалася. Бескантрольна фармаваліся і фонды бібліятэк, найперш, дастаткова буйных бібліятэк навучальных установаў, якіх у параўнанні з Імперыяй, было на парадак болей. Менавіта справа навучальнай літаратуры ўпершыню стала повадам для цэнзурнай дзейнасці расійскай улады. Каб забяспечыць навучальныя ўстановы неабходнай літаратурай, тагачасны біскуп (у будучым - архібіскуп) С.Богуш-Сестранцэвіч у 1774 г. "па ранейшаму звычаю" вырашыў адкрыць пры біскупскай кафедры ў Магілёве друкарню. [118] У 1776 г. біскуп выказаў жаданне "каб юнацтву даць веданне расійскай мовы" пачаць друкаваць у сваёй друкарні па-руску, на што прасіў дазволу ў мясцовага генерал-губернатара. Справа магілёўскай друкарні прыцягнула да сябе ўвагу Сената і імператрыцы. 17 кастрычніка 1776 г. Кацярына ІІ, дазволіўшы біскупу друкаваць па-руску, папярэдзіла яго, каб ён не друкаваў нічога неадпаведнага законам, а таксама праваслаўным дагматам. [119] Цэнзура рускамоўных выданняў была даручана генерал-губернатару. Такім чынам, у навучальныя ўстановы, якія на ўсходзе беларускіх земляў утрымлівалі каталіцкія ордэны - іезуіты і піяры, навучальная літаратура паступала, праходзячы папярэднюю цэнзуру свецкіх уладаў. Ва ўсякім выпадку, такому нагляду падлягалі кнігі, што друкаваліся на рускай мове. Невядома, ці сапраўды намеснікі, якіх прызначыла Кацярына ІІ, мелі час і жаданне прачытваць падручнікі, але прававы прэцыдэнт быў створаны.

Справа рэвізіі рэпертуару і зместу выданняў, у тым ліку тых, што ўжо трапілі ў кнігазборы, паўстала перад царскім урадам пасля задушэння паўстання 1794 г. Правы Расійскай імперыі на заходнюю частку беларускіх земляў і Літву яшчэ не былі афіцыйна замацаваны, але фактычна гэтыя тэрыторыі ўжо жылі па расійскім законам. У час дзеяння Чатырохгадовага сейма і асабліва ў час паўстання на гэтай тэрыторыі выдавалася шмат палітычнай літаратуры - маніфесты, памфлеты, адозвы, улёткі. Адсутнасць цэнзуры спрыяла выданню твораў радыкальна настаўленых дзеячоў Асветніцтва. Яны масава прывозіліся ў Рэч Паспалітую, трапляючы і ў кнігазборы навучальных установаў, і ў прыватныя бібліятэкі. Такім чынам, да прыкладу, была сфармавана дастаткова буйная па тых часах бібліятэка ў маёнтку Катлова, якая належала літоўскаму інстыгатару Францішку Вайніловічу. [120] Гэтыя творы, безумоўна, былі і ў кнігазборы Храптовіча, і ў бібліятэках Галоўнай літоўскай школы, а таксама піярскіх і базыльянскіх навучальных установаў. Апошняе тым больш верагодна, што менавіта піяры і базыльяне па ўласнай ініцыятыве друкавалі ў сваіх друкарнях паўстанцкія маніфесты і іншую літаратуру. Па прапанове Камісіі Народнай Адукацыі (КНА) 2 лістапада 1780 г. на Варшаўскім сейме быў прыняты закон аб павелічэнні фондаў грамадскіх бібліятэк, згодна з якім сігнальны асобнік кожнай выдадзенай у ВКЛ кнігі павінен быў дасылацца ў бібліятэкі Галоўнай Кароннай і Галоўнай Літоўскай школ (будучыя ўніверсітэты) [121]. Думаецца, што гэтая пастанова не была забытая і ў час паўстання, што абумоўлівала папаўненне кніжнага фонду бібліятэк навучальных установаў паўстанцкімі выданнямі. Не маючы механізма, які б дазволіў правесці хуткую рэвізію выданняў, што абрачаліся на новадалучанай тэрыторыі, Кацярына ІІ палічыла за лепшае забараніць усё, што было надрукавана ў час паўстання. 30 кастрычніка 1794 г. яна загадала літоўскаму генерал-губернатару: " Свавольнае і паўсюднае ў Літве друкаванне кніг, як зло, многімі і відавочнымі сродкамі паказанае, паўсюдна дабрасумленнасць жыхароў і іх спакой парушаючае, павінна прыцягнуць вашую ўвагу, і мы за нейлепшае вынаходзім, каб усе разсеяныя па Літве друкарні знойдзены і сабраныя былі ў адно месца, дзе галоўнае кіраванне нашае знаходзіцца, і каб для ўсіх у Літве на ўсякай мове друкаваных кніг, дробных сачыненняў і публічных паведамленняў усталявана была цэнзура, без ухвалення якой і без дазволу Галоўнага начальства нічога не друкаваць і ў народ пускаць нельга, а належыць абавязкова знішчыць ва ўсёй Літве ўсе надрукаваныя ў час бунта падбухторшчыцкія акты і іншыя ўсякай назвы сачыненні і лісты." [122] Такім чынам, прадпісана было не толькі кантраляваць выдавецкую дзейнасць, а зрабіць выемку выданняў з кнігазбораў і кнігарняў. У той час галоўнае кіраўніцтва ў асобе Рапніна знаходзілася ў Гродна, і менавіта сюды мусілі звозіць "падбухторшчыцкія" выданні і перавозіць друкарні. Аднак спецыяльных органаў, якія бы ажыццяўлялі цэнзурную дзейнасць створана не было. Мы не маем дакладных звестак, ці знішчаліся ў гэты час у Гродна выданні часоў Рэчы Паспалітай. Думаецца, калі бы гэта мела масавы характар, то абавязкова было бы зафіксавана у дакументах, найперш, Рапніна, ці канцлера Безбародкі, з якім літоўскі генерал-губернатар падрабязна абмяркоўваў становішча на падўладных яму землях. Аднак такія матэрыялы ў гэтых крыніцах адсутнічаюць.

З уваходжаннем у склад Расійскай імперыі на беларускія землі аўтаматычна распаўсюджваліся цэнзурныя забароны, якія раней былі накладзены Кацярынай ІІ на некаторыя творы. У лік іх трапілі, да прыкладу, асобныя сачыненні французскіх Асветнікаў, якімі поўніліся грамадскія і прыватныя бібліятэкі былой Рэчы Паспалітай. Але рэвізія гэтых бібліятэк не праводзілася яшчэ на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, што, між іншым, уплывала на ўзровень вальнадумства жыхароў новадалучаных земляў.

Жорсткай цэнзурай пазначыўся кароткі перыяд паўлаўскага царавання. За пяць гадоў было прынята больш забарон ў галіне кніжнай справы, чым за ўсё праўленне Кацярыны ІІ. У 1796 і 1798 гг. была ўведзена цэнзура перыядычных выданняў, якія прывозіліся з-за мяжы. Літоўскаму паштамту, таксама, як Маскоўскаму і Санктпецярбургскаму, была даручана цэнзура замежных газет і часопісаў. Абавязкі цэнзара выконываў пачмейстар. [123] Адначасова абмяжоўваўся ўвоз замежных кніг. Цяпер яны маглі трапляць у Імперыю толькі праз Адэсу, Рыгу, Санкт-Пецярбург і Радзівілаў: тут, а таксама ў Маскве, былі створаны спецыяльныя цэнзурныя камітэты, якія складаліся з чыноўніка і святара. У сталіцах яны падпарадкоўваліся Сенату, а ў правінцыі - мясцоваму начальству. [124]

У 1800 г. імператар заснаваў двухузроўневую цэнзуру (выданне праглядалася перад друкаваннем і пасля яго) і ўвогуле забараніў увозіць кнігі з-за мяжы. Забаронена было таксама ўвозіць ноты і мастацкую прадукцыю.

Для беларускіх земляў, асабліва заходняй іх часткі, дзе ўзровень адукаванасці насельніцтва быў вышэйшы, чым наогул у Імперыі, а сувязі з Захадам трывалыя і звыклыя, гэтыя абмежаванні маглі паралізаваць культурнае жыццё. Аднак жорсткасць цэнзуры кампенсавалася актыўнай дзейнасцю кантрабандыстаў. Кантрабанда з часоў усталявання мяжы з Прусіяй і Аўстрыяй стала адным з важных промыслаў прымежнага насельніцтва, пераважна, яўрэяў. Кантрабандысты прывозілі разам з галантарэяй і іншымі таварамі кнігі, лісты, перыёдыку. "Прафесія" кніганошаў стала з гэтых часоў адной з кантрабандысцкіх спецыяльнасцяў, даючы неблагі прыбытак асабліва ў часы палітычных завірушэнняў.

Цэнзурная палітыка рэзка злагодзілася са зменай манарха. Аляксандр І адмяніў паўлаўскія загады на забарону ўвозу літаратуры. 9 лютага 1802 г. з'явіўся загад аб знішчэнні цэнзурных установаў ў партовых гарадах і на мяжы і аб перадачы цэнзуры ў правінцыі ў веданне губернатараў і дырэктараў народных вучылішчаў. [125] Змены адбыліся і ў арганізацыі цэнзурнага нагляду. Яшчэ да распрацоўкі цэнзурнага заканадаўства, першай спробай якога стаў Статут аб цэнзуры 1804 г., пазначаны былі яе асноўныя прынцыпы - цэнзурай павінны былі займацца дасведчаныя асобы. Паводле гэтага прынцыпу згодна з Статутам створанага ў 1803 г. Віленскага ўніверсітэта менавіта яму аддаваўся нагляд за навучальнай літаратурай, у тым ліку, з 1804 г. - ў Віленскай навучальнай акруге. Частка ІХ Акта зацверджання ўніверсітэта давала яму дазвол на кантроль за дзейнасцю ўсіх друкарняў на тэрыторыі Віленскай навучальнай акругі. У гэтай частцы Акта § 15 акрэсліваў умовы такога кантролю. Наглядам мусіў займацца цэнзурны камітэт універсітэта, куды Вучонай радай абіраліся чатыры цэнзары-прафесары. Кіраўніцтва работай камітэта знаходзілася ў кампетэнцыі куратара ўніверсітэта. Віленскі цэнзурны камітэт паводле статута першапачаткова разглядаў усе свецкія выданні, што друкаваліся ў навучальнай акрузе: мастацкія і навуковыя творы, перыёдыку, падручнікі; але з цягам узмацнення цэнзуры яго кампетэнцыя скарачалася. Першымі цэнзарамі былі абраныя прафесары Е.Снядэцкі, Багуслаўскі, Кундзіч і кс. Галянскі. [126] Склад Віленскага цэнзурнага камітэта некалькі разоў мяняўся ў сувязі з службовымі хібамі прафесараў-цэнзараў. Віленскі цэнзурны камітэт ажыццяўляў папярэднюю цэнзуру, разглядаючы творы пераважна мясцовых аўтараў да іх выйсця з друку. Ён часцей звяртаў увагу на адпаведнасць рукапісаў нормам маралі, літаратурным правілам, навуковасць, чым на палітычныя погляды аўтараў. Дзякуючы такой пазіцыі выдаваліся творы, якія былі прасякнуты выразным "рэчпаспалітаўскім" патрыятызмам. Віленскія цэнзары ніколі не былі ініцыятарамі гучнай палітычнай справы, салідарызуючыся ў сваіх настроях з мясцовым грамадствам.

Да пачатку трэццяга дзесяцігоддзя 19 ст. цэнзурны кантроль вёўся не столькі за ўжо трапіўшымі ў кнігазборы выданнямі, сколькі абмяжоўваў дасяжнасць адкінутых цэнзурай твораў для чытача. Нават абвастрэнне знешнепалітычнай сітуацыі і ўнутраная напружанасць у заходніх губернях Імперыі напярэдадні вайны 1812 г. не прывялі да адступлення ад гэтага правіла. Праўда, у гэты час быў пашыраны лік дзяржаўных органаў, у чыю кампетэнцыю ўваходзіла цэнзурная дзейнасць: да цэнзурных камітэтаў далучыліся паштамты, Акадэмія Навук, Сынод, мясцовая адміністрацыя, паліцыя.

Да пачатку двадцатых гадоў ХІХ ст. улады, імкнучыся знайсці саюзніка ў беларуска-літвінскай шляхце, амаль не ўмешваюцца ў яе справы. Гэта, побач з іншым, стала прычынай адноснай свабоды слова ў заходніх губернях імперыі. Але ўжо канец другога дзесяцігоддзя ўнёс змены ў гэтую ідылічную атмасферу. Пасля Карлсбадскага кангрэса 1819 г. у палітыцы ўрада ўсё больш ярка вызначаюцца рэакцыйныя тэндэнцыі, ўсё болей перашкод ставіцца развіццю вальнадумства ў краіне і пранікненню радыкальных ідэяў з-за мяжы. У гэтых умовах існуючае ліберальнае заканадаўства становіцца ўсё больш неадпаведным новаму курсу. Многія палажэнні Статута аб цэнзуры 1804 г. проста не выконываліся. Цэнтральныя ўлады неаднаразова нагадывалі ў канцы 1810-х-пачатку 1820-х гг. Віленскаму цэнзурнаму камітэту і мясцовым выдаўцам, што Статут аб цэнзуры ніхто не скасоўваў і трэба выконываць яго усталяванні. [127] У 1820 г. быў створаны Камітэт для распрацоўкі новага цэнзурнага статута, куды ўвайшлі асобы, вядомыя сваімі "пагромамі" расійскіх універсітэтаў: Магніцкі і Руніч; у складзе яго былі таксама Фус, Лаваль і іншыя. Не гледзячы на тое, што распрацаваны імі праект не быў прыняты, сімптаматычна, што віленскаму цэнзурнаму камітэту ў ім была нададзена асаблівая ўвага: у спецыяльным пункце прапанавалася стварыць у Вільні незалежны ад універсітэта цэнзурны камітэт, які б складаўся з двух чыноўнікаў Міністэрства асветы і святара. [128]

Прадпрынятая ў 1820-я гады рэарганізацыя цэнзурнага нагляду на беларускіх землях павінна была выканаць дзве галоўныя задачы. Па-першае, паставіць перашкоду пранікненню праз мяжу рэвалюцыйнай ідэалогіі, цэнтрамі якой лічыліся нямецкія і швайцарскія універсітэты. Па-другое, зрабіць больш эфектыўным нагляд за мясцовымі выданнямі, якія мелі ўплыў на вучнёўскую моладзь.

Клопат улад аб палітычных настроях студэнтаў і гімназістаў у межах Віленскай навучальнай акругі і ўплыве на іх друкаванага слова меў пад сабою рэальную глебу, што было звязана не толькі з тайнымі таварыствамі. У пачатку 1820-х гг. ані паліцэйскі, ані цэнзурны нагляд не ўспрымаўся вучнёўскай моладдзю сур'ёзна. Для студэнтаў-літаратараў цэнзары былі, найперш, настаўнікамі, а затым ужо ўрадавымі чыноўнікамі. Таму менавіта цэнзураванне твораў маладых аўтараў у Вільні ўспрымалася не як палітычная акцыя, а як яшчэ адзін экзамен, які можна было пераздаць. Але сітуацыя рэзка змянілася пасля справы філарэтаў і філаматаў і разгрому Віленскага ўніверсітэта.

З канца 1821 г. пачынаецца перабудова цэнзурнай сістэмы ў Царстве Польскім і заходніх губернях Імперыі. Галоўную ролю ў гэтым адыгрывалі цэсарэвіч Канстанцін і сенатар Навасільцаў. Першымі крокамі на гэтым шляху была спроба паставіць перашкоду пранікненню ў Імперыю вальнадумных сачыненняў з-за заходняй мяжы. Яшчэ ў 1819 г. было забаронена прадаваць замежныя кнігі без пазначэння месца іх выдання. [129] Затым настала чарга карэспандэнцыі і перыёдыкі. 25 жніўня 1822 г. намеснік даў прадпісанне Гродзенскай, Ковенскай і Радзівілаўскай мытням адбіраць ў перасякаючых кантрольную рысу з Царствам Польскім падарожнікаў замежныя газэты і лісты, якія яны вязуць для трэціх асобаў, і перадаваць іх для цэнзуравання і перлюстрацыі ў бліжэйшую паштовую кантору. Мытнікі павінны былі паведамляць, ад каго і каму гэтыя лісты і газэты перавозяцца. [130] У лістападзе гэтага ж года Камітэт міністраў прыняў рашэнне перадаць цэнзураванне як замежных, так і мясцовых перыядычных выданняў у Астзейскіх і Літоўскіх губернях генерал-губернатарам. [131] Віленскі генерал-губернатар Рымскі-Корсакаў, выконваючы гэты загад, увогуле забараніў мясцовым жыхарам выпісываць замежныя выданні, у тым ліку тыя, што выдаваліся ў Царстве Польскім, пакінуўшы гэта права толькі за газэтнай экспедыцыяй Галоўнага Літоўскага паштамта. Паліцыя абавязана была сачыць, каб ніхто не выпісываў замежную перыёдыку праз знаёмых з Польшчы. [132]

Адначасова ўзмацняецца нагляд за друкаванымі выданнямі і карэспандэнцыяй у саміх беларуска-літоўскіх губернях. У 1822 г. было забаронена таварыства шубраўцаў, загадам з Пецярбурга спынена выданне «Wiadomości brukowych». У 1823 г. на Брэсцкай і Радзівілаўскай мытнях пачынаецца перлюстрацыя лістоў, якія дасылаліся мясцовымі жыхарамі за мяжу праз дзяржаўную пошту. [133]

Нарэшце ўвагу Канстанціна і Навасільцава прыцягнуў Віленскі цэнзурны камітэт. У адказ на запыт з Варшавы міністр адукацыі Галіцын ў 1822 г. патрабаваў ад Чартарыйскага змяніць склад цэнзурнага камітэта. [134] Кадравыя перастаноўкі зусім не палепшылі сітуацыю. Некаторы час цэнзарам быў нават І.Лялевель, дзякуючы якому, дарэчы, праз цэнзуру прайшоў другі том твораў А.Міцкевіча. У сувязі са справай філаматаў універсітэтскі цэнзурны камітэт быў закрыты і працягнуў сваю дзейнасць ужо на іншых падставах толькі ў 1826 г. [135]

На працягу 1823-1826 гг. насуперак існуючаму цэнзурнаму заканадаўству галоўным цэнзурным органам на беларуска-літоўскіх землях быў камітэт, які займаўся тайнымі таварыствамі ў Віленскай навучальнай акрузе і рэарганізацыяй універсітэта. Камітэт узначальваў М.Навасільцаў, які адначасова з'яўляўся галоўным наглядчыкам за цэнзурай у заходніх губернях Імперыі і ў Царстве Польскім. У лютым 1825 г. ён паведаміў губернатарам аб новых правілах распаўсюджвання і продажы друкаванай прадукцыі: кнігі, якія прывозіліся з-за мяжы, павінны былі перадавацца адрасату толькі з дазволу паліцыі, якая праглядала спіс гэтых выданняў; кожная бібліятэка, кожная кнігарня павінны былі мець каталог кніг, якія прапануюцца для карыстання альбо продажы, гэты каталог таксама зацвярджаўся паліцыяй. [136] Між іншым, дзякуючы гэтым перасцярагальным дзеянням улад у распараджэнні даследчыкаў сёння маюцца каталогі кнігарняў, якія адклаліся ў фондах канцылярый губернатараў, генерал-губернатараў і Міністэрства ўнутраных спраў.

Карная цэнзура у гэты час закранае і тыя кнігі, якія ўжо трапілі да кнігазбораў і бібліятэк. Гэта, найперш, датычыла літаратуры, якая мелася ў распараджэнні вучнёўскай моладзі ў навучальных установах. Сярод мерапрыемстваў, прадугледжаных М.Навасільцавым для ўтаймавання вальнадумства ў Віленскай навучальнай акрузе, было стварэнне вучылішчнай паліцыі. Спецыяльныя наглядчыкі-выхавацелі павінны былі сачыць за жыццём вучняў і студэнтаў не толькі на занятках, але і ў пазакласны час. У іх абавязкі ўваходзіла таксама пільнаваць, каб вучні не мелі ў сябе забароненую цэнзурай літаратуру, а ў выпадку, калі такія творы знойдуцца - канфіскоўваць такую літаратуру і паведамляць аб гэтым начальству, уключаючы не толькі кіраўніцтва навучальнай установы, але і ўлады. Такім чынам, роля цэнзараў і рэвізораў прыватных вучнёўскіх кнігазбораў паводле гэтага загаду перадавалася наглядчыкам, большасць з якіх рэкрутавалася з адстаўных вайскоўцаў. Прынцыпы цэнзуравання былі самымі агульнымі, бо прадпісвалася, каб студэнты і вучні "кніг, якія супярэчаць хрысціянскай веры і існуючым сістэмам кіравання, а асабліва, расійскай дзяржаве, і іншых спакушальных, а таксама, якія не датычаць лекцый, не чыталі і ў сябе не мелі." [137] У гэтым рэчашчы ішла і акцыя, якая датычыла рэвізіі навучальнай літаратуры, якой карысталіся ў Віленскай навучальнай акрузе і якая складала большую частку фондаў бібліятэк сярэдніх навучальных установаў. На землях, якія адыйшлі да Расійскай імперыі паводле другога і трэццяга падзелаў, фонды вучылішчных бібліятэк у большай частцы складаліся з падручнікаў, якія былі выдадзены яшчэ ў часы Камісіі Народнай Адукацыі. Гэтыя падручнікі былі прасякнуты ідэалогіяй Асветніцтва і рэчпаспалітаўскім патрыятызмам. Яшчэ ў 1801 г. Камісія аб народных вучылішчах, утвораная ў Імперыі ў часы Кацярыны ІІ, пачала іх праверку, дзеля чаго прыцягнуты былі настаўнікі рускіх школ, пераважна, з Украіны. Высветлілася, што большасць падручнікаў не адпавядаюць мэтам урада. Найбольш гэта было характэрна для падручнікаў па гуманітарных дысцыплінах. "… некаторыя з іх карысныя, - пісаў цэнзар,- а іншыя, асабліва гістарычныя і распавадаючыя аб маралі, вельмі шкодныя, паколькі нясуць у сабе правілы, якія манархічнаму ладу надзвычай супярэчлівыя." [138] У доказ гэтага цэнзар дадаваў вытрымкі з першай часткі кнігі «Wymowa i poezja» Пірамовіча: "рабства сляпое - падпарадкоўвацца людзям, а не ўласна праву, іга тыранства і самаўладдзе знішчаюць сапраўднае красамоўства" [139] Заўвагі выклікалі таксама падручнікі Страйноўскага, Галянскага, Скшэтускага і іншыя. Тады змена манарха адсунула справу рэвізіі падручнікаў на другі план. Цяпер жа па ініцыятыве М.Навасільцава яна зноў пачалася. М.Навасільцаў, як гэта відаць з накіраваных ім у адрас цара рапартаў, асабіста прагледзеў не толькі падручнікі, але і праграмы навучання. Паказальна, што многія з падручнікаў ужо маральна састарэлі, патрабавалі замены з-за чыста дыдактычных прычын, але ані Віленскі цэнзурны камітэт, ані адзін з настаўнікаў ці прафесароў акругі не спакусіўся на гэтую спадчыну Рэчы Паспалітай. У падручніках па гісторыі, да прыкладу, распавядалася аб каралях і вялікіх князях Рэчы Паспалітай, ні слова не гаварылася аб рускай гісторыі, а сама Расія паўставала як суседняя варожая дзяржава. Аднак гэтыя кнігі свабодна ляжалі на паліцах вучылішчных бібліятэк і выкарыстоўваліся ў вучэбным працэсе. "Пры навучанні польскай гісторыі, - пісаў аб іх у пісьме міністру асветы Шышкову Навасільцаў, - распавядаецца аб Расіі так, як гэта магло бы быць ў вучылішчах замежных, у краі ані спагадай, ані падданствам з Расіяй не з'яднаным." [140] Шышкоў загадаў 13 ліпеня 1825 г. зрабіць рэвізію ўсіх падручнікаў, каб "выкарэніць дух польскага патрыятызму" [141] Сярод забароненых падручнікаў апынулася "Польская граматыка" Капчынскага, "Выбраныя прамовы" Хшчаноўскага і іншыя. Да канца 1827 г. з 37 падручнікаў для ўездных вучылішчаў 23 было новых, з 24 падручнікаў для гімназій заменена было 18. [142] Старыя падручнікі забіраліся з бібліятэк і нішчыліся.

Да 1828 г. цэнзура, як дзяржаўны інстытут Расійскай імперыі, фактычна завяршыла сваё фармаванне. Статут 1826 г., які быў празваны сучаснікамі "чугунным", праз два года замянілі больш памяркоўным, але таксама жорсткім. У Імперыі цяпер існавала шматступенная цэнзура, да якой далучаліся шматлікія дзяржаўны органы і інстанцыі. Апрача Віленскага цэнзурнага камітэта, які быў выведзены з-пад юрысдыкцыі Віленскага ўніверсітэта і складаўся з чыноўнікаў і штатных і пазаштатных цэнзараў, цэнзурны нагляд ажыццяўлялі паштамты, мясцовая адміністрацыя і палітычная паліцыя - жындары і агенты створанага ў 1826 г. ІІІ Аддзялення ўласнай Яго Вялікасці канцылярыі. Распрацавана была працэдура выяўлення забароненых цэнзурай выданняў, найперш тых, якія прывозіліся з-за мяжы. Калі кнігі траплялі на мытню (Брэсцкую, Віленскую, ці Радзівілаўскую), яны тут затрымліваліся, пакаваліся і пламбіраваліся мясцовым мытным штампам. Каталогі затрыманых кніг дасылаліся ў Віленскі цэнзурны камітэт для праверкі. У выпадку, калі ў спісе былі пазначаны невядомыя цэнзарам выданні, ці тыя, якія забаронены цэнзурай, яны павінны былі дасылацца ў Вільню для разгляду. Непажаданыя не вярталіся ўладальніку, а канфіскаваліся і знішчаліся. У Вільню таксама дасылаліся для разгляду кнігі, якія канфіскоўваліся пры вобысках і арыштах. Віленскі цэнзурны камітэт, старшынёй якога з часоў навасільцаўскай рэарганізацыі і на працягу трох дзесяцігоддзяў быў Павел Кукальнік, брат вядомага літаратара Нестара Кукальніка, таксама рассылаў мясцовым уладам спісы забароненых пецярбургскімі цэнзарамі выданняў - для даведкі. Гэтыя спісы сёння масава захоўваюцца ў справах канцылярый грамадзянскіх губернатараў, адкуль яны распаўсюджваліся па губерні.

Паўстанне 1830-1831 гг. выклікала сапраўдную паніку ў цэнзурных ведамствах. "Шмат якія творы ў прозе і вершах забараняліся па самым мізэрным повадам," - Пісаў цэнзар Нікіценка. [143] Механізм цэнзуравання, які усталяваўся да гэтага часу ў Расійскай імперыі, не вытрымліваў выпрабаванняў, якія яму наканавалі дзеянні паўстанцаў, а затым замежнай эміграцыі. У час самаго паўстання і ў першыя гады пасля яго цэнзурнае заканадаўства ў беларуска-літоўскіх губернях фактычна не дзейнічала. У сувязі з увядзеннем ваеннага становішча права акрэсліваць парадак і прынцыпы цэнзурнага нагляду манапалізіравалі вайсковыя ўлады і жандары. Яны наглядалі таксама і за дзейнасцю Віленскага цэнзурнага камітэта. Дастаткова часта вайскоўцы самі выступалі ў якасці цэнзараў, акрэсліваючы лес трапіўшых у іх рукі публікацый і рукапісаў. З 2 снежня 1831 г. па прапанове шэфа жандараў і кіраўніка ІІІ Аддзялення графа Бенкендорфа, якое было накіравана віленскаму генерал-губернатару Далгарукаву, у літоўскіх і беларускіх губернях пачынаецца планамерны росшук і знішчэнне антыўрадавых выданняў часоў паўстання. [144] Усю гэтую літаратуру знішчыць было немагчыма. Улёткі, пракламацыі і маніфесты, якія масава выдаваліся ў часы паўстання, распаўсюджваліся сярод шляхты і каталіцкага святарства, якія чыталі іх сялянам. Улады былі вымушаны з дапамогай падпісак абавязаць ксяндзоў і памешчыкаў "пераканаць народ, што пракламацыі, якія яны чыталі, незаконныя і ўзніклі з-за гвалтоўных дзеянняў мяцежнікаў" [145]

З часоў паўстанняў неперастанным клопатам улад стала эмігрантская літаратура. Прасачыць, што выдаецца за мяжой і якімі шляхамі трапляе ў Імперыю, было надзвычай цяжка. "Такія сачыненні, - у 1835 г. рапартаваў Бенкендорфу начальнік чацьвёртай жандарскай акругі, куды ўваходзілі беларуска-літоўскія губерні, - насычаныя хлуслівым патрыятызмам і недарэчнымі выдумкамі з-за непрыхільнасці да нашага кіраўніцтва, перадаюцца з-за мяжы ў тутэйшы край яўрэямі і асобамі, якія займаюцца кантрабандай, ... а часта, як ходзяць чуткі, памешчыкамі і іншых саслоўяў жыхарамі заходніх губерняў". [146] Не гледзячы на шматлікія спробы палепшыць сістэму аховы мяжы і ўзмацніць барацьбу з кантрабандай, выкарэніць яе было немагчыма. Таму ўлады выпрацавалі адмысловую практыку выяўлення нелегальнай літаратуры, якая ўжо трапіла ў Імперыю і знаходзілася ў кнігазборах мясцовых жыхароў. Менавіта ў час і пасля паўстання расійскія ўлады пачалі распаўсюджваць цэнзурны кантроль на прыватныя кнігазборы. У гэтай справе выкарыстоўваліся ўсе магчымыя сродкі і метады, прыцягнуты былі шматлікія "дабранадзейныя" асобы ад мытнікаў і паліцыі, да праваслаўных святароў і настаўнікаў. Аднак галоўную ролю ў гэтым адыгрывала ІІІ Аддзяленне, якое сканцэнтравала ў сваіх руках ўвесь палітычны вышук у Польшчы і заходніх губернях. Звычайна начальнік ІІІ Аддзялення меў дакладныя звесткі аб навінках эмігрантскай літаратуры. Гэтую інфармацыю дасылала замежная агентура, якую расійскі палітычны вышук пачаў фармаваць за мяжой менавіта пасля паўстання 1831 г. для сочкі за эмігрантамі. [147] Час ад часу такая інфармацыя паступала і ад "добранадзейных" жыхароў заходніх губерняў, пры чым даносы датычылі, у большасці, прыватных кнігазбораў. Так, ва ўжо цытаваным рапарце начальнік чацвёртай жандарскай акругі паведамляе Бенкендорфу, што па маючыхся ў яго звестках у краі, апрача тых, аб якіх яму паведамлялі з Пецярбурга, з'явіліся новыя сачыненні, у тым ліку, "Зацемкі графа Патоцкага", "Гісторыя аб паўстанні польскага народа ў 1830 і 1831 гг." Р.Шпацыра, часопісы, якія выдаваў Лялявель, творы Міцкевіча, Поля, Зона і іншыя. [148] Часам для пачатку росшука дастаткова было чутак аб з'яўленні ў каго-небудзь з мясцовых жыхароў забароненай літаратуры. У 1834 г., напрыклад, чуткі аб з'яўленні ў нейкім прыватным кнігазборы ў Слонімскім уездзе вершаў, у якіх аднадворцаў заклікалі не выконваць рэкрутскую павіннасць, сталі повадам для губернатарскага загада слонімскаму спраўніку "цераз добранадзейных асобаў" і выкарыстоўваючы "надзейныя меры" ажыццявіць росшук гэтых вершаў. [149] Мясцовая адміністрацыя не мела дастатковай кваліфікацыі, каб выконваць цэнзурныя функцыі, што часам прыводзіла да кур'ёзаў. Так, да прыкладу, у час росшуку забароненага цэнзурай выдання«Kosmopolita albo Rzecz Pospolita dla całej Europy» у кнігазборы ўдавы ротмістра Дабрачынскага ў Гродна паліцыя канфіскавала кнігу«Kosmopolita czyli Obywatel świata», якая была дазволена цэнзурай. Мясцовы паліцмайстар, тлумачачы сваю памылку, пісаў, што пераклад назвы рабіў сам і яму падалося, што гэта як раз і ёсць забароненая кніга. Віленскі цэнзурны камітэт, куды было адаслана выданне, зняў усе абвінавачванні з удавы ротмістра, хаця разгляд справы цягнуўся больш за месяц. [150] Сімптаматычна, што кнігу забралі з прыватнага кнігазбора, а звесткі аб ёй былі атрыманы ад "дабранадзейнага" гродзенца. "Лепш абвінаваціць нявіннага, таму што ўсе яны тут вінаватыя, ракал'і."- Так пазначаў сваю пазіцыю ў адносінах да палітычнага вышуку начальнік чацьвёртай жандарскай акругі палкоўнік Ламачэўскі. [151]

У другой чвэрці ХІХ ст. узмацнілася духоўная цэнзура, якая цяпер стала механізмам вынішчэння манастырскіх бібліятэк. Гэта было звязана са скасаваннем уніяцкай царквы, забаронай іезуіцкага ордэна і ўзмацненнем аправаслаўлівання насельніцтва заходніх губерняў. Вядома, што уніяцкія кнігі масава звозіліся ў Вільню па загаду біскупа Семашкі і спальваліся. Уніяцкія малітоўнікі і іншая духоўная літаратура канфіскоўваліся ў навернутых уніятаў і таксама нішчыліся.

Пастаяннай праблемай для царскай цэнзуры была яўрэйская літаратура. У Беларусі яўрэі мелі шматстагоддзевыя традыцыі, развітыя культурныя інстытуты, у тым ліку, сістэму адукацыі і кнігадрукаванне. У пачатку другога дзесяцігоддзя ХІХ ст. на беларускіх землях дзейнічала пяць яўрэйскіх друкарняў: дзве ў Копысі, па адной у Гродна, Мінску і Нясвіжы. [152] Гродзенскі выдавец Зымель Нахімовіч ў 1820-я гады адкрыў філіялы сваёй выдавецкай фірмы ў Вільні, Езёрах і Жытоміры. Езерская друкарня спецыялізавалася на выданні яўрэйскай літаратуры. Кнігі на іўрыце актыўна завозіліся з-за мяжы. Толькі адна купецкая фірма з Валыні штогод увозіла і прадавала тут друкаванай прадукцы больш чым на 2000 чырвонцаў. [153] Прасачыць, якія кнігі распаўсюджаны ў яірэйскім асяроддзі, улады не мелі магчымасці. Віленскі генерал-губернатар двойчы - у 1815 і 1817 гг. - спрабаваў гэта зрабіць і абодва разы беспаспяхова. [154]

Для цэнзуравання яўрэйскіх кніг у Віленскі цэнзурны камітэт у 1808 г. быў прызначаны прафесар Бякю, але фактычна іх разглядам займаўся старшыня віленскага кагала Разенсон, часам камітэт прыцягваў для гэтай работы студэнтаў-яўрэяў. У пачатку 1820-х гг.цэнзураваннем кніг на іўрыце займаўся Вольф Тугенгольд, прызначаны пазаштатным супрацоўнікам цэнзурнага камітэта. [155]

Сярод яўрэйскіх выданняў, якія праходзілі цэнзуру, у першай трэці ХІХ ст. толькі некаторыя забараняліся цалкам. Масавыя забароны на выданні пачынаюць практыкавацца з сярэдзіны 1830-х гадоў, тады ж фармуецца і кантроль за яўрэйскімі кнігазборамі, у тым ліку, прыватнымі. Практыкай становяцца вобыскі ў прыватных дамах і канфіскацыя выданняў. Кнігі складалі ў гэты час галоўны прадмет яўрэйскай кантрабанды. Гэта былі, галоўным чынам, кнігі на ідзіш, якія выдаваліся ў Аўстрыі і Германіі. Свецкіх кніг у Імперыі друкавалася мала, перыядычных выданняў на ідзіш не існавала. Вядомы яўрэйскі дзеяч Ісаак Бер Левінзон, жадаючы ачысціць яўрэйскае грамадства ад "хасідскай ерасі" прадставіў на разгляд урада праект аб зачыненні ўсіх яўрэйскіх друкарань у Расійскай імперыі за выключэннем тых, якія працуюць у гарадах, дзе ёсць цэнзурныя камітэты. Цалкам гэты праект не быў рэалізаваны, але ў 1836 г. улады выдалі загад, паводле якога яўрэйскія кагалы на працягу года павінны былі прадставіць начальству кнігі, якія не прайшлі цэнзуру. [156]Але гэтая мера не дала выніку. Вобыскі праводзілі жандары, якія не ведалі ідзіш, а інфармацыю аб тым, як называецца кніга і ці дазволена яна цэнзурай, давалі мясцовыя равіны, якія не выдавалі сваіх супляменнікаў.

Сваеасаблівым падсумаваннем ролі царскай цэнзуры ў лёсе кнігазбораў і бібліятэк у першай палове ХІХ ст. было фактычнае разбурэнне бібліятэкі Віленскага музея старажытнасцяў, сабранай братамі Тышкевічамі і іх паплечнікамі, у тым ліку Сыракомлей, Кіркорам і іншымі дзеячамі культуры. Царскія ўлады ўжо мелі неблагую практыку расправы з непажаданымі кнігамі і "недобранадзейнымі" кнігазборамі. Віленская бібліятэка, не гледзячы на фармальнае даручэнне рэвізіі запрошаным па "мураўёўскаму набору" бібліёграфам ( у т.л. вядомаму Бяссонаву), фактычна цэнзуравалася самім М.Мураўёвым і Карнілавым. Менавіта апошні, знаходзячыся на пасадзе папячыцеля навучальнай акругі, па ўзгадненню з віленскім генерал-губернатарам вызначаў лёс непажаданых у гэтай грамадскай бібліятэцы кніг.

Такім чынам, за поўстагоддзя царскія ўлады выпрацавалі разгалінаваны механізм цэнзурнага нагляду. Пачынаючы з абмежавання дасяжнасці кніг, затым праз рэвізію вучэбных бібліятэк урэшце цэнзурный кантроль быў распаўсюджаны на прыватныя кнігазборы. Формы і метады цэнзурнага нагляду перажылі Расійскую імперыю і практыкаваліся ў ХХ стагоддзі.

Кнігазбор Францішка Вайніловіча з маёнтку Катлова Наваградскага павета.

Пра гісторыю кнігі, кнігазборы і бібліятэкі Гродзеншчыны неаднойчы ўжо пісалася ў навуковай і папулярнай літаратуры. У дадзеным артыкуле хацелася бы нагадаць аб кнігазборы, які ў свой час быў адным з дастаткова аказалых і да якога мелі дачыненне два вядомых шляхецкіх літвінскіх рода - Вайніловічаў і Нарбутаў.

У 1799 г. у Наваградскі земскі суд звярнуўся лідскі войскі Дамінік Нарбут. Ён прадставіў ў гэтую інстанцыю для ўпісання ў земскія кнігі інвентар маёнтку Катлова, уладальнік якога інстыгатар літоўскі Францішак Вайніловіч неўзабаве памёр. Жонкай Вайніловіча з'яўлялася Ганна з роду Нарбутаў, а сам войскі быў прызначаны ад галоўнага Літоўскага суда апекуном гэтага маёнтку пасля смерці ўладальніка. Разам з ім апекунскія абавязкі выконвалі палкоўнік Мікалай Вайніловіч і пісар вайсковы Ежы Бялапятровіч. Інвентар маёнтку, зроблены ў 1798 г., утрымлівае поўнае апісанне панскага дому, гаспадарчых пабудоваў, парку, а таксама вёскі Мондзін, якая належала Вайніловічу. У гэтым апісанні знаходзіцца і пералік кніг, якія былі ў бібліятэцы гаспадара ў той час. [157]

Вёска Катлова, якую меў ва ўладанні Францішак Вайніловіч, была старажытнай. У 15 ст. яна належала Чамровічам і Гаштольдам; у 1478 г. Марцін Гаштольд выкупіў у Багдана Чамровіча ягоную частку Катлова, і да 1515г. вёска знаходзілася ў валоданні Гаштольдаў. [158] У 1515 г. як спадчыну па памерлай жонцы Эльжбеце з роду Гаштольдаў Катлова атрымаў Мікалай Радзівіл. [159] Да Вайніловічаў вёска перайшла, як можна меркаваць, недзе ў пачатку 18 ст. Маёнтак Вайніловічаў у Катлова не быў вельмі пышны, але і дом, і разбіты каля яго парк выказвалі адукаванасць і густ гаспадароў. Да рэзідэнцыі вяла праз грэблю абсаджаная ліпамі алея, якая заканчывалася брамай у класіцыстычным стылі - з вазонамі і вензелем гаспадара. Драўляны дом, атынкаваны звонку, які фронтам глядзеў на поўдзень, быў крыты гонтам, меў галярэю з калонамі, а на франтоне - злучаныя гербы Вайніловічаў і Нарбутаў. У рэзідэнцыі, як сведчыць інвентар, былі паркетныя падлогі, печы з фігурнай кафлі, крыштальныя пазалочаныя жырандолі, дарагая мэбля і іншыя атрыбуты заможнай шляхецкай рэзідэнцыі. Аб заможнасці гаспадароў і жаданні весці рацыянальную гаспадарку сведчылі разнастайныя гаспадарчыя пабудовы, якія меліся ў маёнтку. Побач са звычайнымі для такіх мясцін стайняй, вазоўняй, лядоўняй і г.д. тут была паперня, добра абсталяваная і з жытлом для майстра-паперніка, млын, некалькі складаў і бровар. За домам руплівасцю Ганны Нарбут быў разбіты рэгулярны парк, від на які адкрываўся з шкляных дзвярэй сталовай. Партэр, абсаджаны дрэвамі, дзве алеі, клумбы з кветкамі пераходзілі ў фруктовы сад, што таксама сведчыла не толькі аб гусце гаспадароў, але і аб рацыянальным падыходзе да гаспадарчых патрэбаў. У парку знаходзілася хатняя капліца.

Вёска Катлова складалася ў гэты час з 17 гаспадарак. Сяляне - Нагорныя, Бабрукі, Бархуны, Нагарчукі, Урбановічы, Ціханчукі і іншыя, мелі у сярэднім крыху больш чым поўвалокі ворыўнай зямлі, па два-тры моргі сенажаці. Лічачы па інвентару, вёска не была беднай - кожная гаспадарка мела коней, валоў, дастаткова было птушкі, свінняў. Сяляне адпрацоўвалі па сем дзён паньшчыны з гаспадаркі (тры - мужчынскія і чатыры жаночыя), плацілі дзякло, выконвалі гвалты. У Мондзіне было сем сялянскіх гаспадарак, тут быў млын, кузня, меўся фальварачны дом. У Мондзіне жылі Навацкія, Урбановічы, Анішчыкі, Нагарчукі. Веска была не бедная, тым больш, што млынар і каваль Урбановічы мелі ўвогуле добрую гаспадарку. Усяго ж у маёнтку Вайніловічаў жыло 163 прыгонных, уключаючы дзяцей.

Бібліятэка Францішка Вайніловіча на першы погляд уяўляла сабой звычайны па свайму характару кнігазбор шляхецкай сядзібы, гаспадар якой не быў бібліяфілам. Кнігі тут, як можна лічыць па апісанню, не былі падабраны па тэматыцы. Выдаецца, што гаспадар купляў іх выпадкова, а не фармаваў бібліятэку паводля якога-небудзь плана. Магчыма, частка кніг перайшла ў спадчыну, ці трапіла ў кнігазбор як маёмасць Ганны Нарбут.Але такое вонкавае ўражанне змяняецца, калі прааналізаваць склад гэтага кнігазбору больш глыбока, зважаючы на гістарычны і культурны кантэкст.

У бібліятэцы маёнтку Катлова паводле інвентара лічылася 286 тамоў друкаваных выданняў і рукапісаў. У маёнткавай рэзідэнцыі не было спецыяльнага памяшкання для бібліятэкі, кнігі, хутчэй за ўсё, захоўваліся ў кабінеце гаспадара і ў канцылярыі. На першы погляд бібліятэка ў Катлова выдаецца выпадковым кнігазборам. Аб выпадковым характары фармавання бібліятэкі магла бы сведчыць разнастайнасць тэматыкі кніг, якія тут былі, суседства багата аздобленых выданняў, упрыгожаных скуранымі пазалочанымі пераплётамі і вензелем "F W" (Францішак Вайніловіч), з брашурамі ў папяровых вокладках і падшыўкамі лістоў. Рукапісы, якія знаходзіліся ў бібліятэцы, не былі рэдкімі манускрыптамі, гэта былі спісы літаратурных твораў, прамоваў вядомых палітычных дзеячоў і да т.п. У кнігазборы, не гледзячы на яго неўпардкаванасць, трапляліся даволі рэдкія нават для тых часоў выданні, а таксама кнігі, якія можна было бы назваць "легендамі" беларускай кніжнасці. Склад бібліятэкі, пэўна, абумоўлены быў і абавязкамі ўраду, які выконваў Францішак Вайніловіч. Інстыгатар - пракурорская пасада ў ВКЛ; інстыгатар літоўскі, якім быў Вайніловіч, выконваў службу ў Трыбунале Літоўскім, таму павінен быў ведаць не толькі заканадаўства ВКЛ і Рэчы Паспалітай, але таксама быць красамоўцам, каб выступаць на паседжаннях, і эканамістам ( у той час вельмі многа было маёмасных справаў, а таксама рэвізій скарбовых даходаў). Кнігі ў інвентары пералічаны найчасцей без згадкі аўтараў, не паказаны таксама год выдання, часам - мова, на якой напісана кніга. Таму не ўсе выданні ўдалося ідэнтыфікаваць. Але нават такі павярхоўны аналіз дае магчымасць зрабіць цікавыя вывады аб уладалініку кнігазбору, найперш, аб яго поглядах.

У кнігазборы Вайніловіча меліся кнігі на італьянскай, нямецкай, французскай мовах, латыні. Але большую яе частку займалі польскамоўныя выданні і рукапісы. Значную колькасць кнігазбору складалі выданні законаў, разнастайныя інструкцыі, літаратура юрыдычнага характару Сярод гэтай літаратуры вылучаецца выданне трэццяга Статута ВКЛ фарматам in folio у скураным пераплёце з пазалотай і вензелем Францішка Вайніловіча. Як можна меркаваць па апісанню кнігі, гэта было адно з апошніх выданняў, паколькі ўключала папраўкі, унесеныя ў часы праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага - у 1776 г. Сярод іншых кніг гэтай тэматыкі ў кнігазборы меліся канстытуцыя экстраардынарнага сейму Рэчы Паспалітай за 1767 г., два тамы "Duch czyli treść praw polskich", два тамы грамадзянскага права, выданне палітычнага права Рэчы Паспалітай, кніга "Судовы працэс у Трыбунале ВКЛ", а таксама двухтомны зборнік сеймавых прамоваў. Асобную частку гэтай калекцыі складалі справаздачы скарбовай камісіі ВКЛ за некалькі гадоў, пераплеценыя ў папяровую вокладку. Важнай крыніцай для літоўскага інстыгатара быў звод законаў і іншых актавых дакументаў Рэчы Паспалітай "Volumina legum", выдадзены піярамі па ініцыятыве Станіслава Канарскага і Мацея Залускага ў 1732-1782 гг. У інвентары пазначаны 14 тамоў гэтага выдання, але да 1782 г. паспелі выдаць толькі 8 тамоў прывілеяў, сеймавых канстытуцый і інш. Пэўна, тут былі дублікаты, ці да гэтага выдання далучаны былі яшчэ і інвентары, падрыхтаваныя А.Жаліцкім.

Інвентар называе таксама некалькі выданняў, несумненна палітычнага характару, якія нам не ўдалося ідэнтыфікаваць. Сярод іх, пэўна - актавыя матэрыялы, якія выдаваліся паводле рашэнняў сеймаў, або для іх работы. Гэта "Практычныя заўвагі аб польскіх падданых"("Uwagi praktyczne o poddanych polskich); "Просты і лёгкі спосаб паляпшэння лёсу падданых у Польшчы" ("Sposób łatwy y pewny ulepszenia losu poddanych w Polsce"), "Спосаб упарадкавання польскіх яўрэяў" ("Sposób uformowania żydów polskich"), "Думка аб каралях і поспеху польскай кароны" ("Myśl o Królach y sukcessyi Tronu Polskiego") і інш. У гэтым спісе значацца і некалькі дыярыушаў, у тым ліку дзённік, які апісвае падзеі ад Губерзбургскага міра да першага падзелу Рэчы Паспалітай, дзённік выезда з Кракава пад Вену Яна Сабескага і дыярыўш турка, які таксама выязджае пад Вену. Інвентар фіксуе наяўнасць у бібліятэцы друкаванага тэксту ўніі паміж Каронай і ВКЛ, падпісанай у 1791 г.

Сярод юрыдычных выданняў названа была і праца Гуга Калантая "Папярэджанне для Польшчы"("Przestroga dla Polski"). Напісаная напярэдадні прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г., гэтая праца ўтрымлівала заклік да грамадзян Рэчы Паспалітай умацаваць каралеўскую ўладу і забыцца на асабістыя патрэбы дзеля ратавання Бацькаўшчыны. Наяўнасць яе ў бібліятэцы можа сведчыць аб поглядах Вайніловіча, тым больш, што і іншыя працы, якія захоўваў уладальнік, падцвярджаюць яго патрыятычную настаўленасць і асветленасць. Побач з работай Г.Калантая Вайніловіч захоўваў некалькі найбольш вядомых і значных кніг Ігнацыя Красіцкага - маральную аповесць-рабінзанаду, якая пачала новую польскую літаратуру "Выпадкі Мікалая Дасьвядчынскага" ("Mikołaja Doświadczyńskiego przypadki"); напісаную ў духу ідэалогіі фізіякратаў аповесць "Пан Падстолі" ("Pan Podstoli"); "Байкі" і іншыя. Пэўна, творы І.Красіцкага былі і ў адным з нумароў часопіса "Манітор", які захоўваўся ў бібліятэцы.

Працы новай польскай літаратуры ўвогуле займалі пачэснае месца ў бібліятэцы Францішка Вайніловіча. Апрача згаданых твораў Красіцкага і Калантая, уладальнік Катлова далучыў да свайго кнігазбору творы М.Рэя і выданні Ю.Плата. Згадваецца ў бібліятэцы і вядомае выданне "Уцехі прыемныя і карысныя" - часопіс, які ўзнік па ініцыятыве Ф.Багамольца і сабраў каля сябе лепшыя літаратурныя і публіцыстычныя сілы тагачаснай Рэчы Паспалітай. Побач з імі, чаго, дарэчы, можна было чакаць, зважаючы на агульны падбор літаратуры, знаходзіліся творы еўрапейскіх асветнікаў, у т. л. "Новая Элаіза" (пазначана як "Элаіза і Абеляр") Русо і філасоўскія трактаты Вальтэра.

Значную частку кнігазбору складалі падручнікі, у тым ліку, выдадзеныя Таварыствам для элементарных кніг, створаным Адукацыйнай камісіяй: арыфметыка на польскай мове, гістарычныя і маральныя аповесці, граматыкі і інш. Да іх далучаліся кнігі па геаграфіі, слоўнікі, дзіцячая энцыклапедыя ("Akademia dziecinna"). Агульная накіраванасць кнігазбору рабіла натуральным прысутнасць у ім твораў антычных філосафаў, у т.л. Сакрата, прамовы Дэмасфена, апісанне антычных дзяржаваў і г.д.

Асобную частку кнігазбру складалі працы па ваеннай справе. Апрача вядомых твораў прускага караля Фрыдрыха ІІ, тут было шмат нарматыўных выданняў, якія рэгулявалі ці давалі парады па нясенню гарнізоннай службы, арганізацыі тыла, падрыхтоўцы кавалерыстаў; падручнікі па фехтаванню і інш.

Аказалай у кнігазборы была калекцыя кніг па медыцыне і ветэрынарыі. Тут былі фармакалагічныя выданні ("Specyfikacja niektórych medykamientów"), парады па аказанню першай дапамогі пры нешчаслівых выпадках , у тым ліку, тапельцам; парады па дапамозе цяжарным кабетам і г.д. Цікаўнасць выклікае наяўнасць у Вайніловіча работы аб прычынах смяротнасці дзяцей і хірургічнай энцыклапедыі, якія былі рэдкімі выданнямі ў той час.

У бібліятэцы былі шырока прадстаўлены прыродазнаўчыя працы. Сярод іх - трохтомная работа польскага біёлага Яна Кшыштафа Клука "Dykcyonarz roślinny, w którym podług układu Linneusza są opisane rośliny nie tylko krajowe dzikie, pożyteczne, albo szkodliwe … ", якая ўбачыла свет у 1786-1788 гг. Я.Клук, імя якога, між іншым, сёння носіць музей прыроды на радзіме біёлага ў г.Цехановце, карыстаўся ў працы найбольш перадавой у той час класіфікацыяй К.Лінэя, а некаторыя з яго адкрыццяў дагэтуль не страцілі свайго значэння. Ф.Вайніловіч, як відаць са складу яго бібліятэкі, цікавіўся натуральнымі навукамі. "Фізіка" Асалінскага, "Энцыклапедыя раслінаў", землезнаўства, тры тамы натуральнай гісторыі, праца аб карысных выкапнях, работа ў галіне архітэктуры і скульптурыі іншыя падобныя кнігі, якія ён далучыў да свайго збору, паказваюць ягоную шырокую эрудыцыю і рацыялістычны спосаб мыслення.

Для баўлення часу да бібліятэкі былі далучаны белетрыстычныя творы. Большасць з іх цяжка ідэнтыфікаваць, апрача іншага і па той прычыне, што складальнікі інвентару адвольна перакладалі нямецкія ці французскія назвы. Некалькі такіх твораў, аднак, варта згадаць у дадзенай рабоце. Гэта "Анекдоты з жыцця Пятра І, расійскага імператара"(магчыма, праца Вальтэра, напісаная па заказу Кацярыны ІІ), "Яўрэйскія анекдоты пад рознымі імёнамі", "Кабала на розныя выпадкі прыстойныя і забаўляльныя", "Вызначэнне блізкага лёсу або разнастайнасці сутнасці зямлі", казкі "Тысяча і адна ноч" і інш. У Францішка Вайніловіча было і два рэдкіх выдання, якія вядомыя ў беларускай літаратуры: "Верш да Кацярыны Другой імператрыцы ад горада Полацка" і "Верш, напісаны з нагоды шчаслівага прыезду Кацярыны Другой імператрыцы ў горад Полацк".

Вялікую частку кнігазбору складалі драматычныя творы. Лічачы па іх стану - многія у трох-чатырох асобніках, ёсць асобныя спісы роляў - Вайніловіч, як і большая частка тагачаснай асветленай шляхты, не толькі цікавіўся тэатрам, але, пэўна, меў намер арганізаваць ўласны хатні тэатр. Магчыма, у Катлове ладзіліся аматарскія спектаклі, як гэта было модна ў канцы 18-першай палове 19 ст. ў шляхецкім асяроддзі. Сярод драматычных твораў былі як перакладныя, галоўным чынам, французскія, так і творы маладой польскай драматургіі. Цікава, што з драмамі і камедыямі, створанымі ў 18 ст., суседнічалі і творы, якія звычайнымі былі для папярэдняй эпохі, яшчэ з часоў школьнага тэатра, ці тэатра дэль-арта ("Шчасце Арлекіна цераз чараўніцтва").

Сярод класічных твораў вылучаюцца "Вяселле Фігара", пазначаная як "Пусты дзень або вяселле фігуры"(sic!) ( "Dzień pusty czyli wesele figury"). Аўтар ў інвентары не паказаны, таму цяжка вызначыць, які менавіта варыянт "Вяселля Фігара" быў у Вайніловіча. Магчыма, гэта быў спіс арыгінальнага твору П'ера Бамаршэ, ці перадрук без пазначэння аўтара, а магчыма пераробка класічнай п'есы, што было звычайным у той час. У апошнім выпадку аўтар найчасцей не пазначаўся. Адзначым, што п'еса "Шалёны дзень, або Вяселле Фігара" была ўпершыню надрукавана ў Парыжы ў 1785 г., а ў 1786 г. адбылася прэм'ера оперы Моцарта, напісанай па гэтаму твору. Асобнік, які быў у Вайніловіча, паказаны ў скураным пераплёце і з пазалочаным вензелем, што сведчыць аб каштоўнасці выдання. Сярод іншых кніг дадзенага раздзела кнігазбора некалькі твораў Францішка Багамольца. Палачанін па паходжанню, Францішак Багамолец (1720-1784 гг.) стаяў ля вытокаў польскамоўнай драматургіі Новага часу. У яго сляды ішоў затым Войцех Багуслаўскі, які не толькі ставіў творы Багамольца ў "Нацыянальным тэатры", але і напісаў лібрэта для оперы "Ашчасліўленая галеча" па п'есе Багамольца. Гэтым творам (муз. Мацея Камінскага) у 1776 г. "Нацыянальны тэатр" у Варшаве паклаў пачатак польскай прафесійнай сцэне. Гэтая п'еса Багамольца запісана ў інвентар кнігазбора Ф.Вайніловіча, праўда, пад "перакручанай" назвай і без пазначэння аўтара. Сярод іншых твораў Ф. Багамольца ў Катлове захоўваліся "Старушкевіч" і "Цырыманіял" - п'есы, якія былі напісаны ў маралізатарскім духу і перадвызначылі накіраванасць вядомага твору Нямцэвіча "Вяртанне дэпутата". У кнігазборы таксама адзначана камедыя Францішка Карпінскага "Чынш", папулярная на польскамоўнай сцэне і сёння. Сярод іншых драматычных твораў, якія захоўваў Ф. Вайніловіч, варта адзначыць п'есу "Удава" ("Wdowa"). Гэта, хутчэй за ўсё, твор Ламерсье "Ланаса або Удава з Малабару", якая была пастаўлена ў "Нацыянальным тэатры" В.Багуслаўскага на польскай мове ў 1790 г. Гэтая п'еса, як і большасць вышэй згаданых, мела ў той час у Рэчы Паспалітай палітычнае гучанне. Яна была прысвечана мяшчанству, паказвала ў прыхільным святле мяшчанскае асяроддзе. В.Багуслаўскі паставіў яе ў разгар абмеркавання ў Чатырохгадовым сейме магчымасці надання правоў трэццяму саслоўю. У далейшым "Ланасса" ўваходзіла ў рэпертуар многіх аб'яздных труп і была папулярна на сцэнічных пляцоўках Беларусі, Літвы і Польшчы да сярэдзіны ХІХ ст.

Выпадковасць падбору кніг у бібліятэцы Ф.Вайніловіча пры больш дэталёвым аналізе, як бачым, не адпавядае рэчаіснасці. Гаспадар маёнтку Катлова фармаваў свой кнігазбор мэтанакіравана. У яго бібліятэку траплялі выданні, якія адпавядалі духу Асветніцтва, былі важнымі падзеямі ў палітычным і культурным жыцці тагачаснай Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці з асветніцкім ідэалам чалавечай асобы - эрудыраванай, шматбаковай і маральна ўзнёслай, Вайніловіч па меры магчымасці фармаваў кола свайго чытання. Таму менавіта значную частку бібліятэкі складалі працы па прыродазнаўчым навукам, падручнікі з розных галін ведаў, энцыклапедыі. Аб гэтым сведчыць і наяўнасць работ класікаў і натхніцеляў еўрапейскага Асветніцтва.

Думаецца, Дамінік Нарбут, войскі лідскі, дэпутат Чатырохгадовага сейму, сябра Таварыства прыхільнікаў Канстытуцыі - левай групы на гэтым сейме, а затым адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 г. невыпадкова стаў апекуном маёнтка Вайніловіча пасля смерці гаспадара. Можна меркаваць, што гэтыя дзве асобы былі не толькі далекімі крэўнымі, але і адзінадумцамі.

Аўтарцы гэтых радкоў не ўдалася высветліць далейшы лёс кнігазбору Ф. Вайніловіча. Вёска Катлова, якая цяпер знаходзіцца на паўднёва-усходняй ускраіне Наваградскага раёна, з'яўляецца невялікай (па афіцыйным дадзеным - каля 70 жыхароў), пэўна там засталіся рэшткі былога маёнтку. Дамінік Нарбут паіёр напачатку ХІХ ст. ( у 1807 ці 1808 годзе). Магчыма, частка кніг Вайніловіча трапіла ў яго бібліятэку. Пэўна, недзе ў кнігазборах ёсць кнігі з пазалочаным вензелем "F W", які з'яўляецца таямніцай для новых уладальнікаў катлоўскай даўніны.



Асоба

Тэстамент Тадэвуша Касцюшкі

Вывучэнне жыццёвага шляху і светапогляду Тадэвуша Касцюшкі мае амаль двухсотгадовую традыцыю. Здавалася б, за такі доўгі час не павінна застацца непрачытаных старонак і белых плямаў у яго біяграфіі. Але і сама постаць Касцюшкі, і эпоха, пазначаная яго імем, настолькі шматбаковыя і складаныя, што відавочныя і вывучаныя на першы погляд факты раптам адкрываюць невядомую раней рысу характару ці момант біяграфіі нашага вялікага земляка. У навуковай і папулярнай літаратуры даўно ўжо знайшлі сваё адлюстраванне намаганні Тадэвуша Касцюшкі вызваліць ад рабства і прыгонніцтва і сялян Рэчы Паспалітай, і амерыканскіх неграў. Яго тэстаменты неаднойчы даследваліся навукоўцамі [160], аднак, на нашу думку, значэнне гэтых дакументаў дагэтуль не ацэнена.

Адзін з тэстаментаў быў напісаны Т.Касцюшкам за паўгода да смерці, у час, калі былы паўстанцкі дыктатар жыў у Швейцарыі. Копія гэтага дакумента была знойдзена Б.Клейнам у гродзенскім архіве ў пачатку 1960-х гадоў і ўпершыню надрукавана ў беларускім выданні [4].

Звяртаючыся да архіва, перададзім тут асноўныя акалічнасці бытавання гэтага дакумента і яго змест. У маі 1817 г. у варшаўскай "Gazecie wiejskiej" пад загалоўкам "Навіны з Салюра" была надрукавана зацемка, у якой паведамлялася, што 2 красавіка гэтага года да мясцовага натарыюса Франца Ксавера Аміста прыйшоў Тадэвуш Касцюшка, каб засведчыць свой тэстамент. У ім Касцюшка паведамляў, што, глыбока ўсведамляючы несправядлівасць прыгонніцтва, ён назаўсёды скасоўвае залежнасць сялян у сваім маёнтку Сяхновічы ў брэсцка-літоўскім ваяводстве, што сяляне Сяхновічаў згодна з яго воляй адгэтуль з'яўляюцца ўладальнікамі замлі, на якой працуюць, і вызваляюцца ад усіх павіннасцяў, якія за яе выконвалі. Адзіны абавязак, які на іх накладае былы ўладальнік - імкнуцца да адкрыцця школ і распаўсюджання асветы. Маёнтак жа Сяхновічы, за выключэннем сялян і іх зямлі, Касцюшка гэтым тэстаментам аддаваў у поўнае ўладанне сваёй пляменніцы Кацярыне Эстка (удаве пляменніка - С.К-С.) і яе нашчадкам як выказ свайго да іх добрага стаўлення [6, арк.. 1-1адв.]. У верасні 1817 г. звесткі аб публікацыі ў варшаўскай газеце дайшлі да гродзенскага грамадзянскага губернатара Станіслава Урсын-Нямцэвіча, які абавязаў кобрынскага маршалка высветліць сапраўднасць паведамлення аб тэстаменце і сабраць звесткі аб нашчадках і маёнтку. Спачатку сам маршалак, а затым кобрынскі спраўнік наведалі маёнтак і склалі яго апісанне, спраўдзілі дакументы, якія мела Кацярына Эстка. У маёнтку налічвалася 18 двароў, у якіх жыло паводле рэвізіі 1816 г. 53 мужчыны і 40 жанчын. Сяляне былі беднымі - заможнасці не спрыяла неўрадлівая глеба, якой, у дадатак, было вельмі мала. На адзін сялянскі двор прыпадала толькі палова валокі, пры чым у гэтую плошчу ўваходзілі і лугі. Сяляне мелі 36 валоў, 12 коней, 33 каровы. Ад кожнага двара адпрацоўвалася звычайная для таго часу паньшчына - два дні мужчынскіх і два дні жаночых на тыдзень, апрача таго выконвалі гвалты - два дні на год ад гаспадаркі, а таксама чатыры дні на год талакі. Пры неабходнасці, як пісалася ў дакуменце, жанчыны павінны былі працаваць "сколькі трэба", не зважаючы на ўсталяваныя памеры талакі [6, арк.6]. У фальварку практыкавалася трохполле, але ўраджаі былі малыя. Даход ад маёнтку, па сведчанню Кацярыны Эстка, складаў толькі 150 злотых, а падатак, які плацілі ўладальнікі за зямлю і сялян - 45 руб. 24 кап., што фактычна перавышала суму даходу[6, арк.6 адв.].

Паводле дакументаў, прадстаўленых Кацярынай Эстка, Тадэвуш Касцюшка даўно страціў усе правы на маёнтак. Яшчэ ў 1775 годзе ён перадаў Сяхновічы сваёй сястры ў замен за выкуп пазык, які нарабіў яго брат Восіп. Маёнтак быў аддадзены за 490 чырвонцаў, аб чым у 1877 г. быў зроблены запіс у брэсцкім земскім судзе. Эсткі выплацілі амаль утрая большую суму, чым каштаваў маёнтак - пагашалі не толькі пазыкі, але і працэнты па іх, укладвалі грошы ў разбураную гаспадарку Сяхновічаў. Хаця маёнтак быў перададзены ў трыманне, але паводле дзеючага заканадаўства, найперш, палажэнняў Статута 1588 г., паколькі ён не быў выкуплены ўладальнікам на працягу 30 гадоў, Касцюшка страціў на яго ўсе правы. Апрача таго, як аказалася, прэтэнзіі на маёнтак мелі не толькі блізкія і далёкія сваякі Касцюшкі, але і ягоныя крэдыторы. Нехта Заленцкі, даведаўшыся аб тэстаменце, падаў губернатару прашэнне аб задаволенні ягоных прэтэнзій на частку маёнтка, паколькі Эсткі не паспелі вярнуць яму ўсе пазычаныя Восіпам грошы [6, арк. 13-13 адв.]. Паколькі асоба генерала Касцюшкі была надзвычай важнай, гродзенскі губернатар не рызыкнуў асабіста вырашыць лёс яго тэстамэнту, а звярнуўся за тлумачэннем у МУС. Міністр Казадаўлеў адказаў разгорнутым лістом, у якім тлумачыў немагчымасць выканаць тэстамент не толькі заблытаннасцю спадчыных правоў, але і супярэчнасцю гэтага дакумента расійскаму заканадаўству [6, арк.26-26 адв.]. Згодна з указам "аб вольных аратых", выдадзеным Аляксандрам І 20 лютага 1803 г., і дадаткам да яго ад 21лютага гэтага ж года, памешчык мог вызваліць сваіх сялян толькі з зямлёй, пры чым сяляне павінны з гэтай зямлі плаціць падаткі дзяржаве, а памешчык - аформіць здзелку у мясцовых органах улады. У выпадку тэстамента Касцюшкі сялянам давалася асабістая свабода, а парадак надзялення зямлёй не агаворваўся. Апрача таго, генерал не ўказаў у тэстаменце, хто павінен займацца ўпарадкаваннем юрыдычнага статуса вызваленых сялян. Такім чынам, жаданне Касцюшкі даць волю прыгонным аказвалася неправамоцным.

Тое, што рашэнне Тадэвуша Касцюшкі вызваліць сваіх сяхновіцкіх падўладных, засталося няйздзейсненым, даследчыкамі, як правіла, тлумачыцца рэакцыйнымі памкненнямі царскіх уладаў. Але, як бачна з вышэй выкладзенага, воля Касцюшкі і паводле яго правоў на маёмасць, і паводле існуючага заканадаўства аб'ектыўна не магла быць выкананай. Лагічным было бы паставіць пытанне - а ці ведаў аб гэтым сам генерал, складаючы падобны тэстамент? Думаецца, што Тадэвуш Касцюшка добра гэта ўсведамляў. У яго ўжо быў вопыт распараджэння амерыканскай маёмасцю: не гледзячы на зацікаўленасць амерыканскага прэзідэнта, жаданне генерала прызначыць уласныя сродкі на вызваленне неграў, выказанае ў 1798 г., сутыкнулася з юрыдычнымі і эканамічнымі перашкодамі. Тадэвуш Касцюшка не мог не ведаць, што ўжо згубіў права распараджацца Сяхновічскім маёнткам з-за заканчэння тэрміну яго выкупу. Сам тэкст тэстаменту не мае многіх абавязковых рысаў падобнага акта: парушаны фармуляр, не згадваюцца ўпаўнаважаныя па выкананню апошняй волі і г.д. Калі нават сам Касцюшка не ведаў, як афармляюцца падобныя паперы, абавязкам праўніка, якія засведчыў дакумент, было зрабіць усе належныя працэдуры, каб ён меў моц. Але гэтага зроблена не было. Чаму тады ўвогуле з'явіўся гэты тэстамент? Чаму Тадэвуш Касцюшка распараджаўся маёмасцю, якая яму не належала і не зрабіў належных захадаў, каб яго воля мела рэальныя падставы да здзяйснення і чаму праз некалькі месяцаў ён піша новы тэстамент, які належным чынам афармляе і ў якім распараджаецца тым, што рэальна яму належыць? Думаецца, што першай падказкай у развязванні дадзенай загадкі з'яўляецца публікацыя тэстамента ў "Gazecie Wiejskiej". Тое, што амаль адразу пасля складання, і безумоўна не без дазволу Касцюшкі, а, хутчэй, па ягонай ініцыятыве тэстамент быў абнародаваны ў Варшаве (не, да прыкладу, у Парыжы!) наводзіць на думку, што ён задумываўся і складаўся не як юрыдычны дакумент, а як палітычны маніфест, які павінны былі пачуць на радзіме генерала. Сітуацыя, што склалася на землях былой Рэчы Паспалітай у гэты час, давала надзею на працяг абаляцыянісцкіх захадаў прагрэсіўна настаўленай шляхты, якія не удалося рэалізаваць у 1794 г.

Пасля падпісання ў 1815 г. Версальскага дагавора было створана Царства Польскае пад эгідай Расійскай імперыі. Як вядома, канстытуцыя, якую цар надаваў новастворанай аўтаноміі, замацоўвала не толькі правы шляхты, але і падцвярджала нормы Кодексу Напалеона, які знішчаў прыгонніцтва. Чуткі аб тым, што тэрыторыя ВКЛ можа быць далучана да новай польскай аўтаноміі, актыўна распаўсюджваліся на радзіме Касцюшкі. Так, да прыкладу, у 1815 г., калі працэс утварэння Царства Польскага яшчэ не быў завершаны, Міхал Клеафас Агінскі, тады сенатар Расійскай імперыі, пачаў распаўсюджваць у Вільні тэкст канстытуцыі, складзены польскімі патрыётамі. Паводле яго ў адзіную дзяржаву злучаліся ўсе землі былой Рэчы Паспалітай, якія знаходзіліся ў Расійскай імперыі; яны атрымлівалі ўласнага караля і аўтаномію. Апрача іншага, гэтая канстытуцыя прадугледжвала вызваленне сялян. "Сяляне карыстацца будуць правамі грамадзяніна з моманту абвяшчэння Канстытуцыі, - пісалася ў праекце, - і ад гэтага часу будуць заключацца паміж імі і ўладальнікамі земляў дагаворы, якія ўхваляюцца ўладамі. Усе даўгі сялян да 1814 г. скасоўваюцца."[ 2, л.2а об.] . Як высветліла паліцыя, гэтая канстытуцыя шырока разыйшлася па беларускім губерням і абмяркоўвалася на мясцовых сходах шляхты [ 2, л. 5 об.]. Нават калі спадзяванні літвінскіх патрыётаў на злучэнне з Царствам Польскім не спраўдзіліся, заставалася надзея, што Аляксандр І з часам дасі падобную да польскай канстытуцыю і былым землям ВКЛ, а магчыма, і ўсёй імперыі, і што ў гэтай канстытуцыі правы сялян будуць абаронены. Пытанне аб неабходнасці вызвалення сялян неаднойчы ставілася мясцовымі нобілямі і ў апошнія гады Рэчы Паспалітай, і ў першыя дзесяцігоддзі расійскага панавання. Іх погляды на эканамічную і маральную мэтазгоднасць скасавання прыгоннага права на літвінскіх землях выклаў у сваёй кніге брат віленскага рэктара В.Страмень-Страйноўскі.[7] Такім чынам, заклік Касцюшкі, надрукаваны ў варшаўскай газеце, адрасаванай землеўладальнікам, трапляў на добрую глебу. Ці меў ён водгук і ці быў заўважаны землякамі генерала? Ёсць ўсе падставы сцвярджаць, што водгукам на яго былі падзеі ў Вільні ў снежні 1817 г., цераз два месяцы пасля смерці генерала.

У адпаведнасці з традыцыяй, захаванай расійскім урадам пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, у канцы года адбываліся павятовыя сеймікі. Пасля адміністратыўнага пераўладкавання, апрача павятовых (уездных) пачалі праводзіцца і губернскія з'езды шляхты. Менавіта 1 снежня 1817 г. у Вільні пачаў сваю работу губернскі сеймік віленскай шляхты. Яго правядзенне адбывалася ў час, калі ў Вільні праходзілі дні памяці Т.Касцюшкі. Сеймік увайшоў у гісторыю, дзякуючы дзвум акалічнасцям: у якасці галоўнага пытання на ім разглядалася магчымасць вызвалення сялян ад прыгону, наступным жа было ўшанаванне памяці генерала Тадэвуша Касцюшкі. Думаецца, што гэтыя два пытанні невыпадкова былі адначасова вынесены ў расклад дня.

Згаданы віленскі сеймік 1817 г. неадначасова прыцягваў да сябе ўвагу даследчыкаў. Літоўскія гісторыкі выявілі і надрукавалі афіцыйную справаздачу з сейміка і фрагменты дыярыюша аднаго з удзельнікаў.[10, 11] Вядомая даследчыца Тамара Байрашаўскайте зрабіла кароткі аналіз складу сейміка.[9] Аб ролі ў ім масонаў піша вядомы беларускі даследчык В.В.Швед [8], згадываецца сеймік і ў адной з нашых работ.[5] Дадатковы матэрыял аб падрыхтоўцы віленскага сейміка і яго наступствах выяўлены намі ў фондах міністэрства паліцыі, якія адклаліся ў Дзяржаўным архіве РФ у Маскве.

У парадку дня віленскага сейміку, найперш, былі выбары шляхецкага самакіравання, якія цягнуліся не без канфліктаў першыя некалькі дзён. Калі выбары былі скончаны, слова ўзяў маршалак упіцкай шляхты Шыман Завіша, які звярнуўся да прысутных з палымянай прамовай аб неабходнасці вызваліць сялян ад прыгону. Тэкст яго прамовы ( "Голас") і яе рускі пераклад былі далучаны да паліцэйскай справы. Завіша ўнёс прапанову, сугучную палажэнням тэстаменту Т.Касцюшкі - вызваліць сялян ад прыгону, але без зямлі. У сваёй прамове упіцкі маршалак, у адпаведнасці з бытаваўшай у той час сарматскай тэорыяй, гаварыў аб сялянах, як аб нашчадках былых ваеннапалонных, заняволеных пераможцамі. "Калі яны незлічанай сваёй працай і не даслужыліся да шляхецтва, то ці не ім мы абавязаныя ўсімі выгадамі і прывілеямі нашымі?" - Рытарычна пытаўся ён у прысутных. [3, л. 3]. Для заспакаення найбольш зацятых праціўнікаў вызвалення сялян Завіша тлумачыў, што, паколькі зямля застанецца ў памешчыкаў, сяляне вымушаны будуць браць яе ў арэнду і плаціць за гэта. Заканчываючы прамову, упіцкі маршалак прапанаваў падаць прашэнне Аляксандру І вызваліць сялян, як гэта ўжо было зроблена ў суседніх землях імперыі - Царстве Польскім і Інфлянтах. Выступленне Завішы было сустрэта з вялікім энтузіязмам. Супраць выказаўся толькі адзін дэпутат - шляхціч Пашкоўскі з Ашмянскага уезда. Яго ледзь не пабілі, а ў час выступлення нехта прышпіліў яму на плечы паперу, на якой была намалявана шыбеніца [3, л.16 об.]. Каб не пачалася бойка, маршалак сейма віцэ-губернатар Міхал Зіберк-Плятар вымушаны быў даць Пашкоўскаму ахову і перапыніў паседжанне.

Як высветліла следства, абмеркаванне пытання аб знішчэнні прыгоннага права рупліва рыхтавалася. Граф Канстанцін Плятар, маршалак вількамірскага ўезда і брат віленскага віцэ-губернатара, надрукаваў у віленскай друкарні інструкцыю для шляхты, у якой вызначалася, якія наказы ў справе вызвалення сялян даваць сваім дэпутатам на сеймік [3, л.27].Матэрыялы аб вызваленні напярэдадні сейміка надрукавалі ў выданні таварыства шубраўцаў "Wiadomości brukowe" мясцовыя масоны [8 с.16.].

Звесткі аб выступленні літвінскіх шляхцічаў дайшлі да Аляксандра І. Аднак імператар, не ўзяўшы пад увагу прапанову вызваліць сялян, абмежаваўся прадпісаннем мясцовай ўладзе скласці дакладны пералік пытанняў, якімі могуць займацца сеймікі, каб на будучае " не толковать о предметах толико важных".[3, л.16 об.]

Не гледзячы на няўдачу шляхецкай фронды на губернскім сейміку, у 1817-1819 гг. некалькі шляхцічаў па прыкладу Т.Касцюшкі абвясцілі аб вызваленні сваіх прыгонных. Сярод іх быў адзін з самых багатых памешчыкаў заходніх губерняў І.Карп.

Такім чынам, тэстамент Т.Касцюшкі, напісаны 2 красавіка 1817 г., можна разглядаць як палітычны маніфест, які выклікаў спробу дымакратычна настаўленай шляхты беларуска-літоўскіх губерняў, карыстаючыся спрыяльнай сітуацыяй, дамагчыся скасавання прыгоннага права. На жаль, ва ўмовах Расійскай імперыі, якая ў гэты час паступова пераходзіла на рэйкі ахоўніцтва, гэтыя памкненні засталіся няздзейсненымі.

Літаратура

1. Бензярук А. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду.- Мн, 2007- с.5-11.

2.ГАРФ, ф. 1165, оп.1, д.25.

3. ГАРФ, ф.1165, оп. 1, д.93.

4. Клейн Б. Найдено в архиве // Неман. - 1965. - № 6. - С.119-121.

5. Куль-Сяльверстава С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур. Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях. - Мінск, 2000.- с.199.

6. НГАБ у Гродна, ф. 1, воп. 1, спр. 893.

7. О условиях помещика с крестьянами графа В.Стройновского. Перевод и предисловие В.Анастасевича. - Вильна, Изд. Ю. Завадского - 1809.

8. Швед В.В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII- першая чвэрць ХІХ ст.) - Гродна, 2007.

9. Bajrašauskaite T. 1817 metų Vilniaus gubeijos bujorų seimelis (reinterpretacjos bandymas)// Letuvos istorijos metraštis 1998 metai, Vilnius 1999 - s. 50-51, 69-72.

10. Bajrašauskaite T. Diariusz sejmiku 1817 r. jako źródło do dziejów szlschty litewskiej //Pogranicze polsko-litewsko-białoruskie. Źródła historyczne stan badań. Materyjały z konferencji. /Red. Marek Ketliński. - Białystok, 2003- s.84-91.

11. Janulajtis A. Baudžimų panaikinimo sumanymai Letuvoje (1817-1819 m) . Lapas it socialės Letuvos istorijos Kaunas, 1929.

Міхал Клеафас Агінскі

Постаць Міхала Клеофаса Агінскага настолькі значная і неардынарная, што нават у часы, багатыя на незвыклых, выключных асоб, якімі была мяжа XVIII-ХІХ стст, яна прыцягвае ўвагу даследчыкаў. У беларускай, польскай, расійскай гістарыяграфіі існуе цэлая скіба работ, прысвечаных Міхалу Клеофасу. Дастаткова ўзгадаць, што асоба Агінскага зацікавіла А.Залускага, А.Мальдзіса, А.Грыцкевіча, І.Бэлзу, Л.Трэпет і многіх іншых даследчыкаў. Дзейнасць і постаць М.К.Агінскага настолькі неардынарныя, што яшчэ пры яго жыцці абумовілі з'яўленне міфаў і паданняў, а сучаснікі гэтага палітычнага дзеяча і музыканта падзяліліся ў стасунку да яго на два лагеры - апалагетаў і праціўнікаў. Такое становішча няўхільна выклікала фіксаванне і замацаванне ў навуковай літаратуры недакладных звестак аб Міхале Клеофасе, рэтрансляцыю міфаў і паданняў, выпрацоўку пэўнага схематычнага вобразу Агінскага.

У дадзеным артыкуле аўтарка не імкнулася пераказаць жыццёвы і творчы шлях Міхала Клеофаса, а толькі засяродзіць увагу на тых найбольш распаўсюджаных міфах аб ім, якія дзесяцігоддзямі тыражыруюцца праз папулярную і навукова-папулярную літаратуру. Апрача таго, ніжэй будуць прыведезены некалькі малавядомых эпізодаў з жыцця і дзейнасці М.К.Агінскага, звесткі аб якіх ўдалося знайсці ў архівах.

Адным з найбольш распаўсюджаных міфаў, які існуе аб героі дадзенай работы, з'яўляецца яго блізкае радство з Міхалам Казімірам Агінскім. У рабоце Л.Трэпет, да прыкладу, Міхал Казімір пазначаны як дзядзька Міхала Клеофаса і гэтым тлумачыцца той неабвержны, на думку даследчыцы, факт, што пачатковую музычную адукацыю Клеофас атрымаў у Слоніме. [161] Гэтае ж сцвярджэнне можна знайсці ў артыкуле аб Агінскім, змешчаным у Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі. [162] На самой справе крэўныя сувязі паміж двумя Агінскімі былі дастаткова далёкімі. Род Агінскіх вядзе свой пачатак ад князя Дзмітрыя Іванавіча Глушонка, які атрымаў ад Вялікага князя Аляксандра ў 1486 г. маёнтак Агінты. У наступным стагоддзі род Агінскіх падзяліўся на дзве лініі: малодшая - шляхецкая - у рэшце рэшт згасла ў Віцебску; старэйшая (рэтаўская) - княжацкая - дала Беларусі Міхала Клеофаса Агінскага. Нашчадкам Д.Глушонка быў Багдан Агінскі (пам.1542 г.). Далей радавое дрэва Міхала Клеофаса выглядала наступным чынам. Мацей (пам.1564)- Багдан (пам.1625 г.)- Самуель Леў (пам.1657)- Сымон Кароль (пам.1689)-Марцін (Марцыян) Міхал (пам.1750)-Тадэвуш (пам.1783)-Андрэй (пам.1787) - Міхал Клеофас [163]. Родным дзядзькам Міхала Клеофаса Агінскага быў Францішак Ксаверы Агінскі, кухмістр літоўскі, якому належалі маёнткі на Ашмяншчыне, у тым ліку, Залессе, а таксама ў ваколіцах Гродна. Агульным продкам Міхала Клеофаса і Міхала Казіміра быў Самуэль Леў, так што кроўныя сувязі гэтых двух асобаў былі дастаткова далёкія. Бясспрэчна, што два выдатных музыканта і палітычных дзеяча, негледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, былі добра знаёмыя, мелі фінансавыя, а ў канцы жыцця гетмана і цесныя сяброўскія стасункі. Падцверджанні гэтаму прадстаўляе ў сваёй кнізе пра Міхала Казіміра А.Ціханавецкі. [164]

Другім распаўсюджаным міфам з'яўляецца сцвярджэнне, што Міхал Клеофас вельмі часта гасцяваў у свайго "дзядзькі" у Слоніме і менавіта тут склаўся як кампазітар і піяніст. [165] На думку згадванага ўжо А.Ціханавецкага, гэтае сцвярджэнне можа разглядацца толькі як гіпотэза. Ніякіх падцверджанняў гэтага ні ў архіўных дакументах, ні ў мемуарах няма. [166]

Яшчэ адна недакладнасць звязана з маёнткам Залессе, дзе Міхал Клеофас Агінскі стварыў сапраўдныя "Паўночныя Афіны". Як правіла, лічыцца, што гэты маёнтак быў падараваны яму родным дзядзькам Францішкам Ксаверыям. На самой справе лёс Залесся і стасункі паміж дзядзькам і пляменнікам былі больш складанымі.

Ад бацькі Міхал Клеофас атрымаў дастаткова вялікую фартуну. Апрача грошай, гэта былі маёнткі ў Польшчы, і тыя, якія куплялі Агінскія ў Вілейскім і Ашмянскім паветах, у тым ліку, Ізабелін, Сакі, Сечкі і інш. [167] Не меньшыя ўладанні прынесла яму ў пасагу яго першая жонка Ізабела з роду Лясоцкіх. Але пасля разгрому паўстання 1794 г. і эміграцыі Агінскага за мяжу гэтыя маёнткі былі страчаны - канфіскаваны. Як правіла, Кацярына ІІ не вельмі ахвотна ішла на канфіскацыю маёнткаў магнатэрыі. Часцей на маёнткі накладваўся секвестр, і ўрад чакаў, калі непакорны ўладальнік прынясе прысягу і стане вернападданым. У стасунку да Агінскага былі прадпрыняты самыя жорсткія меры, што была звязана з яго роллю ў паўстанні пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Больш таго, канфіскаваныя маёнткі Міхала Клеофаса былі праданыя, ці падораныя на працягу пяці гадоў пасля паўстання, і ў выпадку атрымання прабачэння ад расійскага імператара і прыездзе на радзіму яны ўжо не маглі быць яму вернутыя. Агінскі некалькі разоў спрабаваў артымаць амністыю ў час царавання Паўла І, але беспаспяхова. Нарэшце, калі імператар на расійскім троне памяняўся, амністыя была атрымана, і Агінскі мог вярнуцца на Беларусь. У сувязі з гэтым устала пытанне аб вяртанні маёнткаў. Што і як было вернута - аб гэтым згадвае ў сваёй кнізе А.Залускі. [168] Аднак падрабязнасці гэтай аперацыі ўяўляюцца вельмі цікавымі.

Дзядзька Міхала Клеофаса Францішак Ксаверы сапраўды зрабіў пляменніка сваім спадкаемцам. Але сама постаць старэйшага Агінскага і ўмовы, якія ён паставіў перад малодшым для атрымання гэтай спадчыны, не адпавядаюць уяўленням пра добрыя роднасныя стасункі. Яшчэ ў 1797 г. Францішку Ксаверыю вярнулі секвестраваныя перад гэтым Залессе, Рэтаў, Маладзечна. Але вельмі хутка і ад навакольных шляхцічаў, і ад сялян гэтых маёнткаў на адрас расійскіх уладаў пасыпаліся скаргі аб тым, што стары Агінскі "пашкодзіўся і розуме". [169] На працягу чатырох год гэты, паводле выразу генерал-губернатара Бенігсена ,"престарелый, уединенный и всегда меланхолии преданный муж" здзекваўся са сваіх прыгонных. У галодныя гады абкладаў іх дадатковымі цяжкімі падаткамі, не клапаціўся аб стварэнні запасных магазінаў, як таго патрабаваў урад, адбіраў у галодных сялян апошні хлеб і ўрэшце давёў сялян да поўнай галечы. Мясцовы маршалак, спраўнік неаднаразова спрабавалі пераканаць Францішка Ксаверыя змяніць сваі адносіны да сялян, але ён не хацеў нікога бачыць, закрываў дзверы свайго дома ад наведвальнікаў і працягваў здзеквацца з прыгонных. Гэта руйнавала маёнткі, рабіла немагчымым атрыманне дзяржаўных падаткаў з сялян. У Расійскай імперыі ў гэтых выпадках прадпісана было адхіляць няспраўных памешчыкаў ад кіравання маёнткамі і прызначаць апеку. Губернатар Разенберг, паспрабаваўшы ўсе магчымыя сродкі, урэшце прызначыў апекуна. Але стары Агінскі знайшоў выйсце, каб не дапусціць чужога чалавека ў свае ўладанні. Ён выказаў жаданне, каб апекуном ягоных маёнткаў стаў пляменнік Міхал Клеофас. [170] У гэты час Малады Агінскі яшчэ жыў за мяжой. Магчыма, дзядзька разлічваў, што амністыя так і не будзе атрымана Міхалам Клеофасам, і справа аб апецы зацягнецца на доўгія гады. Але Аляксандр І дазволіў пляменніку вярнуцца на радзіму.

8 мая 1802 г. на імя Мінскага грамадзянскага губернатара Карнеева быў выдадзены сенацкі ўказ аб даручэнні Міхалу Клеофасу Агінскаму прыняць на сябе апеку над маёнткамі дзядзькі з тым, каб да смерці Францішка Ксаверыя ўсе даходы з маёнткаў ішлі ўладальніку. [171] Такім чынам, атрымліваючы Залессе, Міхал Агінскі фактычна не меў права распараджацца маёнткам і яшчэ мусіў укладываць свае ўласныя сродкі на яго ўтрыманне. І толькі пасля смерці дзядзькі ён станавіўся сапраўдным уладальнікам усёй фартуны.

Не гледзячы на тое, што ўсе ўмовы, якія высоўваў Францішак Ксаверый для ўзяцця маёнткаў у апеку, былі выкананы, дзядзька доўга не даваў магчымасці пляменніку ўвайсці ў Залессе і іншыя мястэчкі і вёскі ў якасці апекуна. Ён хаваў паперы на маёнткі, не дапускаў да сябе прадстаўнікоў улады, якія прыязджалі за дакументамі, не хацеў бачыць і пляменніка. Маёнткі Агінскага былі абцяжараны значнымі запазычанасцямі, трэба было прадаць частку маёмасці, каб разлічыцца з крэдыторамі. І толькі пасля настойлівых патрабаванняў малодшага Агінскага і ўмяшальніцтва па ягонай просьбе вышэйшых уладаў Францішак Ксаверый здаўся і перадаў пляменніку пажаданыя паперы. [172] Частка маёнтку была прададзена, выплаты былі зроблены. [173]

Залессе фармальна не належала Міхалу Клеофасу Агінскаму на працягу амаль усяго часу, калі ён жыў там. Толькі ў 1814 г. пасля смерці Францішка Ксаверыя маёнткі дзядзькі згодна з тэстаментам сталі належаць малодшаму Агінскаму.

Неаднаразова даследчыкі звярталіся да палітычнай дзейнасці Міхала Клеофаса Агінскага. Такая значная зорка на небасхіле палітычнай гісторыі не магла не ўплываць на фармаванне сітуацыі і ў Беларусі і Літве, і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расійскай імперыі. Але і тут многае яшчэ застаецца да канца невысветленым. Звернем увагу толькі на адзін з эпізодаў у дзейнасці М.К.Агінскага - на праекце па аднаўленню Вялікага княства Літоўскага, пададзеным ім Аляксандру І ў 1811 г. Гэты эпізод неаднаразова прыцягваў да сябе ўвагу даследчыкаў, як польскіх і расійскіх, так і айчынных. [174]

Міхал Клеофас Агінскі перажыў у сваім жыцці многа ваганняў на палітычнай глебе. Але гэтыя ваганні датычылі толькі аднаго моманту ў ягоных перакананнях: на каго "рабіць стаўку" у справе аднаўлення незалежнасці ягонай Бацькаўшчыны. У польскай літаратуры яшчэ з ХІХ ст. існуе меркаванне, што для Агінскага першасным была вольнасць і незалежнасць Польшчы і для дасягнення гэтага ён імкнуўся заручыцца падтрымкай Аляксандра І. Калі ж гэта аказалася недасягальным, як палеатыў Міхал Клеофас паспрабаваў правесці праект аднаўлення ВКЛ пад эгідай Расійскай імперыі. [175] Аднак, як можна меркаваць па дакументах, менавіта аднаўленне Вялікага княства Літоўскага найбольш клапаціла Міхала Клеофаса Агінскага. А аднаўленне Польшчы бачылася яму як аднаўленне Рэчы Паспалітай абодвух народаў, дзе ВКЛ мела бы роўныя правы з уласна Польшчай. У паперах М.К.Агінскага ў Архіве старажытных актаў у Маскве захоўваецца нататка, якая падмацоўвае гэта сцвярджэнне. [176]

Многа міфаў і плётак склалася яшчэ пры жыцці Міхала Клеофаса Агінскага аб ягоных раманах і авантурах з кабетамі. Асабліва шмат іх віравала вакол гісторыі другога шлюбу сенатара - з Марыяй дэ Няры, удавы Нагурскай. Найбольш непрыхільна і з'едліва пісаў аб гэтым рамане, пэўна, Станіслаў Мараўскі - вядомы доктар, філамат, які паходзіў з паважанага шляхецкага роду. Добрае паходжанне і сваяцкія стасункі з многімі шляхецкімі фаміліямі забяспечвалі яму давер сваіх вяльможных кліентаў. Безумоўна, алькоўныя таямніцы адносін Агінскага з яго другой жонкай, якія раскрывае С.Мараўскі ў сваіх мемуарах, не цалкам вартыя даверу. Але яны, пэўна, часткова могуць праліць святло на асобныя падзеі з жыцця Міхала Клеофаса. Гэта, найперш, датычыць прычын ад'езду Агінскага ў Італію ў ягоныя апошнія гады.

Пэўна, не толькі крах палітычных планаў Міхала Клеофаса, бесперспектыўнасць далейшага змагання за аднаўленне Бацькаўшчыны і ўзмацненне рэакцыйных тэндэнцый ў расійскім грамадстве пагнаў ў далёкую Фларэнцыю сенатара і кампазітара. Справа філарэтаў і філаматаў, якая як быццам падштурхнула сенатара да гэтага, [177] не магла моцна закрануць Агінскага - ён быў вельмі высокім саноўнікам, каб трапіць у няміласць за сувязь свайго секратара Леанарда Ходзькі з сябрамі тайных таварыстваў. Больш верагодна, што да ад'зда Міхала Клеофаса за мяжу ў большай ступені прычыніліся ягоныя стасункі з другой жонкаю.

Другая жонка М.К.Агінскага Марыя дэ Няры была жанчынай авантурнага складу, якая ведала, чаго яна хоча ў жыцці, і вельмі ўпарта дасягала пажаданага. Пэўна, можна даверыцца С.Мараўскаму ў тым, што, па ягонаму сцвярджэнню, менавіта пані сенатарава, як называлі Агінскую, прымусіла мужа пакінуць Залессе. Агінскі на працягу ўсяго жыцця вельмі шчодра выдаваў грошы на мастацтва і вайну, увязваўся ў авантуры, якія прыносілі толькі выдаткі і літаральна з'ядалі вялікія фартуны, якія ён меў і ад бацькі, і ад дзядзькі. Такім жа чынам страчаны быў маёнтак першай жонкі Міхала Клеофаса. Марыя дэ Няры мела шчасце ў першым шлюбе злучыць свой лёс з старэйшым братам Нагурскім, што зрабіла яе пасля ягонай смерці адной з самых багатых жанчын Польшчы і Літвы. Маючы ў другім шлюбе чацьвёра дзяцей, яна не магла дазволіць, каб іх будучыня залежала ад захапленняў Міхала Клеофаса, і яе грошы пайшлі на вяльможныя забавы. Па сцвярджэнню С.Мараўскага, калі стасункі паміж мужам і жонкай сапсаваліся, Марыя дабілася ад Агінскага перапісаць на сябе ўсю ягоную маёмасць у замен за дастаткова вялікую пенсію і абяцанне, што ён з'едзе за мяжу. Пасля гэтага яна прымусіла крэдытораў задаволіцца толькі часткай грошаў, якія завініў муж, і такім чынам выратавала грошы сваіх дзяцей. [178] Як паведамляе Чэслаў Янкоўскі, які меў магчымасць скарыстаць з успамінаў сучаснікаў пані сенатаровай, Марыя Агінская да канца сваіх дзён была вельмі добрай маці, шанаванай суседзямі ўладальніцай Залесся. Яна многа ўвагі аддавала дабрабыту сваіх прыгонных і росквіту маёнтка. [179]

Многа таямніц яшчэ тоіць музычная спадчына Агінскага. Некаторыя з міфаў, якія склаліся вакол яе, ужо развеяны - М.К.Агінскі ўжо не называецца аўтарам гімна Польшчы "Яшчэ Польшча не загінула"; агульна вядома таксама, што знакаміты і найбольш папулярны паланез атрымаў назву "Развітанне з Радзімай" не па жаданню кампазітара, а пасля паўстання 1830-1831 гг. Але шмат іншых паданняў і таямніц яшчэ чакаюць даследчыкаў - што з музычнай спадчыны Агінскіх належыць Міхалу Клеофасу, а што Міхалу Казіміру; ці не напісаны некаторыя творы сумесна двумя Агінскімі і многае іншае. Пэўна, многае так і застанецца таямніцай назаўсёды.

Фёдар Якаўлевіч Міркавіч: жыццё, дзейнасць і погляд на "польскае пытанне" на беларускіх землях.

Імя Фёдара Якаўлевіча Мірковіча (1789-1866 гг.) увайшло ў гісторыю Беларусі ў сувязі са знаходжаннем яго на пасадзе Віленскага генерал-губернатара ў 1840-1850 гг. Выдаецца, што яго роля ў лёсе беларускіх земляў у вызначальны для нашага народа час яшчэ не цалкам усведамлена айчыннымі гісторыкамі. Спецыяльнай работы, прысвечанай гэтай постаці, у айчыннай гістарыяграфіі пакуль не існуе, Ф.Я.Міркавіч не так "папулярны", як іншыя ягоныя калегі па адміністратыўнай пасадзе, важнейшай для нашай зямлі ў 19 стагоддзі. Разам з тым, Ф.Я.Міркавіч быў чалавекам неардынарным для свайго часу, яго погляды, як можна меркаваць, адыгралі не апошнюю ролю ў вызначэнні дзяржаўнай палітыкі ў стасунку да беларускіх земляў не толькі ў час яго губернатарства, але і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў пасля яго.

Ф.Я.Міркавіч у дзень свайго 70-годдзя пачаў складаць мемуары, што тады было модна сярод расійскага дваранства. Апрацаваныя яго сынам, яны выйшлі з друку ў 1889 г. [180] Часткова гэтыя мемуары з каментарамі і дадаткамі друкаваліся таксама ў перыядычным друку канца 19 ст. [181] Наяўнасць аўтабіяграфіі значна палягчае работу даследчыка, але адначасова патрабуе прыцягнення дадатковых дакументаў, сведчанняў сучаснікаў, каб пазбегнуць суб'ектывізму ў ацэнцы гістарычных рэалій. Да мемуараў прыкладзены шэраг дакументаў, у тым ліку, праект пераўладкавання заходніх губерні імперыі, пададзены Ф.Я.Міркавічам цару ў час побыту на пасадзе. З гэтага кола крыніц дастаткова ясна акрэсліваюцца стасункі віленскага генерал-губернатара да самага "набалелага" у той час ва ўнутранай палітыцы імперыі польскага пытання.

Будучы генерал-губернатар паходзіў з старажытнага сербскага роду, яго дзед у сярэдзіне 18 ст. пераехаў у Рэч Паспалітую, а бацька - Якаў Сцяпанавіч ужо служыў на расійскай службе. Маці Ф.Я.Міркавіча - Марыя Гаўрылаўна Галаўня, была дачкой прыдворнага пеўчага з шляхецкаха, пэўна, украінскага роду. Упершыню Ф.Я.Міркавіч пазнаёміўся з беларускай зямлёй яшчэ ў дзяцінстве - ягоны бацька ў канцы 18 ст. служыў дырэктарам Брэсцкай мытні. [182] Брэст у той час быў важнейшым пунктам на мяжы Расійскай Імперыі і Аўстрыі. Праз горад праязджалі многія відныя саноўнікі, вайскоўцы, прадстаўнікі буйных дваранскіх фамілій, як з Імперыі, так і з Еўропы. Амаль што ўсе яны бывалі ў доме дырэктара мытні. У гэты час ягоным гувернёрам стаў француз Бальзо, раяліст па перакананням - ён трапіў на службу да Міркавічаў па рэкамендацыі Баграціёна. Бальзо суправаджаў будучага губернатара да сваёй смерці ў 1851 г. [183] Другім настаўнікам Ф.Я.Міркавіча быў таксама француз, брат якабінца Марата - Будры, які, змяніўшы прозвішча, працаваў настаўнікам у Расіі з часоў Кацярыны ІІ, у тым ліку, у Царскасельскім ліцэі, калі там вучыўся А.С.Пушкін. [184]

Пасля хатняга навучання Ф.Я.Міркавіч атрымліваў адукацыю ў Пажаскім корпусе ў Пецярбургу, як усе пажы, нёс службу пры двары - быў прызначаны ў камер-пажы пры ўдаве Паўла І імператрыцы Марыі Фёдараўне. У гэтай ролі меў магчымасць пазнаць шмат каго з відных саноўнікаў, быў сведкам важных размоваў аб палітычных справах за мяжой і ў Імперыі. Пасля заканчэння корпусу ў 1809 г. Міркавіч, згодна за яго жаданнем, быў залічаны ў лейб-гвардыі конны полк. Праз тры гады пачалася вайна, у якой Фёдар Якаўлевіч паказаў сябе з найлепшага боку. Пад Барадзіном ён быў цяжка паранены, год лячыўся, жыў у Разані, а ў 1813 г. зноў вярнуўся ў войска і скончыў вайну ў Парыжы. Дні вайны знайшлі адбітак у яго дзённіку, які быў выдадзены ў 1881 г. [185] Атрыманае раненне прымусіла яго ў 1819 г. пакінуць службу ў войску, але ўжо ў 1828 г., калі пачалася вайна з Турцыяй, ён зноў вярнуўся ў дзеючую армію. Пасля завяршэння ваенных дзянняў Міркавіч быў прыкамандзіраваны да старшыні дыванаў Малдавіі і Валахіі графа Ф.П.Палена для надзвачайных даручэнняў, а затым - стаў віцэстаршынёй дывана Валахіі, а праз некаторы час заняў такую ж пасаду пры дыванах абодвух княстваў. У той час Палена на яго пасту замяніў генерал-ад'ютант Кісялёў - герой вайны 1812 г., чалавек ліберальных поглядаў. У час службы ў Малдавіі і Валахіі Ф.Я.Міркавіч атрымаў добры вопыт адміністравання. Яго дзеянні ў гэтых фармальна незалежных ад Расійскай імперыі княствах заслугоўваюць асобнага апавядання. Але адзначым, што у час знаходжання на пасадзе Віленскага генерал-губернатара Міркавіч з поспехам выкарыстаў атрыманы досвед. За службу ён атрымаў Уладзімірскую зорку, удзячнасць цара, а ад гаспадара Малдавіі - залатую вазу.

У 1835 г. па прапанове Мікалая І Фёдар Якаўлевіч быў прызначаны дырэктарам 2-га кадэцкага корпусу ў Пецярбургу. "Кадеты его ценили. - Сведчыў сучаснік.- Он улучшил преподавание наук, приучил молодых дюдей любить просвещение, облагородил их вкусы и вывел грубость привычек». [186]

У пачатку 1839 г. Мікалай І на адным з прыдворных балоў выказаў Міркавічу сваё жаданне прызначыць яго на месца князя Далгарукава Віленскім генерал-губернатарам. Сітуацыя на паўночным захадзе Імперыі ў гэты час была даволі складаная. Расправа з паўстанцамі і эмісарамі з Заходняй Еўропы цягнулася да канца 1830-х гадоў. У 1839 г. было скасавана ўніяцтва, што выклікала значныя хваляванні сярод сялян. З сакавіка 1831 г. Віленскім генерал-губернатарам быў Мікалай Далгарукаў. Трапіў ён на гэтую пасаду даволі выпадкова. Як ад'ютант Мікалая І ён быў пасланы ў Мінск на барацьбу з эпідэміяй халеры. Пасля суцішэння эпідэміі Далгарукаў атрымаў чын генерал- маёра, а праз нейкі час замяніў на пасадзе генерал-губернатара М.Храпавіцкага. Гэта быў чалавек дастаткова жорсткі і неразборлівы ў сродках. Далгарукаў дрэнна разумеў край, у які быў прызначаны служыць, не карыстаўся павагай у мясцовай шляхты. Аб яго «амурах» і фінансавых махінацыях многа гаварылі ў тагачасным «вышэйшым свеце». [187] За ім таксама цягнулася слава душыцеля паўстання, што не спрыяла замірэнню мяцежных губерняў.

Прызначэнне Ф.Я.Міркавіча на пасаду генерал-губернатара адбылося 1 лютага 1840 г. Задача, якую ставіў перад сабой новы генерал-губернатар, цалкам адпавядала ягонаму характару: «…без особенно крутых мер умиротворять враждебное отношение поляков к русскому правительству и после воссоединения униатов ослабить влияние католического духовенства».

У першы месяц свайго знаходжання на пасадзе Ф.Я.Міркавіч аб'ехаў даверанае яму генерал-губернатарства. Яго цікавіла ўсё - уладкаванне адміністрацыі ў гарадах і мястэчках, стан прамысловасці і гандлю, канфесійная сітуацыя. Паказальна, што новы генерал-губернатар сустрэўся з святарамі ўсіх канфесій, прадстаўленых у заходніх землях Беларусі. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на ўладкаванне навучальных установаў, асабіста экзаменаваў навучэнцаў, аглядаў памяшканні, знаёміўся з настаўнікамі. Не абмінуў ён і майстэрні мастакоў, тэатры, пазнаёміўся з гістарычнымі мясцінамі і помнікамі даўніны. Генерал-губернатар пакінуў падрабязнае апісанне ўбачанага. Гэтыя матэрыялы ўяўляюць каштоўную крыніцу для гісторыкаў, але пакуль што мала выкарыстоўваюцца ў даследаваннях.

На працягу десяцігоддзя губернатарства Ф.Я.Міркавіч імкнуўся не дапускаць умяшальніцтва ў справы падначаленых яму губерняў тайную паліцыю і жандараў, лічачы, што яны толькі шкодзяць спакою жыхароў і інтрыгуюць на сваю карысць супраць мясцовай адміністрацыі. Кіраўнік корпуса жандараў Дубельт пісаў "…между прочим, Миркович не имеет никакой доверенности к жандармам, все перед ними скрывает и даже предписал всем исправникам, елико возможно, удаляться от жандармов и ни о чем не извещать их.» [188] Канфлікт з ІІІ Аддзяленнем і Корпусам жандараў урэшце каштаваў Ф.Я.Міркавічу месца: шматлікія скаргі і даносы на Віленскага генерал-губернатара, якія пісаў начальнік VІ округа жандараў, выклікалі незадаволенасць цара Фёдарам Якаўлевічам і яго адстаўку ад пасады.

Погляд на польскае пытанне ў давераным яго кіраўніцтву генерал-губернатарстве, а таксама накірунак палітыкі ўлад па ўніфікацыі гэтых тэрыторый Ф.Я Міркавіч выклаў ў данясенні, прадстаўленым на разгляд цару ў 1841 г.

Знаёмства з сітуацыяй ў заходнебеларускіх і літоўскіх землях прывялі Ф.Я.Міркавіча да пераканання, што гэты край, негледзячы на палову стагоддзя з часу апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, па-ранейшаму застаецца чужым у імперыі. "Туземцы вообще питают к коренным русским какую-то неприязненность и неискренность расположения. Стремление их к поддержанию духа в смысле польской народности ставит постоянную преграду к слиянию чувств и утверждению взаимного доверия» [189]. На думку Ф.Я.Міркавіча, прычыны такога становішча трэба шукаць, найперш, у непаслядоўнасці палітыкі, якую праводзілі тут расійскія ўлады. «Поляки, быв поддержаны в мечтах своих замеченною зыбкостью правил управления, веровали в возможность возстановления своего отечества». [190] У адрозненні ад многіх сваіх калег, віленскі генерал-губернатар не лічыў тых, хто змагаецца за аднаўленне Рэчы Паспалітай, злачынцамі - імі рухае любоў да Бацькаўшчыны і пачуццё нацыянальнай годнасці. Каб перадухіліць на будучае новыя антырасійскія выступленні, Ф.Я.Міркавіч раіў забяспечыць пяслядоўнасць, цвёрдасць ўрадавай палітыкі русіфікацыі края. На ягоную думку, меры, прадпрынятыя ўрадам па замірэнню і уніфікацыі заходніх губерняў пасля паўстання 1830-1831 гг. ўжо праз дзесяць год зрабілі відавочнымі змены ў настроях жыхароў. «Десять лет постоянной системы действий подвинули уже русскую народность в сих губерниях на полвека.» [191] Губернатар адзначае найбольш важныя, па ягоным меркаванні, пераўтварэнні - разбор шляхты, закрыццё каталіцкіх кляштараў, закон аб рознаверных шлюбах, па якім дзеці запісваліся ў праваслаўе, ліквідацыя уніяцкай царквы і «последнего обветшалого знамени польской отчизны Литовского Статута». [192]

Сутнасць "польскага пытання" на беларускіх землях Ф.Я.Міркавіч бачыў ва ўзаемаадносінах дзяржавы і мясцовай шляхты. Для яго шляхта была чужой на гэтых "исконно русских» землях. "Дух народа не в народе собственно, который прост, добр, покорен и происходит (за исключением Самогитских уездов) от племен, единокровных русским, но лишь в дворянстве, наводнившем этот край из внутренней старой Польши, и духовенстве, недоброжелательствующем нам и по чувствам, и по духу религии. Паны пришельцы завладели имениями, заняли правительственные места и ввели свою веру, свой язык». [193] Генерал-губернатар прапанаваў пайсці тым самым шляхам - перадаць кіраўнічыя пасады на беларускіх землях расійцам, замацаваць праваслаўе і рускую мову. У адрозненіі ад тых, хто лічыў апраўданым правесці русіфікацыю шляхам перасялення ў край сялян з унутраных расійскіх губерняў [194], Ф.Я.Міркавіч прапанаваў перадаць расійскаму дваранству парцэляваныя дзяржаўныя маёнткі - цераз продаж ці падараванне. На ягоную думку, раздача 430 дзяржаўных маёнткаў прывядзе да змены ў структуры землеўласнікаў на карысць расійскага праваслаўнага дваранства і гэтакім чынам створыць базу для ажыццяўлення русіфікацыі края. Наступным крокам, на ягоную думку, было змяншэнне даходаў мясцовай шляхты праз капіталізацыю зямлі - замест маёнткаў, забраных у скарб, дзяржава павінна была бы выплачваць былым памешчыкам утрыманне. Але галоўныя пераўтварэнні па перакананню генерал-губернатара павінны былі адбыцца ў сферы адукацыі. " Я считаю, - адзначаў ён у размове з Мікалаем І ў час побыту цара ў заходніх губернях, - что теперь, более чем когда либо, правительство должно взять в свои руки дело воспитания и оным решительно управлять». [195] Гэтую ж думку Ф.Я.Міркавіч развівае і ў данясенні 1841 г. Неабходным ён лічыць перавесці каталіцкую духоўную акадэмію ў центральныя губерні імперыі, каб каталіцкае святарства выхоўвалася ў рускім асяроддзі і было лаяльным да ўлад. [196] Апрача таго, па меркаванню віленскага генерал-губернатара, належыць павялічыць колькасць закрытых навучальных установаў для шляхты(кадэцкіх карпусоў), каб вывесці іх з-пад уплыву каталіцкага святарства і недабразычлівага для расійскіх улад асяроддзя. "Здесь необходимы закрытые заведения, от которых только должно ожидать образования нового поколения людей.» - Пераконваў ён Мікалая І.

Погляд на шляхі вырашэння "польскага пытання" ў давераных яго кіраўніцтву губернях Ф.Я.Міркавіч не толькі давёў да ведама цара, але імкнуўся ператварыць ў канкрэтныя справы. Пры гэтым, карыстаючыся вопытам замірэння Малдавіі і Валахіі, ён лічыў за лепшае дзейнічаць паступова і без значных рэпрэсіўных мер. Як пісаў аб гэтым акцёр віленскага тэатра Э.Дзерынг, які на сабе адчуў характар дзейнасці віленскага генерал-губернатара:"Міркавіч… не любіў рабіць што-небудзь гвалтам". [197]

За дзесяць лет генерал-губернатарства Ф.Я.Міркавіч рэалізаваў наступныя часткі свайго плана ўніфікацыі края: Віленская духоўная акадэмія была пераведзена ў Пецербург; у Брэсце быў адкрыты і паспяхова дзейнічаў кадэцкі корпус; праведзена была тэатральная рэформа, дзякуючы якой руская мова загучала на сцэне, а тэатр трапіў пад кантроль улад; пачалася інвентарная рэформа, якая ініцыявана была з Пецярбурга, але горача падтрымана на месцы губернатарам. Гэтыя пераўтварэнні, між іншым, адбываліся ў не зусім спакойныя для імперыі часы. Асабліва многа хваляванняў ва ўлад выклікалі рэвалюцыйныя завірушэнні часоў "вясны народаў". Але заходні край, якім кіраваў Ф.Я.Міркавіч, не адгукнуўся на еўрапейскія рэвалюцыі. Віленскі генерал-губернатар, застаючыся верным свайму правілу, не прадпрыняў рэпрэсій супраць недабранадзейнай шляхты - ён проста дабіўся раскватэравання ў падначаленых яму губернях значных вайсковых сіл. Гэты дэмарш зрабіў немагчымым саму арганізацыю выступленняў, дэмаралізаваў мясцовы нацыянальна-вызваленчы рух. Між іншым, як заўсёды, генерал-губернатар рашуча адмовіўся ад прапаноў корпусу жандараў навесці парадак у падначаленых яму губернях у гэты час, больш давяраючы армейскаму камандаванню.

Безумоўна, Ф.Я.Міркавіч быў царскім чыноўнікам, што накладвала адбітак на мэты ягонай дзейнасці ў беларускіх губернях. Але адначасова, на маю думку, трэба аддаць належнае метадам, якімі дзейнічаў генерал-губернатар і ягонаму пачуццю гонару. Адмаўленне ад тактыкі рэпрэсій, што было прынцыпам ягонага кіравання краем, выклікала павагу да яго з боку мясцовай шляхты. Ф.Я.Міркавіч заўсёды імкнуўся знайсці найбольш рацыянальнае і кампраміснае рашэнне ў канфліктнай сітуацыі. Так, да прыкладу, у 1846 г. у сувязі з хваляваннямі ў Кракаве жандарамі было прапанавана забараніць у касцёлах пропаведзі на польскай і літоўскай мовах, паколькі гэтыя мовы жандары не разумеюць і баяцца, што ксендзы будуць падбухторваць да паўстання. Ф.Я.Міркавіч вынайшоў больш разумнае выйсце, адначасова паказаўшы некампетэнтнасць ІІІ аддзялення - прапанаваў накіроўваць ў касцёлы чыноўнікаў, якія ведаюць мову. [198] Між іншым, пазіцыя віленскага генерал-губернатара ўраўнаважвала нецярпімасць І.Семашкі, які ў той час распраўляўся з уніяцкай спадчынай і каталіцтвам на Беларусі. Генерал-губернатар, адчуваючы сябе гаспадаром ў падначаленых губернях, часам асабіста вырашаў лёс кляштараў, захоўваючы іх пры малейшай магчымасці, ці пераводзячы каталіцкіх манахаў у іншыя кляштары. Гэта прывяло да жорсткага супрацьстаяння Ф.Я.Міркавіча і І.Сямашкі, што таксама ўрэшце паўплывала на адстаўку генерал-губернатара. Але нават гэты яўны недобразычліўца адзначаў інтэлігентнасць і пачуцце гонару Ф.Я.Міркавіча: "Ф.Я.Миркович был человеком честных правил, трудолюбивый, разсудительный, от него многого можно было добиться без борьбы … хотя без нее не обошлось.» [199] Ацэньваючы дзейнасць віленскага генерал-губернатара, кіраўнік VI жандарскай акругі Буксгеўдэн пісаў у данясенні:"Управляемый Мирковичем край в десять последних лет, к сожалению, не подвинулся, но значительно охладел к России». [200] Думаецца, аднак, што гэтае меркаванне было выклікана, хутчэй, жаданнем абвінаваціць губернатара ў палітычнай недобранадзейнаці, чым сапраўдным станам спраў.

Адстаўка Ф.Я.Міркавіча з пасады генерал-губернатара адбылася ў 1850 г. У наступныя гады ён быў сенатарам, інспектарам ваенных навучальных установаў, узначальваў камітэт дапамогі параненым. У час паўстання 1863 г. ён быў вельмі заклапочаны сітуацыяй на Беларусі і паслаў М.Мураўёву свой даклад, напісаны ў 1841 г. Дарэчы, Ф.Я. Міркавіч быў цалкам згодны з жорсткай паставай М.Мураўёва і ў лісце выказаў яму падтрымку. [201]

Сямейнае жыццё Фёдара Якаўлевіча склалася шчасліва. Ён быў жанаты на дачцы контр-адмірала Амаліі Бадзіска. У гэтым шлюбе нарадзілася пяцёра дзяцей.

Мемуары, якія пакінуў Ф.Я.Міркавіч, з'яўляюцца надзвычай цікавай гістарычнай крыніцай. Генерал-губернатар занатаваў успаміны аб шмат якіх падзеях, што адбываліся на беларускай зямлі ў першай палове 19 ст. Тут ёсць і падрабязнае апісанне гарадоў і мястэчак, якія Ф.Міркавіч наведаў у час свайго губернатарства, а таксама мясцін, дзе ён быў у час вайны 1812 г. У мемуарах не бракуе звестак аб культурным жыцці: у доме губернатара былі частымі гасцямі пісьменнік Адынец, кампазітар Манюшка, дырыжор віленскага аркестра і драматург Кажынскі, мастак Русецкі і іншыя. Фёдар Якаўлевіч, таксама, як і ягоная жонка, былі тэатраламі, таму ў мемуарах шмат матэрыялаў аб тэатральным жыцці Вільні і іншых гарадоў. Думаецца, што перавыданне гэтых мемуараў зрабіла бы дасяжным для беларускіх гісторыкаў вельмі інфарматыўную і цікавую крыніцу.

Тадэвуш Гарэцкі: жыццё і творчасць.

Лёс аднаго з найбольш знакамітых мастакоў беларуска-літоўскіх земляў, якім, безумоўна, э'яўляецца Тадэвуш Гарэцкі, надзвычай яскрава адлюстроўвае не толькі стан і ўзровень выяўленчага мастацтва першай паловы ХІХ ст., але можа служыць сваеасаблівай энцыклапедыяй палітычнага жыцця нашай зямлі, нораваў, звычаяў, разумення годнасці шляхціча і чалавека, якія былі ўласцівымі нашым продкам. Архіўныя і мемуарныя крыніцы, якія часткова апублікаваныя, а часткова яшчэ чакаюць публікацыі ў сховішчах Пецярбурга, Гродна, Варшавы, захавалі шмат матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці гэтага чалавека, гісторыі сям'і Гарэцкіх. Важнай крыніцай з'яўляюцца і работы яго пэндзля, якія зберагаюцца ў лепшых музеях Еўропы.

Род Гарэцкіх быў вельмі разгалінаваным і старажытным. Гарэцкія здавён карысталіся гербам "Даленга" і мелі маёнткі і ў Кароне, і ў Княстве. Прапрадзед Тадэвуша Міхал быў у канцы XVII ст. суддзёй у Хэлме, дзед мастака Валенцій жыў на Віленшчыне, у 1778 г. пазначаны ў дакументах як падстараста і скарбнік лідзкі. У той час пад Вільняй Гарэцкія мелі маёнтак Саленікі і некалькі фальваркаў. У 1770 г. Валенцій Гарэцкі набыў у леннае трыманне маёнтак Біскупцы, ці інакш Гаўе на беразе р.Гаўя на Лідчыне. Да гэтага часу Гаўе належала біскупу Масальскаму, адкуль і з'явілася новая назва паселішча, якая захавалася да нашых дзён. Дзед мастака быў вядомым масонам, прымаў актыўны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Ён блізка сябраваў з Якубам Ясінскім, уваходзіў у склад Надзвычайнай Рады ВКЛ, быў сябрам камісіі для разбору спраў падазроных асобаў. У пачатку ХІХ ст. Валенці Гарэцкі, жывучы ў Вільні, славіўся як мецэнат, быў блізка знаёмы з Ю.Нямцэвічам. Не меньш вядома была і бабка мастака, Марыя Гарэцкая. Палкая патрыётка, яна была адной з натхніцелек маральнага адпору расійскім уладам, які прадпрынялі мсцовыя шляхцянкі ў першыя гады пасля далучэння гэтых земляў да Расійскай імперыі. Аб Марыі Гарэцкай шмат згадак пакінулі ў сваіх мемуарах С.Мараўскі і Г.Пузыня.

Валенцій і Марыя Гарэцкія мелі двух сыноў - Восіпа і Антонія, і дзвюх дачок, адна з якіх, Схаластыка, выйшла замуж за Мельхіёра Ваньковіча і нарадзіла сына, названага ў гонар дзеда Валенціем. Валенцій Ваньковіч - знакаміты мастак, гонар беларускай зямлі, прыходзіцца, такім чынам, стрыечным братам Тадэвушу Гарэцкаму.

Бацька Тадэвуша - Антоні Гарэцкі (1787-1861 гг.), пакінуў адметны след у палітычным і асабліва літаратурным жыцці і Польшчы, і Беларусі. Ён вучыўся ў Віленскім універсітэце, рана пазначыўся як таленавіты паэт. У 1812 г. Антоні далучыўся да польска-літвінскіх частак, якія ваявалі на баку Напалеона. Пасля амністыі жыў у Вільні, блізка сябраваў з філаматамі, добра ведаў А.Міцкевіча, уваходзіў у таварыства шубраўцаў і быў адным з аўтараў "Wiadomości brukowych". Антоні валодаў несамавітым пачуццём гумару, ягоныя байкі, жарты, вострыя слоўкі паўтарала ўся Вільня. У час паўстання 1830-31 гг. ён быў адным з ягоных кіраўнікоў і таму пасля задушэння супраціву не меў права на амністыю. Паводле царскага ўказу ён быў аднесены да першай катыгорыі ўдзельнікаў паўстання, што цягнула за сабой канфіскацыю маёнткаў, пазбаўленне ўсіх правоў і катаргу. Антоні выехаў за мяжу і больш на радзіму не вярнуўся. Жыццё і творчасць бацькі мастака можа стаць тэмай для асобнай работы. Для нас жа важным з'яўляецца тое, што актыўны ўдзел Антонія Гарэцкага ў паўстанні, фактычна, абумовіў лёс яго сыноў, да і ўсёй сям'і Гарэцкіх.

Вераніка - жонка Антонія Гарэцкага і маці мастака, была, па сведчаннях сучаснікаў, вельмі прывабнай і разумнай жанчынай. У сям'і Антонія было двое сыноў - старэйшы Людвіг і малодшы Тадэвуш.

Тадэвуш Гарэцкі нарадзіўся ў 1825 г. у маёнтку Дусеняты непадалёк ад Вільні. Па іншых зветках, месцам яго нараджэння была Вільня. З маленства хлопчык паказваў здольнасці ў прыгожым мастацтве, пэўна, першыя ўрокі жывапісу даў яму яго стрыечны брат Валенці Ваньковіч. Малады Гарэцкі мог таксама наведваць і майстэрню Дмахоўскага, які ў той час жыў у Вільні.

Пасля ад'езду бацькі за мяжу і канфіскацыі маёнткаў Вераніка Гарэцкая з дзецьмі засталася фактычна без сродкаў існавання. Працэс канфіскацыі цягнуўся даволі доўга, бо належала вызначыць долю Антонія ў смейнай маёмасці. Брат яго, Восіп Гарэцкі, памёр вельмі рана, - злоўжываючы гульнёй у карты, праводзячы жыццё ў марнаванні часу, скончыў самагубствам. Пасля яго смерці Антонію перайшоў маёнтак Біскупцы, паколькі па праву леннага трымання ім павінен быў валодаць старэйшы мужчына ў сям'і Гарэцкіх. Вераніка, спасылаючыся на гэтую акалічнасць, спрабавала вывесці Біскупцы з-пад канфіскацыі. Яе ліст да ўлад, якім яна імкнецца заснаваць нетыкальнасць леннага ўладання, выклікае сапраўднае спачуванне лёсу гэтай кабеты. "Муж мой, Антон Горецкий, - піша Вераніка, - яко удалившийся за границу не может быть считаем иначе в настоящее время, как только ( в отношении служивших ему гражданских прав) умершим». [202] Яна піша, што ў гэтых абставінах права на трыманне Біскупцаў перайшло старэйшаму сыну Антонія Гарэцкага - Людвігу, таму маёнтак ужо не можа быць канфіскаваны. Але, пэўна, яна не ведала, што напярэдадні паўстання ленныя маёнткі былі прыроўнены да спадчынных, што дазваляла ўладам праводзіць секвестр і канфіскацыю. Біскупцы былі канфіскаваны. У 1840 г. сям'я Гарэцкіх мела толькі двух прыгонных і невялікі кавалак зямлі, дадзены ўладамі Вераніке ў пажыццёвае ўладанне. [203] Між іншым, яшчэ на працягу многіх гадоў сяляне з Біскупцаў памяталі аб былых гаспадарах і звярталіся па дапамогу да Веранікі Гарэцкай ў час пошасці і ў галодныя гады, а сама іх былая пані хадайнічала перад уладамі аб грошавых субсідыях і іншай падтрымцы для сялян.

Пазбаўленая магчымасці ўтрымліваць сям'ю, Вераніка Гарэцкая адважваецца на крок, які мог бы выклікаць абурэнне патрыятычна настаўленых суайчыннікаў - звяртаецца па дапамогу да душыцеляў паўстання. Яна піша ліст графу А.Х.Бенкендорфу - начальніку ІІІ аддзялення і шэфу корпуса жандараў, у якім перадае сваю сям'ю пад апеку цара. Бенкендорф у рапарце Мікалаю І ад 30 красавіка 1841 г. хадайнічаў аб прыняцці Тадэвуша Гарэцкага у Пецярбургскую Акадэмію прыгожых пастацтваў і прызначэнні яму стыпендыі ад урада, тлумачачы сваю просьбу наступным чынам: «принимая во внимание, что мать, отдающая в руки правительства своего сына, заслуживает полного уважения, и желая доказать, что оно всегда изъявляет благосклонность к тем из них, которые вручают оному детей своих..» [204]. Цар напісаў на рапарце «згодны», і лёс сына паўстанца быў вырашаны. Стыпендыя ў 350 рублёў, якая была прызначана Тадэвушу царом, удвая пераўзыходзіла звычайныя выплаты вучням Акадэміі. Людвігу Гарэцкаму была наканавана вайсковая кар'ера, таксама пры падтрымцы Бенкендорфа.

Між іншым, паручыцелем і апекуном маладога Гарэцкага А.Бенкендорф назваў палкоўніка Яна Гячэвіча. Пэўна, палкоўнік быў нейкім крэўным Гарэцкіх, ці знаёмым бацькі Тадэвуша. Ва ўсякім выпадку, Гячэвіч быў цесна звязаны з віленскім універсітэтам - мы сустракаем яго імя ў спісе заснавальнікаў Таварыства маламаёмасных студэнтаў, ініцыяванага філаматамі.

Паступіўшы ў Акадэмію ў 1841 г. у якасці вольнага слухача, Тадэвуш Гарэцкі стаў вучнем Карла Брулова. Здольнасці юнака ў хуткім часе зрабілі яго лепшым сярод іншых у класе знакамітага майстра-партрэтыста. Ужо праз год Гарэцкі выставіў на штогадовай выставе ў Акадэміі дзве работы, якія звярнулі на сябе ўвагу знаўцаў прыгожага мастацтва, а яшчэ праз год за карціну «Сляпы з павадыром» ён атрымаў срэбны медаль ІІ класа. У час вучобы ў Пецярбургу Гарэцкі прыняў удзел у аздабленні Ісакіеўскага збору, дзе разам з мэтрамі працавалі найбольш здольныя вучні Акадэміі. Штогод поспехі маладога мастака адзначаліся медалямі і іншымі ўзнагародамі Акадэміі. У 1844 г. некалькі яго палотнаў у якасці ўзорных былі адпраўлены ў Маскоўскую школу жывапісу і дойлідства для капіравання маладым мастакам; у 1845 г. за карціну «Споведзь маладой дзяўчыны ў каталіцкага святара» Тадэвушу Гарэцкаму быў прызначаны медаль «за экспрэсію». «Эта последняя награда, - пісаў у 1850 г. канферэнц-сакратару акадэміі графу Арлову граф Ф.Талсты, -дается весьма немногим и весьма редко, так что получили ее а течение последних двадцати лет только четыре художника.» [205]

Імператарская Пецярбургская Акадэмія мастацтваў была на той час адным з буйнейшых і паважаных у Еўропе цэнтраў падрыхтоўкі мастацкіх кадраў. Яна засноўвалася, найперш, для навучання прыгожым мастацтвам дзяцей непрывіліяваных саслоўяў - паспяхова скончыўшы Акадэмію, яны набывалі права на асабістае дваранства. Акадэмія не была ўніверсітэтам у класічным разуменні - усе дысцыпліны, якія вывучалі студэнты, былі падпарадкаваны іх мастацкай адукацыі. Мастак у разуменні тагачаснай расійскай грамадскасці быў «рамеснікам», і толькі дзяржаўная служба магла зрабіць яго вартым набілітацыі. З такімі адносінамі сутыкнуўся і Тадэвуш Гарэцкі. У 1844 г. да яго звярнулася кіраўніцтва лейб-гвардыі Літоўскага палка з прапановай зрабіць тры партрэты манарха і членаў яго сям'і. Гарэцкі перадаў заказ вучню акадэміі Станкевічу, які ўзяў за работу задатак 100 рублёў. Партрэты патрэбны былі для прадстаўлення ў час імператарскага вайсковага агляду і хаця атрымаліся дрэннымі, спачатку былі прынятыя вайскоўцамі. Калі ж агляд мінуў, казначэй палка Малахоўскі пачаў рэзка і груба патрабаваць ад Гарэцкага, каб ён вярнуў грошы, бо партрэты не падобны на арыгіналы. У гэтай спрэчцы, пэўна, найбольш яскрава праявілася пачуцце чалавечай годнасці, годнасці майстра і шляхціча, якія былі ўласцівыя сыну паўстанца. У лісце да канферэнц-сакратара Акадэміі, які патрабаваў ад Гарэцкага тлумачэнняў, мастак пісаў: «Вы сами, Василий Иванович, судить можете, моя ли это кисть?…Удивляюсь притязаниям г. Малаховского на вежливый ответ, верно, он считает художника простым ремесленником, которого все чувства мертвы, и обругать его ничего не значит». [206] Пад націскам кіраўніцтва Акадэміі Гарэцкі вымушаны быў перарабіць партрэты, але прабачэння прасіць ў вайскоўцаў адмовіўся.

У час навучання ў Акадэміі Тадэвуш Гарэцкі атрымаў яшчэ адзін срэбны і адзін залаты медалі, а ў 1849 г. пры заканчэнні вучобы - званне мастака 14 класа. Ён спецыялізаваўся ў партрэтным жывапісу, але таксама добра паказаў сябе ў гістарычным жанры і ў пейзажы. У час вучобы Гарэцкі стварыў шмат партрэтаў, яго мадэлямі былі, у большасці, землякі мастака: палкоўнік Гячэвіч, біскуп Бароўскі, арцыбіскуп Дмахоўскі, біскуп Валанчэўскі, граф і графіня Шадурскія, граф і графіня Лапацінскія і іншыя. З Пецярбурга мастак неаднойчы выязджаў на радзіму. Лета і восень 1849 г. ён бавіў у свайго знаёмага Івана Младзяноўскага ў маёнтку Дукштыгай непадалёк ад Рэжыцы ў Віцебскай губерні, адкуль выязджаў і на Віленшчыну. «Заработался я на провинции, - пісаў ён у лісце да канферэнц-сакратара Акадэміі 26 верасня 1849 г., - и не могу возвратиться в Петербург на обещанный срок. Работы достал порядочно - и едва ли еще через три месяца успею кончить». [207]

Пасля завяршэння вучобы ў Акадэміі Т.Гарэцкі атрымаў магчымасць паехаць для ўдасканалення за мяжу. Такое права даваў выпускніку атрыманы залаты медаль і іншыя ўзнагароды. Такім чынам, Тадэвуш Гарэцкі, атрымаўшы ад Акадэміі бесплатны замежны пашпарт і грошы, выправіўся ў Еўропу. У гэтай паездцы Тадэвуш наведаў Італію і Галандыю, але пакуль што абмінуў Францыю. У той час у Парыжы жыў яго бацька Антоні Гарэцкі. Але, пэўна, пакуль быў жывы Мікалай І, які ўзяў на сябе апеку над сынам паўстанца, Тадэвуш быў звязаны ўдзячнасцю і шляхецкім словам, а таксама, і гэта магчыма найважнейшае - увагай палітычнай паліцыі, якая мела за мяжой уласную агентуру.

У 1852 г. памёр настаўнік Гарэцкага Карл Брулоў, які апошнія гады жыцця правёў за межамі Расійскай імперыі. Нескончанымі засталіся некалькі карцін. Менавіта Гарэцкаму ён даверыў іх закончыць. Такім чынам замежная камандзіроўка Гарэцкага атрымала працяг. Закончыўшы за два гады работы, пакінутыя Бруловым, найперш, копію з карціны Рафаэля "Святая Цэцылія", Гарэцкі папрасіў аб падоўжанні тэрміну замежнай камандзіроўкі. Цар дазволіў застацца яшчэ на адзін год і прызначыў стыпендыю - 300 рублёў золатам. [208] Працы, якія Гарэцкі прывёз у Пецярбург пасля замежнай вандроўкі, спаткалі прызнане акадэмікаў. Да таго ж Тадэвуш далучыў сведчанні прафесароў Балонскай акадэміі мастацтваў аб вернасці копіі і яе высокім мастацкім узроўні. [209] У Пецярбургу Тадэвуш звярнуўся з хадайніцтвам да кіраўніцтва Акадэміі мастацтваў з просьбай прызначыць яму іспыт на званне акадэміка. Праграмнай работай ён выбраў партрэт акадэміка Клодта. Гэты партрэт знаходзіцца сёння ў Траццякоўскай галерэі. У лістападзе 1854 г. яму было надазена званне акадэміка і адпаведны дыплом. [210] У гэты ж час яму давялося ўладкоўваць фінансавыя справы свайго брата. Людвіг Гарэцкі служыў на Каўказе і ў Прычарнамор'і, меў чын капітана. У 1855 г. ён памёр. Высветлілася, што за гады службы Людвіг не толькі не зарабіў капітал, але і крыху завініў крэдыторам. Людвігу ў спадчыну павіннен быў перайсці маёнтак паўстанца Казакевіча на Віленшчыне, які быў крэўным Веранікі Гарэцкай, але на яго прэтэндавала і цётка Гарэцкіх Роза Замбржэцкая. Тадэвуш меў права на маёнтак як спадкаёмца брата і абавязаўся выплаціць пазыку з даходаў ад гэтай уласнасці. [211] Між іншым, у польскіх працах аб мастаку часам Розу Замбржэцкую называюць апекункай братоў Гарэцкіх, але па архіўных дакументах гэта не прасочваецца.

У 1855 г. памёр Мікалай І. Цяпер мастак быў вольны ад слова, дадзенага яго маці цару пятнадцаць гадоў перад тым. Гарэцкі мог наведаць Парыж і нарэшце ўбачыць бацьку, а таксама пазнаёміцца з шэдэўрамі Луўра. Такі прыезд быў тым больш неабходны, што мастак рыхтаваўся да шлюбу. Яго абранніцай стала дачка Адама Міцкевіча Марыя, з якой малады мастак пазнаёміўся ў час вандроўкі па Італіі. У лісце да дзядзькі Францішка Міцкевіча, Марыя так характарызавала свайго мужа:"Mój przyszły jest to Pan Tadeusz Gorecki, syn półkownika Antoniego Goreckiego. Pan Tadeusz w kraju i zagranicą ma już imę znane reputację ustaloną; odznaczyl się jako wyższy artysta malarz, a ci, co go bliżej znają, cenią w nim wiele innych zalet. Ojciec mój znał go od lat kilku i często o nim mile wspominał. Mam w Bogu nadzieję, iż przyszłość usprawiedliwi mój wybór" [212]. Шлюб адбыўся 7 лістапада 1857 г. Але сям'я Міцкевічаў, найперш, Уладыслаў і Аляксандр Міцкевічы, не прыняла новага родзіча. Марыя Міцкевіч была на дваццаць гадоў малодшая за свайго мужа, яна сама вырашыла пайсці замуж насуперак жаданню радні. Справа была яшчэ і ў тым, што рукі Марыі дабіваўся сакратар паэта Анры Ляры, які блізка сябраваў з дзядзькамі маладой. У лістах да Францішка Міцкевіча і ў пазднейшых успамінах Марыя скардзілася на дрэнныя адносіны да сябе і мужа з боку Уладзіслава і Аляксандра, а сучаснікі ўспамінаюць, што напярэдадні шлюбу паміж Ляры і Гарэцкім ледзь не дайшло да дуэлі.

У 1858 г. Тадэвуш Гарэцкі, нядоўга наведаўшы Пецярбург, зноў выехаў за мяжу, каб ужо больш не вярнуцца ў імперыю. Аднак ён падтрымліваў сталыя кантакты з Акадэміяй, прадстаўляючы на суд найбольш знакамітых яе членаў свае працы. Выдатны талент і заслужанае імя мастака еўрапейскага ўзроўню дазвалялі Тадэвушу жыць за кошт свайго пэндзля. Работы нашага земляка з ахвотай пакупаліся для лепшых збораў, пры чым за вялікія грошы. Так, за копію з карціны Рафаэля Акадэмія заплаціла 1500 рублёў, а за пейзаж "Від Альгамбры", які Гарэцкі стварыў у час побыту ў Гішпаніі, - 800 рублёў. [213] Мастак жыў у Парыжы разам з сям'ёй. Першая дачка Гелена, якая нарадзілася неўзабаве пасля шлюбу, памерла ў 1860 г. , але пасля лёс даў Гарэцкім яшчэ чатырох дзяцей - Цэліну, Гелену, Людвіга і Адама. Людвіг, названы ў гонар старэйшага брата мастака, у далейшым стаў вядомым доктарам-акулістам, многа зрабіў для развіцця медыцынскай навукі.

У 1861 г. памёр Антоні Гарэцкі, бацька мастака. Ён быў пахаваны на могілках Манмарансі ў Парыжы. Тадэвуш Гарэцкі ў 1867 г. выправіў для сябе і жонкі безтэрміновы пашпарт для побыту за мяжой, такім чынам прыняўшы рашэнне больш не вяртацца ў Расію. Ён не толькі маляваў, але і даваў урокі малюнку, праўда, толькі абраным вучням. Так, яго выхаванцамі былі чатыры іранцы (персы, як іх тады называлі), якіх Гарэцкі вучыў жывапісу па просьбе персідскага шаха. За гэтую вучобу, якая дала выдатныя вынікі, мастак быў узнагароджаны персідскім ордэнам Льва і Сонца. [214]

Мастаку не было наканавана доўгае жыццё. Тадэвуш Гарэцкі памёр у Парыжы 30 студзеня 1868 г. [215] У беларускіх выданнях датай смерці мастака называюць часам 1867 г. Але ў дакументах Акадэміі ў Пецярбургу, з якой Тадэвуш Гарэцкі падтрымліваў сувязь да канца жыцця, гэтай даты няма, вядома толькі, што ў 1867 г. ён звяртаўся ў Акадэмію з хадайніцтвам аб выдачы пашпарта і яго фармулярны спіс, які вёўся на кожнага акадэміка, заканчываецца менавіта гэтым годам. Пахавалі Тадэвуша Гарэцкага на могілках Манмарансі, побач з бацькам.

Марыя Гарэцкая перажыла мужа на 45 гадоў. Яна больш не выйшла замуж, стала жыла ў Парыжы, пазначылася ў прыгожым пісьменстве, а таксама як філантропка, публіцыстка, перакладчыца і аўтарка ўспамінаў.

Імя Тадэвуша Гарэцкага меньш вядома на Беларусі, чым імя яго стрыечнага брата Валенція Ваньковіча. Але і па ўзроўню талента, і па значнасці мастацкага даробку Тадэвуш нічым не саступае Валенцію. Хацелася б, каб і на беларускай зямлі імя знакамітага мастака было пазначана музеям, ці хаця б помнікам ці шыльдай. Гэта тым больш пажадана, што на Гродзеншчыне ёсць куточак, які многа значыў для самаго мастака і яго крэўных - вёска Біскупцы на беразе рэчкі Гаўя.

Жанчыны ў культурным жыцці беларускіх земляў у першай палове 19 ст.

Роля жанчын у стварэнні новай культурнай прасторы беларускіх земляў, якое адбывалася у канцы XVIII-першай палове ХІХ ст., пакуль што не ацэнена належным чынам. Знакавыя жаночыя постаці - Алены Маеўскай, Камілы Марцінкевіч, Эміліі Плятэр, Марылі Верашчакі і іншых - час ад часу ўзнікаюць у навуковых даследаваннях. [216] Але яны знаходзяцца як-быццам на ўбоччы гісторыі, якую ствараюць мужчыны. Між тым, менавіта першая палова ХІХ стагоддзя стала эпохай, якая паклала пачатак працэсу сацыяльнага вызвалення жанчыны і актыўнаму далучэнню яе да грамадскага жыцця. Гэты працэс развіваўся паступова, а культура была адной з тых сфер, дзе ён ішоў найбольш хуткімі тэмпамі і быў найболей відавочны.

На беларускіх землях умовы працэсу фемінізацыі культуры былі сваеасаблівымі, адрозніваючыся, да прыкладу, ад сітуацыі ў цэнтральных губернях Расійскай імперыі. Гэта было звязана, найперш, са статусам кабеты, які засвоены быў беларускім грамадствам з часоў Рэнесанса. Паводле Статута ВКЛ жанчына-шляхцянка мела маёмасныя правы, былі абаронены яе жыццё і годнасць. [217] Постаці, падобныя да Саламеі Пільштыновай, як можна меркаваць па тагачасным дакументам і мемуарам, былі зусім не рэдкімі на беларускіх землях.

Эпоха Асветніцтва ўпершыню паставіла пытанне аб неабходнасці сацыяльнай эмансіпацыі жанчын, арганізацыі іх адукацыі і выхавання. Беларускія землі, якія перажывалі ў часы Асветніцтва эпоху падзелаў Рэчы Паспалітай, па-рознаму адказалі на запатрабаванне зменаў у адукацыйнай сферы, у тым ліку, у галіне жаночай адукацыі. На ўсходзе Беларусі, які з 1772 г. апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, сістэматычная жаночая адукацыя зрабіла першыя крокі дзякуючы ініцыятыве ўлад. Рэвалюцыйным для расійскай сістэмы асветы было адкрыццё навучальных установаў, у якіх разам вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі. Менавіта такім чынам былі ўладкаваны народныя вучылішчы, якія пачалі стварацца на ўсходзе беларускіх земляў у 1789 г. Народныя вучылішчы былі ўстановамі ўсесаслоўнымі, але большасць іх вучняў складалі мяшчане. Дзяўчынак жа ў гэтых навучальных установах было мала - на 1797 г., напрыклад, тут вучылася толькі 46 вучаніц. [218] На заходніх і цэнтральных землях беларусі сумеснае навучанне дзяўчынак і хлопчыкаў практыкавалася ў прыватных пансіёнах, якія ў той час пачалі тут адкрывацца. Да прыкладу, у Вільні ў 1790 г. прыняў вучняў пансіён Дабрыя, дзе хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі пісаць, чытаць, танчыць, а таксама ігры на музычных інструментах; выкладалі гісторыю, геаграфію, нямецкую мову. Падобная праграма была ў прыватных пансіёнах Пінабеля дэ Верніер і Аляксандра Лабоўскага. [219] Між іншым, у пансіёне Дабрыя, дзе вучылася 18 шляхцянак, працавалі выкладчыцамі тры жанчыны, а танцы выкладаў танцмейстар з Нясвіжа Антон Лойка. [220]

Шляхцянкі, як і раней, атрымлівалі адукацыю ў хаце, дзе з імі займаліся прыватныя настаўнікі і бацькі, а таксама ў каталіцкіх жаночых кляштарах. На ніве адукацыі жанчын, найперш, з немаёмасных станаў, пазначыліся манахіні-марыявіткі. У 1750-х гадах на беларуска-літоўскіх землях было 17 кляштараў марыявітак - у Вільні, Мінску, Полацку, Оршы, Наваградку, Валкавыску, Мазыры, Пінску, Бабруйску і іншых гарадах і мястэчках. [221] Статут ордэна прадугледжваў выхаванне і адукацыю жанчын ўсх саслоўяў і маёмасных станаў, асобна марыявіткі займаліся адукацыяй жанчын-яўрэеек, якія прынялі хрысціянства. Дзяўчын-уніятак выхоўвалі бвзыльяне, якія мелі пры асобных манастырах невялікія "школкі" для малых дзяўчат розных станаў. [222]

У часы Асветніцтва першыя крокі зрабілі прафесійныя навучальныя ўстановы для жанчын. Пэўна, найбольш раннімі з іх былі тэатральна-музычныя школы, накшталт адкрытай А.Тызенгаўзам у Гродна, дзе вучыліся не толькі прыгонныя, але і шляхцянкі. Менавіта з гэтай школы выйшла вядомая зорка сталічнай сцэны спявачка шляхцянка Алена Сітанская. Пры падтрымцы Тызенгаўза і па ініцыятыве Ж.Э.Жылібера ў Гродна ўзнікла таксама і акушэрская школа, дзе вучыліся кабеты.

Першая палова ХІХ стагоддзя не прынесла значных зменаў у структуру жаночага навучання, але павялічылася колькасць установаў, дзе вучыліся дзяўчыны, паглыбілася праграма навучання. Як і раней, на беларускіх землях працягвалі сваю дзейнасць школы пры жаночых каталіцкіх кляштарах. Па дадзеных Л.Заштаўта, на беларуска-літоўскіх землях ў 1840-я гады працавала 21 такая школа, а найбольш парупіліся на гэтай глебе бернардынкі, бенедыктынкі і марыявіткі. [223] Але дамінуючае месца сярод навучальных установаў для жанчын у гэты час пачынаюць займаць прыватныя пансіёны. Адкрыццё прыватных навучальных установаў было прадугледжана рэформай асветы і дакументамі Віленскага ўніверсітэта і Віленскай навучальнай акругі. Каб адкрыць пансіён, дастаткова было здаць экзамен ва ўніверсітэце і атрымаць дазвол мясцовых школьных улад. Па звестках Д.Бавуа, толькі ў Вільні ў 1820 г. дзейнічала 20 прыватных навучальных установаў для дзяўчынак, пераважна шляхцянак, якія наведвалі 152 вучаніцы; тры было ў Мінску, па 1-2 пансіёна - у Полацку, Гродна і іншых буйных гарадах Беларусі. [224] Да 1840-х гадоў у кожным губернскім горадзе ўжо існавала некалькі такіх навучальных установаў. Так, да прыкладу, у Мінску ўзроўнем адукацыі вылучаўся прыватны пансіён Марыі Мантэграндзі, адкрыты ў 1830 г. [225] Апрача яго тут у 1830-х-1850-х гадах працавалі прыватныя пансіёны сёстраў-бенедыктынак (паздней - прыватны пансіён Стэфаноўскай), Марыі Шнэйдэр, Марыі і Стэфана Голубаў, Барбары Грыневіч. У кожнай з гэтых пяці ўстановаў вучылася ад 45 да 18 дзяўчат-шляхцянак. [226] У Вільні, якая ў той час з'яўлялася культурнай сталіцай краю, дзейнічала дванаццаць чатырохкласных жаночых пансіёна, з іх пяць пры кляштарах, а сем прыватных. [227] У Магілёве працавалі ў гэты час тры прыватныя пансіёны, у тым ліку, адзін, дзе выкладанне вялося па-руску, прызначаны, пераважна, для дачок расійскіх чыноўнікаў - пансіён Надзеі Крастовай. [228]Падобныя пансіёны дзейнічалі таксама ў Віцебску і Гродна. Прыватныя навучальныя установы для дзяўчат пачалі ў 1830-я гады ўзнікаць і ва уездных гарадах. Праграма такіх пансіёнаў была амаль паўсюль аднолькавай, маючы толькі невялікія варыяцыі. Уяўленне аб тым, якія навукі лічыліся стасоўнымі для дзяўчат-шляхцянак у той час, дае праграма прыватнага пансіёна, адкрытага ў 1836 г. у Наваградку настаўнікам французскай мовы Восіпам Пансе дэ Сандонам. Пансіён знаходзіўся ў драўляным доме, які настаўнік наймаў у базільянскага жаночага манастыра. Усіх вучаніц было 22-24, большая частка з іх не жыла стала ў пансіёне, а толькі наведвала заняткі. Дзяўчаты вывучалі расійскую, французскую, польскую мовы, усеагульную гісторыю, геаграфію, арыфметыку, чыстапісанне. У праграме важнае месца займалі заняткі музыкай, танцамі і малюнкам, а таксама жаночымі рукадзеллямі. [229]

Адукацыя жанчын дастаткова поздна стала полем палітычнай барацьбы. Асветніцтва, якое прынесла разуменне аб неабходнасці выхавання і адукацыі не проста жанчын, а грамадзянак, паклала пачатак палітызацыі жаночай адукацыі. На беларускіх землях у першай палове ХІХ ст. палітычная барацьба ў сферы жаночай адукацыі ўвасаблялася ў супрацьстаянні расійскіх уладаў і мясцовых удзельнікаў нацынальна-вызваленчага руху. У першай чвэрці стагоддзя, калі вядучае месца ў сістэме адукацыі на беларускіх землях адыгрываў Віленскі ўніверсітэт, а палітыку ў сферы адукацыі акрэсліваў яго куратар і папячыцель Віленскай навучальнай акругі А.Чартарыйскі, накірунак жаночай адукацыі і выхавання цалкам адпавядаў памкненням польскіх і літвінскіх патрыётаў. У 1831 г. новы куратар М.Навасільцаў, намаганнямі якога А.Чартарыйскі быў зняты з пасады, а ўніверсітэт разгромлены, пісаў цару наступнае:" Его императорскому высочеству Наместнику цесаревичу были представлены правила, данные князем Чарторыйским для воспитания девиц, коим надлежало внушать понятие о самостоятельной вольной Польше с тем, дабы они в будущее время сделавшись матерями, передавали с материнским молоком сыновьям своим любовь к свободному отечеству и ненависть к русским.» [230]Між іншым, А.Чартарыйскі сам неаднаразова падкрэсліваў сваю зацікаўленасць у развіцці жаночых навучальных установаў. Так, калі ў 1803 г. уніяцкі архіепіскап Лісоўскі звярнуўся да куратара ўніверсітэта з прапановай пераўладкаваць Аршанскае базільянскае вучылішча для дзяўчын у духоўную семінарыю для ўніяцкіх святароў, Чартарыскі адказаў, што адукацыя жанчын не меньш важная для духоўнага здароўя краю, і жаночае вучылішча не толькі не будзе закрыта, але павінна развівацца. [231] Ролю жанчын у выхаванні новага пакалення добра разумелі і царскія ўлады. У 1837 г. Віленскі генерал-губернатар М.Далгарукаў і міністр народнай асветы С.С.Увараў прадставілі Мікалаю І даклад, у якім пісалі аб неабходнасці ўдасканаліць жаночую адукацыю і выхаванне ў губернях Беларускай навучальнай акругі. Удзел у складанні даклада прымаў і папячыцель гэтай акругі Э.А.Грубер. Прыняўшы да ведама прапановы чыноўнікаў, цар выдаў указ, згодна якому дзяржава брала на сябе функцыю выхавацеля жанчын-шляхцянак у беларускіх губернях. Паводле ўказа галоўнай навучальнай установай для шляхцянак павінен быў стаць інстытут высакародных дзяўчат. Папячыцель Беларускай навучальнай акругі прапанаваў, каб падобны інстытут адкрылі ў Вільні, але, пэўна, Вільня не выклікала даверу ў імператара. Мікалай І вырашыў, што для такога інстытута больш стасоўным месцам будзе правінцыйны Беласток. [232] Паколькі аднаго інстытута было мала, у Віцебску, Вільні, Полацку, Мінску, Гродна і Беластоку прапанавалася абраць лепшы прыватны жаночы пансіён, які зрабіць узорным і вылучыць 1,5 тыс рублёў на ягоную падтрымку. [233] Дзяржаўная падтрымка была паабяцана і тым жаночым пансіёнам, які дзякуючы намаганням уладальнікаў, уздымуцца да ўзроўня ўзорных. Адначасова царскі ўказ прадпісваў папячыцелям навучальных акругаў, а таксама іншым інстанцыям узмацніць нагляд за навучаннем дзяўчын, якое ажыццяўляюць каталіцкія кляштары. [234]

Беластоцкі інстытут для дзяўчат шляхцянак быў размешчаны ў былым палацы Браніцкіх, гадавы бюджэт гэтай чатырохкласнай навучальнай установы складаў 24 тыс. рублёў. [235] Праграма навучання ў ім, як і праграма ўзорных жаночых пансіёнаў, складалася з наступных дысцыплін: закон божы, руская, польская, нямецкая, французская мовы (граматыка і літаратура), расійская і ўсеагульная гісторыя, натуральная гісторыя, геаграфія, арыфметыка, чыстапісанне, малюнак, музыка і танцы, рукадзелле і дамаводства. [236] У гэты ж час інстытут для дзяўчын-шляхцянак быў адкрыты ў Магілёве. Яго статус адрозніваўся ад іншых навучальных установаў: не падпарадковываючыся кіраўніцтву навучальнай акругі, ён уваходзіў у ведамства імператрыцы Марыі і фінансаваўся за кошт імператарскай фаміліі. [237]

Адкрыццё ўзорных жаночых пансіёнаў у губернскіх гарадах сутыкнулася з непрадбачанымі цяжкасцямі, асабліва на захадзе беларускіх земляў. Ва ўлад не ўсе трымальніцы прыватных пансіёнаў выклікалі давер. Так, у Гродна, не гледзячы на поспехі прыватнага пансіёна, якім кіравала Баранкевіч, вырашана было не давяраць апошняй дзяржаўную справу, а запрасіць у горад жанчыну з расійскіх губерняў, вядомую сваёй добранадзейнасцю. З Адэсы ў Гродна прыехала настаўніца Савіч, якая ўжо мела вопыт кіравання жаночай адукацыяй. Але мясцовая шляхта не знайшла з ёй агульную мову, пансіён, адкрыты на грошы ўлад, якім кіравала расіянка, фактычна байкатаваўся. Улады вымушаны былі шукаць іншую кандыдатуру, але справа канчаткова так і не была вырашана, узорны пансіён у Гродна стварыць не ўдалося. [238] У Магілёве мясцовая шляхта сама фінансава падтрымала пансіён фон Крузе, накірунак выкладання ў якім іх задавальняў. 55 тысяч рублёў, якія сабралі магілёўскія бацькі, вырашылі лёс пансіёна - цар згадзіўся прызнаць яго ўзорным. [239]

Пасля паспяховага заканчэння пансіёну або інстытуту дзяўчына набывала права выкладаць. Але рэалізаваць яго было непроста. Прыватныя настаўнікі паводле Усталявання аб хатніх настаўніках і выхавацелях, прынятага 1 чэрвеня 1834 г. уключаліся ў сістэму дзяржаўнай адукацыі і мусілі адпавядаць пэўным правілам: быць хрысціянамі, расійскімі падданымі, мець адукацыю не ніжэй за гімназію, або жаночы напсіён. Каб атрымаць магчымасць выкладаць, належала здаць экзамен камісіі, якая існавала пры ўніверсітэце, ліцэі або гімназіі. У камісію падавалася таксама метрыка, водзывы аб кандыдаце з месца вучобы і пасведчанне аб добранадзейнасці ад улад. Хатнія настаўнікі лічыліся чыноўнікамі, мелі чын і выслугу гадоў. [240] Хатніх настаўніц, лічачы па архіўных дакументах, было ў першай палове ХІХ ст. няшмат. Але гэта быў адзіны са шляхоў, на якім жанчына набывала прафесію і магла сябе фінансава забяспечыць.

Пачаткі адукацыі ў гэты час мелі магчымасць атрымаць і дзяўчынкі ніжэйшых саслоўяў. Па-ранейшаму на беларускіх землях сваю работу працягвалі марыявіткі. Пасля выгнання іх з Рэчы Паспалітай ў сярэдзіне 1770-х гг., яны асталяваліся на ўсходзе беларускіх земляў, а пасля падзелаў паступова вярнуліся ў свае былыя рэзідэнцыі. Між іншым, Аляксандр І вылучыў 4 тыс рублёў, каб падтрымаць ордэнскую працу ў сферы адукацыі. [241] Марыявіткі не толькі давалі асновы адукацыі жанчынам, не зважаючы на іх сацыяльны статус, але і займаліся падрыхтоўкай пакаёвак. Дзейнасць жаночых школ пры каталіцкіх кляштарах яшчэ цалкам належала папярэдняй эпохе, новыя павевы ў сферы адукацыі дзяўчынак з немаёмасных класаў ўвасобілі ў гэты час школы сістэмы Бёль-Ланкастара. Першыя падобныя школы з'явіліся на беларуска-літоўскіх землях у 1819 г. - у Ёханішкелях на фундуш І.Карпа і ў Гомелі ў М.Румянцава. Аб гісторыі ланкастарскіх школ ужо пісалася, у тым ліку, аўтаркай гэтых радкоў. [242] Адзначым, што ў школы ўзаемнага навучання хадзілі і дзяўчынкі - дачкі мяшчан у гарадах, і прыгонных у маёнткавых школах. Так, у пачатку 1820-х гадоў у Слоніме ланкастарскую школу наведвала адна дзяўчынка, у Пружанах - шэсць. [243] Але ўжо ў 1824 г. ланкастарскія школы былі забаронены, а сама сістэма Бёль-Ланкастара вярнулася ў парафіяльныя школы толькі ў сярэдзіне 1830-х гадоў.

Дзяўчынкі з немаёмасных станаў маглі набыць адукацыю і ў парафіяльных пачатковых школах, якія ў другой трэці ХІХ ст.пачынаюць даволі хутка развівацца, а ў 1850-я гады ў большасці пераходзяць пад апеку Міністэрства дзяржаўнай маёмасці. На жаль, у дакументах многіх парафіяльных школ адсутнічаюць дакладныя звесткі аб тым, колькі тут вучылася дзяўчынак, і ці ўвогуле яны прысутнічалі ў класах. У нашым распараджэнні маюцца толькі некаторыя фрагментарныя звесткі, але і яны дастаткова паказальныя.Так, у Гродзенскай губерні ў сярэдзіне 1830-х гг. у парафіяльнай школе ў Бездзяжы вучылася дзве дзяучынкі, у Мілейшчыне - 9, у Росі - 6, у Свіслачы - 9, у Ваўкавыску - 9, у Здзенціёлах - 2; а у Вільні у двух парафіяльных школах- 48 і 16. [244]

Вялікую ролю ў адукацыі жанчын, як і ў папярэдні час, адыгрывала хатняе выхаванне. Яго ўзровень значна павысіўся, што было абумоўлена не толькі зменамі ў разуменні значэння выхавання і адукацыі жанчын, але і агульным развіццём сістэмы адукацыі. Віленскі ўніверсітэт, які быў буйнейшым у Расійскай імперыі, значна павялічыў колькасць асоб з вышэйшай адукацыяй, а настаўніцкая семінарыя пры ім дазваляла павысіць педагагічны ўзровень настаўнікаў.

Вышэйшая адукацыя для жанчын у гэты час была недасяжная. Статуты ўніверсітэтаў не прадугледжвалі наведванне заняткаў студэнткамі, але гэтыя палажэнні ігнаравалі самі жанчыны. У 1820-я гады па ініцыятыве сёстраў Чэцвярцінскіх адукаваныя шляхцянкі пачалі наведываць лекцыі прафесара Лелявеля па айчыннай гісторыі. "Не магу перадаць сваю радасць ад навіны, што ўжо ўведзены звычай наведывання жанчынамі лекцый славутага Лелявеля, я вельмі гэтага жадала."- Пісала ў лісце да Т.Зана М.Путкамер(Верашчака) у 1822 г. [245]

Завяршаючы гісторыю жаночай адукацыі ў згаданы перыяд, дададзім, што жанчыны выступалі ў гэты час і як фундатаркі стыпендый, ахвяравальніцы на карысць адукацыйнай справы. Сярод тых, хто вылучаў грошы для падтрымкі парафіяльных, лданкастарскіх, сярэдніх школ, можна згадаць Разалію Туганоўскую, Антонію Пратніцкую, Разалію Аўсян, Антонію Вольф [246], Канстанцыю Гюнтэр, Канстанцыю Сеўрук [247], Сафію Чэцвяртынскую з Слізняў, Марту Малевіч з Вільчэўскіх, Путкамер, Марцэліну Карналоўскую [248] і іншых. Дарэчы будзе згадаць і асветніцу Ганну Ябланоўскую, якая не толькі адкрыла школу ў сваім маёнтку, алеі і стварыла першы прыватны дыдактычны музей.

Для рэалізацыі сваіх здольнасцяў і таленту ў першай палове ХІХ ст. жанчына яшчэ не мела дастатковай прасторы. Але вылучаецца адна сфера культурнай дзейнасці, у якіх кабеты не толькі змаглі заняць пачэснае месца, але часам нават дамінавалі: тэатр. Гэта магло адбыцца дзякуючы некалькім фактарам. Найперш, значэнне самаго тэатра ў культурным жыцці беларускіх земляў, асабліва заходняй і цэнтральнай іх часткі, з часоў Асветніцтва становіцца надзвычай вялікім. У адрозненні ад Расіі, дзе тэатральныя паказы не віталіся царквой і доўгі час лічыліся блюзнерствам, каталіцкая Еўропа з часоў Сярэднявечча развівала тэатральнае мастацтва. У Рэчы Паспалітай напярэдадні і ў час падзелаў тэатр становіцца трыбунай для распаўсюджвання новай ідэалогіі, арэнай вострай палітычнай барацьбы. Захапленне тэатрам перажываюць у гэты час не толькі магнаты, але і шляхта. Другім фактарам, абумовіўшым аванс жанчын на тэатральных падмостках, было з'яўленне тэатра прыватнай антрэпрызы. Замена прыгонных артыстаў людзьмі вольнымі, у пераважнай большасці выхадцамі з шляхты, рабіў гэты род дзейнасці пачэсным і паважаным. Тэатр прыватнай антрэпрызы даваў прастор і для жаночай прадпрымальнасці. У першай палове ХІХ ст. буйныя антрэпрызы трымалі С.Дзешнер, Мараўская, І.Гурская (Горская), К.Гензель і іншыя актрысы.

Лёс актрысы, як правіла, не быў лёгкі. Толькі найбольш буйныя зоркі ці ўдачлівыя антрэпрынёркі маглі спадзявацца на прыстойныя заробкі. Сцэнічная дзейнасць была не сумяшчальнай з сямейным жыццём па-за тэатрам. Арганізацыя тэатральнага жыцця на беларускіх землях першай паловы ХІХ ст. была заснаваная на аб'яздных тэатральных калектывах. Такая трупа звычайна асталёўвалася ў буйным цэнтры, бяручы ў арэнду мясцовы тэатральны будынак. Летам, калі горад пакідалі патэнцыяльныя гледачы - шляхта, якая з'язджала ў маёнткі, трупа пачынала аб'езд уездных цэнтраў, кірмашоў, а часам і буйных маёнткаў, дзе давала паказы. Восенню артысты зноў вярталіся ў губернскі цэнтр. Паколькі патэнцыяльных гледачоў было ў горадзе няшмат - толькі Вільня з'яўлялася тут выключэннем - трупа мусіла амаль штодня даваць прэм'еры, а калі рэпертуар быў вычарпаны - пакідала горад. Пры такім ладзе жыцця жанчыне-актрысе немагчыма было выйсці замуж за чалавека, не звязанага з тэатрам, і працягваць тэатральную кар'еру. Паказальным прыкладам была справа актрысы Паліны Дзянісавай. У 1826 г. яе муж фельдшар Дынабургскага шпіталя падаў прашэнне на імя Віленскага генерал-губернатара, патрабуючы вярнуць жонку, якая ад'ехала на гастролі разам з трупай. Цыркулярна аб росшуку актрысы паведамілі грамадзянскім губернатарам. Паліну Дзянісаву адшукалі і адправілі ў Дынабург да мужа. [249]

Сямейнае жыццё актрыс канцэнтравалася, такім чынам, у тэатральным свеце. Масавай з'явай ў гэты час становяцца шлюбы паміж акцёрамі. У антрэпрызах Навіцкага ў Беластоку, Дзешнер і Навакоўскага ў Гродна, Мараўскай у Вільні, М.Кажынскага ў Мінску і Вільні ігралі сямейныя пары Фіялкоўскіх, Наймалоўскіх, Жукоўскіх, Рагоўскіх, Скібінскіх, Аснікоўскіх, Тарноўскіх, Здановічаў, Навакоўскіх, Бетляеўскіх і іншыя.

Шлях на сцену для жанчыны пачынаўся звычайна з ранняга юнацтва, або дзяцінства, калі яна паходзіла з акцёрскай сям'і. Прафесійнае мастацтва набывалася шляхам назапашвання вопыта сцэнічных выступленняў, назіраннем за ігрой другіх акцёраў. У дзесяцігадовым узросце ў французскім балеце дэбютавала на віленскай сцэне Ізабэла Гурская [250], у васемнаццаць гадоў прыйшла ў тэатр В.Багуслаўскага С.Дзешнер [251], у трупе бацькі пачыналі сваю сцэнічную кар'еру сёстры Шмідкоф - спявачка і танцорка [252], у ролі амурка дэбютавала на віленскай сцэне Паўліна Лявіцкая. [253] Часам шлях на сцэну пачынаўся з выступлення ў аматарскіх калектывах. На беларускіх землях у першай палове ХІХ ст. не існавала спецыяльных навучальных установаў, якія бы рыхтавалі актрыс і акцёраў. Падобныя школы былі ў Варшаве - там у 1802 г. школу танцаўшчыкоў адкрыў былы балетмайстар гродзенскага тэатра Тызенгаўза Франсуа Ле Ду. Для драматычных акцёраў у Варшаве ў 1811 г. "бацькам польскага тэатра" Войцэхам Багуслаўскім таксама была створана школа, але яе выхаванцы неахвотна ехалі ў Беларусь і Літву. Ва ўсякім выпадку, з актрыс, якія выступалі на мясцовых сцэнах, выхаванкамі Варшаўскай драматычнай школы былі толькі дзве - першая і другая жонкі антрэпрынёра Ашпергера. [254] Пасля тэатральнай рэформы 1845-1850 гг., каб тут выступаць, трэба было ведаць рускую мову, і актрысы з Варшавы ўвогуле абмінаюць літоўска-беларускія сцэны. У 1848 г. Віцебскі генерал-губернатар звяртаўся да дырэкцыі Імператарскіх тэатраў ў Пецярбургу з просьбай дазволіць працаваць ў тэатральных трупах, якія выступаюць у Смаленску, Віцебску і Магілёве, выхаванкам драматычных школ пры імператарскіх тэатрах - тут не хапала актрыс, якія бы ведалі рускую мову, а таксама танцорак. [255]

На працягу ўсяго жыцця жанчына-актрыса магла выступаць у некалькіх амплуа. Пачынаючы з амплуа травесты ці інжаню, яна затым іграла гераінь або субрэтак, а ў канцы жыцця - характарныя ролі. Тэатр быў адзінай крыніцай даходаў, знайсці работу па-за сцэнай для актрысы з'яўлялася справай амаль немагчымай. Заробак актрысы складаўся з некалькіх частак: плата за ўдзел у спектаклях, бенефісы, а калі яна працавала ў таварыстве акцёраў і мела долю ў антрэпрызе - то і працэнтаў з унесенага капіталу. Прыбыткі ад тэатральных паказаў залежалі ад многіх прычын - кошту арэнды памяшкання і абавязковых выплат на дабрачыннасць, добрасумленнасці антрэпрынёра, статусу актрысы ў трупе, а найперш - ад заможнасці публікі і яе захаплення тэатрам. Большыя заробкі мелі, безумоўна, антрэпрынёршы. Так, да прыкладу, Мараўская, якая трымала найбольш выгодную антрэпрызу ў Вільні, магла за сезон зарабіць да 2000 руб. золатам. [256] Але ў іншых гарадах прыбыткі з тэатральных паказаў былі невялікія - за спектакль у Віцебску, да прыкладу, трупа Чаховіча ў сярэдзіне 1840-х гадоў атрымлівала даходу ад 35,5 да 155 рублёў. [257]

Да 1845 г. на сцэнах Беларусі і Літвы працавалі, пераважна, мясцовыя ўраджэнкі, або актрысы з Польшы. Значную частку з іх складалі шляхцянкі, што падкрэслівалася напісаннем слова «пані» ці «панна» перад прозвішчам актрысы ў афішах. Пасля тэатральнай рэформы 1845-1850 гг. на ўсход Беларусі разам з расійскімі трупамі прыехалі і рускія актрысы. У трупах Дудчанкава, Собалева, Лідзінай, Федэцкага выступалі актрысы Быстрова, Ленская, Звёздава, Вінаградава і інш.

Тэатр, адзін з найбольш дасяжных галін культуры ў гэты час, карыстаўся вялікай папулярнасцю ў жаночым асяроддзі. Мець уласную ложу на паказах папулярнай трупы лічылася добрым тонам. Апісанне тэатральных паказаў, якія яна наведвала ў Вільні і Мінску, увесь час сустракаюцца на старонках успамінаў Габрыелі Пузынінай [258], а ў спісах тых, хто набываў білеты на дабрачынныя спектаклі, амаль трэццю частку складаюць жанчыны. [259] Зацікаўленасць шляхцянак тэатральным мастацтвам праяўлялася і ў шматлікіх аматарскіх спектаклях, пастаноўках т.зв "жывых карцін". Кабеты часам выступалі ініцыятаркамі такіх паказаў, асабліва ў тых выпадках, калі зборы ад аматарскіх спектакляў ішлі на дабрачынныя мэты.

Блізка звязана з тэатральным мастацтвам была музыка, у якой роля жанчын была спецыфічнай. Валоданне музычным інструментам з'яўлялася абавязковым для дзяўчын з заможных шляхецкіх сем'яў, музыка ўваходзіла ў праграму навучальных установаў, хатні настаўнік музыкі быў звычайный фігурай ў дамах, дзе раслі дачкі-шляхцянкі. Жанчыны вучыліся іграць на розных інструментах, але найбольш запатрабаванымі ў першай палове ХІХ ст. былі фартэп'яна і арфа. "Вільня, як большасць нашых гарадоў, - пісаў у 1840 г. карэспандэнт "Tygodnika Petersburgskiego", - асабліва настаўлена да музыкі. Не знойдзеш амаль ніводнага дома, дзе бы не было фартэп'яна, а пры ім прыгожай віртуозкі або віртуоза… Калі гуляеш па Вільні, з вакон чутна фартэп'яна, або меладычны спеў літвінкі "Вілія, нашых ручаін матуля.." - вечарам можна ўявіць, што голас ідзе з неба." [260] Але добрае валоданне музычнымі інструментамі і пастаўленыя прафесіяналамі галасы надзвычай рэдка выходзілі па-за свецкія салоны на сцэну. У першыя дзесяцігоддзі ХІХ ст. на сцэнах выступалі амаль выключна прафесійныя актрысы-спявачкі, або прафесійныя танцоркі. Толькі ў канцы 1820-х гадоў пачынаюцца канцэрты прафесійных выканальніц-інструменталістак, але гэта чацей гастролі замежных піяністак ці арфістак. Так, да прыкладу, у Вільні ў 1827 г. праездам з Варшавы ў Пецярбург з вялікім поспехам дала канцэрт Марыя Шыманоўская [261]; у 1838 г. у Вільні выступаў дуэт венгерскіх арфістак [262]. У 1842 г. у Мінску прайшлі гастролі піяністак сёстраў Марыі Фоглер і Эміліі Юрэвіч. У праграме былі творы Шапэна, Расіні, Герца, піяністкам акапаніраваў мясцовы аркестр. [263] У гэты час пачынаюцца і публічныя канцэрты аматарак, часам разам з прафесіяналамі. Па ўспамінах Г.Пузынінай, па ініцыятыве яе бацькі ў 1838 г. была праведзена дабрачынная музыкальная вечарына на карысць бедных. У праграме вечарыны, апрача выступлення прафесійнай спявачкі Мерс, была выканана уверцюра з "Семіраміды" - яе ігралі на 8 фартэп'яна ў дзьве рукі 16 піяністак, аматарак і прафесіяналак. Па меркаванню мемуарысткі, лепей было бы сыграць адной піяністцы, але з бляскам. [264] Выдатныя канцэрты ў Мінску, Слуцку, Кіеве давала маладая аматарка-піяністка Каміла Марцінкевіч, дачка вядомага пісьменніка. [265] Часам канцэрты давалі і замужнія спявачкі. У Вільні ў 1807 г. разам з гастраліруючым капельмайстрам і спеваком Эльменрэйхам спявала жонка віленскага прафесара Франка Крысціна Жэрардзі [266].

Усё ж найбольш музыкальныя таленты жанчын у гэты час праяўляліся на тэатральных падмостках. Прафесійнае валоданне голасам было абавязковым для паступлення на сцэну. Больш за палову п'ес, якія ўваходзілі ў рэпертуар тэатраў, складалі музычныя камедыі, оперы, вадэвілі. У дэвертысментах выконваліся любімыя публікай арыі, фрагменты опер. Выдатнымі галасамі захаплялі сучаснікаў Саламея Дзешнер і Ізабэла Горская, Хелмікоўская, Драздоўская і іншыя.

У галіне выяўленчага мастацтва жанчыны часцей былі не стваральніцамі, а спажыўцамі і мадэлямі. Выкладанне малюнку ў пансіёнах не давала належнай кфаліфікацыі для прафесійных заняткаў жывапісам і скульптурай, а ва ўніверсітэт, дзе ў першай трэці стагоддзя актыўна дзейнічала аддзяленне прыгожага мастацтва, жанчын не прыймалі. У першай палове ХІХ ст. нам пакуль вядома толькі адна мастачка, творы якой спецыялісты ставяць побач з творамі мастакоў-мужчын - Аляксандра Гюнтэр, дачка Ігнація Тызенгаўза і Мар'яны Пшаздзецкай, жонка вядомага мецэната Адама Гюнтэра. [267] З гэтай жа прычны жанчыны не пазначыліся і ў архітэктуры.

Павышэнне ўзроўню жаночай адукацыі з'явілася падставай для звароту жанчын да прыгожага пісьменства. У другой трэці ХІХ ст. на кніжных паліцах з'яўляюцца творы, напісаныя Жож Санд, А.К.Таньскай-Гофман і іншымі пісьменніцамі. Пакуль што жанчыны яшчэ не вельмі смела падпісваюцца пад сваімі творамі, часцей абіраючы псеўданімы: Юзефіна О. і інш. [268] З'яўляецца цэлая скіба літаратуры, прызначанай для жанчын. Гэта не толькі сентыментальныя раманы, але і вялікая колькасць параднікаў па вядзенню гаспадаркі, якія нарэшце пачынаюць пісаць самі гаспадыні [269]. Кола чытання адукаваных жанчын было вельмі шырокім і ўключала навуковыя трактаты з розных галін ведаў, публіцыстыку, творы прыгожага пісьменства. Так, да прыкладу, акрэслівалася кола чытання Марылі Варашчака. Амаль у кожным лісце да сваіх віленскіх сяброў яна просіць дасылаць кнігі, у тым ліку працы па гісторыі, а таксама новыя каталогі віленскіх кнігарняў, па якіх выбірае літаратуру для чытання. [270]

Культура першай паловы ХІХ стагоддзя характэрна не толькі тым, што на яе ніве пачынаюць актыўна працаваць жанчыны, але і стварэннем новага стэрэатыпа жанчыны - патрыёткі, актыўнай грамадзянкі, адказнай маці і жонкі. Вобраз маці-патрыёткі і жонкі-паплечніцы актыўна прапагандуе жывапіс, тэатр, літаратура. Але і само жыццё у той час давала прыклады такіх постацяў жанчын, якія станавіліся сімвалам барацьбы за незалежнасць, узорам патрыятызму, вернасці сваім ідэалам. Падобнай постаццю, аб якой з вялізарнай павагай узгадваюць тагачасныя мемуарысты [271], з'яўлялася Марыя Гарэцкая, маці вядомага байкапісца і бабка знакамітага мастака."Прызвычаеная гарачо любіць сваю Айчыну і гаварыць аб гэтым смела і гучна ў лепшыя часы, адвучвацца ад гэтага не магла і не хацела пры іншых парадках" - піша аб ёй Г.Пузыня. [272]

Прадстаўленыя матэрыялы толькі пазначаюць заяўленую ў назве работы тэму. Безумоўна, роля жанчын у культурным жыцці беларускіх земляў не вычэрпваецца вышэй прыведзенымі фактамі і меркаваннямі. Яна патрабуе больш глыбокай і дэтальнай распрацоўкі.



Метадалогія і методыка навуковых даследаванняў

Аб асаблівасцях працы з датамі гістарычных крыніцах часоў ВКЛ (14-16 стст.)

Знаходжанне беларускіх земляў на памежжы канфесій і культур абумовіла спецыфіку сістэмы летазлічэння, якая пачала акрэслівацца тут адначасова са складваннем Вялікага княства Літоўскага і набыла устойлівасць у сярэдзіне 15- першай палове 16 стст. На жаль, пакуль што ў айчыннай гістарычнай літаратуры няма прац, якія бы аналізавалі і ацэньвалі адметнасці нашай сістэмы летазлічэння. Як правіла, на праблемы гістарычнай храналогіі даследчыкі звяртаюць увагу толькі ў тых выпадках, калі належыць вырашыць задачы практычнага характару - пры публікацыі дакументаў, складанні храналагічных табліц і да т.п. Падобнага тыпу зварот да праблем гістарычнай храналогіі сустракаецца, да прыкладу, у беларускіх публікацыях Метрыкі ВКЛ, у даследаваннях А.Грушы па гісторыі канцылярыі ВКЛ, у археаграфічных выданнях, падрыхтаваных М.Улашчыкам, ці ў яго ж даследаваннях па гісторыі летапісання. Храналагічныя даследванні ў айчынным крыніцазнаўстве носяць, хутчэй, маргінальны характар. Адсутнасць цікавасці да гістарычнай храналогіі сярод айчынных гісторыкаў ў некаторай ступені абумоўлена ўяўленнем аб дастатковай распрацаванасць гэтай праблематыкі ў суседніх, найперш, расійскай, гістарычных школах. Але перакананне аб вычарпальным асвятленні дадзенай праблематыкі ў расійскай гістарычнай школе пры бліжэйшым знаёмстве з даробкамі суседзяў аказваецца перабольшваннем. У дарэвалюцыйнай і постсавецкай расійскай, як і ў савецкай, гістарыяграфіі націск пры вывучэнні асаблівасцяў летазлічэння рабіўся на кірылічныя крыніцы, якія паходзілі з маскоўскіх земляў. З часоў М.Гарбачэўскага фактычна не створана ніводнай працы, якая б засяроджвала ўвагу на лічэнні часу ў ВКЛ, а працы гэтага выдатнага археографа, напісаныя амаль паўтара стагоддзі таму, не цалкам адпавядаюць сучаснаму стану гістарычнай храналогіі.

Неўважлівае стаўленне айчынных даследчыкаў да праблем гістарычнай храналогіі, як спецыяльнай гістарычнай дысцыпліны, можа прывесці, і часам прыводзіць да недарэчнасцяў і памылак, якія ў некаторых выпадках адбіваюцца на якасці навуковага экскурса. Так, да прыкладу, пры публікацыі беларуска-літоўскіх летапісаў М.Улашчык, якому нельга адмовіць у скрупулёзнасці і дакладнасці пры рабоце з крыніцамі, праігнараваў спецыфіку працы з каляндарнымі стылямі. У выніку яго памылкі ў акрэсленні дат пачалі тыражыравацца ў паўторных выданнях і гістарычных даследаваннях [15, с. 46; 16, с.63, 64, 65 і інш.]. Зварот да дэталёвага вывучэння асаблівасцяў датавання рукапісаў, між тым, можа быць вельмі плённым. Вывучэнне дат, якое на першы погляд уяўляецца толькі, так бы мовіць, дапаможнай даследчыцкай задачай пры публікацыі дакументаў, на самрэч дазваляе рабіць высновы, якія дазваляюць удакладніць важныя моманты палітычнай, канфесійнай, сацыяльнай гісторыі.

У дадзенай працы робіцца спроба выявіць некаторыя асаблівасці сістэмы летазлічэння, якая ўжывалася на беларускіх землях у часы складвання і станаўлення ВКЛ, вызначыць пэўныя найбольш цікавыя рысы гэтай стстэмы, якія, на нашую думку, вартыя спецыяльных даследаванняў.

Складванне Вялікага Княства Літоўскага, як адной з еўрапейскіх дзяржаваў, адбывалася ва ўмовах шчыльнага ўзаемадзеяння дзвюх цывылізацыйных сістэм, што традыцыйна называюць Усходам і Захадам. Каталіцкі Захад і праваслаўны Ўсход на працягу некалькіх стагоддзяў выпрацавалі ўласныя сістэмы летазлічэння, якія ў базавай сваёй частцы ўзыходзілі да старажытнарымскіх каляндарных традыцый, але мелі прынцыповыя адрозненні. На беларускіх землях, дзе праваслаўе было дамінуючай хрысціянскай канфесіяй на пачатковым этапе існавання ВКЛ, да канца 14 ст. бытавала візантыйская сістэма лічэння часу з невялікімі адрозненнямі. Апошнія палягалі ў акрэсленні пачатку каляндарнага года - у верасні, як гэта рабілі ў Канстантынопалі, або ў сакавіку, што адпавядала паганскай славянскай традыцыі. Наяўнасць сакавіцкага, ультрасакавіцкага і вераснёўскага стыляў у старажытнаславянскіх пісьмовых крыніцах даўно заўважана даследчыкамі, і прынцып рэдукцыі дат пры пераводзе з аднаго стыля на другі, а таксама акрэсленне стыля крыніцы дакладна распрацаваны.[5; 9] У каталіцкіх краінах летазлічэнне за амаль паўтара тысячагоддзя пасля Сазігена значна эвалюцыянавала. Сярод адметнасцяў злічэння часу, пэўна, найбольш кардынальнай была новая эра, распрацаваная папскім сакратаром скіфам Дыянісіям Малым, якая ў 14 ст. фактычна стала найбольш ужыванай і звыклай, хаця яшчэ і не была прызнана афіцыйна папскім дваром. Параўнанне дзвюх сістэм летазлічэння - праваслаўнай візантыйскай і каталіцкай еўрапейскай, не ўваходзіць у задачу дадзенай працы. Аднак на тэрыторыі ВКЛ адрозненні каталіцкай і праваслаўнай сістэм летазлічэння былі найбольш відочнымі. Іх узаемадзеянне на нашых землях, як выдаецца, ішло ў бок пагаднення гэтых адрозненняў для выпрацоўкі дастаткова ўніверсальнай сістэмы адліку часу ва ўмовах канфесійнага памежжа. У большай ці меньшай ступені ўзгадняцца павінны былі ўсе элементы адліку часу, а дамінацыя адной з сістэм была абумоўлена абставінамі стварэння дакумента.

Эра Да Крэўскай уніі ў ВКЛ, як можна меркаваць па вядомых крыніцах, у актавых дакументах і летапісах ужывалася ў пераважнай большасці візантыйская эра ад стварэння свету і вераснёўскі пачатак года. Эра ад Раства Хрыстова (Р.Х) дастаткова часта пачынае з'яўляцца ў актах пасля пераезду Ягайлы ў Кракаў. У Кароне ў гэты час эра ад Раства Хрыстова была звычайным элементам летазлічэння, яна вядома ўжо ў самых ранніх напісаных ў Польшчы календарах і пасхаліях [22, s.346]. Канец 14-15 стст. было перыядам паступовага выціскання з афіцыйнага ўжытку візантыйскай эры і замены яе эрай Дыянісія. Абедзве эры ў гэты час сустракаюцца і ў каронных, і ў княскіх дакументах. Пры аналізе апублікаваных матэрыялаў Метрыкі і іншых актавых крыніц можна заўважыць, што візантыйская эра ўжывалася ў дакументах, пісаных кірыліцай г.зв. "рускім пісьмом". Пры транслітэрацыі гэтых дакументаў з дапамогай лацінкі ў час рэформы канцылярыі ВКЛ ў 16 ст. пісары захоўвалі пазначэнне даты па візантыйскай эры і не рабілі яе рэдукцыю на эру ад Р.Х. Так, да прыкладу, пазначаны дакумент 1392 г. [273] :"6898. Listy ruskiego pisma Swydrygala kx(iążęcia) ku wyczytaniu trudne, pod datą roku oth stworzenia swiata; w miessączu czerwczu."[20, № 5, p.23] У каронных дакументах візантыйская эра сустракаецца тады, калі яны адрасаваны жыхарам ВКЛ, ці апошнія ў іх фігуруюць. Адначасова, да прыкладу, у прысяжных лістах літвінскай шляхты на вернасць Ягайле ўжываецца толькі эра ад Р.Х. [20,№1,2, p.23] Уласцівасці адрасата, хутчэй за ўсё, абумоўлівалі абранне сістэмы летазлічэння: праваслаўная літвінская шляхта, прысягаючы каралю-каталіку Уладыславу-Ягайле, датавала дакументы лацінскай эрай, якая ўжывалася кракаўскай канцылярыяй, у сваю чаргу кароль, пішучы да праваслаўных літвінаў па старабеларуску, ужываў візантыйскую эру, якая звыклай была для канцылярыі віленскай. Такая практыка - улічваць летазлічэнне адрасата, захавалася і пасля 1431 г., калі эра Дыянісія стала афіцыйным элементам справаводства папскай канцылярыі. Да прыкладу, візантыйскай эрай датавана пагадненне паміж праваслаўнымі Юрэвічамі і каталікамі Гаштольдамі (6989 г.); Гаштольдамі і праваслаўнымі Радзівіламі (7013 г.); прывілеі на валоданне зямлёй Семашку Епіфанавічу (6960 г.) і інш. ."[20, № 671, 672, p.134; 21, p.243, 244,294] Падкрэслім, што эра ад стварэння свету выкарыстоўвалася толькі ў кірылічных дакументах, у лацінскамоўных жа, нават калі ў іх фігуруюць праваслаўныя, ужывалася эра ад Р.Х. А вось лацінская эра магла ўжывацца і ў кірылічных дакументах. Гэта залежала ад зместу дакумента і акалічнасцяў яго ўзнікнення. Так, да прыкладу, запісвалася дата ў кірылічных варыянтах дагавораў з Ордэнам і так званых "проціўнях", пры тым дубліраванне даты на візантыйскую сістэму летазлічэння не рабілася. [11; 17] Таксама датаваны прысяжны і іншыя лісты Івашкі, сына валошскага ваяводы Пятра, адрасаваныя Ягайле і напісаныя на кірыліцы: "розства Х(ри)с(то)ва тис#ча лhт и чотыриста лhт" [19]. Пэўна, на парадак ужывання ў афіцыйным справаводстве візантыйскай эры ўплывала не толькі веравызнанне караля ці вялікага князя, але таксама ступень яго прызнання мясцовымі нобілямі. Няпэўнасць пазіцый Казіміра Ягелончыка, а затым і Аляксандра ў ВКЛ магла, на нашую думку, адбіцца і на сістэме летазлічэння: у атавых дакументах гэтых часоў актыўна ўжываецца эра ад стварэння света, звыклая праваслаўным нобілям, якія тады складалі большую частку магнатэрыі. Выкарыстанне візантыйскай эры ў ВКЛ, пэўна, было і адным з элементаў, які падкрэсліваў суверэнітэт дзяржавы ва ўмовах дынастычнай уніі з Каронай.

Апрача вышэй згаданых, важнай прычынай ужывання адной, ці другой эры у дакументах магло быць паходжанне пісара, які гэтыя дакументы складаў. Як свой час давёў К.Ш.Станг, аналізуючы княскія і каралеўскія граматы, пэўную, а часам і значную частку пісараў у канцылярыі ВКЛ першых стагоддзяў яе фармавання, а таксама кракаўскай канцылярыі Ягайлы і Малдаўскай канцылярыі складалі выхадцы з паўднёвабеларускіх земляў і Валыні [14, с.138, 140]. Праваслаўныя па веравызнанні, яны, хутчэй за ўсё, павінны былі выкарыстоўваць не лацінскую, а візантыйскую сістэму летазлічэння.

У летапісах, якія вяліся праваслаўным святарствам, як можна меркаваць па захаваўшыхся крыніцах, у той час, калі справаводства дапускала ўжыванне і візантыйскай, і лацінскай эр, выкарыстоўвалася толькі візантыйская эра. Паказальны ў гэтым сэнсе Еўраінаўскі летапіс, частка якога напісана з выкарыстаннем візантыйскай эры - да сярэдзіны 15 ст., наступныя ж падзеі датуюцца эрай ад Р.Х. Аўтар спіса, які зроблены ў канцы 17 ст., карыстаўся больш раннімі крыніцам. У гэтых пратографах летазлічэнне вялося па эры ад стварэння свету, што і было перанесена летапісцам без рэдукціі ва ўласны твор. Затым, працягваючы апісанне падзей, ён пазначае даты па замацаваўшамуся ў яго часы летазлічэнні - эры ад Р.Х. Гэтая змена наступае пасля 1440 г., пры тым аўтар робіць рэдукцыю даты: "Лhта 6948-го, а по божію рожденію 1440" [8, с.351]. Між іншым, аналіз перадачы дат у летапісы можа быць дадатковай прыкметай пры вызначэнні складу крыніц, якімі карыстаўся летапісец ці храніст. Гэтую асаблівась адзначыў і бліскуча выкарыстаў пры аналізе "Аповесці мінулых гадоў" А Кузьмін " Відавочна, храналогія нашых летапісаў з'явілася вынікам разлікаў і кампілявання крыніц рознага паходжання"- адзначае ён [9, с.254].

Эра ад стварэння свету не знікла канчаткова са справаводства ВКЛ і пасля Люблінскай уніі, эпізадычна ўзнікаючы ў дакументах у сувязі з рознымі абставінамі. Датаванне па эры ад стварэння свету можна знайсці, у прыватнасці, у магілёўскіх [3, с.47,64] і пінскіх гродскіх кнігах сярэдзіны 17 ст. - у перыяд, калі Беларусь была акупавана маскоўскімі войскамі. Упісы грамат Аляксея Міхайлавіча тут рабіліся з ужываннем візантыйскай эры, пры тым часам з памылкамі. [274] Асобныя запісы магілёўскіх гродскіх кніг у гэты час датаваны па візантыйскай эры без рэдукцыі даты на эру ад Р.Х [3, с.90]. Візантыйскую эру выкарыстоўвалі ў сваіх дакументах некаторыя праваслаўныя іерархі, а таксама праваслаўныя нобілі пры фундушах на праваслаўную царкву[2, с.14,15, 21], тады як просты праваслаўны клір нават у тэстаментах мог прастаўляць г.зв. "лацінскую" эру [2, с.5]. Пры ўпісанні такіх дакументаў у гродскія ці земскія кнігі пісары прастаўлялі дзве даты - дату ўпісання па эры ад Р.Х. і дату па візантыйскай эры, пазначаную ў пададзеным да ўпісання дакуменце.

Індыкт Ііндыкт, пэўна, з'яўляецца адным з найбольш цікавых элементаў сістэмы летазлічэння ў ВКЛ. Лік індыктамі, нарадзіўшыся ў Егіпце, быў, як вядома, успрыняты антычным Рымам, а ў 312 г. замацаваны ў якасці адзінкі летазлічэння імператарам Канстанцінам. У гісторыі летазлічэння вядомы некалькі індыктаў: папскі індыкт - са зменай нумара 1 студзеня; імператарскі, або індыкт Беда, у якім нумар індыкта змяняецца 24 верасня; і indictio Senensis, у якім гэтая змена адбываецца 8 верасня. На ўсходнеславянскіх землях выкарыстоўваўся так званы грэчаскі індыктыён, у якім змена індыкта наступала 1 верасня. Гэтая дата адпавядала вераснёўскаму стылю і эры ад стварэння света. Як адзначае А.Кузьмін, у першыя стагоддзі пасля прыняцця хрысціянства лік індыктамі не быў шырока распаўсюджаны на землях усходніх славянаў. Уменне вылічваць індыкт у тыя часы сведчыла аб адукаванасці перапісчыка ці летапісца. Спецыфіка выкарыстання індыктаў, на яго думку, можа быць "пуцяводнай ніткай" для атрыбуціравання тэкстаў, вызначэння іх аўтара ці перапісчыка [9, с.283].

Традыцыя лічэння індыктамі, прыйшоўшы на землі ВКЛ разам з праваслаўем, выглядала арганічнай адзінкай лічэння часу толькі ў візантыйскай сістэме. Нумар года і нумар індыкта ў ёй змяняліся адначасова - у верасні, а адлік індыктаў пачынаўся, так сама, як і эра - ад стварэння света. Але паступовае выцісканне візантыйскай эры і вераснёўскага стылю лацінскай сістэмай летазлічэння, у якой год змяняўся 1 студзеня (або ў шэрагу выпадках 25 снежня), а адлік вёўся ад эры ад Раства Хрыстова, рабілі грэчаскі індыкт чужародным элементам новага пазначэння дат. Не гледзячы на гэта, індыкт актыўна ўжываўся да сярэдзіны 16 ст., калі эра ад Р.Х і студзеньскі стыль ужо занялі дамінуючае месца ў летазлічэнні.

Пакуль што нельга сказаць з дакладнасцю, пачынаючы з якога года індыкт знікае са справаводства ў ВКЛ. К.Ш.Станг заўважае, што гэта адбылося прыкладна ў 1550 г.[14, с.171]. Можна меркаваць, што знікненне індыкта з фармуляра дакументаў Віленскай канцылярыі было звязана з яе рэформай у 1540-я гады, калі быў ліквідаваны падзел на рускіх і лацінскіх пісараў. Аднак вызначыць дакладны год, калі індыкт перастаў ужывацца ў іншых літвінскіх урадах, магдэбургіях і г.д., а таксама ў прыватных актах і дакументах, немагчыма. Многае залежала ад асобы пісара, ад месца, урада і акалічнасцяў стварэння дакумента. Але, ва ўсякім выпадку, сярэдзіна 16 ст. была часам, калі і гэты элемент візантыйскай сістэмы летазлічэння канчаткова перастаў быць абавязковым пры датаванні афіцыйных дакументаў.

Аб тым, як эвалюцыянавалі адносіны да выкарыстання індыкта ў актавым фармуляры, сведчыць колькасць памылак у яго вылічэннях. Паколькі нумар індыкта змяняўся ў верасні, а нумар года - у студзені, пісар павінен быў увесь час весці "падвойны лік". Калі звычкі да такога лічэння часу не было, у вылічэнні магла закрасціся памылка. Між іншым, цяжкасці ў выкарыстанні індыкта пры датаванні падзей, на думку А.Кузьміна, былі абумоўлена менавіта рознасцю эр і стыляў, якія выкарыстоўваліся на славянскіх землях з першых гадоў пасля прыняцця хрысціянства. Так, у "Аповесці мінулых гадоў", стваральнікі якой чэрпалі звесткі з розных пісьмовых крыніц, выкарыстоўваюцца як візантыйскі індыкт, так і антыяхійская, александрыйская і іншыя эры, што выклікае неўзгодненасць дат і стракатасць храналогіі [14, с.171]. У 14-15 стст. памылкі ў выкарыстанні індыкта сустракаюцца параўнальна рэдка, звыклым было таксама ўжыванне нумара індыкта замест нумара года пры датаванні дакументаў. Паказальна, што індыкты ў гэты час пазначаліся як у кірылічных старабеларускіх, так і ў польскамоўных дакументах, напісаных лацінкай. Сітуацыя змяняецца ў 16 ст. Цяпер памылкі ў вызначэнні індыкта становяцца вельмі частымі, пры тым пісары памыляюцца на некалькі адзінак, часам проста не пішуць нумар індыкта, а толькі само слова "індыкт". Між іншым, літоўскія гісторыкі, публікуючы матэрыялы Метрыкі, улічылі гэтую акалічнасць і ўнеслі папраўленыя нумары індыктаў у заўвагі. З падобнай праблемай сутыкнуліся таксама А.Х. Вастокаў і К.Ш.Станг, аналізуючы копію літоўскай граматы, датаваную 6845 г і чацьвёртым індыктам. Выдаецца, што належыць пагадзіцца з іхняй высновай аб больш позднім стварэнні дадзенага дакумента, якая грунтуецца, між іншым, на тым, што ў 14 ст. памылкі ў выкарыстанні індыкта сустракаюцца дастаткова рэдка[14,с. 141].

На слушнасць і абавязковасць выкарыстання індыкта пры датаванні дакументаў, як можна меркаваць, уплываў і парадак вядзення спраў у вялікакняскай канцылярыі. Як адзначае А.Груша, у другой чвэрці 16 ст. нярэдкімі былі выпадкі, калі кірылічныя дакументы афармляў "лацінскі" пісар[7,с.26-27]. Можна меркаваць, што ў гэтым выпадку індыкт мог не пазначацца, або пазначацца памылкова, паколькі ў польскамоўных дакументах у гэты час ён не з'яўляўся абавязковым элементам фармуляра, і "лацінскі" пісар не меў звычкі да яго вылічэння і выкарыстання. Думаецца, што аналіз ужывання індыктаў пісарамі канцылярыі мог бы стаць дадатковым індыкатарам вызначэння аўтарства дакументаў.

М.Улашчык, аналізуючы слушнасць ужывання індыктаў і іншых элементаў даты ў летапісах, адзначаў, што часам памылкі маглі быць выкліканы невыразным напісаннем кірылічных літар-лічбаў у крыніцы, якой карыстаўся летапісец [16,с.65]. Можна меркаваць, што частка памылак у актавых дакументах, найперш, дакументах Метрыкі, якія дайшлі да нас у копіях, таксама тлумачацца невыразнасцю літар-лічбаў ў арыгіналах.

У Маскоўскай дзяржаве, як вядома, да 1700 г. ужываўся вераснёўскі стыль, і выкарыстанне грэчаскага індыкта са зменай у верасні было арганічнай часткай сістэмы летазлічэння. Табліцы, складзеныя расійскімі даследчыкамі для вылічэння года па індыкту, разлічаны менавіта на такі парадак летазлічэння. У большасці падручнікаў па гістарычнай храналогіі, выдадзеных у Расіі і СССР, не агаворваецца методыка працы з індыктамі, калі яны ўжываюцца побач з эрай ад Р.Х. і студзеньскім пачаткам года. Калі ж і маецца падобная згадка, яна носіць маргінальны характар [18, с.34]. У беларускай гістарыяграфіі, на жаль, пакуль што не існуе спецыяльнай работы, прысвечанай гэтай адзінцы летазлічэння, а таксама метадам дэдукцыі і рэдукцыі дат з дапамогай індыктаў. Да сёняшняга дня застаецца актуальнай праца М. Гарбачэўскага, у якой маецца невялікі раздзел, у якім агаворваецца методыка работы з індыктамі, калі яны ўжыты побач з эрай ад Р.Х.[6, с.39-41]. Аднак тлумачэнні, дадзеныя адным з пачынальнікаў айчыннай археаграфіі, не высвятляюць усіх нюансаў выкарыстання гэтай адзінкі летазлічэння ў крыніцах беларускага паходжання, тым болей, яе эвалюцыю ў актавым фармуляры. Разам з тым, на нашую думку, аналіз выкарыстання індыктаў ў летазлічэнні можа даць цікавыя вынікі.

Індыкт, цесна звязаны з візантыйскай сістэмай летазлічэння, г.зн. з вераснёўскім пачаткам года і эрай ад стварэння света, ва ўмовах канфесійнага памежжа, калі праваслаўныя ўжывалі "візантыйскі лік", а каталікі "лацінскі", мог служыць сваеасаблівым кампрамісным элементам. Дадаючы да "лацінскай" даты "праваслаўны" індыкт, пісар рабіў сваеасаблівую канкардацыю. Гэткім чынам напісаную дату лёгка суадносілі з уласнай сістэмай летазлічэння як "лаціняне", так і "візантыйцы". Знікненне індыкта з летазлічэння можа быць выклікана некалькімі фактарамі. Найперш, гэта адназначна сведчыць аб умацаванні еўрапейскай сістэмы летазлічэння. Апошняе ж было абумоўлена як цеснымі палітычнымі, культурнымі, гандлёвымі сувязямі з еўрапейскімі краінамі ў часы Рэнесансу, так і развіццём матэматычных і астранамічных ведаў. Іншым фактарам магло быць удасканаленне сістэмы справаводства паводле еўрапейскіх стандартаў, у якія архаічны індыкт не ўпісваўся. Але, пэўна, найбольш паўплывалі на трансфармацыю сістэмы летазлічэння канфесійныя і палітычныя працэсы, як у самім Княстве, так і за ягонымі межамі. У 1453 г. з падзеннем Канстантынопалю знікае цэнтр праваслаўя, на які арыентаваліся вернікі як у Маскоўскай дзяржаве, так і ў ВКЛ, і які ў некаторай ступені пагаджаў гэтыя канфліктуючыя краіны ў пытаннях веры. Разам з гэтым страціла цэнтр, які яе культываваў і распаўсюджваў, візантыйская сістэма летазлічэння.Такім чынам, эра ад стварэння света і лічэнне індыктамі станавіліся традыцыяй Маскоўскай дзяржавы, дзе праваслаўе было пануючай канфесіяй, што асабліва ўзмацнілася пасля абвяшчэння Масквы "трэцім Рымам" і дэкларацыі аб пераемнасці ёю функцый абароны праваслаўя. У гэтых умовах выкарыстанне візантыйскай сістэмы летазлічэння, уключаючы эру і індыкт, станавілася не толькі фармальнай праблемай, але ў значнай ступені палітычным пытаннем. У самім Княстве пазіцыі праваслаўя моцна пахіснуліся, краіна ўсё больш паланізавалася і акаталічвалася. У гэтых умовах традыцыі праваслаўнага летазлічэння станавіліся меньш запатрабаваныя, у першую чаргу гэта датычыла г.зв. "народа палітычнага" - нобіляў. Рэарганізацыя вялікакняскай канцылярыі, у якой былі ліквідаваны "рускі" і "лацінскі" аддзелы, была, поруч з трансфармацыяй сістэмы летазлічэння, адным з паказчыкаў гэтага працэса.

Месяц У кірылічных крыніцах, якія вядомы даследчыкам, ужываюцца, за вельмі рэдкім выключэннем, юльянскія назвы месяцаў. Усходнеславянскія назвы узгадваюцца толькі ў самых старажытных крыніцах, у тым ліку, Астраміравым Евангеллі [18, с.37], актавыя ж дакументы іх не ведаюць. Пазначэнне месяца ў актавых крыніцах амаль абавязковае, месяц згадваецца нават тады, калі год заменены індыктам. Адсутнасць пазначэння месяца можа сведчыць аб тым, што дакумент з'яўляецца копіяй, і частка фармуляра арыгінала была страчана, ці напісана невыразна. У лацінскамоўных дакументах сустракаюцца рымскія назвы месяцаў, хаця тут часцей месяц увогуле не ўносіцца ў фармуляр, яго замяняюць іншыя элементы календару - дні і тыдні.

Тыдзень Пазначэнне нумара тыдня не было абавязковым у фармуляры дакументаў, гэтая частка даты згадвалася звычайна тады, калі ішла гаворка аб рэлігійным свяце : "по Великодни на третьей недели, у четверг" (1543 г.)[2,с.;], "В пятницу, в тыдень по святой Малкгрете" (1548 г.)[2, с.13] і г.д. Гэты элемент календару часцей ужываўся не ў фармуляры, а ў змесце дакумента, калі неабходна было дакладна пазначыць час якой-небудзь справы, падзеі, ці дагавора.

Дзень Пазначэнне дня ў фармуляры актаў, а таксама ў летапісах і іншых крыніцах, не было аднастайным на працягу 14-16 стст. Ужыванне гэтага элемента летазлічэння залежала ад канфесійнай прыналежнасці аўтара дакумента, а таксама традыцыі. Для лацінскай сістэмы летазлічэння ў час, калі каталіцтва пачало распаўсюджвацца на землях ВКЛ, было характэрна замест напісання нумара дня і месяца датаваць дакумент паводле каталіцкага свята ці прысвятка, якія або прыпадалі на дадзены дзень, або былі ў непасрэднай блізкасці ад яго: "feria quinta post festum Omnium Sanctorum" (1493 г.)[21, p.77] ; Aktum et faktum Vilnae, feria sekunda ipso die Sancti Petri ad Cathedram"(1501г.) .[21, p.60]; "Datum Vilnae, feria sekunda ipso die Sancti Lukae Evangelistae"(1529 г.) [21, p.56] і г.д. Такое пазначэнне даты было характэрна для лацінскамоўных дакументаў, якія выдаваліся і ў Княстве, і ў Кароне. Напісанне дня ў фармуляры польскамоўных дакументаў змянялася на працягу некалькіх стагоддзяў. У 14- першай палове 15 стст. нумар дня часцей замяняўся пазначэннем каталіцкага свята, як гэта было ў лацінскамоўных актах: "We czwartek po Narodzeniu swiętego Pawła apostoła"(1380 г.)[20, p.83]. Але з другой паловы 15 ст. ўсё часцей побач са згадкай свята змяшчаецца нумар дня і месяц. У 16 ст. нумар дня становіцца абавязковым элементам фармуляра, а каталіцкае свята згадваецца дастаткова рэдка:" w poniedziałek po Nowym liecie"(1519 г.) [2, p.131]; "dnia 3 marca na zapusty" (1521 г.) [2, p.130] і г.д. Пералік найчасцей згадваемых у актах ВКЛ каталіцкіх святаў і прысвяткаў прадставіў у дадатку да "Кратких таблиц" Н.Гарбачэўскі.[6, с.43-49] Для датавання выкарыстоўваліся як рухомыя, так і нерухомыя святы. У фармуляры дакументаў, напісаных старабеларускай мовай, рэлігійныя святы найчасцей не згадваюцца, а пазначаецца нумар дня.

Неабавязковай часткай фармуляра быў дзень тыдня, найчасцей яго не згадвалі.

Ужыванне царкоўнага календару для датавання дакументаў ва ўмовах канфесійнага памежжа з'яўлялася дастаткова складанай практыкай. Па-першае, у царкоўным календары не бракуе дзён, прысвечаных святым-цёзкам; адзін святы ці апостал можа мець некалькі святаў на год. Калі ў крыніцы не пазначана, да прыкладу, на якога Юр'я - восеньскага ці вясновага, складзены дакумент, дакладную дату рэканструяваць вельмі цяжка. Акрамя таго, здаралася, што святы Багародзічнага цыклу пры ўпісанні ў дакумент не дэталізаваліся, што выклікала блытаніцу. Падобны прыклад знаходзім у дакументах, апублікаваных у Актах Віленскай археаграфічнай камісіі. Так, упісаны ў актавыя кнігі Холмскага суда дакумент быў датаваны наступным чынам: " Actum et datum in Chelm feria 2 in festo S. Mariae Virgini Gloriosae anno Domini 1456". Публікатары, удакладняючы час стварэння дакумента, вымушаны былі змясціць дзве даты - 8 верасня (Раство Багародзіцы) і 8 снежня [275] (Зачацце Багародзіцы), паколькі не было ясна, якое свята Багародзічнага цыкла аўтар меў на ўвазе [ 1, с. LV].

Выкарыстанне рухомых святаў у якасці датуючай прыкметы не было зручным, паколькі кожны раз пры звяртанні да дакумента неабходна было праводзіць вылічэнні, ці выкарыстоўваць пасхаліі. Часам у якасці даты браліся нават не святы і прысвяткі, а элемент царкоўнай службы, які быў звязаны з гэтым святам. Падобны прыклад прыводзіць у сваёй працы А.Ліцкевіч. Дагавор паміж магістрам Лівоніі Вільгельмам фон Фрымерсгаймам і Ягайлам і Полацкай зямлёй аб перамір'і да свята Пяцідзесятніцы датаваны быў наступным чынам: "feria proxima,qua cantatur Oculi post Dominicаnum" (у бліжэйшы дзень пасля нядзелі, у якую пяецца Oculi) [11, №10, с.107, 108,110, ;№12, с.312]. Такое ж датаванне сустракаем у дарчай, складзенай у 1443 г. і ўпісанай ў кнігі Драгічынскага гродскага суда: " Actum et datum Bude, feria sexta proxima ante dominicam Oculi" [2,с.3].

Спасылка на рэлігійнае свята ў якасці датуючай прыкметы фактычна знікае са справаводства ў другой палове 16 ст. Належыць, аднак, заўважыць, што ў некаторых выпадках такая згадка замацавалася і працягвала традыцыйна ўпісвацца ў дакументы. Гэта, найперш, датычыць судовых актаў. Адна з кадэнцый Галоўнага Літоўскага Трыбунала, земскіх судоў і іншых судовых установаў згодна з рэгламентам прыпадала на каталіцкае свята Трох каралёў, якое святкавалася 6 студзеня. У дакументах звычайна акты гэтых паседжанняў датаваліся, апрача нумара дня, яшчэ і з дапамогай рэлігійнага свята: "На рочкох судовых земских w трох Корол#х св#те рымском прыпалых к судовне у Вилни…" [12].

Праваслаўныя святы, у адрозненні ад каталіцкіх, у якасці датуючага элемента ў актах ужываюцца дастаткова рэдка. Такая традыцыя ў свецкім справаводстве не склалася. Затое ў крыніцах прыватнага паходжання, у летапісах і хроніках спасылка на рэлігійнае свята з'яўлялася звычайнай з'явай: " Тое ж осени на запусты Филиповы"[10, с.201] ; "и на Крещение в суботу уехал у град"[13,145] ;"того ж року 94. По святе велебном", " Лета божого нарожения 1595, месяца ноябра 30 дня в понедело[к] за тыдень перед святым Николою"[4,с.388] і інш.

У канфесійным памежжы практыка ўжывання рэлігійнага календара для датавання рукапісаў не магла быць зручнай. Праваслаўная царква і каталіцкі касцёл шанавалі розных святых, да гэтага дадаваліся адрозненні ў назвах агульнахрысціянскіх святаў. На гэта накладвалася яшчэ этнічная кампанента, паколькі ў старабеларускай традыцыі большасць хрысціянскіх святаў мела яшчэ і народныя назвы (пятніца гайная, зялёныя святкі, Сямён летаправодзец і г.д.) Народныя назвы дастаткова часта трапляюцца ў крыніцах, што дадае блытаніны пры вызначэнні часу падзеі. Прыходзіцца толькі здзіўляцца, як нашыя продкі арыентаваліся ў гэтым напластаванні розных традыцый, моваў, канфесій і календароў. У сувязі з гэтым, да прыкладу, можна паставіць пытанне, як храналагічна ўзгаднялася ўзаемадзеянне войскаў Літвы і Кароны ў час падрыхтоўкі Грунвальдскай бітвы, калі Кракаў і Вільня выкарыстоўвалі розныя сістэмы летазлічэння, па-рознаму датавалі дакументы, ужывалі розныя канфесійныя календары? Ад сінхроннасці дзеянняў саюзнікаў многае залежала, а розніца ў календарах магла пашкодзіць гэтай сінхроннасці. Тое самае стасуецца і да ўзаемаадносін паміж Вільняй і Мальборкам, дзе дагаворы, лісты і іншыя акты пазначаліся паводле розных сістэм летазлічэння. Выключэнне з фармуляра дакументаў згадкі рэлігійнага свята магло сведчыць не толькі аб рэнесансных уплывах, якія вызвалялі грамадства ад панавання царквы, але і аб тэндэнцыях да ўніфікацыі, спрашчэння справаводства.

Сёння пры рэканструкцыі даты па згадцы рэлігійных святаў і прысвяткаў даследчыкі вымушаны звяртацца да табліц і формул, але і гэта не заўсёды дае дакладныя вынікі.

Апрача гэтых элементаў летазлічэння ва ўжытку і ў актавых, і ў апавядальных крыніцах час ад часу трапляюцца іншыя. Так, у часы Аляксандра і Казіміра маглі згадвацца гады іх панавання, пры тым, як час панавання ў Кароне, так і ў Літве. Гэтая традыцыя ўзыходзіць да старажытнарымскіх часоў, калі летазлічэнне вялося па гадах праўлення імператараў, пантыфікаў і іншых дзяржаўных і рэлігійных іерархаў. Услед за Старажытным Рымам гэтую традыцыю ўспрынялі ў Візантыі, а таксама ў манархіях Заходняй Еўропы. Даты панавання ў якасці элемента летазлічэння ўжываліся ў Маскоўскай дзяржаве яшчэ ў часы Івана IV.

У дакументах зрэдку сустракаюцца і куръёзныя прыклады датавання дакументаў. У прыватнасці, каб паказаць абазнанасць у вылічэнні пасхалій і тагачаснай практычнай храналогіі, такім чынам пазначыў напісаную ім копію даравальнай граматы дзяк Сенка з Кобрына:" у лито тысеча чтерехсот шестдесят третее, круг сонца першый, а луны десяты, ндыкта трынацотого, месяца Фебруария девятого на сергиз [276] дню у неделю"[2,с.4] .

Падсумоўваючы вышэй выкладзенае, нецяжка заўважыць, што ў справаводстве ВКЛ на працягу 14- першай паловы 16 ст. ішло фармаванне сістэмы летазлічэння, якое набыло завершаны выгляд прыкладна ў 1560-я гады. На працягу дзвюх з паловай стагоддзяў выкарыстоўваліся як візантыйская, так і лацінская сістэмы летазлічэння, а таксама спалучэнне іх элементаў. Апошняе было абумоўлена, найперш, становішчам канфесійнага памежжа, суіснаваннем на землях ВКЛ даўніх візантыйскіх традыцый і моцнага ўплыву заходнееўрапейскай культуры, якія належала пагадзіць і ўніфікаваць. Выдаецца, што практыка спалучэння і пагаднення паміж сабой розных сістэм летазлічэння, выпрацаваная ў гэты час, дапамагла вырашыць канфлікт паміж каталікамі і праваслаўнымі пасля прыняцця грыгарыянскага календару. Фактычна, ніводная краіна ў свеце ў той час не жыла па двух календарах, як гэта было пасля 1584 г. у Рэчы Паспалітай.

Літаратура

1. Акты Виленской Археографической комиссии (АВАК), т. 19, Вильна, 1892.

2. АВАК, т. 33, Вильна, 1908.

3. АВАК Т.34, Вильна, 1909.

4. Баркулабаўскі летапіс.// Хронікі і летапісы Беларусі. Сярэднявечча і ранньнемадэрны час. Тэматычны дадатак да нумару "ARCHE". - "ARCHE", № 9, 209 - с.376- 404.

5. Бережков, Н.Г. Хронология русского летописания/ Н.Г.Бережков - М.,1963.

6. Горбачевский, Н. Краткие таблицы, необходимые для истории, хронологии, вообще для всякого рода археологических исследований и в частности для разбора древних актов и грамот западного края Росии и Царства Польского. / Н. Горбачевский - Вильна, 1867.

7. Груша, А. Службовы склад і структура канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага 40-х гадоў XV-першай паловы XVI ст. /А. Груша// METRICIANA Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Т.І - Мінск, 2001. - с. 11-45.

8. Еўраінаўскі летапіс// Хронікі і летапісы Беларусі. Сярэднявечча і ранньнемадэрны час. Тэматычны дадатак да нумару "ARCHE". - "ARCHE", № 9, 209 - с.323-360.

9. Кузьмин, А.Г. Начальные этапы древнерусского летописания./ А. Г. Кузьмин М., Изд-во МГУ, 1977 с.283

10. Летапіс Красінскага// Хронікі і летапісы Беларусі. Сярэднявечча і ранньнемадэрны час. Тэматычны дадатак да нумару "ARCHE". - "ARCHE", № 9, 209 - с.178-202.

11. Ліцкевіч, А. Дагаворы паміж князямі ВКЛ, нобілямі Жамойціі і прадстаўнікамі Тэўтонскага ордэна ў Прусіі і Лівоніі (1367-1398 гг.)/А.Ліцкевіч // "ARCHE", № 10, 2010, c 39-129; ; №12, 2010, с.312

12. НГАБ, ф.694, воп.4, спр.956 (т.2), арк.389.

13. Слуцкі летапіс // Хронікі і летапісы Беларусі. Сярэднявечча і ранньнемадэрны час. Тэматычны дадатак да нумару "ARCHE". - "ARCHE", 2009, № 9, - с.139-165.

14. Станг, К.Ш. Заходнеруская канцылярская мова Вялікага Княства Літоўскага/ К.Ш. Станг// С "ARCHE", 2010, №. 6 - с.127-297.

15. Улашчык, М. Прадмова/ М.Улашчык// Хронікі і летапісы Беларусі. Сярэднявечча і ранньнемадэрны час. Тэматычны дадатак да нумару "ARCHE". - "ARCHE", № 9, 209 - с.7-46.

16. Улащик , Н.Н. Введение в изучение белорусского летописания. М., 1985, с.65.

17. Хорошкевич, А.Л. Договоры Полоцка1405-1406 гг. как источник по истории его внешней торговли и тоговой политики. /А.Л. Хорошкевич// Археографический ежегодник за 1962 г. - М, 1963 - с. 92-97.

18. Черепнин, Л.В.Русская хронология/ Л.В. Черепнин. - М., 1944.

19. htpp//dziedzictwo. polska. .pl - 12.02.2011.

20. Lietuvos Metrika=Lithuanian Metrica Литовская Метрика. Kn. 1. (1380-1584) - Vilnus, 1998.

21. Lietuvos Metrika=Lithuanian Metrica Литовская Метрика. Kn. 25. (1380-1584) - Vilnus, 1999.

22. Semkowicz, W. Paleografia łacińska. - wyd. II, poprawione/ W.Semkowicz - Kraków, 2002.

Беларуская палеаграфія як раздзел палеаграфічнай дысцыпліны.

Тэрмін "беларуская палеаграфія" існуе ў айчыннай гістарыяграфіі ўжо больш за паўтара дзесяцігоддзі, але яго змест дагэтуль не акрэсліваўся ў навуковай літаратуры. У дадзеным артыкуле аўтар ставіць сваёй задачай абапіраючыся на гістарыяграфічны аналіз, а таксама асаблівасці працэсу развіцця пісьменства на беларускіх землях ахарактарызаваць сутнасць дадзенага тэрміну.

Вывучэнне знешніх прыкмет рукапісных помнікаў мае на Беларусі даўнюю, але не вельі багатую гісторыю. А.Груша, які прысвяціў гістарыяграфіі беларускай палеаграфіі асобны раздзел сваёй кнігі, лічыць, што першыя крокі на шляху навуковага палеаграфічнага аналізу пісьма зрабіў І.М.Каманін, які ў 1899 г. у альбоме «Палеографический изборник. Материалы по истории южно-русского письма в XV- XVIІІ вв.» апублікаваў здымкі ўкраінскага пісьма, дадаўшы да іх грунтоўны каментарый. [3] З меркаваннем А.Грушы можна было б пагадзіцца, калі абмяжоўваць беларускае пісьменства толькі кірыліцай і не зважаць на задачы і высновы даследавання І.М.Каманіна. Сапраўды, для перыяда, калі кірылічная палеаграфія толькі пачынала складвацца, як навуковая дысцыпліна, прадмова, у якой аўтар правёў аналіз графікі паўднёварускіх тэкстаў, напісаных скорапісам, паспрабаваў даць тлумачэнне зменам, якія адбываліся ў пісьменстве, звязваючы іх з развіццём культуры і ўнутранай логікай пісьмовай мовы, была рэвалюцыйнай. Але І.М. Каманін засяродзіўся толькі на ўкраінскіх тэкстах, скорапіс якіх выразна адрознівалася, прынамсі, у канцы XVIІ- XVIІІ стст., ад літвінскага пісьма. На нашую думку, больш істотнай для беларускай палеаграфіі з'яўлялася апісанне віленскага скорапісу, якое даў у сваёй кнізе Ул.М.Шчэпкін [11]. Яго праца "Русская палеография" убачыла свет праз дванаццаць год пасля выдання каманінскага альбому. На наш погляд, менавіта кніга Ул.Шчэпкіна з'явілася ў той час прарывам у вывучэнні кірылічнай палеаграфіі. Менавіта Ул.М.Шчэпкін вызначыў віленскі скорапіс, як асобны тып пісьма і даў ягоную сціплую, але трапную характарыстыку [11,с.140-147]. У далейшым менавіта Ул. Шчэпкіна цытаваў у сваёй працы Я.Карскі пры апісанні беларускага скорапісу.

Стан вывучанасці беларускага кірылічнага пісьма знаходзіўся на ўзроўні шчэпкінскай работы да канца мінулага стагоддзя. Грунтоўная праца Я.Карскага "Славянская палеография"[4], на нашую думку, не можа разглядацца як прарыў у вывучэнні беларускага кірылічнага пісьма метадамі палеаграфіі. Беларускі акадэмік у сваім курсе лекцый спыніўся на этапе паўустава, калі разыходжанні паміж графікай пісьма, формай пісьмовай крыніцы і іншымі атрыбутамі тэкста не былі значнымі ў трох ўсходнеславянскіх народаў. Я.Карскі выступае ў дадзенай працы ў рэчашчы расійскай палеаграфічнай школы. Цэнтральнае месца ў тэксце займае характарыстыка знешніх прыкмет расійскіх ("великорусских") рукапісаў. Што ж датычыцца беларускіх, іх адрозненні і палеаграфічныя прыкметы даюцца як дадатак, вельмі сціпла і схематычна, часам нават з памылкамі і недакладнасцямі.

Наступны этап у развіцці беларускай кірылічнай палеаграфіі дастаткова падрабязна асветлены ў працы А.Грушы, а таксама ў нашай працы [2, с.12-21; 6, с.7-13]. Адзначым пры тым, што да сярэдзіны 1990-х гг. спецыяльных работ па гэтай дысцыпліне на Беларусі не ўзнікла. Зварот гісторыкаў да палеаграфіі рабіўся з нагоды публікацыі ці аналізу асобных крыніц, калі патрэбна было іх палеаграфічнае апісанне. Палеаграфічныя веды ў гэты час сталі дзялянкай філолагаў, якія займаліся ў большасці графікай пісьма, не звяртаючы ўвагу на іншыя атрыбуты тэксту, а таксама гістарычны кантэкст, у якім развівалася пісьменства. Прыкладам гэтага могуць служыць працы па гісторыі беларускай мовы [8] Спецыяльна належыць адзначыць працу М.А.Паўленкі "История письма". Некалькі старонак у гэтым падручніку беларускі мовазнавец прысвяціў гісторыі пісьма на беларусіх землях, спецыяльна спыняючыся на характарыстыцы віленскага (літвінскага) скорапісу. [9]Значнай падзеяй ў беларускай палеаграфіі стала праца М.Нікалаева «Палата кнігапісная», прысвечаная апісанню беларускіх рукапісаў, якія захоўваюцца ў бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына ў Пецярбургу. Аўтар засяродзіў увагу на ўпрыгожваннях і форме рукапісных кніг, якія былі створаны на тэрытоорыі Беларусі, у тым ліку, мініяцюрах, маргіналіях, застаўках, канцоўках і ініцыялах; шмат увагі аддаў пераплётам і дргум элементам рукапісных помнікаў. [9]

Толькі з канца 1990 -х гг. у беларускай гістарычнай навуцы пачалі з'яўляцца спецыяльныя работы, прысвечаныя палеаграфіі. У 1996 г. выйшаў навучальны дапаможнік па палеаграфіі аўтара гэтых радкоў. Дадзеная праца мела кампілятыўны характар з некаторымі элементамі ўласных даследаванняў, што тлумачыцца відам выдання [5]. Але ў дапаможніку была зроблена спроба паказаць развіццё пісьменства ў кантэксце гісторыка-культурнага працэса, што не засталося незаўважаным беларускімі навукоўцамі. У наступныя паўтара дзесяцігоддзі найбольшы ўнёсак у развіццё палеаграфічных даследаванняў у галіне кірылічнай палеаграфіі зрабіў А.І.Груша. Найвялікшую каштоўнасць, на нашую думку, мае распрацаваная А.Грушам методыка работы з рукапіснымі крыніцамі часоў ВКЛ. У шэрагу прац аўтар асвятляе або закранае вялікі спектр палеаграфічных пытанняў, а таксама праблем, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі роднасных палеаграфіі дысцыплін - дыпламатыкі, археаграфіі, сфрагістыкі, філіграналогіі і інш. [7, 1] Карысным з'яўляецца тое, што А.Груша рэалізоўвае свае метадычныя і метадалагічныя распрацоўкі на практыцы, займаючыся падрыхтоўка выдання кніг Метрыкі ВКЛ. У 2006 г. А Груша выдаў навучальны дапаможнік "Беларуская кірылічная палеаграфія" [2] Грунтуючыся на работах расійскіх палеографаў, беларускі даследчык падрабязна асвятляе гісторыю дзвюх славянскіх азбук, эвалюцыю прылад і тыпаў пісьма. Галоўнай прычынай змен у графіцы кірылічных тэкстаў даследчык лічыць развіццё справаводства, ускладненне сацыяльна-эканамічных стасункаў, меньш увагі аддаючы зменам у культурным жыцці беларускіх земляў і канфесійным адносінам. Недахопам дадзенай працы, на нашую думку, з'яўляецца не вельмі зручная яе структура: трэць кнігі займаюць гітарыяграфія, гісторыя кірыліцы, акрэсленне тэрміналогіі і іншыя тэарэтычныя пытанні. Уласна гісторыя пісьменства выкладзена на 80 старонках, пры тым заканчываецца XVII ст. Найбольш важны для беларускай палеаграфіі перыяд - час бытавання поздняга паўустава і асабліва скорапісу ў дапаможніку пададзены вельмі сціпла. Але і пры гэтым, праца А Грушы стала новым этапам у беларускай кірылічнай палеаграфіі - яе можна акрэсліць як піянерскую, адкрываючую шлях для новых даследаванняў і даследчыкаў.

Калі ў вывучэнні гісторыі кірылічнага пісьменства на беларускіх землях ёсць ужо некаторы задзел, дык іншыя сістэмы пісьма, на якіх развівалася беларуская пісьменства, яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Па-за іх увагай засталася палеаграфічная распрацоўка беларускіх рукапісаў, напісаных лацінкай. Да сёняшняга дня не існуе грунтоўнай працы, ці хаця б ёмістага акадэмічнага артыкула, дзе б разглядаліся менавіта палеаграфічныя прыкметы беларускамоўных, ці старажытнабеларускамоўных рукапісаў, напісаных лацінкай; не вызначаны адметнасці ці характэрныя рысы дадзенай сістэмы пісьма ў розныя эпохі, не паказана яго эвалюцыя. У гэтым кантэксце вельмі важнай з'яўляецца праблема ўзаемаўплыву кірылічнага і лацінскага пісьма на нашых землях. Доўгі час яны суіснавалі ў афіцыйным справаводстве. Як пазначыў А.Груша, нават у вялікакняскай канцылярыі, не гледзячы на падзел на яе на "рускую" і "лацінскую" часткі, нярэдкімі былі выпадкі, калі адзін і той самы пісар афармляў і лацінскія, і кірылічныя дакументы.[1,с.26-27] Гэта не магло не адбіцца на характары напісання літар, форме і фармуляры дакумента. Яшчэ больш важкім было тое, што ў час, калі справаводства ВКЛ пераводзілася на польскую мову (пасля 1696-1697 гг), шмат якія дакументы, напісаныя кірыліцай па- старабеларуску, перапісваліся лацінкай, транслітэрыраваліся. Пры такой практыцы не магло не ўзнікнуць перайманне прыёмаў пісьма, фармуляра, а нават асобных графем. У гэтым сэнсе цікавым, на наш погляд, уяўляецца прасачыць практыку ўжывання графемы ў выглядзе раскрытай васьмёркі, якая ў кірыліцы выкарыстоўвалася для літары "ук", і ў тым жа фанетычным значэнні перайшла ў беларускую лацінку; практыкі ўжывання надрадковых знакаў і знакаў назалізацыі; перадачу лацінкай "г фрыкатыўнага" і "г выбухнога", якія ў кірыліцы маглі быць дыграфамі, і інш.

Сваеасаблівасць развіцця пісьменства на беларускіх землях звязаная з палітычнымі і геапалітычнымі абставінамі. Кірыліца і лацінка ў нас выкарыстоўваліся папераменна ў якасці сістэмы пісьма афіцыйнага справаводства. Пачынаючыся на кірыліцы, пісьменства на нашых землях ў часы Рэнесансу і барока перайшло на лацінку, як асноўны алфавіт, а затым - з уваходжаннем у склад Расійскай імперыі, зноў на кірыліцу. Між іншым, асаблівасці гэтага пераходу абсалютна не вывучаны. Застаецца адкрытым пытанне аб тым, як было ўспрынята г.зв. "грамадзянскае пісьмо", як новы тып пісьма, уведзены ў Расійскай імперыі ў часы Пятра І і затым дапрацаваны, на беларускіх землях, дзе былі свае, уласныя традыцыі ў кірылаўскім пісьменстве? Цікавым уяўляецца і паралель паміж тыпамі пісьма, якія абраны былі Пятром І пры распрацоўцы "грамадзянкі" з беларускім скорапісам, найперш, друкаванымі гэтым тыпам пісьма крыніцамі.

Абодве гэтыя сістэмы пісьма - лацінка і кірыліца - ніколі не знікалі, знаходзячы сабе "нішу" у прыватных дакументах, матэрыялах канфесійнага характару, прыгожым пісьменстве і г.д. У нейкай ступені выкарыстанне таго ці іншага алфавіта станавілася сваеасаблівым адлюстраваннем палітычных поглядаў, ідэалогіі. Гэта пазначылася ўжо ў канцы XVIIIст. і далей набыло выгляд тэндэнцыі. Спрэчкі аб лацінцы і кірыліцы для беларускай мовы не суціхаюць і сёння, з цягам часу набіраюць новыя адценні і аргументы.

Суіснаванне дзвюх сістэм пісьма, раўнацэнных і раўназначных (зважаючы на перыяды і працягласць іх ужывання) для развіцця пісьменнай культуры, стварае сваеасаблівую, спецыфічную сітуацыю ў палеаграфічных даследаваннях. На нашую думку, неабходным становіцца комплексны падыход, калі засяроджваецца ўвага не на адной з гэтых сістэм пісьма (кірылічная ці лацінская палеаграфія), а ствараецца новы раздзел даследавання - беларуская палеаграфія. Адной з задач такога раздзела палеаграфічных ведаў будзе вывучэнне узаемаўплываў дзвюх сістэм пісьма і іх бытаванне на памежжы культур, канфесій, цывілізацый, якім былі беларускія землі.

Пры комплексным падыходзе паўстаюць пытанні тэрміналогіі, паколькі ў кірылічнай і лацінскай палеаграфіях яна адрозніваецца. На наш погляд, гэтую праблему паспяхова пачаў вырашаць А.Груша. Узяўшы за падставу тэрміны, якімі карыстаецца кірылічная палеаграфія, ён пры неабходнасці ўключае ў свой тэрміналагічны апарат і дэфініцыі з лацінскай.[2, с.38-54]

Беларуская мова асвоіла і трансфармавала для сваіх патрэбаў яшчэ адну сістэму - арабскае пісьмо. У адрозненні ад лацінкі і кірыліцы, гэтая сістэма мела абмежаванае кола выкарыстання - пераважна, Кітабы мясцовых беларускамоўных татар. З пункту погляду палеаграфічных асаблівасцяў яны дастаткова добра вывучаны [12]. На жаль, у нашу "палеаграфічную прастору" гэтыя даследаванні пакуль мала ўключаны.

Такім чынам, спецыфічная сітуацыя, якая склалася ў развіцці пісьменства на землях Беларусі на працягу стагоддзяў патрабуе і спецыяльнага падыходу ў палеаграфічных даследаваннях. Беларуская палеаграфія ў сувязі з гэтым можа акрэслівацца як раздзел палеаграфіі, які вывучае асаблівасці знешніх прыкмет рукапісных помнікаў, якія ствараліся на тэрыторыі Беларусі з выкарыстаннем розных сістэм пісьма, а таксама спецыфіку ўзаемаўплываў і трансфармацыі гэтых сістэм пісьма ва ўмовах цывілізацыйнага памежжа.

Літаратура

1. Груша, А. Службовы склад і структура канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага 40-х гадоў XV-першай паловы XVI ст. /А. Груша// METRICIANA Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Т.І - Мінск, 2001. - с. 11-45.

2. Груша, А.І. Беларуская кірылічная палеаграфія. Вучэбны дапаможнік. / А.І. Груша- Мінск., 2006.

3. Каманин И.М. Палеографический Изборник. Материалы по истории южно-русского письма в ХV-ХVIII вв., изданные Киевской Комиссией для разбора древних актов./ И.М. Каманин -Вып. 1. Киев, 1899

4. Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. - М: Наука, 1979

5. Куль-Сяльверстава, С.Я. Беларуская палеаграфія./С.Я.Куль-Сяльверстава - Гродна, 1996.

6. Куль -Сяльверстава, С.Е./ С.Я.Сяльверстава Уводзіны ў беларускую палеаграфію. Навучальный дапаможнік для студэнтаў гістарычных спецыяльнасцей. - ГрДзУ, 2009

7. Метрыка Вялікага княства Літоўскага: Кніга 44: Кніга запісаў 44 (1559-1566)/Падрыхт. А.І.Груша - Мінск: Арты-Фэкс. 2001. Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі рукапісных актавых крыніц у Беларусі (XIII-XVIII стст., перыяд Вялікага княства Літоўскага)/ Аўт.-склад. А.І.Груша - Мінск.:БелНДІАС, 2003.

8. Мова беларускай пісьменнасці XIV- XVIII стст./ А.М.Булыка і інш. - Мінск., 1988.

9. Нікалаеў, М. Палата кнігапісная. Рукапісная кніга на Беларусі ў X-XVIII стст./ М.Нікалаеў -Мінск, 1993.

10. Павленко, Н.А. История письма./ Н.А.Павленко - Минск.,1987.

11. Щепкин В.Н. Руская палеография./ В.Н. Щепкин - М., 1967 - С.30-35.

12. Lapicz, Cz. Kitab tatarow litewsko-polskich (paleografia, grafia, jezyk) / Cz. Lapicz - Torun, 1986

Яўхім Карскі як палеограф і праблемы беларускай палеаграфіі.

У айчыннай гістарыяграфіі месца і значэнне палеаграфічных даследаванняў Яўхіма Карскага пакуль не знайшлі грунтоўнага разгляду. Пералік прац, дзе бы гэта праблема спецыяльна разглядалася, уключае толькі некалькі пазіцый, у тым ліку, прадмову да перавыдання асноўнай працы навукоўца - "Славянская кирилловская палеография". [277] Недастатковая ўвага да праблемы тлумачыцца, на наш погляд, у значнай ступені тым, што ўласна беларуская палеаграфія робіць яшчэ першыя крокі, фактычна не існуюць грунтоўныя работы, у якіх бы аналізаваўся ўвесь даробак айчынных палеаграфаў. Не прэтэндуючы на канчатковае вырашэнне пытання аб месцы і ролі Яўхіма Карскага ў дадзенай галіне ведаў, лічым мэтазгодным пазначыць некаторыя прынцыповыя, на наш погляд, адметнасці яго метадалагічных падыходаў.

У самавітай навуковай спадчыне, якую пакінуў Я.Карскі, матэрыялы, што асвятляюць пытанні палеаграфічнага даследавання крыніц, прадстаўлены параўнальна шырока. Поўны іх агляд дадзены ў артыкуле Е.Яновіч. Адзначым, што палеаграфія цікавіла навукоўца не столькі як тэарэтыка, але як практыка, паколькі неабходна была ў яго археаграфічнай, выкладчыцкай, мовазнаўчай дзейнасці. Яўхім Карскі быў, найперш, філолагам-славістам, разглядаючы свае заняткі палеаграфіяй як маргінальныя, якія носяць дапаможны характар у час яго даследаванняў па гісторыі славянскіх моваў. Асноўная праца Я.Карскага, дзе сканцэнтраваны ягоныя погляды на палеаграфію, пазначана як курс лекцый, а не як манаграфія. Такая форма прадугледжвае і адпаведную структуру, і дазволенасць частковай кампіляцыі, і спрошчанае ці абагульненае паданне матэрыялу. Разам з тым, яна добра характарызуе погляды навукоўца на асноўныя, ключавыя моманты палеаграфіі, як галіны ведаў. Гэтая праца з'яўляецца падсумаваннем яго дзейнасці, як палеографа, паколькі апошняе яе выданне, папраўленае і дапоўненае, убачыла свет незадоўга да смерці навукоўца. Зыходзячы з гэтага, менавіта дадзеная праца Яўхіма Карскага будзе ў цэнтры нашай увагі.

У канцы 19-першай чвэрці 20 стст., калі Яўхім Карскі ствараў, чытаў і перапрацоўваў курс лекцый, палеаграфія, у тым ліку кірылаўская, мела ўжо добры даробак. У гістарыяграфічным аглядзе, які Я.Карскі ўключыў у сваю кнігу, згадваюца ўсе сколькі-небудзь важныя даследаванні ў галіне кірылаўскай і глагалічнай палеаграфіі, вядомыя ў той час. Што ж датычыцца лацінскай палеаграфіі, прафесар падкрэслівае, што яна больш развітая, чым кірылічная, згадвае палеаграфічныя працы Ж.Мабільёна, Ш.Дзюканжа, Б.Манфакона і некаторых іншых. [278] Таксама як і ягоныя папярэднікі, найперш, І.І.Сразнеўскі [279], Яўхім Карскі адмаўляецца ад больш шырокага агляду прац, прысвечаных лацінскай палеаграфіі. Называючы іх, ён звяртае больш пільную ўвагу на публікацыю ў іх славянскіх тэкстаў, ці на матэрыялы, звязаныя з візантыйскай традыцыяй. Такі падыход быў традыцыйным для тагачаснай расійскай палеаграфічнай школы. Кірылаўская палеаграфія рашуча адмежавалася ад лацінскай, імкнучыся распрацаваць уласную тэрміналогію, метады і падыходы да аналізу старажытных тэкстаў. Я.Карскі, знаходзячыся пад уплывам гэтай традыці, не наважываецца яе зламаць, не гледзячы на тое, што ў полі ягонай ўвагі знаходзяцца крыніцы па гісторыі ВКЛ, дзе і лацініца, і кірыліца актыўна выкарыстоўваліся і ўзаемадзейнічалі, запазычваючы не толькі формы дакументаў, але і некаторыя прыёмы пісьма. Размежаванне кірылічнай і лацінскай палеаграфіі, на нашую думку, з'яўляецца неканструктыўным падыходам у выпадку беларускай палеаграфіі, паколькі выключае з поля даследавання ўнікальныя з'явы сінтэзу дзвюх пісьмовых традыцый, якія адрозніваюць нашыя гістарычныя крыніцы.

У абъёмістым і грунтоўным гістарыяграфічным аглядзе, дзе знаходзяцца не толькі ўласна палеаграфічныя, але і археаграфічныя, і кадыкалагічныя выданні, Я. Карскім не згаданы даробак польскіх даследчыкаў. Найбольш значная на той час з прац па славянскай кадыкалогіі і палеаграфіі, работа Я.Лялевеля "Bibiograficznych ksiąg dwoje" [280] узгадваецца не ў сувязі з пытаннямі палеаграфіі, а ў сувязі з гісторыяй паперы, пры тым, калі ў іншых выпадках Я.Карскі вельмі дакладны і цытуе старонкі, нумар табліцы ці іншыя падрабязнасці, у выпадку з працай Я. Лелявеля ён толькі называе выданне, не згадваючы том і старонкі. Такі стасунак да грунтоўнай работы, якая і сёння не страціла сваёй актуальнасці, што адзначана ў польскай гістарыяграфіі [281], выклікае шэраг пытанняў. Нельга меркаваць, што даследаванне Я.Лялевеля не было вядома Я.Карскаму. Працуючы доўгі час у Варшаўскім універсітэце, выязджаючы за мяжу, навуковец меў магчымасць знайсці гэтую працу і пазнаёміцца з ёй. Думаецца, што няўвага да працы польскага гісторыка можа тлумачыцца некалькімі прычынамі. Лекцыі Я.Карскага рыхтаваліся і друкаваліся першым выданнем у Расійскай імперыі, дзе ўсе працы Я.Лелявеля, незалежна ад іх зместу, былі забаронены цэнзурай, а сам гісторык, як лідар польскага нацыянальнага руху, з'яўляўся ворагам існуючай улады. Шырокі разгляд працы такой асобы ў навучальным выданні мог быць трактаваны як нелаяльнасць, што супярэчыла перакананням самаго Я.Карскага. З другога боку, як прыхільнік заходне-русізма, Яўхім Карскі і не шукаў вялікіх адкрыццяў у працы паляка, арыентуючыся ў сваіх даследаваннях на работы блізкіх яму па светапогляду навукоўцаў. Паказальна, што і іншыя працы Я.Лялевеля даюцца толькі ў спасылках, таксама як і іншыя польскія публікаці кірылаўскіх рукапісаў. [282] Пры перавыданні ў 1928 г. сваіх лекцый Я.Карскі не перапрацоўваў іх грунтоўна, канцэптуальна, дадаўшы толькі новыя матэрыялы і публікацыі, аб чым ён паведамляе ва ўводзінах да працы.

Структура курса лекцый, якую абраў для сваёй кнігі навуковец, даволі яскрава адлюстроўвае падыход да палеаграфічных даследаванняў, які быў традыцыйным у той час, і ў большасці выкарыстоўваецца ў сучасных падручніках па палеаграфіі. Такі падыход грунтуецца на падрабязным разглядзе асобных элементаў рукапіснага помніка - тыпу пісьма, матэрыяле для пісання, упрыгожваннях, тайнопісу і інш. Кожны з гэтых элементаў разглядаецца ў яго эвалюцыі, суадносіцца з пэўным перыядам у развіцці пісьменства. "Она (палеаграфія - С.К-С) занимается исследованием происхождения, видоизменения и рапространения письмен и всего относящегося к последним: материала, на котором писали, способа письма, писцов и т.п. ". - Піша навуковец ва ўводзінах да курса лекцый і працягвае далей, - " ... наше внимание будет сосредоточено преимущественно на рассмотрении старинных рукописей, на указание способов чтения их, отличения подлинности и точного определения времени, когда они были написаны, и той территориальной среды, где они появились." [283] Інакш кажучы, на першы план высоўваецца не ўласна працэс удасканалення і развіцця рукапісу, як з'явы культуры, а яго асобныя элементы. На нашую думку, такі падыход апраўданы ў тым выпадку, калі даследаванне засяроджваецца, у большасці, на прыкладных мэтах - вывучэнне асобнага рукапіснага помніка, яго атрыбуцыі. Менавіта прыкладныя мэты ставіліся ў той час перад палеаграфіяй, якая разглядалася як дысцыпліна, якая павінна дапамагаць у філалагічных і гістарычных даследаваннях і не з'яўляецца асобнай галіной ведаў, навуковым накірункам. На наш погляд, палеаграфічныя даследаванні, зважаючы на развіццё гістарычнай навукі, з'яўленне новых метадалагічных канцэпцый, павінны грунтавацца на сістэмным падыходзе, пры якім эвалюцыя знешняга выгляду рукапісных крыніц звязваецца з развіццём грамадства, яго культуры, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага ладу. У гэтым выпадку ствараецца магчымасць не толькі канстатаваць змены ў выглядзе пісьмовых крыніц, але і зразумець, чаму яны адбываюцца, з чым звязаны тэмпы гэтых змен, іх спецыфіка, а таксама ацэніць ролю новых метадаў пісьма, матэрыялаў, прылад і г.д. у развіцці грамадства.

Беларускі акадэмік не абмяжоўваецца ў сваёй рабоце толькі рукапіснымі помнікамі кірылічнага пісьма. Спецыяльны раздзел кнігі прысвечаны інкунабулам і старадрукам. Сёння помнікі гэтага тыпу выключаны з поля палеаграфічнага даследавання і прыцягваюцца толькі ў тым выпадку, калі яны маюць цесную сувязь з рукапіснымі крыніцамі. Так, да прыкладу, шрыфт скарынаўскіх выданняў цікавіць палеографаў з пункту гледжання выкарыстання для яго ўзораў паўустаўнога пісьма; з гэтых жа прычын - выкарыстання літвінскага скорапісу для стварэння шрыфта - прыцягваецца і выданне Статута 1588 г. У якасці ўпрыгожванняў, ці ўзораў для стварэння аздаблення рукапіснай кнігі, разглядаюцца, да прыкладу, гравюры, ці друкаваныя тытульныя аркушы, якія перапляталіся разам з рукапіснымі. Другі раздзел, які таксама сёння рэдка ўключаецца ў палеаграфічныя працы - гэта раздзел, прысвечаны ізводам. Ізводамі цяпер займаецца мовазнаўства, ці крыніцазнаўства, а не ўласна палеаграфія. Уключэнне такіх раздзелаў у "Славянскую кирилловскую палеографию", на нашую думку, было абумоўлена некалькімі прычынамі. Структура дадзенай работы складзена была паводле існаваўшай у той час традыцыі. Падобны раздзел ўключыў у сваю працу Ул. М. Шчэпкін [284] .Уключэнне раздзела аб ізводах, як выдаецца, было абумоўлена поглядам на палеаграфію, як на дысцыпліну лінгвістычнага характара. Менавіта такое акрэсленне палеаграфіі сустракаем і ў Ул. Шчэпкіна [285], і ў А.А. Сабалеўскага. Савецкая даследчыца Л.П. Жукоўская адзначае: "Соболевский был прежде всего лингвистом и историком письменности, а потом уже палеографом. Владение языковым материалом древних рукописей позволило ему относить их орфографию к числу данных, которые использует палеография. Он писал: "Данные, которыми пользуется палеография, - писчий материал, письмо (или начертания букв), орнамент и орфография рукописей". Соболевский посвятил анализу орфографии и языка целую главу - седьмую. Эта глава содержит не только характерные черты рукописей болгарского, сербского и русского изводов, каждого в целом, что имело место уже у А. X. Востокова, но и гораздо более детальное обозрение памятников разных областей и даже некоторых школ. [286] Яўхім Карскі, які вучыўся ў А. Сабалеўскага, падзяляў ягоныя погляды на палеаграфію.

Курс лекцый Яўхіма Карскага па праву лічыцца сёння сваеасаблівай энцыклапедыяй для палеографаў. Навуковец скрупулёзна і падрабязна апісвае змены ў напісанні кожнай літары кірылічнага алфавіта ў залежнасці ад часу, месца, умоваў стварэння; не меньш грунтоўным з'яўляюцца і раздзелы, прысвечаныя іншым элементам рукапісу - матэрыялам і прыладам пісьма, форме рукапісаў, упрыгожванням. Высокі навуковы ўзровень і навуковая вартасць кнігі не падлягае сумненню і доўга яшчэ такой застанецца. Разам з тым, на наш погляд, шэраг канцэптуальных палажэнняў, пакладзеных Я.Карскім у падмурак працы, павінны быць удакладнены ці нават перагледжаны. Гэта датычыцца падыходаў навукоўца да тыпалагізацыі помнікаў і тыпаў пісьма, поглядаў на кірылаўскае пісьмо ў славянскіх народаў і найперш, у беларусаў.

У "Славяно-кирилловской палеографии" надзвычай яскрава праявіліся заходне-русісцкія погляды беларускага акадэміка. Асноўную масу крыніц, на якіх базуюцца яго назіранні і высновы, складаюць менавіта расійскія ("великорусские") рукапісы. Паказальна, што ў курсе лекцый надзвычай мала ўвагі аддаецца старабеларускім помнікам кірылаўскага пісьменства. Праўда, Яўхім Карскі агаворваецца, што поўны агляд менавіта беларускіх (западно-русских) помнікаў ён даў у трэцім томе "Беларусаў", але там увага засяроджваецца не на палеаграфічным, а на лінгвістычным аналізе крыніц, да таго ж, вельмі сціплае месца адводзіцца актавым крыніцам, якія сёння найбольш цікавяць гісторыкаў. Абыйшоў беларускі акадэмік і такі буйны корпус крыніц, як Метрыка ВКЛ. Архіў ВКЛ у той час мог быць дасяжным для Я.Карскага. Пасля перавозу большасці дакументаў у Архіў Міністэрства юстыцыі і каталагізацыі, даследчыкам ужо давалі дазвол працаваць з гэтай крыніцай. На Беларусі ў 1920-я гады шырока абмяркоўваліся пытанні аб вывучэнні і публікацыі Метрыкі, прапанавалася дзеля гэтай мэты стварыць спецыяльны інстытут. [287] Існавала апісанне Метрыкі, зробленае яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. Пташыцкім і выдадзенае ў 1887 г. [288], а таксама публікацыі асобных тамоў і дакументаў. Яўхім Карскі, наколькі можна меркаваць па тэксту курса лекцый, быў знаёмы з гэтым комплексам крыніц, але не згадвае яго і не аналізуе яго дакументаў з пункту погляду палеаграфіі.

Характэрнай рысай працы з'яўляецца паданне матэрыялу, які датычыць характэрных прыкмет рукапісных помнікаў. Цэнтральнае месца ў тэксце займае характарыстыка знешніх прыкмет расійскіх ("великорусских") рукапісаў. Што ж датычыцца беларускіх, іх адрозненні і палеаграфічныя прыкметы даюцца як дадатак, вельмі сціпла і схематычна, часам нават з памылкамі і недакладнасцямі. Па сваіх палеаграфічных прыкметах з іншых тыпаў пісьма найбольш розняцца скорапісы - маскоўскі, віленскі (літвінскі) і ўкраінскі. Гэтую розніцу падкрэслівалі даследчыкі і да выдання працы Я.Карскага. Найбольш грунтоўна, на наш погляд, апісанне літвінскага скорапісу зрабіў Ул.Шчэпкін у працы, выдадзенай у 1918(1920) г. [289] Выдаецца, што Я.Карскі, якога сёння лічаць адным з пачынальнікаў беларусазнаўства, павінен быў пайсці далей свайго папярэдніка, развіўшы ягоныя назіранні і склаўшы больш грунтоўнае апісанне гэтага арыгінальнага тыпу пісьма. Аднак параўнанне дзвюх прац сведчыць, што ў "Славянской кирилловской палеографии" беларускі навуковец амаль даслоўна паўтарае высновы Ул.Шчэпкіна, пры тым у скарочаным выглядзе. Ул. Шчэпкін адрознівае скорапіс Віленскай канцылярыі, дае яго падрабязнае апісанне і дадае табліцы варыянтаў напісання літар. Таксама грунтоўна ім разглядаецца і г.зв. кіеўскі скорапіс. Гэтага матэрыялу бракуе ў кнізе Я.Карскага, няма там і згадкі пра справаводства ў ВКЛ, або ўплыве ўкраінскага пісьма на маскоўскі скорапіс. Тлумачачы скарочаны агляд віленскага скорапісу, Я.Карскі спасылаецца на ўводны артыкул І.Каманіна да аднаго з выданняў палеаграфічных здымкаў, прысвечаны апісанню віленскага скорапісу [290]. Але спасылка не карэктна, паколькі І.Каманін характарызаваў не столькі віленскі, сколкі ўкраінскі скорапіс, які істотна адрозніваецца па сваіх палеаграфічных прыкметах і ад віленскага, і ад маскоўскага, што асабліва праявілася ў позднія часы яго бытавання. [291]

Падабным чынам складзены раздзелы пра матэрыялы і прылады пісьма, форму рукапісаў і іншыя. Яўхім Карскі ўжывае акрэслення " у нас", "наше", "падводзячы" такім чынам і беларускую, і ўкраінскую пісьмовую традыцыю пад сітуацыю ў Маскоўскай дзяржаве. "Когда бумагу стали выделывать в Западной Европе (что случилось в ХІІ-ХІІІ веках), то она стала приходить к нам и отсюда, при чем из разных государств в разное время. Руские получали а) восточную бумагу, вероятно, через Астрахань...б)западную бумагу к нам, впервые, несомненно занесли ганзейцы через Новгород..." [292] У ВКЛ папера не магла дастаўляцца з Астрахані, а ў большасці прывозілася сюды з Крулеўца, з Польшчы і іншых еўрапейскіх краін, з якімі ВКЛ мела цесныя гандлёвыя сувязі. У адрозненні ад Маскоўскай дзяржавы, у нас ўсходняя папера была рэдкасцю, і знаёмства з гэтым матэрыялам пісьма адбылося найхутчэй праз пасрэдніцтва Еўропы, а не Азіі, аб чым сведчыць сама беларуская назва матэрыялу. Характэрна ў гэтых адносінах наступная цытата з кнігі Я.Карскага:"У нас название пергамен или пергамент вошло в употребление довольно поздно, вероятно, через посредничество Зап. Руси, где слово "перкгаментъ" в старинных произведениях встречается нередко." [293]

Інакш, чым у Маскве, складвалася ў нас і форма рукапісаў. Я.Карскі вельмі падрабязна апісвае скруткі, як асноўную форму актавых дакументаў."Но особенно вошли в употребление свитки для юридических актов, притом преимущественно благодаря тому, что с XIV-XV вв. их можно было, не стесняясь размером, писать на бумаге." [294] У ВКЛ вельмі рана для змястоўных юрыдычных дакументаў пачала ўжывацца, згодна з еўрапейскай практыкай, форма кнігі (кодэкса). Калі б Я.Карскі надаў у сваёй працы ўвагу дакументам вялікакняскай канцылярыі, сцвярджэнне навукоўца аб шырокім выкарыстанне скруткаў (стаўбцоў) не было б такім катэгарычным. Метрыка, як вядома, з сярэдзіны XVІ ст. вялася ў выглядзе кніг, а не стаўбцоў, такую ж форму мелі гродскія кнігі, інвентары і іншыя ёмістыя акты, ці зборы юрыдычных дакументаў.

Выклікае шмат пытанняў і раздзел, прысвечаны пісарам і перапісчыкам кніг. Ён цалкам пабудаваны на матэрыялах з гісторыі Маскоўскай дзяржвы. Што ж датычыцца ВКЛ, Я.Карскі згадвае толькі, што тут былі свецкія пісцы ў велікакняскіх і каралеўскіх канцылярыях, якія называліся пісарамі. Што ж датычыцца ўзроўня пісменнасці і навучальных установаў, беларускі навуковец абмяжоўваецца кароткім сказам аб тым, што асвета вялася ў брацкіх школах у "Юго-Западной Руси" і таму, пэўна, тут маглі быць пісменныя асобы. [295] Дасканала ведаючы пісьмовыя традыцыі Маскоўскай дзяржавы, Я.Карскі цалкам ігнаруе тут пісьмовую культуру беларускага народа, гісторыю яго асветы, прававыя традыцыі. Тут ён ідзе цалкам у рэчашчы западна-рускай плыні, выключаючы з поля ўвагі неправаслаўныя научальныя ўстановы, дзяржаўнае і адміністратыўнае ўладкаванне ВКЛ, фактычна, вялізарную скібу гісторыі беларусаў, як асобнага народа. На той час ужо існавалі грунтоўныя працы аб гісторыі асветы на землях ВКЛ, апрацавана была гісторыя права і дзяржаўнага кіравання, адміністратыўных органаў ВКЛ. Працы М. Балінскага, Ю.Бялінскага,Ю.Лукашэвіча прадставілі даволі поўную, нават на сучасны погляд, карціну адукацыі і асветы ў ВКЛ, праўда, не звязаную з праваслаўнай традыцыяй. [296] Што ж датычыцца актавых крыніц і арганізацыі работы канцылярый, постаці пісара ў дзяржаўным і адміністратыўным ладзе ВКЛ, - тут таксама былі грунтоўныя напрацоўкі, найперш, гісторыкаў Віленскага ўніверсітэта. Але Я.Карскі ігнаруе гэтыя работы.

Падсумоўваючы некаторыя заўвагі, зробленыя вышэй, можна зрабіць шэраг цікавых, на наш погляд, назіранняў. Яўхім Карскі быў бяспрэчна вялічынёй першага класа ў тагачаснай навуковай супольнасці. Яго адрознівала глыбокае веданне славянскіх моваў, энцыклапедычныя веды па старажытнай літаратуры і славянскім рукапісам першых стагоддзяў хрысціянства. Але больш поздні перыяд развіцця славянскага пісьменства, этап стварэння сучасных народаў, а менавіта XV- XVІІІ стст. распрацаваны ім аднабакова. Дасканала ведаючы расійскія публікацыі па палеаграфіі і крыніцазнаўству, беларускі акадэмік паклаў іх у падмуркі сваёй працы па палеаграфіі. Фактычна паўтараючы палажэнні А. Сабалеўскага і Ул.Шчэпкіна аб палеаграфічных уласцівасцях пісьма Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ, беларускі акадэмік не пайшоў далей за сваіх папярэднікаў у гэтай праблематыцы. Прычыны такой пазіцыі Яўхіма Карскага могуць быць розныя. Курс лекцый складаўся ім як метадычныя матэрыялы для выкладання ў варшаўскім універсітэце. Часы, калі Я.Карскі там працаваў, былі перыядам актыўнай русіфікацыі і антыпольскіх настрояў у расійскім грамадстве. Беларускі навуковец быў абмежаваны ідэалагічна, меў службовы абавязак падаваць матэрыял у адпаведнасці з існуючай урадавай ідэалогіяй. У гэтую ідэалогію не ўпісываліся ні ВКЛ, ні каталіцкая шляхта, працуючая на асвету сваёй радзімы, ні каталіцкае святарства, якое рупілася на гэтай жа ніве. Не талераваліся і шырокія экскурсы ў гісторыю літвінскай і польскай дзяржаўнасці. Апрача таго, і сам Яўхім Карскі быў выхаваны і адукаваны ў рэчашчы падобнай ідэалагічнай схемы і не важыўся ўшчыняць барацьбу за вяртанне мінуўшчыны і гістарычную праўду, хаця б у пытаннях палеаграфіі. Як і іншыя заходне-русісты, ён быў перакананым прыхільнікам увараўскай канцэпцыі рускага народа, што, між іншым, відавочна і ў яго фундаментальнай працы "Беларусы". Перавыдаючы курс лекцый у час, калі пачалося згортыванне беларусізацыі і пазначыліся першыя аб'явы будучых рэпрэсій супраць нацыянальных дзеячоў, сам перажыўшы цкаванне па палітычных матывах, Я.Карскі, на нашую думку, вырашыў пакінуць сваю працу такой, якой яна была да рэвалюцыі, унесшы толькі некаторыя праўкі тэхнічнага характара.

Ці можна лічыць працу Яўхіма Карскага пачаткам уласна беларускай палеаграфіі? Думаецца не. Ні пазіцыя аўтара, ні матэрыял, выкладзены ў ёй не даюць падставаў зрабіць такую выснову. Я.Карскі, як палеограф, на нашую думку, павінен разглядацца ў рэчашчы расійскай палеаграфічнай школы, а не беларускай, якая толькі пачынае стварацца.

Гістарычная памяць насельніцтва беларуска-польскага памежжа

Вывучэнне вуснай гісторыі, якая захоўваецца ў асяроддзі жыхароў беларуска-польскага памежжа, фактычна, толькі пачынаецца. Гэтую працу праводзяць навукоўцы прымежных рэгіёнаў як Польшчы, так і Беларусі. Намаганнямі гісторыкаў і краязнаўцаў сабраны і апрацаваны ўспаміны мясцовых жыхароў аб розных перыядах у жыцці памежжа. [297] У першыя гады новага стагоддзя навукоўцамі дзвюх краінаў быў рэалізаваны сумесны навуковы праект па інтэрдысцыплінарнаму вывучэнню этнічнага памежжа, у рамках якога ў 2001 і 2002 гадах праводзіліся даследаванні ў Сапоцкінскім і Гайнаўскім мікрарэгіёнах. Побач з вывучэннем мовы, звычаяў і абрадаў мясцовага насельніцтва навукоўцы з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі запісвалі ўспаміны мясцовых жыхароў аб перадваенных дзесяцігоддзях і часах вайны. Частка гэтых успамінаў надрукавана. [298] Даследаваннямі вуснай гісторыі жыхароў беларуска-польскага памежжа на працягу сямі гадоў займаўся пад кіраўніцтвам аўтаркі гэтых радкоў і калектыў навукова-даследчай лабараторыі рэгіянальнай культуры, якая дзейнічала пры універсітэце імя Янкі Купалы ў Гродна. Гэтыя матэрыялы былі выкарыстаны, між іншым, пры складанні праекта адбудовы беларускай часткі Аўгустоўскага канала.

Пэўна, для большай навуковай карэктнасці належыць колькі словаў сказаць аб дэфініцыях, якія будуць ужывацца ў дадзенай рабоце. Праблема дэфініцый актуальна, найперш, з-за метадалагічных прычын і, як нам выдаецца, на жаль, не вырашана гісторыкамі, якія вывучаюць памежжа. Так, у згаданай вышэй падсумоўваючай працы аб памежжах Беларусі, якая падрыхтавана польска-беларускім калектывам, метадалагічныя падыходы да гістрычнай памяці паспрабаваў акрэсліць Алесь Смалянчук. Разважаючы аб сутнасці ўзаемаадносін гісторыі і памяці, ён атаесамлівае гістарычную памяць з калектыўнай памяцю і вуснай гісторыяй; супрацьпастаўляе гістарычныя даследванні прафесіяналаў і гістарычную памяць супольнасці. [299] Але паняцце гістарычнай памяці значна шырэй, чым вусная гісторыя. Апошняя мае ярка акрэслены індывідуальны характар, не зафіксавана на пісьме, захоўваючыся ў памяці чалавека. [300] Яна базуецца на той разнавіднасці індывідуальнай памяці, якая ў псіхалогіі атрымала назву памяці-апавядання [301], і перадаецца з дапамогай вербальных сродкаў. Вусная гісторыя («oral history") з'яўляецца толькі часткай гістарычнай памяці, праўда, у асобныя часы (дапісьменныя і пазапісьменныя супольнасці; у першабытным грамадстве, Сярэднявеччы) ці ў асобных сацыяльных умовах (маргінальная супольнасць, "тыя, хто выжыў" і інш.) яна дамінуе ў структуры гістарычнай памяці. У гістарычную памяць уваходзяць не толькі звесткі вуснай гісторыі, але і адаптаваныя і зафіксаваныя ў памяці супольнасці навуковыя працы, у тым ліку, прафесіянальных гісторыкаў; творы мастацтва і літаратуры; пісьмовыя крыніцы і інш. Гістарычная памяць у значнай ступені стэрэатыпізавана, абагульнена, неіндывідуалізавана. Калектыўная памяць уключае ў сябе апрача гістарычных звестак таксама інфармацыю аб тэхналагічных працэсах, сацыяльных стасунках, веды аб прыродзе і іншае.

Неакрэсленасць сутнасці, прыроды вуснай гісторыі і яе ўзаемаадносінаў з пісьмовай гісторыяй, ігнараванне падыходаў да аналізу ўспамінаў, якія выпрацавала псіхалогія, могуць прывесці да памылак у інтэпрытацыі паведамлення інфамантаў, урэшце - да фальсіфікацыі самой гісторыі. Неабходна вельмі прынцыповая і скурпулёзная карэляцыя звестак вуснай гісторыі з інфармацыяй, якая зафіксавана ў пісьмовых крыніцах; важна таксама ўлічваць індывідуальныя рысы самаго інфарманта - узровень яго адукаванасці, асаблівасці псіхікі, жыццёвы шлях і жыццёвы вопыт і іншае. Ігнараванне гэтых працэдур пры зборы і аналізе вуснай гісторыі часцей за ўсё прыводзіць да абсалютызацыі атрыманага матэрыяла, скажэнню сапраўдных гістарычных падзей на карысць суб'ектыўнага бачання стваральнікаў і захавальнікаў вуснай гісторыі. Падобныя метадалагічныя праблемы, між іншым, відавочны ў тэксце А.Смаленчука, прысвечаным успамінам жыхароў памежжа аб часах вайны. [302]

Характэрызуючы сутнасць гістарычнай памяці насельніцтва беларуска-польскага памежжа, безумоўна, можна гаварыць толькі аб пэўнай яе мадэлі, аб найбольш характэрных яе асаблівасцях і фрагментах. У дадзенай рабоце мы паспрабуем на падставе ўласных назіранняў і запісаў, а таксама даследванняў калег акрэсліць, найперш, характэрныя прыкметы менавіта такога фрагмента - вуснай гісторыі, якая захоўваецца ў асяроддзі жыхароў трох мікрарэгіёнаў паабапал беларуска-польскай мяжы - Сапоцкінскага, Адэльскага і ваколіц Дубічаў Царкоўных. У дадзеным выпадку для аўтаркі падалося больш важным не столькі пераказваць змест успамінаў, якія, дарэчы, дастаткова часта цяпер друкуюцца ў навуковай і папулярнай літаратуры, сколькі выявіць, апісаць прынцыпы і падставы адбора ў доўгатэрміновую памяць насельнікаў памежжа тых ці іншых падзей мінулага, а таксама паспрабаваць акрэсліць структуру вуснай гісторыі, якая бытуе ў памежжы.

Вусная гісторыя, як і кожная інфармацыя аб мінулым, мае сваю перыядызацыю, ўласныя храналагічныя цэзуры, якія дапамагаюць пазіцыяніраваць былыя падзеі адносна сучаснасці, размясціць іх паслядоўна на "стужцы часу". "Пункты, на якія мы абапіраемся для аднаўлення нашых успамінаў і іх лакалізацыі, дае нам сацыяльнае жыццё. Вельмі часта асноўныя вехі нашага жыцця акрэсліваюцца падзеямі грамадска-палітычнага жыцця. Гэтыя падзеі датаваныя незалежна ад нашых асабістых успамінаў. Аднак, зыходзячы з іх, мы можам лакалізаваць нашыя ўспаміны дзякуючы таму, што падзеі нашага асабістага жыцця пастаянна спляталіся з падзеямі калектыўнага жыцця... Чым болей нашае жыццё ўключана ў грамадскае, тым болей спрыяльныя умовы для аднаўлення ўспамінаў і іх лакалізацыі шляхам дадатковых разважанняў." [303]- пісаў С.Л.Рубінштэйн. Згаданая С.Л.Рубінштэйнам ўласцівасць індывідуальнай памяці абапірацца на падзеі сацыяльнага жыцця як на вехі ўласнай гісторыі зусім не вычэрпывае прынцыпы ўсталявання храналагічных цэзур. Сацыяльная перыядызацыя ўдакладняецца ці дапаўняецца асабістай - этапамі аўтабіяграфіі. Як правіла, гэтыя апошнія рамкі маюць больш дакладны характар. Усталяванне храналагічных цэзур, якія ўжываюць жыхары памежжа, дае даследчыку шмат надзвычай важных метадычных і тэарэтычных ведаў. З метадычнага боку высвятленне сутнасці перыядызацыі, назваў, якія ўсталяваліся ў дадзенай мясцовасці для акрэсленых гістарычных перыядаў, дазваляе больш карэктна і дакладна сфармаваць ўласны даследчыцкі аппарат, гаварыць з інфармантамі, аперыруючы іх храналогіяй. З другога боку, гэта дае магчымасць высветліць, якім чынам зафіксаваліся ў вуснай гісторыі падзеі сацыяльнага жыцця, што фіксавалася ў ёй як найбольш значныя гістарычныя з'явы, якую семантыку атрымалі тая ці іншая падзея ці акрэслены перыяд у доўгатэрміновай памяці.

Перыядызацыя падзей, якія зафіксаваны ў памяці насельніцтва трох прымежных мікрарэгіёнаў, мае і падабенства, і выразныя адрозненні. Сярод інфармантаў, з якімі давялося сустракацца ў час палявых даследаванняў, былі, пераважна, людзі сталага ўзросту - 1916-1930- х гадоў нараджэння, вяскоўцы. Зразумела, што іх уласныя ўспаміны датычаць менавіта ХХ стагоддзя, і што менавіта гэты перыяд найлепш структурыраваны ў сэнсе перыядызацыі і мае найбольш храналагічна канкрэтныя цэзуры. Як мы ўжо адзначалі, чым бліжэй падзея да біяграфіі самаго інфарманта, тым дакладней яе храналагічная характарыстыка - падзеі ўласнага жыцця маюць дакладную дату, вельмі часта падмацаваную адпаведнымі дакументамі, якія захоўваюцца ў асабістым архіве. Падзеі ж сацыяльнага жыцця часцей за ўсё не маюць канкрэтнай даты, а калі і маюць - яна можа быць пазычана з кніг, тэлебачання, школьнай праграмы.

Для насельніцтва ўсіх трох мікрарэгіёнаў выразнай храналагічнай цэзурай з'яўляецца Другая Сусветная вайна. Аднак і тут маюцца разыходжанні ў прывязцы гэтай падзеі да канкрэтных дат. Для ваколіц Дубічаў Царкоўных і для Сапоцкінскага мікрарэгіёна пачатак вайны вызначаецца часам, калі сюды прыйшлі савецкія войскі. («польска-савецкая» і «нямецка-савецкая» войны. Пелыновіч Вацлаў, 1927 г. нараджэння, в. Пяшчаны) У гэтых мясцінах увогуле вайна пакінула надзвычайна многа слядоў у людской памяці. У адрозненні ад іх у Адэльску і прылеглых вёсках, якія апынуліся на ўбоччы ваенных дзеянняў, дзе не было партызанскага руху і значных нямецкіх карных акцый, успаміны аб вайне даволі фрагментарныя, неяркія, зацярушаныя падзеямі даваеннымі і асабліва - пасляваеннымі. Канец вайны асацыіруецца ў людзей, як правіла, з прыходам на гэтую тэрыторыю савецкіх войскаў. Праўда, ёсць і выключэнні - у вёсцы Пяшчаны у памяць аб завяршэнні Другой Сусветнай вайны мясцовы жыхар Канстанцін Пелыновіч на ўласныя грошы паставіў драўляны крыж, на якім напісаў дату - 8 верасня 1945 г.

З'яўляючыся выразнай храналагічнай цэзурай, вайна акрэслівае падзел часу на тры перыяды - да вайны, у час вайны і пасля вайны. На гэтую больш разлеглую перыядызацыю накладаюцца іншыя храналагічныя схемы. У Адэльску, да прыкладу, вехай, якая падзяліла жыццё тубыльцаў на два перыяды, з'яўляецца ўзнікненне польска-савецкай мяжы. Безумоўна, падзеі, звязаныя з дэмаркацыяй польска-савецкай мяжы і рэпатрыяцыяй насельніцтва, захаваліся ў вуснай гісторыі ўсіх прымежных мікрарэгіёнаў. Між іншым, гэтая акалічнасць дазволіла даследчыкам шырока выкарыстаць успаміны і папоўніць такім чынам крыніцавую базу даследванняў па гісторыі мяжы. [304] Але для Адэльска яна мела адметны сэнс. Значнасць гэтай палітычнай падзеі для жыцця мікрарэгіёна звязана са зменамі, якія прыўнесла дзяржаўная мяжа ў наладжаны сусвет адэльчан. Да 1944 г. Адэльск на працягу стагоддзяў быў уключаны ў сацыяльнае і эканамічнае жыццё мікрэрэгіёна, які пасля гэтай даты апынуўся на польскім баку. («Раней хадзілі ў Польшчу на рынак у Саколку, у Крынкі, у Вонеўцы. Каб не мяжа, хадзілі б і цяпер...». Звяржэвіч Ганна, 1931 года нараджэння, в. Адэльск) Мяжа зрабіла Адэльск тупіком, дзе заканчываліся ўсе дарогі і адкуль цяжка было выбрацца ў вялікі свет. Падобнай храналагічнай цэзурай, якая выконвае часам ролю кропкі адліку новай гісторыі вёскі, сям'і ці роду, у Дубічах Царкоўных, Тафілаўцах, Орлі, Чахах і іншых вёсках Гайнаўскага мікрарэгіёна з'яўляецца час бежанства ў перыяд Першай Сусветнай вайны.

У Сапоцкінскім і Адэльскім мікрарэгіёнах, як і ва ўсёй былой Заходняй Беларусі, для пазначэння міжваеннага перыяда выкарыстоўваецца тэрмін «за польскім часам» («Нарадзілася я за польскім часам, у 1922 годзе ў вёсцы Кадыш» Вацлава Бетка, 1922 год нараджэння, в.Кадыш; «Пры паляках таксама кепска жылося, ні заробку, ні грошай, вучыцца не было за што.» Вацлаў Пелыновіч, 1927 года нараджэння, в. Пясчаны.), у ваколіцах Дубічаў Царкоўных можна сустрэць яго адпаведнік - «за першай Польшчай». Часам інфарманты карыстаюцца і іншым тэрмінам - «пры санацыі». ( «Пры санацыі бедна жылі.» Літвінюк Сямён, 1926 года нараджэння, в. Баравікі. «Яшчэ пры санацыі працу коней пачалі пераймаць рухавікі.» Багацэвіч Анатоль, 1922 года нараджэння,.Орля . [305]) - вызначаючы перыяд 1921-1939 гг. па аднаму з ягоных частак. Падобнымі з'яўляюцца акрэсленні «за тымі Саветамі», «за тымі бальшавікамі» (1939-1941 гг.), якія сустракаюцца на беларускім баку мяжы («Памятка была ўсталявана ў 1939 годзе, пры савецкай уладзе» Станіслаў Зажэцкі, 1917 года нараджэння, в. Нямнова).

Сацыяльная перыядызацыя вуснай гісторыі звяртаецца таксама і да асобаў палітыкаў: «за Сталіна», «пры Масціцкім і Пілсуцкім», «пры Хрушчове» і г.д. У адрозненні ад вышэй названай перыядызацыі, такі зварот часцей адбываецца у час, калі інфармант апавядае аб палітычных, эканамічных і сацыяльных умовах жыцця, якія, на ягоную думку, залежалі ад цэнтральнай улады, ад агульнай палітыкі ў дзяржаве. Між іншым, гэтай перыядызацыяй часцей карыстаюцца мужчыны, больш, чым жанчыны, ангажаваныя ў сацыяльнае і палітычнае жыццё супольнасці. Да гэтай жа катэгорыі трэба аднесці вылучаемыя вяскоўцамі часы кіравання старшынь калгасаў, сельсаветаў і іншых асоб, якія былі на кіруючых пасадах, займалі віднае сацыяльнае становішча і мелі акрэслены аўтарытэт («Як Свяцк быў за панам Гурскім, дык лепей жылося, людзі ў маёнтку працавалі, заробкі былі нядрэнныя.» Зоф'я Чопчыц, 1927 года нараджэння, в. Радзівілкі;" «Калі старшынёй быў Яромін, у калгасе парадак быў.» Алімпія Ёдаль, 1933 года нараджэння, в. Адэльск. ) Такая перыядызацыя ўжываецца пры аповядах аб падзеях лакальных, але выкліканых агульнай сітуацыяй у краіне.

Як далёка ў глыб часу сягае вусная гісторыя? У традыцыйных супольнасцях, пры адсутнасці, ці маларазвітасці пісьмовай культуры, вусная гісторыя можа захоўваць інфармацыю, век якой налічвае стагоддзі. Прыгадаем, хаця б ужо хрэстаматыйныя прыклады захавання вуснай традыцыі ў афрыканскіх плямёнаў (абакурахвенге і абатеекерэзі ў Руандзе), ці славянскія быліны. Як паказвае аналіз занатаваных успамінаў жыхароў памежных вёсак, частка вуснай гісторыі, якую можна назваць памяццю продкаў, і якая з'яўляецца актуалізаванай (пераказваецца сямейнікам, ці даследчыкам-суразмоўцам), як правіла, ахоплівае тры пакаленні. Больш аддаленыя звесткі, атрыманыя ад продкаў праз пасрэдніцтва бацькоў ці дзядоў, носяць фрагментарны або, ці адначасова - легендарны характар. Зразумела, што сваю ролю тут адыгрывае працэс, які ў псіхалогіі памяці атрымаў назву інтэрферэнцыі. У выпадку памяці пакаленняў інтэрферэнцыя значна ўзмацняецца, паколькі атрыманыя звесткі неаднаразова праходзяць працэс замацавання ў доўгатэрміновай памяці людзей з розным жыццёвым вопытам. Прагматычная сялянская памяць адбірае з апавяданняў продкаў, за рэдкім выключэннем, толькі сацыяльна значную інфармацыю. Гэта, пэўна, адрознівае яе ад вуснай гісторыі прадстаўнікоў іншых сацыяльных варстваў, найперш, ад шляхецкіх радоў. Падобнае параўнанне атрымалася зрабіць і ў час палявых даследаванняў у беларуска-польскім памежжы. Вусная гісторыя, якая бытуе ў шляхецкай сям'і былых мясцовы землеўладальнікаў Гурскіх, сягае да 18 ст. і ўтрымлівае дакладныя звесткі аб імёнах, прзвішчах, акалічнасцях сямейнага жыцця, узаемаадносінах з іншымі шляхецкімі радамі і г.д. Паводле запісаў размоваў з нашчадкамі, якія сёння пражываюць у Варшаве, навуковая супрацоўніца лабараторыі рэгіянальнай культуры Свялана Словік здолела аднавіць гісторыю маёнтка Свяцк Гурскіх, рэканструяваць яго забудову ў ХІХ ст., а таксама атрымала звесткі аб культурным жыцці мясцовасці ў 19- пачатку 20 ст. [306]

Аналіз таго, што захавалася ў вуснай гісторыі ад памяці пакаленняў, дае магчымасць, між іншым, акрэсліць каштоўнасныя арыенціры чалавека. У сялянскім асяроддзі на памежжы жыве памяць аб этна-канфесійнай прыналежнасці сям'і і рода. Як правіла, суразмоўцы падкрэсліваюць, што ўсе іх продкі былі каталікамі ці праваслаўнымі, «польскай» ці «рускай» веры. Часам гэтая частка «памяці пакаленняў» не адпавядае рэчаіснасці. Так, у Сапоцкінскім мікрарэгіёне каталіцкая парафія ўзнікла толькі ў канцы 18 ст., значная колькасць насельніцтва тут была ўніяцкага веравызнання. Але спрадвечная і заўсёдная прыналежнасць да каталіцтва трывала замацавана ў памяці насельніцтва. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла актыўная праца касцёла. Святары касцёла Св. Іасафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне - цэнтры Тэалінскай парафіі, і сёння атаесамліваюць існаваўшую ў Сапоцкіне з 1612 г. уніяцкую царкву з каталіцкім касцёлам, спасылаючыся на дэманстраваную ў касцёле копію дакумента аб заснаванні ў Сапоцкіне царквы.

У беларуска-польскім памежжы замацаванню і актуалізацыі памяці аб канфесійнай прыналежнасці рода, сям'і ці насельнікаў вёскі спрыяюць захаваўшыеся культавыя помнікі. Гэта не толькі храмы, але у не меньшай ступені крыжы і каплічкі, святыя мясціны, з якімі звязаны важныя складаючыя гістарычнай памяці - абрады, рытуалы, разнастайныя паданні і звычаі. Адзначым, што на большай частцы Беларусі крыжы і каплічкі былі знішчаны ў савецкі час пры ажыццяўленні кампаніі выкаранення рэлігіі. У рэгіёнах, якія знаходзіліся ў памежнай зоне, гэтыя знакі канфесійнай прыналежнасці насельніцтва захаваліся і сёння займаюць пачэснае месца ў абраднасці (абрад развітання нябожчыка з вёскай ля найбольш шанаванага праваслаўнага крыжа ў Гайнаўскім рэгіёне; абыход усіх крыжоў, якія маюцца ў мястэчку ў час крыжовага ходу ў Адэльску і інш.). Найбольш выразна, як мне выдаецца, палажэнне аб важнай ролі святых месцаў для замацавання ў вуснай гісторыі аповядаў аб канфесійнай прыналежнасці продкаў ілюструе прыклад Хрышчонай гары каля Сапоцкіна. Пасля закрыцця касцёла ў 1875 г. валун каля гэтай гары служыў месцам каталіцкіх набажэнстваў. Гэты факт, не занатаваны ў дакументах, замацаваўся ў гістарычнай памяці насельніцтва рэгіёна і пераказваецца на працягу некалькіх пакаленняў. У 1980-х гадах каля валуна быў пастаўлены металічны каталіцкі крыж. Хрышчоная гара ў апавяданнях тубыльцаў выступае як сімвал спрадвечнай прыхільнасці продкаў да каталіцкай веры, адстойвання яе ў час выпрабаванняў.

Наяўнасць звесткаў аб веравызнанні продкаў у вуснай гісторыі, нават пры іх міфалагічным характары, дазваляе адчуваць сваю прыналежнасць да пэўнай супольнасці, што ва ўмовах этна-канфесійнага памежжа гарантуе захаванне тоеснасці, акрэслівае мадэль паводзінаў і інш.

Другая важная частка «памяці продкаў», якая мае тую ж прыроду, што і этна-канфесійная гісторыя роду - даўняя прыналежнасць сям'і да дадзенай мясцовасці, да «нашых». («Усе мае продкі мясцовыя, падворак і хата, дзе жыву, належалі яшчэ да майго дзеда і прадзеда» Вацлава Бетко, 1922 год нараджэння, в.Кадыш) . Змест паняцця «нашыя» і яго значэнне ў сялянскім светаўспрыманні на памежжы выдатна паказаў у сваёй рабоце Эдуард Мазько. [307] «Людзі, народжаныя ў адной вёсцы, заўсёды аб'яднаныя ў пэўную супольнасць. - Піша даследчык. - Да іх ужываецца азначэнне «нашыя людзі». [308] У Адэльску значэнне прыналежнасці «з дзядоў-прадзядоў» да мясцовай супольнасці пазначае адначасова і адрозненне сацыяльнага статусу жыхароў вёскі ў мінулым. Адэльск на працягу стагоддзяў быў горадам з магдэбургскім правам, а ў часы Расійскай імперыі - мястэчкам. Жыхары Адэльска дагэтуль называюць сябе не вяскоўцамі, а месцічамі і з пагардай ставяцца да насельнікаў навакольных вёсак, у тым ліку, былых шляхецкіх ваколіц. Як сімвалы колішняй «местачковасці» ў адэльчан выступаюць старыя брукаваныя вуліцы, цагляныя будынкі гарадской рады і школы на цэнтральнай плошчы і нават рэшткі пажарнага рыштунку на адным з дамоў, якія засталіся з даваенных часоў. Прыналежнасць да пэўнай групы, якая мела больш высокае становішча на сацыяльнай лесвіцы, захавалася ў апавядах часткі жыхароў Сапоцкінскага мікрарэгіёна. У дадзеным выпадку гэтыя звесткі абапіраюцца на мясцовую тапаніміку - жыхары вёскі Асочнікі выводзяць сваё паходжанне ад былых асочнікаў - даглядчыкаў дзяржаўных пушчанскіх лясоў і падкрэсліваюць, што іх продкі заўсёды былі вольнымі, а не прыгоннымі, як астатняя маса тубыльцаў у ваколіцы.

Тапаніміка, асобныя будынкі, памятныя мясціны, якія захаваліся з даўніх часоў, адыгрываюць надзвычай важную ролю ў захаванні гістарычнай памяці. Яны служаць свайго рода вехамі, якія падтрымліваюць гістарычную памяць супольнасці. Праўда, часцей за ўсё, гістарычныя падзеі, звязаныя з гэтымі мясцінамі, пад уплывам інтэрферэнцыі замацоўваюцца ў вуснай гісторыі ў скажонай, недакладнай, а часам і міфалагізаванай форме. Такі характар, да прыкладу, маюць распаўсюджаныя ў ваколіцах Сапоцкіна апавяданні аб бойцы шляхцічаў з казакамі Хмяльніцкага на гары, дзе сёння стаіць сапоцкінскі касцёл Св. Іасафата Кунцэвіча. [309] Падобны характар носяць апавяданні аб паходжанні назвы вёскі Чарток («жыў тут жыд, які трымаў карчму, празвалі яго Чарток, бо хцівы быў як чорт і мужыкоў спайваў» Куроўская Ганна, 1922 года нараджэння, в.Сонічы). Яшчэ больш фантастычным з'яўляецца запісанае намі ў Адэльску тлумачэнне назвы Шыбенічная гара - «у 1812 г. шведы на ёй паўстанцаў вешалі".

У асобных выпадках "памяць пакаленняў" ўтрымлівае рацыянальнае зерне, а пры дастатковай адукаванасці інфарманта можа прэтэндаваць на дакладнасць. «Узровень адукаванасці, як правіла, адбіваецца на развіцці мовы чалавека. Апошняе ж з'яўляецца адной з умоваў развіцця памяці.» - Пазначае расійскі псіхолаг Р.Немаў. [310] Так, у сям'і Коврахаў з в. Пяшчаны захаваўся аповяд аб пакаранні паўстанцаў 1863 г.("Паўстанцаў вешалі на Вялікдзень, калі людзі на фурманках ехалі да касцёла. Паўстанцаў было 5 чалавек. Кожнаму каты ўкладалі ў зубы 5 капеек, каб паказаць, што яны вартыя толькі пяці капеек. Фурманам нельга было азірацца. Адзін азірнуўся, і за ім пабеглі, каб таксама павесіць, але ён зацясаўся паміж фурманак, і яго не злапалі." Вітольд Коврах, 1916 года нараджэння, в. Пясчаны). Апавяданне аб пакаранні паўстанцаў захавалася ў вуснай гісторыі ад бабкі Вітольда Ковраха, якая была сведкай падзеі. Вітольд Коврах у даваенны час скончыў школу падхарунжых, служыў у польскім войску, і як паказала размова, ведаў аб паўстаннях з школьнага курса гісторыі. Апавяданне аб часах паўстання ў дадзеным рэгіёне падмацавана памятнымі крыжамі, якія ўсталяваны былі ў 1915-1917 гг., а таксама магілай паўстанцаў на Лісінай гары, якую даглядаюць мясцовыя жыхары.

Пры значнай колькасці падобных рысаў у структуры і характары вуснай гісторыі, якая бытуе ў беларуска-польскім памежжы, належыць вызначыць і адрозненні. Апрача наяўнасці індывідуальнага зместу ўспамінаў, можна гаварыць і аб больш агульнай тыпалогіі такіх адрозненняў. Так, да прыкладу, адной з такіх адметнасцяў, на нашую думку, з'яўляюцца ўспаміны аб валоданні зямлёй. У ваколіцах Дубічаў-Царкоўных, дзе зямляробства складала надзвычай важную галіну гаспадаркі, і сёння валоданне зямлёй з'яўляецца часткай паўсядзённасці, жыхары дакладна памятаюць, калі і сколькі зямлі купіў бацька, сколькі зямлі было дадзена пры падзеле сям'і, якая зямля пайшла ў якасці пасагу дачцы, або выпадкі, калі жаніліся з-за зямлі ("Зямля ІІІ-ІV класаў была. Сеялі пшаніцу і жыта. Садзілі бульбу. З гектара 15-18 цэнтнераў збіралі." Дэмчук Ян, 1922 года нараджэння, Чаромха-Станцыя; "Зямлі ў нас было паўчастка. Да таго ж яна была раскіданая невялікімі кавалкамі" Сахарчук Хрысціна, 1919 года нараджэння, Чахі; "Па-суседску жыла сям'я Міхала Пракапюка. Была ў іх хата … і 12-гектарны ўчастак" Габрылеўскі Міхал, 1929 года нараджэння, Трывежа [311] ) . У Адэльску местачковы характар жыцця абумовіў захаванне ва ўспамінах жыхароў звестак аб працы іх крэўных у Варшаве, Вільні і Пецярбургу, аб паездках на заробкі ў Еўропу і нават у Амерыку і Аўстралію. На працягу доўгага часу адным з заняткаў адэльчан быў транзітны гандаль, пры тым асобныя сем'і мелі сувязь з гандлёвымі фірмамі ў Паволжы, Разані, Варонежы і іншых расійскіх гарадах. І сёння ў вясковых дамах Адэльска можна сустрэць сапраўдную венскую мэблю, паштоўкі і фатакарткі з выявамі далёкіх гарадоў і інш. Перад вайной каля трэці насельнікаў Адэльска выехала на заробкі ў далёкае замежжа і засталася там на пастаяннае жыхарства. У Сапоцкінскім мікрарэгіёне ва ўспамінах жыхароў таксама мала звестак аб колішнім валоданні зямлёй, затое дастаткова часта сустракаецца інфармацыя аб уладаннях, якія мелі мясцовыя памешчыкі. З гэтых успамінаў можна даведацца, дзе знаходзіліся маёнткі, што садзілі, як угнойвалася глеба, дзе былі панскія сажалкі, як была арганізавана работа ў маёнтку і многае іншае ("Маёнткі былі Кодзеўцы, Асташа, якую жыд трымаў, Белыя Балоты, Ліпск, які раней Гурскія трымалі, а пасля прадалі і з'ехалі ў Свяцк Гурскіх. Зялёнка маёнтак быў небагаты, пару хлявоў, сажалка ў лесе, парку не было". Войшнер Антон, 1915 года нараджэння, Галавенчыцы.;"А тут быў маёнтак пані Зялёнскай, але небагаты. Яна яго прадала перад вайной і з'ехала, ці то ў Польшчу, ці ў Літву." Антонік Стэфаніда, 1922 года нараджэння, Сонічы.). Безумоўна, значную ролю тут адыграла наяўнасць памешчыцкага землеўладання ў рэгіёне, у тым ліку, такой буйной і тэхналагічна разбудаванай гаспадаркі, якая была ў Гурскіх. Юзаф, а затым Пётр Гурскія, маючы добрую адукацыю, былі да таго ж мецэнатамі і падтрымлівалі мясцовую сялянскую супольнасць. Не апошнюю ролю у такім характары ўспамінаў адыгралі заняткі мясцовых жыхароў. Калі прынёманская частка рэгіёну была земляробчай, то ў вёсках, якія знаходзіліся паабапал Аўгустоўскага каналу і бліжэй да сучаснай польска-беларускай мяжы, насельнікі часцей займаліся пушчанскімі промысламі, працай на канале, работалі ў лясной гаспадарцы і г.д. На маю думку, у невыразнасці ўспамінаў аб валоданні зямлёй і ў Адэльску, і ў Сапоцкінскім мікрарэгіёне не апошнюю ролю адыграла калгаснае мінулае гэтай тэрыторыі. Пры савецкай ўладзе ўзгадваць аб колішнім уладанні зямлёй было небяспечна, гэта магло быць падставай да залічэння ў "сацыяльна шкодныя элементы" і выклікаць рэпрэсіі ў стасунку да сям'і. Такія ўспаміны былі "задзьвінутыя" у самы далёкі кут памяці і часцей не пераказваліся дзецям. Насцярожанасць да пытанняў аб былой зямельнай маёмасці адчуваецца і сёння пры размове з інфармантамі з гэтых мясцін.

Усе тры мікрарэгіёны, аб якіх ідзе гаворка, знаходзяцца каля дзяржаўнай мяжы, але стасунак да яе ў жыхароў значна адрозніваецца. Гэта знайшло свой адбітак і ва ўспамінах. У ваколіцах Дубічаў-Царкоўных і ў Адэльску найбольшая частка звестак, якія захаваліся ў памяці насельніцтва ў сувязі з памежным становішчам рэгіёна, стасуецца да пасляваенных часоў. Дэмаркацыя мяжы, перасяленні насельніцтва ў сувязі з рэпатрыяцыяй - асноўны змест такіх успамінаў. У Адэльску захаваліся ўспаміны аб тым, як доўга і цяжка людзі прызвычайваліся да наяўнасці ў іх ваколіцы памежных заставаў, аб неразуменні расійскімі памежнікамі мясцовых традыцый і гаворкі. Два гэтыя мікрарэгіёны сталі памежнымі толькі пасля вайны, пры тым на польскім баку мяжы мадэль аховы мяжы заснавана была на больш лагодных прынцыпах, чым на беларускім. У апавяданнях насельнікаў ваколіц Дубічаў Царкоўных амаль не сустрэнеш звестак аб суадносінах памежнікаў з мясцовым насельніцтвам, мала іх і ў Адэльску. Зусім іншая карціна назіраецца ў Сапоцкінскім мікрарэгіёне. На працягу амаль шасці стагоддзяў гэты край быў памежным, наяўнасць палітычнай, а ў асобныя часы - мытнай мяжы наклала адбітак на прыродныя асблівасці рэгіёна, на побыт і ментальнасць насельніцтва. Мяжа пастаянна прысутнічае ў апавяданнях аб мінулым. Гэта і згадкі аб польскіх заставах у перадваенныя часы, і аб прымежных баях з літоўцамі ў 1918 годзе ( г.зв. «Варвішкаўская рэспубліка»), але найбольш звестак захавалася ў мясцовых жыхароў аб савецкіх заставах напярэдадні вайны і аб іх камандзірах. У памяці насельніцтва захаваліся апісанні знешнасці, паводзінаў савецкіх камандзіраў, уражанні аб стасунку іх да мясцовых жыхароў і іншая інфармацыя. («За пару дзён да пачатку вайны прыехаў у вёску, на канях, з дзеншчыком Сівачоў і пачаў выпытваць, дзе хлопцы. (Моладзь хавалася ў лесе ад мабілізацыі - С.К-С.) Вывалак мяне да крыжа і загадаў бажыцца, што я сапраўды нічога не ведаю. «Забіце, - я сказаў, - а хлусіць ня буду, не ведаю, дзе яны хаваюцца» Войшнер Антон, 1915 года нараджэння, Галавенчыцы; «Сівачоў быў прыгожы, ездзіў на кані ў белым кажусе.» Станіслаў Зажэцкі, 1917 года нараджэння, в. Нямнова і інш.) І ў Маркаўцах, і ў Доргуні бытуе апавяданне, як жонка начальніка заставы пры адыходзе ў першы дзень вайны кінула маленькую дачку ў прыдарожнае жыта, а мясцовыя падабралі дзяўчынку і выхавалі. Праўда, прозвішча камандзіра ў гэтых апавяданнях рознае - то Усаў, то Сівачоў, а то зусім невядомае. Факт перадачы дачкі камандзіра заставы ў чэрвені 1941 г. мясцовым жыхарам сапраўды меў месца, але ён датычыў сям'і Ф.Кірычэнкі, камандзіра 4 заставы, а ў вуснай гісторыі, як мы бачым, гэтая падзея паступова набірае выгляд падання. Магчыма, захаванню гэтай скібы гісторыі рэгіёну ў памяці насельніцтва, актуалізацыі такіх успамінаў паспрыяла не толькі моцнае ўражанне, сваеасаблівы шок ад кантактаў з новай ўладай, але і актыўная работа па выяўленню звестак па гісторыі прымежных баёў у першыя дні вайны, якую праводзілі гісторыкі і краязнаўцы на працягу многіх гадоў. Вынікам гэтай работы сталі музеі на заставах, а таксама шматлікія публікацыі ў прэсе і навуковых выданнях.

Успаміны ўтрымліваюць не толькі звесткі аб падзеях і асобах, але і лексіку, словы, якія сёння ўжо страчаны, ці маюць іншую семантыку: «Ваха» (назва Свяцка Гурскіх у час вайны, калі там была нямецкая гаспадарка); «каньтатка» (папера аб вызваленні з працы ў маёнтку), «чубарыкі» (здзеклівая мянушка чырвонаармейцаў ў перадваенныя гады), «клёмпы» (абразлівая мянушка літоўцаў у міжваеннае дваццацігоддзе), «нагоншчыкі» (падкупленыя людзі, якія на кірмашы, ці ў час скупкі прадуктаў і жывёлы ў вяскоўцаў наганялі цану) і інш. Асаблівасцю гэтай праявы вуснай гісторыі ў беларуска-польскім памежжы, на маю думку, з'яўляецца выкарыстанне тубыльцамі іншамоўных словаў - тых, якія прыйшлі разам з іншай уладай, іншай дзяржавай. У беларускамоўным Адэльску ў апавяданнях аб «польскім часе» можна пачуць «жонд», «гміна»; у польскамоўных Сонічах пры апавяданні аб «першых Саветах» - «таварышч», «трудадни». Вельмі паказальны ў гэтым сэнсе прыклад Дубічаў-Царкоўных. Інфарманты, на штодня карыстаючыся беларускай і польскай мовамі, распавядаючы аб часах бежанства і аб падзеях 1939-1941 гг. прыводзяць цытаты на рускай мове, якія захавала памяць аб стасунках з жыхарамі расійскай глыбінкі і чырвонаармейцамі («У адчаі сказаў я савецкаму камандзіру «Скажите, где мне переночевать? Ведь же и у собаки есть своя конура, а вы меня всё прогоняете ». Пятро Кісель, 1905 года нараджэння, Чорная-Вялікая [312]; «Думалі ў Савецкім Саюзе другая Амерыка. Спачатку нават думалі ўступіць у калгас. Але адзін савецкі палкоўнік сказаў:" Не спешите. Разберитесь» Дзіда Дзьмітрый, 1927 года нараджэння , Тафілаўцы [313]). Пэўна, гэтая акалічнасць можа даць цікавы матэрыял для лінгвістаў, якія займаюцца памежжам.

Асобна належыць сказаць аб ступені адкрытасці жыхароў памежжа пры размове аб мінулым. На беларускім баку мяжы даследчык звычайна сутыкаецца з нежаданнем жыхароў узгадваць многія моманты з асабістага жыцця, ці гаварыць аб іх вельмі сцісла, абыходзячы падрабязнасці. Суразмоўцы імкнуцца не называць свае прозвішчы, вельмі пільна даведваюцца, навошта робяцца запісы, ці не будуць яны выкарыстаны супраць іх. У некаторых выпадках, як гэта было, да прыкладу, у вёсцы Гарачкі ў Сапоцкінскім рэгіёне, у час палявых даследванняў увогуле не ўдалося пагаварыць з жыхарамі - пажылыя кабеты проста зачынялі дзверы і веснічкі перад даследчыкамі. Гэта асаблівасць ментальнасці насельніцтва выклікана, найперш, трагічным лёсам дадзенага рэгіёна, вопытам рэпрэсій у сталінскія часы. Так, да прыкладу, перад вайной у час высялення «антысавецкіх элементаў» толькі ў лютым 1940 г. з Сапоцкінскага рэгіёна было вывезена каля 1,2 тыс чалавек. Сваю ролю ў недаверлівым стаўленні да чужых адгрывае і памежнае становішча рэгіёну, як Сапоцкінскага, так і Адэльскага. Наяўнасць памежнай зоны забяспечвала значную закрытасць гэтых мясцінаў ад уплываў звонку; былі абмежаваны перасяленні сюды з іншых мясцін, прыезд у край быў дазволены толькі па спецыяльных прапусках. Памежная варта адыгрывала ў краі, да і цяпер у значнай ступені адыгрывае, ролю міліцыі і іншых адміністратыўных ахоўных органаў. Чывучы пры мяжы, людзі так ці інакш прызвычайваюцца да думкі, што чужы чалавек можа быць патэнцыяльным парушальнікам мяжы, і кантакты з ім могуць прывесці да адпаведных санкцый.

Вусная гісторыя ў беларуска-польскім памежжы, як паказаў досвед даследванняў у трох вышэй згаданых мікрарэгіёнах, паступова трансфармуецца, што з'яўляецца складанай часткай працэса разбурэння традыцыйнай сялянскай культуры. Павялічваецца колькасць і інфармацыйная глыбіня крыніц, адкуль чэрпаецца «матэрыял» для вуснай гісторыі. Працэсы інтэрферэнцыі ў гэтай сітуацыі выціскаюць часам ўласныя ўспаміны, ці надаюць ім іншую інтэрпрэтацыю. Важна адзначыць, што крыніцай, адкуль цяпер жыхары памежжа чэрпаюць інфармацыю для ўласнай вуснай гісторыі, з'яўляюцца даследванні краязнаўцаў і прафесійных гісторыкаў аб мінулым рэгіёна. Так, у Адэльску на працягу дзесяці гадоў ствараецца школьны музей гісторыі вёскі, актыўна працуюць мясцовыя настаўнікі, студэнты гістарычнага факультэта ГрДзУ. З'яўляюцца публікацыі ў мясцовай і абласной і нават рэспубліканскай прэсе па гісторыі Адэльска, некалькі рэпартажаў адтуль зрабілі БТ і канал «Лад». Яшчэ большы «інфармацыйны бум» адбываецца ў стасунку да Сапоцкінскага мікрарэгіёна ў сувязі з адбудовай Аўгустоўскага канала. Цяпер з вуснаў жыхароў тут можна пачуць фрагменты турыстычных спадарожнікаў (аўтарка гэтых радкоў, да прыкладу, пазнала ў адным з такіх аповядаў уласны тэкст з турыстычнага спадарожніка, надрукаванага ў 2006 г.), тэлевізійных перадач, газетных публікацый. Фактычна, пісьмовая гісторыя адваёўвае сабе прастору ў сусвеце традыцыйнай культуры, трансфармуючы не толькі вусную гісторыю, але і гістарычную памяць вясковай супольнасці ў памежжы

Змена пакаленняў, якая адбываецца у апошнія дзесяцігоддзі, таксама ўплывае на характар вуснай гіторыі, на змену зместу гістарычнай памяці насельніцтва. Рэліктамі становяцца шматлікія абрады і звычаі, трансфармуецца мова, змяняюцца традыцыйныя стасункі ўнутры супольнасці і інш. Дададзім, што у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася і наваколле жыхароў памежжа. Частка былых гісторыка-культурных помнікаў, якія былі вехамі для апірышча вуснай гісторыі, зніклі, ці набылі іншы выгляд (рэканструяваны Аўгустоўскі канал; знікла былая дарога на Сейны, якая была асноўным гандлёвым шляхам для Сапоцкіна; знішчана брукаваная дарога на Крынкі, якая звязвала іх з Адэльскам і г.д.). Знікаюць ці змяняюць гучанне тапонімы (былое Капцёва цяпер Капчамесціс на літоўскім баку; Свяцк Гурскіх зліты з вёскай Радзівілкі і згубіў сваю назву; няма калоніі Ісака ў ваколіцах Адэльску, а адна з частак вёскі цяпер носіць мясцовую назву Рамантык па імю колішняга студэнцкага будатрада і г.д.). Хуткая трансфармацыя гістарычнай памяці насельніцтва памежжа робіць неабходнымі актыўныя палявыя даследванні, фіксацыю таго, што адыходзіць у нябыт і губляецца разам з незапісанымі ўспамінамі.



[1] Куль-Сяльверстава С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях ( другая палова XVIII - 1820-я гады)./ Навук. рэд. П.І.Брыгадзін. - Мн.: БДУ, 2000. Гэты тэрмін ужо паступова пачынае замацоўвацца ў айчыннай гістарычнай літаратуры, трапіўшы нават у навучальныя выданні: Швед В. Паміж Польшчай і Расіяй. Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў канцы 18-першай палове 19 стст. - Гродна, 2001; Смаленчук А. Палякі на Беларусі. - Гродна, 2001 . Соркіна І.В. Беларуская культура ў кантэксце сусветнай культуры. Праграма для студэнтаў негістарычных спецыяльнасцяў. - Гродна., 2003.

[2] Г.зн. культуры вышэйшых варстваў і адукаванай часткі грамадства

[3] Русское дело в Северо-Западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. СПб, 1901 - с.187-193.

[4] Смаленчук А. Згад. твор.

[5] Skirmuntt Konstancyja. Dzieje Litwy. Opowiedziane w zarysie. - Kraków, 1886. Між іншым, у дадзенай рабоце аўтарка пад Літвой разумее Літву гістарычную, лакалізуючы яе ў Панямонні (Русь Літоўская), Беларусю жа, што традыцыйна для літвінскай традыцыі, называе ўсходнебеларускія землі.

[6] List do A. Elskiego od 22.9.1906 - .AGAD w Warszawie, Archiwóm Prozorów i Elskich. Sygn. 140 (Teka białoruska).

[7] Браты-сяляне. Лістоўка. Публікацыя А. Сідарэвіча. // Адраджэнне. Гітарычны альманах. Вып.1. - Мн.,1995 - с.240-241.

[8] РГАДА, ф. 12, д.358, л.20-21.

[9] Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мінск, 1994 - с.7.

[10] Цвікевіч А. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. - Мн.: Навука і тэніка, 1993 - с.13

[11] Мазько Э.А. Уплыў Беларускай Хрысцііянскай Дэмакратыі на фармаванне культурнай сітуацыі ў 20-30 гады ХХ ст. - Дысертацыя на суісканне ступені кандыдата гістарычных навук. - Гродна, 2003.

[12] Др. Я.Станкевіч. Гісторыя беларускага языка. - Вільня. 1939., Менск, МАБ, 1992. - с.4.

[13] Больш падрабязна аб ідэалагічных падставах такога падыходу да беларускай гісторыі гл. нашую работу: Сельверстова-Куль С.Е.Историография политики царизма в Белоруссии и национальное возрождение Белорусов.// Славяноведение - 1996- № 5 - С.3-17.

[14] Zasztowt L.Kresy.1832-1864.Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzeczypospolitej. - Warszawa: Wyd. PAN - 1997 - s.25-26.

[15] Цыт. па: Сцяпанава А. Рысы еўрапейскага постмадэрнізму ў творах Уладзіміра Караткевіча. // Уладзімір Караткевіч і яго творчасць у еўрапейскім культурным аспекце. Навуковы зборнік. - Мн.,2000 -с. 61.

[16] Адзначым, што М.Улашчык, як і большасць яго сучаснікаў, вельмі асцярожна выказваўся на конт культурнай, а тым больш, палітычнай спадчыны ВКЛ - гэтаму не спрыяў час. Але падтэкст яго высноваў, тэрміналогія, нават сама тэматыка работ красамоўна сведчаць аб жаданні ўключыць у абсяг нацыянальнай беларускай культуры літвінскія традыцыі. Так, да прыкладу, насуперак ужываным у той час тэрмінам «літоўска-рускія, літоўскія, заходнерускія летапісы» ён уводзіць назву «беларуска-літоўскія», падкрэсліваючы, што гэта летапісы, «у якіх выкладзена гісторыя Вялікага княства Літоўскага і якія створаны на тэрыторыі гэтай дзяржавы.» - Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. - М. 1985 - с.3.

[17] Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя: матэрыялы IVМіжнар. Кангрэса беларусістаў "Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін"/ Пад рэд. А.Мальдзіса, А.Смаленчука. - Мн.,2006.

[18] Пайпс Р. Россия при старом режиме. - М.: «Независимая газета», 1993.

[19] Горизонтов Л.Е. Русско-польское противостояние 19-начала 20 веков в геополитическом измерении. //Japanes Slavic and East European Studes. Vol.24. 2003, s.104 -105.

[20] Smoleński W. Przewrót umysłowy w Polsce wieku XVIII.- Warzsawa, 1926

[21] Больш падрабязна аб гэтым гл. у: Куль-Сяльверстава С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур.// Пад рэд. П.Брыгадзина - Мн., 2000.

[22] Гл. аб гэтым: Kurzowa Z. Język polski Wilieńszczyzny i kresów północno-wschodnich XVI-XX w. - Warszawa-Kraków: PWN, 1993

[23] Wójcik Z. Ignacy Domejko. Litwa.Francja. Chile. - Warszawa-Wrocław, 1995-s.51

[24] Российский государственный архив древних актов.(РГАДА) ф.12, д.257,лл.7 об,20об

[25] Па падліках Д.Бавуа ў ім вучылася да 500 чалавек у год.: Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich. 1803-1832. - T. 1. Uniwersytet Wileński. - Rzym-Lublin, 1991 - s. 285.

[26] Morawski S. Kilka lat młodości mojej w Wilnie. - (1818-1825). - Warszawa, 1924 s.171

[27] Российский государственный исторический архив (РГИА), ф.733, оп.62, 1831, д.1085, л.57об.

[28] Гл.напр. Вашкевіч Ю. Паміж беларускасцю і польскасцю: традыцыі шляхецкай культуры ў Беларусі.// с. 151-159; Смаленчук А.Ф.Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 - 1917 г. / пад рэд. С. Куль-Сяльверставай. - Гродна: ГрДУ, 2001- с.31-32. і інш.

[29] Падрабязней аб спецыфіцы жыцця яўрэйскай грамады на беларускіх землях гл.: Соболевская О.Гончаров В. Евреи Гродненщины: жизнь до катастрофы. - Донецк: Норд-Пресс, 2005.; Соболевская О.А. Повседневная жизнь евреев Беларуси в конце XVIII- первой половине XIX века. -Гродно, 2012.

[30] Грыцкевіч А. Беларуская шляхта// Спадчына ,1993, № 1 - с 13.

[31] Падрабязней аб гэтым гл.: Сяльверстава С.Я. Фармаванне сістэмы нагляду за культурай Беларусі ў канцы ХІІІ-першай палове ХІХ стст.// //Беларусіка = Albarutenica: Кн.3. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне/ Рэд. А.Мальдзіс і інш. Мн.:Навука і тэхніка, 1994.- С.39-41.

[32] Марозава С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады)./ Пад рэд.У.М.Конана - Гродна, 2001 - с.226-237.

[33] Ад лацінскага. «ordos» - слой людзей; «dominum» - дамінаваць, кіраваць. Культура пануючых класаў і адукаваных слаёў грамадства.

[34] Мосолов А.Н. Виленские очерки. 1863-1865. (Муравьевское время) - СПб, 1898 - с.212.

[35] Русское дело в Северо-Западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьёвскую эпоху. - СПб, 1901 - с.147.

[36] Куль-Сяльверстава С. Народныя школы як сродак аправаслаўлівання былых уніятаў// Брэсцкай царкоўнай уніі - 400 год. - Брэст, 1996 - С.27-32.

[37] Русское дело в Северо-Западном крае. - с.147.

[38] Sielwierstowa-Kul S. Białoruska historiografia dotycząca polityki caratu a odrodzenie narodowe Białorusinów.// Samoidentyfikacja mniejszości narodowych w Europie Srodkowo-Wschodniej. Historia i historiografia. - Lublin, 1999 - S. 90 - 114.; Сельверстова-Куль С.Е.Историография политики царизма в Белоруссии и национальное возрождение Белорусов.// Славяноведение - 1996- № 5 - С.3-17.

[39] Біч.М. "Дзяржаўнасць Беларусі: станаўленне, страта, барацьба за аднаўленне (IX ст. - 1918 г.)// Беларуская мінуўшчына. - 1993, №5-6. - с. 3-7.

[40] Праграма і Статут Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». - Менск, 1993 - с.3.

[41] Тамсама.

[42] Шунейка Я. "Ускраіна" у цэнтры Еўропы// Спадчына, 1993, № 4, с. - 5-6.

[43] Дубянецкі Э. Спецыфіка сучаснага культурнага развіцця Беларусі і працэсы глабалізацыі.// Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя: матэрыялы IVМіжнар. Кангрэса беларусістаў "Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін"- с. 188-193.

[44] Рагуля А. Беларускі культурны феномен у Сярэднееўрапейскім рэгіёне. //Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя: матэрыялы IVМіжнар. Кангрэса беларусістаў. С.92-97.

[45] Госцеў А.П., Швед В.В. Кронон. Летопись города на Немане. - Гродно, 1993. Анішчанка Я Інкарпарацыя - Мінск, 2002., Швед В.В.У час паўстання 1794 г. - Памяць. Гродна // Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 1999 - с.138-140; Швед В.В. У складзе Расійскай імперыі //Тамсама - с.143-145;Милютин Д.М. Гродно в 1794б 1795 и 1796 гг. - Гродно, 1905; Zuwirska M. Ostatnie lata życia króla Stanisława Augusta. - Warszawa, 1975; Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. - Гародня-Wrocław - 2007 і інш.

[46] Полное собрание законов Российской империи (ПСЗРИ), Т.23 - СПб, 1830 - № 17264, с.572.

[47] Bogucka M. Samsonowicz H. Dzieje miast i mieszczaństwa w Polsce przedrozbiorowej. - Wrocław-Warszawa-Kraków- Gdańsk- Łódź, 1986 - s.354.

[48] Орловский Е. Гродненская старина.Ч.1 - Гродно, 1910, с.199.

[49] Занеўскі С. Гродна ў 1795-1802 гг.- Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі. эканомікі, культуры. - Гродна, 2007, с.158

[50] Кітурка І.Месца і роля каралеўскіх гарадоў у эканамічных рэформах ВКЛ у другой палове XVIII века - Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі. эканомікі, культуры. - Гродна, 2007, с. 75.

[51] Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. - с.252.

[52] ПСЗРИ, Т.23 - СПб, 1830 - № 17264, с.572.

[53] Донесение князя Николая Васильевича Репнина Императрице Екатерине II от 17 ноября 1794 г.// Сборник Императорского Русского исторического общества. - Т.16. - СПб, 1875, с.54.

[54] Тамсама с.57.

[55] Швед В.В. У час паўстання 1794 г. - Памяць. Гродна // Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 1999 - с.140

[56] Тэкст прысягі быў наступным: «Ja niżej na podpisie wyrażony przysięgam wszechmogącemu panu bogu przed świętą ewangelie jego z obecuię się w tym iż chcę i powinen jestem Jey Impieratorskiej mości mojey Najmiłościwszej Pani Impieratorowej Katarzynie Alexiejownie Samowladnącey Całey Rossyiey, oraz Jey Impieratorskiej mości nayukochańszemu Synu Panu Cesarzewiczowi i wielkiemu Xiązęciu Pawlu Piotrowiczowowi dziedzicznemu Następcy Tronu calej Rosyjey wiernie i nieobłudnie slżyć, y we wszystkkim tyle być posłusznym, że do ostatniej kropli krwi y życia mego oszczędzać nie będę. Tak Panie Boże dopomóż mnie na duszy i ciele. A prszy zawarciu tej mojej przysięgi całuje słowa i krzyż Zbawiciela mojego. Amen." Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ у Мінску), ф.2567, воп.1, спр.9, арк.11

[57] Письмо князя Безбородко князю Репнину от 25 ноября 1794 г.// Сборник Императорского Русского исторического общества. - Т.16. - СПб, 1875, с.50.

[58] ПСЗРИ, Т.23 - СПб, 1830 - № 17264, с.572.

[59] Копия с письма Н.В.Репнина Д.П.Трощинскому от 3 сентября 1795 г. // Сборник Императорского Русского исторического общества. - Т.16. - СПб, 1875- с.286.

[60] ПСЗРИ, Т.23 - СПб, 1830 - № 17279, c.606.

[61] Pamiętnik Franciszka Mickiewicza. Wyd. Józef Kallenbach.- Lwów-Warzawa-Kraków,1923- s.36

[62] Kamiński A. Pogranicze polsko-rusko- jaćwieskie między Bebrzą a Narwią - Rocznik białostocki - T.4, 1963 - s-7,28-30.

[63] ПСЗРИ, Т.23 - СПб, 1830 - № 17279, c.606.

[64] Гостев А.Семенчук А.Королевский город Гродно. - Минск, 2006 - с.40.

[65] Занеўскі С. Гродна ў 1795-1802 гг.- Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі. эканомікі, культуры. - Гродна, 2007, с.159.

[66] ПСЗРИ, Т.23 - СПб, 1830 - № 17418, c.845.

[67] Караткевіч В.Б Кулагін А.М. Помнікі Слоніма - Мінск, 1983 - с.17

[68] ПСЗРИ, Т.23 - СПб, 1830 - № 17494, c.847.

[69] Письмо неизвестного поляка к сестре от 6 декабря 1994 г.// Сборник Императорского Русского исторического общества. - Т.16. - СПб, 1875- с.69.

[70] Занеўскі С. Гродна ў 1795-1802 гг.- Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі. эканомікі, культуры. - Гродна, 2007, с.159-160.

[71] Письмо князя Репнина князю Безбородко от 13 декабря 1794 г.// Сборник Императорского Русского исторического общества. - Т.16. - СПб, 1875, с .69.

[72] Письмо князя Репнина Н.С.Ланскому от 30 апреля 1796 г.// Сборник Императорского Русского исторического общества. - Т.16. - СПб, 1875, с.435.

[73] Государственный архив Российской Федерации (ГАРФ), ф.1165, оп.1, д.490, л.62.

[74] Письмо князя Репнина Н.С. Ланскому от 30 апреля 1796 г.// Сборник Императорского Русского исторического общества. - Т.16. - СПб, 1875, с.435.

[75] ГАРФ, ф.1165, оп.1, д.490, л.62.

[76] ПСЗРИ, Т.23 - СПб, 1830 - № №1719; 17494; 17525.

[77] ПСЗРИ, Т.23 - СПб, 1830 - № 17494.

[78] Памяць. Гродна.- Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 1999 - с.138-140.

[79] Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь у Мінску (НАРБ у Мінску), ф.2567, воп.1, спр.12, 13.

[80] Копия с письма Н.В.Репнина Д.П.Трощинскому от 3 сентября 1795 г. // Сборник Императорского Русского исторического общества. - Т.16. - СПб, 1875- с.286.

[81] Тамсама.

[82] ПСЗРИ, Т.24 - СПб, 1830 - № 17585.

[83] ПСЗРИ, Т.24 - СПб, 1830 - № 17634.

[84] Указ Сенатский по Высочайше утвержденному докладу. О штатах двух Литовских губерний; Литовской и Гродненской. - Гродненская губерния в законодательных актах Российской империи.(1801-1913 гг.) - Слоним, 2004 - с. 19-20.

[85] НГАБ у Гродна, ф.1, воп.27, спр.884.

[86] Почта/ Энциклопедический словарь. Т. XXIVa. Изд. Ф.А. Брокгауз и И.А.Ефрон. - СПб, 1898 - с. 802.

[87] Там же, с.803.

[88] НГАРБ у Гродна, ф.1, воп.4, спр.227, арк. 46, 46 адв.

[89] Тамсама, спр. 115, арк.68, 77. Часам у дакументах яго прозвішча пішацца як Шольц, Сельц або Сольч.

[90] Тамсама, спр. 768, арк. 20.

[91] Тамсама, арк.80.

[92] Тамсама, арк. 4. Да прыкладу, праз Мір праехала толькі 136 чалавек, праз Слонім - 371.

[93] Тамсама, воп. 33, спр.15, арк. 3-5.

[94] Korespondencja filomatów(1817-1823) - Warszawa: PWN, 1989 - s.394-398.

[95] Ibidem, s.422.

[96] НГАРБ у Гродна, ф.1, воп.4, спр.115, арк.13 адв.

[97] Тамсама, воп.3, спр.1102, арк. 32.

[98] Тамсама, арк. 20.

[99] Тамсама, арк. 30адв.

[100] Тамсама, арк.3-3адв.

[101] Тамсама, арк. 6.

[102] Тамсама, арк. 23.

[103] Тамсама, арк. 52.

[104] Тамсама, воп.4, спр. 115, арк.32адв.

[105] Тамсама, воп.3, спр.1102, арк.52, 70.

[106] Тамсама, арк. 77.

[107] Тамсама, арк.98.

[108] Тамсама, воп.4, спр.115, арк 7адв.

[109] Тамсама, арк.64, 77.

[110] Тамсама, арк.71 адв., 96.

[111] Шыбека З.В Гарады Беларусі (60-я гг. ХІХ - пачатак ХХ ст.)/ Захар Шыбека - Мн., 1997; Шыбека З.В.Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый / Захар Шыбека. - Вільня: ЕГУ, 2009.

[112] Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня(сацыяльная тапаграфія і маёмасныя адносіны ў 16-18 ст.) / Ю. Гардзееў - Гродна-Wrocław, 2008 - с.35, 314-315, 318 і інш.

[113] Чепко В.В.Города Белоруссии в первой половине19 века (экономическое развитие/ В.В. Чепко - Мн, 1981.; Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII - первой половине ХІХ века./ Под ред В.В.Чепко/ А.М. Лютый - Мн.: Вышыйшая школа, 1987.

[114] Leśnikowska M. "Polski dwуr": wzorce arhitektoniczne, mit, simbol. - Warszawa, 1992 - s.29.

[115] НГАБ у Гродна, ф. 1, воп.20, спр.1804, арк.49.

[116] Соболевская О.А. Гончаров В.В. Евреи Гродненщины: жизнь до Катастрофы./ О.А.Соболевская, В.В.Гончаров - Донецк, 2008. - с. 215-320.

[117] Оссовская М. Рыцарь и буржуа: Исследования по истории морали/ М. Оссовская.- М.:Прогресс, 1987 - 527с.

[118] Полное собрание законов Российской империи (ПСЗРИ) - Т.ХХ, №14520 - СПб, 1830.

[119] Там же.

[120] Поўны інвентар бібліятэкі быў складзены ў 1798 г. і налічваў больш за 280 тамоў. Большую частку бібліятэкі стваралі творы ў духу асветніцкай ідэалогіі, у тым ліку, палітычныя творы Гуга Калантая, Ф.Багамольца, вальтэра, Русо і інш. - Акты Виленской археографической комиссии. - Т. 38 - Вильно, 1914 - с. 446-448.

[121] Петраускене И.С. Обязательный экземпляр в Литве в ХVІ- XVIII веках// Книга в России ХVII- начала XIX вв.Проблемы создания и распространения. - Сб. научн. трудов- Л., 1989 - С.89.

[122] Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II ( 1792-1796 ) - Вильна, 1903 - С.29.

[123] Archiwum Głuwny Akt Dawnych ( AGAD ) Kancelaria Nowosilcowa, akt. 481, kart. 294.

[124] Скабичевский А.М. Очерки истории русской цензуры.( 1770-1863) - СПб, 1892 - С.64.

[125] Предтеченский А.В. Очерки общественно-политической истории России в первой четверти XIX века. - М-Л., 1957 - С.212.

[126] Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich. - T.1 - Rzym-Lublin, 1991- S.164.

[127] Улады неаднаразова нагадывалі кнігавыдаўцам, цэнзурнаму камітэту аб неабходнасці прытрымлівацца цэнзурнага заканадаўства. -Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь у Мінску - НАРБ у Мінску- ф. 2001, воп.1, спр.48, арк.89, LVIA, f. 721, ap. 1, b. 72, lp. 72, НАРБ у Мінску, ф. 2001, воп. 1, спр.48, арк.92., LVIA, f. 721, ap. 1, b. 73, lp. 72.

[128] Скабичевский А.М. Указ.соч. - С. 185.

[129] НАРБ у Гродна, ф. 1, воп. 2, спр. 259, арк. 4.

[130] AGAD, Kancelaria Nowosilcewa,akt. 822, kart. 215.

[131] Tam że, kart. 215, 292-296.

[132] НАРБ у Гродна, ф. 1, воп. 2, спр. 259, арк. 17.

[133] AGAD, Kancelaria Nowosilcewa, akt. 822, kart.3, 7-8.

[134] LVIA, f.721, ap.1, b. 73, lp.117.

[135] Beauvois D. Dz. cyt. - T. 1.- S. 170.

[136] НАРБ у Гродна, ф.1, воп. 1, спр. 1656, арк.1.

[137] Российский государственный исторический архив (РГИА), ф.732, оп. 2, 1827, д. 270, л.2.

[138] Сборник материалов для истории просвещения в России, извлеченных из Архива Министерства народного просвещения. - Т.1- Спб, 1893 - С.340.

[139] Там же.

[140] Российский государственный исторический архив в Санкт-Петербурге (РГИА) ф. 733, оп. 62, 1824, д. 696, л.2.

[141] Beauvois D. Dz. cit. - T. II - S. 309.

[142] Cybulski R. Dz. cyt. - S.208.

[143] Скабичевский А.М. Указ.соч. - С.224

[144] НАРБ у Гродна, ф. 1 , воп. 10, спр. 323, арк. 1.

[145] Белоруссия в эпоху феодализма.Сборник документов и материалов. - Т.4 - Минск:Наука и техника, 1979 - С. 289.

[146] Там же, с.294.

[147] Троцкий И. Ш-е Отделение при Николае I- Лениздат, 1990 - С.21

[148] Белоруссия в эпоху феодализма - С.29

[149] НАРБ в Гродно , ф. 1, воп. 27 , спр.549, арк. 2

[150] Тамсама, воп. 10 , спр. 323, арк. 2- 6

[151] Троцкий И. Указ. Соч. - С.32

[152]Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов. - Т. III - Минск, 1979 - С.326- 327.

[153] LVIA, f. 721, ap. 1, b. 423, lp. 38.

[154]НАРБ у Гродна, ф. 1, воп. 1, спр. 1041, арк. 1.

[155] Beauvois D. Dz. cyt. - T. 1- S.168.

[156] Матэрыялы В.Мазец.

[157] Акты Виленской археографической комиссии. - Т. 38 - Вильно, 1914 - с. 446-448.

[158] Lietuvos Metrika=Lithuanian Metrika= Литовская Метрика. Kn 1.(1380-1584) - V, 1998- с. 86.

[159] Ibidem, с.34

[160] Надзвычай поўную бібліяграфію пытання прадставіў у сваёй кніге, прысвечанай роду Касцюшкаў, беларускі краязнавец і гісторык Анатоль Бензярук.[1, с.89-104; 113-121].

[161] Трэпет Л.В. Там, дзе гучалі паланезы. - Мн, 1990 - с.3,20.

[162] Агінскі Міхал Клеофас // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. - Т. 1- Мн, 1984 - с.27-28.

[163] Jankowski Cz. Powiat Oszmiaсski. Materjaіy do dziejow ziemi i ludzi. - Petersburg, 1897 - T.2 - s.142.

[164] Ціханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго "сядзіба музаў" у Слоніме - Мн, 1993 - с.52, 60-61.

[165] Агінскі Міхал Клеофас // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. - с.27-28.

[166] Ціханавецкі А. Згад. твор - с.52, 60-61.

[167] Jankowski Cz. - s.121.

[168] Залуский А. Время и музыка Михала Клеофаса Огинского - Мн., 1999 - с.101-102.

[169] НАРБ у Мінску, ф. 295, воп.1, спр.32, арк. 1.

[170] Тамсама, арк.2.

[171] Тамсама, арк.3.

[172] Тамсама, арк. 7.

[173] Тамсама, арк.17.

[174] Грыцкевіч А. Памятныя запіскі Міхала Клеофаса Агінскага Аляксандру І у 1811 годзе.// Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып.1 - Мн.,1995 - с.195-223; Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: Грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772-1863 гг) - Гродна, 2001 - с.269-288;

[175] Jankowski Cz. - s.49-57, 199.

[176] Згадка аб гэтым дакуменце маецца ў манаграфіі аўтаркі дадзеных радкоў - Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур. Культура Новага часу на беларускіх землях. - Мн,.2000 - с.

[177] Трэпет Л.В. - с.34

[178] Morawski S. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie.(1818-1825) Warszawa, 1924 -s.75-79; 86-87.

[179] Jankowski Cz. - s.49-57, 199

[180] Федор Яковлевич Миркович. Его жизнеописание. 1789-1866. - СПб, 1889.

[181] Русская старина.-1890, № 3.

[182] Федор Яковлевич Миркович. Его жизнеописание.., с.1-4.

[183] Тамсама, с.9.

[184] Русская старина.-1890, № 3.- С.398.

[185] 1812-й год. Из дневника конно-гвардейского офицера Ф.Я.Мирковича. // Русский архив, 1881 , кн.1.

[186] Русская старина.-1890, № 3.- С.412.

[187] У Вільні пасля ад'езду Далгарукава модным быў каламбур: «Рукі ад'ехалі, а даўгі засталіся». -Morawski S. Kilka lat młodości mojej w Wilnie. - (1818-1825). - Warszawa, 1924.- s. 406-407, 434. Па сведчанню Ф.Міркавіча, цар, прапануючы яму пасаду ў Вільні, спасылаўся на раман Далгарукава з жонкай аднаго з мясцовых магнатаў, што недапушчальна для расійскага саноўніка.- Русская старина.-1890, № 3.- С.413.

[188] Государственный архив Российской Федерации (ГАРФ), ф. 109,оп.24,1849, д. 454, л.1.

[189] Русская старина.-1890, № 3.- С.426.

[190] Там же, с. 427.

[191] Там же.

[192] Там же, с. 428.

[193] Федор Яковлевич Миркович. Его жизнеописание…- с.259-260.

[194] Калізіі вырашэння пытання аб рускім землеўладанні ў беларускіх губернях паказаны ў працы Л.Гарызонтава: Горизонтов Л.Е. Парадоксы имперской политики: поляки в России и русские в Польше. - М., 1999 - с. 121-157.

[195] Федор Яковлевич Миркович. Его жизнеописание…- с.232.

[196] Там же, с.233.

[197] Deryng E.Z pamiętników aktora wileńskiego. // Pamiętnik teatralny. - 1986. Z.2-3 - S.359.

[198] ГАРФ, ф.109, оп.21, 1846, д.56, л.3об.

[199] Федор Яковлевич Миркович. Его жизнеописание…- с. 325.

[200] ГАРФ, ф. 109,оп.24,1849, д. 454, л.10.

[201] Федор Яковлевич Миркович. Его жизнеописание…- с.404.

[202] НГАБ у Гродна, ф.1, воп. 19, спр.714, арк.1.

[203] РГИА, ф. 789, воп. 14, 1841-1867, д. 39 Г, л.2.

[204] РГИА, ф. 789, воп. 1, ч.ІІ, 1841, д. 2594, л.1.

[205] РГИА, ф. 789, воп. 14, 1841-1867, д. 39 Г, л.12.

[206] РГИА, ф. 789, воп. 1, ч.ІІ, 1846, д. 3094, лл.3-3об.

[207] Там же, ф. 789, воп. 14, 1841-1867, д. 39 Г, л.96.

[208] РГИА, ф. 789, воп. 12, 1853, д. 58, л.4,6.

[209] Там же, воп. 12, 1858, д. 38, л.21, 26.

[210] Там же, воп. 14, 1841-1867, д. 39 Г, л.48.

[211] Там же, воп. 2, 1855, д. 50.

[212] Borejsza J. Sekretarz Adama Mickiewicza.( Armand Lery i jego czasy - 1827-1891). - Warszawa, 1969 - s.188.

[213] РГИА, ф. 789, воп. 14, 1841-1867, д. 39 Г, л.81.

[214] Там же, л.74.

[215] Polski słownik biograficzny. - T. 8 - Wrocław-Kraków, 1959-1960- s.305.

[216] Мальдзіс А.І. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе, Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. - Мн., 1980 - с. 15-17, Адам Міцкевіч і беларуская літаратура і інш.

[217] Сліж Н.Статус жанчыны-шляхцянкі ў ВКЛ (ХVI-XVIII стст.)// Бедарускі гістарычны часопіс, 1996, № 4, с.66-72.

[218] Сборник материалов для истории просвещения в России , извлеченных из Архива Министерства народного просвещения - Т.1 Учебные заведения в западных губерниях до учреждения Вилен. учеб. округа 1783-1803. - СПб, 1893 -. с.142.

[219] Сборник материалов для истории просвещения в России, извлеченных из Архива Министерства народного просвещения - Т.1 Учебные заведения в западных губерниях до учреждения Вилен. учеб. округа 1783-1803. - СПб, 1893 с.251-252

[220] Там же.

[221] Krótka historya zgromadzenia siostr Mariae Vitae, napisana przez jedną maryawitkę //Dzieje dobroczynności, 1820, №1, - s.21.

[222] Описание документов архива западно-русских униатских митрополитов. 1701-1839. Т.ІІ - СПб, 1907- с.620.

[223] Zasztowt L.Kresy-1832-1864, s. 230.

[224] Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich. 1803-1832., T. 2.Szkoły podstawowe i średnie. - Rzym-Lublin, 1991 - T.2, s.399-400

[225] Масленікава В.П. Згад. твор, с. 15.

[226] Zasztowt L.Kresy-1832-1864.Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzeczypospolitej. - Warszawa: Wyd. PAN - 1997 - s.180.

[227] Ibidem - s.160

[228] Ibidem, s.189.

[229] НАРБ у Гродна, ф. 1, воп. 19, спр.1244, л.73-74.

[230] РГИА, ф733, оп.62, 1831, д.1082,.л.3.

[231] Сборник материалов для истории просвещения в России, извлеченных из Архива Министерства народного просвещения - Т.2 Учебные заведения в Западных губерниях. - СПб, 1897 - с.405-408.

[232] НАРБ у Гродна, ф.1, воп.19, спр.1479, арк.1.

[233] Тамсама

[234] Тамсама, арк.2.

[235] Zasztowt L.Kresy-1832-1864, s.65.

[236] НАРБ у Гродна, ф.1, воп.19, спр.1479, арк.5-9.

[237] Zasztowt L.Kresy-1832-1864, s.189.

[238] НАРБ у Гродна, ф.1, воп.19, спр.1479, арк16, 44-45, 72.

[239] НАРБ у Гродна, ф.1, воп.19, спр.1479, арк.78.

[240] Полное Собрание Законов Российской империи (ПСЗРИ) - Собр.І - СПб, 1830, Т.ІХ, ч.1, №7240.

[241] Krótka historya zgromadzenia siostr Mariae Vitae - s.30.

[242] Куль-Сяльверстава С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова XVIII - 1820-я гады)./ Навук. рэд. П.І.Брыгадзін. - Мн.: БДУ, 2000 - с.53-54.

[243] НАРБ у Гродна, ф.1, воп.1, д.1801, арк. 149, 226.

[244] Zasztowt L.Kresy-1832-1864, s388-400.

[245] Korespondencja filomatów(1817-1823) - Warszawa: PWN, 1989 - s.368.

[246] Dzieje dobroczynności, 1820, № 6 - s 308-310.

[247] Dzieje dobroczynności, 1821, №17 - s.474-475.

[248] Zasztowt L.Kresy-1832-1864, s.388-400.

[249] НАРБ у Гродна, ф. 1, воп.2, спр.1791.

[250] Rulikowski M. Teatr polski na Litwie.1784-1906. - Wilno,1907 - s.29

[251] Miller A.Teatr polski i muzyka na Litwie jako strażnicy kultury Zachodu. - Wilno, 1936- s.268.

[252] НАРБ у Гродна, ф.1, воп.20, спр.879, арк. 8 адв; НАРБ у Мінску, ф.1297, воп.1, спр. 20432, арк. 2,19.

[253] Deryng E.Z pamiętników aktora wileńskiego. // Pamiętnik teatralny. - 1986. Z.2-3 - s.381

[254] Słownik biograficzny teatru polskiego. 1765-1965. - Warszawa, 1973 - s.10,11

[255] НАРБ у Мінску, ф. 1297, воп. 1, спр.19898, арк.1-2.

[256] Rulikowski M. Teatr polski na Litwie.1784-1906.- s. 32

[257] НАРБ у Мінску, ф. 1297, воп. 1, спр.17104, арк.3.

[258] Puzynina G. W Wilnie i w dworach litewskich.1815-1843 - Wilno, 1928 - s.22, 73, 126, 212, 229.

[259] НАРБ у Мінску, ф.295, воп.1, спр.728, арк.412-413.

[260] ГАРФ, ф109, оп.4, д.444, .л.21

[261] Puzynina G. W Wilnie i w dworach litewskich.1815-1843. - s.93.

[262] ГАРФ, ф109, оп.4, д.444, л.21.

[263] НАРБ у Мінску, ф.295, воп. 1, спр.728, арк.416.

[264] Puzynina G. W Wilnie i w dworach litewskich.1815-1843. - s.250.

[265] Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. - с. 15

[266] Rulikowski M. Teatr polski na Litwie.1784-1906, s.35.

[267] Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających. -T. T. 2. - Wrocław; Ossolineum- 1973- s.279.

[268] Wajdelotka czyli Dolina Aleksoty. Pоwieść z pierwszej połowy trzynastego wieku, oparta na podaniach z kronik Litewskich przez Józefinę O. - Warszawa, 1844; Zofja Olelkiewiczówna Xiężniczka Słucka. Powieść historyczna, napisana oryginalnie przez Józefinę O. Warszawa, 1842; Niewiadomska. Marzenie wiejskie// Dziennik Wileński - Wilno, 1816 - S. 395- 400.

[269] Найбольш папулярнымі на нашых землях былі кнігі рэцэптаў Яна Шытлера (Szytler) -Wyśmienity niekosztowny kuchmistrz.- Wilno, 1839; Spiżarnia dostatecznie i przezornie urządzona. - Wilno, 1841;Kucharz dobrze usposobiony -Wilno, 1840 і інш. Менавіта яму наследавала аўтарка знакамітай "Літоўскай гаспадыні" Цюндзявіцкая.

[270] Korespondencja filomatów(1817-1823) - Warszawa: PWN, 1989 - s.428,432, 441, 445.

[271] Morawski S. Kilka lat młodości mojej w Wilnie. - (1818-1825). - Warszawa, 1924.- s.42-53

[272] Puzynina G. W Wilnie i w dworach litewskich.1815-1843. - s.114-116.

[273] Дата рэдуцыравана паводле вераснёўскага стылю.

[274] У Пінскай гродскай кнізе за 1662 г. Грамата Аляксея Міхайлавіча аб прыняцці на службу палкоўніка Станіслава Вікенція Орды датуецца 8 студзеня 8064 г.[3, с.233]

[275] Публікатары неслушна пазначылі гэтае свята 8 кастрычніка.

[276] Так у дакуменце

[277] Янович Е.И. Карский как палеограф.// Е.Ф. Карский и современное языкознание: Матер. ІХ междунар. Карских чт. /Под ред. М.И. Конюшкевич: В 2 ч. Ч.1 - Гродно: ГрГУ. 2003 - с.6-14.

[278] Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. - М: Наука, 1979 - С. 64.

[279] Срезневский И.И. Славяно-русская палеография ІХ-XIV вв. Лекции читанные в Императорском С-Петербургском университете в 1865-1880 гг. - СПб, 1885. - С. 1-42.

[280] Карский Е. И. Указ. соч. - С.101.

[281] Semkowicz, W. Paleografia łacińska. - wyd. II, poprawione/ W.Semkowicz - Kraków, 2002 - S.40-41.

[282] Карский Е. И. Указ. соч. - с. 60, 101, 176.

[283] Там же, с.1.

[284] Щепкин В.Н. Руская палеография. - М., 1967 - С.30-35.

[285] "Палеография есть вспомогательная дисциплина историко-филологического разряда, исследующая письменные памятники с внешней стороны с целью определить время и место их возникновения." - Адзначае Ул. Шчэпкін. - Щепкин В.Н. Указ. соч. - С.12.

[286] Л. П. Жуковская. Развитие славяно-русской палеографии. М., 1963. -С.71.

[287] Шумейко М. «Страсті по Метрике»: попытка создания в 1920-е гг. Международного института по изучению и публикации Литовской Метрики.// Беларускі археаграфічны штошоднік. Выпуск 4. - Мінск 2003 - С.3-12.

[288] Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. - СПб, 1887.

[289] Щепкин В.Н. Указ. Соч. - С.140-147.

[290] Карский Е. И. Указ. соч. - С.175-176.

[291] Каманин И.М. Палеографический Изборник. Материалы по истории южно-русского письма в ХV-ХVIII вв., изданные Киевской Комиссией для разбора древних актов. Вып. 1. Киев, 1899.

[292] Карский Е. И. Указ. соч. - С.97.

[293] Тамже - С.90

[294] Тамже - С. 123.

[295] Карский Е. И. Указ. соч. - С. 260.

[296] Baliński M. Dawna Akademja Wileńska - Petersburg, 1862- 458 s.; Bieliński J. Uniwersytet Wileński ( 1579- 1831 ) T.I-ІІІ - Kraków,1899 ; Lukaszewicz J. Historja szkół w Koronie i w Wielkim Ksęstwie Litewskim od najdawniejszych czasów aż do roku 1794.- T. I - Poznań, 1849 .; T.II - Poznań, 1850 s.; T.III - Poznań, 1851; T. IV - Poznań, 1851.

[297] Sosna Grz. Fionik D. Pasynki i okolice. - Białoruskie Towarzystwo Historyczne. Bielsk Podlaski- Ryboły- Białystok, 2001; Харужы В. Пад саветамі// Czasopis .- 2001. - № 4. - с.17-21 ; Казлоўская Г.Як пераносілі мяжу// Тамсама. - № 5.- с.21-22; Бежанства. - Беласток, 2000; У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд. - Беласток, 2001; Горад святога Губерта. Краязнаўчы альманах. Выпуск першы. Гісторыя Гародні ХХ ст. у вусных успамінах / Пад рэд. А.Смаленчука. Сейны, 2002; Куль-Сельверстова С.Е.События 1939-1941 гг. в памяти жителей белорусско-польского пограничья ( на материалах полевых исследований)// Problemy świadomości ludności polskiej na Białorusi. Материалы международной научной конференции. Гродно, 7-9 ноября 2003. - Барановичи, 2004 - с.307-315; Куль-Сяльверстава С.Я. Метадалагічныя і метадычныя падыходы да вывучэння вуснай гісторыі ў польска-беларускім памежжы// Шлях да ўзаемнасці. Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі: матэрыялы ХІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі.- Гродна, 2007 - С. 256-268 і інш.

[298] Pogranicza Białorusi w perspektywie interdyscyplinarnej. Red. naukowa Elżbieta Smułkowa i Anna Engelking. - Warszawa, 2007.

[299] Гісторыя і памяць: канфлікт ці супольная рэканструкцыя мінулага.// Pogranicza Białorusi w perspektywie interdyscyplinarnej. Red. naukowa Elżbieta Smułkowa i Anna Engelking.- s.19-26.

[300] Прынз Г. Вусная гісторыя // Беларускі гістарычны агляд. 2000. Т. 7. Сшытак 2 (13). С.410-425.

[301] Блонский П.П. Основные предположения генетической теории памяти.// Психология памяти. М.: «Че-Ро», 2002 - С.381.

[302] Алесь Смалянчук. Другая сусветная вайна ў памяці насельніцтва заходняга і ўсходняга памежжа Беларусі Pogranicza Białorusi w perspektywie interdyscyplinarnej. Red. naukowa Elżbieta Smułkowa i Anna Engelking.- s.121-156.

[303] Рубинштейн С.Л. Память //Психология памяти. М. «Че-Ро», 2002 -С.226.

[304] Matus Irena. Repatriacja Białorusinów z terenów wojewódstwa Białostockiego do Białoruskiej Socjalistycznej Republiki Radzieckiej we wspomnieniach mieszkańców - Białostockie Zeszyty Historyczne №1(3), 1995-s.45-55.; Mironowicz E.Prszesiedlenia ludności z Białorusi do Polski i z Polski do Białorusi w latach 1944-1946.//Białostockie Zeszyty Historyczne.- 2003.- № 19 - s. 183-195; Казлоўская Г. Як пераносілі мяжу - Czasopis.- 2001, № 5 - s. 21-22. Сідлярэвіч А. Фармаванне сучаснай беларуска-польскай мяжы ў дакументах і вусных успамінах (1944-1955 гг) - Спадчына, 2002.- № 2-3, - с. 35-56. Шмат успамінаў жыхароў польска-беларускага памежжа аб часах дэмаркацыі беларуска-савецкай мяжы сабрала і часткова выкарыстала у сваёй дыпломнай працы выпускніца Гродзенскага дзяржуніверсітэта Алеся Сідлярэвіч. На жаль, гэтая работа захоўваецца ў рукапісы ( Сідлярэвіч А. Фарміраванне беларуска-польскай мяжы і рэпатрыяцыя насельніцтва ў 1944-1950 гадах. Дыломная работа. - Гродна, Гр ЛзУ ім. Я.Купалы, 2003, - 92 с.), а ў апублікаваныя артыкулы маладой даследчыцы гэтыя запісы ўключаны фрагментарна.

[305] У новай айчыне… с.32,65

[306] Сяльверстава С.Я. Словік С.В. Свяцк Гурскіх (Радзівілкі)­­// Сядзібы і паркі Гарадзеншчыны. Выпуск ІІ.Гродна, 2004 - С.20-39

[307] Мазько Э. Падарожжа па-за лакальнасць: «нашыя» людзі паміж «сваім» і «чужым» светам. - Pogranicza Białorusi w perspektywie interdyscyplinarnej. Red. naukowa Elżbieta Smułkowa i Anna Engelking.- s. 179-208.

[308] Ibid. - s. 183.

[309] Магчыма, сутычка і была, але не з казакамі Хмяльніцкага, а з казакамі Мазепы, якія стаялі ў ваколіцах Гродна ў час Паўночнай вайны.

[310] Немов Р.С. Психология. В 3 кн. Кн.1- М., 1997 - С.248.

[311] У новай айчыне. - с.50, 98,127.

[312] У новай айчыне. - с.197.

[313] Запісана С.Янушкевічам, 2001 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX