Вярнуцца: Лісейчыкаў Дзяніс

Фарміраванне сваяцкіх саюзаў сярод уніяцкага святарства


Аўтар: Лісейчыкаў Дзяніс,
Дадана: 01-05-2013,
Крыніца: Studіa і materіały do dzіejów chrześcіjaństwa wschodnіego w Rzeczypospolіtej. - T. 5. - Studіa z dzіejów і tradycjі metropolіі kіjowskіej XІІ-XІX wіeku Red. A. Gіl. - Lublіn, 2009. - S. 121-136).



Фарміраванне сваяцкіх саюзаў сярод уніяцкага святарства беларуска-літоўскіх земляў у XVI-XIX ст.

Згодна з даўнімі традыцыямі адным з самых прынцыповых адрозненняў святароў усходняга абраду было права абзаводзіцца сям'ёй. Гэта ў сваю чаргу прывяло да таго, што на працягу стагоддзяў у Вялікім княстве Літоўскім замацаваўся звычай перадачы святарскай пасады ў спадчыну. «Яко ж ест обычаи в Руси, иж церков и доходы церковные на потомки спадает» [1], - пісаў у 1520 г. унук святара царквы Св. Юр'я ў г. Пінску Багданец. Нешматлікія святарскія дынастыі ў многіх выпадках перарасталі ў буйныя і разгалінаваныя бенефіцыяльныя кланы, якія істотна ўплывалі на фарміраванне царкоўнай іерархіі і стваралі спецыфічную атмасферу кругавой парукі [2].

Святарскую генеалогію да пачатку XVII ст. прасачыць даволі складана. Справа ў тым, што сярод «рускіх папоў» доўгі час было прынята называць сябе толькі па імені. Ды і ў крыніцах XVII ст. мы нярэдка сустракаем азначэнні кшталту «Феафіл, бабруйскі пратапоп» [3]. Сталыя прозвішчы прывіліся пазней. Цікава тое, што яны існавалі яшчэ ў XVI ст., але пры складанні дакументаў зазвычай апускаліся. Аб гэтым гаворыць наступны факт. Гартаючы самую старажытную кнігу Пінскага замкавага гаспадарскага суда за 1554 г. мы сутыкнуліся з узгадкамі аб 20 «папах» - святарах усходняга абраду - Пінскага і Гарадоцкага [4] паветаў. Амаль усе яны называюцца выключна па імёнах. Толькі для азначэння святара Купяціцкай царквы Увядзення Божай Маці айца Марціна (узгад. 1551-1554 гг.) у адным з выпадкаў ужыта прозвішча Вечоръко [5]. З той жа кнігі Пінскага замкавага суда нам становіцца вядомым імя ягонага папярэдніка - айца Фёдара (узгад. 1515 г.) Ведаючы традыцыі ўсходняй царквы ў Вялікім княстве Літоўскім, з вялікай доляй верагоднасці можна дапусціць, што Фёдар з'яўляўся бацькам Марціна. Такім чынам, Фёдар Вячорка - найбольш ранні з вядомых прадстаўнікоў святарскага роду Вячоркаў. У 1820 г. Вячоркі займалі пасады парохаў у цэрквах м. Гародна і в. В'юнішча Пінскага пав. [6]

Як вынікае з дакументаў сярэдзіны XVIII ст., акрамя старажытных святарскіх дынастый існавалі яшчэ тры крыніцы папаўнення шэрагаў уніяцкага святарства ў Рэчы Паспалітай: спадчынная шляхта, мяшчане і сяляне, якія перад хіратанізацыяй атрымлівалі пісьмовае вызваленне ад прыгоннай залежнасці, якое распаўсюджвалася і на іх нашчадкаў [7]. Але выхадцаў з мяшчанскага і сялянскага саслоўяў сярод уніяцкага кліру з кожным дзесяцігоддзем рабілася менш і менш з той простай прычыны, што святарскіх вакансій часта не хапала нават для святарскіх дзяцей. У сям'і святара было, як правіла, некалькі нашчадкаў па мужчынскай лініі, а бацькоўскае месца атрымліваў у спадчыну толькі адзін. Для вырашэння гэтай праблемы існавала некалькі шляхоў. Па-першае, з павелічэннем колькасці насельніцтва нярэдкай з'явай было адкрыццё новых парафій. Так, на працягу першай паловы XVIII ст. на базе капліц і філіяльных цэркваў узніклі новыя парафіі ў г. Ігумен, м. Дукора, в. Брадзец, в. Зембін, в. Дрычын, в. Мацеевічы, в. Юравічы Менскага [8] пав., г. Мядзел, в. Вішнева, в. Камайск Ашмянскага пав., м. Радзіца, в. Вяляцічы, в. Рагатка, в. Сакол Аршанскага пав., г. Клецк, г. Нясвіж, в. Астроўчыцы, в. Блеўчыцы, в. Блячын, в. Гарадзея, в. Ёдчыцы, в. Залужжа, в. Круговічы, в. Машукі, в. Чучавічы, в. Ястрамбель Наваградскага пав. [9] Невялікая частка святарскіх дзяцей абірала свецкую кар'еру - выкладчыкі ў вучылішчах, канцылярскія служкі і інш. Яшчэ менш ішло ў манахі (як правіла да базыльянаў). Больш распаўсюджаным быў сыход на ніжэйшыя духоўныя пасады - вікарыяў, каад'ютараў, дыяканаў, дзячкоў (псаломшчыкаў) і нават званароў. З цягам часу некаторыя святарскія роды здрабнелі настолькі, што іх прадстаўнікі займалі амаль выключна дыяканскія месцы, а пасля і званарскія. Гэты працэс добра прасочваецца на прыкладзе старажытнага палескага роду Бруякаў.

Першы вядомы прадстаўнік роду Ждан Бруяка ўзгадваецца яшчэ ў 1496 г. у якасці «пінскага баярына», што атрымаў зямлю ад князя Сямёна Аляксандравіча Алелькавіча [10]. Пасля вайны 1654-1667 гг. сярод Бруякаў не засталося свецкіх шляхціцаў - прадстаўнікі роду займалі пасады святароў (тады яшчэ праваслаўных) на тэрыторыі Мазырскага і Пінскага пав. Паводле стану на 1777 г. сярод уніяцкіх святароў вядомыя два носьбіты прозвішча Бруяка [11]. Астатнія адзначаны як дыяканы. У 1786 г. узгадваецца ўжо толькі адзін святар Бруяка [12]. Да моманту аб'яднання уніяцкай і праваслаўнай цэркваў большасць прадстаўнікоў роду Бруякаў займала нават не дыяканскія, а званарскія пасады.

Прычынай заняпаду святарскіх родаў магла быць адсутнасць альбо малая колькасць нашчадкаў па мужчынскай лініі (даволі частая з'ява). Такім чынам да сярэдзіны XVIII ст. цалкам згаслі буйныя святарскія дынастыі Балгароўскіх і Кастроўскіх з Менскага пав., Сахоўскіх і Царыковічаў з Рэчыцкага пав. і інш.

Сваяцкія сувязі самым істотным чынам уплывалі на фарміраванне сістэмы кіравання ва уніяцкай царкве. Мітрапаліт Леў Кішка ў 1722 г. падаў цікавую вобразную характарыстыку наступстваў такіх сувязяў. На пытанне: «Чи могут в едном монастыре быти инокинями три сестры рожоныя?» мітрапаліт адказвае: «Не могут. Бо з собою порозумевшися, и других до себе перемовевши, могут игумению зневажати, и з монастыря пекло сотворити» [13]. Кішка нічога не гаворыць аб уплыве сваяцкіх сувязяў на расстаноўку сілаў унутры дэканацкага кіравання, разумеючы непазбежнасць гэтага фактару, як спадарожніка права святароў перадаваць свае пасады ў спадчыну. Але дакументы сведчаць аб тым, што ў часы Кішкі гэтая з'ява сярод белага святарства шырокага размаху яшчэ не набыла.

Як вынікае з пратаколаў генеральнай візітацыі Кіеўска-Віленскай епархіі 1680-1682 гг. на той час сярод святарскіх родаў яшчэ не сфарміравалася вялікіх «трансдэканацкіх» сваяцкіх кланаў. Паводле дадзеных на 13 пратапопій (212 цэркваў) толькі нямногія роды на ўсім гэтым абсягу мелі больш за тры сваіх прадстаўнікі на пасадах парафіяльных святароў (гл. Табл. 1).

Табл. 1. Колькасць прадстаўнікоў святарскіх родаў на пасадах парохаў Кіеўска-Віленскай епархіі.1680-1682 гг. [14]

Прозвішча

Колькасць прадстаўнікоў

Пратапопія

Бакшанскія

5

Менская, Мядзельская

Вербіловічы

5

Блонская, Клецкая

Савічы

5

Клецкая, Наваградская, Цырынская

Акаловічы

4

Барысаўская

Вярыгі

4

Блонская, Ігуменская, Менская, Нясвіжская

Далмацкія

4

Наваградская, Цырынская

Кастроўскія

4

Даўгінаўская, Менская, Наваградская

Песлякі

4

Даўгінаўская, Лагойская

Валасовічы

3

Менская, Наваградская

Гарбацэвічы

3

Клецкая

Грыгаровічы

3

Ігуменская, Лагойская

Дашкевічы

3

Блонская, Нясвіжская

Загароўскія

3

Даўгінаўская, Пухавіцкая

Камінскія

3

Даўгінаўская

Клімантовічы

3

Барысаўская

Левановічы

3

Наваградская, Нясвіжская

Мрайскія

3

Менская, Мядзельская

Стэфановічы

3

Барысаўская, Менская

Трахімовічы

3

Блонская, Менская, Цырынская

Юркевічы

3

Клецкая

Але колькасць прадстаўнікоў роду не заўсёды адэкватна адлюстроўвала яго месца ўнутры царкоўнай іерархіі. Напрыклад, шматлікі ў кан. XVII ст. клан Бакшанскіх пражываў вельмі кампактна і займаў святарскія пасады ў адносна невялікіх вёсках і мястэчках [15]. А вось прадстаўнікі фаміліі Кастроўскіх займалі ключавыя пасады ў структуры цэлых трох пратапопій: Даўгінаўскай, Менскай і Наваградскай. Яўсей Кастроўскі з'яўляўся менскім пратапопам і кіраваў трыма цэрквамі ў самім Менску [16], Самуэль Кастроўскі быў пратапопам даўгінаўскім [17], а Ян Кастроўскі займаў пасаду святара царквы Уваскрасення Божага ў Наваградку [18].

Падобныя тэндэнцыі яшчэ больш праявіліся ў XVIII ст., калі ўжо была падзелена тэрыторыя ўплыву асобных родаў і сфарміраваліся асноўныя «трансдэканацкія» сваяцкія саюзы. Праілюструем гэта канкрэтным прыкладам. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца візіты цэркваў Клецкага і Нясвіжскага дэканатаў 1784 г. [19] Яны цікавыя тым, што каб класіфікаваць бенефіцыі паводле прыбытковасці епіскап загадаў візітатару адзначаць чысты грашовы прыбытак кожнай царквы ў адмысловым раздзеле taxa beneficii [20]. Атрымаліся наступныя падлікі:

Бенефіцыі Клецкага дэканату прыносілі штогадовага прыбытку 2045 злотых (сярэдні прыбытак на адну царкву 52,4 злотага), Нясвіжскага - 2675 (сярэднім прыбытак 83,6). Усяго ў абодвух дэканатах было 67 прадстаўнікоў 29 святарскіх родаў. З іх Ачапоўскіх - 7, Радакоўскіх, Гамаліцкіх, Сцепурынскіх - па 6, Валасовічаў - 5, Вербіловічаў, Ваўчковічаў, Клімантовічаў, Гарбацэвічаў, Янкоўскіх - па 3, прадстаўнікоў іншых родаў - 22. А вось размеркаванне грашовых прыбыткаў паміж святарскімі родамі прапарцыянальна выглядае інакш (гл. Табл. 2)

Табл. 2. Размеркаванне грашовых прыбыткаў паміж святарскімі родамі Клецкага і Нясвіжскага дэканатаў у 1784 г.

Прозвішча

Сума штогадовага прыбытку (у злотых)

Сярэдні прыбытак на аднаго прадстаўніка роду (у злотых)

Ачапоўскія (7)

380

54,29

Радакоўскія (6)

230

38,33

Гамаліцкія (6)

770

128,33

Сцепурынскія (6)

370

61,66

Валасовічы (5)

260

52

Вербіловічы (3)

110

36,66

Ваўчковічы (3)

120

40

Клімантовічы (3)

95

31,66

Гарбацэвічы (3)

320

106,66

Янкоўскія (3)

260

86,66

Як вынікае з падлікаў, самыя багатыя бенефіцыі знаходзіліся ў руках чатырох родаў: Гамаліцкіх, Гарбацэвічаў, Янкоўскіх і Сцепурынскіх. Прычым Гамаліцкія мелі значна большы за астатніх сярэдні прыбытак - 128,33 злотых. Прадстаўнік іх роду Мартыньян займаў пасаду нясвіжскага віцэ-дэкана, а іх сваяк Францішак-Ігнат Сцепурынскі - дэкана клецкага. Цікава, што яшчэ сто гадоў таму, у 1680-1682 гг. на тэрыторыі пратапопій Цэнтральнай Беларусі (гл. Табл. 1.) не зафіксавана ніводнага святара з прозвішчам Гамаліцкі. Свайго становішча род дасягнуў за некалькі дзесяцігоддзяў. У цэлым жа, у другой палове XVIII ст. былі сфарміраваны наступныя сваяцкія кланы (гл. Табл. 3).

Табл. 3. Прозвішчы дамінуючых святарскіх родаў асобных дэканатаў уніяцкай царквы ў другой палове XVIII ст. [21]

Год

Дэканат

Прозвішчы

1754

Барысаўскі

Багданоўскія

1754

Навагрудскі

Баравікі, Галоўчыцы, Плаўскія

1759

Камянецкі

Будзіловічы, Паеўскія

1759

Кобрынскі

Будзіловічы, Грыгаровічы

1759

Палескі

Скабалановічы

1759

Пружанскі

Будзіловічы, Замулевічы

1759

Уладаўскі

Харламповічы

1763

Лагойскі

Пякарскія

1763

Мядзельскі

Грыгаровічы, Здановічы

1764

Рагачоўскі

Бекарэвічы, Прыгароўскія, Радзевічы

1766

Ігуменскі

Беліновічы, Васілеўскія

1773

Брэсцкі

Будзіловічы

1777

Петрыкаўскі

Бруякі

1777

Тураўскі

Грудніцкія

1777

Убарцкі

Лісіцкія

1778

Мазырскі

Пігулевічы

1784

Бабруйскі

Русіновічы, Фалевічы

1784

Бельскі

Свідэрскія

1784

Блонскі

Беліновічы, Мацкевічы

1784

Глускі

Глыбоўскія, Русіновічы, Шэнецы

1784

Клецкі

Ачапоўскія, Вербіловічы, Сцепурынскія

1784

Нясвіжскі

Валасовічы, Гамаліцкія

1784

Пухавіцкі

Камары

1784

Слонімскі

Гамаліцкія, Дружылоўскія

1792

Браслаўскі

Бародзічы, Вараноўскія, Ластоўскія

1792

Лідскі

Касцевічы, Шыманскія

1792

Мінскі

Вярыгі

1793

Цырынскі

Гарбацэвічы, Савічы

Асноўная прычына інтэнсіфікацыі стварэння разгалінаваных сваяцкіх саюзаў палягае ў тым, што пасля вайны 1654-1667 гг. паскорыліся працэсы дыферэнцыяцыі царкоўных гаспадарак паводле матэрыяльнага забеспячэння. Прыблізна роўныя эканамічныя магчымасці уніяцкіх бенефіцый кан. XVI - пач. XVII ст. (амаль «эталонныя» зямельныя надзелы ў 1,5 - 2 валокі і аднолькавая колькасць парафіянаў) сышлі ў нябыт - вайна ўнесла карэктывы ў дэмаграфічны стан краіны, пакінула ў руінах храмы, спустошыла фундушовыя землі [22]. Святары пачалі пазбягаць прызначэння на бедныя парафіі. Яны лавіравалі паміж распараджэннямі епіскапаў і калятараў, шукалі падтрымкі ў дэканаў, у сваёй шматлікай радні, намагаліся замацавацца на больш заможнай парафіі. Полацкi архіепіскап Фларыян Грабнiцкi ў 1748 г. пiсаў: «Вынiкае, што калi знойдзецца хто лепей за iншых адукаваны, дык такi трымаецца той бенефiцыi, на якой знаходзiцца, а не маючы нiводнага селянiна, мусячы сам апрацоўваць глебу i з працы рук сваiх жыць разам з сям'ёй да пэўнай ступенi не хоча i не наважваецца» [23].

Бедныя парафii маглi пуставаць дзесяцiгоддзямi. Згаджаўся на такое месца святар хiба ў безвыходнай сiтуацыi. Так, на працягу доўгага часу не знаходзiўся ахвотнiк на месца адмiнiстратара царквы ў в. Старч Мазырскага пав. 1778-1787 гг. Па-першае, тут была малая колькасць парафiян - усяго 40 двароў (сярэдняя лiчба па Мазырскiм дэканаце на той час - 68,8) [24]. Па-другое, царкоўныя землi паразбiралi калятары Аскеркi i iх сяляне. Па-трэцяе, практычна не было жытла для будучага святара - толькi пякарня з прыбудаванай каморкай, якая была зацiснута сярод сялянскiх хат [25]. Фармальна за парафiяй прыглядаў парох суседняй царквы в. Алексiчы Аляксандр Трапцэвiч, але перабiрацца ў Старч ён, зразумела, не хацеў. Часовым адмiнiстратарам пiнска-тураўскі епіскап Гедэон Гарбацкi прызначыў Рыгора Пурышкевiча. Вось што стала з парафiяй i яе адмiнiстратарам праз дзевяць гадоў: «Плябанiя спустошаная, апрача адной пякарнi i ападлых хлевушкоў, уласна, нiчога няма. У гэтых будынках - i тое, сялянскiх, а не царкоўных - жыве святар, якi iншага звычаю не мае, як бавiцца частым п'янствам [...] Парафiяне i дзецi iх пацераў не ўмеюць i зусiм Бога i веры не ведаюць. Словам, у той царкве i парафii да Бога пагарда, а душам Хрыстовых вернiкаў заняпад робяцца» [26].

Сваяцкія саюзы ў другой палове XVIII ст. ператварыліся ў сталы і эфектыўны інструмент уплыву на кіраванне дэканатам. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна ў фондзе Брэсцкай духоўнай кансісторыі захаваўся фрагмент архіва ігуменскага дэкана Яна Камара [27]. Асаблівую цікавасць уяўляе перапіска Камара з падначаленымі парохамі. Гэта не афіцыйныя рапарты альбо загады, а лісты асабістага характару. Іх захавалася няшмат, бо адзінка захоўвання падбіралася архівістамі ў 50-я гг. ХХ ст. «з россыпу», з асобных аркушыкаў. У гэтых лістах сваякі дэкана звяртаюцца да яго на «ты», дзякуюць за падтрымку, просяць аб дапамозе і г.д. З лістоў робіцца зразумелым паводле якіх крытэрыяў кіраўніцтва дэканату рабіла тыя ці іншыя ўчынкі.

У 1808 г., напрыклад, з'явілася магчымасць накіраваць аднаго чалавека з Ігуменскага дэканата на навучанне ў Галоўную Віленскую духоўную семінарыю. Ян Камар вырашыў уладкаваць туды свайго сваяка Ігната Беліновіча, сына пароха Блонскай царквы Рыгора Беліновіча. Узрадаваны і ўдзячны бацька напісаў свайму дабрадзею ліст: «[…] У наступную пятніцу сам выязджаю да Бабруйска і адшукаю Ігнася з усімі неабходнымі атэстатамі, а пасля наступнай нядзелі, зрабіўшы яму запас бялізны, рушу з ім у шлях да Вільні […]» [28]. Цікава, што Беліновіч не хвалюецца наконт таго, што сын можа не быць прынятым. Па-першае, ён упэўнены ў ведах свайго сына, бо ў Бабруйску Ігнат вучыўся ў павятовай школе. А па-другое, у лісце ёсць недвухсэнсоўная просьба да Яна Камара: «[…] Паклапаціся толькі, найяснейшы пан дабрадзей, прадставіць рапарт да яснавяльможнага пастыра [відаць, епіскапа - Дз. Л.], каб была пэўнасць, а я ўжо проста з дому выехаў бы да Вільні. Буду чакаць любых звестак. Застаюся з удзячнасцю і ўшанаваннем. Найяснейшага пана дабрадзея найніжэйшы слуга» [29]. Пасля смерці Яна Камара ігуменскім дэканам стане ніхто іншы як Рыгор Беліновіч [30].

Даволі часта паміж дэканам і яго супернікамі разгаралася сапраўдная барацьба з прыцягненнем усіх законных і незаконных спосабаў уздзеяння. Надзвычай цікавыя падзеі разгарнуліся на пачатку ХІХ ст. у Слуцкім дэканаце. Тут сутыкнуліся інтарэсы двух святарскіх родаў: Гамаліцкіх і Наркевічаў. У 1798 г. у выніку змянення межаў адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак уніяцкай царквы ў склад новастворанага Слуцкага дэканату ўвайшлі тэрыторыі расфарміраваных Клецкага і Нясвіжскага. У 1810 г., абышоўшы сваіх супернікаў ад роду Гамаліцкіх, слуцкім дэканам быў прызначаны 28-гадовы Якуб-Арцём Наркевіч [31]. З пункту гледжання большасці святароў дэканату гэта быў выпадковы чалавек, продкі якога не карысталіся ўплывам, да таго ж занадта малады.

Наркевіч пачаў адстойваць інтарэсы сваіх крэўных. Так, ён падтрымаў у барацьбе за пасаду святара царквы Апекі Панны Марыі ў м. Клецк свайго стрыечнага брата Язафата Здановіча. Цікава, што гэтую пасаду з 1804 г. займаў другі яго стрыечны брат і родны брат Язафата - Міхал. Але Міхал, відаць, належаў да «партыі» Гамаліцкіх. Таму Наркевіч пачаў з ім судзіцца, каб адхіліць ад пасады на карысць Язафата. Дзеля гэтага Язафат быў накіраваны ў рэзідэнцыю брэсцкага епіскапа - у м. Жыровічы Слонімскага пав. Вось што піша ў 1814 г. пра гэтую справу сам Наркевіч у лісце да Язафата Здановіча: «Баюся толькі, каб прыватныя нашыя зносіны, што тычацца маіх рапартаў і кансісторскіх указаў, не былі адкрытыя, і я прашу аб тым вяльможнага пана дабрадзея. [...] Бачыць Бог, можа і выйграе ксёндз Міхал суды, калі Найвышэйшаму будзе заўгодна. Дапускае ж [Бог] і дазваляе яўрэям і іншым паганым жыць багата, усё мець і г. д., то можа і яму дазволіць, рыхтуючы суворыя пакаранні ў вечнасці. Кожны, хто не жыве паводле веры з'яўляецца як бы паганінам, а наш сябер [так у справе - Дз. Л.] тым болей такім і ёсць» [32]. Далей Наркевіч распавядае пра захады, якія ён робіць, каб вярнуць Язафату страчаную пасаду. Між іншым заўважае, што паедзе ў хуткім часе ў в. Быстрыца, каб дамовіцца аб нейкай важнай справе. Іншыя дакументы [33] сведчаць, што святаром Быстрыцкай царквы быў Ян Наркевіч, відавочна, блізкі сваяк дэкана.

Цікава, што Якуб Наркевіч падтрымлівае Язафата Здановіча небеспадстаўна. Апошні, знаходзячыся некалькі гадоў таму ў рэзідэнцыі брэсцкага епіскапа ў Жыровічах, лабіраваў кандыдатуру Наркевіча на пасаду дэкана. «Ведаю, што не забывае пра мяне ксёндз стрый дабрадзей ў Жыровічах, як не забыў яшчэ на пачатку, пасля дамовы нашай, падаць за мяне прашэнне» [34], - піша між іншым слуцкі дэкан.

У Наркевіча не атрымалася зрабіць свайго сябра святаром Клецкай царквы. У 1819 г. на гэтым месцы па-ранейшаму знаходзіўся Міхал Здановіч [35]. А ў 1815 г. спробу адхіліць Якуба Наркевіча ад пасады здзейснілі ўжо Гамаліцкія.

У гэты час у Слуцкім дэканаце адбыўся скандал. Пачатак канфлікту паклалі незадаволеныя сваім становішчам Гамаліцкія. Парохі Грыцавіцкай і Макранскіх цэркваў (в. Грыцавічы і Макраны) родныя браты Караль і Геранім Гамаліцкія вырашылі распусціць плёткі, быццам бы дэкан Наркевіч прыжыў дзіця са сваёй служанкай Настусяй Грыцкевіч. Ім удалося заручыцца падтрымкай Машукоўскага пароха (в. Машукі) Яна Гарбацэвіча і адміністратара Пузаўскай капліцы (в. Пузава) Міхала Шпілеўскага. Дзеля большага розгаласу кампрамат быў агалошаны падчас правядзення дэканскага саборыку ў м. Цімкавічы. Як ні намагаўся Якуб Наркевіч апраўдацца - гэта яму не ўдавалася. Гамаліцкіх баяліся. Ёдчыцкі святар (в. Ёдчыцы) стары Стэфан Сцяпура, які ведаў пра ілжывасць абвінавачанняў, адмаўляўся іх пісьмова абвергнуць: «Я жыву са святарамі Гамаліцкімі ў блізкім суседстве і гэтага зрабіць не магу з прычыны суседства» [36].

Нават калі прыхільнік Гамаліцкіх Гарбацэвіч прызнаўся, што быў проста падкуплены імі, браты былі поўныя рашучасці. Мясцовы шляхціц Стэфан Рудакоўскі чуў, як яны размаўлялі міжсобку пасля набажэнства ў Пласкавіцкай капліцы (в. Пласкавічы): «Няхай дэкан ведае Гамаліцкіх! Будзе яму навука!» [37]

Калі стала вядома, што кіраўніцтва Брэсцкай духоўнай кансісторыі схіляецца на бок абылганага Наркевіча, Караль Гамаліцкі ў прыватнай размове цынічна адзначаў: «Не баюся нічога! Маю за сабой прыхільных грамадзян. А ўрэшце селянін [муж служанкі - Дз.Л.] пацвердзіць ачарненне. Але мусіць іначай пасведчыць, не так, як раней казаў. Пяцьдзесят разоў бізуном будзе дагледжаны ў аканома» [38].

Пасля далучэння беларуска-літоўскіх земляў да складу Расійскай імперыі існаванне сваяцкіх саюзаў у асяроддзі уніяцкага святарства пры новым раскладзе сілаў дало новыя нечаканыя вынікі.

Палітыка расійскага ўраду, скіраваная на паступовае далучэнне уніяцкай паствы да праваслаўя, вымушала святароў гуртавацца. Спачатку гэта вылівалася ў традыцыйныя ўжо сяброўскія сходы, застоллі, дзе абмяркоўвалася бягучая палітычная сітуацыя (вялікія сімпатыі выклікала створаная Напалеонам у 1807 г. польская дзяржава - Герцагства Варшаўскае [39]). Пасля ўзнікалі ідэйныя кіраўнікі, якія займаліся агітацыяй, зборам подпісаў у падтрымку таго ці іншага пачынання. Якраз 10-я - 30-я гг. ХІХ ст. у грамадска-палітычным жыцці беларуска-літоўскіх земляў прайшлі пад знакам патаемных таварыстваў. Дзейнасць нелегальных студэнцкіх гурткоў у Віленскім універсітэце, пашырэнне дзейнасці масонскіх лож - усё гэта не магло не адбіцца і на штодзённым жыцці уніяцкага святара. Новая форма грамадскага жыцця - таварыства аднадумцаў - што зрабілася папулярнай сярод шляхты і мяшчанства Францыі ў сярэдзіне XVIII ст. [40], нарэшце дайшла і да беларускай глыбінкі.

Глеба для ўзнікнення патаемных таварыстваў сярод уніяцкага кліру была закладзена даўно, дзякуючы існаванню шматлікіх сваяцкіх саюзаў, якія змагаліся адзін з адным за ўплыў і ўладу. Бенефіцыяльныя кланы і сяброўскія саюзы самі па сабе былі падобныя да патаемных таварыстваў. Няўпэўненасць у далейшым лёсе уніяцкай царквы вымушала святароў неяк адстойваць свае інтарэсы.

Эстэтыка масонства, напрыклад, знайшла прыхільнікаў сярод прадстаўнікоў уніяцкага святарства Ігуменшчыны. Сярод спісаў асабовага складу масонскіх лож 1800-1822 гг. [41] намі ідэнтыфікаваны святар в. Капланцы Ян Клімантовіч і сын святара м. Пагост Цыпрыян Беліновіч. Апошні з'яўляўся масонам 3-й ступені і захавальнікам пячаткі Мінскай ложы «Паўночная паходня». Пра ступень удзелу Яна Клімантовіча звестак няма. Вядома толькі, што нейкі час ён належаў да Слуцкай ложы «Уладзіслаў Ягайла». Правадніком масонскіх ідэяў на Ігуменшчыне была Мінская гімназія і яе «філіял» - парафіяльная школа для дзяцей уніяцкага святарства ў м. Божына [42].

Род Беліновічаў з'яўляўся самым уплывовым на Ігуменшчыне (6 парафіяльных святароў Ігуменскага дэканату ў 1819 - Беліновічы [43]. Такім чынам, колькасць удзельнікаў масонскіх лож сярод уніяцкага кліру на самой справе магла быць яшчэ большай. На карысць такой высновы ўскосна сведчыць і паасабовая праверка святароў Ігуменскага дэканату 19-21 ліпеня 1826 г. на прадмет прыналежнасці да патаемных таварыстваў. Праверку ініцыяваў мітрапаліт Язафат Булгак. Непасрэднае кіраўніцтва ажыццяўляў настаяцель Браслаўскага базыльянскага кляштара, аршанскі епіскап Адрыян Галаўня, раней - «усердный член Виленской масонской ложи» [44]. Хаця ў выніку неабходныя падпіскі аб няўдзеле ў патаемных таварыствах далі ўсе святары (гл. Ілюстрацыю 3), чатыры з іх першапачаткова выдавалі сябе за хворых, быццам бы не маглі трымаць у руках пяро [45]. Праверку давялося паўтарыць 4 жніўня таго ж году.

Пасля задушэння паўстання 1830 - 1831 гг. распачаліся сумесныя захады царскага ўрада і часткі вышэйшага кіраўніцтва уніяцкай царквы па набліжэнні уніяцкай абраднасці да праваслаўнай. Як вынік, па ўсёй тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў (асабліва ў Віцебскай і Мінскай) сярод парафіяльнага святарства пачалі стыхійна ўзнікаць патаемныя гурткі праціўнікаў новаўводзінаў. Да 1837 г. каардынаваннем дзейнасці гэтага руху займалася Беларуская духоўная кансісторыя ў г. Полацку. Адзін з яе асэсараў, Ян Ігнатовіч, па сутнасці ўзяў на сябе абавязкі ідэйнага кіраўніка незадаволенага святарства. Карыстаючыся тым, што ў Полацк пастаянна прыязджалі парохі з розных частак епархіі, «Игнатович, при помощи ректора семинарии Шелепина, инспектора Томковида и профессора иером[онаха] Копецкаго, собирал этих священников по ночам в доме купца-виноторговца, еврея Гели. Тут произносились пламенныя речи речи в защиту унии. Агитаторы с чарами в руках возглашали проклятие возсоединителям, здоровье и долгоденствие твердо стоящим за унию» [46].

Дзейнасць руху знайшла найбольш яскравае ўвасабленне ў правядзенні дзвюх буйнамаштабных акцый непадпарадкавання новаўводзінам. У 1835-1836 гг. у Докшыцка-Барысаўскім дэканаце быў наладжаны збор святарскіх подпісаў супраць увядзення ў выкарыстанне пры уніяцкіх цэрквах кніг выдавецтва Маскоўскага Сіноду [47]. А ў 1838 г. парохі-сваякі Ян Ігнатовіч і Адам Тамковід (былыя асэсары Полацкай кансісторыі), наладзілі ў в. Царкоўна Дрысенскага пав. «фэст» - урачыстае набажэнства, на якое з'ехалася большасць святароў епархіі. У выніку царкаўнянскага фэсту было сабрана і адаслана на імя імператара 111 святарскіх подпісаў супраць аб'яднання з праваслаўнай царквой [48]. Удзельнікаў акцыі чакалі жорсткія рэпрэсіі. У снежні 1838 -студзені 1839 гг. так ці іначай былі пакараныя 29 святароў [49].

Варта адзначыць, што расійскія ўлады самі ўскосна спрыялі актывізацыі нелегальнай дзейнасці часткі уніяцкага кліру. Кампанія па паступовым пераводзе парафій з уніяцтва ў праваслаўе прывяла да таго, што ў 20-х-30-х гг. ХІХ ст. з'явілася вялікая колькасць т. зв. «бязмесцавых» святароў, якія тым не менш мелі мноства роднасных сувязей, вандравалі ад царквы да царквы і фактычна выконвалі ролю своеасаблівых «сувязных».

Сваяцкія саюзы працягвалі сваё існаванне і пасля скасавання уніяцкай царквы на тэрыторыі т. зв. «заходніх губерняў» у 1839 г. У дэ-юрэ адзінай праваслаўнай царкве ў Беларусі ўтварыліся дзве выразна акрэсленыя плыні святароў - новадалучаныя і «древлеправославные». І тыя, і другія імкнуліся заключаць шлюбы сваіх дзяцей выключна з выхадцамі са свайго кола. Папярэджваючы магчымыя рознагалоссі полацкі архіепіскап Васіль Лужынскі яшчэ ў 1838 г. выдаў указ, у якім гаварылася, што новадалучаныя уніяцкія парохі, негледзячы на іх «лацінскі» выгляд і звычкі з'яўляюцца такімі ж паўнапраўнымі членамі праваслаўная царквы, як і іх больш даўнія візаві [50]. Недавер і варажнеча паміж гэтымі групоўкамі захоўваліся на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

Такім чынам, разгалінаваныя роднасныя сувязі ўнутры дэканатаў і па-за іх межамі спрыялі ўзнікненню сваяцкіх саюзаў. Да пачатку ХІХ ст. асноўнымі мэтамі іх існавання была барацьба за лепшыя парафіі, багацейшыя фундушы, месцы ў дэканацкай іерархіі. Паводле дамоўленасці з прадстаўнікамі самых уплывовых святарскіх родаў пачынаюць прызначацца не толькі парохі, а нават дэканы. З пачаткам ХІХ ст. на першы план у штодзённым жыцці уніяцкіх парохаў выходзіць змаганне з новаўводзінамі, што практыкаваў расійскі ўрад з мэтай паступовага зліцця уніяцкай царквы з праваслаўнай. Сваяцкія саюзы ператвараюцца ў інструмент латэнтнага супраціву пастановам урада і вышэйшай царкоўнай іерархіі.


ДАДАТАК

(66KB) Ілюстрацыя 1. Памінальны сінодзік («суботнік») царквы ў м. Узда Менскага пав. 1716 г. Старонка з пералікам сваякоў святара Язэпа Ральцэвіча.Крыніца: НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 13. - Спр. 1064. - Арк. 49.(78KB) Ілюстрацыя 2. Генеалагічнае дрэва святарскага роду Гамаліцкіх. 1773 г. Крыніца: НГАБ. - Ф. 319. - Воп. 1. - Спр. 453. - Арк. 60.(91KB) Ілюстрацыя 3. Распіска святара царквы ў в. Сямёнавічы Ігуменскага пав. Яна Мякоты аб непрыналежнасці да патаемных таварыстваў. 21 ліпеня 1826 г. Крыніца: ДГАЛ. - Ф. 634. - Воп. 2. - Спр. 334. - Арк. 93.


[1] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). - Ф. 1777. - Воп. 1. - Спр. 88. - Арк. 29 адв.

[2] Падрабязней гл. артыкул: Лісейчыкаў Дз. В. Бенефіцыяльныя сваяцкія кланы уніяцкай царквы на Беларусі ў XVIII - першай трэці XIX ст. // Історія релігій в Украïні. Науковий щорічник. - Львів: Логос, 2006. - С. 365-373.

[3] Инвентарь Бобруйского староства 1639 г. // Акты, издаваемые Виленской Археографическою Комиссиею для разбора древних актов. Т. XXV. Инвентари и разграничительные акты. - Вильна: Типография А. Г. Сыркина, 1898. - С. 126.

[4] Цэнтр - г. Давыд-Гарадок.

[5] НГАБ. - Ф. 1777. - Воп. 1. - Спр. 88. - Арк. 5 адв.

[6] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41258.

[7] Уния в документах: сб.; сост. В. А. Теплова, З. И. Зуева. - Мн: «Лучи Софии», 1997. - С. 292.

[8] Гістарычная назва сённяшняй сталіцы Рэспублікі Беларусь г. Мінска - Менск . Менавіта так горад называўся ў крыніцах ХІ - XVII ст. Гэтая ж назва выкарыстоўвалася і ў Савецкай Беларусі ў 1919-1939 гг. Паводле замацаванай у сучаснай беларускай гістарыяграфіі традыцыі гістарычная форма напісання горада Менск ўжываецца пры апісанні падзей перыяду ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Для апісання падзей пасля 1795 г. прынята выкарыстоўваць форму Мінск .

[9] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 42042.

[10] НГАБ. - Ф. 1777. - Воп. 1. - Спр. 88. - Арк. 61.

[11] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41240. - Арк. 51 адв., 61.

[12] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41240. - Арк. 229 адв.

[13] [Кішка, Л.] Собрание припадков краткое, и духовным особом потребное. Имущее в себе Науку о Сакраментах, о десяти Божиих Приказанях, о Приказанях Церковных, и о Науце Христианской, с выкладом Символа или Исповедания Веры Православныя Кафолическия, с выкладом Молитвы: Отче наш: и Богородице Дево: Такожде Науку, како подобает наставляти малых или невежов в Веры Православной, содержащее - Супрасль, 1722. - С. 74 адв.

[14] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 42042.

[15] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 42042. - Арк. 6, 18 адв., 20, 21 адв., 22.

[16] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 42042. - Арк. 2.

[17] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 42042. - Арк. 23, 23 адв.

[18] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 42042. - Арк. 52.

[19] НГАБ. - Ф. 3245. - Воп. 7. - Спр. 3.

[20] Лісейчыкаў, Дз. В. Візіты і інвентары уніяцкіх храмаў Беларусі як крыніца па гісторыі штодзённасці (паводле матэрыялаў НГАБ) // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 6 / Рэд. калегія: У. К. Коршук (гал. рэд.) і інш. - БелНДІДАС, 2005. - С. 97.

[21] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (далей ДГАЛ). - Ф. 634. - Воп. 1. - Спр. 48, 51, 53; Воп. 2.- Спр. 699; Воп. 3. - Спр. 146; НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41235, 41241, 41244, 41245, 41248, 42042; Ф. 1234. - Воп. 1. - Спр. 9; Ф. 1502. - Воп. 1. - Спр. 13; Ф. 3245. - Воп. 8. - Спр.1.

[22] Падрабязней гл. артыкул: Лісейчыкаў, Дз. В. Плябанская гаспадарка уніяцкага святара ў Беларусі ў XVIII ст. / Дз. В. Лісейчыкаў // Весці Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. - № 5. - Ч. 2; рэд. кал.: П. Г. Нікіценка (гал. рэд.) і інш. - Мн.: Беларуская навука, 2005. - С. 44-46.

[23] Археографический сборник документов, относящихся к истории Северозападной Руси, издаваемый при Управлении Виленскаго Учебнаго Округа. - Т. 7. - Вильна: Печатня А.Г. Сыркина, 1870. - С. 315.

[24] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41240. - Арк. 62-131.

[25] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41240. - Арк. 104.

[26] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41240. - Арк. 169 адв. - 170.

[27] НГАБ у Гродна. - Ф. 1621. - Воп. 1. - Спр. 2.

[28] НГАБ у Гродна. - Ф. 1621. - Воп. 1. - Спр. 2. - Арк. 156.

[29] НГАБ у Гродна. - Ф. 1621. - Воп. 1. - Спр. 2. - Арк. 156 адв.

[30] Лісейчыкаў, Дз. В. Маральны стан уніяцкага кліру ў Беларусі напярэдадні скасавання уніі (30-я гг. ХІХ ст.) // Архіварыус: Зб. навук. паведамл. і арт. Вып. 3 / Рэдкал.: А. К. Галубовіч (старш.) і інш. - Мн.: НГАБ, 2005. - С. 46.

[31] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41258. - Арк. 27 адв.

[32] НГАБ у Гродна. - Ф. 1621. - Воп. 1. - Спр. 11. - Арк. 64.

[33] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41258. - Арк. 42.

[34] НГАБ у Гродна. - Ф. 1621. - Воп. 1. - Спр. 11. - Арк. 64.

[35] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41258. - Арк. 1.

[36] НГАБ у Гродна. - Ф. 1621. - Воп. 2. - Спр. 53. - Арк. 7.

[37] НГАБ у Гродна. - Ф. 1621. - Воп. 2. - Спр. 53. - Арк. 22.

[38] НГАБ у Гродна. - Ф. 1621. - Воп. 2. - Спр. 53. - Арк. 23.

[39] Филевич, И. Вопрос о возсоединении западно-русских униатов в его новейшей постановке: по поводу исслед. П. О. Бобровского «Рус. Греко-униат. Церковь в царствование императора Александра І» / И. Филевич. - Варшава: Типография Варшавского учебного округа, 1891.

[40] Castan, N. Sfera publiczna a życie osobiste / N. Castan // Historia życia prywatnego - T. 3. Od Renesansu do Oświecenia / Pod. red. Chartiera R. - Wrocław - Warszawa - Kraków, 1999. - S. 451.

[41] Швед, В. Масонскія ложы на землях Беларусі (канец XVIII - першая чвэрць ХІХ ст.) / В. Швед // Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII - пачатак ХХ ст. - Вільня: Gudas, 2005. - С. 70, 100.

[42] Падрабязней гл. артыкул: Лісейчыкаў, Дз. В. Мінская гімназія і дзейнасць парафіяльнай школы ў мястэчку Божына Ігуменскага павета ў 1807-1836 гг. // Знакамітыя мінчане ХІХ - ХХ стст. Матэрыялы Беларуска-Польскай навуковай канферэнцыі. Мінск, 17 лістапада 2007 г. - Мн., 2008. - С. 199-206.

[43] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256.

[44] Бобровский, П. И. Противодействие базилианскаго ордена стремлению белаго духовенства к реформам Русской греко-униятской церкви. По документам Греко-униятскаго (2-го) департамента римско-катол. коллегии и министерства народнаго просвещения / П. И. Бобровский. - Вильна: Губернская Типография, 1888. - С. 30.

[45] ДГАЛ. - Ф. 634. - Воп. 2. - Спр. 334. - Арк. 2.

[46] Шавельский, Г. Последнее возсоединение с православною церковию униатов Белорусской епархии (1833-1839 гг.) - СПб.: Типография «Сельскаго Вестника», 1910. - С. 204.

[47] НГАБ. - Ф. 3245. - Воп. 2. - Спр. 468. - Арк. 2-7адв.

[48] Шавельский, Г. Последнее возсоединение с православною церковию униатов Белорусской епархии (1833-1839 гг.) - СПб.: Типография «Сельскаго Вестника», 1910. - С. 283.

[49] Шавельский, Г. Последнее возсоединение с православною церковию униатов Белорусской епархии (1833-1839 гг.) - СПб.: Типография «Сельскаго Вестника», 1910. - С. 291.

[50] НГАБ. - Ф. 3245. - Воп. 2. - Спр. 533.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX