Вярнуцца: Лісейчыкаў Дзяніс

Архіўныя дакументы па гісторыі Прылуцкай уніяцкай царквы XVIII- першай трэці XIX стст.


Аўтар: Лісейчыкаў Дзяніс,
Дадана: 08-06-2013,
Крыніца: Жыццё Айчыне, гонар нікому : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 180-годдзю з дня нараджэння Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, Мінск, 16-18 сакавіка 2009 г. / [рэдкалегія: І. Кароль, І. Гатальскі]. - Мінск : Выдавецтва Віктара Хурсіка, 2010.



З XVI ст. у в. Прылукі Мінскага пав. існавала праваслаўная царква, а пасля і манастыр. Іх лёс не зусім тыповы для цэркваў Міншчыны. Справа ў тым, што Прылуцкая царква заставалася праваслаўнай у часе двух перыядаў найбольш моцнага уніяцкага «прэсінга» - канца XVI - 30-х гг. XVII стст. і 80-х - 90-х гг. XVII стст. З 20-х гг. XVII ст. царквою апекваўся Мінскі праваслаўны Петрапаўлаўскі манастыр.

Прылукі вельмі шчыльна прымыкалі да Койданаўскага графства - часткі т. зв. «Нойбургскіх маёнткаў». Асаблівасцю гэтых зямель было тое, што яны належалі спадчыннікам Радзівілаў - нямецкім князям-пратэстантам Нойбургам, якія не спрыялі працэсу пераводу праваслаўных цэркваў на сваіх землях пад юрысдыкцыю уніяцкіх мітрапалітаў. Дзякуючы гэтаму на Міншчыне сярод масіву уніяцкіх парафій доўгі час захоўваліся невялікія праваслаўныя анклавы ў раёне мястэчак Койданава, Рубяжэвічы, Станькава і інш. Хаця ўрэшце рэшт уніяцтва распаўсюдзілася і тут. Гэты пераход быў у большай ступені добраахвотным. Падзеі вайны 1654-1667 гг. і асаблівасці канфесійнай палітыкі расійскіх улад на акупаваных тэрыторыях прымусілі мясцовае насельніцтва «грэцкай рэлігіі» паглядзець на унію па-новаму. Так, у 1703 г. праваслаўнае насельніцтва Койданава склала супліку (прашэнне) на імя уніяцкага мітрапаліта аб жаданні далучыца да уніі [1]. Да сярэдзіны XVIII ст. зрабіліся уніяцкімі суседнія з Прылукамі парафіі ў вв. Гарадзішча і Сенніца.

Змаганне за Прылуцкую царкву паміж праваслаўнымі і уніятамі пачалося, відавочна, у 1741 г., калі 19 снежня таго ж году калятар царквы, мясцовы землеўладальнік Юзаф-Міхал Іваноўскі склаў скаргу аб запусценні «мінскімі дызунітамі» царквы і манастыра. У працах ХІХ ст. гаворыцца аб закрыцці праваслаўнага манастыра годам раней, у 1740 г. [2], але гэтая інфармацыя не атрымала пацвярджэння архіўнымі дакументамі. Так ці іначай, ужо тады Іваноўскі лічыў неабходным перадаць Прылуцкую парафію уніятам. Свае захады ў некаторым часе ён падмацаваў матэрыяльна. 26 ліпеня 1755 г. быў складзены фундуш на 1 валоку [3] зямлі для прылуцкага святара, які павінен знаходзіцца пад юрысдыкцыяй уніяцкіх мітрапалітаў.

Факт такога позняга надання фундуша (праз 14 гадоў пасля рашэння аддаць царкву уніятам) паказвае на тое, што да 1755 г. матэрыяльных падстаў для існавання уніяцкай парафіі ў Прылуках не было. Гэтую выснову пацвярджаюць і некаторыя іншыя факты. Па-першае, Іваноўскі разам з наданнем фундуша не прадставіў уніяцкаму мітрапаліту прэтэндэнта на пасаду святара - не склаў так званую «прэзенту», абавязковы дакумент, без якога пасада святара лічылася вакантнай. Прэзента была выдадзена наступным уладальнікам Прылукаў Ігнатам Іваноўскім толькі праз чатыры гады, 25 траўня 1759 г. Па-другое, сам фундуш быў актыкаваны ў Мінскім гродскім судзе толькі 11 ліпеня 1765 г. Г.зн., што да гэтага часу ён практычна не меў законнай сілы. Па-трэцяе, на месцы занядбанага і спарахнелага будынку Прылуцкай царквы, запусценне якога Іваноўскі апісваў яшчэ ў 1741 г., новы быў узведзены толькі ў 1763 г. Гэта была новая «пад трыма купаламі з жалезнымі крыжамі» [4] царква. Але і яна з-за працяглых спрэчак паміж канфесіямі за права валодання будынкам пэўны час не дзейнічала. У спісе уніяцкіх цэркваў Мінскага дэканата 1766 г. Прылуцкая царква не значыцца.

Паводле ўскосных дадзеных мы вылічылі той момант, з якога Прылуцкую царкву ўжо можна лічыць канчаткова перададзенай уніятам. Як гаварылася вышэй, Ігнат Іваноўскі яшчэ ў 1759 г. прэзентаваў уніяцкаму мітрапаліту Ф. Грабніцкаму прэтэндэнта на пасаду прылуцкага пароха - Аляксея Красніцкага. Амаль восем гадоў той чакаў абавязковага прызначэння з боку мітрапаліта і атрымаў яго толькі 2 студзеня 1767 г. ад новага мітрапаліта Ф.-П. Валадковіча [5]. Гэтую дату і патрэбна лічыць пачаткам дзейнасці паўнавартаснай уніяцкай парафіі ў Прылуках. Як бачым, пераход парафіі пад уніяцкую юрысдыкцыю доўжыўся амаль 26 гадоў.

У 1780 г. царква Св. Духа ў Прылуках выглядала наступным чынам: «Сама царква брусаваная, пакрытая гонтам, абітая дошкамі, мае падлогу і столь, пад трыма купаламі з жалезнымі крыжамі. Дзверы на завесах з унутраным замком. Закрыстыя з дзвярыма на завесах. Цвінтар неабгароджаны. У купале 1 звон» [6]. Для гэтага звона ў тым жа 1780 г. коштам калятараў у купале царквы была зроблена сігнатурка - невялікая вежачка [7]. У будынку адзначаецца наяўнасць мураванага Вялікага Алтара - фарбаванага пад золата і срэбра - і двух бакавых, адзін з абразом укрыжаванага Хрыста, другі - з абразом Св. Ігната. Другі бакавы алтар быў зроблены, відавочна, у гонар калятара Ігната Іваноўскага.

У візіце 1792 г. унутраная планіроўка царквы распісана падрабязней, але ўжо адзначаюцца і прыкметы спарахнеласці будынку: «Сама царква брусаваная, дах гонтавы стары дзіравы, ёсць столь і падлога з дошак, пад трыма абдзёртымі з даху купаламі з жалезнымі крыжамі. Хор на слупах. Лавак для сядзення пары тры, адна пад хорам. Адно вялікае крэсла. Абразок Найсвяцейшай Панны Марыі за шклом. Абразоў на сцяне пасярэдзіне царквы маляваных на палатне два. У вежачкавым акне звон адзін большы, другі малы. Закрыстыя пры Вялікім Алтары. Дзверы да яе на завесах з клямкай і прабоямі. Дзверы да царквы на завесах з унутраным замком. Вакон сем. Цвінтар неабгароджаны. Уся царква ўсярэдзіне пафарбаваная» [8].

Візітатар, абат Полацкага базыльянскага кляштара Св. Барыса і Глеба, Ісай Шулякевіч 29 траўня 1792 г. адзначыў, што «царква Прылуцкая архітэктурай як звонку, так і ўсярэдзіне, не самага горшага аздаблення, але сапсаваная згнілым дахам і ападлымі купаламі так, што начынне намакае і гніе» [9]. Негледзячы на кепскі стан даху царква працягвала дзейнічаць. Пад 1800 г. узгадваюцца дзейныя Прылуцкая царква і Воўчкавіцкая капліца [10]. Па-новаму будынак быў перакрыты толькі ў 1808 г. [11] Да 1819 г. выгляд царквы застаўся нязменным - тагачасная візіта апісвае знешні выгляд будынка адзін у адзін з візітамі 1780 г. і 1792 гг. Фактычная адсутнасць будаўнічых работ тлумачылася тым, што «на пабудову царквы і яе рамонт не агаворана сродкаў у фундушы» [12].

Сам жа фундуш Юзафа Іваноўскага ад 26 ліпеня 1755 г. акрамя зямельнага надзелу ў 1 валоку гарантаваў святарам штогадовую выдачу з Прылуцкага двара: кожнага віда збожжа па адным карцы [13], віна для літургіі і воску для асвятлення царквы; а таксама дазваляў парохам трымаць бровар, вольна карыстацца панскім лесам і пашай [14]. За гэта штотыдзень у царкве павінны былі служыцца дзве імшы за душы калятараў. Адзначалася, што якасць зямлі, адведзенай прылуцкім святарам, пакідае жадаць лепшага, да таго ж ландшафт у многіх месцах гарысты, што вельмі ускладняе апрацоўку. Побач з самой плябаніяй працякала рэчка Пціч, у якой парохам дазвалялася вольная лоўля рыбы.

Паводле стану на 1819 г. землі Прылуцкай царквы штогод прыносілі чыстага прыбытку 40 срэбных рублёў, ахвяраванні парафіянаў - 12 рублёў. З гэтых грошай 4 рублі сыходзілі на выраб свечак, на ўтрыманне служак і парабкаў 30 рублёў, на гаспадарчыя патрэбы 3 рублі, на ўтрыманне сям'і святара 15 рублёў [15].

Парафія Прылуцкай царквы паводле стану на 1819 г. цягнулася на 1 мілю (7,7 км) уздоўж і на 3 вярсты (4,6 км) ушыркі [16]. У параўнанні з іншымі уніяцкімі парафіямі Міншчыны, яна была невялікая - усяго 518 душ у 1792 г. і 694 душы ў 1819 г. Інтэнсіўнасць спаўнення трэбаў у прылуцкіх парохаў была слабой, у 1819 г. было ахрышчана 27 чалавек, пахавана 29 чалавек і пашлюбавана 18 пар маладых [17].

Комплекс метрычных кніг па Прылуцкай уніяцкай царкве захаваўся даволі няблага. Найбольш раннія метрыкі, аб народжаных за 1775-1796, 1798-1801 гг., шлюбаваных за 1791-1796, 1798-1801 гг. і памерлых за 1774-1796, 1798-1801 гг. захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў г. Санкт-Пецярбурзе [18]. Астатнія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску. Гэта метрыкі аб народжаных, шлюбаваных і памерлых за 1798-1799, 1818-1829, 1831-1839 гг. [19]

У 1792 г. на тэрыторыі Прылуцкай парафіі ўзгадваецца капліца пад тытулам Апекі ПМ у в. Воўчкавічы [20]. «Брусаваная, крытая гонтам, ... пад трыма купаламі з жалезнымі крыжамі, у адным купале невялікая сігнатурка» [21]. Капліца «прыгожай пабудовы» [22]. Пабудаваная на сродкі старасцінай Іваноўскай. У больш ранняй візіце 1780 г. капліца ў Воўчкавічах не адзначана. Адсюдь вынікае, што яе ўзвядзенне можна датаваць канцом 80-х гг. XVIII ст. Будынак доўгія гады не рамантаваўся (аб праблемах з будаўнічымі выдаткамі ў прылуцкіх парохаў гаварылася вышэй). Урэшце ў 1816 г. капліца праз недагледжанасць і ні разу не рамантаваны дах прыйшла ў заняпад, і набажэнствы ў ёй адпраўляцца перасталі [23].

Пастановай Полацкага сабора 1839 г. Брэсцкая унія ў т.зв. «Заходніх губернях» была скасавана, а ўсе ўстановы і будынкі уніяцкай царквы былі перададзены праваслаўным. Праваслаўнымі зрабіліся ў сваёй большасці і парафіяне Прылуцкай царквы. Але пэўная іх частка перайшла ў каталіцтва. А на месцы было уніяцкай капліцы ў в. Воўчкавічы быў заснаваны каталіцкі касцёл.

Дадаткі

Дадатак 1

Святары уніяцкай царквы ў в. Прылукі:

Красніцкі Аляксей , высвечаны мітрапалітам Ф. Грабніцкім 29 ліпеня 1755 г. Прэзентаваны на пасаду пароха ў в. Прылукі мінскім старостам Ігнатам Іваноўскім 25 траўня 1759 г. Прызначаны да гэтай пасады мітрапалітам Ф.-П. Валадковічам 2 студзеня 1767 г.

Лявіцкі Ян , высвечаны пінска-тураўскім епіскапам Я. Дашковічам-Гарбацкім і прызначаны на пасаду вікарыя царквы ў в. Крысава Мінскага пав. 5 красавіка 1787 г.; прэзентаваны на пасаду адміністратара царквы ў в. Прылукі мінскім старосціцам Максіміллянам Іваноўскім 29 лістапада 1787 г.; прызначаны на гэтую ж пасаду мітрапалітам Ф. Растоцкім 11 лютага 1796 г. [24]

Пякарскі Міхал , нарадзіўся ў 1762 г. Вучыўся ў епархіяльнага інструктара Багрымоўскага. Высвечаны пінска-тураўскім епіскапам Я. Дашковічам-Гарбацкім і прызначаны вікарыем царквы ў в. Варонічы Мінскага пав. у 1788 г. З 1799 г. прызначаны парохам царквы ў в. Прылукі.

Дадатак 2

Парафія уніяцкай царквы ў в. Прылукі

Парафія ў 1780 г.:

Воўчкавічы , в.; Забалацце , в.; Каханоўшчына , в.; Падгаі , в.; Прылукі , в.; Слабада , в.; Стукацічы , в.; Цімошкі , в.; Чаркасы , в.

Усяго дамоў 82.

Парафія 1792 г.:

Воўчкавічы , в. 11 дамоў; Забалацце , в. 4 дамы; Каханоўшчына , в. 10 дамоў; Лецкаўшчына , в. 7 дамоў; Падгаі , в. 9 дамоў; Прылукі , в. 9 дамоў; Слабада , в. 8 дамоў; Стукацічы , в. 4 дамы; Цімошкі , в. 5 дамоў; Чаркасы , в. 10 дамоў;

Усяго 77 дамоў, 274 мужчыны, 244 жанчыны, усяго 518 душ.

Парафія ў 1819 г.:

Здатных да споведзі 554 душы абодвух палоў, няздатных - 140. Усяго 694 душы.



[1] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). - Ф. 1774. - Воп. 1. - Спр. 3. - Арк. 992.

[2] Описание церквей и приходов Минской епархии, составленное по официально затребованным от причта сведениям. - Мн.: Типо-Литография Б.И. Соломонова, 1878. - С. 120.

[3] Валока - адзінка вымярэння плошчы ў ВКЛ. Раўнялася 21,36 га.

[4] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Арк. 221.

[5] Lietuvos valstybes istorijos archyvas (далей LVIA). - F. 634. - Ap. 3. - B. 400. - P. 8 адв.

[6] LVIA. - F. 634. - Ap. 3. - B. 400. - P. 8.

[7] LVIA. - F. 634. - Ap. 3. - B. 400. - P. 8 адв.

[8] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41245. - Арк. 37.

[9] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41245. - Арк. 38.

[10] Российский государственный исторический архив (далей РГИА). - Ф. 1350. - Оп. 312. - Д. 89. - 39 - 39 об.

[11] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Арк. 221.

[12] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Арк. 221 адв.

[13] Карэц - адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў у ВКЛ. У 1764 г. агульнадзяржаўным стаў варшаўскі скарбовы карэц памерам у 6 пудоў (98,28 кг).

[14] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Арк. 221 адв.

[15] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Арк. 222 адв. - 223.

[16] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Арк. 223 адв.

[17] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Арк. 223 адв.

[18] РГИА. - Ф. 823. - Оп. 2. - Д. 655. - Лл. 471-535.

[19] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 13. - Спр. 363, 363в, 364, 364а, 365, 365а, 366, 366а, 368, 1329, 1333, 1359, 1360, 1358, 1362-1368, 1370, 1371, 1377, 1379-1387, 1389, 1390, 1391, 1391а.

[20] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41245. - Арк. 37.

[21] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41245. - Арк. 37.

[22] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Арк. 223 адв.

[23] НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Арк. 223 адв.

[24] Арыгінал інсталяцыі (епіскапскага прызначэння) захоўваецца ў РГИА. - Ф. 823. - Оп. 1. - Д. 2883. - Л. 1.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX