Вярнуцца: Лыч Л.М.

Нацыянальна культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941―ліпень 1944 г.)


Аўтар: Лыч Леанід,
Дадана: 11-02-2015,
Крыніца: Мінск, 2011.

Спампаваць




Леанід Лыч

Нацыянальна культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 ― ліпень 1944 г.)

Мінск. 2011


Айчынная гістарычная навука і публіцыстыка маюць значныя дасягненні ў даследаванні ўсіх асноўных аспектаў жыцця беларускага народа ў гады намецкай акупацыі. Пэўным выключэннем і да сённяшняга дня з'яўляецца, мо, толькі праблема культурнага жыцця на тэрыторыі, што знаходзілася пад юрысдыкцыяй акупацыйных уладаў. Менавіта з гэтай прычыны аўтар і прысвяціў сваю кнігу раскрыццю дадзенага аспекту. Яна разлічана на самае шырокае кола чытачоў, бо і з гадамі ў людзей не зніжаецца зацікаўленасць да ўсяго таго, што давялося перажыць нашаму народу пад нямецкай акупацыяй.

АД АЎТАРА

Раздзел І. Матэрыяльныя і кадравыя страты культуры на акупаванай тэрыторыі

Раздзел ІІ. Культура ў планах акупацыйнай палітыкі

Раздзел ІІІ. Наданне кіраўніцтвам ГАБ прыярытэтубеларускай нацыянальнай культуры

Раздзел IV. Заснаванне і функцыянаванне нацыянальнай сістэмы адукацыі

§ 1. Супольна з бацькамі і грамадскасцю

§ 2. Школа не скарылася перад суровымі выпрабаваннямі

§ 3. Забеспячэнне прыярытэту нацыянальнаму

§ 4. Прафесійнае навучанне

§ 5. Спробы арганізацыі навуковай працы

Раздзел V. Месца нацыянальнага фактару ў культурным працэсе

§ 1. Перыядычны друк і кнігавыданне. Радыё.

§ 2. Літаратура

§ 3. Тэатральнае, музычна-песеннае мастацтва

§ 4. Выяўленчае мастацтва

§ 6. Культура не жыла без праблем

Раздзел VI. Царкоўна-рэлігійнае жыццё*

§ 1. Вяртанне Бога на беларускую зямлю

§ 2. Ідэя аўтакефаліі праваслаўнай царквы множыць сваіх прыхільнікаў

§ 3.Паступовае набыццё касцёлам беларускага аблічча

§ 4. Перспектывы адкрыліся перад пратэстанцкай царквой

§ 5. Чарговая няўдача ўніяцкай царквы

§ 6. У межах чужых вайскова-адміністрацыйных адзінак

§ 7. Дабрачынная і культурна-асветніцкая дзейнасць

§ 8. Служэнне святаром ― не абыходзілася без ахвяр

§ 9. Абвяшчэнне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы

§ 10. Паяднанне народа з царквою

Раздзел VII. Беларуская культура па-за межамі ГАБ

§ 1. У зоне нямецкага армейскага тылу

§ 3. Беларуская культурна-асветніцкая прысутнасць у Латвіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Германіі

Раздзел VIII. Эвакуацыя беларускай культуры на Захад

ЗАКЛЮЧЭННЕ


Прысвячаецца тым, хто ва ўмовах фашысцкай акупацыі працаваў на карысць беларускай нацыянальнай культуры, ратаваў яе ад анямечвання

АД АЎТАРА

Нялёгкім выдаўся для беларускай нацыі пачатак ХХ стагоддзя. Ні адзін з народаў царскай Расіі не зведаў у гады Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў столькі гора, як беларусы. Балюча даліся ў знакі грабежніцкая перадача Польшчы ў адпаведнасці з прынятай у сакавіку 1921 г. Рыжскай дамовай вялікага абшару іх гістарычнай тэрыторыі, у аснове сваёй прымусовая калектывізацыя, барацьба таталітарнага бальшавіцкага рэжыму з надуманым нацдэмакратызмам, масавыя фізічныя расправы ў 1937 ― 1938 гг. над ні ў чым невінаватымі людзьмі, пераважна адукаванымі, нацыянальна-самасвядомымі. Прычым у БССР, як заходнім фарпосце Савецкага Саюза, рэпрэсіі праводзіліся больш жорсткія, чым у іншых саюзных рэспубліках. Не абышлося без неабгрунтаваных экзекуцый цывільнага насельніцтва пасля далучэння ў верасні 1939 г. Заходняй Беларусі да БССР. Але як бы цяжка, невыносна ні жылося беларускаму народу, ён, акрамя заняцця неабходнай ва ўсіх умовах вытворчай дзейнасцю, не забываўся на нацыянальную культуру, дбаў пра захаванне свайго роду. Не ў прыклад сённяшняй практыцы, тады мець у сям'і, асабліва на вёсцы, пяць-сем дзяцей лічылася нармальнай з'явай. Словам, за беларускай нацыяй захоўвалася перспектыва, нішто не прадказвала пра якую-небудзь немінучую яе дэградацыю ў будучыні.

Чарговай трагедыяй для беларускага народа, яшчэ больш страшнай, чым за ўсе папярэднія гады ХХ ст., стала Другая сусветная вайна. Для значнай часткі яго апошняя прыйшла ўжо ў верасні 1939 г. Астатнія з беларусаў трапілі ў такое пякельнае становішча ў чэрвені-ліпені 1941 г.

У першыя дні вайны рух нямецкіх войскаў на ўсход быў такім імклівым, што савецкія ўлады не паспелі як след арганізаваць эвакуацыю ў абавязковым парадку падлеглых ёй катэгорый насельніцтва, унікальных, чымсьці адметных, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў. Ваенкаматы і то не змаглі справіцца са сваімі прамымі абавязкамі. На месцы засталіся нават многія з такіх катэгорый службовых асобаў, грамадска-палітычных дзеячоў, з якімі фашысты жорстка распраўляліся ў раней занятых імі краінах. На волю жорсткаму лёсу кінулі яўрэяў, хаця ў адпаведнасці з фашысцкімі парадкамі ўсе яны без выключэння падлягалі поўнаму фізічнаму вынішчэнню. У моц названых і іншых прычын у акупаванай немцамі Беларусі засталося не менш як 80 % агульнай колькасці яе даваеннага насельніцтва. На парадак дня ў якасці самага актуальнага пытання было пастаўлена забеспячэнне людзям хаця б самых элементарных умоў для біялагічнага выжывання. Усе разумелі, што на акупацыйныя ўлады ніяк нельга спадзявацца, бо яны будуць развіваць галоўным чынам толькі патрэбныя для Вермахта, нямецкай вайсковай і цывільнай адміністрацый сферы матэрыяльнай вытворчасці. Забяспечыць працай дарослых жыхароў, асабліва гарадскіх, не мелася рэальнай магчымасці, таму многія дзеля выратавання ад голаду падаліся на вёску. Колькасна сярод іх пераважалі гараджане з ліку выхадцаў з сельскай мясцовасці ці тыя, хто меў тут родзічаў. Смела мянялі горад на вёску асобы з прафесійнай тэхнічнай, будаўнічай кваліфікацыяй у надзеі, што змогуць тут займацца кавальскай працай, узвядзеннем жылых дамоў, вытворчых аб'ектаў.

Паколькі да эвакуацыі ў савецкі тыл больш актыўней за сельскіх жыхароў далучыліся гараджане, а з усталяваннем акупацыйнага рэжыму многія з іх у пошуках працы, ратуючыся ад голаду, падаліся на вёску, у гарадскіх населеных пунктах, асабліва ва ўсходніх абласцях, адбылося рэзкае скарачэнне колькасці жыхароў. У Віцебску, напрыклад, паводле даных на 1 мая 1942 г. жыло толькі 40788 чалавек (у 1940 г. ― 180 тыс.), у тым ліку беларусаў ― 34978, рускіх ― 3368, палякаў ― 1059, украінцаў ― 446, немцаў ― 196, іншых ― 741 1.

Знайсці ва ўмовах акупацыі працу ў гарадах і гэтым самым хоць у мінімальнай ступені вырашыць праблему ўласнага дабрабыту многімі лічылася за вялікае шчасце. Голад уладарна дыктаваў свае парадкі. Праўда, нямала людзей ішло на службу да акупантаў і па палітычных матывах: з-за сваёй нянавісці да бальшавіцкага рэжыму, у жаданні не даць яму зноў вярнуцца на беларускую зямлю і па-ранейшаму чыніць тут масавыя фізічныя рэпрэсіі. У выніку ж іх Беларусь амаль цалкам страціла сваю нацыянальную эліту. Людзей такіх антысавецкіх поглядаў акупанты вельмі ахвотна бралі да сябе на службу, у многім давяралі ім.

Шмат ― і часта даволі паспяхова ― працаваў па фармаванні ў людзей пазітыўнага станаўлення да абвешчанага фашысцкай Германіяй плана стварэння "Новай Еўропы", а значыцца і да акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, ідэалагічны апарат Гебельса. Падрыхтаваныя ім матэрыялы буйным патокам расплываліся па старонках газет, тлумячы галовы і мазгі чытачоў. Ці ж не клаліся аксамітам на іх душы такія словы з выказвання і самога Гітлера: "Кроў, якая праліваецца ў гэтай вайне, павінна ― гэта наша надзея ― быць астатняй для пакаленняў Эўропы". Такое выказванне прапаноўвала сваім чытачам і рэдакцыя газеты "Голас вёскі" ў нумары ад 7 красавіка 1944 г.

Адсутнасць колькі-небудзь сур'ёзнага супраціву насельніцтва, найперш эканамічнай дзейнасці акупантаў, асабліва ў першыя два гады іх панавання, тлумачылася няўпэўненасцю многіх у перамозе СССР над Германіяй. Калі ж такая няўпэўненасць для бальшыні людзей развеялася, далёка не ўсе з іх пастараліся адысці ад эканамічнай дзейнасці і ўвогуле службы на карысць акупацыйнага рэжыму. Гэтаму таксама можна знайсці пэўнае тлумачэнне. Не выключна, што хтосьці працягваў служыць "новым гаспадарам", прачуўшы якім-небудзь чынам пра дыпламатычныя спробы кіраўнікоў СССР спыніць фашысцкія войскі, заключыўшы з Гітлерам мір на ўмовах перадачы Германіі Украіны, Беларусі, Прыбалтыкі, Карэльскага перашыйка, Бесарабіі і Букавіны. Хаця такога роду перамовы вяліся ў вялікай тайне ад народа, нейкая інфармацыя ўсё ж магла прасачыцца і ў яго асяроддзе.

Сказанага вышэй, думаецца, больш-менш дастаткова, каб бачыць, наколькі неспрыяльныя ўмовы для нацыянальнай культурнай дзейнасці склаліся з прычыны нямецкай акупацыі Беларусі. Мала каму верылася, што ў тых варунках не спраўдзіцца здаўна шырока вядомы і ў вуснай, і ў пісьмовай мовах афарызм: "Калі грымяць гарматы ― музы маўчаць". На Беларусі яны грымелі не толькі ў першыя месяцы вайны, але і на працягу ўсіх гадоў акупацыі. А што ж тады рабілі музы? На нейкі час яны і сапраўды замоўклі ў тэатрах, на эстрадных пляцоўках, у народных дамах, парках і скверах, піянерскіх лагерах і ў іншых месцах, дзе раней стала ладзіліся рознага роду культурныя мерапрыемствы. А што было далей з музамі, аўтар пастараецца паказаць у дадзенай кнізе, каб хоць збольшага запоўніць зусім не апраўданы прагал у нацыянальнай гісторыі Другой сусветнай вайны. У нас напісаны груды кніг пра гераічную, самаахвярную барацьбу партызанаў і падпольшчыкаў супраць фашысцкіх захопнікаў. І яна цалкам заслугоўвае такой увагі да сябе, бо і сапраўды з захопнікамі змагаліся адчайна, не шкадуючы ўласнага жыцця, часта ставячы пад удар і цывільнае насельніцтва. Але па розных прычынах далёка не ўсе беларусы пайшлі ваяваць з ворагам. І налічвалася такіх не сто-двесце тысяч чалавек, а некалькі мільёнаў. Бальшыня была звязана з традыцыйнай працай у сельскай гаспадарцы. Менш людзей працавала ў іншых сферах матэрыяльнай вытворчасці, прамым прызначэннем якіх з'яўлялася спрыяць узмацненню эканамічнага патэнцыялу не самой Беларусі, а фашысцкага рэйха. Асобную катэгорыю актыўнага насельніцтва складаў даволі шматлікі пласт самай адукаванай часткі беларускага грамадства, занятай на тэрыторыі функцыянавання акупацыйнага рэжыму ў розных сферах культурнай дзейнасці. Яна куды горш даследавана, чым на тэрыторыі дыслакацыі партызанаў і нават у савецкім тыле. На гэтую акалічнасць аднойчы звярнуў увагу, выказаў слушнае меркаванне доктар мастацтвазнаўства Рычард Смольскі: "Ясна адно: нашы веды аб мастацтве часоў Вялікай Айчыннай вайны будуць не поўнымі без уяўлення пра творчую дзейнасць беларускіх пісьменнікаў, артыстаў, рэжысёраў, кампазітараў, мастакоў і іншых творцаў на акупіраванай тэрыторыі" 1. Годам пазней нешта блізкае да зместу прыведзенай цытаты можна было прачытаць у артыкуле Уладзіміра Мальцава: "Аднак жыццё грамадзянскага насельніцтва акупаваных тэрыторый па-ранейшаму не праяснена. Мы не маем дакладнага ўяўлення пра сацыяльную і эканамічную палітыку акупацыйных улад, сістэму прапагандысцкай работы на захопленых тэрыторыях, асаблівасці развіцця "беларускай нацыянальнай справы", дзейнасць шматлікіх адміністрацыйных устаноў і грамадскіх арганізацый, адукацыю, культурнае жыццё (падкрэслена мною. ― Л. Л.). Жыццё ў акупацыі ў манаграфіях прадстае часцей за ўсё нейкім размытым, умоўным фонам для гераічнай барацьбы падпольшчыкаў і партызан". 1 Былі спробы на ўзроўні публіцыстыкі трохі інакш глянуць на асвятленне звязаных з акупацыяй падзей у рэдакцыі незалежнага часопіса "ARCHE". У яго трэцім нумары за 1999 г. друкаваліся ўспаміны Уладзіміра Ісаенкі пры жыццё ў акупацыйным Мінску, Сяргей Харэўскі прысвяціў сваю публікацыю працы беларускіх мастакоў, Віктар Мухін выступіў з артыкулам "Беларуская Опера ў 1941 ― 1944 гадах". Апошнія з дзвюх названых праблем яшчэ ніколі не разглядаліся беларускімі аўтарамі ў айчынных перыядычных выданнях, манаграфічных працах. Толькі станоўчай адзнакі заслугоўвае засяроджванне нямецкім аўтарам Бернгардам К'яры ў сваёй кнізе "Штодзённасць за лініяй фронту. Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі" (Мн., 2005) увагі і на такіх праблемах, як штодзённае жыццё людзей пад акупацыяй, дзейнасць акупацыйнай адміністрацыі. І ўсё ж дасягнутае на гэтай дзялянцы беларускай гістарычнай навукі ніяк не можа задавальняць дапытлівага чытача. Мінаюць гады, а якіх-небудзь сур'ёзных, прыкметных зрухаў у даследаванні культуры на тэрыторыі, дзе панавалі акупацыйныя парадкі, не назіраецца. Сказанае амаль у поўным аб'ёме датычыць і такой саліднай калектыўнай працы, як "Беларусь в годы Великой Отечественной войны 1941 ― 1945" (Мн., 2005). Недастатковае яшчэ і пасёння асвятленне дадзенай праблемы навукоўцамі, публіцыстамі, пісьменнікамі не садзейнічае поўнаму, аб'ектыўнаму ўяўленню сучаснікамі пры жыццё беларусаў у гады нямецкай акупацыі. Аўтар акурат і ўзяўся за пяро, каб хоць у самай мізэрнай ступені азнаёміць іх з незвычайна цяжкім, непрадказальным станам тагачаснага культурнага жыцця роднага краю


Раздзел І. Матэрыяльныя і кадравыя страты культуры на акупаванай тэрыторыі

У гісторыі беларускай культуры празмерна багата цяжкіх, трагічных старонак. Калі б яны адсутнічалі, культура сучаснай Беларусі не знаходзілася б на мяжы амаль поўнай страты сваёй нацыянальнай адметнасці. Цяжкую, трагічную старонку ў летапіс беларускай культуры ўнеслі вайна з гітлераўскай Германіяй і ўсталяваны ёю ў нашым краі акупацыйны рэжым.

Пачатак вайны, як вядома, стаўся ва ўсіх дачыненях цалкам пройгрышным для СССР. Асабліва выразна гэта адбывалася на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі. Часткі Чырвонай Арміі так хутка пакідалі іх, што пра арганізаваны вываз у бяспечнае месца нават і самых дарагіх, унікальных духоўных каштоўнасцяў не вялася размова. Калі ў гэтым плане штосьці і рабілася, дык толькі ў прыватным парадку. Пакінутыя без гаспадара культурныя каштоўнасці пераўтвараліся ў жаданы аб'ект рабавання, прычым не толькі з боку нямецкіх вайсковых арганізацый, а пазней грамадзянскіх акупацыйных уладаў, але і пэўнай часткі цывільнага насельніцтва ў надзеі атрымаць за гэта добрыя грошы.

Першымі спаўна адчулі на сабе, што нясуць у наш край войскі Вермахта культурныя ўстановы заходніх беларускіх гарадоў: Беластока, Брэста, Гродна, Баранавічаў і інш. Захапіўшы на другі дзень вайны Гродна, немцы адразу ж уварваліся ў памяшканне яго даволі багатай бібліятэкі. "Па загадзе фашыстаў была спалена частка кніг на Савецкай плошчы. У тым ліку ― творы рускіх і савецкіх класікаў. Лепшыя друкаваныя выданні былі вывезеныя за межы краіны" 1.

Усё самае горшае, што толькі можа прынесці з сабой вайна, давялося як след зведаць зусім не беднай на культуру сталіцы БССР Менску. На яго задымленыя ад няспынных пажараў вуліцы нага заваёўніка ступіла на шосты дзень вайны. Для параўнання адзначу, што Варшаву нямецка-фашысцкія войскі акупавалі на 28-ы дзень вайны. З улікам сказанага трэба прызнаць крайне нелагічным, неапраўданым узвядзенне з дазволу ўладаў Рэспублікі Беларусь непадалёку ад яе сталіцы абарончай "Лініі Сталіна". Бо што гэта была за лінія, калі праз шэсць дзён пала.

З прычыны імклівага адступлення Чырвонай Арміі і хуткага прасоўвання войскаў Вермахту на ўсход амаль усе культурныя каштоўнасці не толькі заходніх, але і цэнтральных раёнаў Беларусі, не выключаючы самога Менска, засталіся на месцы альбо былі знішчаны ў выніку няспынных бамбёжак. Менавіта такі жахлівы лёс напаткаў багатую, унікальную "Картатэку жывой беларускай мовы". У першыя ж дні вайны падчас аднаго з паветраных налётаў на Менск датла згарэў будынак, дзе месцілася гэтая бясконца дарагая для кожнага сумленнага беларуса моўная спадчына. Каля двух дзесяткаў гадоў збіралі вучоныя лексічны матэрыял для Картатэкі. Актыўна дапамагалі ім і шматлікія энтузіясты, шчырыя прыхільнікі беларускага роднага слова. У гэтай бясцэннай нацыянальнай скарбніцы беларускай мовы мелася каля трох, а некаторыя лічаць, што каля чатырох мільёнаў картак. Яшчэ і пасёння супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі не выйшлі на даваенны ўзровень па аб'ёме збору моўнага скарбу сваёй краіны. А калі і выйдуць, усё роўна ў іх картатэцы не будзе шмат з таго, што ўдалося сабраць перад вайной, бо ўжо даўно пакінулі гэты свет носьбіты тых цудоўных пярлінак жывой беларускай мовы.

24 чэрвеня 1941 г. а 10-й гадзіне раніцы ад прамога пападання нямецкай авіябомбы была разбурана каналізацыя перад хатай Янкі Купалы. Вада заліла падвал, дзе знаходзілася паэтава бібліятэка. Пазней датла згарэла і сама хата з бясцэннай рукапіснай спадчынай песняра. Гэта, несумненна, была вялікая страта для беларускага прыгожага пісьменства.

Не ўцалела і каля 200 бюстаў, выкананых выдатным скульптарам Заірам Азгурам. Іх фашысты расстрэльвалі нібыта жывых людзей. І не ў малой ступені таму, што прысвячаліся гэтыя скульптуры пераважна вядомым бальшавіцкім дзеячам, з ідэямі якіх нямецкія ідэолагі вялі бязлітасную барацьбу.

З Менска, як і з усіх размешчаных ад яго на захад гарадоў, вельмі мала што з набыткаў беларускай культуры ўдалося эвакуіраваць на ўсход. Занадта ўжо паспяхова вялося наступленне нямецкіх войскаў. У сталіцы БССР не раз здаралася і такое, што з вялікім стараннем падрыхтаваныя да вывазу на ўсход культурныя каштоўнасці заставаліся некранутымі з месца толькі таму, што ўлады былі занятыя эвакуацыяй чагосьці іншага, больш важнага на іх погляд. Так, рызыкуючы ўласным жыццём, супрацоўнікі Дзяржаўнай мастацкай галерэі БССР у першыя ж дні вайны змаглі ўпакаваць і падрыхтаваць да вывазу 20 тыс. твораў мастацтва, але для адпраўкі іх на ўсход у кіраўнікоў горада не знайшлося транспарту 1.

Вайсковае нямецкае камандаванне, а пазней мясцовыя цывільныя адміністрацыйныя ўлады вызначаў дваісты падыход да культурных каштоўнасцяў на занятай тэрыторыі. Многія з іх, часцей за ўсё звязаныя з рэвалюцыйнымі падзеямі, савецкай рэчаіснасцю, проста па-варварску зніштажаліся. Самае ж адметнае, дарагое альбо прысвойвалася для асабістых патрэб чужынцамі, альбо старанна адбіралася і вывозілася адпаведнымі службамі ў Германію, папаўняючы яе музеі скрадзеным сярод белага дня на Беларусі.

Сапраўдны пагром учынілі акупанты бібліятэкам беларускай сталіцы. У іх фондах захоўвалася шмат каштоўных, рэдкіх кніг, сабраных не адным пакаленнем шчырых рупліўцаў друкаванага слова. Да такіх кніг, а таксама да некаторых унікальных архіўных матэрыялаў у захопнікаў было зусім іншае стаўленне. Плануючы назаўжды атабарыцца ў Беларусі, яны не маглі не выказваць сваёй асаблівай зацікаўленасці да яе мінулага, гэтак у многім адметнага ад еўрапейскіх краін. "Па загадзе Розэнбэрга быў створаны адмысловы аддзел (Эйнзацкоммандо) з нямецкіх спэцыялістых… Яны пераглядалі захаваныя бібліятэкі і архівы Беларусі ды выбіралі з іх адпаведную літаратуру аб Беларусі і беларускім народзе. Яны перавозілі кнігі і іншыя матэр'ялы ў адмысловы будынак у Менску, падрыхтаваны для часовага перахоўваньня да часу вывазу ў Нямеччыну" 2. З добра вядомай многім мінчанам і жыхарам іншых населеных пунктаў бібліятэкі імя У. Леніна ў Берлін і Кёнігсберг вывезлі 1,5 млн. кніг. Нічога не ўдалося зрабіць па ўратаванні багатага фонду з вялікай колькасцю рэдкасных кніг урадавай бібліятэкі імя М. Горкага, хоць яна і была навідавоку тых афіцыйных структур, што займаліся пытаннямі эвакуацыі на ўсход людзей, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў. Па стане на 22 чэрвеня 1941 г. яе кніжны фонд складаў 250 тыс. асобнікаў. З уварваннем нямецкіх войскаў у Менск частка кніг была разрабавана, а астатнія ― проста знішчаны, бо акупанты не бачылі ў іх аніякай патрэбы для сябе. Работнікі бібліятэкі С. Гурвіч, М. Луцкая, Э. Талкачова сталі ахвярамі фашысцкага тэрору. "Старанна" папрацавалі акупанты над кніжным фондам і другой багатай сталічнай бібліятэкі, што знаходзілася ў Акадэміі навук БССР. Адсюль у Германію трапіла каля 300 тыс. тамоў. Мала што з кніг засталося ў бібліятэках Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, політэхнічнага і медыцынскага інстытутаў, мінскай гарадской публічнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна 1.

У адзін з паркаў Берліна акупанты вывезлі з Менска старажытныя каменныя выявы-"бабы".

Страшэнны пярэпалах, паніка афіцыйных уладаў Менска ў першыя дні вайны з Германіяй перашкодзілі ім арганізавана правесці эвакуацыю самых вядомых прадстаўнікоў гарадской творчай інтэлігенцыі. Занятыя сваімі справамі партыйныя і савецкія органы не паклапаціліся нават пра своечасовы выезд на ўсход народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Асабліва шмат перашкодаў і трывог зведаў Я. Колас, які пакінуў палаючы Менск вечарам 24 чэрвеня. Першую ноч давялося разам з сям'ёй правесці ў лесе. На досвітку другога дня пехатой дабраліся да чыгуначнай станцыі Калодзішчы, а адтуль на цягніку прыехалі ў Оршу. У Копысі селі ў грузавік, які даставіў іх да Калініна, а затым на цягніку нарэшце прыбылі ў Маскву. А вось старшыня Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі Міхась Клімковіч не змог падацца з многімі сваімі калегамі на ўсход і застаўся ў Менску. Як нікому іншаму, улады павінны былі забяспечыць яму эвакуацыю. Як-ніяк усё-такі адзін час кіраваў такой важнай для бальшавіцкай ідэалогіі арганізацыяй. Да падобнай катэгорыі асобаў акупанты ставіліся з вялікай асцярогай, жорстка распраўляліся. І калі ад такой горкай долі М. Клімковіч ухіліўся, дык толькі дзякуючы заступніцтву аднаго з самых, паводле мерак савецкіх ідэолагаў, зацятых калабарантаў Станіслава Станкевіча (бургамістр Барысаўскай акругі). Во дзе прыклад нацыянальнай салідарнасці прадстаўнікоў двух працілеглых ідэйных напрамкаў!

У захопленай немцамі беларускай сталіцы застаўся і добра вядомы кампазітар Аляксей Туранкоў, якому ў 1940 г. было прысвоена высокае званне Заслужанага дзеяча мастацтва БССР. Пра далейшы лёс кампазітара такое паведамляе Дзмітрый Бугаёў: "З акупаванага гітлераўцамі Мінска яго збіраліся вывезці ў Маскву. Дзеля гэтага арганізоўваўся пераход да партызан. Туранкова пазнаёмілі з сувязной, якая павінна была ў патрэбны час прыйсці за ім. Але прыйшла незнаёмая дзяўчынка з іншага партызанскага атрада, якой Туранкоў не паверыў. Ён увогуле асцярагаўся правакацыі, бо за ім сачылі гестапаўцы, якія мелі намер схіліць вядомага кампазітара да супрацоўніцтва" 1. Пасля вызвалення Менска А. Туранкову будзе пастаўлена ў віну, што ён нібыта сам не пажадаў падацца ў партызанскую зону. За такую "віну" яму далі 10 гадоў турэмнага зняволення.

Разам з сям'ёй застаўся ў акупаваным Менску пісьменнік Аркадзь Моркаўка (1900 ― 1957). З новымі ўладамі не супрацоўнічаў, аднак савецкія рэпрэсіўныя службы і яго не пакідалі ў спакоі, часта выклікаючы на допыт. Гэта па іх віне ён так і не змог пры жыцці выдаць свой адзіны зборнік "Дым жыцця" (надрукаваны ў 1958 г.).

У даваенным Менску, як вядома, пражывала і плённа працавала бальшыня празаікаў і паэтаў, публіцыстаў Беларусі. Амаль кожны з іх меў у сябе нямала падрыхтаваных да выдання мастацкіх, публіцыстычных рукапісных твораў. Далёка не ўсе з іх разам з аўтарамі былі вывезены на ўсход, а найчасцей засталіся пакінутымі на волю злашчаснага лёсу. Праблемным з'яўлялася і захаванне тых рукапісаў, якія ўсё ж удалося вывезці самому аўтару ці блізкім яму людзям. Яшчэ ў больш складаным становішчы апынуліся не завершаныя да канца працы скульптараў, жывапісцаў, майстроў прыкладнога мастацтва. Словам, вайна не толькі бязлітасна касіла мастацкую інтэлігенцыю, якую з такою цяжкасцю даводзілася ўзгадоўваць Беларусі ў да- і паслярэвалюцыйны час. Загінулі і многія духоўныя набыткі, створаныя яе таленавітымі людзьмі. Няцяжка ўявіць, якой вялікай бядой для Кузьмы Чорнага была страта рукапісаў раманаў "Простыя людзі", "Вялікае выгнанне", "Судны дзень".

У першыя дні вайны не ўдалося ўсцерагчы, праўда, не такую багатую, як у Кузьмы Чорнага, літаратурную спадчыну і паэту Міхасю Калачынскаму. Як і многім іншым, яму давялося панюхаць пораху ў баях з фінамі, што меркавалася неўзабаве ўвасобіць у кнігу вершаў пад назвай "На выбаргскай дарозе". І гэта было б зроблена, каб не вайна з Германіяй. Гранкі кнігі згарэлі ў час чарговай бамбёжкі беларускай сталіцы.

Нешта падобнае, але значна пазней, у ліпені 1944 г., і не ў Менску, а ў Вільні, здарылася з аб'ёмістым машынапісным варыянтам (звыш 300 старонак) успамінаў ураджэнца з Наваградчыны этнографа і фалькларыста, фотамайстра Яна Булгака. Падчас баявых дзеянняў адбыўся пажар у ягоным доме, не пакінуўшы нічога ад успамінаў. "Булгак спрабаваў аднавіць тэкст па памяці, ды напісаў усяго тры старонкі…" 1

Не пашкадавала вайна набыткаў нашых кампазітараў. Бясследна загінулі першая сімфонія "Юнацтва" і клавір оперы "Павел Карчагін" кампазітара Пятра Падкавырава, якія затым давялося іх аўтару аднаўляць па памяці.

На волю жорсткага лёсу засталася кінутай даволі шматлікая яўрэйская творчая інтэлігенцыя, хаця палітыка нацыстаў да людзей гэтай нацыі патрабавала ад адказных за эвакуацыю структур абавязкова лічыцца з такім фактарам. Заўважу, што ў даваенны час значная частка прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці працавала не толькі на сваёй уласнай, але і беларускай культурнай ніве, садзейнічаючы яе росквіту. З ліку яўрэйскіх артыстаў Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР свой жыццёвы шлях у Менскім гета закончылі салісты оперы П. Жэзмер, Ф. Левіна, Р. Шапіра, артысты балета Б. Басінкевіч, Б. Кантаровіч, С. Кантаровіч, харысты Г. Берншэйн, М. Броцкі, Сазыр 2. Такая ж трагедыя напаткала ў ліпені 1942 г. кампазітара, аўтара першага беларускага нацыянальнага балета "Салавей" (паводле аднаіменнай аповесці Змітрака Бядулі) Міхаіла Крошнера. З яўрэйскіх пісьменнікаў у гета закончылі сваё жыццё Рахіль Брохес, Нота Вайнгойз, Сара Каган, Даніель Маршак, Іцэк Рэзнік 3.

Трохі лепш спраўляліся з эвакуацыяй у савецкі тыл творчай інтэлігенцыі і культурных каштоўнасцяў у гарадах на ўсход ад Менска. Самую дарагую частку свайго кніжнага фонду выратаваў калектыў Магілёўскай абласной бібліятэкі. Не звяртаючы ўвагі на вялікую небяспеку, супрацоўнікі закопвалі кнігі ў зямлю, хавалі ў падвале, раздавалі чытачам. Дзякуючы такім старанням было захавана больш за 40 тыс. экземпляраў каштоўнай літаратуры. Своечасова ўправіліся гамяльчане з эвакуацыяй ў жніўні 1941 г. у Пензенскую вобласць самых каштоўных кніг з калекцыі Паскевічаў (вывезена звыш 4 тыс. экземпляраў). Аднак і з усходніх абласцей БССР толькі нязначная частка з запланаванага была вывезена ў бяспечнае месца. Не ўдалося, да прыкладу, усцерагчы неацэнную, унікальную каштоўнасць нашай культуры ― крыж Еўфрасінні Полацкай, які знаходзіўся на захаванні ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.

Пакінутыя ў сценах устаноў культуры абсталяванне, розныя віды духоўных каштоўнасцяў чакаў вельмі цяжкі лёс, асабліва ў першыя дні акупацыі, калі імі маглі паводле свайго жадання распараджацца не толькі "новыя гаспадары", але і цывільнае насельніцтва. На працягу першых двух тыдняў у галоўнай ролі такіх "гаспадароў" выступала на значнай частцы захопленай у чэрвені ― ліпені тэрыторыі Беларусі вайсковая адміністрацыя. Апетыты яе на культурныя каштоўнасці проста не ведалі мяжы. Такое можна сказаць і пра многіх высокага рангу афіцэраў, што не мелі аніякага дачынення да працы ўведзенага васковага праўлення. Нешта падобнае на кантроль над культурнымі каштоўнасцямі пачало ўсталёўвацца толькі з утварэннем на захопленай Вермахтам беларускай зямлі цывільнай адміністрацыі. Але гэта не датычыла раёнаў, што знаходзіліся пад кіраўніцтвам вайсковага камандавання. Прызначанаму 17 ліпеня 1941 г. указам Гітлера на пасаду генеральнага камісара Генеральнай акругі Беларусь Вільгельму Кубэ (прыбыў у Менск 1 верасня) аддалі пад уладу толькі чвэртку агульнай плошчы нашага краю, пераважна землі, што да 17 верасня 1939 г. знаходзіліся пад Польшчай. У комплексе тэрмінова ажыццёўленых В. Кубэ захадаў былі і такія, якімі прадугледжвалася спыненне далейшага рабавання культурных каштоўнасцяў, вяртанне некаторых з іх назад у Беларусь. Такое добра вынікае з падпісанага гаўляйтэрам дакумента на імя імперскага міністра па акупацыйных усходніх абласцях рэйхсляйтэра Альфрэда Розэнберга. У дакуменце канстатуецца, што па загадзе імперскага кіраўніка СС рэйхсміністра Генрыха Гімлера з Менска ў Германію вывезена вялікая колькасць мастацкіх вырабаў. "Я прашу, ― пісаў В. Кубэ, ― гэтыя каштоўныя калекцыі … ізноў аддаць у распараджэнне Генеральнай акругі Беларусь". Ім паведамлялася, якія ўжо робяцца канкрэтныя захады на месцы па ўстанаўленні нумароў вайсковых частак, што займаліся рабаўніцтвам мастацкіх каштоўнасцяў. В. Кубэ прасіў прыслаць у Менск "нацыянал-сацыяліста мастака Вілі Шпрынгера, Берлін, СВ 29, Газенхейде, 94, для рэстаўрацыі карцін, часткова бессэнсоўна пашкоджаных нажавымі ўдарамі, каб пад яго кіраўніцтвам выратаваць тое, што яшчэ можна выратаваць…

Я прашу, каб міністэрства па акупаваных усходніх абласцях зрабіла захады перад адказнымі вайсковымі ўстановамі, каб у будучым былі спынены далейшыя разбурэнні, а з віноўных сур'ёзна спагналі.

…І без таго ўжо бедная Беларусь панесла ад гэтага цяжкую страту" 1.

Выкананне дадзенай просьбы сталася зусім не лёгкай справай з-за ўпартага супраціву ваеначальнікаў Вермахта, кіраўнікоў розных падраздзяленняў СС. І наступныя звароты В. Кубэ да самых высокіх палітычных і вайсковых кіраўнікоў Германіі з просьбай вярнуць нарабаванае ў распараджэнне Генеральнай акругі Беларусь ці пакласці канец такога роду акцыям доўгі час не давалі жаданага эфекту. Але сам факт такіх зваротаў можа разглядацца як станоўчая з'ява, бо мелася мэтай не дапусціць пераўтварэння Беларусі ў дзікі, спустошаны край. Захаваць набыткі яго культуры, адметнае ад усіх суседзяў аблічча было ў інтарэсах В. Кубэ як першай палітычнай асобы гэтай часткі беларускай зямлі. Часовым ён тут не лічыў сябе. І калі на тэрыторыі ГАБ рэквізіцыя яе прадметаў культуры ажыццяўлялася не ў такіх маштабах, як у зоне вайсковага камандавання, у гэтым ёсць пэўная заслуга В. Кубэ. У гэтай жа зоне нямецкія вайсковыя ўлады пастараліся ўзяць пад свой пільны кантроль усё, што знаходзілася ва ўстановах культуры, з мэтай арганізаванага вывазу ў Германіію, найперш самых дарагіх, унікальных культурных рэчаў. Іх жа аказалася багата, пра што старанна дбала не адно пакаленне зацікаўленых у культурным развіцці роднага краю людзей. Цяпер ужо значная частка гэтага багацця, як не раз здаралася ў нашай гісторыі, апынулася ў руках чужынцаў.

Заслугоўвае вялікай пахвалы, што ў гэты надзвычай цяжкі для Бацькаўшчыны час, знаходзіліся людзі, не абыякавыя да яе духоўнай спадчыны. Яны стараліся ўсё, што толькі можна было, усцерагчы ад рабаўнікоў незалежна ад таго, хто імі з'яўляўся акупанты ці асобы з ліку мясцовага насельніцтва. Сапраўдным рупліўцам у справе не толькі захавання, але і выкарыстання ва ўмовах акупацыі набыткаў духоўнай культуры паказаў сябе дырэктар і захавальнік Слонімскага краязнаўчага музея Язэп (Іосіф) Стаброўскі 1, стараннямі якога тут была сабрана перад вайной вялікая колькасць гісторыка-археалагічных матэрыялаў. Асабіста самім Я. Стаброўскім музею перададзена больш за пяць тысяч прадметаў. Аднак, пры ўсім яго старанні многія музейныя экспанаты, прычым найбольш каштоўныя, не захаваліся на момант уступлення Чырвонай Арміі ў Слонім.

Шмат кніг з галоўнай бібліятэкі Гродна захоўваў у сваёй кватэры яе супрацоўнік Мікалай Чарвякоўскі. "Тыя, хто яго ведаў, бралі кнігі для дзяцей, каб малыя не забывалі родную мову. Бралі кнігі і партызаны… На жаль, М. Чарвякоўскага не абмінулі сталінскія рэпрэсіі. Сёння Чарвякоўскага ўзгадваюць у бібліятэцы (абласной навуковай імя Яўхіма Карскага. ― Л. Л.), як вялікага падвіжніка і асветніка" 2.

Усяляк супраціўляліся разрабаванню дарагіх, унікальных культурных каштоўнасцяў жыхары старажытнага Нясвіжа. Працяглы характар вайны з СССР выклікаў у Германіі востры дэфіцыт у каляровых металах. Дзеля набыцця іх акупанты нават загадалі дэманціраваць трубы аргана галоўнай святыні горада ― касцёла, пабудаванага ў канцы XVI ст. з удзелам італьянскага архітэктара Джавані Марыя Бернардоні. Акцыя правалілася: "…нясвіжцы падрабілі даведку аб задачы гэтых труб, а іх закапалі ў зямлю. Пасля ж выгнання акупантаў вярнулі на месца". У 1944 г. у дзецішча Бернардоні "трапіў снарад. Ад гэтага загарэліся драўляны купал і дах. Пажар загасілі, але верхняя частка фрэсак пакрылася куродымам. Было вырашана адразу ж пачаць аднаўленчыя работы. Пачалі збіраць па горадзе ды навакольных вёсках неабходныя сродкі. І людзі дружна адгукнуліся. На працягу трох з паловай месяцаў купал і дах аднавілі і фрэскі адмылі" 1.

І ўсё ж архінеспрыяльныя ўмовы акупацыйнага рэжыму для захавання ў належным стане матэрыяльнай базы культуры, яе, бясспрэчна, багатых, у многіх дачыненнях унікальных каштоўнасцяў аказаліся намнога мацней за больш-менш паважлівае стаўлення да іх кіраўніцтва Генеральнай акругі Беларусь, старанне нацыянальна-самасвядомых колаў грамадства не дапусціць гібелі таго, што створана таленавітымі майстрамі сваёй спраы. Разбурэнне аб'ектаў культуры, раскраданне прыналежных ім каштоўнасцяў чыніліся ад першых да апошніх дзён акупацыі. Асабліва ў незайздросным становішчы апынуліся культурныя ўстановы, якія выкарыстоўваліся для размяшчэння нямецкіх вайсковых ці цывільных службаў, бо ў такіх выпадках яны (установы) станавіліся аб'ектамі нападу партызан, дыверсійных актаў падпольшчыкаў. Не існавала для культурных аб'ектаў аніякіх гарантый уцалець падчас начных бамбёжак савецкімі лётчыкамі беларускіх гарадоў і мястэчак. Разбуралася матэрыяльная база культуры пад уздзеяннем і многіх іншых фактараў. Прычым не бралася пад увагу значэнне самога аб'екта культуры. А ў Беларусі было нямала чаго такога, чым магла б ганарыцца любая еўрапейская краіна нават з багатай культурнай спадчынай.

Бадай, нішто так не прыцягвала да сябе ўвагі архітэктараў "Новай Еўропы", як унікальныя каштоўнасці Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, што месцілася ў Менску. Да вайны ў ёй знаходзілася 40 непаўторных асобнікаў славутых на ўсю Еўропу слуцкіх паясоў. Рабаўніцтва скарбаў галерэі працягвалася і пасля таго, як у маі 1942 г. рэшткі іх перавезлі ў Менскі гістарычны музей. Разам з усімі фондамі галерэі і слуцкія паясы вывезлі ў Нямеччыну.

Жорсткі акупацыйны рэжым не абмінуў славутага на ўсю Беларусь Станькаўскага парка, створанага ў 80-я гады ХІХ ст. графам Эмерыкам Чапскім. Парк славіўся трыма жывымі скульптурамі з дрэў: "Вера", "Надзея", "Каханне". Дрэва "Вера" ўяўляла сабой нешта падобнае на чалавека з узнятымі ў захапленні і падзяцы рукамі ў неба. У гледача ўзнікала ўражанне, што "быццам ў працягнутыя насустрач Богу рукі-галіны з нябёсаў сыплецца залаціста-зялёны дождж Боскай ласкі, створанай з жывой лістоты.

Скульптура ж "Надзея" выглядала нібы згорблены чалавек з кульбай у зялёным доўгім плашчы. Гэты чалавек узнімаў угару галаву, чакаючы, што хтосьці моцны, добры працягне яму руку дапамогі". Першая са згаданых "жывых скульптур" стала ў 1943 г. ахвярай агню, другую ў якасці рэдкага, цікавага экспанату вывезлі ў Германію 1.

Няшчасны лёс напаткаў адкрыты ў 1940 г. у Ваўкавыску краязнаўчы музей, асновай для якога паслужыла багатая калекцыя мясцовага самародка-краязнаўца Георгія Пеха. У гэтым старажытным беларускім горадзе ён супольна з Ю. Ядкоўскім займаўся ў 20-я гады зборам помнікаў матэрыяльнай культуры. Асабліва багата іх адшукаў Г. Пех пры археалагічных раскопках "Шведскай гары" і Замчышча. У сваёй нататцы "Помнікі старыны", змешчанай ў газеце "Зара (1940г., № 68) ён пісаў: "Археалагічныя даныя, атрыманыя пры раскопках у гэтай мясцовасці, дазваляюць аднесці помнікі старыны да ІХ ― ХІІ стагоддзяў. Тут былі ўсходнія славяне. Шляхам раскопак супрацоўнікі атрымалі шмат гістарычных матэрыялаў, напоўнілі краязнаўчы музей новымі цікавымі экспанатамі" 2. Усё гэта бясследна знікла пасля абрабавання музея фашысцкімі вандаламі.

Ліхалецце Другой сусветнай вайны не абмінула выдатны неагатычны архітэктурны шэдэўр ― Косаўскі палац Пуслоўскіх (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці), размешчаны за сто метраў ад бацькоўскага дома Тадэвуша Касцюшкі. У ім налічвалася больш за сотню арыгінальных у сваім родзе пакояў. За час акупацыі яны прыйшлі амаль зусім у непрыглядны стан. Існуе меркаванне, што ў палацы месціўся нямецкі шпіталь, таму ў 1943 г. партызаны спалілі гэты ўнікальны архітэктурны аб'ект. Каля дзесяці дзён ён знаходзіўся ў абдымках бязлітаснага полымя.

Са здабыткаў культуры Беларусі нямецкіх акупантаў цікавіла не толькі тое, што ляжала пад рукой, на паверхні. Будучы добра дасведчанымі аб легендах і паданнях пра дарагія духоўныя каштоўнасці князёў Радзівілаў, яны (акупанты) стварылі ажно цэлую сапёрную роту для вядзення "раскопкаў" на тэрыторыі Нясвіжскага замка. І працавалі небезвынікова. "Ваенным археолагам" удалося адшукаць тайнік са старадаўнімі карцінамі, якія збіраліся не адным пакаленнем Радзівілаў. Усё лепшае з гэтага тайніка трапіла ў чужыя рукі і невядома, дзе сёння знаходзіцца 1.

Не лічачыся з велізарнымі каштоўнасцямі архітэктурных помнікаў нашай зямлі, многія з іх немцы выкарыстоўвалі ў якасці абарончых аб'ектаў. Не сталі выключэннем з гэтай практыкі і культавыя храмы, у прыватнасці Прапойская царква Раства Найсвяцейшай Багародзіцы. У час баёў гэтую святыню пераўтварылі ў назіральны пункт, што паслужыла падставай для бесперапыннага абстрэлу яго савецкімі войскамі падчас наступлення. Вынік ― амаль поўнае разбурэнне славутага помніка архітэктуры. Гэты ж "храм з васьмігранным купалам праектаваў яркі прадстаўнік класіцызму, рускі архітэктар Мікалай Львоў ― аўтар Неўскіх варот Петрапаўлаўскай цвердзі і паштамта ў Санкт-Пецярбургу…" Інтэр'ер храма быў упрыгожан "іканастасам, жывапісам і фрэскамі, у якіх падаюцца 57 сюжэтаў Новага і Старога запаветаў" 2.

У аб'екты бязлітасных разбурэнняў пераўтварыліся іўдзейскія культавыя збудаванні, пэўнай колькасці якіх усё ж удалося захавацца, перажыць гады савецкага атэізму. Уся за стагоддзі набытая яўрэйскімі сінагогамі богаслужбовага характару літаратура стала ахвярай агню. Падчас вайны загінула і картатэка на 100 тыс. слоў з яўрэйскай мовы ― ідыш, складзеная ў 20 ― 30-я гады ХХ ст. яўрэйскім сектарам Беларускай акадэміі навук.

Асабліва вялікія страты несла беларуская культура ў заключны перыяд акупацыі, хаця практычна нават шараговы нямецкі салдат не сумняваўся ў надыходзе апошніх дзён для фашысцкага рэйха. Усё найбольш адметнае з культурных каштоўнасцяў стараліся вывезці ў Германію. У першую чаргу такую "ўвагу" да сябе адчулі ўсходнія раёны Беларусі, у іх ліку і Магілёўшчына. Вось што пра тыя дні гаварыў у час допыту перакладчык аддзела прапаганды нямецкай камендатуры М. Сташэўскі: "У лістападзе 1943 года гарадская камендатура прызначыла мяне адказным за эвакуацыю ў Беласток кніг Магілёўскай бібліятэкі… Была адабрана і запакавана 300 скрынь, прыблізна 40 тысяч кніг, якія былі пагружаны ў 4 вагоны і накіраваны ў Беласток". Гэтая грабежніцкая акцыя праводзілася "па заданні нямецкай арганізацыі "Штаб Розенберга", якая займалася вывазам музейных, бібліятэчных і іншых гістарычных каштоўнасцяў" 1.

Далёка не ўсё з культурных набыткаў Беларусі можна было вывезці ў Германію, таму іх стараліся знішчыць, зруйнаваць на месцы з дапамогай розных тэхнічных сродкаў. Такі жахлівы лёс не абмінуў і Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР. З яго будынка "фашысты вывезлі сцэнічную апаратуру, мэблю, дэкарацыі, абутак, парыкі, нотную бібліятэку, музычныя інструменты, касцюмы, экспанаты тэатральнага музея, кнігі па мастацтве… Памяшканне самога тэатра моцна пацярпела ад разбурэнняў; абсталяванне сцэны і глядзельнай залы, закулісных кабінетаў, грымёрных, фае вывезлі немцы" 2. Такое ж рабаўніцтва не абмінула Дзяржаўную карцінную галерэю, ад колішняга будынка якой засталіся толькі адны руіны. У Менску акупанты "ўзарвалі будынкі амаль усіх вышэйшых навучальных устаноў, 78 школ і тэхнікумаў, Дзяржфілармоніі і кансерваторыі, 8 кінатэатраў і 25 клубаў, Палац піянераў і многія іншыя" 3.

Увесь час нямецкай акупацыі перадавыя станы грамадства моцна хваляваў лёс Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, у якім знаходзіліся арыгінальныя матэрыялы па нашай нацыянальнай гісторыі і культуры. "Аматары даўніны" з ліку прадстаўнікоў нямецкай вайсковай і цывільнай уладаў ужо ў першыя дні акупацыі сталі праяўляць неўласцівую звычайным наведвальнікам музея зацікаўленасць да экспанатаў. Таму загадчык музея Янка Шутовіч разам са сваім супрацоўнікам мастаком Пётрам Сергіевічам пачалі перахоўваць найперш самыя каштоўныя матэрыялы ў іншых, больш надзейных месцах, пераважна ў сутарэннях касцёла святога Мікалая, дзе пробашчам служыў нацыянальна-самасвядомы беларускі ксёндз Адам Станкевіч. Астатняя частка экспанатаў працягвала заставацца на ранейшых месцах музея, які ад першых дзён акупацыі знаходзіўся ў пакоях Мастацкага інстытута пры бернардзінскім касцёле. Здавалася, што каштоўнасці музея перажывуць нямецкую акупацыю. Аднак незадоўга да таго як немцам давялося пакінуць Вільню, загадчык музея "Янка Шутовіч атрымаў ад нейкага "зондэра" па культурных справах загад зьбіваць скрыні і падрыхтаваць экспанаты да вывазкі ў Нямеччыну. Адмовіцца ад такога загаду ворага было раўназначна з куляй у лоб. Я. Шутовіч, ратуючы сваё жыцьцё, выканаў загад. Скрыні з экспанамі былі вывезены ў Кёнігсберг" 1.

Эпілогам вандалісцкіх актаў акупантаў сталася разбурэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі 28 ліпеня 1944 г. славутага помніка архітэктуры першай паловы XVI ст. Супральскай царквы-крэпасці (Супральская Дабравешчанская царква) на Беласточчыне. А раней акцыі разбуральнага характару ў дачыненні да яе праводзілі падраздзяленні польскай Арміі Краёвай.

Па ступені руйнавання аб'екты культуры ніколькі не ўступалі прадпрыемствам вытворчага прызначэння, якія пасля прыходу Чырвонай Арміі можна было выкарыстоўваць для выпуску неабходнай ёй прадукцыі. Таму зусім не здзіўляе, што на час вызвалення Менска ад нямецкіх акупантаў у яго Дзяржаўнай мастацкай галерэі ўцалела не больш за адзін працэнт ад агульнай колькасці даваенных экспанатаў. Амаль нічога не засталося пасля акупацыі з таго, чым перад вайной славілася Акадэмія навук БССР. Акупанты цалкам знішчылі заалагічны музей Акадэміі, вывезлі археалагічныя і этнаграфічныя матэрыялы Інстытута гісторыі, а на тэрыторыі Батанічнага сада стварылі дапаможную агародную гаспадарку. "Увосень 1943 года ўцалелая маёмасць была часткова выкінута з акадэмічных памяшканняў, часткова складзена ў хляве кантрольна-насеннай станцыі, а ў маі 1944 года ўсё, што захавалася, нейкі доктар Нігш адправіў у Германію. Гітлераўцы, паікдаючы Мінск, спалілі будынкі галоўнага і лабараторнага карпусоў АН, лабараторны корпус Батанічнага сада і 30-кватэрны дом, дзе жылі навукоўцы" 2. Бясследна зніклі найкаштоўныя запісы беларускага фальклору і нотнага матэрыялу, якія гадамі збіраліся акадэмічнымі супрацоўнікамі. Гэта была найвялікшая незаменная страта для беларускай нацыянальнай культуры.

Даводзіцца толькі здзіўляцца, як у тых экстрэмальных умовах маглі ўцалець карпусы нектаорых устаноў культуры, найперш самой беларускай сталіцы, у тым ліку опернага тэатра, Дзяржаўнага драмтэатра № 1, Дзяржаўнай бібліятэкі.

Здаралася і такое, што акупанты да сваіх рук прыбіралі каштоўнасці паасобных грамадзян. Такое зведаў на сабе і слонімскі мастак Антон Карніцкі: яго 180 твораў вывезлі ў Нямеччыну 1. І ўвогуле трэба зазначыць, што рабаўнікоў-акупантаў найбольш за ўсё цікавілі набыткі менавіта дадзенай катэгорыі творчай інтэлігенцыіі, бо ў іх заўсёды можна было знайсці і "прысабечыць" штосьці каштоўнае, арыгінальнае, не тое, што, скажам, у беларускіх савецкіх пісьменнікаў з іх творамі пра сацыялістычную савецкую рэчаіснасць. Апошнія пераважна раскрадаліся, нішчыліся цывільнымі грамадзянамі. Так, ад асабістай бібліятэкі Янкі Купалы з яе 10 тыс. экземпляраў кніг на час вызвалення Менска ад акупантаў захавалася толькі 4 тыс.

Не можа не здзіўляць і такі факт, што акупанты палічылі патрэбным адправіць у Германію з дома польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі ў Гродне мармуровы камін з вялікім люстрам. Праўда, пасля вайны яго ўдалося вярнуць на сваё законнае месца.

Практычна нічога не засталося падчас акупацыі, але ўжо па іншых прычынах, ад багатага бібліятэчнага скарбу вядомага гісторыка, бібліёграфа, бібліяфіла Рамуальда Зямкевіча (1881 ― 1944), які перад вайной жыў у Варшаве. Па сведчанні сучаснікаў яго кватэра "ўяўляла сабою прыватны музей гісторыі беларускай кнігі, дзе побач са старадрукамі (Бібліяй Скарыны, Слоўнікам Памвы Бярынды) суседнічалі беларускія аўтографы А. Рыпінскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Вярыгі-Дарэўскага, Я. Лучыны. Большасць з іх так ніколі не пабачыла свет: падчас варшаўскага паўстання 1944 г. ягоны скарб быў расцярушаны, а сам гаспадар загінуў у гестапаўскіх засценках" 2.

З усяго нарабаванага ў Беларусі і вывезенага ў Нямеччыну ўдалося вярнуць толькі нязначную частку. Вайна і акупацыя прычынілі беларускаму народу каласальныя страты ў матэрыяльнай базе і кадравым патэнцыяле культуры, прычым страты ў бальшыні выпадках ― незаменныя. Беларуская нацыянальная культура заўжды будзе адчуваць на сабе велізарныя страты тых суровых выпрабавальных гадоў. Яе ніколі не абміналі ваенныя ліхалецці, але тое, што здарылася з ёю падчас фашысцкай акупацыі, не мела месца на працягу ўсёй айчыннай гісторыі.


Раздзел ІІ. Культура ў планах акупацыйнай палітыкі

Першыя пяць-дзесяць дзён вайны фашысцкай Германіі з СССР карэнным чынам змянілі жыццё людзей на значнай тэрыторыі Беларусі. Толькі нямногія з іх, пераважна чыноўнікі савецкага і партыйнага апаратаў, наркаматаў і ведамстваў, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, самыя вядомыя дзеячы дзяржаўнага сектара культуры змаглі своечасова эвакуіравацца на ўсход. Абсалютная ж бальшыня насельніцтва нават і не думала зрушвацца з месца. Відаць таму, што беларусам не прывыкаць гібець пад чужым прыгнётам. Дый у многіх жа ў памяці захоўваліся невыносныя ўмовы бежанскага жыцця падчас Першай сусветнай вайны.

Усталяванне нямецкага акупацыйнага рэжыму адразу паставіла перад беларускім грамадствам архіскладанае пытанне: як трэба жыць у становішчы пакоранага народа. На хуткае вызваленне ад чужынцаў ніхто не разлічваў, чаму паспрыялі маланкавае, панічнае адступленне Чырвонай Арміі і шпаркае прасоўванне на ўсход нямецкіх войскаў. Людзей моцна ўражваў высокі ўзровень тэхнічнай аснашчанасці заваёўнікаў. Дый баявому духу нямецкага салдата нельга было не пазайздросціць. Амаль поўная страта ўпэўненасці ў хуткім ці ўвогуле ў вяртанні савецкай улады абавязвала як след падумаць пра зусім не простае прыстасаванне да ўмоў жыцця пад нямецкай акупацыяй. Напачатку асаблівай вастрыні такой праблемы не адчувалі тыя, хто не страціў даху над галавой, падчас выкліканага ўцёкамі савецкай адміністрацыі безуладдзя змог няблага запасціся прадуктамі харчавання, крайне неабходнымі прамтаварамі. Пра падпольную барацьбу з акупантамі думалі і штосьці рабілі толькі нязначныя сілы камуністаў і камсамольцаў. Гэта ўжо пазней яна набудзе шырокі размах.

На першым часе не назіралася масавага выступу цывільнага насельніцтва супраць заваёўнікаў. А яго, на добры лад, і не трэба вельмі ўмешваць у кровапаралітную барацьбу з узброенымі да зубоў вайскоўцамі, бо яны заўжды будуць выходзіць з баявых сутычак з меншымі людскімі стратамі, чым неспрактыкаваныя ў гэтых справах цывільныя жыхары. Пэўныя сілы ў акупаванай Беларусі не ўзялі пад увагу такі фактар, таму пад канец вайны яна і не далічылася свайго кожнага чацвёртага жыхара. У іншых жа саюзных рэспубліках, што трапілі пад акупацыю, такіх людскіх ахвяр не назіралася. На пачатку ўсталявання на беларускай зямлі чужога ваенна-палітычнага рэжыму ў яе жыхароў не было асаблівага жадання і рэальнай магчымасці змагацца з ім. У значнай ступені тлумачылася гэта крайне негатыўным стаўленнем многіх з іх да скінутага фашысцкімі заваёўнікамі савецкага палітычнага рэжыму. За дзесяць-пятнаццаць перадваенных гадоў людзям давялося зведаць нямала сур'ёзных выпрабаванняў, сярод якіх у першую чаргу трэба адзначыць у аснове сваёй прымусовую суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі, барацьбу з надуманымі ідэалагічнымі службамі бальшавіцкай партыі нацыянальнымі дэмакратамі (нацдэмамі), масавае фізічнае знішчэнне ў 1937 ― 1938 гг. ні ў чым не вінаватай найлепшай часткі грамадства. Нацыянальна-самасвядомыя пласты насельніцтва з поўнай падставай былі моцна незадаволеныя тым, што на пачатку 30-х гадоў ЦК КП(б)Б і ўрад рэспублікі ўзялі курс на паступовае згортванне дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, у выніку чаго беларускай мове давялося ледзь не цалкам здаць свае функцыі рускай мове ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, службовым справаводстве партыйных і савецкіх органаў, наркаматаў і ведамстваў, прадпрыемстваў і ўстаноў. Ва ўсіх гэтых бедах людзі ўпотай абвінавачвалі Маскву, што адмоўным чынам не магло не паўплываць на іх стаўленне да рускага народа ў цэлым, тым больш, што прадстаўнікі апошняга займалі самыя высокія пасады ў партыйным і дзяржаўным апаратах, рэпрэсіўных органах БССР, якія сваімі антыдэмакратычнымі дезяннямі прычынілі тут столькі зла і бяды. Павышаную актыўнасць на такіх пасадах у пералічаных апаратах і органах праяўлялі таксама і асобы яўрэйскай нацыянальнасці, што не магло не парадзіць непрыязнь да яе ў значнай часткі беларускага грамадства, якая ў той ці іншай ступені была закранута рэпрэсіямі.

Велізарныя выдаткі савецкай камандна-бюракратычнай сістэмы кіравання грамадствам, асабліва ў пытаннях нацыянальнай палітыкі, найбольшую незадаволенасць выклікалі ў інтэлігенцыі, што моцна паўплывала на паводзіны апошняй, калі яшчэ як след не вымалявалася ў першыя месяцы акупацыі яе звярынае аблічча. Інтэлігенцыя, як ніякая іншая сацыяльная група насельніцтва, панесла самыя адчувальныя страты ў сваіх шэрагах падчас масавых рэпрэсій 30-х гадоў, якія без дай прычыны праводзілі савецкія карніцкія службы пад ідэалагічным правадырствам бальшавіцкай партыі. Таму меў рацыю дэкан аддзялення палітычных навук Свабоднага ўніверсітэта (Берлін) Іаханес Шлоотц заявіць: "Нямецкая прапаганда дасягала пэўных поспехаў (у час акупацыі Беларусі. ― Л. Л.) і з прычыны палітыкі Сталіна ў Беларусі ― палітыкі, аб якой і цяпер нагадваюць нам Курапаты пад Мінскам" 1. Некаторым выратаваным у выніку вайны ад няспынных здзекаў з боку савецкіх рэпрэсіўных органаў яна ўспрымалася ― хаця і цалкам не апраўдана ― як нейкі божы дар. У пакутніка сталінскай таталітарнай палітычнай сістэмы паэта Масея Сяднёва ёсць такія радкі:

"Як радасць для сябе вайну я прывітаў

Радком маім лірычнейшым салютам.

***

Я самалёту кожнаму над галавой

Жадаў найлепшай удачы…" 2

Вось да якога святатацтва можа прывесці нават чалавека з багатым прыродным паэтычным талентам варожы чалавецтву палітычны рэжым.

Пра незадаволенасць многіх людзей барацьбой савецкага рэжыму з "нацдэмамі", маштабамі масавых рэпрэсій, свядомым ухіленнем партыі і дзяржавы ад далейшага правядзення палітыкі беларусізацыі вельмі добра ведалі ў Германіі. Таму, каб перацягнуць на свой бок нацыянальна-самасвядомую частку беларускага народа, нямецкія акупацыйныя ўлады імкнуліся паказаць яму, што ў адрозненне ад усталяваных бальшавіцкіх парадкаў цяпер ніхто не будзе абмяжоўваць беларускі край у правах будаваць сваё культурнае жыццё на прыродным падмурку. І яно, хаця і з неверагоднымі цяжкасцямі, усё ж паступова адбудоўвалася ў адпаведнасці з уласнымі нацыянальна-культурнымі традыцыямі. Тымі традыцыямі, якія некалькі соцен гадоў не прызнавалі прапольскай арыентацыі ўлады Рэчы Паспалітай, царскае самадзяржаўе, савецкі бальшавіцкі рэжым.

Захопленая войскамі Вермахта ў першыя дні вайны значная частка савецкай тэрыторыі не з'яўлялася для акупантаў якімсьці абсалютна невядомым краем. Яго ўдалося досыць грунтоўна пазнаць у гады Першай сусветнай вайны. Працягвалі назапашваць веды па ім і пазней, над чым супольна працавалі нямецкія разведвальныя і ідэалагічныя службы. Гэта, да прыкладу, добра вынікае з наступных слоў змешчанага ў нямецкім часопісе "Нацыянал-сацыялістычны штомесячнік" (лістапад 1930 г.) артыкула "Нацыянальнае выхаванне немцаў": "…наша нацыянальнае развіццё павінна быць скіравана на Усход; неабходна ведаць край і мову для таго, каб там можна было атабарыцца" 1. Працытаваныя словы былі напісаны за дзесяць гадоў да пачатку Другой сусветнай вайны. За гэты час адпаведныя структуры Германіі паспелі нямала сабраць і прааналізаваць матэрыялаў пра заходнія саюзныя рэспублікі СССР, у тым ліку і Беларускую СССР, якія (матэрыялы), напэўна ж, былі выкарыстаны ў складзеным у канцы 1941 г. галоўнай управай імперскай канцылярыі Гімлера самым агрэсіўным ў ХХ ст. акце ― гітлераўскім плане "Ост".У шэрагу яго месцаў беларусы названыя сваім сапраўдным імем. Так, у пададзеным пад нумарам два дакуменце ёсць такая фраза: "Пры абыходжанні з мясцовым насельніцтвам усходніх абласцей мы павінны зыходзіць з таго, што нам давядзецца прызнаць па магчымасці больш асобных народаў і ўсталяваць сваё дачыненне да іх, г.зн. побач з палякамі і яўрэямі мы павінны падумаць пра ўкраінцаў, беларусаў…" 2. Як вядома, у дзяржаўнай ідэалогіі царскай Расіі гэтыя народы, асабліва апошні, з вялікай нацяжкай прызнаваліся за самабытныя. Іх разам з вялікаросамі вельмі ахвотна злівалі ў адзін агульны этнас ― рускія.

У культурнай палітыцы акупацыйных уладаў вялікія прыярытэты надаваліся нямецкай меншыні. З даўняй пары атабарылася яна і на Беларусі. Толькі ў зоне Генеральнай акругі Беларусь пражывала каля 15 тыс. асобаў нямецкага паходжання 1. Хаця пад той час яны паспелі ў даволі значнай ступені асімілявацца ў асяроддзі мясцовага насельніцтва, аднак захавалі павагу да сваіх культурна-моўных традыцый і з вялікай радасцю сталі вяртацца да іх з усталяваннем нямецкага акупацыйнага рэжыму. Апошні ўсяляк спрыяў ім у гэтым.

Не сакрэт, што любы заваёўнік, якім бы жорсткім, каварным ён ні быў, апроч заняцця надзённымі пытаннямі ваеннага, палітычнага, эканамічнага характару, ідэалагічнага ўздзеяння на пакораны народ, павінен яшчэ пастарацца пра ажыццяўленне свайго культурнага ўплыву на яго. Звычайна робіцца гэта не дзеля забеспячэння насельніцтву заваяванай краіны нейкіх там спрыяльных умоў для духоўнага развіцця, а найчасцей ў асіміляцыйных мэтах, што не кожным разумеецца, асабліва на першапачатковым этапе знаходжання пад панаваннем чужой дзяржавы. Не збіраліся і нямецкія акупанты трымаць у поўнай ізаляцыі ад іх культуры насельніцтва заняволеных краін. Гэта найперш дасягалася праз распаўсюджванне сярод яго рознага роду кніжнай прадукцыі, перыёдыкі, радыёфікацыю гарадоў, арганізацыю паказу дакументальных і мастацкіх фільмаў, стварэнне курсаў па вывучэнні нямецкай мовы і г.д. Пазней для гэтых краін стаў нярэдкай з'явай прыезд сюды вядомых дзеячоў нямецкай культуры і мастацтва, эстрадных калектываў. Аднак было б вялікай памылкай думаць, што ўсе яны ехалі на ўсход выключна толькі дзеля таго, каб дапамагчы фашысцкаму рэйху хутчэй і больш трывала замацаваць свае пазіцыі на захопленай тэрыторыі, што ўсе яны з'яўляліся заўзятымі прыхільнікамі і праваднікамі фашысцкай ідэалогіі. Сярод гэтых людзей знаходзілася нямала і такіх, хто сумленна служыў культуры і мастацтву, не звязваючы іх з аніякай ідэалогіяй, ехаў на гастролі толькі з мэтай паказаць сябе, сваім талентам прынесці хоць трохі радасці людзям, якія супроць сваёй волі сталі цацкай у руках двух найвялікшых у свеце дыктатараў-крывапійцаў.

Беларуска-нямецкія кантакты ў галіне культуры падтрымліваліся і на ўзроўні мастацкай самадзейнасці. З боку немцаў удзельнікамі яе звычайна былі вайскоўцы, якіх нямала знаходзілася ў створаных на Беларусі гарнізонах. На вялікія святы, калі ў народных клубах ладзіліся выступленні самадзейных артыстаў, у такіх пастаноўках маглі браць удзел і здольныя ў тым ці іншым жанры мастацтва вайскоўцы з такіх гарнізонаў, а таксама службоўцы з цывільнай адміністрацыі. Але ў бальшыні выпадках на канцэртах яны прысутнічалі ў якасці гледачоў.

У нямецкай культурнай палітыцы важнае месца адводзілася дакументальнаму кіно. Некаторыя са знятых на Беларусі кінахронік вызначаліся багатым, пазнавальным зместам і аб'ектыўнасцю, і таму, калі яны дэманстраваліся на экранах Германіі, гэта дапамагала яе грамадзянам пра многае даведацца з жыцця аднаго з еўрапейскіх народаў з багатай гісторыяй і самабытнай культурай. У сваю чаргу цывільная і вайсковая ўлады ўсяляк садзейнічалі распаўсюджванню нямецкай кінапрадукцыі на беларускіх абшарах, у якую іншым разам траплялі фільмы на культуралагічную тэматыку, не прасякнутыя фашысцкай ідэалогіяй.

Багата разнастайнага матэрыялу пра Беларусь давала чытачам Нямеччыны газета "Minsker Zeitung", якая ў перыяд акупацыі выходзіла ў Менску. У газеце змяшчаліся не толькі пераклады ўрыўкаў з твораў беларускай мастацкай літаратуры, народных казак і прыказак, матэрыялы пра беларускія населеныя пункты, але і артыкулы пра вядомых людзей нашага краю, інтэрв'ю з тымі дзеячамі культуры і навукі, што засталіся жыць і працаваць на акупаванай зямлі. Паколькі ў перадваенныя гады ва ўсіх тыпах навульных устаноў з усіх замежных моваў перавага аддавалася нямецкай, было каму і з беларусаў, асабліва моладзі, чытаць "Minsker Zeitung". І хаця газета выдавалася ў ваенны час, яна не цуралася знаёміць сваіх чытачоў, а разам з імі і беларусаў, з матэрыяламі мірнага жыцця, у тым ліку і датычных розных пытанняў культуры.

Як бы цяжка ні было пад чужацкім ботам новых гаспадароў, аднак ужо ад першых дзён акупацыі ў нацыянальна-самасвядомай інтэлігенцыі меліся магчымасці, каб хоць штосьці даведацца пра рэальныя планы заваёўнікаў па арганізацыі культурнага жыцця, у жаданым кірунку ўздзейнічаць на яго праз свае асабістыя кантакты з прадстаўнікамі вайсковай і цывільнай уладаў на іх палітыку ў гэтай важнай сферы дзейнасці чалавека. Па вядомых прычынах на пачатку акупацыі беларуска-нямецкія дачыненні ў галіне культуры былі зусім няпростыя і далёка не высветленымі. Выручала тое, што яшчэ да ўварвання гітлераўскіх полчышчаў на тэрыторыю Савецкай Беларусі нямала яе людзей з ліку інтэлігенцыі пабывала ў Германіі і паспела вывучыць, якую вялікую ролю дзяржаўныя і ваенныя палітыкі апошняй надаюць культурнаму фактару ў сваіх планах па занявольванні краін Еўропы. Што гэты фактар абавязкова паспрабуюць выкарыстаць і ў нас, ведалі многія. Не з'яўлялася тайнай і тое, што аслабіць яго моц можна будзе толькі праз развіццё сваёй уласна беларускай культуры, якая з-за працяглай палітыкі паланізацыі і русіфікацыі не вызначалася трывалым нацыянальным патэнцыялам і таму магла вельмі хутка стаць лёгкай здабычай новай формы асіміляцыі ― анямечвання, што, дарэчы, добра вынікае са зместу такога палажэння з дакумента № 2 гітлераўскага плана "Ост": "Што ж датычыць асобных народнасцяў, мы не збіраемся імкнуцца да іх згуртавання і павелічэння, тым больш да паступовага прышчаплення ім нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай культуры" 1. Мэтанакіраванае давядзенне апошняй да заняпаду разглядалася ― і зусім беспамылкова ― у якасці галоўнага чынніка асіміляцыі заваяваных народаў.

Цяжкія наступствы для ўсходняй часткі Беларусі русіфікацыі, а для заходняй ― паланізацыі выклікалі ў многіх прадстаўнікоў нямецкіх акупацыйных уладаў вялікія сумненні датычна існавання ў самой прыродзе беларускага народа. У значнай ступені па гэтай прычыне даволі часта яго гістарычная тэрыторыя без усялякай патрэбы перадавалася суседзям, за выключэннем толькі ўсходняму ― рускаму. Першай сур'ёзнай стратай Беларуссю сваёй этнічнай тэрыторыі з'явілася перадача ў адпаведнасці з загадам Гітлера ад 12 ліпеня 1941 г. Беластоцкай акругі ў склад Усходняй Прусіі. З гэтым абсягам беларускай зямлі адбылося нешта такое ў 1795 г. падчас трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі Беласточчыну перадалі ў склад Прусіі. Відаць, пра гэта не забыліся і ведалі ідэолагі, палітыкі фашысцкай Германіі. Шкада, што на гэтым не спыніліся "абрэзкі" тэрыторыі Беларусі. Пазней з рук нямецкіх уладаў Рэйхскамісарыят Украіна атрымаў ад яе Брэстчыну, Піншчыну, Мазыршчыну, Літва ― Ашмянскі, Свірскі і Эйжышскі паветы. Найбольшы ж масіў беларускай зямлі на працягу ўсёй акупацыі знаходзіўся ў зоне нямецкага вайсковага камандавання. А вось пры стварэнні згодна з загадам Гітлера ад 17 ліпеня 1941 г. ваенна-адміністрацыйнай адзінкі, у назве якой прыстнічаў тэрмін "Беларусь", архітэктары "новага парадку" ў Еўропе занадта паскупіліся, выдзяліўшы пад яе (адзінку) толькі чвэртку агульнай плошчы даваеннай БССР. Называлася гэтая адзінка даволі прыстойна з палітычнага і філалагічнага пунктаў гледжання ― Генеральная акруга Беларусь (ГАБ). У яе ўваходзілі тры акругі (гебіты) з былой ужо БССР у межах да верасня 1939 г.: Барысаўская, Менская і Слуцкая і сем з колішняй Заходняй Беларусі: Баранавіцкая, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Наваградская і Слонімская. Знаходжанне ў міжваенны перыяд насельніцтва гэтых акруг у краінах з рознымі сацыяльна-палітычнымі, ідэалагічнымі сістэмамі істотным чынам адбілася на ўкладзе яго жыцця, што вымагала дыферэнцыраванага падыходу пры правядзенні культурнай палітыкі ва ўмовах нямецкай акупацыі. Калі на момант стварэння дый практычна на працягу ўсяго часу існавання ГАБ у яе ўсходніх акругах шмат у чым адчуваўся савецка-рускі ўплыў, дык у заходніх няблага жылося пальшчызне. Але дзякуючы наданню кіраўніцтвам ГАБ прыярытэту беларускай культуры, яна на працягу ўсіх гадоў акупацыі не зведвала на сабе ні шкоднага рускага, ні польскага ўплаваў. Пра ўсё гэта будзе падрабязная гаворка ў адпаведных параграфах, а тут абмяжуемся толькі адным прыкладам такой увагі да яе нават і ў час, калі многія з вайсковай і цывільнай адміністрацый сур'ёзна засумняваліся ў рэальнасці перамогі Германіі над СССР. І ў якасці такога прыкладу спашлюся на стварэнне ў студзені 1944 г. у Менску па ініцыятыве кіраўніцтва Беларускай цэнтральнай рады Беларускага культурнага згуртавання. Узначаліў яго былы вязень савецкіх лагераў, а з 1939 г. кансультант-метадыст Наркамата асветы БССР Аўген Калубовіч (Каханоўскі). Згуртаванне мела чатыры аддзелы: музыкі, прапаганды і беларускай культуры, літаратуры, краязнаўства. Першым кіраваў М. Шчаглоў (М. Куліковіч), другім ― У. Дудзіцкі (У. Гуцька), трэцім ― Н. Арсеннева, чацвёртым ― А. Шукелайць. Яно ставіла сваёй задачай аб'яднаць усе існыя на той час тэатры, народныя дамы, бібліятэкі, музеі і іншыя культурна-асветніцкія ўстановы 1. Рабілася ж гэта з мэтай павышэння іх ролі ў працы з мясцовым насельніцтвам.

Нямецкіх уладаў ніколькі не пужалі захады творчай інтэлігенцыі па ўмацаванні нацыянальнага пачатку ў культуры Беларусі. Больш за тое, ідэя беларусізацыі нават падабалася ім, яны гатовыя былі выкарыстоўваць апошнюю ў сваёй палітыцы і, вядома ж, не дзеля сапраўднага беларускага нацыянальнага Адраджэння, а найперш у мэтах забіць клін ва ўзаемадачыненні карэннага насельніцтва нашага краю з двума славянскімі народамі ― рускім і польскім, культуры якіх ― няхай сабе і незаконным шляхам ― мелі тут з даўняе пары даволі моцныя пазіцыі. Меркавалася таксама з дапамогай беларусізацыі ў сферы адукацыі і культуры выклікаць у насельніцтва крытычнае стаўленне да ўсяго таго, што тут рабілася за савецкім часам. Але будзем справядлівымі і, не баючыся памыліцца, адзначым, што ўсё ж беларусізацыя ў перыяд акупацыі прынесла непараўнальна больш карысці нашаму народу, чым яго прыгнятальніку.

Акрамя нямецкіх уладаў, свой уплыў на асноўныя напрамкі іх культурнай палітыкі ніколі не забывалася рабіць мясцовая інтэлігенцыя, імкнучыся забяспечыць у ёй як мага большую ролю нацыянальнага фактару. Таму невыпадкова праблемы культуры так часта і грунтоўна асвятляліся на старонках газеты "Голас вёскі" 1, асабліва калі яе рэдагаваў А. Сянькевіч. Пры ім былі нават спробы зірнуць на гэтую праблему з пункту гледжання самой тэорыі, як, напрыклад, у артыкуле "Культура вёскі ― культура на вёсцы" (1942, 2 лютага). У ім справядліва адзначалася, што культура вёскі "дала надзвычай каштоўныя вартасьці ў нашую агульную нацыянальную культуру". Літаратуру вёскі аўтар справядліва бачыць у багатых казках і апавяданнях, прыгожых песнях, мастацтва ― у прыгожай вопратцы, упрыгожваннях свайго асяроддзя. Ёсць на вёсцы і агульначалавечая культура, але яе "трэба ў такі спосаб уводзіць на вёску, каб яна не забівала собскіх культурных вартасьцяў вёскі ― культуры беларускай вёскі".

Адсутнасць забарончых захадаў з боку цывільных нямецкіх уладаў у дачыненні да беларускай нацыянальнай культуры давала магчымасць развіваць яе, гаварыць народу праўду аб прычынах яе дэфармацыі ў часы Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і ў апошняе дзесяцігоддзе перад нападам Германіі на СССР. У гэтым плане шмат слушнага выказана Рыгорам Залуцкім у артыкуле "Шануйма сваю культуру!" ("Голас вёскі", 7 жніўня 1942 г.). Пачынаецца ён з кароткай характарыстыкі гістарычнага шляху, пройдзенага беларускай культурай: "Праз вякі і ліхалецьці йшоў наш беларускі народ, рабаваны то маскалямі, то палякамі. Ані грубае абмаскальваньне, ні шляхецкае апалячваньне не зламала душы беларуса, не даканалі нас як народ ― нацыю і не задушылі нашае самабытнае культуры. Народ, нібы той волат ― асілак, устаяў перад заходняй і ўсходняй навалай і захаваў у сабе тое, чым ганарымся мы, сяньняшнія нашчадкі ― сваю мову і песьні, свой беларускі характар і дасьціпнасьць, свае звычаі і ўклад жыцьця".

Па зразумелых прычынах аўтар артыкула не мог пісаць, што і ва ўмовах нямецкай акупацыі нашага краю тут могуць адбывацца працэсы размывання нацыянальнага патэнцыялу духоўнага жыцця беларусаў, але ўжо пад уплывам развітой культуры Нямеччыны. Відаць, таму ён так настойліва заклікаў інтэлігенцыю, асабліва настаўніцтва, да паўсюднага збору вуснай народнай творчасці, запісу "старадаўных беларускіх скокаў і гульняў, звычаяў і традыцый і з дапамогай беларускага друку, нашае газеты "Голас вёскі" зрабіць іх вядомымі ўсяму беларускаму народу. Для настаўніка-беларуса, які жыве з народам і для народу, для вучня школы няма больш прыемнага грамадзскага абавязку, як вывучыць і вынесьці на паказ усяму сьвету яскравыя праявы самабытнай духовай культуры свае вёскі, свае воласьці". Рыгор Залуцкі тлумачыў, што на вялікай дзялянцы беларускай нацыянальнай культуры існуе "для настаўнікаў і вучняў нашых школаў … непачаты край працы, бо ўсё тое, што тапталася й прыніжалася ворагамі нашага народу, асабліва за апошняе чверцьвечча, ― мы мусім цяпер адрадзіць і аднавіць". Пісаць такое надзённае пра культуру падчас нямецкай акупацыі, калі немагчыма было прадбачыць далейшы лёс беларускага народа, мог толькі аўтар, моцна ўлюбёны ў свой край, гатовы ўсім спрыяць яго духоўнаму росквіту.

Ва ўсе часы, пры любых абставінах важным паказчыкам культуры кожнай краіны з'яўляецца яе тапанімія, зразумела, калі яна арганічна ўпісваецца, адпавядае нацыянальнай традыцыі, праўдзіва адлюстроўвае гісторыю, прыродныя асаблівасці, быт людзей. Беларусі вельмі рэдка ўдавалася мець, карыстацца такой тапаніміяй, чаму перашкаджалі ўлады і Рэчы Паспалітай, і Расійскай імепрыі, а таксама ідэалагічныя службы СССР. З'ідэалагізаваныя бальшавікамі назвы многіх населеных пунктаў, іх вуліц, плошчаў, паркаў, сквераў акупанты ніяк не маглі прыняць. Беларусам далі права ў гэтых мэтах выкарыстоўваць нацыянальную тапанімію, якую новыя гаспадары пастараліся насыціць і нямецкімі матэрыяламі. Усё гэта вельмі прадумана правялі ў сталічным горадзе Генеральнай акругі Беларусь Менску. Згодна з указам яго камендатуры ад 4 лістапада 1941 г. тут было перайменавана звыш 120 вуліц і завулкаў. Так, "вуліца імя К. Маркса стала называцца вуліцай Адраджэння, Рэвалюцыйная ― Рагнеды, Энгельса ― Тэатральнай, Кірава ― Спартыўнай, Інтэрнацыянальная ― імені П. Крачэўскага (беларускі паэт, драматург, гісторык, са снежня 1919 г. старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. ― Л. Л.), Камсамольская ― А. Гаруна, Пушкіна ― Скарыны, Савецкая ― Галоўнай, Маскоўская ― Варшаўскай, плошча Свабоды ― Высокім местам" 1. З пункту гледжання беларускага нацыянальнага інтарэсу такую замену назваў вуліц можна лічыць цалкам апраўданай. З'явіліся і такія новыя назвы вуліц, як Нямецкая, Ганзейская, Саксонская, Дрэздэнская, Турэмная, Царкоўная. Дзеля перайменавання назваў вуліц выкарыстаны імёны шэрага вядомых нямецкіх палітычных дзеячоў, у тым ліку рэйхсканцлера Германскай імперыі фон Бісмарха (1871 ― 1890). У дадзеным выпадку ўжо цалкам відавочна імкненне акупантаў унесці ў тапанімію Менска чужы для яго нямецкі элемент.

На працягу ўсіх гадоў акупацыі падобнае назіралася і на іншых дзялянках культуры, і калі яна, нягледзячы на праявы анямечвання, нідзе ні ў чым не паддалася ёй, не страціла нават у самай мізэрнай ступені сваёй самабытнасці, дык толькі таму, што было каму адстойваць яе. Рабілася ж гэта людзьмі трывалай нацыянальнай самасвядомасці, не абыякавымі да лёсу беларускага народа.


Раздзел ІІІ. Наданне кіраўніцтвам ГАБ прыярытэтубеларускай нацыянальнай культуры

Стварэнне Генеральнай акругі Беларусь давала крышку надзеі, што культурнае жыццё тут можна будзе будаваць у адпаведнасці з традыцыйным мясцовым укладам. Бяда толькі ў тым, што ў кіраўніцтве акругі знаходзілася нямала асобаў з вельмі павярхоўнымі ведамі датычна беларускага пытання, негатыўнага стаўлення да яго галоўнага кампаненту ― культуры. Уважыць апошні не збіралася і бальшыня актывістаў з ліку польскіх грамадскіх і культурных дзеячоў, шэрагі якіх інтэнсіўна папаўняліся на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі за кошт рээміграцыі. У некаторых яе раёнах усталявалася небяспечнае для мясцовага насельніцтва супрацоўніцтва немцаў з палякамі. Апошнія мелі сваіх прыхільнікаў і сярод кіраўнічага ядра Генеральнай акругі Беларусь. Таму не такой простай справай сталася пераканаць яго ў неабходнасці першачарговага ладкавання менавіта беларускага нацыянальнага жыцця ў межах падначаленай Генеральнаму камісарыяту Беларусь тэрыторыі. Як ні што іншае, перашкаджалі гэтаму руйнавальныя вынікі паланізацыі і русіфікацыі, што яскрава выяўлялася нават і на паводзінах даволі шырокага пласту мясцовай інтэлігенцыі ― гэтага самага актыўнага чынніка нацыянальнага жыцця ва ўсіх неасіміляваных народаў. Зыходзячы з тагачаснай рэальнай сітуацыі, В. Кубэ меў пэўныя падставы сцвярджаць наступнае: "Беларусь была найперш, у самым сапраўдным значэнні гэтага слова, не больш, як імглістым геаграфічным паняццем" 1. Ці не папярэджанне гэта сучасным палітыкам і ідэолагам, якія небяспечныя наступствы можна чакаць і ад іх курсу па наданні на этнічнай зямлі беларусаў прыярытэту ў яе духоўным жыцці рускім стандартам, бо гэта ж непазбежна закончыцца поўнай дэнацыяналізацыяй, стратай імі сваёй культурнай самабытнасці? Такіх пакалечаных чужой культурай беларусаў не назавуць самабытным этнасам ні іх сябры, ні іх ворагі. Балазе, даваенных беларусаў яшчэ не давялі да такой ступені нацыянальнай дэфармацыі, хаця і шмат чаго адмысловага, арыгінальнага пазбавілі ў выніку паланізацыі і русіфікацыі. Недастатковая выразнасць беларускай нацыянальнай адметнасці ў шэрагу акругаў ГАБ, прычыну чаму, яшчэ раз падкрэслю, трэба шукаць у згубных наступствах палітыкі паланізацыі і русіфікацыі, не раз выкарыстоўвалася нямецкімі ўладамі для перакройкі адміністрацыйных межаў гэтай акругі на карысць яе суседзяў, галоўным чынам Украіны і Літвы, дзе не існавала праблем з далучэннем іх жыхароў да актыўнай нацыянальнай дзейнасці. Так, у студзені 1942 г. першай з іх перадалі Бярозаўскі раён. У красавіку таго ж года добры надзел зямлі ад Генеральнай акругі Беларусь атрымала Літва. Усё гэта не магло не хваляваць В. Кубэ, бо кожны ж палітык любіць кіраваць не якім-небудзь астраўком, а ладным тэрытарыяльным абшарам. Такім чынам самыя высокія нямецкія палітыкі сваімі этнічна неабрунтаванымі захадамі па змяненні адміністрацыйных межаў штурхалі В. Кубэ да прыняцця дадатковых практычных захадаў па актывізацыі нацыянальнай дзейнасці на падведамнай яму тэрыторыі, да чаго ўсё большую зацікаўленасць пачалі выказваць і дастаткова шырокія колы неабыякавых да лёсу свайго краю людзей.

Немалаважнае значэнне для нацыянальнай культуры карэннага насельніцтва ГАБ меў і той факт, што адсутнасць цвёрдага погляду на беларусаў як на самастойны, адрозны ад сваіх суседзяў-славян народ не служыла для нямецкіх уладаў падставай, каб і надалей захоўваць ці ўзмацняць на гэтай зямлі польскі і рускі ўплывы. Куды меншае зло бачылася імі ў адраджэнні, узмацненні тут пазіцый беларускага нацыяналізму. Надзея акупантаў на падтрымку яго мясцовым насельніцтвам у бальшыні выпадкаў спраўдзіліся, асабліва на першым этапе, да пачатку разгортвання партызанскага руху. І як высветлілася, самая негатыўная рэакцыя ў нацыянальна актыўнай часткі грамадства была выклікана найперш валюнтарысцкім разбазарваннем акупантамі беларускіх этнічных земляў, бо не хацелася, каб на выпадак атрымання нейкай, хай сабе і самай урэзанай, формы аўтаноміі, яе даводзілася б усталёўваць на крайне абмежаваным пятачку. Вось бачым, як трэба захоўваць нацыянальную самасвядомасць народа не толькі ў мірны час, але і ў гады суровых акупацыйных выпрабаванняў.

Супадзенне падыходаў і В. Кубэ, і шырокага кола беларускіх грамадскіх дзеячоў да актывізацыі нацыянальнай працы пазітыўна адбілася на яе стане. Самым жа надзейным сродкам для падтрымкі беларускага нацыяналізму была прызнана не эканоміка, а спрадвечная, прыродная для мясцовага насельніцтва культура, надзейна адгароджаная ад колішніх польскага і рускага ўплываў. У выдадзеным генеральным камісарам В. Кубэ неўзабаве пасля заняцця гэтай пасады Часовым школьным рэгуляміне пісалася наступнае: "§ 1 … Дбаньне аб беларускай культуры, звычаях і асьвеце зьяўляецца аднэй з істотных задач школ Генеральнай акругі Беларусі. Іншыя народнасьці: палякі і расейцы, якія жывуць на жыцьцёвым абшары, павінны засвойваць беларускую культуру" 1.

Такі ўласцівы цывілізаваным краінам погляд на іх культуру, падтрыманы і "новымі гаспадарамі" Беларусі, не маглі не падзяляць пэўныя колы яе нацыянальнай творчай інтэлігенцыі і грамадска-палітычных дзеячоў. Таго, чаго ім не ўдалося зрабіць беларусам у спадзеве на садзеянне ўладаў славянскай дзяржавы Другой Рэчы Паспалітай ці пры падтрымцы бальшавіцкай партыі на сацыялістычнай аснове ў БССР, вырашана было дамагчыся ў апоры на створаны на іх зямлі чужы палітычны рэжым. Ва ўсіх дачыненнях гэта было надзвычай цяжкай, рызыкоўнай справай. Але людзі цвёрдай нацыянальнай арыентацыі ўзяліся за яе рэалізацыю і ўзяліся смела, даволі рашуча. Шмат у чым выручала тое, што ў грамадстве не была забытай ідэя міжваеннай беларусізацыі, асабліва ў асяроддзі тых, хто панёс за яе суровае, несправядлівае пакаранне. Ідэю беларусізацыі нават паспрабавалі хоць у нейкай ступені ажывіць у перыяд нямецкай акупацыі. Стваральнікі "новага парадку" моцна давяралі тым, каго няшчадна караў савецкі рэжым. Умела рабілі яны стаўку і на нацыянальныя пачуцці людзей, што, на шчасце, яшчэ захоўвалася ў беларусаў, нягледзячы на паланізацыю і русіфікацыю. Адсюль зразумела, чаму акупантам удалося схіліць на свой бок даволі значную частку беларускай творчай, навуковай і педагагічнай інтэлігенцыі, не кажучы ўжо пра саміх нацыянальных дзеячоў.

Будзем справядлівымі і аддадзім належнае першай асобе Генеральнага камісарыята Беларусь гаўляйтэру Вільгельму Кубэ. Нягледзячы на панаванне сярод многіх высокіх палітыкаў і ідэолагаў фашысцкай Германіі меркавання пра Беларусь, як нейкую нацыянальна несфармаваную тэрыторыю, В. Кубэ нават у першыя дні акупацыі лічыў яе карэннае насельніцтва за самабытны народ і па магчымасці спрыяў ажыўленню ў яго нацыяналізму, найперш праз уласную асвету, развіццё традыцыйнай культуры, павышэнне сацыяльнай ролі беларускай мовы. Ён без усялякіх ваганняў пагадзіўся на ўдзел Беларускай народнай самапомачы (заснавана 22 кастрычніка 1941 г.) "у арганізацыі школьніцтва і культурнай дзейнасці, між іншым, на адкрыццё дамоў культуры, чытальняў і бібліятэк, стварэнне аматарскіх драматычных гурткоў, курсаў лекцый, распаўсюджванне друкаваных выданняў і г.д." 1. Прычым мелася на ўвазе, што праца іх будзе ладзіца ў нацыянальным рэчышчы.

У нейкай ступені творчай інтэлігенцыі, можна сказаць, нават трохі "пашанцавала", што на пасаду генеральнага камісара ГАБ быў прызначаны менавіта В. Кубэ ― добра дасведчаная ў пытаннях культуры асоба, аўтар шэрагу мастацкіх, драматычных і публіцыстычных твораў. У адрозненне ад многіх іншых такога высокага рангу кіраўнікоў нямецкай вайсковай ці цывільнай акупацыйнай адміністрацыі, ён стараўся быць бліжэй да творчых людзей, выказваў зацікаўленасць да зусім невядомай яму беларускай традыцыйнай культуры. Вуліцу Энгельса ў горадзе Менску, на якой пасяліўся гаўляйтэр, распарадзіўся назваць "Тэатрштрасэ" ("Тэатральная вуліца"). Яго, як першую палітычную асобу Генеральнай акругі Беларусь, вельмі непакоілі няспынныя рэквізіцыі культурных каштоўнасцяў гэтай тэрыторыі часцямі Вермахта і СС. Разумеючы, што яму самому спыніць іх рабаўніцкія акцыі практычна немагчыма, В. Куба не раз звяртаўся па дапамогу ў розныя высокія інстанцыі, да ўплывовых палітычных асобаў Германіі, у прыватнасці да дзяржаўнага міністра ўсходніх земляў рэйхсканцлера Альфрэда Розенберга. Вось вытрымка з ліста да яго ад 29 верасня 1941 г.: "Сёння, пасля доўгіх пошукаў, я магу, нарэшце, знайсці і ацаніць рэшткі мастацкіх скарбаў Менска. У горадзе існавала вялікая, а часткаю ― вельмі каштоўная, калекцыя твораў мастацтва і абразоў, якая амаль поўнасцю была вывезена з Менска. Па загаду рэйхсфюрэра СС, рэйхсляйтэра Генрыха Гімлера большасць карцін ― часткаю ўжо пасля майго ўступлення на пасаду ― была запакавана СС-аўцамі і вывезена ў Рэйх. Прытым гаворка ідзе пра мільённыя каштоўнасці, якія былі адабраны ад Генеральнай акругі Беларусь… Прашу гэтыя каштоўныя зборы, калі яны не патрэбныя для Рэйха, вярнуць у распараджэнне Генеральнай акругі Беларусь" 1. Вярнуць іх не ўдалося, але самі спробы В. Кубэ вырашыць дадзенае пытанне на карысць падначальнай яму акругі заслугоўваюць толькі станоўчай адзнакі.

У коле блізказнаёмых, надзейных людзей В. Кубэ асуджаў палітыку генацыду супраць яўрэяў, у выніку якой гінулі і іх культурныя набыткі. Не падзяляў масавыя карніцкія аперацыі ў дачыненні да цывільнага насельніцтва, што не падабалася кіраўніцтву фашысцкай Германіі, найбольш службам СД і СС. Выказваюцца меркаванні, што яны з цягам часу расправіліся б з Кубэ, каб раней за іх не зрабілі гэтага менскія падпольшчыкі. Карацей кажучы, прадстаўнікам эліты творчай інтэлігенцыі не быў закрыты доступ да адміністрацыі В. Кубэ і пэўную карысць ад гэтага ўдавалася атрымліваць. Частымі гасцямі яго былі рэдактар газеты "Голас вёскі" Анатоль Адамовіч, даваенны акцёр Менскага драмтэатра Саўчук, даваенны дацэнт Беларускай кансерваторыі, а ў акупаваным Менску акардыяніст Васіль Савіцкі. Пэўную надзею ў творчай інтэлігенцыі на тое, што беларуская нацыянальная культура не трапіць у няміласць да новых гаспадароў, давала зацікаўленасць да яе даволі высокіх асобаў з ліку не толькі нямецкіх цывільных чыноўнікаў, але і вайскоўцаў. Не быў выключэннем тут і сам В. Кубэ, што палічылі неабходным адзначыць нават складальнікі "Плана правядзення аперацыі "Рыбак", распрацаванай Цэнтральным і Беларускім штабамі партызанскага руху", ад 18 студзеня 1943 г. У дакуменце засведчана наступнае: "Кубэ часта (падкрэслена мною. ― Л. Л.) наведвае былы Менскі драматычны тэатр.

Пры тэатры працуюць оперная, драматычная і эстрадна-цыркавая трупы. Акрамя таго, для канцэртаў у Менск прыязджаюць некаторыя групы артыстаў-гастралёраў з Германіі" 1. Як бачым, у Кубэ былі неблагія ўмовы дзеля задавальнення сваіх тэатральных запатрабаванняў, у тым ліку і здабыткамі беларускай нацыянальнай культуры. І на практыцы такое мела месца, хаця ў той сітуацыі і не выключалася магчымасць замаху на яго жыццё. У сусветнай практыцы такое зусім не рэдка сустракаецца. Як гаўляйтэр сцярогся ад падобнага замаху, падрабязна апісана ў згаданым вышэй дакуменце: "Кубэ пры наведванні тэатра займае былую ўрадавую ложу. Яго месца звычайна бывае правае крайняе крэсла. З ім часта прысутнічаюць начальнік гестапа і гестапаўская світа. За паўгадзіны да прыходу Кубэ ў тэатр прыбываюць гестапаўцы, якія робяць агляд ложы і прасторы пад падлогай ложы, а затым займаюць прылеглыя да былой урадавай ложы месцы ў ложах і партэры" 2. Такія меры бяспекі акурат засцярагалі Кубэ ад усіх запланаваных партызанамі і падпольшчыкамі замахаў на яго жыццё. Ён не стаў ахвярай за сваё добразычлівае стаўленне да мясцовай, беларускай культуры.

У айчыннай навуковай, публіцыстычнай, мастацкай літаратуры аж занадта багата ацэнак В. Кубэ, як высокай палітычнай асобы фашысцкай Германіі. Ва ўмовах панавання бальшавіцкай ідэалогіі яго характарызавалі толькі з адмоўнага боку, як зацятага ворага беларускага народа і факт забойства гаўляйтэра падаваўся як справядлівае, заслужанае пакаранне. Апошнімі гадамі з'явіліся некалькі іншыя погляды на гэтага палітычнага дзеяча, што зусім не азначае поўнага адыходу ад папярэдніх ацэнак. Да прыкладу, у чацвёртым томе "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (1997 г. выд.) ён названы кіраўніком "нямецкай цывільнай акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі", а В. Селямнёў і В. Шымолін сваёй прысвечанай забойству В. Кубэ кнізе далі загаловак "Охота на палача". Зразумела, самую пазітыўную характарыстыку гаўляйтэру давалі тыя з беларускіх нацыяналістаў, хто ў той час быў знаёмы з ім, не стаяў у баку ад праблем, накінутых беларускаму народу акупацыйным рэжымам. Калі не цалкам, дык у значнай ступні можна пагадзіцца з афіцыйнай ацэнкай, дадзенай у часопісе "Новы шлях" * В. Кубэ неўзабаве пасля яго забойства: "Беларускія нацыяналісты ў сваіх імкненнях, у сваім змаганні з ворагамі беларускага народа мелі ў васобе генеральнага камісара Вільгельма Кубэ найлепшага свайго пратэктара… Маючы за сабой аўтарытэт генеральнага камісара і ягоную выразную беларускую лінію, беларусы мелі ўсе магчымасці, каб сваё нацыянальнае жыццё паставіць на належны яму узровень" 1.

Нямала чаго станоўчага для беларускай нацыянальнай справы бачыць у практычных дзеяннях кіраўніка ГАБ сучасны гісторык Уладзімір Гуленка, пішучы: "…усё, што ад яго залежала, В. Кубэ беларускім нацыяналістам зрабіў. Ідучы насустрач іх пажаданням, усе палякі з адміністрацыйна-паліцэйскага апарату гітлераўцаў на тэрыторыі "Беларуценіі" былі звольнены, а іх месца занялі беларусы. Выкарыстоўваючы памылкі бальшавікоў у нацыянальнай палітыцы, гітлераўцы распаўсюжваюць на акупіраванай тэрыторыі нацыянальную сімволіку, ствараюць беларускія школы, тэатры, навуковыя таварыствы, выдаюць газеты, публікуюць старонкі беларускай гісторыі, якія замоўчваліся ў гады Савецкай улады" 1.

Нацыянальна зарыентаваным колам творчай інтэлігенцыі не так ужо хутка ўдалося пачуць ад В. Кубэ штосьці такое, што сведчыла б пра яго прыязнае стаўленне да беларускай культуры. Але галоўнае, што гэта ўсё ж было пачута і досыць пераканаўча. Выказаць афіцыйны погляд на дадзенае пытанне ён вырашыў у дзень, калі споўнілася гадавіна ад часу нападу Германіі на СССР. 22 чэрвеня 1942 г. самы масавы ў гады акупацыі перыядычны орган "Беларуская газэта" змясціла артыкул гаўляйтэра пад назвай "Год змаганьня супроць чырвонае пошасьці". Нішто сабе загаловак! Падобна буйному спецыялісту ў гэтай галіне ведаў ён дазволіў сабе даволі падрабязна паразважаць пра беларускае пытанне. Беларусь, на яго думку, "нацыянальна й гістарычна ня мае нічога супольнага з Масквою… Беларусы ніколі ня былі расейцамі (тут, зразумела, ніяк не запярэчыш В. Кубэ. ― Л. Л.). На працягу тысячагадовай гісторыі Беларусі тыя цесныя 150 год, у якія народ і край заставаліся прыгнечаныя Пецярбургам, былі толькі ланцугамі нядолі й нявольніцтва. У канцы XVIII стагодзьдзя беларусы толькі зьмянілі недастойнае польскае ярмо на расейскае нявольніцтва. Ці быў белы або чырвоны цар ― заўсёды гэта было панаваньнем кроўна-чужога гвалту, які панявольваў беларусаў".

Цяжка сказаць, прыведзеная цытата ёсць вынік самастойных тэарэтычных разваг В. Кубэ ці яна ўпісаная ў яго артыкул кімсьці са штату рэферэнтаў. Аднак у любым выпадку змест цытаты падзяляўся В. Кубэ. Значыцца, ён прызнаваў Беларусь за самабытны этнічны край і не атаясамліваў яго народ з усходнім суседам. А ў працах жа абсалютнай бальшыні рускіх навукоўцаў сцвярджалася зусім адваротнае. Ад яго не адышлі некаторыя з гора-тэарэтыкаў, палітыкаў і ў нашыя дні.

У гэтым артыкуле В. Кубэ ў зусім іншым ракурсе, чым прынята ў нас, характарызаваў нацыянальную палітыку цывільных нямецкіх уладаў у дачыненні да беларусаў. Кіраўнік акругі ніколькі не сумняваецца, што яна забяспечвае шляхі да новага жыцця "сумленнаму, здароваму й несапсутаму ў сваім ядры беларускаму народу… Беларускую мову мы, немцы, ахоўваем і апякуемся ёю. Поле й хата, сямейнае жыцьцё, школа, царкоўная свабода, культура, тэатр, асьвета й мастацтва ў беларускім характары ― вось тая мэта, якую мы ставім перад "найбольш нязнаным народам Эўропы", як называлі беларусаў. Ад самога беларускага народу залежыць паказаць сябе годным таго даверу, які мае да яго Вяліканямеччына. Бальшавіцкая Расея руйнуе, нацыянал-сацыялістычная Вяліканямеччына будуе.

(…) 10 міліёнаў беларусаў стаяць безабароннымі паміж 90 міліёнамі расейцаў і 18 міліёнамі палякаў. 100 міліёнаў немцаў гарантуюць 10 міліёнам беларусаў нацыянальнае самасьцьверджаньне ў коле народаў вызваленскай Эўропы. Менск ужо ня будзе больш рэклямавым прадмесьцем Масквы й сталінскіх бандытаў! Менск павінен стацца цэнтраляю собскага беларускага жыцьця пад нямецкім правадырствам (здорава сказана: собскае жыццё пад чужым правадырствам!? ― Л. Л.) у новай Эўропе. Але Беларусь мусіць прыйсьці да самасьведамасьці і энэргічна ўзяцца за заданьні, вызначаныя ёй Празорам. Беларусь больш ― ня форт выпаду чырвоных валадароў супроць Эўропы, а мяжа новай Эўропы супроць стэпавага духу маскалёў".

Несумненна, такія словы гаўляйтэра цешылі душу і сэрца тых беларусаў, што верылі, прыкладалі вялікія намаганні дзеля развіцця роднага краю ў поўнай гармоніі з яго нацыянальнымі, а не звонку гвалтам навязанымі стандартамі. Да таго ж сказанае першай палітычнай асобай Генеральнай акругі Беларусь абавязвала ўсіх падначаленых яе ўладзе не перашкаджаць дзеянням творчай інтэлігенцыі па навядзенні нацыянальнага парадку ў родным доме беларусаў. І якіх-небудзь сур'ёзных бар'ераў яна не сустракала ў сваёй працы, хаця ў атачэнні В. Кубэ знаходзілася нямала палітыкаў, у т.л. і даволі высокага рангу, якія на беларускую справу глядзелі з пазіцый нацыянал-сацыялізму, на першым плане ў якога стаяла паступовае анямечванне ўсіх падняволеных народаў. І толькі перыядычныя выступленні В. Кубэ ў абарону беларускай этнакультурнай самабытнасці стрымлівалі дэструктыўныя дзеянні яго апанентаў. Ці ж можна было не лічыцца з нацыянальнымі традыцыямі карэннага насельніцтва ГАБ, калі не мінула і месяца ад надрукавання вышэйзгаданага артыкула В. Кубэ, як ён ізноў зрабіў чарговую публічную заяву на карысць беларусаў: "Настаў час, што беларускі народ на беларускіх землях павінен сам тварыць сваё жыцьцё. На гэтай зямлі беларускай не мае што рабіць ані маскаль, ані паляк" 1.

Не выключана, што В. Кубэ, як і бальшыня высокіх нямецкіх палітыкаў, цвёрда верыў у канчатковую перамогу Германіі ў вайне і быў не супраць пасля заканчэння яе і надалей трымаць уладу над падначаленай Генеральнаму камісарыяту Беларусь тэрыторыяй. А каб апошнюю ў выніку ўсталявання новых адміністрацыйных межаў не далучылі да якога-небудзь іншага палітыка-тэрытарыяльнага фармавання, усяляк імкнуўся ўмацаваць беларускую этнакультурную адметнасць. З такім жа фактарам звычайна лічацца палітыкі, калі размова датычыць пытанняў будовы дзяржаўнага жыцця нават і пакораных народаў. Той жа з іх, хто страціў, не імкнецца да адраджэння ўласцівай яму этнакультурнай адметнасці, як правіла, не набывае статусу дзяржаўнай нацыі. На гэта варта было б звярнуць увагу і сучасным беларускім дзяржаўным, грамадска-палітычным, культурным дзеячам, так заклапочаным праблемай аб'яднання Беларусі з яе амаль дашчэнту дэфармаваным нацыянальным жыццём з Расіяй.

Дзеля больш поўнага ўяўлення пра стаўленне В. Кубэ да беларускага нацыянальнага пытання падам яшчэ адну цытату з яго публічных выступленняў. Падчас іх гаўляйтэр найчасцей за ўсё стараўся гаварыць пра беларускую мову, бо для яго не з'яўлялася сакрэтам, што апошняй давялося зведаць у суровыя гады паланізацыі і русіфікацыі. Выступаючы ў ліпені 1942 г. у Баранавічах, ён паабяцаў даць Беларусі, акрамя "палітычнае правадырства", яшчэ і "свабоднае разгортваньне свае собскае першаіснасьці, свае мовы, культуры й мастацтва", лічыў, што як толькі паўстане Беларуская самаахова, яна "павінна прычыніцца да таго, каб Беларусь сталася бясспрэчным прасторам беларускага народу, дзе кожны мог-бы свабодна гаварыць сваёй моваю…" 1

Такія, бяспрэчна, надзвычай карысныя для беларускай справы публічныя выказванні В. Кубэ рабіў не толькі дзеля якіх-небудзь прапагандысцкіх мэтаў, бо многае з агучанага ім, хаця і з вялікай цяжкасцю, усё ж пераўвасаблялася ў жыццё. Тут у першую чаргу можна адзначыць неблагія для ўмоў акупацыі дасягненні ў арганізацыі дзейнасці нацыянальных устаноў адукацыі і культуры, выданні газет, часопісаў і кніг, пра што ніжэй будзе весціся падрабязная гаворка. Упершыню больш за 150 гадоў на беларускай этнічнай тэрыторыі ГАБ, а таксама на нашых землях, што ўключылі ў рэйхскамісарыят "Україна", у акругу "Беласток", у Віленскім краі не функцыянавала аніводнай рускай школы, на што не паступала ні скаргаў, ні заяў ад бацькоў. А вось палякі выказвалі незвычайную актыўнасць да арганізацыі школ з роднай мовай навучання і гатовыя былі да аднаўлення характэрнай "усходнім крэсам" сістэмы адукацыі ўзору да 17 верасня 1939 г. З гэтым у іх нічога не атрымалася галоўным чынам дзякуючы ўмяшальніцтву кіраўніцтва Генеральнай акругі Беларусь і самога В. Кубэ.

Адсутнічаў у Генеральнай акрузе Беларусь і рускамоўны перыядычны друк, што не прычынілася да ўзнікнення якога-небудзь апазіцыйнага руху. З беларускамоўнай перыёдыкі самыя вялікія наклады мелі "Беларуская газэта" і "Голас вёскі". Шырокім попытам у насельніцтва карысталася "Баранавіцкая газэта", апошні нумар якой выйшаў 26 чэрвеня 1944 г.. Настаўнікі школы і вучні знаёміліся з патрэбнымі ім матэрыяламі на старонках часопісаў "Беларуская школа", "Школа і жыцьцё". У Саюза беларускай моладзі быў уласны часопіс "Жыве Беларусь!".

Нацыянальна-патрыятычныя сілы мелі бясконцую радасць, што В. Кубэ распарадзіўся на ўсёй тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь надаць толькі беларускай мове статус адзінай афіцыйнай у абслугоўванні цывільнага жыцця, што так рэдка назіралася ў айчыннай гісторыі. Многія добра памяталі, як беларускую мову не пускалі ў грамадскі ўжытак царскія чыноўнікі, як мэтанакіравана сталі абмяжоўваць яе сацыяльныя функцыі іх савецкія калегі пасля адыходу ад дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. Косткай у горле была беларуская мова для чынавенства "ўсходніх крэсаў" Польшчы. І тут на табе, зусім не шараговы нямецкі нацыст гаўляйтэр В. Кубэ з такой пашанай паставіўся да беларускага слова. Іншым разам чыноўнікі мясцовай цывільнай адміністрацыі імкнуліся забеспечыць беларускай мове статус адзінай афіцыйнай, не спыняючыся нават перад прымусам, праз выкарыстанне антыдэмакратычных метадаў, што толькі кампраментавала добрую задуму. Вядомы спецыяліст па праблеме гісторыі Беларусі ў гады нямецкай акупацыі Юры Туронак у якасці доказу прыводзіць прыклад, калі ў чэрвені 1942 г. у Слонімскай акрузе прынялі рашэнне караць грашовым штрафам тых, хто ў працоўны час не карыстаецца беларускай ці нямецкай мовамі. Датычыла гэта ў першую чаргу польскамоўных асобаў, бо па-руску на Слонімшчыне проста не было каму размаўляць.

В. Кубэ імпанавала паўсядзённая стваральная праца творчай інтэлігенцыі па адбудове, упарадкаванні нацыянальнага жыцця. Не выключана, што менавіта пад уплывам такіх старанняў ён неаднаразова рабіў публічныя заявы пра сваё жаданне ў чымсьці дапамагчы адраджэнню беларускага краю, які ў мінулым так шмат перажыў самых цяжкіх і несправядлівых выпрабаванняў. Падобная пазіцыя гаўляйтэра не магла не прывабліваць да сябе беларускіх дзеячоў нацыянальнай арыентацыі. Даволі хутка ў аснове сваёй прыязныя дачыненні ўсталяваліся паміж такімі дзеячамі і кіраўніцтвам Генеральнай акругі Беларусь, што толькі ішло на карысць нацыянальна-культурнай справе.

Пры нагодзе В. Кубэ не адмаўляў сабе папрысутнічаць на рознага роду беларускіх культурна-асветніцкіх мерапрыемствах, часта пакідаючы ў кнізе наведвальнікаў свой водгук: нязменна-станоўчы. Не думаецца, што такое рабілася толькі дзеля здабыцця павагі ў беларускага народа, у разліку на неабходную ад яго падтрымку. Гаўляйтэр і без гэтага меў дастаткова сілы, паўнамоцтваў, каб спаўна распараджацца лёсам жыхароў падначаленай яму тэрыторыі. Таму паважлівае стаўленне В. Кубэ да беларускіх духоўных каштоўнасцяў можна растлумачыць толькі яго высокім культурным узроўнем, павагай да прыгожага. Усім такім людзям уласціва не толькі вялікая любоў да культурна-моўных традыцый уласнага, але і іншых народаў. У крывавую бойню з СССР фашысцкая Германія кінула нямала і самых таленавітых прадстаўнікоў культуры і мастацтва, і бальшыня з іх, трапіўшы ў іншыя краіны, па-вандалісцку не ставіліся да іх духоўнага багацця. Бяспрэчна, да катэгорыі такіх асобаў належаў і В. Кубэ.

Ведаючы пра шчырае захапленне В. Кубэ беларускай традыцыйнай культурай, яе гарачыя прыхільнікі імкнуліся не ўпусціць ніводнай зручнай нагоды, каб не запрасіць яго папрысутнічаць на тым ці іншым мерапрыемстве. Каб хоць неяк парушыць суровае правіла вайны: "Музы маўчаць, калі гавораць гарматы", заклапочаныя цяжкім лёсам беларускага народа асобы загадзя пачалі з вясны 1942 г. старанна рыхтавацца да правядзення самага любімага ім свята Купалля, якое доўгія гады не адзначалася з-за ўведзенай на яго забароны бальшавікамі. Акупанты ж з пэўных выгодных і для сябе меркаванняў не сталі пярэчыць вяртанню да жыцця гэтага старажытнага свята. У Менску месцам правядзення яго выбралі парк ля ракі Свіслач. Прысутнічалі на свяце нават прадстаўнікі гарадской ваеннай і цывільнай адміністрацый на чале з генеральным камісарам гаўляйтэрам В. Кубэ. Вядома ж, хітры палітык, тонкі дыпламат не мог не выкарыстаць такой нагоды, каб чагосьці не сказаць на карысць акупацыйнай палітыкі фашысцкага рэйху: "Упершыню я маю радасць браць удзел у нацыянальнай урачыстасці беларускага народу. Мы, нацыянал-сацыялістыя, маем зусім асаблівае зразуменьне народжанае народам культуры, і вы знойдзеце ў гэтай галіне вашае работы зусім асаблівае падтрыманьне з нашага боку. Ад сэрца жадаем вам у гэтым першым дасягненьні шчасьця й просім вас у яшчэ большай меры падтрымліваць работу Беларускае Народнае Самапомачы. Яна мае важнае значаньне для вашага собскага народу, які пад моцнай аховай Адольфа Гітлера й нямецкага народу можа весці свой собскі спосаб жыцьця. Што тут ёсьць чужое, будзе адкінутае. Ад вас саміх залежыць прыкласьці свае сілы да абароны супроць таго, хто захоча перашкодзіць рабоце тут" 1.

Паблажлівае стаўленне В. Кубэ да беларускага пытання дазваляла навуковай, творчай інтэлігенцыі, без аглядкі па баках, будаваць сваю дзейнасць з улікам нацыянальных інтарэсаў, смела ісці ў народ і гаварыць яму ўсю праўду пра мінулае, схіляць да актыўнага ўдзелу ў ладкаванні нацыянальнага жыцця ў рамках дазволенага акупацыйнымі ўладамі. Ва ўсім гэтым выключна важную ролю адыгрываў перыядычны друк. Для яго была закрыта толькі прапаганда савецкага ладу жыцця, затое ніхто не забараняў пісаць пра самыя адметныя старонкі з гісторыі беларускага народа, нацыянальна-дзяржаўнага, культурнага развіцця, якія бессаромна былі сфальсіфікаваны царскімі і бальшавіцкімі ідэолагамі. Акупацыя заспела беларусаў практычна ў поўным гістарычным бяспамяцтве: айчынная гісторыя не выкладалася ні ў агульнаадукацыйнай школе, ні ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Усяго гэтага не мог не ўлічваць акупацыйны перыядычны друк. На яго старонкі прыйшлі дагэтуль для абсалютнай бальшыні людзей невядомыя матэрыялы пра першую беларускую дзяржаву ― Полацкае княства, пра прыярытэтнае значэнне беларускага фактару ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Не забываліся гаварыць беларусам пра дастаткова высокі ўзровень і самабытнасць іх культуры ў Сярэднявеччы. Дзякуючы старанням журналістаў многае стала вядомым чытачам пра масавыя фізічныя рэпрэсіі бальшавіцкага рэжыму.

Калі В. Кубэ, бачачы слабыя бакі ў культуры беларускага карода з-за яе моцнай зрусіфікаванасці і лічыў, што з дапамогай ажыццяўлення шэрага мерапрыемстваў адпаведнага характару можна паступова выправіць становішча да лепшага, дык яго пераемнік па пасадзе Курт фон Готберг (верасень 1943 ― чэрвень 1944 г.) займаў у многім зусім процілеглую пазіцыю. Ён ставіў у дакор беларусам, "што яны не ведаюць уласнай мовы (а гэта ж не іх віна, а многіх пакаленняў рускіх афіцыйных асімілятараў! ― Л. Л.), быў супраць адкрыцця культурных устаноў накшталт Менскага тэатра і лічыў, што культурная праца не павінна выходзіць па-за межы самага прымітыўнага ўзроўню" 1.

Няцяжка зразумець, што забеспячэнне беларускай культуры толькі такога ўзроўню зрабіла б яе зусім безабароннай перад анямечваннем, якое рана ці позна абавязкова прыйшло б у наш край, пагражаючы яму поўнай стратай сваёй самабытнасці. Такога ніяк не жадала дапусціць нацыянальнай арыентацыі беларуская творчая інтэлігенцыя і рабіла нямала ў экстрэмальных умовах акупацыі ў галіне адукацыі, па развіцці прафесійных пластоў культуры, забеспячэнні функцыянавання беларускамоўнага перыядычнага друку.

Не ў прыклад сваёй непадзельнай з цывільным насельніцтвам палітычнай, эканамічнай дзейнасці нямецкія акупацыйныя ўлады не лічылі неабходным строга прытрымлівацца такога падыходу да пытанняў культурнага жыцця на захопленай тэрыторыі. Тут многае перадавалася самой мясцовай творчай інтэлігенцыі, што ёю было ўспрынята з належным разуменнем, вялікай адказнасцю перад заняволеным на невядома які час народам. Цалкам правільным трэба прызнаць захады па ўмацаванні кадравага патэнцыялу культуры адданымі нацыянальнай ідэі асобамі, чаму не перашкаджалі і самі акупанты. Найбольш такіх асобаў мелася, натуральна, у Менску, у т.л. і за кошт прыезджых, пераважна з Вільні: доктар славянскай філалогіі і гісторыі Янка Станкевіч, паэтэса Наталля Арсеннева, публіцыст, гісторык Язэп Найдзюк, паэт, публіцыст Уладзіслаў Казлоўскі і інш. Беларускі нацыянальны актыў прыхільна паставіўся да неаднаразовых запэўніванняў гітлераўскіх акупацыйных уладаў, што пры іх Беларусь будзе жыццёвай прасторай яе ўласнага народа. Пры такім жаданым статусе нішто не перашкаджала будавацць культурнае жыццё беларусаў з улікам іх нацыянальных традыцый, моцна здэфармаваных паланізацыяй і русіфікацыяй, у т.л. і ў міжваенны перыяд.

У Генеральнай акрузе Беларусь практычна амаль на працягу ўсяго часу яе існавання назіраліся адрознені ў стаўленні людзей як да самога акупацыйнага рэжыму, так і ладкавання ў яго ўмовах нацыянальнага жыцця. Ва ўсходняй і цэнтральнай частках колішняй БССР, дзе знаходзілася нямала людзей, так ці інакш звязаных з дзейнасцю бальшавіцкай партыі і камсамола, што не магло не паўплываць на іх ідэалогію, нямецкія парадкі ўспрымаліся як штосьці крайне варожае, з чым трэба весці безлітасную барацьбу. Да таго ж існаваў страх панесці адказнасць за актыўны ўдзел у сацыялістычным будаўніцтве ў Савецкай Беларусі. Таму чакаць, што пасля адступлення Чырвонай Арміі на гэтай тэрыторыі адбудзецца ўсплёск нацыянальна-культурнай дзейнасці ніяк не даводзілася. Не трэба забывацца, што многія з тых, хто і сапраўды мог бы ахвотна, самааддана заняцца ёю, не дажылі да гэтай часіны, стаўшы бязвіннай ахвярай масавых савецкіх рэпрэсій. Нарэшце, нельга не ўлічваць і даволі высокую ступень русіфікацыі насельніцтва БССР у межах да верасня 1939 г., асабліва інтэлігенцыі, да чаго як след прыклалі рукі і самі савецкія ўлады ў перадапошнія даваенныя гады. Словам, вялікага спадзеву, што насельніцтва былога савецкага давераснёўскага абсягу Генеральнай акругі Беларусь загарыцца нястрымным жаданнем узбагаціць сваё культурнае жыццё прыродным нацыянальным матэрыялам не магло мецца.

Сказанае вышэй зусім нехарактэрным было для жыхарства, асабліва яго інтэлігентнага пласта, астатняй тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь. Тут людзі не зведалі на сабе вялікага ўздзеяння бальшавіцкай ідэалогіі, паспелі няблага разабрацца ў сутнасці савецкай дэмакратыі да пачатку вайны Германіі з Савецкім Саюзам. Не сакрэт, што акурат вайна шмат каго з грамадска-палітычных і культурных дзеячоў былой Заходняй Беларусі выратавала ад прымусовай высылкі ў Сібір, на Крайнюю Поўнач, у Казахстан і іншыя суровыя паводле сваіх кліматычных умоў раёны неабсяжнай "краіны Ільіча". Такія дзеячы з прыхільнасцю паставіліся да ліквідацыі бальшавіцкага палітычнага рэжыму ў выніку захопу Беларусі нямецкімі войскамі і без усялякага прамаруджвання пастараліся актывізаваць сваю нацыянальна-культурную працу.

Далучаная да культурнай дзейнасці ў акупаванай Беларусі інтэлігенцыя добра разумела, што ў тых экстрэмальных умовах надзвычай важна не адарваць ад нацыянальна-культурных традыцый моладзь ― будучае беларускага народа. Найбольш адукаваная яе частка, прычым даволі значная па колькасці, свае ўяўленні пра Германію звязвала не з Гітлерам і яго блізкім асяроддзем, а з Шыллерам і Гётэ, Бахам і Бетховенам і іншымі таленавітымі асобамі гэтага народа, таму вельмі лёгка магла пацягнуцца да яго культуры, у чым, несумненна, былі зацікаўлены акупанты, і з гадамі цалкам адарвацца ад сваіх прыродных духоўных каштоўнасцяў, г.зн. трапіць пад прэс анямечвання. Дарэчы, яго ціску ў перыяд Сярэднявечча і нават пазней не перанеслі многія адгалінаванні народаў славянскай супольнасці. Дапусціць такое з беларускім народам, лічылі яго адукаваныя, прагрэсіўныя колы, было б найвялікшым злачынствам, таму ўвесь час трымалі ў полі свайго зроку маладыя пакаленні. Самым важным у працы з імі трэба лічыць арганізацыю адпаведнай нацыянальнаму інтарэсу сістэмы адукацыі, пра што будзе падрабязная гаворка ў адмысловым праграфе кнігі.

Як неўзабаве высветлілася, моладзь стала аб'ектам самай пільнай увагі да сябе і з боку акупацыйных уладаў. Уплываць на яе нацыянальным сілам сталася зусім нялёгкай справай, іншым разам здавалася амаль безнадзейнай. Менавіта не яны, а мясцовая адміністрацыя стварыла ў чэрвені 1943 г. ледзь не цалкам паслухмяны ёй Саюз беларускай моладзі (СБМ), эталонам для якога з'яўляўся германскі саюз гітлераўскай моладзі (Гітлерюгенд).

Як і ва ўсіх іншых падобнага роду выпадках, В. Кубэ не мог не выкарыстаць дзень заснавання СБМ дзеля заваявання вялікага даверу ў насельніцтва сваёй акругі. Выступаючы з гэтай нагоды ў гарадскім тэатры Менска, ён пацешыў прысутных тут, і найперш моладзь, наступнымі словамі: "Беларускі народ на працягу сотні год свае гісторыі знаходзіўся ў сьцені сваіх больш магутных суседзяў. Але тое, што беларускасьць на працягу паўтысячагодзьдзя ўтрымалася ў сваёй радзіме і ўтрымала адзінства свае нацыянальнае асабістасьці, сведчыць аб самароднай сіле гэтага зацятага сялянскага народу. У беларускім народзе параўнальна вялікая частка нардычнае крыві. Гэта тлумачыць тое, што беларусы ня далі сябе зьнішчыць… ні Польшчы, ні царскаму гвалтоўнаму панаваньню, або бальшавіцкаму крываваму тэрору" 1.

Да працы ў кіраўнічых структурах СМБ прыйшло нямала таленавітых арганізатараў, а галоўнае ― шчыра адданых карэнным інтарэсам Бацькаўшчыны асобаў. Цалкам заслужана пасаду кіраўніка СБМ аддалі Міхасю Ганько. Ён быў не толькі добрым араганізатарам, але меў яшчэ здольнасці да разнабаковай творчай дзейнасці: спрабаваў сябе ў паэзіі, рэдагаваў і выдаваў часопіс СБМ "Жыве Беларусь!".

Па многіх параметрах адпавядала сваёй пасадзе другая па ранзе пасля М. Ганько асоба галоўная кіраўнічка юначак СБМ Надзея Абрамава. Па адукацыі ― медык (закончыла Менскі медыцынскі інстытут), таму і на кіраўнічай пасадзе ў СБМ рэгулярна выступала перад моладдзю з дакладамі па пытаннях аховы здароўя. Друкавалася ў часопісе "Жыве Беларусь!" Прызнаннем аўтарытэту гэтай асобы ў мясцовых уладаў трэба лічыць і абранне яе ў ліпені 1943 г. сябрам Беларускай рады даверу пры Генеральным камісарыяце Беларусі. Удзельнічала ў працы Другога ўсебеларускага кангрэсу (27 чэрвеня 1944 г.).

Сваімі стараннямі і ўласным прыкладам Н. Абрамавай удалося залучыць у шэрагі СБМ нямала нацыянальна актыўнай моладзі. І часцей за ўсё гэта былі навучэнцы, настаўнікі. Да апошніх належала і ўраджэнка в. Бор Навагрдскага раёна Галіна Бузук. Па рэкамендацыі Н. Абрамавай яна спачатку працавала культурным рэферэнтам ў Кіраўнічым штабе СБМ, а затым рэдагавала інструктарскі бюлетэнь аддзела прапаганды гэтага штаба. Нягледзячы на вялікую занятасць па службе ў Г. Бузук заўжды знаходзіўся час для напісання вершаў, якія вызначаліся сваім нацыянальным патрыятызмам, верай у шчаслівую будучыню роднай Бацькаўшчыны. Такія матывы захоўваліся ў вершах нават і пасля таго, як іх аўтар, ратуючыся ад савецкай Феміды, апынуўся на тэрыторыі Германіі. Пацвердзіць сказанае можна такімі радкамі аднаго з іх, што быў надрукаваны ў часопісе "Малады змагар" (Берлін, 1944, № 3):

Беларусь ― наша казка-быліна,

Беларусь ― наша шчасце-жыццё,

Вер, што прыйдзе калісьці хвіліна,

І прыгорнеш нас горача зноў!

Не прыгарнула. Пасля дэпартацыі ў СССР губляецца след таленавітай паэткі. А некаторыя ж лічылі, што з гадамі ў паэзіі яна можа быць нароўні з Наталляй Арсенневай.

Дзейнасць СБМ стала знаходзілася "пад кантролем аддзела моладзі Генеральнага камісарыята Беларусь (кіраўнікі В. Шульц, В. Гроземан) і спецслужбаў. Вышэйшы орган СБМ ― Кіруючы штаб на чале з М. Ганько (мужчыны) і Н. Абрамавай (жанчыны)… На месцах арганізоўваліся акруговыя і павятоўныя штабы саюза" 1. І хаця стваральнікамі Саюза ставілася за мэту выхаванне беларускай моладзі ў духу германскага нацыянал-сацыялізму, нацыянальна-патрыятычныя сілы ўсяляк імкнуліся не дапусціць яе ўзгадавання ў адрыве ад карэнных інтарэсаў сваёй дарагой Бацькаўшчыны. Пераконваюць у гэтым многія палажэнні са "Статута арганізацыі моладзі "Саюз Беларускай моладзі" (СБМ)", у прыватнасці такое:

"Правесьці нацыянальна-патрыятычнае ўзгадаваньне праз азнаямленьне з мінуўшчынаю беларускага народу і краю, вывучэньне роднае беларускае мовы і культуры, разьвіцьцё сваіх нацыянальных асаблівасьцяў і пазнаньне свае Бацькаўшчыны" 2.Такі выразны крэн у бок нацыянальнага меў поўнае апраўданне, бо будучае беларускага народа бачылася моцна знітаваным з еўрапейскімі народамі, найперш з нямецкім, з іх высокай культурай. Ад кантактаў з імі беларусы, як след не паклапаціўшыся пра ўтрываленне ўсяго нацыянальнага ў сваёй культуры, маглі б даволі хутка трапіць пад культурна-моўную асіміляцыю, мо яшчэ больш небяспечную за паланізацыю і русіфікацыю. У Статуце падкрэслівалася, што толькі пры наяўнасці ў беларускага народа культурнай адметнасці яго можна будзе "з годнасьцяй прыняць у сфэру эўрапэйскай культуры, з насамаперш у вабсяг культуры заходняэўрапэйскай" 1.

Нямецкія акупацыйныя ваенныя і цывільныя ўлады не перашкаджалі беларусам, як і іншым народам, будаваць сваё культурнае жыццё так, каб у ім у поўнай пашане было нацыянальна-спецыфічнае, бо яшчэ не надышоў час мэтанакіраванага буйнамаштабнага анямечвання заваёванага насельніцтва. СБМ не мог не выкарыстаць такой сітуацыі. Цяжкасцяў было нямала, прычыны чаму трэба шукаць не толькі ў характэрных для любой акупацыі ўмовах, але і ў крайне негатыўных наступствах паланізацыі і русіфікацыі. Жывыя носьбіты гэтых формаў культурна-моўнай асіміляцыі не бяздзейнічалі і ў гады нямецкай акупацыі, што абцяжарвала ход адбудовы духоўнага жыцця беларусаў на нацыянальных асновах. У пэўнай ступні адчувалася гэта і ў арганізацыі працы з моладдзю, чаго нельга было не ўлічваць кіраўніцкім структурам. Іх старанні сталіся зусім не марнымі. Маецца дастаткова пераканаўчых прыкладаў, што сябры СБМ добра разумелі свае абавязкі перад родным краем, паважалі, імкнуліся жыць яго нацыянальна-культурнымі традыцыямі, ставячы іх вышэй за прынесеныя на Беларусь з усходу ці захаду духоўныя стандарты. Сцвярджаць так дазваляе змест многіх дасланых моладдзю матэрыялаў у свой часопіс "Жыве Беларусь!", шэраг якіх даслоўна прыведзены ў дадатку да кнігі Юры Туронка "Людзі СБМ", да разгляду якіх не раз будзе звяртацца аўтар гэтых радкоў.

Першы нумар часопіса "Жыве Беларусь!" выйшаў у Менску ў свет ужо праз месяц пасля заснавання СБМ. Выдаваўся ён на беларускай мове. Усяго выйшла толькі 12 нумароў. На іх старонках, апроч афіцыйных матэрыялаў, змяшчаліся артыкулы па гісторыі Беларусі, паэтычныя творы, прычым даволі часта і саміх сяброў СБМ.

З афіцыйных матэрыялаў вартыя ўвагі пададзеныя ў першым нумары часопіса "Дзесяць запаветаў юнака і юначкі", з якіх самае непасрэднае дачыненне да тэмы маёй працы мае трэці "Шануй сваю родную мову, родныя песьні і казкі і дбай аб развіцьці і пашырэньні беларускае культуры". Нічога падобнага да гэтых нацыянальна-патрыятычных слоў не даводзілася мне сустракаць у інструкцыйных дакументах кіраўнічых органаў камсамола Беларусі ці сучаснага Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, мо таму маладыя пакаленні беларускага народа за савецкім часам і сёння з'яўляюцца такімі абыякавымі да сваіх нацыянальна-культурных традыцый, аддаюць перавагу песням у чужой мове.

Як бачым, такога негатыву ніяк нельга сказаць пра ідэолагаў і арганізатараў СБМ. У гады акупацыі беларускі народ усур'ёз сутыкнуўся з праблемай біялагічнага выжывання, а сяброў СБМ заклікаюць і, як толькі могуць, дапамагаюць шанаваць сваю родную культуру, мову, песні, казкі. Ужо ў год стварэння СБМ кампазітар Мікола Шчаглоў-Куліковіч "падрыхтаваў "Юнацкі спеўнік". Акрамя нацыянальнага гімна "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" і папулярных традыцыйных песень, у спеўнік увайшло некалькі новых, у тым ліку "Беларусь, наша маці-краіна…", "У гушчарах" на словы Наталлі Арсенневай, "Марш арлянятаў" на словы Міхася Каваля, усе ў музычнай апрацоўцы Шчаглова. Таксама была ўключана багдановічаўская "Пагоня" ў новай музычнай апрацоўцы гэтага кампазітара і песня Альбіна Стэповіча "Беларусь перад усім", якая лічылася гімнам СБМ" 1. Ужо самі назвы ўключаных у "Юнацкі спеўнік" песень даюць падставы сцвярджаць пра яго выразную нацыянальна-патрыятычную скіраванасць. Яна ж была характэрна і для бальшыні песень (друкаваліся з нотамі), змешчаных у часопісе "Жыве Беларусь!". Няцяжка ўявіць, як моцна ўплываў на настрой юнакоў і дзяўчат куплет з песні "Гэй, з намі радамі" (словы М. Ганько, музыка А. Камароўскага):

"Сяньня сілы маладосьці

сорам дома марнаваць,

трэба шчыльнымі радамі

йсці Радзіму будаваць" [1].

Шчырым, зайздросным нацыянальным патрыятызмам вызначаліся многія вершы адной з самых папулярных і актыўных аўтарак часопіса "Жыве Беларусь!" сябра СБМ Галіны Бузук. Прырода шчодра надзяліла яе паэтычным талентам. Недарэмна некаторыя напісаныя ёю вершы набылі вялікую папулярнасць сярод сяброў СБМ. У непадробнасці ўласцівага Галіне Бузук беларускага патрыятызму добра пераконваюць радкі з верша "Сябры", звернутыя да юнака, расчараванага ў дасягненні поспеху ў нялёгкім змаганні за шчасце радзімы:

"О, браце! Ня ведаеш ты, што змаганьне!

Што толькі грудзьмі нам няволю ламаць,

Што трэба нам, покі ў руках сілы стане,

Змагацца і помсты жалеза каваць!"

Сказанае вышэй пра публікацыі часопіса "Жыве Беларусь!" было характэрна і матэрыялам перыядычнага органа Наваградка "Покліч". Такую назву часопіса можна разглядаць як даніну павагі да яго папярэднікаў ― беларускага грамадска-палітычнага часопіса "Покліч" (Коўна; вясна 1926 ― вясна 1927 г.) і газеты Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў Заходняй Беларусі "Покліч" (Вільня, з лістапада 1927 г.), якія шмат увагі надавалі праўдзіваму асвятленню нацыянальна-культурнага жыцця беларусаў "усходніх крэсаў" Другой Рэчы Паспалітай. Сярод аўтараў наваградскага часопіса "Покліч" сустракаюцца навучэнцы мясцовай настаўніцкай семінарыі. Не можа не здзіўляць іх упэўненасць у светлае будучае роднага краю, хаця пісаць пра гэта даводзілася ў трывожным для яго 1943 г. Так, свой верш "Сьмела да мэты" ("Покліч", 1943, № 1, кастрычнік) вучаніца 1-га класа семінарыі Тамара Гладкая пачынае наступнымі радкамі:

"Адыйшла ўжо пакута, нядоля

Гора вечнае, зьдзекі, прымус.

Зацьвіла ўжо народная воля ―

Зможа вольна зажыць Беларус!" 1

Усё гэта было бясконца далёка ад рэчаіснасці, але, як бачым, настаўнікам удавалася пасеяць у душах некаторай часткі навучэнцаў такія беспадстаўныя ва ўмовах нямецкай акупацыі рамантызм і аптымізм.

Нават і ў час, калі ўжо мала хто верыў у перамогу Германіі, А. Якубовіч у звернутым да моладзі вершы "Заклік" ("Жыве Беларусь!", 1944, № 7) прамаўляе такімі патрыятычнымі радкамі:

"Наперад! Наперад! Дарогай адзінай

без страху ўсе мы пайдзём.

Гуртуймася дружна ў моцна любімай

адзінай сям'і СБМ!"

Не абыходзіў увагай моладзь і прысвечаны для дарослых перыядычны друк, бо далучаныя да дадзенай справы людзі добра разумелі, як важна, каб у гэтую выпрабавальную для беларускага народа часіну ўзгадоўвалася ўлюбёная ў родны край змена, не кідала яго ў пошуках для сябе лепшай долі. Шмат павучальнага для сябе мог узяць малады чытач з верша паэта-маладнякоўца Міхася Каваля * "Арляняты маладыя" ("Беларуская газэта", 11 жніўня 1943 г.). Паэтычнымі сродкамі ён заклікаў моладзь падымаць у сонца не нямецкія з фашысцкай свастыкай сцягі, а "Бел-чырвона-белыя", моцна трымацца культурных традыцый сваіх бацькоў:

"Каб зьвінела наша песьня

Над старонкай роднаю,

Каб гарэла наша сэрца

Радасьцю народнаю".

Такія пажаданні не грэх было б камусьці з самых смелых выказаць і сёння, асабліва на адрас творчай інтэлігенцыі, якая ў сябе дома ў дзесяткі, а мо і ў сотні разоў больш намаганняў прыкладае дзеля развіцця, распаўсюджвання рускай, чым беларускай песеннай культуры.

Двухбаковае (мясцовай адміністрацыі і нацыянальна-патрыятычных сіл) уздзеянне на Саюз беларускай моладзі ў вырашальнай ступені ўплывала на змест, характар ладжаных ім мерапрыемстваў. У адных выпадках яны цалкам задавальнялі акупацыйныя ўлады, у другіх ― служылі карэнным нацыянальным інтарэсам Бацькаўшчыны. Другая катэгорыя мерапрыемстваў значна пераважала над першай. Асабліва гэта датычыла культурна-асветніцкай дзейнасці. Дарэчы, яна выходзіла далёка за этнічныя межы Беларусі. Станавілася проста абявязковым правілам: калі пасланцы СБМ накіроўваліся ў Германію з канцэртамі мастацкай самадзейнасці, яны павінны былі быць толькі нацыянальна-беларускімі, каб дапамагчы еўрапейцам сфармаваць правільнае ўяўленне пра беларускую культуру і народ, якому яна належыць. Сёння ж нават дзяржаўныя прафесійныя артыстычныя калектывы не лічаць патрэбным ехаць на гастролі з нацыянальна-беларускім рэпертуарам і больш прапагандуюць за мяжой рускую, чым уласную культуру, што перашкаджае сцвярджэнню ў сусветнай супольнасці народаў погляду на беларусаў як на самабытны этнас.

Там, дзе дзейнасць СБМ была асабліва цікавай, змястоўнай, стаць яе сябрам выказвалі жаданне таксама маладыя людзі небеларускай нацыянальнасці. Менавіта так вырашыў вучань беларускай пачатковай школы ў Любчы, паляк па паходжанні Чэслаў Сенюх, сёння многім добра знаёмы сваімі перакладамі на польскую мову твораў беларускіх аўтараў, у т.л. і паэмы Якуба Коласа "Новая зямля". Пры сустрэчы ўлетку 1992 г. з карэспандэнтам газеты "Літаратура і мастацтва" У. Панадай ён з асаблівым пачуццём праспяваў наступныя радкі з гімна СБМ:

Беларусь, хай слова гэта будзіць новы дух між нас!

Нам дабро яе ― во мэта і найвышэйшы наш наказ.

Ні сляза ані стагнанне, ні пакора ані страх.

Толькі праца і змаганне ― гэта наш да мэты шлях! 1

Асэнсоўваючы гэтыя радкі і час іх з'яўлення на свет, ніколькі не сумняваешся ў беларускім нацыянальна-патрыятычным прадвызначэнні СБМ. Праўда, у моц розных прычын сёй-той з яго сяброў падаўся служыць у нямецкіх дапаможных вайсковых фармаваннях. Моладзь ішла на такі крок не з большым жаданнем, чым як гэта было характэрна ўсім жыхарам былых "усходніх крэсаў" Другой Рэчы Паспалітай пры іх дэпартацыі савецкімі рэпрэсіўнымі органамі ў далёкія малаабжытыя раёны СССР.

Нацыянальна-патрыятычнаму выхаванню моладзі ніколі не перашкаджала прысутнасць у Статуце СБМ і палажэнняў прагерманскага характару, да прыкладу, наступнага: "Вызваліць беларускую моладзь ад варожых і шкодных уплываў, адрадзіць яе маральна і ўзгадаваць у дусе Новае Беларусі пад моцным правадырствам нацыянал-сацыялістычнае Нямеччыны". Дзейнасць СБМ павінна была будавацца так, каб моладзь моцна ўсвядоміла "сабе ўсё гістарычнае значэньне таго, што яна жывець у эпоху Адольфа Гітлера, Правадыра Новай Эўропы". І ўсё ж на першым месцы ў працы з беларускай моладзю стаяла не падрыхтоўка яе да жыцця ў абноўленай Еўропе, а шчырае, самаахвярнае служэнне свайму нацыянальнаму ідэалу.

Як бачым, вялікае жаданне ў вольнай ад уплыву бальшавіцкага ідэалагічнага апарату моладзі працаваць на карысць беларускага нацыянальнага інтарэсу было такім непасрэдным, што гэтаму не адважыліся ставіць палкі ў колы нават фашысцкія каты. А яны абавязкова павінны былі стрымліваць актывізацыю беларускага нацыянальна-культурнага жыцця, бо не зрабіўшы такога, ставіліся б непераадольныя перашкоды анямечванню насельніцтва гэтага абсягу акупаваных тэрыторый.

Абсалютная бальшыня з сяброў СБМ не спыняла сваю працу на карысць беларускай справы і ў эміграцыі. Сярод іх ёсць нямала такіх, хто зрабіў важкі ўнёсак у жыццё беларускай дыяспары. Але не пазайздросціш тым сябрам СБМ, што засталіся дома. Калі камусьці і пашчасціла не трапіць у турэмныя засценкі, усё ж у сваёй службовай кар'еры доўгі час даводзілася сустракацца з рознага роду перашкодамі. А вось у дачыненні да сяброў Саюза рускай моладзі, які дзейнічаў і на Беларусі ў зоне нямецкага вайсковага камандвання, савецкія рэпрэсіўныя службы не праяўлялі такой строгасці.

Бяспрэчна, сваім публічным падтрыманнем беларускай нацыянальнай ідэі акупанты найперш думалі пра тое, як найбольш карысці зрабіць для фашысцкага рэйха. І з задуманага іх удалося нямала чаго ажыццявіць. Але ж з надання прыярытэту нацыянальна-беларускаму ў культурна-асветніцкай дзейнасці на тэрыторыі ГАБ не маглі не здабыць чагосьці карыснага і сапраўдныя патрыёты з ліку яе карэнных жыхароў. Гэта, як будзе паказана ніжэй, пацвярджаецца шматлікімі прыкладамі з практыкі працы ўстаноў адукацыі і культуры, перыядычнага друку, рэлігійна-царкоўных структур.

Паколькі стан культуры беларусаў падчас акупацыі ў многім залежаў ад месца пражывання іх у той ці іншай ваенна-адміністрацыйнай адзінцы, яе (культуру) найлепш за ўсё асвятляць менавіта з улікам такога фактару, пачаўшы з Генеральнай акругі Беларусь, з той прычыны, што акурат на яе тэрыторыі найбольш яскрава выявіліся як сама палітыка акупантаў у сферы культуры, так і ўдзел у ёй мясцовага насельніцтва.

Тагачаснай інтэлігенцыі нацыянальнай арыентацыі нельга не быць удзячнымі, што яна, нават будучы так моцна аслабленай у выніку масавых савецкіх фізічных рэпрэсій, усё ж знайшла ў сабе дастаткова розуму і сілы, каб у гады фашысцкай акупацыі не паддацца прынесенаму ёю сюды культурнаму ўплыву і будаваць духоўнае жыццё краю не ў адрыве ад яго спрадвечных традыцый. Павага да іх была такой магутнай і шчырай, што з роляю дамінанты беларускага фактару ў культурным жыцці Генеральнай акругі Беларусь не магло не лічыцца нават само яго кіраўніцтва. Пераканаўча сведчаць пра гэта, напрыклад, ужо раней цытаваныя мною словы з выступу В. Кубэ 7 ліпеня 1942 г. у Баранавічах: "Настаў час, што беларускі народ на беларускіх землях павінен сам тварыць сваё жыцьцё. На гэтай зямлі беларускай не мае што рабіць ані маскаль, ані паляк" 1. Як вынікае са сказанага, на ёй нічога не павінны былі рабіць і немцы. Адзіным законным гаспадаром у Беларускім доме культуры на тэрыторыі ГАБ прызнавалася яе карэннае насельніцтва, што станоўча адбівалася на аздараўленні яго нацыянальнай самасвядомасці. Наданнем прыярытэту беларускаму фактару ў сферы культуры забяспечвалася дасягненне ёю пэўнага поспеху нават і ва ўмовах жорсткага фашысцкага акупацыйнага рэжыму, няспыннай барацьбы з ім партызанаў і падпольшчыкаў. Такі поспех добра прасочваецца на ўсіх дзялянках культурна-асветнай дзейнасці беларускага народа.


Раздзел IV. Заснаванне і функцыянаванне нацыянальнай сістэмы адукацыі

§ 1. Супольна з бацькамі і грамадскасцю

Не паспеў народ як след апамятацца ад таго, што здарылася 22 чэрвеня 1941 г., хоць збольшага разабрацца, чаго трэба чакаць ад чужацкай улады, як надышоў час пасылаць дзяцей вучыцца ў школу. Не дазволіць такога з прычыны крутых перамен у жыцці не мелася б аніякага здаровага сэнсу. Дапусціць такое, каб дзеці школьнага ўзросту засталіся па-за адукацыяй, бадзяліся, дзе каму задумаецца, гэта значыла б садзейнічаць разумоваму адставанню беларускай нацыі ў цэлым. На падобнае магла б пайсці толькі нямецкая вайсковая і цывільная адміністрацыя, але толькі не прагрэсіўная, з вялікай адказнасцю за лёс народа частка беларускага грамадства. Ёй было добра вядома, што ва ўсіх захопленых фашысцкай Германіяй краінах ніхто не адмяняў закладзенай у іх здаўна сістэмы адукацыі. У яе толькі ўносіліся пэўныя карэктывы з мэтай абавязковага вывучэння нямецкай мовы (там дзе яна не выкладалася), гісторыі і геаграфіі Германіі. Пагадзіцца на такую карэкцыю лічылася нацыянальна зарыентаванай беларускай інтэлігенцыяй за меншае зло, чым аддаць дзяцей у распараджэнне вуліцы. Ініцыятыва па распачынанні дзейнасці агульнаадукацыйных школ цалкам належала такому стану інтэлігенцыі, а не акупантам, хаця поўнасцю ігнараваць і іх ролю ніяк нельга.

З вядомых беларускіх нацыянальных дзеячоў ніхто не зрабіў так багата для арганізацыі навучання дзяцей на тэрыторыі ГАБ, як удзельнік Першага ўсебеларускага кангрэса ў снежні 1917 г. у Менску, прыхільнік беларусізацыі касцёла, выдавец газеты "Беларускі фронт" у Вільні (май 1936 ― да 1939 г.) ксёндз Вінцук Гадлеўскі. У сталіцу ГАБ ён прыехаў адразу ж пасля ўсталявання тут цывільнай акупацыйнай улады і стварэння першых мясцовых беларускіх культурна-асветных устаноў. Яму "удалося пераканаць нямецкія цывільныя ўлады аб патрэбе адчынення як найхутчэй, дзе можна, пачатковых школаў. Тады пры генеральным камісарыяце Беларусі быў створаны Беларускі галоўны школьны інспектарат, а за галоўнага школьнага інспектара быў прызначаны кс. В. Гадлеўскі.

Насельніцтва і настаўнікі прыхільна адгукнуліся на ініцыятыву школьнага інспектарата" 1.

З удзелам мясцовых уладаў тэрмінова разгарнулася праца па падрыхтоўцы школ да заняткаў, забеспячэнні іх неабходным абсталяваннем, падручнікамі і дапаможнікамі, настаўніцкімі кадрамі. Пэўныя цяжкасці ў школ меліся з палівам, тым больш, што зіма 1941/42 г. сталася на дзіва марознай. Не заставаліся безудзельнымі да праблемы адукацыі бацькі школьнікаў, асабліва ў правядзенні рознага роду рамонту памяшканняў для заняткаў, нарыхтоўцы дроў. Дзякуючы такім клопатам і ва ўмовах акупацыі ўдалося ў першы навучальны год пасадзіць за парты даволі вялікую колькасць дзяцей. З бацькамі, якія па тых ці іншых прычынах не жадалі пасылаць дзяцей (ва ўзросце да 14-ці гадоў) у школу, мясцовымі ўладамі і настаўнікамі праводзілася адпаведная растлумачальная праца. Тут яны строга кіраваліся ўказаннямі гаўляйтара В. Кубэ ад 10 верасня 1941 г. датычна ўвядзення абавязковага навучання ўсіх дзяцей ад 7 да 14 гадоў, не жадаючы браць на сябе віну за яго зрыў. Ва ўказаннях чорным па белым было напісана: "За ажыцьцяўленьне гэтага (ахопу дзяцей ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў школьным навучэннем. ― Л. Л.) адказныя старшыні гарадоў, раёнаў і воласьцяў… Хто не пасылае дзяцей у школу, павінен быць пакараны" 2.

У шэрагу выпадкаў здаралася і такое, што бацькоў агітавалі паслаць дзяцей, якім яшчэ не споўнілася 15 гадоў, паўторна ў сёмы клас, хаця такую адукацыю яны ўжо атрымалі перад вайной. Асноўны аргумент падобнага падыходу: зараз, маўляў, такія дзеці набудуць з ведаў у сёмым класе і шмат чаго такога, што ім не жадала даць савецкая школа. І пэўная доля праўды была ў такой аргументацыі. На яе паддаліся і мае бацькі, паслаўшы сваю старэйшую дачку Ліду 1927 г.н., выпускніцу (1941 г.) сёмага класа Магільнянскай сярэдняй школы (Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сёмы клас мясцовай школы, створанай увосень 1941 г. па ініцыятыве акупантаў.

У гэтых указаннях не забыўся В. Кубэ і пра самых маленькіх грамадзян нашага краю, прадпісваючы, каб пад нямецкім наглядам ствараліся "ва ўсіх гарадах дзіцячыя сады, якія возьмуць догляд над дзецьмі, маці якіх працуюць. З дзяўчат, якія падлягаюць працоўнай службе, мусяць быць вылучаныя адпаведныя сілы… да працы ў дзіцячых садах" 1. Не прамінуў гаўляйтар выказацца датычна адукацыі яўрэяў, якая цалкам адпавядала дыскрымінацыйнай палітыцы фашысцкай Германіі ў гэтым пытанні. У цытаваным дакуменце зафіксавана наступнае: "Для жыдоў не ўстанаўліваецца ніякага абавязковага навучаньня. Жыдоўскія школы нельга арганізоўваць" 2. І гэта дырэктыва строга выконвалася. Іх не толькі не арганізоўвалі, але і не бралі яўрэйскіх дзяцей у школы з беларускай ці польскай мовамі навучання, баючыся адказнасці перад нямецкай адміністрацыяй.

Прыкладна ў гэты ж час за подпісам генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ была прынята і пастанова "Часовы школьны парадак", выразна скіраваная на абарону нацыянальнага інтарэсу карэннага насельніцтва, што добра вынікае з наступных слоў: "Дбаньне аб беларускай культуры, звычаях і асьвеце з'яўляецца адной з істотных задач школаў Генеральнага прастору Беларусі. Іншыя народнасьці, як палякі і расейцы, якія жывуць на гэтым жыццёвым прасторы, павінны засвойваць беларускую культуру… Выкладаньне ў школах будзе ў беларускай мове" 3.

Напачатку акупанты прыхільна ставіліся да арганізацыі польскамоўных школ на той частцы Генеральнай акругі Беларусі, што да 17 верасня 1939 г. знаходзілася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Аднак і іх дзейнасць не павінна была ажыццяўляцца ў поўным адрыве ад беларускага нацыянальнага інтарэсу. "У мясцовасьцях, ― адзначалася ў "Часовым школьным парадку", ― якія заселены польскаю меншынёю, павінны быць у школах у кожнай клясе не менш 6-х гадзін на тыдзень заняткаў па-беларуску". Нельга абмінуць увагай і такое месца ў гэтым дакуменце: "Кожнае злоўжываньне школы ў мэтах агітацыі польскай меншыні будзе цяжка карацца, бо жыцьцёвы прастор Беларусі ёсць перш за ўсё для беларускага жыхарства" 1. Без такой падтрымкі акупантамі беларусаў яны не адважыліся так упарта змагацца з магутным польскім уплывам на адукацыю на тэрыторыі яшчэ зусім нядаўніх "усходніх крэсаў".

Выключна вялікую ролю ў агітацыі бацькоў за пасылку дзяцей у школу, за арганізацыю ў іх навучальна-выхаваўчага працэсу ў духу нацыянальных традыцый адыграў перыядычны друк. Па гэтай лёсавызначальнай у любам становішчы праблеме выступалі самыя аўтарытэтныя ў беларускім грамадстве асобы і, зразумела, найчасцей за ўсё самі кіраўнікі сістэмы адукацыі, настаўнікі, вучоныя-педагогі. З ліку апошніх таксама нямала хто даў згоду працаваць у адчыненых акупантамі навучальных установах, актыўна ўключыўшыся ў працу, паставіўшы перад сабою мэту выпрацаваць такія метады і прыёмы навучання і выхавання, якія зрабілі б маладыя пакаленні беларусаў здольнымі лёгка інтэгравацца ў жыццё "Новай Еўропы". Дзеля шырокага і аператыўнага распаўсюджвання сваіх поглядаў такія вучоныя не маглі не выкарыстаць спаўна магчымасці перыядычнага друку.

Разумеючы вялікую ролю адукацыі ва ўсіх жыццёвых сітуацыях чалавека, удзел у яе арганізацыі пажадала ўзяць нямала і добра вядомых у краіне прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Так, абавязкі інспектара школ Слуцкага павета выконваў выпускнік Менскага педінстытута (1936 г.), беларускі паэт Лявон Случанін (сапр. Шпакоўскі). Да вайны ён паспеў пасядзець у сталінскіх лагерах, а датэрмінова вызваліўшыся з-за адсутнасці віны, папрацаваць за настаўніка Слуцкага педвучылішча. Высокім аўтарытэтам сярод педагагічнай інтэлігенцыі карыстаўся не толькі дзякуючы добрай прафесійнай дасведчанасці, але і плённай, насуперак цяжкім варункам нямецкай акупацыі, працы на ніве беларускага прыгожага пісьменства.

Аднак ніхто не зрабіў такога вялікага ўкладу дзеля набыцця адукацяй масавага характару, як само шараговае настаўніцтва, нізавыя звёны мясцовай цывільнай адміністрацыі, маючы непасрэдны дотык з бацькамі і вучнямі. У гэтых зусім не простых умовах настаўнікі не разгубіліся, занялі правільную пазіцыю. Яны з вялікім энтузіязмам і жаданнем выкарысталі дадзенае акупантамі беларускаму народу права навучаць сваіх дзяцей роднай мове і сталі актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі школ.

Згодна з афіцыйнымі данымі ў 1941/42 н.г. навучанне дзяцей ва ўсіх акругах ГАБ вялося ў 3050 школах. Заняткі ў іх наведавала 278,8 тыс. вучняў. Колькасць неахопленых школамі дзяцей склала 37,6 тыс. З агульнага ліку школ беларускіх было 2802, польскіх ― 334, літоўскіх ―14 1.

Такім чынам, ужо ў першы навучальны год, калі сітуацыя на савецка-нямецкім фронце яшчэ сур'ёзнай пагрозы не ўяўляла для Германіі, адукацыя на Беларусі пайшла зусім не тым шляхам, якім жадалі фашысцкія вярхі будаваць гэтую сферу на акупаванай савецкай тэрыторыі. "Мясцовае насельніцтва, ― заяўляў сам фюрэр Трэцяга рэйха, ― належыць утрымліваць на як мага ніжэйшым узроўні культуры. Школы дапушчальныя толькі на пачатковым узроўні (на Беларусі ж побач з імі функцыянавалі ў першы навучальны год і сямігадовыя. ― Л. Л.), пры гэтым не трэба ўводзіць абавязковага школьнага навучання. Уменьне чытаць і пісаць ― увогуле шкоднае, бо дае магчымасць больш светлым галовам спазнаваць гісторыю, а значыць, даходзіць і да палітычнага мыслення, якое магло б сваім вастрыём павярнуцца супраць Германіі" 2. Заяўлена нібыта зусім не для Беларусі. І калі погляд Гітлера на адукацыю не прыжыўся на тэрыторыі ГАБ, заслуга, вядома ж, не яе кіраўніцтва, а нейкіх іншых сіл. І, як не цяжка здагадацца, гэтыя сілы былі беларускай нацыянальнай арыентацыі, пазней ахрышчаныя бальшавіцкімі ідэолагамі ганебным тэрмінам калабаранты.

У першы навучальны год працу ў школах забяспечвалі 10426 настаўнікаў, з якіх вышэйшую педагагічную адукацыю мелі 806 чалавек, вышэйшую непедагагічную ― 243, незакончаную вышэйшую ― 740. Нацыянальны склад настаўнікаў быў такім: беларусаў 8695, палякаў ― 1366, расейцаў ― 189, іншых ― 176 1. Звяртае ўвагу даволі значная колькасць настаўнікаў рускай нацыянальнасці. Сярод іх магло быць і нямала ўраджэнцаў з-за межаў Беларусі, якім не ўдалося эвакуавацца на ўсход. Каб мець так патрэбны ў гады акупацыі заробак, яны пастараліся авалодаць беларускай мовай і сталі выкладаць на ёй у школах. Да настаўнікаў рускай нацыянальнасці, як і ўсіх астатніх, за некаторым выключэннем толькі польскага паходжання, у кіраўніцтва інспектарыята беларускіх школ пры Генеральным камісарыяце Беларусь не мелася якіх-небудзь сур'ёзных прэтэнзій. Наадварот, у справаздачы за 1941/42 н.г. дадзена іх дзейнасці такая станоўчая характарыстыка: "Нягледзячы … на цяжкасці настаўнікі самааддана працуюць на карысць Бацькаўшчыны, узгадоўваючы дзяцей у новым духу Эўропы…" 2 Тлумачылася гэта тым, што пры ўладкаванні настаўнікаў на працу ў школы асаблівая ўвага звярталася на тое, каб сюды не трапілі людзі, шкодныя, паводле мерак акупацыйнай улады, для беларускага школьніцтва. Калі ж такое здаралася, іх адразу здымалі з працы.

Мала дзе даводзілася пераадольваць такія цяжкасці з арганізацыяй школьнай справы, як у Менску, хаця тут знаходзіліся службы па яе кіраванні, мелася дастатковая колькасць педагагічнай інтэлігенцыі, прычым даволі высокай кваліфікацыі. Абумоўліваліся такія цяжкасці страшэнным разбурэннем горада, заняццем школьных будынкаў рознымі вайсковымі і цывільнымі арганізацыямі і ўстановамі для сваіх патрэб. Аднак нягледзячы на ўсё гэта "гарадскому аддзелу асветы пры Менскай гарадской управе ўдалося здабыць неабходныя будынкі ды ў кастрычніку 1941 г. урухоміць 12 народных школаў ― на 6000 вучняў". Агульная ж колькасць жыхароў Менска на той час складала 100 тыс. 1

Вышэй пададзеныя статыстычныя звесткі пра кантынгенты вучняў і колькасць настаўнікаў датычаць толькі Генеральнай акругі Беларусь, на якую даводзілася чвэртка тэрыторыі даваеннай БССР. Значыцца, прыведзеныя звесткі зусім не сведчаць пра недастатковае развіццё адукацыі. Таму ніяк нельга пагадзіцца з міністрам асветы БССР Платонам Саевічам (1947 ― 1951 гг.), які так пісаў пра стан асветы ў перыяд нямецкай акупацыі: "Звыш 1800 тысяч беларускіх дзяцей, юнакоў і дзяўчат страцілі магчымасць вучыцца. Шмат настаўнікаў, якія не паспелі эвакуіравацца, асталося без работы, было асуджана на голад, холад, выміранне" 2. Страцілі магчымасць вучыцца толькі дзеці, што пражывалі ў партызанскіх зонах. Гэтакае ж можна сказаць і толькі пра настаўнікаў такіх зонаў. Абсалютная ж бальшыня тых, што жылі на тэрыторыі, якая знаходзілася пад акупацыйнай уладай, найчасцей за ўсё ішлі на працу ў школы, каб мець нейкі заробак. І датычна сферы адукацыі ў многім прымальна ўзважаная выснова гісторыка Уладзіміра Кузьменкі: "У гарадах і рабочых пасёлках вельмі многія маглі выжыць толькі ўладкоўваючыся на прадпрыемствы і ва ўстановы, што працавалі на акупантаў. Захопнікі прымушалі рабіць гэта і сілай" 3.

Апошнюю ўжываць у дачыненні да настаўнікаў не мела асаблівай патрэбы з-за дастаткова вялікай колькасці іх на акупаванай тэрыторыі Беларусі. З тых, хто да вайны працаваў у школах Беларусі, у савецкі тыл удалося эвакуаваць прыкладна 7000 чалавек. Гэтыя даныя прывёў сакратар ЦК КП(б) Б па прапагандзе Ціхан Гарбуноў на V пленуме ЦК КП(б) Беларусі, які праходзіў у лютым 1943 г. у Маскве 4. Не выключана, што агучаная на ім лічба завышаная, паколькі ўсур'ёз пра арганізацыю эвакуацыі цывільнага насельніцтва паклапаціліся толькі ва ўсходніх раёнах Беларусі. Дый самі настаўнікі не выказвалі асаблівага жадання зрывацца з бацькоўскага кута.

Да таго як распачаць практычныя дзеянні па развязванні гэтай лёсавызначальнай ва ўсіх жыццёвых сітуацыях праблемы, многіх дасведчанных у пытаннях педагогікі людзей дый бальшыню саміх бацькоў ніколькі не задавальняла, што "новыя гаспадары" Беларусі імкнуцца абмежаваць адукацыю вырашэннем зусім просценькай задачы: навучыць дзяцей толькі чытаць, пісаць і лічыць да пяцісот. Гэта значыла, што планка адукацыі не павінна падымацца вышэй за пачатковую школу. Такі прымітыўны ўзровень адукацыі дзяцей Беларусь практычна ўжо мела і ў апошнія гады яе знаходжання ў складзе Расійскай імперыі. Не зрабіўшы ў галіне асветы ні кроку ўперад ад той мяжы, якая вызначалася дзеячамі "новага парадку", мы мелі б вельмі няўстойлівыя ад анямечвання маладыя пакаленні беларускага народа. Таму можна паставіць у вялікую заслугу ўсім, хто не разгубіўся ў той няпростай сітуацыі і дамогся ад мала згаворлівых нямецкіх цывільных чыноўнікаў дазволу на стварэнне ўжо з восені 1941 г. не толькі пачатковых, але і няпоўных сярэдніх (сямігадовых) агульнаадукацыйных школ. Недаацэньваць такой акцыі ніяк нельга, бо сюды ж на працу павінны былі прыйсці і прыйшлі не нямецкія, а беларускія педагогі, абсалютная бальшыня з якіх у даваенны час атрымала адукацыю ў савецкіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Падавалася зусім малаверагодным, што такія педагогі ў новых для сябе ўмовах адразу ж стануць актыўнымі праваднікамі фашысцкай ідэалогіі ў адукацыю Беларусі. Хутчэй за ўсё можна было разлічваць на адваротнае ў іх навучальна-выхаваўчай дзейнасці. Так яно практычна і атрымалася, але ж далёка не паўсюдна з-за ўвядзення строгіх мер у дачыненні да кіраўнікоў адукацыі, настаўнікаў у выпадку дапушчэння якіх-небудзь прасавецкіх акцый. У "Часовым школьным парадку" быў такі пункт: "Кожны бальшавіцкі ўплыў, які выходзіць із школы, будзе карацца сьмерцю, бо падрастаючая моладзь Гэнэральнага прастору Беларусі павінна быць узгадавана строга ў духу новай Эўропы пад кіраўніцтвам Адольфа Гітлера" 1.

Увядзенне такой жорсткай адказнасці за парушэнне ўсталяванага акупантамі рэжыму ў сферы адукацыі, несумненна, дала жаданыя для іх вынікі. У справаздачы інспектарыята беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі аб працы школ за 1941/42 н.г. не зафіксаваны якія-небудзь істотныя парушэнні гэтага рэжыму. Як станоўчае адзначана, што праца настаўнікаў у школе, у параўнанні з той, якой яна была ў савецкі час, "стала куды цікавей, лягчэй: настаўнікі не адчуваюць над сабой жыдоўска-бальшавіцкага прыгнечання". Калі ж якія-небудзь цяжкасці і ўзнікалі ў працы школы, дык гэта "перашкоды з боку польскіх элементаў (Ліда, Вялейка), бандытызм і партызаншчына…" К канцу года шмат польскіх настаўнікаў за іх апалячванне беларускіх дзяцей паздымалі з працы 2.

Дзеля аб'ектыўнасці нельга не адзначыць вялікай зацікаўленасці да стану адукацыі непасрэдна самога камісара Генеральнай акругі Беларусь В. Кубэ. Менавіта з яго дазволу ў снежні 1941 г. адбылася канферэнцыя акруговых і раённых інспектараў, на якой разглядалася шырокае кола самых надзённых пытанняў працы школы. В. Кубэ былі добра вядомы дзеянні партызан па зрыве заняткаў у школах ужо ў канцы першага навучальнага года. Разумелася, што такія дзеянні набудуць яшчэ больш маштабны характар ў чарговым навучальным годзе. Таму, выступаючы ў час пасяджэння Беларускай народнай самапомачы, якое адбывалася ў канцы чэрвеня ці 1 ліпеня 1942 г., гаўляйтар з усёй рашучасцю заявіў, "што прымусовае навучаньне павінна быць ужыцьцёўленае на 100 працэнтаў" 3. Як няцяжка зразумець, у гэтых словах было больш палітыкі, чым рэальнасці, бо партызаны ў зонах свайго ўплыву зусім не збіраліся дапусціць функцыянавання ў новым навучальным годзе школ акупацыйнага ўзору. І так было ў сапраўднасці.

Ужо на самай ранняй стадыі арганізацыі акупацыйнай сістэмы выхавання і навучання дзяцей на парадку дня з'явілася пытанне пра выкладанне ў школах рэлігіі ў якасці самастойнага прадмета. Ініцыятыва зыходзіла не толькі ад педагагічных калектываў польскіх, але і беларускіх школ заходніх раёнаў Генеральнай акругі Беларусь, дзе да вайны выкладаўся такі прадмет. Настаўніцтва цэнтральнай і ўсходняй частак акругі выяўляла поўную індэферэнтнасць да гэтага пытання, бо ў савецкіх школах калі што-небудзь вучням і гаварылася пра рэлігію, дык толькі ў плане атэізму. Сфармуляваная кіраўніцтвам Генеральнай акругі Беларусь пазіцыя па дадзеным пытанні была такая: выкладанне рэлігіі не з'яўляецца справай гаспадарства, а справай царквы. Прымус да вывучэння закона Божага павінен карацца. Гэтае ж кіраўніцтва прапанавала пры арганізацыі рэлігійнага выхавання не забывацца на дзяцей магаметанскай веры і, несумненна, мела рацыю, бо ў міжваенныя гады такое бесперашкодна практыкавалася ў Заходняй Беларусі.

У справе арганізацыі адукацыі многае высветлілася пасля таго, як позняй восенню 1941 г. у Менску адбылася Усеагульная канферэнцыя школьных інспектароў. Ініцыяваў і праводзіў яе Галоўны школьны інспектар, ксёндз цвёрдай беларускай арыентацыі Вінцук Гадлеўскі. Найбольш актыўна за панаванне ў навучальна-выхаваўчым працэсе школ беларускага духу выступалі інспектары з былой Заходняй Беларусі, якім цяпер даводзілася штодзённа стрымліваць магутны польскі ўплыў на сферу адукацыі. Акурат гэтым інспектарам у найбольшай ступені і абавязана створаная пад эгідай акупантаў беларуская школа сваім рашучым паваротам да нацыянальнага інтарэсу Бацькаўшчыны. У той жа час шчырыя прыхільнікі яго меліся і сярод кіраўнікоў, настаўнікаў школ на тэрыторыі колішняй Савецкай Беларусі ў яе давераснёўскіх адміністрацыйных межах 1939 г., бо ў іх памяці працягвалі захоўвацца прагрэсіўныя ідэалы міжваеннай беларусізацыі.

На стане адукацыі ў першыя часы яе закладкі ў акупаванай Беларусі пазітыўна адбіўся прыход сюды на кіраўнічыя пасады высокакваліфікаваных арганізатараў-педагогаў, прычым непахіснай нацыянальнай арыентацыі. Сярод іх быў і Радаслаў Астроўскі, які ў жніўні 1941 г. узначаліў аддзел народнай асветы Менскай акругі. Педагагічны досвед ён меў вельмі багаты: выкладчык Менскага настаўніцкага інстытута (1915 ― 1917 гг.), арганізатар і першы дырэктар беларускай гімназіі ў Слуцку (1917 г.), дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1924 ― 1936 гг.). Толькі вось працаваць на гэтай надзвычай адказнай на той час пасадзе доўга не давялося: у кастрычніку 1941 г. прызначылі бургамістрам Смаленска.

У станаўленні, самой дзейнасці сістэмы адукацыі ў межах ГАБ адразу ж узніклі сур'ёзныя тэрытарыяльныя адрозненні. У той частцы яе, дзе да 17 верасня 1939 г. функцыявала савецкая ўлада, праблема развязвалася значна прасцей. А вось на захад ад гэтай часткі адразу ж давялося сутыкнуцца з даволі сур'ёзнымі канфліктамі паміж стваральнікамі беларускіх і польскіх школ. Прыхільнікі апошніх ставілі за мэту ледзь не цалкам аднавіць (галоўным чынам у моўным плане) тут адукацыю, што існавала да 17 верасня 1939 г., зусім не ўлічваючы выкліканых фашысцкай акупацыяй карэнных перамен у поглядах на нацыянальны фактар у дадзенай сферы духоўнага жыцця.

З незвычайнай упартасцю ішла барацьба за польскую школу ў Лідскай і Вілейскай акругах. І, як высветлілася, недарэмна! У канцы 1941 г. у іх з агульнай колькасці школ прыкладна палова ў якасці рабочай мовы выкарыстоўвала польскую. Галоўная прычына такога становішча не ў недахопе беларускамоўных настаўнікаў, а ў вялікім старанні польскіх дзеячоў не выпусціць з-пад свайго кантролю гэтую важкую і ва ўмовах акупацыі сферу духоўнага жыцця. Некаторыя беларускія сем'і, не будучы ўпэўненымі ў рэальнасці навучаць сваіх дзяцей на роднай мове, пасылалі іх у польскамоўныя школы. Гэта быў вельмі стратны варыянт, бо вучыць дзяцей у чужой мове, нават і блізкароднаснай, г.зн. калечыць іх, рабіць няздольнымі быць выразнікам нацыянальнага духу. Такое не з'яўлялася сакрэтам для многіх далучаных да арганізацыі школ беларусаў. Ім не без дапамогі мясцовай нямецкай адміністрацыі ўдалося ў належнай ступені ўтрываліць нацыянальны пачатак у сістэме адукацыі. У межах Генеральнай акругі Беларусь ужо ў першым навучальным годзе дзеці яе карэннага насельніцтва ўзгадоўваліся ў пераважнай бальшыні ў адпаведнасці з культурна-моўнымі традыцыямі роднай зямлі, што так рэдка да гэтага было ў яе гісторыі.

У заснаваных няпоўных сярэдніх агульнаадукацыйных школах наша моладзь не толькі навучалася чытаць і пісаць, лічыць да пяцісот, але і набывала значны аб'ём ведаў па прыродазнаўчых і гуманітарных дысцыплінах. І што вельмі важна, не лішнім будзе яшчэ раз падкрэсліць, у агульнаадукацыйных і ва ўсіх астатніх тыпах навучальных устаноў ГАБ навучанне і выхаванне будаваліся выключна толькі на беларускай мове, прычым паводле правілаў, якіх прытрымліваліся да прыняцця ў жніўні 1933 г. пастановы Савета народных камісараў БССР "Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу" (жнівень 1933 г.). Дарэчы, гэты прапанаваны савецкімі ўладамі яўна скіраваны на русіфікацыю беларускай мовы правапіс не быў прыняты да верасня 1939 г. пісьменніцкай інтэлігенцыяй, нацыянальным перыядычным друкам, навучальнымі ўстановамі Заходняй Беларусі. Вяртанне ў школы акупаванай Беларусі данаркамаўскага правапісу адбывалася мірна, спакойна без усякага супраціву з боку настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.

Прыведзеныя вышэй матэрыялы даюць дастаткова падстаў сцвярджаць, што фашысцкая акупацыя не пазбавіла беларускіх дзяцей магчымасці атрымліваць адукацыю, прычым такую, што будавалася ў максімальнай ступені з улікам гістарычных, нацыянальна-культурных традыцый. Многім і бацькам, і настаўнікам гэта прыносіла сапраўдную радасць, хацелася, каб і надалей нішто не перашкаджала пасылаць дзяцей у школу. Пэўныя ж сумненні датычна такой магчымасці меліся, асабліва ў насельніцтва, педагагічных калектываў тых мясцовасцяў, дзе пачынаў разгортвацца партызанскі рух.

Вынікі першага навучальнага года сталі ледзь не самай актуальнай тэмай для перыядычнага друку. Далучаныя да арганізацыі народнай асветы асобы ўсяляк усхвалялі яе дасягненні, дапускаючы і перабольшванні. Не шкадаваў эпітэтаў інспектар асветы Барысаўскай акругі Уладзімір Гуцька, пішучы: "…ніводзін бальшавіцкі навучальны год не можа стаць упоравень із нашым першым навучальным годам, з годам, дзе заміж жыдоўскага інтэрнацыяналізму, заміж марксысцка-ленінска-сталінскага блуду, кіраўнічым быў беларускі нацыяналізм, сіла праўды й цана чалавечае годнасьці". Аўтар у захапленні, што назіраецца поўны адыход "ад савецкае сыстэмы навучаньня", усталёўваецца яснае ўсведамленне "свайго гістарычнага права на самастойнае існаваньне (нібыта Беларусь у той час, калі пісалася гэта, не знаходзілася пад нямецкай акупацыяй!? ― Л. Л.), права на нацыянальны гонар беларуса…" Некалькі перабольшваў У. Гуцька і тады, калі сцвярджаў наступнае: "Беларускае настаўніцтва шчасьлівае сяньня тым, што пасьля доўгіх год калечаньня й няволі лучыла якраз яму шчасьце быць абуджальнікам нацыянальнае сьведамасьці ў маладых душах нашага вучнёўства, шчасьце браць удзел у вялікім нацыянальным адраджэньні свае Бацькаўшчыны" 1, бо ўсё гэта немагчымае, калі асноўным яе гаспадаром з'яўляліся не самі беларусы, а акупанты. Як бачым, спрэчнага нямала ў прыведзенай цытаце.

І ўсё ж, неабходна прызнаць прысутнасць вялікага задавальнення ў шырокіх колах грамадства, што ўсталяваны ў акупаванай Беларусі палітычны рэжым не забараняў выхоўваць у яе школах дзяцей у нацыянальна-патрыятычным духу, што ахвотна выкарыстоўвала ўлюбёнае ў свой край настаўніцтва. Значэнне працы ў такім напрамку вельмі правільна вызначана ў артыкуле Кастуся Адамчыка "Школа й настаўнік", змешчаным у газеце "Голас вёскі" (27 верасня 1942 г.). У ім можна прачытаць такое: "Розум, узбагачаны навукай і нацыянальным узгадаваньнем, лучыць народ у вадзінае цэлае, загартоўвае ягоную волю й самаахвярнасьць у змаганьні за сваю нацыянальную незалежнасьць і эканамічны дабрабыт. Вось-жа нашая маладая беларуская школа й павінна ўзгадаваць гэтыя якасьці ў нашых дзяцей".

Пры гэтым К. Адамчык, як і многія іншыя прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, найбольшую надзею ўскладаў на жыхароў сельскай мясцовасці, што відаць з яго наступных слоў: "Чужынцы розных часоў і ўсялякіх палітычных кірункаў імкнуліся сьцерці з нашае беларускае вёскі ейнае нацыянальнае аблічча. Вось-жа народны настаўнік мусіць цяпер дапамагчы адрадзіць гэтую нацыянальную душу й цела нашае вёскі, яе духовую і матар'яльную культуру. Не варочацца да лапця… а старанна вывучаць усё багацьце нашае сапраўднае й высокае культуры". Запярэчыць аўтару ў чым-небудзь ніяк не выпадае. Калі ў нашым краі загаспадарылі нямецкія акупанты, ролю нацыянальнага фактару ў этнічным выжыванні яго карэннага насельніцтва ніяк нельга было недаацэньваць.

§ 2. Школа не скарылася перад суровымі выпрабаваннямі

Шмат у чым адметным ад папярэдняга стаў 1942/43 н.г. Моцна паўплывалі на гэта перш за ўсё актывізацыя партызанскага руху, з-за чаго давялося зачыніць шэраг школ, а таксама непрадбачныя для Вермахта няўдачы на нямецка-савецкім фронце. Аднак і ў гэтых умовах са згоды акупацыйных уладаў вялася шырокая агітацыя ў народзе за неабходнасць і надалей усяляк развіваць беларускую школу як найважнейшы сродак узгадавання дзяцей да жыцця ў "Новай Еўропе". Узмацненне такога роду агітацыі цалкам апраўдвалася характэрнай таму часу сітуацыяй. Ні для каго не з'яўлялася сакрэтам, што пашырэнне партызанскага руху на Беларусі, кіраўнікі якога катэгарычна не пагаджаліся з навучаннем дзяцей у створаных з дазволу акупантаў школах, рэальна пагражала рэзкаму звужэнню ўсёй адукацыйнай працы, чаго не маглі не прадбачыць у органах нямецкага цывільнага кіраўніцтва і самі настаўнікі. Таму, каб не адбіць у бацькоў жадання пасылаць сваіх дзяцей у школу, даводзілася весці сур'ёзную вусную і пісьмовую растлумачальную працу па раскрыцці яе ролі ў жыцці народа. Пераканаўча паказана гэта ўжо ў раней цытаваным артыкуле К. Адамчыка: "Добрая школа на вёсцы і настаўнік, якога паважае ўся ваколіца, былі здаўна гонарам у сялянаў. Бо школа й настаўнік узгадоўваюць ня толькі добрых і спрактыкаваных памагаючых у гаспадарцы, але й разьвіваюць у дзяцей лепшыя чалавечыя якасьці, якіх часам не дае сям'я, прывучаюць дзяцей думаць над рэчамі і зьявамі ды шырэй глядзець на жыцьцё. Школа ― сьветач на вёсцы, да якога цягнуцца позіркі ня толькі маладых, але й старых. Яна сваймі культурнымі ўплывамі на вёску спрычыняецца далейшаму нацыянальнаму й культурнаму развою і арганізаванасьці нашага беларускага сялянства".

Адметным для 1942/43 н.г. з'явілася ўвядзенне ў першых класах навучання на лацінскім алфавіце. З гэтай мэтай яшчэ да пачатку заняткаў для настаўнікаў былі прыведзены ў валасцях курсы. Своечасова паклапаціліся і пра падрыхтоўку лемантара на лацінцы. Пераход на яе лягчэй адбываўся ў заходняй частцы Генеральнай акругі Беларусь, паколькі многія з настаўнікаў у міжваенны перыяд паканчалі польскамоўныя навучальныя ўстановы.

Са згоды і пры ўсебаковай падтрымцы мясцовых цывільных уладаў вялося ― і даволі паспяхова ― змаганне з польскім уплывам на стан адукацыі. Давалася гэта не так проста, бо сярод палякаў, асабліва настаўніцтва, было дастаткова асобаў, добра дасведчаных у тым, як з дапамогай сваіх нацыянальных школ яны руйнавалі культурную самабытнасць маладых пакаленняў карэннага насельніцтва "ўсходніх крэсаў". Жаданне праводзіць такую лінію было ў многіх і ў гады акупацыі. На гэты раз нічога не атрымалася.

Перавод у новым 1942/43 н.г. амаль усіх польскіх школ заходніх раёнаў ГАБ на беларускую мову быў цалкам абгрунтаваным, таму што бальшыня іх вучняў належала не да польскай, а беларускай нацыянальнасці, чаго не жадалі разумець тыя, хто на гэтай тэрыторыі ў першы год акупацыі займаўся закладкай сістэмы адукацыі. Даючы ацэнку праведзенай да пачатку 1942/43 н.г. моўнай трансфармацыі пачатковых школ, непасрэдны сведка тых падзей Хведар Нюнька * (жыў у Мастах) пісаў: "Адбыўся моцны патрыятычны ўздым беларусаў, патрыётаў Бацькаўшчыны. Я ўпершыню тут зразумеў, што з'яўляюся беларусам. Родная мова не польская, якой я дагэтуль карыстаўся, а беларуская" 1. Не сумняваюся, што такое станоўчае патрыятычнае ўзрушэнне адбылося б і з сучаснымі школьнікамі нашай краіны, калі б чужую рускую мову ў яе навучальных установах замянілі беларускай. Вось толькі бяда, што сярод палітычнага кіраўніцтва, інтэлігенцыі няма крытычнай масы людзей, здольных на здзяйсненне такой нацыянальна-патрыятычнай акцыі. Дзяржаўная палітыка русіфікацыі амаль дашчэнту вынішчыла здаровае этнічнае ядро беларускай нацыі.

Навязаная акупантамі беларускаму народу, найперш інтэлігенцыі, у т.л. і педагагічнай, ідэя "Новай Еўропы" абумовіла неабходнасць знаёміць яго з найважнейшымі дасягненнямі гэтага кантынента ў розных сферах духоўнай творчасці і, безумоўна, у адукацыйнай. А ў ёй было нямала чаго павучальнага для беларускага настаўніцтва, з чым не даводзілася яму азнаёміцца за савецкім часам. З немалой колькасці матэрыялаў на гэтую тэму выберам артыкул "Індывідуальны й грамадзкі элемент у ўзгадаваньні" (пад зусім неразборлівым крыптанімам. ― Л. Л.). Ён амаль цалкам прысвечаны разгляду педагагічных канцэпцый Захаду і толькі два абзацы маюць дачыненне да праблем навучання і выхавання на Беларусі. Але і гэтых абзацаў зусім дастаткова, каб бачыць, у якім накірунку павінна была ажыццяўляцца тут праца: "Беларускі народ перажываець эпоху вялікага пералому. Ён выходзіць з кругу ўсходняга палітычна-культурнага жыцьця і далучаецца да заходняга. У гэтым часе беларуская педагогіка павінна напружыць усе свае сілы, каб гэны пераход зрабіць ня толькі лягчэйшым, але й арганічным, г.зн. каб беларускі народ арганічна зьліўся з заходняй культурай.

У часах гістарычных пераломаў кажны народ, які мае ў сябе жыцьцёвыя сілы, бярэцца насамперш за ўзгадавальныя праблемы, каб пры дапамозе іх падрыхтаваць сваё маладое пакаленьне да новага жыцьця. Ступень зацікаўленьня гэтымі праблемамі сьведчыць аб ступені падрыхтовы нацыянальнага правадырства да разьвязаньня нацыянальных задач. Удачы й дасягненьні ў тых ці іншых гістарычных падзеях залежаць ад нутраное вартасьці адзінак і народу. Узняць гэтую вартасьць можна толькі праз узгадаваньне. Усе тыя, каго доля паклікала да працы ў гэтым кірунку, павінны ісьці разам да гэтае мэты, паводле апрацаванай сістэмы" 1.

Зместам такога артыкула і падобным да яго нельга было не прыцягнуць ўвагі грамадскасці да ўзгадавання маладых пакаленняў, забыўшыся на ўсю складанасць, нявызначанасць перспектыў жыцця пад акупацыяй. Данесці сэнс гэтай няпростай нават і ў мірны час праблемы да свядомасці шырокага кола людзей, вызначыць шляхі яе развязвання стала намнога лягчэй дзякуючы арганізацыі выдання са студзеня 1942 г. часопіса "Беларуская школа". Пастараўся ж пра гэта сам кіраўнік Інспектарыята беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусь І. Сівіца. Друкаваўся часопіс у Вільні кірыліцай і лацінкай. Прызначаўся не толькі для настаўнікаў, але і вучняў. Яго перыядычнасць: адзін раз у два месяцы. У ім змяшчаліся "пераважна праблемныя артыкулы па пытаннях нацыянальнага выхавання, адукацыі, метадычныя матэрыялы, пачатковыя звесткі з розных галін ведаў, распараджэнні акупацыйных улад у галіне народнай асветы" 2. У снежні 1942 г. быў выдадзены апошні (шосты) нумар часопіса. З новага года па гэтай жа тэматыцы пачаў выходзіць часопіс "Школа і жыцьцё". Выданне некалькіх нумароў часопіса "Школьнік" наладзілі ў Барысаве. "Апрача гэтага, пры Галоўным школьным інспектараце працавала беларуская навукова-тэрміналагічная камісія, якая да паловы 1942 г. ужо мела апрацаваны спіс матэматычнай тэрміналогіі ды рассылала ў школы" 3.

Каб мець яшчэ большы ўплыў на культурна-асветніцкае жыццё, 14 ліпеня 1942 г. Генеральны камісар Беларусі В. Кубэ прызначыў доктара Яхіма Скурата за рэферэнта беларускіх школьных спраў пры Генеральным камісарыяце Беларусь, а інжынера Івана Касяка "за рэферэнта ад спраў культуры" 4. Але і гэтага палічылі недастатковым, таму ўжо ў наступным месяцы Я. Скурат стаў выконваць функцыі Галоўнага школьнага інспектара пры названым камісарыяце, замяніўшы на дадзенай пасадзе ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Прычына такой замены палягала ў тым, што апошні трывала стаяў на нацыянальна-незалежніцкай пазіцыі, выступаў за карэнную беларусізацыю сістэмы адукацыі. Такі радыкалізм не маглі прыняць акупанты.

Пастаўленыя перад школай на 1942/43 н.г. далёка не лёгкія задачы патрабавалі актывізацыі ўдзелу ў іх развязванні Беларускай народнай самапомачы. І там, дзе яе структуры з усёй сур'ёзнасцю падышлі да гэтай справы, вынікі былі станоўчымі. Асабліва задаволенымі працай актывістаў народнай самапомачы засталіся баранавіцкія настаўнікі. У 1942/43 н.г. у Баранавіцкай акрузе працавала 425 беларускіх народных школ, у якіх 1226 настаўнікаў навучалі 53,6 тыс. дзяцей. У саміх Баранавічах, акрамя 8 такіх школ, функцыянавалі яшчэ трохгадовая медыцынская школа сясцёр, акушэрак, фельдшараў і фармацэўтаў, мастацкая школа з музычным аддзелам, чатырохгадовая адміністрацыйна-гандлёвая школа, тэхнічная школа, прагімназія і матуральныя (выпускныя) курсы. З навучальных устаноў гэтай акругі варта яшчэ адзначыць чатырохгадовую настаўніцкую самінарыю ў Нясвіжы, трохгадовую земляробскую школу ў Сваяцічах, чатырохгадовую тэхнічную школу з тэхнічным аддзелам у Клецку. У Баранавічах і Нясвіжы праведзены шасцімесячныя курсы, якія падрыхтавалі для школ больш за 400 настаўнікаў. З мэтай павышэння кваліфікацыі настаўнікаў былі арганізаваны два спецыяльныя курсы. Трохмесячныя бухгалтарскія курсы наведвала больш за 500 слухачоў. Падрыхтоўка шафёраў вялася на двух шасцітыднёвых курсах. За кошт уласных сродкаў у акрузе быў выдадзены беларускі лемантар "Зорка" 1.

Станоўчых вынікаў у працы дамагаліся актывісты народнай самапомачы і іншых акруг, што павышала аўтарытэт гэтага грамадскага добраахвотнага аб'яднання ў вачах педагагічных калектываў. Таму, калі ўвосень 1942 г. у Слоніме адбываўся агульны сход настаўнікаў, яны прынялі рашэнне, каб кожны з іх стаў актыўным сябрам Беларускай народнай самапомачы 2.

Як вынікае з вышэйсказанага, і ў чарговым 1942/43 н.г. рабілася нямала дзеля нармальнага функцыявання школ. У ім, як і ў першы навучальны год, адной з самых складаных, цяжка вырашальных задач з'яўлялася ўкамплектаванне школ настаўніцкімі кадрамі з улікам строгіх патрабаванняў да іх нямецкіх уладаў. Кіраўнікі асветы ўсяляк імкнуліся не дапусціць ў школы да працы тых з іх, хто ў даваенны час стаяў на цвёрдых прасавецкіх пазіцыях, не прызнаваў прынцыпаў і метадаў нацыянальнага ўзгадавання. Пры ўкамплектаванні школ настаўніцкімі кадрамі прапаноўвалася прытрымлівацца, як пісаў інспектар асветы Барысаўскай акургі У. Гуцька, такога падыходу: "За патрэбных, ― першым чынам уважаліся людзі, якія самі або іхныя бацькі ці дзеці пакутавалі за вялікія ідэі нацыяналізму, за ідэі вызваленьня Бацькаўшчыны ад чужынца, ці тыя, што цішком балюча зносілі нацыянальны ўціск бальшавізму і польскага панства, росьцячы ў сваім набалелым сэрцы надзеі на хуткае прыйсьцё шчасьлівае будучыні; за патрэбных уважаліся і тыя, што чакалі подыху новага сацыяльна-палітычнага кірунку, творчая ініцыятыва якіх была зьняважанай і прыдушанай палітычным недаверам да іх" 1. Толькі вось не зусім зразумела, як можна было таму ці іншаму настаўніку даказаць новым уладам, што ён чакаў такога подыху.

Не выключаючы ўзнікнення зусім рэальных ва ўмовах вайны цяжкасцяў у далейшым працягу працы школ, акупацыйныя ўлады ўсё ж лічылі неабходным не зніжаць увагі да дадзенай праблемы. У гэтых мэтах нямецкая прапаганда і сам гаўляйтар В. Кубэ вельмі ўмела выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсах усе хібы ў даваеннай нацыянальнай палітыкі бальшавіцкай партыі і, несумненна, хтосьці станавіўся ахвярай такой прапаганды. Ці ж не маглі, да прыкладу, каго-небудзь з беларусаў не закрануь наступныя словы з новагодняга паслання генералкамісара Кубэ, з якім ён звярнуўся 31 снежня 1942 г. да мужчын і жанчын Беларусі:

"У Новай Эўропе й беларускі народ павінен заняць сваё пачэснае месца. Ніводнаму народу Бог нічога не даруе ў гісторыі. Усё трэба заваяваць і запрацаваць.

…З руінаў, якія Сталін і ягоныя жыды, уцякаючы, пакінулі Вам, пры нямецкай энэргіі й беларускай стараннасьці павінна закрасаваць новае жыцьцё. Вы й вашыя дзеці павінны стацца вольнымі, шчасьлівымі людзьмі й пад аховай нямецкага мяча ўскрасаваць да радаснае будучыні" 1. Не раз заяўлялася, што ў імя яе павінна працаваць і створаная з удзелам акупацыйнай адміністрацыі сістэма адукацыі.

Другі навучальны год у акупаванай Беларусі стаўся больш паспяховым для яе заходніх раёнаў, дзе яшчэ як след не разгарнуўся партызанскі рух з характэрным яму непрыняццем самой ідэі адукацыі і дзе з дапамогай мясцовых уладаў удалося істотным чынам аслабіць на яе польскі ўплыў. У тым годзе ў Глыбоцкай акрузе мелася 484 народныя школы, у якіх працавала 954 настаўнікі і навучалася 43,5 тыс. вучняў, адпаведна ў Баранавіцкай ― 425,1226 і 53,6, Вілейскай ― 420,974 і 40,1, Лідскай ― 405,596 і 25,3, Наваградскай ― 307,751 і 31,2, Слонімскай ― 217,496 і 25,4, Ганцавіцкай ― 98,197 і 10,0, Менскай ― 642,2964 і 71,4, Менску ― 14,285 і 7,2 2. На працягу навучальнага года прыведзеныя звесткі ў моц розных абставін маглі мяняцца, найчасцей у бок змяншэння.

У другім навучальным годзе кіраўніцтву народнай адукацыі дый самім настаўнікам давялося сутыкнуцца з тым, што не закранула іх у папярэднім навучальным годзе. Тут маюцца на ўвазе буйныя няўдачы нямецкага наступу на ўсходзе. Гэта ледзь не закончылася вялікай трагедыяй для народнай асветы акупаванай Беларусі. Каб ліквідаваць востры недахоп гаспадаркі Германіі ў рабочай сіле, "з пачаткам школьнага году 1942 ― 1943, ― прыгадвае Вацлаў Пануцэвіч, ― немцы вырашылі зьліквідаваць усе беларускія сярэднія школы, а моладзь вывесьці на работы… немцы не дапускалі да масавага адкрываньня сярэдніх школаў, з чым кс. Гадлеўскі, як Галоўны Інспэктар (школьны. ― Л. Л.) меў нямала клопату. Цяпер, восеняй, яны думалі, што пры новым Школьным Інспэктары (ім ужо быў доктар Скурат. ― Л. Л.) справа будзе лягчэйшай ды яны зьліквідуюць беларускія школы звычайнай "хапанкай" 1.

З асаблівай стараннасцю рыхтаваліся, як піша гэты ж аўтар, да такой "хапанкі" ў Баранавічах: "А вызначанай гадзіне 14 верасня нямецкая паліцыя з сабакамі акружыла мэдычную й гандлёвую школу і пачала гнаць моладзь на пляцы дзеля адпраўкі ў зборны высыльны лягер каля чыгуначнай станцыі. Паўстала паніка сярод моладзі, пратэст настаўнікаў. Бальшыня вучняў разьбеглася. Яны павядомілі іншыя сярэднія школы аб акцыі, як адміністрацыйную школу, матуральны курс, мастацкую школу. Такім чынам нямецкая акцыя поўнасьцю не ўдалася, бо нават і тыя вучні, што былі загнаныя ў лягер, адтуль паўцякалі… Немцы бесіліся ад злосьці, арыштавалі а. Л. Гарошку ― дырэктара медычнай школы, але пад націскам беларускага актыву яго выпусьцілі, баючыся яшчэ большых наступстваў.

(…) Некалькі месяцаў, ня было заняткаў па ўсёй заходняй Беларусі, і толькі на публічнае прырачэньне нямецкіх уладаў, што яны больш ня будуць чапаць беларускае школьніцтва так сярэдняга, як і пачатковага, пачаліся зноў заняткі" 2.

У афіцыйных справаздачах, перыядычным дурку праца школ у 1942/43 н.г. не даецца ў такіх аптымістычных танах, як у папярэднім. Сказанае датычыць і Менскай акругі. У ёй у верасні 1942 г. пачаліся заняткі ў 479 школах, якія наведвалі 57340 вучняў. З імі працавалі 1542 чалавекі. Пад канец навучальнага года лік школ скараціўся на 18 %. У справаздачы кіраўніцтва школьнага аддзела гэтай акругі ёсць і такі запіс: "Настаўніцкі склад меў ахвяры бандытызму", г.н. партызан 3.

Па ўсім было відаць, што ў новым 1943/44 н.г. педагагічнай інтэлігенцыі яшчэ цяжэй будзе вырашаць пастаўленыя перад ёю задачы. Прадбачачы далейшае пашырэнне партызанскага руху, што абавязкова негатыўна адаб'ецца на колькасці навучальных устаноў і іх наведвальнікаў, ідэалагічныя структуры, а разам з імі і кіраўнічыя кадры асветы і на гэты раз прыкладалі шмат намаганняў дзеля схілення бацькоў да пасылкі сваіх дзяцей у школу. Усяляк імкнуўся шырыць у масах такі падыход нехта Я. Здалевіч, што добра пацвярджаецца зместам яго артыкула "Чаму мы павінны змагацца з бальшавізмам". Падтрымаць у дарослага насельніцтва аўтарытэт школы акупацыйнага ўзору ён разлічваў праз супастаўленне яе з савецкай, паказваючы слабыя бакі апошняй. "У галіне асьветы, ― сцвярджалася ім, ― уся дзейнасьць бальшавікоў была скіравана на тое, каб асэміляваць беларуса. Для гэтае мэты бальшавікі намагаліся ўкамплектаваць вышэйшыя школы пераважна жыдамі й расейцамі. У навуковыя працаўнікі сьведамых беларусаў бальшавікі не дапушчалі, гэтую галіну яны запаўнялі расейцамі ды жыдамі. Яны фальсыфікавалі беларускую мову, набліжалі яе да свайго бальшавіцкага жаргону, аддалялі ад народнае мовы.

Каб больш здыскрэдытаваць беларускую мову, каб больш апаганіць яе, для гэтага бальшавікі за выкладчыкаў беларускае мовы ставілі жыдоў. Укладаньне беларускае граматыкі таксама было даручана жыдам. Як прыклад, можна назваць граматыку, складзеную жыдам Бязносікам…

Русыфікацыя нашае моладзі пры бальшавіках праводзілася такімі тэмпамі, якіх ніколі не было за царызмам" 1.

Хаця з аўтарам прыведзенай цытаты можна шмат у чым паспрачацца, аднак у кагосьці з чытачоў і сапраўды маглі адпасці ўсялякія сумненні датычна мэтазгоднасці далейшага навучання дзяцей. Там жа, дзе адсутнічалі перашкоды з боку партызанаў, школы, як і ў папярэднім годзе, працавалі ў сваім звыклым рэжыме.

У той непрадказальны для беларускага народа час з зайздроснай энергіяй працавала настаўніцтва Лідчыны, якая, як вядома, глынула немалую долю паланізацыі за міжваенныя гады. Каб не даць ёй і зараз аднавіць, умацаваць свае пазіцыі згуртаваныя вакол беларускай нацыянальнай ідэі сілы актыўна ўключыліся ў працу. Усіх радавала, што зараз яна вядзецца на роднай мове карэннага насельніцтва гэтага краю. Характэрна, што на яго тэрыторыі нацыянальная сістэма адукацыі не перажывала спаду нават і пасля таго, як у многіх месцах па волі партызанаў яе пачалі настойліва разбураць, тлумачачы тым, што яна нібыта служыць толькі інтарэсам акупацыйных уладаў, а не беларускаму народу. У 1943/44 н.г. на Лідчыне заняткі вяліся ў 397 пачатковых беларускіх школах 1. Такое зусім не радавала тых, хто ў міжваенны перыяд усяляк перашкаджаў стварэнню тут нацыянальных школ для беларусаў.

Праэкстрэмісцкі настроеныя польскія колы ніяк не жадалі пагадзіцца з панаваннем беларускай нацыянальнай школы ў тых месцах, дзе незадоўга да 17 верасня 1939 г. баяліся нават слова сказаць у яе падтрымку. На барацьбу з беларусізацыяй асветы ахвотна падключыліся жаўнеры польскай Арміі Краёвай, даволі часта выкарыстоўваючы дзеля гэтай мэты фізічную расправу з настаўнікамі. На вялікі жаль, загінула іх нямала. Па-звярынаму лютавалі акаўцы і на Лідчыне. Калі ў 1943 г. не ўдалося застаць дома настаўніцу Анастассю Макарэвіч з вёскі Навасады, каты забілі траіх яе малалетніх дзяцей, аднаго ― у калысцы. У маі 1944 г. акаўцы расстралялі ў вёсцы Беліца настаўніка-пенсіянера разам з яго дзецьмі 2.

Гэтыя варварскія ўчынкі вельмі проста папоўніць прыкладамі з іншых мясцовасцяў, у прыватнасці багатым на гістарычныя падзеі Крэва Смаргонскага раёна. Стараннямі пратаіерэя, настаяцеля прыхода Міхаіла Леванчука тут у гады акупацыі была заснавана беларуская школа. Настаўнікамі ў ёй працавалі ягоная дачка Ларыса і пляменніца Валянціна. Усе яны ўтраіх у сакавіку 1944 г. 3 (паводле некаторых крыніц у 1943 г.) былі расстраляны польскімі бандытамі. "Мясцовыя прыхаджане зрабілі вялізныя маніфэстацыйныя хаўтуры свайму ахвярнаму сьвятару і настаўніцам" 4. На тэрыторыі Шчучынскага раёна ад рук акаўцаў загінулі кіраўнік школы Язэп Клышэвіч, школьны інспектар Аляксей Станкевіч, настаўнікі Георг Клышэвіч, Пётр Рандарэвіч 1. Ахвярамі польскіх жаўнераў у Сямяцічах (Брэстчына) сталі былы дырэктар мясцовай даваеннай рускай школы Шыманскі і два яго непаўналетнія сыны 2. Незаменнай стратай для беларускіх нацыянальна-патрыятычных сіл стала забойства акаўцамі ў пачатку 1944 г. Мікалая Чарнецкага. Ён і ў даваенны час праследваўся польскімі ўладамі за сваю самаахвярную працу на карысць беларускай справе. А дзеля яе інтарэсу зрабіў нямала, працуючы выкладчыкам беларускай мовы ў Клецкай беларускай гімназіі, выдаючы ў Вільні разам з А. Аніськам часопіс "Золак". З 1939 г. М. Чрнецкі ўзначальваў беларускую сярэднюю школу ў Крынках (Падляскае ваяводства) 3. Як бачым, такія шчырыя беларускія патрыёты былі зусім не патрэбнымі акаўцам, хаця менавіта супольна з імі маглі б дасягацца пэўныя пазітыўныя вынікі ў ладкаванні жыцця ў цяжкія гады акупацыі.

§ 3. Забеспячэнне прыярытэту нацыянальнаму

Паступова ўсё лепш і лепш пачалі задавальняцца патрэбы вучняў і настаўнікаў у падручніках, дапаможніках і іншай літаратуры. Немалаважную ролю тут адыграла прыцягненне да ўдзелу ў гэтай важнай справе прафесійна, добра падрыхтаваных, адказных людзей. Пасля працы падчас акупацыі ў школе сваёй роднай вёскі Міхалкавічы (Лагойшчына) з вялікай ахвотай пагадзіўся ўладкавацца ў Менскае выдавецтва школьных падручнікаў Язэп Гладкі. Што гэта была не шараговая асоба на ніве адукацыі сведчаць, да прыкладу, яго дачыненне ў даваенны перыяд да адкрыцця першай беларускай школы ў Барысаўскім раёне, прысутнасць сярод дэлегатаў першага ў рэспубліцы Усебеларускага з'езда настаўнікаў, аўтарства шэрага школьных падручнікаў і дапаможнікаў на беларускай мове 4.

Немалым дасягненнем можна лічыць, што ў жніўні 1943 г. Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску выпусціла накладам у 100 тыс. асобнікаў "Беларускую граматыку" Браніслава Тарашкевіча. Гэта было ўжо шостае яе выданне 1. Са снежня таго ж года пачаў выходзіць у Менску часопіс Аддзела культуры Генеральнай акругі Беларусі "Школа і жыцьцё". Яго таксама выпусціла ў свет Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. Часопіс з'яўляўся свайго роду "дапаможнікам у навучаньні замест недастаючых падручнікаў". Выходзіў у трох частках, адна з якіх прызначался для вучняў другога, другая ― для вучняў трэцяга, трэцяя ― для вучняў чацвёртага класаў. Тэксты друкаваліся як на лацініцы, так і кірыліцы 2. І такое было цалкам апраўдана, бо ў 1943/44 н.г. у многіх школах вялося навучанне на лацініцы не толькі ў першых, але і другіх класах. З гэтым не зведвалі аніякіх цяжкасцяў на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі, дзе ў міжваенны час менавіта лацінскі шрыфт пераважна выкарыстоўваўся пры выданні ўсіх відаў літаратуры, у тым ліку і беларускамоўнай. Перавод навучання на лацінку ў час акупацыі рабіўся не ў мэтах адрыву беларускага ад рускага народа з яго спрадвечнай кірыліцай, а дзеля таго, каб забеспечыць паспяховую інтэграцыю маладых беларусаў ва ўяўную "Новую Еўропу". У канцы 1943 г. на лацінцы выйшлі два падручнікі: Дабрынская З. і Шырынскі П. "Зборнік арытмэтычных задачаў і прыкладаў на 1 клясу народнае школы"; Дабрынская З. і Завусьцінскі "Зборнік арытмэтычных задачаў і прыкладаў на 11 клясу народнае школы", а таксама дапаможнік Я. Станкевіча "Кніжка вучыцца чытаць і пісаць лацініцаю з укладаннямі" 3. Пяру апошняга з названых аўтараў належаць такія патрэбныя ў практыцы школ кнігі, як "Лемантар пераходны з лацініцы на кірыліцу" (1941), "Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі слоўнічак фразэолёгічны" (1944).

На працягу ўсяго часу функцыянавання школ удакладняўся іх навучальна-выхаваўчы працэс, прычым многае рабілася ― і досыць паспяхова ― у мэтах максімальнага набліжэння яго да нацыянальнага інтарэсу беларускага народа. Гэтаму асабліва не перашкаджала і палітыка кіраўніцтва Генеральнага камісарыята Беларусь у сферы адукацыі. Са свайго боку нямецкая адміністрацыя, праяўляючы вялікую зацікаўленасць да зместу навучальна-выхаваўчага працэсу ў школах, не магла не настойваць на тым, каб у іх вучэбных планах належнае месца займала і выкладанне нямецкай мовы, гісторыі, геаграфіі Германіі. Праўда, гэта асабліва не паўплывала на выдзяленне колькасці гадзін на вывучэнне аналагічных дысцыплін па Беларусі, таму што ў вучэбных планах цяпер ужо не прадугледжвалася, як было раней, вялікая колькасць гадзін на ўрокі па рускай мове і літаратуры, гісторыі, геаграфіі Расіі. Пералічаныя прадметы выкладалі толькі ў агульнаадукацыйных школах усходніх раёнаў Беларусі, наўмысна адарваных акупантамі ад ГАБ з мэтай расколу беларускага народа як цэласнага самабытнага этнасу, што, на іх думку, павінна было б аблегчыць яго анямечванне. Пра пэўную ролю нямецкага фактару ў навучальна-выхаваўчым працэсе агульнаадукацыйных школ добра сведчыць і такі факт, што пры пераліку на тыповых бланках пасведчанняў аб заканчэнні таго ці іншага класа на першых месцах усё ж стаялі нямецкая мова (вусная), нямецкая мова (пісьмовая). Услед за імі ішлі беларуская мова (вусная) і беларуская мова (пісьмовая).

Шмат цяжкасцяў, але не па віне акупацыйнага рэжыму, узнікла з выкладаннем ва ўсіх тыпах навучальных устаноў айчыннай гісторыі. Яе, як вядома, ужо некалькі гадоў перад вайной выключылі са школьных праграм. Рэкамендаваныя ў якасці падручнікаў па гісторыі Беларусі кнігі Усевалада Ігнатоўскага падлеглі забароне, а нязначная частка з іх пылілася на паліцах спецховішчаў і была знішчана падчас спешнага правядзення эвакуацыйных мерапрыемстваў. Аўтар жа гэтых кніг, не будучы згодным з прыпісанымі яму ідэалагічным апаратам бальшавіцкай партыяй несправядлівымі абвінавачваннямі, пасля чарговага допыту скончыў 4 лютага 1931 г. жыццё самагубствам. Не дачакалася выхаду ў свет падрыхтаваная буйным навукоўцам Мітрафанам Доўнар-Запольскім грунтоўная праца па гісторыі Беларусі. Перашкодзіў гэтаму ў 1926 г. сваёй прадузятай рэцэнзіяй намеснік загадчыка аддзела друку ЦК КП(б)Б Віталь Сербента. Выдадзеная ў 1940 г. у Вільні Язэпам Найдзюком невялічкая кніжачка "Беларусь учора і сяньня" з'яўлялася бібліяграфічнай рэдкасцю, была на руках толькі ў мізэрнай колькасці настаўнікаў. Усё гэта добра ведаў яе аўтар і пастараўся як мага хутчэй выправіць становішча. Такая магчымасць у яго з'явілася з пераездам увосень 1914 г. у Менск, уладкаваннем тут на працу ў Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. Ужо да канца 1941 г. брашура "Беларусь учора і сяньня" была значна пашырана ў аб'ёме. Як вялася праца далей, дамо слова яе аўтару: "Калі ж аддаваў яе (брашуру "Беларусь учора і сяньня". ― Л. Л.) у друк, спачатку ў газэту "Голас вёскі", і калі бачыў, што няма падручніка з гісторыі Беларусі, дык стараўся датасаваць яе да школьнае праграмы з гісторыі Беларусі і зрабіць, каб гэтая праца была дапаможнікам для вывучэння нашае гісторыі, аж пакуль не будзе адпаведнага добра адпрацаванага падручніка.

(…) У працы над гэтай кніжкай меў я помач ад: сп. Мікалая Шкялёнка, які, можна сказаць, быў хросным бацькам першага выданьня яе; сп. Адама Станкевіча, які памагаў літаратурай і добрай радай і сп. рэдактара Антона Адамовіча, які пераглядаў і рабіў некаторыя папраўкі ў часе ейнага друку ў газэце "Голас вёскі" 1.

Усе названыя Я. Найдзюком асобы мелі даволі высокую эрудыцыю, і іх дачыненні да яго кнігі, несумненна, пайшлі на карысць апошняй. Аб'ём кнігі складае прыкладна дванаццаць друкаваных аркушаў. Падзеі ж у ёй разглядаюцца ад самых старажытных гістарычных часоў і да пачатку Другой сусветнай вайны, што не дазваляла даць чытачу, і найперш школьнікам, багатыя веды па гісторыі роднага краю. Аднак нягледзячы на такую акалічнасць, ужо само выданне ў 1943 г. ва ўмовах нямецкай акупацыі кнігі па гісторыі Беларусі ёсць надзвычай важная з'ява. Галоўная заслуга Я. Найдзюка заключаецца ў здольнасці падзеі і факты выкласці так, што пасля азнакамлення з імі практычна ў кожнага фармуецца цвёрдая ўпэўненасць пра наяўнасць у беларусаў уласнай гісторыі ― гісторыі багатай, адметнай ад гісторыі любой суседняй краіны. Даваенны выпускнік сярэдняй агульнаадукацыйнай школы і сотай долі не ведаў таго з гісторыі роднага краю, што можна было знайсці на старонаках кнігі Я. Найдзюка. Найперш гэта датычыла пытанняў нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, паланізацыі і русіфікацыі, нацыянальна-адраджэнскага руху, масавых савецкіх рэпрэсій.

Адзначу і такое, што годам раней за кнігу Я. Найдзюка грамадскасць была ўзрадавана публікацыяй на гістарычную тэму доктара Янкі Станкевіча * "Крыўя ― Беларусь у мінуласьці". Па аб'ёме яна значна ўступае працы Я. Найдзюка, але карыснага ў ёй таксама можна было знайсці нямала і настаўніку, і вучню, асабліва на старонках, дзе размова вялася пра рэлігію на Беларусі, адметнасць, самабытнасць мовы нашага народа, яго дасягненні ў развіцці культуры.

Вялікую ролю ў аднаўленні гістарычнай памяці беларускага народа, найперш яго маладых пакаленняў, адыграла рэгулярнае змяшчэнне на старонках перыядычнага друку матэрыялаў пра самае адметнае з мінулага роднага краю. Людзей знаёмілі з яго выдатнымі асобамі, наўмысна забытымі ці абылганымі царскімі і савецкімі гісторыкамі. Такіх жа асобаў хапала ў Бацькаўшчыны. Шмат, да прыкладу, зроблена інтэлігенцыяй па вяртанні на сваё заслужанае месца ў людской памяці слыннага беларускага дзеяча, ахвяры сталінскіх рэпрэсій Вацлава Ластоўскага. Са змястоўным артыкулам "Вацлаў Ластоўскі, як паэта нацыяналістычнае думкі" выступіў на старонках "Беларускай газэты" ** (23.Х.1943 г.) І. Глыбінны (сапр. Уладзімір Сядура). У гэтай жа газеце ад першых дзён акупацыі пачаў друкаваць свае артыкулы таленавіты навуковец шырокага дыяпазону ведаў Янка Станкевіч, што ў многім дапамагло яму ў выданні вышэйзгаданай кнігі.

Як вядома, у самаахвярным змаганні за нацыянальнае адраджэнне не мелі сабе роўных палітычныя дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, многіх з якіх савецкая Феміда прысудзіла да смяротнай кары, а бальшавіцкія ідэолагі пастараліся аддаць іх у нябыт. І школьная моладзь БССР не ведала пра сапраўдных змаганцаў за палітычную незалежнасць беларускага народа. Цяпер з гэтай тэмы знялі табу, і стваральнікаў, дзеячоў БНР паступова сталі аднаўляць у памяці і дарослых, і школьнікаў.

Аднаўленню гістарычнай памяці беларусаў спрыяла атрыманая імі магчымасць чэрпаць з розных крыніц аб'ектыўную інфармацыю, праўдзівыя звесткі пра рэлігію роднага краю, пра якую савецкія атэісты-тэарэтыкі паспелі скласці нямала ўсемагчымых небыліц.

Да распрацоўкі нашай гісторыі праяўлялі зацікаўленасць і ў самой Нямеччыне. Тут можна ўказаць на выхад у Берліне ў 1943 г. кнігі "WeiВrutenja" ("Беларусь"), аўтарам якой з'яўляўся барон Аўген фон Энгельгарт (памёр у 1948 г.). Яго ўвагу да дадзенай гістарычнай праблемы зусім нельга вытлумачыць якой-небудзь палітычнай прычынай. Спрыялі гэтаму зусім іншыя фактары і найбольш тое, што аўтар паходзіў з усходняй часткі Латвіі ― Латгаліі, дзе спрадвеку жыло і жыве шмат беларусаў. У іх асяроддзі барону надарылася апынуцца і ў час Другой сусветнай вайны: служыў на Наваградчыне ў адным з падраздзяленняў па ахове лясоў, меў цесныя кантакты з мясцовым насельніцтвам і найперш з леснікамі. На жаль, сёння яго кніга пра Беларусь з'яўляецца вельмі вялікай рэдкасцю.

І ўсё ж найбольш інфармацыі пра мінулае Бацькаўшчыны людзі атрымлівалі ад чытання газет. Іх рэдакцыі свядома адводзілі значную плошчу газет пад матэрыялы на гістарычную тэму, ведаючы, які страшэнны голад быў на іх не толькі ў царскія, але і ў савецкія часы. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што падчас нямецкай акупацыі насельніцтва, у тым ліку і яго маладыя пакаленні, са сваімі ведамі пра мінулае Беларусі былі ў сотні разоў бліжэй да ісціны, чым гэта назіралася за савецкай уладай.

Багатыя веды атрымлівалі вучні па геаграфіі Беларусі, асабліва калі яе выкладалі шчыра ўлюбёныя ў сваю Бацькаўшчыну настаўнікі. Намнога цікавей праводзілася і краязнаўчая праца з вучнямі, якую ў канцы міжваеннага перыяду канцэнтравалі толькі на азнаямленні іх з падзеямі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, ходам сацыялістычнага будаўніцтва. Шмат звестак давалася па геаграфіі Германіі, прычым вучням даводзілі, што апошняя ўжо не чужая ім краіна, што гэта цэнтральная частка будучай "Новай Еўропы". З мэтай зацікаўлення да глыбокага вывучэння дадзенага прадмета за найлепшыя веды яго абяцалася (а часта так было і на самой справе) паездка ў Германію. Ахвотнікаў такіх экскурсіў заўжы хапала, бо каму гэта не хацелася пабыць ля муроў сярэднявяковых замкаў, так займальна апісаных у кнігах нямецкіх аўтараў.

Ні бацькі, ні вучні не пярэчылі ўвядзенню выкладання рэлігіі ў якасці школьнага прадмета. Асабліва віталі такую задуму жыхары далучаных да БССР у верасні 1939 г. земляў, дзе бальшавіцкая атэістычная прапаганда не паспела глыбока прасякнуць душы людзей. Станоўча, што на гэты раз рэлігію выкладалі на роднай мове дзяцей. Прычым такое з'яўлялася абавязковым правілам і для школ, дзе вучыліся беларускія дзеці каталіцкага веравызнання. Здзейснілася мара цвёрдай нацыянальнай арыентацыі ксяндзоў, якія столькі энергіі ўклалі за некалькі дзесяцігоддзяў да кастрычніцкага перавароту 1917 г., а затым ужо ў Другой Рэчы Паспалітай дзеля забеспячэння беларускім дзецям з каталіцкіх сем'яў законнага права вучыцца ў роднай мове. Як бачым, у жыцці ўсялякае здараецца, што нават у ворага, чужынца лягчэй дамагчыся чаго-небудзь такога патрэбнага, важнага, чым у сваіх уладаў.

Неадрыўнасць школы ад беларускага нацыянальнага інтарэсу станоўча адбілася на ўзгадаванні дзяцей, пакінула ў многіх добры ўспамін пра вучобу. Не забываецца на яе і Надзея Барт (дзявочае прозвішча Юрэвіч), што жыве ў Германіі. "Нягледзячы на ўсе наступствы вайны, ― заяўляе яна, ― у гэтыя часы беларуская школа была беларускай па-сапраўднаму (ах, як далёка ёй сёння да такога азначэння! ― Л. Л.). Без яе мы б "уплылі" ў польскі бок (вучылася ў заходняй частцы ГАБ. ― Л. Л.). А так, закахаўшыся ў творы Багдановіча, Купалы, я і па начах, бывала, чытала вершы. Мае аднакласнікі нават прасілі мяне што-кольвечы чытаць перад урокамі…" 1 . Прыклад, як трэба ў нашыя дні прышчапляць дзецям ахвоту чытаць беларускамоўную літаратуру.

§ 4. Прафесійнае навучанне

У несумненную заслугу арганізатарам, кіраўнікам адукацыі і найперш галоўнаму школьнаму інспектару пры Генеральным камісарыяце Беларусь Вінцэнту Гадлеўскаму (закатаваны гітлераўцамі 24 снежня 1942 г.), нацыянальна зарыентаванай частцы педагагічнай інтэлігенцыі можна паставіць усё зробленае імі па заснаванні і арганізацыі працы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Гэта акурат было тое звяно адукацыі, у стварэнні, функцыянаванні якога мелі зацікаўленасць не толькі беларускія нацыянальна-патрыятычныя колы, але і акупацыйныя ўлады. Зацяжны характар вайны высунуў перад эканомікай Германіі шэраг дадатковых патрабаванняў. Спрэс адчуваўся недахоп у кваліфікаванай рабочай сіле, якую меркавалася папаўняць і за кошт прафесійна падрыхтаванай моладзі акупаваных тэрыторый. З мэтай зацікаўлення беларускіх юнакоў і дзяўчат у прафесійным навучанні "нямецкія ўлады разгарнулі шырокую агітацыйна-прапагандысцкую кампанію. 1942/43 навучальны год быў аб'яўлены годам разбудовы сярэдняй спецыяльнай школы на тэрыторыі ГАБ" 1. У структуры такой школы колькасна пераважалі ўстановы педагагічнага профілю. Хаця асабліва вострага дэфіцыту з кадрамі для агульнаадукацыйных школ не зведвалася, аднак сям-там такая праблема ўсё ж існавала, бо некаторыя з настаўнікаў свядома ўхіляліся ад працы, не жадаючы прызнаць усталяваную з дазволу акупацыйных уладаў сістэму адукацыі. Да таго ж апошнія жадалі мець у гэтай сферы як мага больш настаўнікаў, не прасякнутых ідэямі савецкай педагогікі. У такіх умовах развязаць кадравую праблему ў школах, лічылася, можна толькі праз стварэнне адпаведных спецыяльных навучальных устаноў. Такімі сталі настаўніцкія семінарыі. Вельмі важна, што

педагагічныя калектывы бальшыні з іх не абмяжоўвалі сваю дзейнасць толькі абавязкамі даць навучэнцам неабходныя тэарэтычныя веды, падрыхтаваць да працы ў школе. Ніколі не забывалася і пра нацыянальна-патрыятычнае выхаванне, значэнне якога заўжды набывае асаблівую актуальнасць ва ўмовах любога акупацыйнага рэжыму, а тым больш такога жорсткага, як фашысцкі. Ён ніколі не выпускаў з-пад свайго кантролю навучальна-выхаваўчы працэс такога роду семінарый.

Добра адчула на сабе ўвесь цяжар нямецкага ўплыву Наваградская настаўніцкая семінарыя. Пад яго трапілі не толькі навучэнцы, але і самі выкладчыкі. Таму не даводзіцца здзіўляцца, калі ўвосень 1943 г. пачалі фармавацца дабраахвотныя батальёны для барацьбы з партызанамі, у іх у масавым парадку падаліся і навучэнцы гэтай семінарыі. Ішлі ж яны ваяваць з партызанамі таму, што пад уздзеяннем нямецкай прапаганды глядзелі на іх, як на лясных бандытаў, што рабуюць мясцовае насельніцтва. На вялікі жаль, такое і сапраўды мела месца ў жыцці, ганьбячы самую сутнасць партызанскага руху. Сказанае пра ўдзел Наваградскай настаўніцкай семінарыі на баку акупантаў у барацьбе з партызанамі насіла не сістэмны, а выключна эпізадычны характар, не адбіваючыся на змесце працы гэтай навучальнай уставы. Не было выпадку, каб яна здрадзіла беларускай нацыянальнай ідэі ў цяжкія гады фашысцкай акупацыі. Заслуга ж у гэтым найперш дырэктараў семінарыі Аляксандра Орсы, Пятра Скрабца, вядомых як вялікіх патрыётаў свайго роднага краю. Шмат рабілася дзеля таго, каб семінарысты ўзгадоўваліся сапраўднымі беларускімі патрыётамі, выпускніца гістарычнага факультэта БДУ Іна Рытар, якая пазней, ужо будучы ў эміграцыі, выйдзе замуж за актыўнага грамадска-палітычнага дзеяча беларускай дыяспары, вучонага-гісторыка Аўгена Калубовіча. Мясцовыя ўлады, дырэкцыя семінарыі рабілі ўсё магчымае, каб навучальна-выхаваўчы працэс у ёй найпаўней адпавядаў багатым гістарычным, культурным традыцыям Наваградка. У поўным аб'ёме ім была падпарадкавана і праца заснаванага пры семінарыі Саюза беларускай моладзі. Адзін з яго актыўных дзеячоў Кастусь Рамановіч пакінуў такі ўспамін: "Пасьля заняткаў у Настаўніцкай Семінарыі мы, сябры СБМ, пашырана вывучалі гісторыю Беларусі, беларускую літаратуру й мову, арганізоўвалі розныя гурткі: маляваньня, сьпеваў, беларускіх нацыянальных танцаў, наладжвалі розныя вечарыны з танцамі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў" 1. Нядзіўна, што пры такой арганізацыі навучальнага працэсу, выхаваўчай працы з Наваградскай настаўніцкай семінарыі выйшла нямала асобаў, якімі не можа не ганарыцца беларускі народ. Сярод іх з поўным правам можна назваць Аляксандра Раковіча. Хаця яму, як і многім навучэнцам семінарыі, давялося колькі гадоў панасіць форму зняволенага сталінскіх лагераў, здольны да навукі юнак усё ж выбіўся ў людзі: стаў доктарам тэхнічных навук, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1978 г.) 2. Першы выпуск у Наваградскай настаўніцкай семінарыі адбыўся ў ліпені 1943 г. Школы атрымалі 22 маладых настаўнікаў. У новым навучальным годзе на першы курс прынялі ўжо больш за 100 чалавек 3.

З вялікім задавальненнем назіраючы, як навучэнцы імкнуцца да сваёй культуры, жадаюць усяляк паспрыяць яе развіццю, узбагачэнню, дырэкцыя Наваградскай семінарыі і ў тых надзвычай цяжкіх умовах забяспечыла ў 1943 г. выданне школьнага квартальнага часопіса "Покліч". У падрыхтаваным самім кіраўніцтвам вучэльні артыкуле заяўлялася, што названы часопіс ёсць вынік "дзейнасьці літаратурнага гуртка семінарыі. Родная школа абудзіла юнацкія душы і накіравала моладзь да родных духовых вартасьцяў свайго народу. Сярод вучняў семінарыі выявіліся маладыя мастакі паэтычнага і празаічнага слова, мажліва будучыя волаты мастацкай творчасьці. Семінарыя і выпускае гэты часопіс, каб у першую чаргу даць магчымасьць моладзі друкаваць свае творы і гэтым прычыніцца да тварэньня беларускай культуры". І такую магчымасць многія з семінарыстаў, не абдзеленых прыродай пісьменніцкімі здольнасцямі, выкарысталі. З больш сур'ёзных, навуковых матэрыялаў першага нумара часопіса "Покліч" можна назваць прачытаны на акадэміі ў семінарыі рэферат "Францішак Багушэвіч на шляху беларускай літаратуры" 1.

Не абмяжоўваліся стварэннем толькі пачатковых і сямігадовых школ на Пастаўшчыне. Паколькі адчуваўся дэфіцыт у педагогах, у першую чаргу паклапаціліся пра адкрыццё ў Паставах настаўніцкай семінарыі. У 1943 г. тут навучалася больш за 200 чалавек. У апошнія пяць месяцаў да прыходу савецкіх войскаў у Паставы семінарыяй кіраваў добра вядомы ў Заходняй Беларусі педагог Барыс Кіт. У гэтай вучэльні працавала нямала высокакваліфікаваных і адначасова шчыра адданых нацыянальнай ідэі педагогаў, што пазітыўна адбівалася на фармаванні асобы маладых настаўнікаў. Вось толькі шкада, што не ўсе з іх змаглі прысвяціць сваё жыццё абранай прафесіі. Трагічна склаўся лёс навучэнца семінарыі, сябра Саюза беларускай моладзі Міколы Канаша (1943 ― 1944 гг.). З выгнаннем акупантаў яго адразу паслалі на фронт і пратрымалі ў Савецкай Арміі да 1948 г., а затым за прыналежнасць да СБМ асудзілі на 25 гадоў зняволення і накіравалі ў Комі АССР. Адзінае, што сагравала і суцяшала яго ў там суровым паўночным краі СССР ― гэта чытанне рукапісных вершаў Ларысы Геніюш, якая тут таксама адбывала сваё незаслужанае пакаранне. З уласцівай савецкім рэпрэсіўным органам жорсткасцю расправіліся таксама з навучэнцамі, сябрамі СБМ Пастаўскай настаўніцкай семінарыі дзяўчатамі Троцкай, Савіцкай, Кануш, Чыпко 2.

У тагачаснага педагагічнага калектыву Пастаўскай настаўніцкай семінарыі меліся ўсе падставы ганарыцца сваім навучэнцам Іосіфам Сушко, шчодра наделеным самой прыродай музычным талентам. Яго далейшаму развіццю ўсяляк спрыяў цудоўны выкладчык семінарыі музыкант Скурко. Замест таго, каб мець магчымасць працягнуць вучобу пасля вызвалення Паставаў ад акупантаў, у снежні 1944 г. шаснаццацігадоваму Іосіфу несправядлівы лёс наканаваў стаць палітвязнем Азёрлага (Тайшэцкі раён Іркуцкай вобласці). Тэрмін адбываў у лагпункце "Цэнтральны аўтарамонтны завод", пры якім мелася створаная са зняволеных культбрыгада. Мастацкім кіраўніком яе з'яўлялася колішняя салістка Вялікага тэатра СССР Лідзія Бакліна. У аркестры брыгады налічвалася 26 чалавек, сярод якіх і баяніст Сушко. У яго склаліся вельмі добрыя дачыненні з начальнікам культурна-выхаваўчай часткі лагпункта Леанідам Цюціным (родам з Полаччыны) *. Беларускаму баяністу не раз даводзілася выступаць у ролі акампаніятара народнай артысткі СССР Лідзіі Русланавай, з якой разам адбываў тэрмін зняволення. Сустракаліся яны і ў 1956 г., калі выдатная спявачка гастралявала ў Мінску. Не разлучаўся І. Сушко са службай музыцы і пасля вяртання ў 1954 г. на радзіму. Яму прысвоена званне заслужанага работніка Беларусі. Напісаныя ім песні "Што ж ты мне сэрца параніў", "Мы з мілым размінуліся", "А мне ў шчасце верыцца" і сёння шырока вядомыя сярод аматараў песеннага мастацтва 1.

Не сутыкалася з недахопам абітурыентаў Менская настаўніцкая семінарыя. Абсалютная бальшыня іх належала да бяднейшых пластоў насельніцтва. Па гэтай прычыне яе кіраўніцтва звярнулася 13 чэрвеня 1944 г. у Аддзел культуры і асветы г. Менска з просьбай вызваліць малазабяспечаных вучняў (спіс іх да прашэння дадаваўся) ад аплаты за навучанне. Аддзел падтрымаў просьбу і звярнуўся з аналагічнай просьбай у Школьны аддзел Беларускай Цэнтральнай Рады. У адпаведнасці з падпісанай 17 чэрвеня 1944 г. прэзідэнтам БЦР Р. Астроўскім пастановай у распараджэнне дырэктара Менскай настаўніцкай семінарыі выдавалася 2500 РМ для размеркавання сярод бяднейшых вучняў 2.

Ва ўсіх жыццёвых сітуацыях грамадства павінна дбаць пра забеспячэнне сваіх патрэб медыцынскімі работнікамі. Даваеннай Беларусі было далёка, каб зняць з парадку дня гэтую важную праблему. Яе істотна абвастрылі вайна і акупацыя і таму пры ўсіх эканамічных цяжкасцях нешта трэба было рабіць і па падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў. І ў гэтым меліся пэўныя пазітыўныя зрухі. Вельмі хутка знайшла сабе вялікую папулярнасць сярод моладзі адчыненая ў лютым 1942 г. Баранавіцкая трохгадовая сярэдняя медыцынская школа. У 1942/43 н.г. тут навучалася 462 будучыя медработнікі і працавала 24 настаўнікі 1. Спачатку яна рыхтавала аптэкарскіх памочнікаў, прычым вучоба працягвалася без перапынку і ўзімку, і ўлетку. Ад верасня 1943 г. тут пачаў працаваць яшчэ і акушэрска-фельдчарскі курс. Усяго на той час у школе займалася 330 чалавек. Не забываліся ў школе і пра развіццё мастацкай самадзейнасці. Выходзіла насценная газета "Кліч" 2.

У гады нямецкай акупацыі ў гэтым горадзе былой Заходняй Беларусі працавала не толькі сярэдняя медыцынская школа. У 1942/43 н.г. тут пачаліся заняткі ў першай на Беларусі сярэдняй гандлёва-адміністрацыйнай школе з чатырохгадовым тэрмінам навучання. У 1943/44 н.г. у ёй навучалася 245 чалавек, працавала 23 настаўнікі. Са спецыяльных дысцыплін выкладаліся бухгалтэря, тэхніка і арганізацыя гандлю, стэнаграфія, таваразнаўства, навуковая арганізацыя працы, крымінальнае і цывільнае права, крымінальны працэс, арганізацыя самаўрадаў, бюджэт, санітарная ахова і інш. З агульнаадукацыйных прадметаў абавязковымі лічыліся беларуская і нямецкая мовы, фізічнае ўзгадаванне, заняткі па якіх планавалася праводзіць на працягу ўсіх чатырох гадоў навучання, бо ставілася за мэту, каб выпускнікі школы ў належнай ступні авалодалі гэтымі мовамі і мелі добрае здароўе 3. Паклапаціліся ўлады пра адкрыццё ў Баранавічах і такой важнай у першую чаргу для іх інтарэсаў навучальнай установы, як трохгадовая дарожна-будаўнічая школа. Стан дарог на Беларусі, у тым ліку і на тэрыторыі ГАБ, ніяк не задавальняў патрэбам Трэцяга Рэйха. У Баранавічах у 1942 г. каля 560 слухачоў навучалася на трохмесячных арганізацыйна-бухгалтарскіх курсах 4.

Ахвотна падавалася моладзь на вучобу ў Маладзечанскую адміністрацыйную школу *, якую ўзначальваў выпускнік (1933 г.) фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Барыс Кіт. У 1942/43 н.г. у ёй жаданую прафесію набывала 1326 чалавек, што зусім нямала для ўмоваў акупацыйнага рэжыму. Пра гэтую вучэльню добрыя ўспаміны пакінулі многія наведвальнікі яе, не забываючы пры гэтым падкрэсліць асаблівую заслугу Б. Кіта. "У школе, ― піша А. Канановіч з Ваўкавыска, ― поўнасцю адсутнічала ўсялякая палітызацыя. Ніякіх усхваленняў Гітлера і яго арміі, нам нічога нават не гаварылі аб нямецкім народзе і яго культуры, ні адзін немец не пераступаў парога школы…

Не было ў нас ніякай крытыкі Сталіна і бальшавізму, а ў душы кожны з нас разумеў, што немцы павінны быць выгнаны з нашай зямлі". Былая навучэнка вельмі ўдзячная сваім настаўнікам, што на іх уроках даведалася "пра Кірылу Тураўскага, Францішка Скарыну, Сімяона Полацкага, Льва Сапегу, пра Вялікае Княства Літоўскае, пра Буднага, Цяпінскага, Кастуся Каліноўскага, пра беларускую літаратуру канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя". Паводле яе прызнання нічога падобнага яна не чула ні ў польскіх, ні ў савецкіх школах 1.

У многім пераклікаюцца з вышэйпрыведзенымі словамі ўспаміны яшчэ аднаго навучэнца гэтай установы, а пазней вядомага мастака Кастуся Харашэвіча: "У школе мы вучыліся па праграмах, якія не зведалі ні польска-нямецкай, ні савецкай цэнзуры. Менавіта там далучыліся да вытокаў гісторыі культуры роднага краю, яго звычаяў і традыцый, бо настаўнікі нашы былі ў асноўным рупліўцамі на ніве нацыянальнай асветы, сапраўднымі інтэлігентамі і патрыётамі". Заслуга школы К. Харашэвічам бачыцца яшчэ і ў тым, што яна "многім дазволіла пазбегнуць угону ў Германію" 2.

У 1942 г. у Маладзечна заснавалі медыцынскую школу. Яе аптэкарскае аддзяленне закончыў у 1943 г. ураджэнец мястэчка Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна, пазней добра вядомы сярод беларускай эміграцыі грамадскі і культурны дзеяч Міхась Сенька. Як і многіх, яго вельмі задавальняла, што навучанне вялося па-беларуску. Вывучалі нямецкую і лацінскую мовы, беларускую гісторыю, спевы (настаўнік Генадзь Цітовіч). У школу "бралі моладзь з вёскі. Хлопцы стараліся добра вучыцца. Нацыянальнае ўзгадаванне было вельмі моцнае" 1. І гэта ў навучальнай установе, дзе рыхтавалі не якіх-небудзь ідэолагаў, адміністрацыйных работнікаў, педагогаў, а медыцынскія кадры! У тым самым годзе зрабіла першы прыём навучэнцаў Маладзечанская музычная школа: набралі 44 чалавек. Па нядзелях яны рэгулярна ўдзельнічалі ў канцэртах, што ладзіліся ў гарадскім парку.

Вядучае месца аграрнага сектара Беларусі ў яе эканоміцы запатрабавала падрыхтоўкі і спецыялітсаў сельскагаспадарчага профілю. З навучальных устаноў, дзе яна вялася, заслугоўвае быць згаданай Сваяціцкая трохгадовая сельскагаспадарчая школа Баранавіцкай акругі. Прыём заяў на вучобу ўлетку 1942 г. засведчыў вялікае жаданне вясковай моладзі атрымаць агранамічную асвету 2. У тым жа годзе заняткі вяліся ў Мар'іна-Горскай сельскагаспадарчай школе (Пухавіцкі раён) і Касцяневіцкай сельскагаспадарчай школе (навучалася 85 чалавек), што знаходзілася на тэрыторыі Куранецкага раёна (Вілейшчына).

Наўрад ці можна было знайсці хоць аднаго жыхара Валожына, які не радаваўся б, што ў іх населеным пункце заклалі гандлёвую школу. У 1942 г. яе наведвала 137 вучняў. З 1943 г. у ёй працавала вельмі адметная асоба: сын дачкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Камілы Гадзімір-Міраслаў (1907 г.н.), які ў 1934 г. абараніў у Вільні кандыдацкую дысертацыю па матэматыцы. У 1944 г. ён стаў выкладчыкам Івянецкай сярэдняй школы. Перад прыходам Чырвонай Арміі з'ехаў у Кракаў, дзе працаваў прафесарам матэматыкі (памёр у 1969 г.) 3.

Прафесійная адукацыя прыйшла і ў зусім невялічкі заходнебеларускі гарадок Клецк. Яго сярэднюю тэхнічную школу наведваў вельмі здольны да вучобы юнак з вёскі Лучыны Нясвіжскага павета Янка Жучка *. Заняткі ў школе цесна спалучаў з актыўным удзелам у працы мясцовых Саюза беларускай моладзі і Беларускай народнай самапомачы.

Разгледжаным вышэй тыпам навучальных устаноў, як толькі мог, стараўся дапамагчы заснаваны ў жніўні 1942 г. у Менску Прафесійны Саюз Беларусі. Са студзеня да ліпеня 1944 г. ён выдаваў у Менску штомесячнік "Наша праца". Звяртае на сябе ўвагу час, калі ён пачаў выходзіць. Відаць, кіраўніцтва саюза не верыла ў хуткае вызваленне Менска ад нямецкай акупацыі.

На акупаванай тэрыторыі Беларусі з'явіліся і карысталіся ў моладзі вялікай прэстыжнасцю такія тыпы навучальных устаноў, як гімназіі і прагімназіі. У даваеннай БССР яны адсутнічалі. Пра стварэнне і дзейснасць такіх навучальных устаноў добра паклапацілася адміністрацыя Слонімскай акругі. У беларускай прагімназіі гэтага горада ў 1943/44 н.г. навучалася 235 чалавек. Яна мела 4 класы, працавалі фізічны, хімічны і біялагічна-анатамічны кабінеты. Раз на тыдзень юнакі займаліся сталярствам, а дзяўчаты два разы на тыдзень ― вышываннем. У прагімназіі меўся вучнёўскі хор 1. У гэтай навучальнай установе працавала нямала высокай кваліфікацыі педагагічных кадраў. Узначальваў яе Ю. Астроўскі, які да вайны загадваў кафедрай Менскага дзяржпедінстытута.

На належным узроўні вяліся заняткі ў Баранавіцкай беларускай прагімназіі, у штаце якой мелася дастаткова вопытных, адданых нацыянальнай ідэі педагогаў. Ім удавалася і ва ўмовах жорсткай фашысцкай акупацыі ўзгадоўваць неадарваную ад роднай глебы нацыянальна-патрыятыяную моладзь, для якой любоў да Бацькаўшчыны была даражэй за ўласнае жыццё. Пазней з ліку тых, хто закончыў ці вучыўся ў гэтай установе, выйшла нямала вядомых людзей. Сярод іх у першую чаргу можна назваць вучонага, пісьменніка, грамадска-палітычнага дзеяча беларускага замежжа Янку Запрудніка (сапр. Сяргей Вільчыцкі). Навучэнкай Баранавіцкай беларускай прагімназіі была і Ірына Крэнь, якая на апошнім вітку свайго працоўнага жыцця з'яўлялася карэспандэнтам газеты "Наша слова". Усе яе публікацыі прысвячаліся самым актуальным пытанням нашага нацыянальна-культурнага Адраджэння, садзейнічалі выхаванню ў чытача павагі да сваёй роднай мовы.

Заўжды належная запоўненасць класаў прафесійных навучальных устаноў моладдзю тлумачылася найперш яе цалкам заканамерным жаданнем быць падрыхтаванай да ўступлення ў практычнае жыццё, займацца найбольш любімай працай. Але не толькі гэтым крытэрыям даводзілася кіравацца. Добра вядома, што некаторыя ішлі вучыцца ў прафесійнага тыпу навучальныя ўстановы, каб ухіліцца ад прымусовага вывазу на працу ў Германію. Менавіта па гэтай прычыне паступіў у 1943 г. у Слонімскую настаўніцкую семінарыю на 18-м годзе жыцця Васіль Супрун. Гэты год быў адметным для яго яшчэ і выступленнем на старонках "Баранавіцкай газэты" з першым вершам "Песьня на чужыне". Талент на гэта меўся, толькі перашкодзіла яму як след працяглае знаходжанне ў савеціх лагерах у пасляваенны перыяд. Па-сапраўднаму звярнуўся да паэтычнай дзейнасці толькі з канца 80-х гадоў.

Вучыцца ва ўстановах павышанага тыпу, атрымліваць прафесійную адукацыю магла моладзь любой нацыянальнасці, акрамя яўрэйскай. З розных крыніц вядома, што у баранавіцкіх медыцынскай і гандлёвай школах разам з беларусамі вучыліся і татары з блізка размешчаных ад іх населеных пунктаў: Ліля, Хальця і Генадзь Байрашэўскія з Арды, Тамара Казакевіч і Раман Сабалеўскі ― з Іванава, Хусейн Александровіч ― з Клецка 1. Апошні з іх пазней стаў добра вядомым на Беларусі доктарам хімічных навук, прафесарам.

Дзеля забеспячэння моладзі магчымасці атрымаць прафесію практыкавалася і арганізацыя розных формаў вячэрняга навучання. У Баранавічах, да прыкладу, у 1943/44 н.г. дзейнічала вячэрняя школа, у якой 170 чалавек розных спецыяльнасцяў павышалі свае не толькі агульнаадукацыйныя, але і прафесійныя веды, у прыватнасці па бухгалтэрыі і тэхнічным рысаванні 1.

Як вынікае са сказанага, у ГАБ на працягу ўсяго перыяду акупацыі рабілася нямала дзеля забеспячэння нармальнага функцыянавання навучальных устаноў. На пачатку 1942/43 н.г. на яго тэрыторыі ў стадыі арганізацыі і адчынення знаходзіліся наступныя прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы: 5 настаўніцкіх семінарыяў з тэрмінам навучання 4 гады, адпаведна прагімназій ― 6 і 4, сельскагаспадарчых сярэдніх школ ― 1 і 4, рамесных школ ніжэйшага тыпу ― 1 і 2, гаспадарчых школ для дзяўчат ― 1 і 2, тэхніка-механічных ― 1 і 3, будаўніча-дарожны тэхнікум ― 1 і 4, сярэдняя школа медыцынскага персаналу ― 1 і 3, ветэрынарная школа ― 1 і 3, матуральных (выпускных) курсаў ― 2 і 2, адміністрацыйна-гандлёвых школ ― 4 і 4, інстытут фізічнага ўзгадавання ― 1 і 1, мастацкая школа ― 1 і 2, музычная школа ― 1 і 1 2. Па розных прычынах не ўсе з запланаваных да ўводу ў дзеянне ў 1942/43 н.г. устаноў былі адчынены і працавалі на працягу поўнага навучальнага года.

Моладзь такіх тыпаў навучальных устаноў, і асабліва прафесійна-тэхнічнага профілю, найбольш за ўсе яе ўзроставыя катэгорыі цікавіла акупацыйныя ўлады. Тлумачылася гэта галоўным чынам тым, што яна больш за ўсіх была жаданай для пасылкі на працу ў Германію, бо валодала прафесіямі, пэўнымі ведамі нямецкай мовы. Пры патрэбе значную частку такой моладзі можна было выкарыстаць і ў барацьбе з партызанамі. І што немалаважна, гэтую моладзь пры неабходнасці вельмі лёгка было мабілізаваць уладам, дзякуючы яе канцэнтрацыі ў адным месцы падчас заняткаў. Усё гэта не магло не турбаваць педагагічныя калектывы, бо сярод апошніх не мелася такіх, хто не быў бы супроць выкарыстання іх гадаванцаў не па прамым прызначэнні. Настаўнікі заўжды правільна зарыентоўваліся і ў той няпростай, небяспечнай сітуацыі, калі трэба было ратаваць ад масавага прымусовага вывазу на працу ў Германію навучэнцаў сярэдніх прафесійных школ. Вялікі супраціў адна з такіх акцый, што адбывалася ў верасні 1942 г., выклікала з боку педагогаў і навучэнцаў медыцынскай і гандлёвай школ г. Баранавічы. Дзякуючы іх арганізаванай, як след прадуманай дзейнасці яна не мела поспеху. Немцы вымушаны былі вызваліць з-пад арышту дырэктара медыцынскай школы айца Льва Гарошку. Праз некалькі месяцаў аднавіліся заняткі ва ўсіх сярэдніх школах на тэрыторыі колішняй Заходняй Беларусі.

Акупацыйныя ўлады вельмі пільна сачылі і за тымі, каму было даверана ўзначальваць навучальныя ўстановы прафесійнага профілю, сурова караючы парушальнікаў усталяванага для іх рэжыму. Добра зведаў гэта на сабе Мацей (Мітрафан) Рэпкаў-Смаршчок (літ. псеўданім Анатоль Бярозка) *. Нейкі час і яму давялося папрацаваць дырэктарам Баранавіцкай медыцынскай школы. Як актыўны ўдзельнік заходнебеларускага студэнцкага і грамадскага руху ў міжваенны перыяд ён не мог і ў гады акупацыі мірыцца з грубымі парушэннямі чужынцамі нацыянальных правоў жыхароў роднага краю. Адстойванне ж іх інтарэсаў скончылася для М. Рэпкава-Смаршчка зняволеннем у 1944 г. у нямецкі канцлагер.

У гады акупацыі мелі месца выпадкі, праўда, даволі рэдкія, калі ўстановы адукацыі і культуры Нямеччыны, а таксама цесна звязаных з ёю краін выдзялялі і беларускай моладзі месцы для вучобы і стажыроўкі. Такой форме падрыхтоўкі ўсяляк садзейнічаў і сам кіраўнік ГАБ. Так, з распрацаванага 18 студзеня 1943 г. Цэнтральным і Беларускім штабамі партызанскага руху плана правядзення аперацыі "Рыбак" па знішчэнні В. Кубэ вынікае, што калі менскія газеты змясцілі аб'яву для былых студэнтаў горада і прапанавалі апошнім "зарэгістравацца на прадмет працягу іх адукацыі ў навучальных установах Германіі", гаўляйтар выклікаў такіх асобаў да сябе на размову. "Асаблівую ўвагу, ― адзначалася ў цытуемым дакуменце, ― ён надае былым студэнтам Менскай кансерваторыі, якія жадаюць працягваць музычную адукацыю" 1. Такую ж прапанову ад В. Кубэ атрымаў і вышэй ужо згаданы мною былы дацэнт Беларускай кансерваторыі, акардэаніст В. Савіцкі. Хто з іх адважыўся на такі крок, аўтару не ўдалося высветліць. Але вядома, да прыкладу, што ў Вене вучыўся беларускі мастак М. Казак. У адпаведнасці з пастановай Прэзідыума БЦР ад 28 чэрвеня 1944 г. яму з сум Самапомачы выдзялялася штомесячна аж да заканчэння тэрміну навучання па 200 РМ. Усяго дзеля гэтай мэты адпускалася 1000 РМ. "Калі гэтай сумы да заканчэння студыі будзе недастаткова, ― адзначалася ў пастанове, ― то БСП (Беларуская самапомач. ― Л. Л.) будзе і далей удзяляць дапамогу па прадстаўленьні гэтай справы з боку Беларускага Прадстаўніцтва ў Вене" 2.

Зразумела, далёка не ўсё, што хацелася зрабіць дзеля развіцця сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школы, здзейснілася. Асаблівыя старанні прыкладалі па стварэнні ў Менску медыцынскага інстытута, бо без спецыялістаў такога высокага класа заставалася б шмат неразвязаных праблем па ахове здароўя людзей. Генеральная акруга Беларусь мела вострую патрэбу не толькі ў медыцынскім інстытуце. Таму пэўныя крокі рабіліся і па стварэнні іншых ВНУ. Паводле Ю. Туронка ў бургамістра Менска Вацлава Іваноўскага была задума адкрыць у сталіцы Генеральнай акругі Беларусь тэхналагічны інстытут і ўніверсітэт. І ў гэта можна паверыць, улічваючы вострую патрэбу і цывільных, і вайсковых структур Беларусі ў розных спецыялістах вышэйшай кваліфікацыі. Да таго ж у зусім недалёкім мінулым В. Іваноўскі ― гэта прафесар Варшаўскага політэхнічнага інстытута і Віленскага ўніверсітэта, таму ён не мог не мець зацікаўленасці ў заснаванні падобнай да іх вышэйшай навучальнай установы ў Менску, будучы яго галавою. Здзейснены замах на В. Іваноўскага перашкодзіў ажыццяўленню яго, несумненна, карыснай і ў тых умовах задумы.

Спецыфічны характар мела адукацыйная сістэма, спецыяльна створаная для сяброў Саюза беларускай моладзі. Самым станоўчым у ёй (сістэме) трэба прызнаць упор на адпаведнасць навучальна-выхаваўчага працэсу беларускім нацыянальна-культурным традыцыям. І такое спрэс назіралася. У арганізаваных для сяброў СБМ вучэльнях вялікая ўвага надавалася таксама эстэтычнаму выхаванню моладзі. Будавалася яно з улікам беларускіх народных традыцый. Гэтая справа даручалася выкладчыкам не толькі з багатым прафесійным досведам, але і з высокай нацыянальнай самасвядомасцю. Такім патрабаванням у поўным аб'ёме адпавядаў настаўнік спеваў Краёвай школы СБМ у Альбярціне Пётр Нядзвецкі (1919 г.н.; в. Вераб'і Мядзельскага раёна). Сярод створаных ім песень (пісаў тэксты і музыку) найбольшую папулярнасць здабыла сабе "Ідуць жаўнеры-беларусы". Карыстаўся псеўданімам Пятро Звонны 1.

Глыбокае ўсведамленне выключнай важнасці адукацыі ва ўсіх жыццёвых варунках, у т.л. і ў акупацыйных, прычынілася да таго, што ў навучальныя ўстановы ГАБ прыйшло ў той час працаваць няма людзей, якія пазней праславілі сябе сваімі выдатнымі дасягненнямі на педагагічнай ніве, у навуковай, культурнай сферах. Сярод іх ― выкладчык спеваў Генадзь Цітовіч (у будучым дырэктар Дзяржаўнага народнага хору БССР), малодшы брат Якуба Коласа Міхаіл, выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні Барыс Кіт (спачатку дырэктар Беларускай гімназіі ў Наваградку, затым дырэктар Маладзечанскай прамыслова-гандлёвай школы). Пасля вайны здабыў сабе ў эміграцыі славу таленавітага дзеяча ў галіне амерыканскай астранаўтыкі. Здольным арганізатарам народнай адукацыі, выдатным педагогам прыйшоў у гады акупацыі на гэты адказны ўчастак Алесь Вініцкі. Яму, як нікому з іншых, вельмі ў многім абавязаная сваімі дасягненнямі школа Нясвіжчыны. Затое першаму чэкісту Беларусі Л. Цанаве гэта паслужыла важнай падставай для суровай крытыкі. Пра гэтага, бясспрэчна, зусім не шараговага дзеяча на ніве беларускай адукацыі ў самыя цяжкія для апошняй часы такое напіша далёкая ад яе асоба Л. Цанава: "Займаючы пры немцах пасаду школьнага інспектара Нясвіжскага раёна, Баранавіцкай вобласці, Вініцкі па патрабаваннях акупантаў пагрозамі і гвалтам праводзіў вярбоўку моладзі ў карныя атрады (такое наўрад ці ўваходзіла ў абавязкі школьнага інспектара. ― Л. Л.), якія выкарыстоўваліся для барацьбы з савецкімі партызанамі і для знішчэння мірных грамадзян. Выдыгаючыся, як сабака перад гітлераўскімі захопнікамі, Вініцкі шантажыраваў маладых людзей, прымушаючы іх да пастулпення ў "СБМ", сістэматычна выступаў перад насельніцтвам з прафашысцкімі дакладамі, поўнымі злосці да Савецкага Саюза" 1.

Па закліку душы, а не пад прымусам працаваў у гады вайны ў школах Менска і Баранавічаў Эдзюк Будзька (1882 ― 1958). Такія людзі, як ён, не маглі служыць ворагу. Гэты чалавек меў вельмі вялікія заслугі перад беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам: у 1916 г. выдаваў у Петраградзе прагрэсіўную беларускамоўную газету "Светач" (надрукаваў у ёй цікавае даследаванне "Думкі да граматыкі"), на з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у сакавіку 1917 г. абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, у чэрвені таго ж года на канферэнцыі Беларускай сацыялістычнай грамады абраны членам яе Цэнтральнага камітэта, быў дэпутатам з'езда беларускіх арганізацый і партый, Усебеларускага з'езда, якія праходзілі ў Менску адпаведна ў ліпені і снежні 1917г., з'яўляўся адным з арганізатараў Будслаўскай беларускай гімназіі (1918 г.), у 1921 ― 1922 гг. узначальваў беларускія настаўніцкія курсы ў Дзвінску. Паступіўшы на працу ў школу ў час нямецкай акупацыі, такі чалавек, вядома, не мог выхоўваць беларускіх дзяцей у духу фашысцкай ідэалогіі 2. Эміграваў у Нямеччыну, а затым у ЗША.

На працу ў школу ахвотна ішлі і многія з тых, хто да вайны належаў да прыхільнікаў ідэй Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., аддана служыў сацыялістычнаму ідэалу. Тут можна назваць дырэктара беларускай школы ў мястэчку Язна на Міёршчыне Ігната Мятлу ― роднага брата і аднадумца вядомага ў міжваенны перыяд заходнебеларускага дзеяча, дэпутата Польскага сейма Пятра Мятлы. Названая школа вызначалася ўдумлівым падыходам настаўнікаў да нацыянальна-патрыятычнага выхавання вучняў. "На ўроках ім расказвалі пра рэпрэсіі 1930-х у савецкай Беларусі, пра расстраляных і забароненых пісьменнікаў і навукоўцаў" 1. Адзін з найактыўных сяброў паваеннага Саюза беларускіх патрыётаў, складальнік тэксту прысягі для паступоўцаў у гэтую арганізацыю Алесь Юршэвіч * вучобу ў гэтай школе назваў галоўным фактарам фармавання ў яго беларускай нацыянальнай самасвядомасці, актыўнага, самаахвярнага змагання супраць дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі педагагічнага працэсу ў навучальных установах БССР.

У той надзвычай адказны для беларускага народа час у сферу адукацыі прыйшлі працаваць і сыны вядомага палітычнага, грамадскага дзеяча, літаратара Антона Луцкевіча Лявон і Юрка, пакінуўшы літоўскі горад Коўну. У 1941/42 н.г. яны настаўнічалі ў Радашковіцкай васьмігодцы (Юрку неўзабаве прызначылі яе дырэктарам), а з 1942 да 1944 г. першы з названых братоў быў дырэктарам Баранавіцкай сярэдняй мастацкай школы і адначасова выкладаў у тым жа горадзе ў Медычнай школе беларускую мову 2.

Не магу не адзначыць такой характэрнай для жыця ў гады акупацыі з'явы: досыць актыўнае агентурнае супрацоўніцтва савецкіх спецслужбаў з настаўніцтвам. Больш жаданай катэгорыі інтэлігенцыі, як настаўнікі для іх не існавала. Калі спецгрупа маёра С. Казанцава рыхтавала замах на В. Кубэ ў яго службовым кабінеце, яна завербавала нават самога начальніка школьнага аддзела Генеральнага камісарыята Беларусь Кісяля 3. Толькі шкада, што даволі часта з прычыны няякаснага вядзення агентурнай справы гінулі далучаныя да яе выканання настаўнікі. Такі лёс напаткаў і дзвюх настаўніц з Магільнянскай няпоўнай сярэдняй школы, дзе вучыўся аўтар гэтай кнігі, ― цётку * Дземідовіч і цёткі Квяткоўскую. Праўда, загінулі яны ўжо тады, калі пасля закрыцця ў чэрвені 1942 г. школы ў Магільным перайшлі на працу ва Узду.

Бяспрэчнай пазітыўнай з'явай у практыцы ўсіх тыпаў навучальных устаноў трэба прызнаць іх цвёрдую арыентацыю на выхаванне ў моладзі здаровага нацыянальнага патрыятызму, шчырай любові да роднай культуры, на добрае валоданне мовай сваёй Бацькаўшчыны. Педагогі ўсёй душой адчувалі, калі не звяртаць павышанай увагі да такіх станоўчых рысаў у характары маладых пакаленняў, яны могуць немінуча трапіць пад уплыў прынесенай заваёўнікамі культуры і стаць ахвярай анямечвання, як гэта ў далёкім і блізкім мінулым сталася з многімі адгалінаваннямі славянскай супольнасці народаў.

Сапраўдныя беларускія патрыёты ўзгадоўваліся ў сценах Наваградскай настаўніцкай семінарыі, дзе ў той час працавала нямала шчыра адданых беларускай справе педагогаў. Каб прышчапіць навучэнцам любоў да матчынай мовы, практыкавалася правядзенне сярод іх конкурсаў красамоўства. Выкананую вучаніцай 1-га класа семінарыі Зосяй Кужалевіч працу "За славу і волю" змясціў на сваіх старонках часопіс "Покліч" (№ 1, кастрычнік 1943 г.), што выдаваўся ў Наваградку. І такога гонару гэтая праца заслугоўвала. У яе аўтара адчуваюцца вялікая любоў да роднага краю, нястрымнае жаданне ўсяляк садзейнічаць яго развіццю нават і ў той страшны нявызначаны час. Яна заклікае людзей, найперш моладзь, "ня чурацца свае ўласнае мовы і свайго роднага краю ня здраджваць…" Як і многія іншыя з навучэнскай моладзі, яна шчыра верыла ў будучае пракламаванай гебелеўскай прапагандай "Новай Еўропы", дзе Беларусь зойме пачэснае месца. Таму нездарма яе праца заканчваецца такімі ўзнёслымі паэтычнымі радкамі:

"І зацьвіцё край Беларускі,

Як вясною макаў цьвет,

Зьдзівіцца паляк і рускі,

Задзівуецца ўвесь свет" 1.

Дасягненні ў сферы адукацыі былі б непараўнальна больш значнымі, каб нармальнай працы створаных з дазволу акупацыйных уладаў навучальных устаноў не перашкаджалі з ідэалагічных меркаванняў партызаны і падпольшчыкі. Не без іх непасрэднага ўдзелу шэраг школ у зоне зараджэння партызанскага руху не змог закончыць нават першы навучальны год. З вялікай цяжкасцю ўдалося гэта зрабіць і педагагічнаму калектыву Магільнянскай няпоўнай сярэдняй школы Уздзенскага раёна. Паразумецца з партызанамі дапамагло толькі тое, што сярод настаўнікаў знайшліся асобы, здольныя пераканаць сваіх апанентаў у мэтазгоднасці навучання дзяцей пры любых жыццёвых абставінах. З пашырэннем зоны дзейнасці партызанаў, актывізацыі іх руху няўхільна пагаршаліся магчымасці ладзіць народную адукацыю ў адпаведнасці з устаноўкамі акупацыйнай адміністрацыі. Такое ўдавалася бесперашкодна рабіць толькі на падуладнай ёй тэрыторыі, пераважна ў гарадской мясцовасці.

Акупацыйны рэжым прычыніўся да таго, што праца настаўнікаў стала адной з небяспечнай сярод людзей мірных прафесій. Рэальная пагроза для жыцця зыходзіла непасрэдна ад саміх акупантаў, партызанаў і Арміі Краёвай. Кожны з іх па-свойму абгрунтоўваў прычыны пакарання. Кіраўніцтва апошняй, да прыкладу, была непрымірымым да беларускіх настаўнікаў за іх мэтанакіраванае ўзгадаванне школьнікаў у нацыянальным духу, пра што ўжо пісалася вышэй.

Шмат цяжкіх выпрабаванняў давялося зведаць у 1943/44 н.г. настаўніцтву Слонімскай акругі, прычым ужо не з-за польскага ўплыву (што было б зусім зразумелым) ці дзеянняў мясцовых акупацыйных уладаў, а ў выніку праведзеных партызанамі акцый. У ходзе іх у агне згарэла 80 школ, некаторыя з настаўнікаў з-за сваёй адданасці адукацыйнай справе паплаціліся ўласным жыццём. Па віне партызанаў у Наваградскай акрузе ўвесну 1944 г. не працавала амаль палова школ, а ў Мінскай ― 80 % 2. На ўсё гэта не маглі не звярнуць увагі ні мясцовыя акупацыйныя ўлады, ні зацікаўленыя ў навучанні дзяцей педагагічныя калектывы. Не прыносіла яно радасці і бацькам вучняў.

Паколькі ў шэрагу месцаў праца настаўніка набыла такую сур'ёзную небяспеку для жыцця, некаторыя па сваёй уласнай волі адмаўляліся ад яе, ствараючы гэтым самым дзе-нідзе праблему забеспячэння школ педагагічнымі кадрамі. Не выключана, што магчыма па гэтай прычыне ў 1942 г. залічылі на пасаду дырэктара адной з пачатковых школ Смаргоншчыны семнаццацігадовага Янку Сурвілу *, неўзабаве спаленай партызанамі 1.

Магчымасці развязвання надзвычай складаных у сферы адукацыі і культуры праблем некалькі паспрыяла ўтварэнне 21 снежня 1943 г. Беларуская цэнтральнай рады, бо за прэзідэнта яе паставілі асобу моцна інтэграваную ў нацыянальную культуру Бацькаўшчыны ― Радаслава Астроўскага. Хаця БЦР закладвалася як дарадчы орган, аднак у пытаннях школьніцтва і культуры яна мела даволі шырокія паўнамоцтвы, што не раз выкарыстоўвалася на практыцы, хаця і не ў такім аб'ёме, як жадалася многімі. Так, "21 лютага Готбэрг загадаў акруговым камісарам перадаць БЦР школьныя справы, аднак аддзелы асветы і школьныя інспектары да канца акупацыі заставаліся ў штаце акруговых камісарыятаў. Цяпер акруговыя ўпаўнаважаныя БЦР маглі толькі аказваць нейкі ўплыў на школьную працу" 2.

Па ўсіх параметрах апошні ў гады акупацыі 1943/44 н.г. стаўся самым цяжкім у працы школ і іншых навучальных устноў, прычым не толькі ў эканамічным плане з-за немагчымасці адшукаць у поўным аб'ёме неабходныя фінансавыя сродкі на патрэбы адукацыі. Настаўнікаў вельмі непакоіў іх далейшы ўласны лёс. У перамозе СССР над Германіяй мала хто сумняваўся. Гэтак жа мала хто разлічваў на безнаказанасць перад савецкім судом за працу ў створаных з дазволу акупантаў навучальных установах. У такой сітуацыі мала каму хацелася думаць пра павышэнне якасці педагагічнага працэсу.

Дзеянне ва ўмовах акупацыі цэлага комплексу негатыўных для адукацыі фактараў усё ж асабліва моцна не адбілася на яе прэстыжнасці ва ўяўленнях насельніцтва, што можна разглядаць як наяўнасць у яго волі і жадання жыць, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу. І радуе, што людзі цягнуліся менавіта да нацыянальнай, а не да якой-небудзь чужой сістэмы адукацыі. Як і трэба было чакаць, найбольш папулярнай ідэя нацыянальнай школы была ў насельніцтва галоўнай акругі ГАБ ― Менскай. У ёй разам з Менскам і на пачатку 1944 г., калі мала хто сумняваўся ў непазбежнасці краху ўсталяванага фашыстамі рэжыму, функцыянавала 638 пачатковых школ. У астатніх акругах іх колькасць была такой: Глыбоцкая ― 479, Баранавіцкая ― 445, Вілейская ― 429, Лідская ― 397, Слуцкая ― 341, Наваградская ― 311, Слонімская ― 224, Пінская ― 165 (у тым ліку 39 украінскіх), Ганцавіцкая ― 117. У гады акупацыі на абсягах ГАБ медыцынскія школы працавалі ў Баранавічах і Менску, гімназіі і матуральныя курсы ― у Баранавічах і Навагрудку, гандлёва-адміністрацыйныя школы ― у Баранавічах, Валожыне і Маладзечне, настаўніцкія семінарыі ― у Нясвіжы, Паставах, Навагрудку, Слоніме, Вілейцы, Ганцавічах і Маладзечне, прагімназіі ― у Баранавічах, Навагрудку, Слоніме, Смаргоні і Глыбокім, рамесніцкія школы ― у Баранавічах, Клецку, Слоніме і Слуцку 1. Такую сетку адукацыйных устаноў ніяк нельга назваць беднай, мізэрнай. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што размяшчаліся яны (асабліва больш высокага тыпу і прафесійнага прызначэння) прапарцыянальна па ўсёй Генеральнай акрузе Беларусь, не сцягваючыся ў Менск, што дазваляла ахапіць навучаннем юнакоў і дзяўчат з самых аддаленых ад буйных гарадоў населеных пунктаў.

Дзеля паўнаты ўяўлення пра стан, прызначэнне адукацыі ў гады акупацыі ніяк нельга абмінуць прынятых і часткова ажыццёўленых захадаў па арганізацыі навучання беларускіх вайскоўцаў. Шмат хто з прадстаўнікоў нацыянальна-патрыятычных колаў увесь час выношваў планы пра наданне Беларусі той ці іншай формы палітычнай незалежнасці ў складзе запраграмаванай фашысцкай Германіяй "Новай Еўропы", што, натуральна, патрабавала абавязковага стварэння ўласнага войска. Пэўным практычным крокам для гэтага з'явілася заснаванне ўлетку 1942 г. з дазволу нямецкіх уладаў Беларускай Народнай Самапомаччу Беларускага корпуса самааховы. Дзеля гэтай арганізацыі існавала і такая назва: Беларуская самаахова (БСА). У сувязі з такімі планамі адразу ж на парадак дня паўстала задача па арганізацыі хаця б самай элементарнай вайсковай адукацыі. Дадзенае пытанне грунтоўна абмяркоўвалася 14 ― 16 ліпеня 1942 г. у Менску на нарадзе кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомачы. "Галоўным пунктам гэтай нарады была пастанова сабраць на 1 жніўня беларускіх афіцэраў у Менск дзеля перашкаленьня і пасылкі зараз жа ў акругі дзеля арганізацыі БСА. У канцы ліпеня ў Менск прыехалі першыя прадстаўнікі беларускага афіцэрства з Баранавіцкай акругі ў ліку 28 асобаў на чале з камэндантам БСА доктарам Войтэнкам. 3 жніўня былі адчыненыя трохтыднёвыя курсы па падрыхтоўцы афіцэраў для БСА. Узначаліў курсы Ф. Кушаль. У акругах таксама былі арганізаваныя курсы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі падафіцэраў (малодшыя чыны)". Увосень на першы курс падрыхтоўкі афіцэраў у Менск з'явілася 120 чалавек. Гэта былі пераважна колішнія царскія афіцэры, афіцэры польскай службы, а таксама і беларусы з цывільнага мясцовага насельніцтва. Былі "складзены часткова беларускія вайсковыя падручнікі, апрацаваны вайсковы статут, тактыка, тапаграфія і іншае…" 1 Усяго ж у Менску на такіх афіцэрскіх курсах прайшлі навучанне 260 чалавек 2.

Паколькі сама ідэя стварэння Беларускай самаабароны ў моц розных прычын правалілася, адпала неабходнасць і ў арганізацыі сістэмы вайсковай адукацыі. Да гэтай праблемы зноў давялося вярнуцца, калі ўзнікла пытанне пра стварэнне Беларускай Краёвай абароны. Пачатак ёй быў пакладзены ў канцы лютага 1944 г., да чаго праявіла вялікую ініцыятыву Беларуская цэнтральная рада. Неўзабаве ў Менску для падрыхтоўкі афіцэраў і падафіцэраў былі арганізаваны 3-тыднёвыя курсы, а з шараговымі жаўнерамі вялося навучанне непасрэдна на месцах прахаджэння іхняй службы. І ў першым і ў другім выпадках веды даваліся самыя элементарныя. Па вядомых прычынах вайсковае навучанне давялося спыніць улетку 1944 г. Жыццё прымусіла кіраўніцтва БЦР яшчэ раз заняцца праблемай арганізацыі вайсковай адукацыі не ў сябе дома, а на тэрыторыі Германіі, дзе ў канцы 1944 ― пачатку 1945 гг. фармаваліся беларускія нацыянальныя вайсковыя часткі. Займалася дадзенай праблемай Галоўнае вайсковае ўпраўленне БЦР, якое ўзначальваў Кастусь Езавітаў. У тэрміновым парадку былі "арганізаваны курсы перападрыхтоўкі кадраў афіцэраў, адкрыты школы падрыхтоўкі афіцэраў і падафіцэраў, арганізаваны курсы прапагандыстаў для вярбоўкі ў беларускія нацыянальныя фармаванні", у тым ліку і ў штурмавую брыгаду "Беларусь". Навучэнне кадраў для яе "праводзілася па статутах нямецкай арміі пад агульным камандаваннем нямецкага падпалкоўніка Зіглінга, яго намеснікам быў назначаны беларус маёр Рагуля.

У пачатку 1945 г. Езавітавым быў падрыхтаваны і выдадзены страявы Статут беларускай нацыянальнай арміі, у аснову якога былі пакладзены статуты нямецкай і польскай армій 1. І на чужыне ўсяляк імкнуліся да таго, каб забяспечыць панаванне беларускага духу ў розных формах навучання адарваных ад роднай зямлі вайскоўцаў. Заняткі з імі вяліся не на нямецкай, польскай, рускай мовах, а па-беларуску, хаця многія не гэтак ужо і кепска валодалі той ці іншай з трох названых моваў. Асаблівых праблем з выкарыстаннем іх не ўзнікла б і ў выкладчыкаў. Прыярытэт жа з нацыянальна-патрыятычных меркаванняў быў аддадзены роднай. І гэта цалкам апраўдана.

З вышэй прааналізаванымі матэрыяламі вельмі мала ў чым стыкуецца дадзеная нямецкім навукоўцам Бернгардам К'яры ацэнка праробленай у гады акупацыі працы па грамадскім узгадаванні маладых пакаленняў беларусаў. У яго кнізе "Штодзённасць за лініяй фронту" (Дзюсельдорф, 1998 г.) пра гэта так напісана: "Адукацыя падчас вайны амаль выключна абмяжоўвалася наведваннем дзецьмі народных школаў, дзе, пры адсутнасці неабходных дапаможнікаў, даваліся збольшага толькі элементарныя веды ў чытанні, пісьме ды лічэнні… Нерэалістычныя нямецкія дырэктывы ў справе беларусізацыі школьніцтва, увядзенне лацінскага алфавіту або навязванне нацыянал-сацыялістычнае ідэалогіі рабілі наведванне школы не толькі для польскіх, але і для беларускіх дзяцей ды іх настаўнікаў няўцямна-абсурднай справай" 1. Бяспрэчна, ведаў школа не магла даць вучням столькі, колькі ў мірны час, але давала і давала непараўнальна больш, чым яны атрымлівалі, а не дык і зусім не атрымлівалі ў сем'ях. Ужо толькі за адно гэта нельга недаацэньваць школу таго часу. Да таго ж у ёй працавала шмат педагогаў з моцным, шчырым жаданнем не пусціць у раскручаную фашысцкімі ідэолагамі "Новую Еўропу" нацыянальна абалваненую беларускую моладзь. Паводле сваіх ведаў айчыннай гісторыі, прыхільнага дачынення да роднай беларускай мовы яны не на адзін парадак стаялі вышэй за вучняў даваеннай Савецкай Беларусі. Сёння пры амаль поўнай дэнацыяналізацыі сістэмы адукацыі ў краіне толькі марыць можна аб тым прэстыжным месцы, якое ў гады акупацыі займала беларускае слова ў навучальна-выхаваўчым працэсе. Школу таго часу ніяк нельга назваць сродкам анямечвання беларускіх дзяцей, а вось сёння яна русіфікуе іх на ўсю магутнасць, маючы ад дзяржавы неабходную падтрымку. Гэта найбольш за ўсё савецкай і ўжо створанай ў РБ сістэме адукацыі мы абавязаны тым, што беларуская моладзь узгадоўваецца ледзь не ў поўным адрыве ад роднага слова. Яшчэ ніколі яна не была так моцна, небяспечна зрусіфікаванай, як сёння. І гэта ўсё галоўным чынам дзякуючы сучаснай антынацыянальнай сістэме адукацыі.

Разгорнутай на тэрыторыі акупаванай Беларусі сістэме адукацыі быў вядомы і такі тып навучальных устаноў, як разведвальна-дыверсійныя школы. Ствараліся яны нямецкімі спецслужбамі. У Барысаве такая школа пачала функцыянаваць ужо ў жніўні 1941 г. Пазней разведчыкаў-дыверсантаў, радыстаў сталі рыхтаваць у Наваградку ("Казацкая парашутна-дэсантная школа), Менску (рыхтавала таксама і агентаў-прапагандыстаў). Кантынгенты школ складаліся ў асноўным з савецкіх ваеннапалонных, сярод якіх траплялі і беларусы, у прыватнасці былы артыст арганізаванага немцамі ў Барысаве "Беларускага народнага дома" Каваленка, работнік Барысаўскай электрастанцыі Сушкевіч, селянін Шышлоў. У Менскай школе ў канцы 1943 ― пачатку 1944 г. навучаліся "ў асноўным жанчыны ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў. Некаторым з іх у мэтах канспірацыі дадзены дзеці з дзіцячых дамоў" 1.

§ 5. Спробы арганізацыі навуковай працы

Пры ўсіх жыццёвых сітуацыях кожнае грамадства дзеля дасягнення жаданых зрухаў у эканамічным, сацыяльна-палітычным і культурным развіцці мае вялікую патрэбу ў правядзенні навуковых даследаванняў. Многімі лічылася, што ва ўмовах акупацыйнага рэжыму для гэтага на Беларусі не маецца аніякіх магчымасцяў. І ўсё ж пэўныя крокі рабіліся ў гэтым кірунку, хаця і безвыніковыя. Справа трохі зрушылася з мёртвай кропкі пасля заснавання ў чэрвені 1942 г. Беларускага навуковага таварыства (БНТ). А яшчэ да гэтага настойлівая гаворка з акупацыйнымі ўладамі вялася пра закладку Беларускай акадэміі навук. І быў час, што гэтая задума здавалася вось-вось стане рэальнасцю. Аднак, як і ў многіх іншых падобных выпадках, фашысты пагадзіліся на палавінчатыя меры: замест такой акадэмічнай установы далі згоду на ўтварэнне БНТ. Непасрэдны ўдзел у гэтым разам з мясцовымі ўладамі, навукоўцамі бралі і прафесійна звязаныя з праблемамі культуры, правядзеннем навукова-даследчых прац прадстаўнікі Рэйхскамісарыята Остлянд, паколькі мелася мэтай выкарыстоўваць БНТ і ў інтарэсах самой Германіі. Належную ролю ў дзейнасці Таварыства меркавалася адвесці даследаванню розных праблем беларусазнаўства, да чаго выказвалі пэўную зацікаўленасць і нямецкія навуковыя калектывы. Што гэтая навуковая ўстанова павінна была заняць прыстойнае месца ў грамадстве, можа сведчыць факт згоды В. Кубэ стаць яе ганаровым старшынёй. Узначаліў прэзідыум БНТ "І. Ермачэнка, ягоным першым намеснікам быў начальнік палітычнага аддзела генеральнага камісарыята Франц Юрда, а другім ― бургамістр Мінска Вацлаў Іваноўскі" 1. Як і ва ўсіх іншых падобных выпадках, да дзейнасці БНТ не маглі не праявіць сваёй зацікаўленасці беларускія партызаны і падпольшчыкі. Сярод тых, хто трымаў з імі патаемную сувязь, быў колішні супрацоўнік Акадэміі навук А. Рунцо. На справе ён аказаўся нявопытным сакрэтным агентам. У лістападзе 1943 г. быў схоплены гестапа, але не закатаваны: вывезены ў Францыю і пасля заканчэння вайны вярнуўся ў Беларусь.

Першы год працы БНТ не даў якіх-небудзь прыкметных вынікаў, што паслужыла падставай унесці пэўныя перамены ў яго структуру. У чэрвені 1943 г. за яго старшыню абралі доктара тэхнічных навук, вопытнага арганізатара народнай асветы (у Грамадзянскую вайну кіраваў Менскім педагагічным інстытутам), буйнога палітычнага і грамадскага дзеяча, бургамістра Менска з 1942 г. В. Іваноўскага (1880 г.н.). Яго першым заступнікам стаў прафесар І. Лыноўскі, другім ― прафесар В. Масевіч, сябрамі прэзідыума былі прызначаны прафесар Шыперка, Шкуцька, Трысмакоў, Кавалёў і Бухвалаў 2. Загадчыкам гуманітарнага аддзела БНТ стаў Станіслаў Станкевіч, прыроды ― Афанасій Дарожкін, намеснікам загадчыка навуковага аддзела ― Эдуард Шыперка 3. Па розных прычынах, не выключаючы і няўдач на савецка-нямецкім фронце, БНТ як след не змагло разгарнуць навуковую дзёнасць і ў канцы 1943 г. спыніла сваё існаванне. Сама ж ідэя стварэння такога Таварыства мела апраўданне, паколькі ў навукоўцаў і тады быў непачаты край працы, прычым і такой, што магла б пайсці на карысць беларускаму народу.

Акупацыя не спыніла навукова-даследчую працу заснаванага ў 1925 г. па ініцыятыве акадэміка Мікалая Вавілава філіяла Усесаюзнага інстытута раслінаводства, які знаходзіўся ў Лошыцкім парку паблізу Менска. Прамую зацікаўленасць у працягу дзейнасці філіяла мелі яго супрацоўнікі, паколькі гэта давала магчымасць зарабіць на кавалак хлеба, а таксама акупанты, бо навуковыя дасягненні можна было выкарыстоўваць у інтарэсах Германіі. Працы філіяла не маглі перашкодзіць падпольшчыкі і партызаны з прычыны таго, што тут спачатку знаходзілася ўпраўленне гестапа па Менскай акрузе, а затым трэці аддзел гестапа.

Як і ва ўсе часы, сёй-той з адданых навуковай дзейнасці займаўся ёю ў прыватным парадку. Такіх найбольш за ўсё мелася сярод гуманітарыяў. Іх дзейнасці было характэрна адсутнасць усялякай залежнасці ад бальшавіцкіх догмаў. Узнікла рэальная магчымасць асвятляць самыя актуальныя праблемы гуманітарных навук з пазіцыі аб'ектыўнасці, і яе (магчымасць) максімальна выкарыстоўвалі. Шырокаму азнаямленню людзей з дасягненнямі навукоўцаў-гуманітарыяў усяляк садзейнічаў перыядычны друк. Асабліва не шкадавалі месца для матэрыялаў на гістарычную тэматыку. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што за тры гады акупацыі гістарычная памяць народа непараўнальна больш узбагацілася, чым за любы аналагічны тэрмін апошняга даваеннага дзесяцігоддзя.

Той няпросты для Беларусі час пакінуў нямала прыкладаў заняцця людзьмі і такімі відамі культурнай, даследчай дзейнасці, якімі зручней за ўсё займацца ў звыклых для чалавека ўмовах. Вось адзін з такіх прыкладаў. Здавалася б, зусім не ўпісвалася ў тканіну акупацыйнага жыцця этнаграфічнае вывучэнне роднага краю. Аднак знаходзіліся аматары, паколькі лічылі гэты занятак вельмі патрэбным, карысным для народу. Сярод іх нельга не згадаць 20-гадовага Земавіта Фядэцкага *, дзіцячыя і юнацкія гады якога прайшлі на Лідчыне. У гады акупацыі знайшоў сабе прытулак у сям'і Уладзіміра Мальца ў Феліксаве. Тут, а таксама ў Скрыбаўцах і іншых вёсках ён у 1942 ― 1943 гг. запісваў народныя песні, якія пазней разам з нотамі былі надрукаваны ў Варшаве ў зборніку на беларускай мове кірыліцай 1.

Адукацыя і навуковая дзейнасць у гады акупацыі ніколькі не супярэчылі нацыянальнаму інтарэсу беларускага народа. Больш за тое, яны не давалі яму апынуцца ў стадыі поўнага духоўнага застою. Інтэлігенцыя, што ў тых экстрэмальных умовах займалася такой патрэбнай ва ўсе часы дзейнасцю, не павінна была несці нават самай нязначнай адказнасці з вяртаннем на Беларусь даваенных савецкіх парадкаў.


Раздзел V. Месца нацыянальнага фактару ў культурным працэсе

Адсутнасць у высокіх эшалонах нямецкай улады сур'ёзных намераў весці барацьбу з культурамі захопленых народаў, у т.л. і беларускага, давала ім магчымасць праяўляць пэўную актыўнасць у гэтай сферы жыццядзейнасці з улікам няпростых умоў акупацыі. І трэба сказаць, што беларусы неабыякава паставіліся да такой магчымасці. Яны нават і ў думках не дапускалі пры карэнным чынам змененнай жыццёвай сітуацыі адмовіцца ад уласнага шляху культурнага развіцця і стаць спажыўцом чужых нямецкіх духоўных каштоўнасцяў, хаця ў іх высокіх якасцях не даводзілася сумнявацца.

Культурнае жыццё на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь уключала ў сябе многае з таго, што было характэрна яму ў даваенны час. Вялікая розніца існавала толькі ў змесце культурнай творчасці: пры саветах у ёй галоўным было служэнне сацыялістычнаму ідэалу, а зараз ― нацыянальнаму. Асабліва гэта добра бачна на тых пластах культуры, для развіцця якіх выкарыстоўваецца слова. Не сакрэт, што такія культурныя пласты ў найбольшай ступені ўплываюць на забеспячэнне самабытнасці духоўнага жыцця, яго ўстойлівасць перад усімі формамі асіміляцыі. Вуснае, пісьмовае беларускае слова, як ніводзін іншы кампанент культуры, знаходзілася ў той няпростай сітуацыі ў самай вялікай пашане народа. Бяспрэчная заслуга ў чым многіх пісьменнікаў, публіцыстаў, журналістаў, што па розных прычынах засталіся пад акупацыяй і не адмовіліся ад працягу сваёй прафесійнай дзейнасці. Каб мелася дастатковая колькасць матэрыяльных сродкаў, друкарняў, яны маглі б многае зрабіць дзеля літаратурнай справы, сваімі мастацкімі, публіцыстычнымі, навуковымі творамі дапамаглі б людзям атрымаць багатыя, праўдзівыя звесткі пра іх гісторыю, культуру. Належныя ж умовы для такой працы адсутнічалі, тварыць даводзілася, пераадольваючы неверагодныя цяжкасці і перашкоды. І галоўнае, людзі тварылі, не чакалі, што нехта гатовае ім падасць цяпер ужо не з усходу, а з захаду, з самой Германіі.

§ 1. Перыядычны друк і кнігавыданне. Радыё.

Нацыянальна-самасвядомая частка беларускай інтэлігенцыі выдатна разумела, якую велізарную пагрозу для размывання этнакультурных асноў духоўнага жыцця роднага краю могуць ужо ў бліжэйшы час набыць перыядычны друк, кніжная прадукцыя Германіі. Паколькі перад вайной з усіх замежных моў навучальныя ўстановы Беларусі аддавалі перавагу нямецкай (у агульнаадукацыйных школах яе вывучалі з пятага класа), цяпер да чытання нямецкіх кніг, часопісаў і газет магла б актыўна пацягнуцца даволі значная частка найбольш адукаванай моладзі, якая з прычыны ўзмацнення ў 30-я гг. не толькі ў галіне асветы, але і ў іншых сферах жыцця дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі не вызначался належным узроўнем нацыянальнай самасвядомасці. Дапусціць, каб гэтая моладзь падпала пад магутны, небяспечны сваімі нступствамі ўплыў друкаванага нямецкага слова, азначала б садзейнічаць яе далейшай асіміляцыі толькі ўжо ў форме германізацыі. Маладыя пакаленні, каб заставацца адданымі прадаўжальнікамі духоўных традыцый свайго народа, найперш павінны валодаць і карыстацца яго роднай мовай, жыць не чужой, а ўласнай культурай. Ва ўмовах нечувана жорсткай нямецкай акупацыі ой як нялёгка было зрабіць такое. І ўсё ж пэўны поспех быў дасягнуты. Ужо з 22 ліпеня 1941 г. пачала выходзіць "Баранавіцкая газэта". Першая гадавіна яе існавання адзначалася рэдакцыйным калектывам як вялікае свята. Згадала пра гэта 9 жніўня 1942 г. і "Беларуская газэта". У 1941 г. у "Баранавіцкай газэце" матэрыялы друкаваліся на трох мовах: нямецкай, польскай і беларускай, прычым у апошнім выпадку выкарыстоўвалі толькі лацінскі шрыфт. Кірыліца прыйшла на старонкі гэтай газеты толькі ў 1943 г. Хаця ў абавязак яе рэдакцыі, як і ўсіх іншых перыядычных выданняў, уваходзіла ў першую чаргу асвятленне з пазіцый акупацыйных уладаў розных пытанняў унутранага і вонкавага жыцця, тут заўжды можна было знайсці матэрыялы пра тагачасныя нацыянальна-культурныя навіны, працу ўстаноў адукацыі. На старонках газеты друкаваліся "ўрыўкі "З гісторыі Крыўі ― Беларусі" Я. Станкевіча, нарысы пра Ф. Скарыну, М. Сматрыцкага, А. Гурыновіча, празаічныя і вершаваныя творы М. Лагады, Я. Пушчы, А. Жвіра і інш 1.

Аматары беларускай паэзіі не абміналі змешчаных ў "Баранавіцкай газэце" вершаў добра вядомага ад даваенных часоў паэта Платона Крэня ― чалавека вельмі складанага лёсу. Будучы царскім афіцэрам, ён не перайшоў на бок рэвалюцыі і ў складзе войскаў генерала Урангеля адплыў на параходе з Крыма ў Турцыю. У час нямецкай акупацыі жыў у сябе на радзіме і з радасцю выкарыстоўваў магчымасць друкаваць свае творы ў беларускамоўнай газеце, што не заўсёды ўдавалася рабіць за Польшчай. "Аплату" за выступленне на старонках "Баранавіцкай газэты" давялося атрымаць пазней, калі ўжо ворага выгналі з Беларусі: тэрмін зняволення адбываў на лесапавале за Палярным кругам 2, ― і гэта нягледзячы на тое, што ў вершах ваенных гадоў зусім не закранаў сацыяльных, палітычных праблем. Многімі гадамі пазней яго дачка Ірына Крэнь * выдала бацькоўскія творы паасобнай кніжкай пад назваю "Бывай Ярашоўка".

Рэдакцыю "Баранавіцкай газэты" бясконца радавала, калі нягледзячы на цяжкія ўмовы акупацыйнага рэжыму, на яе адрас паступалі творы, галоўным чынам паэтычныя, ад зусім яшчэ юных аўтараў. Значыцца, народ верыў у будучыню, клапаціўся пра сваё нацыянальна-культурнае жыццё. У адным з нумароў газеты за 1943 г. быў змешчаны верш 12-гадовага ўраджэнца Слоніма Алега Лойкі, пазней добра вядомага беларускага паэта, крытыка, літаратуразнаўца, члена-карэспандэнта Акадэміі навук БССР. Даслаў жа яго верш у рэдакцыю добра вядомы ад даваеннага часу паэт Сяргей Новік-Пяюн, які ў гады акупацыі нейкі час займаў пасаду дырэктара Слонімскага музея, "збіраў вакол сябе цікаўных да паэзіі хлапцоў 3".

Усяго вйшла 223 нумары "Баранавіцкай газэты", з іх апошні ― 26 чэрвеня 1944 г. 1

Толькі на пяць дзён пазней за папярэдні друкаваны орган наладзілі выданне "Менскай газэты" (27 ліпеня), перайменаванай з 5 лютага 1942 г. у "Беларускую газэту". Спачатку яе рэдагаваў А. Сянкевіч, затым У. Казлоўскі. І адзін і другі цалкам адпавядалі гэтай адказнай пасадзе. Колькі слоў пра апошняга. Шырокую вядомасць яму прынесла праца выдаўца і рэдактара часопіса "Новы шлях", выдаванага ў лістападзе 1933 ― лістападзе 1937 г. у Вільні кірыліцай і лацінкай. З яго літаратурных твораў даваеннага часу назаву: "Беларускія народныя песьні з Сакольскага павету", "Плач Беларускай Старонкі-маткі па дзетках сваіх рэнегатах", "Путы каханьня" (вершаваны раман), зборнік паэзіі "Шляхам змаганьня", "Казюк на кірмашы" (вершаванае апавяданне). Яго верш "Песьня беларускай моладзі" (музыка аўтара) з'яўляўся гімнам для яе. Ён вельмі рана ўсвядоміў гістарычнае значэнне для Беларусі палітычнай незалежнасці, чаму прысвяціў у свой віленскі перыяд творчага жыцця верш "Будзеш незалежнай" (1935), які меў такі пачатак:

Няшчасныя дзеці Цябе гартавалі

І сілу давалі ў нядолі бязьмежнай ―

Ты мусіш паўстаці мацнейшай ад сталі і быць незалежнай 2.

Ідэя палітычнай незалежнасці Беларусі хвалявала яго і ў перыяд фашысцкай акупацыі.

За першы год існавання "Менскай (Беларускай) газэты" выйшла толькі 49 нумароў. Тыраж першага нумара склаў 5 тыс. экзэмпляраў, 4-а ― 10, 8-а ― 20, 14-а ― 30, 49-а ― 50 тыс. 3 Даволі значны ва ўмовах нямецкай акупацыі тыраж "Беларускай газэты" тлумачыўся не толькі тым, што яна выходзіла ў параўнальна буйным горадзе. Садзейнічала гэтаму і насычэнне яе старонак цікавымі, змястоўнымі матэрыяламі па гісторыі і культуры Беларусі, чаго нельга было знайсці перад вайной у савецкім перыядычным друку. "Шмат увагі аддавала праблемам моўнай палітыкі (Генеральнага камісарыята Беларусь ― Л. Л.), выкладання ў пачатковай школе, падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў, выхавання нацыянальнай самасвядомасці, арганізацыі культурнага жыцця на месцах" 1. Паспрыяць беларусу разабрацца ва ўсім гэтым было надзвычай актуальным, і рэдакцыя газеты як толькі магла старалася дапамагчы яму. Яе рэдактары многім добра знаймыя нацыянальна-культурныя дзеячы: акрамя А. Сянькевіча, У. Казлоўскага, яшчэ А. Дземчанка, М. Шкялёнак. Таленавітыя асобы сустракаліся сярод сяброў рэдкалегіі, у прыватнасці "вораг савецкага народа" Антон Адамовіч (са ссылкі вярнуўся дамоў у 1938 г.). У час працы ў рэдакцыі "Беларускай газэты" напісаў літаратурны твор "Каханы горад". "Штуршком да яго стварэньня было "сьвяточнае" і па-беларуску безьлітаснае бамбардаваньне савецкай авіяцыяй Менску, што адбылося ў ноч на 1 траўня 1943 году" 2. Наклад "Беларускай газэты" часта даходзіў да 80 тыс., а кошт не мяняўся на працягу ўсіх гадоў выдання.

Умела завабіць чытача змястоўнымі, цікавымі, карыснымі публікацыямі рэдакцыя газеты "Голас вёскі" (1.10.1941 ― 16.6.1944). Выдавалі яе не ў якім-небудзь невялікім гарадку, а ў самім Менску. Спачатку рэдактарам быў М. Караленка, затым Я. Кіпель і нарэшце А. Сянькевіч. У розныя гады ў гэтай газеце друкаваліся гістарычная праца Я. Найдзюка "Беларусь учора і сяньня", артыкулы З. Байдацкага "Магілёў і яго барацьба за свае правы", М. Шчаглова ― "Як верылі нашы продкі", У. Глыбіннага ― "Народнае выяўленчае мастацтва", У. Клішэвіча ― "Апошні разгром беларускай інтэлігенцыі", урыўкі з кнігі К. Альбрэхта "Валадары ГПУ" і нават раман У. Дуброўскага (Р. Мурашкі) "Насуперак лёсу" 3. Варты ўвагі факт, што як першы, так і апошні нумары газеты "Голас вёскі" мелі аднолькавую цану: 10 фэніксаў (1 руб.).

Даволі хутка пра наяўнасць у Генеральнай акрузе Беларусь нацыянальнага друку даведаліся і ў самой Германіі, дзе яшчэ нямала жыло ўдзельнікаў Першай сусветнай вайны, уключаючы і тых, хто быў абавязаны апошняй сваім знаёмствам з нашым краем. Зацікаўленасць да яго маглі ўжо выказваць і іх дзеці. Таму няцяжка зразумець, што іншым разам у нацыянальную перыёдыку Беларусі паступалі з Германіі і намецкамоўныя матэрыялы. Так, нехта Караль Кур напісаў верш "Беларусі", які ў перакладзе з нямецкай на беларускую мову быў змешчаны 22 чэрвеня 1942 г. у "Беларускай газэце", г.зн. у першую гадавіну нападу нямецкіх войскаў на СССР. Беларусь, як гэта часта сустракалася і ў нашых празаікаў і паэтаў, называецца Каралем Курам краем між рэкаў. Аўтар верыць у росквіт Беларусі і аптымістычна сцвярджае:

А мы ізь Нямеччыны ў новыя дні

Ткаць шчасьце табе дапаможам,

Бы ўрэшце і ў гэтым далёкім краі,

Што зь верай пры нашым народзе стаіць,

Досьць радасьці й хлеба меў кожны.

Рэальныя ж планы і дзеянні акупацыйных уладаў прынцыпова разыходзіліся з тым, пра што марыў нямецкі паэт. Заваёўнік даў беларусам не радасці і хлеба, а чыніў нечуваныя пакуты і здзекі.

Яснае ўсведамленне важнасці перыядычнага органа нават і ва ўмовах жыцця пад уладай чужынцаў падштурхоўвала і інтэлігенцыю невялікіх гарадоў да заснавання ўласнай газеткі. Там, дзе да гэтага выказвала зацікаўленасць мясцовая ўлада, газеты выходзілі, хаця, вядома, далёка не ўсюды. У Слоніме з характэрнай яму актыўнасцю беларускіх нацыянальна-палтычных сіл на працягу ўсяго акупацыйнага перыяду выдавалася газета "Слонімскі кур'ер". Па колькасці перыядычных выданняў не меў сабе роўных не толькі на тэрыторыі ГАБ, але і ўсёй Беларусі горад Менск: 16. Для параўнання адзначу: у Бабруйску іх выходзіла 13, Віцебску ― 10 1. Паводле некаторых крыніц на ўсёй тэрыторыі Беларусі ў гады акупацыі выходзіла больш за 40 беларускамоўных газет. Фашысты садзейнічалі іх выхаду, бо бачылі ў апошніх важкі сродак для ажыццяўлення галоўным чынам сваёй палітыкі.

У сціслы тэрмін удалося наладзіць выданне шэрага беларускамоўных часопісаў, пераважна прызначаных для патрэбаў народнай асветы. Першым трапіў у рукі настаўнікаў часопіс "Беларуская школа" (Менск, студзень-снежань 1942 г.). Выходзіў два разы ў месяц. Гэты перыядычны педагагічны орган Іспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі друкаваўся ў Вільні і выходзіў як на кірыліцы, так і на лацінцы. Матэрыялы адной часткі часопіса прызначаліся для настаўнікаў, другой ― для вучняў. Змяшчаліся "пераважна праблемныя артыкулы па пытаннях нацыянальнага выхавання, адукацыі, метадычныя матэрыялы, пачатковыя звесткі з розных галін ведаў, распараджэнні акупацыйных уладаў у галіне народнай асветы" 1. Выданне другога педагагічнага часопіса на беларускай мове "Школа і жыццё" было наладжана са снежня 1943 г.

Для шырокага кола чытачоў быў прызначаны беларускі варыянт часопіса "Новы шлях" (студзень 1942 ― май 1944; гал. рэдактар У. Сядура), рэдакцыя якога знаходзілася ў Менску. Усяго выйшла 45 нумароў. "На старонках часопіса змешчана шмат публікацый пра беларускую народную творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілею Ф. Аляхновіча, К. Каганца, А. Кіркора, І. Насовіча, Е. Раманава і інш., успаміны Аляхновіча, Я. Лёсіка… літаратурныя творы Н. Арсенневай, Я. Богдана, У. Дудзіцкага, М. Кавыля, У. Клішэвіча, Т. Лебяды, А. Салаўя, М. Сяднёва і інш." 2. Як бачым, пераважна тых асоб, пра творчасць якіх маўчаў савецкі друк. Знаёмства з іх літаратурнай дзейнасцю паглыбляла веды чытачоў па многіх праблемах беларускай культуры, прымушала шукаць шляхі яе развіцця і ў неспрыяльных умовах ваеннага часу.

Літаральна праз месяц, як быў заснаваны Саюз беларускай моладзі, пачаў выходзіць з ліпеня 1943 г. яго друкаваны перыядычны орган "Жыве Беларусь!" (Менск; рэдактар У. Кушаль, выдавец М. Ганько). Ён "друкаваў артыкулы лідэраў СБМ пра мэты і задачы арганізацыі, арганізацыйны і страявы статут СБМ, інфармаваў пра семінары, нарады і інспекцыйныя паездкі кіраўнікоў моладзі, змяшчаў папулярныя нарысы па гісторыі Беларусі, вершы і песні беларускіх аўтараў" і іншыя матэрыялы 1. І як усе астатнія перыядычныя выданні таго часу, і гэты друкаваны моладзевы орган зрэдку падаваў на сваіх старонках і артыкулы антысавецкай скіраванасці. Гэта аднак не давала падстаў першаму чэкісту БССР Лаўрэнцію Цанаве сцвярджаць, што часопіс "Жыве Беларусь!" "з нумара ў нумар ліў каламутныя патокі нацысцкай прапаганды" 2.

Акрамя вышэйпералічаных выданняў, у "Беларускай газэце" ад 29 ліпеня 1942 г. згадавалася яшчэ адно ― "Беларускі работнік" (Менск). Ва ўсіх жа іншых вядомых аўтару крыніцах такія звесткі адсутнічаюць.

І ўсё ж Генеральная акруга Беларусь намнога ўступала суседзям у забеспячэнні патрэб уласнага насельніцтва ў перыядычных выданнях, у прыватнасці ў часопісах. У маі 1941 г. на яе тэрыторыі выходзіла 4 часопісы, а вось у Літве ― 11, Латвіі ― 21, Эстоніі ― 14 3.

Неабходная для службовых патрэб друкаваная прадукцыя выдавался на Беларусі нямецкай цывільнай і вайсковай адміністрацыяй. Ужо з восені 1941 г. быў наладжаны выпуск нямецка-беларускамоўнага "Урадавага Весьніка гэнэральнага камісара Беларусі". Яго выданне спынілася толькі з заканчэннем акупацыйнага рэжыму. Выхад гэтага афіцыйнага перыядычнага органа і на беларускай мове можа разглядацца ў якасці доказу, што кіраўніцтва ГАБ не збіралася парушаць прынятую ў жніўні 1941 г. рэйхскамісарыятам Остлянд пастанову аб выкарыстанні ў афіцыйным жыцці генеральных акруг мясцовых моваў. На ўсім ж яго абшары статус дзяржаўнай мела толькі нямецкая мова.

Як і ў многіх іншых выпадках, акупацыйныя ўлады з дадзенага імі беларусам дазволу на арганізацыю нацыянальнага перыядычнага друку пастараліся максімальна атрымаць з гэтага карысць і для сябе. У першую чаргу ён разглядаўся як сродак безупынных нападак на сацыялістычны лад жыцця, бальшавіцкую нацыянальную палітыку і адначасова павінен быў служыць распаўсюджванню ў масах фашысцкай ідэалогіі. Нязменным патрабаваннем з'яўлялася публікацыя матэрыялаў антысеміцкага характару. Паводле маштабнасці бічавання бальшавізму беларускія акупацыйныя газеты ўступалі, мо, толькі тым, што выдаваліся ў самой Германіі. З выкананнем такіх прапагандысцкіх функцый паспяхова спраўляўся перыядычны друк Генеральнай акругі Беларусь. Яе кіраўніцтва найбольш задавальняла рэдакцыя "Беларускай газэты". Мала ў чым уступала ёй газета "Голас вёскі", хаця перад яе рэдакцыйным калектывам стаяла плойма самых розных надзённых задач, асабліва па асвятленні пераводу сельскай гаспадаркі з сацыялістычнага на прыватнаўласніцкі шлях развіцця. Шмат месца выкрыццю адмоўнага ў дзейнасці бальшавіцкай партыі на чале з яе правадыром Іосіфам Сталіным адвяла газета ў сваім перадавым артыкуле "Мы хочам жыць" ад 22 ліпеня 1943 г. Яна так выказалася па дадзенай праблеме: "…нам трэба адкінуць усялякія сантыменты, усялякую гуманнасьць да жыда ― бальшавіцкай погані… Нам трэба ясна ўсьвядоміць, што бальшавізм павінен быць зьнішчаны ўжо цяпер або ніколі, цяпер і назаўсёды! Чым хутчэй гэта надыдзе, тым менш ахвяраў будзе каштаваць на гэтае змаганьне.

(…) Бальшавізм, у чым мы ўжо даволі пераканаліся, нясе з сабою палітычнае, нацыянальнае і эканамічнае вынішчэньне народу. Гэткага лёсу мы не хочам".

У гэтым жа нумары быў змешчаны артыкул Я. Здалевіча "Чаму мы павінны змагацца з бальшавікамі", які паводле сваіх ацэнак ніколькі не ўступаў вышэйразгледжанаму. Пацвердзім такім яго абзацам: "Бальшавікі ― гэта вечны тэрор, бальшавікі ― гэта катаржныя стаханаўскія метады працы, бальшавікі ― гэта нечалавечая эксплёатацыя, бальшавікі ― гэта канцэнтрацыйныя лягеры, бальшавікі ― гэта арганізацыя міжнародных авантураў, бальшавікі ― гэта нясьціханая вайна, руйнаваньне культуры, бяспраўнасьць чалавечае асобы".

Увесь акупацыйны беларускамоўны перыядычны друк не прыняў ажыццёўленую партыйна-дзяржаўнай уладай БССР у 1933 г. рэформу правапісу беларускай мовы, паколькі гэтым актам яна свядома адрывалася ад сваіх самабытных асноў і набліжалася ў марфалагічных і сінтаксічных адносінах і нават паводле лексікі да рускай мовы. Па гэтай прычыне перыядычны друк акупаванай Беларусі карыстаўся граматычнымі правіламі, што дзейнічалі да рэформы правапісу 1933 г.

Паколькі існавала такая вялікая патрэба ў беларускім друкаваным слове, давялося нямала патурбаваць нямецкую цывільную ўладу з мэтай атрымання ў яе згоды і дапамогі дзеля стварэння, развіцця паліграфічнай базы. І пэўныя поспехі ў гэтай галіне меліся. Асаблівую вялікую колькасць тагачасныя друкарні выпускалі школьных падручнікаў. Шырокім попытам у насельніцтва карысталіся рознага роду календары, у якіх шмат змяшчалася з таго, чаго нельга было знайсці ў падобнага роду даваенных выданнях. Вось чаму нават нягледзячы на хісткія пазіцыі акупацыйнага рэжыму ў Беларусі ў сувязі з ужо распачатым увосень 1943 г. вызваленнем яе ўсходніх раёнаў ад нямецкіх захопнікаў, у Менску ўсё ж выходзіць у 1944 г. "Беларускі народны календар на 1944 год". Ён таксама прынцыпова адрозніваўся ад такога роду літаратуры савецкага часу. І хоць гэтае выданне прызначалася ў асноўным жыхарам вёскі, людзям сельскагаспадарчай працы, у ім змяшчаліся артыкулы грамадзянска патрыятычнага прызначэння. У 1944 г., напрыклад, рэдакцыя календара прапанавала яго карыстальнікам цікавы артыкул кіраўніка Саюза беларускай моладзі Міхася Ганько "Моладзь Новае Беларусі" пра двухгадовую дзейнасць гэтай добраахвотнай арганізацыі.

Нямала, па мерках акупацыйных умоў, зроблена па арганізацыі выдання мастацкай, а таксама навуковай літаратуры. Дзякуючы старанням добрых знаўцаў, актыўных носьбітаў беларускай нацыянальнай культуры з друку выйшлі прысвечаныя дадзенай праблеме такія кнігі, пра што і не марылася за савецкім часам. Ужо да канца лета 1943 г. з'явіліся зборнікі: калядных беларускіх народных свецкіх і рэлігійных песняў ― "Ой, прыйшла Каляда" (сабраны кампазітарам Міколам Шчагловым) і "Вясна-красна" (бальшыня песень у гарманізацыі М. Шчаглова); "Зборнік беларускіх купальскіх і жніўных песьняў" (у музычнай апрацоўцы кампазітара Аляксея Туранкова і М. Шчаглова); "Страявы вайсковы статут"; пашыранае Язэпам Найдзюком выданне брашуры Вацлава Ластоўскага "Што трэба ведаць кожнаму беларусу"; "Зборнік сцэнічных твораў" (увайшлі п'есы Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта", Каруся Каганца ― "Модны шляхцюк", А. Родзевіча ― "Зьбянтэжаны Саўка", Міхаіла Кудзелькі (літ. псеўданім Міхась Чарот) ― "Мікітаў лапаць, "Міхалка" ў апрацоўцы Далецкіх); "Евангельскі хрысьціянскі сьпеўнік", які быў трэцяй рэлігійнай кніжкай, выдадзенай на беларускай мове ў Менску, пачынаючы ад чэрвеня 1941 г. У канцы гэтага года былі выдадзены для беларусаў-католікаў на іх роднай мове кароткі малітоўнік і катэхізмоўка 1. А вось падрыхтаваныя Уладзімірам Сядурай працы "Беларускае мастацтва", "Беларускі тэатр" засталіся невыдадзенымі з прычыны ваеннага часу.

Выданне даволі значнай ва ўмовах акупацыі колькасці беларускамоўных газет, ажыццёўленыя па развіцці паліграфічнай базы мерапрыемствы не маглі не выкарыстаць у сваіх інтарэсах майстры мастацкага слова. Найбольшую актыўнасць з іх праяўлялі тыя, чыя даваенная творчасць не ўпісвалася ў кантэкст камуністычнай ідэалогіі і таму заставалася нерэалізаванай. З патаемных мясцін даставалі гатовыя рукапісы літаратурных твораў розных жанраў і стараліся ўсялякімі шляхамі апублікаваць іх. Удавалася такое вельмі нямногім з-за малой магутнасці паліграфічнай базы, перанасычанасці старонак газет афіцыйнымі і інфармацыйнага характару матэрыяламі. У найбольшай ступені рэалізаваць свой літаратурны дар змаглі пісьменнікі, што працавалі ў рэдакцыях газет і часопісаў, выдавецтвах.

З фактарам франтальнага панавання беларускай мовы, асабліва ў сельскай мясцовасці, не маглі не лічыцца ні вайсковыя, ні цывільныя акупацыйныя ўлады. Пры правядзенні прапагандысцкіх мерапрыемстваў гэтая мова на абшарах ГАБ ужывалася шырэй за ўсе астатнія, разам узятыя. Загадзя пры міністэрстве прапаганды Трэцяга рэйха "быў створаны спецыяльны аддзел "Вінета". У ім мелася беларускае аддзяленне, якое займалася перакладам на беларускую мову прапагандысцкіх матэрыялаў, рыхтавала тэксты для радыёперадач" 1. У дадзеным выпадку, зразумела, беларускай мове не робіць гонару, бо яна служыла сродкам мэтанакіраванага ўкаранення "ў грамадскую свядомасць думкі, што германская армія прыйшла "вызваліць беларускі народ ад жыда-бальшавізму" 2. Але і віны беларускай мовы ў гэтым ні на грам, паколькі выкарыстоўваў жа яе дзеля такой мэты фашысцкі прапагандысцкі апарат.Таму зусім неапраўдана, што пасля вайны ёй (беларускай мове) савецкія ідэалагічныя і рэпрэсіўныя службы ніяк не маглі гэтага дараваць, што негатыўна адбівалася на яе вяртанні ў грамадскае жыццё.

Даволі хутка на абсягах ГАБ загучала, прычым пераважна на беларускай мове, радыё. Акупанты больш-менш ахвотна на гэта пайшлі таму, што меркавалі дадзены сродак сувязі шырока выкарыстоўваць у сваіх прапагандысцкіх мэтах. І такое ім удавалася, чаму спрыялі створаная немцамі ў Беларусі параўнальна шырокая радыёсетка і прадуманая арганізацыя яе працы. Гэта вынікае з таго, што "радыёкропкі ўстанаўліваліся ўсім, хто хацеў, за выключэннем яўрэяў. Па стане на 1 студзеня 1943 г. у Менску налічвалася 4548 радыёкропак, у Баранавічах ― 1837, у Вілейцы ― 738, Слуцку ― 369, Слоніме 145. На красавік 1943 г. у Генеральнай акрузе Беларусь было падрыхтавана да ўключэння яшчэ звыш 1 тыс. радыёкропак" 3. Наяўную радыёсетку ўсяляк імкнулася выкарыстаць у сваіх інтарэсах беларуская нацыянальная інтэлігенцыя. Яна дамаглася таго, што ў эфір несліся і перадачы, прысвечаныя самым адметным старонкам нашай гісторыі і культуры, урыўкі з тэатральных спектакляў, вакальна-інструментальныя творы, выступленні народных музыкантаў і спевакоў.

Каб павысіць ролю радыё як сродку прапаганды, зрабіць папулярным сярод мясцовага насельніцтва, былі спецыяльна ўведзены выпускі службы аховы здароўя, для хатняй гаспадыні, сялян, дзяцей, падлеткаў, перадачы "Царкоўныя канцэрты", трансляцыі царкоўных набажэнстваў. У 1942 ― 1943 гг. тры разы на тыдзень, звычайна па адной гадзіне, вяліся радыёперадачы "Гульні і песні беларусаў". У час радыёперадач часта чуліся добра знаёмыя ад даваеннага часу галасы. І дзіўнага тут нічога няма, бо на ўсход эвакуаваліся толькі нямногія з работнікаў радыё. У акупаваным Менску адзін час на беларускім радыё працавала і жонка Пятра Глебкі Н. Бялькевіч. З нейкіх крыніц інфармацыі ёй удалося даведацца пра запланаваны замах на жыццё Янкі Купалы, а затым "папярэдзіць мужа, не ўвязвацца ў падзеі, якія насоўваюцца" 1. Па заданні падпольшчыкаў вярнуўся да сваёй прафесіі даваенны галоўны рэдактар музычнай рэдакцыі Беларускага радыё Дзмітрый Жураўлёў (пасля вайны стаў заслужаным дзеячом мастацтваў БССР) і ўладкаваўся кантрабасістам у сімфанічны аркестр. Што ж датычыла самых адказных пасадаў гэтага сродку масавай інфармацыі, іх займалі немцы.

У акупаваным Менску па заданні падпольшчыкаў працаваў на нямецкім вяшчанні Яўген Гураў. Незадоўга да смерці (15 ліпеня 1999 г.) ён даў вельмі цікавае і змястоўнае інтэрв'ю для газеты "Літаратура і мастацтва", з якога добра вынікае роля тагачаснага радыё не толькі для акупацыйнага рэжыму, але і беларускай культуры. Знаёмячыся з яго ўспамінамі, нельга не здзіўляцца ўмельству працаўнікоў радыё выкарыстоўваць гэты сродак інфармацыі дзеля беларускага нацыянальнага інтарэсу, чаго так сёння нестае ім. Паводле яго сведчання пры Доме радыё быў аркестр з беларускіх музыкантаў, які вельмі часта ў вялікай студыі граў канцэрты, што трансляваліся ў эфір. Асабліва высокім прафесіяналізмам вызначаўся акардэаніст Васіль Савіцкі. Гітарыст Пятровіч * налаўчыўся свой звычайны інструмент пераўтвараць у гавайскую гітару. На пытанне карэспандэнта згаданай газеты Вольгі Брылон: "А якія творы выконвалі нашы артысты? Ці была гэта беларуская музыка?", Я. Гураў патлумачыў так: "Магу сказаць дакладна, што выконвалася шмат беларускіх песень. Рускіх паменей было. А беларускія пераважалі, бо нашы салісты ― мінскія, савецкія, якія заставаліся ў акупацыі ― яны толькі на беларускай мове спявалі. І даволі часта іх трансліравалі". Паведаў ён і пра тое, што стаўленне немцаў да беларускай мовы было лаяльным. Сваю ж музыку яны выкарыстоўвалі ў радыёперадачах "у разумных межах… Лічылі, што Беларусь у нейкай ступні лепш, чым Расія, і што яна ўжо бліжэй да Захаду. Так што культуру не душылі". Нават сімфанічны аркестр выконваў у асноўным беларускую музыку, "бо музыканты ж усе нашы былі! Ігралі яны і творы рускіх кампазітараў". Не можа не здзіўляць, што беларускасць мела такую трываласць у практыцы радыёвяшчання ва ўмовах, калі за кіраўніка тут быў эсэсавец Янсен (родам з Прыбалтыкі).

Даволі вядомай для жыхароў Беларусі з'явай былі перасоўныя радыёвузлы. Іх спецыяльна выкарыстоўвалі акупанты ў прапагандысцкіх мэтах. Такія радыёвузлы ўкамплектоўваліся прапагандысцкімі кадрамі пераважна з ліку беларускіх ваеннапалонных нямецка-польскай вайны 1939 года.

Спецыяльна прызначаная для цывільнага насельніцтва тэматыка радыёперадач вызначалася шырокай разнастайнасцю. Як станоўчае варта прызнаць, што ў перадачах па радыё гучала шмат музычных твораў вядомых нямецкіх кампазітараў. Акупанты ўсяляк стараліся даказаць, што ў гэтым відзе мастацтва мала хто можа паспаборнічаць з немцамі. Несумненна, калі беларусы слухалі найлепшыя музычныя творы з нямецкай класікі, гэта нельга было назваць актам якой-небудзь агрэсіі, наадварот, тут адбываўся працэс далучэння людзей да духоўных каштоўнасцяў сусветнай культуры, для ўзбагачэння якой шмат зрабіла нямецкая нацыя. Найвялікшы ў гісторыі парадокс: дзве магутныя таталітарныя дзяржавы ў час Другой сусветнай вайны масамі гналі сваіх сыноў на бойню, а музыка ― найважнейшы элемент усялякай культуры, ― як і ў мірны час, збліжала людзей незалежна ад іх нацыянальнасці, сацыяльнага становішча, пражывання ў той ці іншай краіне.

§ 2. Літаратура

Многімі разумелася, што і ў часы акупацыі галоўным цэнтрам культуры Беларусі, прычым яшчэ з большай нацыянальнай акрэсленасцю, стане, як і ў даваенныя гады, Менск, не выключаючы нават і той часткі нашай этнічнай тэрыторыі, якая не па волі яе карэнных жыхароў апынулася па-за межамі Генеральнай акругі Беларусь. Каб сцвердзіцца Менску ў статусе такога цэнтра, патрэбны былі адпаведныя кадры. І яны знайшліся. Глыбокае ўсведамленне ролі культуры не ўвогуле, а нацыянальнай паклікала многіх шчыра адданых Бацькаўшчыне творцаў актыўна ўключыцца ў дзейнасць у гэтай надзвычай важнай, адказнай сферы і ў час усталявання на беларускіх абшарах фашысцкага акупацыйнага рэжыму. Ніколькі не задумваючыся, уключыўся ў яе малады паэт, вязень сталінскіх лагераў Уладзімір Дудзіцкі. Як і многія іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, удзел у культурным жыцці акупаванай Бацькаўшчыны ён лічыў сваім найпершым абавязкам. Таму ахвотна ўладкаваўся на працу ў аддзел культуры Менскай гарадской управы, з'яўляўся актыўным сябрам Беларускага культурнага згуртавання. На працягу ўсіх гадоў акупацыі Менск вабіў, прыцягваў да сябе ўсіх, хто жадаў працаваць на карысць беларускай культуры.

Бадай, нішто так не садзейнічала Менску ўзяць на сябе і паспяхова выконваць ролю нацыянальнага цэнтра беларускай культуры, як канцэнтрацыя тут даволі значнай колькасці майстроў мастацкага слова. Хтосьці з іх працаваў тут да вайны, а некаторыя ўжо перабраліся сюды пасля таго, як савецкі палітычны рэжым змяніўся фашысцкім. Застаўся ў акупаваным немцамі Менску і нядужа вядомы ад даваеннага часу пісьменнік Мікола Целеш (1900 ― 1975). У эвакуацыю, паводле яго слоў, не мог падацца з прычыны таго, што меў трох дзяцей, аднаму з якіх споўнілася ўсяго толькі адзін год. Да вайны паспеў папрацаваць у рэдакцыях перыядычных выданняў "Паляўнічы Беларусі", "Беларуская вёска", "Звязда". У 1929 г. часопіс "Маладняк" апублікаваў яго першае апавяданне. Тады ж быў выдадзены і першы празаічны зборнік М. Целеша. З публікацый акупацыйнага часу ў першую чаргу можна адзначыць выдадзены ў 1943 г. у Менску пад псеўданімам Мікола Лясун зборнік апавяданняў "На крыжы", у якім паказана цяжкае жыццё людзей у паслякастрычніцкі перыяд. Як вядома, у даваенныя часы беларуская мастацкая літаратура асвятляла савецкую рэчаіснасць пераважна толькі ва ўзнёслых танах. Каб падрыхтаваць чытача да зусім іншага ўспрыняцця той рэчаіснасці, у выдавецкай прадмове да кнігі "На крыжы" яму даводзілася наступнае: "Беларускі народ на працягу свае доўгае гісторыі перажыў многа часоў добрых і цяжкіх. Але найбольш чорнымі будуць тыя балонкі гісторыі Беларусі, на якіх знойдуць сваё адбіцьцё часы бальшавіцкага панаваньня і бальшавіцкіх рэформаў у галіне сялянскае гаспадаркі. Гэтыя жудасныя часы безумоўна знойдуць шырокае адбіцьцё ў беларускай літаратуры. Калектывізацыя на Беларусі і адпор ёй з боку беларускага сялянства дасьць тэму не аднаму беларускаму пісьменьніку. Аб гэтых часах будуць напісаны цэлыя тамы… У зборніку апавяданьняў беларускага пісьменьніка М. Лясуна Паважаны Чытач таксама знойдзе абразы з гэных жудасных часоў" 1.

Незабытыя пакуты нядаўняй казахстанскай ссылкі, цяжкія гады акупацыі істотна не паўплывалі на паэтычную творчасць Наталлі Арсенневай. Дапамагалі ў гэтым праца ў "Менскай (Беларускай) газэце", загадванне аддзелам літаратуры Беларускага культурнага згуртавання. Не засведчана, каб у сваіх вершах, а іх з'явілася нямала ў той неспрыяльны для любой творчасці час, яна ўсхваляла акупацыйны рэжым. У вершах пераважаюць далёкія ад якой-небудзь палітыкі сюжэты. Больш за ўсё любіла прысвячаць свае паэтычныя творы розным прыродным з'явам, дачыненням з блізкімі людзьмі. Ведаючы, якое невыноснае горы прычынілі народу вайна і акупацыя, усяляк старалася абудзіць у яго веру ў выратаванне, клікала на дапамогу Бога. Надзея выжывання нязменна зараджалася ў тых, каму ўдалося пазнаёміцца з напісаным ёю ў 1942 г. вершам "Песня каліноўцаў", хаця і пачынаўся ён з песімістычнай ноткі:

"Палыном і быльлём параслі нашы нівы

як ні б'ёмся, ні гнёмся над імі ў крук,

плён адвеку чужынцы збіраюць, не дзіва,

што канае народ твой і ты,

Беларусь!"

Было б памылкаю думаць, што такія радкі не датычылі і фашысцкага акупацыйнага рэжыму.

Затое якім аптымістычным была канцоўка верша, хаця і нарадзіўся ён у такі страшны час:

"Гэй, смялей,

гэй, далей,

не лякаймася сьмерці!

Нашы целы і славу сыны падбяруць.

Хоць і зложым на пожнях гарачыя сэрцы,

але ты будзеш жыць і расці,

Беларусь!"

У 1943 г. Н. Арсеннева напісала верш "Малітва", які пазней паклаў на музыку Мікалай Равенскі і атрымаў назву "Магутны Божа". Амаль усе напісаныя ёю ў акупаваным Менску вершы выйшлі ў 1944 г. паасобным зборнікам "Сягоньня".

Сярод літаратараў тагачаснага Менска даволі прыкметнай фігурай быў Уладзімір Сядура. Як і ў іншых калег па пяру, у яго не мелася аніякіх падстаў ісці ў партызаны, далучацца да падпольнага антыфашысцкага руху. На савецкую ўладу было за што крыўдаваць. Яна не дала У. Сядуру давучыцца ў БДУ, арыштаваўшы ў 1933 г. за прыналежнасць да т.зв. нацдэмакратаў. Бязвінна адсядзеў тры гады ў лагерах. У дзень нападу Германіі на СССР яго зноў арыштавалі органы НКУС. Праз два дні ў час этапіравання ў горад Чэрвень удалося вырвацца з-пад рук варты і вярнуцца ў родны Менск. Тут ён у гады акупацыі супрацоўнічаў з самым масавым перыядычным выданнем "Беларускай газэтай", рэдагаваў часопіс "Новы шлях".

Пакручастыя шляхі прывялі ў Менск сына незаслужана арыштаваных савецкай Фемідай бацькоў Альфрэда Радзюка (асноўны літпсеўданім Алесь Салавей; нарадзіўся ў 1922 г. у в. Крысава на Койданаўшчыне). На добры лад яму, мо і не варта было б падавацца ў гэты горад ― цэнтр нямецкай вайсковай і цывільнай адміністрацыі ГАБ, бо перад самай вайной як след зганьбіў Гітлера ў вершы "Відаць, забыў Напалеона". Гэты "верш трапіў у рукі немцаў, паэт быў арыштаваны і пасаджаны ў турму, з якой ледзь выбраўся". Увосень 1941 г. з Лагойска перабраўся ў Менск і ўладкаваўся на працу ў рэдакцыю "Менскай газэты" 1, што адкрыла шырокую магчымасць выступаць са сваімі творамі на яе старонках, а таксама ў іншых перыядычных выданнях. Паводле справядлівай ацэнкі Лявона Целеша вершы і паэмы Алеся Салаўя "той пары прасякнуты любоўю да Радзімы, гордасцю за багатае гістарычнае мінулае Беларусі, яе выдатных сыноў Францішка Скарыну, Кастуся Каліноўскага…" У адным з тагачасных верашў паэта знаходзім такі радок: "За цябе маё сэрца балела, дарагая мая Беларусь" 2. Не памылюся, калі напішу, што яно балела тады ў кожнага сумленнага беларуса.

Вабіў да сябе Менск і яшчэ зусім маладога Янку Брыля. Акупацыя не стала яму перашкодай, каб далучыцца да культурнага жыцця, асабліва літаратурнага, да чаго меў пэўныя падставы: у міжваенны перыяд яго вершы друкаваліся на старонках грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса нацыянальна дэмакратычнага кірунку "Шлях моладзі" (выходзіў у Вільні). Пераехаўшы з роднай вёскі ў Менск, ён знаёміцца з вядомымі майстрамі мастацкага слова Наталляй Арсенневай, Рыгорам Крушынай, Антонам Адамовічам, наладжвае сувязі і друкуе свае апавяданні ў "Беларускай газэце", атрымлівае сталую працу ў менскім музеі Антона Шукелойца 3. Аднак з цягам часу ён адмаўляецца ад супрацоўніцтва з акупацыйным перыядычным друкам і ўстановамі культуры, падаецца ў партызаны, з сакавіка 1944 г. друкуецца ў перыядычным органе Мірскага падпольнага РК КП(б)Б "Сцяг свабоды".

Спакусіўся на жыццё ў акупаваным Менску Юрка Віцьбіч (сапр. Георгій Шчарбакоў), бо ведаў, што тут знойдзецца нямала сяброў па пяру. Родам жа ён ажно з Веліжа Віцебскай губерні, які затым перайшоў да савецкай Расіі і зараз знаходзіцца ў складзе Смаленскай вобласці. Хаця, жывучы ў Менску, Юрка Віцьбіч працаваў разам з Канстанцінам Езавітавым у штабе Беларускай краёвай абароны, ён знаходзіў час для напісання і друкавання шматлікіх артыкулаў, "у якіх гаварыў пра калектывізацыю, сталінскі тэрор, разбурэнне святыняў. Выдаў два зборнікі публіцыстыкі выразна антысавецкай накіраванасці. Падрыхтаваў да выдання тры нумары часопіса "Узвышша" як працяг справы загінуўшых у ГУЛАГу сяброў" 1.

Літаратурнае жыццё не замерла ў старажытным беларускім горадзе Слуцку. Немалая заслуга ў гэтым выратаванага дзякуючы вайне "ворага" савецкага народа яшчэ зусім маладога паэта Уладзіміра Клішэвіча. Напачатку фашысцкай акупацыі ён жыў у мястэчку Старобін, адкуль упершыню ў чэрвені 1942 г. прыслаў у "Беларускую газэту" тры вершы: "Васілёк", "Мне ў няволі жыцьцё надаела" і "Выйду ў поле на родны палетак". Першыя два напісаны ў час знаходжання ў Менскай турме (1937) і на прыісках Калымы (1939), трэці ― у Старобіне (май 1942). Сваю радасць ад сустрэчы з роднай зямлёй так выказаў паэт: "Выйду ў поле на родны палетак, / Песьню дзіўную чую здалёк…" Затым У. Клішэвіч працаваў за адказнага сакратара акупацыйнага перыядычнага органа "Газэта Случчыны" (выдавалася з 14 сакавіка 1943 да 18 чэрвеня 1944 г.) і меў магчымасць змяшчаць у ім свае раней напісаныя і новыя творы. У апошніх часта звяртаўся да апісання нялёгкіх умоў жыцця пад акупацыяй:

Век наш страшны і суровы,

Што дае ён людзям зямлі?

Толькі падаюць з плеч галовы,

Толькі рэкі крыві паплылі.

Косіць Молах людзей ашалелы,

Тых, што ўчора жывымі былі.

І валяюцца мёртвыя целы

На палетках нямое зямлі.

(Век наш страшны. 3.Х.1943) 1.

Актывізаваў літаратурную дзейнасць у час вайны і ўраджэнец Слуцка, выпускнік Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1936) Лявонцій Шпакоўскі (літ. псеўданім Лявон Случанін), які пасля заканчэння вучобы замест уладкавання на пасаду настаўніка вымушаны быў ехаць будаваць Беламорска-Балтыйскі канал, працаваць у Варкуцінскіх шахтах. Усё гэта не спрыяла заняццю паэзіяй. Не спалучалася з ёю і нямецкая акупацыя роднага краю, але пакутнік савецкіх лагераў усё ж змог напісаць нямала літаратурных твораў, у тым ліку і патрыятычную паэму на гістарычную тэму "Рагнеда" (друкавалася ў 1943 г. у "Беларускай газэце), выдадзеную ў 1944 г. у Вільні паасобнай кніжкай. Напісанне такой паэмы і ў мірны час можна было б лічыць за вялікую падзею ў беларускай літаратуры. Звяртаюць на сябе ўвагу такія патрыятычныя радкі з яе:

Гэй!

Крывіцкі народ ―

Беларусі сыны,

У Мінуўшчыны

Слаўным кургане

Несупынна гудуць

Вечавыя званы,

На вялікае

Клічуць змаганьне.

Годзе

Крыўду цярпець!..

У. Клішэвіч і Л. Случанін склалі і выдалі ў 1943 г. у сваім родным горадзе зборнік паэзіі "Песняры Случчыны". Акрамя іх уласных вершаў, тут былі змешчаны і творы іншых аўтараў, у прыватнасці Антона Даніловіча (літ. псеўданім Янка Золак). Яго вершы друкаваліся не толькі ў "Газэце Случчыны", але і ў "Баранавіцкай газэце", часопісе "Новы шлях" (Менск).

Зусім інакш, чым згаданыя вышэй майстры мастацкага слова, паставіўся да ўладкавання свайго жыцця Валянцін Таўлай. Нягледзячы на малады ўзрост, ён да вайны ўжо добра набіў руку на журналісцкай ніве: у БССР працаваў у газеце "Звязда", у Заходняй Беларусі ў неафіцыйным органе КПЗБ "Беларускай газеце". Пры ўсёй яго даваеннай выразнай арыентацыі на сацыялістычныя ідэалы, за што польскія рэпрэсіўныя органы меліся ўчыніць расстрэл (выратаваў верасень 1939 г.), ён у першыя дні нямецкай акупацыі ўладкаваўся на пасаду сакратара Валковіцкай гміны. Але хутка зразумеўшы, чаго можна чакаць беларусам ад новага гаспадара, уключыўся ў падпольную барацьбу. Як і многія людзі творчай працы, і В. Таўлай не адмовіўся ад яе, нягледзячы ні на якія выпрабаванні лёсу. Іх асабліва прыбавілася, калі па заданні партызан перабраўся ў 1943 г. у Наваградак і стаў загадваць аддзелам культуры абласной управы Баранавіцкай народнай самапомачы 1.

На характар, змест літаратурнай творчасці моцна паўплывала стварэнне Саюза беларускай моладзі. Як хутка высветлілася, у нашай мастацкай літаратуры, асабліва ў такім жанры, як песня, няма нічога такога, што магло б хоць у нейкай ступені адпавядаць нацыянальна-патрыятычным настроям моладзі. Хутчэй за ўсіх іх маглі стварыць ужо дастаткова вядомыя паэты. І не памылюся, калі скажу, што бальшыня напісаных імі беларускіх патрыятычных песняў і сапраўды адпавядала такім якасцям. Добра пераконвае ў гэтым наступнае чатырохрадкоўе з песні "Марш арлянятаў" (словы М. Кавыля, музыка М. Шчаглова):

Ня час нам сяньня плакаць, сумнявацца,

Ня нам сьлязьлівіць сьветлы новы дзень:

Мы любім пець, мы любім пасьмяяцца, ―

Ніколі мы ня здрадзім у барацьбе! 2

У прызначаных для сяброў СБМ патрыятычных песнях не маглі не закранацца дачыненні беларусаў з рускімі і палякамі. Зразумела, паказвалася такое ў адмоўным плане, прычым і самой Наталляй Арсенневай, рускай па нацыянальнасці. Праілюструю вытрымкай з песні "У гушчарах" (музыка М. Шчаглова):

І няма ў сэрцах жалю ці страху,

Мы адвагай жаўнерскай гарым, ―

Ні маскаль-бальшавік і ня ляхі,

Але Ты * нас вядзеш да зары! 1

Гэтыя два, як і многія іншыя вершы з выразным беларускім нацыянальным патрыятызмам, былі надрукаваныя ў часопісе Саюза беларускай моладзі "Жыве Беларусь!", які з ліпеня 1943 г. выдаваўся ў Менску. Не баюся памыліцца напісаць, што і змест вытрымак з двух вышэй прыведзеных вершаў таксама не даваў падстаў ананімным аўтарам выкананай па заказу міністра дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы і выдадзенай пад яго прозвішчам у 1951 г. у дзвюх частках кнігі сцвярджаць на яе старонках, што гэты друкаваны орган СБМ "з нумара ў нумар ліў каламутныя патокі лжывай нацыстскай прапаганды" 2.

Жорсткія ўмовы акупацыі не сталі перашкодай прыходу ў літаратуру новых, свежых сіл, зразумела, найперш за ўсё з ліку моладзі. У значнай ступені паспрыяла гэтаму далучэнне некаторай часткі яе да дзейнасці СБМ. З яго сябрамі рэгулярна праводзіліся шматлікія мерапрыемствы па выхаванні любові да роднай Бацькаўшчыны, што падштурхоўвала здольных да літаратурнай дзейнасці ўзяцца за пяро і выказаць свае пачуцці ў тым ці іншым жанры прыгожага пісьменства, пераважна ў вершах. Стараліся іх складаць у форме песень з рэльефна выражаным нацыянальным патрыятызмам. Сказанае ў найбольшай меры было распаўсюджана сярод навучэнскай моладзі. Ва ўсіх тыпах навучальных устаноў адказнымі тут за працу СБМ асобамі ўсяляк падтрымлівалася і заахвочвалася імкненне яго сяброў да літаратурнай творчасці. І трэба сказаць, некаторыя з іх мелі да гэтага пэўную здольнасць, вызначаліся высокім беларускім нацыянальным патрыятызмам, цвёрдай верай у шчасце дарагой Бацькаўшчыны. Свой празаічны твор, пададзены на конкурс красамоўства ў Наваградскай настаўніцкай семінарыі, Зоя Кужалевіч закончыла такімі словамі:

І зацьвіцё край Беларускі,

Як вясною макаў цьвет,

Зьдзівіцца паляк і рускі,

Задзівуецца ўвесь свет! 1

Кіраўніцтвам СБМ усяляк падтрымлівалася не толькі літаратурная дзейнасць сяброў гэтай арганізацыі. Ставілася за мэту ўвогуле выхаваць у іх вялікую павагу, адказнасць за лёс нацыянальных духоўных каштоўнасцяў. Сярод змешчаных у часопісе "Жыве Беларусь!" (1943, № 1) дзесяці запаветаў юнакам і юначкам быў і такі: "Шануй сваю родную мову, родныя песьні і казкі і дбай аб разьвіцьці і пашырэньні беларускае культуры". Несумненна, неабходнасць такога запавету дыктавалася адным адзіным жаданнем надзейна абараніць маладую змену беларускай нацыі ад анямечвання.

Пры досыць моцнай залежнасці беларускага друкаванага слова ад волі акупацыйных уладаў усё ж яно змагло прынесці нямала карысці свайму народу, усяляк адгароджваючы, засцерагаючы яго ад згубнага ўздзеяння дасканала выпрацаванай і тонка ажыццяўляемай палітыкі анямечвання. Як ніякая іншая катэгорыя інтэлігенцыі, пісьменнікі вельмі добра ўсведамлялі, наколькі важна не адарваць людзей ад роднага слова, калі ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці мэтанакіравана ўзмацняліся пазіцыі чужой, нямецкай мовы. Існавала рэальная небяспека, што са службовых памяшканняў панясуць яе і ў сем'і, як гэта здараецца ва ўсіх аналагічных выпадках. Публічна, з пазіцый навукі сказаць народу праўду пра навіслую пагрозу нямецкай асіміляцыі не выпадала з-за зусім верагоднага пакарання акупацыйнымі ўладамі такіх шчырых рупліўцаў беларускага слова. Заставаўся практычна толькі адзін надзейны спосаб знітаваць людзей з роднай мовай: пісаць на ёй цікавыя, змястоўныя мастацкія і публіцыстычныя творы. І яны нараджаліся, а дзе-нідзе сродкамі прыгожага пісьменства даволі пераканаўча гаварылася і пра святы абавязак самога народа любіць, не адрывацца ад роднага слова. Найлепш за ўсё гэта ўдалося давесці да сэрца і розуму чытача Наталлі Арсенневай у напісаным у 1942 г. вершы "Жыве Беларусь":

Наша ж мова ―

цудоўная, спеўная,

ўмее спелым калоссем шумець,

галасіць навальніцай улеўнаю,

вераснёваю медзяй звінець.

(…) Каб не мова,

даўно б мы растаялі,

расплыліся б імглой між чужых,

збеглі ў вырай гусінаю стаяю…

Але з мовай ―

і мы будзем жыць.

Будзем жыць! 1

Лёсавызначальнае значэнне для беларусаў іх роднага слова добра разумелася многімі не адарванымі ад гістарычных каранёў людзьмі. Як толькі мог, у гэтым іх падтрымліваў перыядычны друк, хаця, здавалася б, навошта пісаць пра мову, калі ідзе кровапралітная вайна, у твой родны дом прабраўся люты вораг. І цалкам апраўдана, што мове прысвячалі не толькі навуковыя, публіцыстычныя артыкулы, каб дапамагчы людзям лепш зразумець яе ролю ў лёсе народа, але і паэтычныя творы. У гэтым жанры з сардэчнай задушэўнасцю выступіў з вершам "Мова" паэт Змітрок Заранка:

Я шаную цябе, мая родная мова,

Растапіла ты ў сэрцы маім пачуцьцё;

Паважаць я хачу ― тваё кожнае слова,

А ў патрэбе аддаць за цябе і жыцьцё.

Ён востра крытыкаваў у гэтым вершы беларусаў, што адцураліся, зганьбілі родную мову і "падхалімамі ворагам сталі служыць". Каб больш такога здзеку не было з яе, паэт заклікае:

Дык каб нам у жыцьці зноў дарогай крывою

Не ісьці, не бадзяцца, нідзе не блудзіць;

Трэ, браточкі, усім нам адзінай сям'ёю,

Нашай мове, радзіме, пачэсна служыць. 1

Такія прачулыя пра родную мову радкі маглі не закрануць душы толькі безнадлзейна хворых на нацыянальны нігілізм людзей. На ўсе сто працэнтаў упэўнены, што сёння рэдакцыя ніводнай афіцыйнай газеты не асмеліцца змясціць такі верш. Прычына відавочная: не тая зараз дзяржаўная моўная палітыка. Адзначу і такі факт, што рэдакцыя "Беларускай газэты" са свайго другога нумара за 1943 г. увяла сталую рубрыку "Культура мовы".

Зразумела, у тагачаснай беларускамоўнай эйфарыі калі-нікалі можна было і збіцца з правільнага шляху. Не была вольнай ад сур'ёзных памылак у поглядах на моўнае пытанне і рэдакцыя "Беларускай газэты". У сваім нумары ад 6 верасня 1942 г. яна з такім заклікам звярнулася да чытачоў: "Змагайцеся за поўную беларусізацыю вашага раёна, дамагайцеся, каб у вашым раёне ва ўстановах ніхто не размаўляў на польскай альбо на рускай мовах. На вашым баку такі аўтарытэт, як сам гаўляйтэр Кубэ, які неаднаразова заяўляў, што Беларусь для беларусаў, і што ні палякам, ні рускім нечага рабіць на беларускай зямлі". Дзе-нідзе ўведзенае штрафаванне за ўжыванне польскай мовы вымушала палякаў прасіць мясцовую ўладу аб наданні ім беларускай нацыянальнасці.

Бадай, не адшукаць аніводнай беларускамоўнай газеты на акупаванай тэрыторыі, якая не змясціла б на сваіх старонках набатнага верша Алеся Гаруна (1887 ― 1920) "Мой брат…", бо ў ім меліся вельмі актуальныя на той час радкі (не страцілі яны сваёй актуальнасці і пасёння!):

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,

Роднай мовы сваёй не цурайся,

Як не зрокся яе пад прымусам,

Так і вольны цяпер не зрачыся.

…Дык шануй, Беларус, сваю мову ―

Гэты скарб нам на вечныя годы;

За пашану радзімаму слову

Ушануюць нас брацьця-народы!

У Магільнянскай сямігадовай школе, дзе аўтар дадзенай кнігі вучыўся ў 1941/42 н.г. у шостым класе, амаль на кожным культурна-мастацкім мерапрыемстве дэкламаваўся гэты любімы ўсім нацыянальна-патрыятычны верш Алеся Гаруна.

Нельга не адзначыць і такую характэрную для многіх твораў даволі дзіўную ва ўмовах акупацыі асаблівасць, як паказ тагачаснага жыцця ва ўзнёслых танах. Зразумела, аніякай трагедыі ў фашысцкай акупацыі маглі не бачыць найперш тыя, над галовай якіх савецкая Феміда занесла меч, ды толькі па нейкіх прычынах не здзейсніла ці не паспела здзейсніць крывавую расправу. Цяпер яны хадзілі з высока ўзнятай галавой. Відаць, да такіх належаў і А. Быліна са Стаўпеччыны (у тагачасным напісанні), у вершы якога "Заклік" (17 мая 1942 г.) няма недахопу ў аптымізме:

Мой мілы народзе! Мой родны народзе!

Як міла сягоньня на сьвет мне глядзець:

Здаецца юнак я, год сёмы надходзіць,

Хоць сяньня мінуло ўжо дваццаць шэсьць.

…Хоць вораг імкнуўся зь мяне пасьмяяца,

Хоць вораг быў ласы з дарогі сагнаць,

Цяпер вось я крыкну: "Йдзі сам ты бадзяцца!

Ужо годзе над нашай зямлёй панаваць! 1

Катэгарычна адмаўляць неабходнасць прысутнасці аптымістычных нотак у розных жанрах тагачаснай літаратуры, думаю, няма сур'ёзных прычын. Як бы цяжка ні жылося людзям пад пятой заваёўніка, іх трэба было ратаваць і мастацкім, публіцыстычным словам ад суцэльнай роспачы, страты надзеі на лепшае, бо калі яна знікае, справы толькі пагаршаюцца.

На настрой майстроў прыгожага пісьменства моцна адбілася вестка пра трагічную смерць любімага песняра беларускага народа Янкі Купалы. Цэнтральныя газеты "Правда" і "Известия" паведамілі пра гэта ў адзін і той жа дзень ― 30 чэрвеня 1942 г. Змешчаныя ў іх некралогі былі цалкам ідэнтычнымі. Пра найстрашнейшую для беларускага народа трагедыю пісалася, як пра звычайную смерць. Гэта з другой паловы 80-х гадоў прычыну яе звязалі не толькі з няшчасным выпадкам, самагубствам, а з учыненым агентамі дзяржбяспекі забойствам.

Рабіліся ― і ў шэрагу выпадкаў даволі паспяхова ― крокі па аднаўленні дзейнасці публічных бібліятэк, якіх не так ужо і мала было ў даваенны час, толькі, па вядомых прычынах, іх кніжны фонд з-за сваёй ідэалагізацыі не адпавядаў і тады, а тым больш сёння, беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Па розных каналах у адноўленыя бібліятэкі трапіла сёе-тое з кніг, якія ў савецкай Беларусі належалі жа катэгорыі забароненых і знаходзіліся ў спецсховішчах. Зусім лагічна, што найбольшую зацікаўленасць у чытачоў выклікалі кнігі, створаныя ў гады акупацыі мясцовымі аўтарамі.

Актуальнай, першачарговай задачай лічылася арганізацыя бібліятэк пры навучальных установах. Многімі з іх, асабліва настаўніцкімі семінарыямі, у гэтым быў дасягнуты пэўны поспех, што пазітыўна адбівалася на выніках навучальна-выхаваўчага працэсу. Не раз бывала такое, што бібліятэчныя фонды семінарый папаўняліся за кошт кніг саміх выкладчыкаў.

Бяспрэчна, беларуская мова вельмі многім абавязана майстрам прыгожага пісьменства за сваё незаміранне і ў гады панавання фашысцкага акупацыйнага рэжыму. Але думаю, што яна яшчэ больш абавязана тым, хто, нягледзячы на ўсю жорсткасць апошняга, увёў яе ў цывільнае службовае справаводства, бо каб тут ёй не знайшлося месца, яна сталася б зусім не патрэбнай ва ўсіх астатніх сферах грамадскай дзейнасці чалавека. У заслугу беларускім нацыяналістам, калабарантам можна смела паставіць, што яны не пусцілі на самацёк моўнае абслугоўванне службовага справаводства. У ім перад вайной у выніку масавых фізічных рэпрэсій у дачыненні да нацыянальнай эліты ўжо паспела з дапамогай самой жа ўлады заняць даволі трывалыя пазіцыі руская мова. Таму існавала сур'ёзная пагроза, што ў яе знойдуцца прыхільнікі і сярод супрацоўнікаў створаных з дазволу акупантаў мясцовых органаў кіравання. І сям-там, асабліва ва ўсходніх і цэнтральных раёнах Беларусі, і сапраўды такое мела месца. Сказанае датычыла такасма горада Барысава і аднайменнага раёна, хаця на беларусаў прыпадала больш за 90 % агульнай колькасці насельніцва. У выдадзеным 31 студзеня 1942 г. бургамістрам гэтай адміністрацыйнай адзінкі Станіславам Станкевічам загадзе асуджалася, што "некаторыя ўстановы, падлягаючыя Гарадской управе, і некаторыя Валасныя ўправы вядуць урадаванне на расейскай мове. Такое палажэнне з'яўляецца абсурдным і шкодным, бо такія працаўнікі, якія абслугоўваюць беларускае насяленне ў чужой яму мове, крыўдзяць гэтае насяленне". Загадам прадпісвалася: "Пачынаючы ад 1.02.1942 г. урадаванне, абслугоўванне насялення, службовая перапіска паміж цывільнымі ўстановамі і насельніцтвам ва ўсіх аддзелах Барысаўскай і раённай управы, у падпарадкаваных ім установах і валасных управах і ў падпарадкаваных ім установах павінна весціся выключна на беларускай мове". Гэтае патрабаванне не распаўсюджвалася толькі на "ваенных уцекачоў расійскай нацыянальнасці, прынятых на працу ў Барысаўскім раёне" 1. Падобнага роду загады прымаліся і ў іншых акругах, чым забяспечвалася беларускай мове панавальнае становішча ў службовым справаводстве цывільнай адміністрацыі.

§ 3. Тэатральнае, музычна-песеннае мастацтва

У першы ж год акупацыі ў многіх не толькі буйных, але і сярэдніх паводле сваіх памераў гарадах распачалі сваю дзейнасць прафесійныя тэатральныя калектывы, хаця і меліся сур'ёзныя цяжкасці з забеспячэннем іх неабходнымі абсталяваннем, рэквізітамі, кваліфікаванымі кадрамі. Карэннага перагляду патрабаваў даваенны рэпертуар тэатраў, паколькі ён у многім супярэчыў, амаль зусім не ўпісваўся ў кантэкст фашысцкай ідэалогіі і да таго ж яшчэ слаба адпавядаў беларускаму нацыянальнаму інтарэсу.

Як вядома, тэатральнае мастацтва ўплывае на культуру таго ці іншага народа не толькі зместам сваіх спектакляў, майстэрствам выканання даручаных артыстам роляў, але і мовай, на якой яны працуюць. Нават калі ўсе кампаненты тэатральнай дзейнасці будуць праяўляць сябе бездакорна, а мова выкарыстоўвацца чужая, чакаць карысці ад такога віду творчасці не даводзіцца: замест умацавання нацыянальных асноў духоўнага жыцця яна разбурае іх. Такога не магла не ведаць тэатральная інтэлігенцыя і таму моўнаму аспекту ў сваёй дзейнасці, без усялякіх пярэчанняў з боку мясцовых уладаў, надала ў поўным сэнсе слова беларускае нацыянальнае аблічча. На ўсім абсягу ГАБ тэатры паслугоўваліся толькі беларускай мовай, прычым паводле правапісу, што існаваў да праведзенай у 1933 г. рэформы яго, бо не жадалі, каб са сцэны несліся ў залы русізмы. Дзякуючы таму што ад той благой памяці рэформы мінула не так багата часу, многія артысты без усялякіх цяжкасцяў зрабілі пераход ад наркамаўскай да данаркамаўскай беларускай мовы.

Па зразумелых прычынах тэатральнае жыццё самым насычаным, найбольш разнастайным было ў Менску, дзе сабралася нямала добра вядомых ад даваеннага часу артыстаў. У горад час ад часу прыязджалі на гастролі тэатральныя калектывы з Германіі. Трапіць на іх спектаклі ў многіх менчукоў было вялікае жаданне. Не можа не здзіўляць, што ўжо на першым месяцы нямецкай акупацыі распачалася праца Менскага гарадскога беларускага тэатра. Жаданне ўліцца ў яго калектыў было ў многіх. Да іх належаў і добра вядомы ад даваеннага часу творца надзвычай складанага лёсу Вячаслаў Селях-Качанскі (1885 г.н., Лагойск ― 1976, штат Нью-Джэрзі, ЗША). Нягледзячы на здабытую славу опернага спевака ў Марыінскім імператарскім тэатры г. Петраграда (спяваў разам з Фёдарам Шаляпіным), ён усё ж на просьбу старшыні Інстытута беларускай культуры Усевалада Ігнатоўскага вяртаецца ў Менск, узначальвае яго БДТ-1 (сёння Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Каб не трапіць у рукі спецслужбаў за адстойванне цвёрдай беларускай нацыянальнай пазіцыі ў тэатральным жыцці, з 1933 г. падаецца падалей ад Бацькаўшчыны і вяртаецца сюды толькі ў час нямецкай акупацыі. З'яўленне яго ў Менску вельмі абрадавала тамтэйшую творчую інтэлігенцыю. Ён цалкам заслужана займаў тут некаторы час пасаду дырэктара Менскага гарадскога беларускага тэатра, кіраваў аддзелам культуры і мастацтва Беларускай народнай самапомачы, аддзелам мастацтва ў структуры Беларускай цэнтральнай рады 1.

Самае непасрэднае дачыненне да дзейнасці гэтага галоўнага тэатральнага цэнтра акупаванага Менска меў пісьменнік і навуковец Янка Ліманоўскі. Вопыт працы ў сферы культуры быў у яго вельмі багаты: у міжваенны перыяд з'яўляўся членам прэзідыума секцыі беларускай мовы і літаратуры Інстытута беларускай культуры, уваходзіў у склад Цэнтральнага бюро аб'яднання беларускіх савецкіх пісьменнікаў "Маладняк", выконваў функцыі аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), знаходзіўся на пасадах намесніка дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук Беларусі, дырэктара Другога Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Віцебску, рэдагаваў газету "Камуніст" (Бабруйск), уваходзіў у склад рэдкалегіі часопісаў "Полымя" і "Маладняк". Таму зусім не выпадкова, калі падчас нямецкай акупацыі быў заснаваны Менскі гарадскі беларускі тэатр, сюды на пасаду загадчыка літаратурнай часткі запрасілі Я. Ліманоўскага 2.

Не пажадаў заставацца без любімай працы і падаўся ў Менскі гарадскі беларускі тэатр у 1942 г. выпускнік Беларускай студыі Цэнтральнага тэатральнага вучылішча ў Ленінградзе Уладзімір-Говар Бандарэнка. Пасля яго заканчэння выступаў у Тэатры юнага гледача БССР у Менску, затым служыў у Чырвонай Арміі. У адрозненне ад многіх сваіх сяброў па тэатры ён не ўцёк на захад напярэдадні вызвалення Менска ад акупантаў. І на першым часе здавалася, што гэтым не дапусціў памылкі, бо спецслужбы не чапалі, далі папрацаваць да 1949 г. у тэатрах Гродна і Брэста. Затым пачалося следства. Тэрмін зняволення адбываў у лагеры у Джэзказгане Казахскай ССР 1.

Меркаваць пра больш-менш поўнае ўяўленне датычна кадравага складу Менскага гарадскога беларускага тэатра дазваляюць звесткі з ужо раней цытаванага мною "Плана правядзення аперацыі "Рыбак"…" У ім пералічаны наступныя асобы: кларнетыст аркестра Г. Кулікоў, піяніст К. Сельдзіеўскі, І. Рыбкін ― былы дацэнт кансерваторыі, грае на трамбоне; кампазітар, дырыжор аркестра, даваенны ардэнаносец М. Шчаглоў (выступае на старонках "Менскай газэты" з артыкуламі пра беларускае мастацтва), кампазітар, дырыжор аркестра А. Туранкоў, піяніст М. Клявуз, артысты драматычнай трупы, даваенныя артысты Тэатра юнага гледача ў Менску У. Пальцэўскі і З. Пальцэўская, А. Мацусевіч, артыст аркестра С. Пракаповіч, дырыжор аркестра, капельмайстар паліцэйскага аркестра К. Каліноўскі, спявачка опернай групы Пукст *, дырыжор і кіраўнік опернага хора Маслоў, які "са сваім хорам калі-нікалі выступае на канцэртах гэтак называемай "духоўнай музыкі" ў памяшканні былога клуба "Медсанпраца" 2.

За першы год працы Менскі гарадскі беларускі тэатр (кіраўнік П. Булгак) паказаў гледачам тры оперы: "Яўгеній Анегін" П. Чайкоўскага, "Кармэн" Ж. Бізэ, "Вяселле Фігара" В. Моцарта; тры драмы: "Пінская шляхта" В. Дуніна-Марцінкевіча, "Прымакі" Янкі Купалы, "Міхалка" Далецкіх, "Збянтэжаны Саўка" Л. Родзевіча, "Здрада і каханне" Ф. Шылера, "Лекар мімаволі" Ж. Мальера, "Хітрая Гаспадыня" К. Гальдоні. Шэраг цікавых і разнастайных нумароў створаны яго эстрадным і цыркавым калектывамі 3. Чарговы тэатральны сезон тэатра ў Менску адкрыўся 6 верасня операй Моцарта "Вяселле Фігара". У падрыхтоўцы спектакля ўдзельнічалі рэжысёр С. Панін, хармайстар М. Маслоў, дырыжыраваў операй М. Клаус 4.

Аматары тэатральнага мастацтва ахвотна наведвалі драматычныя спектаклі, у т.л. і п'есу маладога аўтара Тодара Лебяды "Загубленае жыцьцё". Праўдзіва адлюстраваныя гульнёй артыстаў прымусовае заганянне сялян у калгасы, масавыя арышты і дэпартацыі ў Сібір тых, хто не жадаў адмовіцца ад традыцыйных формаў працы на зямлі, не маглі пакідаць раўнадушнымі прысутных на спектаклі. "На паказе гэтай драмы ў Менскім гарадскім тэатры ўся заля гледачоў голасна плакала" 1.

Заўжды пры запоўненай да адказу зале ішоў у гэтым тэатры спектакль па п'есе Францішка Аляхновіча "Пан міністр", напісанай яшчэ ў 1922 г. І гэта цалкам апраўдана, бо "ў цэнтры ўвагі п'есы ― нацыянальнае адраджэнне, барацьба "тутэйшых" з нацыянальна свядомымі. І ўсё гэта разгортваецца на фоне камічных палюбоўных інтрыг у лепшых традыцыях Ж.-Б. Мальера". П'еса ставілася і ў самы трагічны для гледачоў і артыстаў дзень 22 чэрвеня 1943 г., калі быў учынены няўдалы замах на гаўляйта В. Кубэ 2.

Лепш зразумець, якое месца займала гэтая культурная ўстанова ў жыцці акупаванага Менска, дапамагае змест адной з запісак невядомага інфарматара з ліку савецкіх разведчыкаў: "Пры тэатры працуюць оперная, драматычная і эстрадна-цыркавая трупы. Акрамя таго, для канцэртаў у Менск прыязджаюць асобныя групы артыстаў-гастралёраў з Германіі. Тэатр працуе амаль штодня. Часта ідуць закрытыя пастаноўкі і канцэрты спецыяльна для немцаў, на якія насельніцтва не дапускаецца. На адкрытыя спектаклі білеты прадаюцца бесперашкодна ў касе тэатра. Кошт білета ад 5 да 25 рублёў. Увечар, перад пастаноўкай, білеты большай часткай бываюць прададзенымі… У дзённы час у тэатры працуюць трупы, якія рэпеціруюць пастаноўкі" 3. Словам, як і ў мірны час.

Калектыў Менскага гарадскога беларускага тэатра не раз ладзіў свае выступленні і на перыферыі. У даволі шматколькасным складзе гастраляваў ён улетку 1943 г. у Слоніме, што зафіксавана на адным з фатаздымкаў таго часу. Кожная ж гастрольная паездка ― а яна была так патрэбна прыдушаным акупацыяй людзям ― уяўляла сабой сур'ёзную пагрозу для жыцця артыстаў. Вядома, найчасцей за ўсё ад савецкіх партазанаў, падпольшчыкаў. І не толькі ад іх. Польскія партызаны таксама не мелі літасці да беларускіх культурных дзеячоў за іх шчырыя старанні дапамагчы народу ладзіць духоўнае жыццё на нацыянальнай аснове, чаму так перашкаджалі савецкія ўлады БССР, касцёл Другой Рэчы Паспалітай. У польскіх экстрэмістаў рукі не здрыгануліся нават перад забойствам кіраўніка хора Менскага гарадскога беларускага тэатра арганіста Трызну падчас гастроляў на Смаргоншчыне. А вось аўтару гэтых радкоў прыгадваецца ад таго далёкага часу нешта зусім процілеглае. Маё роднае мястэчка Магільнае Уздзенскага раёна да 17 верасня 1939 г. знаходзілася ў складзе БССР, і нас, школьнікаў, не выхоўвалі ў духу прыязнасці да Польшчы. Але калі ў час нямецкай акупацыі ўзмацніўся партызанскі рух у нашай мясцовасці і, пачынаючы з лета 1943 г., сюды іншым разам прыходзілі з боку Стаўпеччыны і польскія партызаны, цывільнае насельніцтва сустракала іх, як вельмі блізкіх сабе людзей, бо і яны ж вялі змаганне з ненавісным фашысцкім рэйхам. Нам, дзецям, вельмі цікава было чуць ад іх жывую польскую мову. Адзін раз польскія партызаны наладзілі ў нашым мястэчку самадзейны канцэрт, які сабраў шмат не толькі мясцовых жыхароў, але і "лясных братоў". Не здарылася аніводнага выпадку, каб хтосьці з польскіх партызан загінуў у мястэчку ці ў яго наваколлі, хаця наведваліся яны сюды невялікімі групамі, а то і зусім у адзіночку.

Акупацыя ёсць акупацыя. Таму здаралася і такое, што ад прагляду тэатральных пастановак людзі замест радасці зведвалі нечаканыя непрыемнасці. Трагічна для многіх закончылася наведванне 22 чэрвеня 1943 г. спектакля Менскага гарадскога беларускага тэатра па п'есе Францішка Аляхновіча "Пан міністр". Некаторыя з даследчыкаў лічаць, што пад сцэну тэатра заклалі міну (адны мяркуюць, што гэта зрабілі партызаны, другія ― незадаволеныя палітыкай кіраўніка Генеральнага камісарыята Беларусь ― эсэсаўцы), якая павінна была ўзарвацца "ў той час, калі ў тэатры знаходзіўся Кубэ з нагоды абвяшчэння СБМ. Але выбух прагучаў пазней", калі ўжо ён пакінуў тэатр. У выніку выбуху загінула 13 і паранена некалькі дзесяткаў чалавек 1. Згодна з інфармацыяй газеты "Голас вёскі" ад 29 чэрвеня 1943 г. дыверсію арганізавалі ўсё ж менскія падпольшчыкі. У час яе загінуў 20-гадовы сын Наталлі Арсенневай і Францішка Кушаля *. Гэтай вялікай, асабістай трагедыі яна і прысвяціла згаданы вышэй верш "Малітва".

Не заставаліся адарванымі ад культуры і жыхары іншых населеных пунктаў Беларусі, асабліва гарадской мясцовасці, максімальна выкарыстоўваючы дзеля гэтага наяўныя матэрыяльныя магчымасці, кадравы патэнцыял. Так, улады, грамадскасць горада Барысава разам з тэрміновым аднаўленнем вытворча-гаспадарчых будынкаў, жылля ніколі не забываліся і пра арганізацыю культурнага жыцця. Шмат увагі гэтаму надаваў і сам бургамістр горада доктар Станіслаў Станкевіч. Заўважу, што да вайны Барысаў не меў уласнага тэатра. Першае выступленне артыстаў Барысаўскага беларускага тэатра (дырэктар А. Рудэнка) адбылося 6 снежня 1941 г. У той халодны зімовы вечар перад гледачамі паказвалі сваё майстэрства мяшаны хор пад кіраўніцтвам вопытнага дырыжора В. Кучко, танцавальная група і драматычная трупа (рэжысёр І. Кір'янаў). Прычым апошняя паказала не якую-небудзь пасільную і самадзейным артыстам, шырокавядомую беларускую нацыянальную п'есу, а вадэвіль А. Чэхава "Сватаньне" ў перакладзе на беларускую мову. Такое можна разглядаць як факт захавання прыязных дачыненняў беларусаў да рускай драматургіі. Пазней у рэпертуар гэтага тэатра ўключаліся п'есы "Мядзьведзь" А. Чэхава, "Без віны вінаватыя" А Астроўскага і іншых рускіх аўтараў. Аматары тэатральнага мастацтва не ўпускалі выпадку, каб наведаць "Паўлінку", "Раскіданае гняздо", "Прымакі" Я. Купалы, "Змагары за ідэю" І. Тагабочнага, "Збянтэжаны Саўка" Л. Родзевіча, "У зімовы вечар" Э. Ажэшкі, "Пінскую шляхту" В. Дуніна-Марцінкевіча, "Суд" У. Галубка. Пра маштабы дзейнасці гэтай культурнай установы Барысава можна добра меркаваць паводле наступных звестак: за 1942 г. яе калектыў даў 45 канцэртаў, паставіў 48 спектакляў, 8 п'есаў у горадзе і 7 у час гастроляў, арганізаваў 2 літаратурныя вечары, 1 канцэрт нямецкай песні, прачытаў 5 лекцый на палітычныя і грамадскія тэмы 1.

У Барысаўскім беларускім тэатры глядзельная зала была разлічана на 400 месцаў, у 1943 г. у ім працавала каля 100 чалавек. У час драматычных і канцэртных прадстаўленняў яна запаўнялася даадказу. Тэатр існаваў выключна за кошт грашовых збораў ад такіх прадстаўленняў. Ён часта гастраляваў у гарадах і вёсках не толькі Барысаўскай, але і суседніх ёй акруг 2. Для яго не існавала праблемы з забеспячэннем сваіх спектакляў наведвальнікамі. Дарэчы, такое было характэрным і для многіх тэатральных калектываў, прычыну чаму вельмі лёгка адшукаць: людзі і ў вялікім горы цягнуцца да сапраўднага мастацтва.

Зусім процілеглую характарыстыку дзейнасці ўстаноў культуры ў часы акупацыі знаходзілі ва ўсёй той жа самай капітальнай працы савецкага чэкіста Л. Цанавы аб усенароднай партызанскай барацьбе на Беларусі: "…усе гэтыя тэатры і ўстановы ніякай папулярнасцю не карысталіся, насельніцтвам не наведваліся, прызначанай ім ролі не адыгралі. Некаторыя тэатры і дамы функцыянавалі. Але там дзейнічалі беларускія нацыяналісты, розныя прайдзісветы і прастытуткі. Гэта фактычна былі прытоны, дзе адбываліся агідныя, дзікія оргіі, якія ладзілі нямецкія афіцэры і іншыя гітлераўскія малойчыкі" 3.

Нямала шчырых аматараў тэатральнага мастацтва жыло ў час нямецкай акупацыі ў Слуцку. Не лішнім будзе адзначыць, што яно тут мела вельмі багатыя традыцыі, і нікому не хацелася не лічыцца з імі і з прыходам суровых выпрабаванняў для случакоў, як і ўсяго беларускага народа. Акупацыйныя ўлады без усялякіх хістанняў далі згоду на адкрыццё ў Слуцку беларускага драматычнага тэатра. Аб прафесійным мастацтве тамашніх артыстаў можна меркаваць хаця б па тым, што па прапанове кіраўніка гэтага тэатра Янка Золак закончыў узімку 1943/44 гг. пераклад з рускай мовы на беларускую п'есы іспанскага пісьменіка Лопэ дэ Вэга "Сабака на сене". Гледачы ахвотна наведвалі тэатр, калі ішла гэтая выдатная п'еса.

У тэатральным жыцці Беларусі, як і ў іншых сферах культуры, адчуваўся даволі прыкметны нямецкі ўплыў, што адбівалася на працы не толькі прафесійных, але і самадзейных калектываў. Рэдка было такое, каб у рэпертуары тэатраў адсутнічалі творы, якія належалі нямецкім і аўстрыйскім аўтарам. Праўда, такое назіралася ў нас і ў даваенны перыяд, таму не павінна здзіўляць паўтарэнне падобнага ў гады акупацыі. Так, увосень 1942г. Менск адкрыў свой новы тэатральны сезон славутай операй аўстрыйскага кампазітара Вольфганга Амадэя Моцарта "Вясельле Фігара".

Значна вузейшым быў дыяпазон беларуска-нямецкіх культурных стасункаў у такой важнай сферы духоўнага жыцця, як кіно. Аднавіць паказ створаных да вайны на Беларусі мастацкіх стужак было вельмі мала надзеі з-за іх сацыяльна-палітычнай накіраванасці, таму свядома не рабілася якіх-небудзь крокаў у гэтым напрамку. Больш рашучай і паслядоўнай беларуская інтэлігенцыя была ў стварэнні новых хранікальна-дакументальных фільмаў. Зразумела, рабочай мовай у іх была беларуская, але ў залежнасці ад сітуацыі выкарыстоўвалася таксама і нямецкая. У той ці іншай форме беларуская мова ўжывалася таксама і ў час дэманстрацыі нямецкіх кінафільмаў, прычым у найбольшай меры менавіта на тэрыторыі ГАБ, дзе беларусізацыя культурнага жыцця атрымала дастаткова шырокі прасцяг. Улетку 1942 г. тут працавала 25 стацыянарных кінатэатраў, прычым у Менску два: адзін для немцаў, другі ― для мясцовых гараджан. Акрамя акруговых цэнтраў, такія культурныя ўстановы функцыянавалі ў Смалявічах, Лагойску, Вілейцы, Ракаве, Івянцы, Койданаве, Нясвіжы, Ляхавічах, Косаве. Аўтакінаперасоўкі выкарыстоўвалі ў Дзятлаве, Наваельні, Доўзэе *, Нясьневічах **, Карэлічах, Міры і Стоўбцах, а кінаперасоўкі на конях ― у Капылі, Вызьне і Старобіне. Пазней колькасць стацыянарных кінатэатраў, аўтакінаперасовак і кінаперасовак на конях яшчэ павялічылася. Шэраг пабудаваных у час акупацыі кінатэатраў, у т.л. і ў самім Менску, працягвалі эксплуатавацца яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў пасля заканчэння вайны. Не без радасці сустрэлі менчукі ўвядзенне ў эксплуатацыю ў 1943 г. у самім цэнтры горада ў раёне вуліцы Валадарскага кінатэатра "Першы". Усе галоўныя працы выконвалі самі немцы. Узведзены імі драўляны двухпавярховы будынак з некаторымі элементамі псеўдаготыкі быў знесены ў канцы 50-х гадоў для вызвалення месца пад гасцініцу "Мінск". Некалькі гадоў пасля вайны гэта быў самы любімы для мінчан, у т.л. і аўтара гэтай кнігі, кінатэатр (захоўваў акупацыйную назву).

На ўсёй падлеглай юрысдыкцыі ГАБ тэрыторыі мясцовае насельніцтва, як і ў даваенны час, даволі ахвотна наведвала кіно. Ладзіліся кінасеансы і спецыяльна для дзяцей. Замежныя кінафільмы дэманстраваліся звычайна з надпісамі ў беларускай мове. Выключна на ёй рабіліся з пачатку 1942 г. нямецкія тыднёвыя кінаагляды. Да поўнага ж дубліравання нямецкіх мастацкіх фільмаў на беларускую мову справа не дайшла, відаць, у асноўным з-за недахопу неабходных фінансавых сродкаў, адсутнасці здольных для гэтага артыстаў. Дый, напэўна, самі акупацыйныя ўлады жадалі, каб іх фільмы паказвалі на мове арыгінала, бо менавіта такія падыходы найлепшым чынам адпавядалі задуманай на перспектыву палітыцы анямечвання беларускага народа.

Дзейнасць адкрытых з дазволу акупантаў устаноў культуры заўжды знаходзілася ў полі зроку падпольных арганізацый. Пры неабходнасці ў іх калектывы засылаліся свае людзі, прычым не толькі дзеля атрымання патрэбных інфармацыйных матэрыялаў, але і здзяйснення дыверсійных, тэрарыстычных актаў. Так, дырэктарам створанага спецыяльна для немцаў у Менску кінатэатра "Остланд" быў удзельнік Менскага патрыятычнага падполля Мікалай Пахлябаеў (арыштаваны і пакараны ў 1943 г.) 1.

Практычна ніякіх абмежаванняў для творчасці ў беларускім нацыянальным рэчышчы не зведвалі з боку акупацыйнага чыноўніцкага апарату кампазітары, у іх ліку і згаданы вышэй А. Туранкоў. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, пераважна матэрыяльнага характару, гэта не магло стаць для яго прычынай поўнага адыходу ад кампазітарскай дзейнасці. Яна працягвалася, хаця і не так плённа, як у перадваенны час. Кампазітару ўдалося і ў гэтых экстрэмальных умовах напісаць шэраг выдатных твораў, у якіх і на ёту не знайсці чаго-небудзь такога, што ўсхваляла б усталяваныя акупантамі парадкі. Была створана новая версія ўласнай оперы "На Купальле".

У тую азмрочаную вайной, надзвычай трывожную, цяжкую для беларускага народа часіну прадуктыўна працаваў на ніве прафесійнага музычнага мастацтва Мікалай Шчаглоў * (у эміграцыі на працягу 1944 ― 1969 гг. карыстаўся прозвішчам Куліковіч). За першы год вайны ён напісаў да 50 рамансаў на словы М. Багдановіча, А. Гаруна, Н. Чарнушэвіча і іншых паэтаў, "музычна апрацаваў шэраг песьняў, стварыў новыя творы для фартэп'яна і віялянчэлі, увэртуры для сімфанічнай аркестры. Зь іх найбольш удалыя хоры "Пагоня" й "Слуцкія такачыхі", фантазія для фартэп'яна, "Палыночак" для віялянчэлі й дуэты "Лета" й "Завіруха" 1. Лічыў, што ў такі выпрабавальны для беларускага грамадства час больш актуальна сродкамі музыкі раскрываць гістарычную тэматыку. У 1941 г. ім на лібрэта Міхася Клімковіча напісана опера "Кацярына". Вынікам плённага супрацоўніцтва кампазітара з паэтэсай Наталляй Арсенневай можна назваць выдатную, насычаную героікай і драматызмам "Песьню сялян" для хора і аркестра, гістарычную оперу "Лясное возера", "у карэньні сваім узрослую з матываў беларускага фальклёру". Яе лібрэта заснавана "на народных паданьнях і казках, адлюстроўвае жыцьцё й беларускага народу ў сівой мінуўшчыне, XIII ― XIV стст…. Опера насычаная беларускай народнай абрадавасцяй (гуканьне вясны, завіваньне бярозкі, старадаўныя народныя ўрачыстасьці, абрад вясельля і інш."

…"Лясное возера" М. Шчаглова ўзбагачвае скарбніцу беларускае музыкі новымі вартасьнейшымі здабыткамі і прычыняецца да духовага адраджэньня беларускага народа" 1.

З вышэйдадзенай Уладзімірам Глыбінным ацэнкай оперы "Лясное возера" цалкам супадае меркаванне аўтара лібрэта яе Наталлі Арсенневай. З нагоды смерці М. Куліковіча-Шчаглова ў 1969 г. яна пісала: "Лясное возера" было створана кампазітарам у першыя гады нямецкай акупацыі Беларусі. Памятаю, як сёння, тыя галодныя й халодныя часы… Ды ўсё ж радасна, як ніколі, было пачуць свае словы, прабуджаныя, ажыўленыя музыкаю Міколы Шчаглова… Музыка кампазітара незвычайна злівалася з маімі словамі й думкамі. Мне здавалася, што каб я была й паэтам, і кампазітарам, я б сама лепшае музыкі да сваіх слоў напісаць не патрапіла. Асабліва падабалася мне працягненая як быццам чорнаю ніткаю праз усю канву оперы музычная тэма долі, трагічнага людскога Кону… За аснову песні аб долі, што выконваецца ў першым акце квартэтам, кампазітар узяў народную песню "Палыночак", ператварыўшы яе сваім талентам у глыбока-трагічнае сведчанне людское бяссільнасці перад Конам. Памятаю, калі ў фінале оперы вялікі хор Менскага тэатра разам з салістамі спяваў над целам забітага дружыннікам Данілаю князя "Цябе, доля злая, праклінаюць людзі, праклінаюць з болем, праклінаюць… славяць, славяць цябе доля!" ― сапраўды, як кажуць, мароз бег па скуры й балюча, і моцна білася сэрца" 2. А вось меркаванне пра гэты музычны твор англа-французскага даследчыка беларускай культуры Гая Пікарды (1931 ― 2007): "…опера "Лясное возера" было тады вельмі высока ацэнена беларускімі ды "цывільнымі" нямецкімі крытыкамі. Яны адзначалі ўкаранёнасць твора ў традыцыі музыкі ХІХ ст. і ў той жа час знітаванасць з сучаснасцю, ухвалялі кампазітарскую мову, у якой было не механічнае цытаванне народных мелодый, а фальклорны ўплыў" 3.

Падзея, пра якую гаворка вялася вышэй, адбылася 28 лютага 1943 г. у Менскім народным тэатры. Транслявалі оперу і па радыё.

М. Шчаглоў сваёй увагай не мог абысці і такога выдатнага твора гэтай паэткі на гістарычную тэму, як "Усяслаў Чарадзей". Напісаную па ім жа оперу ўпершыню паставілі ў 1943 г. у Менску.

Аддаючы ўсяго сябе любімай справе ― напісанню музычных твораў, М. Шчаглоў знаходзіў час і для заняцця грамадскай культурна-асветніцкай дзейнасцю. Ён "узначальваў музычны аддзел Беларускай культурнай рады і Беларускага культурнага згуртавання, пры якіх у 1942 ― 1943 гг. была арганізаваная і дзеіла секцыя музычных працаўнікоў Беларусі ― кампазітараў, музыказнаўцаў, дырыжораў, рэгентаў, музыкаў, спевакоў". Ён таксама "асабіста браў чынны ўдзел у арганізацыі Менскага опернага тэатра, быў у ім дырыжорам сімфанічнага аркестра" 1. Высокаму аўтарытэту арганізатарскай здольнасці М. Шчаглова опернае мастацтва абавязана ўдзелам у ім дволі значнай для акупацыйнага рэжыму колькасці артыстаў. Але меліся і такія, што прынцыпова не жадалі працягваць сваю дзейнасць. Іншым жа перашкодзіла займацца гэтым учыненая фашыстамі фізічная расправа. Ад іх рук загінулі дырыжор Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР Н. Балазоўскі і саліст оперы С. Трахановіч. Яго калегу па працы ў гэтым калектыве М. Каліноўскага напаткала смерць у час бамбёжкі Менска 2.

Не лічыў акупацыю чымсьці такім, што павінна было б прымусіць адысці ад любімага занятку беларускі кампазітар з багатым даваенным творчым багажом Рыгор Самохін (урадж. г. Горкі Магілёўскай губерні). Перад уварваннем нямецкіх войскаў у Менск займаў пасаду дырыжора аркестра народных інструментаў у Беларускай філармоніі. У акупаваным Менску "арганізаваў і ўзначаліў цымбальны ансамбль. Працаваў не толькі як умелы і здольны кіраўнік, але і сам пісаў музычныя творы, у якіх трапна выкарыстоўваў гукавыя фарбы і асаблівасці тэмбру цымбалаў. Самы буйны твор Р. Самохіна ў гэтым жанры ― "Сюіта для цымбальнага аснсамбля". Яна складаецца з чатырох частак, кожная з якіх ― самастойны музычны вобраз" 3. У тыя ж неспрыяльныя для любога віду творчасці гады кампазітар напісаў оперу "Каваль-ваявода" на лібрэта добра вядомага даваеннага рэжысёра і драматурга, аднаго з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра Яўгена Міровіча.

З іншых сур'ёзных беларускіх музычных твораў часоў акупацыі можна адзначыць наступныя: оперу "Мухамор" (дзіцячая) М. Іванова (паводле вершаванай казкі Максіма Танка), амаль поўнасцю завершаную аперэту "Залёты" Мікалая Равенскага паводле аднайменнай камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У яго музычнай апрацоўцы ў часопісе "Жыве беларусь!" быў змешчаны шэраг песняў, у тым ліку "Устань народзе" і "Герою на развітанне" ("Спі пад курганам герояў…") на словы Міколы Ганько, "Беларусь" (аўтар слоў Міхась Кавыль" 1. Усяго ж за гады акупацыі беларускія кампазітары напісалі і ўлучылі ў рэпертуар больш за паўсотні складаных музычных твораў, чаго нельга не прызнаць за вялікае дасягненне.

Усе вышэйзгаданыя кампазітары, а таксама іх калега А. Спаскі з'яўляліся сябрамі секцыі музычных працаўнікоў Беларусі. Да яе належалі і пакінулі прыкметны след у культуры "музыказнаўца прафесар А. Карповіч, рэгенты і гарманізатары беларускіх народных песняў А. Ягораў і М. Мікалаевіч, оперны рэжысёр Вастокаў, салісты оперы Лазараў, Пукст, Чэмярысава *, Купцэвіч, Бандарэнка, Касьценіч, Вержбаловіч, Шчаціхін, Швайка і шмат іншых" 2.

Некаторыя з сяброў секцыі супольна з іншымі творчымі супрацоўнікамі паспяхова займаліся напісаннем беларускіх патрыятычных, жаўнерскіх, дзіцячых песняў, што выклікалася патрэбамі часу, асабліва пасля стварэння ў чэрвені 1943 г. згодна з загадам генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ Саюза беларускай моладзі. Ужо ў гэтым годзе па просьбе кіраўніка СБМ М. Ганько М. Шчаглоў "падрыхтаваў "Юнацкі спеўнік". Акрамя нацыянальнага гімна "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" і папулярных традыцыйных песень, у спеўнік увайшло некалькі новых, у тым ліку "Беларусь, наша маці-краіна…", "У гушчарах" на словы Наталлі Арсенневай, "Марш арлянятаў" на словы Міхася Каваля, усе ў музычнай апрацоўцы Шчаглова. Таксама была ўключана багдановічаўская "Пагоня" ў новай апрацоўцы гэтага кампазітара і песня Альбіна Стэповіча "Беларусь перад усім", якая лічылася гімнам СБМ" 1.

Рэдка, але ўсё ж на шэрагу прадпрыемстваў практыкавалася арганізацыя канцэртаў у абедзены перапынак. Ініцыятыва належала самім немцам, і рабілі яны гэта не ў мэтах далучэння людзей да культуры. На першым плане тут было жаданне схіліць іх да больш эфектыўнай працы на карысць фашысцкага рэйху. Іншым разам у такіх канцэртах удзельнічалі і самі нямецкія артысты.

§ 4. Выяўленчае мастацтва

Не па віне творцаў так сталася, што на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь аказалася досыць багата тых, хто мог на высокім прафесійным узроўні заняцца і выяўленчым мастацтвам. З прадстаўнікоў гэтага віду творчай дзейнасці своечасова эвакуаваліся ў савецкі тыл пераважна тыя, дый-то далёка не ўсе, хто найлепш умеў адлюстроўваць сацыялістычную рэчаіснасць, пісаць партрэты Леніна і Сталіна, іншых правадыроў. Пра лёс шараговых мастакоў асабліва не было каму паклапаціцца. Без увагі яны заставаліся і пры "новым гаспадары", таму пра ўсё даводзілася парупіцца самім, што не заўсёды прыводзіла да жаданага выніку.

У акупаваным Менску застаўся і ўжо добра вядомы ў даваеннай БССР мастак Мікалай Дучыц (1896 ― 1980; паходзіць з Наваградчыны). Ён адным з першых уступіў у створаны ў 1940 г. Саюз мастакоў Беларусі, удзельнічаў у тым жа годзе ў Маскве ў Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры, дзе паказаў шэраг сваіх прац, якія прыцягнулі да сябе ўвагу гледачоў, знайшлі станоўчы водгук у друку, у вядомых мастацтвазнаўцаў. Выдатнае валоданне М. Дучыцам пэндзлем дапамагло яму выжыць у захопленым ворагам Менску. Некаторыя карціны набывалі нават немцы, разлічваючыся за іх прадуктамі харчавання. У тыя гады мастак шмат пісаў відарысы Менска, асабліва яго ўскрайкі з драўлянымі забудовамі ― раён Суражскага рынка, Камсамольскага возера, Юбілейнай плошчы 1. У сваіх працах мастак ніяк не мог абысці адлюстравання характэрных тагачаснаму Менску жахлівых руінаў. М. Дучыц без перабольшвання стварыў унікальную серыю карцін пад назвай "На руінах Менска" *. Сюжэтную канву серыі склалі выявы вуліц, плошчаў, асобных будынкаў. На палотны мастака трапілі "Касцёл на Залатой Горцы", "Куток старога Менска", "Лагер смерці ў Трасцянцы", "Разбурэнні на плошчы Свабода", "Руіны" і іншыя адметныя для акупаванага Менска аб'екты.

З астатніх менскіх мастакоў працягвалі ў гады акупацыі сваю любімую працу Каржанеўскі, Волкаў **, Казлоўскі, Гембіцкі, Даўгяла, Шыбнёў, Варвановіч, Звінагродзкі. Цяпер ужо ў іх з'явілася рэальная магчымасць адарвацца ад навязанай у 30-я гады палітычнай тэматыкі і больш паказваць на сваіх палотнах беларускія краявіды, раскрываць адмысловыя гістарычныя падзеі, ствараць партрэты вядомых людзей ці блізкіх і родных. Зразумела, не абышлося і без таго, каб хтосьці не выкарыстоўваў пэндзаль для сцвярджэння, усхвалявання фашысцкіх парадкаў, варожай беларускаму народу ідэалогіі. Не адмаўляў сабе ў гэтым і В. Волкаў, напісаўшы шэраг партрэтаў высокіх прадстаўнікоў нямецкай адміністрацыі, у іх ліку камісара Менска Янэцке і яго жонкі 2.

Акупацыя не адарвала ад любімага прафесійнага занятку ўжо добра вядомага на той час мастака Язэпа Драздовіча. Не адарвала таму, што мелася вялікае жаданне працаваць дзеля роднай Бацькаўшчыны, паказаць людзям самае адметнае з яе мінулага, што, на думку мастака, вельмі важна было адлюстроўваць і ў ваенны час. Да раней напісанага ў гістарычным жанры дадалася цэлая жывапісная серыя, прысвечаная Францішку Скарыну: "У свет па навуку", "Са свету з навукай", "Скарына ў сваёй друкарні ў Вільні". Паспяхова вялася праца над стварэннем карціны "Пярсцёнак князя Усяслава Чарадзея".

Нямала рабілася і па прапагандзе ў перыядычным друку дасягненняў беларусаў у сферы выяўленчага мастацтва, бо тут і сапраўды мелася што паказаць. Так, у 1943 г. у некалькіх нумарах адной з самых масавых газет "Голас вёскі" з даволі грунтоўным арыткулам "Народнае выяўленчае мастацтва" выступіў У. Глыбінны. Не раз здаралася і такое, што здольных у той ці іншай галіне мастацтва маладых творцаў пасылалі на вучобу дзеля набыцця практычнага досведу ў розныя краіны, што стаялі на баку Германіі ў яе вайне з СССР.

Каб не даць людзям нават і ў часы акупацыі цалкам адарвацца ад усяго прыгожага ў жыцці чалавека, мастакі звярталіся да самых розных формаў кантактаў з імі, вядома ж, і да выставак, якія даволі часта ладзіліся і ў даваеннай Беларусі.

Сваіх мастакоў, пераважна ўраджэнцаў з самой Германіі і залежных ад яе краін-сатэлітаў, мелі вайсковыя і адміністрацыйныя цывільныя службы ГАБ, бо патрэбы ў такіх творах, найчасцей у чыста прапагандысцкіх мэтах, былі немалыя ў іх. Аднак некаторыя з мастакоў афіцыйнага рангу час ад часу дазвалялі сабе папрацаваць і ў іншым рэчышчы. Так, адзін з нямецкіх мастакоў "у фае Дома радыё на Рэвалюцыйнай * ува ўсю сцяну намаляваў карціну, на якой паказаў аркестрантаў за працай. Сярод тых музыкантаў быў кантрабасіст Дзмітрый Мікалаевіч Жураўлёў, які пасля вайны некаторы час працаваў галоўным рэдактарам музычнай рэдакцыі Беларускага радыё" 1.

Ніхто іншы, як найперш самі мастакі, усклалі на сябе вялікі клопат пра захаванне твораў сваіх калег і іх папярэднікаў, бо не ўсё ж дзякуючы старанням нацыянальна-самасвядомай часткі беларускага грамадства стала аб'ектам рабавання як акупацыйнымі ўладамі, так і мясцовым насельніцтвам. І хаця вышэй ужо прыводзіўся шэраг фактаў пра выратаванне дарагіх кожнаму беларусу скарбаў нацыянальнай культуры, не будзе лішнім прывесці і яшчэ некалькі прыкладаў. Дбайным захавальнікам, актыўным прапагандыстам беларускага нацыянальнага мастацтва ў гэты нялёгкі ваенны час з'яўляўся невялічкі калектыў Слонімскага краязнаўчага музея. Не з-за любові і павагі да фашысцкага акупацыйнага рэжыму працаваў тут ужо добра вядомы пад той час педагог, грамадскі дзеяч і паэт Сяргей Новік-Пяюн. Лічыў, што трэба было любымі шляхамі не даць загінуць каштоўнасцям музея дый паклапаціцца аб захаванні беларускай нацыянальнай культуры ўвогуле, над якой, як і над абшарамі ўсяго роднага краю, усталявала цяпер пільны кантроль новая ўлада. Яе прадстаўнікоў зусім не радавала тое, што рабіў гэты бясконца ўлюбёны ў свой народ чалавек на ніве роднай культуры. Яго звальняюць з працы і знявольваюць у Баранавіцкую турму, умовы знаходжання ў якой былі ніколькі не лепшымі, як і ў іншых фашысцкіх засценках. Затым паэта кінулі ў Калдычэўскі канцлагер, дзе яго чакала верная смерць. Але і тут у Сяргея Новіка-Пяюна не апусціліся рукі ў змаганні за ўласнае жыццё і жыццё свайго народа. Не лічыў яго шчаслівым і па заканчэнні вайны. У славутым вершы паэта "Прысяга" ёсць такія палымяныя патрыятычныя радкі:

Беларусь, мая родная маці!

Я не здраджу ніколі табе

За ніякія ў свеце багацці ―

Лепш злажу галаву ў барацьбе 1.

З твораў мясцовых аўтараў у Слонімскім музеі дэманстраваліся алейныя абразы і замалёўкі мастака-паэта Галляша Леўчыка, партрэты і пейзажы А. Карніцкага. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягвалі да сябе працы слонімскай мастачкі Р. Бялецкай: партрэты Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, якія, да слова, не карысталіся павагай у афіцыйных уладаў БССР у давераснёўскіх межах 1939 г. Шмат розных цікавых палотнаў прысвяціў роднай Слонімшчыне А. Карніцкі. Пры музеі функцыянавала мастацкая студыя, у якой узбагачалі свае веды мастакі-самавукі 1.

Калі нішто не перашкаджала, у музеі рэгулярна ладзіліся цікавыя культурна-асветніцкія, пазнавальныя мерапрыемствы. Для гэтага меліся адпаведныя матэрыяльныя базы і кадры. Асабліва вабіла наведвальнікаў да сябе этнаграфічная зала са сваімі багатымі, унікальнымі гістарычнымі экспанатамі. Нямала тут было і рукапісных матэрыялаў. "Сярод іх ― складзеныя па-беларуску й з "Пагоняй" на пячатках, зь якіх найстарэйшы датуецца 1506 годам. Тут жа ― папскія булы й аўтографы выдатнейшых гістарычных асобаў, рэдкія кнігі: Статут Вялікага Княства Літоўскага, Энцыклапедыя часоў Пятра І, Вексельнае права Кацярыны ІІ і іншыя". Асобная вітрына была прысвечана Францішку Скарыну, меўся партрэт слонімскага старосты князя Льва Сапегі. "У экспазыцыі, яму прысвечанай, шахматная дошка князя, віды яго палацаў у Дзярэчыне і Ружанах". Спецыяльны куток адвялі земляку кампазітару Міхаілу Агінскаму 2.

Музейшчыкі Слоніма дбайна паклапаціліся пра падтрыманне ў людзей нацыянальна-адраджэнскага духу, дзеля чаго была створана спецыяльная чацвёртая зала. Яе ўпрыгожылі партрэтамі К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча (усе працы Р. Бялецкай), В. Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (выкананыя слонімскай мастачкай Клаўдзіяй Хруцкай). Пад знакам герба "Пагоня" ў прыгожых рамах віселі Акт абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. у Менску незалежнасці Беларусі, Беларускі нацыянальны гімн (аформленыя мясцовым мастаком Антонам Карніцкім). Наведвальнікі чацвёртай залы маглі пабачыць тут фотаздымкі беларускага рэвалюцыянера-народавольца Ігната Грынявіцкага, нашых слынных нацыянальных, культурных дзеячоў Адама Гурыновіча, Івана Луцкевіча, Пётры Крэчэўскага, Вацлава Ластоўскага, групавы здымак удзельнікаў пасяджэння Вялікай Беларускай Рады ад 15 кастрычніка 1917 г. 3

Доказам вялікай павагі мясцовых жыхароў да працы музея служыць іх актыўны дабрачынны ўдзел у забеспячэнні сваёй любімай культурнай установы рознага роду мастацкімі каштоўнасцямі. Так, ад мастака Алеся Асіпчыка яна атрымала арыгінальныя вышыўкі жаночых блузак, мужчынскіх кашуляў, ручнікоў. Ён жа "вышываў нацыянальныя строі для Слонімскага гуртка пры Беларускім Народным Доме, які існаваў пад акупацыяй. Быў у музеі пояс далікатнейшай работы, скіданы з афарбаванага ў розныя колеры конскага валосья. Яго аўтар ― Міхаіл Галоўка, родам з Мацкелеўшчыны Слонімскага павета" 1. Знаёмішся з усім гэтым і проста не верыцца, што такое рабілася ў гады акупацыі. Дакументы ж сцвярджаюць, што і сапраўды нікому непадуладна было цалкам адарваць людзей ад роднай, нацыянальнай культуры. У гэтым менавіта і заключалася яе бессмяротнасць.

§ 5. Мастацкая самадзейнасць

Не толькі не замірала, а ў некаторых месцах, наадварот, нават назіралася сапраўднае ажыўленне ў поўным сэнсе нацыянальнай мастацкай самадзейнасці, асабліва ў вёсках, дзе яна з'яўлялася асноўнай формай задавальнення духоўных запатрабаванняў людзей. У той час рабілася ўсё, каб вярнуць мастацкай самадзейнасці істотна ўрэзаныя савецкімі культработнікамі народныя традыцыі. Больш-менш добра захаваліся яны ў заходніх раёнах Генеральнай акругі Беларусь. Каб увесці гэтыя традыцыі ў колішняе рэчышча, даводзілася праводзіць з людзьмі адпаведную растлумачальную працу, выкарыстоўваючы ў гэтых мэтах і перыядычны друк. Найчасцей за ўсё асвятленнем гэтай праблемы займалася рэдакцыя газеты "Голас вёскі". У ёй, да прыкладу, 2 ліпеня 1942 г. вельмі падрабязна вялася гаворка, як трэба ладкаваць самае любімае і найбольш распаўсюджанае сярод беларусаў народнае свята Купалле.

Сталую ўвагу да арганізацыі мастацкай самадзейнасці праяўлялі і падпарадкаваныя акупантам мясцовыя ўлады. У шэрагу населеных пунктаў яны нават пайшлі на стварэне новых устаноў культуры, нягледзячы на вялікія цяжкасці з набыццём для гэтага неабходных матэрыяльных і фінансавых сродкаў. Там, дзе ўдавалася правесці ў жыццё такое мерапрыемства, яно зачастую пераўтваралася ў нешта больш важнае, чым толькі культурніцкае. Растлумачыць усё гэта даволі проста: увядзенне ў эксплуатацыю кожнай установы культуры прадстаўнікі цывільнай і ваеннай акупацыйнай адміністрацыі імкнуліся выкарыстаць у якасці сродкаў для схілення людзей на бок "новага парадку". Да дробязяў было прадумана правядзенне такога роду мерапрыемства ў час адчынення 12 ліпеня 1942 г. Дома беларускай культуры ў Жодзішках Віленскага павета. З гэтай нагоды сюды з Менска прыехалі прадстаўнікі Генеральнага камісара Беларусі І. Сівіца (польскі немец), Галоўны школьны інспектар Беларусі В. Гадлеўскі, інспектар ЦТО * Янэкэ. Вось як апісана гэтая падзея ў "Беларускай газэце" ад 29 ліпеня 1942 г.: "Спадар Сівіца ў сваёй зьмястоўнай прамове закрануў усе актуальныя справы. Гаворачы аб мінуўшчыне, ён падчыркнуў, што добра ведае аб тым, як беларусаў прасьледавалі палякі і як цяпер нават яны робяць беларусам розныя перашкоды. Але дарма! Беларускі Народ пры дапамозе Вялікае Нямеччыны пераможа ўсе перашкоды й здабудзе лепшую будучыню… Вы, беларусы, цяпер вольныя, і да вас ніколі больш не вернуцца ані Сікорскі **, ані Сталін. Вы трымаеце шырокія правы…

Генеральны Камісар Беларусі даў загад, каб беларуская культура мела ўсе магчымасьці да развіцьця, і заявіў, што беларускі народ варты таго, каб для яго працаваць. Беларуская мова ёсьць прыгожая заявіў па-беларуску Сівіца. Беларусы павінны быць гордыя зь яе. Я быў сяньня ў касцёле й цешыўся, што мог там пачуць беларскую песьню, якой не дапускалі палякі, выганяючы беларускіх ксяндзоў. Больш гэта не паўторыцца ніколі!

Адчыненьне Дому Беларускае Культуры ў Жодзішках зьяўляецца довадам, што беларускі народ жыве і што беларуская культура жыве й разьвіваецца. Дык няхай-жа ― жыве Беларусь! ― гэтым клічам у беларускай мове закончыў сваю прамову сп. Сівіца".

Моцна вытрыманай у беларускім духу была прамова В. Гадлеўскага, які на працягу 1924 ― 1927 гг. працаваў ксяндзом у Жодзішках: "Беларускі народ меў багата ворагаў, якія сядзелі ў воласьці, у паліцыі, у школе, у ўрадах і касьцёлах. Яны гвалтам выгналі беларускую мову з касьцёла ў Жодзішках і гвалтам адарвалі ксяндза беларуса (тут маецца на ўвазе сам В. Гадлеўскі. ― Л. Л.) ад гэтай парахвіі, у якой пакінуў ён частку свайго сэрца й душы. Але, не зважаючы на прасьлед і перашкоды, беларускі народ трымаўся свайго. Беларуская стыхія трывала, і яна ператрывала тых, што зьдзекваліся зь яе. Праўда, адвечныя ворагі Беларусі, палякі, усьцяж і цяпер выяўляюць сваю дзейнасьць. Яны стараюцца прасьледываць беларусаў нават пры нямецкай уладзе, але й гэтаму прыходзяць канцы. Беларускі народ узяўся за будаўніцтва сваей Бацькаўшчыны. І мы тут сабраныя, прысягаемся, што збудуем Беларусь вольнай, шчасьлівай і багатай…"

Не паверыць сказанаму Сівіцай і Гадлеўскім маглі толькі людзі цвёрдых бальшавіцкіх перакананняў. Сярод жыхароў былой Заходняй Беларусі тады яны рэдка сустракаліся.

Не сакрэт, што ўладаў менш за ўсё цікавіў мастацкі бок у выступленнях самадзейных артыстаў. Галоўным тут было даведацца пра сапраўдны настрой акупаванага насельніцтва, знайсці надзейныя шляхі кіравання, падначалення яго. Канцэртам мастацкай самадзейнасці вельмі часта папярэднічалі афіцыйныя выступленні каго-небудзь з высокіх прадстаўнікоў ваеннай і цывільнай адміністрацыі з мэтай ідэалагічнай апрацоўкі прысутных, прапаганды і ўсхвалення нямецкіх парадкаў, што не заўсёды ўдавалася акупантам.

Намаганні акупантаў і іх прыслужнікаў трымаць пад сваім уплывам мастацкую самадзейнасць не зрабіла яе нецікавай для людзей, бо гэтай справай займалася нямала і тых, хто меў талент, добра ўсведамляў вялікую ролю нацыянальнай культуры ў лёсе народа і ў час такіх суровых выпрабаванняў.

Шмат намаганняў ― і не безвыніковых ― прыклалі нацыянальныя сілы, каб атрымаць ад нямецкай адміністрацыі дазвол на правядзенне святочных мерапрыемстваў з нагоды самых значных падзей у гісторыі беларускага народа і найчасцей тых, на якія была накладзена забарона бальшавіцкім палітычным рэжымам.

Не пярэчылі, да прыкладу, акупацыйныя ўлады Менска і правядзенню свята 25-х угодкаў Першага Усебеларускага Кангрэсу. Адбылося яно 20 снежня 1942 г. у памяшканні Менскага гарадскога тэатра, дзе якраз і прахадзіў гэты Кангрэс. З падрабязным рэфератам-успамінамі выступіў на свяце ўдзельнік Кангрэса ксёндз В. Гадлеўскі 1.

Не толькі агульны стан культуры, але і мастацкай самадзейнасці ў многім прадвызначаўся працай у гэтым кірунку Беларускай народнай самапомачы. Кіраўніку апошняй Івану Ермачэнку ўдалося даволі хутка ўлучыць у яе шэрагі нямала людзей цвёрдай нацыянальнай арыентацыі, што паспрыяла размаху дзейнасці гэтай так неабходнай у цяжкіх умовах акупацыі грамадскай арганізацыі. З цягам часу яна са згоды В. Кубэ стала, акрамя грамадзянскай апекі і аховы здароўя насельніцтва, займацца яшчэ адкрыццём дамоў культуры, чытальняў і бібліятэк, стварэннем аматарскіх драматычных гурткоў, арганізацыяй курсаў, правядзеннем лекцый, распаўсюджваннем друкаваных выданняў і г.д. 2

У тых далёка не рэдкіх выпадках, калі ў Беларускую народную самапомач прыходзілі ў якасці арганізатараў, кіраўнікоў ініцыятыўныя, нацыянальна спелыя людзі, яны і сапраўды маглі нямала чаго карыснага зрабіць дзеля роднай культуры, надзейна адгарадзіць яе ад рэальнай пагрозы анямечвання. Пацвердзіць сказанае можна на прыкладзе Баранавіцкай акругі. У 1942 г. па лініі самапомачы было адчынена 30 беларускіх дамоў культуры, 51 хата-чытальня, 16 бібліятэк, працавала 70 харавых гурткоў, 112 драматычных, 41 танцавальны, 28 спартыўных, 21 літаратурны і 10 музычных. За год наладжана 232 спектаклі і 66 канцэртаў, праведзена 38 літаратурна-музычных лекцыяў і больш за 40 іншых культурных імпрэзаў. Праз свае аддзелы акруговая самапомач кожны тыдзень прадавала па 72 тыс. газет. Улады абавязвалі яе распаўсюджваць і нямецкія газеты: за тыдзень іх разыходзілася 30 тыс. экзэмпляраў. Зразумела, з усіх населеных пунктаў акругі найбольш вызначаўся сваімі дасягненнямі ў культуры сам горад Баранавічы. Тут меліся Народны дом, бібліятэка, у якой налічвалася 1200 чытачоў, музей выяўленчага мастацтва, дзе разам з творамі мясцовых аўтараў захоўваліся і карціны, што належалі заходнееўрапейскім майстрам 1.

Жывучасць у народзе ў той цяжкі для беларусаў час вялікай цягі да аматарскай культурна-мастацкай творчасці натхніла да добрай справы юнака з Лідчыны Зімавіта Фэдэцкага *. У 1942 ― 1943 гг. ён займаўся зборам беларускіх народных песняў у ваколіцах Ліды, пераважна ў вёсцы Феліксава. Для мяркуемай да выдання кніжкі ён сабраў 80 песняў з нотнымі запісамі. Пазней, прыгадваючы пра свае фальклорныя экспедыцыі па Лідчыне, З. Фэдэцкі прызнаваў сабраныя тут песні выдатнейшымі і што тады ў гэтым "краі размаўлялі і спявалі так пекна па-беларуску, што ажно ў паветры стаяў водар" 2. Думаю, ніхто не адважыцца дакараць лідчан, што і пад ботам акупантаў яны не адракаліся, жылі, узбагачалі культурныя традыцыі роднай зямлі.

§ 6. Культура не жыла без праблем

Культурнае жыццё на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь было ўвесь час надзвычай складаным і супярэчлівым. Але яно, як вынікае са сказанага вышэй, не пацвердзіла праўдзівасці слоў: "Калі грымяць гарматы ― музы маўчаць". Яны не маўчалі, таму што нават і ў самых экстрэмальных умовах чалавецтва не можа існаваць без культуры. І што ў дадзенай важнай сферы жыццядзейнасці меліся хоць якія-небудзь кантакты паміж прадстаўнікамі беларускай і нямецкай культур, не выключана, што, мо, ад гэтага хоць крыху змяншаўся, аслабеваў у сваёй жорсткасці акупацыйны рэжым. Сваім дбаннем пра захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры яе носьбіты перашкаджалі здзяйсненню ў нашым краі антычалавечнага сакрэтнага плана "Ост", у адпаведнасці з якім беларускае насельніцтва падлягала не толькі фізічнаму вынішчэнню, але і анямечванню. Не інакш, як менавіта ў гэтых мэтах "з чэрвеня 1942 г. шмат дзе беларускім майстрам, брыгадзірам, рабочым вышэйшай кваліфікацыі выплачвалася надбаўка ў 10 % у выпадку валодання нямецкай мовай" 1. З вуснаў беларусаў яна гучала і то на самым прымітыўным узроўні толькі там, дзе да гэтага іх вымушала выкананне службовых абавязкаў. І на сконе акупацыйнага рэжыму не назіралася якіх-небудзь сур'ёзных прыкмет намецкай культурна-моўнай асіміляцыі беларусаў, наадварот, усё больш праяўлялася, мацнела ў іх імкненне да павышэння ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці. Немалаважную ролю ў гэтым адыграла трывалае панаванне ў грамадскім жыцці, у сям'і і быце нашага народа яго спрадвечных духоўных традыцый, беларускай культуры і мовы, пра што належным чынам клапаціліся ўсе катэгорыі творчай інтэлігенцыі, хаця дамагацца такога было надзвычай цяжка і складана. За яе дзейнасцю пільна сачылі акупацыйныя ўлады, усяляк стараючыся распаўсюджваць, мацаваць на захопленай тэрыторыі нямецкія стандарты ў ідэалагічнай, культурнай сферах. Як толькі маглі, і партызаны, падпольшчыкі супрацьдзейнічалі творчай працы той часткі інтэлігенцыі, што не ставілася варожа, не вяла патаемнай ці адкрытай барацьбы з уведзенымі акупантамі парадкамі. У многіх савецкіх літаратурных крыніцах даюць вельмі высокую адзнаку падпольшчыкам за праведзеную 22 чэрвеня 1943 г. дыверсію па ўзрыве Менскага гарадскога беларускага тэатра, хаця яе ахвярамі сталі і тыя, што не належалі да прыхільнікаў усталяванага на Беларусі фашысцкага рэжыму. Сярод загінуўшых, як ужо згадвалася вышэй, быў і старэйшы сын паэткі Наталлі Арсенневай дваццацігадовы Яраслаў, што надало ёй яшчэ больш сілы і энергіі для выкрыцця і змагання з дапамогай пяра з савецкімі метадамі барацьбы на акупаванай тэрыторыі. Любая ўстанова культуры, у тым ліку і ўзарваны Менскі гарадскі беларускі тэатр ― гэта не той аб'ект, з разбурэннем якога можна было хоць у нейкай ступені аслабіць магутнасць нямецкага вермахту. Пасля ўчыненай дыверсіі ў тэатры на працягу некалькіх месяцаў не праводзілі ніякіх культурных мерапрыемстваў, ад чаго менчукі не мелі аніякай карысці.

13 лістапада 1943 г. ад рук менскіх падпольшчыкаў загінуў рэдактар "Беларускай газэты", добра вядомы ў даваенны час беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт і публіцыст Уладзіслаў Казлоўскі. Дзякуючы яму гэты перыядычны орган пры ўсёй сваёй варожасці да савецкага ладу жыцця, пэўнай прыхільнасці да крайняга нацыяналізму і шавінізму шмат зрабіў па прапагандзе беларускай гісторыі і культуры, раскрыцці ролі адукацыі на роднай мове, у чым ніяк нельга не бачыць заслугі рэдактара згаданай газеты.

Не мінула пасля той акцыі і месяца, як учынілі, хутчэй за ўсё падпольшчыкі, забойства бургамістра Менска Вацлава Іваноўскага, з іменем якога так багата чаго станоўчага звязана ў культурным жыцці гэтага горада падчас нямецкай акупацыі. І гэта не дзіўна, нават калі хоць у самых агульных рысах глянуць на папярэднюю грамадска-культурную дзейнасць В. Іваноўскага: узначальваў створанае ім на пачатку 1906 г. у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва-суполку "Загляне сонца і ў наша аконца", супрацоўнічаў у беларускіх газетах "Наша доля" і "Наша ніва", кіраваў у 1913 ― 1915 гг. у Вільні Беларускім выдавецкім таварыствам, у 1918 г. з'яўляўся міністрам асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, затым быў за дырэктара Менскага беларускага педагагічнага інстытута. У міжваенны перыяд жыў на тэрыторыі Польшчы і выкладаў у Варшаўскім політэхнічным інстытуце, а з восені 1939 г. ― у Віленскім універсітэце 1. Такі чалавек не мог не разумець ролі нацыянальнай культуры ў жыцці беларускага народа не толькі ў мірны, але і ў ваенны час, таму вельмі ахвотна дапамагаў усім, хто працаваў на гэтай ніве ў гады нямецкай акупацыі.

Нацыянальна-культурная дзейнасць беларускай творчай інтэлігенцыі не заўсёды знаходзіла падтрымку з боку яе польскіх і літоўскіх калег, калі людзям даводзілася жыць і працаваць у межах адной і той жа тэрыторыі толькі ў розных культурна-моўных рэчышчах. З даўняе пары тут існавала моцнае саперніцтва за выжыванне паміж беларускай, польскай і літоўскай культурнымі плынямі. Захоўвалася яно і падчас нямецкай акупацыі. Становішча сур'ёзна ўскладнялася, калі да яго прыцягвалася далёка не бесстаронняя ўвага палітычных і вайсковых сіл. Вядома, напрыклад, як польскія жаўнеры па ўказанні камандзіраў Арміі Краёвай асабліва жорстка распраўляліся з беларускай інтэлігенцыяй, што выступала за культуру і адукацыю на роднай мове, паколькі ў гэтым бачылі сур'ёзную перашкоду для правядзення палітыкі паланізацыі. З усіх акругаў ГАБ найбольшыя страты ад злачынных акцый акаўцаў зведала Лідская, дзе ў тыя гады яны ўяўлялі сабой магутную сілу. Паводле прыведзеных Я. Малецкім у кнізе "Пад знакам Пагоні" (Таронта, 1976) звестак удзельнікі польскага падполля забілі 1200 беларусаў, сярод якіх знаходзіўся і беларускі літаратар Леанід Маракоў 1.

Вялікая недарэчнасць падобнага роду канфліктаў заключалася ў тым, што адбываліся яны паміж людзьмі, блізкімі па сваёй этнічнай прыродзе, цесна звязанымі між сабой частымі ўдзеламі ў сумеснай барацьбе з агульным ворагам, у т.л. і з нямецкімі агрэсарамі. Не сакрэт, што такіх вялікіх чалавечых ахвяр у славянскім беларуска-польскім асяроддзі магло б і не быць пры іншым станаўленні да гэтай праблемы нямецкай вайсковай і цывільнай адміністрацый. І яе лёгка зразумець: любыя формы беларуска-польскага супрацоўніцтва, у т.л. і ў культурнай сферы, зусім не ўваходзілі ў інтарэсы акупантаў, таму апошнія нічога не рабілі па яго ўсталяванні, а тым больш паглыбленні. Часта яны былі больш зацікаўленымі ў давядзенні ўзаемадачыненняў паміж гэтымі славянскімі народамі да самых сур'ёзных канфліктаў, чым да спакойнага мірнага сужыцця. Што датычыць беларускай этнічнай тэрыторыі па-за межамі ГАБ, за выключэннем Беласточчыны і Гарадзеншчыны, там не даводзілася сутыкацца з польскім фактарам. Растлумачыць такое зусім проста: адсутнасць неабходнай у такіх выпадках колькасці самога польскага насельніцтва. А вось зацікаўленасць да славянскай праблемы ў цэлым была заўжды абвостранай у архітэктараў "Новай Еўропы". У пэўнай ступені гэтаму паспрыяла выданне з 1942 г. у Маскве часопіса "Славяне" пад рэдакцыяй галоўнага беларускага бальшавіцкага ідэолага Цімафея Гарбунова. З першых жа нумароў часопіса ў ім давалася вельмі многа матэрыялаў пра сумесную барацьбу ў далёкім мінулым і ў больш позні час народаў гэтай супольнасці з нямецкімі агрэсарамі. Такога зместу матэрыялы не маглі не клікаць славян да аб'яднання сваіх сіл у барацьбе з нямецкім фашызмам і ў гады Другой сусветнай вайны. Зусім іншай накіраванасці публікацыі па дадзенай праблеме належала даваць у акупацыйным перыядычным друку, не спыняючыся нават перад самай відавочнай фальсіфікацыяй. У шэрагу іх нават выказваліся сумненні датычна самой прыналежнасці беларусаў да славянскай супольнасці. Аўтарамі такіх артыкулаў (яны траплялі на старонкі беларускага друку з нямецкіх выданняў) звычайна выступалі нямецкія даследчыкі і публіцысты, у прыватнасці і В. Эссэн, які пісаў наступнае: "…беларусы, нягледзячы на тое, што размаўляюць на славянскай мове, у мінулым паглынулі шматлікія балтыйскія плямёны і нават германскія элементы" 1. У дадзеным выпадку больш адпавядала б ісціне сцвярджэнне пра паглынанне германцамі славянскіх плямёнаў, у т.л. і тых, што леглі ў аснову фармавання беларускага этнасу.

Панесеныя беларускімі нацыянальнымі сіламі страты ад рук акупацыйных уладаў, партызанаў і падпольшчыкаў, акаўцаў адмоўна ўплывалі на стан духоўнага жыцця, аднак не паралізавалі волю і жаданне творчай інтэлігенцыі і ў тых жахлівых варунках рабіць штосьці карыснае дзеля яго.

Не выбіў нацыянальнай арыентацыі творцаў з роднай каляіны і прыход пасля забойства В. Кубэ на пасаду кіраўніка Генеральнай акругі Беларусь Курта фон Готберга. Вышэй ужо прыводзілася нямала станоўчых фактаў з культурнага жыцця Беларусі, якія мелі месца за часамі Готберга. Ёсць неабходнасць і яшчэ штосьці дадаць да іх, каб больш паўней раскрыць уклад творчай інтэлігенцыі ў культуру ў той неспрыяльны для яе час. У гэтым звязку нельга не згадаць, што ў студзені 1944 г. з дазволу акупацыйных уладаў было закладзена "Беларускае культурнае аб'яднанне (згуртаванне)", якое мела свае філіялы ва ўсіх акругах ГАБ. У распараджэнне названага аб'яднання перадаваліся тэатры, народныя дамы, бібліятэкі, музеі і іншыя ўстановы культуры. З пазітыўных фактаў у сферы культуры можна адзначыць заканчэнне ў красавіку рамонту Менскага гарадскога беларускага тэатра з перадачай яго ў распараджэнне БЦР, адкрыццё шэрагу раней зачыненых народных дамоў і бібліятэк. Нельга не заўважыць, што ўсё гэта рабілася ў час, калі ўсё менш і менш людзей акупаванай Беларусі верыла ў перамогу фашысцкага Вермахта над Чырвонай Арміяй. І, відаць, рабілася таму, што сярод прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі мелася нямала такіх, якія ў сваёй культурніцкай дзейнасці не бачылі нічога злачыннага, антысавецкага. Нацыянальна-культурнае жыццё ў межах ГАБ магло б быць яшчэ больш змястоўным, калі б ГАБ належалі і беларускія землі перададзеныя пад юрысдыкцыю нямецкіх органаў кіравання Усходняй Прусіі, Украіны, Літвы, а таксама ўключаныя ў франтавую зону нямецкага камандавання. І то што на іх, несумненна, дзякуючы галоўным чынам вялікім намаганням мясцовых нацыянальна-патрыятычных сіл, ствараліся і існавалі на беларускай мове школы, выдаваліся на ёй газеты, ладзіліся рознага роду культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, усё ж нельга не бачыць і пазітыўнага ўдзеянна на гэта станоўчага прыкладу ГАБ. Пэўныя крокі па аднаўленні нацыянальна-культурнага жыцця рабіліся ў месцах кампактнага пасялення беларусаў на тэрыторыі Смаленшчыны і Браншчыны. Гэтаму як толькі мог дапамагаў свядомы беларус епіскап смаленскі і бранскі Сцяпан (Сеўба), ажыццяўляючы самыя рашучыя, смелыя крокі па беларусізацыі набажэнства праваслаўнай царквы. Дзеля ўзняцця прэстыжу беларускасці на згаданых тэрыторыях многае зрабіў вядомы дзеяч палітычнага і нацыянальнага руху Р. Астроўскі, знаходзячыся з кастрычніка 1941 г. на пасадзе бургамістра ў Смаленску, затым у Бранску і Магілёве.

Ад першага і да апошняга гадоў акупацыі даволі шматлікія колы творчай інтэлігенцыі, нацыянальных дзеячоў прыкладвалі велізарныя намаганні на тэрыторыі ГАБ, каб пры любых абставінах не дапусціць поўнага духоўнага замірання беларускага народа. І такога, на шчасце, не адбылося. Вось як апісвае культурнае жыццё таго часу яго непасрэдны сведка і ўдзельнік, адзін з самых аўтарытэтных прадстаўнікоў беларскай пасляакупацыйнай эміграцыі Ян Пятроўскі: "У прадмеце адукацыі, уся тэрыторыя пакрываецца густою сеткаю школаў, пачынаючы народнымі школамі і канчаючы вышэйшымі. Заактывізаваны тэатр агортваў сабою значную колькасць тэатральных артыстаў, мастакоў і пісьменнікаў, як і гледачоў… Самае галоўнае з усяго, гэта факт, што аграмадныя беларускія кадры, як і паасобныя адзінкі, у сваёй цэласці ведалі сваю адказнасць у часе гэткае шалёнае вайны… яны не адступалі ад свайго маральнага абвязку перад сваёю Бацькаўшчынаю і шматлікія з іх проста ахвяравалі саміх сябе для беларускае справы, беларускае Свабоды" 1. Без дастатковай колькасці ўлюбёных, адданых сваёй справе людзей не назіралася такога размаху культурнай дзейнасці. Пасля ўсяго прыведзенага вышэй ніяк нельга пагадзіцца з тым, што сказаў у лютым 1943 г. на V пленуме ЦК КП(б)Б (праходзіў у Маскве) сакратар ЦК КП(б)Б па ідэалогіі Ціхан Гарбуноў: "Частка нашай інтэлігенцыі, якая па тых ці іншых прычынах засталася ў тыле ворага, не пайшла на службу да ворага… Наша інтэлігенцыя засталася вернай сваёй Радзіме, свайму народу, сваёй бальшавіцкай партыі, свайму вялікаму правадыру таварышу Сталіну" 2. Не. Сярод тагачаснай інтэлігенцыі было шмат дзеячоў, не верных бальшавіцкай партыі, вялікаму Сталіну, што не перашкаджала ім заставацца бясконца вернымі сваёй Радзіме, свайму народу, плённа працаваць на яго нацыянальнай культурнай ніве, не дазваляючы набыць шырокага маштабу ўсялякага роду дзеянням па анямечванні Бацькаўшчыны.

На стан культуры стала ўплывала палітыка акупацыйных уладаў у дадзенай сферы. Ігнараваць, не ўлічваць гэты фактар ніяк нельга было, інакш замест карысці беларуская культура несла б толькі адны страты. Ёсць дастаткова фактаў плённага супрацоўніцтва беларускіх і нямецкіх культурных дзеячоў. Такія кантакты не давалі жаданага эфекту толькі тады, калі наўмысна ўмешваліся палітыкі, падрываючы іх ці імкнучыся атрымаць найбольшую выгоду для нямецкай справы. Здаралася ж такое даволі часта. І ва ўсіх выпадках, калі ў культурнае жыццё з далёка не гуманнымі намерамі ўмешваліся нямецкія дзяржаўныя і ваенныя палітыкі, тады і ў ім панавалі кулачнае права, права моцнага. На месца пэўнага спрыяння з нямецкага боку беларускай культуры прыходзіла вельмі тонкая, разлічаная на непазбежны падрыў яе дыпламатыя. Не ўзводзячы асаблівых перашкод для развіцця беларускай нацыянальнай культуры, нямецкія палітыкі ўсё ж імкнуліся з дапамогай яе наблізіць беларускі народ да нямецкага і пасварыць галоўным чынам з рускім. Несумненна, першынство ў такіх дзеяннях належала самым вялікім палітыкам. Вынікае гэта і з наступных слоў Генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, прамоўленых увесну 1942 г. у Койданаве. Звяртаючыся да мясцовых жыхароў, ён сказаў: "Гэта недарэчнасьць называцца расейцамі. Вам зусім няма чаго рабіць з расейцамі. Вы належыце да народаў Эўропы, якія расьцвітуць пад кіраўніцтвам Адольфа Гітлера" 1. Прыкладна такое гаварылі беларускаму народу і дзяржаўныя кіраўнікі самой Германіі, якія даволі часта наведвалі наш край. Выступаючы 30 мая 1942 г. у Менску ў Генеральным камісарыяце Беларусь, дзяржаўны міністр усходніх земляў рэйхсканцлер Альфрэд Розенберг так заявіў: "Назаўсёды павінны спыніцца ўсякія зьявы русыфікацыі ў гэтай частцы Эўропы". І рэйхсканцлер вельмі добра патлумачыў, чаму: каб з Беларусі "стаўся моцны й квітушчы перадкрай Нямеччыны" 2.

І ўсё ж у акупантаў не хапіла моцы, здольнасці з дапамогай сродкаў культуры ўбіць клін паміж беларускім і іншымі славянскімі народамі. Патрэба ў славянскім адзінстве адчувалася, мо, як ніколі раней. Дзеля яго ўмацавання, што маглі, тое рабілі і цывільныя ўстановы культуры, асабліва тэатральныя калектывы. Не было сярод іх такога, які б не ставіў творы рускіх, украінскіх, польскіх і іншых славянскіх аўтараў. У якасці прыкладу можна назваць Барысаўскі народны тэатр, у якім у 1943 г. з рускай класікі ішлі п'есы "Сватанне" і "Мядзведзь" А. Чэхава.

Аднак не ўсюды і не ва ўсе часы назіралася прыхільнае ці цярпімае стаўленне акупантаў да славянскай ідэі, аўтарытэт якой не аслабіла, а, наадварот, узняло змаганне з фашызмам. Па іх віне, як ужо адзначалася вышэй, нямала нашых духоўных каштоўнасцей трапіла на Захад і перадусім у Германію. Замахнуліся фашысты і на нашу самую дарагую духоўную святыню ― Дзяржаўную бібліятэку імя У. Леніна, дзе мелася багата каштоўных кніг па славянскай праблематыцы. Значную частку фондаў бібліятэкі яны вывезлі ў Прагу, дзе меркавалася стварыць цэнтр па вывучэнні славянскай супольнасці народаў. Як даследвалася б тады ў ім дадзеная праблема, няцяжка прадбачыць.

Нягледзячы на панаванне ў нашым краі чужацкага прыгнятальніцкага рэжыму, на працягу амаль усіх гадоў акупацыі практыкаваліся ўзаемапаездкі адзін да аднаго прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі і Германіі. Безумоўна, рабілася такое, асабліва ў выпадках, калі хтосьці ехаў да нас, у значнай ступені і дзеля пэўных палітычых мэтаў. Цесна звязаныя з фашысцкім рэйхам дзеячы культуры па прыбыцці на Беларусь старанна вывучалі, што і як тут неабходна рабіць па анямечванні яе народа, выхаванні маладых пакаленняў у нацысцкім духу. Аднак сярод наведвальнікаў з Германіі сустракаліся і асобы, якія былі зацікаўленыя ў азнаямленні з гісторыяй, культурай беларускага народа, пакоранага ў выніку захопніцкай вайны. Пра ўсё найбольш цікавае і адметнае, што ўдавалася даведацца пра Беларусь, яны імкнуліся рознымі спосабамі данесці і да нямецкай грамадскасці, у асяроддзі якой гітлераўцы не змаглі да канца вынішчыць прагрэсіўны, не зараджаны нацысцкай ідэалогіяй пласт інтэлігенцыі.

У абавязкі кіраўніцтва Генеральнай акругі Беларусь уваходзіла правядзенне адпаведных мерапрыемстваў па задавальненні культурных запатрабаванняў раскватараваных на яе тэрыторыі вайсковых частак, а таксама прысланых сюды на службу з Германіі цывільных грамадзян нямецкай нацыянальнасці. Як для першых, так і для другіх выкарыстоўваліся, за рэдкім выключэннем, толькі набыткі з нямецкай культуры. У залежнасці ад абставін у праграму такіх мерапрыемстваў магло ўключацца штосьці і з беларускай культуры. У сваю чаргу і беларусам маглі дазваляць прысутнічаць на ладжаных нямецкімі дзеячамі культуры канцэртах. Толькі вось бяда не заўсёды тое, што чынілася акупантамі падчас культурных акцый, прыносіла людзям радасны настрой. Ніякім іншым словам як варварства, нельга назваць да дробязяў прадуманнае злачыннае выкарыстоўванне нямецкай адміністрацыяй г. Менска духавога аркестра. Ён павінен быў служыць, галоўным чынам, дзеля ўзняцця настрою, глушэння плачу і крыку людзей, якія прыходзілі на чыгуначную станцыю, каб развітацца з роднымі і блізкімі, каго гвалтам вывозілі на працу ў Германію.

Практычна не існавала ніякіх абмежаванняў для наведвання роднага краю дзеячам беларускай культуры, якія па розных прычынах знаходзіліся ў міжваенны перыяд у эміграцыі. Сваім талентам яны хацелі хоць маленькую радасць прынесці свайму народу, пасеяць веру, што лёс змілуецца з яго і не дасць загінуць. Словам, нішто не прадракала пра надыход канца для беларускай нацыянальнай культуры. Людзі гінулі ад рук акупантаў і партызанаў, падчас авіяналётаў на гарады і стратэгічныя аб'екты нямецкіх і савецкіх самалётаў, а як толькі ўсталёўвалася цішыня, тут жа культура нагадвала пра сябе беларускімі песнямі, музыкай, танцамі, самымі разнастайнымі мерапрыемствамі са сферы мастацкай самадзейнасці.

Зыходзячы з вышэйсказанага, не будзем здзіўляцца, што пад уплывам добрараспрацаваных і ўмела даведзеных фашысцкімі ідэолагамі да шырокіх масаў грамадства мерапрыемстваў прапагандысцкага характару, а таксама ў выніку актыўнай кульутрнай дзейнасці творчай інтэлігенцыі нацыянальнай арыентацыі пэўная частка людзей па-сапраўднаму паверыла ў прынесены Германіяй і на беларускую зямлю "новы парадак", шчырае жаданне ўладаў забяспечыць ім прыстойнае жыццё. Найбольшыя спадзяванні на гэта мелі вясковыя жыхары, асабліва пасля ліквідацыі калгасаў, пераходу да прыватнага землекарыстання. Як толькі магла садзейнічала пашырэнню такіх змен у поглядах людзей на сваё становішча рэдакцыя адной з самых масавых газет "Голас вёскі", падбіраючы для гэтага адпаведных аўтараў. Спадзяваўся на лепшае, імкнуўся ўсяляк зарадзіць такое прадчуванне ў іншых адзін з яе сталых аўтараў паэт Алесь Вясновы. Паказаўшы на пачатку верша "Беларусі" цяжкае мінулае свайго краю:

Тут нядаўна шчэ гора шалела,

Тут нядаўна шчэ зналі прымус…

За цябе маё сэрца балела

Дарагая мая Беларусь,

ён ужо праз некалькі радкоў дае такі ўзнёслы працяг вершу:

Час мінуў той

Цяпер будзе йначай

Досыць крыўды нясьці на гарбе!

Я цяпер не такою прадбачу,

Дарагая Радзіма, Цябе.

Веру: нашы палеткі расквеціць

Залаты ўраджай каласься,

І пяшчотнае сонца засьвесіць

На руінах старога жыцьця!

Паэт моцна памыліўся, бо "На руінах старога жыцця" вайна, акупацыя пакінулі новыя, свежыя, яшчэ больш цяжкія руіны, пазней, у мірны час, на якіх пачнуць будаваць зусім небеларускае культурнае жыццё, прыстасоўваючы яго пад стандарты ўяўнага камунізму.


Раздзел VI. Царкоўна-рэлігійнае жыццё*

§ 1. Вяртанне Бога на беларускую зямлю

Нямецкі салдат ступіў на беларускую зямлю з надпісам на спражцы рэмня: "Zott mittungs", што ў перакладзе на беларускую мову азначае: "Бог з намі". Паколькі вайна вялася Германіяй у аснове сваёй з атэістычным СССР, такі надпіс фармальна меў нейкае апраўданне. Калі ж нямецкі салдат пад уплывам фашысцкай агітацыі і прапаганды стаў груба парушаць правілы вядзення вайны, такі надпіс іншым словам, як богазневажанне, нельга назваць.

У самой Германіі, як і шмат часу раней, існавалі дзве асноўныя хрысціянскія канфесіі: пратэстантызм у форме лютэранства і каталізм, таму і ў акупаванай Беларусі новыя ўлады не збіраліся перашкаджаць іх і аднаўленню, і дзейнасці. Ад гэтага часу не існавала перашкод для аднаўлення і разгортвання дзейнасці праваслаўнай царквы, толькі вось амаль поўная адсутнасць у яе, галоўным чынам на тэрыторыі БССР у межах да 17 верасня 1939 г., неабходнай матэрыяльнай базы, патрэбнай літаратуры, святароў не давала магчымасці належным чынам арганізаваць працу. Не чынілі аніякіх перашкод для спавядання мусульманскай веры. Не мелі аніякага права на аднаўленне сваіх святынь толькі тыя, хто спавядаў іудаізм, што было характэрна для ўсіх краін, куды ўрываліся войскі Вермахта.

Усталяваныя акупантамі парадкі ў царкоўна-рэлігійнай сферы адразу ж пастараліся выкарыстаць кіраўнікі ўсіх хрысціянскіх і мусульманскай канфесій. Як неўзабаве высветлілася, бальшавіцкі атэізм асабліва глыбока не закрануў душы людзей. Пры першай жа нагодзе яны пастараліся ахрысціць сваіх дзяцей, што ў Савецкай Беларусі амаль не практыкавалася ўжо з сярэдзіны 30-х гадоў. Акрамя вялікага жадання далучыць дзяцей да Бога, масавае хрышчэнне іх на акупаванай тэрыторыі ў значнай ступені было выклікана яшчэ страхам перад непрадбачанымі наступствамі панавання ў беларускім доме новага гаспадара. Мала хто спадзяваўся на прыстойнае жыццё пад акупацыяй, хаця і лічылася, што ў гады Першай сусветнай і Грамадзянскай вайнаў рэжым нямецкіх інтэрвентаў не вызначаўся такой жорсткасцю, як польскіх. Паколькі на ўсход ад колішняй савецка-польскай дзяржаўнай мяжы і днём з агнём нельга было знайсці святара, для здзяйснення абраду хрышчэння даводзілася часта запрашаць у дадзеных мэтах папоў, што неслі службу на захад ад гэтай мяжы. У маё мястэчка Магільнае (Уздзенскі раён) дзесьці ў ліпені ці жніўні 1941 г. запрасілі папа з Мікалаеўшчыны (Стаўпецкі раён). Хрышчэнне дзяцей правёў на мясцовых могілках, дзе, на вялікую рэдкасць, ад рук бальшавіцкіх атэістаў захавалася каплічка. Упершыню за ўсю гісторыю могілкі сталі месцам масавай радасці, весялосці, а не слёз па нябожчыку. У той незабыўны, урачысты, незвычайна сонечны дзень таінства хрышчэння атрымалі два мае браты Генадзь і Анатоль 1935 і 1938 гадоў нараджэння.

Нямецкія акупацыйныя парадкі пачалі ўсталёўвацца на беларускай зямлі ў час, калі яшчэ многія яе жыхары не забыліся, як тут у 20-я гады імкнуліся ўтварыць незалежную ад Маскоўскага патрыярхату ўласную праваслаўную царкву. Стогадовае панаванне ў нашым краі такой канфесіі чыста рускага ўзору (бярэ пачатак ад гвалтоўнай ліквідацыі ў 1839 г. уніяцкай царквы) крайне адмоўна адбілася на этнакультурным стане беларусаў. І гэта лёгка зразумець, паколькі сваю дзейнасць яна цалкам будавала ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Абвешчанай 1 студзеня 1919 г. Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы такая неадпаведная яе нацыянальнаму інтарэсу царква зусім не патрэбнай была. Пачаліся інтэнсіўныя пошукі па заснаванні аўтакефальнай праваслаўнай царквы. І на першым часе здавалася, што на яе шляху адсутнічаюць усялякія перашкоды. На практыцы ж усё адбывалася зусім не так. Сёй-той з царкоўных дзеячоў нават жыццём паплаціўся за гарачае адстойванне гэтай прагрэсіўнай ідэі.

З грамадствам часта здараецца, што пры няўдачы ў дасягненні той ці іншай жыццёва важнай мэты пры спрыяльнай нагодзе людзі яшчэ з большай энергіяй змагаюцца за яе ажыццяўленне ў экстрэмальных умовах. Так сталася і з развязваннем праблемы заснавання аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Беларусі падчас яе акупацыі фашысцкай Германіяй. Дасягненню гэтай мэты не магла не спрыяць створаная ёю на беларускай зямлі цывільная ўлада. Размова ж ішла пра адрыў мясцовай праваслаўнай царквы ад Маскоўскага патрыярхату, што ў пэўнай ступені магло б аслабіць сувязі паміж беларускім і рускім народамі, да чаго акурат і імкнуліся фашысцкія палітыкі і ідэолагі. Станоўча глядзелі на ўтварэнне аўтакефальнай праваслаўнай царквы ксяндзы незалежніцкай беларускай арыентацыі, верачы, што дзякуючы гэтаму ім лягчэй будзе пераадольваць празмерна моцны польскі ўплыў, які ніколькі не аслабеваў на пачатку акупацыі. Не існавала сумненняў датычна пазітыўнага стаўлення да ідэі аўтакефаліі самых шматлікіх шараговых праваслаўных вернікаў, бо абсалютная бальшыня з іх звязвала з Масквою палітыку раскулачвання напярэдадні і ў час масавай калектывізацыі сельскай гаспадаркі, буйнамаштабныя фізічныя рэпрэсіі 30-х гадоў. Аўтарытэт Масквы сур'ёзна паў з-за імклівага адступлення Чырвонай Арміі пад ударам нямецкіх войскаў. Словам, абставіны складаліся больш за, чым супроць утварэння аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Беларусі. Шырокія перспектывы ў апошняй адкрываліся дзякуючы таму, што толькі аўтакефальнай жадалі бачыць праваслаўную царкву ў Беларусі акупанты. Але з-за надзвычай вялікай важнасці і адначасова крайней складанасці такога мерапрыемства з ажыццяўленнем яго не спяшаліся. Задавальняліся тым, што не толькі на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь, а і па-за яе межамі, колішнія праваслаўныя вернікі без усялякай прынукі з боку мясцовых свецкіх уладаў і царкоўных арганізацый пачалі вяртацца да Бога. Такое ж назіралася і сярод вернікаў іншых хрысціянскіх канфесій, а таксама мусульман. У гэтай справе больш прыкметнымі былі зрухі на колішніх "усходніх крэсах" Польшчы, паколькі з-за абмежаванасці ў часе савецкія ўлады паспелі вельмі малае зрабіць па атэізацыі іх насельніцтва.

Як бачым, распачатая 22 чэрвеня 1941 г. Германіяй вайна з СССР паклала канец бязбожнаму перыяду ў гісторыі беларускага народа. Парадокс: тое, чаго людзі не мелі ад сваёй улады, яны без бою, без усялякай уплаты атрымалі ад заваёўніка, што ў пэўнай ступені нават садзейнічала аўтарытэту апошняга ў вачах вернікаў. Нямецкія ўлады практычна ад першых жа дзён акупацыі не стваралі аніякіх перашкод ні адной з хрысціянскіх канфесій на Беларусі для аднаўлення сваёй дзейнасці. Неўзабаве пасля заняцця немцамі Менска ні хто іншы, як сама палітычная паліцыя (СД) прывезла сюды "з Пружаншчыны пражываючага там праваслаўнага іераманаха Уладзімера Фінькоўскага. Народ спаткаў сьвятара з вялікай радасьцяй… у жніўні 1941 года сьв. Фінькоўскі распачаў богаслужэньні ў Прэабражэнскай царкве. Богаслужэньні прыцягвалі мноства народу і рабілі вялікае ўражаньне на народ… Іераманах Фінькоўскі паходзіў з беларускай сялянскай сям'і, аднак прапаведваў парасейску і трымаўся здалёк ад беларускай адміністрацыі ў Менску. Ён трымаў сувязь толькі з немцамі" 1. Прычыну ўсяму гэтаму трэба шукаць у працяглым і трывалым панаванні рускага духу ў практыцы праваслаўнай царквы на Беларусі, пра што заўжды клапаціліся і Найсвяцейшы сінод у Санкт-Пецябрургу, і Маскоўскі патрыярхат.

Спрыяльную для царкоўна-рэлігійнай дзейнасці сітуацыю, выкліканую ліквідацыяй бальшавіцкага рэжыму, грэх было не выкарыстаць. З належнай адказнасцю падышлі да гэтага ў Менску. Зразумець такое зусім не цяжка, бо дзякуючы свайму і геаграфічнаму, і палітычна-адміністрацыйнаму, і культурнаму становішчу ён меў усе правы быць цэнтрам беларускага праваслаўнага жыцця. Але такое магло стаць рэальнасцю толькі ў выніку ажыццяўлення велізарнай працы па прывядзенні да парадку менскіх праваслаўных святынь. Нямала давялося папрацаваць над гэтым як унутры Свята-Петрапаўлаўскага сабора, так і на прылеглай да яго тэрыторыі. Ён значна папрыгажэў, калі ў 1943 г. мастакі падфарбавалі фон, намалявалі новы арнамент. І святароў, і вернікаў радавала, што замест навязанай гэтаму храму Рускай праваслаўнай царквой назвы Свята-Кацярынінскі, ён цяпер меў першапачатковае найменне.

Пры актыўнай падтрымцы насельніцтва адказныя за адраджэнне рэлігійнага жыцця духоўныя асобы адразу ж пачалі аднаўляць, будаваць новыя цэрквы ў сельскай мясцовасці. Па віне савецкай атэістычнай улады і тут з колішніх святынь вельмі мала што захавалася: адны былі цалкам разбураныя, другія так пераабсталяваны за Саветамі для вытворча-гаспадарчых і грамадска-культурных патрэбаў, што амаль зусім не падлягалі адбудове альбо патрабавалі на гэта велізарных сродкаў. Вернікаў жа гэта не палохала, і яны з зайздросным жаданнем удзельнічалі ў аднаўленні колішніх і закладцы новых святынь. Такім жаданнем вызначаліся і многія жыхары Случчыны з яе багатымі праваслаўнымі традыцыямі. Без усялякай дапамогі ўладаў вернікі аднавілі зачыненую ў самім Слуцку перад вайной Міхайлаўскую чатырохярусную царкву. Хаця мінула шмат часу пасля пабудовы храма, усе асноўныя яго драўляныя канструкцыі даволі добра захаваліся. Не пабаяліся ўзяцца за аднаўленне сваёй царквы жыхары вёскі Барок, што на Случчыне, хаця ведалі, як многа давядзецца ўкласці працы і сродкаў у гэтую святую справу. У 1931 г. па распараджэнні мясцовых уладаў "царкву закрылі, знялі з купала пазалочаны крыж, вынеслі абразы і прыстасавалі будынак пад калгаснае зернасховішча…", таму нягледзячы на ўсе намаганні аднавіць яе ўдалося толькі ў 1943 г. 1

Акрамя мізернай колькасці ўцалелых хрысціянскіх храмаў, другой цяжкасцю з'яўлялася адсутнасць патрэбных для службы ў іх духоўных асобаў, прычым не толькі высокіх, але і сярэдніх, ніжэйшых рангаў. Не так складана было з ксяндзамі, бо за перыяд з верасня 1939 па чэрвень 1941 г. іх не маглі так франтальна вынішчыць у колішняй Заходняй Беларусі, як гэта зрабілі ў міжваенны перыяд са святарамі ўсіх канфесій у савецкай частцы Беларусі. Вярталіся на радзіму і тыя каталіцкія духоўныя асобы, якія напярэдадні ці ў першыя часы Другой сусветнай вайны, ратуючыся ад рэпрэсій, апынуліся ў іншых краінах.

Магчымасці зноў вольна, без страху маліцца Богу ў аднолькавай ступені радаваліся і праваслаўныя святары і праваслаўныя вернікі, якія ў апошнія дзесяцігоддзі істотна перавышалі ў колькасных адносінах святароў і вернікаў усіх хрысціянскіх канфесій Беларусі, разам узятых. Незвычайныя старанні па аднаўленні царкоўна-рэлігійнага жыцця ў акупаваным Менску праяўляў праваслаўны святар Мікалай Лапіцкі, вядомы як смелы змагар з русіфікацыяй і паланізацыяй царкоўнай службы ў міжваеннай Польшчы. Гэта быў не толькі высокаэрудзіраваны ў рэлігійных пытаннях царкоўны дзеяч, але і асоба са здаровай беларускай нацыянальнай самасвядомасцю. На наступны год пасля заканчэнні ў 1934 г. багаслоўскага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта ён абараніў магістэрскую дысертацыю па тэме "Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім за часоў панавання Уладзіслава Ягайлы". Праўда, больш высокай пасады за святара ў вёсцы Сцяфанпаль Дзісенскага павета яму ніхто не даў. Не ў поўнай адпаведнасці са сваім прафесійным досведам працаваў у акупаваным немцамі Менску: у 1942 г. служыў у мітрапаліцкай управе, быў за настаяцеля Чыгуначнай царквы гэтага горада. Але надыдзе адказны час, і ён будзе адным з тых, хто ўдзельнічаў у Менску ў правядзенні Другога праваслаўнага царкоўнага сабора, на якім вырашалася пытанне быць ці не быць Беларускай праваслаўнай царкве аўтакефальнай. Аднак, пра гэта падрабязная гаворка будзе ніжэй.

Адметнай асаблівасцю ў тагачаснай дзейнасці праваслаўнай царквы спрэс на ўсёй тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь з'яўлялася шырокае выкарыстанне святарамі ў час казанняў, выкананні розных рытуалаў добра зразумелай прыхаджанам беларускай мовы. Практыка паказала, што для гэтага яна мае дастаткова багаты патэнцыял.

Прадчуваючы, што некаторыя праваслаўныя святары, а пад іх уплывам і частка прыхаджан не прымуць ці проста не зразумеюць гістарычнай важнасці беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця, адданыя прыхільнікі беларускай нацыянальнай ідэі імкнуліся ўсяляк тлумачыць масам пра неабходнасць і заканамернасць новых падыходаў да богаслужэння, не ўтойвалі той шкоды, якую нанесла нам Руская праваслаўная царква сваёй асімілятарскай палітыкай. Шмат справядлівых дакораў выказаў ёй Ул. Казлоўскі ў артыкуле "Назаўсёды спыніць русыфікацыю Беларусі" ("Беларуская газэта", 6 чэрвеня 1942 г.), пішучы: "…ад даўных часоў Маскоўшчына праводзіла ў нашым краі русыфікатарскую палітыку. Пры царох яна выкарыстоўвала для гэтае мэты ўвесь свой "чыноўніцкі апарат", а перадусім ― праваслаўную царкву. Кожны праваслаўны сьвяшчэньнік быў місыянерам Маскоўшчыны, быў русыфікатарам Беларусі. Папраўленыя на карысьць расейшчыны пры Аляксею Міхайлавічу славянскія царкоўныя кнігі былі набліжаныя больш да мовы расейскай. Гэткім парадкам, ужо нават самая царкоўная славяншчына ў пэўнай меры спрыяла й спрыяе русыфікатарству.

Праваслаўныя прапаведнікі на Беларусі з мэтаю хутчэйшае русыфікацыі называлі праваслаўную веру "рускай". Атуманенае гэткай пастановаю справы беларускае праваслаўнае жыхарства памяшала ў свой час рэлігію з нацыянальнасьцяй. Гэткая зьява нагэтулькі глыбока ўкаранілася ў разуменьне беларускага праваслаўнага народу, што нават і цяпер у Менску можна знайсьці людзей, якія скажуць, што яны "рускія" толькі таму, што маюць праваслаўную веру". Аўтар згаданага артыкула радуецца, што зараз нашая праваслаўная царква "ўжо аддзялілася ад Масквы, творачы праваслаўную Аўтакефальную Беларускую Нацыянальную Царкву. Цяпер зьяўляецца толькі справай самога беларускага грамадзянства дапілнаваць, каб зусім выкараніць адтуль рэшткі расейскага духу". А гэтага, дарэчы, не так проста было дамагчыся і ў гады акупацыі, паколькі носьбітамі яго з'яўлялася пераважная па колькасці і самая ўплывовая частка праваслаўнага духавенства Генеральнай акругі Беларусь, прычым нават і яе заходняй тэрыторыі.

§ 2. Ідэя аўтакефаліі праваслаўнай царквы множыць сваіх прыхільнікаў

Высокага рангу праваслаўнае духавенства, нацыянальна зарыентаваная інтэлігенцыя мелі рацыю, што не фарсіравалі пераўтварэнне ідэі аўтакефаліі на практыцы, нягледзячы на незвычайную актуальнасць такога кроку. Галоўным на той час з'яўлялася забеспячэнне рэальнай магчымасці вярнуцца да Бога кожнаму, хто толькі гэтага пажадае. Задача была не з лёгкіх, але нягледзячы ні на што, яна памаленьку развязвалася. Прычым такія пазітыўныя зрухі назіраліся па ўсіх хрысціянскіх і мусульманскай канфесій. І ўсё ж мелася нямала духоўных і свецкіх асобаў, якія не ў гэтым бачылі асноўны сэнс царкоўна-рэлігійнага жыцця. У іх на першым плане было вызваленне яго з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і дасягненне поўнай незалежнасці, чаму не толькі не перашкаджаў, але ўсяляк садзейнічаў акупацыйны рэжым.

Думаецца, што далёка не ўсе са шчырых прыхільнікаў такой прагрэсіўнай ідэі добра ўсведамлялі, што ў першыя дні гітлераўскай акупацыі надаць дзейнасці праваслаўнай царквы Беларусі нацыянальны характар будзе справай надзвычай складанай, бо практычна ўсе рэлігійныя дзеячы гэтай канфесіі, якія засталіся ў жывых, з'яўляліся асобамі прарускай накіраванасці. Такімі былі нават і тыя з іх, хто ў міжваенны перыяд займаў высокія пасады ў праваслаўнай царкве Заходняй Беларусі. Духоўныя і свецкія ўлады Польшчы лягчэй згаджаліся на арганізацыю ў храмах гэтай канфесіі ўсёй працы з вернікамі па-руску, чым па-беларуску з тым, каб толькі не даць ім пасталець у сваёй нацыянальнай самасвядомасці. І высокія колы праваслаўнага духавенства гэта цалкам задавальняла. Такой лініі хацелі яны прытрымлівацці і ў акупаванай Беларусі, што ніяк не здавальняла яе нацыянальна-патрыятычныя сілы. Іх спробы зрабіць стаўку на прывезенага немцамі ў Менск у першыя дні акупацыі з Пружаншчыны іераманаха Уладзімера Фінькоўскага, беларуса па нацыянальнасці, не далі станоўчага выніку. Ён, як і за польскім часам, працягваў прапаведаваць па-руску.

Не так варожа да ідэі беларусізацыі праваслаўнай царквы ставіўся епіскап берасцейскі Венедыкт, які ў другой палове 1941 г. прыехаў з Жыровіч ў Менск. З епіскапам хутка зблізіўся вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху Радаслаў Астроўскі, з думкай якога лічыліся ў Генеральным Камісарыяце Беларусі. У адпаведнасці з атрымным епіскапам Венедыктам ад Камісарыята ўмовамі "праваслаўная царква на Беларусі… мела быць: а) аўтакефальнай, б) нацыянальна-беларускай, в) мітр. Панцеляйман, як яе галава, не павінен падпарадкавацца ні Маскоўскаму мітрапаліту Сяргею, ні Варшаўскаму мітрапаліту Дзянісу, ні Нямецкаму мітрапаліту Серафіму" 1.

Пасля таго як мітрапаліт Панцеляйман (Панцеляймон) пагадзіўся стаць першай на Беларусі праваслаўнай асобай, на яго імя быў перададзены праз епіскапа Венедыкта падпісаны 3 кастрычніка 1941 г. Вільгельмам Кубэ ліст наступнага зместу: "Праваслаўная царква на Беларусі мае кіравацца сваімі канонамі і нямецкая ўлада ня будзе мяшацца ў яе нутраное жыццё; б) праваслаўная царква на Беларусі мае называцца "Беларуская аўтакефальная праваслаўная нацыянальная царква"; в) пропаведзь, навучаньне рэлігіі і адміністрацыйнае справаводства царквы маюць быць на беларускай мове; г) назначэньне япіскапаў, сьвятароў і благачынных ня можа адбывацца бяз ведама нямецкіх уладаў; д) мае быць прадстаўлены статут Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай нацыянальнай царквы; е) багаслужэньні маюць адбывацца на царкоўна-славянскай мове" 2.

Вядзенне набажэнства на царкоўнаславянскай мове не адпавядала беларускаму нацыянальнаму інтарэсу, паколькі для абсалютнай бальшыні вернікаў яна з'яўлялася ў пэўным значэнні слова сапраўдным рэліктам, адноўленым, замацаваным праваслаўным духавенствам царскай Расіі на нашых землях пасля захопу іх у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. Аднак, улічваючы адсутнасць ва ўмовах нямецкай акупацыі рэальнай магчымасці арганізаваць выданне патрэбных для набажэнства кніг на беларускай мове, выкарыстанне ў гэтых мэтах царкоўнаславянскай мовы трэба лічыць усё ж у пэўнай ступені апраўданым.

Дзеля больш актыўнага ўплыву на царкоўныя справы мітрапаліт Панцеляймон палічыў за лепшае перабрацца з Жыровічаў у Менск. Такі дазвол ён атрымаў ад Генеральнага каміясарыята Беларусь і 30 лістапада 1941 г. разам з епіскапам Філафеем (за колькі дзён да гэтага яго абралі кіраўніком спраў Сабору епіскапаў) "прыбылі ў Менск. Тут іх урачыста спаткалі беларускія сьвятары, беларуская адміністрацыя на чале з бургамістрам В. Іваноўскім, прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў і вернікі. Беларускія архірэі закватэравалі ў мітрапалічным доме пры жаночым Прэабражэнскім манастыры" 1, які знаходзіўся ў раёне сучаснага кінатэатра "Перамога" і пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Як пазней высветліцца, абранне Панцеляймона мітрапалітам Менскім і ўсяе Беларусі з'явіцца далёка не лепшым варыянтам з-за яго прамаскоўскай арыентацыі. Каб на практыцы даказаць кіраўніцтву Рускай праваслаўнай царквы сваю адданасць яе традыцыям, ён праводзіў службу на рускай мове (акупацыйныя ўлады абавязвалі выкарыстоўваць у гэтых мэтах беларускую мову і свяшчэннаслужыцелямі прызначаць беларусаў), тлумачачы гэта "тым, што мовай гарадскога насельніцтва з'яўляецца руская" 2. Такое і сапраўды ў значнай ступені было характэрна яму. Але ж хто-хто, а мітрапаліт Панцеляймон павінен быў вельмі добра ведаць, што дзеля русіфікацыі гарадскіх жыхароў Беларусі Руская праваслаўная царква зрабіла не менш за царскі чыноўніцкі апарат і створаную ім тут сістэму адукацыі. Нямецкая акупацыя давала рэальную магчымасць кіраўніцтву праваслаўнай царквы Беларусі пачаць загладжваць перад беларусамі сваю віну за іх русіфікацыю. Пайсці ж на такі гуманны, апраўданы крок у яго не мелася жадання. Добра дасведчаны ў настроях тагачаснага праваслаўнага духавенства Язэп Малецкі меў рацыю назваць Панцеляймона той асобай, якая асабліва неахвотна адлучалася ад Масквы 3. Пэўны час на баку Панцеляймона стаяў настаяцель Кацярынаўскага сабора ў Менску протаіерэй Я. Балай.

Да шчырых прыхільнікаў ідэі незалежнай беларускай праваслаўнай царквы належалі тады ж прызначаныя на адказныя пасады настаяцель Чыгуначнай царквы ў Менску М. Лапіцкі (неўзабаве стаў настаяцелем Кацярынаўскага сабора), настаяцель царквы на Вайсковых могілках І. Кушнер, святары А. Коўш, Дэрынг, протаіерэй Юзьвяк і шэраг іншых асобаў. Толькі не ўсім з іх давялося бачыць плён змагання за гэтую высакародную справу, у чым вінаватыя вайна, акупацыйны рэжым. Сказанае датычыць і святароў Дэрынга (загінуў, наехаўшы на міну), Каўша (паводле сцвярджэння Арсеня Ліса расстраляны ў 1943 г. гестапа ў г.п. Плешчаніцы за садзеянне ў выратаванні яўрэяў) *. І ўсё ж нягледзячы на любога роду перашкоды ідэя аўтакефальнасці праваслаўнай царквы знайшла досыць шырокае распаўсюджанне ў асяроддзі нацыянальна-самасвядомых беларусаў. Да яе пачалі паступова далучацца не толькі нізкіх, але і высокіх рангаў духоўныя асобы Беларусі. Аднак у іх неставала моцы, каб схіліць вярхі праваслаўнага духавенства да беларусізацыі сваёй дзейнасці. Таму, як зазначае сведка тых падзей І. Касяк, "ход жыцьця праваслаўнай царквы на Беларусі ішоў у даўнейшым расейскім напрамку і нічога не зьмянялася ў беларускім духу. Прыбыўшыя ў Менск уладыкі (з Жыровіцкага манастыра, 30 лістапада 1941 г. ― Л. Л.) не рабілі ніякага распараджэньня аб увядзеньні беларускай мовы ў пропаведзь і царкоўнае справаводства. Мітрапаліт сам прапаведваў парасейску і памінаў падчас богаслужэньняў Маскоўскага мітрапаліта Сяргея. Мітрапаліт высьвячаў многіх сьвятароў з расейцаў, здаўна зьвязаных з царкоўным жыцьцём, хаця не маючых духоўнай асьветы, і абсаджваў імі прыходы на Беларусі.

(…) Уладыка ўважаў за патрэбнае затрымаць расейскую мову ў царкоўным жыцьці для гарадоў і мястэчак, бо ён уважаў, што гарадзское насельніцтва ведае толькі расейскую мову (памылковае меркаванне. ― Л. Л.). Для вясковых прыходаў мітрапаліт пагаджаўся ўвесьці беларускую мову, але на гэта патрэбен даўжэйшы час, і то пасьля заканчэньня вайны" 2.

Такая пазіцыя Панцеляймона не магла задаволіць усіх, хто стаяў за Беларускую аўтакефальную праваслаўную нацыянальную царкву. Па гэтым пытанні яны не раз звярталіся ў пісьмовай і вуснай формах да мітрапаліта, але ён заставаўся непахісным у сваіх поглядах і дзеяннях. Праціўнікам аўтакефаліі ўдалося вывесці з барацьбы самага актыўнага змагара за беларусізацыю царквы протаіерэя А. Каўша, на якога быў зроблены данос у службу СД з абвінаввачваннем нібыта ў супрацоўніцтве з бальшавікамі. Аднак і расстрэл А. Каўша не спыніў змагання за аўтакефалію.

Магутны супраціў Панцеляймона адбудове праваслаўнай цпрквы Беларусі ў адпаведнасці з яе нацыянальнымі інтарэсамі падштурхнуў дзеля развязвання дадзенага пытання звярнуцца да кіраўніцтва Генеральнага камісарыята Беларусь. І яно падтрымала пазіцыю беларускага нацыянальнага актыву. Пасля размовы ў лютым 1942 г. з кіраўніком палітычнага аддзела камісарыята Юрдам мітрапаліт даў згоду гаварыць пропаведзі, вывучаць Закон Божы па-беларуску. У лісце генеральнага камісара Беларусі ад 19 сакавіка 1942 г. прапаноўвалася афіцыйна ўжываць замест назвы "Святая праваслаўная царква" "Беларуская аўтакефальная праваслаўная нацыянальная царква", з чым усё ж не пагадзіліся мітрапаліт і яго атачэнне. У ходзе далейшага абмеркавання пытання прыйшлі да такога афіцыйнага назову: "Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква" (БАПЦ). "Аднак, ― як піша І. Касяк, ― мітраполія ўжывала яго толькі пры перапісцы з Гэнэральным Камісарам, апушчаючы прыкметнік "аўтакефальная" пры сваёй нутраной перапісцы" 1.

Пазіцыі змаганцаў за ўтварэнне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы істотна ўмацаваліся з новапасвячэннем 8 сакавіка 1942 г. у Спаса-Прэабражэнскай царкве Менска ў епіскапы архімандрыта Афанасія (у свеце ― Антоні) Мартаса (Мартоса). Новую духоўную пасаду ён стаў выконваць на Віцебшчыне і Полаччыне. Гэта быў трэці па ліку епіскап Праваслаўнай царквы Беларусі пасля Магілёўскага Філафея і Гродзенскага Бенедыкта. Шчырую прыхільнасць да беларушчыны Афанасі Мартос выявіў яшчэ падчас вучобы ў другой палове 20-х гадоў на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта і будучы з 1934 г. на становішчы ўзгадавальніка студэнтаў гэтага факультэта. Вась якую характарыстыку даў яму Ул. К. (Уладзіслаў Казлоўскі ― рэдактар "Беларускай газэты") у артыкуле "Новы беларускі епіскап" ("Беларуская газэта", 11 сакавіка 1942 г.): "У васобе ўладыкі Афанасія мы маем стойкага змагара за беларускія нацыянальныя ідэалы, усёй душой адданага беларускаму народу і беларускай нацыянальнай справе. Не зважаючы на ведамую полёнізатарскую акцыю польскага ўраду ў праваслаўнай царкве наагул, а пераважна ў інтэрнаце для студэнтаў-багасловаў, ён заставаўся верным сваёй бацькаўшчыне, адкідаючы розныя выгодныя прапановы польскіх урадавых дзейнікаў". Аўтара названага артыкула вельмі радавала, што запланавая да заснавання Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква папоўніцца яшчэ адным новым нацыянальна свядомым беларускім епіскапам, і ён у такім рэчышчы працягваў свае разважанні: "…сэрца радуецца, як праваслаўная царква на Беларусі паступова перастае быць жаралом русыфікацыі беларускага народу й маскоўскай палітыкі, а ўзыходзіць на праўдзівы хрысьціянскі шлях, ператвараючыся ў нацыянальна-творчы элемент беларускага народу". Да новага епіскапа выказвалася просьба "як найхутчэй узяць увагу на поўную беларусізацыю царквы.

Гэтая беларусізацыя можа быць толькі тады, калі ў кажным прыходзе за настаяцеля будзе сьведамы беларускі патрыёт.

І яшчэ адно, ― жадаў Ул. К. новаму епіскапу, ― ня трэба баяцца ў царкоўных прамовах усё гаварыць літаратурнай беларускай мовай, а не мяшанкай беларуска-славянска-расейскай, як гэта можна пачуць вельмі часта.

Працуючы на нацыянальнай беларускай ніве, праваслаўнае духавенства будзе тым цэмэнтам, што змацняе беларускую нацыю й будзе мець падтрыманьне нацыяналістычнага маладога беларускага пакаленьня".

Вырваныя з рук мітрапаліта Пайцеляймона чыста касметычнага парадку ўступкі ў справе беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця амаль цалкам ігнараваліся на практыцы, бо не толькі ў Менску, а і ў іншых месцах сярод праваслаўнага духавенства працягвалі колькасна пераважаць асобы прарасейскага накірунку. Каб аслабіць іх уплыў, беларускі нацыянальны актыў з ліку духоўных і свецкіх дзеячоў у сваім чарговым мемарандуме (канец мая 1942 г.) да мітрапаліта прасіў: "5) неадкладна замяніць усіх благачынных з вялікарасейскай ідэолёгіяй сьвятарамі беларусамі … 7) распачаць арганізацыю сэмінарскіх курсаў для падрыхтоўкі беларусаў, кандыдатаў у духоўны сан… 8) стварыць мітрапалітальную раду, якая павінна складацца з беларусаў духоўных і сьвецкіх, знаных нацыянальных працаўнікоў… з мэтай правядзеньня справы аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы, згодна з патрэбамі беларускага народу … 10) ужываць праваслаўныя імёны ў царкоўным справаводстве ў мове выключна беларускай, а не царкоўна-славянскай; 11) вызначыць 6-ці месячны тэрмін усім духоўным, якія павінны здаць экзамен з беларускай мовы вусна і пісьмова перад адумысловай камісыей, зацьверджанай мітрапалітальнай управай" 1.

Панцеляймону не давялося праводзіць у жыццё пералічаныя пункты з мемарандуму, бо змагарам за нацыянальную царкву ўдалося дамагчыся ад Генеральнага камісарыята Беларусь змяшчэння яго з пасады і перадачы яе свайму заступніку і архіепіскапу Філафею. Адбылося гэта 1 чэрвеня 1942 г. Панцеляймону прапанавалі выехаць у Лядскі манастыр (Смалявіцкі раён), у царкве якой ён пачаў правіць набажэнства.

Зацікаўленыя ў аднаўленні на Беларусі нармалёвага царкоўна-рэлігійнага жыцця духоўныя і свецкія дзеячы не абмяжоўваліся развязваннем толькі праблемы аўтакефаліі праваслаўнай царквы нягледзячы на яе незвычайную актуальнасць. Патрэбна было ўсур'ёз падумаць і пра вернікаў іншых канфесій, да якіх талерантна ставілася намецкая цывільная адміністрацыя. Тут нельга не сказаць, што яна ўжо ў першыя месяцы функцыянавання ў Беларусі пастарался дакладна вызначыцца ў рэлігійным пытанні. У адпаведнасці са зробленай В. Кубэ 10 верасня 1941 г. заявай розныя рэлігіі на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь абавязваліся падтрымліваць паміж сабою згоду, а іх духоўным асобам забаранялася займацца палітыкай. Апошняе патрабаванне зусім не проста было выканаць, паколькі дзве асноўныя хрысціянскія канфесіі на беларускай зямлі ― праваслаўная і каталіцкая ― спрадвеку ў той ці іншай ступені ўплывалі і на дзяржаўную палітыку. Такога не назіралася толькі на тэрыторыі Савецкай Беларусі ў міжваенны перыяд, паколькі царкву адлучылі ад дзяржавы.

Прадпісанне В. Кубэ пра неўмяшальніцтва канфесій у палітыку бездакорна выконвалася. Затое яны атрымалі шырокую магчымасць уплываць на нацыянальна-культурнае жыццё Генеральнай акругі Беларусь, чым не маглі не пакарыстацца праваслаўная царква і каталіцкі касцёл, што адразу павысіла іх аўтарытэт сярод вернікаў.

Імкненне прагрэсіўнай часткі духавенства асноўнай хрысціянскай канфесіі служыць беларускай нацыянальнай ідэі ўсяляк падтрымлівалі адданыя ёй колы грамадства і прадстаўнікі мясцовых адміністрацыйных уладаў. Вялікую ўвагу да арганізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця праяўляў бургамістр г. Баранавічы Юры Сабалеўскі, вядомы грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі. Ён "дамогся ад гэбітскамісара Баранавіцкай акругі, каб усе каталіцкія ксяндзы й праваслаўныя сьвятары гаварылі ў сьвятынях казаньні й павучэньні ў беларускай мове. Акцыя гэтая была праведзеная па ўсёй акрузе" 1.

У цяжкіх, невыносных умовах нямецкай акупацыі праваслаўныя вернікі заўжды знаходзілі ў сваёй царкве надзейную апору, адчувалі сябе ў большай небяспецы. Маецца шмат прыкладаў, калі святары смела і рашуча баранілі сваіх прыхаджан ад усялякага роду беззаконняў і здзекаў акупантаў.

Своечасова і з належнай сур'ёзнасцю паклапаціліся іерархі праваслаўнай царквы пра арганізацыю выдавецкай дзейнасці. Хаця неверагодныя цяжкасці зведваліся ва ўсім, што датычыла жыцця гэтай канфесіі на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь, а таксама і на іншых нашых этнічных землях, праваслаўнае духавенства ўсяляк імкнулася служыць Богу не толькі вусным, але і друкаваным словам. Зразумела, сур'ёзнай паліграфічнай базы не ўдалося стварыць, аднак сёе-тое выходзіла з друку на Беларусі, у т.л. і на роднай мове яе жыхароў. Акрамя таго, у Варшаве ў 1942 ― 1943 гг. выйшлі ў свет на беларускай мове два нумары гісторыка-рэлігійнага зборніка "Беларускі праваслаўны патэрык". Выдала яго пры садзеянні варшаўскага мітрапаліта Дзянісія і старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта ў Варшаве М. Шчорса Беларускае царкоўнае братства імя св. Юрыя.У змешчаных у гэтых двух зборніках матэрыялах падаваліся звесткі з гісторыі праваслаўнай царквы на Беларусі, біяграфіі беларускіх святых Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і інш. 1

Паколькі Вышэйшаму праваслаўнаму кіраўніцтву ГАБ падпарадкоўваліся і беларускія епархіі па-за яе межамі, гэта робіць больш лагічным асвятленне іх дзейнасці ў дадзеным раздзеле кнігі. У плане беларускай нацыянальнай ідэі праваслаўная царква, асабліва ва ўсходніх абласцях, што ўваходзілі ў зону нямецкага вайсковага тылу, не адыгрывала, як гэта назіралася на тэрыторыі ГАБ, такой станоўчай ролі. Па шматгадовай традыцыі тут па сутнасці праводзілася тая ж самая палітыка, якая была характэрна Рускай праваслаўнай царкве на працягу апошніх 100 ― 150 гадоў.

Трэба аддаць належнае праваслаўным святарам усходніх абласцей. Нягледзячы на больш складаныя ўмовы, чым у цэнтральнай частцы Беларусі, яны за гранічна сціслы тэрмін дасягнулі значных зрухаў у аднаўленні царкоўна-рэлігійнага жыцця, дапамаглі людзям досыць хутка стаць на шлях духоўнага прасвятлення. У праваслаўнай Свята-Пакроўскай царкве Віцебска, напрыклад, службу правялі ўжо 3 жніўня 1941 г. Праз год, акрамя дзвюх цэркваў і касцёла ў самім горадзе, у розных раёнах вобласці адбывалася служба ў 22 прыходскіх цэрквах і 14 стараверскіх малітоўных дамах 2.

Аднаўленне дарагіх вернікам царкоўна-рэлігійных традыцый на Віцебшчыне такім усзнёслым тонам апісваў загадчык царкоўнага аддзела Полацка-Віцебскай епархіі П. Пароменскі: "Уваскрэсла ў асаблівым сэнсе і рэлігійнае жыццё нашага горада і вобласці. Ужо ў канцы ліпеня мінулага года (1941. ― Л. Л.) у некаторых прыватных грамадзян горада Віцебска з'явілася ініцыятыўнае імкненне аднавіць цэрквы і адкрыць для вернікаў набажэнства. У пачатку жніўня ўтварылася ядро будучага царкоўнага кіравання ў выглядзе сціплага рэлігійнага пададдзела мясцовай гарадской управы і ў спехам рамантаваных царкоўных будынках ― касцёле Св. Антонія для католікаў і лютэран і Св. Пакроўскай царквы для праваслаўных пачаліся, сустрэчаныя з вялікім энтузіязмам насельніцтвам горада і прыгарадаў, царкоўныя службы" 1. Праз год ужо былі адкрыты цэрквы ў Яновічах, Шуміліне, Добее, Лясковічах, Фалковічах, Высочанах, Астроўне, Круглянах, Паўловічах, Дабрагорах, Біклажанах, Обалі, Казакове, Котаве, Чашніках, Лепелі, Гарадку, Суражы, Веліжы, Лоўцы, Лобке, Улле, Лоўжы, Лёзне. Рэгулярна вялася служба ў касцёле Св. Антонія, ажывілася дзейнасць стараабрадчых абшчын (у самім Віцебску іх тры), праведзены падрыхтоўчыя работы па рамонце Свята-Мікалаеўскага Кафедральнага сабора, адрамантавана і па-мастацку аформлена Св. Казанская царква ў Маркоўшчыне, паспяхова рамантуецца Св. Пакроўская царква ў Віцебску, выдадзены кароткі "Малітваслоў" праваслаўнага хрысціяніна, створаны фонд імя нябожчыка рэгента Св. Пакроўскай царквы А. Пульхрова для дапамогі абяздоленым ахвярам вайны. З 12 ліпеня 1942 г. у Св. Пакроўскай і Св. Казанскай цэрквах Віцебска, раённых цэрквах вобласці пачалі рэгулярна праводзіцца заняткі з дзецьмі вернікаў па вывучэнні Закона Божага. Заняткі адбываліся ў нядзельныя дні перад літургіяй з 9 да 10 гадзін раніцы 2.

У сувязі з гадавінай адноўленага рэлігійнага жыцця П. Пароменскі пісаў: "Уваскрэсла Праваслаўная царква, і першым рухам высокароднага пачуцця вернікаў была малітва да Усявышняга аб пасланні здароўя і канчатковай перамогі над ворагамі царквы і веры вызваліцелю ― германскаму воінству і геніяльнаму высокароднаму правадыру яго Адольфу Гітлеру" 3. Як бачым, у колісь адзінай цэнтралізаванай Рускай праваслаўнай царквы цяпер адбылося поўнае раздваенне. Калі на незанятай гітлераўцамі тэрыторыі РПЦ малілася за перамогу над фашысцкай Германіяй, дык тут, у нас на Беларусі, ― за яе (Германіі) перамогу над СССР як галоўнага ворага праваслаўя. Важкім доказам павагі віцяблян да сваёй рэлігійна-духоўнай спадчыны можна лічыць перавоз 23 лістапада 1943 г. з Віцебска ў Еўфрасіннеўскі манастыр у Полацку мошчаў цела святой Еўфрасінні Полацкай. У Віцебскім музеі яны знаходзіліся, прычым у вельмі дрэнных умовах, па ўказанні бальшавікоў 1. За колькі гадоў да вайны яны далі распараджэнне аб перанясенні яе на атэістычную выставу гарадскога музея дзеля публічнага аглядання іх. Нарэшце з такім несусветным блюзнерствам было скончана. Як парадокс, акупацыя дала магчымасць падысці па-хрысціянску да ўшанавання памяці апякункі Беларусі святой Еўфрасінні Полацкай.

Максімальна і без прамаруджвання пастараліся выкарыстаць памяркоўнае стаўленне акупантаў да рэлігійнага пытання жыхары нашага Палесся. Увесну 1943 г. у Гомельскай вобласці (паводле ўведзенага нямецкімі акупантамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага размежавання Беларусі) мелася 60 падрыхтаваных да набажэнства цэркваў. Але папоў было толькі 43 чалавекі. Улічваючы такое становішча, "у апошнія дні тыдня вялікага посту архімандрыт а. Серафім раз'язджаў па прыходах вобласці, у якіх не было святароў, каб задаволіць рэлігійна-духоўны голад і прагу праваслаўных вяскоўцаў" 2. 28 мая 1943 г. у Гомелі праходзіла першая благачынная абласная нарада духавенства, на якой прысутнічала 23 святары, у т.л. прадстаўнік місіі ўсходняй Беларусі архімандрыт а. Серафім Шахмуцін. "На нараде было вырашана стварыць пры благачыніі фонд для набыцця неабходных прадметаў рэлігійнага культу. Кожная царква для гэтай мэты павінна выдзеліць адпаведную суму грошай". Шмат гаварылася пра неабходнасць духоўнай асветы насельніцтва, асабліва моладзі, духоўнага самаўдасканальвання пастыраў і выканання з боку апошніх усіх кананічных правілаў праваслаўнай царквы. Высокапраасвяшчэннаму Панцеляймону мітрапаліту Менскаму і Беларускаму накіравалі просьбу на дазвол адкрыць епіскапскую кафедру ў Гомельскай вобласці 3.

У Магілёўскай вобласці самую высокую актыўнасць у вяртанні да Бога праявілі жыхары горада Шклова. Тут ужо 18 жніўня 1941 г. ва ўрачыстай абстаноўцы быў устаноўлены крыж, узняты званы на галоўным корпусе Прэабражэнскай царквы горада Шклова. Уся асноўная праца па яе адраджэнні была выканана самімі вернікамі 1.

§ 3.Паступовае набыццё касцёлам беларускага аблічча

У здаровым духу беларускага нацыяналізму імкнуліся будаваць дзейснасць каталіцкага касцёла, у якога асабліва моцныя пазіцыі былі на тэрыторыі колішніх "усходніх крэсаў" Другой Рэчы Паспалітай. З-за ўмяшання яе духоўных і свецкіх уладаў кіраўнікі гэтай канфесіі ў міжваенны перыяд амаль зусім не лічыліся з нацыянальнымі інтарэсамі беларускіх вернікаў, усяляк імкнучыся давяршыць іх паланізацыю. З уварваннем у наш край войскаў Вермахта і для каталіцкага касцёла адкрыліся магчымасці паважаць, лічыцца з беларускім інтарэсам, што надзвычай пазітыўна адбілася на актывізацыі дзейнасці ксяндзоў, хаця акупацыйны рэжым не дазваляў як след разгарнуць яе. І ўсё ж лік святароў, далучаных да гэтай працы, нязменна павялічваўся, бо нягледзячы ні на што, сярод іх усё ж мелася нямала асобаў цвёрдай беларускай нацыянальнай арыентацыі. Хаця дзейнасць каталіцкага касцёла на тэрыторыі былой Савецкай Беларусі ў межах да верасня 1939 г. была практычна цалкам спынена, усё-такі цэнтрам жыцця гэтай канфесіі меркавалася зрабіць Менск. І гэта цалкам лагічна, паколькі ён з'яўляўся сталіцай Генеральнай акругі Беларусь. Першапачатковай задачай з'яўлялася аднаўленне ў Менску дзейнасці касцёла св. Сымона і св. Алены, г.н. Чырвонага касцёла, які да вайны і ў першыя дні акупацыі выкарыстоўваўся не па сваім прызначэнні. Пры ўсёй складанасціі развязання гэтай праблемы справы рухаліся няблага, асабліва пасля таго як у канцы лета ― пачатку восені 1941 г. у Менск прыбылі ксяндзы В. Галдеўскі, Ст. Глякоўскі, Д. Малец. Ад гэтага часу Менскі кафедральны касцёл і касцёл св. Сымона і св. Алены сталі ўлюбёным месцам наведвання для вялікай колькасці менчукоў каталіцкага веравызнання. Набажэнствы ў гэтых двух касцёлах ахвотна наведвалі таксама каталіцкія вернікі навакольных мястэчкаў і вёскаў. У такія дня на настроі вернікаў не адбіваліся нават жорсткія парадкі акупацыйнага рэжыму.

Арганізацыя дзейнасці каталіцкага касцёла на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь і асабліва ў яе заходняй частцы, натуральна, не магла не сутыкнуцца з неабходнасцю мець справу з польскім фактарам, які традыцыйна займаў цэнтральнае месца ў жыцці дадзенай канфесіі на беларускай зямлі, ствараючы немалыя праблемы для яе карэннага насельніцтва. Дзеля паланізацыі апошняга ніякая іншая сіла не прыклала ― і досыць вынікова ― столькі намаганняў, як каталіцкі касцёл. Такое было характэрным для часоў Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. Усяго гэтага не маглі не ўлічваць беларускай нацыянальнай арыентацыі ксяндзы, аднаўляючы працу касцёла ў часы нямецкага панавання.

Сярод актыўна далучаных у першыя дні нямецкай акупацыі да царкоўна-рэлігійнай дзейнасці ксяндзоў было нямала такіх, якія настойліва імкнуліся да поўнай незалежнасці ад польскага каталіцкага касцёла, бо добра памяталіся яго перашкоды беларускай справе на "ўсходніх крэсах". Ініцыятыва такой незалежнасці зарадзілася ў Вільні, дзе і раней беларускія ксяндзы вызначаліся высокай нацыянальнай актыўнасцю і самасвядомасцю. Іх падтрымліваў біскуп Магілёўскі і Менскі Слоскан, латыш па нацыянальнасці (знаходзіўся пад той час у Дзвінску). Па да канца не высветленых прычынах акупанты забаранілі яму займацца каталіцкай адміністрацыйнай дзейнасцю ў нашым краі.

Добры прыклад, як трэба служыць беларускаму ідэалу, паказвалі: святар Ст. Глякоўскі і нядаўна высвечаныя ў ксяндзы Рыбалтоўскі і Д. Малец. Гэта ім коштам вялікіх намаганняў удалося атрымаць ад нямецкай адміністрацыі Менска будынкі двух касцёлаў, у т.л. і касцёла св. Сымона і св. Алены. Праўда, па-сур'ёзнаму разгарнуць у іх набажэнствы гэтыя ксяндзы не змаглі, бо былі спецыяльна адкліканы вядомым польскім шавіністам арцыбіскупам Ялбжыкоўскім. Аднак іх высакародную справу прадоўжылі ксяндзы В. Гадлеўскі, П. Татарыновіч і літовец па нацыянальнасці Ігнатавічус, якія не падпарадкоўваліся гэтаму арцыбіскупу. Паколькі неўзабаве П. Татарыновіч быў немцамі арыштаваны, а В. Гадлеўскаму забаронена казаць казанні, пры справе застаўся толькі адзін з гэтых ксяндзоў Ігнатавічус. З-за недастаткова вольнага валодання беларускай мовай ён на апошняй чытаў толькі св. Евангелле, а набажэнства вёў на латыні. Па-беларуску гучалі і рэлігійныя песні, якія ў час набажэнства спявалі самі вернікі 1.

Сучасны каталіцкі касцёл Беларусі мае ўсе падставы ганарыцца, што ў самы цяжкі і адказны для яе час тут з ксяндзоў сфармавалася цэлая кагорта самаадданых змаганцаў за нацыянальную ідэю, што толькі на карысць ішло іх душпастарскай дзейнасці. І самай адметнай асобай сярод такіх каталіцкіх святароў, несумненна, з'яўляўся В. Гадлеўскі. Гэтая высокай эрудыцыі асоба займала даволі прэстыжную пасаду напярэдадні і ў першыя дні нямецка-савецкай вайны на тэрыторыі самой Германіі: працаваў у беларускай рэдакцыі Берлінскага радыё. Калі ж у выніку ашаламляльных перамог войскаў нямецкага Вермахта пачалося выгнанне бальшавікоў з Беларусі, яго ўжо не задавальнялі ні займаемая пасада, ні жыццё ў Германіі. Сэрца і душа з вялікай моцай ірваліся ў Беларусь, дзе меўся непачаты край карыснай, патрэбнай працы. Такі, як ксёндз В. Гадлеўскі, шчыры змаганец за нацыянальную ідэю, што так рэльефна выявілася ў міжваенны перыяд, не мог адседжвацца дзесьці ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, калі над ёю павісла велізарная пагроза стаць разменнай манетай у рэчышчы фашысцкай палітыкі на захопленай тэрыторыі. Першыя дні акупацыі сталіся вельмі неакрэсленымі не толькі ў пытаннях нацыянальна-палітычнага статусу Беларусі, але і яе тэрытарыяльнай цэласнасці. У такую выпрабавальную для народа часіну яго здаровыя нацыянальныя сілы проста не маглі жыць і працаваць па-за межамі роднага краю. В. Гадлеўскі ўжо ад пачатку верасня 1941 г. знаходзіцца ў Менску. У сярэдзіне гэтага месяца адбылася першая канспіратыўная зборка менскай групы Беларускай незалежніцкай партыі, у час якой абмяркоўваліся "актуальныя справы беларускай нацыянальнай палітыкі ў Менску ва ўмовах нямецкай цывільнай адміністрацыі" 2. Працаваць у гэтым напрамку В. Гадлеўскаму дапамагала тое, што ён атрымаў прызначэнне на пасаду Галоўнага школьнага інспектара школьнага аддзела Генеральнага камісарыята Беларусь і, значыцца, меў магчымасць скрозь раз'язджаць, сустракацца з патрэбнымі людзьмі.

Нацыянальна-палітычная дзейнасць В. Гадлеўскага арганічна спалучалася з душпастырскай, чаму не перашкаджала нямецкая акупацыя. Дзякуючы яго старанням, прыгадвае той час Вацлаў Пануцэвіч, ужо пад канец 1941 г. у каталіцкай "катэдры пачаліся набажэнствы, на якія прыходзілі масы людзей зь Менску й ваколіцаў. У працы пастырскай памагалі яму іншыя беларускія сьвятары: кс. Ст. Глякоўскі, кс. П. Татарыновіч, кс. Малец, кс. Рыбалтоўскі. Беларускія казаньні, беларускія песьні, беларускія кніжкі да набажэнства, прывезеныя зь Вільні, тварылі пачатак вялікага каталіцкага руху ў Менску й Меншчыне, бо туды вызджалі ці на даўжэй спыняліся беларускія ксяндзы. Рух гэты выклікаў незадавальненьне рэакцыйных расейскіх элементаў, якія бачылі ў ім "езуіцкую" хвалю на ўсход". Такая ж рэакцыя на гэта была і ў "засьлепленых абаронцаў праваслаўя" 1.

Незалежніцкую пазіцыю В. Гадлеўскага і блізкіх да яго людзей далёка не ўсе падтрымлівалі з тых, хто супрацоўнічаў з акупантамі. Праціўнікамі яе былі загадчык беларускай школы прапагандыстаў пад Берлінам Ф. Акінчыц і самыя адданыя яму сябры па сумеснай працы Бядрыцкі і Шпак, якія і размовы не дапускалі аб наданні Беларусі поўнай дзяржаўнай незалежнасці пасля перамогі Германіі над СССР. В. Пануцэвіч выказвае думку, што акурат Ф. Акінчыц, а не хто-небудзь іншы, выдаў В. Гадлеўскага Менскаму СД, садзейнічаў арышту ў чэрвені ― ліпені 1942 г. ксяндзоў Ст. Глякоўскага, Д. Мальца, А. Неманцэвіча. Быў час, што немцы падазравалі такіх людзей, як В. Гадлеўскі, нават у супрацоўніцтве з бальшавікамі 2.

16 жніўня 1942 г. пасля завяршэння рамонту адбылася першая служба ў касцёле на Галоўнай вуліцы ў Менску (касцёл св. Сымона і св. Алены) *. Да вайны яго будынак быў спачатку пераабсталяваны пад польскі тэатр, а затым ― пад "Тэатр юнага гледача". Імшу, а затым "патрыятычнае беларускае казаньне" адправіў ксёндз В. Гадлеўскі. "Беларускі касьцельны хор і людзі, ― паведамлялася ў "Беларускай газэце" ад 20 жніўня 1942 г., ― сьпявалі беларускія касьцельныя песні. Патрыятычнае казаньне, як і ўся ўрачыстасьць, зрабіла на вернікаў вялікае ўражаньне і ўзбудзіла беларускія патрыятычныя пачуцьці".

Пры нагодзе В. Гадлеўскі выступаў з цікавымі публікацыямі ў друку, прычым неабавязкова па рэлігійнай тэматыцы. Так, 23 снежня 1942 г., незадоўга да патаемнага знікнення В. Гадлеўскага з жыцця, "Беларуская газэта" змясціла яго артыкул "25-я ўгодкі скліканьня Усебеларускага кангрэсу". Ксяндзу было што сказаць па дадзеным пытанні, бо ён жа сам прысутнічаў на гэтым вялікага гістарычнага значэння форуме беларусаў. Аўтар падрабязна спыніўся на характарыстыцы падзей, што папярэднічалі правядзенню Усебеларускага кангрэса, не забыўся сказаць пра небяспеку пранікнення сюды варожых дзейнікаў, якіх тады было занадта шмат. Гэта "наўперад бальшавікі, якія яўна і скрыта выступалі проці беларускага руху, распушчаючы аб ім розныя нябывалыя чуткі. Далей выступалі расейцы розных палітычных кірункаў, пачынаючы ад эсэраў, а канчаючы на "чорнай сотні" ― усе яны стаялі на грунце "единой и неделимой", заяўляючы, што ніякай Беларусі няма й быць не можа. Проці Беларускае Рады выступалі таксама польскія арганізацыі, якія разьвівалі шырокую дзейнасьць, асабліва пасярод беларусаў-католікаў, цягнучы іх на свой бок… Усе гэтыя дзейнікі, разам узятыя, былі запраўды грозныя для маладога беларускага руху, пры гэтым цікавая рэч, што проці беларусаў усе яны выступалі адзіным фронтам".

Аднымі з першых пачалі ўкараняць беларускую мову ў набажэнства касцёлы Баранавічаў. Вось як гэты факт асвятляла "Беларуская газэта" ад 9 жніўня 1942 г.: "На захады беларускага жыхарства ў Баранавіцкіх касьцёлах уведзеная беларуская мова. Ужо 19 ліпеня ўвадным зь мясцовых касьцёлаў, побач із літургічнай лацінай, былі выкананыя песьні ў беларускай мове. 26 ліпеня ў Крошынскім касьцёле песьні пяяліся ў роднай мове, а таксама сьвятар зрабіў казаньне ў беларускай мове. Увядзеньне ў касьцёлах беларускае мовы прынята жыхарствам Беранавічаў зь вялікаю радасьцю".

Да арганізацыі каталіцкай дзейнасці на Беларусі вялікую зацікаўленасць мела Віленская арцыбіскупская епархія. Пры першай неабходнасці яна слала да нас са сваіх парафій ксяндзоў дзеля правядзення набажэнстваў. Роля Вільні ў гэтай справе яшчэ больш узрасла (толькі не ў інтарэсах беларускай нацыянальнай справы), калі "20 верасня 1941 г. віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі атрымаў з Апостальскай Сталіцы прызначэньне на апостальскага адміністратара Магілеўскай арцыбіскупскай епархіі і Менскай епархіі. На сталую працу выехала больш за дзесяць сьвятароў…" Сярод іх былі і беларусы, і палякі. Некаторым з іх давялося папрацаваць усяго толькі па некалькі месяцаў, бо па даносах былі расстраляны гестапаўцамі 1.

Сярод святароў, якія прыбывалі на Беларусь, былі і асобы, што абслугоўвалі вайсковыя аддзелы з людзей сваёй нацыі. У такім аддзеле з літоўцаў працаваў ксёндз Зянонас Ігнатавічус, які прыехаў у Менск у снежні 1941 г. і пасяліўся пры Чырвоным касцёле. На гэтай пасадзе ён пратрымаўся аж да вясны 1944 г. Пры патрэбе неаднаразова выязджаў дзеля аказання духоўных паслуг у парафіяльныя абшчыны Лагойска, Барысава, Слуцка, Койданава і інш. 2

Быў у яго і яшчэ адзін занятак, зусім не звязаны з святарскімі абавязкамі: "…езьдзіў па ваколіцах Менска і па касьцёлах, могільніках і прыдарожных памятніках, шукаў назоваў і імёнаў, якія прыпаміналі-б яму летувіскае гучаньне. Гэтым ён спадзяваўся даводзіць, што Меншчына ― гэта Летувіская зямля" 1.

Нельга не адзначыць і такога, што беларускай справе дужа шкодзілі спробы некаторых каталіцкіх ксяндзоў, акрамя душпастарскай дзейнасці, займацца на нашай зямлі яшчэ і селекцыяй польскага духу. Такое насцярожвала не толькі шчыра адданых справе нацыянальнага адраджэння беларусаў, але ў той ці іншай ступені і нямецкую акупацыйную адміністрацыю. Да такой шкоднай працы, што меў сілы, натхняў ксяндзоў адкрыты вораг беларушчыны віленскі мітрапаліт Р. Ялбжыкоўскі. Увесну 1943 г. ён распарадзіўся накіраваць ва ўсходнія раёны Беларусі для арганізацыі каталіцкага жыцця 13 ксяндзоў-місіянераў на чале з Глябовічам. Лёс іх аказаўся надзвычай трагічным: акупанты расстралялі кіраўніка і амаль усіх сяброў яго групы. Гэтаму факту кіраўнік Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні Язэп Малецкі даў такую ацэнку: "…маральную адказнасьць за іхную сьмерць нясе вядомы прасьледнік Беларусаў Р. Ялбжыкоўскі, які пробваў заварыць новую польскую авантуру, цяпер на землях усходняе Беларусі" 2.

§ 4. Перспектывы адкрыліся перад пратэстанцкай царквой

Пасля ўцёкаў бязбожных бальшавікоў з Беларусі з палёгкай уздыхнулі пратэстанцкія абшчыны, якія таксама панеслі велізарныя страты ў час масавых фізічных рэпрэсій 30-х гадоў. Тыя ж, каму нейкім цудам удалося ўцалець, вельмі хутка вярталіся да звычайнага рэлігійнага жыцця. Не ў апошнюю чаргу тут важную ролю адыграў факт шырокага распаўсюджання ў самой Германіі пратэстантызму. Імпанавала акупацыйным уладам і тое, што многія пратэстанты ў адпаведнасці з нормамі сваёй рэлігіі адмаўляліся браць зброю ў рукі і, значыцца, не маглі стаць іх патэнцыяльнымі ворагамі. Толькі за другую палову 1941 ― 1942 гг. у Менскай вобласці пачалі дзейнічаць 7 малельных дамоў хрысціян веры евангельскай, у Віцебскай ― 3. У шэрагу месцаў у абшчыны евангельскіх хрысціян актыўна пацягнулася моладзь. Такая з'ява назіралася і ў вёсках Уздзенскага раёна ― Стальбоўшчыне, Прусінаве, Замосьці, Любячы, хаця да вайны і гэты куток Беларусі стаў ледзь не цалкам атэістычным. Толькі ў Прусінаўскай абшчыне за 1942 ― 1943 гг. хрышчэнне прыняло 53 чалавекі 1.

Актывістаў Прусінаўскай абшчыны з прыхільнасцю сустракалі ў родным мястэчку аўтара гэтай кнігі Магільнае. Некалі яго жыхары спавядалі ўніяцкую веру, а пасля гвалтоўнага скасавання яе ў 1839 г. ― праваслаўную. Мелася свая даволі прыгожая драўляная праваслаўная царква, якой, як і многім іншым храмам, не ўдалося ўцалець пад ударамі бальшавіцкіх атэістычных акцый. Па вядомых прычынах у гады акупацыі ў нікога з вернікаў Магільнага не ўзнікала думка пра аднаўленне царквы, хаця і было б каму прыйсці ў яе памаліцца. У Магільным баптысты найчасцей за ўсё збіраліся ў вячэрнія часы ў доме аўтара гэтых радкоў. Па-першае, ён (дом) быў адным з дыхтоўных у мястэчку, па другое, мая старэйшая сястра Ліда валодала прыгожым голасам і ахвотна выконвала даволі багаты рэпертуар баптысцкіх песень. Вось толькі, на жаль, у ім амаль цалкам адсутнічалі беларускамоўныя песні. Прычына зразумелая: працяглая дзяржаўная палітыка русіфікацыі адарвала ад роднай беларускай глебы не толькі самую масавую праваслаўную, але і пратэстанцкую канфесію. Паколькі ў ходзе фашысцка-савецкай вайны бальшавікі адышлі ад праследу рэлігіі, партызаны не ўмешваліся ў дзейнасць сектантаў. У нашым доме падчас ладкавання імі розных рэлігійных мерапрыемстваў вельмі часта можна было бачыць сярод прысутных і партызанаў.

Пашырэнню руху сектанцтва ў акупаванай Беларусі садзейнічала даволі актыўная дзейнасць тут нямецкіх місіянераў. Аднаму з іх толькі за 1943 г. удалося ўцягнуць у Калінкавіцкую баптысцкую абшчыну 39 новых членаў. Як і ва ўсе іншыя часы і ў перыяд акупацыі баптысцкія секты колькасна раслі галоўным чынам за кошт праваслаўных вернікаў, пераважна асобаў жаночага пола, жыхароў вёскі. Сярод беларусаў, найперш інтэлігентаў, мелася дастаткова людзей, для якіх не з'яўлялася сакрэтам, што ў свой час пратэстантызм прынёс нямала карысці іх краю. Вядома, што адданасць кальвінісцкай рэлігіі захаваў аж да самой смерці (7 снежня 1943 г.) адзін з заснавальнікаў у Пецярбургу беларускай выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца", актыўны змагар за беларускую ідэю ў дакастрычніцкай Беларусі і ў міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, прафесар хіміі, доктар хімічных навук Вацлаў Іваноўскі, які ў апошнія два гады свайго жыцця знаходзіўся на пасадзе бургамістра горада Менска. Толькі з-за адсутнасці ў тагачасным Менску кальвінісцкага святара па просьбе сям'і В. Іваноўскага яго цела аднеслі ў праваслаўны сабор і адслужылі там набажэнства, а затым пахавалі на Кальварыйскіх могілках.

З усіх пратэстанцкіх плыняў асаблівую актыўнасць праяўлялі баптысты, якім у адрозненне аб праваслаўных і католікаў зусім не патрэбныя для праўлення службы спецыяльна пабудаваныя, раскоша аздобленыя розным начыннем храмы. Для гэтай мэты без карэннага пераабсталявання можна прыстасаваць любое службовае памяшканне ці нават жылы дом. Па зразумелых прычынах баптысты мелі больш моцныя пазіцыі на тэрыторыі колішняй Заходняй Беларусі. Але як толькі ўсталяваўся нямецкі акупацыйны рэжым, яны адразу скіраваліся і ва ўсходнія акругі ГАБ. "Бывалі дні, калі ў Слуцку ў рацэ Случ за адзін раз яны хрысьцілі больш за 500 чалавек" 1.

Заўважаючы, як у выніку выкліканых акупацыяй перамен і праваслаўная царква, і каталіцкі касцёл пачалі набліжаць сваю дзейнасць да мясцовых культурна-моўных традыцый, больш паважлівымі да іх станавіліся і беларускія баптысты, хаця дагэтуль знаходзіліся пад магутнымі рускім і польскім уплывамі. Зараз жа даволі частымі станавіліся выпадкі, калі прапаведнікі звярталіся да сваіх вернікаў па-беларуску. Дзякуючы клопатам баптысцкіх кіраўнікоў наладжваецца выпуск патрэбнай для службы беларускамоўнай літаратуры. Як ніхто іншы, вельмі добра пра гэта дбаў многім вядомы ад даваеннага часу беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч, а ў гады акупацыі прасвітэр баптыстаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі Лукаш Дзекуць-Малей (1888 ― 1955; ураджэнец Слонімшчыны). Ужо ў 1942 г. ён выдаў у Менску беларускамоўны малітоўнік.

Яшчэ ў лепшай ступені забяспечыць баптыстам у час вайны свае патрэбы ў беларускамоўнай літаратуры і яе сродкамі ўплываць на масы перашкодзіў няшчасны выпадак, у выніку якога на складзе Біблейскага таварыства ў Фінляндыі быў знішчаны, як лічылася, увесь наклад кнігі "Новага Запавета і Псалмоў". У перакладзе яе на беларускую мову бралі ўдзел Л. Дзекуць-Малей і актыўны змагар за беларускае нацыянальнае Адраджэнне Антон Луцкевіч. Як пазней высветліцца, адзін экземпляр гэтай кнігі ўсё ж захаваўся ў рускага баптысцкага святара Г. Болтнева 1.

Практычна вельмі мала што ўдалося зрабіць па ўкараненні беларускай мовы ў баптысцкае песнапенне, пра што недастаткова дбалі нашыя прафесійныя і аматарскія паэты-песеннікі. Як і да вайны, у гэтым песнапенні прыкметна пераважалі рускія тэксты.

§ 5. Чарговая няўдача ўніяцкай царквы

З усталяваннем акупацыйнага рэжыму на Беларусі некалькі вальней дыхалася ўніяцкім вернікам. За саветамі іх цэрквы дзейнічалі толькі ў заходніх абласцях Беларусі дый то пераважна патаемна. Дзякуючы клопатам львоўскага мітрапаліта А. Шэптыцкага, які апекаваўся грэка-рымскай царквою Беларусі, і нашаму ўніяцкаму святару Антону Неманцэвічу ўжо ў лістападзе 1941 г. папа рымскі Пій ХІІ зацвердзіў экзархат Беларускай уніяцкай царквы. У чэрвені наступнага года экзарх грэка-каталіцкай Беларускай царквы айцец Неманцэвіч (знаходзіўся ў Слоніме) вызначыў Раду Экзархата грэка-каталіцкай царквы як Найвышэйшы Урад Уніяцкай Царквы на Беларусі. Ім жа быў вызначаны і Духоўны суд грэка-каталіцкай царквы з сядзібаю ў Альберціне (Слонімская акруга) 2. Ад гэтага часу айцец Неманцэвіч падтрымліваў яшчэ больш цесныя сувязі з галавой Украінскае грэка-каталіцкае царквы ў Львове мітрапалітам А. Шэптыцкім, што дапамагала разгортванню дзейнасці дадзенай хрысціянскай канфесіі ў нашым краі, дзе некалі яна мела вельмі багатыя традыцыі, карысталася вялікім аўтарытэтам у народзе. Адразу ж пасля ўтварэння Экзархата Беларускай уніяцкай царквы пачаўся вывад яе парафій з-пад юрысдыкцыі мясцовых каталіцкіх біскупаў, на што вельмі адмоўна адрэагавалі апошнія. Не выключана, што яны нават пісалі даносы на ўніяцкіх святароў у акупацыйныя спецслужбы. І тыя не засталіся ў баку, бо неўзабаве, у жніўні 1942 г., гестапа арыштавала ўніяцкага экзарха Беларусі А. Неманцэвіча, далейшы лёс якога дакладна невядомы нашай гісторыі. Ёсць меркаванні, што памёр 1 красавіка 1943 г. у берлінскай турме.

Закатаванне А. Неманцэвіча сталася вялікай, незаменнай стратай для грэка-каталіцкай царквы. У яго хапала тэарэтычных ведаў, практычнага вопыту, каб і ў экстрэмальных умовах акупацыйнага рэжыму арганізаваць яе дзейнасць на належным узроўні. А. Неманцэвічу надавалі вялікі аўтарытэт у вачах вернікаў і яго грамадска-культурніцкая дзейнасць: рэдактар і выдавец уніяцкай беларускай газеты "Да злучэння" (1932 ― 1937; выходзіла ў Вільні, затым у г. Дубна Ровенскай вобласці), рэдактар беларускага часопіса "Злучэнне" (1938; Варшава). Лепшай кандыдатуры за А. Неманцэвіча не знайшлі для заняцця ў 1939 г. Беларускага грэка-каталіцкага экзархату Украінскай уніяцкай мітраполіі. З яго ініцыятывы беларуская мова была ўведзена і ў справаводства, і ў набажэнства ўніяцкай царквы. Такую цалкам апраўданую беларускім нацыянальным інтарэсам практыку збіраўся працягваць А. Неманцэвіч і ў часы акупацыі. Але як часта здараецца, і тут не пашчасціла беларусам.

У гэты нялёгкі, непрадвызначаны час не прыйшлі на дапамогу ўніятам ні католікі, ні праваслаўныя. Нельга не пагадзіцца з тым, як глядзіць на гэтую падзею Ларыса Языковіч: "Ні палякам, ні рускім, ні немцам не была патрэбна грэка-каталіцкая царква на Беларусі, таму што яна спрыяла росту нацыянальна-рэлігійнай сьвядомасці беларускага народа" 1.

Пасля арышту ўніяцкага экзарха Беларусі Неманцэвіча, яго намеснік айцец Леў Гарошка, прадчуваючы небяспеку далейшага працягу рэлігійнай дзейнасці, адыходзіць ад яе і тэрмінова пераязджае з Альберціны ў Баранавічы. Тут у гандлёвай і медыцынскай школах ён выкладаў беларускую мову і іншыя прадметы. Што ж датычыць уніяцкага манастыра і ўніяцкай абшчыны ў Альберціне, дык яны па распараджэнні мясцовай нямецкай адміністрацыі былі проста зліквідаваны. Усе ўніяцкія святары выехалі з Альберціны ў Львоў.

Існавалі і іншыя сур'ёзныя цяжкасці з аднаўленнем дзейнасці ўніяцкай царквы. Як ні ў адной з хрысціянскіх канфесій, у яе распараджэнні знаходзілася вельмі мала храмаў. І не толькі з прычыны іх натуральнага зносу, свядомага разбурэння атэістычнай савецкай уладай. Калісьці яны не па волі сваіх прыхаджан трапілі пад юрысдыкцыю праваслаўнай царквы ці каталіцкага касцёла. Цяпер жа ні першая, ні другі не жадалі вяртаць уніяцкія святыні свайму законнаму гаспадару. Не лічыў сябе абавязаным дапамагчы апошняму ў развязванні гэтай праблемы акупацыйны рэжым. Больш таго, ён пры патрэбе выкарыстоўваў уніяцкія храмы ў сваіх далёкіх ад рэлігійнасці мэтах. Так, тэрыторыю Беразвецкага кляштара базыльян (ад назвы вёскі Беразвечча на Глыбоччыне) фашысты прыстасавалі пад лагер смерці.

У варунках, калі і цяпер давалася ў знакі традыцыйная непрыязнасць праваслаўнай і каталіцкай цэркваў да ўніяцкай, а ў дадатак яшчэ варожыя дачыненні да яе склаліся з боку акупацыйных уладаў, самым разумным было далей не развіваць яе дзейнасць. Да таго ж грэка-рымскае духавенства не магло асабліва разлічваць на падтрымку ўнійнай ідэі самім народам, бо пасля гвалтоўнага скасавання гэтай цэрквы мінула больш за сто гадоў і за такі час вельмі мала дзе давялося людзям пачуць праўду пра яе. У добрага знаўцы разгляданай праблемы Юры Туронка можна прачытаць такі факт: "У студзені 1928 г. сотні жыхароў парафіі ў Фастах падпісалі прашэнне аб іх далучэнні да Каталіцкай царквы ўсходняга абраду (г.зн. уніяцкага. ― Л. Л.), а летам 1944 г., калі айцец Гапановіч выехаў на Захад і не было іншага святара, сотні тых жа фастаўцаў падпісалі прашэнне аб далучэнні да Праваслаўнай царквы" 1.

§ 6. У межах чужых вайскова-адміністрацыйных адзінак

Вышэй вялася гаворка пра ладкаванне царкоўна-рэлігійнага жыцця на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь, у зоне нямецкага вайсковага тылу. Адзначалася, што ў апошнім выпадку ўзнікалі вельмі сур'ёзныя цяжкасці з-за падпарадкавання вайсковаму рэжыму і цывільнага насельніцтва. У самых жа складаных умовах даводзілася займацца царкоўна-рэлігійнай дзейнасцю, захоўваць у ёй беларускі дух у тых раёнах нашай этнічнай тэрыторыі, што не па волі іх жыхароў трапілі ў склад іншых ваенна-адміністрацыных адзінак. Аднак і ў такой сітуацыі сустракалася нямала святароў, што сваю душпастарскую дзейнасць не адрывалі ад беларускага нацыянальнага інтарэсу. Паводле ўспамінаў Язэпа Малецкага сур'ёзныя намеры праводзіць беларусізацыю праваслаўнай царквы былі ў епіскапа Гарадзенскай епархіі Антоні, пра што ён меў 27 кастрычніка 1941 г. спецыяльную гаворку з бургамістрам Гародні В. Пануцэвічам. У час сустрэчы асаблівая ўвага надавалася арганізацыі беларускай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Справа далей гаворкі не пайшла толькі таму, што неўзабаве ўсю Гарадзеншчыну з акругі "Беласток" перадалі пад юрысдыкцыю Прусіі 2. З вялікай адданасцю служыў беларускай ідэі ў гады, калі наш край забралі новыя гаспадары ў асобе фашысцкай Германіі, святар Гудзеўскай царквы Гарадзенскай епархіі Віталь Жалязняковіч. Ён "патаемна тлумачыў прахаджанам пра імперскія мэты фашызму, пра неабходнасць ратавацца ад дэнацыяналізацыі беларусаў, вывучаць родную беларускую мову, літаратуру, гісторыю Беларусі" 3.

Дорага плацілі за сваю далучанасць да беларускасці праваслаўныя святары Берасцейскай і Пінскай акруг, бо гэта ж не ўпісвалася ў палітыку ўкраінізацыі іх карэннага насельніцтва, самым актыўным правадніком якой у жыццё з'яўлялася Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналісатаў (АУН). Асабліва непакоіў яе сваёй актыўнай пазіцыяй у беларускай справе поп Міхаіл Ражановіч. "Каб прысьпешыць украінізацыю аколіцы, група АУН зарэзала яго трох дарослых сыноў. Наймалодшы сын схаваўся і ўцалеў, а сьвятара ў гэтую ноч ня было дома, таму ён і застаўся жывым" 1. Як бачым, вайна можа выклікаць кровапраліццё нават і паміж блізкароднаснымі народамі, чаго не назіралася ў мірны час. На гэта ніяк нельга забывацца і сёння.

У нялёгкіх умовах для ажыццяўлення душпастырскай працы апынуўся падчас акупацыі нацыянальна самасвядомы беларускі каталіцкі святар усходняга абраду Леў Гарошка. Працаваў ён тады ў адной з парафій той часткі беларускага Палесся, якая адышла да Рэйхскамісарыята Україна і пачала адразу зведваць на сабе палітыку ўкраінізацыі. Адданы беларускай ідэі ксёндз "ня толькі дзеіў у кірунку хрысьціянскае рэлігійнае супольнасьці, але й востра ставіў дамаганьне, каб Палесьсе, як беларуская прастора, мела беларускую адміністрацыю і школьніцтва. За гэта а. Л. Гарошка апынуўся пад украінскім і мясцовым праваслаўным абстрэлам, і нямецкі камісар загадаў высяліць яго зь Пінскай акругі без права павароту. Айцец Леў Гарошка тады пераехаў да Баранавіч… ды ўладзіўся ў рэдакцыі "Баранавіцкай газэты".

(…) Пасьля арышту экзарха вунійнай Царквы а. Неманцэвіча ён яе ачольваў" 2. Праўда, на працягу вельмі сціслага часу з прычыны забароны ўніяцкай царквы акупацыйнымі ўладамі.

§ 7. Дабрачынная і культурна-асветніцкая дзейнасць

Апроч богаслужэння, многія хрысціянскія храмы займаліся і добрачыннай, культурна-асветніцкай дзейнасцю. Добра наладжанай яна была ў адноўленай ўжо ў 1941 г. у Слуцку праваслаўнай Свята-Міхайлаўскай царкве. У пачатку 1943 г. тут арганізавалі жаночы камітэт, галоўнай мэтай якога з'яўлялася дапамога бедным. Пры гэтым асаблівы клопат праяўляўся да Слуцкага дзіцячага дома. Ахвотна займалася добрачыннай справай і царкоўная рада гэтага храма. За 1943 г. яна выдала дапамогі дзіцячаму дому, дому інвалідаў, гарадской бальніцы і бедным людзям на суму 1.178 р.м., 198 м палатна, 55 камплектаў вопраткі, 48 ручнікоў, шмат хлеба, малака, яек, сыру, яблыкаў і г.д. 1

Паводле ўласцівых каталіцкай царкве традыцый яна адразу ж распачала працу сярод дзяцей, разглядаючы іх як сваіх будучых сталых вернікаў. Прыклад паказваў Менскі касцёл (так пададзена ў выкарыстанай крыніцы ― Л. Л.). Тут 27 снежня 1942 г., у нядзелю адбылася навагодняя ялінка для дзяцей, пра што наступнае пісалася ў "Беларускай газэце" (7 студзеня 1943 г.): "Пасьля прыгожае прывітальнае прамовы, якую сказаў ксёндз капэлян, касьцельны дзіцячы хор пад кіраўніцтвам сп. Гаеўскага-Кабыляка выканаў колькі калядных песняў. Ад імя БНС (Беларуская народная самапомач. ― Л. Л.) прывітала сабраных дзяцей сп. Абрамава *. Пасьля гэтага дзеці школьнага веку выступалі зь песьнямі й дэкламацыямі ў беларускай і нямецкай мовах. Вялікае ўражаньне зрабіла на дзяцей зьяўленьне сп. Васюкевіча, пераапраненага ў сьвятога Мікалая, які прынёс дзецям падарункі.

У сувязі з вялікім наплывам дзяцей і позьнім часам, сама раздача падарункаў была перанесена на другі дзень".

Разам з аднаўленнем царкоўнага жыцця ўводзілася ў практыку і правядзенне канцэртаў духоўнай музыкі. У Менску яны ладзіліся ў памяшканні гарадскога беларускага тэатра. У такіх канцэртах супольна с менскім архіерэйскім хорам (кіраўнік Уладзімір Пігулеўскі) удзльнічалі і салісты оперы. У рэпертуар канцэртаў духавой музыкі ўключаліся творы кампазітараў Арлова, Архангельскага, Бартнянскага, Грачанінава, Завадскога, Калішэўскага, Лісіцына, Туранкова, Чайкоўскага і інш. Даходы ад канцэртаў звычайна ішлі на рамонт храмаў. На віцебскім радыё практыкаваліся выступленні хора Свята-Пакроўскай царквы пад кіраўніцтвам А. Лебедзева 1.

Не існавала праблем з забеспячэннем масавай прысутнасці вернікаў ― і не толькі падчас правядзення культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў ― у каталіцкага касцёла і праваслаўнай царквы Вільні з яе багатымі традыцыямі ў практыцы гэтых дзвюх галоўных хрысціянскіх канфесій. Спрыяла гэтаму пражыванне ў час акупацыі ў горадзе многіх вядомых царкоўна-рэлігійных і культурных дзеячоў. Частка з іх належала да ліку тых, хто вымушаны быў пакінуць Літву ў выніку ўсталявання ў ёй з дапамогай СССР савецкага палітычнага рэжыму з яго атэістычным абліччам. Шмат чаго пазітыўнага ў жыцці віленчукоў было звязана з руплівай святарскай культурнай дзейнасцю ксяндза Адама Станкевіча. Служыў ён у касцёле святога Міхала. Важнае значэнне мела не толькі для касцёла, але і нацыянальнай справы ўвогуле выданне ў Вільні ў 1944 г. складзенага ім беларускага малітоўніка. Ад аўтара спатрэбілася нямала высілкаў, каб гэтая патрэбная кніжачка выйшла ў свет, і ён паспяхова справіўся з такой нялёгкай задачай. А. Станкевіч ніколі не абыходзіў сваёй увагай гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча. Многія яго экспанаты захаваліся ад рабавання толькі дзякуючы клопатам А. Станкевіча.

Атрымаўшы ад акупантаў так жаданы дазвол на вольнае вядзенне набажэнства ў хрысціянскіх храмах, духавенства імкнулася пры любой нагодзе выказаць за гэта падзяку Германіі. Не скупіўся на пахвалу ёй і загадчык Царкоўнага аддзела Полацка-Віцебскай епархіі П. Пароменскі: "…ніколі не забудзецца роля і значэнне дзейнасці высокароднай Германскай нацыі і яе перамоганоснай арміі, якая распрыгоніла Беларусь ад бальшавізму і прылучыла яе да гуманізму і культуры Захаду.

Не забудзе гэтых заслуг і Праваслаўная царква, вызваленая ад кайданоў камуны геніем культурнага Захаду і адроджаная ім для новых творчых дзеянняў на карысць чалавецтва і хрысціянскага свету" 1.

Тагачаснаму царкоўна-рэлігійнаму жыццю даў такую характарыстыку мітрапаліт праваслаўнай царквы Беларусі і Прыбалтыкі Сергій: "Немцы аддаюць нам цэрквы, адабраныя бальшавікамі… У вызваленыя вобласці з'яўляюцца папы, якія пры бальшавіках павінны былі хавацца. Яны просяць, каб іх зноў дапусцілі да богаслужэння, і просьба іх задавальняецца. Народ жа, набожнасць якога бальшавікі не былі ў стане зламаць, масамі імкнецца ў цэрквы, спавядаецца, прычашчаецца, тысячамі хрысціць дзяцей і радуецца таму, што зараз ён ізноў можа вольна маліцца ў сваіх вызваленых цэрквах. Нам не перашкаджаюць навучанне ў школах. Ужо заснавана семінарыя для падрыхтоўкі папоў, выдаецца царкоўная газета, друкуюцца кнігі для патрэбаў царквы і вернікаў. Адным словам, усё, што ў сферы рэлігіі забаранялася і зніштажалася бальшавікамі, дазваляецца і ахоўваецца немцамі.

…Канчатковая перамога над бальшавікамі ўмацуе новую эру вольнага і мірнага росквіту царквы" 2.

Хрысціянскія канфесіі з вялікай радасцю сустрэлі ў сакавіку 1944 г. дазвол акупацыйных уладаў правесці ў межах усёй Беларусі святкаванне дня абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. На такое яны ўпершыню адважыліся. Асабліва ўрачыста гэтае свята праходзіла ў Вілейцы, што засведчана ва ўспамінах Язэпа Малецкага: "У гэты дзень Вялейка прыбралася як красуня ў беларускія сьцягі. Натоўпы народу абляглі беларускія сьвятыні. У абедзьвюх праваслаўных цэрквах адпраўляецца сьвятая літургія за беларускі народ. Стаяць рады жаўнераў, моладзі СМБ, школьная моладзь, ціснуцца людзі. Гучаць беларускія казанні, народ узвышаны, патрыятычны, як ніколі. Поўны народам і каталіцкі касьцёл, і там адпраўляецца ўрачыстая імша за Беларусь" 1.

Удзячнае акупацыйным уладам духавенства за права вольна весці службу нібы ў адказ на такую ўвагу штогод ладзіла ў дзень 22 чэрвеня хрэсны ход, лічачы гэты дзень пачаткам вызваленчай вайны.

§ 8. Служэнне святаром ― не абыходзілася без ахвяр

Прыведзеныя вышэй матэрыялы сведчаць, што дзейнасць усіх хрысціянскіх канфесій Беларусі ў большай ці меншай ступені ажыццяўлялася з улікам яе нацыянальнага інтарэсу. Хаця аднаўленню царкоўна-рэлігійнага жыцця паспрыяла нямецкая акупацыя, на службу да яе не ішла аніводная канфесія, бо на першым плане ў кожнай з іх была беларуская справа. Самааддана, самаахвярна змагаліся за яе сотні людзей, прысвяціўшых сваё жыццё служэнню Богу, якога ў міжваенны перыяд камуністы не змаглі вытурыць са свядомасці бальшыні беларускіх вернікаў.

У адзін з самых складаных у гісторыі Беларусі час, ніхто з рэлігійных дзеячоў не зрабіў для яе столькі карысці, як ксёндз В. Гадлеўскі. У дадатак да ўжо сказанага можна адзначыць яго вялікую заслугу ў аднаўленні каталіцкага жыцця ў цэнтры Генеральнай акругі Беларусь Менску. Дзякуючы старанням В. Гадлеўскага вельмі хутка (ужо ў канцы 1941 г.) пачала тут сваю дзейнасць каталіцкая катэдра, у якой да вайны размяшчаўся гарадскі гараж. Набажэнствы ў катэдры наведвалі не толькі каталікі Менска, але і яго ваколіцаў. У сваёй пастырскай дзейнасці В. Гадлеўскі абапіраўся на добрую падтрымку з боку ксяндзоў Ст. Глякоўскага, П. Татарыновіча, Д. Мальца, Рыбалтоўскага. З Вільні было прывезена нямала беларускай літаратуры, неабходнай для праўлення службы. Словам, у Менску і на Меншчыне мог бы па-сапраўднаму распачацца шырокі каталіцкі рух беларускай нацыянальнай накіраванасці, каб толькі гэта не выклікала адмоўнай рэакцыі найперш за ўсё ў праруску настроеных прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства. І галоўным чыннікам такога прагрэсіўнага руху, несумненна, з'яўляўся В. Гадлеўскі.

Ксёндз В. Гадлеўскі быў сярод тых, хто ўдзельнічаў у пахаванні маці Янкі Купалы Бянігны Луцэвіч. Яна толькі на два дні перажыла свайго сына-паэта (памерла 30 чэрвеня 1942 г.). Хавалі ж іх у адзін дзень: маці ― у Менску, сына ― у Маскве. Пры пахаванні Бянігны В. Гадлеўскі прамовіў такія словы: "Дзе сын твой, гаротная беларуская маці?" Прыкладна праз паўгода і ён адышоў на той свет, карніцкую руку да чаго прыклалі гестапаўцы. Гэта была найвялікшая страта не толькі для каталіцкага касцёла Беларусі, але і ўсіх яе нацыянальна-патрыятычных сіл. Яны пазбавіліся буйнога дзеяча, здольнага пайсці на любыя выпрабаванні дзеля шчасця роднай Бацькаўшчыны.

В. Гадлеўскі не быў першым, каму лёс наканаваў стаць ахвярай крывавага фашысцкага акупацыйнага рэжыму. Раней за ўсіх ён пазбавіў зямнога жыцця ўжо 9 лістапада 1941 г. віленскага ксяндза Генрыха Глябовіча (1904, урадж. г. Гародні), які па запрашэнні вернікаў прыехаў у Барысаў. У час казанняў ён гаварыў "пра непаслушэнства тым, хто не мае Бога ў сэрцы, гэта значыць маральна санкцыянаваў супраціўленне фашысцкаму таталітарнаму рэжыму, таталітарызму ўвогуле". Такога не маглі дараваць гестапаўцы. Яны расстралялі айца Генрыха Глябовіча паміж Старым і Новым Барысавым. Варта дадаць, што ў рымскім універсітэце Ангелікум ён да вайны абараніў доктарскую дысертацыю, пасля чаго вярнуўся ў Вільню і працаваў намеснікам прафесара тэалагічнага факультэта ўніверсітэта імя Стафана Баторыя, узначальваючы яшчэ адначасова парафію ў Троках 1.

Цяжкай, незаменнай не толькі для каталіцкага касцёла, але і для ўсёй нацыянальна-самасвядомай часткі беларускага грамадства з'явілася ўчыненая гестапаўцамі ў 1943 г. расправа з ксяндзом, грамадскім і палітычным дзеячом, публіцыстам Станіславам Глякоўскім (1896; мяст. Поразава Ваўкавыскага павета). Гэтая выбітная асоба, працуючы ў міжваенны перыяд выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, Віленскай настаўніцкай семінарыі, кіраўніком беларускай каталіцкай парафіі ў Вільні, арганізатарам і выдаўцом дзіцячага часопіса "Пралескі" і на іншых важных для беларускай справы пасадах, не мог у гады акупацыі займацца толькі душпастырскай дзейнасцю, да якой ён быў вельмі добра падрыхтаваны дзякуючы заканчэнню Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. Яго шчырая адданасць беларускаму ідэалу не падабалася не толькі акупантам, але нават і некаторым з тых, хто ўдзельнічаў у аднаўленні царкоўна-рэлігійнага жыцця на акупаванай тэрыторыі. Выказваюцца меркаванні, што ў адначасе з Ст. Глякоўскім немцы расстралялі і ксяндзоў Д. Мальца, пра якога амаль адсутнічаюць усялякія звесткі ў самых даступных літаратурных крыніцах.

У вялікую няміласць акупантаў ― і як заўжды несправядліва ― трапілі многія ксяндзы Стаўбцоўшчыны. Ад рук акупантаў загінулі пробашч парафіі ў Новым Свержані Вацлаў Наймак, пробашч парафіі ў Налібаках (Налібоках) Юзэф Байко, вікарый ксёндз з гэтага населенага пункта Юзэф Барадзін, пробашч парафіі Дзераўная Павел Доўжык, вікарый парафіі Стоўбцы Адольф Слівінскі, вікарый касцёла святога Казіміра гэтага ж мястэчка Антон Леўша. Некаторых з іх смерць напаткала ў Калдычэўскім лагеры 1.

Не абмінулі фашысцкія здзекі касцёла Наваградка. Пасля таго як ад рук акупантаў загінулі святары Міхаіл Далецкі і Іосіф Кучынкі, у горадзе застаўся на службе толькі адзін ксёндз Аляксандр Зянкевіч, зведваючы на сабе на кожным кроку ганенні з боку мясцовай адміністрацыі. Выручала толькі тое, што на дапамогу яму часта прыходзілі сёстры-назарэцянкі. Усяго іх было 12 чалавек. Увесну 1943 г. яны арганізавалі касцельны хор, выкладалі польскую мову і гісторыю. Калі ўзнікла рэальная пагроза расстрэлу 120 наваградчан, пераважна з ліку інтэлігенцыі, сёстры вырашылі цаною свайго жыцця выратаваць іх ад смерці. І гэта ім удалося. 31 ліпеня 1943 г. да сясцёр у кляштар прыйшлі з гарадской управы з загадам з'явіцца ў гебіткамісарыят, а раніцай наступнага дня іх расстралялі. У жывых засталася толькі адна з сясцёр, каб працягваць справы загінутых сябровак *. Сам нямецкі афіцэр сведка гэтага нечуванага на ўсёй захопленай фашыстамі савецкай тэрыторыі самаахвярнага ўчынка ― так характарызаваў яго: "Невінаватыя святыя сёстры прынялі смерць з пачуццём выкананага абавязку перад Богам і перад людзьмі" 1.

З крайне небяспечнай для жыцця рызыкай даводзілася займацца душпастарскай дзейнасцю тым з ксяндзоў, што не адмовіліся служыць Богу і ў зоне нямецкага вайсковага камандавання. У поўнай ступені гэта адчулі на ўласным вопыце і ксяндзы-марыяне ўсходняга грэка-каталіцкага абраду. Яны, дарэчы, працягвалі сваю дзейнасць і пасля забароны акупантамі ўніяцкай царквы, трывала трымаючыся беларускай нацыянальнай арыентацыі. У душпастарскім служэнні выкарыстоўвалі толькі родную мову сваіх вернікаў, што не заўсёды падабалася экстрэмісцкі настроеным палякам, не выключаючы і ксяндзоў. Бессмяротнай славы марыяне заслужылі ў выніку шырока вядомай на сёння трагедыі, што адбылася 16 ― 17 лютага 1943 г. у Росіцы (знаходзіцца на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна). У гэтыя дні нямецкімі акупантамі праводзілася карная аперацыя, падчас якой было спалена 1528 мясцовых жыхароў, г.зн. у дзесяць разоў больш, чым у Хатыні. Гэтыя два дні разам з імі "былі два святары ― ксяндзы-марыяне Юрый Кашыра і Антон Ляшчэвіч. Немцы прапаноўвалі святарам пакінуць паселішча, але тыя да апошняй хвіліны заставаліся з вернікамі, падтрымліваючы іх духоўна ў трагічныя хвіліны жыцця. Разам з вернікамі айцы-марыяне і загінулі ў агні. Подзвіг гэты ўзрушыў нават каменныя сэрцы акупантаў ― адзін з нямецкіх афіцэраў напісаў у Ватыкан, паведамляючы ў апостальскую сталіцу аб трагічных падзеях" 2. Гэты і шмат іншых нацыянальна-патрыятычных учынкаў ксяндзоў-марыянаў забяспечвалі ім вялікі аўтарытэт не толькі сярод сваіх вернікаў, але і ўсяго беларускага народа.

Трагедыя ў Росіцы з'явілася адчувальным ударам па ксяндзах-марыянах, бо з іх жа асяроддзя выбылі самыя слынныя асобы, што пацвярджаецца і такімі сухімі энцыклапедычнага характару звесткамі. Так, Юрый Кашыра (1904; в. Александрова сучаснага Міёрскага райна) скончыў у 1930 г. Усходні папскі інстытут у Рыме, у ксяндзы прысвечаны ў 1935 г., выкладаў Закон Божы ў Вільні і Друі. Ураджэнец Смаргоншчыны Антон Ляшчэвіч (1890) скончыў у 1913 г. Пецярбургскую духоўную семінарыю і ўжо ў наступным годзе быў пасвячоны ў ксяндзы. Давялося служыць на розных духоўных пасадах у Іркуцку, Чыце, Харбіне. У 1937 г. вярнуўся на радзіму і праз два гады ўступіў у ордэн марыянаў. У Друйскім кляштары айцоў марыянаў займаў пасаду эканома 1. Здзейсненае гэтымі грэка-каталіцкімі святарамі ў лютым 1943 г. у Росіцы, больш невядомае ніякай іншай хрысціянскай канфесіі, яшчэ раз падкрэслівае выразны нацыянальны характар беларускай уніяцкай царквы, абавязвае сучаснае грамадства з належнай павагай ставіцца да яе. Самаахвярны ўчынак ксяндзоў-марыянаў Ю. Кашыры і А. Ляшчэвіча заслугоўвае агульнанароднага прызнання, пра гэта павінен ведаць кожны дарослы грамадзянін краіны.

Аналіз паказвае, што найчасцей за ўсё каталіцкія святары, ксяндзы ўсходняга абраду гінулі за сваю адданасць беларускай незалежніцкай ідэі, нежаданне пакінуць у бядзе сваіх вернікаў, асуджаных на пагібель фашысцкімі катамі.

Правядзенне акупантамі суровых, крайне несправядлівых захадаў у дачыненні да касцёла не дазволіла каталіцкаму духавенству як след разгарнуць сваю дзейнасць у тых маштабах, на што яно было здольнае. Сур'ёзна перашкаджала гэтаму сталае падазрэнне нямецкіх уладаў у супрацоўніцтве каталіцкіх духоўных асобаў Беларусі з англа-амерыканскай разведкай. Асабліва масавыя арышты іх адбыліся ў 1942 г. Зусім не па-хрысціянску дзейнічалі ў гэты час некаторыя праваслаўныя духоўныя. Язэп Малецкі лічыць, што сярод іх было нямала даносчыкаў у гестапа на каталіцкіх святароў. У мэтах расправы немцы не раз інсцэніравалі іх забойства пад тэрарыстычную акцыю беларускіх падпольшчыкаў і партызанаў. У лік такіх ахвяраў часта траплялі таксама і свецкія асобы.

Не ўдавалася ўхіліцца ад фашысцкай расправы і святарам іншых канфесій і ў бальшыні выпадках тым, хто актыўна адстойваў у час акупацыі беларускую ідэю. Заўчасна абрывалася жыццё і па іншых прычынах. Так, вядомыя факты знявольвання ў канцэнтрацыйныя лагеры ці расстрэлу святароў за падтрымку яўрэяў ці за сувязь з партызанамі. Паплаціліся жыццём за супрацоўніцтва з народнымі мсціўцамі святары з Гродзеншчыны браты Аляксандр і Серафім Хільтовы.

У шэрагу месцаў нармальнай арганізацыі царкоўна-рэлігійнай дзейнасці перашкаджалі агрэсіўныя акцыі супроць праваслаўных святароў з боку груп польскай Арміі Краёвай. Прычым не абходзілася і без чалавечых ахвяраў. У розных літаратурных крыніцах утрымліваюцца звесткі, што ў адным з прыходаў паблізу Наваградка польскія жаўнеры забілі іераманаха Лукаша. Сапраўдная трагедыя адбылася ў прыходзе Турэйск Шчучынскага павета. Тут за беларускую дзейнасць былі закатаваныя польскай бандай у 1942 г. святар Іван Аляхновіч разам з матушкаю. "Палякі адрэзалі вушы, насы, выкалалі вочы, матушцы адрэзалі грудзі, палілі агнём раны і г.п., здзекваліся над ахвярамі аж да сьмерці іх ад мукаў. На гэты прыход быў прызначаны іншы святар, а. Васіль, якога польская банда замардавала на 3-ці дзень па прыезьдзе яго на прыход" 1.

Варварскія акцыі акаўцаў і іх цывільных дапамагатых не маглі заставацца незаўважанымі мясцовымі ўладамі. Вось, да прыкладу, што пісаў у справаздачы за май 1943 г. рэферэнт Баранавіцкага гебіткамісарыята: "Бандыты грабяць і забіваюць толькі беларусаў, але не палякаў. Ні адзін ксёндз не пацярпеў,, тады як за гэты час многа праваслаўных святароў-беларусаў было па-зверску забіта з сем'ямі або знявечана і абрабавана" 2.

Пра бесчалавечнае стаўленне польскіх ваяроў да зарыентаваных на беларускі інтарэс праваслаўных святароў і інтэлігенцыі пісалі ў пасляваенны час нават самі польскія даследчыкі, сярод якіх можна назваць Юзафа Мацевіча (родам з Віленшчыны). У выдадзенай ім у 1985 г. у Лондане на польскай мове кнізе "Ня трэба гаварыць голасна" прыводзіцца такі абуральны факт: "Духоўны Канстанцін Маеўскі, сябра БНС (…) у Троках Ашмянскага павету, праваслаўны духоўны Анатоль Кірык (…) Пратаярэй Міхаіл Леўчын у Крэве (…) Дачка яго, Ларыса, настаўніца беларускай пачатковай школы ў Крэве замардаваны, замардаваны, замардаваны (…) Ераманах Лукаш з Жыровіцкага манастыра, які ў 1941 годзе вярнуў царкву, забраную на каталіцкі касцёл у 1920 г., быў нападзены польскай партызанкай і закапаны жывым у зямлю аж да галавы; вакол выстаючай з зямлі галавы Лукаша, палякі разлажылі агонь і палілі яе на вольным агні" 1.

Дарэчы, чагосьці падобнага ў дачыненні беларускіх партызанаў і падпольшчыкаў да польскіх ксяндзоў, настаўнікаў польскамоўных школ на тэрыторыі нашага краю не назіралася, хаця сярод іх заўжды мелася нямала асобаў з варожым стаўленнем да беларушчыны.

Узнікненне зусім не апраўданых, небяспечных паводле сваіх наступстваў канфліктных сітуацый паміж святарамі розных хрысціянскіх канфесій моцна хвалявала нацыянальна-патрыятычную частку беларускага грамадства. Гэта ёй мы ў найбольшай ступені абавязаныя адсутнасцю масавага характару жорсткага міжрэлігійнага супрацьстаяння, да чаго не маглі не праяўляць зацікаўленасці акупацыйныя ўлады ў разліку, што яно аблегчыць ім праводзіць сваю палітыку ў Беларусі.

Шмат зрабіла дзеля прапаганды і сцвярджэння прыстойнага царкоўнага жыцця, лепшага разумення беларусамі, што іх рэлігія не ёсць фактар вызначэння нацыянальнай прыналежнасці, рэдакцыя "Беларускай газэты" і найперш яе рэдактар Уладзіслаў Казлоўскі. Каб пакончыць з паланізацыяй беларусаў касцёлам і іх русіфікацыяй царквою, ён рашуча выказваўся за няўхільнае захаванне нацыянальнага падыходу да развязвання ўсіх пытанняў арганізацыі рэлігійнага жыцця. Такія патрабаванні ім былі вельмі канкрэтна і пераканаўча абгрунтаваныя наступным чынам: "Калі каму з беларусаў патрэбны ксёндз, дык ён мусіць быць толькі беларусам. Калі другому зноў патрэбны праваслаўны сьвяшчэннік, гэты апошні мусіць быць таксама толькі беларусам.

З царквы мусіць быць выгнана расейшчына, а з касцёла ― польшчына.

Тым жа цёмным беларусам, якія яшчэ і цяпер не пазбыліся палітычна-рэлігійнай смуты і называюць сябе рускімі толькі дзеля таго, што зьяўляюцца праваслаўнымі, або польскімі дзеля таго, што зьяўляюцца каталікамі, пара апамятацца і не асьмешваць сябе" 1. І ў многіх праваслаўных і каталіцкіх прыходах такое стаўленне да працы з прыхаджанамі давала належны плён. Яны ўсё ў меншай ступені пачыналі звязваць сваю нацыянальную прыналежнасць з тым, якую спавядалі веру ― праваслаўную ці каталіцкую.

Да забойства некаторых святароў хрысціянскіх канфесій, у т.л. і праваслаўнай, мелі таксама дачыненне партызаны і падпольшчыкі. Усяляк вітаючы лаяльнасць акупантаў да дзейнасці праваслаўнай царквы і добра памятаючы, якія перад вайной здзекі чыніла з яе савецкая ўлада, нямала хто з папоў не жадаў вяртання апошняй на беларускую зямлю і таму адкрыта, свядома ішоў на супрацоўніцтва з немцамі. Сказанае было характэрна і для прадстаўнікоў праваслаўнага кліру далучаных да БССР у верасні 1939 г. ад Польшчы земляў, бо савецкі атэізм і тут за самы сціслы тэрмін паспеў паказаць сваю непрымірымую варожасць да рэлігіі. Так, за выдачу немцам партызанаў благачынным Антопальскага сабора пратаіерэем А. Мацкевічам народныя мсціўцы спалілі яго хату і царкву 2. Характэрна, што такія варожыя да партызанскага руху дзеянні некаторыя з папоў не спынілі і пасля таго, як у верасні 1943 г. Сабор епіскапаў Рускай праваслаўнай царквы ў Маскве строга асудзіў святароў і вернікаў за такую здраду Радзіме. З розных крыніц інфармацыі беларускія папы маглі даведацца пра прыняцце Саборам такой пастановы, а не выконвалі яе, не выключана, па прычыне нежадання падпарадкавацца ўладзе Маскоўскага патрыярхата.

§ 9. Абвяшчэнне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы

Пры ўсіх складанасцях, цяжкасцях аднавіць, зрабіць больш-менш прыстойным і пры панаванні акупацыйнага рэжыму царкоўна-рэлігійнае жыццё духоўныя асобы нацыянальнай арыентацыі ніколі не забываліся пра неабходнасць як мага цясней знітаваць яго з беларускім ідэалам. Дасягнуць такога праваслаўная царква магла, толькі стаўшы незалежнай, аўтакефальнай. Гэта было галоўным кірункам для многіх праваслаўных святароў ад першых да апошніх дзён акупацыі. Дзеля гэтага яны нават не пярэчылі, падтрымалі вызваленне акупантамі мітрапаліта Панцеляймона ад займаемай пасады. Здзейсненыя ― няхай сабе і не ў поўным, жаданым аб'ёме ― захады па забеспячэнні сапраўднай незалежніцкай самастойнай дзейнасці праваслаўнай царквы Беларусі пры нямецкім акупацыйным рэжыме ўсё больш пераконвалі духавенства ў неабходнасці афіцыйнага набыцця ёю так патрэбнага і ў той час статусу аўтакефальнай. Разам з кіраўнікамі праваслаўнай царквы да гэтай знамянальнай падзеі ў гісторыі ўсяго беларускага народа актыўна рыхтаваліся і прадстаўнікі нацыянальна самасвядомай інтэлігенцыі. У якасці адной з перадумоў на атрыманне права ўдзелу ў Беларускім Праваслаўным Саборы (прызначаўся на 28 жніўня 1942 г.), на якім павінна было адбыцца кананічнае афармленне фактычна ўжо праведзенай аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы, прызнавалася прыналежнасць асобы да беларускай нацыі 1. Такое патрабаванне было цалкам абгрунтаваным, бо мэтанакіраваная кадравая палітыка кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы прывяла да таго, што сярод іерархаў, святароў гэтай канфесіі ў нас шмат было асобаў небеларускай нацыянальнасці і таму для бальшыні іх ідэя аўтакефальнасці магла б прыйсціся не даспадобы.

Адсутнасць Панцеляймона ў кіраўніцтве праваслаўнай царквой нісколькі не паўплывала на гэтую канфесію. Дзейнасць яе працягвалася. Аднак надзея, што яго наступнік архіепіскап Філафей пачне беларусізаваць праваслаўную царкву, не спраўдзілася. Па яго віне ў царкоўным жыцці ўсё захоўвалася ў ранейшым стане. Пачалі і на імя Філафея слаць мемарандумы, зместам падобныя на тыя, што некалі ўручаліся мітрапаліту Панцеляймону. Асноўнымі патрабаваннямі ў мемарандумах да Філафея былі змена святароў прарускай арыентацыі нанацыянальна-свядомымі беларусамі, афіцыйнае афармленне аўтакефаліі праваслаўнай царквы. Паколькі згоды на гэта ад яго не было атрымана, ізноў усе пытанні такога роду даводзілася развязваць пры пасрэдніцтве Генеральнага камісарыята Беларусі. Лісты сюды высылалі і прыхільнікі, і праціўнікі аўтакефаліі. Большую падтрымку ў яго знаходзілі першыя. Распачалася інтэнсіўная праца па скліканні на 28 жніўня 1942 г. Усебеларускага Царкоўнага Сабора, які павінен быў абвясціць праваслаўную царкву Беларусі аўтакефальнаю. З Лядаў прыйшло паведамленне, што зараз гэтую ідэю падтрымлівае і мітрапаліт Панцеляймон. Прысутнічаць на Саборы, першае пассяджэнне якога адбылося 30 жніўня 1942 г., нямецкія ўлады забаранілі яму. Старшынстваваў на ім архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Філафей, заступнік мітрапаліта Менскага і ўсяе Беларусі.

На адрас Сабора, які распачаў сваю дзейнасць ў Прэабражэнскім храме былога жаночага манастыра, паступілі прывітанні ад Цэнтральнай рады Беларуская народнай самапомачы, Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, і асобна ад яго Праваслаўнай камісіі, праваслаўных беларусаў Смаленшчыны, у якіх выказваліся пажаданні і надзеі, што нарэшце і Беларуская праваслаўная царква стане незалежнай, будзе служыць свайму народу. У прывітанні Праваслаўнай камісіі пры БНК у Вільні прасілі Усявышняга дапамагчы "давясьці да пажаданага выніку вялікую й сьвятую справу ўрэгуляваньня нашае Царквы на тэрыторыі Беларусі. Дзень 28 жніўня 1942 г., як і Дзень 25 сакавіка, увойдзе ў гісторыю нашае Царквы і нашага народу, як найвялікшае сьвята. Аб чым мы, праваслаўныя беларусы, маглі толькі летуцець, ― зьдзейсьнілася. Беларусь будзе мець сваю незалежную Аўтакефальную Царкву. Царква перастане быць аружжам у руках нашых ворагаў дзеля русіфікацыі, або паланізацыі нашага народу. І нарэшце атрымае магчымасьць выконваць свае заданьні: выхоўваць верных у хрысьціянскім духу й добрых сыноў сваёй бацькаўшчыны".

Асноўныя рефераты на Саборы прачыталі протаіерэй Я. Балай ― "Кананічныя асновы аўтакефаліі" і протаіерэй І. Кушнер ― "Пытанне аўтакефаліі на Беларусі". Пасля заслухоўвання рефератаў з прамовай у падтрымку ідэі аўтакефаліі выступіў Філафей. З ёю цалкам пагадзіліся і ўсе, хто браў слова падчас дыскусіі. З усіх выступоўцаў толькі адзін прамаўляў па-руску.

Належныя да прыняцця на Саборы акты, сам праект статута Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы вельмі грунтона абмяркоўваліся і былі аднадушна ўхваляны.

Несумненна, найважнейшым дасягненнем арганізатараў і ўдзельнікаў праведзенага Сабора трэба прызнаць распрацоўку і прыняцце прагрэсіўнага ва ўсіх дачыненняхСтатута Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквыю У адпаведнасці з гэтым дакументам яна абвяшчалася "незалежнай ад якой-небудзь замежнай духоўнай ці сьвецкай улады", атрымлівала права карыстацца "ў сваім нутраным жыцьці поўнай свабодай самаўпраўленьня". У пункце 8 Статута зазначалася, што "богаслужэбнай мовай … з'яўляецца царкоўна-славянская, як мова старадаўняя і асьвячоная векавою традыцыяй". Пункт 9-ы меў такі змест: "Мовай царкоўнай пропаведзі, навучаньня рэлігіі й царкоўнага ўрадаваньня з'яўляецца беларуская мова. У ўсіх гэтых выпадках ужываюцца імёны ў мове беларускай, за выняткам застасаваньня тэкстаў у мове царкоўна-славянскай". Мовы датычылі яшчэ два артыкулы Статута: "108. Пры Мітрапаліце выдаецца афіцыйны ворган для ўсёй Сьвятой Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы, а пры кожным кіруючым Япіскапе ― для яго епархіі. Гэтыя ворганы выдаюцца на беларускай мове" і "112. Улады ды інстытуцыі Сьвятой Праваслаўнай Аўтакефальна Беларускай Царквы карыстаюцца ўласнымі пячаткамі і штампамі з царкоўнымі эмблемамі і надпісамі ў беларускай мове". Варта адзначыць і наступнае, што пры абранні і прызначэнні на кіраўнічыя пасады перавага аддавалася асобам беларускай нацыянальнасці. Шэраг жа пасад увогуле патрабавалася камплектаваць толькі беларусамі. Практычна ўсе пункты пра беларускую мову цалкам адпавядалі нацыянальнаму інтарэсу нашага краю, але зрабіць іх рэальнасцю не ўдалося ў гады акупацыі. І сёння беларуская мова не з'яўляецца рабочай у практыцы праваслаўнай царквы незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Згодна з усталяванай практыкай прынятыя на саборах дакументы падлягалі падпісанню іх удзельнікамі. У дадзеным выпадку такога не атрымалася. "Япіскапы … не знайшлі сябе кампэтэнтнымі падпісаць прынятыя Усебеларускім Царкоўным Саборам лісты да аўтакефальных цэркваў (свету. ― Л. Л.) у справе прызнаньня аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Япіскапы ўважалі, што толькі мітрапаліт, як галава царквы, можа падпісаць такія асноўныя дакументы. Але мітрапаліту гэтыя дакументы не былі прадстаўленыя для подпісу. Такім чынам, ізноў затрымалася афармленне аўтакефаліі.

Архіерэі беларусы, узгадаваныя ў атмасфэры расейскага царкоўнага асяродзьдзя, не маглі быць кіраўнікамі рашучай беларускай дзейнасьці на царкоўнай ніве. Пакладаныя на іх надзеі аказаліся памылковымі" 1.

За ходам падрыхтоўкі і правядзеннем Сабору ўважліва сачыла кіраўніцтва бальшавіцкага падполля на Беларусі. Чыніліся нават спробы замаху на ўдзельнікаў Сабору пасля іх вяртання дамоў. У кіраўнікоў такога падполля і партызанскіх атрадаў было крайне адмоўнае стаўленне да святароў, якія імкнуліся сваю дзейнасць будаваць у адпаведнасці з беларускай нацыянальнай ідэяй. Некаторыя з іх паплаціліся за гэта жыццём. Так, ад разрыву партызанскай міны загінуў у 1943 г. і адзін з галоўных выступоўцаў на Саборы протаіерэй І. Кушнер. Праваслаўных святароў такой накіраванасці бязлітасна зніштажалі і акаўцы.

Пра падзею, што адбылася ў канцы жніўня ― пачатку верасня 1942 г. у Менску, даведаліся з вуснаў папоў многія праваслаўныя вернікі. Якіх-небудзь пратэстаў, незадаволенасці з іх боку не паступала. Наадварот, паўсюдна назіралася радасць сярод вернікаў, бо каму ж не хочацца быць незалежным у пытаннях рэлігіі.

Станоўча ацаніў факт стварэння Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы перыядычны друк і меў на гэта падставы, бо і сапраўды царкоўна-рэлігійнае жыццё прыкметна актывізавалася ў нашым краі. Несумненна, гэта і паслужыла для аўтара (пад крыптанімам "Б. Л.") невялікага допісу ў "Беларускую газэту" ад 26 лістапада 1942 г. падставай заявіць: "Беларуская праваслаўная царква стаіць на вышыні свайго заданьня як з пункту гледзішча рэлігійнага, гэтак і з нацыянальнага".

Да ажыццяўлення прынятых на Усебеларускім праваслаўным царкоўным саборы дакументаў вярнуліся толькі ўвесну 1943 г. І тут пэўную ролю адыграла ініцыятыва беларускага нацыянальнага актыву. На просьбу архіепіскапа Філафея і епіскапа Апанаса ад 16 красавіка немцы дазволілі вярнуцца мітрапаліту Панцеляймону з выгнання (з восені 1942 г. ужо знаходзіўся ў Вілейцы). 20 красавіка ім, а таксама архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Філафеем, епіскапам Віцебскім і Полацкім Апанасам быў грунтоўна выкладзены з асвятленнем усіх найважнейшых падзей у гісторыі праваслаўнай царквы на Беларусі ліст на імя Канстанцінопальскага патрыярха з просьбай аб наданні ёй статусу аўтакефальнай. Такія ж лісты былі складзеныя і на імя іншых патрыярхаў і "перададзеныя ў гэнэральны камісарыят для перасланьня іх дыплёматычным шляхам. Які быў далейшы лёс гэтых лістоў ― няведама" 1.

Адбудова праваслаўнай царквы Беларусі на нацыянальнай аснове адбывалася ў архіскладаных умовах. І ў значнай ступені з прычыны вострага недахвату святароў беларускай скіраванасці. Выхаваныя ў рускім духу высокія царкоўныя асобы ― іерархі, нават беларускага паходжання, усяляк імкнуліся не дапусціць умацавання ролі беларускага фактару ў дзейнасці праваслаўнага духавенства. Вядомыя выпадкі наўмыснага прысвячэння на службу ў праваслаўную царкву асобаў, крайне далёкіх, чужых беларускай нацыянальнай справе. Зразумець стан тагачаснага царкоўна-рэлігійнага жыцця дазваляе вытрымка з мемарандума, пасланага 5 ліпеня 1943 г. групай беларускага актыву акупацыйным уладам: "Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная Царква сягоньня па складу іерархічна-адміністрацыйнага апарату, па яго нацыянальным настаўленьні, устабілізавалася як расейская, з моцным антыбеларускім характарам і, як такая, праяўляе актыўную дзейнасьць. Сэнс гэтага той, каб і праз царкву ўтрымаць лучнасьць абшараў былой "адзінай недзялімай Расеі"… Вонкавыя расейскія чыньнікі знаходзяць добры адгалосак сваім імкненьням у пануючай сёньня іерархіі і царкоўнай адміністрацыі Беларускай Царквы" 1.

Такую архішкодную адлучанасць праваслаўнай царквы ад беларускага ідэалу найперш трэба тлумачыць паводзінамі яе самых высокіх асобаў. Іх вельмі мала што па-сапраўднаму лучыла з нашым краем. Сказанае датычыць і архіепіскапа Філафея, які нягледзячы на тое, што быў заступнікам мітрапаліта Панцеляймона на самай жа справе кіраваў Беларускай мітраполіяй. "На словах ён, ― паводле сцвярджэння І. Касяка, ― быў прыхільнікам праводжаньня нацыянальнай беларускай лініі ў царкоўным жыцьці, але фактычна ― ўтрымліваў існаваўшы раней стан расейскага засільля ў царкве на Беларусі, унікаючы асноўных мерапрыемстваў па беларусізацыі царквы. Арх. Філафей навязаў дачыненьні з нямецкімі палітычнымі органамі і трымаўся далёка ад беларускага актыву" 2.

Пры такім варожым дачыненні да беларускай справы фактычна першай праваслаўнай асобы нашага краю нерэальна было б разлічваць, што гэтая вядучая тут хрысціянская канфесія стане шчырай выразніцай карэнных інтарэсаў яго вернікаў. Нацыянальнаму аспекту ў яе дзейнасці стала трохі больш надавацца ўвагі толькі пасля стварэння ў снежні 1943 г. Беларускай Цэнтральнай Рады, пры якой меўся і аддзел веравызнання. Прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі належаў да праваслаўнай веры і імкнуўся дапамагчы надаць ёй нацыянальны характар, што неўзабаве адчула кіраўніцтва БАПЦ. У час правядзення ў маі 1944 г. сабора епіскапаў, на якім старшынстваваў мітрапаліт Панцеляймон, сюды паступіў ліст Р. Астроўскага з дамаганнямі аб актывізацыі дзейнасці БАПЦ у нацыянальным будаўніцтве Беларусі, пераўзгадаванні "часткі беларускага грамадзянства, атручанага бальшавіцкай прапагандай Масквы". Пасля разгляду гэтых дамаганняў сабор прызнаў, што паводле самой істоты сваёй дзейнасці БАПЦ "ня можа быць іншай, як нацыянальнай Царквой Беларускага Народу і дзеля гэтага павінна ўзгадоўваць беларускае праваслаўнае грамадства ў нацыянальным духу… Праваслаўны Япіскапат Беларускай Царквы лічыць сваім сьвяшчэнным абавязкам засьведчыць, што нармальнае нацыянальнае адраджэньне нашага Беларускага Народу і будучая шчасьлівая яго доля магчымы ў тым выпадку, калі ў аснову будаўніцтва нацыянальнага беларускага жыцьця будуць паложаныя здаровыя і моцныя падваліны, якімі зьяўляюцца перадусім рэлігія і рэлігійнае узгадаваньне. Праваслаўная Царква … ня можа і ня мае права адмаўляцца ад сваёй нацыянальнай рэлігійнай працы і япіскапы яе даложуць усіх стараньняў, каб гэта работа была плоднай і карыснай для жыцьця і шчасьця Беларускага Народу" 1.

Але ў епіскапаў ужо на гэта неставала часу. Прамарудзілі, а таму і спазніліся штосьці адмыслова карыснае зрабіць для Бацькаўшчыны. І ўсё ж важна для таго, каб правільна зразумець, які дух панаваў на майскім (1944 г.) саборы, адзначыць, што ў прынятай на ім пастанове меліся пункты выразна нацыянальна-адраджэнскага плану, у прыватнасці трэці: "Забавязаць усё духавенства Праваслаўнай Беларускай Царквы ў пропаведзі, у школах і ўзаемаадносінах з прыхаджанамі карыстацца выключна беларускай мовай"; чацвёрты: "Забавязаць усіх сьвяшчэнна- і царкоўна-служыцеляў авалодаць у магчыма кароткім часе беларускаю народнаю моваю"; шосты: "Даручыць Блажэньнейшаму Мітрапаліту Панцеляйману, як першаіерарху Беларускай Царквы, і ўсім епархіяльным япіскапам, першаму ў Менску пры мітраполіі, а апошнім у сваіх епархіях парупіцца аб наладжваньні выдавецтва духоўна-друкаваных перыядычных часопісаў, календароў і рэлігійна-маральнай літаратуры на беларускай мове"; сёмы: "Дыручыць Сьвяшч. Сыноду прысьпешыць выданьне падручнікаў Закону Божага на беларускай мове". Не забываліся на беларускую мову пры разглядзе на саборы і іншых пытанняў. Як станоўчае трэба прызнаць даручэнне "ўсім Епархіяльным Япіскапам апрацаваць зборнік пропаведзяў на беларускай мове на ўсе нядзельныя і сьвяточныя дні, выдаць яго і разаслаць духавенству епархіі" 1.

Лішнім было б тлумачыць, якую вялікую карысць для беларускай справы мела б, каб такую прагрэсіўную лінію выпрацавалі хаця б на два гады раней. Як на пачатку, так і ў канцы нямецкай акупацыі Праваслаўная царква з вялікай цяжкасцю дастасоўвала сваю дзейнасць да нацыянальных інтарэсаў Беларусі. І найбольш за ўсё праблем узнікала, яшчэ раз падкрэсліваю, у сувязі з недахватам дзеля дасягнення гэтай мэты святароў беларускай арыентацыі. "Сярод кандыдатаў на духаўнікоў трапляліся асобы без нутранога ідэйнага пакліканьня для душпастырскай працы, якія кіраваліся толькі матар'яльнымі і вузка эгаістычнымі мэтамі. З нацыянальнага боку, гэта былі людзі пераважна зьвязаныя з даўняй расейскай царквой на Беларусі і таму абыякавыя, ці нават варожыя да нацыянальнай беларускай справы. Зразумела, што такія духаўнікі не маглі належна служыць ані рэлігійным, ані нацыянальным патрэбам беларускага народу" 2. Калі што карыснае і было зроблена высокімі духоўнымі асобамі БАПЦ для беларускага інтарэсу падчас нямецкай акупацыі, дык гэта ў значнай ступені сталася вынікам магутнага ўплыву на іх нацыянальна-самасвядомых свецкіх дзеячоў.

У духу прынятых у маі 1944 г. кіраўніцтвам БАПЦ рашэнняў давялося папрацаваць усяго толькі адзін месяц. Пры адсутнасці ў яе іерархаў сапраўднага інтарэсу да беларушчыны за такі кароткі час практычна не ўдалося зрабіць нічога вартага для яе. За дзён дзесяць да сканчэння чэрвеня праваслаўнае духавенства хвалявалі ўжо не так царкоўна-рэлігійныя пытанні, а якую пазіцыю заняць у сувязі з набліжэннем да Менска войскаў Чырвонай Арміі. Да канца не пашчасціла не толькі ідэі аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы, але і самому будынку, дзе ў такі трывожны, неспрыяльны час у канцы жніўня ― пачатку верасня 1942 г. спрабавалі нарэшце развязаць гэтую лёсавызначальную для краіны праблему. Паводле распараджэння мінскіх гарадскіх уладаў яго ўзарвалі ў 1960 г. і на гэтым месцы ўзвялі будынак пад рэспубліканскую пракуратуру.

Мэтанакіравана праводзячы цвёрды курс на ўвасабленне ў жыццё прагрэсіўнай ідэі аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы, нацыянальнай арыентацыі духоўныя асобы гэтай канфесіі, прагрэсіўныя свецкія колы не забываліся і на іншыя пытанні, звязаныя са стварэннем для людзей магчымасці маліцца Богу. Адметнай з'явай тут па праву можна назваць аднаўленне ў 1943 г. богаслужэння ў Менскім Свята-Духавым кафедральным саборы.

На працягу ўсіх акупацыйных гадоў з парадку дня не знімалася пытанне пра забеспячэнне праваслаўных вернікаў бажніцамі, асабліва ва ўсходніх раёнах Беларусі, дзе так бязлітасна змагаліся з царквою атэісты. Каб прыняць непасрэдны ўдзел у арганізацыі прыходскага жыцця ігумен Серафім і іерэй Рыгор пакідаюць Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр і накіроўваюцца на ўсход Беларусі. Яны пакінулі аб сабе добры след у Оршы, Гомелі, Бабруйску і іншых гарадах. Адноўленая ўлетку 1944 г. у Беларусі бязбожная савецкая ўлада аднак не палічылася з заслугамі гэтых місіянераў і пазбавіла іх волі, загнаўшы на пяць гадоў у канцлагеры. З прычыны смерці архімандрыт Серафім адседзеў у ім толькі каля года 1.

Адсутнасць якіх-небудзь сур'ёзных абмежаванняў для праваслаўнай царквы прычынілася да досыць інтэнсіўнага пашырэння сеткі яе храмаў і павелічэння колькасці вернікаў. Ужо ў 1942 г. на падведамнай Беларускай мітраполіі тэрыторыі функцыянавала больш за 1000 храмаў. Даволі паспяхова вялася падрыхтоўка царкоўных кадраў, прычым больш эфектыўна ў апошні год акупацыі. Так, у красавіку 1944 г. былі адкрыты другія багаслоўна-пастырскія і псаломшчыцка-пеўчыя курсы, выпушчана 22 кандыдаты на святароў. Усяго ж з 1941 г. у сан святара пасвяцілі 213 чалавек 2.

Прадстаўнікі праваслаўнага кліру жыва цікавіліся, актыўна ўдзельнічалі ў рознага роду нацыянальных, грамадскіх, культурных мерапрыемствах, часта ў адкрытую заяўляючы пра сваё жаданне бачыць Беларусь незалежнай краінай. З удзелам самых высокіх духоўных асобаў адбыліся першы (1 ― 2 лістапада 1942 г.) і другі (восень 1943 г.) з'езды Беларускай народнай самапомачы. Такая актыўнасць была зусім не даспадобы партызанам: ад іх рук за гады акупацыі загінула 42 праваслаўныя святары 1.

Не зведвалі якіх-небудзь абмежаванняў з боку акупацыйных уладаў праваслаўныя вернікі той беларускай этнічнай тэрыторыі, што была ўключана ў склад Усходняй Прусіі. Яны сябе адчувалі намнога лепш, чым за Другой Рэччу Паспалітай, таму мясцовыя святары імкнуліся не ўступаць ні ў якія канфлікты з новымі гаспадарамі, наадварот, шукалі паразумення з імі. Што яно ў многіх месцах дасягалася, сведчыць факт паездкі святара Пружанскага сабора У. Піпінкевіча ў 1943 г. у якасці кіраўніка брэсцкай царкоўнай дэлегацыі ў Берлін для ўдзелу ў ладкаваных мерапрыемствах з нагоды 50-годдзя аднаго з самых блізкіх паплечнікаў Гітлера Герынга. "Пасля вяртання дамоў ён у публічных выступленнях заклікаў прыхаджан да барацьбы з партызанамі" 2. За такія ўчынкі праваслаўным святарам не даравалі партызаны і падпольшчыкі ў гады акупацыі, а савецкая ўлада ўжо ў мірны час. Вядомыя факты цеснага супрацоўніцтва з немцамі беларускіх пратэстантаў, чаму ў пэўнай ступені спрыяла шырокае распаўсюджанне дадзенай канфесіі сярод насельніцтва Германіі. У выгодным для акупацыйнага рэжыму рэчышчы працякала дзейнасць секты евангельскіх хрысціян-баптыстаў Ваўкавыска. "Яна распаўсюджвала літаратуру антысавецкага кірунку, выдадзеную ў Берліне, Лодзі і іншых гарадах, падтрымлівала сувязь з прапаведнікамі, якія прыязджалі з Германіі" 3. З падобнага роду дзеяннямі ніяк не маглі мірыцца партызаны і падпольшчыкі, жорстка распраўляючыся з прыслужнікамі акупацыйнаму рэжыму.

§ 10. Паяднанне народа з царквою

Пэўны паварот высокіх колаў духавенства, галоўным чынам праваслаўнага, да беларускага нацыянальнага інтарэсу адыграў выключна важную ролю ў лёсе Бацькаўшчыны. На ўсіх жа яе абшарах паўнаўладна панаваў чужынец са сваімі рабаўніцкімі планамі, таму ні ў адной з хрысціянскіх канфесій не меў права на першым месцы знаходзіцца рускі ці польскі інтарэсы, як гэта так характэрна было ў мінулыя часы. Праведзеныя захады па знітаванні царкоўна-рэлігійнай дзейнасці з беларускім нацыянальным ідэалам зрабілі яе больш адпаведнай карэнным інтарэсам нашага народа, таму ён так актыўна вяртаўся да Бога, паважаў тых, хто прысвяціў сябе прафесійнаму служэнню Яму. Усведамленне вернікамі непадзельнасці, агульнасці лёсу іх саміх і духавенства ў адказную для Бацькаўшчыны часіну, як нішто іншае, спрыяла павышэнню да яго павагі з боку ўсяго беларускага грамадства.

Пераканаўшыся, што за перадваенныя гады жыцця без Бога не ўдалося з свядомасці беларускага народа выкараніць веру ў Яго, да гэтай праблемы цяпер зусім інакш паставілася і кіраўніцтва партызанскага руху. Яно зразумела, што ваяваць па-ранейшаму з Богам азначала б адштурхнуць ад сябе значныя пласты беларусаў, што магло б адмоўна адбіцца на масавасці і эфектыўнасці партызанскай, падпольнай барацьбы. Такое стаўленне кіраўнікоў партызанскага руху і партыйнага падполля да царкоўна-рэлігійнага жыцця сям-там паспрыяла яго актыўнасці, але не ў належнай ступені, бо вельмі рэдка дзе ў сельскай мясцовасці захаваліся хрысціянскія храмы, засталіся ў жывых служыцелі кліру.

Аўтарытэт духавенства ў гады фашысцкай акупацыі так узрос, што некаторым з яго прадстаўнікоў даверылі ўзяць удзел у рабоце скліканага на 27 чэрвеня 1944 г. Другога Усебеларускага Кангрэса. У іх ліку: протаіерэй, настаяцель мінскага катэдральнага Сабора Язэп Балай, прэсвіцер евангельскіх хрысціян-баптыстаў Дзекуць-Малей, протаіерэй, сябра Мітрапалітнае ўправы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы М. Лапіцкі, ксёндз, доктар багаслоўя П. Татарыновіч, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, заступнік мітрапаліта ўсяе Беларусі, старшыня Аўтакефальнага Сабора Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Менску Філафей (Нарко). З іх першым з прывітаннем-прамовай выступіў перад удзельнікамі Кангрэса архіепіскап Філафей. Ён выказаў задавальненне, "што дні прыгнёту скончыліся і можна свабодна маліцца ў царкве, хоць праца і не зусім яшчэ добра наладжана" 1. За вялікую падзею прызнаў правядзенне ў канцы жніўня ― пачатку верасня 1942 г. Усебеларускага Праваслаўнага Сабора ў Менску і вельмі прасіў старшыню Беларускай Цэнтральнай Рады Р. Астроўскага, які выступаў на Кангрэсе з рэфератам, не забывацца, што, акрамя ўсяго іншага, існуюць "яшчэ і рэлігійна маральныя ідэалы. У сувязі з гэтым трэба падумаць і аб адбудове рэлігійна- маральнага характару народу. Калі ідзе аб змаганьні з бальшавізмам, дык трэба ведаць, што хрысьціянская культура з'яўляецца найбольшым ворагам бальшавізму. У барацьбе за лепшую долю трэба вырабіць сьветапагляд праціўны бальшавізму ― сьветапагляд хрысьціянскай культуры" 2. Не дзіўна, што за такі антыбальшавіцкі змест выступлення архіепіскап Філафей атрымаў гучныя апладысменты.

Прасвіцер Дзекуць-Малей пачаў сваё выступленне з выказвання пачуцця радасці, "што сягоньня … маем магчымасьць сабрацца ў адпаведным будынку, бо да гэтага часу … працавалі ў падпольлі… Нас баптыстых нямнога, яшчэ за цара мы былі прасьледаваныя, цяпер у Беларусі мы жывём вольна". Ксёндз П. Татарыновіч запэўніў Кангрэс, што каталіцкае духавенства "і на сягоньня і на прышласьць пацьвярджае сваё супрацоўніцтва ў беларускай адраджэнскай працы" 3.

Зразумела, ніхто з духоўных асобаў падобных антыбальшавіцкіх і антысавецкіх поглядаў не збіраўся заставацца на Беларусі, у якой свае апошнія дні дажывала нямецкая акупацыя. Разам з многімі, хто служыў у створаных акупантамі адміністрацыйных органах, розных установах і на прадпрыемствах, рушыла на Захад і немалая колькасць духоўных асобаў. Пры першай магчымасці яны працягвалі там сваю царкоўна-рэлігійную дзейнасць.

Ва ўсіх дачыненнях выезд духавенства на Захад ― гэта вымушаны крок. Ісці на такое мала каго радавала, бо не сумняваліся, што без іх не будзе каму прадоўжыць працу па далейшай адбудове царкоўна-рэлігійнага жыцця. Мелі ўпэўненасць, што бальшавікі рана ці позна зноў вернуцца да атэізму, барацьбы з Богам. Пакідаць жа Бацькаўшчыну трэба было з прычыны цалкам рэальнага пакарання савецкім судом, паколькі рэлігійную дзейнасць ажыццяўлялі з пазіцый незалежнасці ад Маскоўскай патрыярхіі, усяляк спрыялі развіццю нацыянальнай культуры, аздараўленню этнічнай самасвядомасці беларускага народа і ва ўсім гэтым дамагліся пэўнага поспеху. Той жа, хто па розных прычынах не падаўся на Захад, зведаў нямала суровых, несправядлівых выпрабаванняў на сваім жыццёвым шляху. У ліку тых, хто з адступленнем немцаў не пусціўся наўцёкі, быў і менскі ксёндз В. Шутовіч, які зусім нядаўна атрымаў ад іх дазвол на прыезд у Менск. Савецкія рэпрэсіўныя органы засудзілі зусім нявіннага святара да 10 гадоў зняволення 1. Вялікія цяжкасці з працягам працы мелі тыя праваслаўныя святары, што з прыхільнасцю ставіліся, штосьці карыснае рабілі ў гады акупацыі дзеля сцвярджэння ідэі аўтакефаліі.

Характар, змест царкоўна-рэлігійнага жыцця ў перыяд нямецкага панавання ― гэта менавіта тое, за што менш за ўсё ёсць падстаў асуджаць акупацыйны рэжым. Яго архітэктары талерантна ставіліся да адбудовы такога жыцця, хаця маюць вялікую віну за смерць самых адданых беларускаму нацыянальнаму інтарэсу святароў. Не выклікае сумнення, што ажыццёўленыя ў гады акупацыі захады па аднаўленні рэлігійнай дзейнасці ў цэлым адыгралі станоўчую ролю ў лёсе народа. Кожная з хрысціянскіх канфесій, а таксама іслам рабілі ўсё магчымае, каб у тую цяжкую часіну хоць трохі аблегчыць становішча сваіх вернікаў. Такое з'яўлялася немагчымым толькі для святароў іўдзейскай веры. У гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі не функцыянавала ніводная з сінагогаў. Вернікі гэтай канфесіі выходзілі на Бога, не супольна молячыся ў храмах, а ў індывідуальным парадку. Сур'ёзна дапамагчы ім не маглі ні праваслаўнае, ні каталіцкае, ні пратэстанцкае, ні мусульманскае духавенства.


Раздзел VII. Беларуская культура па-за межамі ГАБ

Вышэй ужо пісалася, што ў склад Генеральнай акругі Беларусь уваходзіла толькі чвэртка этнічнай тэрыторыі нашага народа. Большая ж частка яе знаходзілася ў зоне нямецкага вайсковага камандавання. Паўднёва-заходнія раёны Брэсцкай і Беластоцкай абласцей з гарадамі Гродна і Ваўкавыск былі далучаны да Усходняй Прусіі (цэнтр Беласток), паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласцей ― да рэйхскамісарыята "Украіна", паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці ― у Генеральную акругу Літвы 1. У час нямецкай акупацыі на гэтых беларускіх землях культура карэннага насельніцтва апынулася ў надзвычайна цяжкіх умовах. Яна не зведала, мо, і дзясятай долі ўвагі да сябе з боку вайсковай і цывільнай адміністрацыі дый самой грамадскасці, як гэта мела месца ў Генеральнай акрузе Беларусь.

§ 1. У зоне нямецкага армейскага тылу

У гэтую вайскова-адміністрацыйную адзінку ўключылі Віцебскую і Магілёўскую вобласці поўнасцю, большую частку Гомельскай і ўсходнія (ад Барысава) раёны Мінскай абласцей. Паводле сваіх памераў яны істотна перасягалі Генеральную акругу Беларусь. У акупацыйнай нацыянальна-культурнай палітыцы ў межах гэтай тэрыторыі армейскага тылу шмат чаго было адрознага ад ГАБ, на што меліся адпаведныя прычыны, у чым лёгка будзе пераканацца з ніжэйпрыведзеных матэрыялаў.

У тых усходніх раёнах Беларусі, дзе ўсё падлягала юрысдыкцыі вайсковай адміністрацыі, іх "новыя гаспадары" асабліва не ставілі перад сабой за мэту спрыяць арганізацыі культурнага абслугоўвання насельніцтва, ахоўваць яго духоўную спадчыну ад рабавання. Не сумняваюся, што многім з іх была добра вядомай крылатая фраза Адольфа Гітлера: "Ніводзін народ не жыве даўжэй за помнікі сваёй культуры", таму чакаць, што чужынцы будуць шанаваць іх на Беларусі не даводзілася, паколькі ў планах акупацыйных уладаў не прадугледжвалася стварэнне тут неабходных умоў для прыстойнага культурнага жыцця. І яны сапраўды не ствараліся, а вось матэрыяльная база яго нішчылася бязлітасна. Амаль адсутнічаў у планах акупантаў намер знайсці ў сваёй культурнай палітыцы хоць нейкае месца для беларускага фактару, бо падлеглая юрысдыкцыі вайсковых уладаў тэрыторыя нашага краю не разглядалася імі як беларуская. Пэўная падстава для гэтага мелася, паколькі не толькі ў буйных, але і ў сярэдніх паводле свайго памеру населеных пунктаў людзі пад сталым прэсам асіміляцыі карысталіся пераважна рускай мовай. Такое трывожнае становішча з беларускай нацыянальнай культурай не магло не хваляваць тых, хто і ў той час жыў не толькі сваімі ўласнымі, але і агульнанацыянальнымі інтарэсамі.

Пра грубае, незаконнае ігнараванне беларускага фактару ў зоне нямецкага армейскага тылу было добра вядома савецкаму ідэалагічнаму апарату, чаго ён ніяк не мог абысці ў сваёй працы. Каб не быць пад яго абстрэлам, нямецкае камандаванне час ад часу мяняла сваю пазіцыю ў гэтым пытанні, прычым нават больш крута, чым такое вынікала з савецкай прапаганды. Так, 21 кастрычніка 1941 г. камандуючы вобласці тылу па арганізацыі жыцця мясцовага насельніцтва выдаў распараджэнне наступнага зместу: "Для барацьбы з савецкай прапагандай павінны быць выкарыстаны ўсе магчымыя сродкі. Да іх належыць беларусізацыя (цалкам выключаная з савецкай нацыянальнай палітыкі яшчэ да сярэдзіны 30-х гадоў. ― Л. Л.). Беларускія людзі, якім мы можам давяраць, павінны быць прыцягнутыя да арганізацыі беларусізацыі на мясцовым грунце… Адной з мэт з'яўляецца клопат аб беларускіх звычаях, спевах, музыцы, утварэнне дзіцячых садкоў, вытворчасць тавараў першага побыту, арганізацыя працы дома, спрыянне развіццю беларускай мовы, правядзенне тэатральных мерапрыемстваў" 1 (падкрэслена мною. ― Л. Л.). Распараджэнне арганічна ўпісвалася ў беларускую нацыянальную ідэю, але на практыцы такое мала дзе назіралася. Не выключана, што яно (распараджэнне) было прынята ў пэўным сэнсе слова ў прапагандысцкіх мэтах.

Блізкасць усходніх абласцей Беларусі да нямецка-савецкага фронту прычынілася да таго, што насельніцтва іх, мо, як ніякае іншае, увесь час старанна апрацоўвалася ідэалагічнымі структурамі акупацыйных уладаў. У гэтых мэтах інтэнсіўна выкарыстоўваліся сродкі масавай інфармацыі і ў першую чаргу перыядычны друк.

У зоне нямецкага вайсковага камандавання шырока практыкавалася з чыста прапагандысцкай мэтай называць газеты "Новый путь". Пад такім найменнем яны выдаваліся на рускай мове ў Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Лепелі, Магілёве, Оршы і іншых гарадах. Выходзілі адзін-два разы на тыдзень. Выданнем газет курыраваў аддзел прапаганды штаба тылавога раёна групы армій "Цэнтр". На старонках газет, акрамя ваенных і міжнародных аглядаў, зводак і карэспандэнцый з фронту, друкаваліся "навіны гарадскога і правінцыйнага жыцця, культуры, антысавецкая і антысеміцкая публіцыстыка, літаратурныя творы, гаспадарчыя парады і інш". Бабруйская і Віцебская газеты "Новый путь" мелі шматтыражныя дадаткі "Женский листок", "Сельхозхозяйственный листок", "Новь" і інш. 1

Беларускаму народу робіць немалы гонар, што пры ўсёй экстрэмальнасці становішча ў зоне вайсковага камандавання не зведалася недахопу ў людзях, што не забываліся і тады пра неабходнасць трымацца ўласных культурна-моўных традыцый. Натуральна, цяжкасцяў з гэтым мелася нямала. Тут нельга не адзначыць і такую акалічнасць, як наяўнасць даволі значнай колькасці нядаўніх мясцовых савецкіх актывістаў, калі не з варожым дык з абыякавым стаўленнем да беларушчыны, з якой яны вялі ў 30-я гады барацьбу. Неабходна ўлічваць і такое, што галоўным клопатам для многіх людзей з'яўляліся не культурная дзейнасць, а праблема забяспячэння сябе прадуктамі харчавання, жыллём, ратаванне ў зімовы перыяд ад холаду. Нацыянальная пасіўнасць некаторай часткі мясцовага насельніцтва гэтых усходніх раёнаў Беларусі ў значнай ступені тлумачыліся цяжкімі наступствамі шматгадовай русіфікацыі (у яе цэнтральных і заходніх раёнах такое не так моцна адчувалася), а таксама больш познім разгортваннем тут працы па правядзенні дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, паколькі адны з іх (раёнаў) знаходзіліся ў складзе РСФСР да вясны 1924, другія ― да канца 1926 г. Даводзілася лічыцца і з тым, што з прычыны блізкасці нямецка-савецкага фронту ад усходняй часткі беларускай тэрыторыі, тут панавалі надзвычай строгія нямецкія вайсковыя парадкі, знаходзілася шмат савецкіх ваеннапалонных, сфармаваных Вермахтам з іх верных яму часцей для ўдзелу ў вайне з СССР. Хапала і цывільнага немясцовага насельніцтва самых розных нацыянальнасцяў. Усё гэта не магло не абцяжарваць арганізацыю беларускага нацыянальнага жыцця, і калі яно не замерла, дык толькі таму, што было каму з усёй сур'ёзнасцю і адказнасцю паклапаціцца пра яго.

Галоўным жа клопатам нацыянальных сіл, якім даводзілася дзейнічаць па-за межамі Генеральнай акругі Беларусь, з'яўлялася арганізацыя навучання дзяцей у адпаведнасці з уласнымі традыцыямі свайго народа, чым толькі і можна было знітаваць іх (дзяцей) з культурай, звычаямі роднага краю, зрабіць устойлівымі ад анямечвання, якая пры спрыяльных умовах магла б вельмі хутка запрацаваць на ўсю моц. Практычна не мелася на беларускай этнічнай тэрыторыі аніводнага больш-менш буйнога населенага пункта, дзе не было б арганізавана грамадскае навучанне дзяцей, толькі, на вялікі жаль, не заўсёды на іх роднай мове, на што меліся важкія прычыны. Найперш ― гэта непрызнанне фашысцкім ідэалагічным апаратам, нямецкімі вайсковымі і цывільнымі начальнікамі насельніцтва гэтых абласцей за беларусаў, чаго ў асноўным не назіралася на тэрыторыі ГАБ, дзякуючы не ў малой ступені справядліваму, прыхільнаму стаўленню да гэтай праблемы самога В. Кубэ. Сказанае тлумачыць, чаму ва ўсходніх раёнах Беларусі колькасна пераважалі школы не на яе роднай мове, а на рускай. Аднак і пры такой неспрыяльнай моўнай палітыцы дзеці цалкам не адрываліся ад сваіх каранёў, калі ў гэтым былі зацікаўлены настаўнікі. На шчасце, такое мела месца ў жыцці. Гэта такім педагогам беларускае школьніцтва Віцебшчыны не ў малой ступені абавязана магчымасцю чытаць у гады акупацыі часопіс "Юнацкі покліч".

Меўшыя месца сумненні "новых гаспадароў" датычна прыналежнасці карэннага насельніцтва вайсковай зоны да беларускага народа не маглі не паўплываць і на ролю нацыянальнага фактару пры арганізацыі дзейнасці тамтэйшых устаноў адукацыі і культуры. А іх функцыянавала не так ужо і мала. Сказанае ў поўнай ступені датычыць і Віцебшчыны. Нягледзячы на прычыненыя ў выніку баявых дзеянняў разбурэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы агульнаадукацыйных школ, некаторыя з іх прыступілі да працы, праўда, са спазненнем, ужо ў 1941/42 н.г. Затое больш арганізавана, якасна вяліся заняткі ў наступным навучальным годзе, пра што старанна патурбаваліся кіраўнікі асветы. У адпаведнасці з прынятым у пачатку жніўня 1942 г. аддзелам народнай адукацыі Віцебскай гарадской управы прадпісаннем усе настаўнікі горада і раёна абавязваліся прайсці ў другой палове гэтага месяца двухтыднёвыя настаўніцкія курсы. Настаўнікі, што прыбывалі з раёна, забяспечваліся бясплатным харчаваннем і інтэрнатам, але павінны былі ўзяць з сабой сяннік і пасцельную бялізну 1. У праграму курсаў былі ўключаны лекцыі прафесара Сашальскага аб Новай Еўропе і нацыянал-сацыялізме, лекцыі аб міжнародным становішчы і ваенных падзеях на Усходнім фронце, па пытаннях выкладання беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі і гісторыі. Дакладчыкамі па пералічаных пытаннях былі самыя дасведчаныя настаўнікі горада. Усяго ў дзень адкрыцця курсаў (15 жніўня) зарэгістравана 177 чалавек 2. Яны сабраліся ў глядзельнай зале Віцебскага нардома, куды прыйшлі вітаць настаўнікаў прадстаўнікі нямецкага камандавання, гарадской управы, выдавецтва "Новый путь" і інш. Першы з іх заклікаў настаўніцтва "зрабіць усё, каб даць краіне маладое пакаленне высокакультурнае і выхаванае ў духу Новай Еўропы". Рэдактар газеты "Новый путь" А. Брандт гаварыў аб неабходнасці "прышчапляць моладзі паняцці аб нацыі, радзіме, абавязку. Мы ўваходзім у сям'ю цывілізаваных народаў Новай Еўропы, і гэта накладвае на нас шэраг новых абавязкаў". У прамове загадчыка гарадскога аддзела школ Рагулі настаўнікам прапаноўвалася "выхоўваць у дзяцей сапраўдны беларускі патрыятызм" 1, што, аднак, наўрад ці магчыма было, улічваючы статус Беларусі як акупаванай тэрыторыі. Пасля заканчэння курсаў, на якіх займалася 189 чалавек, газета "Новый путь" (31 жніўня) яшчэ раз звярнулася да асвятлення дадзенага пытання, каб падкрэсліць, якую важкую ролю надаюць у горадзе і вобласці развіццю народнай асветы. Аднак асабліва не было чым пахваліцца, бо ў Віцебску з 1 верасня 1942 г. пачыналі новы навучальны год толькі чатыры школы. У школе № 3, што размяшчалася па вуліцы Смаленская, навучалася ажно 930 дзяцей. Заняткі праводзіліся ў тры змены 2.

Адміністрацыя г. Віцебска і кіраўнікі асветы знайшлі сродкі для заснавання сямігадовай музычнай школы пры Беларускім народным доме. У 1942/43 н.г. у ёй заняткі вяліся на наступных аддзяленнях: фартап'яна, народных інструментаў (гітара, мандаліна і г.д.), вакальнае, скрыпкі і віяланчэлі, дырыжорска-харавое 3.

А вось з аднаўленнем працы Віцебскага ветэрынарнага інстытута, хаця ў спецыялістах такога профілю мелася вялікая патрэба, нічога не выйшла. Яго студэнты, якія перад вайной закончылі тры і больш курсаў, атрымалі магчымасць з 1942/43 н.г. прадоўжыць заняткі ў Ветэрынарнай Акадэміі ў г. Коўна. Прычым навучанне, інтэрнат і харчаванне былі бясплатнымі 4. Выкарыстаць такую магчымасць не ўсім удалося дый і не ўсе пажадалі.

Вайна, умовы акупацыі прычыніліся да таго, што ў самім Віцебску і яго наваколлі бадзяжнічала нямала дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў. Наколькі дазваляла сітуацыя, улады, грамадскасць пастараліся хоць у чымсьці аблегчыць іх жыццё. У ліпені 1942 г. у Віцебску мелася два дзіцячыя дамы, у якіх выхоўвалася 148 чалавек, прычым першы з іх быў ужо адкрыты 4 жніўня папярэдняга года. У такіх дамах утрымліваліся дзеці ад 0 да 7-гадовага ўзросту. У абавязкі выхавацелькаў, акрамя ўсяго іншага, уваходзіла засваенне з імі гутарковай нямецкай мовы. Рэгулярна арганізоўваліся гімнастычныя і танцавальныя выступленні дзяцей, выкананне песняў і вершаў у Віцебскім беларускім народным доме, зборы ад чаго ішлі на карысць саміх дзіцячых дамоў 1.

Наколькі дазвалялі ўмовы, імкнуліся далучаць да культурнага жыцця Віцебска і дзяцей іншых дзіцячых дамоў, створаных грамадскасцю і з дапамогаю ўладаў. 2 жніўня 1942 г. у Віцебскім беларускім народным доме адбыўся з даволі шырокай і цікавай праграмай самадзейны канцэрт дзяцей дзетдома № 3, прысвечаны яго першай гадавіне існавання. Акрамя паказу п'есы "Князь Марцыпан", выступлення аркестра народных інструментаў, танцавальнай трупы, дзеці выконвалі і фізкультурныя практыкаванні 2.

Не з такой актыўнасцю разгортвалася сетка дзіцячых дамоў у сельскай мясцовасці. Але пэўныя крокі і тут рабіліся. Улетку 1942 г. у Віцебску і раёне мелася 6 дашкольных дамоў, дзе выхоўвалася 375 дзяцей 3. Нягледзячы на ўсе цяжкасці праца ў гэтым напрамку не спынялася, бо без грамадскага догляду заставалася шмат дзяцей, у т.л. і ў самім Віцебску. Тут у пачатку лістапада 1942 г. ужо быў адкрыты 5-ы дзіцячы дом. У ім утрымлівалася 60 дзяцей ва ўзросце да 6 гадоў. Сведчаннем вялікіх матэрыяльных цяжкасцяў можа служыць такі факт, што на гэтую колькасць кантынгенту дом меў толькі 12 паліто 4.

З іншых мясцін Віцебшчыны, дзе рупіліся пра навучанне дзяцей, можна назваць аршанскі раён. У канферэнцыі, што праводзілася 4 ― 5 верасня 1942 г. у Оршы, удзельнічала ажно 232 настаўнікі. У ліку намечаных для разгляду на ёй пытанняў значылася і такое: паляпшэнне выкладання рускай мовы. З гэтага можна заключыць, што ў Оршы з дазволу, а можа і з ініцыятывы саміх акупацыйных уладаў імкнуліся адвесці вядучую ролю ў адукацыі не беларускаму, а рускаму фактару. Падобнае многа дзе назіралася ў зоне вайсковага камандавання ўсё з-за таго, што шмат у каго з нямецкіх ідэолагаў не мелася цвёрдага пераканання пра беларусаў як самабытны этнас, адрозны ад рускага. Ад нацыянальнай арыентацыі кіраўнікоў адукацыі запатрабавалася нямала намаганняў, каб праца гэтай важнай сферы духоўнага жыцця прытрымлівалася беларускіх культурна-моўных традыцый. Няблага з вырашэннем гэтай задачы спраўляліся мясцовыя ўлады і грамадскасць, найперш настаўнікі Чашнікаў, дзе ў 1942 г. заняткі вяліся ў 20 народных школах 1.

Не заставаліся па-за ўвагай культурныя запатрабаванні дарослага насельніцтва. Людзі ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі цягнуліся, як і ў мірныя гады, да розных відаў творчай дзейнасці. У тую цяжкую часіну знайшлі ў сябе сілы, магчымасці, каб наладзіць арганізаванае культурнае жыццё з добрай дамешкай да яго сапраўднага прафесіяналізму грамадскасць, творчая інтэлігенцыя Віцебска. Гэты ж горад, як вядома, традыцыйна славіўся высокім узроўнем культурнага абслугоўвання сваіх жыхароў, таму не пакінулі іх па-за ўвагай і ў гады акупацыі. Віцябляне не без радасці сустрэлі адкрыццё ў іх горадзе 1 кастрычніка 1941 г. Беларускага народнага дома (БНД). Сама назва сазведчыла, што яго калектыў з павагай будзе ставіцца да нацыянальнага фактару ў культуры. І на практыцы такое ў належнай ступені пацвердзілася. Культурнае жыццё Віцебска з першых жа дзён акупацыі будавалася пераважна не на чужым, а на беларускім нацыянальным грунце, які зведаў нямала дэфармацый у перадваенны час. За 9,5 месяца работы Беларускі народны дом арганізаваў 38 спектакляў, 28 канцэртаў і 24 кінасеансы. Тэатральная трупа, акрамя п'есаў рускіх аўтараў "Без віны вінаватыя", "Беднасць не загана" А. Астроўскага, "Вяселле" А. Чэхава, паказала спектакль па п'есе беларускага пісьменніка М. Машары "Лёгкі хлеб" і актыўна рыхтавалася да пастаноўкі п'есы В. Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта". Беларуская музыка ― харавая і сольная ― займала галоўнае месца ў канцэртных праграмах. Асаблівай папулярнасцю карысталіся выступленні хора пад кіраўніцтвам вопытнага дырыжора Лебедзева, а таксама аркестра народных інструментаў, які ўзначальваў Шапшыц. Створаны ў кастрычніку 1941 г. Віцебскі гарадскі радыёвузел паспеў да сярэдзіны лета наступнага года ўстанавіць 950 радыёкропак. На гэты час у фондах гарадской бібліятэкі пры БНД мелася 38 тыс. тамоў кніг 1. Дзеля больш якаснага задавальнення патрабаванняў аматараў кнігі ўлетку 1942 г. у бібліятэцы адкрылі даволі прасторную і ўтульную чытальную залу.

Пасля адкрыцця ў чэрвені 1942 г. пры БНД Віцебска стацыянарнага кінатэатра сталі лепш задавальняцца патрабаванні гараджан і ў дадзеным відзе мастацтва. Вось толькі перашкаджала гэтаму невалоданне абсалютнай бальшынёю іх нямецкай мовай, бо фільмы дэманстраваліся перавадна на ёй. Неўзабаве знайшлі правільнае рашэнне: нямецкія фільмы пачалі ісці з падтэкстамі на рускай, а зрэдку і на беларускай мовах 2.

Нармальнай дзейнасці Беларускага народнага дома Віцебска сур'ёзна перашкаджала ўведзеная акупантамі ў залежнасці ад часу сутак рэгламентацыя руху грамадзян у межах гарадской тэрыторыі. Так, з надыходам зімовых месяцаў вольна хадзіць па вуліцах горада дазвалялася толькі да 16 гадзін. Такія абмежаванні дзейнічалі і ў іншых гарадах ваеннай зоны. Каб даць людзям магчымасць наведваць кіно, тэатры, камендант Віцебска адсунуў час абмежавання руху па горадзе для аматараў тэатральнага мастацтва на чатыры гадзіны (да 20 гадзін), аб чым рабілася адпаведная адзнака на білетах. Прадпісвалася наступнае: "Наведвальнікі кіно і тэатраў абавязаны пасля сеансу адразу ж накіроўвацца дахаты, выбіраючы пры гэтым найкарацейшы шлях. Усе, заспетыя на кружным шляху або пасля дазволенага часу, будуць належаць найстражэйшаму пакаранню. Таксама ўсялякае злоўжыванне, дапушчанае ў сувязі з уваходнымі білетамі ў тэатры, пацягне за сабоў прымяненне строгіх захадаў" 3.

Дзейнасць Беларускага нардома Віцебска набыла сабе яшчэ большую вядомасць з заснаваннем пры ім Віцебскага навуковага таварыства. На яго чарговым пасяджэнні 8 жніўня 1942 г. было прынята рашэнне па пытаннях далейшага развіцця навукова-культурнага жыцця горада і выдання навукова-папулярнага часопіса. З 1 верасня пры гэтым жа нардоме адкрылі аднагадовыя курсы па вывучэнні нямецкай мовы 1.

Даволі шырокую і цікавую праграму паказаў Беларускі народны дом Віцебска 11 кастрычніка 1942 г., прысвечаную першай гадавіне яго існавання. На гэты час дырэктарам БНД быў Калмычэнка. Дэманстраваліся сцэны з беларускіх п'ес "Лёгкі хлеб" і "Барацьбіты за ідэю", песні ў выкананні хору БНД, у т.л. "Жыве Беларусь". З класічнага рэпертуару прысутныя пачулі арыю Зібеля з оперы Гуно "Фаўст", рамансы "Кахаю цябе" Грыга і "Ноч" Чайкоўскага. Арганізатары канцэрта, як заўжды практыкавалася ў такіх выпадках, запрасілі на яго прадстаўнікоў германскага камандавання, грамадскіх арганізацый і устаноў горада. Праз тыдзень юбілею БНД Віцебска быў прысвечаны другі канцэрт, на які таксама запрасілі гэтых прадстаўнікоў. Больш таго, далі слова выступіць з прывітальным зваротам дарадчыку германскага камандавання Хейтману. Бургамістр Віцебска Родзька назваў БНД правадніком беларускай культуры ў масы 2.

Здаралася і такое, што па тых ці іншых прычынах прыпынялася праца Беларускага народнага тэатра Віцебска (у час акупацыі ўсялякае бывала), што адразу адбівалася на агульным стане культуры. З такой сітуацыяй давялося сутыкнуцца і ў апошнія дні кастрычніка 1942 г. Праўда, не надоўга. Ужо з 12 лістапада таго ж года аднавілася яго дзейнасць. Неўзабаве пры БНД Віцебска былі адкрыты наступныя секцыі: драматычная, харавая, балетная; працавалі духавы і струнны аркестры, курсы па вывучэнні нямецкай і беларускай моў для дарослых і курсы па вывучэнні нямецкай мовы і музыкі для дзяцей. Пералічаныя вышэй секцыі і аркестры былі аб'яднаны ў адзіную тэатральную трупу. Яе артысты рэгулярна выступалі ў радыёстудыі Віцебскага радыёвузла.

Многіх задавальняла, што калектыў БНФ Віцебска рэгулярна арганізоўваў турніры па шахматах. Тым з удзельнікаў, хто па выніках турніру займаў першыя чатыры месцы, выдаваліся грашовыя прэміі: за першае месца 1000 руб. 1

Да ладкавання культурнага жыцця ў акупацыйным Віцебску прычынілася нямала вядомых прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі. Першым сярод іх заслугоўвае быць названым асоба надзвычай складанага лёсу Пятро Шырокаў, літаратурная дзейнасць якога пачалася ― і даволі паспяхова ― яшчэ падчас вучобы ў Менскім педагагічным інстытуце (пазней карыстаўся псеўданімамі: Тодар Лебяда, Клім Каліна), толькі, на вялікі жаль, рана прыпынілася, бо давялося трапіць у засценкі НКУСа. Незаслужанае пакаранне адбываў у суровых сібірскіх лагерах. Незадоўга перад нямецка-савецкай вайной яго этапіравалі ў Мінск для паўторнага разгляду судовай справы, але не паспелі, бо нямецкая авіяцыя пачала бамбіць горад. Вырваўшыся на волю, падаўся да маткі ў Віцебск і тут аднавіў сваю літаратурную дзейнасць. Напісаў шэраг драматычных твораў, з якіх найбольш значны "Загубленае жыццё". Прэм'ера ж яго адбылася ў 1943 г. у Менскім гарадскім тэатры (рэжысёр Вячаслаў Селях-Качанскі). Нейкі час Пётр Шырокаў загадваў Віцебскім драматычным тэатрам, а незадоўга да выгнання акупантаў з горада заняў пасаду рэдактара газеты "Беларускае слова" (выходзіла тры разы на месяц). Апошнія месяцы акупацыі правёў у Латвіі і Літве і выдаў у 1944 г. свой першы паэтычны зборнік "Песні выгнання", большая частка якога была напісана яшчэ ў сібірскай высылцы 2.

Не раз штосьці цікавае і арыгінальнае ў тэатральнае жыццё Віцебска ўносілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з ліку раскватараваных у самім горадзе ці яго наваколлях вайсковых частак, сфармаваных з рускіх, украінскіх ці ваеннапалонных іншых нацыянальнасцяў. Адно з такіх фармаванняў з украінцаў давала канцэрт у горадзе ў пачатку жніўня 1942 г. У яго праграме былі выступленні хора, танцы, сольныя нумары і нават клаунада. Прысутныя з цікавасцю праслухалі дуэты з украінскіх опер "Наталка Палтаўка", "Запарожац за Дунаем", выкананую піяністам Усеваладам Тапіліным рапсодыю Ліста і "Кампанэлу" Паганіні-Ліста. Невядомы аўтар нататкі аб гэтым канцэрце так пісаў: "Міжволі думалася, гледзячы на гэтых маладых артыстаў, былых ваеннапалонных, якія служаць цяпер агульнай справе барацьбы за новую Еўропу: менавіта яно, гэтае пакаленне, панясе сваёй радзіме сапраўднае адраджэнне нацыянальнага жыцця, на яго долю выпала шчасце будзіць народ і ачышчаць культуру ад жыдоўска-бальшавісцкай брыдоты" 1. Наколькі непраўдападобным аказаўся гэты прагноз, многія чытачы праз два-тры гады вельмі добра пераканаліся.

3 кастрычніка 1942 г. у Віцебску адбылося трэцяе выступленне ўкраінскага ансамбля ўкраінскай вайсковай №-й часткі 2.

Як і на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь, у зоне вайсковага камандавання таксама рэгулярна праводзіліся нямецкія тыднёвыя кінаагляды. У пэўнай ступені яны прызначаліся і для цывільнага насельніцтва.

У маі 1942 г. пасля працяглай падрыхтоўчай работы нарэшце адкрылася Віцебская гарадская бібліятэка-чытальня. У адпаведнасці з захадамі Культаддзела Гарадской управы ўжо ў канцы ліпеня 1941 г. была створана брыгада бібліятэчных работнікаў па зборы кніг з уцалелых бібліятэк. Брыгадзе дапамагалі супрацоўнікі віцебскай газеты "Новый путь" і кінатэатра. Агульнымі намаганнямі яны сабралі і даставілі ў памяшканне заснаванай бібліятэкі багата кніг з бібліятэк ветэрынарнага і медыцынскага інстытутаў, сельскагаспадарчага і політэхнічнага тэхнікумаў, кінатэхнікума, фельдчарска-акушэрскай школы, школы калгаснага актыву, 15-й сярэдняй школы, настаўніцкай бібліятэкі, клуба Прафінтэрна, мастацкага вучылішча і іншых устаноў горада. Плата за атрыманне кніг на дом складала 5 руб. у месяц 3.

Было б памылкай думаць, што акупацыйныя ўлады Віцебска, як і іншых гарадоў, дазволам беларусам аднавіць, зрабіць чымсьці цікавым нацыянальна-культурнае жыццё не імкнуліся да здзяйснення сваіх уласных палітычных мэтаў. Дзесьці гэта магло быць нават на самым першым плане. Каб ахапіць сваёй антысавецкай і антыбальшавіцкай прапагандай як мага шырэйшыя масы людзей, акупацыйныя ўлады Віцебска заўсёды знаходзілі час разам з удзельнікамі канцэртаў выехаць у перыферыйныя кварталы горада. Перад пачаткам мастацкай часткі звычайна браў слова для палітычнага даклада хтосьці з вайсковых дарадчыкаў Гаспадарчага камандавання. Даклады чыталіся па-нямецку і адразу ж перакладаліся на рускую мову 1.

Акупацыйная адміністрацыя Віцебска разам з яго грамадскасцю не сталі марудзіць з арганізацыяй перыядычнага друку. Паводле ўстановак больш высокага рангу ўладаў у гэтых мэтах належала выкарыстоўваць рускую мову, паколькі ў іх меліся сур'ёзныя сумненні датычна самой прысутнасці беларусаў на віцебскай зямлі. Усё гэта вынікі фальсіфікацыі этнічнай гісторыі апошніх польскімі і рускімі навукоўцамі, што не магло не паўплываць і на бальшыню іх нямецкіх калег. Яны ж у сваю чаргу пастараліся такі памылковы погляд навязаць і сваім палітыкам. З падобнай фальсіфікацыяй ніяк не жадала пагадзіцца даволі значная частка цвёрдай беларускай арыентацыі віцяблян. Яны ламаліся ва ўсе дзверы, каб толькі дамагчыся выдання газеты на іх роднай мове. І небезпаспяхова. Такім перыядычным органам сталі "Віцебскія ведамасці". Першы нумар газеты пабачыў свет 2 жніўня 1941 г., г.зн. ужо праз 24 дні, як быў заняты горад немцамі. У снежні таго ж года газета атрымала назву "Новы шлях", а з 20 сакавіка 1942 г. яна выходзіла толькі на рускай мове пад назвай "Новый путь". З 1942 г. у Віцебску пачалі выдаваць газету "Беларуская Старонка", у якой з публіцыстычнымі артыкуламі і фельетонамі выступаў сам бургамістр горада, актыўны дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, адзін з лідэраў створанага ў 1940 ― 1941 гг. у Варшаве цэнтра Беларускага нацыянальнага супраціўлення Усевалад Родзька (1920 г.н.) 1. Са спыненнем выпуску і гэтай газеты Віцебск на пэўны час застаўся без беларускамоўнага перыядычнага друку. Намнога прасцей сталася з заснаваннем у Віцебску рускамоўнай газеты, да чаго мелі прамы інтарэс і акупанты, бо лепшага за яе сродку ідэалагічнага ўздзеяння на насельніцтва яны не знаходзілі.

Як і ў многіх іншых гарадах зоны вайсковага камандавання, віцебская газета таксама атрымала назву "Новый путь". Яе першыя нумары (стала выдавацца са жніўня 1941 г.) выходзілі на дзвюх старонках раз на тыдзень накладам усяго толькі 1000 паасобнікаў. Праз год наклад дасягнуў 20 тыс. паасабнікаў *. Прычым, некаторыя нумары газеты (ужо стала выходзіць два разы на тыдзень) мелі шэсць старонак. Гадавіне свайго існавання рэдакцыя газеты прысвяціла 2 жніўня 1942 г. спецыяльны нумар. Феномен такога імклівага росту тыражу яна тлумачыла аб'ектыўнасцю публікацый свайго друкаванага органа. М. Рагуля ў артыкуле "Адзіным фронтам" хваліў рэдакцыю газеты, што выходзячы па-руску, яна "не стала ад гэтага вузка нацыянальна-рускай… У дачыненні да беларускай нацыянальнай працы газета ніколі не праяўляла варожых тэедэнцый, а наадварот, заўсёды праяўляла вялікую зацікаўленасць нашым нацыянальным жыццём. Гэта з'яўляецца доказам правільнага разумення кіраўніцтвам газеты яе задач і нацыянальных асаблівасцяў Віцебшчыны". Гэты ж аўтар ставіў у вялікую заслугу газеце, што яна "савецкаму фальшываму панславянізму і інтэрнацыяналізму… супрацьпаставіла беларуска-рускі, створаны на саюзе раўнапраўных нацый супроць агульнага ворага" 2.

За атрыманы ад акупацыйных уладаў дазвол выдаваць газеты даводзілася ўносіць плату размяшчэннем на старонках кожнай з іх антысавецкіх матэрыялаў, каб у чытачоў выклікаць нянавісць, варожае стаўлене да бальшавіцкіх парадкаў у СССР. У перыядычным друку павінна было ўсяляк усхваляцца супрацоўніцтва цывільнага насельніцтва з нямецкімі ўладамі. Не скупіліся газеты на публікацыі антысеміцкіх матэрыялаў як афіцыйных, так і аўтарскіх. З усімі такога роду патрабаваннямі не магла не лічыцца рэдакцыя віцебскай газеты "Новый путь", падбіраючы сабе дзеля гэтага і адпаведных аўтараў. Асаблівых цяжкасцяў з імі не зведвалася. Добра прыклаў руку да распальвання варожасці паміж беларусамі і яўрэямі пісьменнік Юрка Віцьбіч. Рэдакцыя газеты "Новый путь" у шэрагу сваіх нумароў надрукавала ў кастрычніку 1942 г. яго даволі падрабязны артыкул "Народ залатога цяльца". Разумеліся ж пад ім яўрэі. Варта аддаць належнае Ю. Віцьбічу: гэтую праблему ён ведаў дасканала, як і дасканала валодаў пісьменніцкім пяром. Ён адшукаў і выкарыстаў у сваёй публікацыі шмат самых негатыўных цытат (частка досыць сумніўных) пра яўрэяў, чым і сапраўды ў нейкай ступені мог пасеяць варожасць да апошніх з боку беларусаў. Узяць, прыкладам, адзін з параграфаў езуіцкага праекта, у якім былі такія словы: "Каралі павінны ўсяляк спрыяць жыдам, бо яны па прыроднай сваёй прагнасці выціснуць з русінаў (адна з назваў беларусаў. ― Л. Л.) усе сокі і асудзяць іх на выміранне". А вось што нібыта сказаў Пётр І пасля азнаямлення з жыццём і дзейнасцю аршанскіх яўрэяў: "Я хачу бачыць у сябе лепш народаў магаметанскай і язычніцкай веры, чым жыдоў. Яны махляры і падманшчыкі". Не забыўся Ю. Віцьбіч нагадаць чытачам, што дзекабрыст Павел Пестэль пісаў у "Русской Правде" пра неабходнасць неадкладна выгнаць усіх яўрэяў у Палестыну. Дзеля распаўсюджвання сярод беларусаў антысемітызму Ю. Віцьбіч зрабіў спасылкі на настольную для ўсіх яўрэяў кнігу Талмуд, у якой запісана: "Найлепшага з гоеў умертві"; падкрэсліў, што поп Гапон, які вывеў 9 студзеня 1905 г. народ да Зімовага палацу, быў сынам яўрэя-перахрышчэнца, што слаўнага сына зямлі рускай Пятра Сталыпіна забіў ураджэнец Вільні яўрэй Гірша Багроў 1. Ю. Віцьбіч не ў меру перабольшваў маштабы антыяўрэйскіх пагромаў на Беларусі, затое нічога не сказаў пра страты яўрэйскага народа ў выніку ўчыненага фашыстамі генацыду, у т.л. і на акупаванай тэрыторыі Беларусі. А сабраць такіх фактаў не ўяўляла аніякіх цяжкасцяў. Як прадстаўнік творчай інтэлігенцыі Ю. Віцьбіч не мог не ведаць пра гібель у менскім гета яўрэйскай пісьменніцы Сары Каган *, жывапісца і графіка Ісаака Мільчына (абодва ў 1941 г.), скульптара, графіка і жывапісца Абрама Бразера (1942 г.), у баранавіцкім гета ― аўтара кнігі "Дос баранавічэр Шолам-Алейхем бух" ("Баранавіцкая кніга Шолам-Алейхема") Шлойме Вуксмана 1 і шмат-шмат іншых ахвяр з асяроддзя яўрэйскай інтэлігенцыі. Прычым і такіх, што з розных меркаванняў свой прыродны талент прысвяцілі не яўрэйскай, а беларускай культуры.

Шчыра адданых беларуская справе віцяблян крайне непакоіла адсутнасць у іх горадзе і вобласці нацыянальнай перыёдыкі. Вымушаныя чэрпаць неабходныя звесткі з чужамоўнай прэсы людзі непрыкметна адвучваліся ад роднага слова. Вяртанне яго на старонкі газет стала ледзь не галоўным клопатам для тых, хто жадаў жыць у сваім нацыянальным, культурна-моўным рэчышчы. І перамены да лепшага адбыліся. Улічваючы тагачасную сітуацыю, проста нельга не здзіўляцца здабытым віцебскімі нацыянальнымі дзеячамі ў вайсковай адміністрацыі дазволам на выданне на роднай мове іх насельніцтва газеты "Беларускае слова", бо адбылося ж такое на тэрыторыі, дзе акупацыйныя ўлады не ставілі за мэту спрыяць беларускаму інтарэсу. Тут яны больш за ўсё лічыліся з рускімі культурна-моўнымі стандартамі. Такі дазвол віцебляне атрымалі з вялікім спазненнем: толькі ў канцы вясны 1943 г. Друкавалася газета спачатку ў Віцебску, а пазней з улікам становішча на ўсходнім фронце ў Дзвінску (Латвія). Выходзіла два разы ў месяц, а з лістапада 1943 г. ― тры разы. Яе тыраж даходзіў да 20 тыс. экз. На пасадзе рэдактара працаваў М. Рагуля, якога затым замяніў Т. Лебяда. Газета "шмат увагі аддавала пытанням гісторыі, нацыянальна-культурнага жыцця, адукацыі. Друкавала папулярныя гістарычныя нарысы (у рубрыцы "Пазнай сваю мінуўшчыну"), тэатральныя рэцэнзіі, крытычныя агляды беларускай літаратуры, метадычныя рекамендацыі для настаўнікаў беларускай мовы, каментарыі педагагічных канферэнцый, празаічныя і вершаваныя творы М. Багдановіча, А. Каханоўскага, Лебяды, П. Труса і інш." 1 Як бачым, для рэдакцыі газеты самымі прыярытэтнымі былі найбольш важныя для духоўнага жыцця аспекты, што ў пэўнай ступені стрымлівала размыванне яго нацыянальных асноў з прычыны правядзення акупантамі на Віцебшчыне палітыкі, зусім не адпаведнай прыродным традыцыям жыхароў гэтага рэгіёна.

Заслуга грамадска-палітычных, культурных дзеячоў Віцебска і ў тым, што ў гады акупацыі тут зарадзіўся дзесьці ў другой палове 1942 г. беларускі нацыянальны падпольны друк. Пра гэта паклапацілася кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай партыі. Яе перыядычны орган меў назву "Бюлетэнь БНП". "Месца выданьня першага нумару было выбрана невыпадкова. Менавіта ў Віцебску займаў пасаду бурмістра горада старшыня ЦК БНП Усевалад Родзька. Тут працаваў ва ўправе і сябра ЦК БНП Міхась Рагуля ("Чорны"), які быў прызначаны рэдактарам "Бюлетэня БНП". У Віцебску ён з'яўляўся рэдактарам і дадатку да легальнай расейскамоўнай газеты "Новый Путь" ― "Беларуская Старонка", які выходзіў штотыднёва зь вясны 1942 году. Першы нумар падпольнага "Бюлетэня…" быў набраны на друкарскай машынцы й памножаны на шапірографе або рататары. У ім былі зьмешчаны праграма і статут Беларускай Незалежніцкай Партыі, а таксама інфармацыя пра заснавальніцкі з'езд БНП" 2. Падпольны друк даваў магчымасць крытыкаваць не толькі бальшавіцкую таталітарную сістэму, але і фашысцкі акупацыйны рэжым. Выдадзены ў Віцебску першы нумар "Бюлетэня БНП" стаўся і апошнім для гэтага горада, размешчанага ў вельмі небяспечнай для ўдзельнікаў беларускага незалежніцкага руху зоне тылу групы армій "Цэнтр". Другі нумар "Бюлетэня БНП" з'явіўся на свет праўдападобна на пачатку 1943 г. у Наваградку, пра што паклапаціўся добра вядомы ў гэтым горадзе беларускі нацыянальныя дзеяч Барыс Рагуля.

Панаванне ў перыядычным друку акупаванага Віцебска рускай мовы стварала сур'ёзныя перашкоды тым, хто меў здольнасць і жаданне працаваць на ніве беларускай мастацкай літаратуры. І ўсё ж ёй не наканавана было прыйсці ў поўны заняпад. Пра яе нялёгкі стан дбаў не толькі ўжо згаданы вышэй Пётр Шырокаў. Сталую зацікаўленасць да літаратурнага працэсу на Віцебшчыне меў яе ўраджэнец Юрка Віцьбіч (сапр. Георгій Шчарбакоў; г. Веліж). Сам жа найчасцей друкаваўся ў "Беларускай газэце" і ў беларускамоўным перыядычным друку Берліна штотыднёвіку "Беларускі работнік" і газеце "Раніца". У поўнай згодзе з дзеячамі царквы, грамадскасцю Віцебска ім была арганізавана перавозка ў 1943 г. урны з мошчамі Еўфрасінні Полацкай з гэтага горада ў Полацк.

Беларускае слова на Віцебшчыне выкарыстоўвалася і на такой важнай дзялянцы сродкаў масавай інфармацыі, як радыё. Па розных прычынах сталася так, што ў гэтай вобласці адсутнічалі супрацоўнікі з належнымі ведамі беларускай мовы, і іх выступленні па радыё вызначаліся сур'ёзнымі хібамі. Як неўзабаве высветлілася, такое нават і ў нялёгкія часы акупацыі рэзала слых, раздражняла нацыянальна-самасвядомую частку людзей. Адсюль, відаць, і з'явілася на самым пачатку студзеня 1942 г. у віцебскай газеце "Новый путь" невялічкая нататка з такой заўвагай: "Нарэшце трэба пажадаць, каб перадачы на беларускай мове вяліся б пісьменнымі дыктарамі, якія б не мяшалі рускай і беларускай мовы". Гаварыць пра чысціню беларускай мовы ў час, калі наш старажытны горад Віцебск ляжаў у руінах, калі кожны яго жыхар зранку і да позняга вечара, а можа нават і спаць уклаўшыся, думаў пра кавалак хлеба і што-небудзь яшчэ да яго ― гэта архіпатрыятычна для віцяблян. Значыцца, народ не збіраўся духоўна паміраць, не жадаў, каб яго матчынае слова заглушалі нямецкая і руская мовы. Чуць па радыё сваё роднае і дарагое ў тыя цяжкія гады прыносіла людзям сапраўдную радасць, нараджала надзею, што нешта робіцца і ў захопленай ворагам краіне дзеля таго, каб жыў народ, не адрываўся ад сваёй духоўнай спадчыны.

Як вынікае з вышэй прыведзеных матэрыялаў, культурнае жыццё размешчанага ў ваеннай зоне Віцебска не замерла, што хоць трохі дапамагала людзям забыцца пра сваё гора, выкліканае ўчыненым нападам Германіі на Савецкі Саюз. Маецца дастаткова падстаў назваць гэты горад культурным цэнтрам (толькі не нацыянальна-беларускім) для насельніцтва ўсёй тэрыторыі нямецкага армейскага тылу.

Нягледзячы на неверагодныя цяжкасці акупацыйных парадкаў віцебляне імкнуліся ладзіць сваё жыццё паводле ўласцівых яму стандартаў мірнага часу. Так, толькі за лістапад 1942 г гарадскі Аддзел запісаў актаў грамадзянскага стану зарэгістраваў 45 нараджэнняў дзяцей і 18 шлюбаў 1. Зразумела, такіх рэгістрацый магло б быць значна болей, калі б людзі ў падобных выпадках у абавязковым парадку звярталіся да паслуг Аддзела ЗАГС.

У інтарэсах культуры сёе-тое рабілася і ў іншых гарадах і мястэчках Віцебшчыны. У Лепелі, да прыкладу, у часы нямецкай акупацыі функцыянаваў гарадскі драматычны тэатр, у якім спектаклі ставіліся на рускай мове. Затое ў роднай мове ладзілі ўсе культурныя мерапрыемствы ў гарадскім пасёлку Дзісне (Міёрскі раён). Пасля таго як з гарадской управы былі звольнены амаль усе палякі, з яе службоўцаў маладых узростаў стварылі хор. Шмат што рабілася дзеля забавы прыватным парадкам. Вось які ўспамін пра гэта пакінула маладая супрацоўніца Дзісненскай гарадской управы Вольга Грыцук: "Моладзь збіралася днём, ціхенька, прыватна, каб трохі хоць павесяліцца і патанчыць. Мае калегі і калегі майго брата Лёні збіраліся ў нас, а заканчваліся нашы пасядзелкі танцамі. Мая мама прыходзіла і казала: "Дзетачкі, дзетачкі! Фіранкі аж пад столь падымаюцца! Вы ж мне ўсю падлогу можаце сцерці!" Але, буземоўна, гэта быў жарт, бо навошта ж забараняць моладзі весяліцца? Ніхто не ведаў, што будзе заўтра. Нам, маладым, якія збіраліся разам, было весела. Хацелася, каб такія хвіліны доўжыліся бясконца…" 2. Словам В. Грыцук нельга не даверыцца, хаця перададзенае ёю вельмі мала ўпісваецца ва ўмовы акупацыйнага рэжыму.

Вышэй гаворка вялася галоўным чынам пра культуру гарадоў. Жыла яна і ў сельскай мясцовасці, прычым дзякуючы клопатам не якіх-небудзь устаноў і арганізацый, а непасрэдна саміх людзей, пераважна моладзі. У той невызначаны час, калі даводзілася жыць адным днём, яна не жадала пазбаўляць сябе звычайнай чалавечай радасці. Вёска зусім не выглядала як нейкі закінуты, забыты Богам край. Як і ў мірны час, яе сталым спадарожнікам працягвала заставацца стагоддзямі ўсталяваная тут беларуская культура. Яе самабытнасці не пагражалі аніякія знадворныя фактары.

***

Не пажадалі пакідаць сябе па-за культурай у гады акупацыі і жыхары Гомеля (пэўны час уваходзіў у Генеральны камісарыят Украіны). Яшчэ да спаўнення першай гадавіны заняцця вайскамі Вермахта гэтага аднаго з найбуйнейшых беларускіх гарадоў тут у красавіку 1942 г. сваіх першых наведвальнікаў прыняў Гомельскі гарадскі драматычны тэатр. Памяшканнем для яго стаў будынак былога банка. За год калектывам тэатра пастаўлена каля 10 новых спектакляў, зроблена некалькі гастрольных паездак, у т.л. і за межы вобласці, у госці да частак рускай вызваленчай арміі. У другі год сваёй дзейнасці ён ужо ўступіў як абласны драматычны тэатр. Ад самага пачатку заснавання тэатра адзіным прафесійным артыстам тут быў толькі яго мастацкі кіраўнік і адміністратар Браніслаў Талпеча. Асноўны ж склад тэатра давялося папоўніць галоўным чынам за кошт найбольш здольных удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Гэта ўжо пазней тут з'явіліся атрысты-прафесіяналы, якіх лёс закінуў у Гомель, што дазволіла ставіць і такія сур'ёзныя п'есы, як украінская камедыя "Шальменка ― Дзяншчык", "Без віны вінаватыя" рускага драматурга Аляксандра Астроўскага 1.

Не хацелі заставацца па-за грамадскімі сферамі культурнай дзейнасці майстры мастацкага пэндзля. А да вайны нямала было іх на Гомельшчыне. Далёка не ўсім давялося эвакуавацца на ўсход. 16 мая 1943 г. у памяшканні былога рачнога вакзала мастакі Гомеля арганізавалі ўжо трэцюю па ліку мастацкую выстаўку. У дзень яе адкрыцця тут дэманстравалася больш за 140 прац звыш дзесяці мясцовых аўтараў. Пераважалі пейзажныя палотны і жанравыя замалёўкі. На працягу першага ж дня яе наведала больш чым 100 чалавек 1.

У гэтым горадзе функцыянавалі і іншыя ўстановы культуры, прычым прызначаныя не толькі для абслугоўвання мясцовага насельніцтва. Так, у Гомельскім народным доме рэгулярна ладзіў канцэрты ансамбль лагера ваеннапалонных. У праграму яго ўваходзілі вадэвілі, выступленні аркестра народных інструментаў, хора, сольныя нумары вакалістаў і музыкантаў 2.

Хутка здабыў сабе папулярнасць сярод нераўнадушных да культуры людзей закладзены ў маі 1942 г. на Гомельшчыне Веткаўскі раённы драматычны тэатр "Сокал", дырэктарам і мастацкім кіраўніком якога з'яўляліся А. Іўковіч і Е. Сокал. Праз год ужо ў тэатры працавала 24 чалавекі. За гэты час яны паспелі зладзіць звыш 60 пастановак, якія наведалі да 200 тыс. гледачоў. Пра высокі ўзровень прафесійнага майстэрства артыстаў дазваляе меркаваць прысутнасць у тэатральнай афішы такіх складаных класічных твораў, як "Слуга двух гаспадароў" Гальдоні, "Казакін" Мальера", "Каварства і каханне" Шылера, "Руслан і Людміла", "Цыганы" А. Пушкіна, "Даходнае месца" А. Астроўскага. А вось што пісаў тэатральны аглядальнік А. Смірноў пра аднаактовую камедыю "Суседзі" мастацкага кіраўніка тэатра Е. Сокала: "Па сваім змесце і пабудове яна набліжаецца да народнай аперэты. Аўтар удала выкарыстаў цэлы шэраг народных песняў і танцаў. Нягледзячы на крайне просты і немудрагелісты сюжэт, камедыя глядзіцца і слухаецца гледачом з неаслабнай цікавасцю. Гэтаму, верагодна, садзейнічае тая акалічнасць, што тут шмат дынамікі і чыста народнага гумару" 3.

На гэтай тэрыторыі ў зоне вайсковага камандавання справы з арганізацыяй дзейнасці ўстаноў культуры палепшыліся пасля таго, як паводле прынятага германскім камандаваннем 1 кастрычніка 1942 г. распараджэння была ўтворана Гомельская вобласць у складзе 11 раёнаў, у т.л. Злынкаўскага, Новазыбкаўскага, Свяцілавіцкага 1. У цэнтры кожнага з іх працавала хоць адна ўстанова культуры. Прыкладваліся намаганні, каб функцыянавалі такія ўстановы і ў найбольш буйных населеных пунктах кожнага раёна.

Мясцовая адміністрацыя, педагогі Гомельскай вобласці не пакінулі сам-насам сваіх самых юных жыхароў. У яе абласным цэнтры ў 1942/43 н.г. працавала 17 семігадовых народных школ 2, а ў сельскай мясцовасці Гомельшчыны ― 50 школ. Адметнай асаблівасцю і для гэтага абсягу беларускай зямлі з'яўлялась наяўнасць досыць значнай удзельнай вагі рускамоўных школ. У найбольшай ступні гэта датычыла гарадской мясцовасці. Так, калі 8 ліпеня 1943 г. у Гомелі праходзіла гарадская канферэнцыя настаўнікаў, дык прачытаны на ёй даклад начальніка Гомельскай вобласці В. Ясінскага меў такі загаловак "Аб ролі настаўніцтва і школы ў духоўным адраджэнні рускага народа" 3. Як вынікае з самой назвы, тут нібыта накшталт найгоршых часоў царскай імперыі школы стаялі ў баку ад беларускай нацыянальнай ідэі. Не выключана, што гэта ўваходзіла і ў планы нямецкіх акупацыйных уладаў, каб не ствараць належных умоў для кансалідацыі беларускага этнасу *. Неабходна адзначыць, што Гомельшчына знаходзілася ў ліку перадавых абласцей па арганізацыі навучання сваіх дзяцей. У 1942/43 н.г. тут было 357 школ з 57 тыс. вучнямі і 419 настаўнікамі 4.

Як быццам бы ў працяг савецкіх традыцый у практыцы працы навучальных устаноў з іх настаўніцкімі калектывамі ладзіліся жнівеньскія канферэнцыі. На належным узроўні, у разуменні тых, хто працаваў у садружнасці з акупацыйнымі ўладамі, правялі 27 жніўня 1943 г. абласную нараду настаўнікаў у Гомелі. Праходзіла яна ў памяшканні абласнога дома культуры. Удзел у ёй бралі работнікі раённых аддзелаў народнай асветы і найлепшыя настаўнікі школ раёна і горада. У якасці гасцей прысутнічалі прадстаўнікі нямецкага вайсковага камандавання, абласной управы і мясцовага друку. Адкрыў нараду ўступнай прамовай начальнік Гомельскай вобласці В. Ясінскі. Затым перад настаўнікамі выступіў маёр Рускай вызваленчай арміі, які падрабязна гаварыў пра іх ролю "ў разгортванні растлумачальнай працы сярод насельніцтва". Толькі ўжо пасля гэтага пачаліся выступленні саміх працаўнікоў асветы. Яны закраналі розныя пытанні выхавання і навучання школьнікаў, далі ацэнку новым праграмам, наяўнай навучальнай сетцы, праслухалі паведамленні аб рабоце некаторых аддзелаў народнай адукацыі. Вельмі грунтоўна абмяркоўвалася палажэнне аб бацькоўскіх камітэтах пры школах, галоўнай мэтай якіх з'яўлялася "дапамагаць школе ў рамонце, забеспячэнні палівам, аказанні дапамогі бедным вучням", пераадоленні рознага роду гаспадарчых цяжкасцяў. Прапаноўвалася, каб у бацькоўскі камітэт абіралі самых аўтарытэтных людзей і каб у яго абавязкова ўваходзіў адзін настаўнік 1.

Не ў прыклад навучальным установам Генеральнай акругі Беларусь на Гомельшчыне яны зведалі пэўныя цяжкасці з укамплектаваннем сваіх патрэб настаўніцкімі кадрамі, паколькі нямала іх з-за больш позняга ўварвання нямецкіх войскаў змаглі эвакуавацца ў савецкі тыл. Дзеля пераадолення кадравага дэфіцыту ажыццяўляліся адпаведныя захады. Так, на 1943/44 н.г. у межах Гомельскай вобласці меркавалася адкрыць 6 мужчынскіх і жаночых сярэдніх гімназіяў, якія рыхтавалі б навучэнцаў для паступлення ў вышэйшыя педагагічныя, медыцынскія, ветэрынарныя і іншыя навучальныя ўстановы. Тэрмін навучання ― сямігадовы. Па мове навучання яны павінны былі быць рускімі ці беларускімі ў залежнасці ад нацыянальнасці дзяцей. Акрамя ўласцівых для ўсіх гімназій асноўных навучальных дысцыплін, планавалася ўвесці ўрокі па спевах, гімнастыцы, працы і Закон Божы. Абавязковым прадметам з'яўлялася намецкая мова 2. З дазволу Германскай камендатуры Гомеля было прынята рашэнне адкрыць у гэтым горадзе настаўніцкую семінарыю для падрыхтоўкі выкладчыкаў пачатковай і народнай школы. Прыёмныя іспыты прызначаліся на 15 верасня 1943 г. У першы клас семінарыі прымалі пасля заканчэння народнай школы-сямігодкі, у другі ― васьмі класаў народнай школы ці першага курса педвучылішча, у трэці ― 9 ― 10 класаў народнай школы ці другога курса педвучылішча альбо першага курса педінстытута 1.

Па вядомых прычынах і цывільныя ўлады Гомельскай вобласці, і калектывы заснаваных па іх ініцыятыве навучальных устаноў імкнуліся як мага больш моладзі заахвоціць да авалодвання нямецкай мовай. І многае з такіх задумаў ажыццяўлялася. Так, у канцы 1942 г. у Гомелі пачалі працаваць кароткатэрміновыя курсы перакладчыкаў з нямецкай мовы. Прычым навучанне было бясплатным. Курсанты забяспечваліся інтэрнатам і пайком. Тым з іх, хто паспяхова закончыць курсы, гарантавалі службу і добрую заработную плату, а хто будзе абслугоўваць патрэбы нямецкай арміі, атрымае бясплатнае харчаванне і абмундзіраванне 2.

Выкліканыя акупацыйнымі ўмовамі эканамічныя цяжкасці не сталі прычынай, каб зусім не займацца пытаннямі дашкольнага выхавання, у чым да вайны на Гомельшчыне быў назапашаны даволі багаты практычны вопыт. Першы дзіцячы сад у Гомелі адкрылі ў снежні 1942 г. Сюды бралі толькі дзяцей, маці якіх працавалі на вытворчасці. Маламаёмных бацькоў вызвалялі ад аплаты за ўтрыманне іх дзяцей у садзе, а для некаторых яна вызначалася ў памеры 50 %. Паколькі з горада далёка не ўсе дашкольныя работнікі эвакуаваліся на ўсход, сад без усялякіх праблем удалося ўкамплектаваць патрэбнай колькасцю вопытных дашкольных педагогаў 3.

***

Знаходжанне ў зоне вайсковага камандавання не паралізавала культурнага жыцця ў гарадах і вёсках Магілёўшчыны з яе багатымі ў гэтай важнай сферы дзейнасці чалавека традыцыямі. Вось толькі будаваць яе даводзілася не столькі ў адпаведнасці з нацыянальна-беларускімі, колькі рускімі стандартамі. Такое патрабаванне было ў вайсковай адміністрацыі, слаба дасведчанай у пытаннях гісторыі і культуры дадзенай мясцовасці. Цэнтрам культурнага жыцця Магілёва стаў рускі драматычны тэатр, які распачаў сваю дзейнасць з канца 1941 г. Хаця ў ім працавала толькі 18 артыстаў, яны за два гады ажыццявілі 15 пастановак, прычым пераважна паводле твораў класікаў, далі каля паўтары сотні спектакляў.

Акупацыйныя ўлады Магілёва як след паклапаціліся ― і не ў апошнюю чаргу дзеля сваіх жа інтарэсаў ― пра выданне ўласнай газеты на рускай мове "Новый путь". Рэдактарам яе прызначылі былога супрацоўніка даваеннай абласной газеты "Камунар Магілёўшчыны" Сянкевіча 1. Поўным ходам вяліся аднаўленне і рэарганізацыя на Магілёўшчыне даваеннай савецкай радыёсеткі, зразумела, найперш у сваіх, чым у інтарэсах мясцовага насельніцтва. "З літапада 1942 г. у Магілёве распачала дзейнасць радыёстанцыя "Голас народа", якая ажыццяўляла трансляцыю прапагандысцкіх і культурна-асветных матэрыялаў на мясцовыя станцыі. Апошнія падзяляліся на пяць т.зв. "атрадаў" з цэнтрамі ў Смаленску, Магілёве, Бабруйску, Гомелі" 2. У сваёй дзейнасці калектыў радыёстанцыі больш выкарыстоўваў рускамоўныя, чым беларускамоўныя матэрыялы. Прынцыпова інакш, чым як у тэатральным жыцці, дзейнасці масавай інфармацыі Магілёва паставіліся да вызначэння ролі нацыянальнага фактару ў практыцы адукацыйных устаноў. Па стане на 1 чэрвеня 1943 г. заняткі вяліся ў васьмі школах горада, з якіх пяць было беларускіх. Ва ўсіх школах навучалася больш за 2 тыс. юнакоў і дзяўчат, узгадаваннем якіх займалася звыш 140 настаўнікаў 3. Акрамя агульнаадукацыйных школ, у Магілёве працавалі яшчэ музычная школа на 200 навучэнцаў, курсы каморнікаў, рамеснае вучылішча.

Клапаціліся і пра ўзгадаванне дзяцей у сельскай мясцовасці. Так, у 1942/43 н.г. у Магілёўскім раёне функцыянавала 61 агульнаадукацыйная школа з кантынгентам больш за 4 тыс. дзяцей. Іх навучаннем і выхаваннем займалася каля 200 настаўнікаў 1. Прычым набліжэнне нямецка-савецкага фронту да гэтай мясцовасці не прывяло да згортвання тут асветніцкай дзейнасці.

Магілёву, як ніводнаму з іншых гарадоў усёй Беларусі, пашанцавала ў тым, што тут у сакавіку 1943 г. была заснавана першая і апошняя ў яе межах вышэйшая навучальная ўстанова ― медыцынскі інстытут. Інакш, як грубым парушэннем гітлераўскага плана "ОСТ", гэтага нельга назваць, бо згодна з ім не нямецкае насельніцтва ўсходніх абласцей не мела права ствараць вышэйшую школу. У людзей, шчыра заклапочаных праблемай аднаўлення хоць самага мінімальнага з даваеннай сеткі вышэйшай школы, такая думка ніколі не выходзіла з галавы. І самая пільная патрэба мелася ў падобнага тыпу навучальных устаноў медыцынскага профілю, бо без спецыялістаў такой высокай кваліфікацыі заставаліся б неразвязанымі многія праблемы аховы здароўя народа, тым больш у цяжкіх умовах акупацыі.

Першапачаткова з ініцыятывы В. Кубэ планавалася, што адзіную на ўсёй акупаванай тэрыторыі Беларусі вышэйшую медыцынскую навучальную ўстанову неабходна стварыць у Менску. Але ў справу ўмяшаўся рэйхсканцлер Розенберг, зазначыўшы, што колькасць студэнтаў павінна "адпавядаць патрэбам цэлай Генеральнай акругі, г.зн. таксама і ўсходняй часткі Беларусі, якая знаходзіцца пад вайсковым праўленнем". Таму палічылі, што найлепш будзе, калі медінстытут разгорне сваю дзейнасць у Магілёве. "Дзеля вырашэння арганізацыйных справаў пры Менскай гарадской управе быў створаны адумысловы сакратарыят. У Магілеў быў камандараваны пэдагагічны пэрсанал, каторы быў павінен заняць 8 з 15 заплянаваных катэдраў і адну навуковую лябараторыю. Інстытуту была перададзеная ацалелая бібліятэка Бел. Дзяр. Мэд.Інстытуту, фармакалягічнае й гігіенічнае абсталяваньне… Кіраўніком інстытуту ў той час стаўся дэкан мэдычнага факультэту Фрыбургскага ўніверсітэту прафэсар Наўкас". Пачаў сваю працу інстытут 10 чэрвеня 1943 г. у будынку бальніцы імя С. Боткіна 1. Нельга не пагадзіцца з меркаваннем Юры Туронка, што "адкрыццё інстытута мела вялікае значэнне. Па-першае, гэта сведчыла пра новае стаўленне ОМІ * да справы вышэйшай адукацыі на Беларусі, а па-другое, гэта быў добры прэцэдэнт для стварэння чарговых навучальных устаноў" 2.

Якіх-небудзь сур'ёзных праблем з укамплектаваннем гэтай навучальнай установы прафесарска-выкладчыцкімі кадрамі не існавала. Па-першае, яны атрымлівалі даволі прыстойную для акупацыйнага рэжыму зарплату. Па-другое, у даваеннай Беларусі мелася значная колькасць такіх спецыялістаў, якіх не паспелі заўчасна эвакуаваць на ўсход. У гады акупацыі некаторыя з іх займаліся практычнай дзейнасцю ў гарадскіх клініках, у прыватнасці менскі прафесар у галіне хірургіі і гінекалогіі Яўген Клумаў. А вось доктару медыцынскіх навук (з 1912 г.), правадзейнаму члену АН БССР (з 1940 г.) Івану Цітову не па сваёй волі давялося лячыць ваеннапалонных. Займаўся і прыватнай практыкай.

Не існавала ў Магілёўскага медінстытута і праблемы набору студэнтаў на вучобу. Заняткі вяліся толькі на ІІІ і IV курсах. Усяго навучалася 200 чалавек. Імі былі пераважна тыя, хто да вайны вучыўся ў Менскім медінстытуце. Толькі нязначнай колькасці іх удалося пакінуць Беларусь да захопу яе войскамі Вермахта. Акрамя высокай ва ўсіх варунках жыцця прэстыжнасці прафесіі медыка, студэнтаў вабілі да вучобы ўведзеныя для іх сацыяльныя льготы: бясплатнае навучанне і харчаванне 3.

Знаходжанне ў Магілёве медыцынскага інстытута магло б пазітыўна адбіцца на многіх баках сацыяльна-культурнага становішча гэтага ўсходняга горада Беларусі. Падобнай жа ўстановы ён не меў да вайны, а цяпер яна з'явілася, што не магло не радаваць многіх магіляўчан. Разам з тым нельга не адзначыць, што, даючы згоду на заснаванне медінстытута ў Магілёве, акупацыйныя ўлады найперш кіраваліся сваімі інтарэсамі. Такія кадры ім патрэбныя былі для пасылкі на службу ў нямецкія франтавыя часткі, для абслугоўвання розных нацыянальных вайсковых фармаванняў з ліку савецкіх ваеннапалонных, якіх нямала дыслакавалася ў гэтых раёнах Беларусі. Але ж пры ўсім тым выпускнікі медінстытута не маглі не накіроўвацца і ў яе цывільныя лякарні. У жыцці не давялося сутыкнуцца з усім гэтым, у чым "вінавата" становішча на савецка-нямецкім фронце, які паступова набліжаўся да Магілёва. "Таму студэнты былі распушчаныя дамоў, а іхнія настаўнікі вярнуліся ў Менск і чакалі новых указанняў" 1. Неўзабаве іх дачакаліся, і медінстытут працягнуў сваю дзейнасць у больш бяспечным месцы, пра што будзе сказана пазней.

Не застаўся ў баку ад культурнага працэсу і такі параўнальна буйны на Магілёўшчыне горад, як Бабруйск. Распачаць культурнае жыццё яму сталася, мо, больш складана, чым якому-небудзь іншаму гораду. Прычына ў тым, што тут да вайны было нямала яўрэйскай творчай інтэлігенцыі, у якой хапала патэнцыялу для працы не толькі на сваю родную, але яшчэ беларускую і рускую культуры. Цяпер гэтая інтэлігенцыя была цалкам выключана з афіцыйнага грамадскага культурнага працэсу. І ўсё ж нягледзячы на такую неспрыяльную акалічнасць, і тут, як у Магілёве, распачаў працу рускі драматычны тэатр, прычым даволі актыўна. "У 1943 г. уладамі, улічваючы "важнае прапагандысцкае значэнне яго работы", у тры разы былі павялічаныя асігнаванні на ўтрыманне" 2.

З сацыяльна-культурнай палітыкі цывільных уладаў Бабруйска не выпалі клопаты пра маладыя пакаленні яго насельніцтва. У 1942/43 н.г. тут працавала 12 школ, у т.л. 10 сямігодак. Іх кантынгент складаў 5 тыс. чалавек. Узгадаваннем дзяцей займалася больш за 175 педагогаў. Улетку 1942 г. пачаліся заняткі ў рамесным вучылішчы, разлічаным на два гады навучання. Рыхтавалі тут токараў, слесароў і кавалёў. Акрамя спецыяльных прадметаў, ім выкладалі родную (не адзначана беларускую ці рускую) і нямецкую мовы. Стыпендыя выплачвалася ў памеры 140 руб у месяц 3. Музычная школа Бабруйска мела наступныя аддзяленні: фартэп'яна, скрыпкі, віяланчэлі, трубы, кларнета, баяна і народных інструментаў і была разлічана на прыём 350 чалавек 1. У цэлым па Бабруйскай акрузе ў 1942/43 н.г. працавала 345 пачатковых і 119 сямігадовых школ, адзін сельскагаспадарчы тэхнікум, адна музычная і некалькі рамесных школ, кантынгенты якіх перавышалі 60 тыс. чалавек. Настаўнікаў у акрузе было больш за 2 тыс. чалавек 2.

Не існавала асаблівых праблем з навучаннем дзяцей у Прапойскім (з 1945 г. ― Слаўгарадскім) раёне. У 1942/43 н.г. заняткі тут вяліся ў 25 школах 3. У той жа час у Быхаве была адна пачатковая школа і 2 сямігодкі, а ў павеце ― 20 народных школ, у Касцюковіцкім раёне ― 85 школ 4. Па даўняй традыцыі для сельскай гаспадаркі рыхтавала кадры земляробская школа ў Горы-Горках.

Размеркаванне беларускай этнічнай зямлі паміж рознымі створанымі акупантамі ваенна-адміністрацыйнымі адзінкамі цалкам не паралізавала культурных сувязяў паміж імі, як гэта сістэматычна практыкавалася ў даваенны час. Цікавы факт прыводзіць дзіця вайны Разалія Кажароўская: "Аднойчы на Быхаўскім базары (г. Магілёў. ― Л. Л.) я ўбачыла машыну з памостам. Гэта быў лялечны тэатр. Прыгожыя дэкарацыі, яркія фарбы. Лялькі былі пеўнямі, чырвоным і белым. Паміж імі ішла бойка, і дзеці вельмі жыва рэагавалі на гэта відовішча. Памятаю, што заўсёды перамагаў чырвоны… Аднекуль стала вядома, што гэта рускі тэатр лялек, які аж з Брэста накіроўваецца на ўсход" 5. Выступленні тэатра адбываліся ўлетку 1942 г. Са зместу прыведзеных слоў нельга не звярнуць увагі на дзве наступныя акалічнасці: клопаты дзеячоў культуры пра запатрабаванні дзяцей і даволі вялікая адлегласць гастрольнай паездкі.

На Магілёўшчыне, як і на іншых абсягах усёй акупаванай Беларусі, даволі часта ці не самымі актыўнымі ў тых альбо іншых сферах культурнай дзейнасці былі апальныя за савецкім рэжымам катэгорыі людзей. Адчуўшы, што цяпер ім нішто не пагражае, яны імкнуліся нібыта навярстаць тое, што было ўпушчана па віне бальшавіцкіх ідэалагічных, рэпрэсіўных службаў. Ахвотна, з вялікай радасцю ўключыўся ў паэтычную творчасць былы вязень сталінскіх лагераў Масей Сяднёў, вызваленне якому ― як найвышэйшы парадокс! ― прынесла ўварванне нямецкіх войскаў у Менск. У адрозненне ад сваіх сяброў па пяры, ён не пажадаў жыць і тварыць у гэтым ці іншым буйным горадзе, а падаўся да сваіх бацькоў у вёску Мокрае Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, дзе працаваў на сельскай гаспадарцы, а ў вольную часіну пісаў ― і нямала ― вершы. Аднак вельмі кароткі час даводзілася займацца вершаскладаннем у бацькоўскім доме. Хаця паэт не меў вайсковай адукацыі, усё ж ён прадбачыў, што Вермахт чакаюць суровыя выпрабаванні. Не жадаючы зноў трапіць у рукі нкусаўцаў, ён у 1943 г. пераехаў у самы крайні беларускі заходні горад Беласток. Тут "падрыхтаваў да друку зборнік вершаў "Ад сына твайго, Беларусь", які быў набраны ў Кёнігсбергу, але згарэў там у пажары" 1. Найбольшая колькасць ваенных вершаў М. Сяднёва друкавалася ў беларускіх газетах "Раніца" (выдавалася ў Берліне ў снежні 1943 ― сакавіку 1945 г.), "Новая дарога" (выходзіла ў 1942 ― 1944 гг. у Беластоку), "Беларускі работнік" (выдавалася ў Берліне з пачатку 1943 да сярэдзіны 1944 г.), часопісе "Новы шлях" (выходзіў у Рызе ў студзені 1942 ― маі 1944 г.).

Такім чынам, цяжкія, крайне неспрыяльныя ўмовы для ладкавання культурнага жыцця на тэрыторыі, падлеглай юрысдыкцыі нямецкай вайсковай адміністрацыі, не прымусілі людзей і найперш творчую, педагагічную інтэлігенцыю апусціць рукі, ліць слёзы. Яму пазней даў такую характарыстыку актыўны палітычны і культурны дзеяч у акупаванай Беларусі, сябра ўрада Беларускай Цэнтральнай Рады Станіслаў Станкевіч: "…на тых тэрыторыях, якія знаходзіліся пад ваенным упраўленнем (на Беларусі на ўсход ад Барысава) немцы, акружаныя расейскімі дараднікамі ― "зондэрфюрэрамі", праводзілі выразна прарасейскую палітыку. Прыкладам, прэса для мясцовага насельніцтва выдавалася ваенным аддзелам прапаганды выключна ў расейскай мове (выдаваныя ў кожнай акрузе газеты ― "Новый путь" і інш.)" 1. Але дзякуючы ўпартым намаганням нацыянальна-патрыятычных беларускіх сіл часта і на гэтай тэрыторыі акупантам даводзілася ў пэўнай ступені ўлічваць мясцовыя этнакультурныя своеасаблівасці насельніцтва, што дапамагала яму быць самім сабой.

Кардынальныя адрозненні ў афіцыйным моўным рэжыме паміж ГАБ і тэрыторыяй нямецкага армейскага тылу тлумачаць, чаму жыхары Бабруйска ў час святкавання 1 Мая 1944 г. выйшлі на дэманстрацыю пад лозунгам: "Смерть большевизму. Жизнь народу", а падраздзяленні Беларускйа Краёвай абароны ў чэрвені таго ж года ― пад лозунгам: "Зьнішчэньне бальшавізму ― гэта наша задача".

Па-сапраўднаму экстрэмальныя ўмовы для культурнай працы ў нямецкім выйсковым тыле не прывялі да застою яе. Стала зведваючы невыносныя выпрабаванні ваеннага часу, людзі, найперш творчая інтэлігенцыя, не забываліся і на культуру, імкнучыся да захавання яе нацыянальнага зместу і формы, што, праўда, не заўсёды ўдавалася галоўным чынам з-за адсутнасці адпаведнай палітыкі акупацыйнай улады. Перашкаджала і выкліканая наступствамі вайны прысутнасць на гэтай тэраторыі даволі вялікай колькасці немясцовага насельніцтва, пераважна рускага па нацыянальнасці. Пазітыўнай з'явай у арганізацыі культурнага жыцця ў яго самым шырокім сэнсе слова можна лічыць бацькоўскія клопаты пра маладыя пакаленні, пра што ўжо пісалася вышэй. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды незадоўга да пачатку вызвалення ад фашысцкіх акупантаў Віцебская акруга налічвала 367 пачатковых школ, Гомельская ― 342, Бабруйская ― 314, Магілёўская ― 298, Барысаўская ― 147. На гэтай тэрыторыі гімназіі і матуральныя (выпускныя) курсы працавалі ў Віцебску, Оршы, Магілёве, Быхаве, Гомелі, рамесніцкія школы ― у Магілёве, Віцебску, Быхаве 2. Не ў Генеральнай акрузе Беларусь, а ў Магілёве быў створаны медыцынскі інстытут. Культурная праца з мясцовым насельніцтвам у зоне нямецкага вайсковага тылу не можа разглядацца як штосьці чужое, шкоднае беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Вядома, даводзілася максімальна ўлічваць і патрабаванні акупацыйных уладаў, бо іншага выйсця не існавала.

§ 2. Нацыянальна-культурнае жыццё беларусаў

на сваёй этнічнай тэрыторыі ў межах іншых акупацыйных

ваенна-адміністрацыйных адзінак

Не па сваёй, а па волі акупантаў значная частка беларускага насельніцтва жыла на тэрыторыі шэрагу іншых створаных імі акругаў. Прычым як на сваёй уласнай зямлі, так і ў межах этнічнай тэрыторыі іншых народаў, у прыватнасці польскага, латышскага. Найбольш за ўсё беларускай тэрыторыі ўключылі ў склад генеральных акруг "Валынія-Падолія" і "Жытомір" рэйхскамісарыята Украіна. На перададзеных ім беларускіх абшарах нямецкія ўлады стварылі Брэсцкую, Кобрынскую і Пінскую акругі. У межах акругі "Валынія-Падолія" апынуліся такія найбольш буйныя беларускія гарады, як Брэст, Пінск, Кобрын, "Жытомір" ― Мазыр, Рэчыца, Петрыкаў, Ельчыцы. Праўда, увосень 1943 г. перададзеныя Украіне ад Беларусі землі вярнулі ёй. Выклікана гэта было ходам ваенных падзей, калі нямецкім уладам давялося ліквідаваць рэйхскамісарыят Украіна з прычыны заняцця Чырвонай Арміяй амаль усёй яго тэрыторыі. У дадзены час Генеральнай акругай Беларусь ужо кіраваў Курт фон Готберг, які ў адрозненне ад свайго папярэдніка В. Кубэ мала ў чым падзяляў дзейнасць яе нацыянальна-патрыятычных сіл. Па гэтай прычыне ў пералічаных акругах не проста адшукаць што-небудзь адметна беларускае ў грамадскім культурным жыцці аж да канца нямецкай акупацыі. Затое на іх тэрыторыі даволі шмат чаго было зроблена па ўкраінізацыі карэннага беларускага насельніцтва.

У правінцыю Усходняя Прусія ўвайшла не толькі Беласточчына, але і гарады Гродна, Ваўкавыск. І на гэты раз з Беласточчынай атрымалася нешта падобнае, як у 1795 г. пры трэцім падзеле Рэчы Паспалітай, калі гэты самабытны беларускі абшар перадалі зусім далёкай па культуры і мове, рэлігіі Усходняй Прусіі.

Нягледзячы на тое, што ўжо ад першых дзён акупацыі Беласточчыну далучылі да чужой яе народу Усходняй Прусіі, перадавыя станы тамтэйшых беларусаў не апусцілі рукі і самым сур'ёзным чынам клапаціліся пра тое, каб і ў гэтых умовах жыць паводле сваіх бацькоўскіх нацыянальна-культурных традыцый. Давалася гэта не зусім проста. І не толькі таму, што і Беласточчына, і Гарадзеншчына лічыліся часткай нямецкага Рэйху і павінны былі жыць паводле яго стандартаў. Не ў тым, як хацелася, напрамку ўплываў на арганізацыю беларускага жыцця ўкраінскі фактар. "Зараз па далучэньні гэтай часткі Беларусі да Рэйху прыбыўшыя сюды ўкраінскія дзеячы распачалі яе ўкраінізацыю. У павеце Белая Падляская яны ўплынулі на нямецкае кіраўніцтва і распачалі адчыняньне ўкраінскіх школаў заместа беларускіх, а праваслаўных святароў змушалі ужываць украінскую мову. Мяйсцовыя беларусы супраціўляліся гэтым намаганьням украінцаў і ў шасьці валасьцёх (Янаў-Церасполь) гэтая дзейнасьць была спыненая і былі адчыненыя беларускія школы па вёсках, а ў цэрквах была ўведзеная беларуская мова" 1.

Адным з самых актыўных змагароў за нацыянальнае жыццё на Беласточчыне быў мясцовы ўраджэнец, выпускнік Пражскага політэхнічнага інстытута Уладзімір Тамашчык (1934). Ён з'яўляўся старшынёй Беларускага Камітэта ў Беластоку, супольна з Хведарам Ільяшэвічам * выдаваў на беларускай мове газету "Новая дарога" (1942 ― 1944). Яна была, паводле ацэнкі рэдакцыі "Беларускай газэты" (12 ліпеня 1942 г.), вялікай сваімі памерамі беларускай газетай. Але галоўнае, зразумела, не ў гэтым, а ў тым, што на сваіх старонках давала шмат такога матэрыялу, ад знаёмства з якім у чытачоў зараджалася, мацнела жаданне і ў экстрэмальных умовах нямецкай акупацыі не забывацца на родны край, нястомна працаваць на карысць яго народа. На яе старонках "змешчаны артыкулы пра Міндоўга, Л. Сапегу, П. Крачэўскага і іншых гістарычных асоб, пра падзеі мінулага, старажытныя каштоўнасці, успаміны К. Езавітава, пра Ф. Аляхновіча, М. Сяднёва, А. Цвікевіча, звесткі па геаграфіі Беларусі, рэцэнзіі, асобныя творы беларускіх пісьменнікаў. Друкавала хроніку культурнага жыцця, дапаможны вучэбны матэрыял, сельскагаспадарчыя парады" 1. Сваёй цалкам заслужанай вялікай павагай чытачоў газета ў многім абавязана Х. Ільяшэвічу з яго багатымі творчымі набыткамі ад даваеннага часу. З друку выйшлі кнігі паэзіі "Веснапесні" (1929), "Зорным шляхам" (1932), "Зафарбаваныя вершы" (1936), каштоўная літаратуразнаўчая праца "Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыццё і літаратурная творчасць". Культуралагічнай накіраванасцю вызначаліся публікацыі Х. Ільяшэвіча і для рэдагаванай ім у акупаваным Беластоку газеты "Новая дарога". Шэраг сваіх артыкулаў (падпісваў крыптанімам М. Д.) прысвяціў Міхасю Забэйду-Суліцкаму, Францішку Аляхновічу, Уладзіміру Жылку і іншым беларускім дзеячам культуры 2. Сваёй літаратурнай публіцыстычнай дзейнасцю ў гады акупацыі Х. Ільяшэвіч яшчэ раз пацвердзіў, што ён належаў да той часткі нацыянальнай творчай інтэлігенцыі, якую ў нас прынята называць красой беларускага народа. Рэдакцыя газеты "Новая дарога" не без падстаў за вялікі гонар лічыла, што на яе старонках у 1942 ― 1943 гг. пад псеўданімам Шэршань часта выступаў вядомы публіцыст, гісторык беларускай літаратуры, краязнавец Рамуальд Зямкевіч (загінуў у 1943 ці 1944 г. у фашысцкім канцлагеры). Вялікую зацікаўленасць чытачы гэтай газеты праяўлялі да яго сатырычных вершаў. Пісьменнік Масей Сяднёў ніколькі не перабольшваў, даючы такую характарыстыку газеце "Новая дарога": "Яна была жывой газетай, жыла на энтузіязме найбольш адданых беларускай справе людзей. Яна была беларускай газетай па сваёй сутнасці" 3. Усяго выйшла больш за 100 нумароў гэтага так неабходнага беластоцкім беларусам перыядычнага органа.

Здаровы дух беларускасці хутка, трывала запанаваў і ў народнай адукацыі Беласточчыны. Пра наданне адукацыі нацыянальнага характару своечасова добра паклапаціўся кіраўнік Галоўнага школьнага інспектарату ў Беластоку Алесь Грыцук *. Дзякуючы яго намаганням у акупаванай немцамі Беласточчыне функцыянавала каля васьмі дзясяткаў беларускіх школ, колькасць якіх у міжваенны перыяд звёў да нуля рэакцыйны палітычны рэжым славянскай краіны ― Другой Рэчы Паспалітай. Прыклад іншым педагагічным калектывам, як трэба ўзгадоўваць маладую змену беларусаў у нацыянальным духу, паказвала настаўніцтва самога Беластока. І ў такога станоўчага прыкладу мелася нямала прыхільнікаў на самым заходнім абшары беларускай зямлі. Было каму паклапаціцца пра стварэнне беларускай пачатковай школы ў Гайнаўцы, дзе за настаўніцу працавала Надзея Мэльцэр. Мяркуючы па тагачасным здымку, дзе яна разам з вучнямі сваёй школы (змешчаны ў кн. Юрыя Туронка "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"), працай у 1942/43 н.г. засталася задаволенай.

Прасторны будынак, патрэбны інвентар выдзелілі цывільныя ўлады і Беларускае аб'яднанне Беластока для арганізацыі тут настаўніцкіх курсаў. З імі вялі заняткі па педагогіцы, беларускай і нямецкай мовах, беларускай гісторыі і літаратуры.

Узгадаванню на Беласточчыне нашых дзяцей у здаровым нацыянальным духу пашчасціла, што Інспекцыю беларускіх школ тут нейкі час узначальваў добра вядомы, таленавіты паэт Хведар Ільяшэвія. Да вайны з Германіяй ён паспеў, як ужо зазначалася вышэй, выдаць у Вільні шэраг цікавых і змястоўных кніг. Яго навуковая праца "Друкарня дома Мамонічаў у Вільні" была напісана на польскай мове з мэтай атрымаць навуковае званне (прысвоена ў 1936 г.) па заканчэнні Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя 1. Для такога чалавека, як Х. Ільяшэвіч, прысутнасць беларускага нацыянальнага фактару ў навучальна-выхаваўчым працэсе з'яўлялася галоўным, чаго ён не мог не патрабаваць і ад настаўнікаў. І яны з вялікай ахвотай праводзілі ў жыццё беларускую нацыянальную ідэю. І як вынік, "нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, ці не ўся Беласточчына была ахоплена беларускім школьніцтвам. Гэтае адраджэнне беларускай школы, уздым беларускасці М. Сяднёў называе нечым накшталт маленькага, кароткага рэнесансу" 1.

Сапраўднай падзеяй для жыхароў беларускіх этнічных тэрыторый, што апынуліся па-за межамі ГАБ, з'яўляліся даволі частыя сустрэчы са сваімі таленавітымі ў розных жанрах культуры землякамі, вымушанымі жыць і працаваць дзесьці далёка ад дома. Добры след у культурным жыцці насельніцтва Беласточчыны і суседніх ёй тэрыторый пакінуў наш вядомы оперны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі (спяваў на 17 мовах). Напярэдадні Другой сусветнай вайны пасяліўся ў традыцыйна прыветлівай для беларусаў Празе. Цяпер, калі ўзнікла магчымасць выступаць перад землякамі, ён не мог не выкарыстаць яе. У 1943 г. з канцэртамі наведаў Беласток, Белавежу, Пружаны, Бельск, Гародню, Ваўкавыск, Гайнаўку і іншыя беларускія гарады і мястэчкі 2. Чуць голас дарагога і любімага земляка ў гэтую цяжкую часіну было нешта значна большае, чым як толькі далучэнне да беларускага нацыянальнага меласу, найлепшых твораў сусветнай песеннай класікі. Варта ўвагі, што беларускія песні наш зямляк у абавязковым парадку ўключаў у свае канцэртныя праграмы і тады, калі гастраляваў у іншых краінах. Яго канцэрты атрымлівалі самыя цёплыя водгукі ў тагачасным друку.

У апошнія месяцы фашысцкай акупацыі беларускае нацыянальна-культурнае жыццё Беластока добра падсілкавалася тымі нашымі творцамі,якія, прадбачачы немінучасць руху савецка-нямецкага фронту на захад, пакідалі свае родныя мясціны і на шляху ў Германію ці залежныя ад яе краіны часова асядалі ў гэтым горадзе. Знайшлі сабе тут прыстанішча цяжкога лёсу паэты Масей Сяднёў і Алесь Салавей. І першым, і другім пісаліся вершы ў Беластоку. Ім былі характэрны вялікая нуда па пакінутым бацькоўскім доме, адсутнасць усялякага выразнага ўяўлення наконт прышласці. Свой верш "Вёсцы" М. Сяднёў заканчвае такім чатырохрадкоўем:

Я адарваны ад зямлі,

нідзе ніяк не змог ужыцца.

Як сына, вёска, прытулі

пад стрэхі саламяныя чужынца! 1

На трэці дзень пасля выгнання акупантаў з Менска, калі ўсім стала зразумелым, што вось-вось такое здарыцца з усёй тэрыторыяй Беларусі, Алесь Салавей у вершы без назвы так уяўляе сваю будучыню:

Як і раней, ізноў, ізноў,

мяне чакае жах, нязнанасць.

Мо гэта звада трызных слоў,

мо імі я ў палон забраны? 2

Не зведвалася асаблівых праблем з наяўнасцю здольных да актыўнай беларускай нацыянальна-культурнай дзейнасці асобаў на тэрыторыі Віленскага краю, незаконна перададзенага ў кастрычніку 1939 г. савецкім урадам паводле пэўных палітычных меркаванняў ад БССР Літве. Дзякуючы старанням такіх асобаў удалося вельмі хутка аднавіць у Віленскім краі той беларускі дух, які тут спрадвеку панаваў і меў на гэта законнае права. Зразумела, пэўныя цяжкасці меліся, бо ўсё ж Віленскі край уваходзіў не ў склад Генеральнай акругі Беларусь, а ў Генеральную акругу Літва, таму ў практычнай дзейнасці яе акупацыйных уладаў перавага аддавалася ўсяму літоўскаму. Але з іх боку не назіралася і якога-небудзь уціску беларускасці, у чым пераконваюць наступныя словы І. Касяка: "…немцы спынілі найбольш дзікія праявы летувіскага шавінізму ў дачыненьні да беларусаў. Ужо праз пару дзён па заняцьці Вільні нямецкімі войскамі, там арганізаваўся Беларускі Нацыянальны Камітэт. Гэты камітэт быў афіцыйным прадстаўніцтвам беларусаў у Генеральнай акрузе Літувы. Беларуская мова была прызнаная немцамі ў Вільні за адну з афіцыйных моваў у краі побач з летувіскай і польскай. Урадавыя нямецкія паведамленьні аб прабегу вайны падаваліся і ў беларускай мове" 3.

З міжваеннага жыцця віленскія беларусы вынеслі глыбокія перакананні пра неабходнасць узгадавання сваіх маладых пакаленняў толькі ў адпаведнасці з інтарэсамі, ідэаламі ўласнага народа. Што гэта будзе вельмі складана з-за цалкам верагоднага супраціву літоўцаў і палякаў, мала хто сумняваўся. За справу ўзяліся без прамаруджвання, даволі рашуча, што было поўнасцю апраўданым, бо калі адукацыя будуецца на нацыянальнай аснове, дык у стане даць карысць свайму народу нават у самых жорсткіх умовах любой акупацыі, не выключаючы і фашысцкай. Такое разуменне ролі адукацыйнага фактару даволі хутка дала жаданыя вынікі: у 1942 г. у Літве працавала 350 беларускіх народных школ, чаго ніяк нельга не прызнаць за вялікае дасягненне.

Беларускі нацыянальны актыў Вільні своечасова, з належнай аддачай паклапаціўся і пра арганізацыю падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў, на якіх у той час не магла не зведвацца вялікая патрэба, бо бацькі не збіраліся трымаць сваіх дзяцей па-за школай. Паколькі іх кантынгенты рэальна маглі мець тэндэнцыю колькаснага росту, патрэбна было неадкладна арганізаваць навучанне кадраў для школ. Гэтым займалася Віленская беларуская настаўніцкая семінарыя. Кіраваў ёю высокай прафесійнай падрыхтоўкі, цвёрдай нацыянальнай загартоўкі настаўнік беларускай літаратуры М. Грышкевіч. Але нядоўга: у 1942 г. нямецкія ўлады знялі з пасады як ненадзейнага *. На працу ў семінарыю ахвотна паступалі не толькі асобы са здаровай беларускай нацыянальнай самасвядомасцю, але і высокім педагагічным майстэрствам. У 1942 г. уліўся ў калектыў гэтай навучальнай установы добра вядомы ад даваеннага часу грамадска-палітычны дзеяч, педагог Язэп Шнаркевіч. Здабыць яшчэ перад вайной вялікі аўтарытэт сярод педагагічнай інтэлігенцыі паспрыяла добрасумленная праца на пасадах сакратара, а затым сябра галоўнай управы Таварыства беларускай школы, выкладчыка Віленскай беларускай гімназіі. Не раз арыштоўваўся польскімі ўладамі за актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху. Працягваў педагагічную дзейнасць і ў час, калі Вільню ўключылі ў склад БССР, а затым перадалі Літве 1. Такі багаты педагагічны вопыт Я. Шнаркевіча прынёс немалую карысць Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі ў самы складаны для яе калектыву час.

Віленская настаўніцкая семінарыя карысталася вялікай прэстыжнасцю ў моладзі, што жадала звязаць свой лёс з узгадаваннем дзяцей. Прыйшоў сюды вучыцца і стаў настаўнікам ужо добра вядомы віленчукам дзякуючы выступленням з вершамі, нататкамі, апавяданнямі на старонках часопіса "Шлях моладзі" Янка Багдановіч. У гады вайны ён паспеў з вялікай радасцю папрацаваць у беларускіх школах. З выгнаннем акупантаў ужо не меў такой жаданай магчымасці, бо беларуская мова не выкарыстоўвалася ў навучальных установах Вільні. Давялося працаваць у польскай школе, але не доўга, бо арыштавалі ў 1952 г. 2

Больш прэстыжнай за працу настаўніка не бачыў для сябе Кастусь Рагойша *. Як і многія іншыя, не жадаў дапусціць чужародных уплываў на маладыя пакаленні беларускага народа, хацеў, каб яны выхоўваліся ў нацыянальным духу. Менавіта такія думкі і падштурхоўвалі юнака з Валожыншчыны да паступлення на вучобу ў Віленскую настаўніцкую семінарыю. І да вучобы, і ў час яе ў вольную часіну займаўся вершаскладаннем, нязменна выказваючы ўдалымі паэтычнымі радкамі сваю вялікую любоў да Бацькаўшчыны. У снежні 1941 г. з-пад яго пяра выйшаў так неабходны і для дарослых, і для моладзі верш нацыянальна-патрыятычнага зместу "Жыве Беларусь". Ён заканчваўся такімі радкамі:

Жыве Беларусь ― прывітанне ўсім тым,

Чыё сэрца працы і дзейнасці прагне.

На кліч Адраджэння ― да справы, браты!

Жыве Беларусь, край наш родны, святы,

Жыве ў вечным сонцавым ззянні! 3

Думаю, мала каго маглі не закрануць такія патрыятычныя, адзначаныя ўпэўненасцю ў заўтрашнім дне Беларусі радкі, хаця ў небе над ёю віселі чорныя хмары фашысцкай акупацыі.

Доўга працаваць за настаўніка не ўдалося К. Рагойшу, але і такога часу хапіла, каб у 1948 г. атрымаць ад савецкай Феміды 10 гадоў турэмнага зняволення.

Паважлівае, памяркоўнае стаўленне мясцовых акупацыйных уладаў да заснавання школ на нацыянальных мовах пастараліся неадкладна выкарыстаць віленскія беларусы і на іншых дзялянках адукацыі. Клопатам нумар адзін, натуральна, з'яўлялася адраджэнне славутай у міжваенны перыяд Віленскай беларускай гімназіі (ВБГ). З усіх такога тыпу навучальных устаноў Заходняй Беларусі толькі адной ёй удалося засцерагчыся ад закрыцця і працягваць сваю дзейнасць, праўда, не больш, як у якасці філіі польскай гімназіі. Калі Масква перадала Вільню Літве, ВБГ рэарганізавалі ў прагімназію, г.зн. панізілі ў статусе. З далучэннем Літвы да СССР гімназію пераўтварылі ў звычайную савецкую школу. І як парадокс пры нямецкай акупацыі яна зноў стала гімназіяй і не мела з боку ўладаў аніякіх перашкод у арганізацыі навучальна-выхаваўчага працэсу з яго выразнай арыентацыяй на беларускі нацыянальны інтарэс.

Каб падахвоціць, натхніць віленскіх беларусаў да актыўнай нацыянальнай дзейнасці, у т.л. і ў сферы адукацыі і культуры, вельмі важным было паказаць багацейшыя ў гэтым традыцыі іх роднага горада, згадаць пра яго самых слынных асобаў, да прыкладу, палітычнага дзеяча, археолага, этнографа, публіцыста Івана Луцкевіча. Як вядома, апошні пакінуў пасля сябе добры след у самаахвярным змаганні за святую беларускую справу, хаця лёс адвёў яму замала гадоў жыцця на гэтым свеце (памёр у жніўні 1919 г. ва ўзросце 38 гадоў). У 1944 г. у Вільні выйшла з друку кніга "25-лецце Беларускай гімназіі ў Вільні", у якой быў змешчаны артыкул Адама Станкевіча "Іван Луцкевіч ― закладчык Віленскай Беларускай гімназіі". Азнамленне са зместам артыкула не магло не выклікаць жадання стойка, смела бараніць беларускую справу і ў цяжкую гадзіну нямецкага акупацыйнага рэжыму. І за яе ўвесь час змагаліся многія з беларусаў Вільні.

Несумненна, сярод такіх беларусаў найперш за ўсё трэба згадаць выдатнага асветніцкага дзеяча, літаратара Франука Грышкевіча (нарадзіўся прыкладна ў 1906 г. на Беласточчыне). Дзякуючы яго старанням удалося нават у гады фашысцкай акупацыі дамагчыся ад уладаў дазволу навучаць нашую моладзь у Віленскай беларускай гімназіі. Бальшыня работнікаў органаў адукацыі і многія інтэлігенты з ліку літоўцаў адмоўна ставіліся да аднаўлення дзейнасці гэтай самай аўтарытэтнай беларускай вучэльні. Не падтрымлівалі яе і тыя, хто хацеў, каб на Віленшчыне і ў яе цэнтральным асяродку як мага лепш замацаваўся польскі дух, для чаго была патрэбная адпаведная сістэма народнай адукацыі. Праз гэтую падвойную заслону ўсё ж прабіліся Ф. Грышкевіч і яго аднадумцы. Віленская беларуская гімназія і ў гады намецкай няволі рыхтавала свайму народу нацыянальна-здаровую змену. У 1942/43 н.г. яе наведвала 208 чалавек, у 1943/44 н.г. ― 250. Сіламі вучняў старэйшых класаў улетку 1943 г. было нарыхтавана 108 м3 дроў. У Вільню даставілі іх бацькі дзяцей. Але праблему ацяплення гімназіі даводзілася вырашаць яшчэ за кошт штодзённага прыносу школьнікамі пален з дому. Пра ўсё гэта вельмі добра клапаціўся бацькоўскі камітэт гімназіі 1.

Для педагогаў Віленскай беларускай гімназіі не існавала асаблівых праблем з паспяховасцю і дысцыплінай яе навучэнцаў. Вядомыя факты, калі некаторыя самыя здольныя выпускнікі гімназіі, дзякуючы старанням яе дырэкцыі і беларускага камітэта Самапомачы ў Берліне, працягвалі вучобу ў Берлінскім універсітэце. Пра гэта, да прыкладу, паведамлялася і ў газеце "Голас вёскі" ад 3 снежня 1943 г.

Жаданне атрымаць адукацыю ў такой прэстыжнай навучальнай установе, як Віленская беларуская гімназія, мелі многія юнакі і дзяўчаты, што жылі за межамі Генеральнай акругі Літва. Да іх належыў і ўраджэнец вёскі Верацеі (Докшыцкі раён) Алесь Качан (літ. псеўданім Кастусь Акула) *. У гімназію яго залічылі ў восьмы (апошні) клас, бо да гэтага паспеў ва ўмовах акупацыі скончыць кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Глыбокім і нават некалькі месяцаў папрацаваў у Порплішчанскай сямігодцы. Здольнаму да вучобы юнаку не давялося здзейсніць сваю мару: "у часе адной з паездак у Менск ён быў схоплены і правёў тры месяцы ў канцлагеры на Камароўцы. Пасля вызвалення ён вярнуўся дамоў і ў чэрвені 1944 года паступіў добраахвотнікам у школу камандзіраў Беларускае Краёвае абароны" 1.

З радасным настроем педагогі Віленскай беларускай гімназіі і іх выхаванцы распачалі 1943/44 н.г. Прычына зразумелая: у красавіку 1944 г. спаўнялася 25 гадоў ад часу заснавання беларускай гімназіі ў Вільні. З нагоды гэтай падзеі 27 красавіка 1944 г. у Менску адбылося спецыяльнае пасяджэнне Беларускай Цэнтральнай Рады, на якім выступіў яе старшыня Р. Астроўскі. Адзначалася, што гэтая гімназія "на працягу свайго існаваньня адыграла выключную ролю ў адраджэньчым руху на Беларусі. Нягледзячы на надзвычайна няспрыяючыя працы і варожую палітыку польскага ўраду, Віленская Гімназія з посьпехам выканала сваю пачэсную задачу, выхаваўшы ў сваіх сьценах многа сьвядомай нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі". БЦР пастанавіла: "1. Устанавіць у актавай залі Гімназіі мэмарыяльную дошку ад імя Беларускай Цэнтральнай Рады.

2. Устанавіць 5 стыпендыяў імя 25-гадовага юбілею Гімназіі па 100 РМ кожную штомесячна…

3. За адданую 25-гадовую пэдагагічную працу ў Віленскай Беларускай Гімназыі ўзнагародзіць сярэбраным Крыжам Заслугі ІІІ-й ступені настаўніцу Гімназыі сп. Алёну Сакалову-Лекант і ксяндза Адама Станкевіча.

4. Для ўдзелу ў сьвяткаваньні 25-гадовага юбілею дэлегаваць у Вільню Прэзідэнта Рады праф. Астроўскага і сяброў Рады маёра Кушэля, Родзьку і Калубовіча" 1.

У зладжаным у гонар 25-годдзя Віленскай беларускай гімназіі свяце бралі ўдзел разам з яе педагогамі, вучэнцамі і прадстаўнікі мясцовых уладаў, розных гарадскіх грамадскіх арганізацый. Арыгінальнае дачыненне да юбілею славутай беларускай вучэльні меў ксёндз, перфект беларускіх школаў у Вільні Адам Станкевіч. Напярэдадні гэтага свята ён выдаў лацінкаю ў Вільні ўложаны ім "Малітаўнічак вучня-каталіка Віленскай беларускай Гімназіі і Віленскай Вучыцельскай Семінарыі". Да Малітаўнічка ксяндзом была напісана прадмова такога зместу: "Сёлета 1944 г. ― 25 гадоў існавання Віленскай Беларускай Гімназіі. 25 гадоў беларуская моладзь у Вільні не толькі вучылася па-беларуску, але такжа па-беларуску і малілася. Дырэкцыя Віленскай Беларускай Гімназіі, усебакова арганізуючы святкаванне гэтага значнага беларускага культурнага юбілею, даручыла такжа адзначыць яго і на грунце рэлігійным. Вось-жа сціплая гэтая кніжыца мае на мэце адзначыць 25-я ўгодкі Гімназіі, а такжа дапамагчы беларускай школьнай моладзі маліцца ў роднай мове" 2.

Такой важнай падзеі не абмінуў выдаваны ў Рызе часопіс "Новый путь". Прысвечаны гэтай даце артыкул быў змешчаны ў яго першым нумары за 1944 г. Аднаўленне дзейнасці, плённая праца педагагічнага калектыву Віленскай беларускай гімназіі на карысць дарагой Бацькаўшчыны радавала ўсіх яе шчырых патрыётаў незалежна ад таго, дзе яны знаходзіліся ў гэты самы цяжкі час. Сталую зацікаўленасць да гэтай навучальнай установы выказваў, жывучы ў Празе, добра вядомы ў многіх краінах Еўропы беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Ён ахвотна прыняў запрашэнне выступіць з нагоды новага 1943/44 н.г. у Вільні перад вучнямі і настаўнікамі беларускай гімназіі (дырэктар Франук Грышкевіч), настаўніцкай семінарыі (дырэктар Анатоль Карняюк) і пачатковай школы (загадчыца Любоў Гэльднэр). Акрамя народных песняў, выконваў рамансы беларускага кампазітара Кастуся Галкоўскага, арыю Надзейкі з оперы "На Купальле" і закончыў сваё выступленне спевам "Падымайся з нізін сакаліна сям'я" (музыка К. Галкоўскага), які зала слухала стоячы.

З Віленскім краем самым цесным чынам звязаны лёс адзінай у акупацыйнай Беларусі вышэйшай навучальнай установы ― Магілёўскага медыцынскага інстытута, пра першыя крокі якога ўжо вышэй вялася гаворка. Увага да яго была прыкута не толькі тых, хто ў Генеральным камісарыяце Беларусь займаўся пытаннямі прафесійнай адукацыі, але і многіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі нацыянальнай арыентацыі. Як хутка высветлілася, заснавальнікі Магілёўскага медінстытута ўсё ж моцна памыліліся ў выбары месца для гэтай установы. З кожным месяцам становішча на франтах вайны з СССР складвалася ўсё горш і горш для Германіі. Улічваючы блізкае размяшчэнне Магілёўскага медыцынскага інстытута ад лініі нямецка-савецкага фронту, прымаецца рашэнне аб дыслакацыі гэтай навучальнай установы ў заходнім напрамку. Выбар прыйшоўся на Новую Вільню, паблізу самой Вільні. Тут, у будынку шпіталя для ваеннапалонных, дзе некалі месцілася псіхіятрычная бальніца, і распачаліся 7 лістапада 1943 г. заняткі са студэнтамі трох апошніх курсаў: 3 ― 5-га. Іх наведвала прыкладна 40 чалавек. Цяпер ужо кіраваць інстытутам прызначылі былога загадчыка аддзела аховы здароўя Магілёўскай управы аталарынголага, прфесара Мікалая Сцяпанава. Педагагічны персанал налічваў каля 20 чалавек, сярод якіх траплялі і дактары-практыкі. Сам дырэктар выкладаў атарыналагінгалогію, прафесары А. Ліноўскі і А. Багдановіч ― унутраныя хваробы, Я. Аляксейчык ― хірургію, Я. Самборскі ― паталагічную анатомію, С. Грынкевіч ― нервы і псіхічныя захворванні, М. Сяргеяў ― гінекалогію. Заняткі па беларускай мове (паводле іншых крыніц ― беларусістыку. ― Л. Л.) вёў М. Пецекевіч *. Шэраг прадметаў выкладалі дактары з ліку ваеннапалонных. Абраны з 7 педагогаў сенат меў права прысвойваць вучоныя званні. "Выкладанне вялося ў асноўным на рускай мове, хаця некаторыя педагогі тлумачылі прадметы па-беларуску" 1.

Ад першых і да апошніх дзён існавання медінстытута ў яго працы меліся сур'ёзныя цяжкасці матэрыяльнага, фінансавага плана. Невыпадкова гэтае пытанне спецыяльна разглядалася 2 мая 1944 г. у Менску на пасяджэнні Беларускай Цэнтральнай Рады, у пастанове якой адзначалася: "Прымаючы пад увагу цяжкае матар'яльнае становішча эвакуіраваных студэнтаў Магілёўскага Беларускага Мэдычнага Інстытуту, асабліва выпускнікоў, якія не маюць ніякай дапамогі ад бацькоў і жывуць толькі з падтрыманьня ўрадавых органаў і дапамогі з боку грамадзян, а ў чэрвені месяцы павінны будуць выехаць на самастойную працу, Беларуская Цэнтральная Рада пастанавіла:

1. Закупіць на прыватным рынку па магчымасьці да 100 пар абутку на сродкі Самапомачы.

2. Перадаць у распараджэньне дырэктара Інстытуту сп. Сьцяпанава закуплены абутак і даручыць яму размеркаваць так, каб у першую чаргу атрымалі студэнты-выпускнікі, заслугоўваючыя і маючыя патрэбу ў абутку.

3. Даручыць Віцэ-Прэзідэнту сп. Сабалеўскаму прасачыць за выкананьнем гэтай пастановы" 2.

Праз два дні на пасяджэнні прэзідыўма БЦР разглядалася пытанне "Аб наданьні і зацьвярджэньні вучоных ступеняў навуковым супрацоўнікам Беларускага Мэдычнага Інстытуту. (Дакл. сп. Прэзідэнт Астроўскі.)" і было пастаноўлена: "Камандыраваць у Мэдычны Інстытут сп. Кіпеля і двух прафесароў ад Навуковага Таварыства для азнаямленьня ў Інстытуце са становішчам навучаньня і выхаваньня студэнтаў, а таксама для азнаямленьня з навуковымі працаўнікамі Інстытуту" 3.

Кіраўніцтва БЦР, Беларуская самапомач рабілі ўсё магчымае дзеля забеспячэння медінстытуту неабходных умоў для працягу вучобы. Праблемай нумар адзін заставаліся клопаты пра матэрыяльную дапамогу студэнтам, паколькі бальшыня з іх не мела аніякіх сувязяў са сваімі бацькамі. Развязваць гэтую нялёгкую праблему разлічвалі галоўным чынам па лініі Беларускай самапомачы. Як гэта павінна было ажыццяўляцца ў 1944/45 н.г. на практыцы, ішла спецыяльная гаворка 23 чэрвеня 1944 г. на пасяджэнні прэзідыўма БЦР. Было пастаноўлена "арганізаваць сярод студэнтаў беларускае зямляцтва і прасіць д-ра Грынкевіча абняць над ім куратарства. Грашовую дапамогу і кантакт з інстытутам і студэнтамі весьці праз Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні" 1. Усяму гэтаму не наканавана было здзейсніцца. 16 чэрвеня 1944 г. Магілёўскі медінстытут зрабіў першы і апошні выпуск студэнтаў. Іх колькасць склала толькі 32 чалавек 2.

Летняя наступальная аперацыя пад кодавай назвай "Баграціён" цалкам разбурыла ўсе планы далейшай вучобы студэнтаў-медыкаў. Неўзабаве Новая Вільня зноў стала савецкай. "Частка педагогаў і студэнтаў разам з дыр. М. Сьцяпанавым падалася на Захад усьлед за фронтам. Тыя, хто застаўся, былі старанна прафільтраваныя… выдадзеныя Магілёўскім Мэдычным Інстытутам дыплёмы аказаліся нядзейснымі…" 3 Небходна аддаць належнае яго кіраўніцтву. Яно ўсё ж змагло арганізаваць і на тэрыторыі Германіі навучанне ў 1944/45 н.г. Праца спынілася толькі з заканчэннем вайны. Кантынгенту студэнтаў выпала надзвычай цяжкая доля. Такога беларускім студэнтам-медыкам ніколі яшчэ не даводзілася зведаць. І шкада, што іх лёс абмінаюць беларускія даследчыкі ў сваіх працах. А гэта ж не прышэльцы, а родныя дзеці Маці-Беларусі.

Хаця беларусам Віленскага краю даводзілася займацца на тэрыторыі, дзе акупацыйная ўлада аддавала прыярытэты ўсяму літоўскаму, яны дамагліся ад яе права на выданне на сваёй роднай мове штотыднёвіка газеты "Беларускі голас" (Вільня, сакавік 1942 ― 1944; карысталася лацінкай, рэдактар Ф. Аляхновіч). У ёй меліся рубрыкі: "З усіх куткоў Беларусі", "З беларускага жыцця ў Вільні", "Беларускае жыццё ў Латвіі", "Беларусы на чужыне" і інш. Ужо з саміх гэтых назваў добра відаць, якое месца адводзілася ў газеце беларускай нацыянальнай тэматыцы. На старонках гэтага перыядычнага органа друкаваліся "папулярныя нарысы Я. Станкевіча, В. Будзіловіча, М. Шчаглова і інш. па гісторыі і культуры Беларусі, матэрыялы пра сталінскія злачынствы (успаміны Р. Краўчанкі, артыкулы пра Катынскі расстрэл… агляды беларускай прэсы, эканомікі, антысавецкія публікацыі" 1. Каб як мага лепш забяспечыць віленскіх беларусаў інфармацыйным матэрыялам аб жыцці іх супляменнікаў у розных краінах Еўропы, рэдакцыя газеты "Беларускі голас" узяла на сябе абавязак распаўсюджваць тут берлінскую беларускую газету "Раніца". Беларусы засталіся вельмі ўдзячнымі за тое, што тут у 1944 г. была выдадзена патрыятычная паэма Лявона Шпакоўскага "Рагнеда".

Літаральна ў першыя ж дні акупацыі пачалася праца Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні (заснаваны ў 1921 г.). Пасаду дырэктара ў ім заняў вядомы беларускі грамадскі і культурны дзеяч Янка Шутовіч (1904 ― 1973). За энергічнае, смелае адстойванне права беларусаў і пад прыгнётам Другой Рэчы Паспалітай жыць згодна са сваімі спрадвечнымі нацыянальна-культурнымі традыцыямі ён незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны быў зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер, а з лета 1940 г. уладкаваўся на працу ў Беларускі музей. Такая неардынарная асоба, як Я. Шутовіч, не магла не ўсведамляць неабходнасці працягу дзейнасці музея, як найважнейшага асяродку беларускай культуры, і ў гады нямецкай акупацыі. І ён працаваў, прыносячы сапраўдную радасць беларусам тым, што іх культура жыла, працавала на агульнанацыянальны інтарэс і ў той суровы час. Акрамя беларусаў, даволі частымі гасцямі музея былі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, а таксама з ліку службоўцаў мясцовай нямецкай цывільнай і вайсковай адміністрацый. Праўда, пазней усяго гэтага не ацэніць савецкая ўлада: у "падзяку" за шчырую адданнасць беларускаму нацыянальнаму ідэалу савецкія рэпрэсіўныя службы 20 лістапада 1944 г. арыштоўваюць Я. Шутовіча, і Асобая нарада пры НКУС СССР асуджае яго да 10 гадоў зняволення. З прыведзенага факта зусім не складана заключыць, якое было стаўленне да беларускай нацыянальнай культуры з боку нямецкіх і савецкіх уладаў. Калі каму-небудзь будзе цыжкавата адказаць на такое пытанне, дадам, што ў 1945 г. па распараджэнні савецкіх уладаў музей спыняе сваю дзейнасць, і яго асноўная частка экспанатаў перадаецца Гісторыка-этнаграфічнаму музею Літвы і Цэнтральнай бібіліятэцы Акадэміі навук Літвы.

Не сакрэт, што Вільня спрадвеку вызначалася вялікім багаццем датычных непасрэдна беларускай культуры каштоўнасцяў. Знаходзіліся яны не толькі ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Віленчукам-беларусам была добра знаёма прага акупантаў да такіх каштоўнасцяў. Квапіліся на іх і мясцовыя аматары прыгожага. Захаванне такіх каштоўнасцяў ад раскрадання стала клопатам нумар адзін для ўсіх сумленных беларусаў Віленшчыны. Гэтай мэце служыла дзейнасць створанага ўлетку 1942 г. у Вільні пры Беларускім навуковым таварыстве Камісія аховы культурных помнікаў Беларусі, старшынёй якой з'яўляўся ксёндз Адам Станкевіч.

Каб у часы нямецкай акупацыі жыццё беларусаў Віленскага краю не сталася занадта самотным, аднастайным, тут нямала чаго рабілася ў культурнай сферы як на самадзейнай, так і на прафесійнай асновах. Пры адсутнасці заўважнага спрыяння з боку мясцовых уладаў і саміх літоўцаў "ад 20 мая 1942 г., ― паведамлялася ў "Беларускай газэце" ад 22 чэрвеня 1942 г., ― пры Беларускім Нацыянальным Камітэце ў Вільні пачаў працу смычковы квартэт. Кіраўніком квартэту з'яўляецца сп. А. Ранцоў.

Побач ізь беларускім мяшаным хорам і жаноцкім хорам гэта будзе трэйцяя беларуская пляцоўка музычнай культуры ў Вільні".

Як і ў папярэднія гады, з вялікай карысцю працаваў на ніве беларускай культуры вядомы драматург і тэатральны дзеяч Францішак Аляхновіч. Ён выдатна разумеў, што акупацыя не ёсць прычына спынення ўсялякай культурнай працы. Лёс у гэтага чалавека, ураджэнца Вільні, быў надзвычай цяжкім і складаным. За сваю шчырую адданасць беларускай справе знявольваўся ў турму царскімі і савецкімі ўладамі. З ласкі апошніх трапіў ажно на сумнавядомыя Салаўкі. Па адбыцці сямігадовага тэрміну зняволення быў абменены на вязня польскай турмы, вядомага беларускага філолага, аўтара першай "Беларускай граматыкі для школ" (1918) Браніслава Тарашкевіча. Пасля вяртання ў 1933 г. у Вільню Ф. Аляхновіч пачаў працаваць над сваімі турэмнымі ўспамінамі, якія аформіліся ў кнігу "У кіпцюрах ГПУ" (1937). У час фашысцкай акупацыі пісаў не толькі п'есы, але займаўся складаннем успамінаў пра беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух у Вільні і Менску, рэдагаваў і друкаваўся ў віленскай газеце "Беларускі голас". Як колішні вязень сталінскіх лагераў ён не мог не паспрыяць змяшчэнню на яе старонках сібірскіх успамінаў падобнага сабе "ворага савецкага народа" Тодара Лебяды, у якіх праўдзіва паказаны гаротны лёс прымусова вывезеных у далёкую ссылку выхадцаў з былой Захадняй Беларусі. У апошняй п'есе Аляхновіча "Круці не круці ― трэба памярці" (выдадзена ў 1944 г. у Менску) ёсць штосьці такое з прадчування аб хуткай канчыне ўласнага жыцця. На жаль, яно збылося. У сакавіку 1944 г. пры да канца не высветленых абставінах быў застрэлены ў сваёй кватэры. Забойцамі ў аднолькавай ступені маглі быць і савецкія, і польскія партызаны-падпольшчыкі, але толькі не нямецкія акупанты, якія не перашкаджалі Ф. Аляхновічу займацца любімымі відамі творчай дзейнасці.

Не развітваўся ў час акупацыі з дарагім пэндзлем таленавіты беларускі мастак Пётра Сергіевіч, жывучы папераменна то ў Вільні, то на сваёй радзіме Браслаўшчыне. І як раней, ён і ў гэты цяжкі час прысвячаў свой талент найбольш значным падзеям з жыцця роднага краю. Незадоўга да забойства бургамістра Менска Вацлава Іваноўскага мастаку ўдалося зрабіць у 1943 г. яго партрэт.

Любую нагоду паўдзельнічаць у розных культурных мерапрыемствах нават і стаць іх завадатарам выкарыстоўвалі сыны вядомага беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча Антона Луцкевіча Лявон і Юрка. Сам жа ён у гэты час адбываў незаслужанае пакаранне ў сталінскіх лагерах Казахстана, дзе і закончыў сваё вартае вечнай памяці жыццё.

З прыведзеных матэрыялаў добра вынікае, што нямецкія акупацыйныя парадкі не сталі перашкодай для актывізацыі беларускага нацыянальнага руху ў Віленскім краі і асабліва ў самім яго цэнтры ― Вільні. Ён (рух) мог бы быць і значна мацнейшым, калі б яму не давялося панесці вялікіх людскіх ахвяр у выніку міжваенных польскіх і савецкіх рэпрэсій. Моцна заклапочаныя лёсам беларусаў Віленшчыны сюды з-за мяжы пачалі адразу ж вяртацца ўцекачы, што пакінулі бацькоўскі дом увосень 1939 г., каб не трапіць у рукі спецслужбаў СССР. З улікам экстрэмальных тагачасных варункаў зроблена зусім нямала для задавальнення культурных запатрабаванняў тамтэйшых беларусаў. І што надзвычай важна ― дык гэта свядомае наданне прыярытэту нацыянальнаму фактару ў культурнай працы. Акупацыйныя ўлады глядзелі на яго, як на цалкам заканамерную з'яву. А вось пэўная частка летувіскіх нацыянальна-культурных дзеячоў, сур'ёзна заклапочаныя дзеяннямі па беларусізацыі жыцця ў Віленскім краі, не пагаджаліся з такім ходам падзей і ўсяляк перашкаджалі ім. У апазіцыі да беларусізацыі стаялі і мясцовыя палякі, а таксама ў значнай ступені і акаталічаныя этнічныя беларусы. Таму ажыўленне беларускага руху на Віленшчыне стала магчымым толькі дзякуючы добра ўсвядомленай мэтанакіраванай дзейнасці яго актыўных носьбітаў, найперш з ліку нацыянальна зарыентаванай творчай інтэлігенцыі.

***

З характэрнай для Беласточчыны, Віленшчыны актывізацыі беларускага нацыянальна-культурнага жыцця не даводзілася сустракацца ў той час у перададзеных нашых раёнах генеральным акругам "Валынія-Падолія" і "Жытомір" рэйхскамісарыята Украіна. Такое становішча тлумачылася не толькі моцным украінскім і польскім уплывам на тамтэйшых беларусаў. Немалаважную ролю адыграў і такі факт, што па розных прычынах сярод іх не аказалася сапраўдных нацыянальных лідэраў, якія былі б у стане ў інтарэсах беларускай культуры на яе гістарычнай зямлі супрацьстаяць уплыву ўкраінскага ці польскага фактараў. Моц апошняга з названых тлумачылася адпаведнай палітыкай Другой Рэчы Паспалітай у міжваенны перыяд, а першага тым, што ён быў падтрыманы самім стварэннем акупацыйнымі ўладамі рэйхскамісарыята пад назвай "Украіна". Тэрмінам "беларускі" яны не карысталіся ў межах дадзенай акупацыйнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Адсутнасць належных умоў для нацыянальна-культурнага жыцця насельніцтва на перададзеных рэйхскамісарыяту Украіна этнічных беларускіх землях непакоіла многіх з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і найперш тых, хто быў родам з гэтых мясцін. Яны імкнуліся выкарыстаць любы зручны момант для сустрэчы з землякамі, а калі выпадала і паўдзельнічаць з імі ў рознага роду масавых культурных мерапрыемствах, звяртаючы ўвагу на іх нацыянальную скіраванасць. Шкада толькі, што і саміх такіх мерапрыемстваў, і ўдзельнікаў у іх мелася не так багата. Проста здзіўляе, што і ў такіх неспрыяльных умовах у 1942 г. у Берасцейскай акрузе функцыянавалі 344 пачатковыя школы, у якіх працавала 370 настаўнікаў і заняткі наведваў 5981 вучань 1.

Асабліва не да беларускага інтарэсу было на той тэрыторыі, дзе адзіным законным гаспадаром лічыла сябе адно з самых крайне непрымірымых фармаванняў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) "Бульбаўцы" (ад мянушкі яго кіраўніка Т. Бураўца ― Тараса Бульбы). Асноўны ўдар яны наносілі па мясцовых паляках, што аднак, не магло не палохаць, прымушаць маўчаць датычна сваіх патрабаванняў і беларусаў. Вось як пададзена тая сітуацыя ў дакументальнай крыніцы, прыведзенай сучасным беларускім гісторыкам украінскага паходжання Уладзімірам Гуленкам: "Усім палякам яны ("бульбаўцы". ― Л. Л.) адсякалі галовы сякерамі… Галовы сякуць і савецкім актывістам, партызанам, а пасля гэтага галовы вывешваюць на калах у вёсках… Гэтыя "бульбаўцы" ― сапраўдныя бандыты. Народ іх вельмі баіцца. Сіла іх вялікая ― да 15 тысяч чалавек. Уплыў маюць сярод авантурыстаў". Паводле слоў гісторыка "такая дзейнасць "бульбаўцаў" ажыццяўлялася і на тэрыторыі Беларусі, уключанай немцамі ў састаў Украіны" 1. Пры такіх абставінах наўрад ці мог хто-небудзь з беларускіх актывістаў паставіць перад мясцовай адміністрацыяй пытанне аб арганізацыі для нашага народа на яго роднай мове школ, устаноў культуры.

Аб гвалтоўнай украінізацыі не ўдавалася ўсцерагчыся нават створаным з дазволу акупантаў беларускім вайсковым часткам, у прыватнасці батальёну № 104, дыслакаванаму ў 1943 г. у Кобрыне. У ім налічвалася каля 1000 мясцовых беларусаў. Гэтай жа нацыянальнасці быў і іх камандзір. Дзеля абслугоўвання патрэб унутранага парадку, натуральна, карысталіся беларускай мовай. З мэтай украінізацыі батальёна ў яго склад па захадах украінскага цэнтра ўключылі аддзел украінцаў з Галіцыі ў колькасці 150 чалавек. "Украінцы распачалі прыдаваць батальёну ўкраінскі характар. Яны вывешвалі на ўрадавай дошцы абвесткі на ўкраінскай мове і аб украінскіх справах… Беларусы зрывалі і нішчылі абвесткі на ўкраінскай мове і жадалі захаваньня беларускай мовы ў нутраным жыцці батальёна" 2. У гэтай моўнаканфліктнай сітуацыі намецкае вайсковае камандаванне падтрымлівала беларускі бок.

Прыведзеныя ў дадзеным, а таксама ва ўсіх папярэдніх раздзелах кнігі матэрыялы пра стан духоўнага жыцця беларусаў на іх гістарычнай тэрыторыі практычна не даюць аніякіх падстаў гаварыць пра яго анямечванне, хаця такое і прадугледжвалася ў складзеным 27 красавіка 1942 г. доктарам Ветцэлем дапаўненні да гітлераўскага плана "Ост" для 25 % нашага народа. Фашысцкі навуковец лічыў, што ў інтарэсах Трэцяга рэйха "крайне неабходным па магчымасці самым старанным чынам адабраць беларусаў нардычнага тыпу (падкрэслена мною. ― Л. Л.), прыдатных паводле расавых прыкметаў і палітычных меркаванняў для анямечвання і накіраваць іх у імперыю з мэтай выкарыстання ў якасці рабочай сілы…" 3 Як вынікае, вельмі ўжо нязначны працэнт беларусаў лічыўся прыдатным да анямечвання. Не тая кроў?! Але калі ўзяць нашых суседзяў палякаў, ім выдзелілі квоту на анямечванне толькі ў памеры 2 ― 3 % ад агульнай колькасці. Запланаванае анямечванне 25 % беларусаў, відаць, не самая трагічная старонка ў іх гісторыі. Яны ж у выніку палітыкі паланізацыі, русіфікацыі (царскай, савецкай), навекі страцілі куды большы працэнт. Прычым і іх этнічная тэрыторыя перастала палітычнымі ўладамі чужых дзяржаў лічыцца беларускай. Гэта зусім не тое, што сёння, калі ўладныя структуры РБ сваёй палітыкай русіфікацыі зводзяць беларусаў са свету, а іх краіну ўсё роўна называюць беларускай. Толькі ці доўга так працягнецца?

Паводле зробленых Ветцэлем дапаўненняў да генеральнага плана "Ост" лёс астатніх 75 % беларусаў таксама быў незайздросным: перасяленне ў Заходнюю Сібір (балазе, хоць не фізічнае зніштажэнне). Відаць, ведаў, што там іх нямала жыве ў выніку царскіх рэпрэсій, добраахвотнага перасялення сялян з-за недахопу зямлі ў родным краі. Сёння застаецца толькі гадаць: мо паселеныя па ўказцы нямецкіх акупантаў на заходніх сібірскіх прасторах беларусы лепш захавалі б сваю этнакультурную самабытнасць, чым як гэта зараз назіраецца з намі на родных абшарах Рэспублікі Беларусь? Цывільнае насельніцтва акупаванай Беларусі нічога не ведала (і, мо, да лепшага) ні пра гітлераўскі план "Ост", ні пра зробленыя да яго дапаўненні і жыло так, як вымагалі ўсталяваныя няпрошанымі гаспадарамі парадкі. У афіцыйных дакументах іншым разам сустракалася і такое, што ў душах беларусаў магло пасеяць спакой за сваё будучае. У якасці прыкладу прывяду цытату з пісьма рэйхсфюрэра войск СС Гімлера "Некаторыя меркавані пра дачыненні з мясцовым насельніцтвам усходніх абласцей": "…беларусы з'яўляюцца найбольш бяскрыўднымі і таму самым бяспечным для нас народам з усіх народаў усходніх абласцей. Нават тых беларусаў, якіх мы не зможам паводле расавых меркаванняў пакінуць на тэрыторыі, прызначанай для каланізацыі нашым народам, мы можам у большай ступені, чым прадстаўнікоў іншых усходніх абласцей, выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах. Зямля Беларусі бедная. Прапанаваць ім лепшыя землі ― гэта значыць прымірыць іх з некаторымі рэчамі, якія маглі б іх настроіць супроць нас… беларускі народ схільны мяняць наседжаныя месцы, таму перасяленне ў гэтых абласцях не ўспрымалася б жыхарамі так трагічна, як, напрыклад, у Прыбалтыйскіх краінах" 1. У прыведзеным дакуменце планавалася перасяляць беларусаў яшчэ на Урал і Паўночны Каўказ.

§ 3. Беларуская культурна-асветніцкая прысутнасць у Латвіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Германіі

Вераснёўскі 1939 г. падзел тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай паміж фашысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам, а затым усталяванне савецкіх парадкаў у краінах Прыбалтыкі прычыніліся да буйнамаштабнай міграцыі насельніцтва з гэтых тэрыторый. На такі крок людзі ішлі, ратуючыся ад пакарання нямецкімі або савецкімі ўладамі. Эміграцыя ў вялікіх маштабах закранула і беларусаў, прычым самай нацыянальна актыўнай, адукаванай часткі. Хтосьці з іх не змог ці не пажадаў вярнуцца на радзіму з нямецкага палону. Каб не згубіцца на абшарах чужых краін, беларусамі праводзілася даволі канструктыўная праца па арганізацыі свайго жыцця. Вялікую зацікаўленасць да іх выказвалі нямецкія ўлады, кіруючыся найперш сваімі ўласнымі інтарэсамі. Ужо ў лістападзе 1939 г. пры Міністэрстве ўнутраных спраў Германіі засноўваецца Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне. У снежні таго ж года ў гэтым горадзе выйшаў першы нумар беларуск